Др. Марыя Паўліна Сурвіла (1964–2020). Даследчыца і адвакат беларускай культуры = Dr. Maria Paula Survilla (1964–2020). A Scholar and Advocate of Belarusian Culture: зборнік артыкулаў, прысвечаных памяці калегі і сяброўкі / [укладанне, прадмова ЗІНЫ ГІМПЕЛЕВІЧ; рэдактары: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і інш.] Мінск: Лімарыус, 2021. 406 с., [1], [6] іл.
У спісе страт, якія панесла беларуская навука ў 2020 г., на жаль, ёсць і імя вядомай прадстаўніцы нашага замежжа, этнамузыколага і выкладчыцы, доктаркі Марыі Паўліны Сурвілы, што пайшла з жыцця ва ўзросце ўсяго 56 гадоў. У памяць пра яе ў Мінску ўбачыла свет спецыяльнае выданне, у стварэнні якога прынялі ўдзел даследчыкі з некалькіх краін свету. Тэксты зборніка напісаны па-беларуску, паанглійску, па-французску, па-іспанску, па-руску. Ужо гэты пералік моў выразна адлюстроўвае як шырокую геаграфію жыцця, так і далягляд творчасці Паўліны Сурвілы.
Выразнай спецыфікай кнігі можна назваць тое, што яна не з’яўляецца выключна навуковым выданнем. Гэта таксама можна патлумачыць шматграннасцю асобы доктаркі Сурвілы. На старонках зборніка можна знайсці вершы, успаміны пра Паўліну Сурвілу, сярод уласна навуковых тэкстаў – многія тэмы, выразна інспіраваныя асабіста важнымі для аўтара рэчамі і асобамі, напрыклад артыкул Сяргея Навумчыка пра Пятра Машэрава. Тут сам аўтар адзначае, што гэта “не навуковая праца, а, хутчэй, эсэ палітыка пра палітыка”. Аднак калі ўлічыць фармат кнігі, арыентаванай, як падаецца, не столькі на прафесійных навукоўцаў, колькі на шырокую грамадскасць, абраны падыход да зместу і характару артыкулаў цалкам апраўданы.
Усе тэксты структураваныя паводле тэматыкі на некалькі раздзелаў. Акрамя прыгаданых вершаў і першай часткі, што змяшчае ўспаміны, ёсць “гістарычны блок”, некалькі артыкулаў, што дэманструюць сувязь беларускай гісторыі і культуры з сусветнымі працэсамі і з’явамі, вялікі раздзел па гісторыі літаратуры і фінальны, дзе змешчаны тры тэксты, звязаныя з беларускай дыяспарай.
Апошні раздзел, на нашу думку, найбольш разнастайны па фарматах. Ён адкрываецца англамоўным біяграфічным артыкулам пра Янку Станкевіча, потым ідзе падрыхтаваная да публікацыі Наталляй Гардзіенкай перапіска Янкі Сурвілы з айцом Львом Гарошкам. Фінальны тэкст раздзела – “дыялог-успамін”, дзе пра гісторыю эмігранцкага танцавальнага ансамбля “Васілёк” размаўляюць удзельніца калектыву Ала Орса-Рамана і даследчыца Валянціна Трыгубовіч.
Пададзеныя ў кнізе тэксты надзвычай разнапланавыя, што вельмі добра. Кожны чытач зможа знайсці для сябе штосьці важнае, а таксама пазнаёміцца з матэрыяламі сумежных дысцыплін.
З метадалагічнага пункту гледжання таксама варта адзначыць, што прапанаваныя артыкулы ў сваёй бальшыні добра адлюстроўваюць сучасны стан навукі. Так, тэматыка сталінскіх рэпрэсій паказана праз прызму мікрагісторыі, гісторыі персаналій (артыкул Алеся Смаленчука), а таксама ў аспекце аналізу асэнсавання трагічнага мінулага ды складанасцяў такога асэнсавання (англамоўны тэкст Дэвіда Марплза і Веранікі Лапуцькі). Генадзь Сагановіч прапанаваў даўно патрэбны ў нашай гістарыяграфіі ўзважаны, але крытычны разбор вядомай у беларускім грамадстве кнігі Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”.
Такая ж шырокая разнастайнасць тэм сустракаецца і ў іншых раздзелах. Найбольш паказальным можа служыць перадапошні, прысвечаны гісторыі літаратуры. Ён адкрываецца англамоўным артыкулам Ірыны Дубянецкай, дзе яна, абапіраючыся на арыгінальны яўрэйскі тэкст, аналізуе біблейскі міф пра стварэнне свету. Завяршаецца раздзел артыкулам амерыканскага даследчыка Патрыка Малоя, які прысвечаны перакладам на мову суахілі тэкстаў пра СНІД. Аўтар разглядае гэты працэс ад 1980-х гадоў і завяршае сітуацыяй 2020 г., калі свет накрыла чарговай эпідэміяй.
Разгледжаны зборнік убачыў свет з сумнай нагоды. Але сваім зместам ён, безумоўна, зробіць годны ўнёсак у айчынную навуку і паслужыць напамінам пра таленавітую даследчыцу ды выкладчыцу Паўліну Сурвілу.
Мінск
Сяргей Емяльянаў