Памяці Яўгена Анішчанкі
Не стала чалавека, які зрабіў важкі ўнёсак у беларускую гіста рыяграфію падзелаў Рэчы Паспалітай і, перш за ўсё, – у вывучэнне зямельных адносін на беларускіх землях у гэты перыяд. Шчыры, прынцыповы даследчык пайшоў з жыцця ў росквіце творчых сіл, пакінуўшы пасля сябе вялікі навуковы багаж.
Нарадзіўся Яўген Анішчанка ў вёсцы Бранцава на Аршаншчыне 25 кастрычніка 1955 г. у сям’і агранома. З дзяцінства 1955–2021 паважаў вясковы лад жыцця, сялянскую працу, любіў прыроду. Па складзе характару быў лірыкам. Таму невыпадкова яшчэ школьнікам апынуўся ў Мінску ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, якую скончыў у 1973 г. (Пазней жартаваў, што аднолькава добра навучыўся там маляваць партрэты Леніна і калгаснага каня.) Задаволіўшы эстэтычныя запыты душы, ён вырашыў вывучыць мінуўшчыну сваёй старонкі і ўсёй Беларусі, паступіў на гістфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1978 г. атрымаў дыплом. Настаўнічаў, выкладаў у Інстытуце культуры ў Мінску (1985–1986), а пасля заканчэння аспірантуры застаўся працаваць у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. 11 ліпеня 1989 г. абараніў тут кандыдацкую дысертацыю па тэме “Зямельныя адносіны ва Усходняй Беларусі ў другой палове ХVІІІ – пачатку ХІХ ст.” (кіраўнік Васіль Мялешка). У свет пачалі выходзіць кнігі: “Генеральнае межаванне на Беларусі” (1996), “Беларусь у часы Кацярыны ІІ” (1998), “Черта оседлости” (1998), “Восстание и война 1794 года в Литовской провинции (сборник документов)” (2000 і 2001 гг.), “Стогн. Паўстанне 1794 года. Новыя дакументы” (2002).
Трэба адзначыць вялікую працавітасць Яўгена Анішчанкі. Калі ён трапляў у архівы, то імкнуўся занатаваць не толькі дакументы па тэме, але і ўсё, што ляжала побач і магло рана ці позна быць карысным для вывучэння гісторыі Беларусі. Асабліва гэта тычыцца расійскіх архіваў. Ён ездзіў у Маскву, здымаў пакойчык і з ранку да цямна працаваў у архівах. Занатоўваў, замалёўваў, запісваў (копіі дакументаў каштавалі дорага).
Як вынік той самаадданасці ў 2002 г. убачыла свет яго праца “Евреи Белорусской губернии: исторический очерк и документы”, а ў 2020 г. – “Запіскі генерала Черевина о польском мятеже”, якія ён ад рукі (!) перапісаў з архіўнага арыгінала і якія чакалі публікацыі васямнаццаць гадоў.
У 2004 г. Яўген Анішчанка абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай” у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Аднак Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацвердзіла яе, адзначыўшы, што “работа палітызаваная і не пераконвае ў аб’ектыўнасці аўтарскіх ацэнак”. (У 2006 г. вучоны выдаў асобнай кніжкай гэтую дысертацыю пад аўтэнтычнай назвай.)
Яўген Анішчанка заўсёды быў перакананы ў сваёй праваце (што часам шкодзіла яго асабістаму жыццю і працы). Таму ён пакінуў Інстытут гісторыі НАН Беларусі, працаваў у Дзяржаўным гістарычным архіве ў Мінску, прыбіральшчыкам у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, нарэшце, – у Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, дзе выкладаў курс гісторыі медыцыны. У апошні перыяд свайго жыцця шмат супрацоўнічаў з апазіцыйнымі выданнямі як журналіст, напісаў кнігу “Эвакуацыя апазіцыі” (матэрыялы пра дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання), якая вытрымала некалькі выданняў.
Але для беларускай гістарычнай навукі імя Анішчанкі каштоўнае перш за ўсё даследаваннямі далёкай гісторыі. Ён пакінуў сем кніжак дакументаў пра перыяд канца XVIII – пачатак XIX ст.: “Камісары Касцюшкі” (2004), “Імем Айчыны” (2004), “СССР: Святы саюз свабодных рыцараў” (2006), “Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім” (2008), “Абывацелі правінцыі. Інструкцыі шляхецкіх сеймікаў беларускіх земляў ВКЛ (Літоўскай правінцыі) канца ХVIII ст.” (2009), “Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове ХVIII ст.” (2010), “Ураднікі беларускіх земляў Расійскай імперыі на рубяжы ХVIII–ХІХ стагоддзяў” (2011). Названыя крыніцы прызнаны аўтарытэтнымі і карыстаюцца павагай у гісторыкаў, якія вывучаюць гэты перыяд.
Працуючы ў архівах, Яўген Анішчанка нібы размаўляў з мінулым, ён быў апантаны ідэяй давесці да навуковага свету склад насельнікаў Беларусі (у сучасных межах) напрыканцы XVIII ст. Гэта вельмі важная, з пункту гледжання дзяржаўнасці Беларусі, справа вылілася ў серыю кніг са спісамі беларускай шляхты ХVIII ст. (па паветах і ваяводствах ВКЛ адпаведна). З 2011 да 2021 г. убачылі свет трынаццаць выпускаў такіх спісаў. Аднак гэтая лічба стала для вучонага фатальнай: чатырнаццатую, поўнасцю завершаную кнігу са спісамі шляхты Ашмянскага павета яму так і не давялося ўбачыць, яна выйдзе ў свет у 2022 г.
Апошнім прыжыццёвым акордам дзейнасці даследчыка стала публікацыя кнігі “Землеустройство на востоке Беларуси в XVIII–XIX вв.”. Ён спяшаўся яе выдаць, нібы адчуваючы хуткі скон. Як на развітанне прасіў на вокладцы змясціць карту з выявай роднай вёскі Бранцава, на могілках якой і быў пахаваны пасля таго, як 16 траўня 2021 г. перастала біцца яго сэрца.
Яўген Анішчанка быў сумленным і аб’ектыўным вучоным. Не хібіў у гістарычнай праўдзе нават тады, калі яна супярэчыла яго жыццёвай пазіцыі і адначасова востра перажываў, калі бачыў скажэнні беларускай мінуўшчыны. На вельмі негустым абшары сумленных нацыянальных гісторыкаў пачатку ХХІ ст. яго імя займае пачэснае месца. Светлая памяць пра яго захаваецца ў калег і сяброў навечна.
Віктар Хурсік