Віктар Якубаў. Да праблемы месца ВКЛ у знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай першай трэці XVII ст.*
Манаграфія Алены Дземідовіч, выдадзеная восенню 2021 г., уяўляе з сябе мінімальна перапрацаваны тэкст дысертацыі, абароненай аўтаркай у 2012 г. Даследчыца выдаліла ўводзіны і тэзісы, гіпотэзу і задачы працы, якія звычайна выносяцца на абарону, пры гэтым дысертацыйныя высновы пакінуты.
Гэтая кніга – першая айчынная манаграфія, прысвечаная знешняй палітыцы Вялікага Княства Літоўскага ў час панавання Жыгімонта Вазы, напісаная беларускім навукоўцам і выдадзеная ў Беларусі. У даследчыцы былі шанцы стаць першай, хто на падмурку айчынных першакрыніц, якія не патрапілі ў польскую і расійскую гістарыяграфію, раскрые ролю прадстаўнікоў ВКЛ у міжнародных адносінах ва Усходняй Еўропе. Аднак пры ўсім багацці актавых матэрыялаў Метрыкі ВКЛ, копіі якіх захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, А. Дземідовіч, з яе слоў, выкарыстала толькі чатыры справы, а мяркуючы па спасылках, актыўна працавала толькі з адной – кнігай 596. Праца змяшчае шмат вытрымак з соймавых пастаноў, соймікавых інструкцый, эпісталярных і іншых крыніц, але амаль заўсёды цытуюцца ўжо ўведзеныя ў навуковы зварот польскімі і расійскімі даследчыкамі матэрыялы. Архівы Літвы і Расіі не выкарыстоўваліся.
Спіс крыніц і літаратуры ўтрымлівае 331 пазіцыю, але здзіўляе вялікая колькасць папулярных выданняў і падручнікаў, якія агульна асвятляюць балтыйскае пытанне і расійскую Смуту на ўзроўні пачынальнікаў нацыянальных гістарыяграфій ды маюць мала супольнага з сучасным узроўнем развіцця гістарычнай навукі. Але галоўнай праблемай з’яўляецца тое, што амаль цалкам адсутнічае не толькі замежная, але і айчынная гістарыяграфія за апошнія 10 гадоў [1]. Больш за тое, выклікае пытанні выбар гістарыяграфіі для цытавання, паколькі працы шэрагу беларускіх даследчыкаў, якія пішуць па тэмах, звязаных з гісторыяй ВКЛ першай трэці XVII ст., за апошнія дзесяцігоддзі праігнараваны [2].
Як вынікае з назвы, у манаграфіі робіцца спроба вызначыць месца ВКЛ у адносінах Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй у названы перыяд. Паняцце “адносіны” шырокае і ў навуковых працах удакладняецца прыметнікам (эканамічныя, сацыяльна-палітычныя, дыпламатычныя). Асноўная частка тэксту апісвае ўнутрыпалітычную рэакцыю шляхты ВКЛ на знешнепалітычныя выклікі. Паколькі мэта не абазначана, чытачу складана здагадацца, пра што пойдзе размова.
Праблематычна выглядаюць і абраныя храналагічныя рамкі. Дзяржавы, якія змагаліся ва Усходняй Еўропе, належалі да розных геаграфічных рэгіёнаў, і ў 1620-х адбылася стратэгічная змена характару іх узаемадзеяння. Швецыя стала рэгіянальнай сілай. Сама аўтарка тлумачыць храналагічныя рамкі працы адпраўкай “пасольства Льва Сапегі” ў Маскву і пачаткам вайны са Швецыяй 1600–1629 гадоў (9). Тут яна ідзе ўслед за савецкім і шведскім гістарычным пунктам гледжання, насуперак айчынным першакрыніцам. Калі глядзець на свет вачыма шведаў, дык у вайне 1600–1629 гадоў яны змагаліся за ўласную карону для малодшай галіны Вазаў супраць старэйшай галіны таго ж роду, а таксама за землі Інфлянтаў з Рыгай. Большую частку Інфлянтаў яны атрымалі ў 1629 г. У першакрыніцах, якія паходзяць з земляў ВКЛ, мы ўбачым тры выразна асэнсаваныя паводле іх вынікаў вайны: 1600–1611 (паспяховая), 1617–1618 (адносна ўдалая) і 1621–1629 гадоў (правальная). Аднак калі браць канфлікт інтарэсаў Рэчы Паспалітай і Швецыі вакол спробы дынастычнай уніі, то трэба ўлічваць, што праблемы пачаліся з пераезду ў Рэч Паспалітую ў 1587 г. спадчынніка шведскага пасада Жыгімонта Вазы, выбранага польскім каралём і прызнанага потым вялікім князем літоўскім. Прычым гэтыя праблемы не скончыліся з яго смерцю, паколькі і яго сын Уладзіслаў Ваза не выракаўся спадчынных правоў на шведскі трон. З дынастычнага пункту гледжання на 1600 г. кароль ужо два гады знаходзіўся ў стане вайны са сваімі шведскімі падданымі і ўзурпатарам трона – Карлам Сундэрманскім. Усе наступныя канфлікты з суседзямі таксама можна разглядаць праз прызму дынастычных амбіцый Вазаў. Інтэрвенцыя ў Расію з 1609 г. афіцыйна праводзілася з мэтамі “навядзення парадку” і ўсталявання дынастыі Вазаў у Маскве, але пачалася яна толькі пасля таго, як цар Васіль Шуйскі заключыў саюз са шведскім узурпатарам Карлам Сундэрманскім.
Калі мы гаворым пра міждзяржаўныя тэрытарыяльныя канфлікты, трэба ўлічваць, што вайна ў Інфлянтах пачалася ў 1600 г. з перадачы Жыгімонтам Вазам у склад Рэчы Паспалітай Эстляндыі і ўварвання шведаў у Інфлянты, але вайна з Расіяй за Смаленск – толькі ў 1609 г. Вялікае пасольства 1600 г. скончылася падпісаннем міру з Масквой вясной 1601 г., які ніяк не паўплываў на межы ВКЛ. Яно не стала эпахальнай вяхой, бо дало не вечны мір, а фактычна перамір’е на 20 гадоў, якое да таго ж пратрымалася значна менш запланаванага.
Незалежна ад таго, пра што кніга – пра войны, дыпламатыю ці ў цэлым пра знешнюю палітыку, у тэксце адсутнічаюць згадкі пра адносіны з Габсбургамі – ключавой дынастыяй кантынента, Асманскай імперыяй – галоўнай пагрозай хрысціянскаму свету, Нідэрландамі – асноўным спонсарам Швецыі, а таксама Даніяй, якая мела на той час статус гаспадара на Балтыйскім моры (Dominium Maris Baltici) і была супраць узвышэння шведаў. Тэзіс аўтаркі пра змаганне палітычнай эліты Рэчы Паспалітай за Dominium Maris Baltici спрэчны (142). Па-першае, калі ўводзіцца нейкі тэрмін, яго неабходна патлумачыць, чаго ў тэксце не зроблена. Па-другое, узяты з пэўных крыніц і польскай міжваеннай гістарыяграфіі тэрмін усплывае па тэксце без прывязкі да крыніц і інтарэсаў ВКЛ. Вялікае пытанне, наколькі Рэч Паспалітая, якая не мела дзяржаўнага флоту, магла прэтэндаваць на панаванне на Балтыцы ў рэчаіснасці, а не ў фантазіях тагачасных палітыкаў і пазнейшых гісторыкаў.
Калі мы прымаем, што гэта ўсё ж праца па знешняй палітыцы, дык падаецца, было б важна даць у тэксце хоць бы кароткі аповед пра спаборніцтва паміж тагачаснымі дзяржавамі кантынента.
Дапамагчы ў высвятленні рэальных пазіцый палітычнай эліты ВКЛ у еўрапейскім кантэксце, у вырашэнні маскоўскага ды інфлянцкага крызісаў мог бы аналіз “нацыянальнага” складу дэлегацый і дэманстрацыя перавагі персанальных пазіцый у іерархіі Рэчы Паспа літай паслоў і камісараў, якія ўдзельнічалі ў заключэнні перамір’яў з Масквой у 1601 і 1607 (57), а таксама са Швецыяй у 1605 і 1611 гадах (110, 116). Аднак у тэксце такой інфармацыі няма.
Даследчыца, відавочна, спрабуе паказаць, што ВКЛ паранейшаму захоўвала пэўную самастойнасць у пытаннях знешняй палітыкі, але робіць гэта ў публіцыстычным стылі, пры дапамозе неабгрунтаваных сцверджанняў і “персаніфікацыі” дзяржаўных структур (“прызначэння” асобаў, якія, на думку аўтаркі, аднаасобна адказвалі за напрамкі гэтай палітыкі). Сцвярджаецца, што палажэнне Люблінскай уніі, якое пастулявала сумесную знешнюю палітыку, не выконвалася. Больш за тое, заяўлена, што пасада канцлера была, “бадай жа, найважнейшая” сярод адміністрацыйнага апарату, гэта “само па сабе прадугледжвала актыўную пазіцыю Княства ў вырашэнні пытанняў міжнароднага характару” (5–6), а “службовыя абавязкі давалі надзвычайныя паўнамоцтвы (вялікаму канцлеру Льву Сапегу. – В. Я.) у фармаванні знешнепалітычнага курсу адносна Расіі” (43).
Пра якія абавязкі і паўнамоцтвы ў фармаванні знешнепалітычнай павесткі ці праграмы ідзе гаворка? Канцлер ВКЛ кіраваў велікакняскім афіцыйным дакументазваротам, уключаючы дыпламатычны. Акрамя таго, ён каардынаваў збор і верыфікацыю інфармацыі, здабытай праз выведку за мяжой. Час ад часу гэта сапраўды было важным чыннікам у экспертных ацэнках пры распрацоўцы знешнепалітычнага курсу Рэчы Паспалітай. Вялікі канцлер, як і любы іншы сенатар, калі ён быў у фаворы, мог прапаноўваць каралю сваіх кліентаў на пасады, якія аплачваліся са скарбу і былі перспектыўнымі ў плане кар’еры, а таксама кандыдатуры ўдзельнікаў пасольства [3]. Але ўвогуле знешнепалітычнымі паўнамоцтвамі валодалі кароль і вальны сойм. Вярхушка адміністрацыйнага апарату ў ВКЛ – паны-рада (сенат) ВКЛ была калегіяльным інстытутам. Першымі ў іерархіі сенатараў ВКЛ па статусе ішлі каталіцкія біскупы, далей віленскі, троцкі ваяводы і кашталяны, жамойцкі стараста, потым іншыя ваяводы і кашталяны, а на канцы лесвіцы – вялікі і надворны маршалкі, канцлер, падканцлер і вялікі падскарбі. Але ў разуменні Жыгімонта Вазы галоўная роля ў фармаванні знешнепалітычнага курсу належала яму як каралю, і добра, калі ён рабіў гэта з дазволу паноў-рады і сойма, а не па-валюнтарысцку, як у выпадку з вайной за Смаленск у 1609 г. Тады асноўныя сенатары ВКЛ – і Радзівілы, і Сапегі, і Хадкевічы – разам выступалі супраць вайны, але яна пачалася. Пачалася не толькі без згоды сената, але і без апрабацыі вальнага сойма.
Пасада вялікага канцлера давала вялізную інфармаванасць па ўнутраных і знешніх пытаннях, але яна саступала па сваім прэстыжы статусу вялікага гетмана і першых ваяводаў. Гэта пацвярджае і кар’ера самога Льва Сапегі. У 1623 г. ён перадаў урад вялікага канцлера ВКЛ Альбрэхту Станіславу Радзівілу і стаў віленскім ваяводам, а ў 1625 г. заняў урад вялікага гетмана ВКЛ, дасягнуўшы такім чынам найбольш высокага і прэстыжнага становішча ў тагачаснай іерархіі.
У асобе Л. Сапегі ў манаграфіі персаніфікуецца ўся знешняя палітыка ВКЛ. Рэальная палітычная вага магната залежала не столькі ад яго пасады ці ад асабістых талентаў, а ад таго, наколькі ён быў набліжаны да манарха ў канкрэтны перыяд [4]. На працягу жыцця ў Л. Сапегі з ласкай гаспадара асаблівых праблем не было, але ў 1609 і ў канцы 1620-х гадоў Жыгімонт Ваза па расійскіх і інфлянцкіх пытаннях больш слухаў Аляксандра Гасеўскага. Дзякуючы заангажаванню ў маскоўскія справы А. Гасеўскі, спачатку слуга Л. Сапегі, зрабіў удалую кар’еру – пісар, шматразовы пасол у Маскву, рэферэнт канцылярыі ВКЛ, вяліжскі стараста, віцебскі войт, камендант маскоў скага гарнізона і, нарэшце, сенатар – смаленскі ваявода [5]. Міралюбныя жаданні і доступ да маскоўскай інфармацыі тлумачыліся наяўнасцю латыфундый Л. Сапегі, яго кліентаў і сваякоў на беларускіх землях ВКЛ [6]. Як толькі Л. Сапега загруз у прыдворных гульнях і выкананні абавязкаў, крыніцамі інфармацыі і рэалізатарамі палітычнага курсу караля на Усходзе сталі А. Гасеўскі, прадстаўнікі родаў Зяновічаў, Кішкаў, Хадкевічаў і магнаты з украінскіх земляў Кароны. Яны жылі бліжэй да месца падзей і мелі большыя магчымасці і рэсурсы там, дзе гэта было патрэбна.
Разважаючы пра парушэнне прынцыпаў Люблінскай уніі з боку ВКЛ у час заключэння сепаратных перамір’яў са Швецыяй у 1620-я гады, аўтарка манаграфіі глядзіць на падзеі з пункту погляду польскай гістарыяграфіі ХІХ– ХХ ст. Па-за яе ўвагай застаюцца “крыўды” ВКЛ: неправамоцнае абранне палякамі Жыгімонта Вазы ў 1587 г. без згоды прадстаўнікоў ВКЛ, адсутнасць падтрымкі, неабходнай для перамогі ў войнах 1600–1618 гадоў, злоўжыванні каронных падданых на тэрыторыі ВКЛ, магнацкія і казацкія напады на наддунайскія княствы і Крым і як вынік – шкодная для ВКЛ вайна з туркамі ў 1621 г. Гэтыя факты парушэння прынцыпаў “братэрскага саюзу” з боку Польскага каралеўства, як і адмова спыняць гандаль праз прускія парты ў 1620-я гады (і наўзаем – адмова ВКЛ спыняць гандаль праз Рыгу), а таксама сепаратныя перамір’і гетманаў ВКЛ са Швецыяй у гэты перыяд сталі прычынай узаемных папрокаў, але не спробаў разрыву уніі.
Супярэчаць прынцыпу гістарызму згадкі тэрмінаў “геапалітыка”, “гібрыдная вайна” (43).
На жаль, для даследчыцы характэрна неахайнасць у выкарыстанні імёнаў і тэрміналогіі. Асобы часта называюцца проста па прозвішчы, без ініцыялаў. Губляецца азначэнне “вялікі” ў адносінах да пасольстваў і тытулатур. Вялікае пасольства 1600 г. названа “вялікім” толькі раз і тое ў двукоссі (35), звычайна яно называецца проста пасольствам (34–39). Хоць пры гэтым добра распісаны задачы дыпламатаў і фактычна дадзены ім карт-бланш на перамовах дзеля заключэння вечнага міру і нават уніі з Масквой (35–37). Вялікае пасольства ў Маскву 1606 г. не названа “вялікім” ні разу (53–54). Менавіта вялікія пасольствы адпаведна іх статусу маглі прапаноўваць праекты уніі і вечны мір. Для дыпламатыі аднымі з найважнейшых параметраў з’яўляюцца рытуал і прызнанне статусу паслоў [7]. Нейкія “недакладнасці” ў гэтых пытаннях у мінулым маглі паслужыць casus belli. Тэндэнцыя на скарачэнне назваў працягваецца i пры напісанні афіцыйных пасад Л. Сапегі ў 1625–1629 гадах: толькі раз ён названы вялікім гетманам, а скрозь па тэксце – проста гетман.
Аўтарка сцвярджае, што паслы Карла Сундэрманскага ў 1601 г. хацелі атрымаць ад расійскага цара дазвол на праход шведскага войска праз Фінляндыю (38). Фінляндыя належала шведам, і паслы прасілі ў Барыса Гадунова праход не праз яе, а праз расійскую Інгерманландыю. Таксама двойчы згадваецца пра асабісты інтарэс Сапегаў да Смаленшчыны як месца, дзе яны “мелі ўладанні” (60, 56). Цікава, якім чынам яны маглі мець маёнткі ў варожай краіне да 1609 г.? Ці такое мела месца сто гадоў таму і ў пачатку XVII ст. яны пра гэта ўспомнілі? Але здагадка не знаходзіць пацверджання ў крыніцах, і ніякіх пасадаў і маёмасці на Смаленшчыне пасля вайны яны не атрымалі.
Ёсць і праблемы з геаграфіяй, напрыклад сцвярджаецца: “Упіцкі павет межаваў з Інфлянтамі” (136). Але з землямі Інфлянтаў у ВКЛ непасрэдна межавала толькі Полацкае ваяводства, землі сучаснай Літвы межавалі з Курляндскім герцагствам. “Мяжа пасля Альтмаркскага міру прайшла па поўдні сучаснай Латвіі, пакідаючы ў складзе ВКЛ Латгалію” (145). Ніжняе цячэнне Дзвіны, па якім пралягла мяжа, – гэта цэнтральная частка сучаснай Латвіі. Больш дакладна будзе сказаць, што Латгалія знаходзіцца не на поўдні, а на паўднёвым усходзе Латвіі, а ўваходзіла яна ў той час не ў склад ВКЛ, а ў склад Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне. На поўдні, за Дзвіной, знаходзіліся Курляндыя і Земгалія. Латгалія як гістарычны рэгіён сфармавалася ў значнай ступені дзякуючы таму, таму што пасля 1629 г. засталася (як Інфлянцкае ваяводства) у складзе Рэчы Паспалітай.
У тэксце заўважаны і іншыя недакладнасці. Так, на с. 8 сцвярджаецца, што матывы знешнепалітычных акцый Рэчы Паспалітай дыктаваліся “трыма чыннікамі: манархам дзяржавы і палітычнымі элітамі”. Што было трэцім чыннікам – так і засталося таямніцай. Таксама невядома, што за падатак быў у ВКЛ – “двайное пагалоўнае” (74).
Увогуле, калі мы гаворым пра ацэнкі дзейных асобаў, трэба адзначыць – А. Дземідовіч не ўдалося пазбавіцца ад расійскацэнтрычнай мадэлі, якая часам змяняецца на погляды, характэрныя для польскай гістарыяграфіі. Добра апісаны расійскі пункт гледжання на перамовы ў Вільні ў 1601 г. пры ратыфікацыі 20-гадовага перамір’я, як і адмова ад удзелу ў авантуры Лжэдзмітрыя магнатэрыі ВКЛ: Льва Сапегі, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, Януша Радзівіла, Яна Караля Хадкевіча і інш. Але ўсё адно чамусьці выказваецца падазрэнне ў няшчырасці Л. Сапегі. На чым базуецца сцверджанне, што вялікі канцлер ВКЛ схлусіў маскоўскаму паслу, калі казаў, што кароль не дапамагаў Лжэдзмітрыю І зімой 1605 г. (47)?
У феадальных дзяржавах, тым больш у такіх разлеглых, пранікненне дзяржаўнага аператыўнага кантролю на месцах, асабліва на ўскраінах, было намінальным. Афіцыйна кароль і сенатары не дапамагалі самазванцам, а ў Метрыцы ВКЛ шмат універсалаў 1604–1609 гадоў, у якіх забараняецца падданым чапаць “маскву” па абодва бакі мяжы. Грамадзяне ВКЛ маглі выязджаць за мяжу і вольна наймацца, куды захочуць. Да таго ж у Рэчы Паспалітай існавала сістэма магнацкіх войскаў з выкарыстаннем сваіх і замежных наёмнікаў і казацкіх фармаванняў, якія маглі нават самастойна весці войны з суседзямі. Прыватным чынам ініцыяваліся, напрыклад, малдаўскі паход 1600 г., спансаваны Янам Замойскім, першая Дзмітрыяда, падтрыманая Мнішкамі і Вішнявецкімі, ды набегі запарожцаў на турэцкія ўладанні. Манарх, як увасабленне і галава дзяржавы, звычайна адмаўляўся ад адказнасці за дзеянні сваіх падданых. Час ад часу дыстанцыяванне дапамагала пазбегнуць вайны. У прыватнай перапісцы караля, скарбовых ці вайсковых дакументах (рахункі, попісы) пакуль не знойдзена іншых доказаў удзелу дзяржаўных структур у Дзмітрыядзе, акрамя канстатацый Жыгімонтам Вазам факта, што ўсталяванне саюзнага цара на троне будзе выгадна яго дынастычным планам і Рэчы Паспалітай.
Аўтарка кнігі дыпламатычна абмінае “вострыя вуглы” міжнародных адносінаў, якія стварыла Масква: парушэнне цырыманіялу і ўтрыманне пад вартай у ізаляцыі вялікага пасольства 1600 г., масавае забойства гасцей – грамадзян Рэчы Паспалітай, у тым ліку часткі дыпламатаў з вялікага пасольства, на “крывавым вяселлі” Лжэдзмітрыя І у 1606 г. [8] і наступнае двухгадовае зняволенне вялікіх паслоў. Згодна са звычаем і правам, апошні з гэтых фактаў мог стаць справядлівым casus belli з боку Рэчы Паспалітай, але не стаў.
Сцвярджаецца, што “адзінкавым фактам падтрымкі Лжэдзмітрыяды з боку шляхецкага саслоўя ВКЛ” быў удзел у ёй Яна Пятра Сапегі (56). Прычым катэгарычна адмаўляецца верагоднасць сувязі яго з Львом Сапегам і заяўляецца, што прычынай ваеннай актыўнасці былі асабістыя амбіцыі ротмістра. У якасці доказаў прыводзяцца спасылкі на Казіміра Кагнавіцкага – першага аўтара, які напісаў гісторыю роду Сапегаў на замову саміх гэтых магнатаў у XVIII ст. Наўрад ці варта браць за чыстую манету ацэнкі панегірыка адносна асабістых якасцяў, матываў і досведу Льва і Яна Пятра Сапегаў (34, 56). Між тым, удзел добраахвотнікаў з ВКЛ у войсках Лжэдзмітрыя ІІ у 1608–1609 гадах быў сапраўды масавым, прычым настолькі, што самазванец аддаў гетманства над паўночнай групоўкай свайго войска Яну Пятру Сапегу, а ротмістрамі ў ім былі Аляксандр Лісоўскі, Язэп Будзіла, Андрэй Млоцкі і шэраг іншых прадстаўнікоў ВКЛ.
У працы згадваецца рокаш Зебжыдоўскага 1606–1609 гадоў (58), але нічога не гаворыцца пра дзеянні ракашан і вайсковых канфедэратаў у ВКЛ у 1608 г. як спачатку стрымальны, а потым, наадварот, стымулёўны фактар удзелу прадстаўнікоў ВКЛ у маскоўскіх справах. Пры апісанні пазіцый сенатараў ВКЛ на сойме 1609 г. не названа адна з галоўных афіцыйных прычын абвяшчэння вайны – саюз Шуйскіх з узурпатарам шведскай кароны Карлам Судэрманскім і ўключэнне Васілём Шуйскім прыметніка “полацкі” ў царскую тытулатуру (58–61).
На жаль, у кнізе мала выкарыстоўваюцца напрацоўкі вайсковай гісторыі. Шырокавядомыя новыя каменныя муры і гераізм гарнізона Смаленска (62), вядома, былі перашкодай для войска Жыгімонта Вазы, але асноўнай праблемай для яго была малая колькасць пяхоты і артылерыі. Складанасць аблогі павялічвала сапёрная праца смалян, вялізныя запасы харчавання і “порахаў” у іх, а таксама шматразовая перавага абаронцаў крэпасці ў гарматах. Пры расповедзе пра баявыя дзеянні 1609–1610 гадоў А. Дземідовіч адзначае, што Станіслаў Жалкеўскі займаўся “тэарэтычнымі разважаннямі аб царскім троне” і аддаваў перавагу перамовам дзеля яго дасягнення, а Леў Сапега імкнуўся “да рэальнага поспеху – здабычы Смаленска” (64). На нашу думку, супрацьпастаўленне тут штучнае. Гэта дзве тактычныя мадэлі вядзення вайны. Першая (“пазіцыйная” вайна) – захоп тэрыторыі і ўмацаваных пунктаў ворага, яна тлумачылася немагчымасцю ісці далей, пакінуўшы ў тыле выдатна забяспечаны і ўзброены гарнізон памерам з войска ВКЛ. Другая мадэль – наступальна-манеўраная вайна, з задачай знішчэння палявой арміі ворага і з наступнымі перамовамі дзеля дасягнення палітычных мэтаў кампаніі.
Папярэднія кампаніі кароннай арміі ў XVI–XVII ст. прадэманстравалі наступны сцэнар яе дзеянняў: з’яўленне вялікай масай на тэатры баявых дзеянняў, выкананне часткі стратэгічных мэтаў і сыход да наступлення зімы. Большасць войска складала шляхецкая кавалерыя, якая не хацела ўдзельнічаць у штурмах і капаць зямлю пры аблогах. У інтарэсах ВКЛ было замацаванне на стратэгічных пунктах, пакуль асноўная маса шляхты не разышлася па дамах. І ліцвіны, і “караняжы” разумелі моцныя і слабыя бакі такога стану спраў. Таму менавіта камбінацыя абодвух тактычных мадэляў, блакавання і наступу, разам з дыпламатыяй і дала плён – здабычу Смаленска (дзякуючы падвезенай з ВКЛ і Рыгі артылерыі) і ўвод гарнізона ў Маскву (дзякуючы разгрому сілаў Шуйскіх і шведаў пад Клушынам войскам С. Жалкеўскага, якое складалася пераважна з палякаў).
На аснове карэспандэнцыі ўраднікаў і соймавых пастановаў добра разгледжаны спрэчкі паміж Княствам і Каронай вакол прыналежнасці Смаленска ў 1611–1613 гадах і паходу на Маскву ў 1618 г. Не тлумачыцца, аднак, якое дачыненне мела супрацьстаянне ВКЛ і Кароны да адносінаў з Расіяй і Швецыяй.
Посткаланіяльнай сітуацыяй беларускай гуманістыкі, якая, на жаль, захоўваецца, можна патлумачыць выказванне стаўлення і ацэнак у духу расійскай, яшчэ імперскай, гістарыяграфіі. Набор ідэалагічных клішэ маем у выказваннях пра падзеі паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву ў 1618 г.: “сын Жыгімонта ІІІ, мабыць, атрымаўшы ў спадчыну ад бацькі амбіцыйнасць і нерэалістычны погляд на рэчаіснасць…” (83); “Расія, пераступаючы парог смуты і ўваходзячы ў стадыю раўнавагі і стабільнасці, не мела патрэбы ў чужародным манарху” (85).
Незразумела выглядае сцверджанне, што папскі легат “наўмысна мог сказіць інфармацыю аб сапраўдным стане спраў, даносячы Ватыкану vox populi” (размова пра абранне Януша Радзівіла паслом на сойм у 1613 г.; с. 73). Атрымліваецца, падначалены святар вырашыў не толькі дэзынфармаваць кіраўніцтва, але і зграшыць – схлусіць у справаздачы кіраўніку Каталіцкай царквы.
Калі паглядзець на паход Уладзіслава 1618 г. больш аб’ектыўна, ён быў даволі добра падрыхтаваны, у ім удзельнічала больш войска (ад 8 да 18 тыс. плюс 20 тыс. казакоў), чым у паспяховай аблозе Смаленска 1609–1610 гадоў (каля 22 тыс.). У першым выпадку ў войску было больш пяхоты і казакоў, лепш падрыхтаваных да штурму і сапёрных прац, чым шляхта. Абраны царом быў “паповіч, подлай фаміліі чалавек” [9]. Міхаіл Раманаў не меў у жылах ані кроплі крыві “божых памазанікаў” – Рурыкавічаў. Адсутнасць спадчыннага права на трон у Гадуновых і Шуйскіх стварыла праблемы з іх легітымнасцю і была адной з прычын смуты ў расійскім грамадстве. У жылах жа Уладзіслава цякла не толькі кроў шведскіх Вазаў, але і Ягелонаў, Рурыкавічаў ды Габсбургаў. Таму Вазы былі для шматлікіх маскоўскіх арыстакратаў, якія выводзіліся ад Рурыкавічаў ці Гедымінавічаў, “раднейшыя” за Раманавых. Тое, што не атрымалася замацавацца на маскоўскім троне, яшчэ не азначала, што гэта было нерэалістычна.
Па выніках Дэвулінскага перамір’я за Уладзіславам Вазам захаваўся царскі тытул, але аўтарка пра гэта не гаворыць. Наадварот, сцвярджае, што “гэта патрабаванне не магло быць задаволеным і ўскладняла канчатковае вырашэнне канфлікту” (85). На самай справе канфлікт з Масквой быў перманентным і афіцыйныя дакументы абодвух бакоў нават у мірны час называлі адно аднаго “непрыяцелямі”. Канчатковае вырашэнне канфлікту было немагчымым, бо ён быў не толькі тэрытарыяльным, але і ідэалагічным, экзістэнцыйным. Законна абраны маскоўскімі баярамі і Земскім саборам 1610 г. цар Уладзіслаў (хоць і не вянчаны на царства) знаходзіўся разам з царскімі рэгаліямі ў Рэчы Паспалітай. Чарговы раз факты ацэньваюцца з пазіцый дынастыі Раманавых. Чаму настойлівасць дыпламатаў Рэчы Паспалітай у прызнанні царскага тытула за Уладзіславам для аўтаркі “дзіўная” (87)? Наўрад ці выпадае расцэньваць атрыманне новага тытула Вазамі як пустышку ці праблему, а не як падвышэнне прэстыжу дынастыі і пашырэнне магчымасцяў для далейшых знешнепалітычных хадоў. Наяўнасць у руках Уладзіслава Вазы прадмета для гандлю дазволіла Маскве захаваць твар пасля разгрому пад Смаленскам у ходзе вайны 1632–1634 гг. – хоць бы выкупам царскага тытула для Раманавых, а ВКЛ нарэшце заключыць у Палянаве вечны мір.
Пераходзячы да раздзела 3 – “Вялікае Княства Літоўскае ва ўмовах вайны са Шведскім каралеўствам (1600–1629 гг.)”, – адразу адзначым, што і тут аўтарка кнігі дапускае неабгрунтаваныя заявы, не ўспрымае гістарыяграфічныя ацэнкі крытычна. Раздзел пачынаецца са сцверджання, што Швецыя ў першай трэці XVIІ cт. “была адной з самых магутных дзяржаў Еўропы” (96). Але ў першыя два дзесяцігоддзі так дакладна не было. Шведы прайгралі войны з ВКЛ у 1600–1611 і з Даніяй у 1611–1613 гадах. Толькі калі Густаў Адольф захапіў тэрыторыі Расійскай дзяржавы ў 1617 і Рэчы Паспалітай у 1629 г., вынайшаў лінейную тактыку ў баях з кавалерыяй ВКЛ і прайшоўся з ёй па палях Трыццацігадовай вайны – сітуацыя змянілася. Але магутнасць Швецыі заззяла на адно дзесяцігоддзе і каштавала столькі, што шведам давялося прыцішыць на пэўны час свае рэгіянальныя амбіцыі.
Разгляд падзей вакол змагання Жыгімонта Вазы за спадчынную для яго шведскую карону, якую ён прыняў з рук лютэранскага архіепіскапа Абрахама Ангермануса ў 1594 г., трэба пачаць з удакладнення, якім чынам даследчыца ўяўляе легітымнасць у спадчынных манархіях, калі сцвярджае, што ў Швецыі Жыгімонт “з’яўляўся легальным, але не легітымным манархам” (98).
Нягледзячы на тое, што даволі грунтоўна апісваецца цікавасць шляхты ВКЛ да шведскіх спраў Жыгімонта Вазы, выснова па гэтым пункце робіцца адваротная: што шляхта была пасіўнай (97–103). Пра ўдзел магнатэрыі ВКЛ (Валовічаў, Сапегаў, Радзівілаў) у пасольствах і падарожжах караля аўтарка маўчыць.
Неабгрунтаванай выглядае заява пра тое, што Жыгімонт Ваза “злоўжываў гатоўнасцю Радзівіла служыць на карысць РП” (104), калі прасіў завербаваць за свой кошт войска для адпраўкі ў Інфлянты. Якім чынам вялікі гетман Крыштаф Радзівіл яму “адмовіў” (104) у выкананні ўласных службовых абавязкаў, калі вядома, што большасць войска ў Інфлянтах у 1600–1601 гадах складала інфлянцкая земская служба і кантынгенты біржанскіх Радзівілаў на чале з Янушам і Крыштафам (Перуном)? Менавіта адсутнасць разлікаў з імі і прывяла да стварэння “мінскай канфедэрацыі (першай канфедэрацыі ў гісторыі войска ВКЛ)” (109) [10]. Дарэчы, наступная, т. зв. Берасцейская канфедэрацыя была абвешчана 8 кастрычніка 1605 г. у абозе войска ВКЛ пад Кірхгольмам, а не ў Берасці, як гэта сцвярджаецца ў манаграфіі (110). Названая яна была так сучаснікамі па месцы асноўнай дыслакацыі яе ўдзельнікаў [11].
Далей па тэксце кампаніі войска ВКЛ 1603 г. (наступальная) і 1604 г. (абарончая) памылкова аб’яднаны ў адну (108), а знішчэнне шведскай арміі ў Інфлянтах у 1609 г., дзякуючы чаму адбылося вяртанне Рэчы Паспалітай у даваенныя межы, А. Дземідовіч выкінула з апавядання, назваўшы “эпізадычнымі ваеннымі дзеяннямі”, “якія не прыносілі выразнай перавагі ні аднаму з ваюючых бакоў” (115).
У гэтым раздзеле, таксама як і ў папярэднім, не надта прасочваецца сувязь паміж рокашам з аднаго боку ды войнамі са Швецыяй і Масквой з другога, хоць гэта былі ўзаемазвязаныя канфлікты. Аднак для кнігі, прысвечанай апісанню знешняй палітыкі, больш важна тое, што пры разглядзе нападу шведаў на Парнаву і Дынамент у 1617 г. ніяк не прасочваецца сувязь з “маскоўскай” вайной 1609–1618 гадоў, як і пры захопе шведамі Рыгі 1621 г. не адзначана супадзенне гэтай агрэсіі з Хацінскай вайной 1621 г. Справядліва заўважана, што паводле пастановы сойма паспалітае рушанне ВКЛ узяло на сябе абарону Інфлянтаў і маскоўскай мяжы, але нічога не сказана пра кантынгенты шляхты-добрахвотнікаў, якія выправіліся на вайну супраць туркаў. Заяўлена, што выправа на Хацін паглынула ўсе грошы са “скарбу РП” (130). Аднак скарбы ў ВКЛ і Кароне былі асобныя, і галоўнай прычынай хранічнай нястачы ў абодвух бюджэтах сталі доўгія маскоўскія ды інфлянцкія войны.
У тэксце адзначана, што Жыгімонт Ваза ўпарта звяртаўся да станаў з просьбай развіць перамогі пад Кокенгаўзенам і Кірхгольмам (110), чаго хацеў дабіцца пры дапамозе далейшай выправы ўласна на тэрыторыю Швецыі, і ў пацверджанне падтрымкі гэтай ідэі працытаваны ўрыўкі з пастаноў пазнейшых соймікаў (116–129), але ў высновах па пункце канстатуецца адваротнае: пасля 1611 г. “прыватны інтарэс – вяртанне спадчыннай кароны (Жыгімонтам Вазам. – В. Я.) не знаходзіў належнага спачування з боку шляхты” (129).
На с. 131 сцвярджаецца, што ініцыятарам перамір’я ў 1622 г. выступаў Крыштаф ІІ Радзівіл, які баяўся швед скага ўварвання, а не Густаў Адольф, які атрымаў Рыгу, але яго наступ быў заблакаваны войскам ВКЛ пад Мітавай [12]. Вайной шведам у гэты час пагражала Данія. Хацінскую вайну выйграла Рэч Паспалітая, пераможнае войска збіралася прыбыць у Інфлянты. Вычарпанне асабістых сродкаў магната, на якія вялася гэтая вайна, і чаканне падтрымкі ад усёй Рэчы Паспалітай былі асноўнымі прычынамі пагадзіцца на перамір’е. Крок быў рызыкоўны. Ён каштаваў К. Радзівілу вялікай гетманскай булавы. Двор выкарыстаў сітуацыю, каб надаць пасаду вялікага гетмана Л. Сапегу. Аўтарка манаграфіі згадвае пра “дыскурс аб правядзенні інфлянцкай вайны” як пра бачанне Крыштафам ІІ Радзівілам, а значыць і часткай шляхецкай супольнасці ВКЛ варыянтаў развіцця сітуацыі на інфлянцкім і шведскім напрамку, але зусім не раскрывае яго змест (134).
Дапускаючы асінхроннасць, на с. 139 даследчыца спачатку піша пра лісты і загады манарха летам 1626 г., а ў наступным абзацы пра бітву пры Вальмойжы (Вальгофе), якая адбылася за паўгода да гэтага 7 (17) студзеня 1626 г. Пад Вальмойжай шведы разграмілі асноўныя сілы ВКЛ у Інфлянтах (ад 1500 да 4000 чалавек) на чале з сынам Льва Сапегі – Янам Станіславам. Бітву прайгралі абсалютна бяздарна і з велізарнымі стратамі. Загінула ад 500 да 2000 ліцвінаў [13]. Асноўная палявая армія ВКЛ перастала існаваць. Шведы змаглі перакінуць галоўныя сілы з Інфлянтаў у Прусію. Менавіта гэтае паражэнне прымусіла Л. Сапегу выводзіць сына і сябе з-пад шквалу крытыкі шляхты і пагаджацца на перамір’е. Якраз пасля Вальмойжы і сепаратнага перамір’я ў Балдэнмойжы, заключанага Л. Сапегам, А. Гасеўскі, аб’яднаўшыся з Радзівіламі і Валовічамі, пачаў кампанію па дыскрэдытацыі свайго былога патрона перад каралём. Жыгімонт Ваза адмовіўся прызнаваць трактат у Балдэнмойжы і надаў А. Гасеўскаму паўнамоцтвы па заключэнні новага перамір’я, але ў манаграфіі гэта не тлумачыцца крызісам даверу да гетманаў ці нейкімі іншымі ўнутрыпалітычнымі акалічнасцямі, а прыводзіцца як сведчанне моцнай улады манарха (са спасылкай на артыкул Г. Віснэра, с. 139), чаго, відавочна, недастаткова. Да таго ж няясна, ці не супярэчыць гэта тэзісу аб кіроўнай ролі прадстаўнікоў магнатэрыі ВКЛ у знешняй палітыцы.
Завяршаюць манаграфію высновы, узятыя з дысертацыі, у якіх, зноў жа, не абышлося без супярэчлівых ацэнак. У пункце 1 заключэння чытаем: “неабачлівая палітыка, якая вяла да тэрытарыяльных страт (прыбалтыйскія землі)”, а ў канцы абзаца адзначаюцца “сумніўныя дасягненні, як далучэнне Смаленскай і Северскай земляў” (147).
Наўрад ці можна пагадзіцца з аўтарскай спробай зводзіць усё фармаванне знешняй палітыкі да дзвюх персон: Льва Сапегі як адказнага за расійскі напрамак і Крыштафа ІІ Радзівіла, адказнага за Інфлянты (150). Такі падыход як мінімум пакідае па-за полем аналізу шэраг ключавых фамілій ВКЛ: Хадкевічаў, Гасеўскіх, Валовічаў, нясвіжскіх Радзівілаў і іншых [14], збядняе факталогію і не дазваляе рабіць рэлевантныя навуковыя высновы. Тым больш даследчыца не заўважае пікі магутнасці магнацкіх груповак пры двары і на соймах.
Завяршальная нестыкоўка: вышэй па тэксце Крыштаф Радзівіл Пярун выступіў супраць планаў сабраць за яго грошы войска ў 1600 г., а ў высновах ён ужо падтрымаў “агрэсіўныя планы”, бо быў на пару з Львом Сапегам “не супраць атрымаць валоданні ў Прыбалтыцы і Расіі” (151). Прыгадаем, што абодва гэтыя магнаты на той момант ужо былі трымальнікамі інфлянцкіх старастваў Кокенгаўзена і Парнавы апаведна.
Значна зніжае доказнасць высноў тое, што ў тэксце манаграфіі амаль не фігуруюць лічбы: ні прапорцыі і колькасць войскаў ВКЛ і Польскага каралеўства ў час кампаній, ні выдаткі скарбаў на іх утрыманне. Менавіта падатковы цяжар і сваволле ваяроў сталі асноўнай прычынай пацыфісцкіх настрояў у ВКЛ.
Такім чынам, манаграфія А. Дземідовіч хоць і змяшчае шмат карыснага матэрыялу адносна абмеркавання знешняй павесткі шляхецкай супольнасцю ВКЛ, аднак з’яўляецца з навуковага пункту гледжання недапрацаванай. Пры падрыхтоўцы тэксту не быў выкарыстаны шэраг прац айчыннай і замежнай гістарыяграфіі за апошнія гады. Манаграфія дэманструе нізкі ўзровень аналізу першакрыніц, праблемы з геаграфіяй і тэрміналогіяй, ёсць прагалы і памылкі ў выкладанні матэрыялу. Адсутнасць дакладна вызначаных мэтаў і задач зводзіць навуковыя якасці працы да апісання рэакцыі шляхецкіх соймікаў і сенатараў ВКЛ на знешнепалітычныя выклікі. У шэрагу выпадкаў адсутнічаюць акцэнтаваныя фактычныя доказы правядзення элітай ВКЛ сваёй палітычнай лініі: не аналізуецца прадстаўніцтва ў розных дэлегацыях, а таксама намінацыйная палітыка ў далучаных землях як сведчанне яе зацікаўленасці і фактычнага ўдзелу ў знешнепалітычных кампаніях. Праблема тут, хутчэй, у акадэмічнай сістэме, якая стымулюе і прапускае выданне тэкстаў такога ўзроўню. Але падобнага кшталту праца як першая спроба можа і павінна стаць падмуркам для больш грунтоўных даследаванняў.
* ДЗЕМІДОВІЧ, АЛЕНА В. Вялікае Княства Літоўскае ў адносінах Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй у першай трэці XVII ст. Мінск: Медысонт, 2021. 182 с.
[1] Ziemlewska A. Ryga w Rzeczypospolitej polsko-litewskiej (1581–1621). Toruń, 2008; Balcerek M. Księstwo Kurlandii i Semigalii w wojnie Rzeczypospolitej ze Szwecją w lataсh 1600–1629. Poznań, 2012; Żojdź K. Wszyscy ludzie króla. Zygmunt III Waza i jego stronnicy w Wielkim Księstwie Litewskim w pierwszych dekadach XVII wieku. Warszawa, 2019; Галубовіч В. У. Полацкая шляхта ў час праўлення дынастыі Вазаў: 1588–1668 гг. Гродна, 2015; Rachuba A. Fakcja Lwa Sapiehy – zarys problematyki // Między Lwowem a Wrocławiem. Księga jubileuszowa profesora Krystyna Matwijowskiegó / pod red. B. Roka i J. Maronia. Toruń, 2006. S. 503–511; Żojdź K. Patronat wojskowy i klientela hetmańska Jana Karola Chodkiewicza. Zarys problematyki // Studia nad staropolską sztuką wojskową. Т. IV. Oświęcim, 2015. S. 69–92; Падалінскі У. Дыпламатычныя прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага (1569–1601 гг.): калектыўны партрэт // Дипломатия Беларуси: прошлое и настоящее / под ред. А. В. Русаковича. Минск, 2015. С. 4–12; Скеп’ян A. А. Ураднікі і дваране Льва Сапегі ў 80-я гг. XVI – пачатку XVII ст. // Сапегі: асобы, кар’еры, маёнткі / уклад. А. А. Скеп’ян. Мінск, 2018. C. 25–49; Якубаў В. У. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскага каралеўства ў дачыненні да Інфлянтаў 1582–1621 гг. // Studia Historica Europae Orientalis. Вып. 1. 2008. С. 116–131; Якубаў В. У. Першыя канфедэрацыі войска Вялікага Княства Літоўскага і іх уплыў на сітуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1604–1608 гадах // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сер. А. Гуманітарныя навукі. 2008. № 7. С. 34–44 і інш.
[2] Тое самае ў ранейшай гістарыяграфічнай публікацыі: Дземідовіч А. В. Сучасная беларуская гістарыяграфія знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай // Веснік БДУ. Сер. 3. 2014. № 3. С. 7–12.
[3] Скеп’ян А. Ураднікі і дваране Льва Сапегі… C. 25–49; Augustyniak U. Specyfika patronatu magnackiego w Wielkim Księstwie Litewskim w XVII wieku. Problemy badawcze // Kwartalnik Historyczny. 2002. № 1. S. 97–110.
[4] Rachuba A. Obraz działalności publicznej nielubianego bohatera. Uwagi w związku z pracą Arkadiusza Czwołka o Lwie Sapieże // Kwartalnik Historyczny. R. CXXII. 2015. № 2. S. 323–346;
Rachuba A. Fakcja Lwa Sapiehy…
[5] Якубаў В. У. Выбудова кліенцкай сеткі Льва Сапегі ў канцы XVI – пачатку XVII ст. // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich = Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў. 2020. № 6. С. 6–23.
[6] Inglot S. Sprawy gospodarcze Lwa Sapiehy 1588–1607 // Studia z historii społecznej i gospodarczej poświęcone prof. dr Fr. Bujakowi. Lwów, 1931. S. 165–225; Якубаў В. У. Сацыяльны капітал у кліенцкай сетцы Льва Сапегі ў канцы XVI – пач. XVIІ ст. // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сер. A. Гуманітарныя навукі. 2020. № 1. С. 137–143.
[7] Grala H. Dyplomacja z upominkami w tle (Wokół ceremoniału dyplomatycznego w stosunkach polsko-moskiewskich XVI–XVII w.) // Skarby Kremla. Dary Rzeczpospolitej Obojga Narodów. Wystawa ze zbiorów Państwowego Muzeum Historyczno-Kulturalnego “Moskiewski Kreml”. Warszawa, 1998. S. 43, 47, 57–58; Граля Х. “Ruś nasza” vs. Московия. Наследие Древней Руси как инструмент дипломатии Польско-Литовского государства XVI – первой половины XVII в. // Древняя Русь после Древней Руси: дискурс восточнославянского (не)единства. Mocква, 2017. C. 232–233.
[8] Grala H. Dyplomacja z upominkami w tle… S. 56.
[9] Граля Х. “Ruś nasza” vs. Московия… C. 230–231.
[10] Паколькі аўтар рэцэнзіі першым увёў у гістарыяграфію паняцце Мінскай вайсковай канфедэрацыі і ацаніў яе як першую ў ВКЛ, можна сцвярджаць, што матэрыял выкарыстаны без спасылкі на першакрыніцу: Якубаў В. У. Першыя канфедэрацыі… С. 34–44.
[11] Якубаў В. Берасцейская канфедэрацыя 1605–1608 // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 3. С. 65–66.
[12] Balcerek M. Ksęstwo Kurlandii i Semigalii… S. 186–204.
[13] Ibidem. S. 314.
[14] Шмат звестак на гэтую тэму можна знайсці ў працы К. Жойдзя: Żojdź K. Wszyscy ludzie króla…