БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Ірына Раманава. Выйсці з ценю прывідаў*


Грунтоўных прац па гісторыі Беларусі, напісаных за межамі Беларусі, сёння не так і шмат. У сувязі з гэтым можна толькі вітаць чарговую манаграфію, падрыхтаваную даследчыцай з Германіі і выдадзеную ў прэстыжным выдавецтве. Манаграфія выканана на падставе дысертацыі, якую Францыска Эксэлер абараніла ў ЗША пад кіраўніцтвам вядомага даследчыка гісторыі СССР ХХ ст. Стэфана Коткіна, і называецца “Прывіды вайны. Нацысцкая акупацыі і яе наступствы ў Савецкай Беларусі”.

Увогуле, новыя працы, якія выходзяць пра Беларусь за яе межамі, выклікаюць супярэчлівае стаўленне: з аднаго боку, яны ўспрымаюцца з захапленнем (пра нас напісалі!), з іншага – з пэўнай рэўнасцю: што яны могуць пра нас ведаць і разумець? Але менавіта кнігі, выдадзеныя на Захадзе на англійскай мове, трапяць у бібліятэкі ўніверсітэтаў, іх будуць чытаць не толькі і не столькі даследчыкі (яны маюць больш шырокія магчымасці), колькі студэнты, якім парэкамендуюць іх выкладчыкі, г. зн. будучыя даследчыкі і спецыялісты па рэгіёне. Аднак колькасць такіх выданняў па-ранейшаму мінімальная [1]. Як сістэмны праект па правядзенні вывучэння гісторыі Беларусі за межамі Беларусі варта згадаць працу Томаса Бона і серыю пад яго рэдакцыяй “Гістарычнае беларусазнаўства” (Historische Belarus-Studien), але большасць кніг тут выдадзена на нямецкай мове, а таму мае таксама абмежаванае кола патэнцыйных чытачоў [2].

Гісторыя Другой сусветнай вайны прыцягвала найбольшую ўвагу даследчыкаў не толькі за межамі Беларусі, але і ў самой краіне. Натуральна, тут вывучаліся падзеі, якія адбываліся на яе тэрыторыі, а сама нямецка-савецкая вайна па-ранейшаму называецца Вялікай Айчыннай вайной. У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук заўсёды быў і ёсць спецыяльны аддзел, які займаўся вывучэннем гэтай вайны (у савецкі час – сектар), пазней – у цэлым ваеннай гісторыі (з 1991 г. – аддзел ваеннай гісторыі Беларусі савецкага перыяду, які некалькі разоў мяняў назву, сёння гэта Цэнтр ваеннай гісторыі).

Колькасць розных выданняў, прысвечаных названай вайне, якія выходзяць у апошні час, вылічаецца сотнямі. У той жа час гэтая тэма ніколі не была тут дэпалітызаванай, больш за тое, заўсёды падавалася як найбольш палітычна важная [3]. Камунікацыя з замежнымі даследчыкамі была абмежавана і рэгламентавана (фактычна, зведзена да супрацы з Расіяй). У пачатку 2000-х ва ўсіх ВНУ краіны быў уведзены адпаведны спецыяльны курс з мэтай ідэалагічнага выхавання моладзі, у 2022 г. – аналагічны курс у некаторых школах. Сёння і ў Беларусі, і ў Расіі менавіта гэтая тэма ў найбольшай ступені інструменталізуецца. Даследаванні, звязаныя з калабарацыяй у гады вайны, увогуле зніклі з поля зроку беларускіх гісторыкаў яшчэ ў 1990-я гады з тым, каб быць рэактуалізаванымі ці, больш дакладна, інструменталізаванымі ўладамі ў наш час. У красавіку 2021 г. Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу “па факце генацыду беларускага народа пад час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час”. 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Ва ўмовах рэгламентацыі правядзенне даследаванняў па гэтай тэматыцы становіцца праблематычным. Пэўную процівагу афіцыйным выданням складалі выдавецкія праекты “Бібліятэка БГА” і часопіса “Arche”, тут перакладаліся і выдаваліся кнігі замежных даследчыкаў па гісторыі Беларусі: такім чынам іх напрацоўкі траплялі ў беларускі дыскурс. Прычым у рамках праекта “Arche” выходзілі найперш кнігі па гісторыі вайны, але цяпер яго існаванне пад пытаннем.

Імідж Беларусі як партызанскай рэспублікі і рэспублікі, якая найбольш пацярпела ад нацысцкай акупацыі, фактычна пачаў фармавацца яшчэ да завяршэння вайны. Міф аб усенароднай вайне супраць акупантаў не можа быць пастаўлены пад сумнеў у Беларусі і сёння [4]. Больш за тое, некрытычнае чытанне савецкіх крыніц будзе працаваць на ўмацаванне гэтага і некаторых іншых пастулатаў: самі крыніцы па вайне ствараліся адразу як вельмі ідэалагічна нагружаныя. У той жа час у беларускіх сем’ях цыркулявала “іншая” версія гісторыі. Нельга сказаць, што тое, што расказвалася дома, існавала ў поўнай ізаляцыі ад афіцыйнага наратыву: падзеі і асобы маглі быць тыя самыя, але сама канкрэтная гісторыя магла мець цалкам супрацьлеглае значэнне. Натуральна, чым далей адсоўваліся падзеі, тым слабейшымі рабіліся водбліскі “акопнай праўды” ці аповеды пра неадназначнасць жыцця пад акупацыяй, тым больш безумоўнымі станавіліся дэмаркацыйныя лініі паміж героямі і здраднікамі, без усялякіх паўтонаў і абертонаў.

У адрозненне ад перыяду вайны пасляваенны перыяд не карыстаўся такой увагай. Працы, якія з’яўляліся ў Беларусі, былі найперш пра пасляваеннае аднаўленне ці саветызацыю Заходняй Беларусі, ацэнкі тут маглі быць супрацьлеглыя (гераізм ці трагізм). Першая спроба паказаць “маленькага” чалавека як актара, які мае выбар, можа актыўна ці пасіўна адаптавацца ці супраціўляцца і заўсёды, натуральна, мае ўласную інтэрпрэтацыю падзей, была зроблена беларускай даследчыцай Ірынай Кашталян. Але абараніць кандыдацкую дысертацыю і выдаць пасля манаграфію яна змагла толькі ў Германіі [5].

Кніга Францыскі Эксэлер “Прывіды вайны” складаецца з 6 раздзелаў: “Спрэчная прастора: усходнееўрапейскае памежжа да 1941 г.” (Contested Space: An East European Borderland before 1941); “У сэрцы цемры: выбары ваеннага часу, 1941–1944” (At the Heart of Darkness: Wartime Choices, 1941–1944); “Пасля 1944 г.: момант вяртання” (Post-1944: The Moment of Return); “Вызначэнне віны: савецкая палітыка адплаты” (Determining Guilt: The Soviet Politics of Retribution); “Страта, гора і звядзенне рахункаў: асабістыя адказы прывідам вайны” (Loss, Grief, and Reckonings: Personal Responses to the Ghosts of War); “Беларусь, партызанская рэспубліка: аповед пра гады вайны і акупацыю” (Belarus, the Partisan Republic: Narrating the Years of War and Occupation).

“Прывіды вайны” – так аўтарка назвала сваю кнігу. Назва вельмі трапная і выдатна акрэслівае, пра што будзе ісці размова. Ф. Эксэлер шукае гэтыя “прывіды” пасляваеннага часу праз вывучэнне штодзённай камунікацыі тых, хто жыў у час вайны на акупаванай тэрыторыі. І размова тут ідзе не толькі і не столькі пра супрацоўніцтва з акупантамі ці гераічную барацьбу супраць іх, а пра тое, які выбар маглі зрабіць і рабілі людзі ў абставінах, якія часта можна ахарактарызаваць як адсутнасць выбару, як гэты выбар паўплываў пасля на іх далейшае жыццё. Вяртанне да “нармальнасці” адбывалася ва ўмовах, калі кожны ведаў і памятаў і рэальных злачынцаў, і ахвяр. І сярод першых, і сярод другіх былі суседзі, былыя аднакласнікі, сваякі. Тое, як гэта памяталі людзі, не заўсёды ўпісвалася ў катэгорыі, якія навязваліся зверху. Дзяржава настойвала на тым, што вайна была тэстам на маральнасць, людзі ж, што жылі пад акупацыяй, свой прагматычны выбар апраўдвалі неабходнасцю выжывання ў зададзеных абставінах (202).

Аўтарка піша: “Часта мяркуецца, што ў грамадствах, якія перажылі вайну, акупацыю ці гвалтоўны канфлікт, акт пошуку справядлівасці і адказнасці спрыяе развіццю свабодных грамадскіх сфер і дэмакратычных грамадстваў (працэс, таксама вядомы як правасуддзе пераходнага перыяду)” (3). Выйсцем з такой непажаданай дэмакратызацыі і становіцца кантроль зверху над тым, што ёсць праўда. Даследчыцу, з аднаго боку, цікавіць фармаванне адзінага рэжыму гэтай праўды на базе рознага разумення таго, што складае віну і саўдзел, як гэта ўплывала на аднаўленне савецкай дзяржаўнай улады, а з іншага яна вывучае, як гэта адбівалася на прыватных лёсах, на стварэнні аповедаў пра вайну, у якой ступені людзі адначасова прыстасоўваліся, аспрэчвалі і перафармоўвалі афіцыйную ваенную памяць. У цэлым Ф. Эксэлер закранае вельмі складаную тэму, ставіць пытанні, якія маюць агульначалавечае значэнне: як дзяржавы і грамадствы супрацьстаяць спадчыне вайны і акупацыі і што пры гэтым азначаюць праўда, віна і справядлівасць.

Але найперш гэта кніга пра тое, якія наступствы для людзей і грамадстваў у спустошанай вайной Беларусі меў выбар, зроблены вымушана ці добраахвотна ў час нямецкай акупацыі. Выбар, зроблены ў экстрэмальных маральных абставінах, ва ўмовах моцнага ціску і абмежаванняў. Аўтарка адзначае, што немагчыма было існаваць такі доўгі час без кантактаў з акупацыйным рэжымам і вольна ці мімаволі некаторыя людзі рабіліся саўдзельнікамі ці ўцягнутымі ў злачынствы нацыстаў. У рэгіёнах, дзе развівалася савецкая партызанская вайна, людзі сутыкаліся з патрабаваннямі не толькі з боку немцаў, але і з боку партызан, ні аднаго з якіх яны не маглі выканаць, не баючыся пакарання з іншага боку (3). Прычыны таго, што нехта стаў асацыявацца з нямецкім ці савецкім бокам, былі значна больш складанымі, чым іх паказ у савецкім і постсавецкім дыскурсах.

Ваенная і пасляваенная гісторыя ілюструецца ў кнізе лёсамі людзей. Аўтарка запісала інтэрв’ю сама ці скарысталася пакінутымі мемуарамі. Сярод яе герояў: Вольга Бембель-Дзядок, Уладзімір Хартановіч, Хася Барнштэйн-Беліцкая, Літман Мор, Зоф’я Бжазоўская, Васіль Быкаў, Леў Аўсішчэр, Зінаіда Суворава і Уладзімір Святлоў. Выкарыстанне эга-дакументаў беларусаў, яўрэяў і палякаў, жыхароў Усходняй і Заходняй Беларусі, дазволіла ёй паказаць не проста розны досвед выжывання людзей, але і розныя абставіны гэтага выжывання. Значэнне мела ўсё: нацыянальнасць, паходжанне, тэрыторыя. Тут мы маем вельмі канкрэтных людзей у зададзеных абставінах. Самі гісторыі выклікаюць моцнае суперажыванне чытача. Гэта найбольш эмацыйна моцная частка кнігі.

Улады сваё бачанне “праўды” маглі даводзіць праз усе магчымыя каналы камунікацыі (СМІ, падручнікі, мемарыялізацыю, урачыстасці і г. д., або тое, што называецца афіцыйная палітыка памяці), але тыя, хто перажыў вайну і жыў у пасляваенных рэаліях, не былі пасіўнымі рэцыпіентамі, яны ўдзельнічалі ў фармаванні новых рэжымаў гэтай праўды. Крыніцай для пошуку канала “знізу” для даследчыцы сталі лісты да ўлады (192). Яна адзначае, што людзі, якія адчувалі, што савецкая ўлада абышлася з імі несправядліва, звярталіся да пэўных стратэгій, каб агучыць свае праблемы: яны пісалі лісты партыйным лідарам. Праз гэтыя лісты яны імкнуліся вырашыць асабістыя канфлікты, канфлікты, звязаныя з пытаннямі ўласнасці ці ўзаемаадносінамі з мясцовым начальствам, і нават дамагчыся пакарання за тое, што лічылі несправядлівым. І тут у якасці аргумента супраць таго, на каго скардзіліся, прыводзіліся факты яго паводзін у час вайны, у якасці рытарычных інструментаў выкарыстоўваліся вобразы ворагаў ваеннага часу: нямецкі памагаты, здраднік (205). Імкненне выкарыстаць сістэму ў сваіх інтарэсах не заўсёды давала плён, затое ўлады праз такі канал камунікацыі мелі не толькі інфармацыю, але і, як адзначае даследчыца, незалежна ад намераў аўтара кожны ліст дзяржаве садзейнічаў аднаўленню савецкай улады пасля нацысцкай акупацыі: “Ненаўмысная «сустрэча з мінулым» мела стабілізоўны эфект для рэжыму, не прыводзячы да стварэння ліберальных і адкрытых публічных сфер, а замест гэтага ўмацоўваючы механізмы ўлады аўтарытарнага рэжыму”. І далей: “Калі мясцовыя жыхары прыцягвалі дзяржаву, спрабуючы выкарыстоўваць яе апарат у сваіх інтарэсах, ім нічога не заставалася, як працаваць з савецкімі нарматыўнымі катэгорыямі, з уяўленнямі ўладаў пра правільныя і няправільныя паводзіны ў ваенны час” (206).

Звяртаецца аўтарка ў сваёй працы і да пасляваенных судоў па пераследзе і пакаранні савецкіх грамадзян, абвінавачаных у вайсковым супрацоўніцтве з нацыстамі. Матэрыялы судоў цікавыя і з пункту погляду таго, што паказваюць яшчэ адзін механізм уцягвання грамадзян у выпрацоўку гэтых рэжымаў праўды: як людзі шукалі справядлівасці і помсты ва ўмовах адсутнасці фундаментальных стандартаў прававой сістэмы, заснаваных на вяршэнстве закону. Большасць савецкіх грамадзян, абвінавачаных у дзяржаўнай здрадзе, былі асуджаны таемна, у час хуткіх судовых працэсаў. Але праходзілі і паказальныя судовыя працэсы на месцах. Пра тое, што яны павінны былі мець выключна мясцовы эфект, гаворыць той факт, што толькі ў 1957 г., а потым пачынаючы з 1960 г. у цэнтральным і рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца артыкулы пра судовыя працэсы па справах аб дзяржаўнай здрадзе ў перыяд вайны. Публікацыі пра папярэднія працэсы – нават паказальныя – былі толькі ў раённых газетах (напрыклад, пра суд 1946 г. у Мар’інай Горцы, калі пры ўдзеле 10 тысяч гледачоў судзілі 18 чалавек) (154).

Спыняецца ў сваёй кнізе даследчыца і на выпрацоўцы заканадаўства па кваліфікацыі таго, што было названа “здрадай”. Адзначае, што закон аб здрадзе, які існаваў у СССР, не быў вельмі падрабязным, і ў гэтым Савецкі Саюз мала чым адрозніваўся ад іншых краін – дзяржаўная здрада звычайна з’яўляецца невыразным тэрмінам, які дапускае мноства інтэрпрэтацый. Яна піша, што ў савецкім крымінальным кодэксе не толькі не ўказвалася, што трэба лічыць змякчальнымі абставінамі, але і сам характар злачынства вызначаўся ў тэксце вельмі расплывіста. Такім чынам, чалавека, які працаваў кухарам у немцаў, маглі судзіць і судзілі па тым жа артыкуле, што і паліцыянта. У справаздачах супрацоўнікі дзяржбяспекі і партыйных органаў часта гаварылі пра людзей, якія “працавалі на немцаў”, але не было адзінага меркавання, якія катэгорыі павінны былі несці адказнасць (147). Цэнтр на працягу 1942 і 1943 гадоў выдаў некалькі дырэктыў, накіраваных на тлумачэнне прававых асноў. Аўтарка таксама спыняецца, у прыватнасці, на тым, як выпрацоўваліся такія паняцці, як “здраднікі” і “саўдзельнікі” (148–152).

З іншага боку, змагацца за справядлівасць з правапарушэннямі ваеннага часу, здзейсненымі ад імя савецкай дзяржавы, было небяспечна (гэта магло стаць падставай для расследавання паводзін таго, хто шукаў праўды) і бессэнсоўна. Аўтарка піша: “Для тых, хто пацярпеў ад партызанскага гвалту, мабыць, было вельмі цяжка бачыць былых партызан, якія ўслаўляюцца як героі і мсціўцы за народ. Тым самым паглыблялася пачуццё бяссілля, якое яны зведалі ў час вайны, калі сутыкнуліся з патрабаваннямі партызан” (219). Выключна пазітыўны вобраз партызанска-грамадзянскіх адносін быў і застаецца дагэтуль бясспрэчным у Беларусі. Гвалт, учынены савецкімі партызанамі супраць грамадзянскіх асобаў, па-ранейшаму застаецца палітычным табу. Ф. Эксэлер піша, што людзі для сябе спрабавалі разабрацца ў неадпаведнасці паміж афіцыйнай і прыватнай памяццю. “У сваім аповедзе яны праводзяць дакладнае размежаванне паміж «сапраўднымі партызанамі» і «бандытамі», тым самым спрабуючы рацыяналізаваць жорсткае абыходжанне, з якім яны сутыкнуліся з боку апошніх. Натуральна, гэтае пераасэнсаванне іх досведу ваеннага часу магло быць публічна агучана толькі цаной выключэння з больш шырокай палітычнай супольнасці”. Аўтарка, услед за Алесем Смаленчуком і са спасылкай на яго, апісвае “сапраўдных” партызан так: гэта былі людзі, якія не здзяйснялі гвалту ў адносінах да мірнага насельніцтва – а таму былі вартыя прызнання і пахвалы (221–222) [6]. Цяжка пагадзіцца з такой інтэрпрэтацыяй выкарыстанай інфармантамі тэрміналогіі. Падаецца, што сітуацыя была больш складанай. Пазбегнем тут ацэнкі партызанскага руху ў прынцыпе, але гэта відавочны факт – партызаны вымушаны былі жыць за кошт мясцовага насельніцтва, якое само ледзь выжывала. Рэквізіцыі ці самазабеспячэнне першых не маглі ўспрымацца насельніцтвам як святая місія, але бачыліся як пагроза іх уласнаму выжыванню і да таго ж пагроза наступнага пакарання з боку акупантаў. Але прапаганда заўсёды шмат казала толькі пра добрых і сумленных партызан, пра партызан, якія дапамагалі вяскоўцам; гаварыла яна, натуральна, і пра бандытаў, якія не мелі нічога агульнага з партызанамі. Падаецца, насельніцтва адаптавала навязаную яму тэрміналогію, а распавядаючы пра ўласны досвед, дапускала, што гэтыя “сапраўдныя” ці “добрыя” партызаны былі недзе далёка, не тут. Так убудоўваўся міф у свядомасць носьбітаў іншага досведу.

Для ілюстрацыі нежадання прыняць і прызнаць уладамі існаванне “шэрых зон акупацыі” аўтарка цытуе прамовы сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі. Панамарэнка праблему калабарацыі зводзіць да супрацоўніцтва з акупантамі класава варожых “кулакоў”: паліцаі, мэры, старасты абіраліся немцамі з “рэшткаў раздробленага кулацкага саслоўя і бандыцка-крымінальных элементаў”; менавіта яны былі “тымі, хто пачаў працаваць на немцаў у час акупацыі”, “вайна дапамагла выявіць тыя рэшткі «кулацкага класа», якія схаваліся і выжылі, а частка з іх яшчэ хаваецца ад ўладаў” (166–167). Праблема здрады і гераізму была пераведзена ў сацыяльнакласавае русла – варожасць пэўных груп насельніцтва абумоўлена іх “няправільным” сацыяльным паходжаннем і класавым становішчам. Нагадаем, што так званых кулакоў у СССР масава і паказальна знішчалі “як клас” на працягу ўсіх 1920–30-х гадоў. Самая масавая аперацыя НКУС 1937–1938 гадоў паводле загаду НКУС № 00447 так і назвалася – “Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў” (у гісторыю яна ўвайшла як “кулацкая аперацыя” – фактычна, гэта была аперацыя супраць тых, хто не падзяляў мары бальшавікоў аб вядзенні сацыялістычнай калектыўнай гаспадаркі) [7]. Варожая сутнасць, а не нейкія іншыя прычыны, паводле ўладаў, станавілася падставай для таго, што цяпер кваліфікавалася як здрада, саўдзел, або, як мінімум, неўключэнне ва “ўсенародную барацьбу”. Пастаноўка пытання такім чынам выключала прымірэнне, больш за тое, арыентавала на працяг барацьбы. І такая барацьба была працягнута не толькі з тымі, хто падпадаў пад вызначэнне “здраднікі” ці “саўдзельнікі”, але і ўсімі зноў залічанымі ў “кулакі” ў час пасляваеннай калектывізацыі і масавых дэпартацый з новадалучаных тэрыторый.

Савецкае кіраўніцтва разглядала вайну як выпрабаванне, якое выявіла сапраўдную лаяльнасць людзей. Але пад падазрэннем знаходзіўся любы, хто жыў пад уладай нацыстаў, што засведчылі анкеты пры працаўладкаванні ці паступленні на вучобу з абавязковым пунктам: “Ці жылі вы на акупаванай тэрыторыі?”. Пытанне ж “Што вы рабілі ў час вайны?” становіцца ключавым у пасляваеннай камунікацыі для ўсіх: савецкіх уладаў, якія вяртаюцца, для тых, хто жыў пры нацысцкай уладзе, для салдат і членаў іх сям’яў, для тых, хто быў эвакуяваны і іх саслужыўцаў, для тых, хто перажыў Халакост і для суседзяў, якія жылі побач з тымі, хто яго не перажыў (3). У залежнасці ад індывідуальных абставін гэта не толькі ўплывала на адносіны паміж людзьмі і кар’ерныя перспектывы, але і фармавала сацыяльную дынаміку ўключэння і выключэння (204).

Ужо стала агульнапрынятым фактам тое, што новыя пасляваенныя эліты Беларусі фармаваліся найперш з ліку былых партызан. Аднак Ф. Эксэлер піша, што такая сітуацыя насамрэч была нядоўга і ўжо пры П. Панамарэнку пачалося паступовае замяшчэнне іх на сярэдніх і ніжэйшых пасадах (224–228). На жаль, мы не маем даследавання гэтага пытання, не аддае яму ўвагі і аўтарка, толькі выказвае меркаванне, што такое выцясненне былых партызан абумовілася, з аднаго боку, няпростымі ўзаемаадносінамі паміж Панамарэнкам і Хрушчовым, а з іншага – нізкай кваліфікацыяй гэтых новапрызначаных кадраў. Думаем, гэта тэма для новага і цікавага даследавання.

Вельмі цікава для беларускага чытача будзе паглядзець на тое, як фармаваліся ключавыя паняцці, у якіх належала апісваць мінулую вайну, найперш “усенародная партызанская вайна”, і як адбывалася наданне паняццю “ўсенародная” выразнага этнанацыянальнага гучання (205–212). Ф. Эксэлер піша: праблема заключалася ў тым, што было незразумела, хто менавіта быў “народам” у гэтай “ўсенароднай партызанскай вайне”. Палітычныя лідары, у прыватнасці, Панамарэнка, выкарыстоўвалі паняцце “беларускі народ” з відавочнай этнічнай канатацыяй (215). Тое, што Панамарэнка разумеў “беларускі народ” у этнічным сэнсе, становіцца ясна з яго адсылак да трох славянскіх народаў (212). Як сведчаць рукапісныя нататкі ў яго асабістых архіўных справах, Панамарэнка заяўляў, што “палякі і яўрэі актыўнага ўдзелу ў партызанскім руху не прымалі”, лічыў, што іх нізкі працэнт тут абумоўлены адсутнасцю ў іх савецкага патрыятызму (216). Наўмысна гуляючы з двухсэнсоўнасцю паняцця (этнічная супольнасць ці тыя, хто жыў на тэрыторыі Беларусі), Панамарэнка выставіў партызанскую вайну на акупаванай тэрыторыі дасягненнем толькі этнічных беларусаў. Партызан, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, часта называлі проста “беларускімі партызанамі” (213). Затое этнічная прыналежнасць ахвяр не акцэнтавалася: знішчэнне яўрэйскіх абшчын у час Халакосту было “ўпісана” ў агульныя ахвяры савецкага народа (213–215). Так, Амір Вайнер звярнуў увагу, што Панамарэнка ўніверсалізаваў ахвяр, апускаючы іх этнічную прыналежнасць і замест гэтага называючы іх “мірнымі савецкімі грамадзянамі” (234) [8]. Аўтарка развівае гэтае назіранне А. Вайнера: само паняцце “беларускі народ” насамрэч азначае выключэнне з афіцыйнага наратыву яўрэяў і як ахвяр, і як герояў (215).

Беларускія ўлады зноў выкарысталі такі падыход ў 2022 г. у Законе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: “Закон прадугледжвае юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Пры гэтым адзначаецца, што “пад беларускім народам разумеюцца ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у названы перыяд” [9].

Асобныя падраздзелы кнігі, у прыватнасці “Замоўчванне і скажэнне: жыццё з нявыказаным” (Silencing and Distorting, Living with the Unspeakable), прысвечаны тым, хто не трапіў у афіцыйныя наратывы, вымушаны быў маўчаць, жыць з непрагаворанай траўмай: яўрэі як героі і ахвяры, польскія партызаны, жанчыны-партызанкі. Калі пра Халакост на тэрыторыі Беларусі мы маем сёння пэўныя манаграфіі [10], то, напрыклад, тэма дзейнасці мінскага гарадскога падполля даўно патрабуе новага даследавання, дзе будзе месца не толькі гісторыі самога падполля, але і таму, чаму гэтая гісторыя столькі разоў пераасэнсоўвалася і перапісвалася, як на яе ацэнкі і інтэрпрэтацыі ўплывалі асабістыя якасці кіраўнікоў краіны, агульная палітычная сітуацыя. Ф. Эксэлер толькі абазначыла пэўныя пытанні (227–233).

І яшчэ адна рэч, ужо даволі звычная, але, тым не менш, па-ранейшаму непрыемная для беларускага гісторыка. Аўтарка піша для замежнага чытача, а яму ўсё яшчэ трэба даваць уводзіны ў кароткую гісторыю Беларусі (27–54). З аднаго боку – гэта зручна і правільна – чытач будзе ведаць, што папярэднічала падзеям, кантэкст і г. д. Але з іншага – гэта сведчыць пра тое, што Беларусь для заходняга чытача (а кніга з’яўляецца навуковым, а не папулярным выданнем) усё яшчэ малавядомая краіна: “Савецкая Беларусь часта ўяўляецца як аддаленае месца, забытая затока, якая знаходзіцца ў цені больш буйных суседзяў: Украіны і Расіі” (4). І ўсё яшчэ актуальны і наступны пасаж аўтаркі: “Гістарычна склалася так, што Усходні фронт часта (памылкова) апісваюць як вайну паміж Германіяй і Расіяй, але асноўны цяжар баявых дзеянняў і акупацыі насамрэч лёг на нярускія заходнія раёны Савецкага Саюза” (4).

Вельмі спадзяюся, што праца Францыскі Эксэлер прымусіць беларускіх даследчыкаў адысці ад некрытычнага выкарыстання тэрміналогіі, “распрацаванай” яшчэ П. Панамарэнкам і ў яго часы, ці, у крайнім выпадку, зацікавіць замежных студэнтаў і праз некалькі гадоў мы будзем мець шмат новых цікавых даследаванняў па гісторыі Беларусі, выкананых у заходніх акадэмічных установах на англійскай мове. І, на жаль, невядома, калі мы зможам мець такія ў Беларусі.


* EXELER, FRANZISKA. Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus. Ithaca – London: Cornell University Press, 2022. 344 с.
[1] Сярод кніг, якія выйшлі ў апошняе дзесяцігоддзе па гісторыі XX ст., тут можна згадаць: Wilson A. Belarus. The Last European Dictatorship. New Haven – London, 2021; Marples D. Understanding Ukraine and Belarus. A Memoir. Bristol, 2020; Lewis S. Belarus – Alternative Visions: Nation, Memory, and Cosmopolitanism. Abingdon, 2019; Astrouskaya T. CulturalDissent in Soviet Belarus (1968–1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses. Wiesbaden, 2019; Kashtalian I. The Repressive Factors of the USSR’s Internal Policy and Everyday Life of the Belarussian Society (1944–1953). Wiesbaden, 2016; Rudling P. A. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931. Pittsburgh, 2015; Walke A. Pioneers and Partisans: An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia. Oxford, 2015; Balmaseda M. Living the High Life in Minsk: Russian Energy Rents, Domestic Populism and Belarus’ Impending Crisis. Budapest – New York, 2014; Marples D. “Our Glorious Past”: Lukashenka’s Belarus and the Great Patriotic War. Hannover, 2014; Beorn W. Marching into Darkness: The Wehrmacht and the Holocaust in Belarus. Cambridge, 2014; Smilovitsky L. L. Jewish Life in Belarus. The Final Decade of the Stalin Regime, 1944– 1953. Budapest – New York, 2014; Bemporad E. Becoming Soviet Jews: The Bolshevik Experiment in Minsk. Bloomington – Indianapolis, 2013.

[2] Historische Belarus-Studien // Harrassowitz Verlag: https://www.harrassowitz-verlag.de/series_631.ahtml. Дата доступу: 23.09.2022.

[3] Гл. спіс публікацый Інстытута гісторыі НАН: серыі “Беларусь помнит: во имя жизни и мира” (http://history.by/belarus_pomnit-voimya_zhizni_i_mira), “Страна в огне” (http://history.by/strana_v_ogne) і інш.

[4] Гл., напрыклад, як адбывалася “новая нацыянальная апрацоўка ваеннага міфа” ў апошні час: Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст. Мінск, 2003. С. 407–413.

[5] Kashtalian I. The Repressive Factors…

[6] Гл.: Смоленчук А. Память на пограничье (на примере памяти о Второй мировой войне) // Кравцевич А., Смоленчук А., Токть С. Белорусы: нация пограничья. Вильнюс, 2011. С. 159–206.

[7] Дадзенай аперацыі прысвечана значная колькасць публікацый, найбольш грунтоўна яна разгледжана ў працах: Юнге М., Бордюгов Г., Биннер Р. Вертикаль большого террора. История операции по приказу НКВД № 00447. Москва, 2008; Юнге М., Биннер Р. Как Террор стал “Большим”. Секретный приказ № 00447 и технология его исполнения. Москва, 2003; “Через трупы врага на благо народа”. “Кулацкая операция” в Украинской ССР. 1937–1941 гг.: в 2 т. / сост. М. Юнге, Р. Биннер, С. А. Кокин и др. Москва, 2010.

[8] Гл.: Weiner A. Making Sense of War: The Second World War and the Fate of the Bolshevik Revolution. Princeton, 2001. C. 208–209.

[9] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-podpisal-zakono-genotside-belorusskogo-naroda-v-gody-velikoj-otechestvennoj-vojny-478199-2022. Дата доступу: 23.09

[10] Walke A. Pioneers and Partisans…; Beorn W. Marching into Darkness…; Rein L.The Kings and the Pawns: Collaboration in Byelorussia during World War II. New York – Oxford, 2011; Epstein B. The Minsk Ghetto, 1941–1943: Jewish Resistance and Soviet Internationalism. Berkeley, 2008; Dean M. Collaboration in the Holocaust: Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine. Palgrave, 2000.

Наверх