БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Эда. Песні пра багоў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Галіяфы, 2021. 312 с. Эда Сноры Стурлусана / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Галіяфы, 2021. 298 с. Эда. Песні пра герояў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Тэхналогія, 2022. 380 с.


Выданне на беларускай мове гістарычных крыніц, вядомых ва ўсім свеце, і важных для нашага краю, варта прызнаць падзеяй у айчыннай навуцы. У 2021–2022 г. наша навука атрымала ў сваю скарбонку адны з найбольш вядомых і архаічных тэкстаў еўрапейскай Поўначы – “Эды”. Тры кнігі, пра якія тут гаворыцца, з’явіліся дзякуючы працы полацкага перакладчыка Яўгена Папакуля.

Пад агульнай назвай “Эда” (“Edda” – літаральна “Бабка”) звычайна аб’ядноўваюць два зборнікі тэстаў. У беларускім выданні першы з іх праходзіць дзвюма асобнымі кнігамі – “Песні пра багоў” і “Песні пра герояў”. Разам яны складаюць так званую “Старую”, або “Паэтычную”, “Эду”, якую яшчэ называюць “Сэмундавай Эдай” (“Sæmundr Edda”) – была традыцыя прыпісваць яе складанне паўлегендарнаму пісьменніку канца ХІ – пачатку ХІІ ст. Сэмунду Мудраму (Sæmundr fróði). “Песні пра багоў” – гэта паэмы, дзе апавядаюцца нейкія важныя міфалагічныя сюжэты або падаюцца гісторыі-сцэнкі з жыцця багоў скандынаўскага пантэона, таксама асобна можа вызначыць паэмы дыдактычнага зместу. Іншыя паэмы (“Песні пра герояў”) выступаюць як прыклад эпасу, дзе дзейнічаюць такія вядомыя нам постаці германа-скандынаўскай традыцыі, як Атлі (Атыла), яго жонка Гудрун (Одрун), Сігурд і інш. Лічыцца, што гэтыя паэмы былі запісаны недзе ў канцы ХІІ – ХІІІ ст., але адлюстроўваюць народную культуру значна больш ранняга часу, якая была архаічнай ужо ў Эпоху вікінгаў [1].

“Эда Сноры Стурлусана”, іначай – “Празаічная”, або “Малодшая”, мае свайго канкрэтнага аўтара – ім быў ісландскі інтэлектуал ХІІІ ст. Сноры Стурлусан. Ён вядомы таксама як аўтар шэрагу сагаў, прысвечаных гісторыі каралёў Нарвегіі – іх звычайна аб’ядноўваюць пад умоўнай назвай “Кола зямное…” (“Heimskringla”) [2]. Прынята лічыць, што “Празаічная Эда” стваралася Сноры (ці не толькі ім) у якасці падручніка для скальдаў. Яна ўтрымлівае інфармацыю пра паэзію, правілы вершаскладання, асноўныя кёнінгі [3], каштоўныя звесткі пра тое, як уяўлялі сабе свет скандынавы ХІІІ ст., кароткі пераказ асноваў стараскандынаўскай міфалогіі ў творы “Мроі Гюльві” (“Gylfaginning”) і інш.

Першая спроба перакладу эдычных тэкстаў на беларускую мову была зроблена ў 2017 г. Ігарам Куліковым – ён выдаў у часопісе “Прайдзісвет” свой пераклад паэмы “Völuspá” (у яго варыянце – “Прароцтва Вяшчунні”). Сёння гэты тэкст даступны ў інтэрнэце, а таксама ідзе дадаткам у зборніку “Стараангельская паэзія” [4]. Каротка параўноўваючы працу абодвух перакладчыкаў на прыкладзе гэтай паэмы, варта адзначыць, што версія І. Кулікова больш “атмасферная”, насычаная архаізмамі, з досыць складаным, але выразным стылем, варыянт Я. Папакуля (“Прароцтва вёльвы”) напісаны ў цэлым больш простай мовай, што, аднак, не з’яўляецца мінусам. Арыгінальны тэкст таксама ўяўляе сабой узор народнай культуры, яго мова не грувасткая, даволі простая. Падаецца, што з тэхнічнага боку Я. Папакулю ўдалося захаваць больш ад рысаў стараісландскай крыніцы – гэта можа быць важна для спецыялістаў.

Таксама да пераваг перакладу Я. Папакуля (на гэты раз – перад распаўсюджанымі ў Беларусі расійскімі перакладамі) варта назваць, як ні дзіўна, даволі добрую перадачу менавіта прастамоўя і нават лаянкі. “Старэйшая Эда” ўтрымлівае некалькі твораў, якія носяць характар “сваркі”. Для іх характэрна вялікая колькасць надзвычай грубай лексікі, якая часта цалкам ігнаруецца перакладчыкамі, што відаць у наяўных перакладах на рускую мову [5]. Таксама падаецца, што, у параўнанні з адзначанымі расійскімі версіямі, Я. Папакулю ўдалося нашмат лепш перадаць “дух і літару” арыгіналу.

У чым важнасць гэтых тэкстаў? Яны вельмі выразна і глыбока раскрываюць асаблівасці светапогляду, рысы жыцця і культуры скандынаўскага грамадства Ранняга і Высокага Сярэднявечча. Так, знакамітая паэма “Hávamál” (“Слова Высокага”) прысвечана нормам паводзінаў і ўтрымлівае набор жыццёвых поглядаў, што трансляваліся, у тым ліку, у тых скандынаўскіх асяродках, якія прысутнічалі на беларускіх землях у перыяд Эпохі вікінгаў. Надзвычай цікавымі для беларускага чытача могуць быць і паэмы, прысвечаныя гісторыі Гудрун, перш за ўсё – “Atlakviða in grœnlenzka” (“Грэнландская песня пра Атлі”) і “Atlamál in grœnlenzku” (“Грэнландскія словы Атлі”). У іх можна знайсці паралелі з, мабыць, найбольш вядомым сюжэтам ранняй полацкай гісторыі – паданнем пра Рагнеду.

Таксама нельга забывацца, што стараскандынаўская культура і міфалогія даўно сталі аб’ектам не толькі навукі, але і масавай культуры. Таму наяўнасць такіх грунтоўных выданняў адных з найбольш вядомых крыніц варта разглядаць як добры ўнёсак у справу развіцця сучаснай беларускай культуры і мовы.

Застаецца спадзявацца, што з цягам часу па-беларуску ўбачаць свет і іншыя ўзоры стараскандынаўскай спадчыны: эдычная паэзія і перш за ўсё – сагі, бо шэраг з іх распавядае пра падзеі, што тычыліся айчыннай гісторыі, змяшчаліся аўтарамі на нашы абшары або наўпрост адбываліся на беларускіх землях.

Мінск

Сяргей Емяльянаў


[1] Гуревич А. Индивид и социум на средневековом Западе. С.‑Петербург, 2009. С. 82–91

[2] Гэтая назва ўзнікла ад першых слоў першага тэксту, “Інглінгавай сагі” (“Ynglinga saga”), якая пачынаецца так: “Kringla heimsins, sú er mannfólkit byggir…” (“Кола зямное, дзе людскі род жыве…”).

[3] Кёнінг – характэрная для скандынаўскай паэзіі метафара для абазначэння асобы ці прадмета, якая магла мець складаную структуру і ўтварацца з іншых метафар, што асабліва ўжывалася ў скальдычнай паэзіі.

[4] Стараангельская паэзія / уклад., пер. са стараангл. І. М. Кулікова. Мінск: А. М. Янушкевіч, 2019.

[5] Гл.: Эдда. Скандинавский эпос / перевод С. Свириденко. Москва, 1917; Беовульф. Старшая Эдда. Песнь о Нибелунгах // Библиотека всемирной литературы. Серия первая: Литература до XVIII века. Т. 9: Средневековый европейский героический эпос. Москва, 1975. С. 181–356; Эдда. Мифологические песни / пер. В. Тихомирова, О. Смирницкой // Корни Иггдрасиля. Древнеисландская литература: сост. и отв. ред. О. Смирницкая. Москва, 1997. С. 11–176.

Наверх