РОМАНОВА, ИРИНА Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва: Политическая энциклопедия, 2021. 215 с. (История сталинизма)
Манаграфія Ірыны Раманавай “Клеймаванне Чырвонага Дракона: 1937–1939 гг. у БССР” апублікавана расійскім выдавецтвам “Палітычная энцыклапедыя” (раней РОССПЭН) і працягвае серыю “Гісторыя сталінізму”, якая пачала выходзіць у 2008 г. Кніга складаецца з сямі раздзелаў: “Вёска БССР у другой палове 1930-х гг.”, “Напярэдадні паказальных судоў у сельскай гаспадарцы: снежань 1936 – люты 1937 г.”, “Першыя суды: люты – сакавік 1937 г.”, “Вінаваты цэнтр (чэрвень – жнівень 1937 г.)”, “Знішчыць ворагаў: «царкоўнікаў», «сектантаў», «кулакоў», «шпіёнаў»”, “Суды з расстрэльнымі прысудамі: кастрычнік 1937 – вясна 1938 г.”, “Змена сцэнара, перагляд справаў: вясна 1938 – пачатак 1939 г.”.
Аўтар разглядае сітуацыю ўзаемадзеяння беларускага сельскага соцыуму з рознымі ўзроўнямі уладных структур у другой палове 1930-х гадоў. Мы гаворым пра ўзаемадзеянне, паколькі “шараговыя жыхары” былі не толькі бездапаможным аб’ектам дзяржаўнай палітыкі, але і тым сацыяльным пластом, які дэлегаваў кадры ва ўладу. Начальнікі ўсіх узроўняў не прыляцелі з космасу, не прабраліся праз межы як агенты замежных разведак, яны былі выхадцамі з “народнай масы”. Начальнікі раённага маштабу, пра судовыя працэсы над якімі ідзе гаворка ў кнізе, вядома, былі “ўладай”. Але хто нараджаў гэтую ўладу? Сталін, ЦК УКП(б), ЦК КП(б)Б, НКУС і г. д. праводзілі прызначэнні, ўзнагароджвалі і рэпрэсавалі. Каго прызначалі, каго ўзнагароджвалі і рэпрэсавалі? Учорашняга працоўнага і селяніна, які стаў маленькай уладай, а пры ўдалым збегу абставін падняўся вышэй па ўладнай лесвіцы. А пры вельмі ўдалай сітуацыі атрымаў і права ўзнагароджваць ды рэпрэсаваць.
Аднак спецыфіка Савецкага Саюза 1930-х гадоў унесла карэктывы ў паняцце паспяховай кар’еры. Аднаасобная дыктатура, якая тады фармавалася, ператварыла ўсіх савецкіх жыхароў у аднолькава безабаронных, пры гэтым вымушаючы пэўныя катэгорыі (або дазваляючы пэўным катэгорыям) рэалізаваць на практыцы рэпрэсіўную палітыку. Рэальнасць паказала, што выканаўцы ўсіх узроўняў праявілі абсалютную гатоўнасць да гвалту ў яго розных формах. Чалавечае жыццё перастала быць каштоўнасцю. Каты праз нейкі час часта ператвараліся ў ахвяр, але гэта не апраўдвае іх катаўства.
Кніга І. Раманавай пра савецкія 1930-я гады, пра катаў і ахвяр, пра пошукі “казлоў адпушчэння”, пра імкненне і ўменне найвышэйшай улады перакладаць адказнасць на выканаўцаў і пра аблічча гэтых выканаўцаў. “У пачатку 1937 г. у фокус увагі цэнтра трапіла тое, што на мове таго часу называлася «парушэнне сацыялістычнай законнасці ў дачыненні да працоўнага сялянства». У СССР разгортвалася кампанія па выяўленні такіх фактаў на месцах і арганізацыі паказальных судовых працэсаў над вінаватымі. Папулісцкі сцэнар гэтага палітычнага тэатра ў сельскай гаспадарцы выглядаў наступным чынам: мясцовыя кіраўнікі (сакратар райкама партыі, галоўны аграном, раённы заатэхнік, дырэктар МТС, загадчык фінаддзела ды «іх памагатыя») аб’ядналіся ў «сямейныя гурткі» і накіравалі сваю варожую дзейнасць на правакаванне незадаволенасці сялян супраць савецкай улады. Але І. В. Сталін даведаўся пра гэта і заступіўся за сялян, пакараў вінаватых” (9).
У манаграфіі аналіз сітуацыі ў Беларусі 1937–1939 гг. пачынаецца з “Лепельскай справы”, якая па волі абставінаў стала вядомай найвышэйшаму кіраўніцтву СССР. У кароткім пераказе названая справа заключалася ў тым, што з Лепельскага раёна пачалі паступаць паведамленні пра сабатаж мерапрыемстваў напярэдадні Усесаюзнага перапісу насельніцтва. У снежні 1936 г. каля 230 чалавек, амаль усе “аднаасобнікі”, у двух сельсаветах адмовіліся адказваць на пытанні перапісчыкаў. У ходзе расследавання высветлілася, што гэта “маўклівыя сектанты”, якія лічылі перапіс таўром д’ябла, а таму заклікалі ўсімі магчымымі сродкамі пазбягаць яго, як і любых кантактаў з дзяржаўнымі дзеячамі. НКУС арыштоўваў сектанцкіх контррэвалюцыянераў; у райцэнтры адбыўся паказальны працэс супраць іх. ЦК УКП(б) і Сталін былі праінфармаваныя, што ў памежнай зоне дзейнічае контррэвалюцыйная арганізацыя, якая сабатуе дзейнасць уладаў і праводзіць антысавецкую агітацыю.
Аднак высветлілася, што савецкія і партыйныя органы не правялі належнай падрыхтоўкі перад перапісам, больш за тое, уся іх праца з насельніцтвам зводзілася да “масавых парушэнняў рэвалюцыйнай законнасці”. Падаткаабкладанне адбывалася без уліку рэальных магчымасцяў сялян, прыводзіла да канфіскацыі ўсёй маёмасці і поўнага разбурэння гаспадаркі. Прычым канфіскацыя праходзіла з абразамі, збіццём, здзекамі і г. д. Замест ліквідацыі “контррэвалюцыянераў” цэнтральная ўлада звярнула ўвагу на іх бядотнае становішча з-за няправільных дзеянняў раённага кіраўніцтва. Справа выглядала так, што насельніцтва байкатавала перапіс у асноўным з-за палітыкі мясцовых уладаў. У Лепелі быў арганізаваны адкрыты судовы працэс над раённымі кіраўнікамі [1]. Лепельскі працэс не стаў унікальным, ужо летам 1937 г. падобныя суды арганізоўваліся ў розных рэгіёнах СССР.
У жніўні 1937 г. усім сакратарам абкамаў, крайкамаў ВКП(б) і ЦК нацыянальных кампартый была накіравана дырэктыва, падпісаная Сталіным, аб неабходнасці арганізацыі ў кожным раёне 2-3 судовых паказальных працэсаў над ворагамі народа і шкоднікамі, якія прабраліся ў раённыя партыйныя, савецкія і зямельныя органы. У верасні – аб правядзенні падобных судоў у абласцях і краях над шкоднікамі ў справе аховы збожжа, у кастрычніку – над шкоднікамі ў галіне жывёлагадоўлі. Паралельна павінна была “ўзмацняцца праца па царкоўніках і сектантах”.
Аўтар лічыць, што з восені 1937 г. характар сельскіх судовых працэсаў змяніўся. Хоць абвінавачанымі былі мясцовыя кіраўнікі таго ж узроўню, але “ў ролі асноўных ахвяр самавольства паўсталі ўжо не аднаасобнікі, а калгаснікі” (119), а абвінавачаныя аказаліся яшчэ і польскімі шпіёнамі. Змены былі звязаныя з новымі хвалямі дзяржаўных рэпрэсій, правядзеннем “кулацкай” і нацыянальных аперацый. Пра гэта гаворыцца ў раздзеле 6 “Суды з расстрэльнымі прысудамі: кастрычнік 1937 – вясна 1938 г.”. У сувязі з тэматыкай гэтага раздзела ў рэцэнзента паўстала пытанне наконт дакладнасці выказанага І. Раманавай раней сцверджання, што “публічнага пакарання (казни) у 1937– 1938 гг. зазнавалі рознага ўзроўню начальнікі, астатніх забівалі ноччу ў засценках НКУС і прыгарадных лясах” (16). Спасылкі на крыніцу аб “публічных пакараннях” ў сталінскім СССР у тэксце няма, у іншых аўтараў звестак пра такую практыку мы не сустракалі.
У “Заключэнні” І. Раманава робіць выснову, што “судовыя працэсы ў сельскай гаспадарцы <…> перажывалі трансфармацыю ў сувязі са зменлівымі палітычнымі ўстаноўкамі <…>. Калі ў першай палове 1937 г. улада спрабавала «перазацвердзіць» сябе з дапамогай бачнасці наладжвання кантактаў з сялянствам <…>, то ў другой палове таго ж года правяла самую масавую рэпрэсіўную акцыю <…>. У 1938 г. самі суды над начальнікамі, якія крыўдзілі сялян, былі прызнаны шкодніцкімі” (180).
Даследаванне І. Раманавай працягвае традыцыю класічнай рэвізіянісцкай англамоўнай саветалогіі, якая перанесла ўвагу гісторыкаў з вывучэння найвышэйшых паверхаў савецкай улады на грамадства і на ўзаемадзеянне ўлады і грамадства. Яшчэ ў той час, калі гісторыкам былі недаступныя савецкія архівы (за выключэннем “Смаленскага архіва”), на падставе адкрытых крыніц яны стварылі даволі дакладную карціну жыцця сталінскай вёскі 1930-х гадоў, негатыўнага стаўлення сельскага насельніцтва да мясцовага начальства, выкарыстання гэтай незадаволенасці цэнтральнай уладай. Р. Манінг у кнізе “Бельскі раён, 1937 год” прысвяціла асобны раздзел сялянскім скаргам. Ш. Фіцпатрык, якая звярталася да аналізу паказальных мясцовых судовых працэсаў, пісала, што гэта быў палітычны тэатр, у якім сведкі і публіка атрымлівалі асалоду ад прыніжэння былога начальства. І. Раманава пацвярджае ацэнкі калег і значна пашырае крынічную базу архіўнымі матэрыяламі. Ёй удалося праз прызму падзеяў раённага маштабу паказаць на беларускім матэрыяле рэальную мэту і спадарожныя задачы сталінскай улады ў адносінах да сялянства.
Вяртаючыся да серыі “Гісторыя сталінізму” ў цэлым, мы можам гаварыць пра два аспекты, пра два складнікі яе значнасці – навуковы і сацыяльны.
Першапачаткова меркавалася выдаць сто (верагодна, самых значных і запатрабаваных) прац па савецкай гісторыі сталінскага перыяду. Але потым канцэпцыя змянілася, колькасць выданняў пастаянна павялічваецца, кнігі серыі працягваюць выходзіць да гэтага часу. Акрамя манаграфій выдаюцца зборнікі “Гісторыя сталінізму. Дакументы”. Таксама выдавецтва сумесна з шэрагам арганізацый правяло 13 навуковых канферэнцый, матэрыялы якіх публікуюцца ў зборніках “Гісторыя сталінізму. Дэбаты”.
У выніку, ацэньваючы ўплыў выдавецкага праекта на расійскае грамадства, з нашага пункту гледжання, можна даць толькі адну характарыстыку, якая вызначаецца такімі паняццямі як “поўны правал” і “фіяска”. Калі разглядаць “Гісторыю сталінізму” як частку вялікага сацыяльнага праекта дэсталінізацыі, вяртання грамадства да гуманістычных ідэалаў, адраджэння каштоўнасці чалавечага жыцця, асуджэння злачынстваў сталінскага рэжыму, то цалкам відавочна, што гэтыя задачы дасягнуты не былі.
Большасць грамадзян Расійскай Федэрацыі лічыць Сталіна самай выдатнай гістарычнай персонай, з імем якой расіяне звязваюць вобраз Савецкага Саюза як “звышдзяржавы”. Калі ў 1989 г. рэйтынг Сталіна ў пераліку найвялікшых гістарычных асобаў быў толькі 12%, то ўжо ў 2012 г. ён апынуўся на першым месцы з 49% [2], а сёння станоўчае стаўленне да Сталіна і яго ролі ў гісторыі краіны замацавалася ў Расіі на ўзроўні новай сацыяльнай нормы. Па дадзеных 2021 г. 60% расіян станоўча ацэньваюць Іосіфа Сталіна, што вынікае з сацыялагічнага апытання, праведзенага “Лявада-цэнтрам”. З іх 45% ставяцца да Сталіна з павагай, 10% – з сімпатыяй і 5% – з захапленнем. Сацыёлагі адзначаюць, што паказчык ухвалення Сталіна грамадзянамі Расіі стаў рэкордным за ўвесь час падобных апытанняў [3].
У сённяшняй расійскай дзяржаўнай гістарычнай палітыцы нам падаецца важным адзначыць стаўленне да трактоўкі сталінскага перыяду гісторыі [4] як да “карыснага мінулага”. Гэты тэрмін быў упершыню прапанаваны амерыканскім даследчыкам В. В. Бруксам адразу пасля заканчэння Першай сусветнай вайны [5]. Інтэлектуальнай супольнасці прапаноўвалася выкарыстоўваць для дабра грамадства толькі тую частку мінулага, якая можа быць карысная сучаснасці. Калі ў мінулым такі карысны складнік не выяўляецца, то яго трэба вынайсці. Гэта значыць, у кароткім варыянце, прапаноўвалася гістарычная хлусня (або частковая праўда) на карысць сённяшняга дня. Пытанне пра этычны складнік не ставілася, таксама як і разуменне дабра, і вызначэнне інстытуцый ды персаналій, якія маюць права на яго трактоўку. Тое, што адбываецца сёння з гісторыяй сталінізму, шмат у чым адпавядае ідэалогіі “карыснага мінулага”. Гісторыя сталінскага перыяду, як і ўся савецкая гісторыя, не столькі рэканструюецца, колькі канструюецца.
Ці ёсць сэнс у падобнай сітуацыі, калі гістарычная навука відавочна прайграе гістарычнай палітыцы, працягваць такія праекты, як “Гісторыя сталінізму”? Як сацыяльны праект, верагодна, не. Трэба шукаць іншыя формы і спосабы ўзаемадзеяння з грамадствам. Але гэта не азначае адмову ад акадэмічнага навуковага складніка, ад атрымання новых ведаў. Гісторыя як навука павінна развівацца, павінна рухацца наперад, а значыць патрэбны новыя даследаванні і прэзентацыя гэтых даследаванняў, адным з якіх стала манаграфія Ірыны Раманавай.
Мінск
Вячаслаў Мянькоўскі
[1] Раманава І. “Лепельская справа”: 1937 год у Беларусі // БГА. Т. 22. 2015. С. 178–207.
[2] Социологи порассуждали над загадкой Сталина в связи с годовщиной смерти – и “кровавый тиран”, и “мудрый вождь” // Левада-центр: https://www.levada.ru/2013/03/04/sotsiologi-porassuzhdali-nad-zagadkoj-stalina-v-svyazi-s-godovshhinoj-smerti-i-krovavyj-tiran-i-mudryj-vozhd. Дата доступу: 22.04.2022.
[3] Отношение к Сталину: Россия и Украина // Левада-центр: https://www.levada.ru/2021/06/23/otnoshenie-k-stalinu-rossiya-i-ukraina. Дата доступу: 22.04.2022.
[4] Пра некаторыя аспекты гэтага працэсу больш падрабязна гл.: Меньковский В. И. Феномен исторической памяти о сталинизме в Российской Федерации и Республике Беларусь // После Сталина. Реформы 1950-х годов в контексте советской
и постсоветской истории. Москва, 2016. С. 620–627.
[5] Хмелевская Ю. Ю. Историки и “полезное прошлое”: к вопросу о дисциплинарных границах и дисциплинирующих функциях истории в современном обществе // Вестник Пермского университета. История. 2016. Вып. 1. С. 162.