БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

КІСЬ, ОКСАНА. Українки в ГУЛАГУ: вижити значить перемогти. Львів: Інститут народознавства НАН України, 2017. 288 с.


Памяць пра ахвяр ГУЛАГу працягвае трывожыць грамадства і прыцягваць увагу гісторыкаў. Здаецца, у апошнія гады ўвага гэтая толькі ўзрасла. Зацікаўленне навукоўцаў абумоўлена і надыходам трыццатай гадавіны распаду Савецкага Саюза: ГУЛАГ, несумненна, быў адной з самых трагічных старонак яго гісторыі, якая так і не здолела стаць устойлівай часткай гістарычнага наратыву шмат якіх постсавецкіх дзяржаў. Таксама і ўсплёск гвалту і рэпрэсій у многіх частках ранейшай савецкай прасторы прымушае зноў звярнуцца да “трансфармавальнай сілы памяці”, карыстаючыся выразам Алейды Асман.

У сувязі з гэтым як ніколі актуальным робіцца вывучэнне практык нязгоды і супраціву ва ўсёй іх разнастайнасці, зважаючы на іх укарэненасць у індывідуальным досведзе. Таму істотнае і вартае ўвагі даследаванне асобных, асабліва адчувальных груп зняволеных і ахвяр ГУЛАГу, такіх, напрыклад, як жанчыны, дзеці ці асобы з псіхічнымі і фізічнымі асаблівасцямі. Згодна з падлікамі гісторыкаў, каля пяці мільёнаў жанчын і дзяцей апынуліся ў коле рэпрэсіўнай сталінскай сістэмы, і іх досвед усё яшчэ недастаткова вывучаны.

У па-свойму піянерскай працы “Украінкі ў ГУЛАГу: выжыць значыць перамагчы”, што выйшла ў 2017 г. па-ўкраінску, а ў 2021 г. была перакладзена на англійскую мову, гісторык і антраполаг Аксана Кісь паказвае, як захаванне жаночай індывідуальнасці стала асноўным чыннікам супрацьстаяння ўніфікацыі і абязлічванню, а ўрэшце маральнаму і фізічнаму знішчэнню зняволеных, на якія была нацэлена сістэма.

Якім чынам можна процістаяць татальнаму кантролю і прыгнёту, у якіх формах магчымы супраціў, калі ён па сутнасці немагчымы? – пытаецца аўтарка і адказвае: праз салідарнасць, узаемную падтрымку, адданасць ідэі і творчасць. Як сцвярджае і сама назва кнігі, выжыць – не знікнуць, не апынуцца безыменнай ахвярай, пазначанай парадкавым нумарам, вярнуць сабе імя, вярнуцца на радзіму, вынесці ўспамін пра тое, што давялося перажыць, за межы лагернай сістэмы і распавесці пра гэта свету – усё гэта было сродкам супрацьстаяння сістэме, а значыць і магчымасцю асабістай перамогі над ёй.

Асноўнай крыніцай даследавання Аксаны Кісь сталі ўспаміны. Яна вывучыла і абагульніла досвед больш як 120 жанчын – ад простых сялянак да такіх інтэлектуалак, як Аксана Мяшко і Надзея Суроўцава, – народжаных паміж 1896 і 1939 г. Некаторыя з успамінаў былі запісаны самімі зняволенымі і надрукаваны (за межамі СССР) яшчэ ў савецкія часы, некаторыя сабраны і занатаваны даследчыкамі гісторыі ГУЛАГу. Асабістыя сведчанні, што заўсёды ўзнікаюць на перапляценні грамадскага і асабістага, з’яўляюцца, як сцвярджае даследчыца, ці не адзінай крыніцай, якая дазваляе больш даведацца пра асабістыя гісторыі, індывідуальныя перажыванні, стасункі паміж вязнямі і штодзённае жыццё ў лагеры (52–60).

Як вядома, патрабаванні да ўмоваў утрымання вязняў, замацаваныя ў адпаведнай лагернай дакументацыі, якімі б яны ні былі жорсткімі, не адпавядалі рэчаіснасці, а апісанне лагернага жыцця ў ліставанні (у другой палове 1940-х і да 1953 г. яно было моцна абмежаваным) строга забаранялася.

Жанр успамінаў, як заўважае аўтарка, мае свае гендарныя асаблівасці. Жаночыя ўспаміны характарызуюцца пры гэтым большай вобразнасцю, увагай да дыялогаў, што паўставалі ў мінулым, і здольнасцю дакладна іх перадаваць, асэнсаваннем уласнага досведу як агульнага з іншымі (“мы” замест “я”), а таксама ўвагай да адносінаў паміж поламі і штодзённых дэталяў (42–47).

Апісваючы індывідуальны досвед ахвяр ГУЛАГу, бадай, немагчыма падысці да яго аб’ектыўна. Можна дапусціць, што і адзначаная вышэй эмацыйнасць жаночых успамінаў схіляе да заангажаванасці чытача ці даследчыка. Усведамляючы такую заангажаванасць і натуральнае пачуццё суперажывання да сваіх гераінь, аўтарка кнігі задаецца пытаннем этычнасці такога падыходу. Яна фіксуе факт свайго залучэння, трымаючы яго ў памяці ў час працы з успамінамі. Зразумела, аднак, што ў сітуацыі, калі даследчык ці даследчыца судакранаюцца з найстрашнейшымі чалавечымі пакутамі, эмацыйная нейтральнасць проста немагчымая. Заўважна, аднак, што пачуццё сімпатыі (а не толькі эмпатыя) валодае даследчыцай на працягу ўсяго гістарычнага наратыву. Чытач сутыкаецца з увагай да пераможцаў і захапленнем імі (тых, хто выжыў) і пытаецца, а ці ёсць тут месца для загінулых (ці “тых, хто прайграў” – у гэткай дуальнай тэрміналогіі), а таксама для тых, чый досвед выжывання лёгка не ўкладаўся ў апісаную стратэгію выжывання.

Кніга складаецца з сямі частак, кожная з якіх звяртаецца да досведу зняволення, абумоўленага гендарнымі і сацыяльнымі нормамі, а таксама фізічнымі асаблівасцямі жаночага цела. Жаноцкасць была фактарам рызыкі, прычынай слабасці і адчувальнасці, а таксама сродкам выжывання і процістаяння. Абапіраючыся на сцверджанне амерыканскага гісторыка Джудзіт Бенет, Аксана Кісь разглядае жанчын і як ахвяр прыгнёту, і адначасова як дзеяздольных суб’ектаў (26), зважаючы на нярэдка штучную мяжу паміж гэтымі дзвюма формамі суб’ектыўнасці. Уважліва вывучыўшы лагерны досвед, даследчыца прыходзіць да высновы, што жанчыны шмат у чым былі больш здатнымі да прыстасавання ў найцяжэйшых умовах і змаглі выпрацаваць спецыфічныя тэхнікі выжывання.

У першым, даволі агульным, раздзеле аўтарка прапануе агляд тэарэтычных падыходаў да даследавання жаночай гісторыі. Яна звяртаецца да вытокаў узнікнення і станаўлення дысцыпліны, заўважаючы, што працы ў гэтай галіне былі не толькі накіраваны на тэматычнае пашырэнне навуковага поля, але і ставілі за мэту сацыяльную і палітычную трансфармацыю (20), выкрыванне практык дамінацыі і няроўнасці ў (патрыярхальным) грамадстве (25) ды процістаяння ім. Што тычыцца досведу ГУЛАГу, менавіта гэтыя практыкі спрычыніліся да, як найменш, падвоенага прыгнечання жанчын як зняволеных і як “другога полу”.

Вывучаючы механізмы выжывання ў экстрэмальных лагерных умовах, Аксана Кісь шмат у чым абапіраецца на даследаванні Халакосту, якія паступова звяртаюцца да жаночай гісторыі ўжо з пачатку 1980-х гадоў. Зразумела, што ў адрозненне ад сістэмы ГУЛАГу нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры былі створаны не ў мэтах ізаляцыі асобных этнічных, нацыянальных і сацыяльных груп, а з мэтай іх вынішчэння. І тым не менш, даследаванне стратэгій выжывання стала адным з істотных кірункаў даследавання жаночай гісторыі Халакосту, гэтым жа падыходам карыстаецца і аўтарка разгледжанай працы.

Уважлівае вывучэнне гісторыі ГУЛАГу стала магчымым толькі з канца 1980 – пачатку 1990-х, што было абумоўлена лібералізацыяй у СССР (а пасля яго распаду і ў асобных дзяржавах) і частковым доступам да архіваў. Але жаночы досвед стаў паўнавартасным прадметам даследавання толькі з пачатку 2000-х гадоў. Яшчэ больш рэдкімі да гэтага часу з’яўляюцца даследаванні асобных нацыянальных груп жанчын-зняволеных (50–52).

У другім раздзеле апавядаецца пра ўмовы ўтрымання зняволеных. Што тычыцца жанчын-вязніц, тут таксама існавалі свае асаблівасці. З пачаткам Другой сусветнай вайны (і далучэннем да СССР новых тэрыторый) істотна павялічылася іх колькасць: ад 7,6% ад колькасці ўсіх вязняў у 1941 г. да 30,6% у 1945 г. Значную колькасць зняволеных пры гэтым складалі ўкраінцы (іх лік даходзіць да 1/5 ад агульнай колькасці; аўтарка не прыводзіць тут асобнай статыстыкі ў дачыненні да полу зняволеных, але зразумела, што колькасць зняволеных жанчын таксама павялічваецца). Трэба заўважыць, што расла колькасць жанчын і сярод супрацоўнікаў лагера, істотная частка якіх (12%) таксама паходзіла з Украіны (89–90). Пры гэтым жанчыны і мужчыны ў лагеры павінны былі ўтрымлівацца асобна. Строгія правілы, аднак, не вытрымліваліся, сексуальныя стасункі мелі месца, расла колькасць цяжарных жанчын, што адпаведна ўплывала на асаблівасці ўтрымання і характар абмежаванняў і цяжкасцяў, з якімі яны сутыкаліся.

Памяшканні, у якіх знаходзіліся зняволеныя, былі, па сутнасці, не прыстасаваныя для пражывання – наспех збудаваныя, без магчымасці дастатковага абагрэву і выканання элементарных гігіенічных працэдур, заўсёды перапоўненыя. Адпачынак быў рэдкім і нерэгулярным, а такія рэчы, як папера ці аловак, зрабіліся амаль недаступнымі. Рэдкімі і таму вельмі каштоўнымі былі магчымасці ліставання з сям’ёй на волі і (таемна) з сябрамі і аднадумцамі ў лагеры. Вельмі абмежаванай (і часта няякаснай) была медычная дапамога. Але галоўнымі ворагамі зняволеных сталі непасільная праца (з аднолькавай для жанчын і мужчын нормай выпрацоўкі), холад і недахоп харчавання. Дадатковую праблему для жанчын уяўлялі турэмнае адзенне і абутак. Яны выдаваліся без увагі на памер, пол і былі, як правіла, завялікія, што істотна ўскладняла перамяшчэнне (і тым больш фізічную працу), ды пазбаўлялі ўсякай індывідуальнасці. Усё гэта прыводзіла да вялікай колькасці захворванняў і смерцяў, якія сталі часткай штодзённага досведу зняволеных. Асабліва цяжкімі былі першыя пасляваенныя гады.

Умовы крыху палепшыліся на пачатку 1950-х, калі зняволеныя пачалі атрымліваць невялікія грошы за працу і маглі набываць дадатковыя прадукты харчавання і неабходныя рэчы ў турэмных крамах. Украінскія жанчыны, як даводзіць Аксана Кісь, праявілі асаблівую практычнасць у тым, што тычылася выкарыстання гэтых невялікіх дадатковых рэсурсаў, напрыклад, выдаткоўваючы іх на шыццё коўдраў (95), што дадавала шансаў на выжыванне ва ўмовах працяглай палярнай ночы.

Трэці раздзел прысвечаны нацыянальнай ідэнтычнасці і рэлігійнасці, бо абедзве гэтыя формы самаідэнтыфікацыі цесна звязаныя паміж сабой. Менавіта нацыянальнасць – “украінскасць” – і знітаваная з ёю адданасць хрысціянству сталі асновай для яднання, у межах якога найперш распаўсюджваліся салідарнасць і ўзаемадапамога. Зразумела, што ў гэтым яднанні прысутнічаў і практычны сэнс: верагодна, суайчынніцы былі больш зразумелыя і прадказальныя, з імі было нашмат прасцей знайсці агульную мову. Такое аб’яднанне згодна з нацыянальнасцю, аднак, не абавязкова азначала варожае стаўленне да прадстаўнікоў іншых груп. Беларуская паэтка і зняволеная ГУЛАГу Ларыса Геніюш успамінала, напрыклад, што ў асяроддзі ўкраінскіх жанчын яна лічылася “сваёй”.

Аксана Кісь пакідае без увагі рэгіянальныя адрозненні ў межах Украіны. Пераважная большасць зняволеных мелі дачыненне да антыкамуністычнага руху і паходзілі з Галіччыны, Валыні і іншых частак Заходняй Украіны, аднак наколькі нацыянальнасць і рэлігійнасць дамінавалі ў светапоглядзе тых, хто ўжо працяглы час былі грамадзянамі Савецкай Украіны, застаецца адкрытым пытаннем.

Чацвёрты раздзел асвятляе творчасць – спевы, вышыванне, паэзію, тэатральныя пастаноўкі і выяўленчае мастацтва. У настолькі абмежаваных умовах сам пошук матэрыялу рабіўся творчасцю, бо вымагаў шукаць шляхі абыходу лагерных перашкод і супрацьстаяць забаронам.

Створаныя зняволенымі рэчы, якія яны здолелі захаваць, нягледзячы на шматлікія вобшукі і пераводы з барака ў барак, а таксама і ў іншыя пункты неабсяжнай сістэмы савецкага ГУЛАГу, з’яўляюцца найкаштоўнейшымі крыніцамі для вывучэння досведу зняволення. Зробленыя з маленечкіх шматкоў тканіны, выцягнутых з адзення нітак, кавалкаў паперы, убогага лагернага рыштунку, з дапамогай самаробных іголак і цудам ацалелых алоўкаў, гэтыя творы лагернага прыкладнога мастацтва як нішто іншае спалучаюць сведчанні невыносных умоваў лагернага жыцця і чалавечай прагі да творчасці, што змагла іх пераадолець.

Пятая і шостая часткі кнігі прысвечаны захаванню чалавечай (і жаночай) годнасці, цялеснасці, сексуальнасці і сексуальных стасункаў у зняволенні. Нават цяжэй чым у лагеры, жанчынам (а таксама і мужчынам) прыходзілася ў турмах, у час следства і этапавання на месца адбыцця пакарання. Усё гэта суправаджалася катаваннем, недахопам самага неабходнага і здзекамі канваіраў у цягніках і перасыльных пунктах. Захаваць годнасць, псіхічнае і фізічнае здароўе аказвалася немагчымым, людзі, як успамінаюць аўтаркі працытаваных Аксанай Кісь тэкстаў, ператвараліся ў жывёлін, губляючы годнасць і розум (183–187). Прыбыўшы ў лагер, зняволеныя страчвалі апошняе, што ў іх заставалася – імя, атрымліваючы замест яго парадкавы нумар, які яны помнілі ўсё жыццё. У такіх умовах асабліва істотнымі былі праявы салідарнасці і дапамогі з боку сукамерніц, турэмнага персаналу ці проста выпадковага назіральніка, бо яны вярталі да магчымасці ўявіць іншыя (чалавечыя) адносіны. Недахоп знешніх праяваў чалавечнасці кампенсаваўся салідарнасцю ўнутры невялікіх груп, у якія аб’ядноўваліся зняволеныя. Такія групы ствараліся на прынцыпах “сястрынскасці” ці “сямейнасці”; даследчыца называе такія стасункі “квазісямейнымі”. Яны нярэдка працягваліся і на волі (194–198). Адным са сродкаў вярнуць уласную ідэнтычнасць было навядзенне парадку ў невялікіх даступных зняволеным даменах – у сваім знешнім выглядзе і адзенні ды абстаноўцы баракаў.

Cексуальны, фізічны і псіхічны гвалт у турмах і лагерах быў шырока распаўсюджаны, аднак мала хто з ахвяраў здолеў расказаць пра перанесенае асабіста, а траўматычны досвед выцясняўся з памяці. Такім чынам, аповеды, якія захаваліся, датычаць трэціх асобаў. Мела месца ў лагеры і (часта вымушаная) прастытуцыя ў абмен на лепшыя ўмовы ўтрымання і харчавання, якая для жанчын нярэдка была ці не адзінай магчымасцю выжыць.

Нягледзячы на падзел паміж жаночай і мужчынскай зонамі, распаўсюджанымі былі таксама і трывалыя сексуальныя сувязі ды каханне, якія пасля вызвалення заканчваліся шлюбам. Былыя зняволеныя трымаліся адно аднаго, бо перажыты досвед быў незразумелы і неспасцігальны для астатніх – тых, хто заставаўся на волі.

Мацярынства ў лагерных умовах, якое Аксана Кісь разглядае ў сёмай частцы, вымагала неверагодных высілкаў. Але, у адрозненне ад нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, яно нярэдка было таксама адной з тактык выжывання: у час цяжарнасці і кармлення жанчыны маглі разлічваць на паслабленні ў працы і лепшае харчаванне. Савецкая дзяржава надавала дзецям, народжаным у няволі, правы вольных, маючы надзею выхаваць з іх “сапраўдных” савецкіх грамадзян. Таму як толькі дзіця мінала грудны ўзрост, яно канчаткова разлучалася з маці (дагэтуль абмежаваныя кантакты і кармленні дазваляліся), а шансы на ўз’яднанне пасля вызвалення маці ці бацькі былі невялікімі.

Улічваючы нарастанне колькасці цяжарных жанчын і жанчын з дзецьмі ў сістэме ГУЛАГу (больш за 6% на 1949 г., далей колькасць толькі павялічвался; с. 253), можна ўявіць, колькі сямейных трагедый і паламаных лёсаў схавана ў гісторыі ГУЛАГу. Аксане Кісь удалося рэканструяваць і апісаць некаторыя з іх, выводзячы досвед жанчын на паверхню, паказваючы гісторыю іх дзеяздольнасці і барацьбы за выжыванне. У гераінь гэтай “антыгісторыі” (азначэнне Фуко) з’явіўся шанс стаць часткай гістарычнага наратыву, але гісторыі тысяч і тысяч іншых усё яшчэ патрабуюць увагі і даследавання.

Украінкі былі адной з самых шматлікіх груп зняволеных, таму асобная ўвага да іх досведу, зразумела, больш чым легітымная. Аксана Кісь называе некаторыя з асаблівасцяў, якія прыпісваліся ўкраінскім вязніцам: акуратнасць, незвычайная працавітасць, маральная стойкасць. Але ці былі стратэгіі выжывання, вылучаныя ёю, спецыфічнымі для гэтай катэгорыі зняволеных? Як выглядае – а гэта пацвярджаюць і рэгулярныя спасылкі аўтаркі на даследчыц Халакосту, – яны былі хутчэй універсальнымі.

Даследчыца звяртае шмат увагі на ўнутрыэтнічныя адносіны ў асяроддзі зняволеных, разглядаючы іх як падмурак для салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Цікава было б даведацца, наколькі такая падтрымка магла існаваць і існавала ад суайчыннікаў, што знаходзіліся па іншы бок калючага дроту: наглядчыц, наглядчыкаў і іншых супрацоўнікаў лагера. Ці было месца для нацыянальна падмацаванай салідарнасці ў такіх нераўнапраўных стасунках? Ці яна таксама абумоўлівалася іншымі катэгорыямі – напрыклад класам?

Падвесці вынік абмеркавання гэтай выдатнай і пранізліва напісанай кнігі, у якой аўтарка з вялікай увагай ставіцца да перажытага жанчынамі-зняволенымі ў сістэме ГУЛАГу, хацелася б абавязковай рэкамендацыяй да чытання. На жаль, досвед жанчын, прыніжэнні годнасці і пакуты, навязаныя рэпрэсіўнай сістэмай, таксама як і неабходнасць выпрацоўваць новыя формы супраціву і захавання чалавечай годнасці ў нечалавечых умовах, дасюль застаюцца актуальнымі. Жанчыны і дзеці зноў пакутуюць ад псіхічнага і фізічнага насілля, здзекаў, холаду і нястачы ў час ваенных дзеянняў і вымушаных уцёкаў. Жорсткасць і здзек з тых, хто так ці інакш апынуўся ў паднявольным стане, былі пакладзены ў аснову савецкай сістэмы, з яе наступствамі мы працягваем сутыкацца і сёння.

Марбург

Таццяна Астроўская

Наверх