KAMUSELLA, TOMASZ. Words in Space and Time: A Historical Atlas of Language Politics in Modern Central Europe. 2021. Budapest and New York: CEU Press, 310 p. & 42 full color maps.
Аўтар надрукаванага на паперы і даступнага ў вольным доступе “Гістарычнага атласа моўнай палітыкі ў сучаснай Цэнтральнай Еўропе”, супрацоўнік Школы гісторыі ўніверсітэта Сэнт-Эндрус у Шатландыі, Томаш Камусэла ў пачатку кнігі неаднаразова прызнае спрыянне і дапамогу з боку супрацоўнікаў універсітэта і яго структурных падраздзяленняў, а таксама шэрагу іншых устаноў і інстытуцый. У кантэксце канцэпцыі рэцэнзаванай кнігі сярод падраздзяленняў універсітэта звяртае ўвагу малады Інстытут транснацыянальнай і прасторавай гісторыі (узнік у 2014 г.). Аўтар быў асацыяваны з гэтай установай, калі сем гадоў таму выдаваў кнігу “Стварэнне моў у Цэнтральнай Еўропе на працягу апошняга тысячагоддзя” (“Creating languages in Central Europe during the last millennium”; Basingstoke: Palgrave Pivot, 153 p.). Праекты Інстытута спалучаюць кампаратыўную, транснацыянальную і глабальную перспектывы, уцягнутыя ў даследаванні навукоўцы імкнуцца апісваць еўрапейскую гісторыю па-за рамкамі і межамі нацыянальных гісторый. Інстытут цікавіцца тым, у якой ступені з канца XVIII ст. еўрапейскія грамадствы ўспрымаюць адзін аднаго і ўплываюць адзін на аднаго, наколькі далёка ў пэўныя перыяды сягала Еўропа і як далёка яна сягае сёння? Што можна сказаць пра мадэлі і дынаміку ўзаемасувязі паміж еўрапейскімі грамадствамі, у якой ступені калоніі і іншыя нееўрапейскія рэгіёны ўплываюць на еўрапейскія грамадствы і культуры? У Інстытуце лічаць, што шырокія плыні сучаснай еўрапейскай гістарыяграфіі нярэдка займаюцца пытаннямі часу на шкоду пытанням прасторы, таму трэба больш цікавіцца прасторавымі вымярэннямі гісторыі, так званай прасторавай гісторыяй. Прасторавыя напрамкі даследавання ўключаюць фізічна-геаграфічныя прасторы (гарады, горы, рэкі), прасторы, якія створаны сацыяльнымі адносінамі і чалавечым узаемадзеяннем (прастора, такім чынам, разумеецца як нейкая платформа, створаная шляхам сацыяльнага ўзаемадзеяння), нарэшце, прасторы, якія ўяўляюцца і ствараюцца дыскурсіўна (ментальныя карты). Гэтыя ракурсы даследавання ў той ці іншай ступені прысутнічаюць у рэцэнзаванай кнізе.
Ідэяй атласа ў аўтара пачала выспяваць яшчэ з сярэдзіны 2000-х, калі ён заканчваў манаграфію “Палітыка мовы і нацыяналізму ў сучаснай Цэнтральнай Еўропе” (“The Politics of Language and Nationalism in Modern Central Europe”; выйшла першым выданнем у 2009 г.). Знаёмая з навуковай траекторыяй Т. Камусэлы аўдыторыя (чытач “Беларускага Гістарычнага Агляду” меў магчымасць чытаць нашу рэцэнзію на другое выданне “Палітыкі мовы і нацыяналізму…”, апублікаваную ў томе 23 у 2016 г.), ведае, што аўтару (які фармальна мае філалагічную, паліталагічную і культуралагічную адукацыю) уласцівы шырокі міждысцыплінарны падыход. Гэты падыход адпрацоўваецца аўтарам на матэрыяле гісторыі, моўнай палітыкі і праблем нацыяналізму ў сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Т. Камусэла не сярэднеарыфметычны “аб’ектывісцкі” даследчык, яго кнігі пішуцца ў тым ліку, каб рэканцэптуалізаваць некаторыя ранейшыя падыходы і навуковыя парадыгмы resp. сцвердзіць уласны пункт гледжання. Так, кніга “Стварэнне моў у Цэнтральнай Еўропе на працягу апошняга тысячагоддзя” (у самой назве якой ёсць палемічнасць, бо вядома, што мовы адмыслова “ствараліся” хіба на працягу двух апошніх стагоддзяў), па словах аўтара, была напісана для гісторыкаў і лінгвістаў. Першыя – гісторыкі – паводле вельмі агульнай ацэнкі Т. Камусэлы, недарэчы ўспрымаюць мову (-ы) як “чорную скрынку”, а другія – лінгвісты – трактуюць мовы (гэтаксама неадэкватна) як пэўныя “агістарычныя сутнасці”.
Іншай новай кнігай Т. Камусэлы стала яго “выпраўляльная” (corrective) манаграфія “Няпольская Польшча, 1989-ы год і ілюзія здабытай гістарычнай пераемнасці” (“The un-polish Poland, 1989 and the illusion of regained historical continuity”). Гэтая праца скіравана на выяўленне праблемных пытанняў пераемнасці паміж Рэччу Паспалітай, міжваеннай Польшчай, Польскай Народнай Рэспублікай часоў сацыялізму і сучаснай польскай дзяржавай.
Зыходны пункт рэцэнзаванага атласа – думка пра тое, што ў Цэнтральнай Еўропе атаясамленне мовы з народам і дзяржавай знаходзілася на службе дасягнення палітычных мэтаў і было адзінай легітымізацыйнай асновай дзяржаўнага будаўніцтва. Томаш Камусэла бачыць патрэбу ў змене перспектывы даследавання “ад народа-дзяржавы да Цэнтральнай Еўропы, ад нацыянальнай гісторыі да кампаратыўнага аналізу пабудовы і ўжывання моў і іх графік” (с. XVI). Такая змена ракурсу, згодна з аўтарам, “павінна разарваць сувязі з ідэалагічнай функцыяй індактрынацыі і дазволіць праводзіць глыбокі аналіз уздыму і дынамікі этнамоўных нацыяналізмаў у рэгіёне” (XVI). Аўтара турбуюць нацыянальныя майстар-наратывы (national master narrative), якія ён схільны аспрэчваць.
На працягу апошніх гадоў Т. Камусэла спрычыніўся да шэрагу важных калектыўных і індывідуальных навуковых і выдавецкіх праектаў, у кола яго інтарэсаў трапляюць усё новыя тэмы і напрамкі (напрыклад, этнічныя чысткі і генацыд у ХХ ст.), міждысцыплінарны падыход у яго працах робіцца яшчэ больш адчувальным.
Задуманы Т. Камусэлам праект фундаментальнага атласа моўнай палітыкі ў 2011 г. быў абмеркаваны ў Славянска-Еўразійскім даследчым цэнтры ва ўніверсітэце Хакайда ў Японіі з удзелам Юкіясу Арай (荒井 幸康), Эмануэля Брунэ-Жайі (Emmanuel Brunet-Jailly), Кацярыны Гібсан (Catherine Gibson), Міхаэля Мозэра (Michael Moser) і Матокі Намачы (野町 素己). У 2017 г. артыкулы ўдзельнікаў абмеркавання (за выняткам Матокі Намачы) разам з двума артыкуламі Т. Камусэлы (“Мова ў цэнтральнаеўрапейскай гісторыі і палітыцы: ад правіла cuius regio, eius religio да нацыянальнага прынцыпу cuius regio, eius lingua?”, “Канцэпцыя Атласа моўнай палітыкі ў сучаснай цэнтральнай Еўропе”), а таксама з бібліяграфіяй да зробленых карт і некалькімі падрыхтаванымі на той час картамі былі надрукаваны ў зборніку “Цэнтральная Еўропа праз лінзы мовы і палітыкі: На прыкладзе ўзорных карт Атласа моўнай палітыкі ў сучаснай Цэнтральнай Еўропе” (“Central Europe Through the Lens of Language and Politics: On the Sample Maps from the Atlas of Language Politics in Modern Central Europe”; Sapporo: Slavic-Eurasian Research Center, Hokkaido University, 111p. +10 maps). Зборнік выйшаў пад рэдакцыяй Т. Камусэлы, М. Намачы і К. Гібсан. У апошнія гады ў Т. Камусэлы было імкненне суправаджаць свае даследаванні візуальным шэрагам у выглядзе карт або карцінак, пры выданні ў 2015 г. адносна невялікай для шатландскага аўтара кнігі “Стварэнне моў у Цэнтральнай Еўропе на працягу апошняга тысячагоддзя” (аўтар сам называе яе “кароткай”), тым не менш, была знойдзена магчымасць уключыць у яе асобны раздзел “Электронныя ілюстрацыі”. У гэтым раздзеле 12 старонак аддадзены калі не на ілюстрацыі, то хоць бы на спісы электронных спасылак на карты або карцінкі, датычных зместу кнігі.
Атлас складаецца з напутнага слова географа, рэдактара “Атласа ірландскіх гістарычных гарадоў” (“Irish historic towns atlas”) Ангрэт Сімз (Anngret Simms), падзяк, прадмовы, уводнай часткі (мае падзагаловак “Мовы і я”), 42 раздзелаў асноўнай часткі, слоўніка, бібліяграфіі і індэкса. У рамках асноўнай часткі канкрэтныя тэмы (“серыі”) размеркаваны наступным чынам: сістэмы пісьма (8 карт і, адпаведна, 8 тэкстаў), этнічныя чысткі (7 карт і 7 тэкстаў), дыялектныя кантынуумы (6 карт і тэкстаў), ізамарфізм мовы, нацыі і дзяржавы (6 карт), сітуацыя Цэнтральнай Еўропы праз прызму пэўных моў (атаманская турэцкая, ідыш, эсперанта, малдаўская, сілезская) увогуле або з нейкімі нюансамі (5 карт), моўныя арэалы (2 карты) і інш.
Будучы беспрэцэдэнтным унікальным праектам, атлас Т. Камусэлы, тым не менш, мае некаторыя прататыпы, якія натхнялі аўтара. Гэта, напрыклад, тройчы выдадзены ў 1992–2018 г. “Гістарычны атлас Цэнтральнай Еўропы” (“Historical atlas of Central Europe”) Паўла Роберта Магочыя (Paul Robert Magocsi) і манаграфія сярэдзіны мінулага стагоддзя палітычнага географа Генры Роберта Вілкінсана (Henry Robert Wilkinson) “Карты і палітыка: агляд этнаграфічнай картаграфіі Македоніі” (“Maps and politics: a review of the ethnographic cartography of Macedonia”).
Арганізацыйныя намаганні Т. Камусэлы прывялі да таго, што да падрыхтоўкі атласа былі далучаны іншыя асобы. Найперш гэта картограф Роберт Хмялеўскі (Robert Chmielewski), які разам з ініцыятарам праекта падрыхтаваў усе карты. Удзельнікамі праекта сталі таксама Лаў Шубарыч (Lav Šubarić), Майкл Талбат (Michael Talbot), Агата Рэйбах (Agata Reibach), Алена Марушакава (Elena Marushiakova) і Весялін Папоў (Vesselin Popov) – чые раздзелы (9, 15, 16, 40, прысвечаныя геаграфіі лацінскай мовы і ідыша, Цэнтральнай Еўропе, убачанай вачыма атаманскай турэцкай мовы, а таксама пасяленням ромаў) уключаны ў кнігу. Гэтыя ж навукоўцы з’яўляюцца суаўтарамі адпаведных карт. Удзел іншых навукоўцаў – Томаш Хмелік (Tomasz Chmielik), Дорын Лазавану (Dorin Lozovanu), Андрэас Рочняк (Andreas Roczniok) – абмежаваўся тым, што яны рыхтавалі карты (17, 32, 41, прысвечаныя тапонімам на эсперанта, малдаўскай і сілезскай мовам), але не ўдзельнічалі ў напісанні тэкстаў.
Аўтарскі праект падрыхтоўкі гіганцкага гістарычнага атласа моўнай палітыкі ў сучаснай Цэнтральнай Еўропе, які прадугледжвае шырокае выкарыстанне картаграфіі, паставіў аўтара перад новымі, раней невядомымі выклікамі. З аднаго боку, як дарэчы нагадаў у час абмеркаванняў праекта атласа Юкіясу Арай са спасылкай на Бенядыкта Андэрсана, карты даюць людзям магчымасць уявіць свет. З другога боку, узнікае неабходнасць падрыхтоўкі карт, што само па сабе з’яўляецца відам дзейнасці, які не вядомы культуролагам ці палітолагам. Аўтар гэтых радкоў не асмельваецца дакладна сказаць, што першаснае ў 42 асноўных раздзелах кнігі, кожны з якіх складаецца з карты (у некаторых выпадках карт) і тлумачальнага тэксту: карты ці тэксты? Ці карты ўяўляюць сабой самастойную навуковую вартасць на фоне “дадатковых” “тлумачальна-апісальных” тэкстаў, або карты – гэта пераважна пэўныя графічныя ілюстрацыі, урэшце, “дапаўненне” да тэкстаў? Здаецца, важна і тое, і другое. У любым выпадку (і на гэта звяртаюць увагу многія даследчыкі) у атласе рэалізаваны ўнікальны па метадзе і ахопу падыход.
На жаль, няма магчымасці разумець некаторыя карты ва ўсёй іх складанасці, паколькі легенды да іх няпоўныя або занадта складаныя. Прывяду такі выпадковы прыклад.
Згодна з легендай лацінамоўнай карты 9 узору 1721 г. (40), існуюць два арэалы славянскіх моў: “паўночны” (Linguae Slavicae Septentrionales, светла-зялёная заліўка) і “паўднёвы” (Linguae Slavicae Meridionales, зялёная заліўка). Калі на карце арэал “паўночнаславянскіх” моў відаць добра (ён ахоплівае тэрыторыю сучаснай Беларусі, Вільню і тэрыторыі на поўнач ад яе, тэрыторыю на захад ад Смаленска, уключае Старадуб у сучаснай Бранскай губерні, Чарнігаў, Кіеў, Палтаву), то арэал “паўднёваславянскіх” моў трэба добра пашукаць. У тым выглядзе, як ён пазначаны ў легендзе (суцэльная зялёная заліўка), яго на карце няма. Па роздуме, паўднёваславянскі арэал пачынаеш шукаць там, дзе ёсць хоць якая зялёная штрыхоўка – і гэта тэрыторыі на ўсход, поўнач і паўднёвы ўсход ад Смаленска ў геаграфічных межах “Масковіі”, рэгіёны Ачакаўскай і Бесарабскай (Budziacensis) Турцыі, Харватыі, Баната, Трансільваніі, Сербіі, Босніі, Румэліі (г. зн. Балкан). Прыгледзеўшыся, пачынаеш разумець, што і “паўночнаславянскія” мовы, падобна да “паўднёваславянскіх”, трэба шукаць не толькі там, дзе ёсць суцэльная светла-зялёная заліўка, але і там, дзе светла-зялёныя колеры ёсць у выглядзе штрыхоўкі: адпаведна дадаюцца Багемія, Сілезія, Маравія, Вялікая Польшча, Польшча, Падолле.
Сучаснаму чытачу, тым больш паспалітаму, вельмі дзіўна бачыць Беларусь, Вільню, Кіеў і Палтаву ў арэале “паўночнаславянскіх” моў, а рэгіён сучаснай Масквы – у рамках “паўднёваславянскай” мовы. Няясна, што за гэтым стаіць. Дадзены (толькі) дзве групы славянскіх моў, і гэта можа разумецца так, што лацінамоўныя аўтары дзялілі славянскія мовы (толькі) на дзве групы? Але да Ёзафа Добраўскага не існавала навуковай славістыкі, і да любых падзелаў славянскіх моў на групы, зробленых у данавуковы час, можна ставіцца скептычна. Пачынальнік славістыкі Добраўскі, дарэчы, не толькі ўвабраў лацінскую вучонасць, але і сам яе ўвасабляў (сёлета акурат 200 гадоў з часу выдання яго “Institutiones linguae slavicae dialecti veteris”). Ён таксама не ў згодзе з сучаснай навукай дзяліў славянскія мовы на дзве групы, але гэта былі заходнеславянская і ўсходнеславянская групы… Спадзяюся, адказы на выказаныя пытанні існуюць. Але гледачу карты 9 яны не відавочныя.
У цэлым атлас з’яўляецца выдатным дасягненнем у спробе паяднаць гістарычную сацыялінгвістыку з шэрагам сумежных дысцыплін, прымяніўшы метады картаграфіі. Кніга рэкамендуецца як спецыялістам, так і звычайнаму чытачу.
Мінск
Сяргей Запрудскі