Генадзь Сагановіч. Шматаблічнасць Крычаўскага паўстання, або Патрэба новага погляду на сацыяльныя канфлікты
Вядомае сёння нават школьнікам Крычаўскае паўстанне далёка не адразу заняло важнае месца ў гісторыі краіны. У ХІХ ст. у першых вопытах апісання мінулага Беларусі яно або фігуравала як бунт і паўставала хутчэй у іпастасі эпізоду крымінальнай гісторыі, а не народнай барацьбы, або зусім не згадвалася [1]. Далёкі ад гераізацыі вобраз паўстання адпавядаў духу найбольш ранняга звязнага аповеду пра тыя падзеі, змешчанага ў апісанні Крычаўскага стараства [2], якое не пазней за 1786 г. склаў Андрэй Казіміравіч Меер, ад’ютант артылерыйскага палка расійскай арміі. Па версіі названай крыніцы, завадатарамі “народнага бунту” былі Карпач і Вашчыла, якія настроілі сялян супраць уладальнікаў і яўрэяў, а галоўнай падставай выбуху насілля сталі “водкупы” яўрэяў і “прыцясненне народа”. У гэтай сувязі, як тлумачыў аўтар трактата, у Вашчылы быў намер “знішчыць усіх яўрэяў” стараства, аднак далей падзеі апісваліся як звычайны разбой, скіраваны і супраць апошніх, і супраць мяшчан ды шляхцічаў.
Адметна, што пра названае паўстанне нічога не пісалі ў сваіх сінтэтычных працах заснавальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі [3], хоць складана ўявіць, каб ім не быў вядомы згаданы трактат А. Меера, апублікаваны Еўдакімам Раманавым на самым пачатку ХХ ст. У публічную гісторыю Беларусі славуты сялянскі выступ пачаў уваходзіць толькі праз гісторыяпісанне марксісцкага толку – у пазітыўным вобразе народнай барацьбы, як прыклад змагання антаганістычных класаў. Так яго падаў у 1930-я г. у сваім нарысе па гісторыі краіны Васіль Шчарбакоў [4], гісторык і партыйны функцыянер, адэпт прынцыпаў гістарычнага матэрыялізму і школы М. Пакроўскага.
Акадэмік В. Шчарбакоў імкнуўся трактаваць мінулае Беларусі выключна з класавых пазіцый і трымаўся пралетарскага інтэрнацыяналізму, згодна з якім “працоўным масам” супрацьстаялі “эксплуататары” незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Кіруючыся такой устаноўкай, аўтар апісваў падзеі ў Крычаўскім старастве як праяву класавай барацьбы, адмаўляючы якія-небудзь нацыянальныя матывы ў дзейнасці народных нізоў. У яго трактоўцы гэта было “яркае выражэнне пратэсту сялянскіх мас супраць эксплуатацыі і прыгнечання сялянства як мясцовымі панамі, шляхтаю і арандатарамі”, так і “польскімі панамі-каланістамі” [5]. Але апошнім прыпісвалася роля далёкая ад першаступеннай, бо такім быў марксісцкі падыход школы Пакроўскага: ускладванне віны на чужую нацыю ці дзяржаву азначала б здраду пазіцыям пралетарскага інтэрнацыяналізму, падмену ўнутранага класавага ворага вобразам ворага знешняга.
Паводле схемы В. Шчарбакова, паўстанне было выклікана сістэмай нязноснай эксплуатацыі сялян, якую стварыў у старастве “адкупнік Гдалій”, аднак змаганне сялян выкарысталі “мясцовыя купцы і духавенства”, а галоўнымі ініцыятарамі руху сталі Вашчыла і набліжаныя да яго (Карпач і інш). Пры гэтым гісторык адзначаў і важнасць антыяўрэйскай матывацыі ў дзейнасці названай групы. Ён тлумачыў, што паколькі Гдаль быў яўрэем, то яны выкарысталі гэтую акалічнасць – “паднялі антысеміцкую агітацыю, імкнучыся ўсяляк выцесніць Гдалія і яго набліжаных” з уладання Гераніма Фларыяна Радзівіла. Іх мэтай была не барацьба супраць эксплуататараў, а ўласная карысць – каб замест арандатара “самім забраць у рукі стараства і па-ранейшаму эксплуатаваць і прыгнятаць сялян” [6]. Такім жа прагматычным інтарэсам кіравалася і праваслаўнае духавенства, якое таксама далучылася да паўстання. Як сцвярджаў аўтар, “яно падтрымлівала купца Вашчылу і ўвесь гнеў народнай помсты старалася накіраваць не супраць эксплуататараў наогул, а супраць каталікоў, ксяндзоў і яўрэяў. Гэтым яно хацела вызваліцца ад канкурэнтаў і павялічыць свае даходы” [7].
Выступленне сялян набыло такі вялізны размах, што прымусіла ўлады Рэчы Паспалітай пасылаць на расправу войска [8], – працягваў В. Шчарбакоў. Але адказнасць за няўдачу аўтар ускладваў і на правадыра Васіля Вашчы лу: як купец на месцы лідара сялянскага паўстання, той адыграў “вялікую ролю” ў яго аслабленні, бо калі сяляне выступалі не толькі супраць польскіх купцоў, але і супраць мясцовых “купцоў і шляхты”, то Вашчыла накіроўваў барацьбу “толькі супраць польскіх паноў і прыбыўшых з Польшчы адкупнікоў і арандатараў”, а мясцовых эксплуататараў абараняў [9]. Такую ж адмоўную ролю гісторык прыпісваў і мясцоваму праваслаўнаму духавенству, якое, на яго думку, “сваёй агітацыяй нянавісці да каталіцкай рэлігіі і антысемітызмам” таксама аслабіла паўстанне.
Падобная трактоўка згаданых падзей атрымала больш разгорнутае апісанне і больш шырокую аргументацыю ў спецыяльнай манаграфіі В. Шчарбакова, прысвечанай руху народных нізоў Беларусі супраць прыгнятальнікаў у эпоху Рэчы Паспалітай [10]. Аўтар тлумачыў прычыны выбуху хваляванняў такім жа чынам, як і ў папярэдняй працы, але ўжо больш абапіраўся на крыніцы, хоць пераважна апублікаваныя, і яшчэ выразней акцэнтаваў элемент антысемітызму ў матывацыі выступу. Паводле гісторыка, новыя формы эксплуатацыі, створаныя арандатарам (падвышэнне падаткаў, праца ў мануфактурах, броварах і г. д.), так абвастрылі незадаволенасць сялян, што тыя толькі чакалі “сігналу для свайго выступлення”. І такі сігнал ім падалі… “мясцовыя эксплуататарскія элементы”. Шчарбакоў зноў тлумачыў, што дзеяннямі Гдаля і яго сістэмай былі незадаволеныя “мясцовыя мяшчане, гандляры, арандатары і купцы”, якія бачылі ў ім свайго канкурэнта, бо “ўсе даходы” паступалі ў кішэню адкуп шчыка. І мясцовае духавенства страціла з-за яго ранейшыя прыбыткі, таму таксама адчувала сябе пакрыўджаным. У выніку праваслаўныя святары “ўзнялі антысеміцкую агітацыю, нацкоўваючы насельніцтва супраць яўрэяў, якія жылі ў Крычаўскім старастве”. Да іх далучыліся мясцовыя купцы і выхадцы з заможных сялян, якія на чале з купцом Вашчылам “арганізавалі цэлы паход супраць яўрэяў” і нейкі час прысвойвалі сабе тыя даходы, што раней даставаліся арандатару Гдалю [11]. Далей, сцісла апісаўшы, як Вашчыла перашкодзіў прыезду ў стараства камісараў і рэвізора ад Радзівіла [12], аўтар паказаў лідара паўстання на чале групы з дзвюх соцень чалавек, якая чыніла расправу над сваімі супернікамі і яўрэйскім насельніцтвам наогул. “Пайшоў той Вашчыла з людзьмі сваймі, каб гэных усіх з усяго павета выбіць, і яны, угледзеўшы тое, разбегліся, каму куды больш зручна, пакінуўшы сваю маёмасць”. А тры дзясяткі яўрэяў, “стараючыся выратаваць сябе ад пагрозы смерці з боку вашчылаўскай шайкі, прынялі хрышчэнне” [13], – дапоўніў свой аповед Шчарбакоў, не назваўшы, праўда, крыніцы звестак пра канверсію часткі іўдзеяў.
Хоць ужо ў канцэпцыі В. Шчарбакова паўстанцы Крычаўскага стараства выступалі як супраць сваіх эксплуататараў, так і супраць “польскіх каланізатараў”, тыя другія яшчэ не разглядаліся як галоўныя прыгнятальнікі беларускіх сялян. Такую ролю ў гісторыі ім адвялі крыху пазней, калі ў выніку ініцыяванай Сталіным ідэалагічнай пераарыентацыі савецкай гістарычнай навукі адбываўся пераход ад пазіцый пралетарскага інтэрнацыяналізму да расійскага вялікадзяржаўнага патрыятызму. Распрацоўка савецкіх стандартаў асвятлення мінулага суправаджалася кампаніяй крытыкі пазіцый М. Пакроўскага, чыю канцэпцыю абвясцілі крамольнай, а падрыхтаваная ім школа гісторыкаў трапіла пад “чыстку” і была зліквідаваная [14]. У Мінску “Нарыс гісторыі Беларусі” гарачага марксіста В. Шчарбакова, напісаны ў духу падыходаў М. Пакроўскага, быў абвешчаны “шкодніцкім”, а самога аўтара ў 1937 г. арыштавалі і ў хуткім часе расстралялі [15]. У кантэксце сітуацыі канца 1930-х гадоў савецкая гістарыяграфія пачала канструяваць новы вобраз Крычаўскага паўстання – з ярка выражанай антыпольскай накіраванасцю. Аўтарства гэтага вобраза належала Іосіфу Лочмелю, выпускніку Магілёўскага педінстытута, які з 1935 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР і вызначаўся асабліва палітызаванымі трактоўкамі мінулага.
Сялянскае выступленне на ўсходзе Беларусі добра пасавала тады для гістарычнага абгрунтавання савецкай палітыкі ў адносінах да Польшчы. Патрэбную ўладам легенду пра Крычаўскае паўстанне як частку барацьбы беларускага народа супраць польскага прыгнёту І. Лочмель спачатку ў сціслай форме выклаў у невялікім артыкуле на старонках маскоўскага часопіса [16]. Згодна з новым трактаваннем, беларускія сяляне ўзняліся галоўным чынам супраць польскага панавання, увасобленага “польскім магнатам” Радзівілам, а мясцовы арандатар стараства калі і згадваўся, то мімаходзь. “Паўстанне насіла шырокі народны характар. Паўстанцы грамілі і забівалі ненавісных польскіх паноў і шляхту”, – сцвярджаў І. Лочмель [17]. Аўтар стараўся паказаць падзеі як па-сапраўднаму народны выступ: яго кіраўніком быў “выхадзец з сялян” Вашчыла, а памочнікамі – мяшчане Карпач, Стэсь і Вецер, галоўную ж сілу паўстання склалі прыгонныя сяляне і гарадскія рамеснікі.
Больш дэталёва тую ж схему І. Лочмель прапісаў у манаграфіі, падрыхтаванай для “шырокага кола чытачоў Чырвонай Арміі”, у якой аўтар абяцаў прасачыць шлях беларускага народа “ад насілля і рабства пад польскім панаваннем да шчасця і свабоды ў брацкай сям’і народаў вялікага Савецкага Саюза” [18]. Падпарадкоўваючы гэтай задачы падбор матэрыялаў і яго інтэрпрэтацыі, гісторык паказваў падзеі ў Крычаўскім старастве як адзін з важных прыкладаў барацьбы беларускага народа “супраць панавання польскіх паноў”, а ў ролі галоўнага прыгня тальніка ў яго зноў выступаў “польскі магнат Радзівіл” [19]. Адразу ўзраслі і маштабы падзей: паўстанне “цягнулася чатыры гады і насіла вельмі жорсткі характар. Паўстанцы перабілі больш за тысячу чалавек панскай адміністрацыі, ліхвяроў і іншых прыгнятальнікаў”. Адпаведна, і расправа Радзівіла над народным паўстаннем паказана як выключна жорсткая, з вядомым выказваннем А. Меера пра “заліты крывёю” Крычаў і да т.п.
Агучваючы афіцыйны погляд, І. Лочмель назваў паўстанне сялян і беднаты Крычаўскага стараства прыкладам “векавой, упартай і гераічнай барацьбы беларускага народа ў цеснай сувязі з рускім і ўкраінскім народам супраць прыгнёту польскіх паноў” [20]. Адметна, што ў адрозненне ад В. Шчарбакова, аўтар нідзе ні словам не згадваў яўрэяў як тых, хто таксама цярпеў ад паўстанцаў. У яго падачы сяляне і гарадская беднага “грамілі і забівалі” толькі “паноў і багатых ліхвяроў” [21]. У той жа час схема атрымала новы кампанент, патрэбны для артыкулявання ідэі ўсходнеславянскага адзінства: аўтар напісаў, што лідар паўстання Васіль Вашчыла “абвясціў сябе ўнукам Багдана Хмяльніцкага”, а гэта, маўляў, “сведчыць пра вялікую папулярнасць Хмяльніцкага сярод беларускага народа” [22].
Пазней нават савецкія гісторыкі крытыкавалі І. Лочмеля за тое, што ён сацыяльную аснову сялянскіх рухаў у Беларусі падмяніў “нацыянальным матывам” [23], але перад вайной падобная падмена адпавядала афіцыйным устаноўкам. Тыя ж ідэі пра паўстанне са згоды акадэмічнага кіраўніцтва пераносіліся ў трохтамовую абагульняльную працу па гісторыі краіны – “Нарысы па гісторыі Беларусі”, якую пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР паспешліва рыхтавалі ў Інстытуце гісторыі ў Мінску. У першым томе пра ўвесь перыяд Рэчы Паспалітай даручылі пісаць аднаму супрацоўніку – І. Лочмелю. Не дзіўна, што адпаведны раздзел “Нарысаў” атрымаў такую ж прапагандысцкую назву, як і згаданая вышэй яго кніга – “Беларусь пад ігам польскіх паноў” [24]. І першыя ж радкі паведамлялі чытачу пра “захоп польскімі панамі зямель Беларусі” ў выніку Люблінскай уніі. Расказваючы пра падзеі на Крычаўшчыне, аўтар не шкадаваў чорных фарбаў для ўсяго “польскага” – “польскага ўраду”, “польскага войска”, высланага на падаўленне вялікага народнага ўздыму, якое аказалася “бяссільна… справіцца з паўстаннем, а толькі грабіла і спусташала ваколіцы” [25]. Урэшце Вашчыла са сваімі паўстанцамі “выступіў насустрач польскаму войску”, аднак яны не змаглі выстаяць “супраць польскіх гармат”. Сюжэт завяршала апісанне жудаснай расправы з цытаваннем вядомага апавядання “ачавідцы” А. Меера.
Як вядома, наклад першага тома “Нарысаў”, які паспелі падрыхтаваць у АН БССР, загінуў у гады вайны, а пасля вызвалення Мінска пачалася распрацоўка новай версіі гісторыі Беларусі – савецкага стандарту яшчэ сталінскай рэдакцыі, выкладзенага ў акадэмічным двухтомніку [26]. Доўга рыхтаваная акадэмічная сінтэза прэзентавала Крычаўскае паўстанне зусім сцісла [27], затое ў адпаведнасці з устаноўкамі сумнавядомых партыйных “Тэзісаў” [28], напісаных пад кіраўніцтвам Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Згаданая брашура, праг рамная для гісторыкаў, апраўдвала далучэнне Беларусі да Расіі ў канцы XVIIІ ст. і сцвярджала, што беларусы “звязвалі сваё вызваленне ад іга панскай Польшчы з надзеяй на вызваленне ад нацыянальнага гнёту” [29]. Адметна, што трактоўка першай акадэмічнай гісторыі Беларусі ўзнаўляла галоўныя тэзісы І. Лочмеля – паказвала народнае выступленне як самае буйное паўстанне сялян супраць нязноснага прыгнёту польскіх уладаў. Тут гаварылася пра чатырохгадовую антыфеадальную барацьбу ў старастве, гераічныя баі сялян, у якіх быццам пацярпела войска, прысланае самім каралём, і жорсткую расправу Радзівіла, праілюстраваную словамі Меера пра “жахлівае відовішча” на Крычаўшчыне пасля пакарання паўстанцаў. Пры красамоўным маўчанні пра долю яўрэйскага насельніцтва ў акадэмічны стандарт было ўключана сцвярджэнне пра Вашчылу як самаабвешчанага “ўнука Багдана Хмяльніцкага” – дэталь, на якую ўжо ўскладвалі важную ідэалагічную нагрузку.
Як вядома, пачынаючы з 1950-х г. у афіцыйным наратыве БССР усяляк прасоўваўся тэзіс пра імкненне беларускага народа да “ўз’яднання з Расіяй”. Яго да такой ступені абсалютызавалі, што ператварылі ў важны фактар тлумачэння самых розных падзей, у тым ліку паўстання на Крычаўшчыне – маўляў, на сялянскае паўстанне паўплывала прага аб’яднацца з Расіяй. Гэтую “наватарскую” ідэю, абавязаную сваім з’яўленнем не новаму слову гістарыяграфіі, а дырэктыўнай устаноўцы партыі, у дыскурс гуманітарных навук уводзіў пераважна Л. С. Абэцэдарскі, уплывовы ў БССР афіцыйны гісторык, вядомы сваімі артадаксальнымі поглядамі. Ён яшчэ ў дысертацыі прапанаваў і потым пастаянна адстойваў тэзіс аб тым, што ў перыяд Рэчы Паспалітай антыфеадальная барацьба народных нізоў была адначасова і “нацыянальна-вызваленчай”, бо вялася, маўляў, супраць каталіцкіх польска-літоўскіх феадалаў за ўз’яднанне з Расіяй [30].
Завершаную форму вобраз Крычаўскага паўстання як праявы барацьбы беларускага народа “за ўз’яднанне з Расіяй” атрымаў у манаграфіі Аляксандра Ігнаценкі [31], напісанай у гады застою. Пад пяром аўтара класавая антыфеадальная барацьба беларускіх сялян, як і ў Л. Абэцэдарскага, супадала з “нацыянальна-вызваленчай” і вялася за аб’яднанне з Расіяй. Але каб паказаць падзеі ў патрэбным святле і абгрунтаваць свой тэзіс, гісторыку давялося пайсці на вялікую колькасць нацяжак і адкрытых маніпуляцый. Напрыклад, сцвярджаць, што расійскія сяляне “актыўна падтрымлівалі” крычаўскіх паўстанцаў, кіраўнікі якіх кантактавалі з памежнай расійскай адміністрацыяй і нават быццам дзейнічалі са згоды цэнтральных уладаў імперыі [32]. Больш за тое, “свавольных людзей” з Расіі ён разам з прыгоннымі сялянамі і гарадской беднатой Крычаўшчыны залічыў да асноўных сілаў паўстання [33].
У кантэкст афіцыйнай легенды пра “нацыянальнавызваленчую барацьбу” прыгнечаных у Рэчы Паспалітай украінскага і беларускага народаў добра клалася трактоўка Вашчылы як “унука Хмяльніцкага”. Паводле А. Ігнаценкі, лідар беларускіх паўстанцаў таму і абвясціў сябе нашчадкам украінскага гетмана, што ў крычаўскіх сялян і гарадской беднаты была тая ж мэта, за якую змагаліся ў гады паўстання на чале з Б. Хмяльніцкім – “уз’яднанне з Расіяй” [34]. Нібыта аўтэнтычны дакумент аўтар шматразова выкарыстаў так званы “маніфест Вашчылы”, грунтуючы свае развагі ў тым ліку на фантастычных звестках пра палкі лідара паўстанцаў і планаваныя ім паходы на розныя гарады ВКЛ. Выбраўшы з сумнеўнай крыніцы толькі тое, што пасавала, аўтар быццам не заўважыў яе антыяўрэйскай скіраванасці.
Праз некаторы час гэтая адыёзная інтэрпрэтацыя падзей 1740–1744 г. увайшла ў падручнік для гістарычных факультэтаў [35], у якім адпаведны раздзел напісаў той жа А. Ігнаценка. Ён зноў сцвярджаў, што сяляне паўсталі ў 1740 г. і чатыры гады трымалі ў сваіх руках Крычаўскае стараства, білі каралеўскае войска і планавалі “паход на Магілёў, Шклоў і Аршанскі павет, а таксама на Барысаў, Берасце і Вільню”. Маючы на ўвазе дэклараваныя кірункі паходаў, ён дадаваў, што паўстанцы хацелі перанесці “полымя вызваленчай вайны” на тэрыторыі Літвы і Польшчы. З падручніка вынікала, што легенда пра Вашчылу як “унука Хмяльніцкага” сапраўды выконвала ў афіцыйным наратыве канкрэтную ідэалагічную функцыю – упісвала паўстанне ў міф “нацыянальна-вызваленчай барацьбы” прыгнечаных Польшчай беларускага і ўкраінскага народаў, якія, маўляў, імкнуліся да “старэйшага брата”. А. Ігнаценка зноў заяўляў, быццам кіраўнік беларускіх паўстанцаў назваў сябе так дзеля таго, “каб паказаць, што паўстанне з’яўляецца працягам вызваленчай вайны сярэдзіны ХVІІ ст. і мае мэтай уз’яднанне Беларусі з Расіяй”. І хоць паўстанне было задушана, яно, маўляў “паскорыла ажыццяўленне імкнення беларускага народа да ўз’яднання з рускім народам у адзінай дзяржаве” [36].
Апісаная вышэй афіцыёзная версія паўстання ўжо ў савецкую эпоху трапіла пад крытыку айчынных даследчыкаў. Хоць у Маскве тэма класавай барацьбы ўжо мала цікавіла гісторыкаў [37], у Мінску яна тады яшчэ належала да прыярытэтных кірункаў гістарыяграфіі, занятай пераважна распрацоўкамі па гісторыі рабочых і сялян ды праблемамі эканамічнага развіцця краіны. Паўстанне ў Крычаўскім старастве стала прадметам спецыяльнага глыбокага даследавання беларускага гісторыка Васіля Мялешкі, які прысвяціў яму значную частку манаграфіі пра класавую барацьбу сялян Беларусі ў эпоху Рэчы Паспалітай [38]. Заданнем даследчыка было паказваць “класавую сутнасць” тагачаснага сялянскага руху – у адпаведнасці з марксісцка-ленінскай дактрынай. Але багатая фактура, прыведзеная ім у панарамным апісанні паўстання, ставіла шмат пытанняў, і найперш наконт класавага характару выступленняў сялян.
Вельмі праўдападобна, што да іншай, не зусім савецкай трактоўкі паўстання даследчыка падштурхнуў наватарскі артыкул польскага гісторыка Мар’яна Леха [39], які з’явіўся ў гады палітычнай адлігі і быў яму несумненна вядомы. Апошні звяртаў увагу на цэлы шэраг важных момантаў, што не дазвалялі ўпісваць падзеі на Крычаўшчыне ў катэгорыю антыфеадальных паўстанняў. У прыватнасці, ён паказаў, што мясцовая шляхта сама бунтавала сялян (а заможныя Валовічы маглі кіравацца ўласнымі амбіцыямі на валоданне цэлым стараствам), і нават жаўнеры гусарскай харугвы, якія стаялі ў Крычаве, прынамсі ў 1740 г. камунікавалі з сялянамі і схілялі іх да непадпарадкавання адміністрацыі, а гэта ўжо, як падкрэсліў аўтар, – “поўнае выварочванне феадальнага парадку” [40]. Нават калі сцверджанне Стэся і Карпача, што паўстанцаў падтрымлівала і давала ім парады “амаль траціна” шляхты Мсціслаўскага ваяводства, на справе было перабольшаннем (бо іх пры допытах маглі катаваць), то гэта ўсё роўна не адменіць самага важнага: у канфлікце сялян з замкам значная частка мясцовай шляхты займала бок першых. Словам, тыя, каго прынята залічваць да “феадалаў”, занялі ў канфлікце нетыповую пазіцыю: хоць самі не ўдзельнічалі ў паўстанні непасрэдна, затое адназначна інспіравалі ўзброены выступ і часткова падтрымлівалі яго [41]. На думку М. Леха, такая пазіцыя шляхты была звязана з галоўнай прычынай паўстання, якой сталі захады арандатара-яўрэя па інтэнсіфікацыі гаспадаркі стараства, што патрэбавала правядзення рэвізіі землеўладанняў і супярэчыла інтарэсам дробнай і заможнай шляхты [42].
Польскі гісторык падкрэсліў таксама антысеміцкія лозунгі руху на Крычаўшчыне, апублікаваўшы тэкст “ўніверсала” лідара паўстання Вашчылы [43], насычаны заклікамі супраць “праклятага жыдоўскага народа”. Такі характар агітацыі ён патлумачыў канкрэтнай сітуацыяй у старастве, дзе галоўнага прадстаўніка адміністрацыі, які выцягваў падаткі і эксплуатаваў людзей, на вёсцы ўвасабляў яўрэй (“жыд”).
Прыведзеныя М. Лехам факты істотна мянялі вобраз паўстання. Хоць манаграфія В. Мялешкі была пра класавую барацьбу, ён не мог не прызнаць заангажаваны ўдзел у падзеях мясцовай шляхты, як і факты падбухторвання сялян жаўнерамі гарнізона [44]. Даследчык адзначыў і шэраг іншых важных момантаў, якія кепска ўпісваліся ў схему антыфеадальнага народнага паўстання. Напрыклад, што не ўсе сяляне падтрымлівалі радыкальны супраціў: большасць пацвярджала сваю паслухмянасць Радзівілу, хацела спакою, і нават тыя, хто ўзняўся, не адмаўляліся ад павіннасцяў на ўладальніка, а выступілі толькі супраць “свавольных пабораў і насілля, якія чынілі арандатары і адміністрацыя стараства” [45]. Паказаў таксама, што чарговы арандатар Храптовіч сам настройваў люд супраць Радзівіла і яго рэвізораў, а мясцовыя шляхецкія роды, не зацікаўленыя ў вяртанні ўладання пад кантроль, спадзяваліся не дапусціць арандатараў у стараства, каб дамагчыся перадачы яго камусьці з іх [46]. Калі ж дайшло да паўстання – а гісторык удакладняў, што яно пачалося толькі ў выніку ўзброеных дзеянняў канца 1743 г., то да яго далучылася адно частка сялян, мяшчане ж не бралі ў іх удзелу [47].
Да важных вынікаў працы В. Мялешкі трэба залічыць і тыя яго высновы, што разыходзіліся з навязлівай тады ідэяй афіцыёзнай гістарыяграфіі пра імкненне да ўз’яднання з Расіяй як галоўным матыве масавых выступленняў жыхароў Беларусі ў часы Рэчы Паспалітай [48]. Як пісаў В. Мялешка, сялянскі рух набыў найбольш “вострыя” формы на ўсходніх і паўднёвых землях, што мела сувязь з блізкасцю Расіі і Украіны (казацтва!), але ён адкрыта не пагаджаўся з тэзісам Л. Абэцэдарскага пра ключавы ўплыў ідэі злучэння з Расіяй і лічыў “не менш важнымі” фактары сацыяльна-эканамічнага характару [49].
Праўда, у манаграфіі В. Мялешка зусім не гаварыў пра антыяўрэйскія матывы ў паўстанні і яўрэяў як пацярпелых. Ён паслядоўна аспрэчваў думку В. Шчар бакова аб важнай ролі антысеміцкай прапаганды праваслаўных святароў у матывацыі выступлення сялян [50]. Часткова гэта можна зразумець, калі ўлічваць дух эпохі: прызнанне істотнай ролі такой прапаганды пярэчыла б актуальнай тады ідэі пра сацыяльна-эканамічную прыроду Крычаўскага паўстання як яркай праявы антыфеадальнай барацьбы беларускага народа. І ўсё ж поўнае ігнараванне ў акадэмічнай манаграфіі таго, аб чым у голас гаварылі апрацаваныя даследчыкам архіўныя крыніцы, – гэта празмерна вялікая саступка сістэме.
Чарговы раз вобраз Крычаўскага паўстання пачаў мяняцца пасля распаду Савецкага Саюза. З-пад пяра таго ж В. Мялешкі і яго вучня Паўла Лойкі выйшаў шэраг публікацый пра падзею, адрасаваных самаму шырокаму колу чытачоў [51]. З фармальнага боку, у новых публікацыях замацоўвалася больш вузкая храналогія падзей, прапанаваная даследчыкам яшчэ ў савецкую эпоху: само паўстанне – гэта толькі кульмінацыя хваляванняў, г. зн. падзеі канца 1743 і пачатку 1744 г., звязаныя з узброеным выступленнем, разгонам адміністрацыі, нападамі на маёнткі шляхты, дамы купцоў і г. д., а затым яго сілавое падаўленне. Гэта была патрэбная карэкцыя, бо выглядала відавочнай нацяжкай, калі за паўстанне выдавалі адмаўленне сялян плаціць падаткі і выконваць павіннасці. Дайшло і да больш важных мадыфікацый трактавання падзей, што адбываліся на Крычаўшчыне. Аўтары пачалі называць іх “паўстаннем простага люду на Беларусі” (хоць і непаслядоўна, бо выступленне па-ранейшаму ча сам фігуравала і як “антыфеадальнае”), праявай сялянскага руху, але не “антыфеадальнай барацьбы” – апошні выраз знікаў з іх тэкстаў. У акадэмічным выданні гісторыі беларускага сялянства В. Мялешка паказаў паўстанне як барацьбу не супраць тагачаснага ладу, а “супраць злоўжыванняў арандатараў і адміністрацыі стараства”. Гэта было выступленне “не супраць сістэмы, што стварала ўмовы эксплуатацыі”, а супраць празмернай эксплуатацыі і асобных яе прадстаўнікоў, – тлумачыў аўтар [52]. Выразней была акцэнтавана і такая адметнасць крычаўскіх падзей, як удзел шляхты ў падбухторванні люду, яе зацікаўленасць у дэстабілізацыі сітуацыі ў Радзівілавым уладанні [53]. І што асабліва важна – у 1990-я г. ужо гаварылася, хоць стрымана, пра табуяваны раней яўрэйскі фактар паўстання: сяляне выступалі супраць арандатараў-яўрэяў і рабавалі іх, бо доўга цярпелі з іх боку жорсткую эксплуатацыю і самаволю, таму з яўрэямі ў людскіх уяўленнях асацыявалася зло, а магчымыя арандатары-неяўрэі здаваліся лепшымі [54].
Падобныя акцэнты расстаўляў у трактаванні падзей на Крычаўшчыне і П. Лойка. Праўда, аўтар яшчэ ўжываў азначэнне “антыфеадальнае паўстанне”, а яго вынікам называў паслабленне феадальнага прыгнёту, але ў той жа час адзначаў, што сяляне працягвалі плаціць падаткі Радзівілу, нават калі былі прагнаныя прадстаўнікі адміністрацыі [55]. Затое ў новай шматтамовай гісторыі Беларусі, падрыхтаванай у акадэмічным Інстытуце гісторыі, у раздзеле пра Крычаўскае паўстанне чытач ужо не знойдзе парадыгмы класавай барацьбы. Яго аўтар П. Лойка па казаў падзеі ў старастве як чыста мясцовае (беларускае) і сялянскае паўстанне [56]. Абапіраючыся пераважна на манаграфічнае даследаванне В. Мялешкі, ён паслядоўна адзначаў, што кіраўнікі паўстання выступалі не супраць грамадска-палітычнай сістэмы, а толькі супраць яе “асобных носьбітаў” і “самых агідных форм рабавання народа”, каб абараніць падданых стараства ад сквапных арандатараў і “паслабіць павіннасны ўціск” [57]. Аўтар гаварыў і пра лаялізм сялян, якія верылі ў “пана-дабрадзея”. Праўда, у адрозненне ад супольнай з В. Мялешкам публікацыі, у абагульняльнай працы яўрэйскі фактар зноў аказаўся “забыты”.
Акадэмічная гістарыяграфія, аднак, больш не служыла ўзорам асвятлення мінулага для іншых, як гэта было ў савецкія часы. Паралельна са спробамі па-новаму патлумачыць гісторыю Крычаўскага паўстання ў навучальнай літаратуры суверэннай Беларусі дайшло да ўзнаўлення старой савецкай схемы яго прэзентацыі, вельмі блізкай да тэзісаў І. Лочмеля і А. Ігнаценкі. Так, афіцыйны падручнік па гісторыі для вышэйшай школы зноў падаў яго ў ключы антыфеадальнага руху, прычым – як адзіны, суцэльны працэс, расцягнуты на чатыры гады. І пры гэтым зноў быў падкрэслены антыпольскі характар выступлення (“польскія ўлады” патрабавалі выдачы Вашчылы і да т. п.), яго сувязь з Расіяй: маўляў, да паўстання беларускіх сялян “далучыліся прышлыя людзі з Расіі” [58].
У калькаванні клішэ мінулай эпохі яшчэ далей пайшлі гарадзенскія аўтары іншага дапаможніка па гісторыі [59]. Яны намалявалі паўстанне вялізнага маштабу, якое нібыта ахапіла нават суседнія землі, і паўтарылі, быц цам правадыр Вашчыла, плануючы паходы на Барысаў, Берасце і Вільню, назваў сябе ўнукам Хмяльніцкага для таго, “каб паказаць, што паўстанне з’яўляецца працягам вызваленчай вайны сярэдзіны XVII ст. і мае мэтай уз’яднанне Беларусі з Расіяй”. Зразумела, як і ў савецкія часы, адэпты гэтай легенды ні слова не кажуць пра яўрэяў.
Іншая крайнасць у айчыннай гістарычнай літаратуры праявілася ў спробах выдаць паўстанне за, па сутнасці, антыяўрэйскае выступленне. Так, Эмануіл Іофе ў кароткім нарысе па гісторыі яўрэяў Беларусі фактычна прыпісаў яму антысемітызм як галоўную матывацыю дзейнасці сялян [60]. У яго фантазіях падзеі дасягаюць небывалых маштабаў: паўстанцы быццам “рабавалі гарады і мястэчкі ў ваколіцах Быхава, Крычава і Мсціслава”, а Вашчыла, назваўшы сябе “ўнукам Багдана Хмяльніцкага”, абвяшчаў “у сваіх закліках”, што мэта паўстання – гэта “знішчэнне яўрэйскага насельніцтва і абарона хрысціянства, а зусім не бунт супраць ураду і шляхты”. Гісторык верыць таксама, што ў Вашчылы было “нямала і іншых атаманаў, якія з сваімі атрадамі забівалі і рабавалі па дарогах паноў і яўрэяў”. Думкі пра антыяўрэйскі дух паўстання ўжо сустракаюцца нават у акадэмічнай гістарыяграфіі. У прыватнасці, у нядаўняй манаграфіі, адмыслова прысвечанай Мсціслаўшчыне, можна прачытаць пра “спрадвечную нелюбоў да яўрэяў” у беларускіх сялян і пра тое, што ў гады паўстання ў Крычаўскім старастве напоўніцу праявіўся антысемітызм, “які быў у крыві народа” [61]…
Калі на спробы зноў выдаць Крычаўскае паўстанне за барацьбу ў імя “ўсходнеславянскага адзінства” можна не звяртаць сур’ёзнай увагі як на рэцыдыў ідэалагічнага баласту былой эпохі, то сцвярджэнні пра антысемітызм як асноўны матыў хваляванняў, пра антысеміцкую на строенасць тагачасных беларускіх сялян і асабліва пра “антысемітызм у крыві” – гэта развагі далёка не бяскрыўдныя. Паказальна, што ў абодвух прыведзеных прыкладах яны нічым не падмацаваныя. І невыпадкова, паколькі абгрунтаваць навукова такі тэзіс проста немагчыма. Бо найперш трэба ўлічваць, што сяляне тых часоў, сялянскія рухі раннемадэрнай Еўропы наогул былі далёкія ад усялякай ідэалогіі. Невыпадкова, калі сяляне пад час вялікіх хваляванняў і выстаўлялі свае патрабаванні, то іх звычайна складалі тыя, хто паходзіў з гарадскіх цэнтраў [62]. Яшчэ больш важна адрозніваць хрысціянскі антыіўдаізм, які знаходзіў праявы ў розных слаях грамадства з самых даўніх часоў, ад мадэрнага, сучаснага антысемітызму, народжанага ў ХІХ ст. Калі першы меў грунтам галоўным чынам міф пра забойства Бога і дапускаў вызваленне яўрэяў ад іх віны праз рэлігійную канверсію, то другі быў угрунтаваны на расавых і нацыяналістычных перакананнях [63]. Толькі ў антысемісцкай трактоўцы, у адрозненне ад раннемадэрнага антыіўдаізму, адмоўныя характарыстыкі яўрэям прыпісваліся ўжо з прычыны іх паходжання, і цяпер ні пераход у іншую веру, ні моўна-культурная асіміляцыя не мелі значэння і не маглі адмяніць іх непаўнавартасці. А раней, і ў даўняй Рэчы Паспалітай, канвертацыя адкрывала яўрэям нармальныя магчымасці інтэгравацца ў хрысціянскае грамадства. Пра тагачасныя адносіны хрысціян і яўрэяў існуе багатая спецыяльная літаратура, і тут не месца заглыбляцца ў тэму. Дастаткова згадаць прыклады до сыць цеснай кааперацыі першых і другіх у гарадах сучаснай Беларусі – Слуцку, Старым Быхаве і інш. Ды і ў самім Крычаве, як сведчыць інвентар 1747 г., частка яўрэйскіх дамоў стаяла побач з хрысціянскімі, а не на асобнай вуліцы [64]. Зразумела, паміж яўрэйскімі і хрысціянскімі суседзямі хапала недаверу і канфліктаў, але яны вынікалі звычайна з супярэчнасцяў эканамічнага ці рэлігійнага характару, а не біялагічнага.
Сітуацыя ў Крычаўскім старастве, здаецца, нічым асабліва не вылучалася, за выключэннем таго, што працяглы час цэнтральную фігуру, з якой звязвалі павелічэнне падаткаў, там увасабляў яўрэй. Так, у звязаных з хваляваннямі крыніцах хапае вострай антыяўрэйскай рыторыкі, але пашыралі яе тыя, хто бачыў у яўрэях канкурэнта і кіраваўся, як ужо адзначалася ў даследаваннях [65], гаспадарчымі інтарэсамі, а постаць арандатара-яўрэя аблягчала іх прапаганду. Як паддаваліся ёй мясцовыя сяляне, наколькі іх матывавалі антыяўрэйскія лозунгі – асобнае пытанне, якое яшчэ трэба вывучаць.
Магчыма, у антысеміцкім характары сялянскага выступлення на ўсходзе Беларусі некаторых гісторыкаў пераконвае “маніфест” Вашчылы, змешчаны ў цытаваным вышэй артыкуле М. Леха. Са спасылкай на апошняга ў такім ключы ахарактарызаваў паўстанне і канадскі гісторык Гершан Дэвід Хундэрт у досыць свежай манаграфіі [66], прысвечанай яўрэям Рэчы Паспалітай XVIII ст. Даследчык таксама напісаў пра лідара паўстанцаў як пра самаабвешчанага “ўнука Хмяльніцкага” і прывёў яго гучныя заявы пра войска, якое “павінна абараніць хрысціян і знішчыць яўрэяў”, што быццам пазбаўлялі хрысціян магчымасці зарабляць на жыццё, рабавалі, забівалі, арандавалі цэрквы, не даючы без іх дазволу хрысціць дзяцей, і да т. п. Прыняўшы версію пра Вашчылу як унука Хмяльніцкага за праўдзівы факт, Г. Д. Хундэрт выказаў меркаванне, што за гэтым магло стаяць або тое, што вобраз казацкага гетмана як абаронцы інтарэсаў сялян перасягаў мяжу паміж Украінай і Беларуссю, або рэлігійная салідарнасць жыхароў названых земляў [67]. Здаецца, аднак, што з такімі дапушчэннямі не трэба спяшацца, пакуль не ўсё высветлена з паходжаннем загадкавых дэкларацый.
Згаданы “маніфест” Вашчылы, які ўтрымлівае словы пра “ўнука Хмяльніцкага” – адна з самых вялікіх загадак гісторыі паўстання. Ён быў бы каштоўным сведчаннем эпохі, у тым ліку жывой памяці пра ўкраінскага гетмана на ўсходзе сучаснай Беларусі, пакуль не засведчанай ніякімі іншымі крыніцамі, калі б яго можна было лічыць надзейнай крыніцай.
Упершыню “маніфест” Вашчылы з’явіўся ў публікацыі Пятра Гільдэбранта, які не падаў арыгіналу і апублікаваў толькі пераклад з польскай мовы [68], заявіўшы, што знайшоў дакумент у рукапісным аддзеле Віленскай публічнай бібліятэкі. Другі раз тэкст “універсалу правадыра паўстання” далучыў да свайго артыкула М. Лех [69], аднак і гэты аўтар не даў ніякіх звестак пра арыгінал і яго месцазнаходжанне. У карэспандэнцыі палкоўніка Тадэвуша Агінскага да Гераніма Фларыяна Радзівіла [70], сігнатуру якой даследчык прывёў пры публікацыі тэксту, названага дакумента няма. А без арыгіналу пытанне аўтэнтычнасці “маніфеста” Вашчылы павінна заставацца адкрытым.
З іншага боку, змест апублікаванага “маніфеста” да такой ступені непраўдападобны і супярэчыць усяму вядомаму пра паўстанне з цэлага комплексу крыніц, што ўзнікае падазрэнне аб падробцы гэтага дакумента. Першым думку пра яго падробленасць справядліва выказаў В. Мялешка, для якога неадпаведнасць выкладзенай у дакуменце інфармацыі і рэальнага стану спраў была відавочнай. Да сумненняў у праўдзівасці крыніцы ўскосна схіляе і шэраг акалічнасцяў яе першай публікацыі, што ўбачыла свет у гады ўздыму антыяўрэйскіх настрояў у Расійскай імперыі. Пра публікатара П. Гільдэбранта вядома, што пад час працы ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў ён вызначыўся паланафобскімі ўстаноўкамі, але яшчэ больш сваім антысемітызмам. Так, рыхтуючы “Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае” (Вільня, 1866), П. Гільдэбрант тэндэнцыйна падбіраў фальклорны матэрыял, каб падкрэсліць адмоўнае стаўленне народа да яўрэяў, а многія беларускія песні былі ім з гэтай мэтай “перапраўлены, падпраўлены, прыпраўлены” [71].
На карысць гіпотэзы пра пазнейшую фальсіфікацыю “маніфеста” Вашчылы можа сведчыць і тое, што ў мясцовай памяці ніяк не зафіксавалася атаесамленне лідара паўстанцаў з постаццю славутага казацкага гетмана. А рэха крычаўскіх падзей у XVIII ст. выйшла далёка за межы стараства. Як вынікае з працы цытаванага вышэй Г. Д. Хундэрта, у суседнім Мсціславе ў памяць пра той пагром мясцовая яўрэйская грамада ўвяла штогадовы пост у дзень перад святам Пурым [72]. Істотна, што ў хроніцы гэтай грамады прычынай паўстання сялян Крычаўшчыны і іх антыяўрэйскай настроенасці была названа прага братоў Іцкавічаў да ўзбагачэння, без якіх-небудзь намёкаў на сімвалічную сувязь падзей з фігурай Хмяльніцкага. Няма іх і ў паведамленні А. Меера пра мясцовы “мяцеж”, падрыхтаваным, праўда, ужо калі стараства знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, але ўсё ж найбольш раннім з вядомых апісанняў крычаўскіх падзей, якое яшчэ магло абапірацца на вусную традыцыю.
Незалежна ад таго, як вырашыцца праблема сапраўднасці “маніфеста” Вашчылы і рэальнай вагі антыяўрэйскіх настрояў у паўстанні, сялянскі рух на Крычаўшчыне заслугоўвае новай увагі і працы даследчыкаў, паколькі з ім звязана нямала іншых адкрытых пытанняў. Ды і само па сабе паралельнае функцыянаванне ў беларускай гістарыяграфіі, у адным акадэмічным дыскурсе састарэлых і ў многім узаемавыключальных наратываў пра адны і тыя ж падзеі – з’ява анамальная. Першым і самым простым крокам да больш адэкватнай інтэрпрэтацыі Крычаўскага паўстання можа стаць уключэнне яго ў вялікі параўнаўчы кантэкст – даўняй Рэчы Паспалітай і шырэй. Нават з папярэдніх параўнанняў відаць, што яно далёка не такое асаблівае, як лічыў, напрыклад, В. Мялешка. Гэтае выступленне выявіла шэраг рыс, тыповых для бунтаў і хваляванняў сялян у тую эпоху. Да такіх агульных характарыстык сялянскіх выступленняў можна аднесці і ўдзел у іх шляхты, падаваны часам у айчыннай гістарыяграфіі як нейкая спецыфіка мясцовых падзей. Выразнай лініі сацыяльнага падзелу паміж удзельнікамі сацыяльных выбухаў не існавала, і далучанасць прадстаўнікоў свабоднага стану да выступу нізоў ці яго выкарыстанне былі агульнай з’явай, што суправаджала сялянскія паўстанні розных эпох і рэгіёнаў Еўропы [73]. Цікава, што, як гэта паказана прынамсі для скандынаўскіх краін, лідары народных выступленняў ці тыя, хто ўзначальваў сялянскія паўстанні ў раннемадэрную эпоху, належалі, як правіла, да іх найбольш заможнай праслойкі [74]. Тое ж можна сказаць пра т. зв. наіўны лаялізм народных нізоў, які адзначалі айчынныя даследчыкі, калі пісалі, што сяляне Крычаўшчыны выступалі не супраць сацыяльнага ладу ці ўлады князя Радзівіла, а супраць празмернага цяжару падаткаў. Веру ў добрага манарха, які будзе абараняць іх перад землеўладальнікамі і трымаць пад кантролем шляхту, даследчыкі лічаць агульнай рысай сялянскіх выступаў як у Англіі і Францыі [75], так і ў іншых краінах кантынента. Да тыповых характарыстык сялянскіх паўстанняў і бунтаў той эпохі належыць таксама іх выразная лакалізаванасць – яны былі найперш рухамі мясцовага характару, абмежаванымі блізкай, адміністрацыйна звязанай і знаёмай тэрыторыяй [76]. І акурат гэтым характарызавалася выступленне сялян у Крычаўскім старастве.
Яшчэ больш патрэбнае для новых штудый над праблемай выкарыстанне тэарэтычных падыходаў сучаснай гістарыяграфіі. Хоць манаграфічная праца В. Мялешкі як найбольш грунтоўнае даследаванне дзякуючы фактаграфіі і сёння не страціла каштоўнасці, на інтэрпрэтацыйным узроўні яна засталася, натуральна, прадуктам сваёй эпохі, – той, калі гісторыю прыстасоўвалі да Марксавай тэорыі барацьбы класаў як асноўнага рухавіка грамадства да рэвалюцыйных пераменаў. Пасля 1991 г. аўтар, праўда, адмовіўся ад трактавання сялянскіх выступленняў як антыфеадальнай барацьбы і не звяртаўся да паняцця класавага канфлікту, але не пайшоў далей, хоць глыбокай канцэптуальнай мадыфікацыі і нерэальна было б чакаць ад гісторыка старэйшага пакалення, ізаляванага ад заходняй гуманістыкі. Новых жа прац па тэме сялянскіх хваляванняў, з выкарыстаннем іншых, немарксісцкіх тэарэтычных мадэляў, беларуская гістарыяграфія пакуль не атрымала. Тым часам сусветная гуманітарыстыка за апошнія дзесяцігоддзі перажыла нямала рэвалюцыйных абнаўленняў. У сацыяльнай гісторыі ўжо наогул мала хто з даследчыкаў раннемадэрнай Еўропы верыць у тое, што галоўным фактарам палітычных трансфармацый быў класавы канфлікт [77]. Сучасныя даследаванні грамадства выпрацавалі рознаарыентаваныя тэарэтычныя падыходы да розных праяў сялянскага руху, у якіх нават само паняцце “сялянства” разумеецца неаднолькава [78]. Наша ж гістарычная літаратура выкарыстоўвае паняцці і тэрміны, перанятыя з савецкай эпохі. Нават для прывычных азначэнняў сялянскіх формаў супраціву, як “паўстанне”, “бунт”, “выступ” і да т. п., варта знайсці больш дакладныя дэфініцыі і тыпалагізаваць іх. А ўсёахопны і ў той жа час абстрактны тэрмін “феадалізм” / “феадальны” [79], напэўна, павінен нарэшце саступаць дарогу больш канкрэтным азначэнням. Дзякуючы новым падыходам і вопыту заходняй гуманітарыстыкі беларускай гістарыяграфіі будзе лягчэй вызначыць адпаведнае месца Крычаўскага паўстання як у сацыяльных канфліктах Рэчы Папалітай XVI–XVIII ст., так і ў кантэксце сацыяльнай гісторыі Еўропы наогул.
Many Faces of the Kryčaŭ Peasant Uprising, or The Need for a New Look at Social Conflicts
Hienadź Sahanovič
The paper analyses how the peasant revolt of 1743–1744 in the Radzivil’s estate located in the east of today’s Belarus has been treated in Belarusian historiography. At first, it was shown as a true example of the class struggle, then, from the late 30. Stalinist historiography started to insist on its anti-Polish spirit. After Stalin, the peasant revolt of the mid-18th century was used to illustrate how the Belarusian people “strived for reunification with Russia”. It was only after fall of the Soviet Union that historians in Minsk attempted to interpret the peasant movement without using of old ideological schemes. At the same time, since the Jewish issue used to be under taboo in Soviet Belarus, some researchers began to present the events as an anti-Jewish revolt of Belarusian peasantry. The author finds such assertions unfounded sweeping exaggeration and calls for a new study in peasant movement on the Belarusian lands of the Grand Duchy of Lithuania by setting it into a broader comparing scale and using modern approaches of Western social history as well.
[1] Так, у кампілятыўнай кніжачцы М. Без-Карніловіча Вашчыла са сваімі бунтаўнікамі “грабіў, мучыў і забіваў яўрэяў і раскольнікаў”, а В. Турчыновіч у сваім аглядзе гісторыі ўсходняй і паўночнай Беларусі або не палічыў тыя падзеі вартымі ўвагі чытачоў, або проста не ведаў пра іх. Гл.: Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. С.-Петербург, 1855. С. 218; Турчинович И. В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. С.-Петербург, 1857.
[2] Мейер А. Описание Кричевского графства или бывшего староства // Могилёвская Старина. Вып. 2. Могилёв, 1901. С. 91–92.
[3] Гл.: Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (рэпр. перавыд. – Мінск, 1993); Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Менск, 1919 (5-е выд. – 1992); Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994.
[4] Шчарбакоў В. К. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С. 221–226.
[5] Тамсама. С. 222.
[6] Шчарбакоў В. К. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С. 223.
[7] Тамсама. С. 224.
[8] Тамсама. С. 225. Сцверджанне пра тое, што на ўціхамірванне хваляванняў “пасылала войска Рэч Паспалітая” – гэта літаральнае пазычанне з “Апісання Крычаўскага стараства” 1786 г. Хоць А. Меер зусім не быў абазнаны ў сутнасці справы, як гэты яго выраз, так і словы пра жорсткасць расправы і “заліты крывёю Крычаў” сталі агульным месцам у публікацыях пра паўстанне, якія выходзілі ў БССР.
[9] Шчарбакоў В. К. Нарыс гісторыі Беларусі. С. 226.
[10] Шчарбакоў В. К. Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізма. Менск, 1935. С. 122–131.
[11] Тамсама. С. 123–124.
[12] Тамсама. С. 125.
[13] Тамсама. С. 126.
[14] Гл.: Артизов А. Н. Судьбы историков школы М. Н. Покровского (середина 1930‑х годов) // Вопросы истории. 1994. № 7. C. 34–48.
[15] Болей пра лёс гісторыка гл.: Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870–1945) // БГА. Т. 5 (1998). С. 393–394.
[16] Лочмель И. Ф. Борьба белорусского народа против литовского и польского ига // Исторический журнал. 1938. № 7. С. 24–35.
[17] Тамсама. С. 34–35.
[18] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940. С. 2.
[19] Тамсама. С. 66–69.
[20] Тамсама. С. 69.
[21] Толькі ў прыведзенай цытаце з крыніцы адзін раз у Лочмеля прайшло, што паўсталыя сяляне чынілі злачынствы “ў дамах яўрэйскіх і гарадскіх”.
[22] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа… С. 67.
[23] Гл., напр.: Козловский П. Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII – XVIII в. Минск, 1969. С. 6; Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII – XVIII в. Минск, 1982. С. 7
[24] Нарысы па гісторыі Беларусі / АН БССР, Інстытут гісторыі. Ч. 1. Мінск, 1940. С. 109–110.
[25] Тамсама. С. 110.
[26] История Белорусской ССР: в 2 т. / под ред. В. Н. Перцева, К. И. Шабуни, Л. С. Абецедарского. Т. 1. Минск, 1954; Т. 2. Минск, 1958.
[27] История Белорусской ССР: в 2 т. Т. 1. С. 178.
[28] Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР. Ч. 1. Гісторыя беларускага народа да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі // Большэвік Беларусі. 1948. № 8. С. 36–72
[29] Тамсама. С. 48–49.
[30] Абэцэдарскі Л. С. Барацьба ўкраінскага і беларускага народаў за ўз’яднанне з Расіяй у сярэдзіне XVII века. Мінск, 1954; ён жа. Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648–54 гг. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 3. Мінск, 1971. С. 185–186. Пар.: Абецедарский Л. C. Белоруссия и Россия. Очерки истории русско-белорусских связей второй половины XVI – XVII в. Минск, 1978. C. 99–100. Цікава, што ў гады адлігі Л. Абэцэдарскі спрабаваў падкарэктаваць тэрміналогію і тлумачыў, што няма падстаў гаварыць пра “ўз’яднанне”, бо адбылося толькі “аб’яднанне”. І ў сваіх працах вучоны нейкі час выкарыстоўваў другі тэрмін. Гл.: Абецедарский Л. С. Борьба белорусского народа за соединение с Россией. (Вторая половина XVI – XVII в.): автореф. дисс. д-ра истор. наук. Минск, 1965.
[31] Игнатенко А. П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией: (вторая половина XVII – XVIII в.). Минск, 1974. С. 110–124.
[32] Тамсама. С. 116–118.
[33] Тамсама. С. 114
[34] Тамсама. С. 116.
[35] История БССР. Учебное пособие для вузов / под ред. В. Чепко, А. Игнатенко. Ч. 1. Минск, 1981. С. 149–150.
[36] Тамсама. С. 150.
[37] Krom M. From the center to the margin: the fate of Marxism in contemporary Russian historiography // Marxist historiography. A global perspective / ed. by Q. E. Wang and G. G. Iggers. London and New York, 2016. P. 61, 70.
[38] Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII – XVIII в. Минск, 1982. С. 174–218. Пар. яго ж: Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII – XVIII в.). Минск, 1975.
[39] Lech M. Powstanie chłopów białoruskich w starostwie krzyczewskim (1740 r.) // PH. T. LI (1960). Z. 2. S. 314–327.
[40] Тамсама. S. 321.
[41] Гл.: Lech M. Powstanie chłopów białoruskich… S. 319. Гісторыкам вядомыя прыклады канкрэтнай падтрымкі з боку хоцлаўскага старасты Цеханавецкага, які для штурму Крычаўскага замка пасылаў на дапамогу паўстанцам сваіх людзей, а Вашчылу даў зямлі “на дзвесце сялян”.
[42] Lech M. Powstanie chłopów białoruskich… S. 323.
[43] Lech M. Powstanie chłopów białoruskich… S. 325–326.
[44] Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне… С. 187, 188.
[45] Тамсама. С. 190, 194.
[46] Тамсама. С. 199–202.
[47] Тамсама. С. 203.
[48] Легенда пра Крычаўскае паўстанне як “найбольш яркую старонку барацьбы беларускага народа за ўз’яднанне з Расіяй” паўтаралася ў акадэмічных выданнях нават у гады перабудовы. Гл.: Михнюк В. И., Петриков П. Т. Историческая наука Белорусской ССР, 80-е годы. Минск, 1987. С. 57.
[49] Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне… С. 221.
[50] Тамсама. С. 179.
[51] Мялешка В. І., Лойка П. А. І ўзняўся люд просты: Да 300-годдзя з дня нараджэння Васіля Вашчылы – кіраўніка Крычаўскага паўстання 1740–1744 гг. Мінск, 1992; Мялешка В. Вашчыла Васіль Мацвеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 2. Мінск, 1994. С. 239; ён жа. Крычаўскае паўстанне 1743–44 гг. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997. С. 280. Пар.: Мялешка В., Лойка П. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы: Кніга для вучняў. Мінск, 1988; Мялешка В. I., Лойка П. А. Сялянскі важак і заступнік: (да 300-годдзя з дня нараджэння Васіля Вашчылы). Мінск, 1990.
[52] Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да 1996 г.: у 3 т. Т. 1: Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. Мінск, 1997. С. 176–177. Паказальна, што Крычаўскае паўстанне разглядаецца тут у раздзеле “Міжсаслоўныя канфлікты”.
[53] Мялешка В. І., Лойка П. А. І ўзняўся люд просты. С. 60–62.
[54] Тамсама. С. 56–57.
[55] Лойка П. А. Крычаўскае паўстанне 1743–44 гг. // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Выд. 2. Т. 2. Мінск, 2007. С. 154.
[56] Гісторыя Беларусі: у 6 т. / рэдкал.: Касцюк М. (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII–XVIII стст.). Мінск, 2004. С. 141–146.
[57] Тамсама. С. 144.
[58] Новік Я., Марцуль Г. (рэд.) Гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік: у 2 ч. Ч. 1: Ад старажытных часоў па люты 1917 г. Выд. 2. Мінск, 2000. С. 227.
[59] Ковкель И. И., Ярмусик Э. С. История Беларуси: с древнейших времен до нашего времени. Минск, 2000. С. 59–60.
[60] Иоффе Э. Г. Страницы истории евреев Беларуси. Краткий научно-популярный очерк. Минск, 1996. С. 39–40.
[61] Мяцельскі А. А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ–ХVІІІ стст. Мінск, 2010. С. 471.
[62] Пар.: Sabean D. The Communal Basis af Pre-1800 Peasant Uprisings in Western Europe // Comparative Politics. 1976. Vol. 8(3). P. 361, 364.
[63] Perry M. Racial Nationalism and the Rise of Modern Antisemitism // Jewish-Christian Encounters over the Centuries. Symbiosis, Prejudice, Holocaust, Dialogue / ed. M. Perry, F. M. Schweitzer. New York et al., 1994. P. 243–244; Perry M., Schweitzer F. M. Antisemitism. Myth and Hate from Antiquity to the Present. New York et al., 2002. P. 5. Пар.: Nirenberg D. Anti-Judaism: The Western Tradition. New York and London, 2013; Battini M. Socialism of Fools: Capitalism and Modern Anti-Semitism. New York, 2016.
[64] AGAD. AR. Dz. XXV. Nr. 1936. K. 24, 29–30. Прыклады змешанага пражывання яўрэяў і хрысціян у Слуцку гл.: CieślaM. Communities and their temples: Orthodox, Jewish, Protestant, and Catholic: Religious Delimitations in the Historical Topography of Sluck // Acta Poloniae Historica. Vol. 116 (2017). P. 29–32.
[65] Эканамічныя падставы антыяўрэйскіх настрояў у старастве выразна падкрэсліваў М. Лех. Гл.: Lech M. Powstanie chłopów białoruskich… S. 326, 328.
[66] Hundert G. D. Jews in Poland–Lithuania in the Eighteenth Century. A Genealogy of Modernity. Berkeley, Los Angeles, 2004. P. 43–44.
[67] Hundert G. D. Jews in Poland – Lithuania in the Eighteenth Century. Р. 44, footnote 46.
[68] Гильдебрандт П. А. Васко-Вощило, внук Богдана Хмельницкого, 1744 г. // Русская Старина. 1870, ноябрь. С. 522–524.
[69] Lech M. Powstanie chłopów białoruskich… S. 326, przyp. 24.
[70] AGAD. AR. Dz. V. Nr. 10725.
[71] Гл.: Бандарчык В. К. Беларусы. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мінск, 1999. С. 105.
[72] Hundert G. D. Jews in Poland – Lithuania in the Eighteenth Century. Р. 44.
[73] Пар.: Dobson R. B. The Peasant’s Revolt of 1381. 3d ed. Macmillan, 1993. P. XIV; Davies J. C. Peasant Revolt in France and England: A Comparison // American Sociological Review. Vol. 21 (1973). P. 122–134; Скрынников Р. Г. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Ленинград, 1988; ён жа. Три Лжедмитрия. Москва, 2004; Станиславский А. Л. Гражданская война в России XVII в.: казачество на переломе истории. Москва, 1990.
[74] Katajala K. Did the Rich Lead the Poor to Rebel in the Finnish Peasant Revolts of the 15th–17th Centuries // Aggressive and Violent Peasant Elites in the Nordic Countries, C. 1500–1700 / ed. by U. Koskinen. Palgrave Macmillan, 2016. P. 97–99.
[75] Bercé Y.-M. History of Peasant Revolts. The Social Origins of Rebellion in Early Modern Europe / transl. by A. Whitmore. Cambridge, 1990. P. 331–332, 338, 340; Rauszer M. Siła podporządkowanych. Warszawa, 2021. S. 53–56.
[76] Sabean D. The Communal Basis of Pre-1800 Peasant Uprisings in Western Europe // Comparative Politics. 1976. Vol. 8(3). P. 356, 360. Пар.: Rauszer M. Siła podporządkowanych. S. 267–278.
[77] Пар.: Sreenivasan G. P. Beyond the Village: Recent Approaches to the Social History of the Modern German Peasantry // History Compas. 2013. Nr. 11(1). P. 49–50; Marxist historiography. A global perspective / ed. by Q. E. Wang and G. G. Iggers. London and New York, 2016. P. 6f. Зацікаўлены чытач знойдзе ў гэтым выданні карысны агляд лёсаў марксісцкай тэорыі ў гістарыяграфіях Расіі, Венгрыі, а таксама іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
[78] У некаторых спецыяльных публікацыях гаворыцца пра пяць азначэнняў паняцця “сяляне”. Гл.: Kurtz M. J. Understanding Peasant Revolutions: From Concept to Theory and Case // Theory and Society. Vol. 29 (2000). Nr. 1. P. 93–124.
[79] Аб праблематычнасці вядомых дэфініцый паняцця “феадалізм” гл.: Peritore N. P. Feudalism – Critique of a Model of Society and Political Economy // Alternatives. Vol. XII (1987). P. 61–81.