Міраслаў Грох. Пра еўрапейскія карані нацыі, нацыяналізм і патрыятызм
Нацыяналізм – адзін з тых тэрмінаў, якія, як і тэрміны камунізм, гуманізм, правы чалавека, сёння жыве сваім жыццём, незалежна ад таго, што ён у рэальнасці азначае (ці павінен азначаць). Больш за тое, сёння нацыяналізм з’яўляецца глабальным феноменам, бо гэты тэрмін можна сустрэць усюды ў свеце. У той жа час гэта тэрмін няпэўны і неадназначны, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца для дыскрэдытацыі і нават як абразлівае слова, часам як нейтральны інструмент аналізу, але ў некаторых мовах (напрыклад, у іспанскай) – для азначэння пазітыўнай каштоўнасці. Такім чынам, мы назіраем дыяметральна розныя погляды як на змест самога тэрміна, так і на яго ацэнку. У гэтай працы я хачу прывесці прыклады некалькіх кантэкстаў, якія неабходна ўлічваць, калі мы хочам зразумець і крытычна ацаніць блытаніну вакол названага тэрміна.
Па-першае, я хацеў бы адзначыць, што тэрмін нацыяналізм паходзіць ад тэрміна нацыя і яе рэальнасці і павінен выкарыстоўвацца толькі ў яе кантэксце. Таму неабходна падаць асноўную інфармацыю пра тое, як гэты тэрмін разумелі раней і разумеюць цяпер, а таксама адзначыць, што нацыя не толькі ў канцэптуальным, але і ў першапачатковым значэнні слова была менавіта еўрапейскім феноменам. Гэта, у сваю чаргу, нельга патлумачыць, не патлумачыўшы, як сфармавалася сучасная (еўрапейская) нацыя. У такім кантэксце я хацеў бы прыцягнуць увагу да пакінутага без увагі факта, што тэрмін нацыя азначае не толькі пэўную сукупнасць людзей у навакольным свеце, але і абстрактны канцэпт – супольнасць культурных каштоўнасцяў.
Падвойная прырода нацыі
Далёка не заўсёды відавочна, што на пачатку любога аналізу неабходна спачатку вызначыць тэрміны, якія стануць яго інструментамі. Так, тэрмін нацыя, які тут выступае асновай усяго, на самай справе мае доўгую гісторыю. Хоць тэрмін нацыяналізм выкарыстоўваецца сёння для таго, каб абазначаць усё, што звязана з нацыяй, гэтае азначэнне – неалагізм, запазычаны большасцю еўрапейскіх моў з латыні – natio, natus sum. Чэшская мова – адна з тых моў, дзе ён быў даслоўна перакладзены. Я прапушчу тут гісторыю дэбатаў наконт значэння слова нацыя, якія ідуць больш за стагоддзе. Для таго, каб прыкладна зарыентавацца, скажу толькі, што разуменне “нацыі” і яе ўзнікнення вагалася паміж дзвюма крайнасцямі. З аднаго боку, тут ідэя ў тым, што ўсё залежыць ад знешніх фактараў і абставінаў, непадпарадкаваных волі індывіда, з другога – нацыя вызначаецца калі не выключна, то ў большай ступені групай людзей, якія лічаць сябе нацыяй. Дзеля спрашчэння гэтыя погляды азначаюцца тэрмінамі эсэнцыялізм (ці прымардыялізм) і канструктывізм. Але гэтыя паняцці не абавязкова павінны быць узаемавыключальнымі. Наконт значэння слова нацыя няма кансэнсусу, а таму кожнаму даследчыку, які выкарыстоўвае гэты тэрмін, рэкамендуецца спачатку адзначыць, што ён мае на ўвазе пад ім. Гэта раблю і я дзеля дакладнасці.
Я мяркую, што кожны з нас, не задумваючыся, выкарыстоўвае тэрмін нацыя ў двух значэннях і кантэкстах, што часта прыводзіць да непаразуменняў. Найбольш распаўсюджанае і зразумелае для ўсіх азначэнне нацыі – гэта пэўная супольнасць людзей, вялікая грамадская група, якая існуе аб’ектыўна, члены якой усведамляюць, што яны належаць да гэтай супольнасці і лічаць гэтую прыналежнасць станоўчым складнікам свайго жыцця. Яны камунікуюць адзін з адным у штодзённым жыцці, уступаюць у канфлікт або наадварот аб’ядноўваюцца дзеля ўласных інтарэсаў, а нацыя ў такіх выпадках з’яўляецца каркасам. Сувязі, адносіны паміж членамі гэтай групы маюць карані ў глыбокай даўніне, у Сярэднявеччы, але канчаткова яны сфармаваліся ў час мадэрнізацыі – у ХІХ ст. Немагчыма вызначыць універсальную пастаянную камбінацыю гэтых сувязяў (тэрытарыяльных, лінгвістычных, культурных, палітычна-эканамічных, рэлігійных і г. д.), кожная з якіх магла быць зменена, магла адсутнічаць або нават быць заменена на іншую. Тым не менш, існаванне нацыі заўсёды акрэслівалася трыма рысамі:
– па-першае, яе члены ўсведамляюць, што яны належаць да нечага агульнага і аб’яднаны яны агульным мінулым;
– па-другое, яны ўзаемадзейнічаюць адзін з адным больш інтэнсіўна, чым з іншымі групамі з іх асяроддзя (адсюль асабліва важная роля мовы);
– па-трэцяе, яны ствараюць супольнасць роўных адзін аднаму грамадзян, нават калі яны прафесійна і сацыяльна стратыфікаваныя.
Аднак ёсць яшчэ адзін момант, наконт якога нельга быць цалкам упэўненым. Тэрмін нацыя ў значэнні абстрактнай культурнай супольнасці нарадзіўся ў выглядзе ідэі або, калі гаварыць дакладней, канструкту, у розумах адукаваных людзей (ці палітыкаў) і меў для іх станоўчую каштоўнасную канатацыю. У дадзеным выпадку нацыя разглядалася як адзінае цэлае незалежна ад сацыяльнай стратыфікацыі. Калі прыняць тут да ўвагі розніцу ў інтарэсах кожнай з яе частак, тады акцэнт робіцца на яе гарманізоўнай функцыі. Гэта тое, у чым яе асноўная каштоўнасць, тое, на чым грунтуецца яе існаванне. Ідэя нацыі як абстрактнай каштоўнасці ўзнікла ў час нараджэння нацыі сучаснага тыпу, але ў выпадку многіх еўрапейскіх нацый мае значна глыбейшыя карані.
Масавае прыняцце ідэнтычнасці, якая асацыюецца з нацыяй як грамадскай супольнасцю, не азначала, аднак, тое, што кожны з членаў гэтай супольнасці адразу прымае нацыю як сукупнасць абстрактных каштоўнасцяў. Наадварот, у працэсе фармавання нацыі ці нацыянальнага руху яго лідары разумелі паняцце нацыя як гатовую нязменную каштоўнасць ці канструкт. Для іх не мела значэння, ці падзяляюць з імі іх ідэі патэнцыйныя члены гэтай нацыі.
Аднак гэтыя два ўзроўні – канкрэтны грамадскі і абстрактна культурны – у значнай ступені ўзаемазвязаны. Разуменне нацыі як абстрактнай супольнасці, заснаванай на агульных каштоўнасцях, стала часткай новай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая ўзнікла ў час фармавання нацый сучаснага тыпу. Адпаведна, “нацыянальная ідэя” змянялася ў розумах яе членаў у залежнасці ад узроўню іх адукацыі і месца, якое яны займалі ў сацыяльнай структуры нацыі як грамадства.
Складанасці з тэрмінамі: ад нацыі да нацыяналізму
Незалежна ад усведамлення сапраўднага значэння гэтага тэрміна, нацыя сёння з’яўляецца сусветным феноменам. Цяпер існуе цэлая супольнасць нацый, пачынаючы ад шматлікіх індзейскіх народаў у Лацінскай і Паўднёвай Амерыцы і да племянных ці іншых супольнасцяў у Афрыцы.
Адкуль такі поспех гэтага феномена? Я не вазьмуся адказваць з поўнай упэўненасцю, а толькі вызначу некаторыя асобныя сувязі. Сёння амаль заўсёды і амаль паўсюль у свеце быць нацыяй – прэстыжна і, што самае галоўнае, гэта азначае наяўнасць пэўных правоў, і тыя правы заснаваны на павазе да культурнай самабытнасці, але ў першую чаргу гэта азначае наяўнасць пэўных палітычных амбіцый, звязаных з атрыманнем улады: “Нарэшце мы кіруем самі сабой”. Гэта можа прагучаць недвухсэнсоўна, але пакуль пакінем такія пытанні, як “хто менавіта кім кіруе?”. У вачах тых, хто ўладарыць светам, і ў вачах палітолагаў і сацыёлагаў сучасны глабалізаваны свет – гэта свет разнастайных адметных супольнасцяў, якія азначаюцца як нацыі. Англійская мова сёння выступае lingua franca глабальнай палітыкі і навукі, а таму ў наш час нацыя разумеецца так, як яе разумелі англічане пачынаючы з XVII ст., г. зн. у значэнні аўтаномных палітычных суб’ектаў – дзяржаў. І хоць мы выкарыстоўваем назву Аб’яднаныя Нацыі, мы ведаем, што “нацыі”, якія складаюць гэтую арганізацыю, не з’яўляюцца нацыямі згодна з еўрапейскай культурнай традыцыяй.
Журналістыка і, на жаль, сучасная навука, паліталогія ці сацыялогія, не звяртаюць увагі на гэтую тэрміналагічную блытаніну, бо для азначэння мешаніны разнастайных палітычных утварэнняў яны выкарыстоўваюць іншы, больш распаўсюджаны тэрмін – нацыяналізм. Будучы прадуктам тэрміналагічнай глабалізацыі, ён бяздумна ўжываецца ў дачыненні да сусветных, еўрапейскіх ці чэшскіх з’яў, былых ці сучасных. Даліміл, Лютэр, Масарык і Мусаліні – усіх іх можна апісаць праз такую агульную характарыстыку. З гэтай прычыны я вырашыў выкарыстоўваць тэрмін нацыяналізм у яго “англійскім” значэнні, каб апісваць падзеі па-за межамі Еўропы і з’явамі сучаснасці, у той час як чэшскі эквівалент гэтага тэрміна будзе выкарыстоўвацца пры аналізе еўрапейскіх падзей мінулага ці сучаснасці.
Калі мы спрабуем даць азначэнне слову нацыяналізм, то тут трэба заўважыць, што наконт гэтага азначэння няма кансэнсусу ў значна большай ступені, чым у выпадку з тэрмінам нацыя. У наш час думка пра тое, што словы нацыяналізм і нацыя ўказваюць на нешта, што з нацыяй звязана, была актуальнай яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, але цяпер ужо неактуальная. Сёння ў англасаксонскіх тэкстах можна знайсці тэрміны белы нацыяналізм, трампісцкі нацыяналізм, ганконгскі нацыяналізм, лацінаамерыканскі нацыяналізм і г. д. Такім чынам, словы Эрнэста Гелнэра пра тое, што нацыяналізм фармуе нацыі, былі дарэчнымі. Нарэшце, нацыя для нас ёсць нішто іншае, як віртуальная рэальнасць, якая існуе толькі таму, што мы можам навесіць цэтлік нацыяналізм да пэўнага працэсу, феномена, агульнага інтарэсу або вербальнай заявы пра адданасць, прыналежнасць да чагосьці. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца незалежна ад рэаліі, якую ён азначае.
Жыхары такіх шматэтнічных дзяржаўных утварэнняў, як Індыя ці Інданезія, існуюць у складзе нацый толькі таму, што іх палітычныя і часам акадэмічныя эліты маюць пачуццё атаясамлення з гэтымі ўтварэннямі, таму тут і выкарыстоўваецца тэрмін нацыяналізм. Цяжка вызначыць, якое з апісанняў сутнасці нацыі, прыведзеных мною ва ўступе, найлепш адпавядае рэчаіснасці ў дадзеным выпадку. У якасці гіпотэзы я прапаную лічыць, што ў першую чаргу гэта момант сацыяльнай рэальнасці, інакш кажучы, справа канкрэтных “нацыяналістаў”. Толькі ў другую чаргу вызначаюцца каштоўнасці, якія прыпісваюцца вызначанаму нацыяналізму і якія абгрунтоўваюцца ў імкненні ўмацаваць звязнаць цэлага, называнага нацыяй.
Пакуль журналісты (ды і большасць палітыкаў) не звяртаюць увагі на гэтую тэрміналагічную недакладнасць, шмат якія палітолагі і іншыя даследчыкі ў галіне сацыяльных навук усведамляюць, што неадназначнасць тэрміна нацыяналізм пазбаўляе яго тлумачальнай функцыі. Таму яшчэ ў першай палове ХХ ст. былі (і потым павялічваліся ў колькасці) спробы ўдакладніць розніцу паміж значэннямі гэтага тэрміна праз прыметнікі – дзяржаўны, імперскі, а яшчэ гуманістычны, ліберальны, інтэгральны і г. д. Еўрапейцы асабліва далікатна ставяцца да выкарыстання тэрміна нацыяналізм для азначэння атаясамлення сябе з нацыяй, якая, апроч усяго іншага, вызначаецца наяўнасцю ўласнай агульнай для ўсіх мовы, што ёсць у большасці еўрапейскіх нацый, але такое стаўленне да гэтага тэрміна сустракаецца рэдка на іншых кантынентах. Дзеля ўдакладнення некаторыя аўтары выкарыстоўваюць тэрмін этнанацыяналізм, але ён часцей за ўсё мае абразлівую канатацыю, бо сёння ў Еўропе пануе думка пра тое, што нацыяналізм больш не з’яўляецца еўрапейскай каштоўнасцю, слова этнас выкарыстоўваецца як антытэза грамадзянскіх прынцыпаў, а таму азначае нешта, што не належыць сапраўднаму еўрапейцу. Я лічу гэтую ідэю не толькі памылковай, але і небяспечнай.
Гэта падводзіць мяне да яшчэ адной хранічнай спрэчкі пра нацыяналізм – пытання наконт яго ацэнкі. Калі мы апісваем погляды як нацыяналістычныя ці палітыка як нацыяналіста, гэта звычайна азначае іх крытыку. У чэшскай моўнай традыцыі так было з самага пачатку, таму што гэты тэрмін мы выкарыстоўваем ў асноўным для таго, каб абазначаць з’явы і ўстаноўкі, якія мы ацэньваем негатыўна. Падобная сітуацыя была і ў нямецкай моўнай традыцыі, але толькі прыкладна да сярэдзіны мінулага стагоддзя. Была таксама спроба надаць тэрміну нейтральную афарбоўку, як, напрыклад, спрабаваў гэта зрабіць амерыканскі гісторык Карлтан Джозаф Хэйс у 1930-я гады. Потым гэты тэрмін меў толькі або пазітыўныя, або негатыўныя адценні. У Цэнтральнай Еўропе нямецкі гісторык Ойген Лемберг, родным горадам якога быў Ліберэц (Райхенберг), быў першым, хто спрабаваў зрабіць яго нейтральным. Аднак спроба была няўдалай. Да гэтага часу некаторыя нямецкія гісторыкі схіляюцца да негатыўнай ацэнкі тэрміна, але большасць аўтараў ставіцца да нацыяналізму амбівалентна: то пазітыўна, то негатыўна, у залежнасці ад сітуацыі. Нягледзячы на гэтыя погляды, яны ўсё ж лічаць, што нацыяналізм з’яўляецца чымсьці недарэчным.
Хоць англійскія і асабліва амерыканскія даследчыкі падкрэсліваюць, што гэты тэрмін мае для іх тэхнічную ролю, калі мы прыгледзімся бліжэй, то заўважым тут некаторую крывадушнасць. Асабліва гэта тычыцца амерыканскіх аўтараў, бо яны амаль не выкарыстоўваюць гэты тэрмін, калі гаворка ідзе пра ЗША. Для іх гэта негатыўны тэрмін, з дапамогай якога яны апісваюць неамерыканскія рэаліі, асабліва тыя, што звязаны з іншымі нацыямі, або для крытыкі некаторых аспектаў амерыканскага жыцця. У той жа час яны амаль заўсёды выкарыстоўваюць словазлучэнне амерыканскі патрыятызм, каб апісаць станоўчыя ўзаемаадносіны індывіда з нацыяй. Шмат якія англасаксонскія пісьменнікі ўсведамляюць негатыўную афарбоўку тэрміна нацыяналізм і таму спрабуюць замяшчаць яго іншымі, напрыклад патрыятызм. Славуты антраполаг Кліфард Гірц піша пра “безумоўную адданасць”. Таксама тут трэба адзначыць Лемберга, які не звязвае нацыяналізм з нацыяй самой па сабе, але апісвае яе як “безумоўную адданасць надасабоваму цэламу”.
У еўрапейскім і амерыканскім мэйнстрыме тэрмін нацыяналізм часцей за ўсё выкарыстоўваецца для абазначэння поглядаў і дзеянняў, звязаных з сутнасцю, якая ў большасці выпадкаў азначаецца як нацыя валюнтарыстычна. Такім чынам, гэта становіцца крытычнай або прынамсі адасабляльнай характарыстыкай поглядаў, якія грунтуюцца на стаўленні да груп або супольнасцяў, што, згодна з самімі крытыкамі, былі штучна створаны або, яшчэ горш, заснаваны на маніпуляцыях “нацыяналістаў”, якія імкнуцца атрымаць больш улады ці дасягнуць іншых эгаістычных мэтаў. Такая думка можа быць абгрунтаванай, калі гаворка ідзе пра фармаванне нацый па-за межамі Еўропы, асабліва ў былых еўрапейскіх калоніях. Але ў выпадку з еўрапейскімі нацыямі яна не адпавядае наяўнай эмпірічнай інфармацыі не толькі пра Еўропу як цэлае, але і пра асобныя яе нацыі. Перадусім я хачу падкрэсліць, што тэрмін нацыяналізм нельга выкарыстоўваць для аналізу працэсу фармавання нацыі і яго еўрапейскіх гістарычных каранёў і ён не можа быць транспартаваны ў гісторыю кантынента як калыскі сучаснай еўрапейскай нацыі.
Перад тым як перайсці да наступнага складніка тэмы гэтай працы – гістарычнага аналізу фармавання нацыі, – неабходна падвесці вынік заўвагам па тэрміналогіі, якая асацыюецца з сутнасцю нацыі і гісторыяй Еўропы. У аналізе будуць выкарыстоўвацца тры тэрміны, што з’явіліся ў Еўропе і пазначалі працэсы і погляды, якія тады фармаваліся на кантыненце: нацыя, патрыятызм, нацыяналізм. У далейшым гэтыя тэрміны ўжываліся для апісання падобных (але не аднолькавых) працэсаў па-за межамі Еўропы і вярнуліся ў Еўропу ўжо ў якасці інструментаў для навуковага даследавання гэтых працэсаў. Але цяпер гэтыя тэрміны, якія прайшлі праз шэраг глабалізацыйных трансфармацый, больш не азначаюць таго, што азначалі ў пачатку.
Гэта не толькі крытыка выкарыстання самога тэрміна нацыяналізм – тэрмін можна і не выкарыстоўваць, – але і рэфлексія наконт Еўропы, яе месца ў свеце, а такая рэфлексія павінна засноўвацца на гісторыі, а не на чымсьці іншым.
Нацыя сфармавалася ў Еўропе як культурная каштоўнасць
Адзін з асноўных фактаў, якія я хацеў бы падкрэсліць і абгрунтаваць у гэтым эсэ, – гэта еўрапейскія карані нацыі. Сучасная нацыя, як і звязаная з ёй самаідэнтыфікацыя, была створана і сфармавана ва ўмовах мадэрнізацыі Еўропы, засноўвалася на еўрапейскіх гістарычных і культурных традыцыях. Таму гэты тэрмін азначае цалкам еўрапейскую з’яву і разам з іншым тэрмінам, які ад яго паходзіць, быў экспартаваны з Еўропы ў краіны з іншымі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі ды іншымі сацыяльна-эканамічнымі структурамі.
Такім чынам, калі я паспрабую разглядаць згаданы вышэй факт з гістарычнага пункту гледжання, я павінен улічваць сувязі паміж зменлівай сацыяльнай рэчаіснасцю і тэрмінамі, якія ў тыя часы выкарыстоўваліся для апісання гэтых змен. Пад рэчаіснасцю тут маецца на ўвазе Еўропа ў XIX ст., калі супольнасць, якая называлася нацыяй, лічылася з’явай натуральнай і каштоўнай. Прызнанне яе, якое ў чэшскай мове азначалася словам патрыятызм, разумелася як абавязак. Нацыяналізм быў азначэннем пэўнага стаўлення да нацыі і, як гаварылася раней, як тэрмін узнік толькі на мяжы ХІХ і ХХ ст., у часы, калі еўрапейскія нацыі ўжо былі цалкам сфармаваныя. Тэрмін нацяналізм паходзіў ад слова нацыя (nation), якое трэба адрозніваць ад тэрміна natio, што мела карані ў Сярэднявеччы. Як я зазначыў раней, сучасны спіс еўрапейскіх каштоўнасцяў не ўключае словы нацыяналізм або патрыятызм.
Перад намі паўстае пытанне: калі ўсё гэта пачалося? Калі быў закладзены фундамент? І фундамент чаго? Нацыі як “ідэі” ці як грамадскай супольнасці? Тут неабходна вярнуцца да размежавання двух узроўняў існавання нацыі, якія я ахарактарызаваў ва ўступнай частцы. Як я казаў ужо раней, калі гавораць пра нацыю, не ўсе разумеюць яе як абстрактны канцэпт, ідэю і як канкрэтную грамадскую супольнасць. У дадзеным выпадку хутчэй розніца ў акцэнтаванні: нехта робіць большы акцэнт на ідэю і, натуральна, мае на ўвазе і супольнасць, у той час як іншыя – у тым ліку і я – аналізуюць найперш грамадскую супольнасць, якая прымае ідэю нацыянальнага адзінства, што таксама мела вырашальную ролю ў паспяховым фармаванні сучаснай нацыі.
Я пачну свае пошукі паходжання нацыі з абстрактнага канцэпту нацыі, ідэі, з якой непарыўна быў звязаны гэты тэрмін. Увогуле, сярэднявечны лацінскі тэрмін natio набыў новае значэнне ў мовах розных нацый і разам з тым змянілася яго сутнасць. Спачатку ён абазначаў асобную сацыяльную групу, а не ўсіх людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі. Добра вядомы прыклад універсітэцкіх “нацый”, што абазначалі рэгіён ці дзяржаву, з якіх паходзілі студэнты; падобную з’яву можна ўбачыць і на прыкладзе царкоўных сабораў. У Венгрыі словазлучэнне Natio Hungarica абазначала толькі венгерскае шляхецтва; таксама было і ў Польшчы, дзе пад тэрмінам Natio Polonica мелася на ўвазе толькі шляхта польскай Рэчы Паспалітай. Падобны да іх быў нямецкі тэрмін XVI ст. Deutsche Nation. У адрозненне ад прыкладаў, прыведзеных вышэй, англійская нацыя (nation) уключала, акрамя, вядома, дваранства, яшчэ і гарады. Для чэшскага гуманіста XVII ст. Каменскага слова нацыя азначала ўсiх людзей, якія размаўляюць на адной мове і жывуць на адной тэрыторыі. Яго тлумачэнне гэтага тэрміна нечым падобнае да таго, як яго разумелі ў Англіі таго часу.
Трэба дадаць, што ў часы Гуманізму і потым Асветніцтва тэрмін нацыя ва ўсіх сваіх моўных варыяцыях меў пазітыўныя ці, прынамсі, нейтральныя канатацыі. Магчыма, з-за гэтага было проста надаць гэтаму тэрміну і канцэпту новы змест цягам апошняй трэці XVIII ст. ці на пачатку XIX ст.: нацыю сталі разглядаць як асобную каштоўнасць, унёсак у культурную разнастайнасць чалавецтва. Нацыя набывае новае значэнне – як натуральнае відавочнае прыстанішча для тых, хто да яе належыць – грамадзян гэтай нацыі. Яна робіцца для іх не толькі прытулкам, але, як гэта было з французскімі якабінцамі, сцверджаннем салідарнасці і ўнёску ў вялікае цэлае, які робіць кожны індывід. Усё гэта, натуральна, было звязана з ідэяй пра місію нацыі як носьбіта цывілізацыі і культуры. Як бы парадаксальна гэта ні гучала, у поглядах на сутнасць нацыі – тут я кажу пра нацыю як пра абстрактную каштоўнасць – мела месца быць сумяшчэнне гердэрыянскіх, рэвалюцыйных якабінскіх і позніх рамантычных канцэпцый, хоць яны звычайна супярэчылі адна адной.
Станоўчая канатацыя слова нацыя не звалілася з неба: мы можам адшукаць яе карані ў далёкім мінулым, пачынаючы са Старога Запавету і “выбранага народа”, перад якім ёсць абавязкі ў кожнага яго члена. Таксама трэба згадаць, што, верагодна, адсюль паходзіць ідэя Рэфармацыі аб роўных адзін аднаму членах супольнасці. Свецкія карані гэтай станоўчай канатацыі можна знайсці, хутчэй за ўсё, у рэгіянальным патрыятызме эпохі Асветніцтва, які абавязваў кожнага адукаванага індывіда клапаціцца пра дабрабыт простых людзей яго краіны, яго рэгіёну. Тады нацыя асацыявалася з ідэяй усеагульнага росквіту. Такая канцэпцыя “нацыі ў сабе” не ўлічвала, колькі людзей на самай справе свядома яе падтрымлівалі; што вядома дакладна, дык гэта тое, што яна працягвае існаваць як ідэя, існаваць “у сэрцах людзей”.
Асветніцтва зрабіла тэрмін нацыя яшчэ адным з інструментаў аналізу сацыяльных і палітычных праблем. Нам знаёмыя развагі наконт нацыянальнага гонару, нацыянальнага характару, мы добра ведаем, якую станоўчую ролю адводзяць нацыянальным мовам. Станаўленне пазітыўнай канатацыі тэрміна нацыя адбывалася (як гэта часта бывае) разам з рэгіянальным патрыятызмам эпохі Асветніцтва (тут не трэба блытаць яго з зямельным патрыятызмам дваранства, якое ў першую чаргу турбавалася пра захаванне ўласных прывілеяў). Патрыятызм такога кшталту быў этычным абавязкам адукаванага насельніцтва, які прадугледжваў добрасумленную працу на карысць сваёй краіны і для паляпшэння жыцця яе жыхароў. З асветніцкім уяўленнем пра патрыятызм была звязана думка, згодна з якой дзяржава (яе ўладар і яе эліты) як свецкі інстытут павінна даваць кожнаму індывіду базавую адукацыю і выхаваць яго як грамадзяніна. У Нідэрландах другой паловы XVIII ст. тэрмін патрыёт азначаў удзельнікаў палітычнага ці грамадзянскага руху. У якім бы кантэксце не з’яўлялася ў тыя часы слова нацыя, яно заўсёды азначала каштоўнасць, мела пазітыўную афарбоўку.
У адрозненне ад свецкага патрыятызму, згодна з канцэпцыяй, якую прапанаваў Ёган Готфрыд Гердэр, нацыя (якая вызначался наяўнасцю агульнай мовы і культуры) была створана Богам і азначалася як фундаментальны элемент чалавецтва, першачарговы інструмент яго культурнага развіцця. Верагодна, што ў ідэях Гердэра мы зможам знайсці пачаткі гэтага “дуалістычнага” разумення нацыі: яно складаецца з уяўлення пра нацыю як пра Божае тварэнне, абстрактны канцэпт, які мае ўласную маральную і культурную каштоўнасць (для Гердэра пераважнае значэнне мае апошняе), і нацыі як вялікай групы (для Гердэра гэта з’яўляецца дадаткам), супольнасці пэўных індывідаў, якіх трэба пераканаць у тым, што яны – частка гэтай абстракцыі з даўніх часоў.
Такія думкі з’явіліся за некалькі дзесяцігоддзяў Французскай рэвалюцыі, якая звычайна асацыюецца (хоць асацыяцыя гэтая і павярхоўная) з пачаткам усхвалення нацыі як абстрактнага канструкту, які распаўсюдзіўся па Еўропе пасля гэтай рэвалюцыі. На самай справе, у рэвалюцыйнай Францыі гэты абстрактны ідэал, які нарадзіўся дзякуючы асветніцкаму патрыятызму і гердэрыянскаму перадрамантызму мінулай эпохі, ужо стаў добра вядомым грамадскім інстытутам. Але рэвалюцыйная тут іншая змена: гэты тэрмін цяпер азначаў супольнасць грамадзян, якіх аб’ядноўвае роўнасць і салідарнасць, незалежна ад заможнасці, паходжання і адукацыі. Усе грамадзяне (а не толькі адукаваныя) былі абавязаныя працаваць дзеля краіны, што азначала працу дзеля прагрэсу і свабоды. Так была закладзена аснова грамадзянскіх прынцыпаў. У той жа час грамадзяне, члены нацыі, павінны былі засвоіць родную мову ў пісьмовай форме і такім чынам атрымаць доступ да створаных цягам гісторыі каштоўнасцяў нацыянальнай культуры, вялікая колькасць з якіх была забытая. Гэта доўгая ўверцюра, гэты фундамент, закладзены глыбока ў гісторыі, на якім быў створаны нацыянальны міф як станоўчая каштоўнасць – усё гэта можна знайсці толькі ў Еўропе.
Нацыя як сацыяльная рэальнасць і грамадзянская супольнасць
Толькі ўсведамляючы наяўнасць гэтага інтэлектуальнага фундамента, мы можам зразумець працэс фармавання нацыі на іншым узроўні – як працэс фармавання канкрэтнай супольнасці ці сацыяльнай групы. Нацыя як супольнасць роўных грамадзян, якія не толькі асэнсоўваюць прыналежнасць да яе як каштоўнасць, але і камунікуюць адзін з адным з пэўным узроўнем арганізаванасці, нарадзілася пасля крызісу самавызначэння, да якога прывёў заняпад старых каштоўнасцяў і ўнутраных сувязяў феадальнага грамадства.
Не мае вырашальнага значэння, як мы назавем гэтае пераходнае грамадства: феадальнае ці грамадства ранняга Новага часу. Не мае значэння і тое, як мы пазначым сістэму, якая прыйшла на змену старой: сучасная, капіталістычная ці індустрыяльная. Крызіс і трансфармацыі, якія былі яго наступствамі, разгортваліся павольна ў пэўных краінах ці сферах жыцця, у той час як у іншых яны былі хуткімі і радыкальнымі. Не хопіць месца, каб апісаць крызіс, які ўзрушыў феадальна-залежнае сялянства, кінуў выклік царкоўнай уладзе, дзякуючы яму ўсталявалася ўлада, якая, хоць гэта і было толькі фармальнасцю, абвяшчала роўнасць усіх людзей перад законам і г. д. Для лепшага разумення я дам кароткае апісанне найбольш значных прыкладаў гэтых зменаў.
Традыцыйныя сацыяльныя сувязі і залежнасці, базаваныя на прывілеях і феадальным землеўладанні – прыгонніцтва ці нешта накшталт яго, – пачалі аспрэчвацца і скасоўвацца. Закрытая сістэма, заснаваная на патрыманіялізме і феадалізме, пачала змякчацца. У ёй стала менш абмежаванняў, а бар’еры паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў дзяржавах, якія ўпэўнена ішлі да сучаснага свету, усё часцей прапускалі новую інфармацыю і людзей.
Няхай гэтыя людзі былі яшчэ і меншасцю, але ўсё больш іх атрымлівала магчымасць выходзіць за межы, абумоўленыя іх саслоўем ці тэрыторыяй уладанняў феадала, на якой яны жылі раней. Часам у іх з’яўлялася магчымасць увогуле пакінуць абмежаваны свет, у якім іх продкі жылі пакаленнямі, у пошуках новага жыцця або вышэйшай адукацыі.
Рамесная вытворчасць (арганізаваная ў гільдыі, цэхі) у гарадах пачала канкураваць з масавай вытворчасцю, спачатку ў выглядзе мануфактур, а потым і фабрык, што прымушала масу рамеснікаў шукаць новы лад жыцця і новыя магчымасці.
Рэлігійная цярпімасць і секулярызацыя ўсё больш пашыраліся, у той час як царква страчвала кантроль над інтэлектуальнымі і культурнымі з’явамі: усе большая частка насельніцтва пераставала ўспрымаць рэлігію як аснову свайго самавызначэння.
Рэлігійнае абгрунтаванне няроўнасці людзей у залежнасці ад іх паходжання і ўлада саслоўя феадалаў усё больш ставіліся пад сумнеў, а разам з імі і традыцыйная сістэма каштоўнасцяў.
Пачынаючы з інтэлігенцыі павольна прасоўвалася ідэя роўнасці ўсіх людзей перад законам, а таму і роўнасці перад дзяржаўнымі ўстановамі незалежна ад таго, ідзе гаворка пра чалавека шляхецкага, мяшчанскага або сялянскага паходжання.
Усе гэтыя (і не толькі гэтыя) змены адбываліся на тэрыторыі Еўропы нераўнамерна, г. зн. у розныя часы, у розных спалучэннях і з рознай працягласцю ў часе. Аднак усюды яны выклікалі (перш за ўсё сярод адукаванага насельніцтва) хваляванні, крызіс самавызначэння і, адпаведна, пошук новага, дзякуючы якому яны здолелі б стаць часткай новай супольнасці. Але ўмовы для фармавання гэтага новага самавызначэння маглі быць створаны толькі пры пэўным узроўні адукацыі. На гэтым узроўні чалавек быў здольны ўявіць сабе, што супольнасць, да якой ён належыць, уключае ў сябе людзей, якіх ён не ведае і ніколі не сустрэне, і землі, якія ён ніколі не бачыў, але якія ён называе Радзімай.
Гэта быў тэрмін нацыя. Наяўнасць дзяржавы, якая прадстаўляе гэтае фармаванне, была другараднай; нацыя акрэслівалася агульнымі для яе членаў мовай, мінулым і культурай. Так пасля ўтварэння грамадзянскай супольнасці ў Еўропе нарадзіліся новыя фармаванні, якія пазначылі новым тэрмінам – нацыя. Раней гэты тэрмін у грамадстве не выкарыстоўваўся.
З’яўляліся новыя сувязі, камунікацыі, згуртаванні новага тыпу – і тут было не так важна, як іх называць, аднак тэрмін, прыдатны для азначэння новага ўтварэння, быў “падрыхтаваны” гісторыяй і ўжываўся ў некаторых дзяржавах Еўропы. Гэта быў тэрмін нацыя. І не было важна, мелася свая дзяржава ці не, вызначальным было азначэнне па агульнай мове, мінулым, культуры. Так пасля ўтварэння грамадзянскай супольнасці ў Еўропе нарадзіліся новыя згуртаванні, але ім далі старую назву нацыя, якая першапачаткова не азначала грамадзянскай супольнасці.
Працэс фармавання нацый у Еўропе адбываўся, проста кажучы, двума шляхамі, і цяпер у Еўропе існуюць нацыі двух тыпаў (з некаторымі выключэннямі). Я падзяляю гэтыя два тыпы ў залежнасці ад пачатковай сітуацыі, якая мела месца ў час стварэння нацыі.
У першым выпадку ў наяўнасці былі дзяржава, якая існавала з часоў Сярэднявечча, высокая “нацыянальная” культура, у якой выкарыстоўвалася нацыянальная мова і, галоўнае, прадстаўнікі эліт (шляхты і буржуазіі), якія захоўвалі і развівалі гэтую культуру. Гэта стварала грунт для ператварэння этатысцкага няроўнага грамадства ў грамадзянскую супольнасць, якая абвяшчае сябе нацыяй, дзе ўсе грамадзяне роўныя адзін аднаму. Утвораная нацыянальная дзяржава абараняе сваіх грамадзян, але ўзамен патрабуе ад іх выказвання салідарнасці ў рамках абстрактнай супольнасці, якая называецца нацыя. Францыя, Нідэрланды, Партугалія, Данія, Швецыя, Англія, Іспанія – меншасць сучасных еўрапейскіх нацый – належаць да гэтага тыпу нацыянальнага фармавання. Дзеля лепшага разумення я буду пазначаць іх як дзяржаўныя нацыі.
Пачатковая сітуацыя для нацый другога тыпу была значна больш складаная. У гэтай сітуацыі існавала этнічная супольнасць, якая жыла на тэрыторыі шматэтнічнай імперыі. Такім чынам, гэта была супольнасць з незавершанай сацыяльнай структурай, у якой адсутнічалі эканамічная і акадэмічная эліты, гэтая супольнасць не мела ўласнай дзяржавы, а яе культура і літаратурная мова развіваліся непаслядоўна або не развіваліся ўвогуле. У такім выпадку нацыя фармавалася дзякуючы мэтанакіраваным намаганням лідараў гэтай групы, патрыётаў, якія стваралі нацыянальныя рухі. У дадзеным выпадку першымі, хто ўсведамляў сябе членамі нацыі, былі людзі з вышэйшай адукацыяй. Першым стымулам для гэтага працэсу быў таксама крызіс старога грамадства, апісаны вышэй, крызіс cтарых законаў і сістэмы каштоўнасцяў. Найбольшую ролю тут мелі ідэя аб роўнасці людзей, з аднаго боку, і рынкавыя адносіны ды атрыманне новых правоў і свабодаў большай колькасцю насельніцтва, у першую чаргу сялянствам, – з другога. Адначасова з атрыманнем правоў, у тым ліку палітычных, усё больш і больш насельніцтва пачало актыўна ўдзельнічаць у палітыцы.
Нацыянальныя рухі ў Еўропе дзейнічалі асінхронна і вельмі адрозніваліся па складзе і праграме. Тым не менш, у гэтых праграмах заўсёды былі патрабаванні, звязаныя з культурай, мовай, грамадзянскімі і палітычнымі правамі, няхай яны і былі абвешчаны ў розныя часы і розныя з гэтых патрабаванняў былі прыярытэтнымі. Траекторыя развіцця гэтых рухаў таксама была падобная. Напачатку быў перыяд, які я называю фазай А. Для яго характэрна пераважна акадэмічная зацікаўленасць у мове, культуры, гісторыі і традыцыях этнічнай групы, якую ўсё часцей, але не заўсёды, называлі нацыяй. Раней ці пазней на грунце гэтай акадэмічнай зацікаўленасці з’яўлялася ідэя пра тое, што члены гэтай этнічнай групы – нацыі – павінны зразумець, што іх прыналежнасць да нацыі з’яўляецца каштоўнасцю, якую трэба захоўваць. Так пачыналася фаза Б, цягам якой у большасці выпадкаў, але не ва ўсіх, нацыянальны рух знаходзіў падтрымку сярод шырокіх пластоў насельніцтва. Пасля гэтага нацыянальны рух станавіўся масавым і пачыналася фаза В. Толькі пад час гэтай фазы ўзнікае атаясамленне з нацыяй не толькі сярод акадэмічных, але і сярод эканамічных эліт і сярэдняга класа; толькі тут можна гаварыць пра цалкам сфармаваную нацыю, незалежна ад таго, набыла яна дзяржаўнасць ці не.
Хто б што пра гэта не думаў, большасць нацыянальных рухаў у Еўропе былі паспяховымі і дасягнулі фармавання нацыянальных дзяржаў. Аднак гэтыя дзяржавы адрозніваліся ад дзяржаў, якія стварылі нацыі першага тыпу. Жыхары гэтых нацыянальных дзяржаў мелі іншыя ўяўленні і погляды на свет, якія грунтаваліся на іх каштоўнасцях. Таму я называю іх малымі нацыямі, дзе прыметнік малы не колькасны паказчык, а характарыстыка насельніцтва. Такім чынам, датчане малой нацыяй не з’яўляюцца, у адрозненне ад украінцаў, якіх у шэсць разоў больш. Для членаў малой нацыі характэрна, напрыклад, думка пра тое, што існаванне нацыі грунтуецца на самаадданасці, пачуцці знешняй пагрозы, жаданні даказаць права нацыі быць прызнанай і сумневы наконт таго, ці мае сэнс існаванне іх нацыі. Аднак тут ёсць яшчэ аб’ектыўныя акалічнасці, адну з якіх я нагадаю: малыя нацыі не ўдзельнічалі ў еўрапейскай каланіяльнай экспансіі, а таму іх члены маюць іншыя погляды на пытанні, звязаныя з расавай прыналежнасцю, што добра прадэманстраваў нядаўні іміграцыйны крызіс.
Два шляхі фармавання нацыі паўплывалі і на семантыку слова: англійская і, прасцей кажучы, цэнтральнаеўрапейская канцэпцыі нацыі адрозніваюцца. Такім чынам, у англійскай мове нацыя даволі шчыльна асацыюецца з дзяржавай і мае на ўвазе або існаванне ў нацыі ўласнай дзяржавы, або наяўнасць прэтэнзій на яе. У чэшскай і нямецкай тэрміналогіі нацыя акрэсліваецца агульнай культурай, мовай і, магчыма, нават гісторыяй, а таму з’яўляецца супольнасцю, якая можа існаваць без дзяржавы.
Дзеля дакладнасці трэба дадаць, што акрамя двух апісаных тыпаў фармавання нацыі ёсць яшчэ трэці тып, пераходны, – да яго належаць немцы, італьянцы і палякі. Ва ўсіх трох выпадках мелі месца супольнасці з завершанай сацыяльнай структурай, з развітай культурай і нацыянальнай мовай, але без уласнай нацыянальнай дзяржавы. Працэс будавання гэтых нацый пачаўся ў ХІХ ст. Тут таксама дзейнічалі нацыянальныя рухі, але галоўнай іх мэтай было стварэнне адзінай нацыянальнай дзяржавы. З гэтай прычыны такія рухі часта называюць рухамі за аб’яднанне.
У пачатку фармавання нацыі тэрмін патрыятызм і яго эквіваленты ў іншых мовах (напрыклад, vlastenectví ў чэшскай мове, утворанае ад слова vlast ‘Радзіма’) выкарыстоўваліся для таго, каб апісаць адносіны паміж індывідам і нацыяй. Толькі потым, на парозе ХХ ст., для азначэння атаясамлення індывіда з нацыяй усё больш пачаў выкарыстоўвацца тэрмін нацыяналізм.
Нацыя і нацыяналізм у віхуры глабалізацыі
Тэрміны нацыя і нацыяналізм, якія ўзніклі на тэрыторыі Еўропы, пайшлі на экспарт пасля таго, як сфармаваліся сучасныя нацыі. Я не буду прасочваць, як гэта адбывалася, бо важны вынік: універсальны тэрмін нацыя ў значэнні нацыянальна-дзяржаўнага суб’екта трапіў у цень тэрміна нацыяналізм, які выступаў усё часцей (а таму і рабіўся ўсё больш няпэўным). Асяроддзе, у якое экспартаваўся гэты тэрмін, аднак, не заўсёды было аднолькавым ці падобным. Наадварот, на розных кантынентах і тэрыторыях быў розны ўзровень развіцця і розныя культурныя традыцыі. І гэтыя вялізныя адрозненні былі прыхаваныя самім імпартаваннем тэрміна нацыя, і асабліва – нацыяналізм. Гэта стала паспяховым абагульненнем, якое не адмяняе факта, што яно не адпавядала рэальнасці. Я маю тут на ўвазе тое, што суб’екты ў розных частках свету, якія называюцца нацыямі, зусім не падобныя да тых нацый, якія сфармаваліся ў Еўропе ў ХІХ ст. Часам адзінае, што яны маюць агульнага, гэта азначэнне і, натуральна, сцверджанне, што ўсе жыхары дзяржавы ідэнтыфікуюцца з ім.
З гэтай прычыны будзе карысна ўспомніць, якога тыпу ўтварэнні існавалі там да прыходу “нацыяналізацыі” з Еўропы. У першую чаргу гэта былі буйныя дзяржаўныя фармаванні – цэнтралізаваныя манархіі з адной даміноўнай культурай і мовай ды нацыянальнымі меншасцямі, як, напрыклад, Кітай, Японія, Персія ці Асманская імперыя. У гэтых выпадках можна заўважыць некаторыя паралелі з працэсамі станаўлення нацыянальных дзяржаў у Еўропе. Яны палягаюць на тым, што жыхары еўрапейскіх калоній былі вымушаны прыняць мову і культуру сваіх метраполій, але іх эліты здолелі атрымаць палітычную незалежнасць. Пад гэтае апісанне падпадаюць, з аднаго боку, дзяржавы Лацінскай Амерыкі і шматэтнічная Індыя – з другога. Аднак некаторыя калоніі, такія, як Інданезія і В’етнам, здолелі захаваць культурную і моўную самабытнасць. Большасць краін Афрыкі (якія называюць сябе нацыямі) – гэта калоніі, якія атрымалі свабоду, яны былі настолькі разнастайнымі па складзе, што адукаваныя прадстаўнікі іх эліт працягвалі выкарыстоўваць мову былых каланіяльных уладароў, але і ў гэтых калоніях часам узнікалі рухі за этнічнае і моўнае самавызначэнне. Такія рухі ствараліся і ў Азіі, але ўсе яны тыпалагічна падобныя да еўрапейскіх нацыянальных рухаў (у якасці прыкладаў можна прывесці рухі тамілаў, іба, тайвань цаў і курдаў). Нарэшце трэба згадаць нееўрапейскія народы, у якіх нацыянальная ідэнтычнасць і, магчыма, культура сфармаваліся як вынік нацыянальнай палітыкі дасталінскага СССР. Але потым гэтыя народы атрымалі незалежнасць і пачалі будаваць дзяржаўна-нацыянальную ідэнтычнасць, звязаную з іх культурнай самабытнасцю. У дадзеным выпадку ідэя этнічнай нацыі прыйшла “зверху”, але ўтрымалася.
Пры ўсіх адрозненнях адзіная рыса, адзінае, што характэрна для ўсіх гэтых груп (за выключэннем амерыканскага кантынента) – гэта адсутнасць еўрапейскай традыцыі раннемадэрнай нацыі і ўсіх тых элементаў гісторыі Еўропы (старажытная спадчына, хрысціянства, Рэфармацыя, Рэнесанс, Асветніцтва), якія робяць яе Еўропай. Галоўныя ўдзельнікі нацыятворчых працэсаў у Афрыцы і Азіі проста прысвоілі еўрапейскі тэрмін (магчыма, не ў апошнюю чаргу дзякуючы еўрапейскім тэарэтыкам), які меў станоўчую канатацыю. Іх не турбавала тое, што гістарычнага досведу, такога, як у Еўропы, які фармаваўся пакаленнямі і дзякуючы якому сфармаваліся нацыі, у іх ды іх суайчыннікаў не было. Гэта было звязана з усведамленнем або, калі заўгодна, міфам пра агульнае мінулае і агульнае паходжанне.
Незалежна ад таго, ці ствараліся гэтыя “нацыі” праз барацьбу з каланіяльным прыгнётам, ці з прыгнётам дэспатычных манархаў, яны заўсёды былі адным з вынікаў барацьбы за ўладу, у якой вырашальную ролю мелі палітычныя і ваенныя эліты. Але перш за ўсё гэтыя эліты супрацьпастаўлялі сябе знешняму ворагу. Вядома, што фармаванне еўрапейскіх нацый таксама не абыходзілася без барацьбы за ўладу, калі нацыянальныя рухі станавіліся больш-менш паспяховымі ў сваіх дзеяннях. У гэтым выпадку, аднак, яны змагаліся за інтарэсы (рэальныя або ўяўленыя) нацыі, якая ўжо існавала як супольнасць, заснаваная на агульных каштоўнасцях, або, выкарыстоўваючы іншыя тэрміны, знаходзілася ў фазе Б працэсу свайго фармавання. У выпадку з нееўрапейскімі краінамі змаганне за палітычную ўладу і стварэнне палітычнага суб’екта з назвай нацыя было прыярытэтам. Тады панавала ідэя наконт таго, што дзяржава, якая кантралюецца ўдзельнікамі нацыянальнага руху, павінна быць дзяржавай нацыянальнай. Дзякуючы грубаму спрашчэнню гэтая ідэя стала вядомая як нацыяналізм.
Падводзячы вынікі, адкажам на пытанне: якія адрозненні ў генезісе еўрапейскіх нацый і “нацый”, якія фармаваліся па-за межамі Еўропы?
– Гердэраўская рамантычная ідэя пра нацыю як каштоўнасць саму па сабе;
– этычны і гуманістычны пастулат, які з’яўляецца неад’емным элементам існавання нацыі: атаясамленне з нацыяй прадугледжвае самаадданую працу на яе карысць;
– адсюль вынікае яшчэ адзін пастулат: служыць нацыі – гэта служыць усяму чалавецтву (карані абодвух пастулатаў можна знайсці ў хрысціянскай традыцыі або сярод ідэй асветніцкага патрыятызму);
– асаблівасці культуры як адзін з камянёў у фундаменце існавання нацыі – адсюль ідэя, што развіццё нацыянальнай культуры – гэта развіццё культуры ўсяго чалавецтва;
– у гэтым кантэксце трэба яшчэ ўспомніць выключэнне дзяржавы з кампанентаў, неабходных для існавання нацыі (ва ўсякім выпадку ў цэнтральнаеўрапейскай тэрміналагічнай традыцыі): можна ўявіць нацыю без дзяржавы, але нельга ўявіць нацыю без самабытнай культуры і агульнага для яе членаў лёсу;
– адсюль узнікае ўспрыманне еўрапейскіх нацый іх членамі ў гістарычным кантэксце і з пазіцый гістарызму;
– еўрапейскія нацыі нараджаліся – за некалькімі выключэннямі – у ходзе працэсу мадэрнізацыі, г. зн. адначасова з барацьбой за роўнасць і палітычныя свабоды для ўсіх людзей, але таксама адначасова з рацыяналізацыяй, індустрыялізацыяй і ўрбанізацыяй. Таму носьбіты нацыянальнай ідэнтычнасці звязвалі нацыю з прагрэсам.
Такое падсумаванне было б добрым заключэннем, але яно будзе частковым, бо грунтуецца на гістарычным аналізе працэсу фармавання нацый. Яно апісвае класічную мадэль еўрапейскай нацыі ХХ ст., але актуальнасць гэтай мадэлі сёння выклікае сумневы. Глабалізацыя і лічбавая эпоха, якая прыйшла за ёй, дазволілі перайсці на новы ўзровень не толькі абароту і стандартызацыі тавараў, але і абароту ды спрашчэння ідэй і стэрэатыпаў. Дзякуючы такому абароту тэрміны нацыя і нацыяналізм у скажонай форме паўплывалі на Еўропу, калі вярнуліся туды абясцэненымі і спустошанымі. Пакіну праблему, звязаную з ужываннем гэтых тэрмінаў для аналізу і трактоўкі спецыфічна еўрапейскіх працэсаў, – гэта праблема для іншых даследчыкаў. Я ж звярнуся да пытання, як гэтае вяртанне паўплывала на саму еўрапейскую ідэю нацыі і сэнс яе існавання. Што засталося сёння ад тых сувязяў і каштоўнасцяў, якія асацыяваліся з еўрапейскай нацыяй ХІХ ст.?
– Гуманістычная ідэя абавязковага служэння дзеля дабра свайго грамадства цяпер чужая для людзей, сфармаваных неаліберальным індывідуалізмам;
– словазлучэнне нацыянальны інтарэс пачало выкарыстоўвацца рознымі групамі для азначэння ўласных інтарэсаў;
– узаемасувязь паміж ідэяй нацыі і ідэяй прагрэсу была парушана жахамі, якія перажыло чалавецтва ў час сусветных войнаў;
– усведамленне агульнага лёсу ў кантэксце традыцыйнага гістарызму ў большасці знікла, але застаецца ў асобных краінах (асабліва ў Польшчы або ў Францыі; у Чэхіі гэта ўсведамленне таксама амаль што знікла);
– у большасці краін мова страціла статус асобнай паўнавартаснай каштоўнасці і перастала быць сімвалам нацыянальнай ідэнтычнасці.
Трэба заўважыць наступнае: у часы, калі амаль усе еўрапейскія нацыі цалкам сфармаваліся, маюць завершанаю сацыяльную структуру, калі члены нацыі ўспрымаюць сваю прыналежнасць да яе як нешта само сабой зразумелае, нацыя як абстрактная супольнасць каштоўнасцяў, як “ідэя” адыходзіць на другі план. Яна пачынае ўсё часцей, калі не выключна, асацыявацца з буйной сацыяльнай групай, якая ўсё больш становіцца падобнай да сеткі, чым да структуры.
Пры ўсім гэтым нельга сказаць, што нацыянальная ідэнтычнасць знікла назаўсёды: яна проста адышла на задні план і перайшла ў іншую форму – не толькі ў кантэксце глабалізацыі, але і праз ускосную сувязь з пераходам да эпохі камп’ютарызацыі. Нацыянальная ідэнтычнасць праяўляла сваю сілу ў час аб’яднання Германіі, распаду Югаславіі або як рэакцыя на эканамічныя крызісы ў некаторых краінах. Яна таксама праяўляецца ў час дыскусій пра абмежаванне імпарту спажывецкіх тавараў і, акрамя ўсяго іншага, добра сябе праяўляе ў бурлівым жыцці спартыўных фанатаў. Агульная рыса для ўсіх паслядоўных праяваў нацыянальнай ідэнтычнасці – яе носьбіты чакаюць і радасна вітаюць прыемныя і карысныя для іх з’явы, звязаныя з нацыянальнымі дасягненнямі, якія яны пазначаюць як “свае”. Нацыя існуе дзеля іх, але на што гатовыя яны дзеля нацыі? Усё сведчыць пра тое, што яны гатовыя зрабіць менш і ахвяраваць значна меншым дзеля сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, чым іх продкі. У сувязі з гэтым можна сказаць, што розніца паміж еўрапейскай і нееўрапейскай нацыянальнымі ідэнтычнасцямі становіцца ўсё менш заўважнай або набывае новае значэнне.
Пераклад Антона Станкевіча
On European Roots of a Nation, Nationalism, and Patriotism
Miroslav Hroch
The paper discusses the differences between a nation in Europe and a “nation” outside Europe in terms of their genesis. The European nation exists in two senses: as a large ‘social group’, a community of real people; and as an abstract community of cultural values promoted by intellectual elites grounded in a humanitiesbased education. As the author postulates, it was born in Europe in the course of the modernization process, simultaneously with the striving for human equality, for political freedoms, but also simultaneously with rationalization, industrialization, urbanization – in the national self-concept this was reflected in the stereotype of the progressiveness of the nation. Cultural qualities and cultural specificities served as one of the foundations of national existence with the understanding that to develop national culture is to help develop the culture of all humanity. Identification with a nation implied a commitment to work for that nation. But today, all indications are that the bearers of identification with the nation are willing to do or sacrifice much less than their ancestors for their national identity. In addition, the widespread prejudice that condemns every positive expression of one’s relationship to the nation has prompted spontaneous reactions in the form of primitive nationalistic egoism. This has weakened the commitment people feel towards their nation and the humanistic potential that the nation possesses as a cultural community of values. In this respect, the distinction between European and non-European national identity may already be fading or reaching a new position.