БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Раіса Зянюк. Традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў рымска-каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях (1772–1914)


Каталіцкія кляштары традыцыйна былі цэнтрамі вялікіх гаспадарак. Прадукцыя манастырскіх гаспадарак перапрацоўвалася, у тым ліку і ў разнастайныя алкагольныя напоі. Пры згадцы пра алкаголь у каталіцкай традыцыі на думку перш за ўсё прыходзіць выкарыстанне віна ў літургічных мэтах: у час адпраўлення імшы. Аднак і іншыя алкагольныя напоі выконвалі значную ролю ў жыццядзейнасці каталіцкіх манастыроў і духоўных навучальных устаноў ды іх насельнікаў.

У артыкуле да алкаголю залічаны ўсе яго сучасныя віды: лёгкі (піва), сярэдняй моцнасці (віно, наліўкі), моцны (больш за 30%, напрыклад, гарэлка). Тэхналогія вырабу алкаголю не разглядаецца.

Шматвекавая традыцыя вырабу і спажывання піва ў каталіцкіх манастырах лагічным чынам паўплывала на тое, што пасля з’яўлення і замацавання каталіцкіх манаскіх ордэнаў на беларускіх землях яны прынеслі яе сюды, дзе ўжо існавалі мясцовыя традыцыі піва- і мёдаварэння. Устойлівая традыцыя каталіцкага манаства і дзейнасці каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі беларускіх земляў пачынаецца з Сярэднявечча, аднак найбольшае распраўсюджанне каталіцкія манаскія ордэны атрымалі ў XVII–XVIII ст., калі была зроблена найбольшая колькасць фундацый. Да канца XVIII ст. манаскія ордэны ў сваёй гаспадарчай дзейнасці карысталіся заканадаўствам ВКЛ і ордэнскімі статутамі. На момант далучэння да Расійскай імперыі на беларускіх землях (у cённяшніх межах Рэспублікі Беларусь) дзейнічала больш за 200 рымска-каталіцкіх манастыроў, якія належалі да 21 ордэна і кангрэгацыі.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі на беларускія землі з канца XVIII ст. пачало распаўсюджвацца расійскае заканадаўства. Працэс гэты, натуральна, быў не аднамомантны, і заканадаўства, як у сферы рэгулявання эканамічных аспектаў (піваварэння і вінаробства), так і ў канфесійнай сферы эвалюцыянавала з канца XVIII ст. Першапачаткова на тэрыторыі заходніх губерняў Расійскай імперыі было захавана права прапінацыі, і на працягу некалькіх дзесяцігодддзяў традыцыі вырабу і спажывання алкагольных напояў у кляштарах заставаліся нязменнымі. У адпаведнасці з маніфестам Аляксандра І ад 29 верасня 1810 г. у заходніх губернях была захавана свабода вінакурэння і продаж гарэлкі па сістэме, прынятая ў Рэчы Паспалітай. Так, у 1804 г. нясвіжскія дамініканцы плацілі “за гайкоўскую прапінацыю… 87 ½ кап.” [1]. З 1811 да 1851 г. акцыз за алкаголь браўся толькі ў гарадах [2].

Да асноўнай традыцыі вырабу алкагольных напояў пры рымска-каталіцкіх кляштарах усіх ордэнаў можна аднесці наяўнасць уласных невялікіх бровараў, у якіх выраблялі піва, мёд і гарэлку для ўнутранага спажывання і на продаж. Бровары існавалі практычна пры кожным манастыры і былі адной з абавязковых гаспадарчых пабудоў. Некаторыя кляштары не мелі такіх бровараў непасрэдна ля манастыра (у большасці выпадкаў тады, калі манастыр знаходзіўся на невялікім пляцы ў горадзе, як, напрыклад, Заслаўскі [3] і Клецкі [4] дамініканскія). Аднак манастыры валодалі зямлёй і сялянамі, таму такія бровары абавязкова знаходзіліся ў іх уладаннях (фальварках). У большасці выпадкаў манастыр меў некалькі бровараў: непасрэдна побач з манастыром і ў манастырскіх фальварках (напрыклад, мінскія бенедзікцінкі [5], гарадзішчанскія бенедзікцінцы [6]).

Кляштарныя бровары можна падзяліць на групы па ступені іх забеспячэння прыладамі на добра і дрэнна забяспечаныя. Напрыклад, малазабяспечаным быў бровар пры манастыры клімавіцкіх дамініканцаў, якія мелі мінімальны неабходны набор прадметаў: два медныя катлы і адну шапку з 4 трубамі [7]. Лепш забяспечанымі былі бровары пры кляштарах кармелітаў у Слабодцы, палонкаўскіх [8] і нясвіжскіх [9] дамініканцаў, навагрудскіх езуітаў [10].

Бровар пры Мінскім манастыры бернардзінцаў у 1800 г. складаўся ў тым ліку з наступных прадметаў: катлы – 2, медная шапка з 3 трубамі для перагонкі гарэлкі – 1, труба – 1, кадушка для вады – 1, бочка для прывозу вады – 1, бочкі цэлыя – 25, кадзі – 4, пустыя бочкі – 3, піўныя карыты – 2, кадкі – 10, ванна – 1, лейка – 1, шырокая драўляная бочка (напрыклад, для заварвання брагі) – 3, чарпак – 1, кадушкі для замочвання соладу – 2 і інш. [11].

Акрамя бровара мінскія бернардзінцы мелі і “вудкарню” – асобнае памяшканне з аднымі дзвярыма і адным акном з кратамі [12]. Яны ж асобна размясцілі алкогольны склеп (“sklep trunkowy”), дзе захоўвалі мёд і французскае віно для імшы (1 анкер) [13].

Пад кляштарам бенедзікцінцаў у Гарадзішчы былі тры скляпы, два з якіх прызначаліся для захоўвання алкаголю. Побач з кляштарам, сярод гаспадарчых будынкаў, знаходзіўся мураваны склад для гарэлкі, у якім захоўваўся як моцны алкаголь, так і мука. У кляштарным садзе стаяла асобная драўляная лядоўня, прызначаная для піва [14].

Алкаголь ужывалі насельнікі не толькі мужчынскіх, але і жаночых манастыроў. Адпаведна, і пры іх таксама дзейнічалі бровары для забеспячэння ўнутраных патрэб. Напрыклад, у візітацыі мінскіх бернардзінак за 1804 г. адзначаецца наяўнасць добрага ўласнага бровара ля кляштара [15], а таксама бровара ў фальварку Галова [16].

Прадукты для піваварэння пераважна вырошчваліся таксама пры кляштарах і ў кляштарных фальварках. Напрыклад, пры кляштары зембінскіх дамініканцаў былі агарод і сад, дзе сярод іншага рос хмель [17].

У выпадку, калі пры кляштары не было бровара або прадукцыя наяўнага была недастатковай (ці мела вузкі асартымент), алкаголь куплялі. Так, маладзечанскія трынітарыі выдавалі на алкаголь для манахаў 250 руб. на год – набывалі гарэлку, піва, віно, арак [18]. Калі пры кляштары варылі толькі піва, то іншыя віды алкаголю трэба было купляць. Так, навагрудскія езуіты ў 1773 г. набывалі штомесяц 40 гарцаў простай гарэлкі і выдавалі на гэта 40 злотых. У год на віно і прыправы яны выдавалі 800 злотых [19].

Піва ўжывалі і ў духоўных семінарыях. Часта семінарыі не мелі зямельных уладанняў, а ўтрымліваліся з фундушавых сум, забяспечаных на розных аб’ектах. Адсутнасць уласных бровараў і неабходнасць купляць піва ў вялікіх колькасцях уплывалі на тое, што рэктары семінарый спрабавалі дамагчыся дазволу на адкрыццё і ўтрыманне бровараў непасрэдна пры семінарыях. Так, напрыклад, 10 лютага 1844 г. на імя мінскага біскупа-наміната Паўла Равы выканаўца абавязкаў рэктара Мінскай духоўнай семінарыі канонік Ян Бжазоўскі выслаў рапарт, у якім адзначаў, што адзін з асноўных прадуктаў харчавання ў семінарыі – піва, якое, асабліва пад час посту, спажываецца ў даволі значных колькасцях, аднак, пры цяперашніх на яго коштах, яго набыццё значна абцяжарвае бюджэт семінарыі. Таму, з аднаго боку, спрабуючы эканоміць, а з іншага, улічваючы права безакцызнай вытворчасці піва для ўласных патрэб, нададзенае рымска-каталіцкім манастырам у заходніх губернях, рэктар прасіў пашырыць гэтае права і на семінарыі. Гэта, на думку ксяндза Бжазоўскага, дазволіла б зэканоміць на кожнай бочцы больш як 2 рублі срэбрам, “подобно монастырю бернардинов, где бочка дома вываренного пива обходится, по точному исчислению, в 1 рубль серебром, тогда как купленная из завода, со включением узаконенных пошлин, стоит более 3 рублей серебром” [20]. Прывёўшы такія аргументы, рэктар прасіў права або заснаваць уласную піваварню пры Мінскай семінарыі, або арандаваць бровар без выплаты акцызных падаткаў і без залежнасці ад водкупу [21].

Вырабам алкаголю пры кляштарах часцей за ўсё займаліся сяляне з кляштарных маёнткаў, нанятыя півавары ці (радзей за ўсё) самі манахі. Напрыклад, цыстэрцыянцы ў Вістычах мелі ў фальварку драўляны бровар, падзелены на дзве часткі: памяшканне для вырабу алкаголю і пакой з альковам для півавара. У падзямеллі бровара знаходзіўся склеп для захавання алкаголю. Сам бровар прызначаўся для вырабу гарэлкі і піва [22]. Каб зразумець аб’ёмы піваварэння, адзначым, што для вытворчасці выкарыстоўваліся 8 кадушак і 20 піўных бочак [23].

Ужыванне алкаголю. У адзначаны перыяд піва ў каталіцкай традыцыі не адносілася да катэгорыі алкагольных напояў, бо працэнт алкаголю, які ў ім утрымліваўся, быў вельмі нізкі (2–3%). Гэта было піва верхняй ферментацыі, жывое і слабое. Піва падзялялася на маладое, лёгкае і дубальтовае. Апошняе ўтрымлівала сённяшні традыцыйны працэнт алкаголю – каля 6–8%. Такі і большы працэнт алкаголю ўтрымлівала і працягвае ўтрымліваць традыцыйнае піва трапістаў, аднак іх кляштараў на тэрыторыі беларуска-літоўскіх земляў у адзначаны перыяд не было.

Піва выкарыстоўвалася як напой ці як складовая частка пры гатаванні страў (напрыклад, піўных супоў-полівак). Так, біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, складаючы статут для семінарыі ў Магілёве ў 1788 г., вызначыў у ім і прыблізнае меню, у якім значылася, што ў пост для семінарыстаў павінен быў варыцца піўны суп [24].

Калі гаварыць пра іншыя віды алкаголю, то гэта перадусім гарэлка першай ці другой перагонкі (алембікоўка – труба або часам увесь апарат, праз які пераганялі алкаголь, называліся алембікам).

Захаваліся нататкі пра тое, які алкаголь і якім чынам ужываўся ў 1847–1849 г. у манастыры трынітарыяў у Вільні на Антокалі. У справаздачы яго прыёр адзначаў: “Гарэлка даецца па кілішку перад абедам і вячэрай. Манахам, якія не п’юць гарэлку, раніцай [даецца] гарбата, а часта перад абедам – кілішак віна. У святы і на пахавальных абедах – дубальтовае піва, а часам пунш з добрым ромам” [25].

У кляштары гродзенскіх францысканцаў у чэрвені 1784 г. захоўваўся правіянт, сярод якога быў і алкаголь: 2 бочкі мёду цэлыя, трэцяя пачатая, 10 бочак піва, гарэлкі гарцаў звычайных 20 [26]. У склепе навагрудскіх езуітаў у канцы 1773 г. захоўвалася 1 бочка французскага віна, 2 бочкі мёду і 8 бочак піва [27].

Каб асартымент алкаголю для ўжывання ў манастырах быў больш разнастайным, яго куплялі на кірмашах. У 1833 г. сяляне, якія належалі манастыру дамініканцаў у Посіне Люцынскага павета Віцебскай губерні, былі затрыманы ў горадзе Рэжыцы з 1 ½ вёдрамі рому і 29 бутэлькамі портару “на манер англинских” без ярлыка і пячатак. Аднак яны былі адпушчаны – на падставе таго, што “ксендзы везли оныя напитки якобы не для подрыва откупу”. Алкаголь быў пакінуты ў сялян і трапіў у кляштар [28].

У духоўных семінарыях піва было абавязковым элементам у харчаванні як выкладчыцкага, так і навучэнскага складу. С. Богуш-Сестранцэвіч у статуце для Магілёўскай семінарыі прадпісаў наступнае:

“1) Забараняецца ўсім на сняданне есці мясныя стравы і цяжкую ежу для абцяжарвання страўніка і галавы, але ўсім на сняданне будзе выдавацца ў нядзелі, святы і дні адпачынку падагрэтае піва з маслам або са смятанай, у іншыя дні – кавалак хлеба і шклянка вады (летам) або шклянка падагрэтага піва (зімой).

2) Усім катэгарычна забараняецца гарэлку і іншыя спіртныя напоі, акрамя сапраўднай патрэбы, вызначанай доктарам і аб’яўленай рэгенсу, ані ў семінарыі, ані па-за яе межамі ўжываць, пазбягаючы дрэнных вынікаў для здароўя і прывычкі, вельмі шкоднай для святара. Калі б каторы быў заўважаны і папярэджаны два разы, і не выправіўся, пра такога неабходна нам данесці. <…>

6) Для піцця піва лёгкае, але чыстае і смачнае. На асобу – па бутэльцы на абед і на вячэру. Калі б хтосьці хацеў яшчэ, можа быць дазволена яшчэ шклянка вады, аднак піць яе без дазволу няможна. Прызвычаенне да п’янства можа быць і ад вады, калі піць яе калі толькі захочацца” [29].

Як вынікае з дакументаў, прадпісанні гэтыя выконваліся. Напрыклад, у 1802 г. семінарысты атрымлівалі кожны па штофу піва штодня [30].

Значнасць алкаголю ў жыцці манастыроў можна назіраць і па тым, як акуратна ён занатоўваўся іх аканомамі ці настаяцелямі. Тут вельмі цікавы прыклад – нататкі аканома або настаяцеля аднаго з манастыроў, змешчаныя ў літургічным календары на 1791 г. для кармелітаў Літоўскай правінцыі [31], якая ахоплівала беларускалітоўскія землі. Важна разумець, што гэты каляндар – рубрыцэль – увогуле прызначаны выключна для літургічных мэтаў: у ім паказана, якія святыя згадваюцца ў той ці іншы дзень, ці святочны гэта дзень і якое свята, якога колеру павінна быць літургічная вопратка і г. д. [32]. У гэтым выпадку мы бачым, што рубрыцэль выкарыстоўвалася ў пэўным сэнсе як нататнік (іл. 1, 2, 3). Аднак нататкі ў ім пераважна звязаны з алкаголем. Адзначаюцца даты, калі пачыналі чарговую бочку піва, калі гарэлку (алембіковую, алембікоўку). На аснове аналізу гэтых запісаў можна сказаць, што ў месяц спажывалася 1–2 бочкі піва.

Нататкі ў літургічным календары на 1791 г. для кармелітаў Літоўскай правінцыі
“Directorium horarum canonicarum et missarum in Annum MDCCXCI
pro Carmelitis Discalceatis Provinciae Litvaniae”.

Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Sygn. K 2561.

Згаданыя традыцыі ўжывання алкаголю былі характэрны не толькі для рымска-каталіцкіх кляштараў. Падобныя мелі і базыльянскія манастыры. Так, у склепах Беразвецкага кляштара ў 1829 г. захоўвалася 160 вёдзер гарэлкі, 120 вёдзер пітнога мёду, 20 гарцаў французскага віна [33]. Барысаўскі кляштар базыльянаў у 1817 г. выдаў на віно 267 руб. 75 кап. асігнацыямі, а на гарэлку – 256 руб. 65 кап. асігнацыямі (для параўнання, на патрэбы царквы за той жа год было выдадзена 56 руб. 30 кап. асігнацыямі, а на мяса – 102 руб. 70 кап. асігнацыямі). За той жа 1817 год Полацкі базыльянскі манастыр выдаў на ром і мёд 86 руб. 25 кап. асігнацыямі, на віно – 214 руб. асігнацыямі (у тым жа годзе на пабудову млына-ветрака ім ж выдадзена 154 руб. асігнацыямі) [34].

Піва ўжывалася і вучнямі школ, якія ўтрымліваліся пры рымска-каталіцкіх і базыльянскіх кляштарах. У візітацыі школы беразвецкіх бызыльян і канвікта адзначана, што кляштар кармелітаў босых у Глыбокім утрымліваў пры тутэйшай школе канвікт, які складаецца з 10 чалавек беднай шляхты і вылучанага для іх дазорцы (выхавацеля). Гэтым вучням кляштар забяспечваў усе жыццёвыя патрэбы з сумы 9 тыс. польскіх злотых [35]. У гэтым жа дакуменце апісаны і ўмовы сталавання вучняў: “на абед 3 стравы, 2 на вячэру, на сняданне, падвячорак вучням па кварце піва, дазорцу – дзве…” [36].

Пра тое, што ў пераважнай большасці кляштары поўнасцю забяспечвалі сябе півам, сведчаць і кнігі выдаткаў манастыроў. Там адзначаюцца выдаткі на іншыя віды алкаголю, а вось на піва – не. У выдатках асобна значыцца “віно для сакрыстыі / віно на імшу” і проста “віно” – для штодзённага спажывання. Так, у Свіслацкім кляштары францысканцаў у перыяд з 1815 да 1830 г. выдаткі на піва не адзначаюцца. Выключэнне – выдаткі на яго па-за кляштарам. Так, у лістападзе 1815 г. “на піва” было выдзелена 10 грошаў. Такая сума сведчыць, што яно было спажыта ў невялікай колькасці дзесьці па-за межамі кляштара (магчыма, у карчме ў час падарожжа кагосьці з манахаў). Іншыя выдаткі былі толькі на прадметы, неабходныя ў броварстве, напрыклад, на бочкі для піва [37].

Значнасць алкагольных напояў у жыцці кляштараў пацвярджае і тое, што ў пераліках страт, нанесеных вайной 1812 г., практычна ўсе манастыры, якія падавалі гэтыя звесткі, пазначылі і алкаголь. Так, Поразаўскі францысканскі кляштар вызначыў, што яму нанесены страты на 160 срэбных рублёў, сярод страт коні, сена і гарэлка [38]. Пастаўскі кляштар францысканцаў сярод страт, нанесеных вайной 1812 г., пазначыў 200 гарцаў гарэлкі на суму 60 руб. [39]. Друйскі дамініканскі кляштар у пераліку страт ад вайны падаў, сярод іншага, гарэлку, мёд, віно – разам страт на 580 руб. 10 кап. [40]. Гэтыя ж напоі пазначаны і ў пераліку страт Друйскага кляштара бернардзінцаў [41]. Глыбоцкія кармеліты залічылі да страт проста “разнастайны алкаголь” (“trunki rozmaite”) [42]. Удзельскія, празарокскія і пастаўскія францысканцы, а таксама мінскія бернардзінцы сярод страт (алкаголю) пазначылі толькі гарэлку [43]. Мінскія сёстры-бернардзінкі падалі дакладную колькасць страт. Так, паводле іх звестак, кляштар недалічыўся 305 гарцаў гарэлкі (на што быў выдадзены квіт) і яшчэ 200 гарцаў – без квіта [44]. Слуцкі кляштар бернардзінцаў пазначыў сярод страт 10 бочак піва і 200 гарцаў гарэлкі [45].

Збыт вырабленага алкаголю звыш таго, які ўжываўся непасрэдна ў кляштары, ажыццяўляўся праз корчмы, што належалі кляштарам. Часцей за ўсё яны здаваліся ў арэнду, але туды мог пастаўляцца алкаголь, выраблены на кляштарных або прыналежных кляштару фальваркавых броварах. Напрыклад, Віцебскаму кляштару езуітаў (1818) належалі 2 карчмы пры фальварку Сакольнікі, гадавы даход ад якіх складаў 1070 руб. асігнацыямі [46], 2 карчмы ў фальварку Белева, адна з якіх прыносіла гадавога даходу 500 руб. асігнацыямі, а ў другой вёўся “казённы продаж” [47]. Аршанскаму езуіцкаму манастыру, сярод іншых, належаў фальварак Фашчаўскі, да гэтага фальварка адносілася 5 корчмаў, якія прыносілі даходу: першая – 500, другая – 500, трэцяя – 600, чацвёртая – 450, пятая – 660 руб. асігнацыямі [48]. Таксама ў іх уласнасці быў фальварак Пагост, пры якім знаходзіліся 4 карчмы [49], і фальварак Паціяна з 2 корчмамі [50]. Дамініканцы ў Высокім Двары (Троцкі павет) у 1830 г. атрымлівалі гадавога даходу “за гарэлку” 40 срэбных рублёў (і 50 срэбных рублёў з карчмы) [51].

Знікненне традыцыі манастырскага піваварэння і вырабу гарэлкі. Канфесійная палітыка расійскіх уладаў у канцы XVIII – XIX ст. у адносінах да рымска-каталіцкай царквы эвалюцыянавала ад цярпімай і нават спрыяльнай (што выявілася, напрыклад, у захаванні ордэна езуітаў, адкрыцці семінарый у перыяд да 1820 г.) да абмежавальнай і рэпрэсіўнай. Так, у 1820 г. была забаронена дзейнасць ордэна езуітаў у Расійскай імперыі. У 1832 г. у заходніх губернях прайшла першая хваля касацыі каталіцкіх кляштараў, у час якой закрылі 199 манастыроў [52]. У 1842 г. кляштарам забаранілі мець уласнасць. Усе маёнткі манастыроў забралі ў казну, а самі манастыры перавялі на грашовае казённае ўтрыманне. Гэта значна паўплывала на тое, які алкаголь пачаў ужывацца ў манастырах. Яго сталі купляць, а не варыць. Так, у кнігах выдаткаў гродзенскіх францысканцаў бачым, што рэгулярна (штомесяц) набываліся 1–3 бочкі піва коштам па 2 руб. за бочку (іх колькасць павялічвалася ў пост – так, у сакавіку 1848 г. былі куплены 3 бочкі піва замест рэгулярнай адной бочкі ў месяц). Акрамя таго, часам куплялі і іншы алкаголь: напрыклад, у студзені 1848 г. – адна бутэлька рому, а таксама ў тым жа месяцы – 5 вёдзер і 3 гарцы гарэлкі (15 руб. 7 ½ кап.), у красавіку таго ж года – 137 гарцаў гарэлкі “з акцыза” (коштам 79 руб. 75 кап.), у ліпені 1848 г. – акрамя традыцыйнай бочкі піва яшчэ 3 бутэлькі віна (на што было выдаткавана 3 рублі) [53]. Пры гэтым з цягам часу стаў больш выкарыстоўвацца моцны алкаголь (гарэлка), пра што таксама сведчаць кнігі выдаткаў гродзенскіх францысканцаў.

У 40-я г. ХІХ ст. адбывалася прамежкавая хваля касацыі манастыроў. Апошняя масавая хваля касацыі прайшла пасля паўстання 1863–1864 г. Менавіта ў той час звярнулі ўвагу на бровары, якія яшчэ засталіся пры нешматлікіх кляштарах для забеспячэння ўнутраных патрэб манахаў у піве і мёдзе. Улады зацікавіла тое, што піва для ўнутраных патрэб варыцца без выканання правіл “Палажэння аб піцейным зборы” ад 4 ліпеня 1861 г. У выніку было вызначана, што варыць піва могуць толькі тыя кляштары, якія знаходзяцца ў вёсках і сёлах, і толькі ў дні храмавых святаў і толькі для ўнутраных патрэб [54].

Пачынаючы з 60-х г. ХІХ ст. на традыцыю манастырскага броварства, якая ўжо занепадала, паўплывалі і іншыя фактары. Перадусім гэта ўвядзенне акцызнага збору за піваварэнне (1861) [55]. Другая прычына – антыалкагольная кампанія і стварэнне брацтваў цвярозасці ўнутры каталіцкай царквы з 50-х г. ХІХ ст. [56]. Але гэты напрамак не рэалізаваўся ў поўнай меры, бо дзейнасць усіх каталіцкіх брацтваў ужо ў 60-я г. ХІХ ст. была забаронена [57]. Трэцяй прычынай стала паўстанне 1863–1864 г. і звязанае з ім узмацненне рэпрэсіўных мерапрыемстваў у дачыненні да рымска-каталіцкай царквы.

На фоне гэтых мерапрыемстваў рэзананснай стала гісторыя з кляштарным броварам бернардзінцаў у Крэтынзе (Ковенская губерня, Тэльшаўская дыяцэзія). Пасля ўвядзення акцызу праводзілася кампанія па выяўленні месцаў і выпадкаў безакцызнага вінакурэння. Амаль адначасова, у час паўстання 1863–1864 г., пільную ўвагу звярнулі на кляштары, бо менавіта яны лічыліся нядобранадзейнымі ў палітычным сэнсе. У выніку высветлілася, што на кляштарным падворку бернардзінцаў у Крэтынзе знаходзіўся каменны будынак бровара; у час аблавы кіраўнік акцызных збораў са сведкамі выявілі, што бровар працуе: у печы пад піваварным катлом быў разведзены агонь, а ў самім катле варылася піўное сусла, у заторным чане знаходзіўся солад, а яшчэ ў адной ёмістасці – злітае піўное сусла. Камісія вызначыла, што варэнне піва пачыналася а 8-й гадзіне вечара, а заканчвалася а 12-й гадзіне наступнага дня [58]. У пададзеным рапарце адзначалася: “Бернардинский монастырь действительно без ведома акцизного управления производил пивоварение на особенно (и по личному моему осмотру) хорошо устроенном заводе; не говоря уже о том, что положение в это время края совершенно объясняет такое нарушение Устава о питейном сборе. Неправильное пивоварение в бернардинском монастыре было обнаружено в самый разгар бывшего мятежа в Ковенской губернии, а какое участие приняли в нем католические монастыри и католическое духовенство, известно всем, а поэтому в такое смутное время монахи бернардинского монастыря могли почитать себе все дозволенным и по меншей мере позволить себе безакцизное пивоварение” [59].

Камісія вырашыла, што бернардзінцы варылі піва не для ўласных патрэб, а для продажу і для паўстанцаў. Кіраўнік акцызных збораў па Ковенскай губерні прапаноўваў пакараць бернардзінцаў у адпаведнасці з § 369 і 370 Статута аб піцейным зборы. Яны прадугледжвалі: § 369. “Кто… без ведома начальства и без подачи акцизному управлению объявления о выдаче надлежащего свидетельства, будет выделывать питья, тот в первый раз подвергается денежному взысканию, вдвое против суммы акциза, причитающегося за все количество выделанных на заводе питей, и сверх того завод закрывается на год, а найденные в нем и в заводских подвалах питья, припасы, материалы и посуда конфискуются и продаются в пользу казны”; § 370. “Если нет возможности привести в ясность количество незаконно выделанных или утаенных питей, то взыскание проводится соразмерно времени, в продолжении которого производилась незаконная выделка, полагая в сутки такое количество выхода питей, какое только может быть сделано при самом усиленном действии завода и определяя выходы питей по тем из материалов, которые дают самые обильные выходы” [60].

Выкарыстоўваючы гэтыя параграфы, кіраўнік акцызных збораў па Ковенскай губерні прапанаваў спагнаць з бернардзінцаў за перыяд з 1 студзеня да 6 жніўня 1863 г. суму 15 936 руб. 48 кап. [61]. Акрамя таго, ён прапаноўваў “конфисковать припасы и заготовленное пиво; но как этого своевременно не сделано ни судебным следователем, ни судебными местами и из дела не видно, сколько в монастыре хранилось выделанного пива и сколько заготовлено было для сего материалов, то в обсуждение этого обстоятельства ныне и невозможно входить, но, тем не менее, подлежат продаже в пользу казны как заторный и вспомогательный чаны вместе с пивоваренным котлом, так и значащиеся в акте 9 августа… найденные в заводе два новых чана и два котла, оставленные без измерения, и, независимо от сего, завод должен быть закрыт на год” [62].

Аднак манахі гэтага манастыра адмаўляліся ад вызначанага штрафу, больш за тое, настойліва спрабавалі захаваць за сабой права піваварэння для ўласных патрэб. Яны звярнуліся да мясцовага біскупа, а той, у сваю чаргу, да губернатара і ў міністэрства фінансаў, акцэнтуючы ўвагу на тым, што “монахи, все почти преклонных уже лет, вдруг лишенные употребления пива, нашлись в довольно затруднительном положении и через своего настоятеля обратились ко мне с просьбою об испрошении для них у Правительства оставления в ненарушимости предоставленной им раз привилегии. Применяясь к их справедливому желанию, преимущественно же имея в виду, что при постоянных постах, которые по уставу своего ордена они строго соблюдать обязаны, употребление пива кажется для них необходимостью…” [63]. Гэтым зваротам біскуп прасіў задаволіць просьбу манахаў і надалей працягваць варыць піва пры крэтынгскім кляштары. У выніку справа, якая цягнулася пяць гадоў, была скончана 10 красавіка 1869 г. У лісце з міністэрства фінансаў адзначалася: прымаючы пад увагу тое, што ў дадзеным выпадку піва, адпаведна арт. 233 Статута аб піцейным зборы, выдання 1867 г., варылася выключна для хатняга ўжывання, а піваварня была ўладкавана яшчэ да ўвядзення ў 1863 г. акцызнай сістэмы, міністэрства фінансаў лічыла правільным зацвердзіць рашэнне Ковенскай крымінальнай палаты аб вызваленні асоб, якія праходзілі па гэтай справе, ад усялякай адказнасці [64].

Наступствы спажывання алкаголю. Амаль пастаянны доступ да алкагольных напояў у кляштарах не абыходзіўся без злоўжыванняў алкаголем сярод духавенства. Назіраліся выпадкі як алкагалізму асобных манахаў, так і пагаршэння жыцця ў супольнасці таго ці іншага манастыра. Так, па звестках слонімскага гараднічага, такое пагаршэнне назіралася ў манастыры канонікаў рэгулярных латэранскіх. У рапарце ад 30 чэрвеня 1833 г. гараднічы адзначаў: “С самого вступления моего в настоящую должность, то есть с прошлого 1832 года, сперва окружен я был разными слухами о неблагопристойных и постыдных действиях ксендзов Слонимского каноницкого монастыря, а в последствии времени и удостоверился о истине сего слуха, ибо в сем монастыре большая часть молодых людей сии занимаются распутством, прочие же пьянством, так что ежедневно видимы суть нетрезвыми в трактирах, билярдах и шинках, к тому, имея вверенное обучение юношества, суть оному худым и может быть самым вредным примером. Настоятель же оного монастыря ксендз Тауш беспечен, смот рит на сие без всякого внимания… а тем самым соделал их бесподвладными ему, ближайшему начальнику, потому они… пьянствуя ночью в шинках, производили шум и драку, яко буяны были забирае мы военными командами на гауптвахту…” [65]. Вынікам гэтых скаргаў стала поўная замена складу насельнікаў кляштара.

Празмернае спажыванне алкаголю станавілася таксама прычынай самагубстваў. Так, у Гродзенскім кляштары францысканцаў у жніўні 1846 г. у выніку з-за гэтага здзейсніў самагубства манах Барталамей Барцэвіч [66], у 1847 г. у Луцкім дамініканскім манастыры на Валыні па той жа прычыне ўчыніў суіцыд манах Станкевіч [67]. Разам з гэтым, нельга сказаць, што ў гэтай сацыяльнай групе алкагалізм быў распаўсюджаны ў большай ступені, чым сярод іншых.

У канцы ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі з больш чым 200 каталіцкіх манастыроў працягнулі сваё існаванне толькі тры: два жаночыя (Гродзенскі брыгідак і Слонімскі бернардзінак) і адзін мужчынскі (Гродзенскі францысканцаў). Усе яны з 1842 г. былі пераведзены на казённае ўтрыманне і пазбаўлены ўласнай гаспадаркі, у тым ліку магчымасці мець бровары. Такім чынам, на працягу ХІХ ст. была фактычна знішчана не толькі традыцыя кляштарнага піваварэння, але і традыцыя існавання манаскіх ордэнаў і дзейнасці кляштараў увогуле.

Traditions of Alcohol Consumption and Production in Roman Catholic
Monasteries and Theological Seminaries in the Belarusian-Lithuanian Lands (1772–1914)

Raisa Zianiuk

The article traces the evolution of the traditions of alcohol production and consumption in Roman Catholic monasteries in the Belarusian-Lithuanian lands in the late 18th and early 20th centuries. The tradition of Roman Catholic monasticism on the territory of today’s Belarus dates back to the 13th century. However, monastic orders in the Belarusian-Lithuanian lands received the greatest development in the 17th – 18th centuries. Parallel to the development of the network of Roman Catholic orders and their monasteries, the main directions of their activities also developed. One of these directions was brewing and making strong alcoholic beverages.

The author tries to determine how important the consumption of alcohol was in everyday monastic life. Particular attention is paid to the consumption of alcoholic beverages in Roman Catholic theological seminaries – educational institutions where future representatives of the diocesan clergy received education and training. The article defines the main types of alcohol used in monasteries and seminaries (beer, vodka, and wine). It talks about the negative consequences of the use of alcohol by the clergy (alcoholism, and suicides), as well. The reason for the decline of the traditions of making alcoholic beverages in the Roman Catholic Church was the confessional policy of the Russian authorities after suppression of the uprising of 1863–1864, as well as the development of the industrial production of alcohol.


[1] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 294. Арк. 8адв.
[2] Вашкевіч А., Радзюк А. Ад карчомнай гарэлкі да казённай водкі: моцны алкаголь на Гродзеншчыне ў ХІХ – пачатку ХХ ст. // Grodnae et orbi: гарадскія супольнасці і гарадское асяроддзе XIV–XX стст. / пад рэд. А. Радзюка, В. Галубовіча.
Мінск, 2018. C. 143.
[3] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 290.
[4] Тамсама. Спр. 291.
[5] Тамсама. Спр. 282.
[6] Тамсама. Спр. 336. Арк. 7, 12адв.
[7] Тамсама. Воп. 26. Спр. 1396. Арк. 17адв.
[8] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). F. 694. Ap. 1. B. 3774. L. 66v.
[9] НГАБ. Воп. 1781. Спр. 27. Спр. 294.
[10] Inwentarze kolegium jezuitów w Nowogródku oraz jego majątków ziemskich z przełomu roku 1773 i 1774 / oprac. i wstęp A. Mariani. Poznań, 2020. S. 180.
[11] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 265. Арк. 23адв.–24.
[12] Тамсама. Арк. 24.
[13] Тамсама. Арк. 24адв. Анкер – мера аб’ёму, роўная 36,89 л.
[14] Тамсама. Спр. 336. Арк. 7, 8.
[15] Тамсама. Спр. 285. Арк. 6адв.
[16] Тамсама. Арк. 8адв.
[17] Тамсама. Арк. 61адв.
[18] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3819. L. 40v. Арак – алкагольны напой з анісавым смакам мацункам ад 40 да 80%.
[19] Inwentarze kolegium jezuitów… S. 26.
[20] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 148. Арк. 41–42.
[21] Тамсама.
[22] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3645. L. 71.
[23] Ibidem. L. 71v.
[24] Зянюк Р. У. Навучальныя ўстановы рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі (1772–1914 гг.). Мінск, 2017. С. 199.
[25] Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius (VUB RS). F. 57. Sign. Б54-150. L. 207v.
[26] Архіў касцёла францысканцаў у Гродне. “Inwentarz konwentu grodzieńskiego księży franciszkanów… 1775–1920”. Арк. 23.
[27] Inwentarze kolegium jezuitów… S. 45.
[28] НГАБ. Ф. 1430. Воп. 1. Спр. 4250. Арк. 1–1адв. “Указ Его императорского величества самодержца всероссийского из Правительствующего Сената господину действительному статскому советнику витебскому гражданскому губернатору Шрейдеру. По указу Его императорского величества Правительствующий Сенат слушали прошение содержателя режицкого питейного откупа купца Именитова, коим жалуется на Витебскую уголовную палату в том, что она по делу поступившему в оную на ревизию из Режицкого уездного суда о ввезенных крестьянами Люцинского уезда посинских ксендзов доминиканов в город Режицу без ярлыка и печатей 1 ½ ведра рома и 29 бутылок портеру, на манер англинских, основавшись на том, что ксендзы везли оныя напитки якобы не для подрыва откупу, предписала напитки оставить при нём, Именитове, впредь до представления ксендзами доказательств, что они иностранные, а взятые при оконфисковании оных товары на обеспечение штрафа им возвратить, тогда как таковые напитки на основании законов признаются корчемными, а провозители подвергаются штрафу. Приказали: означенное прошение откупщика Именитова препроводить к Вам, господину витебскому гражданскому губернатору, при указе с тем, чтобы истребовали откуда следует надлежащие сведения и по рассмотрении оных доставили Правительствующему Сенату свое мнение, возвратя и то прошение, которое при сем препровождается. Ноября 18 дня 1833 года / Обер-секретарь Крижновский / За секретаря Иосиф Монер”.
[29] Цыт. паводле: Зянюк Р. У. Навучальныя ўстановы… С. 199.
[30] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 2. Спр. 67. Арк. 17.
[31] Directorium horarum canonicarum et missarum in Annum MDCCXCI pro Carmelitis Discalceatis Provinciae Litvaniae
(Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Sygn. K 2561).
[32] Пра іх гл.: Зянюк Р. У. Рубрыцэлі і схематызмы як крыніца па гісторыі каталіцкага касцёла ў Беларусі // Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі: традыцыі і навацыі / уклад.: В. В. Яноўская, Р. У. Зянюк. Мінск, 2018. С. 238–245.
[33] НГАБ. Ф. 1668. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 13.
[34] Тамсама. Ф. 3421. Воп. 1. Спр. 158.
[35] Wanat B.J. OCD. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych w Polsce. Kraków, 1979. S. 465.
[36] Цыт паводле: Wanat B.J. OCD. Zakon karmelitów bosych… S. 465.
[37] Архіў касцёла францысканцаў у Гродне. “Registra expensarum conventus parochialis Svislocensis Ordinis Minorum S.P.Francisci Conventualium… Anno Domini 1815”. Б/н.
[38] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 11. Арк. 102.
[39] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 15. Арк. 103.
[40] Тамсама. Арк. 183.
[41] Тамсама. Арк. 183адв.
[42] Тамсама. Арк. 183адв.
[43] Тамсама. Арк. 185–188адв.
[44] Тамсама. Арк. 188–189адв.
[45] Тамсама. Арк. 191.
[46] Тамсама. Спр. 15. Арк. 3.
[47] Тамсама. Арк. 2.
[48] Тамсама. Арк. 4адв.
[49] Тамсама. Арк. 5.
[50] Тамсама. Арк. 5адв.
[51] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3774. L. 64v.
[52] Филатова Е. Н. Конфессиональная политика царского правительства в Беларуси, 1772–1860. Минск, 2006.
[53] Архіў касцёла францысканцаў у Гродне. “Registra acceptae Conventus Grodnensis Patrum Minorum Conventualium, Anno Domini 1842…”. Кнігі рахункаў за 1847–1860 г.
[54] Российский государственный исторический архив (РГИА). Ф. 821. Оп. 1. Д. 946. Л. 1–1об.
[55] Полное собрание законов Российской империи. Собр. 2. Т. 36. Отд. 2. С.-Петербург, 1861. № 37197. С. 39–70 (“Высочайше утвержденное положение о питейном сборе”, 4.07.1861 г.).
[56] Зянюк Р. У. Барацьба з рымска-каталіцкімі брацтвамі як форма абмежавання ўплыву касцёла ў другой палове ХІХ ст. // Паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі, Літве і Украіне: гісторыя і памяць / уклад.: В. В. Яноўская, А. У. Унучак,
А. Э. Фірыновіч. Мінск, 2014. С. 279–292.
[57] Тамсама.
[58] РГИА. Ф. 574. Оп. 2. Д. 808. Л. 8–16.
[59] Там же. Л. 3об.–4.
[60] Там же. Л. 4об.–5.
[61] Там же. Л. 5об.–7.
[62] Там же. Л. 5об. –7.
[63] Там же. Ф. 821. Оп. 1. Д. 946. Л. 4–4об.
[64] Там же. Ф. 574. Оп. 2. Д. 808. Л. 17–17об.
[65] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 426. Арк. 1–3.
[66] Тамсама. Воп. 21. Спр. 290.
[67] НГАБ. Ф. 1781. Воп. 2. Спр. 2891.

Наверх