Сяргей Новікаў. У пошуках дакладнай колькасці нацысцкіх ахвяр у Беларусі (на прыкладзе Трасцянецкага лагера смерці)
Гісторыя нацысцкага знішчэння беларускага народа – вялікая, грунтоўна вывучаная і добра вядомая галіна даследаванняў у сучаснай айчыннай і замежнай навуцы. Аднак у ёй дагэтуль з прычыны недахопу крыніц, адсутнасці дакладных звестак ці нераспрацаванасці практычных методык вывучэння такіх тэм застаюцца некаторыя белыя плямы. У той жа час у цяперашняй публічнай дыскусіі шырока ўкараняюцца новыя звесткі, прычым без грунтоўнага даследавання самога прадмета. На наш погляд, прапрацоўка гэтых важных аспектаў магчымая выключна пры правядзенні ўсебаковай навуковай дыскусіі аб трагедыі мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г.
Гэта надзвычай важна ў кантэксце таго факта, што ў 2021 г. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа “па фактах здзяйснення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фармаваннямі генацыду мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны” [1]. У яе рамках падрыхтавана выданне, дзе ў дачыненні да лагера смерці Трасцянец прыводзіцца агульная лічба знішчаных людзей у колькасці 546 тысяч чалавек [2].
Нагадаем, што ў сярэдзіне ліпеня 1944 г. з мэтай усебаковага, поўнага і аб’ектыўнага раскрыцця гісторыі падзей распачалася праца Мінскай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі (НДзК) СССР па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку размова ішла пра падлік максімальна дакладнай колькасці ахвяр, знішчаных у гады германскай акупацыі на тэрыторыі паблізу вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец. Вынікам яе дзейнасці сталі гістарычныя дакументы: акты камісіі, стэнаграмы і даведкі. Дзякуючы ім была закладзена крыніцазнаўчая база, якая на шмат гадоў з’явілася факталагічным падмуркам для ўсебаковага даследавання малавядомых старонак тых трагічных падзей, у тым ліку пошуку адказу на пытанне адносна колькасці ахвяр – як максімальнай, так і мінімальнай. Але і цяпер адсутнічае паразуменне наконт фактычных складнікаў гэтай лічбы, у тым ліку адносна класіфікацыі ахвяр, метадалогіі іх падліку і методыкі атрымання канкрэтных лічбаў.
Мэтай гэтага артыкула з’яўляецца спроба навуковага аналізу дакументальных фактаў для выяўлення максімальна дакладнай колькасці ахвяр нацысцкага генацыду ў раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец ў 1941–1944 г.
Гісторыя пытання ў беларускіх навуковых працах і літаратуры. Заўважым, што ў акадэмічнай літаратуры назва “Трасцянецкі лагер смерці” ўпершыню была выкарыстана толькі ў 1990 г. у спецыяльным артыкуле Васіля Раманоўскага ў энцыклапедыі “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны, 1941–1945” [3]. З яго вынікаў галоўны тэзіс: Трасцянецкі лагер смерці быў створаны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1941 г. каля вёскі Трасцянец Мінскага раёна для масавага знішчэння савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, а таксама іншаземных грамадзян.
Апроч таго, артыкул утрымліваў наступныя важныя звесткі пра тыя гістарычныя падзеі ў раёне Трасцянца. Масавыя забойствы людзей гітлераўцы праводзілі ва ўрочышчах Благаўшчына і Шашкоўка каля в. Малы Трасцянец. У Благаўшчыне было загублена каля 150 тыс. чалавек. У Шашкоўцы акупанты пабудавалі спецыяльную крэмацыйную печ-яму, дзе спальвалі расстраляных і атручаных газам людзей. Расстрэльвалі вязняў там жа, на месцы, асобныя групы людзей падрывалі гранатамі, часта кідалі ў агонь жывымі. Тут былі спалены больш за 50 тыс. чалавек. Попел з крэмацыйнай печы выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай у раёне лагера дапаможнай гаспадаркі, што належала ўпраўленню паліцыі бяспекі і СД г. Мінска. У чэрвені – ліпені 1944 г. у Малым Трасцянцы ў хляве і на штабелях бярвення акупанты спалілі каля 6,5 тыс. чалавек. Усяго ў Трасцянецкім лагеры смерці загублена 206,5 тыс. чалавек. У лагер прывозілі таксама палітвязняў з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславакіі. Трасцянецкі лагер смерці па колькасці знішчаных людзей стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданэка і Трэблінкі. Пры гэтым заўважым, што ў доктарскай дысертацыі Васіля Раманоўскага “Немецко-фашистская оккупационная политика и ее крах в Белоруссии (1941–1944 гг.)”, абароненай у Інстытуце гісторыі АН БССР у 1974 г., была спачатку ўведзена іншая назва ў дачыненні да месца масавага знішчэння ў раёне в. Малы Трасцянец – “канцлагер Трасцянец” [4].
Спецыяльна адзначым, што ў заключным 12-м томе “Беларускай савецкай энцыклапедыі” (выйшаў у 30-я ўгод кі перамогі Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне), дзе сабраны найважнейшыя матэрыялы з папярэдніх тамоў, у спецыяльным раздзеле “Беларуская ССР у гады Вялікай Айчыннай вайны” ніводным радком не згадана пра наступствы нацысцкага генацыду мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі, таксама нічога не гаворыцца пра самае буйное месца масавага знішчэння каля Мінска ў раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец [5]. У чацвёртым томе 5-тамовага выдання “Гісторыя Беларускай ССР” у падраздзеле “Фашысцкі «новы парадак» – рэжым крывавага тэрору” гісторыкі Іван Краўчанка і Раман Кручок у пераліку лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння кажуць пра адно з такіх месцаў у раёне вёскі Трасцянец, дзе гітлераўцы за гады акупацыі знішчылі 206 500 чалавек [6]. Такі ж падыход характарызаваў і спецыяльнае акадэмічнае выданне “История Белорусской ССР”, падрыхтаванае Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, для аўтараў якога на той час яшчэ адсутнічала такая тэма, як “нямецка-фашысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларускай ССР у гады Вялікай Айчыннай вайны” [7]. Толькі ў пачатку 1980-х г. беларускі чытач атрымаў сціплыя звесткі пра Трасцянец: у раздзеле 2 “Фашысцкая палітыка генацыду, рабавання і «выпаленай зямлі» ў 1943 г.” тома 2 новага трохтамовага выдання “Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков” (1983–1985) адзначалася, што ў раёне в. Малы Трасцянец адбываліся масавыя пакаранні смерцю савецкіх грамадзян, а таксама грамадзян, прывезеных з Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і Польшчы. За гады акупацыі ў раёне в. Малы Трасцянец было знішчана больш за 206 тыс. чалавек [8].
План тэрыторыі былога працоўнага лагера
каля в. Малы Трасцянец (складзены НДзК у ліпені 1944 г.).
Важна адзначыць, што спробы апісваць тыя трагічныя падзеі больш навуковай тэрміналогіяй сутыкалася з шырокай грамадскай думкай, якая ў большай ступені фармавалася дзякуючы 24-тысячнаму накладу невялікай брашуры “Экскурсія ў Трасцянец”, выдадзенай упершыню супрацоўніцай Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Алай Ванькевіч у 1986 г. [9]. Годам пазней брашура была перавыдадзена такім жа вялікім накладам. Дзякуючы ёй у шырокай грамадскасці замацоўвалася назва “канцэнтрацыйны лагер смерці – Малы Трасцянец” [10].
У 2003 г. выйшлі дзве новыя працы, у якіх аўтары выкарыстоўвалі розныя назвы. Так, калектыў архівістаў і гісторыкаў на чале з Галінай Кнацько ўжыў назву “лагер смерці Трасцянец” [11]. Як адзначаецца ва ўступным слове, сабраныя ў аднайменным зборніку дакументы і матэрыялы “не дазваляюць цалкам раскрыць гісторыю гэтага месца масавага знішчэння людзей” [12]. У сувязі з выхадам новага зборніка ўкладальнікі выказалі перакананне ў тым, што новыя дадзеныя, якія вынікаюць з дакументаў судовых працэсаў і паказанняў сведак, будуць садзейнічаць больш дакладнаму вызначэнню механізмаў з’яўлення і функцыянавання падсобнай гаспадаркі паліцыі бяспекі і СД Мінска і месцаў масавага знішчэння каля Мінска. Галоўнай мэтай выдання быў вызначаны ўсебаковы разгляд новых дакументальных крыніц як надзейнай магчымасці для больш дэталёвай рэканструкцыі драматычных падзей каля Малога Трасцянца ў 1942–1944 г. У тым жа годзе з’явілася новая праца “Тростенец”, у якой аўтарыўкладальнікі Сяргей Жумар і Раіса Чарнаглазава ўпершыню ўвялі да месцаў масавых злачынстваў і працоўнага лагера каля вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец абагульненую назву “тэрыторыя смерці Трасцянец” [13].
Наступнае дзесяцігоддзе стала адметным у плане навуковай распрацоўкі гісторыі Трасцянца і спробы яго мемарыялізацыі ў агульнаеўрапейскай прасторы. У гэты час у грамадскім дыскурсе шырока выкарыстоўваліся назвы “Трасцянецкі лагер смерці” [14], “лагер смерці Трасцянец” [15] і проста “Трасцянец” [16].
У тагачасных працах аўтара гэтых радкоў вядзецца размова пра працоўны лагер каля в. Малы Трасцянец і адно з найбуйнейшых месцаў масавых знішчэнняў – урочышча Благаўшчына, якія разглядаліся як у гістарыяграфічным, так і ў гістарычным аспектах. Калі ў першым выпадку чытачу прапанаваны крытычны аналіз манаграфічнага даследавання нямецкай даследчыцы Петры Рэнтрап пра Мінскае гета і Малы Трасцянец [17], дык у другім выпадку аўтар прапануе метадалогію падліку ахвяр, якія загінулі ў час масавых расстрэлаў у гэтым урочышчы ў 1942–1943 г., у аснову якой былі пакладзены не толькі дакументальныя звесткі НДзК, але і факты з судовых пратаколаў над былымі нямецкімі ўдзельнікамі злачынстваў з працэсаў, якія праходзілі ў Германіі [18].
Брама памяці на тэрыторыі былога лагера каля в. Малы Трасцянец.
Скульптар Канстанцін Касцючэнка. 2015 г.
Аналіз гістарычных падзей у раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец у еўрапейскім кантэксце ўпершыню быў праведзены на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай гэтай тэме, якая адбылася ў Мінску ў сакавіку 2013 г. [19]. У ходзе яе гісторыкі, архівісты і музеязнаўцы разгледзелі наступствы трагедыі ў “беларускім Асвенціме”, а таксама прэзентавалі вынікі практычнай дзейнасці грамадскасці па ўшанаванні памяці ахвяр. Цэнтральнае месца на канферэнцыі заняла прэзентацыя праектаў стварэння мемарыяльнага комплексу “па ўвекавечанні памяці ахвяр фашызму і захаванні гістарычнай дакладнасці на месцы масавага знішчэння 206 500 грамадзян усіх узростаў, розных нацый з васьмі дзяржаў Еўропы” (падрыхтаваных галоўным архітэктарам “Мінскпраекта” Ганнай Аксёнавай і кіраўніком аўтарскага калектыву Леанідам Левіным) [20].
У 2014 г. распачалася падрыхтоўка перасоўнай выставы на дзвюх мовах – беларускай і нямецкай – з перспектывай прэзентацыі шырокай грамадскасці гістарычных падзей у раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец. Нямецкамоўная выстава “Лагер смерці Трасцянец – гісторыя і памяць” была адкрыта ў Гамбургу 8 лістапада 2016 г., беларускамоўную выставу з удзелам навукоўцаў і шырокай грамадскасці адкрылі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 17 сакавіка 2017 г. У каталогу да выставы падкрэсліваецца, што Трасцянец быў самым буйным лагерам смерці на тэрыторыі Савецкага Саюза [21].
Адзначым, што 22 чэрвеня 2015 г. каля в. Малы Трасцянец з удзелам кіраўніка дзяржавы адкрылі першую чаргу “Мемарыяльнага комплексу Трасцянец”, другая – ва ўрочышчы Благаўшчына – адкрывалася на найвышэйшым узроўні з удзелам прэзідэнтаў трох краін – Беларусі, Аўстрыі і Германіі – 29 чэрвеня 2018 г. Важнымі момантамі гэтых падзей можна лічыць, у першым выпадку, увекавечанне на “Дарозе памяці” на спецыяльнай мемарыяльнай пліце агульнай лічбы ахвяр у колькасці больш як 400 000 чалавек, знішчаных у Мінску і яго ваколіцах, з якіх больш як 206 500 чалавек – у лагеры Трасцянец. Важна мець на ўвазе, што апошняя лічба зафіксавана таксама на чатырох мемарыяльных дошках, адкрытых у час згаданых афіцыйных мерапрыемстваў.
Міжнародны падыход у паказе гістарычных падзей у азначаным раёне характэрны для навукова-папулярнага выдання “Трасцянец” Наталлі Яцкевіч і Міхаіла Нікіціна, якое выйшла ў 2018 г. [22]. Яны адзначаюць, што каля былой вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна існавала найбуйнейшая на акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі СССР нацысцкая “фабрыка смерці” – Трасцянец. Ахвярамі тут сталі 206,5 тысяч мірных жыхароў Беларусі, Расіі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і іншых краін, а таксама ваеннапалонных [23]. Сярод нечаканых звестак, якія ўводзяць у шырокі зварот аўтары-ўкладальнікі (кніга выдадзена на трох мовах – беларускай, рускай, англійскай), вылучаецца новая лічба ахвяр, расстраляных і спаленых у Благаўшчыне, – 125 тысяч чалавек [24]. Як вядома, такой лічбы не было сярод матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, што працавала ў Трасцянцы летам 1944 г.; апроч таго, аўтары-ўкладальнікі не прыводзяць дакументальнага пацверджання гэтаму, як і не апісваюць методыку падліку колькасці ахвяр, што часам выклікае пэўныя пытанні ў чытачоў, не кажучы пра спецыялістаў.
У 2016 г. убачыў свет грунтоўны дакументальны зборнік “Тростенец. Трагедия народов Европы, память в Беларуси”, у якім гісторыкі, архівісты і музейныя работнікі сабралі і падрыхтавалі да выдання 255 дакументаў і матэрыялаў [25]. Ва ўводзінах да зборніка, падрыхтаваных Наталляй Яцкевіч, Аляксандрам Далгоўскім і Галінай Левінай [26], выкарыстоўваюцца такія азначэнні ў дачыненні да Трасцянца, як “лагер смерці Трасцянец”, “лагер Трасцянец”, “Трасцянецкі лагер”.
На наш погляд, важны здабытак уступнай часткі зборніка – навуковыя ацэнкі, зробленыя аўтарамі па выніках даследчыцкай апрацоўкі дакументаў. Так, аўтары прыходзяць да важнай высновы, што ў Трасцянцы была створана і дзейнічала “сістэма масавага знішчэння”, у якую ўваходзілі месцы знішчэння ва ўрочышчах Благаўшчына і Шашкоўка, былая калгасная адрына – як галоўныя месцы такога кшталту, а таксама працоўны лагер і ахоўны гарнізон [27]. Пры гэтым аўтарамі адзначаецца, што дакладная дата стварэння лагера каля в. Малы Трасцянец дакументальна не засведчана, але зыходзячы з новых фактаў, уведзеных у зварот, яны вызначаюць час яго стварэння на пачатак 1942 г., калі паліцыя бяспекі і СД Мінска пачалі выкарыстанне ў сваіх мэтах зямельных угоддзяў былога калгаса імя К. Маркса. Відавочна, што гэта разыходзіцца з традыцыйнымі ацэнкамі, замацаванымі ў беларускай савецкай і сучаснай гістарыяграфіі. Як вынікае з дакументаў, да траўня 1942 г. тут была створана вялікая гаспадарка (маёнтак) па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут жа працавалі такія вытворчыя аб’екты, як млын, лесапілка і шматлікія майстэрні (сталярная, шавецкая, кравецкая і інш.), якія забяспечвалі патрэбы акупантаў. Вязні лагера працавалі штодня па 12–15 гадзін. Паводле дакументаў, рэжым утрымання там быў надзвычай жорсткі. Вязні лагера знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай смерці, цалкам залежалі ад самавольства ахоўнікаў. На думку аўтараў, пра гэта сведчыла існаванне знешніх прыкмет асноўных месцаў нацысцкай сістэмы прымусовага ўтрымання людзей: наяўнасць агароджы з калючага дроту пад электрычным токам, вышкі для вядзення кругласутачнага назірання, гарнізона нямецкай аховы, узброенага кулямётамі і аўтаматамі, папераджальных шыльдаў з надпісамі на нямецкай і рускай мовах. Нямецкая адміністрацыя і канцылярыя падсобнай гаспадаркі размяшчаліся ў былых калгасных пабудовах [28].
У гэтым плане важна, што аўтары нарыса імкнуцца адэкватна ацаніць дакументальныя факты і вызначыць асноўныя функцыі працоўнага лагера і падсобнай гаспадаркі, якімі кіраваў апарат камандзіра паліцыі бяспекі і СД г. Мінска, у загадванні якога ў першую чаргу знаходзіліся месцы масавага знішчэння ў горадзе і ў яго ваколіцах. Гэтая служба, як адзначаецца ў тэксце, у сваю чаргу падпарадкоўвалася Галоўнаму ўпраўленню імперскай бяспекі. Паводле дакументаў, ахову лагера забяспечвалі латышскія добраахвотнікі, пазней фольксдойчэ, венгерскія, украінскія і беларускія паліцэйскія падраздзяленні. У канцы 1943 г. на тэрыторыі лагера часова размяшчаліся сілы “зондэркаманды 1005-Цэнтр”, галоўнай задачай якой была ліквідацыя слядоў масавага знішчэння людзей у ваколіцах Трасцянца. Аўтары адзначаюць, што ў вёсцы Малы Трасцянец таксама знаходзілася школа па падрыхтоўцы агентаў для закідвання ў партызанскія атрады. Тут жа размяшчаўся даволі моцны гарнізон з нямецкіх ваенных і мясцовай паліцыі, які неаднаразова зазнаваў напады партызан. Для супрацьдзеяння гэтаму вёска Малы Трасцянец была аб’яўлена “абарончай вёскай” [29].
Кажучы пра ўрочышча Благаўшчына як месца масавых расстрэлаў, аўтары прытрымліваюцца агульнага падыходу, адзначаючы пры гэтым, што з вясны 1942 г. яно стала месцам знішчэння дэпартаваных з краін Еўропы яўрэяў, яўрэяў Мінскага гета, а таксама месцам гібелі большасці ўдзельнікаў мінскага антыфашысцкага падполля, іх сем’яў, партызанскіх сувязных, раскрытых і арыштаваных СД, а таксама заложнікаў [30]. Паказваючы агульную лічбу ахвяр ва ўрочышчы Благаўшчына, аўтары прыходзяць да высновы, што “ў сістэме [яно] стала інтэрнацыянальным месцам пахавання каля 150 тысяч ахвяр нацысцкага тэрору – грамадзян Беларусі і краін Заходняй Еўропы (Германія, Аўстрыя, Чэхаславакія, Польшча)” [31].
Паводле прапанаванага аўтарамі падыходу, “лагер Трасцянец – спараджэнне нацысцкай сістэмы эксплуатацыі і знішчэння вялікіх мас людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, камбінаваны варыянт месца масавага знішчэння і працоўнага лагера. Тут адбываліся спантанныя і раней спланаваныя забойствы людзей, а таксама працоўная эксплуатацыя вязняў” [32]. Пры гэтым аўтары выказваюць тэзіс, што Трасцянец уваходзіць у лік васьмі найбуйнейшых лагераў і месцаў масавага знішчэння ў Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны, побач з Асвенцімам, Трэблінкай, Белжэцам, Хелмнам, Майдан экам, Сабіборам (усе на тэрыторыі Польшчы) і Ясеновацам (Харватыя).
Датычна другога месца масавага знішчэння – урочышча Шашкоўка, – дзе з канца 1943 г. пачаў дзейнічаць прымітыўны крэматорый (яма-печ), пабудаваны на манер кіеўскага, аўтары нарыса прыходзяць да важнай высновы, што “дадзеная прымітыўная печ стваралася ў канцы 1943 года як замена месцу масавага знішчэння ў Благаўшчыне” [33]. У сувязі з тым, што абсалютная большасць дэпартаваных яўрэяў з Заходняй Еўропы была знішчана летам 1942 г., а Мінскае гета перастала існаваць у кастрычніку 1943 г., “Шашкоўка была месцам знішчэння галоўным чынам беларускага насельніцтва” [34]. Не менш важная таксама і абгрунтаваная думка аўтараў пра тое, што ў Шашкоўцы адбывалася знішчэнне і яўрэйскіх грамадзян – перш за ўсё выбраных па прафесійных якасцях для працы на розных дзейных аб’ектах Мінска, а таксама ў самім Трасцянецкім лагеры. Агульную колькасць ахвяр, спаленых у яме-печы ва ўрочышчы Шашкоўка, аўтары выводзяць зыходзячы з запіскі следчага Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання НДзК СССР Рыгора Логінава ад 25 жніўня 1944 г., адзначаючы, што за восем месяцаў існавання гэтага месца (лістапад 1943 – чэрвень 1944 г.) там былі знішчаны і спалены 50 тысяч грамадзян [35].
У якасці апошняга месца масавага знішчэння людзей аўтары называюць былы калгасны хлеў, які стаў адным з элементаў “фабрыкі смерці Трасцянца” [36]. У ім, як пішуць аўтары нарыса, “29 чэрвеня 1944 года, за тры дні да вызвалення Мінска Чырвонай арміяй, паводле загаду намесніка каменданта лагера Рыдэра былі расстраляны, а потым спалены 6,5 тысяч чалавек” [37]. Пры гэтым адзначаецца, што гэта былі апошнія вязні, якія заставаліся ў працоўным лагеры, а таксама вязні мінскай турмы на вуліцы Валадарскага і лагера на вуліцы Шырокай, якіх у канцы чэрвеня 1944 г. вывезлі ў Малы Трасцянец. У нарысе занатавана, што ў час правядзення гэтай акцыі змаглі выратавацца толькі два чалавекі: Сцепаніда Савінская і Мікалай Валахановіч [38]. У дачыненні да прыведзенай цытаты хацелася б яшчэ звярнуць увагу на дату, калі адбываліся масавыя расстрэлы і спальванне людзей у былым калгасным хляве. Паводле пратакола допыту былога вязня лагера на вуліцы Шырокай у Мінску С. І. Савінскай, якая выратавалася ў час расстрэлу ў Трасцянцы (дак. № 67), і артыкула пісьменніка Кандрата Крапівы ў газеце “Звязда” ад 6 верасня 1944 г., у якім ідзе размова пра выратаванне былога партызанскага сувязнога М. І. Валахановіча (дак. № 75), масавыя расстрэлы ў хляве адбываліся не адзін, а два дні, 29 і 30 чэрвеня 1944 г. [39].
У канцы дзясятых і пачатку дваццатых гадоў XXI ст. гісторыя Трасцянца практычна ўпершыню трапіла ў фокус увагі новых напрамкаў “ваеннай археалогіі” – “археалогіі генацыду” і “археалогіі Халакосту” [40]. Першым прадстаўніком гэтых наватарскіх падыходаў у Беларусі стаў загадчык цэнтра археалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Кошман. Пры правядзенні даследавання па ідэнтыфікацыі ахвяр на тэрыторыі лагера Малы Трасцянец археолаг прыйшоў да высновы, што артэфакты, выяўленыя ў час археалагічных работ на месцы падрыхтоўкі будучага мемарыялу, уяўляюць сабой новы і ўнікальны від гістарычных крыніц, аналіз і інтэрпрэтацыя якіх дазваляе прадэманстраваць якасна новы погляд на трагедыю дзясяткаў тысяч людзей [41]. Даследаванне аб’ектаў “археалогіі генацыду”, “археалогіі Халакосту” на тэрыторыі Міншчыны прывяло гісторыка да высновы пра неабходнасць больш шырокага выкарыстання менавіта археалагічнай методыкі пры вывучэнні месцаў знішчэння насельніцтва ў час Другой сусветнай вайны. Апроч таго, В. Кошман звярнуў увагу на некарэктнасць падыходу да падліку колькасці ахвяр, якая вынікала з матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі 1944 г. [42].
У дачыненні да розных месцаў, дзе ў раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец адбываліся масавыя забойствы людзей, нямецкай адміністрацыяй ужывалася адзіная геаграфічная назва – Трасцянец. Але неабходна мець на ўвазе, што гістарычна гэтыя трагічныя падзеі былі звязаны з асобнымі месцамі, дзе адбывалася знішчэнне, у тым ліку дзвюма вёскамі – Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец, урочышчамі Благаўшчына і Шашкоўка і калгаснай адрынай каля вёскі Малы Трасцянец. Заўважым, што кожнае з гэтых месцаў фігуруе ў дакументах Беларускай рэспубліканскай камісіі садзейнічання ў рабоце НДзК СССР [43]. Спецыяльна падкрэслім, што пэўную эвалюцыю ў назвах месца памяці, пра якое размова, давялося прайсці і першаму беларускаму даследчыку В. Раманоўскаму, які ў пачатку 1970-х г. спрабаваў не толькі апісаць гістарычныя падзеі ў раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец, але і ўвёў на навуковы зварот агульную лічбу ахвяр колькасцю 206 500 чалавек. Пачынаючы з яго дысертацыйнага даследавання, якое так і не было апублікавана ў якасці асобнай манаграфіі, можна прасачыць эвалюцыю назваў, якія выкарыстоўваў гісторык і якія ўвайшлі ў навуковы зварот: “канцлагер Трасцянец” (1974), “лагер смерці Малы Трасцянец” (1990) і “Трасцянецкі лагер смерці” (1990).
Вывучэнне тэмы нямецкімі даследчыкамі. Тэму Трасцянца не абышлі маўчаннем і нямецкія даследчыкі. Піянерам сярод іх у вывучэнні гэтага гістарычнага месца стаў берлінскі даследчык Паўль Коль, які ў 1990 г. выдаў працу, пабудаваную на нямецкіх дакументах, успамінах савецкіх відавочцаў і матэрыялах пасляваенных судовых працэсаў над нацысцкімі злачынцамі ў Беларусі і Германіі. Асабліва важным для беларускага чытача можна лічыць той факт, што з канца 1980-х у нямецкай гістарыяграфіі гэтаму месцу ў раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец надаваўся міжнародны статус. Дзякуючы П. Колю ў дачыненні да яго была ўпершыню ўведзена ў шырокі ўжытак назва “беларускі Асвенцім” [44], тым самым Трасцянец уключаўся ў спіс шэрагу нацысцкіх лагераў смерці ў Еўропе.
Другі нямецкі гісторык, аўтар фундаментальнага даследавання пра германскую акупацыйную палітыку і палітыку знішчэння ў Беларусі ў 1941–1944 г. Крысціян Герлах спалучае месцы масавага знішчэння ў раёне Трасцянца і называе іх лагерам смерці. На яго погляд, агульная лічба ахвяр, у тым ліку дэпартаваных яўрэяў з Аўстрыі, Германіі і Чэхаславакіі, пахаваных ва ўрочышчы Благаўшчына, складала ад 40 да 50 тысяч чалавек. Заўважым, што нямецкі даследчык у той жа час пагаджаецца з лічбай ахвяр, знішчаных у калгаснай адрыне ў канцы чэрвеня 1944 г. (6,5 тыс. чалавек), але агульную колькасць ахвяр у раёне Трасцянца вызначае лічбай “каля 60 тысяч чалавек”, выкарыстоўваючы пры гэтым наступную агаворку – “па грубых падліках” [45].
Ушанаванне памяці 150 тысяч ахвяр у Благаўшчыне
(чэрвень 2018 г.)
Важны ўклад у сучасную германскую гістарыяграфію ўнесла даследаванне Петры Рэнтрап “Месцы масавых злачынстваў «канчатковага рашэння». Мінскае гета і месца знішчэння Малы Трасцянец” (Берлін, 2011) [46]. У ім аўтарка не выкарыстоўвае абагульненую назву “Трасцянец”, а згадвае канкрэтныя месцы трагедыі, г. зн. працоўны лагер Малы Трасцянец і месцы масавага знішчэння: Благаўшчына, Шашкоўка, адрына. Даследчыца ставіць пад сумненне факт правядзення ў Благаўшчыне расстрэлаў неяўрэйскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных, пачынаючы ўжо з восені 1941 г. Спасылаючыся на дакументальныя крыніцы, яна паказвае, што для стварэння і функцыянавання такога месца, а таксама правядзення маштабных расстрэлаў за рысай горада, пачынаючы з восені 1941 г., неабходна было поўнае ўкамплектаванне штату сіл мінскай паліцыі бяспекі і службы бяспекі (СД). Працоўны лагер быў створаны на ўскраіне вёскі Малы Трасцянец (на тэрыторыі былога калгаса імя Карла Маркса) у канцы красавіка 1942 г. У час першага расстрэлу ў Благаўшчыне, які адбыўся 11 траўня, было знішчана каля 1 тыс. яўрэяў з Вены (Аўстрыя). Новай нам бачыцца думка даследчыцы, што аднаўленне дэпартацыі еўрапейскіх яўрэяў у напрамку Мінска з’яўлялася вызначальнай умовай для стварэння месца знішчэння ў Благаўшчыне. На працягу перыяду з траўня да кастрычніка 1942 г. у Мінск і Малы Трасцянец (праз станцыю Калодзішчы. – С. Н.) прыбылі 16 эшалонаў з дэпартаванымі яўрэямі, з якіх 9 – з Вены, 5 – з Тэрэзіенштата і па адным з Кёнігсберга і Кёльна. З амаль 23 тысяч дэпартаваных у Мінск і Малы Трасцянец удалося застацца жывымі толькі 75 асобам. Як лічыць даследчыца, агульная колькасць людзей, знішчаных у раёне Малога Трасцянца, складае значна менш за 60 тысяч чалавек, з якіх у Благаўшчыне было забіта больш за 30 тысяч яўрэяў [47]. Пры гэтым П. Рэнтрап адзначае, што дакладныя дадзеныя адносна падзей, якія мелі месца на гэтай тэрыторыі, атрымаць немагчыма [48].
Звернем увагу чытача на тое, што высновы нямецкай даследчыцы грунтуюцца на матэрыялах судовых працэсаў над нацысцкімі злачынцамі ў пасляваеннай Германіі. У адносінах да факта масавага знішчэння людзей ва ўрочышчы Благаўшчына яна звяртаецца да матэрыялаў следства над Адольфам Рубэ – былым кіраўніком рабочай каманды, якая была накіравана ад мінскай паліцыі бяспекі і СД у распараджэнне “зондэркаманды 1005” для правядзення эксгумацыі целаў забітых і пахаваных у 34 ямах-магілах у Благаўшчыне (работы праводзіліся з 27 кастрычніка да 15 снежня 1943 г.). Па звестках Рубэ, яго функцыянальныя абавязкі заключаліся ў тым, каб разам з савецкімі ваеннапалоннымі ўскрываць ямы, даставаць адтуль рэшткі забітых, складваць іх у некалькі ярусаў для спальвання і падпальваць складзеныя ў штабелі парэшткі. У хуткім часе, як паказваў на допытах у ходзе следства Рубэ, “рускія” самі настолькі добра працавалі, што яму нічога не заставалася, як назіраць за гэтым. Але тады застаецца зусім незразумелым, чаму вынікам такіх “назіранняў” з’явілася абсалютна недакладная лічба агульнай колькасці эксгумаваных ахвяр, выяўленых у 34 ускрытых ямах-траншэях, прычым з разбежкай аж у 15 тысяч. Па паказаннях Рубэ, гэтая лічба складала ад 40 да 55 тысяч (!) [49]. Відавочна, што такая вялікая разбежка не мела б месца, калі б Рубэ адказваў за падлікі і вёў іх пастаянна. Між тым, асабліва важным у яго паказаннях мы бачым тое, што ён згадвае імёны іншых відавочцаў і выканаўцаў, сярод якіх і імя старшага лейтэнанта (Oberleutnant) Ота Гольдапа, афіцэра з ведамства мінскай паліцыі бяспекі і СД, які на працягу 6 тыдняў, г. зн. усяго тэрміну правядзення работ “зондэркамандай 1005” ва ўрочышчы Благаўшчына, выконваў абавязкі намесніка камандзіра (на працягу гэтага часу камандзіраў мянялі тройчы. – С. Н.). Як мы адзначалі ў сваім даследаванні па ўрочышчы Благаўшчына, паказанні гэтага афіцэра праліваюць дадатковае святло на агульную лічбу ахвяр (да 100 тыс. чалавек) [50], але да гэтага часу названыя звесткі не былі выкарыстаны ні нямецкімі, ні іншымі даследчыкамі, у тым ліку аўтарамі-ўкладальнікамі апошняй працы 2016 г. Апошнія па нейкіх прычынах не надалі ніякага значэння гэтай дакументальна пацверджанай лічбе, як і новай працы П. Рэнтрап. У той жа час важным момантам у яе працы з’яўляецца і класіфікацыя гэтага месца нацысцкіх злачынстваў, паводле якой Малы Трасцянец займаў прамежкавае становішча паміж месцам масавага знішчэння і лагерам смерці.
Кажучы пра агульную колькасць ахвяр у Малым Трасцянцы, нямецкая даследчыца адзначае, што дакладную агульную лічбу ахвяр наўрад ці можна ўстанавіць з прычыны недастатковасці дакументальных крыніц. У якасці прыблізнай яна прапануе лічбу, да якой прыйшлі ў сучаснай нямецкай гістарыяграфіі, г. зн. не менш як 60 тысяч чалавек [51]. Тут варта заўважыць, што нямецкія гісторыкі адзіныя ў тым, што ў час нямецкай акупацыі месца знішчэння ў Трасцянцы было адным з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі [52].
Месцы масавых знішчэнняў у дакументальных крыніцах. Асобныя дакументальныя звесткі пра трагічныя падзеі ў месцах знішчэння Благаўшчына, Шашкоўка і каля вёскі Малы Трасцянец упершыню былі апублікаваны ў 1965 г. у зборніку “Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941–1944 г.” [53]. Наступны крок па зборы дакументаў у рамках гэтай тэмы беларускія гісторыкі зрабілі праз некалькі дзесяцігоддзяў, толькі ў пачатку новага тысячагоддзя. Так, у 2003 г. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны выдалі зборнік “Лагер смерці Трасцянец” са 117 дакументамі і матэрыяламі пад рэдакцыяй вядучага архівіста НАРБ Г. Кнацько. Менавіта тут быў апублікаваны “Акт Мінскай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце НДзК СССР аб злачынствах гітлераўцаў у раёне вёскі Малы Трасцянец” ад 25 ліпеня 1944 г., у якім зафіксаваны наступныя лічбы: “па самых мінімальных падліках, у раёне лагера Трасцянец фашысцкімі людаедамі знішчана 546 тысяч чалавек, з іх у 34 магілах пахаваны рэшткі (попел і косці) 476 тысяч чалавек, у печы спалены 68 тысяч чалавек, у хлявах і на бярвенні спалены 2000 чалавек” [54]. У тым жа годзе творчы калектыў у складзе С. Жумара і Р. Чарнаглазавай падрыхтаваў навукова-папулярнае выданне “Трасцянец” з 27 дакументамі і 49 ілюстраванымі матэрыяламі [55].
На наш погляд, заслугай укладальнікаў дзвюх апошніх прац з’яўляецца тое, што яны, з аднаго боку, імкнуліся ўвесці ў шырокі ўжытак новыя крыніцы, выяўленыя ў архівах Беларусі, а з другога – спрабавалі зрабіць свой унёсак у справу навуковай ацэнкі гістарычных падзей, якія мелі месца ў Трасцянцы. Галоўным навуковым здабыткам першага зборніка можна лічыць імкненне да ўвядзення ўніфікаванай абагульненай назвы – “лагер смерці Трасцянец”, пад якім разумеецца найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі месца масавага знішчэння “савецкіх ваеннапалонных, яўрэяў Беларусі і заходнееўрапейскіх краін, падпольшчыкаў і партызан, жыхароў Мінска, арыштаваных у якасці заложнікаў” [56]. У той жа час аўтары-ўкладальнікі другога зборніка прапанавалі ў якасці абагульненай назвы фактычна зусім новую дэфініцыю – “тэрыторыя смерці Трасцянец”. Заўважым, што ўведзенае ў навуковае жыццё азначэнне амаль не адрознівалася ад назвы “Трасцянецкі лагер смерці”, вядомай з канца 1980-х у дачыненні да месца, створанага акупантамі ў 1941 г. для масавага знішчэння савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, а таксама іншаземных грамадзян.
Кажучы пра “Трасцянец”, гісторыкам неабходна памятаць, што ў навуковай літаратуры цяпер выкарыстоўваецца назва, якая спалучае ў сабе адразу некалькі месцаў масавага знішчэння і ўтрымання людзей на тэрыторыі, прылеглай да вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец: урочышча Благаўшчына – месца масавых расстрэлаў у 1942–1943 г., працоўны лагер – месца ўтрымання вязняў для выкарыстання ў якасці працоўнай сілы ў падсобнай гаспадарцы паліцыі бяспекі і СД г. Мінска (1942– 1944), урочышча Шашкоўка – месца масавага спальвання людзей (1943–1944) і адрына побач з працоўным лагерам каля в. Малы Трасцянец – месца расстрэлу і спальвання людзей (чэрвень 1944 г.). Аднак заўважым, што ў навуковых выданнях нельга знайсці адказу на пытанне, што было галоўнай прычынай пераўтварэння часовага працоўнага лагера, створанага каля в. Малы Трасцянец, у цэнтральнае месца знішчэння на тэрыторыі Беларусі. На наш погляд, адной з галоўных прычын гэтага былі ваенна-стратэгічныя змены, якія адбыліся ў канцы 1941 г. на ўсходнім фронце, калі група армій “Цэнтр” у выніку контрнаступлення Чырвонай арміі пад Масквой была вымушана адступіць, пакінуўшы захопленыя да таго часу савецкія тэрыторыі, і тэрмінова ўдакладняць свае першапачатковыя захопніцкія планы, а Імперская служба бяспекі – скарэктаваць нацысцкую праграму вынішчэння яўрэяў з заходне- і цэнтральнаеўрапейскіх краін. Таму давялося адмовіцца ад першапачатковай ідэі стварэння ў Магілёве, на беразе Дняпра, месца масавага знішчэння накшталт Асвенціма, а шукаць такое месца ў ваколіцах Мінска [57].
Аб методыцы падліку максімальна дакладнай колькасці страт. Звяртаючыся яшчэ раз да зборнікаў дакументаў, якія ўбачылі свет у 2003 і 2016 г., варта адзначыць, што іх укладальнікі ўводзяць у пералік ахвяр яўрэяў з Польшчы. На наш погляд, такая пазіцыя не знаходзіць дакументальных пацверджанняў, у першую чаргу ў прыведзеных у першым з гэтых зборнікаў тэлеграмах Галоўнай чыгуначнай дырэкцыі “Цэнтр” пра рух спецыяльных цягнікоў (гл. дак. № 2, 3, 5, 7, 8, 9) [58]. Таксама звернем увагу на пададзеную ў зборніку 2003 г. агульную лічбу ахвяр у раёне ўрочышча Благаўшчына – “каля 150 тысяч”. Было б больш дакладна гаварыць не пра прыблізную лічбу, а так, як гэта пададзена ў самім заключным дакуменце НДзК, апублікаваным у зборніку (дак. № 73 “Из справки начальника отдела Белорусской республиканской комиссии ЧГК СССР Г. Л. Логинова о массовом истреблении гражданского населения и военнопленных в Минске и его окрестностях в 1941–1944 г.”, ад 25 жніўня 1944 г.). У гэтай у поўным сэнсе гістарычнай даведцы, якая на дадзены час, на наш погляд, павінна стаць зыходнай агульнапрынятай крыніцай для сучаснай айчыннай і замежнай гістарыяграфіі, замацоўваюцца рэальныя маштабы вынішчэння людзей у раёне вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец. З улікам яе асаблівай важнасці падаем цалкам гэты дакумент на мове арыгіналу:
Минск, 25 августа 1944 г.
Большой Тростенец, лес Благовщина (тут і далей падкрэсленне ў дакуменце. – С. Н.). Обнаружено 34 ямы-могилы.
1. Длина ямы 35 м, шир[ина] 5 м, гл[убина] 3 м. В среднем в каждой яме похоронено 3675 чел.
Люди, привезенные из Германии, Чехословакии, Австрии и других государств.
В 34 ямах-могилах похоронено 150 000 человек.
Малый Тростенец, лагерь.
1. Обнаружен колхозный сарай, сожженный с людьми, в количестве 6500 человек. По подсчету и медицинскому определению.
Вблизи деревни Малый Тростенец обнаружена печь-крематорий.
По показаниям свидетелей, сожжено советских жителей с 1943 г. до прихода Красной Армии 50 000 человек [59].
З дакумента вынікае, што ў 34 ямах-магілах, выяўленых у лесе Благаўшчына (які тут адносіцца да Вялікага Трасцянца), пахавана 150 000 чалавек (менавіта такую лічбу ўводзіць Р. Логінаў). Калі гаварыць пра прыблізныя лічбы (“каля 150 тысяч”), то незразумела, як з іх улікам атрымалася дакладная лічба 206,5 тысяч чалавек.
Урэшце, важна зразумець, якімі дакументамі неабходна карыстацца пры правядзенні агульнага падліку лічбы ахвяраў, знішчаных у Трасцянцы. У сувязі з гэтым узнікае і наступнае пытанне: чаму Мінская абласная камісія НДзК СССР на паседжанні 12 жніўня 1944 г. [60] не падтрымала намаганні свайго старшыні, генерал-маёра Васіля Казлова, які на першым яе паседжанні 25 ліпеня настойваў на тым, што, “па самых мінімальных падліках”, у раёне лагера Трасцянец знішчана 546 тысяч чалавек [51]. Для пошуку адказу на гэтае прынцыповае пытанне звернемся да акта паседжання камісіі ад 13 жніўня 1944 г. [62], на якім прысутнічаў прадстаўнік НДзК СССР генерал-палкоўнік акадэмік Мікалай Бурдэнка. На ім згаданая лічба не фігуруе ў якасці прадмета абмеркавання, наадварот, акадэмік тлумачыць гэты момант і адзначае, што правяраў лічбы, пададзеныя Логінавым, і “што ён правільна падлічыў”. Пры гэтым адзначае: “Калі мы прымаем сапраўдныя лічбы, мы павінны ўсё улічыць”, інакш “будзе праверачная нямецкая камісія” [63].
На нашу думку, пры правядзенні падлікаў варта ўлічваць прынцып “юрыдычнай калізіі”, які заключаецца ў тым, што дакумент ад 25 жніўня 1944 г., падрыхтаваны найвышэйшай інстанцыяй, якой была Беларуская рэспубліканская камісія садзейнічання НДзК СССР, ставіў на той час кропку ў падліку агульнай колькасці людзей, знішчаных у Трасцянцы, даючы тым самым магчымасць для рэканструкцыі самай трагічнай старонкі гісторыі Беларусі ў 1941–1944 г.
Разгледзім метад падлікаў Р. Логінава, на падставе якога была атрымана агульная лічба ахвяр. Заўважым, што гэтая лічба (206,5 тыс. чалавек) атрымліваецца ў выніку падліку ахвяр у трох месцах масавага знішчэння: урочышчах Благаўшчына і Шашкоўка, а таксама ў калгаснай адрыне. У час абмеркавання папярэдніх вынікаў масавых забойстваў грамадзянскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных у Мінску і яго ваколіцах Логінаў кіраваўся метадам “усярэдненага памеру”. На справе гэта азначала пошук сярэдняй колькасці ахвяр, якія маглі б размяшчацца ў адным кубічным метры ямы-магілы. У выніку ім быў прыняты каэфіцыент 7 чалавек на 1 куб. м. Зыходзячы з гэтага, Логінаў правёў агульныя падлікі ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе пасля першага наведвання гэтага месца 14 ліпеня члены Надзвычайнай камісіі выявілі 34 ямы-магілы (траншэі) дакладных фізічных памераў: даўжыні, глыбіні і шырыні. Як вынікае з вышэйзгаданага дакумента, у сярэднім у кожнай з ям было пахавана 3675 чалавек. Гэтая лічба атрымліваецца з падлікаў, у аснове якіх ляжаць звесткі аб фізічных памерах ям-магіл, занатаваных у час працы камісіі цягам тыдня, з 14 да 21 ліпеня 1944 г. Відавочна, што для гэтага была ўзята максімальная глыбіня ям, роўная 5 м [64]. У такім выпадку агульны аб’ём усіх 34 ям-магіл, паводле нашых падлікаў, складае 25 459 куб. м. Максімальная колькасць ахвяр, якая магла быць пахавана ў Благаўшчыне з вясны 1942 да восені 1943 г. у гэтым выпадку атрымалася б 178 213 чалавек. Аднак, паводле падлікаў Логінава, гэта лічба складае 150 000 чалавек. Бліжэй да яе лічба, калі ў 1 м куб. будзе ўтрымлівацца не 7, а 6 цел забітых людзей – пры такім каэфіцыенце лічба складае 152 754 чалавекі. Гэтая лічба значна бліжэй па сваім значэнні да зафіксаванай у выніковым дакуменце НДзК ад 25 жніўня 1944 г. Заўважым, што размова ідзе пра максімальныя лічбы, якія на той час былі выкарыстаны для абгрунтавання формулы разлікаў.
Можна звярнуць увагу і на тое, што паводле пратакола агляду месцаў знішчэння людзей ва ўрочышчы Благаўшчына ўдзельнікі камісіі правялі кантрольныя шурфы толькі ў 5 месцах: у траншэях № 1, 3, 6, 11, 34 [65]. Як вынікае з прыведзеных звестак, траншэя пад нумарам 3 мела глыбіню не 5, а 4,5 м. З пратакола таксама відаць, што траншэі 12, 13 і 18 мелі іншую глыбіню, а менавіта 4,5 м, 4,5 м і 6 м. Але адкуль паходзяць такія звесткі, калі ў згаданых траншэях не былі зроблены праверачныя шурфы?
Апроч таго, праведзеныя аўтарам падлікі грунтуюцца на тым, што ў ходзе даследавання вёўся пошук максімальна дакладнай колькасці ахвяр ва ўрочышчы Благаўшчына. Але цяперашняя “ваенная археалогія” сведчыць пра важнасць абавязковага ўліку грунту, якім забітыя ахвяры засыпаліся зверху. Інакш кажучы, толькі з улікам гэтых аб’ёмаў можна весці пошук агульнай лічбы расстраляных і пахаваных. Тым больш, што гэтае месца пастаянна выкарыстоўвалася для масавых расстрэлаў, таму патрабавалася таксама максімальна надзейная засыпка верхняга грунту. Паводле дакументаў НДзК, а таксама досведу раскопак падобных пахаванняў 52-м Асобным сапёрным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, глыбіня грунтавой засыпкі масавых магіл перыяду 1941–1944 г. складала ў сярэднім 1,0–1,5 м [66].
Як бачым, максімальная лічба ахвяр ва ўрочышчы Благаўшчына патрабуе далейшага даследчыцкага аналізу, прычым з улікам не толькі звестак НДзК, але і нямецкіх дакументальных крыніц.
У той жа час з выяўленых у апошні час нямецкіх архіўных звестак, атрыманых у час допытаў былых нямецкіх паліцэйскіх з асобнай каманды СД-1001 Мінскага ўпраўлення службы бяспекі, якая забяспечвала дзейнасць “зондэркаманды 1005-Цэнтр” па ліквідацыі слядоў нацысцкіх злачынстваў ва ўрочышчы Благаўшчына, у канчатковым выніку там было эксгумавана і спалена “да 100 000” цел забітых [67].
Высновы. Сёння ў Беларусі пачаўся новы этап даследавання найбольш складаных старонак нацысцкага генацыду і масавага знішчэння беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Чытацкая аўдыторыя і ў нашай краіне, і па-за яе межамі чакае аб’ектыўных навуковых прац, аснову якіх павінны складаць навукова верыфікаваныя дакументальныя крыніцы, сучасныя методыкі падліку ахвяр і імкненне аўтараў да гістарычнай праўды. Але прыклад Трасцянца сведчыць пра сур’ёзныя супярэчнасці ў вызначэнні агульнай колькасці знішчаных там людзей рознай сацыяльнай, нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці, у тым ліку яўрэяў з тагачасных еўрапейскіх краін – Аўстрыі, Германіі і Чэхаславакіі.
Агульнапрыняты наратыў, замацаваны ў беларускай савецкай і сучаснай гістарычнай навуцы, фармаваўся цягам пасляваенных гадоў на падставе наяўнай базы дакументальных крыніц. Яго аснову складалі гістарычныя факты, уведзеныя ў шырокі зварот дзякуючы дзейнасці Мінскай абласной камісіі садзейнічання ў рабоце НДзК СССР па расследаванні і ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Беларускай рэспубліканскай камісіі НДзК СССР, якія афіцыйна замацавалі ў дакументах адпаведныя дадзеныя. Любая прамая ці ўскосная змена прынятых лічбаў патрабуе грунтоўнага навуковага даследавання на аснове выкарыстання як традыцыйных, так і новых методык падліку з мэтай атрымання навукова верыфікаваных дадзеных. Пошук у гэтым напрамку яшчэ працягваецца, паколькі новыя магчымасці для падліку даюць падыходы, якія выкарыстоўваюцца сёння ў “ваеннай археалогіі”.
Толькі дакументальнае абгрунтаванне максімальнай дакладнай колькасці ахвяр у Трасцянцы можа ліквідаваць адну з белых плям у гісторыі Беларусі 1941–1944 г. Гэта надзвычай важна для сучаснага наратыву пра Трасцянец, які ў апошні час стаў міжнародным месцам памяці, уведзены ў навуковы, навучальны і музейны дыскурс, выкарыстоўваецца ў экскурсійнай працы і складае інфармацыйную базу сусветна вядомага мемарыяльнага комплексу.
In search of a precise number of Nazi victims in Belarus
(on example of the Trascianiec death camp)
Siarhiej Novikaŭ
In the article, the author reveals the process of forming a scientific and public narrative regarding the calculation of the most accurate number of victims of the Nazi mass crimes in the area of the villages of Vialiki and Maly Trascianiec near Minsk in 1941–1944. The history of the issue in Belarusian scientific works and literature is revealed, the results of the study of the topic by German researchers are presented, the places of mass crimes are analyzed in the reflection of documentary sources, the current situation of the existing source research base is considered, a method of calculating the number of victims based on the criteria of “military archeology” is proposed. A call is articulated to Belarusian and foreign historical science to use scientific methods of work in studying the history of places of mass crimes, using the example of the Trascianiec death camp. A conclusion was made about the need to preserve in the collective memory the historical truth about the tragic past in the places of mass destruction of people in the tracts of Blahaŭščyna and Šaškaŭka, in the collective farm shed near the village of Maly Trascianiec.
[1] Геноцид белорусского народа = Genocide of the Belаrusian people: информационно-аналитические материалы и документы / под общ. ред. А. И. Шведа. Минск, 2022. С. 6
[2] Тамсама. С. 38.
[3] Раманоўскі В. П. Трасцянецкі лагер смерці // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 590.
[4] Романовский В. Ф. Немецко-фашистская оккупационная политика и её крах в Белоруссии (1941–1944 г.): дисс. … докт. ист. наук: 07.00.02. Минск, 1974. С. 317.
[5] Беларуская ССР у гады Вялікай Айчыннай вайны // Беларуская савецкая энцыклапедыя: у 12 т. Т. 12. Мінск, 1975. С. 159–180.
[6] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938–1945 г.). Мінск, 1976. С. 257.
[7] Белоруссия в годы Великой Отечественной войны // История Белорусской ССР. Минск, 1977. С. 369–438.
[8] Фашистская политика геноцида, грабежа и “выжженной земли” в 1943 г. // Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны: в 3 т. Т. 2 / гл. редкол.: А. Т. Кузьмин [и др.]. Минск, 1984. С. 39.
[9] Ванькевич А. Г. Экскурсия в Тростенец. Минск, 1986.
[10] Тамcaма. С. 7.
[11] Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы / сост. В. И. Адамушко, Г. Д. Кнатько, Н. Е. Калесник, В. Д. Селеменев, Н. А. Яцкевич; под ред. Г. Д. Кнатько. Минск, 2003.
[12] Тамcaма. С. 3.
[13] Тростенец / сост. С. В. Жумарь, Р. А. Черноглазова. Минск, 2003.
[14] Новікаў С. Я. Мінскае гета і Малы Трасцянец: новае даследаванне // Беларускі гістарычны часопіс. 2012. № 3. С. 25– 34 (рэц.: Rentrop P. Tatorte der “Endlösung”. Das Ghetto Minsk und die Vernichtungsstätte von Malу Trostinez. Berlin, 2011); Новікаў С. Урочышча Благаўшчына – месца масавага знішчэння людзей на тэрыторыі Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 10. С. 27–34; Новікаў С. Праблематыка нацысцкага генацыду ў раёне вёскі Малы Трасцянец у 1942– 1944 гадах у святле найноўшых і ранейшых даследаванняў // Przegląd Środkowo-Wschodni. 2019. Nr 4. S. 523–556.
[15] Лагерь смерти “Тростенец” в европейской памяти: материалы международной конференции, 21–24 марта 2013 г. / под. ред. К. И. Козака; перевод с немецкого П. Бельского. Минск, 2013; Лагерь смерти Тростенец. История и память. Каталог
выставки = Vernichtungsort Malyj Trostenez. Geschichte und Erinnerung. Ausstellungskatalog. Дортмунд – Минск, 2016.
[16] Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы = Тростенец. Трагедия народов Европы = Trastsianets. The tragedy of the peoples of Europe / Н. А. Яцкевіч, М. Г. Нікіцін. Мінск, 2018; Тростенец: трагедия народов Европы, память в Беларуси: документы
и материалы / сост. В. И. Адамушко [и др.]; редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. Минск, 2016.
[17] Новікаў С. Я. Мінскае гета і Малы Трасцянец…
[18] Новікаў С. Урочышча Благаўшчына… С. 27–34.
[19] Лагерь смерти “Тростенец” в европейской памяти…
[20] Тамсама. С. 48.
[21] Лагерь смерти Тростенец. История и память… С. 77.
[22] Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы = Тростенец. Трагедия народов Европы = Trastsianets. The tragedy of the peoples of Europe…
[23] Тамсама. С. 2.
[24] Тамсама. С. 23.
[25] Тростенец: трагедия народов Европы, память в Беларуси…
[26] Тамсама. С. 7–22.
[27] Тамсама. С. 9–11.
[28] Тамсама. С. 10.
[29] Тамсама. С. 10.
[30] Тамсама. С. 9.
[31] Тамсама. С. 9.
[32] Тамсама. С. 7.
[33] Тамсама. С. 12.
[34] Тамсама. С. 12.
[35] Тамсама. С. 13.
[36] Тамсама. С. 11.
[37] Тамсама. С. 11.
[38] Тамсама. С. 11.
[39] Тамсама. С. 95, 124.
[40] Кошман В. Да пытання аб ідэнтыфікацыі ахвяр лагера Малы Трасцянец (па матэрыялах археалагічных даследаванняў)// Беларускі гістарычны часопіс. 2020. №5. С. 4–11; Кошман В. И. Фалеристический материал с места массового уничтожения населения в урочище Благовщина (Малый Тростенец) в 1942–1943 г. // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2021. Т. 66. № 4. С. 432–442; Кошман В. И. Трагедия урочища Благовщина: анализ огнестрельного материала по итогам археологического исследования // Гісторыка-археалагічны зборнік. Вып. 35. 2021. С. 188–199; Кошман В. И. Место массового уничтожения жителей дзержинского гетто в контексте археологических находок и письменных свидетельств (предварительные результаты) // Гісторыка-археалагічны зборнік. Вып. 36. 2022. С. 206–213.
[41] Кошман В. Да пытання аб ідэнтыфікацыі ахвяр лагера Малы Трасцянец (па матэрыялах археалагічных даследаванняў) // Беларускі гістарычны часопіс. 2020. № 5. С. 10.
[42] Кошман В. И. Место массового уничтожения жителей дзержинского гетто… С. 213.
[43] Лагерь смерти Тростенец. История и память… С. 116.
[44] Kohl P. “Ich wundere mich, dass ich noch lebe”: sowjetische Augenzeugen berichten. Gütersloh, 1990. S. 91.
[45] Gerlach C. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999. S. 770. У сваіх ацэнках ён абапіраецца ў тым ліку на матэрыялы судовых працэсаў над А. Рубэ і Г. Хойзерам, службоўцамі ахоўнай паліцыі мінскага ўпраўлення СД, а таксама на іншыя дакументы і матэрыялы.
[46] Rentrop P. Tatorte der “Endlösung”. Das Ghetto Minsk und die Vernichtungsstätte von Malу Trostinez. Berlin, 2011.
[47] Ibidem. S. 211.
[48] Ibidem. S. 227.
[49] Ibidem. S. 212.
[50] Новікаў С. Урочышча Благаўшчына… С. 34.
[51] Rentrop-Koch P. Maly Trostinez – ein Landgut als Vernichtungsstätte // Im Schatten von Auschwitz. Spurensuche in Polen, Belarus und der Ukraine: begegnen, erinnern, lernen / hrsg. von M. Langebach und H. Liever. Bonn, 2017. S. 165.
[52] Гл., напрыклад: Kohl P. Das Vernichtungslager Trostenez. Augenzeugenberichte und Dokumente. Dortmund, 2003. S. 21.
[53] Преступления немецко-фашистских захватчиков в Белоруссии. 1941–1944 г. Минск, 1965. С. 222–227 (“Акт минской областной комиссии о массовом истреблении советских граждан на территории г. Минска и его окрестностей немецко-фашистскими захватчиками в 1941–1944 г.”, 13 августа 1944 г.).
[54] Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы… С. 105–106.
[55] Тростенец / сост. С. В. Жумарь, Р. А. Черноглазова. Минск, 2003.
[56] Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы… C. 3.
[57] Rentrop P. Tatorte der “Endlösung”… S. 186.
[58] Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы… С. 17–18, 19, 21, 24–25, 26.
[59] Тамсама. C. 116–117.
[60] Тростенец: трагедия народов Европы, память в Беларуси… С. 106–115 (“Стенограмма заседания Минской областной комиссии ЧГК СССР”, 12 жніўня 1944 г.).
[61] Лагерь смерти Тростенец. Документы и материалы… С. 105–106; Тростенец: трагедия народов Европы, память вБеларуси… С. 100.
[62] Тростенец: трагедия народов Европы, память в Беларуси… С. 113–120 (“Акт Минской областной комиссии ЧГК СССР о массовом истреблении гражданского населения и военнопленных в Минске и его окрестностях в 1941–1944 г.”, 13 жніўня 1944 г.).
[63] Тамсама. С. 113.
[64] Тамсама. C. 52–57 (“Протокол осмотра мест уничтожения людей в окрестностях деревни Малый Тростенец”).
[65] Тамсама. С. 55–56. Звернем увагу, што ў ходзе паседжання Мінскай абласной камісіі НДзК СССР 12 жніўня М. Н. Бурдэнка паставіў пытанне аб колькасці раскапаных ям, на якое член камісіі Стэльмашонак даў адказ – “6 ям”. У вышэйзгаданым пратаколе зафіксавана ўскрыццё толькі 5 ям. Параўн.: Тамсама. С. 113.
[66] Кошман В. И. Место массового уничтожения жителей дзержинского гетто… С. 211.
[67] Центральный архив ФСБ Российской Федерации. ПДА (протокол допроса арестованного) К. Р. от 29 января 1950 г., г. Гале. Л. 61; Новікаў С. Урочышча Благаўшчына… С. 34.