Аляксандр Доўнар. Фінансавая справаздачнасць органаў самакіравання гарадоў Беларусі другой паловы XVI – XVIII cт.
Гарады на тэрыторыі Беларусі на працягу XVI– XVIII ст. як цэнтры рамяства і гандлю выконвалі важную ролю ў сацыяльна-эканамічным жыцці [1]. Вызначальную ролю ў гэтым мела тагачасная сістэма гаспадарання, традыцыі і заканадаўчая база. Адзін з феноменаў жыцця гарадоў Беларусі ў часы ВКЛ – іх самакіраванне. Самакіраванне ў гарадах Беларусі ў XVI–XVIII ст. мела розныя формы і варыянты [2], але асноўнай яго формай у той час было самакіраванне паводле магдэбургскага права.
Адзін з абавязковых элементаў тагачаснага самакіравання гарадоў Беларусі – іх самастойная фінансава-гаспадарчая дзейнасць у межах сваёй кампетэнцыі. У цэлым, органы самакіравання гарадоў Беларусі мелі дастатковыя ўласныя фінансавыя рэсурсы, якімі яны свабодна распараджаліся пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Фінансавыя рэсурсы гарадоў фармаваліся за кошт мясцовых падаткаў і збораў, стаўкі якіх вызначалі органы самакіравання ў адпаведнасці з прывілеямі, правамі і вольнасцямі.
Органы самакіравання самастойна вырашалі пытанні фінансавага жыцця горада: уводзілі гарадскія падаткі, самастойна іх збіралі і расходавалі. Разам з тым існавала абавязковая фінансавая справаздачнасць органаў гарадскога самакіравання. Гэта правіла дзейнічала на ўзроўні прававой традыцыі. Паводле магдэбургскага права, да кампетэнцыі бурмістраў і радцаў, разам з іншымі абавязкамі, адносіліся распараджэнне гарадскімі даходамі, прымнажэнне іх, прадухіленне шкоды, а таксама штогадовая справаздача аб даходах перад прадстаўнікамі мяшчанскай грамады [3]. У пэўнай меры звычай справаздачнасці ў гарадах з самакіраваннем у ВКЛ грунтаваўся на адпаведнай традыцыі справаздачнасці ў Кракаве і Вільні [4].
Прывілеі на магдэбургскае права гарадам ВКЛ у асноўным не закраналі пытання фінансавай справаздачнасці гарадскіх органаў самакіравання. Яны фіксавалі толькі найбольш агульныя палажэнні гэтага права: факт яго ўвядзення і структуру органаў улады, г. зн. наяўнасць войта, магістрата (бурмістраў, радцаў, лаўнікаў), пісара і г. д. Але ў некаторых гарадскіх прывілеях адзначалася неабходнасць справаздачнасці. Напрыклад, па грамаце каралевы Боны ад 25 ліпеня 1541 г. бурмістры Горадні павінны былі складаць фінансавую справаздачу перад войтам, новым складам магістрата і васьмю прадстаўнікамі мяшчан [5]. У прывілеі на магдэбургскае права Віцебску 1597 г. адзначалася, што фінансавая справаздача горада павінна адбывацца на Новы год па грыгарыянскім календары перад войтам і мяшчанскай грамадой пры змене складу магістрата [6]. У прывілеях 1633 г. Берасцю і Оршы таксама агаворвалася неабходнасць фінансавай справаздачнасці гарадоў. У Берасці фінансавую справаздачу складалі бурмістры і шафары: яны гэта рабілі штогод на Серадапосце [7] перад васьмю прадстаўнікамі мяшчанскай грамады (па два ад чатырох раёнаў горада). У Оршы фінансавую справаздачу прымалі бурмістры з прысяжнымі прадстаўнікамі мяшчанскай грамады, таксама штогод [8]. Па грамаце ад 25 студзеня 1652 г. гарадзенскія бурмістры і цэхмістры новага года пасля ўступлення на пасаду павінны былі прымаць фінансавую справаздачу ў мінулых бурмістраў [9].
Часам фіксацыя ў распарадчых дакументах неабходнасці гарадской фінансавай справаздачнасці адбывалася з-за пэўных экстраардынарных здарэнняў. Так, 14 траўня 1758 г. у Нясвіжы адбыўся вялікі пажар, у выніку якога згарэла значная частка горада [10]. Улічваючы памеры страт і наступствы пажару, справа разглядалася ў нясвіжскім ардынацкім судзе асабіста ўладальнікам Нясвіжа, князем Міхалам Казімірам Радзівілам, віленскім ваяводам і вялікім гетманам ВКЛ. Следства вызначыла, што прычынай вялікіх страт у час пажару стала неналежная арганізацыя супрацьпажарнай справы ў горадзе нясвіжскімі магістратам і кагалам. У час следства пільна вывучаліся як рэальны стан спраў у горадзе, сістэма працы гарадскіх улад, так і нарматыўна-прававая база іх дзейнасці. Вынікам працы нясвіжскага ардынацкага суда стала вынясенне прыгавору (дэкрэта) ад 1 ліпеня 1758 г. [11]. Асобную ўвагу гэты дэкрэт аддаў пытанню ўпарадкавання працы гарадскіх органаў улады Нясвіжа. Так, войт горада вызначаў паўнамоцтвы магістрата і сачыў за яго дзейнасцю, акрамя таго, ён быў абавязаны старшыняваць на ўсіх судовых паседжаннях гарадскіх судоў: як войтаўскага, так і магістрацкага. Магістрат, у сваю чаргу, адказваў за захаванне парадку ў горадзе, ажыццяўляў збор і раскладку грамадскіх складак і падаткаў, фармаваў даходную і расходную часткі гарадскога бюджэту. Cпецыяльна адзначалася, што магістрат Нясвіжа павінен быў рабіць штогод справаздачу аб расходаванні гарадскіх даходаў і выкарыстанні гарадской маёмасці. Прычым гэтая справаздача мусіла адбывацца ў прысутнасці ўладальніка горада ці яго нясвіжскага адміністратара [12].
У 1775 г. вялікі пажар адбыўся ў Слуцку. Камісія, якая разбірала здарэнне, рэфармавала 25 траўня 1777 г. сістэму гадавых гарадскіх падаткаў і збораў. Пры гэтым адзначалася, што фінансавыя сродкі горада павіны былі знаходзіцца ў касіра і пісара гарадской касы; апошні мусіў быць “здольным, годным, пільным і цвярозым” чалавекам. Пісар гарадской касы (“касавы пісар”) павінен быў весці штомесячны рэестр даходаў, у ім адзначаць, у які дзень, хто і колькі здаў падаткаў, і раз на год складаць перад магістратам ці спецыяльна прызначаным панскім рэвізорам справаздачу (“калькуляцыю”), адзін экзэмпляр якой здаваць у архіў уладальніка [13].
Аналагічна і ў час дзейнасці каралеўскай камісіі 1787 г. у Менску, якая разглядала складаныя доўгатэміновыя фінансавыя спрэчкі ў горадзе (пра гэта гл. ніжэй), прадпісалі парадак справаздачнасці, якім павінны былі кіравацца гарадскія касіры 1787 і наступных гадоў:
– справаздача касіра павінна была адбывацца штогод пры выбарах наступнага касіра;
– справаздача папярэдняга касіра мела праходзіць перад новым складам магістрата ў прысутнасці лантвойта і гарадскога пісара, пры сходзе паспалітых і мяшчан;
– праверцы падлягалі ўсе гарадскія даходы і расходы; на справаздачу павінна была падавацца ўся фінансавая дакументацыя: рэестры даходаў і расходаў, квітанцыі атрымання і выдачы грашовых сродкаў і г. д.;
– пасля праверкі дакладнасці збору і правамернасці расходавання гарадскіх сродкаў фінансавыя звесткі заносіліся ў адпаведныя табелі, якія разам з праверанымі рэестрамі здаваліся для захоўвання ў гарадскі архіў.
Па згаданай схеме падлягалі фінансавай справаздачы і бурмістр Менска, які старшыняваў на паседжаннях магістрата, і кожны член магістрата, які атрымліваў у касе грашовыя сродкі на гарадскія патрэбы ці браў у арэнду пэўныя крыніцы гарадскіх даходаў [14].
Неабходнасць фінансавай справаздачнасці ў дзяржаўных гарадах прапісвалася ў заканадаўчых актах у час рэформаў другой паловы XVIII ст. Так, у пастанове “Аб унутраным парадку вольных гарадоў Рэчы Паспалітай у Кароне і ў Вялікім Княстве Літоўскім” ад 30 чэрвеня 1791 г. гарадскім касірам прадпісвалася на пачатку кожнага месяца складаць перад магістратам справаздачу аб стане гарадскіх фінансаў (у загадванні касіраў знаходзіліся гарадскія сродкі, яны вялі кнігі прыходаў і расходаў, выдавалі з “гарадской касы” сродкі па пісьмовым распараджэнні магістрата). Асобна падкрэслівалася, што па патрабаванні магістрата касіры абавязаны складаць справаздачу аб стане “гарадской касы” і часцей, чым штомесяц [15]. Таксама паводле закона “Вольныя гарады Рэчы Паспалітай” 1793 г. магістраты гарадоў павінны былі штогод рабіць справаздачу аб гарадскіх расходах перад камісіяй паліцыі [16].
Падобная сітуацыя назіралася і ў прыватных гарадскіх паселішчах. Так, у прыватнаўласніцкім мястэчку Глуск-Дубровіцкі гарадскія фінансавыя сродкі знаходзіліся ў распараджэнні войта і пісара. Пры гэтым, паводле звестак 1755 г., згаданыя асобы павінны былі кожны квартал рабіць справаздачу перад “губернатарам” маёнтка, падаючы рэестры расходаў. Гарадская каса захоўвалася ў спецыяльнай скрынцы пад двума замкамі (ключ ад аднаго – у войта, ад другога – у “добра аселага” мешчаніна). Сама гарадская скрынка знаходзілася ў руках гарадскога войта [17].
У інструкцыях 1794 г. па ўвядзенні самакіравання ў Дзярэчыне і Высокім, якія належалі Аляксандру Сапегу, адзначалася, што гэтыя гарады як асобныя адміністрацыйна-гаспадарчыя адзінкі павінны мець сваю касу (бюджэт): артыкулы даходу і расходу. За паступленне гарадскіх даходаў адказваў касір, які запісваў іх у спецыяльную кнігу. Выбары касіра гарадской грамадой прадугледжваліся штогод, прычым яго можна было мяняць ці пакідаць на наступны тэрмін (абмежавання тэрмінаў заняцця пасады не прадугледжвалася). Непасрэдна даходы горада збіраў касір з памочнікам, якога прызначаў магістрат. Гарадская каса захоўвалася ў спецыяльна абсталяванай скрынцы, адкрывалася трыма ключамі, прычым яны былі ў розных асобаў: адзін – у прадстаўніка панскага двара, другі – у аднаго з прадстаўнікоў магістрата (па чарзе), трэці – у касіра [18].
За расходаванне сродкаў гарадской касы ў Высокім і Дзярэчыне па інструкцыях 1794 г. адказваў магістрат. Ён прымаў рашэнні, на якія мэты выдаткоўваць гарадскія грошы. Пасля гэтага магістратам выдавалася пісьмовая пастанова аб мэтавым выдзяленні сродкаў, якая зацвярджалася панскім дваром. Па такіх пастановах грашовыя сродкі выдаваў касір горада. У выпадку парушэння парадку выдачы гарадскіх сродкаў касір нёс персанальную адказнасць і павінен быў пакрыць шкоду гарадскому бюджэту ў двайным памеры. Прадугледжвалася штогадовая фінансавая справаздача касіра і магістрата аб зборах і выдатках гарадскога бюджэту, якая адбывалася на агульным сходзе мяшчан у прысутнасці прадстаўніка панскага двара. Фінансавая справаздача заслухоўвалася і абмяркоўвалася перад новымі выбарамі магістрата, г. зн. 22 чэрвеня [19].
Важнае месца ў органах самакіравання Высокага і Дзярэчына па інструкцыях 1794 г. прадугледжвалася для гарадскога пісара, які вёў усё справаводства магістрата і суда. У загадванні пісара знаходзіліся гарадская канцылярыя і архіў. Пісар вёў кнігі і асабіста адказваў за іх захаванне. Для архіва яму мусіла быць вылучана асобнае памяшканне без доступу вільгаці, шкоднікаў і г. д., ключы ад якога былі толькі ў яго. Пісар за свае сродкі забяспечваў асвятленне і ацяпленне (для падтрымання неабходнага для захоўвання дакументаў мікраклімату) архіва. У канцы кожнага квартала пісар падаваў рахунак сваіх выдаткаў на гэтыя мэты магістрату, а магістрат, праверыўшы пададзеныя звесткі, выдаваў касіру асігнацыю на кампенсацыю тых выдаткаў. Пры гадавой справаздачы магістрата пісар падаваў рэестры сваіх расходаў і справаздачу са сваёй дзейнасці, а сход мяшчан павінен быў забяспечыць яму кампенсацыю яго выдаткаў [20].
Неабходна адзначыць, што фінансавай справаздачнасці і кантролю за фіскальным станам горада органы самакіравання надавалі вялікае значэнне. У сувязі з гэтым у межах сістэмы гарадскіх органаў улады ствараліся спецыяльныя кантрольныя інстытуты, напрыклад паспалітыя. Так, інстытут паспалітых (“гмінных мужоў”) існаваў у Менску з 1613 г. 25 траўня таго года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза выдаў прывілей, якім зацвердзіў артыкулы, што прадугледжвалі ўдасканаленне сістэмы самакіравання горада, прапанаваныя менскім магістратам і мяшчанамі. Сярод прапаноў было і ўвядзенне, па просьбе мяшчан, у сістэме самакіравання інстытута паспалітых (ці “гмінных мужоў”) як кантрольнага фінансавага органа. Паводле прывілея 1613 г., яго дзейнасць мела часовы характар і была накіравана на праверку гадавых справаздач бурмістраў, радцаў і шафараў аб гарадскіх даходах і расходах [21].
З цягам часу дзейнасць гэтага інстытута стала ў Менску пастаяннай, пераплялася з дзейнасцю гарадскога магістрата, набыла шэраг новых функцый. Гэта адпавядала традыцыям існавання інстытута паспалітых у іншых гарадах ВКЛ (Вільня, Магілёў, Орша, Полацк). Але калі ў Магілёве прадстаўнікі гэтага інстытута называліся “паспалітымі” [22], то ў Менску – “гміннымі мужамі”. Варыятыўнасць назвы можна патлумачыць зместам згаданага прывілея 1613 г. Менску, у якім гарадская грамада названа “gmin abo pospolstwo”. У гарадскім справаводстве Менска на працягу XVII–XVIII ст. выбарныя прадстаўнікі гарадской грамады называліся “мужамі communitatis”, ці “мужамі гміннымі”, а самі мяшчане, гарадская грамада – “паспольствам” (прадстаўнікі гарадской грамады называліся “гміннымі мужамі” і ў іншых гарадах Беларусі, напрыклад, у Полацку ў другой палове XVII – першай трэці XVIII ст. [23]).
За ўсе бакі жыцця гарадоў Беларусі ў другой палове XVI – XVIII ст., пасля атрымання магдэбургскага права, адказвалі гарадскія органы самакіравання: войт, магістрат і паспалітыя, якія выбіраліся на год, на працягу якога часу яны выконвалі свае функцыі як гарадскія ўраднікі. Акрамя таго, вялікае значэнне ў вырашэнні найбольш важных праблем мела генеральнае паседжанне (сесія) магістрата і паспалітых. Паколькі войт, магістрат, паспалітыя распараджаліся фінансавымі сродкамі горада, без распараджэння названых асоб яны не выдзяляліся. Самі ж гэтыя сродкі былі ў распараджэнні асобных ураднікаў: бурмістраў (Горадня, Берасце, Ліда, Менск, Полацк і інш.) ці радцаў (Магілёў). Так, у Магілёве гарадскія фінансавыя сродкі знаходзіліся ў руках гадавога скарбовага радцы і двух гадавых шафараў са складу паспалітых. Напрыклад, у 1744 г. гэта скарбовы радца Нікіфар Харытановіч і шафары Самуэль Воўк і Карп Сергяевіч [24]. Скарбовы радца і гарадскія шафары дзейнічалі пад кантролем войта, бурмістраў і ўсяго магістрата. Пасля завяршэння тэрміну паўнамоцтваў скарбовы радца і шафары складалі справаздачу аб расходаванні бюджэтных сродкаў і перадавалі сродкі, якія засталіся, наступнікам. Так, у пачатку 1745 г. скарбоваму радцу таго года Раману Ваўку і шафарам Лявону Леашкевічу і Яну Крэйдзіку скарбовы радца 1744 г. Нікіфар Харытановіч перадаў грошы, якія засталіся з 1744 г.: 3 студзеня – 552 злотых 26 грошаў, а 30 студзеня – 165 злотых [25]. Гэты факт, як і факты паступлення ў даходную частку гарадскога скарбу запазычанасці па выплаце гарадскіх падаткаў за папярэднія гады, выплаты са скарбу даўгоў горада за ранейшы перыяд і г. д. сведчаць, што, нягледзячы на адасобленасць і завершанасць кожнага фінансавага года, ён быў цесна звязаны з папярэднімі і новымі фінансавымі гадамі. Аналіз фінансавых дакументаў Магілёва за 1744 г. дазваляе сцвярджаць, што фармаванне даходных і расходных частак гарадскога бюджэту горада не насіла цэнтралізаванага, планавага характару і адбывалася ў выглядзе пакрыцця бягучых гарадскіх патрэбаў – выплаты дзяржаўных падаткаў, матэрыяльнага забеспячэння дзейнасці органаў самакіравання, добраўпарадкавання горада, пагашэння фінансавых абавязацельстваў горада (крэдытаў, легацый) і г. д. У 1744 г. гарадскі скарб Магілёва меў даходную частку ў памеры 36 633 злотых 10,5 грошаў, а расходную – 36 608 злотых 6 грошаў [26]. Г. зн. расходная частка гарадскога скарбу не перавышала даходнай. Гэта было асноўнай задачай уладаў горада, якія адказвалі за фінансава-гаспадарчую дзейнасць.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што фінансавыя абавязальніцтвы адносна гарадскіх выдаткаў / даходаў захоўваліся пры змене персанальнага складу органаў гарадскога самакіравання ці нават пры змене формы самакіравання. Так, на паседжанні шклоўскага магістрата 22 жніўня 1763 г. разглядалася пытанне даўгоў па выплаце гарадскіх падаткаў, прычым адзначалася, што частка іх узнікла ў час войтаўства ў Шклове Аўгусціна Навумовіча. Падкрэслівалася: гэта было “перад увядзеннем магдэбургіі ў месце Шклове”, а ў спісе даўжнікоў пазначаны нявыплаты за 1746–1761 г. [27]. Гэта яскрава паказвае, што ў перыяд з 1746 да 1761 г. магдэбургскае права ў Шклове не функцыянавала, як і сведчыць, што пры змене ўлады, формы кіравання горада фінансавыя абавязальніцтвы бакоў, у дадзеным выпадку даўгі мяшчан гарадскім уладам, захоўваліся і патрабавалі іх выканання. Таксама 21 ліпеня 1658 г. дзісенскі магістрат са згоды агульнага сходу мяшчан дазволіў дзісенскаму бурмістру Пятру Грыгаровічу не плаціць штогадовы падатак старажоўшчыну з яго нерухомай маёмасці (дамоў, пляцаў, агародаў, сенажацяў). Адбылося гэта ў гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 г. і падпарадкавання гарадской улады царскай адміністрацыі. Такая вольнасць была дазволена Грыгаровічу ў залік пагашэння доўгу, які горад меў перад бурмістрам яшчэ з вясны 1654 г., г. зн. яшчэ да заняцця Дзісны царскімі войскамі [28].
Неабходна падкрэсліць, што за расходаваннем гарадскіх сродкаў ажыццяўляўся пастаянны кантроль. Вяліся ведамасці збораў, рэестры выдаткаў з асобных збораў. Фінансавую дакументацыю асобных збораў вялі іх зборшчыкі, а за вядзенне агульнагарадской дакументацыі адказвалі адпаведныя гарадскія ўраднікі. Так, у Магілёве ў канцы года складаўся канчатковы рэестр даходаў і расходаў горада, які правяраў гадавы бурмістр. Пры гэтым падлічвалася сума даходаў і расходаў пастаронкава і ў канцы рэестра (г. зн. падлікі правяраліся на кожнай старонцы і потым пералічваліся канчатковыя сумы) [29]. Пры праверцы расходнай часткі гарадскога бюджэту правяралася не толькі правільнасць падлікаў, але і правамернасць вылучэння грошай на тую ці іншую гарадскую патрэбу. Правамернымі лічыліся расходы, якія былі выдадзены па пісьмовым распараджэнні (асігнацыі) гарадскога войта ці магістрата, бурмістра, генеральнай сесіі, пацверджаныя квітанцыяй.
Таксама ў прыватнаўласніцкім Нясвіжы грашовыя сродкі з гарадской “скрынкі” выдаваліся па спецыяльным фінансавым распараджэнні – асігнацыі. Асігнацыі падпісваліся войтам і бурмістрам. Прычым разам з адным войтам звычайна падпісваўся адзін і той жа бурмістр. Так, у 1646 і 1647 г. разам з нясвіжскім войтам Грыгорыем Сапоцькам асігнацыі падпісваў нясвіжскі бурмістр Феліцыян Гардзяевіч [30]; у 1651–1653 г. побач з нясвіжскім войтам Себасцьянам Нячаем – бурмістр Ян Высоцкі (захавалася адна квітанцыя ад 1 траўня 1652 г., у якой разам з Нячаем падпісаўся бурмістр Феліцыян Гардзяевіч; напэўна, Яна Высоцкага не было ў горадзе ці ён хварэў) [31]. Даволі рэдка разам з войтам падпісваўся гарадскі пісар. Так, асігнацыю ад 11 лістапада 1647 г. аб выдзяленні шафару нясвіжскага шпіталя 100 злотых з гарадскіх сродкаў падпісалі нясвіжскі войт Грыгорый Сапоцька і гарадскі пісар Якуб Лішэўскі [32]. Часам асігнацыі і квітанцыі падпісваў толькі войт [33].
Калі сабраныя сродкі гарадскога бюджэту выдаваў на пэўныя патрэбы сам зборшчык (“бірчы”), то ён павінен быў узяць у атрымальніка гэтых грошай квітанцыю. Так, 13 красавіка 1653 г. была дадзена асігнацыя аб выдачы заробку гарадскому пісару Нясвіжа за першыя паўгода (50 злотых), а 15 красавіка пісар на адвароце асігнацыі напісаў квітанцыю аб атрыманні гэтых грошай [34]. Запіс квітанцыі на адвароце асігнацыі быў характэрны пры выплаце заробку ці ўтрымання пісару, гадзіншчыку і гарадскім слугам [35]. У такіх квітанцыях падпісваўся гарадскі пісар: у сваіх квітанцыях – сам за сябе [36], у квітанцыях гарадскіх службоўцаў – як сведка ад гарадскіх уладаў [37]. На адну асігнацыю патрабавалася адна квітанцыя. Так, 15 лістапада 1652 г. была выдадзена асігнацыя на выдачу ўтрымання за 1652 г. гарадскім слугам, падвойскаму і гадзіншчыку Нясвіжа. Падкрэслівалася, што пры справаздачы выдзеленая на гэта сума будзе залічана па адной квітанцыі, “ад каго яны вызначаць” [38].
Можна адзначыць, што не існавала спецыяльных бланкаў асігнацыі ці квітанцыі (квіта). Яны былі рукапісныя, а іх памер залежаў ад зместу. Звычайна квіт пісаўся і адрываўся ад ліста паперы, таму даўжыня квітоў была прыблізна аднолькавай – каля 19–20 см, у той час як іх шырыня вагалася ад 3,5 да 19 см.
Пры падліку гарадскіх сродкаў за год улічвалася, што яны паступалі ў розных грашовых адзінках: у чырвоных залатых, бітых талерах, тынфах, злотых, капейках і інш. Таму пры разліку агульнай сумы даходаў і расходаў сыходзілі з наяўнага “тутэйшага” курсу валют. Так, паводле дадзеных гарадскіх фінансавых рэестраў Магілёва, на працягу 1744 г. курс бітых талераў памяняўся: у пачатку года ён складаў 10 злотых 15 грошаў за 1 талер, а з 16 красавіка курс быў устаноўлены ў 11 злотых [39].
Пры паступленні сродкаў у гарадскі скарб і наступных аперацыях з імі праводзілася экспертыза іх сапраўднасці, нефальшывасці. Напрыклад, у Магілёве пры перадачы скарбоваму радцу 1745 г. сродкаў, якія засталіся з 1744 г., адзначалася, што частка з іх, а менавіта 57 злотых 15 грошаў, была ў “забракаваных пятаках” [40].
Як і ў дзяржаўных гарадах, канчатковы рэестр даходаў і расходаў складаўся ў канцы года і ў прыватнаўласніцкіх, напрыклад у Слуцку. Пры гэтым сума даходаў / расходаў таксама падлічвалася пастаронкава і ў канцы рэестра. Прычым рэестр гарадскіх даходаў / расходаў праходзіў тут праверку двойчы. Першы раз яна адбывалася пасля складання рэестра гарадскімі ўраднікам; падлікі пры гэтым правяраліся пастаронкава, як і пералічваліся канчатковыя сумы. Другі раз праверку гарадскіх даходаў і расходаў праводзіў падскарбі Слуцкага княства. Як і ў дзяржаўных гарадах, у Слуцку пры праверцы расходнай часткі гарадскога бюджэту правяралася не толькі правільнасць падлікаў, але і правамернасць выдзялення грошай на тыя ці іншыя гарадскія патрэбы. Правамернымі лічыліся расходы па пісьмовым распараджэнні (асігнацыі) гарадскога войта ці гараднічага са згоды войта (пры праверцы неабходна была наяўнасць квітоў). Таксама правамернымі лічыліся расходы па распараджэнні гарадской сесіі [41] (у такім выпадку ў рэестры пазначалася – “згода”). Так, у 1674 г. пры складанні рэестра даходная частка была 4647 злотых 28,5 грошаў, а пасля праверкі – 4647 злотых 29 грошаў; расходная частка пры складанні рэестра была 4480 злотых 19,5 грошаў, а пасля праверкі – 4477 злотых 9 грошаў. Акрамя таго, неабходна было зацвярджэнне рэестраў даходнай і расходнай часткі бюджэту за мінулы год на агульным паседжанні гарадской сесіі. За 1674 фінансавы год такое зацверджанне адбылося 20 студзеня 1678 г. [42].
Для кантролю за фінансавым станам горада выкарыстоўваліся розныя механізмы. Так, у Менску ў 1781 г. на паседжанні магістрата і паспалітых 16 студзеня для гэтага былі абраны касіры: радца гэтага года Мікалай Званскі і Феліцыян Каліноўскі; а ад гарадской грамады – “гмінныя мужы” Базыль Дабрыкевіч і Казімір Карповіч. Тады ж цэнзарам рэестраў даходаў і расходаў быў прызначаны бурмістр Шыман Саханскі, які ажыццяўляў бягучы кантроль за дзейнасцю касіраў, а для праверкі дзейнасці касіраў за мінулы год былі прызначаны разам з ім таксама радца Ян Пчолка і бурмістр Стафан Каліноўскі. У склад камісіі ўвялі і пісара магдэбургскага суда як цэнзара мінулага года. Акрамя таго, ад “гмінных мужоў” у гэтую камісію былі ўключаны Юзаф Маслоўскі і Ігнацый Малахоўскі [43].
Агульнае правіла справаздачнасці – яе перыядычнасць ці, больш дакладна, штогадовасць. Справаздача была абавязковая: калі па нейкай прычыне яна прапускалася, то адбывалася ў будучыні. Напрыклад, у 1689 г. былы гарадзенскі бурмістр Ян Узорак рабіў справаздачу за два папярэднія гады, у якія ён займаў пасаду бурмістра (відаць, справаздача за першы год была прапушчана ў сувязі з тым, што ён быў абраны бурмістрам два разы запар) [44]. Адметна, што ў час справаздачы органаў гарадскога самакіравання павінна была пагашацца ўся фінансавая запазычанасць (абавязальніцтвы горада перад крэдыторамі, даўгі мяшчан перад гарадскім скарбам і г. д.) ці, прынамсі, агаворвацца механізм яе ліквідацыі. Бурмістры пэўнай кадэнцыі маглі закладаць пры неабходнасці свае сродкі на пэўныя гарадскія патрэбы (а такія выпадкі былі нярэдкія). У такім выпадку горад у час іх справаздачы павінен быў вярнуць ім закладзеныя сродкі ў поўным памеры. Тады бурмістр быў асабіста зацікаўлены ў “чыненні лічбы” (справаздачы). Часам у такіх сітуацыях справа даходзіла да суда. Так, у 1598 г. асэсарскі суд ВКЛ разглядаў апеляцыю на дэкрэт наваградскага войта па справе наваградскага мешчаніна Занкі Аскомы з наваградскімі ж бурмістрамі (Ігнатам Хомічам, Фёдарам і Ціханам Сергяевічамі, Іванам Слежыцам, Канстанцінам Прусовічам і інш.) аб няслуханні яго “личбы з росходов и приходов з ураду его бурмистровского, которыми он будучи бурмистрем… шафовал”. Справа ў тым, што Аскома быў наваградскім бурмістрам у 1586 і 1587 г. і ў яго руках знаходзіліся гарадскія даходы і расходы, прычым ён выдаў нямала сваіх грошай “на потребы мейскей речы посполитей (гарадской супольнасці. – А. Д.) тамешней”. Акрамя таго, Аскома скардзіўся, што з яго дома наваградскія бурмістры гвалтам, незаконна забралі гарадскую “скрынку”, у якой было шмат грошай, як гарадскіх, так і яго асабістых, і там жа знаходзіліся розныя дакументы (рэестры і інш.). 4 траўня 1598 г. суд пастанавіў, каб Занка Аскома склаў за сябе дакументальна пацверджаную справаздачу за згаданыя гады, а калі што “решты и выдатки на збыт покаже”, тое гарадскія ўлады павінны былі Аскоме “нагродить и заплатить” [45].
Разам са строгай справаздачнасцю існавала персанальная адказнасць прадстаўнікоў гарадскога самакіравання за ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці. У выпадку выяўлення фінансавых злоўжыванняў, нядоімак і г. д. з вінаватага спаганялася сума нанесенай шкоды. Так, 17 красавіка 1744 г. у Магілёве на сумесным паседжанні пяці складаў магістрата і паспалітых высветлілася, што Грыгорый Леашкевіч, які быў па гарадскіх справах у Варшаве, выкарыстаў сабалінае футра, купленае за гарадскія сродкі (65 бітых талераў), не на гарадскія патрэбы. У сувязі з гэтым магістрату прадпісвалася спагнаць у гарадскі скарб адзначаную суму з яго асабістых сродкаў [46].
Фінансавыя справаздачы ў гарадах былі важнай і ўрачыстай справай. На іх абавязкова прысутнічалі не толькі члены магістрата і мяшчане (г. зн. тыя, хто рабіў і хто прымаў справаздачы), але і гарадскі войт ці яго прадстаўнік. Часам у дзяржаўныя гарады для прыняцця справаздачы пасылаліся каралеўскія камісары. Напрыклад, бурмістры Берасця фінансавую справаздачу рабілі штогод, але ў 1584 г. яны “личбу отложили до иншого волнеишего часу”. Прычым 10 красавіка 1584 г. берасцейскі радца Адам Шчалновіч у берасцейскім павятовым земскім судзе паведаміў, што “личбу повинни суть бурмистры и радцы з держаня бурмистровства берестеиског(о) зо всих пожитковъ, которые на сеи час места Берестеиское уживает, чинити речи посполитои местскои перед комисарми”, накіраванымі ад манарха, – г. зн. бурмістры складалі гадавую фінансавую справаздачу перад мяшчанскай супольнасцю горада (“рэччу паспалітай месцкай”) і перад каралеўскімі камісарамі. У 1584 г. з гэтай мэтай камісарамі былі прызначаны берасцейскія стараста Астафій Валовіч і земскі суддзя Адам Пацей [47]. Берасцейскі стараста як галоўны камісар павінен быў, “намовившыся” са сваім калегам, “усим бурмистрам дать знать и рок положить”, г. зн. прызначыць час, калі яны будуць складаць справаздачу [48].
У 1787 г. камісію для праверкі фінансавай дзейнасці мясцовага магістрата выправілі ў Менск. Яе накіраванне было вынікам разгляду розных судовых спраў у камісарскім [49] (дэкрэт ад 14 красавіка 1781 г.) і асэсарскім [50] (дэкрэт ад 22 лістапада 1785 г.) судах [51]. Камісія разгледзела розныя гаспадарчыя, фінансавыя спрэчкі, узаемныя прэтэнзіі горада і яго службоўцаў за 1771–1786 г. У яе склад увайшлі: упіцкі падстолі Дамінік Заярскі (старшыня камісіі, “суперарбітр”), ротмістр Старадубскага павета Андрэй Алендскі, інфлянцкі скарбнік Тадэвуш Дамейка, харужы кароннага войска Мікалай Турчыновіч-Сушыцкі і нурскі мечнік Міхал Вяжбіцкі (члены камісіі – “арбітры і камісары”) [52].
Зыходзячы з мэты працы названай камісіі і пасад яе членаў, можна сцвярджаць, што па сваім функцыянальным прызначэнні гэта была арбітражная камісія. Камісія 1787 г. спачатку правяла праверку фінансавай дзейнасці бурмістра, які ў Менску традыцыйна займаўся фінансава-гаспадарчай дзейнасцю [53]. У час працы камісіі правяралася правамернасць збору і расходавання гарадскіх сродкаў, якія знаходзіліся ў яго распараджэнні. На паседжанне камісіі 1787 г. з’явіліся бурмістр Караль Фрыдрых Трэберт, гарадскія касіры, зборшчыкі і арандатары розных гарадскіх даходаў – усе, хто з 1771 г. “займаўся гарадскімі даходамі ці імі загадваў”. Яны прынеслі перад судом прысягу і падалі камісарам пратаколы паседжанняў магістрата з паспалітымі, рэестры даходаў і расходаў, гарадскіх складак, кантракты на арэнду гарадскіх даходаў, квітанцыі і іншую фінансавую дакументацыю за справаздачны перыяд. Варта адзначыць, што сама наяўнасць гэтай дакументацыі амаль за 20 гадоў сведчыць пра яе спраўнае вядзенне і захоўванне.
Нягледзячы на тое, што задачай камісіі была праверка фінансавага становішча горада з 1771 г., К. Ф. Трэберт падаў фінансавую дакументацыю і за 1766–1770 г., паколькі тыя дакументы знаходзіліся ў адным комплексе з фінансавымі дакументамі 1771 г. Акрамя таго, ён падаў на праверку камплекты фінансавых дакументаў аб сваёй дзейнасці за 1771–1775 і 1776–1787 г. Камісія іх разгледзела, разабрала спрэчныя пытанні, зрабіла пераразлік рахункаў і зацвердзіла іх [54]. Аналагічную працэдуру правялі адносна касіраў. Прычым у дакументах дзейнасці гэтай камісіі адзначалася, што на паседжаннях органаў самакіравання Менска фінансавыя справаздачы касіраў прымаліся штогод [55]. Матэрыялы дзейнасці камісіі 1787 г. сведчаць, што фінансава-гаспадарчая дзейнасць бурмістраў, касіраў, зборшчыкаў падпадала пад перыядычную праверку. Прычым тых, хто правяраў гэтую дзейнасць, прызначаў як войт, так і магістрат. Так, за 1769 г. фінансавую праверку рабіў прызначаны войтам рэвізор Д. Заярскі, які па яе выніках павысіў памер арэнды з ратушы да 200 злотых на год (удзел Д. Заярскага ў праверках фінансавай дзейнасці Менска да 1787 г. указвае на тое, што ў склад камісіі 1787 г. падбіраліся тыя людзі, хто быў знаёмы з сутнасцю справы і меў практычныя навыкі фінансавых праверак). Рэестры даходаў / расходаў касіра Менска 1776 г. Аляксандра Сулістровіча правяраў камісар, прызначаны горадам, – Мікалай Званскі, а правільнасць збору складкі таго ж года правяраў прызначаны войтам рэвізор Зубовіч [56].
Напрыканцы сваёй дзейнасці камісары 1787 г., грунтуючыся на аналізе рэестраў даходаў і расходаў Менска, склалі спіс даўжнікоў – гарадскіх ураднікаў і мяшчан, якія не выплацілі тыя ці іншыя зборы за папярэднія гады. Так, за 1774 г. Ян Пчолка застаўся вінаваты за арэнду гандлёвага збору і памяшканняў ратушы адпаведна 40 і 200 злотых, а за 1781 г. не быў выплачаны падатак з крамы Батуры ў памеры 1 злоты 7,5 грошаў, з крамы “праваслаўных” [57] – 1 злоты, Бучынскім з “крухмальнай крамы” – 2 злотыя 15 грошаў і г. д. Прычым адзначалася, што наяўныя нядоімкі сталі магчымыя не столькі з-за дрэннага матэрыяльнага стану падаткаплацельшчыка, колькі з-за нядбайнасці касіраў. Камісія 1787 г. вызначыла памер доўгу гарадскіх ураднікаў і мяшчан перад гарадскім скарбам і прызначыла дату яго пагашэння – 30 сакавіка 1788 г. З іншага боку, быў вызначаны і доўг горада прыватным асобам і таксама прызначаны дзень яго пагашэння – 19 траўня 1788 г. [58].
Неабходна адзначыць, што пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці органамі гарадскога самакіравання выконваўся пэўны рэжым сакрэтнасці. Напрыклад, у 1684 г. узнік канфлікт па фінансавых пытаннях паміж гарадскімі ўладамі і мяшчанствам у Слуцку. Для разгляду справы ўладальнікам горада паслалі камісараў. Яны вызначылі, што канфлікт адбыўся з-за таго, што ў мяшчан апынуліся звесткі пра тагачасныя даходы і расходы горада. Але ў час следства камісары высветлілі: звесткі не адпавядаюць рэальным лічбам, што пацвердзілася рэестрамі розных падаткаў і збораў. Таксама камісары вызначылі, што рахункі даходаў паведаміў мяшчанам гарадскі пісар Грыгор Ярашэвіч і ён жа склаў скаргу ад імя мяшчан, падпісаў яе і падпісаўся за членаў гарадской сесіі Тэадора Маркса і Астапа Пятровіча, якія былі заадно з пісарам. Але гэта было імі зроблена “насуперак слушнасці і сваёй павіннасці”, бо яны “выдалі некаторыя сакрэты з сесіі паспольству”. За такую правіну Г. Ярашэвіча пажыццёва пазбавілі пасады пісара, а Маркса і Пятровіча – права засядаць у гарадской сесіі на працягу 12 тыдняў [59].
Падобная сітуацыя адбылася ў Менску. Так, 10 ліпеня 1780 г. на аб’яднаным паседжанні старой і новай “гмінных рад” (рад “гмінных мужоў”) горада ўхвалілі парадак працы такіх рад [60], дзе адзначалася, што паседжанні “гмінных мужоў” мелі статус сакрэтнасці (“такая сесія павінна захоўвацца ў гмінным сакрэце, гэта, зноў жа, для таго, каб ніхто не расказваў, што было ўхвалена на гміннай сесіі”). Калі б хто не выконваў названае патрабаванне, то павінен быў заплаціць штраф 20 злотых, і яго паўнамоцтвы прыпыняліся [61].
Як ужо адзначалася, уся фінансава-гаспадарчая праца магістрата і яго ўраднікаў строга дакументавалася, фіксавалася ў разнастайных дакументах: асігнацыях аб выдзяленні грашовых сродкаў, квітанцыях аб іх атрыманні, рэестрах даходаў і расходаў – як зазначалася, гэта рабілася “для памяці” [62]. Зноў жа, дакументацыя вялася таму, што кожны год было неабходна складаць справаздачу аб даходнай і расходнай частках гарадскога бюджэту. Прычым справаздачы былі як гадавыя агульнагарадскія (пра што ўжо гаварылася), так і справаздачы бягучага моманту (што таксама разглядалася на прыкладзе дзейнасці камісараў у Слуцку ў 1684 г.). Таксама практыкаваліся справаздачы па асобных артыкулах даходаў і расходаў. Напрыклад, пасля прыняцця закона “Аб вольных гарадах” 1791 г. магістрат і мяшчане горада Радунь 2 чэрвеня 1792 г. прынялі рашэнне паслаць свайго прадстаўніка, войта Францішка Грынфельда, у сталіцу дзяржавы, Варшаву, з мэтай атрымання для горада рэнавацыйнага прывілея. У Лідзе была набыта спецыяльная (“штэмпеляваная”) папера для афіцыйных дакументаў, складзена і падпісана даверанасць. 4 чэрвеня гэтую даверанасць актыкавалі гарадскія ўраднікі Радуні ў лідскім земскім судзе. Акрамя даверанасці Ф. Грынфельд узяў спецыяльны пашпарт для паездкі ў Варшаву ад цывільна-вайсковай камісіі Лідскага павета [63]. Для атрымання прывілея радунскаму ўпаўнаважанаму спатрэбілася каля трох тыдняў. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падпісаў прывілей Радуні 23 чэрвеня 1792 г. За гэты час была праведзена праца па пошуку ранейшых прывілеяў гораду ў кнігах Метрыкі ВКЛ, якія ў той час захоўваліся ў Варшаве. Гэтая праца каштавала радунцам 216 злотых, таксама яны заплацілі за ўсе расходныя матэрыялы для прывілея (пергамент – 20 злотых, кардонную вокладку, шаўковы шнур і пераплёт прывілея – 36 злотых), за напісанне прывілея заплацілі 90 злотых, за яго ўпісванне ў кнігі Метрыкі ВКЛ – 20 злотых. Значныя расходы пайшлі на “ўзнагароджванне” ўраднікаў канцылярыі ВКЛ: каралеўскаму сакратару, лідскаму лоўчаму Вінцэнту Белапятровічу заплацілі 108 злотых, а падканцлеру ВКЛ Яўхіму Храптовічу за прыкладанне да прывілея малой пячаткі ВКЛ – 270 злотых, акрамя таго, за прыкладанне штэмпеля Скарбовай камісіі ВКЛ – 54 злотыя. Усяго на атрыманне прывілея ўпаўнаважаны радунцаў патраціў 1265 злотых 19 грошаў (на выраб і зацверджанне самога прывілея патрацілі 850 злотых, ці 67,2% усёй сумы). Хутчэй за ўсё, патрачаная грашовая сума была загадзя выдадзена Ф. Грынфельду радунскім магістратам, у сувязі з чым і спатрэбілася яго справаздача аб расходах. 17 кастрычніка 1792 г. ён актыкаваў у судзе канфедэрацыі Лідскага павета “Рахунак расходаў па атрыманні прывілея Радуні 1792 г.” (гл. табліцу). Г. зн., для паспяховай справаздачнасці важна было мець афіцыйна зарэгістраваны рэестр расходаў.
Табліца. Рахунак расходаў па атрыманні прывілея Радуні 1792 г.
Від расходаў | Памер расходаў |
На дарогу да Ліды | 4 злотыя 15 грошаў |
Пану Скорвіду, “які ездзіў па даход” [64] | 18 злотых |
Пану Скорвіду, “які ездзіў па іншы даход” | 4 злотыя 4 грошы |
У Эйшышках яго міласці пану Краельскаму, регенту цывільна-вайсковай камісіі, за пашпарт да Варшавы | 18 злотых |
Пану Скорвіду, за коней да Варшавы | 38 злотых |
Расходы ў Лідзе | |
За прызнанне даверанасці | 6 злотых |
За “штэмпеляваную” паперу | 1 злоты |
За лібру [65] звычайнай паперы | 1 злоты |
За напісанне даверанасці | 4 злотыя |
Расходы ў Варшаве | |
На дарогу ў Варшаву | 75 злотых |
За знаходжанне тры тыдні ў Варшаве | 162 злотыя |
За пошук гарадскіх прывілеяў у Метрыцы | 216 злотых |
За пісанне мемарыялаў (?) у Варшаве | 36 злотых |
За пергамент на прывілей | 20 злотых |
За напісанне прывілея | 90 злотых |
За вокладку, шнур і пераплёт прывілея | 36 злотых |
Каралеўскаму сакратару, лоўчаму Лідскага павета Вінцэнту Белапятровічу | 108 злотых |
Падканцлеру ВКЛ за прыкладанне пячаткі | 270 злотых |
За штэмпель Скарбовай камісіі ВКЛ | 54 злотыя |
За ўпісванне прывілея ў Метрыку ВКЛ | 20 злотых |
Расходы пасля Варшавы | |
На дарогу з Варшавы | 69 злотых |
За знаходжанне тыдзень у Шчучыне | 15 злотых |
Усяго | 1265 злотых 19 грошаў |
Крыніца: НГАБ. Ф. 1900. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 711–711адв.; звесткі часткова выкарыстаны ў працах: Glemža L. Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės miestų sąjūdis 1789–1792 metais. Kaunas, 2010. P. 121–122; Rimša E. Pieczęcie miast Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warszawa, 2007. S. 71, 195.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што фінансавая справаздачнасць органаў гарадскога самакіравання Беларусі ў другой палове XVI – XVIII ст. была абавязковым элементам іх дзейнасці. Справаздачы складаліся рэгулярна (штогод). Яны былі прымеркаваны да змены персанальнага складу органаў самакіравання і праводзіліся ці перад самой яго зменай ці адразу пасля яе (у выпадку стабільнасці складу органаў самакіравання справаздача адбывалася ў канцы каляндарнага / фінансавага года). У выпадку пропуску па нейкай прычыне тэрміну справаздачы яна абавязкова складалася ў будучыні. Задачай справаздачы было высвятленне правільнасці збору і расходавання фінансавых сродкаў горада. Справаздачу прымаў агульны сход органаў самакіравання і мяшчанскай грамады (ці іх прадстаўнікі) або спецыяльныя прадстаўнікі ўладальніка горада (каралеўскія ці панскія камісары).
У час справаздачы асобы, адказныя за яе, падавалі ўвесь пакет фінансавай дакументацыі (рэестры даходаў і расходаў, рэестры паступлення падаткаў і збораў, арэндныя кантракты, асігнацыі, квіты і г. д.).
Практыкаваліся розныя віды справаздачнасці: бягучая справаздачнасць, справаздачнасць па асобных артыкулах даходаў / расходаў, выніковая агульная гадавая справаздачнасць.
Існавала асабістая фінансавая адказнасць прадстаўнікоў органаў самакіравання перад горадам. У выпадку няслушнасці, няправільнасці расходаў асоба, за гэта адказная, кампенсавала шкоду, нанесеную гораду, з асабістых сродкаў.
У цэлым сістэма справаздачнасці органаў гарадскога самакіравання Беларусі ў другой палове XVI – XVIII ст. спрыяла функцыянаванню гарадскога бюджэту ў бездэфіцытным рэжыме і была сродкам папярэджання злоўжыванняў пры зборы і расходаванні фінансавых сродкаў горада.
Дадатак. Асігнацыі і квітанцыі нясвіжскага магістрата 1651–1653 г.
№ | Змест | Сума | Дата | Крыніца |
1. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў для набыцця ў “неспакойны час” аднаго бубна для апалчэння нясвіжскага прадмесця Казімір | 3 злотыя | 11.05.1651 г. | НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 135 |
2. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на рамонт Мірскага гасцінца ў Прысадах і Каршовым балоце: нарыхтоўку хмызняку ў гарадскім бары, дастаўку зямлі для гаці, наём капачоў | Не пазначана [66] | 30.07.1651 г. | -//- Арк. 134 |
3. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на закупку сыравіны ды выраб скураных вёдзер і 6 металічных бусакоў у ратушу | -//- | 17.08.1651 г. | -//- Арк. 133 |
4. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на брукаванне дарогі за Віленскай брамай, дзе ўтварыліся ямы (нарыхтоўку пяску, камення, наём брукара “з таварышамі”) | -//- | 24.08.1651 г. | -//-
Арк. 137 |
5. | Першы запіс: Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Ф. Гардзяевіча гарадскому бірчаму Я. Гановічу на выдачу ўтрымання драгунскай харугве. Другі запіс (б. д.): Квітанцыя прадстаўніка драгунскай харугвы А. Мішукевіча аб атрыманні ім 10 коп літоўскіх грошаў (25 злотых), 3 гарцаў віна, 6 гарцаў мёду для чэлядзі, 4 гарцаў піва (на 11 злотых 27 грошаў) |
36 злотых 27 грошаў |
20.09.1651 г. | -//- Арк. 140 |
6. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў для рамонту моста праз рынкавы “канал” (рышток? – А. Д.) і паглыбленне самога “канала” і рова для спуску вады (для бяспечнага праезду людзей – у сувязі з набліжэннем кірмашу) | Не пазначана | 25.09.1651 г. | -//- Арк. 138 |
7. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне нясвіжскаму плябану М. Мамонічу грошай за 1651 г. паводле фундушу на касцёл | 80 злотых | 18.11.1651 г. | -//- Арк. 146 |
8. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выплату гарадскому пісару Л. Гановічу заробку за 1-е паўгоддзе 1651 г. | 50 злотых | [11.11.]1651 г. (дзень Св. Марціна) | -//- Арк. 145 |
9. | Квітанцыя гарадскога пісара Л. Гановіча аб атрыманні заробку за 1-е паўгоддзе 1651 г. | 50 злотых | Пасля 11.11.1651 г. | -//- Арк. 145 адв. |
10. | Квітанцыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу аб аплаце ім мядовай, піўной, гарэлачнай капшчызны з карчмы за 1651 г. | 6 злотых 7 грошаў польскіх 4 пенязі |
01.12.1651 г. | -//- Арк. 139 |
11. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выплату “рэшты заслужанага за 1651 год” гарадскім слугам | Не пазначана | [24.12.]1651 г. (пярэдадне Божага Нараджэння). | -//- Арк. 132 |
12. | Квітанцыя нясвіжскіх гарадскіх слуг аб атрыманні імі рэшты заробку за 1651 г. пасля правядзення рахункаў з бурмістрамі (гарадскім слугам Івану і Якубу – па 3 капы грошаў, падвойскаму – 2 капы грошаў, гадзіншчыку Лазоўскаму – 6 коп грошаў літоўскіх), а таксама аб атрыманні авансу гадзіншчыкам на 1652 г. (1 злоты 7 грошаў польскіх 4 пенязі) і аб атрыманні Суслам [67] за 1651 г., які скончыўся для яго ў Папяльцовую сераду [68], і на новы 1652 г. 5 коп грошаў літоўскіх (квітанцыя заверана подпісам пісара Л. Гановіча [69]) | 19 коп грошаў літоўскіх і 1 злоты 7 грошаў польскіх 4 пенязі |
Пасля 24.12.1651 г. | -//- Арк. 132 адв. |
13. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне 24 злотых для выплаты на карысць уласніка горада “каляды” за 1652 г. і на выплату гарадскому пісару 6 злотых за напісанне просьбы гэтаму ж уласніку пра вызваленне горада ад выплаты “шпітальнай сумы” ў 500 коп літоўскіх грошаў | 30 злотых | 05.01.1652 г. | -//- Арк. 141 |
14. | Квітанцыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу аб атрыманні імі грошай на паездку ў Мір па гарадскіх справах і на пражыванне там на працягу аднаго тыдня | 11,5 злотых | 14.01.1652 г. | -//- Арк. 144 |
15. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выплату квоты за 1652 г. у княжацкі скарб па пастанове рэвізораў Нясвіжскага княства (горад падаваў просьбу дараваць гэтую суму, але нясвіжскі стараста на гэта не згадзіўся) | 150 злотых | 18.03.1652 г. | -//- Арк. 148 |
16. | Асігнацыя бурмістра Я. Гановіча, завізаваная войтам, на аплату работы токара Якуба па вырабе мер: кварты і паўкварты) | Не пазначана | 26.04.1653 г. | -//- Арк. 150 |
17. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выплату гарадскому пісару Л. Гановічу заробку за 1-е паўгоддзе 1652 г. | 50 злотых | 30.05.1652 г. | -//- Арк. 142 |
18. | Квітанцыя гарадскога пісара Л. Гановіча аб атрыманні ім заробку за 1-е паўгоддзе 1652 г. | 50 злотых | Пасля 30.05.1652 г. | -//- Арк. 142 адв. |
19. | Квітанцыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу, які выплаціў наваградскаму вознаму 1 злоты за агляд у справе крадзяжу каня нясвіжскага мешчаніна Грышкі Маўчана | 1 злоты | 01.05.1652 г. | -//- Арк. 164 |
20. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на набыццё тканіны, шнуркоў і г. д. і на пашыў формы тром гарадскім слугам і падвойскаму на 1652 г. | Не пазначана | 14.05.1652 г. | -//- Арк. 152 |
21. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдачу грошай на хлеб і квас вязням, якія прыбіралі гарадскі рынак і вуліцы | Па 1,5 грошы на дзень на 1 чалавека | 01.07.1652 г. | -//- Арк. 153 |
22. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на нарыхтоўку з дазволу ляснічага Нясвіжскага княства гарадскімі цеслярамі пад кіраўніцтвам іх майстра Багдана ў княжацкай пушчы 2 коп лесy для новага моста | Не пазначана | 01.07.1652 г. | AGAD. AR. Dz. XV. Teka 7. Pl. 1. K. 99 |
23. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на рамонт ратушы | -//- | 17.07.1652 г. | НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 154 |
24. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на нарыхтоўку па запыце цяслярскага майстра Багдана чатырма цеслярамі ў княжацкай пушчы 1,5 коп доўгага і тоўстага брусу для апошняга вянка новага моста | -//- | 24.07.1652 г. | AGAD. AR. Dz. XV. Teka 7. Pl. 1. K. 101 |
25. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне грошай для нарыхтоўкі дрэва для будынку каля моста і мураванага млына, а таксама для машчэння дарогі за мостам і млынам | -//- | 27.07.1652 г. | -//- K. 103 |
26. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне грошай для пабудовы моста каля мураванага млына (яго неабходна было зрабіць па распараджэнні ўласніка горада, які ўжо выдаў асобныя асігнацыі ляснічаму на выдачу лесу і замкаваму будаўнічаму на выдачу цэглы і вапны) і на аплату работы капачам, цеслярам, мулярам | -//- | 29.07.1652 г. | -//- K. 105 |
27. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне грошай для капання траншэй пад фундамент, нарыхтоўкі будаўнічага матэрыялу (пяску, камення, дошак) для пабудовы моста каля мураванага млына | -//- | 05.08.1652 г. | -//- K. 109 |
28. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на рамонт Слуцкай (Капыльскай) брамы: дастаўку цэглы і вапны, атынкоўку сцен, нанясенне на новай тынкоўцы герба Радзівілаў і герба горада | -//- | 02.08.1652 г. | НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 165 |
29. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на рамонт гадзінніка і мураванага млына | -//- | 11.08.1652 г. | -//- Арк. 155 |
30. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў мулярам на рамонт мураванай брамы (Слуцкай? – А. Д.) і млына, рамонт цеслярамі абодвух варот брамы і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля іх, а таксама закупку будаўнічых матэрыялаў | -//- | 11.08.1652 г. | -//- Арк. 159 |
31. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне грошай на закупку пяску, камення і аплату працы брукарам, якія брукавалі пляц перад брамай, і мацаванне ў ёй варот | -//- | 18.08.1652 г. | AGAD. AR. Dz. XV. Teka. 7. Pl. 1. K. 107 |
32. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне грошай на рамонт Слуцкай брамы, пацярпелай у час паводкі, і ўмацаванне берагу каля яе драўляным зрубам | -//- | 29.08.[1652] г. | НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 160 |
33. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў для рамонту моста (латанне дзірак, абсталяванне з двух бакоў парэнчаў і г. д.) | -//- | 19.09.1652 г. | -//- Арк. 162 |
34. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў для рамонту Віленскай брамы, пашкоджанай праз “вялікія штурмы” (на нарыхтоўку гонты і гонтавых цвікоў) | -//- | 19.09.165[2] г. | -//- Арк. 156 |
35. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў [Я. Гановічу] на выдзяленне сродкаў нясвіжскаму старасту за канстытуцыю 1652 г. (?) | 2 злотыя | 22.09.1652 г. [70] | -//- Арк. 157 |
36. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў для нарыхтоўкі дошак на рамонт моста пры мураваным млыне | Не пазначана | 24.09.1652 г. | -//- Арк. 158 |
37. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выплату прэміі мулярам за хуткую працу на мураваным млыне (1 злотага майстру і па 15 грошаў чатыром яго “таварышам”) | 3 злотыя | 26.09.1652 г. | -//- Арк. 166 |
38. | Квітанцыя бурмістра Я. Гановіча аб атрыманні чыншу ад нясвіжскага мешчаніна Марціна Карлоўскага за 1652 г. | 3 капы грошаў | 31.10.1652 г. | -//- Арк. 149 |
39. | Першы запіс: Квітанцыя войта мяшчанцы Карлоўскай, якая выплаціла чынш з пляца, піўной карчмы і з адной валокі. Другі запіс: Квітанцыя войта мяшчанцы Карлоўскай, у якой ён узяў такую ж суму ў снежні 1653 г. |
2,5 капы грошаў | 01.11.1652 г.; снежань 1653 г.? |
-//- Арк. 149 адв. |
40. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдачу нясвіжскаму плябану грошай за 1652 г. | 80 злотых | 14.11.1652 г. | -//- Арк. 163 |
41. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выплату заробку гарадскім слугам, гадзіншчыку і падвойскаму за 1652 г. | Не пазначана | 15.11.1652 г. | -//- Арк. 151 |
42. | Квітанцыя аб атрыманні заробку за 1652 г. трыма гарадскімі слугамі, гадзіншчыкам і падвойскім, завераная гарадскім пісарам Л. Гановічам | -//- | Пасля 15.11.1652 г. | -//- Арк. 151 адв. |
43. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выплату гарадскому пісару Л. Гановічу заробку за 2-е паўгоддзе 1652 г. | 50 злотых | 15.12.1652 г. | -//- Арк. 143 |
44. | Квітанцыя гарадскога пісара Л. Гановіча аб атрыманні ім заробку за 2-е паўгоддзе 1652 г. | -//- | Пасля 15.12.1652 г. | -//- Арк. 143 адв. |
45. | Квітанцыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу аб аплаце мядовай, піўной і гарэлачнай капшчызны з карчмы за 1652 г.. | [6 злотых 7 грошаў 4 пенязі] [71] |
17.12.1652 г. | -//- Арк. 161 |
46. | Першы запіс: Асігнацыя бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне грошай з гарадскіх сродкаў, сабраных у 1652 г., на накіраванне войта ў Наваградак, на паседжанні павятовага земскага суда па справах горада з наваградскай шляхтай. Другі запіс: Квітанцыя войта аб атрыманні гэтых грошай |
10 злотых 15 грошаў |
05.01.1653 г.; б. д. |
-//- Арк. 171 |
47. | Квітанцыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу, які выдаў 1 злоты на пару гарцаў мёду для прымірэння харугвы прадмесця Казімір і Нясвіжскай воласці, а таксама 0,5 злотага на гарэлку жаўнерам харугвы пана Межынскага | 1,5 злотыя | 19.01.1653 г. | -//- Арк. 181 |
48. | Першы запіс: Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на найм на 4 тыдні за 2 злотыя слесара Чалея для нагляду за ратушным гадзіннікам, “без якога глуха ўжо ў горадзе” (у сувязі з хваробай гарадскога гадзіншчыка Лазоўскага). Другі запіс: Квітанцыя аб выплаце слесару Чалею “другіх 2 злотых” за нагляд за гарадскім гадзіннікам ад Божага Нараджэння 1652 г. да Кветнай (Вербнай) нядзелі 1653 г. (Акрамя таго, на каталіцкую Пасху неабходна было дамовіцца з ім наконт гэтай працы на цэлы год, бо гарадскігадзіншчык Лазоўскі “моцна занядужаў”.) |
2 + 2 злотыя | 21.01.1653 г.; б. д.. |
-//- Арк. 179 |
49. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на рамонт гадзінніка слесару Бускаму (некалькі злотых на 4 шыны жалеза, 1 злоты на сталь, 3 злотыя за работу і г. д.) | Больш за 5 злотых | 22.01.1653 г. | -//- Арк. 168 |
50. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на паездку гарадскога пасланца Фалькоўскага ў Жухавічы да нясвіжскіх эканомаў па розных гарадскіх справах і на асэсарскі суд | 20 злотых | 17.02.1653 г. | -//- Арк. 169 |
51. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на набыццё дрэва і абсталяванне гарадскога астрога за Наваградскай брамай на ўзор астрога перад Віленскай мураванай брамай | Не пазначана | 12.03.1653 г. [72] | -//- Арк. 180 |
52. | Асігнацыя войта С. Нячая і бурмістра Я. Высоцкага бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на добраўпарадкаванне тэрыторыі каля збудаванага новамесцкага астрога (капанне з двух бакоў равоў і абсыпанне астрога зямлёй) | -//- | 17.03.1653 г. | -//- Арк. 170 |
53. | Асігнацыя войта С. Нячая бурмістру і бірчаму гарадскіх даходаў Я. Гановічу на выдзяленне “паводле звычаю” сродкаў на форму тром гарадскім слугам з даходаў за 1652 г. | -//- | 03.04.1653 г. | -//- Арк. 182 |
54. | Асігнацыя войта С. Нячая бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на найм замкавага слесара Чалея на работу замест хворага гарадскога гадзіншчыка Лазоўскага для нагляду за ратушным гадзіннікам (без якога “непрыгожа ў горадзе”) з такім жа заробкам (прычым для заахвочвання заробак за чвэрць года выдаваўся авансам) | -//- | 06.04.1653 г. | -//- Арк. 177 |
55. | Асігнацыя войта С. Нячая бурмістру Я. Гановічу на выдзяленне сродкаў на нарыхтоўку матэрыялаў для завяршэння будаўніцтва ў горадзе двух мастоў і ўпуста [73]: нарыхтоўку рамеснікамі ў панскай пушчы дыляў для моста, дошак для ўпуста, дастаўкі іх у горад наёмнымі фурманамі і спуску па рацэ мяшчанамі (работы былі пачаты ў 1652 г.) | -//- | 06.04.1653 г. | -//- Арк. 175 |
56. | Асігнацыя войта С. Нячая бурмістру і бірчаму Я. Гановічу на выдзяленне гарадскому пісару Л. Гановічу заробку за 1-е паўгоддзе (“дзве чвэрці”) 1653 г. з гарадскіх даходаў за 1652 г. | 50 злотых | 13.04.1653 г. | -//- Арк. 183 |
57. | Квітанцыя гарадскога пісара Л. Гановіча аб атрыманні ад бурмістра і бірчага Я. Гановіча заробку за 1-е паўгоддзе 1653 г. | -//- | 15.04.1653 г. | -//- Арк. 183 адв. |
58. | Асігнацыя войта С. Нячая бурмістру Я. Гановічу на выдачу ўтрымання хвораму гадзіншчыку (2 злотыя 15 грошаў) і на разлік з гарадскімі слугамі | 2 злотыя і 15 грошаў | 16.04.1653 г. | -//- Арк. 176 |
59. | Квітанцыя нясвіжскага падстарасты аб выдачы яму бурмістрам Я. Гановічам грошай з гарадскіх даходаў за 1652 г. у адпаведнасці з палажэннямі інвентару | 150 злотых | 20.05.1653 г. | -//- Арк. 178 |
Financial reporting of the self-governing cities in Belarus
from the second half of 16th till 18th century
Aliaksandr Doŭnar
The paper analyzes the financial reporting of self-government bodies in cities and towns of Belarusian lands of the Grand Duchy of Lithuania on basis of archive materials related to the second half of the 16th till 18th centuries. The financial report as a mandatory action was conducted annually. It was usually timed to change the personnel composition of self-government bodies. The all revenues and expenditures were subject to audit. For this purpose, special institutions of control were formed in the system of self-government body. The report was to be accepted by the general assembly of self-government bodies and the burgher community (or their representatives) or special representatives of the city or town owner. As the author concludes, the financial reporting system of Belarusian self-governing cities and towns in the second half of the 17th and 18th centuries contributed to the functioning of their budgets in a deficit-free mode and was a means of preventing abuses in the collection and expenditure of their financial resources.
[1] Гл., напрыклад: Копысский З. Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI – первой половине XVII в. Минск, 1966; Грицкевич А. П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI–XVIII вв. Минск, 1975; Карпачев А. М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии во второй половине XVII – XVIII в. Дисс. … докт. ист. наук. Минск, 1969; Alexandrowicz S. Geneza i rozwój sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy XVII w. // Acta Baltico-Slavica. T. VII. 1970. S. 47–108.
[2] Гл. на гэтую тэму: Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIV – XVIII ст. Ч. 1. Мінск, 2013.
[3] Groicki B. Porządek sądów i spraw mieyskich prawa maydeburskiego. Kraków, 1559. K. 7–8.
[4] Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне… Ч. 1. С. 303–304.
[5] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. VII. Акты Гродненского гродского суда. Вильна, 1874. С. 75–76.
[6] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. IV. С.-Петербург, 1851. С. 169.
[7] Серадапосце – сярэдзіна (серада чацвёртага тыдня) Вялікага посту.
[8] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ-18. Воп. 1. Спр. 106. Арк. 80–80адв., 556–560.
[9] Тамсама. Спр. 127. Арк. 142–144.
[10] Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. XV. Teka 18. Pl. 1. S. 76. 16 траўня 1758 г. быў складзены рэестр “пагарэльцаў старога горада Нясвіжа”, у якім пазначаны гаспадары 228 згарэлых дамоў і адзначана, што пажарам пашкоджаны касцёл дамініканцаў, згарэла Віленская брама, нясвіжскі шпіталь, мураваная сінагога, яўрэйская лазня пры сінагозе і інш.: Ibidem. Teka 7. Pl. 1. S. 143–145.
[11] Ibidem. Teka 18. Pl. 1. S. 66–78 (выпіс дэкрэта).
[12] Ibidem. S. 70.
[13] Ibidem. Dz. XXIII. Teka 154. Pl. 5. S. 621.
[14] НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Спр. 32. Арк. 18.
[15] Volumina legum. Т. IX. Kraków, 1889. S. 295–296 (Rozdz. XIII).
[16] Ibidem. T. X. Poznań, 1952. S. 197–211 (Art. III, VI).
[17] Ганецкая І. Жыццё супольнасці прыватнага мястэчка XVІІІ ст. (на прыкладзе Глуска-Дубровіцкага) // Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада. XV–XX стст. / пад рэд. А. Ф. Смаленчука і А. К. Краўцэвіча. Мінск, 2015. C. 74.
[18] У адпаведнасці з інструкцыямі, у гарадскую касу павінна былі ісці наступныя даходы:
1. Ад кожнага злотага пазямельнага чыншу, які ішоў на карысць панскага двара, – па 3 грошы.
2. 5% ад чыстага даходу гараджан (рамеснікаў, наёмных рабочых і г. д.).
3. Судовыя штрафы, узносы цэхаў, ахвяраванні мяшчан і г. д. Акрамя гэтага, магістрат меў права ўсталёўваць і свае зборы. На першай сесіі магістрат павінен быў правесці перапіс усіх жыхароў горада і вызначыць, колькі і калі кожны мешчанін павінен плаціць падаткаў дзяржаве, уладальніку, гораду. Пасля прыняцця магістратам рашэння аб увядзенні збору ў гарадскі бюджэт лаўнік з двума мяшчанамі павінны былі абысці горад і ўсім пра гэта паведаміць. Пры гэтым лаўнік павінен быў запісаць на сцяне дома, што кожны мешчанін павінен даваць у гарадскі бюджэт.
4. Крэдытныя аперацыі, якія магістрат меў права ажыццяўляць, перш за ўсё, для сваіх жа мяшчан (крэдыты выдаваліся пасля праверкі іх неабходнасці і плацежаздольнасці крэдытаатрымальнікаў, пры наяўнасці двух паручыцеляў). Крэдыт выдаваўся не больш чым на паўгода з працэнтнай стаўкай на гэты перыяд 4% (г. зн. 8% гадавых). Пры неабходнасці магістрат мог падоўжыць тэрмін крэдыту яшчэ на паўгода, але ўжо з працэнтнай стаўкай 12% гадавых (для яўрэяў прадугледжваліся больш высокія стаўкі крэдыту – 12 і 16% гадавых адпаведна). У выпадку невяртання крэдыту прадугледжвалася спагнанне сумы і працэнтаў па ім з маёмасці крэдытаатрымальніка і яго паручыцеляў.
[19] Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius (VUB RS). F. 4. Sign. 12069 (A-257). L. 50v–56 (раздз. V); Стрэнкоўскі С. П. Самакіраванне мястэчка Дзярэчын у канцы XVIII ст. (па “Арганізацыі магдэбургскай юрысдыкцыі ў горадзе, які названы Дзярэчын”) // Капыль: гісторыя горада і рэгіёна: да 360-годдзя надання Капылю прывілея на магдэбургскае права / уклад.: А. А. Скеп’ян. А. Б. Доўнар, І. В. Соркіна. Мінск, 2012. С. 131–137.
[20] VUB RS. F 4. Sign. 12069 (A-257). L. 59–61 v (раздз. VII); Стрэнкоўскі С. П. Самакіраванне мястэчка Дзярэчын… С. 139–142.
[21] Беларускі архіў / уклад., заўв. і паказ. З. Даўгялы. Т. 3. Менск, 1930. С. 100–101; Гісторыя Мінска / пад рэд. У. А. Бабкова. Мінск, 2006. С. 142; Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне… Ч. 1. С. 306.
[22] Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне… Ч. 1. С. 305, 307; Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске (ИЮМ). Вып. 17. Витебск, 1888. С. 81, 108, 112, 114, 115 і інш.
[23] Макараў М. Месцкія ўлады Полацка (1580–1772 гг.): арганізацыя, персанальны склад. Смаленск, 2014. С. 48–50.
[24] НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 174. Арк. 1–2.
[25] Тамсама. Спр. 175. Арк. 2–2адв.
[26] НГАБ. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 174. Арк. 10, 43–43адв.
[27] Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Rkps. 9314. K. 133–134 (актавая кніга Шклоўскага магістрата, 1762–1763 г.).
[28] НГАБ. Ф. 1757. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 103.
[29] Тамсама. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 174. Арк. 1, 2–10, 12–42, 61, 73, 76, 96 і інш.
[30] AGAD. AR. Dz. XV. Teka. 7. Pl. 1. K. 1, 2.
[31] НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 164.
[32] AGAD. AR. Dz. XV. Teka. 7. Pl. 1. K. 3.
[33] Ibidem. K. 6 (войт Грыгорый Сапоцька, 1648 г.); НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 182–183 (войт Себасцьян Нячай, 1653 г.).
[34] НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 183, 183адв.
[35] Тамсама. Арк. 132адв., 142адв., 143адв., 151адв., 183адв.
[36] AGAD. AR. Dz. XV. Тeka 7. Pl. 1. K. 8; НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 132адв., 151адв.
[37] НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 142адв., 143адв., 145адв., 183адв. і інш.
[38] Тамсама. Арк. 151. Часам пасля заканчэння фінансавага года і пры астатку грашовых сродкаў у “гарадской скрынцы” для пакрыцця расходаў за бягучы год выкарыстоўваліся грошы мінулага года. Так, з гарадскіх даходаў Нясвіжа, сабраных у 1652 г., было выплачана ўтрыманне (на сукно і г. д.) за пачатак 1653 г. і па асігнацыі ад 3 красавіка гэтага года тром гарадскім слугам: Тамсама. Арк. 182. Ва ўтрыманне гарадскіх слуг і падвойскага ўваходзіла забеспячэнне з гарадскіх сродкаў сукном, палатном, шнуркамі і г. д., пашыў жупаноў, хутчэй за ўсё, аднаго фасону – г. зн. яны забяспечваліся “службовай” формай: Тамсама. Арк. 152 (асігнацыя ад 14 траўня 1652 г.). Таксама па асігнацыі нясвіжскага магістрата ад 13 красавіка 1653 г. з даходаў за 1652 г. быў выплачаны заробак гарадскому пісару за першае паўгоддзе 1653 г.: Тамсама. Арк. 183–183адв.
[39] Тамсама. Ф. 1817. Воп. 1. Спр. 174. Арк. 2, 4адв.
[40] Тамсама. Спр. 175. Арк. 2.
[41] “Сесіяй” называўся орган гарадскога самакіравання Слуцка ў другой палове XVII ст.
[42] Тамсама. Ф. 1825. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 2адв.–10адв.
[43] Тамсама. Ф. 1816. Воп. 1. Спр. 25. Арк. 5–5адв.
[44] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 6.
[45] Тамсама. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 287. Арк. 447–447адв. (дакумент напісаны лацінаграфічным пісьмом – у артыкуле ў цытатах праведзена транслітарацыя ў кірылічнае пісьмо).
[46] ИЮМ. Вып. 14. Витебск, 1883. С. 395.
[47] У дакуменце 1584 г. пазначана толькі пасада першага камісара – “берасцейскі стараста”; у перыяд з 1565 да 1587 г. ім быў Астафій Валовіч: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. T. 8. Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV–XVIII wiek / pod red. A. Rachuby. Warszawa, 2020. S. 183.
[48] НГАБ. Ф. 1741. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 210адв.
[49] Камісарскі суд – часовы суд па розных спрэчных маёмасных пытаннях, ажыццяўленне дзейнасці якога было звязана ці з выездам на месца справы, ці з прыцягненнем у склад суда давераных асобаў бакоў судовага працэсу. Склад суда вызначаў манарх, а ў XVIII cт. – таксама і асэсарскі суд.
[50] Асэсарскі задворны суд – адзін з найвышэйшых судоў ВКЛ, які ад імя манарха разглядаў справы дзяржаўных уладанняў і магдэбургскіх гарадоў.
[51] Тамсама. Ф. 1816. Воп. 1. Спр. 32. Арк. 1.
[52] Тамсама. Арк. 1, 25.
[53] Доўнар А. Б. Рэестр дакументаў мінскага бурмістра Яна Давіда Шэйбы // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 940-годдзя горада) / рэдкал.: А. А. Каваленя (адк. рэд.) і інш. Мінск, 2008. С. 98.
[54] НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Спр. 32. Арк. 2адв.–4.
[55] Тамсама. Арк. 2–18.
[56] Тамсама. Арк. 2–2адв., 8.
[57] Хутчэй за усё, мелася на ўвазе крама, якая належала менскай праваслаўнай царкве Св. Пятра і Паўла ці манастыру пры ёй.
[58] Тамсама. Арк. 19, 20адв., 22адв.–23.
[59] AGAD. AR. Dz. XXIII. Teka 134. Pl. 2. S. 377–378.
[60] Рашэнні “гмінных мужоў” Менска ў другой палове XVII – XVIII ст. былі вырашальнымі для эканамічных, фіскальных пытанняў жыцця горада.
[61] НГАБ. Ф. 1816. Воп. 1. Спр. 25. Арк. 106.
[62] Тамсама. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Арк. 143адв.
[63] Тамсама. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 29. Арк. 34–35.
[64] Асоба пана Скорвіда не ідэнтыфікавана; хутчэй за ўсё, ён выконваў пэўныя інкасатарскія функцыі на карысць горада.
[65] Лібра – даўняя адзінка лічэння паперы (25 аркушаў).
[66] Асігнацыя аб выдзяленні гарадскіх фінансавых сродкаў без канкрэтнай сумы давала дазвол на мэтавае выкарыстанне гэтых сродкаў. Для зацвярджэння пад час справаздачы расходаваных сум на ўказаныя мэты неабходна было скласці і падаць “слушны рэестр” расходаў, які ўключаў плату за працу і закупку матэрыялаў па рыначнай цане (па “звычаю”); усё гэта неабходна было пацвердзіць квітанцыямі ад рамеснікаў аб атрыманні грошай: AGAD. AR. Dz. XV. Teka 7. Pl. 1. K. 99, 105, 109.
[67] Асоба і род дзейнасці не вызначаны.
[68] Папяльцовая серада (Папялец) – першы дзень Вялікага посту ў каталікоў.
[69] У квітах нясвіжскі пісар падпісваўся як па-польску (“Wawrzyniec”), так і па-лацінску (“Laurentius”).
[70] Дата дзённая напісана больш цёмным чарнілам зверху па іншай даце, магчыма, “27”.
[71] Рэканструявана на падставе: НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4963. Aрк. 139.
[72] Дата напісана зверху больш цёмным чарнілам па іншай даце.
[73] Упуст – спецыяльны жолаб, па якім вада падаецца на млынавае кола.