Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII w. (Генадзь Семянчук)
Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVII1 wieku. Spisy / Opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. — Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994.- 255 S.
Пачынаючы з 1985 г. Інстытут гісторыі Польскай Акадэміі Навук i бібліятэка ў Курніку выдаюць фундамэнтальную сэрыю «Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XIV-XVIII w. Spisy». Яе галоўным рэдактарам зьяўляецца праф. Антоні Гансяроўскі. На сёньня пабачылі сьвет 17 кніг гэтай сэрыі. Менавіта апошняя, пазначаная томам XI, сталася адзінаю, прысьвечанаю Вялікаму Княству Літоўскаму. Такім чынам, па словах А.Гансяроўскага, «нарэшце удакладніўся тытул усёй сэрыі, бо ВКЛ разам з Каронай стваралі Рэч Паспалітую».
Згаданыя выданьні ўяўляюць зь сябе храналягічныя сьпісы асоб, якія займалі розныя ўрадавыя i адміністрацыйныя пасады ў Кароне i ў ВКЛ, галоўным чынам ад XIV да XVIII ст. У навуковым значэньні падобных прац, здаецца, нікога ня трэба пераконваць. Гэта своеасаблівыя выданьні гістарычных крыніц.
Аўтары тому, Генрых Люлевіч i Анджэй Рахуба, даволі вядомыя i прызнаныя спэцыялісты, якія даўно пасьпяхова працуюць над гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага[1] . Першы зь ix апрацаваў «Сьпіс» з XIV ст. да 1632 г., другі — з 1633 да 1795 г.
Як вынікае з уступу, падставовым корпусам крыніцаў для выкананьня гэтай працы зьявілася Літоўская Мэтрыка, як у вэрсіі арыгінальнай, што захоўваецца ў Расейскім Дзяржаўным Архіве Старажытных Актаў у Маскве, так i ў копіях, рэестрах ды сыгілятах з Галоўнага Архіву Старажытных Актаў у Варшаве. Аўтары адзначаюць, што прадоўжыць падобныя дасьледаваньні трэба ў фондах архіваў Менску, Вільні i Санкт-Пецярбургу. Арыгінальны архіўны матэрыял дапаўняецца друкаванымі крыніцамі i літаратурай генэалягічнага ды бібліяграфічнага характару.
Прапанаваны польскімі вучонымі сьпіс адміністрацыі ВКЛ не зьяўляецца першай працай такога кшталту. Больш за сто гадоў таму выйшла манаграфія Юзафа Вольфа пра сэнатараў i дыгнітараў ВКЛ ад 1386 да 1795 г.[2] Аднак праца Ю.Вольфа, ня гледзячы на яе вартасьці, патрабавала значных удакладненьняў. Кнігу Г.Люлевіча i А.Рахубы ні у якім разе нельга лічыць дадаткам да працы свайго папярэдніка з XIX ст. Гэта арыгінальнае й вельмі грунтоўнае самастойнае дасьледаваньне.
Аўтары паспрабавалі максымальна поўна ахапіць сьвецкія й духоўныя, цывільныя й вайсковыя адміністрацыйныя пасады ВКЛ. Усяго ў альфабэтным парадку разгледжаны выканаўцы 50 кіраўнічых намінацый, агульнай колькасьцю 1589 пазыцый. У гэтым ліку харужых вялікіх (земскіх) — 26, харужых надворных (дворных) — 25, чашнікаў (чэсьнікаў) — 48, генэралаў артылерыі — 22, генэралаў-інспэктараў — 4, гетманаў вялікіх (найвышэйшых) — 28, гетманаў палявых (дворных) — 28, інстыгатараў — 25, канцлераў — 23, канюшых (канюшых дворных) — 32, крайчых — 44, кухмістраў — 36, лоўчых гаспадарскіх (лоўчых вялікіх) — 36, лоўчых надворных — 17, маршалкаў надворных (дворных) — 39, маршалкаў дворскіх (гаспадарскіх) — 181, мечнікаў — 28, мернікаў гранічных — 7, мастаўнічых — 3, абозных вялікіх — 28, абозных палявых (вайсковых) — 10, пісараў дэкрэтавых (задворных асэсарскіх ці задворных дэкрэтавых) — 14, пісараў двароў i воласьцяў гаспадарскіх — 8, пісараў палявых — 25, пісароў скарбавых — 63, пісараў вялікіх літоўскіх — 210, піўнічых (падчашых надворных) — 19, поштмагістраў (генэральных дырэктараў поштаў) i генэральных адміністратараў — 14, падчашых — 44, падканцлераў — 23, падкаморых — 27, падконных (надконных) — 8, падканюшых — 16, падскарбіяў дворных (падскарбіяў надворных) — 41, падстоліх — 59, духоўных рэфэрэнтаў — 26, сьвецкіх рэфэрэнтаў — 27, рэгентаў вялікай канцылярыі — 24, рэгентаў меншай канцылярыі — 22, сакратароў вялікіх духоўных — 13, сакратароў вялікіх сьвецкіх — 6, скарбных літоўскіх (гаспадарскіх) — 28, сьпіжарных i карэнных — 9, стольнікаў — 44, стражнікаў вялікіх — 17, стражнікаў палявых (вайсковых) — 19, віцэінстыгатараў — 15, войскіх — 6.
Усьлед за аўтарамі кнігі адзначым, што ідэалам падобнага дасьледаваньня быў бы ўлік усіх кіруючых пасадаў, якія ўтрымлівалі ў тытуле формулу «Вялікае Княства Літоўскае» (напрыклад, каморнікі), функцыянэраў вышэйшых органаў канцылярыі (мэтрыкантаў, сакратароў пячаткі, пісараў рэфэрэнтскіх судоў), скарбу (пісары й рэгенты) i войска (судовыя пісары, судзьдзі, рэгенты, станоўнічыя).
Усе кнігі гэтай сэрыі (сьпісы адміністратараў Рэчы Паспалітай) маюць адзіную ўнутраную структуру. Пасады ў ix пададзены ў альфабэтным парадку, пры гэтым ужываецца яе аўтэнтычная назва. Да кожнага тытулу дадаецца кароткая інфармацыя пра гісторыю пасады i магчымыя зьмены назвы. Асобы пададзены ў храналягічным парадку. Для кожнай названы тытул, які яна мела на час намінацыі, даецца дата гэтай намінацыі (наколькі магчыма ўдакладняецца інфармацыя аб тым, каму пасада надавалася), ці першая згадка аб прызначэньні на гэтую пасаду. Далей зьмяшчаецца інфармацыя пра апошнюю падобную згадку, якая даволі часта адпавядала або авансаваньню на наступную пасаду, або адмове ці сьмерці ўрадніка.
Кніга мае грунтоўны індэкс асобаў. У ім у альфабэтным парадку пададзены прозьвішчы ўсіх, названых у «сьпісе». Кожную пазыцыю складаюць прозьвішча, імя, інфармацыя пра герб, назвы адміністрацыйных пасадаў, якія асоба займала, а для часу да Люблінскай уніі называюцца таксама дзяржавы ды намесьніцтвы, якімі яна валодала. Напрыклад: «Пазьняк Ян Францішак, герба «Гжымала», пісар гродзкі жмудзкі 1659-1663, пісар дэкрэтавы (1660-1664) Nr.731; пісар земскі віленскі 1663; падваявода віленскі 1663; памёр 12.09.1667» (S.231).
Дасьледаваньне Г.Люлевіча i А.Рахубы «Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku» — чарговая значная праца польскіх калегаў па гісторыі i Беларусі. Яна папаўняе кола падручнай даведачнай літаратуры, так неабходнай навукоўцам.
Генадзь Семянчук (Горадня)
[1] Гл. напрыклад: Lulewicz Н. Skład wyznaniowy senatorów świeckich WKL za panowania Wazów // PH.T.68 (1977), Z.3; Metryka Litewska, Księga sigillat 1709-1719 / Oprać. A.Rachuba. — Warszawa, 1987, i інш.
[2] Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego, 1386-1795. — Kraków, 1885.