БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Ekdahl, Sven. Die Schlacht bei Tannenberg 1410 (Генадзь Сагановіч)


EKDAHL, SVEN. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Band 1: Einführung und Quellenlage. — Berlin, 1982. XX.378 S.

Пра бітву пад Танэнбэргам (Грунвальдам, Дуброўнай, Żalgiris) гісторыкі пісалі i пішуць мабыць больш, чым пра якую іншую баталію сярэднявечнай Эўропы. Вырасла сапраўдная гара літаратуры з даволі адрознымі трактоўкамі падзей[1]. Значэньне памяці пра бітву было настолькі вялікае, што яна даўно ператварылася ў сымболь i інструмэнт ідэалягічнай прапаганды. Увага да Грунвальду асабліва ўзрастала ў гады першай i другой сусьветных войнаў. Прыкладам, калі другую бітву пад Танэнбэргам немцы выйгралі (разгром расейскай арміі ў жніўні 1914 г.), гэта было ўспрынята як рэванш за 1410 г., як сымбалічная сатысфакцыя. У Польшчы i былым СССР з часоў вайны супраць фашысцкай Нямеччыны перамога пад Грунвальдам прапагандавалася як найвялікшы трыумф усей славяншчыны над немцамі. У асьвятленьні тых далёкіх падзей ніколі не бракавала спэкуляцый, асабліва ў публіцыстыцы. Але грашылі ёю й вучоныя.

I вось гісторык з трэцяга боку швэд Свэн Экдаль адважыўся разабраць згаданую масу літаратуры, прасачыць вытокі танэнбэргскай праблематыкі i гісторыю яе вывучэньня, a галоўнае — скрануць дасьледаваньні з мейсца, прапанаваць падставы для рэвізіі поглядаў i ацэнак. Манаграфіі-сынтэзы тыпу «Вялікай Вайны» С.М.Кучынскага[2] — гэта простая сума ведаў па асобных аспэктах бітвы, канстатацыі зьнешніх фактаў. Яны не даюць адказу на шэраг спэцыяльных пытаньняў. А, як адзначае аўтар, «асноўнае пытаньне, якое паўстае перад дасьледчыкам бітвы пад Танэнбэргам, гучыць: чаму войска Нямецкага Ордэна прайграла вырашальную бітву, i чаму польска-літоўская армія яе выйграла»? У чым прычыны гэтага? Як суадносіліся патэнцыялы двух бакоў?

Швэцкі гісторык паставіў на мэце дасьледаваньне грунтоў, крытычны аналіз крыніцаў, што ў выніку i павінна прывесьці да іншай візіі, да стварэньня новай сынтэзы. «Матэрыялы крыніц мусяць быць дасьледаваны, а атрыманыя вынікі па магчымасьці непасрэдна прыцягнутыя да бітвы» (S.69). Свэн Экдаль тут ідзе за вядомай скандынаўскай крытычнай школай (яе знакаміты прадстаўнік — гётэборгскі прафэсар Эрык Лёнрот (Erik Lonnroth), якому й прысьвечана гэтая праца), i, як падаецца, бліскуча дасягае сваёй мэты. Праўда, кніга зьяўляецца толькі першым томам цэлага твору. Пра зьмест другога мы можам пакуль мець толькі імглістыя ўяўленьні: аўтар адно сьцісла сыгналізуе, што гэта будуць чатыры спэцыяльныя дасьледаваньні плюс выданьне важнай крыніцы, ды адзначае, што ягоны першы том — толькі этап на шляху да вырашэньня задачаў, пастаўленых перад аўтарам.

Кнігу складаюць чатыры галоўныя раздзелы: 1) Архівы i бібліятэкі, 2) Пісьмовыя крыніцы, 3) Матэрыялы мапаў, 4) Археалягічныя крыніцы, а таксама дадаткі. Паколькі найбольш важныя паведамленьні храністаў пра бітву ўжо надрукаваны, Экдаль засяродзіўся на пошуках карэспандэнцыі, актаў i рахункаў у тых архівах, у якіх можна было чакаць значных знаходак. Асноўная частка матэрыялаў выяўлена ім у Дзяржаўным архіве Караляўца (Staatsarchiv Königsberg, цяпер — Geheimes Staatsarchiv Preussischer Kulturbesitz у Бэрліні). Ha другім месцы па значнасьці — былыя ордэнскія архівы Гданьска, Эльбланга i Торуні, затым ідуць зборы Інфлянцкага ордэна i нямецкага магістра, i нарэшце — архіўныя фонды Польшчы ды Літвы. Сабраны корпус крыніцаў надзвычай багаты. Аўтар пры гэтым агаворваецца, што зусім не меў задачай праглядзець усе архіваліі, у якіх можна знайсьці нейкія згадкі пра Танэнбэрг.

Другі разьдзел з гістарыяграфічным аналізам пісьмовых сьведчаньняў самы значны, можна сказаць — галоўны: ён займае палову кнігі (S.107-307). Аўтар разглядае наратыўныя крыніцы ад пасланьняў, датаваных 15 ліпенем 1410 г., да «Аналаў» Яна Длугаша другой паловы XV ст. Сярод самых раньніх i найбольш важных — лісты Ягайлы з поля бітвы, іншая карэспандэнцыя 1410 г. (у прыватнасьці, ліст Генрыха фон Плаўэна ад 11 лістапада), а таксама Cronica conflictus (захаваўся сьпіс сярэдзіны XVI ст.), якую раней зусім нізка ацэньваў С.М.Кучынскі. На думку С.Экдаля, яе напісаў польскі падканцлер Мікалай Тромба адразу пасьля ліста Плаўэна, у канцы 1410 — пачатку 1411 г. У лік найбольш дакладных i верагодных сьведчаньняў гісторык уключае таксама ліст невядомага аўтара да вялікага магістра (недатаваны, але мяркуецца, што напісаны адразу пасьля 1411 г.), працяг хронікі Посільге i дзьве францускія сярэднявечныя хронікі (SaintDenis ды Monstrelets). Згаданае пасланьне да вялікага магістра было выяўлена i апублікавана Экдалем яшчэ на пачатку 1960-х гадоў, што сталася тады сапраўднай падзеяй[3]. Дасьледчык заўважыў, што асноўны зьмест ліста (напамінак аб галоўнай памылцы рыцараў пад Танэнбэргам) супадае з апісаньнем бітвы ў Хроніцы канфлікту, i прыйшоў да высновы, што адступленьне Вітаўтавага крыла было сьвядомым, характэрным для ўсходнеэўрапейскай тактыкі манэўрам, а не ўцёкамі.

Поруч з ваеннымі дзеяньнямі Свэн Экдаль паказвае разьвіцьцё i мэтады мэтанакіраванай прапаганды як з боку Ордэна, так i яго пераможцаў. Гісторыку ўдалося выявіць у архіве i зьмясьціць у дадатку да працы частку прамовы польскага пасла Андрэя Ласкара (1411 г.), які пераконваў папу, што Ягайла вёў справядлівую вайну супраць Ордэна. Наогул, аналізу праблемы «справядлівай вайны» (bellum iustum), надта актуальнай пасьля бітвы, у разьдзеле надаецца асаблівая ўвага. Ордэнскія ўлады абвінавачвалі Польшчу, што ў вайне тая карысталася дапамогай паганцаў. Гэтак, Генрых фон Плаўэн пісаў у згаданым лісьце, што саюзьнікамі Ягайлы былі «усялякія няверныя татары, … русіны, валахі, жамойты i ліцьвіны» (S.196). Між тым Аўгусьцін ды іншыя айцы царквы не санкцыявалі выкарыстаньня паганцаў у вайне супраць хрысьціянаў. Наадварот, ix «справядлівая» вайна скіроўвалася акурат супраць паганых i несапраўдных хрысьціянаў. Адсюль рабілася выснова, што вайна Ягайлы i Вітаўта была несправядлівай. Палякі са свайго боку сцьвярджалі адваротнае: гэта нямецкія рыцары вялі несправядлівую вайну, гэта яны — несапраўдныя хрысьціяне. Экдаль аб’ектыўна аналізуе палемічныя лісты абодвух бакоў на Канстанцкі сабор, адзін з самых буйных міжнародных кангрэсаў сярэднявечнай Эўропы, на якім польскі пункт гледжаньня на бітву i яе прычыны прадстаўляў Павал Уладковіч, а нямецкі — дамініканін Ёган Фалькенбэрг, прыхільнік скрайніх поглядаў на барацьбу з нехрысьціянамі.

Пасьля аналізу картаграфічных матэрыялаў i рэканструкцыі пабаявішча аўтар дае падрабязны агляд археалягічных дасьледаваньняў гістарычнага поля. Раскопкі на ім пачаліся ў 1958-1960, 1962 г. (з 1979 г. ix рэгулярна праводзіла экспэдыцыя нядаўна памёршага А.Надольскага, але гэта ўжо не магло патрапіць у кнігу). Хоць яшчэ ў 1783 г. каля вёскі Танэнбэрг былі выяўлены масавыя пахаваньні. Напярэдадні вялікага юбілею (550 гадоў перамогі) трэба было выбраць мейсца для помніка. Археолягам даручылі выявіць руіны знакамітай ордэнскай капліцы, узведзенай Генрыхам фон Плаўэнам у 1411 г. на полі бітвы. Аб мейсцы яе знаходжаньня тады вялі вострыя спрэчкі вядомыя польскія гісторыкі С.Гэрбст i С.М.Кучынскі. Новы помнік стаў там, дзе, на думку апошняга, у часе сечы знаходзіўся i блізка чаго загінуў Ульрых фон Юнгінген. Гэта прыкладна 500 м на паўночны ўсход ад руінаў капліцы.

Цікава, што ў выяўленых масавых пахаваньнях (а наканечнікі дзідаў, арбалетныя балты, сьляды ўдараў сякучай зброі на касьцях сьведчаць, што гэта загінутыя над час бітвы) большасьць шкілетаў належаць мужчынам ва ўзросьце ад 20 да 25 гадоў (S.341).

Праца Свэна Экдаля, найгрунтоўнейшая і, здаецца, беззаганная з пункту гледжаньня навуковага, стала несумненна важным крокам наперад у дасьледаваньні вялікай бітвы сярэднявечнай Эўропы. Аднак яна можа неадназначна ўспрымацца ў коле гісторыкаў, бо вымагае пэўных рэвізіяў. Швэцкі дасьледчык рэпрэзэнтуе асобны, адрозны i ад польскай, i ад крыжацкай традыцыі пункт гледжаньня на вайну 1409-1411 г. i на Танэнбэрг у прыватнасьці. Аб’ектыўна яго адкрыцьці на карысьць трэцяга боку. Яны дазваляюць па-новаму ацаніць ролю Вялікага Княства Літоўскага. Экдаль, напрыклад, акцэптуе выяўленае ім жа сьведчаньне гуманіста Энэа Сільвіа аб тым, што польскае войска ўступіла ў бітву толькі пасьля паразы Вітаўтавага крыла (S.244). Грунтоўная крытыка С.М.Кучынскага — да апошніх гадоў аднаго з галоўных польскіх знаўцаў Грунвальду — атрымала ў дасьледаваньні самадастатковае значэньне (S.314-316, 341-357 etc.). Аргумэнтавана аспрэчваюцца разьлікі польскага гісторыка адносна колькасьці войска, ацэнкі стратаў, рэканструкцыя маршруту, мапы поля бітвы i г.д. Спасылаючыся на вынікі раскопак, Экдаль абвяргае даўнюю, шырока распаўсюджаную тэзу Кучынскага пра «воўчыя ямы», якую апошні выказваў ca спасылкай толькі на Хроніку Быхаўца. Гэты беларуска-літоўскі летапіс крытычна аналізуецца швэцкім гісторыкам асобна. Важнае мейсца ў кнізе займае таксама разьвянчаньне «Аналаў» Длугаша як аб’ектыўнай крыніцы. Яшчэ ў працы «Die Banderia Prutenorum des Jan Długosz — eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410» (Göttingen, 1976) С.Экдаль паказаў, што Длугаш перабольшвае веліч польскай перамогі i зьмяншае значэньне войска Вялікага Княства. Між тым, пад уплывам Длугаша знаходзілася ўся польская гістарыяграфія. Не дзіўна, што сучасны польскі знаўца грунвальдзкай праблематыкі прафэсар М.Біскуп лічыць асноўныя рэвізіі С.Экдаля недастаткова аргумэнтаванымі[4].

Даводзіцца шкадаваць, што такая важная кніга, якую ніяк не залічыш да выдавецкіх навінак, да апошняга часу была недаступная беларускім гісторыкам з элемэнтарнай прычыны — яна проста адсутнічала ў кнігазборах Беларусі. Дзякуючы зычлівасьці самога аўтара цяпер «Die Schlacht bei Tannenberg» ёсьць прынамсі ў бібліятэчцы БГА.

Генадзь Сагановіч (Менск)


[1] Несумненна, найбольш гістарычных дасьледаваньняў па гэтай тэме выдаецца ў Польшчы. Да гадавіны бітвы, у 1990 г. тут зьявіліся дзьве бібліяграфіі (Mierzwa W. Bibliografia grunwaldzka, Olsztyn; Baranowski H., Czarciński I. Bibliografia bitwy pod grunwaldem i jej tradycji, Toruń), якія ўключаюць адпаведна па 1162 i 1173 пазыцыі. A ў 1991 г. з ініцыятывы Польскай Акадэміі навук пачаў выходзіць спэцыяльны часопіс «Studia frunwaldzkie».

[2] Kuczyński S.M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. Кніга выйшла ў Варшаве ў 1955 г. i пяць разоў перавыдавалася.

[3] Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // ZfO, 12 (1963).

[4] Гл. пр: Biskup М. Wielka Wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzyżackim (1409-1411) w świetle najnowszych badan//Ekspansja niemieckich zakonów rycerskich w strefie Bałtyku od XIII do połowy XVI w. — Toruń, 1990. S.177,178 i інш.

Наверх

Тэгі: ,