Boockmann, Hartmut. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte (Генадзь Сагановіч)
BOOCKMANN, HARTMUT. Der Deutsche Orden. Zwölf Kapitel aus seiner Geschichte (Нямецкі ордэн. Дванаццаць разьдзелаў ягонай гісторыі). — München, 1994. 319 S.
Пяру Гартмута Бокмана, прафэсара сярэднявечнай i новай гісторыі з унівэрсытэта імя Гумбальдта ў Бэрліне, належыць шэраг грунтоўных дасьледаваньняў, якія ў Нямеччыне шматразова перавыдаюцца [1]. Гэтая кніга таксама летась была выдадзена ўжо чацьверты раз (упершыню пабачыла сьвет у 1981 г.). Прысьвечаная аднаму з трох вялікіх крыжовых ордэнаў, яна напісаная ў жанры нарысаў, чытаецца лёгка i зь цікавасьцю. Нягледзячы на тое, што кніга навукова-папулярная, аўтар забясьпечыў яе салідным навуковым апаратам, спаслаўшыся на апублікаваныя крыніцы, шматлікія нямецкія й польскія дасьледаваньні, у тым ліку зусім новыя.
Як i пазначана ў падназьве, праца складаецца з дванаццаці разьдзелаў (плюс сьпіс усіх вялікіх магістраў, дзьве мапы, імянны й геаграфічны паказальнікі), у якіх пасьлядоўна асьвятляецца гісторыя Нямецкага ордэна з моманту яго стварэньня ў Палестыне да нашых часоў. У Нямеччыне гэты Ордэн быў нанова адкрыты на пачатку XIX ст., калі дайшло да актыўнага дасьледаваньня й папулярызацыі яго гісторыі, у выніку чаго ён стаў адным з кутніх камянёў прускае дзяржаўнае ідэалёгіі. У Польшчы ж наадварот, фармаваўся выключна нэгатыўны стэрэатып Ордэна, які зрабіўся цэнтральным у нацыянальнай гістарычнай візіі заходняга суседа. Прафэсар Бокман паставіў мэту трактаваць гісторыю Ордэна нэйтральна, без скрайніх ацэнак. I дасягнуў яе. Як адзначыў Юрген Эйсэн у Frankfurter Allgemeine Zeitung, гэтая праца, якую аўтар пісаў, «здымаючы эмацыйныя перабольшаньні, бурачы легенды й вызваляючы падзеі ад туману нацыянальнай містыфікацыі, можа ўспрымацца ўпартымі абаронцамі «патрыятычнага» скарэньня гісторыі як ледзяны душ».
Больш за дзьве траціны аб’ёму кнігі Бокман прысьвяціў падзеям XIII-XIV ст., самаму важнаму й лепшаму пэрыяду ў гісторыі Ордэна, калі той ажыцьцяўляў заваяваньне й калянізацыю Прусіі, вёў войны зь Літвой i г.д. Адносна Прусіі гісторык сярод іншага падкрэсьліў, што без дапамогі касьцёла Ордэн ня здолеў бы пасьпяхова праводзіць хрысьціянізацыю краю, паказаў жорсткасьць i бязьлітаснасьць, зь якой ажыцьцяўлялася місія.
Акурат акрэсьленыя часы пэўна ж найбольш цікавяць i беларускага чытача, паколькі менавіта тады кантакты паміж землямі Беларусі й немцамі былі асабліва інтэнсіўныя. Ордэнскія ўладаньні аддзяляла ад межаў Беларусі ўсяго некалькі міляў.
Так званыя Litauerreisen (слова Reise першапачаткова азначала барацьбу, вайну) разглядаюцца ў асобным сёмым разьдзеле: «Крыжовыя паходы Нямецкага ордэна супраць літоўцаў» (S. 150-169). Аўтар спачатку апавядае, як зьявілася Літоўская дзяржава, параўноўваючы стварэньне манархіі Міндоўга з тым, што ўдалося зрабіць францкім князям Хлодвігам на сямсот гадоў раней. Падкрэсьлівае, што на палітычныя перамены ў Літве мелі пэўны ўплыў суседзі. Міндоўг уваходзіў у самыя шчыльныя сувязі з Ордэнам. Далей агульнавядомыя падзеі гісторыі рэгіёну ад Міндоўга да нашчадкаў Гедыміна выкладаюцца надзвычай сьцісла i безь якіх-колечы арыгінальных трактовак. Пытаньне выклікаюць хіба што некалькі тэзаў па праблеме наварочваньня паганскай Літвы да хросту. У прыватнасьці, сцьверджаньне аўтара, што сярод падданых літоўскіх князёў хрысьціяне «зьяўляліся хутчэй перашкодай для хрысьціянізацыі Літвы, чымся гэтаму спрыялі» (S.153). Думаю, нашмат важнейшае для нежаданьня далучыцца да каталіцкага касьцёлу было тое, што й Ордэн, i Польшча супраць Літвы ваявалі, аб чым, зрэшты, кажа й сам Бокман.
Вайна Ордэна супраць Літвы, адзначае нямецкі гісторык, была нармальным «разьдзелам гісторыі позьнесярэднявечнага рыцарства, але гэтаксама й часткай палітычнай гісторыі тагачаснай паўночна-усходняй Эўропы». Яна ўвасабляла справу, дзеля якой рыцары й зьявіліся ў гэтым рэгіёне — змаганьне супраць паганцаў, i наогул зьяўлялася натуральным элемэнтам рыцарскага вобразу жыцьця. Мэнталітэт высакародных рыцараў, удзельнікаў крыжовых паходаў, яскрава паказаны ў творах тагачасных паэтаў Освальда Волькенштайна i Пятра Зухэнвірта, якія адначасова сьведчаць i пра малаплённасьць ды непрывабнасьць «рэйзаў» для самога Ордэна. Форма вайны, якую вялі яго кантынгенты, засталася бадай такой самай, як i апісаная для XIII ст. Генрыхам Латышом ды Пятром Дусбургам. Дасьледчык спыняецца й на тым, якіх сродкаў вымагалі «рэйзы» ад гасьцей Ордэна, што прыходзілі з розных зямель Нямеччыны, Заходняй i Паўднёвай Эўропы. Каб паказаць цяжкасьці й няўдачы, якія маглі чакаць удзельнікаў крыжовых паходаў, Бокман апавядае пра зімовую выправу 1344-45 г., знакамітую сваім складам (удзельнічала мноства першых асобаў эўрапейскай эліты) i сарваную капрызамі надвор’я (S.160-161).
Гаворачы пра спэцыфічныя для сумежжа трох рэлігіяў прынцыпы палітыкі (пакуль папская була дасягала таго, каму легімітавала крыжовы паход супраць няверных, гэты абаронца хрысьціянства мог заключыць саюз з паганымі, часам нават скіраваны супраць хрысьціян), аўтар адзначае, што лепшымі майстрамі гэткай тактыкі былі літоўскія князі. Як паганцы, яны мянялі веру ў залежнасьці ад сытуацыі: пры патрэбе маглі перахрысьціцца ці то паводле лацінскага, ці паводле грэцкага абраду. Вітаўт у канцы XIV ст. зьмяняў веру пяць разоў!
Пры ўсёй збалансаванасьці ацэнак у кнізе спатыкаюцца й неаб’ектыўныя трактоўкі. Прыкладам, прафэсар Бокман цьвердзіць, што прускі Ордэн заняпаў не ў выніку паразы ад Кароны й Вялікага Княства, але з прычыны ўнутраных пераменаў у самой Прусіі (S.179). Значэньне бітвы пад Танэнбэргам (Дуброўнаю) тут, думаю, відавочна зьменшана. Шкада, што ў цэлым разьдзеле пра паходы на Літву нават не згаданыя русіны, продкі сучасных беларусаў. Быццам Літва XIV ст. была монаэтнічнай літоўскай дзяржавай. На справе этнічныя літоўцы пад час самай напружанай вайны з Ордэнам складалі меншасьць насельніцтва Літоўскай дзяржавы, i гэтая барацьба вялася супольна. Удзел русінаў у вайне з крыжакамі быў асабліва значны ў Беларускім Панямоньні, на землях Чорнай Русі. Праўда, нямецкага гісторыка цяжка дакараць у падобным «незаўважаньні» русінскага (беларускага) элемэнту Вялікага Княства, бо яно даўно стала традыцыйным для заходняй гістарыяграфіі, a беларускія дасьледчыкі не зрабілі яшчэ бадай нічога сур’ёзнага для рэвізіі ролі Беларусі ў Вялікім Княстве наогул i ў падзеях 1410 г. у прыватнасьці.
Генадзь Сагановіч (Менск)
[1] Гэта, у прыватнасьці, Das Mittelalter (1989), Die Stadt im spaten Mittelalter (1995), Einführung in die Geschichte des Mittelalters (1992), JohannesFalkenberg, der Deutsche Orden und die polnische Politik (1975).