Уладзімір Падалінскі. Вобраз соймавага пасла ў мове палітычнага дыскурсу ВКЛ (другая палова XVI – пач. XVII ст.)
Адной з вызначальных рысаў палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага (з 1569 г. – у складзе Рэчы Паспалітай) у перыяд ранняга Новага часу было актыўнае развіццё прадстаўнічых інстытутаў. Традыцыйна розныя сходы – соймікі, соймы і з’езды – разглядаюцца даследчыкамі як органы ўлады са сваім складам, структурай і кампетэнцыяй. Аднак яны былі і важным элементам культурнага асяроддзя тагачаснага, перадусім шляхецкага грамадства ВКЛ. Дзейнасць прадстаўнічых сходаў не толькі адлюстроўвала, але і ў значнай ступені фармавала палітычную культуру шляхты, у тым ліку яе сістэму каштоўнасцяў і мадэлі паводзін.
Ужо ў XVI ст. палітычна актыўная шляхта ВКЛ успрымала вальны сойм як адзін з найважнейшых інстытутаў улады, які даваў ёй магчымасць удзельнічаць у кіраванні дзяржавай, вырашаць дзяржаўныя, мясцовыя і прыватныя справы, а таксама абараняць свае правы і вольнасці [1]. З сярэдзіны 1560-х г. шырокія колы шляхты ўдзельнічалі ў працы сойма праз сваіх выбарных прадстаўнікоў – земскіх паслоў. Якім жа мусіў быць у вачах выбарцаў соймавы пасол, якому даручаліся такія важныя задачы? З адказам на гэтае пытанне і звязана мэта артыкула – адлюстраваць уяўленні пра абавязкі і маральныя якасці соймавых паслоў, што існавалі ў свядомасці шляхты Вялікага Княства другой паловы XVI – пачатку XVII ст., выявіць найважнейшыя функцыі і матывы палітычнай дзейнасці земскіх прадстаўнікоў. На нашу думку, дасягнуць пастаўленай мэты магчыма праз аналіз мовы палітычнага дыскурсу ВКЛ. Менавіта ў мове адлюстроўваліся ўстойлівыя тэрміны, паняцці і ідэі, звязаныя з палітычнай дзейнасцю, праз яе адбываўся абмен інфармацыяй, апісанне і пазнанне свету палітыкі, урэшце, выяўляўся сацыяльна-палітычны кантэкст яе ўжывання [2]. Аднак трэба памятаць, што ў перыяд ранняга Новага часу прамовы грамадскіх дзеячоў часта грунтаваліся на агульнапрынятых рытарычных узорах, а некаторыя палітычныя трактаты не дасягалі шырокага кола чытачоў або слухачоў [3]. З мэтай пазбегнуць залішніх абагульненняў наша даследаванне абапіраецца на крыніцы (як дакументальныя, так і наратыўныя), непасрэдна звязаныя з працай парламенцкай сістэмы дзяржавы: Статуты ВКЛ, гаспадарскія прывілеі, соймавыя прамовы і дыярыушы, пасольскія інструкцыі і інш. Спадзяемся, што вывучэнне гэтых матэрыялаў дазволіць дастаткова вычарпальна паказаць вобраз соймавага пасла ў непасрэдным узаемадзеянні паміж палітычнай свядомасцю шляхты і рэальнай практыкай палітычнага жыцця. Падкрэслім таксама, што абраны перыяд быў, на нашу думку, як часам росквіту прадстаўнічых інстытутаў улады ВКЛ, так і этапам бурнага развіцця і ўзбагачэння мовы яго палітычнага дыскурсу [4].
Сур’ёзнае навуковае вывучэнне парламенцкай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай распачалося яшчэ ў XIX ст. і мае ўжо вельмі багатую гістарыяграфічную спадчыну [5]. Аднак толькі ў канцы XX ст., перш за ўсё ў польскай гістарычнай навуцы, інстытут сойма стаў разглядацца ў кантэксце палітычнай культуры шляхецкага грамадства [6]. Таксама ў межах вывучэння грамадскай думкі Рэчы Паспалітай даследчыкі ўсё больш увагі аддаюць палітычнаму дыскурсу гэтай дзяржавы і яго мове. У першую чаргу неабходна назваць фундаментальную працу Анны Гжэськовяк-Крвавіч, прысвечаную аналізу галоўных паняццяў, якія выкарыстоўваліся ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай [7]. Важна, што ўсё часцей даследчыкі звяртаюцца да выяўлення асобасных узораў і мадэляў, якія фармаваліся ў масавай свядомасці шляхты, у тым ліку да ўзораў тагачасных парламентарыяў. Так, Дарота Петшык-Рыўз, сярод іншага, у агульных рысах акрэсліла стаўленне да земскіх паслоў у польскай палітычнай думцы XVI ст. [8] Уршуля Свідэрска-Уладарчык прысвяціла шэраг прац афармленню ў Рэчы Паспалітай пад уплывам эпохі Адраджэння новых прафесійных узораў, у тым ліку ўзору соймавага прадстаўніка [9]. А ў 2017 г. у асобнай манаграфіі яна паспрабавала паказаць тыя стандарты і асобасныя мадэлі парламентарыяў, якія існавалі ў шляхецкім грамадстве XVI–XVII ст. [10] Праўда, з увагі на спецыфіку выкарыстаных крыніц (амаль выключна наратыўных [11]) быў адлюстраваны перадусім эталон сенатара, а не земскага пасла Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, пералічаныя даследаванні грунтуюцца збольшага на крыніцах, датычных Польскага Каралеўства. І хоць з канца XX ст. у гістарыяграфіі Беларусі, Літвы, Украіны ўжо назапашаны пэўны досвед у вывучэнні палітычнай культуры шляхецкага саслоўя ВКЛ, але па-ранейшаму не хапае грунтоўных прац, прысвечаных уяўленням шляхты пра феномен улады, яе стаўленню да ўсёй палітычнай сістэмы дзяржавы ці асобных яе інстытутаў, а таксама зместу ідэй, вобразаў і паняццяў, якімі шляхецкая супольнасць карысталася ў сферы палітыкі. Адной з такіх амаль недаследаваных праблем і з’яўляецца вобраз земскага пасла, які выяўляўся ў мове палітычнага жыцця ВКЛ у другой палове XVI – пачатку XVII ст.
У канцы XV – першай палове XVI ст. разам з афармленнем і развіццём інстытута вальнага сойма ВКЛ ішло станаўленне сістэмы соймавага прадстаўніцтва. Ужо вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч для вырашэння некаторых найважнейшых праблем унутранай і знешняй палітыкі стаў склікаць з’езды велікакняжацкай рады ў пашыраным складзе з удзелам “паспольства” – звычайнага баярства з усіх земляў дзяржавы. Аднак няма ніякіх звестак, што на той час існавала якая-небудзь сістэма парламенцкага прадстаўніцтва. Хутчэй за ўсё, баяры-шляхта маглі прыбываць на з’езды па запрашэнні гаспадара, а роля паспольства абмяжоўвалася толькі прыняццем да ведама ўхваленых вялікім князем і панамі-радай рашэнняў [12]. Першыя вядомыя спробы арганізаваць сістэму прадстаўніцтва на соймах ВКЛ адносяцца да 1492 і 1511 г., але гэтыя выпадкі, верагодна, былі толькі выключэннямі, абумоўленымі надзвычайнымі ваенна-палітычнымі абставінамі [13]. У 1530-я г. велікакняжацкая ўлада паспрабавала даручыць ролю шляхецкіх прадстаўнікоў павятовым харужым, якія выконвалі не толькі ваенныя, але і судовыя ды фінансавыя функцыі, а таму былі вельмі цесна звязаны з лакальнымі шляхецкімі супольнасцямі [14]. Аднак нягледзячы на ўсе новаўвядзенні, да сярэдзіны 1560-х г. захоўвалася ўсеагульнае прадстаўніцтва, і шляхта па-ранейшаму магла прыбываць на паседжанні viritim (паасобку, без выключэння) [15]. Такім чынам, ужо з часоў панавання караля і вялікага князя Жыгімонта Старога на вальныя соймы ВКЛ маглі прыбываць як вызначаныя прадстаўнікі павятовай шляхты (разам з харужымі), так і кожны шляхціч асабіста. Паказальна, што тэрмін “пасол”, які мог бы абазначаць выбарнага прадстаўніка павятовай шляхты з адпаведнымі паўнамоцтвамі, фактычна не ўжываўся [16].
Прынцып выбарнасці шляхецкіх паслоў на вальны сойм ВКЛ канчаткова замацавалі толькі дзяржаўныя рэформы 1560-х г. У Вільні 30 снежня 1565 г. Жыгімонт Аўгуст выдаў прывілей, згодна з якім у ВКЛ уводзіўся інстытут павятовага сойміка [17]. Другі Статут ВКЛ, які ўступіў у сілу вясной 1566 г., утрымліваў асобны артыкул (раздз. 3, арт. 5), прысвечаны новаму прадстаўнічаму інстытуту. Галоўнай мэтай соймікаў, якія ўтвараліся ў кожным судовым павеце і склікаліся за чатыры тыдні да пачатку працы сойма, было абмеркаванне бягучых праблем і абранне двух соймавых паслоў: “и зволившыся вси одностайнымъ зданьемъ мають обирати пословъ своихъ… по две особы” [18]. З гэтага моманту паўнамоцнымі прадстаўнікамі павятовай шляхты на сойме былі толькі земскія паслы, хоць да Люблінскай уніі 1569 г. на соймавыя паседжанні яшчэ асобна запрашаліся прадстаўнікі княжацкіх і панскіх родаў ВКЛ [19].
Звернем увагу, што менавіта пасля ўвядзення інстытута сойміка ў мове палітычнага жыцця ВКЛ канчаткова замацаваўся тэрмін “пасол” або “земскі пасол”. Ужо ў час правядзення вальнага сойма ў Берасці вясной – летам 1566 г. (першага, перад якім павінны былі склікацца павятовыя соймікі) гаспадарская канцылярыя стала шырока ўжываць азначэнне “пасол”. Так, у сакавіку 1566 г. у паветы і ваяводствы ВКЛ былі разасланы соймавыя лісты, у якіх ад імя манарха павятовая шляхта заклікалася прыбыць 10 красавіка на перадсоймавыя соймікі, абмеркаваць надзённыя праблемы і абраць паслоў на будучы сойм [20]. У Берасці з канцылярыі былі выдадзены гаспадарскія адказы на просьбы, пададзеныя манарху шляхецкімі супольнасцямі Жамойцкага стараства і Віцебскага павета “черезъ пословъ своихъ” [21]. Нарэшце, ухвала Берасцейскага сойма 1566 г. была прынятая “за позволеньемъ спольнымъ пановъ радъ ихъ милости обоего стану духовного и светского и тежъ княжатъ, панятъ, врадниковъ земскихъ и дворныхъ и пановъ пословъ (вылучана намі. – У. П.) и всего рыцерства, сойму належачого” [22]. Новы тэрмін хутка прыняла і сама павятовая шляхта. У самых ранніх пасольскіх інструкцыях, якія былі створаны на землях ВКЛ і захаваліся да сёння (1570 і 1571 г.), абраныя шляхецкія прадстаўнікі называліся менавіта “пасламі” ці “земскімі пасламі” [23].
Віленскі прывілей 1565 г. і Статут ВКЛ 1566 г. вызначалі, што на павятовых сойміках шляхта будзе “радити, намовляти и становити” як у агульнадзяржаўных праблемах, так і ў пытаннях мясцовага самакіравання. Атрымаўшы ад выбарцаў даручэнні, паслы на вальным сойме павінны былі “потребы речы посполитое и кожъдого зособъна повету до нас, г[о]с[по]д[а]ра, приносити”, а потым, як удакладняў Статут, “поступовати и кончыти тые и иные припалые речы водле часу и потребы” [24]. Такім чынам была сфармулявана адна з найважнейшых функцый, якую мелі выконваць земскія прадстаўнікі, – трансляцыя патрэб і інтарэсаў павятовага шляхецтва да найвышэйшых кіроўных колаў ВКЛ (пазней – усёй Рэчы Паспалітай). На сойме 1568 г. у Горадні жамойцкая шляхта менавіта праз абраных паслоў паведамляла Жыгімонту Аўгусту аб парушэнні сваіх правоў: “Обователи земли Жомоитьское черезъ пословъ своихъ, на тотъ сеймъ присланыхъ, прозбы своее до нас господара донесли о направенье прывильевъ, правъ и вольностей своихъ”. На Люблінскім сойме 1569 г. земскія паслы Вялікага Княства “потребы и прозбы свои и розныхъ поветовъ ку его королевской милости доносили” [25]. У сваю чаргу, трэці Статут ВКЛ, зацверджаны каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам у 1588 г., утрымліваў яшчэ і фармулёўку ідэальнай матывацыі палітычнай дзейнасці паслоў (раздз. 3, арт. 8). Так, яны заахвочваліся імкнуцца да згоды дзеля дабра ўсёй дзяржавы: “Межы себе намовы спольные в милости братерской о всихъ потребах земъских чинити, приводечисе до одного слушного зрозуменья и уваженья речей ку доброму речи посполитое” [26].
Адпаведна, высокімі былі патрабаванні да маральных і інтэлектуальных якасцяў соймавых прадстаўнікоў. Ужо ў 1566 г. Жыгімонт Аўгуст, звяртаючыся да шляхты Віцебскага павета, прасіў яе абраць у якасці паслоў на будучы вальны сойм такіх асобаў, якія пры вырашэнні найважнейшых спраў дзейнічалі б добрасумленна і з карысцю для дзяржавы: “з утстивостью и пожиткомъ земскимъ поступовати умели” [27]. У соймавых лістах на павятовыя соймікі другой паловы 1560-х г. велікакняжацкая канцылярыя рабіла акцэнт на абранні шляхецкімі прадстаўнікамі людзей “бачныхъ”, “годныхъ”, “ростропныхъ” [28]. Гаспадарскія інструкцыі, накіраваныя на павятовыя соймікі Вялікага Княства перад пачаткам Люблінскага сойма 1569 г., на якім мусілі быць завершаны перамовы наконт уніі паміж ВКЛ і Польшчай, утрымлівалі заклік да шляхты абраць “водле порадъку статутового” сваімі пасламі не толькі “людей бачныхъ и ростропныхъ”, але і такіх, якія б “со всякою учстивостью будучы пры его королевской милости, речи посполитой въ таковой великой важъной потребе служыти могли [и] умели” [29]. У часы панавання Стэфана Баторыя каралеўская ўлада хацела, каб на соймы прыязджалі людзі “статечъные и ростропные”, “беглые и годные”, “ростропные и бачные”, а гаспадарская інструкцыя, складзеная ўжо ад імя Жыгімонта Вазы перад вальным соймам 1595 г., заклікала шляхту абраць “мудрых” паслоў [30].
Не будзем забывацца, што соймавыя лісты і асабліва гаспадарскія інструкцыі, якія агучваліся на паседжаннях соймікаў, былі не толькі сродкам інфармавання павятовай шляхты пра бягучыя падзеі ўнутранай і знешняй палітыкі, але і важным інструментам каралеўскай прапаганды. Праз гэтыя дакументы ўлада імкнулася задаць пэўныя вобразы і мадэлі паводзін шляхты ды яе прадстаўнікоў. Напрыклад, у пачатку гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі ВКЛ перад вальным соймам Рэчы Паспалітай 1572 г. падкрэслівалася, што пасламі неабходна абраць мудрых і годных асоб, якія б на сойме, “милуючи Речь Посполитую во всемъ”, займаліся толькі самымі пільнымі ды неадкладнымі справамі, прапанаванымі, зразумела, гаспадаром і панамі-радай. А напрыканцы інструкцыі шляхце яшчэ раз нагадвалася, што дзеля дабра дзяржавы абмяркоўваць ды вырашаць усе актуальныя праблемы патрэбна ў згодзе з каралём і сенатарамі [31]. У соймавых лістах напярэдадні гэтага сойма шляхта таксама заклікалася абіраць пасламі “людей зацныхъ, мудрихъ и статечныхъ” [32].
У сваю чаргу, велікакняcкая шляхта пастаянна падкрэслівала, што яе прадстаўнікі на соймах – людзі выключна годныя, якія дзейнічаюць дзеля агульнага дабра [33]. Шляхта Троцкага ваяводства, сабраная на соймік у снежні 1571 г., даручала сваім паслам на сойм 1572 г. раіцца з прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы “не ку горшому, але ку лепшому речи посполитое” [34]. Паслы ад паветаў і ваяводстваў Вялікага Княства на Галоўным сойміку ў Ваўкавыску ў студзені 1582 г. заяўлялі, што мелі ад сваіх выбарцаў даручэнне, каб “на сойме вальномъ або у Волковыску на томъ зъездзе становили, што бы было ку лепшому речи посполитое” [35]. Шляхта Аршанскага павета ў лютым 1596 г. абрала сваімі соймавымі прадстаўнікамі “людей зацных, добрыхъ, цнотливыхъ” [36]. Ашмянская шляхта перад соймам 1597 г. абавязвала паслоў працаваць на ім з найбольшай карысцю для Айчыны, а ў 1598 г. заклікала земскіх паслоў ВКЛ, каб яны “ў згодзе на сойм прыбылі і пільнавалі ўсяго, [што было б] лепшым для Р[эчы] П[аспалітай]” [37]. У студзені 1598 г. полацкая шляхта даручала паслам дзейнічаць “у згодзе і міласці братэрскай” з іншымі прадстаўнікамі Вялікага Княства ды пільна сачыць, каб соймавыя справы вырашаліся “дзеля ўсякага дабра, карысці, радасці, а таксама з усёй аздобай і бяспекай Рэчы нашай Паспалітай” [38]. Удзельнікі перадсоймавага сойміка ў Полацку ў снежні 1608 г. заклікалі сваіх прадстаўнікоў “з усімі станамі… прыходзіць да згоды, каб было з дабром і карысцю нам усім і Айчыне нашай” [39]. На сойме 1601 г. паслы Менскага павета мелі неабмежаваныя паўнамоцтвы, каб згаджацца на ўсё, што будзе “дзеля міру, добрага і карыснага Айчыне” [40]. Калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторый раскрытыкаваў некаторых земскіх паслоў за тое, што яны ўносілі замяшанне ў працу сойма Рэчы Паспалітай, які скончыўся безвынікова ў 1576 г., то прадстаўнікі палітычнага народа ВКЛ адрэагавалі на гэта з абурэннем. У 1577 г. з Галоўнага сойміка ВКЛ да манарха была адпраўлена спецыяльная дэлегацыя, якая, сярод іншага, павінна была заявіць, што шляхта выбірае пасламі толькі людзей “верныхъ и цнотливыхъ… кгдыжъ тежъ инакъшыхъ въ зацномъ а цнотливомъ народе нашомъ не маемъ” [41]. Абвінавачанні супраць шляхецкіх соймавых прадстаўнікоў разглядаліся як абвінавачанні супраць усяго палітычнага народа. Таксама негатыўна ўспрымаліся спробы каралеўскай улады перакласці на шляхту адказнасць за некаторыя хібы ў функцыянаванні парламенцкай сістэмы. Так, пасля правалу вальнага сойма 1597 г. Жыгімонт Ваза вынес на разгляд павятовых соймікаў, скліканых ужо на студзень 1598 г., пытанне нязгоды паслоў, якая вяла да безвыніковага заканчэння соймаў. На гэта ён атрымаў даволі красамоўны адказ ад сойміка Вількамірскага павета. Мясцовая шляхта ў пасольскай інструкцыі заявіла, што ні ў чым не можа абвінавачваць земскіх паслоў, паколькі дбаць пра згоду, а значыць і пра выніковую працу сойма, павінен менавіта кароль і вялікі князь [42].
Важна падкрэсліць, што ва ўяўленнях шляхецтва трансляцыя яго сацыяльных і палітычных інтарэсаў не была адзінай функцыяй земскіх паслоў. У 1575 г. венецыянскі пасол Геранім Ліпамана пісаў, што шляхта Рэчы Паспалітай дабівалася частага склікання сойма па дзвюх прычынах. Па-першае, праз удзел у працы сойма яна забяспечвала свой удзел у кіраванні дзяржавай. Па-другое, сойм не дазваляў манарху выйсці па-за межы сваіх паўнамоцтваў ды стаць абсалютным уладаром [43]. Такім чынам, соймавыя паслы павінны былі пільна сачыць за захаваннем як шляхецкіх правоў ды свабод, так і асноў палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай. Падобныя ўяўленні ў велікакняскай шляхты фіксуюцца ў тыя ж 1570-я г. Ужо ў снежні 1571 г. шляхта Троцкага ваяводства, якая ва ўмовах імклівага пашырэння эпідэміі чумы з’ехалася на агульны соймік у Самілішках, у складзенай інструкцыі даручала паслам “пилне постерегати” захаванне ўсіх вольнасцяў, замацаваных у Статуце ВКЛ і акце Люблінскай уніі 1569 г., каб “каждый стан с права и волности своей веселился” [44]. Паслы Віленскага і Лідскага паветаў на вальным сойме 1597 г. павінны былі дзейнічаць так, каб шляхецкія правы, вольнасці і свабоды захоўваліся не парушна [45].
Заўважым, што зварот да гэтай функцыі земскіх паслоў у мове палітыкі ВКЛ і Рэчы Паспалітай часта ўзнікаў не на пустым месцы. Так, у 1592 г. маршалак пасольскай “ізбы” (ніжняй палаты вальнага сойма) віленскі цівун Ян Пац у сваёй прывітальнай прамове заяўляў манарху, што выбарцы адправілі сваіх паслоў на сойм з мэтай “запабегчы шкодным рэчам” і, у першую чаргу, парушэнню міжканфесійнага міру ў дзяржаве [46]. Нагадаем, што гэтыя словы былі сказаны пасля нападаў на пратэстанцкія зборы ў Вільні і Кракаве ў 1591 г., на якія манарх адрэагаваў вельмі пасіўна [47]. На сойме 1596 г. паслы ВКЛ выступілі з пратэстацыяй у справе супрацьпраўнага, на іх думку, каралеўскага прызначэння паляка Бернарда Мацяёўскага на пасаду віленскага біскупа. Яны заяўлялі, што такое рашэнне караля і вялікага князя вядзе да “зменшенья и затертья права, волности и свободъ Великого Князства Литовского”. Таму, не дабіўшыся ад манарха адмены гэтай намінацыі, яны вымушаны былі пратэставаць, бо “имъ сторожа правъ и вольностей есть поверона” [48].
Увогуле, у 1590-я г. у дакументах, складзеных на сойміках па ўсім Вялікім Княстве, павятовая шляхта рэгулярна нагадвала абраным паслам пра іх абавязак сцерагчы дзяржаўныя і саслоўныя правы, свабоды і вольнасці. Так, у інструкцыі перадсоймавага сойміка Віленскага павета ў снежні 1594 г. адзначалася, што паслы павінны дзейнічаць “як добрыя вартаўнікі правоў і вольнасцяў нашых” [49]. Удзельнікі сойміка ў Оршы ў лютым 1596 г. падкрэслівалі, што іх прадстаўнікі на будучым сойме мусяць цвёрда настойваць на разглядзе тых спраў, у якіх “знявагу правоў і вольнасцяў нашых, а таксама і прысягі к[араля] Я[го] м[іласці] да гэтага часу зносім” [50]. Напярэдадні вальнага сойма 1597 г. шляхта Берасцейскага павета даручала сваім паслам ва ўсім дзейнічаць дзеля захавання бяспекі Рэчы Паспалітай і абароны шляхецкіх правоў, вольнасцяў і свабодаў [51]. Такое ўспрыманне земскага пасла – як асобы, здольнай паспяхова вырашаць актуальныя праблемы дзяржаўнага жыцця, а таксама ахоўваць правы ды свабоды шляхты, – яскрава выявілася ў прывітальнай прамове, агучанай маршалкам пасольскай “ізбы”, упіцкім падкаморыем Станіславам Белазорам на адкрыцці паседжанняў сойма 1605 г. Прадстаўнік Вялікага Княства адзначаў, што паслы былі накіраваны на сойм “ад браціі нашай… каб мудрай радай запабягаць небяспекам ды патрэбы Рэчы Паспалітай, з абаронай вольнасцяў рыцарскага стану, абдумваць” [52].
Разам з тым у шляхты ВКЛ таксама існавалі ўяўленні пра тыя якасці, якіх ні ў якім разе не мусіла быць у земскіх прадстаўнікоў. Паколькі паслы дзейнічалі “ку доброму речи посполитое”, то абсалютна непрымальным было вырашэнне імі на сойме ўласных спраў, якія не былі даручаны выбарцамі [53]. Прычым негатыўнае стаўленне да тых, для каго своекарыслівыя інтарэсы былі важнейшымі за дзяржаўныя або карпаратыўныя, прасочваецца як у каралеўскай улады, так і ў палітычнага народа. У гаспадарскай інструкцыі на павятовыя соймікі ВКЛ напярэдадні сойма 1576 г. Стэфан Баторый прасіў шляхту абраць пасламі такіх асобаў, якія б дабро ўсёй дзяржавы ставілі вышэй за ўласную карысць: “…таковые, которые бы пожытокъ и доброе речы посполитой болшъ миловали, нижли свои потребы альбо пожытъки” [54]. Перад соймам 1597 г. Жыгімонт Ваза даводзіў шляхце, што соймавыя паслы не павінны займацца ўласнымі справамі або справамі сваіх прыяцеляў, а павінны дбаць пра патрэбы ўсёй Рэчы Паспалітай [55]. Таксама і шляхта Ашмянскага павета на сойміку ў лютым 1590 г. адназначна адхіляла карыслівую матывацыю парламенцкай дзейнасці: “Абы послове прыват на сойме не справовали” [56]. Безумоўна, існавалі і іншыя хібы ў працы земскіх прадстаўнікоў, звязаныя з іх дысцыплінаванасцю і прафесійнымі якасцямі. Яшчэ перад соймам ВКЛ 1566–1567 г. Жыгімонт Аўгуст заклікаў шляхту абіраць такіх паслоў, “которые бы дня сойму назначоного не омешкали и в речи посполитой окромъ затрудненя справоватися вмели” [57].
Паколькі вобраз земскага прадстаўніка не заўсёды супадаў з рэчаіснасцю, то шляхта ў соймікавых інструкцыях перыядычна апелявала да сумлення абраных паслоў і падкрэслівала іх адказнасць – у першую чаргу, маральную – перад Айчынай і сваімі выбарцамі. Напрыклад, паслы Віленскага павета на сойме 1595 г. павінны былі “аддана, зычліва” выконваць усе пункты атрыманай інструкцыі, а берасцейская шляхта абавязвала паслоў “вернасцю і сумленнем”, каб тыя на сойме 1597 г. дбалі пра бяспеку дзяржавы і шляхецкія вольнасці [58]. Шляхта Менскага павета забараняла сваім прадстаўнікам на сойме 1601 г. згаджацца на ўхваленне якіх-небудзь падаткаў пад абавязкам іх сумлення. А вось прыняцце рашэнняў па тых справах, якія не былі прапісаны ў інструкцыі і маглі быць карыснымі для Айчыны, выбарцы гэтага павета пакідалі “вернасці і дабрадзейнасці” паслоў [59]. “Вернасць, дабрадзейнасць і сумленне” павінны былі рэгуляваць дзейнасць полацкіх і ваўкавыскіх паслоў на соймах Рэчы Паспалітай 1609 і 1619 г. адпаведна [60]. Надзвычай ярка і трапна шляхецкія ўяўленні наконт маральнай адказнасці паслоў за сваю дзейнасць на сойме адлюстраваліся ў пасольскай інструкцыі, складзенай на сойміку Віцебскага павета ў сакавіку 1607 г. Мясцовая шляхта наступным чынам агаворвала працу падстолія ВКЛ Мікалая Глябовіча ды віцебскага падкаморыя Аляксандра Сапегі ў Варшаве: “Усё дабрадзейнасці, вернасці, сумленню, ласцы і адданай службе іх м[іласцяў] паноў паслоў нашых даручаем у тым, што вышэй напіcана, і звыш таго, што магло б быць найлепшым для Рэчы Паспалітай. Разумеючы пра іх міласцяў, што ў гэтым служыць нам будуць як высакародныя сыны Айчыны і ўлюбёнцы Рэчы Паспалітай” [61]. Паколькі вальны сойм 1607 г. адбываўся ва ўмовах палітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай, то кантроль за вынікамі працы шляхта брала ў свае рукі. У інструкцыі асабліва падкрэслівалася, што на рэляцыйным сойміку паслы павінны будуць асабіста, а не праз каго-небудзь іншага, скласці справаздачу са сваёй дзейнасці [62].
Калі соймавыя паслы ўсё ж адыходзілі ад даручэнняў, зафіксаваных у інструкцыях, то шляхта звычайна таксама звярталася да іх грамадзянскіх пачуццяў. Так, напрыклад, шляхецкая супольнасць Аршанскага павета ў траўні 1595 г. ва ўхвале рэляцыйнага сойміка адзначыла “вялікую крыўду правоў і вольнасцяў нашых” у тым, што частка велікакняскіх паслоў на мінулым сойме адступіла ад павятовых інструкцый і рашэнняў Галоўнага сойміка ВКЛ у Слоніме [63]. І падобныя закіды не былі для соймавых паслоў галаслоўнымі, паколькі маглі паставіць пад сумненне іх аўтарытэт у шляхецкім асяроддзі. Таму прадстаўнікі шляхты пільна сачылі за тым, каб не быць абвінавачанымі ў “нядбальстве”. У сувязі з гэтым у канцы XVI ст. пашырылася практыка выступлення земскіх паслоў ВКЛ з пратэстацыямі, у якіх яны тлумачылі прычыны, чаму некаторыя вынікі соймаў маглі не адпавядаць атрыманым ад павятовай шляхты інструкцыям. Напрыклад, у 1595 г. пасол Віленскага павета Аляксандр Хадкевіч пратэставаў супраць таго, што ўжо пасля завяршэння сойма ў тэкст канстытуцый і падатковага ўніверсала былі ўключаны такія рэчы, пра якія не было гаворкі ні на соймавых сесіях, ні ў даручэннях ад выбарцаў. У сваёй пратэстацыі ён адмыслова ўказваў, што не хоча быць ні ў чым абвінавачаны з боку шляхты, якая абрала яго соймавым паслом [64]. Як адзначалася вышэй, на соймах Рэчы Паспалітай 1590-х г. велікакняская дэлегацыя спрабавала паўплываць на Жыгімонта Вазу, каб той скасаваў прызначэнне Б. Мацяёўскага віленскім біску пам. Манарх не хацеў саступаць, што таксама выклікала пратэстацыі. Напрыклад, у 1595 і 1596 г. паслы ВКЛ падкрэслівалі, што не могуць дабіцца адмены дадзенай намінацыі не па сваёй віне: “абы недбалства виною у братьи… не были строфовани” [65].
Такім чынам, у другой палове XVI – пачатку XVII ст. у мове палітычнага дыскурсу ВКЛ сфармаваўся цэласны і стабільны вобраз соймавага пасла. Ва ўяўленнях шляхты іх прадстаўнікі на сойме павінны былі выконваць дзве асноўныя функцыі: трансляваць да вышэйшых кіроўных колаў патрэбы палітычнага народа Вялікага Княства, а таксама абараняць дзяржаўныя і карпаратыўныя правы ды свабоды. Найважнейшым матывам соймавай дзейнасці з’яўлялася дзейнасць дзеля дабра ўсёй дзяржавы. Як шляхта, так і каралеўская ўлада бачылі ў паслах людзей перш за ўсё з высокімі маральнымі і інтэлектуальнымі якасцямі, шляхцічаў “пільных”, “годных”, “высакародных”, “кемлівых”, “добрых”, “сталых”, “дасведчаных” і “мудрых”, якія працуюць з карысцю для Айчыны. Соймавы пасол не мог быць своекарыслівым і ставіць прыватныя інтарэсы вышэй за дзяржаўныя. Адказнасць земскага прадстаўніка перад выбарцамі рэгулявалася яго “вернасцю, сумленнем і дабрадзейнасцю”, а абвінавачванне ў “нядбальстве” магло прывесці да страты аўтарытэту сярод шляхецкай карпарацыі. Падкрэслім таксама, што вобраз земскага пасла фармаваўся ў цеснай сувязі з практыкай тагачаснага грамадскага жыцця ўсёй Рэчы Паспалітай. Адпаведна, важная даследчая задача – далейшае вывучэнне і параўнанне такіх вобразаў у мовах палітычнага дыскурсу ВКЛ і Польскага Каралеўства [66].
An Image of a Sejm Deputy in the Language of Political Discourse of the Grand Duchy of Lithuania in the second half of the 16th – early 17th c.
Uladzimir Padalinski
The second half of the 16th century was a period of a rapid development of the Grand Duchy of Lithuania’s parliamentary system. Large-scale state reforms of the 1560s consolidated the principle of electivity of noble representatives at the General Sejm (Sojm). From that moment only land deputies were authorized representatives of the nobility of the Grand Duchy of Lithuania at the Sejm (since 1569 – at the joint Polish-Lithuanian Sejm). Let us emphasize that the General Sejm also stimulated the development of an active political culture of the nobility, including the language of politics. The article reflects the Sejm delegates’ duties and moral virtues that were formed in the imagination of the Grand Duchy of Lithuania nobility in the second half of the 16th – early 17th century, and examines the most important functions and motivations for the public activities of the land representatives. The study considers terms, concepts and ideas associated with the parliamentary activities of the nobility. The author concludes that in the language of the political discourse of the Grand Duchy of Lithuania the holistic and stable image of the Sejm delegate was formed in the second half of the 16th – early 17th centuries. The most important functions that the land delegates were supposed to perform were formulated. On the one hand, the Sejm delegates had to communicate the district nobility social and political interests to the highest ruling circles. On the other hand, they had to monitor the preservation of both nobil ity’s rights and freedoms and the foundations of the Polish–Lithuanian Commonwealth political system. The author shows that the ideal motivation for the land delegates’ political activities was to act for the good of the state. Accordingly, the requirements for the moral and intellectual image of the nobility representatives were high. In the nobility’s imagination the Sejm delegate could not be self-serving and put private interests above the public ones.
The study is based on various sources, both official documents (statutes, privileges, etc.) and narrative sources (parliamentary diaries, speeches, sejmik’s instructions, etc.).
[1] Гл., напрыклад: Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы XVI – першай трэці XVII ст. Мінск, 2002; Падалінскі У. Стаўленне шляхты Вялікага Княства Літоўскага да інстытута вальнага сойма ў канцы XVI ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 2012. № 8. С. 15–24; Радаман А. Сойм // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 606–611; Dzieje Sejmu Polskiego / J. Bardach, S. Grodziski, A. Gwiżdż i in. Warszawa, 1993; Historia sejmu polskiego. T. 1. Do schyłku szlacheckiej Rzeczypospolitej / pod red. J. Michalskiego. Warszawa, 1984; Kiaupa Z. The History of Lithuania (before 1795) / Z. Kiaupa, J. Kiaupienė, A. Kuncevičius. Vilnius, 2000. P. 261–276; Kriegseisen W. Sejm Rzeczypospolitej szlacheckiej (do 1763 roku). Geneza i kryzys władzy ustawodawczej. Warszawa, 1995; Lewandowska-Malec I. Sejm walny koronny Rzeczypospolitej Obojga Narodów i jego dorobek ustawodawczy (1587–1632). Kraków, 2009; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569–1763. Warszawa, 2002.
[2] Падкрэслім, што аб’ектам нашага даследавання з’яўляецца менавіта мова палітычнага дыскурсу, паколькі само паняцце “палітычны дыскурс” мае больш шырокае значэнне і ўключае ў сябе не толькі спосабы публічнага выказвання ў сферы палітыкі, але і сацыяльныя практыкі ды канкрэтныя абставіны грамадскага жыцця, якія вызначалі гэтыя моўныя акты. Гл., напрыклад: Шелестюк Е. В. Концептуальный анализ политических текстов // Семиотико-семасиологическое измерение политического дискурса / под. ред. Н. А. Боженковой, П. А. Катышева. Москва, 2021. С. 38; Grześkowiak-Krwawicz A. Dyskurs polityczny Rzeczypospolitej Obojga Narodów. Pojęcia i idee. Toruń, 2018. S. 11–18. Пра даволі папулярны ў сучаснай гістарыяграфіі, хоць і дыскусійны канцэпт “палітычнай мовы” гл. беларускамоўны пераклад праграмнага артыкула даследчыка палітычнай думкі ранняга Новага часу Джона Г. Э. Покака: Покак Д. Г. Э. Канцэпцыя мовы і métier d’historien: некаторыя практычныя меркаванні // БГА. Т. 13. Сш. 2. 2006. С. 349–374.
[3] Stroynowski A. Kultura parlamentarna epoki staropolskiej. Wprowadzenie // Kultura parlamentarna epoki staropolskie / pod red. A. Stroynowskiego. Warszawa, 2013. S. 21–23.
[4] У XV–XVI ст. у палітычным дыскурсе ВКЛ існавалі лацінская, польская і старабеларуская мовы, з безумоўнай перавагай апошняй, але ўжо на мяжы XVI–XVII ст. дамінантыя пазіцыі ў галіне палітыкі набыла мова польская.
[5] Гл., напрыклад: Bibliografia parlamentaryzmu Rzeczypospolitej szlacheckiej = Bibliography of the parliamentary system of the Nobles’ Republic / R. Kołodziej, M. Zwierzykowski. Poznań, 2012.
[6] Czapliński W. Autorytet państwa i jego organów w oczach szlachty w XVI i XVII w. // Zeszyty Naukowe KUL. 1977. T. 29. Z. 3–4. S. 87–98; Idem. Sejm w latach 1587–1696 // Historia sejmu polskiego. T. 1. S. 295–299; Opaliński E. Kultura polityczna szlachty polskiej w latach 1587–1652. System parlamentarny a społeczeństwo obywatelskie. Warszawa, 1995; Idem. Sejm srebrnego wieku (1587–1652). Między głosowaniem większościowym a liberum veto. Warszawa, 2001. S. 189–219.
[7] Grześkowiak-Krwawicz A. Dyskurs polityczny Rzeczypospolitej Obojga Narodów. Pojęcia i idee. Toruń, 2018. Гл. таксама важныя заўвагі ў рэцэнзіях на гэтую працу: Амброзяк Т. Политический дискурс Речи Посполитой: методология и исследовательские перспективы // Quaestio Rossica. Vol. 8. № 4. 2020. P. 1439–1449; Orzeł J. Między semantyką historyczną a kontekstem społecznym epoki – o języku politycznym szlachty Rzeczypospolitej // Kwartalnik Historyczny. R. 128. Z. 3. 2021. S. 813–829.
[8] Pietrzyk-Reeves D. Ład Rzeczypospolitej. Polska myśl polityczna XVI wieku a klasyczna tradycja republikańska. Kraków, 2012. S. 397–399.
[9] Świderska-Włodarczyk U. Homo nobilis. Wzorzec szlachcica w Rzeczypospolitej XVI i XVII wieku. Warszawa, 2017. S. 113– 188. Гл. таксама: Idem. Wzorzec urzędnika Rzeczypospolitej XVI i pierwszej połowy XVII wieku w świetle staropolskich zwierciadeł // Przegląd Historyczny. T. 107. Z. 2. 2016. S. 171–197. У гэтых працах гл. пералік літаратурных твораў другой паловы XVI – пачатку XVII ст., прысвечаных вобразу ўзорнага ўрадніка і створаных, галоўным чынам, кароннымі аўтарамі.
[10] Świderska-Włodarczyk U. Autorytety parlamentarne. Wzorce i wzory osobowe Rzeczypospolitej XVI i XVII wieku. Warszawa, 2017.
[11] Świderska-Włodarczyk U. Autorytety parlamentarne. S. 7–8, 16– 18, 56, 97–98, 125.
[12] Любавский М. К. Литовско-русский сейм: опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. Москва, 1900. С. 111–148; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 20–24. Па аналогіі з іншымі дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, перш за ўсё, з Польшчай і Чэхіяй (у значна меншай ступені з Венгрыяй), мяркуем, што ініцыятыва ў запрашэнні на соймы прадстаўнікоў баярства належала выключна гаспадару (гл.: Russocki S. Zgromadzenia przedstanowe środkowej Europy. Wstępna analiza porównawcza // Czasopismo Prawno-Historyczne. T. 25. Z. 2. 1973. S. 14–15).
[13] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1. 1340–1506 гг. С.-Петербург, 1846. С. 115–116; Документы Московского архива Министерства юстиции (ДМАМЮ). Т. I. Москва, 1897. С. 506. Гл. таксама: Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 134–137, 149, 191; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902. С. 96–97; Kamieniecki W. Chorążowie w parlamentaryzmie litewskim przed unią lubelską // Antemurale. T. IX. 1965. S. 194, 196; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 24, 29–30.
[14] Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 264–265, 270. Приложения. С. 23, 24, 35; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… С. 95; Kamieniecki W. Chorążowie w parlamentaryzmie litewskim… S. 197; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 32–33. Падрабязней пра функцыі, якія выконвалі харужыя, гл.: Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / подгот. к печати Д. В. Карев. Минск, 2012. С. 242; Kamieniecki W. Chorążowie w parlamentaryzmie litewskim… S. 185–193.
[15] Акіншэвіч Л. Парлямэнт беларускай зямлі // Выбранае / уклад., падрыхт. тэкстаў, агульн. рэд., камент., паказ. Н. Гардзіенкі, Л. Юрэвіча. Мінск, 2021. С. 75, 79–80; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… С. 94–95; Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 181, 300–304, 493–496; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 28, 34. Заўважым, што падобная сітуацыя суіснавання розных формаў парламенцкага прадстаўніцтва (viritim і паўнамоцныя паслы) у канцы XIV – пачатку XVI ст. была характэрна таксама для Венгрыі і Польшчы: Russocki S.Początki Zgromadzeń Stanowych wEuropie Środkowej // Przegląd Historyczny. T. 66. Z. 2. 1975. S. 171–186.
[16] Мабыць, першая і адзіная згадка тэрміна “пасол” у дачыненні да соймавых прадстаўнікоў шляхты ў першай палове XVI ст. зафіксавана ў просьбах шляхты Бельскага павета, прадстаўленых на Віленскім сойме 1547 г.: ДМАМЮ. Т. I. С. 530, 532; Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 537, 539–540; Kamieniecki W. Chorążowie w parlamentaryzmie litewskim… S. 199. Пазней славуты прывілей ад 1 ліпеня 1564 г. на сойме ў Бельску зацвердзілі, сярод іншых, “послове зо всихъ земль и поветов” ВКЛ: Любавский М. К. Литовско-русский сейм… Приложения. С. 140.
[17] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911. С. 286–303. Тэкст прывілея гл.: Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста / выд. А. Радаман // БГА. Т. 12. Сш. 1–2. 2005. С. 132–161. Гл. таксама просьбу шляхты аб увядзенні ў ВКЛ павятовых соймікаў, выказаную на вальным сойме 1565–1566 г.: Русская историческая библиотека (РИБ). Т. XXX. Литовская Метрика. Отд. 1–2. Ч. 3. Книги публичных дел / ред. И. И. Лаппо. Юрьев, 1914. Стб. 168.
[18] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / рэдкал.: Т. І. Доўнар і інш. Мінск, 2003. С. 79–80. У гэтым статутным артыкуле ўжываецца таксама тэрмін “послове земские”.
[19] Гл., напрыклад: Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 840–841; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 49–50, 168–169. Заўважым таксама, што рэформы сярэдзіны 1560-х г. замацавалі выключнае становішча шляхты на вальным сойме. Толькі ў 1568 г. прывілеем Жыгімонта Аўгуста было зацверджана права мяшчан Вільні ўдзельнічаць у працы сойма, на паседжаннях якога прадстаўнікі сталіцы ВКЛ маглі выказвацца выключна ў гарадскіх справах: Kowalenko W. Geneza udziału stołecznego miasta Wilna w sejmach Rzeczypospolitej (dokończenie) // Ateneum wileńskie. R. IV. Z. 12. 1927. S. 79– 137. Разам з тым крыніцы сведчаць пра розныя формы ўдзелу мяшчан і іншых гарадоў ВКЛ (напрыклад, Віцебска, Магілёва) у працы соймікаў, з’ездаў і соймаў XVI–XVII ст. Вывучэнне месца і ролі мяшчанства ў функцыянаванні парламенцкай сістэмы ВКЛ і Рэчы Паспалітай застаецца вельмі важнай даследчай задачай.
[20] Любавский М. К. Литовско-русский сейм… Приложения. С. 167, 168; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… Приложение. С. 153–154. Пра сойм ВКЛ 1566 г. гл., напрыклад: Любавский М. К. Литовско-русский сейм… С. 738–755; Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 55–57.
[21] ДМАМЮ. Т. I. С. 200, 202.
[22] Тамсама. С. 197; РИБ. Т. XXX. Стб. 397.
[23] Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета паслам на Варшаўскі сойм 1572 г. з агульнаваяводскага сойміка Троцкага ваяводства, які адбыўся ў Самілішках 9 снежня 1571 г. / выд. А. Радаман // Гарадзенскі палімпсест 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV–XX ст. / пад рэд. А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. Гародня, 2009. С. 247–250; Lulewicz H. Najstarsza znana instrukcja sejmikowa z Wielkiego Księstwa Litewskiego. Sejmik wileński przed sejmem warszawskim 1570 roku // Studia Historyczno-Prawne. Prace dedykowane Prof. J. Seredyce w 75-tą rocznicę urodzin i 40-lecie pracy naukowej / pod red. J. Dorobisza, W. Kaczorowskiego. Opole, 2004. S. 179– 180.
[24] Віленскі земскі прывілей 1565 г. … С. 157–158 (“радити и намовляти и объмышляти”); Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. С. 79–80.
[25] ДМАМЮ. Т. I. С. 500; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… Приложение. С. 197.
[26] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментар / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мінск, 1989. С. 117.
[27] ДМАМЮ. Т. I. С. 203.
[28] Любавский М. К. Литовско-русский сейм… Приложения. С. 168, 178, 199; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… Приложение. С. 158, 168, 193; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 532. 1569–1571 / Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 2001. P. 37. Гл. таксама: Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie… S. 125.
<[29] Любавский М. К. Литовско-русский сейм… Приложения. С. 211; Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… С. 204.
[30] Archiwum Główne Akt Dawnych wWarszawie (AGAD). Archiwum Radziwiłłów (AR). Dz. II. Sygn. 325. S. 6; Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. С. 451. Приложения. С. 52–53, 98, 100, 102, 141; Księga Batoriańska. Zbiór dokumentów ku uczczeniu 350-letniej rocznicy zgonu króla Stefana Batorego / oprac. R. Mienicki. Wilno, 1939. S. 6, 7, 10.
[31] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. II. С.-Петербург, 1863. С. 169, 175. Заўважым таксама, што для каралеўскай улады прынцыпова важна было, каб шляхта надавала сваім прадстаўнікам неабмежаваныя паўнамоцтвы (“моцъ зуполную а незамероную”) для вырашэння на сойме актуальных дзяржаўных спраў.
[32] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Приложения. С. 1–25.
[33] Пад тэрмінам “палітычны народ” разумеем тую частку шляхецкага саслоўя, якая карысталася правам удзельнічаць у палітычным жыцці дзяржавы на ўсіх яго ўзроўнях.
[34] Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета паслам на Варшаўскі сойм 1572 г. … С. 250.
[35] Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК). Т. VII. Вильна, 1874. С. 180.
[36] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 336. S. 2; Ibidem. Sygn. 346. S. 2.
[37] Ibidem. Sygn. 371. S. 1; Dyaryusze sejmowe roku 1597. W dodatkach: akta sejmikowe i inne odnoszące się do tego sejmu / wyd. E. Barwiński. Kraków, 1907. S. 410, 411.
<[38] Biblioteka Muzeum Narodowego im. Książąt Czartoryskich w Krakowie (BCzart.). Rkps. 2234. № 51. K. 237.
<[39] Інструкцыя полацкай шляхты на сойм 1608 г. / выд. В. Галубовіч, А. Радаман // Commentarii Polocenses Historici = Полацкія гістарычныя запіскі. Т. 3. 2006. С. 72.
[40] Российская национальная библиотека в Санкт-Петербурге. Рукописное отделение (РНБ. Рук. отд.). Ф. 971. Собрание автографов П. П. Дубровского. Авт. 130. Л. 29 об.
[41] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Приложения. С. 76, 77.
[42] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 402. S. 1. Нагадаем, што ў XVI ст. усталявалася практыка зацвярджэння соймавых рашэнняў шляхам дасягнення згоды паміж каралём, сенатам і пасольскай “ізбой”. Падрабязней гл.: Падалінскі У. А. Прадстаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага на Люблінскім сойме 1569 года: удзел у працы першага вальнага сойма Рэчы Паспалітай. Мінск, 2017. С. 23–24 (тут жа і асноўная гістарыяграфія праблемы).
[43] Relacje nuncjuszów apostolskich i innych osób o Polsce od r. 1548 do 1690 / tł. E. Rykaczewski. T. 1. Berlin – Poznań, 1864. S. 255.
[44] Інструкцыя шляхты Гарадзенскага павета паслам на Варшаўскі сойм 1572 г. … С. 250.
[45] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 405, 415.
[46] Dyaryusze i akta sejmowe z roku 1591–1592 / wyd. E. Barwiński. Kraków, 1911. S. 346.
[47] Пра падзеі 1591 г. гл., напрыклад: Kempa T. Konflikty wyznaniowe w Wilnie od początku reformacji do końca XVII wieku. Toruń, 2016. S. 170–180.
[48] Лаппо И. И. Люблинская уния и третий Литовский статут // Журнал Министерства народного просвещения. 1917. № 5. С. 134. Пра канфлікт Жыгімонта Вазы з палітычным народам ВКЛ вакол пасады віленскага біскупа ў 1591–1600 г. акрамя дадзенага артыкула І. Лапы гл. таксама: Kempa T. Elita litewska wobec nominacji Jerzego Radziwiłła na biskupstwo krakowskie i Bernarda Maciejowskiego na biskupstwo wileńskie // Studia Waweliana. T. XX/XXI. 2019–2020. S. 83–102.
[49] АВАК. Т. VIII. Вильна, 1874. C. 334.
[50] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 336. S. 2.
[51] АВАК. Т. II. Вильна, 1867. С. 153; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 418.
[52] AGAD. Archiwum Publiczne Potockich. Sygn. 31. T. 1. S. 803.
[53] Заўважым, што гаворка ішла менавіта пра асабістыя пытанні, бо на вальным сойме Рэчы Паспалітай прадстаўнікі паветаў і ваяводстваў ВКЛ займаліся вырашэннем не толькі дзяржаўных ці лакальных праблем, але і шматлікіх прыватных просьбаў. Гл., напрыклад: Падалінскі У. Стаўленне шляхты Вялікага Княства Літоўскага… С. 16, 22; Падалінскі У. “І прамовіў досыць шчыра і жаласна”: індывідуальнае вымярэнне Люблінскага сойма 1569 г. // Rocznik Lubelski. T. XLV. Lublin, 2019. S. 85–96. У канцы XVI – першай палове XVII ст. своекарыслівасць вельмі негатыўна ацэньвалася ў палітычным дыскурсе Рэчы Паспалітай, гл., напрыклад: Augustyniak U. Wpływ konfesjonalizacji katolickiej na dyskurs polityczny w Rzeczypospolitej XVI–XVIII wieku. Wizje państwa i społeczności // Kultura Pierwszej Rzeczypospolitej w dialogu z Europą. Hermeneutyka wartości. T. 3. Wartości polityczne Rzeczypospolitej Obojga Narodów. Struktury aksjologiczne i granice cywilizacyjne / red. A. Grześkowiak-Krwawicz, współpr. J. Axer. Warszawa, 2017. S. 63–65.
[54] Лаппо И. И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия… Приложения. С. 52–53.
[55] Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 322–331.
[56] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 242. S. 9.
[57] Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства… Приложение. С. 172.
[58] АВАК. Т. II. С. 153; Тамсама. Т. VIII. С. 332; Dyaryusze sejmowe roku 1597. S. 418.
[59] РНБ. Рук. отд. Ф. 971. Авт. 130. Л. 29 об., 30 об. Апеляцыі да “вернасці перад Айчынай”, “дабрадзейнасці” і “зычлівасці” паслоў сустракаюцца таксама ў інструкцыях, складзеных на перадсоймавых сойміках у Менску ў 1613 і 1615 гг.: AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 583. S. 2, 4; Ibidem. Sygn. 619. S. 5, 12.
[60] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 691. S. 1; Інструкцыя полацкай шляхты на сойм 1608 г. С. 72.
[61] BCzart. Teki Naruszewicza. T. 103. Nr 27. S. 118.
[62] Ibidem. Пра сойм 1607 г. гл., напрыклад: Volumina Constitu tionum. T. II (1550–1609). Vol. 2 (1587–1609) / do druku przygot. S. Grodziski, przedm. W. Uruszczak. Warszawa, 2008. S. 336–377.
[63] AGAD. AR. Dz. II. Sygn. 301. S. 1.
[64] Ibidem. Sygn. 326. S. 1.
[65] Лаппо И. И. Люблинская уния и третий Литовский статут… С. 128, 134.
[66] Папярэднія даследаванні ўяўленняў кароннай шляхты пра ўзорнага соймавага пасла, праведзеныя польскімі гісторыкамі (гл., напрыклад: Świderska-Włodarczyk U. Autorytety parlamentarne. S. 52–64, 123–129, 153–157), сведчаць, што гэтыя ўяўленні фармаваліся з дапамогай тэрмінаў і паняццяў, даволі блізкіх да тых, якія ўжываліся ў асяроддзі шляхты ВКЛ.