Ганна Славіна. Праект ваеннаабарончага саюзу, прапанаваны дэлегацыяй БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі
Сярод гістарычных падзей Еўропы XX ст. Парыжская мірная канферэнцыя вылучаецца сваім палітычным значэннем. Гістарычныя абставіны арганізацыі канферэнцыі, палітычныя і дыпламатычныя праграмы яе ўдзельнікаў, прававыя наступствы падпісаных шматбаковых пагадненняў, фармаванне новай сістэмы міжнародных адносін і паўстанне першай сусветнай арганізацыі – Лігі Нацый – шырока разгледжаны ў навуковай літаратуры [1]. Уплыў парыжскіх падзей 1919–1920 г. на фармаванне і рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў розных дзяржаў застаецца актуальнай тэматыкай даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў [2]. Дзейнасць дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі ў час мірнай канферэнцыі ў Парыжы таксама выклікала зацікаўленасць гісторыкаў, якія адзначалі вялікі ўплыў праектаў адраджэння Польскай дзяржавы, з аднаго боку, а з другога – дыпламатычнай дзейнасці РСФСР ды прадстаўнікоў генерала Антона Дзянікіна і адмірала Аляксандра Калчака на вырашэнне беларускіх пытанняў [3].
Арганізатарамі канферэнцыі ў сталіцы Францыі былі створаны 58 спецыяльных камісій [4], многія аспекты дзейнасці якіх патрабуюць больш пільнай увагі і да гэтага часу чакаюць сваіх даследчыкаў. Прыкладам таму можа служыць праца Балтыйскай камісіі (фр. La Commission baltique). Дакументы, якія сведчаць пра сумесныя перамовы і агульную працу прадстаўнікоў БНР ды ўдзельнікаў гэтай камісіі, часткова знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Эстоніі. Асобны фонд складаюць дакументы аўтарства адстаўнога генерала ад інфантэрыі арміі былой Расійскай імперыі Кіпрыяна Кандратовіча [5]. Ветэран расійска-турэцкай, расійска-японскай і Першай сусветнай войнаў, генерал К. Кандратовіч восенню 1917 г. узначаліў Беларускую цэнтральную вайсковую раду [6], а ў сакавіку 1919 г. быў уключаны ў склад дарадцаў дэлегацыі БНР пад кіраўніцтвам прэм’ера Антона Луцкевіча, якая Радай Народных Міністраў БНР была накіравана ў Парыж [7]. Архіўныя дакументы, дагэтуль незнаёмыя шырокай аўдыторыі, адлюстроўваюць ролю, якую імкнуўся адыграць генерал К. Кандратовіч, знаходзячыся ў сталіцы Францыі. Менавіта яму належала ідэя падрыхтоўкі праекта першай дамовы аб стварэнні адзінага ваеннаабарончага і палітычнага саюзу паміж краінамі Балтыкі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы з удзелам БНР [8].
Парыжская мірная канферэнцыя пачалася 18 студзеня 1919 г., аднак ніводнаму з рэгіёнаў былой Расійскай імперыі, якія змагаліся за незалежнасць, не ўдалося атрымаць запрашэння на ўдзел у першых паседжаннях, таму іх прадстаўнікі не мелі афіцыйнага статусу і на адкрыцці канферэнцыі не прысутнічалі. Старшыні мірнай канферэнцыі Жоржу Клемансо (Georges Clemenceau) накіроўваліся мемарандумы або іншыя дакументы дыпламатычнага характару аб фактычным стварэнні новых дзяржаў, іх урадаў, просьбы аб прызнанні нацыянальнага суверэнітэту і допуску дэлегатаў новаабвешчаных краін да працы ў канферэнцыі. З такімі зваротамі выступілі Азербайджанская Дэмакратычная Рэспубліка, Беларуская Народная Рэспубліка, Дэмакратычная Рэспубліка Грузія, Літоўская Рэспубліка, Латвійская Рэспубліка, Рэспубліка Горцаў Паўночнага Каўказа, Рэспубліка Арменія, Украінская Народная Рэспубліка і Эстонская Рэспубліка. У той жа час прадстаўнікі рускага нацыянальнага руху з ліку былых дыпламатаў царскага і Часовага ўрада арганізавалі Рускую палітычную нараду ў Парыжы (РПН) [9], якая дзейнічала ў якасці часовага прадстаўнічага органа для ўдзелу ў мірнай канферэнцыі да часу прызнання Вярхоўным саветам Антанты ўтворанага ў Омску Усерасійскага ўрада. Прадстаўнікі РПН атрымалі паўнамоцтвы ад Вярхоўнага кіраўніка Расіі А. Калчака. Яны імкнуліся ўзгадняць дзеянні абласных цэнтраў улады, што існавалі ў той час у Расіі. Прадстаўніком Омскага ўрада і Данской Рэспублікі быў Сяргей Сазонаў, а Паўночнага абласнога ўрада – яго кіраўнік Мікалай Чайкоўскі. Узначальваў РПН былы міністр-старшыня Часовага ўрада князь Георгій Львоў [10]. На думку ўдзельнікаў РПН, толькі паўнапраўны, законны і прызнаны Усерасійскі ўрад мог прадстаўляць інтарэсы Расіі на канферэнцыі і браць удзел у заключэнні мірнай дамовы, а да гэтага моманту дзейнічала РПН, якая накіравала для ўдзелу ў перамовах сваю дэлегацыю [11].
22 студзеня 1919 г. у Горадні быў складзены “Мемарыял беларускага ўрада да Старшыні Мірнай канферэнцыі ў Парыжы”. Гэтым дакументам вызначаліся тры асноўныя падставы, якія абгрунтавалі права да стварэння дзяржавы і далейшага прызнання беларускай сувэрэннасці [12] паводле прынцыпаў міжнародных адносін: шматвяковы гістарычны шлях беларускага народа; пастаянная тэрыторыя, на якой пражывае этнічная большасць насельніцтва краіны; органы ўлады, абраныя прадстаўнікамі беларускага народа ў снежні 1917 г. у час Усебеларускага з’езда. Старшыня Рады Міністраў і міністр замежных спраў БНР А. Луцкевіч, які падпісаў мемарыял, намагаўся дабіцца прызнання дзяржаўнай незалежнасці ўдзельнікамі канферэнцыі, а таксама прасіў дапамагчы беларускаму народу ажыццявіць дзяржаўнае будаўніцтва ў этнаграфічных і гістарычных межах, дапусціць беларускіх дэлегатаў на мірную канферэнцыю для абароны інтарэсаў усяго народа [13]. Аднак накіраваны ў Парыж дакумент не ўтрымліваў аргументаў, якія маглі б сведчыць пра магчымасць урада БНР самастойна вызначаць эканамічныя і палітычныя ўмовы дзяржаўнага суверэнітэту, паколькі тэрыторыя краіны на той час фактычна знаходзілася пад кантролем польскіх, савецкіх і нямецкіх вайсковых фармаванняў [14].
Палітычныя акалічнасці змяніліся ўжо на наступны дзень, 23 студзеня 1919 г., калі па радыё быў абвешчаны зварот арганізатараў канферэнцыі, якія заклікалі да спынення грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Варожыя бакі запрашаліся прыбыць на Прынцавы астравы ў Мармуровым моры для пачатку перамоў і найхутчэйшага ўсталявання міру. Нягледзячы на тое, што такі намер не быў рэалізаваны, бо праціўнікі “не мелі жадання сесці за стол перамоваў” [15], нацыянальныя ўрады, якія абвясцілі права сваіх народаў на незалежнасць ад Расіі, скарысталіся гэтым запрашэннем. РПН была вымушана змяніць першапачатковы погляд на праблему самавызначэння і накіравала ў адрас мірнай канферэнцыі дэкларацыю, у якой вызначыла магчымасць прызнання за народамі, якія знаходзіліся ў складзе былой Расійскай імперыі, права на атрыманне нацыянальнай аўтаноміі, самастойнасці ў рамках федэрацыі або нават і поўнай незалежнасці. Удзельнікі дэлегацыі ад РПН уключылі перамовы з нацыянальнымі ўрадамі ў сваю праграму, бо ад гэтага залежаў лёс прызнання Усерасійскага ўрада [16]. Прысутнасць дэлегацыі БНР сярод удзельнікаў мірнай канферэнцыі ў Парыжы, якая здавалася раней малаверагоднай, стала рэальнасцю. У беларусаў разам з нацыянальнымі дэлегацыямі Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Літвы, Латвіі, Паўночнага Каўказа, Украіны і Эстоніі з’явілася магчымасць дабівацца прызнання нацыянальнай незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту.
Да моманту, калі прадстаўнікі БНР прыбылі ў Парыж, дэлегацыя РПН атрымала загад дамагацца прызнання Вярхоўным саветам Антанты “тэрыторыі Расіі ў межах 1914 г., акрамя Польшчы” [17]. Прадстаўнік рускай дэлегацыі С. Сазонаў лічыў, што Расія павінна стаць канстытуцыйнай манархіяй. У адказ Вярхоўны савет накіраваў да Калчака ноту з патрабаваннем выказаць згоду на стварэнне ў Расіі федэратыўнай дзяржаўнай сістэмы з прызнаннем аўтаноміі за балтыйскімі, закаўказскімі і закаспійскімі краінамі, а таксама “безумоўна прызнаць незалежнасць Фінляндыі і Польшчы” [18]. Гэтыя краіны першымі атрымалі самастойнасць і незалежнасць, але іх межы яшчэ не былі дакладна вызначаны. Тэрытарыяльныя пытанні сталі прадметам працы тых самых спецыяльных камісій, арганізаваных у час мірнай канферэнцыі [19].
Як вядома, у 1795 г. тэрыторыя Рэчы Паспалітай была падзелена паміж Прусіяй, Аўстра-Венгрыяй і Расіяй, а польская дзяржава знікла з геаграфічнай карты Еўропы. Пытанне адраджэння польскай дзяржаўнасці і аб’яднання земляў уздымалася лідарамі дзяржаў Антанты ад пачатку Першай сусветнай вайны. Абяцанне адрадзіць Польскае Каралеўства было вызначана актам 5 лістапада 1916 г. яшчэ ў перыяд нямецкай і аўстра-венгерскай акупацыі. Праз некалькі месяцаў, 22 студзеня 1917 г., прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Томас Вудра Вільсан (Thomas Woodrow Wilson) задэклараваў, што Польшча павінна стаць вольнай, незалежнай і суверэннай дзяржавай. Крыху пазней з прызнаннем незалежнасці Польшчы выступілі ўрады Францыі і Вялікабрытаніі [20]. Права на незалежнасць польскага народа ў сакавіку 1917 г. было прызнана спачатку Петраградскім саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а пасля і Часовым урадам [21]. Прызнанне польскай незалежнасці зрабіла магчымым прызнанне створаных у эміграцыі нацыянальных цэнтраў як адзіных органаў, якія прадстаўлялі інтарэсы польскага народа. У лістападзе 1918 г. улада была перададзена Начальніку Польскай дзяржавы – Юзафу Пілсудскаму. 28 чэрвеня 1919 г. была падпісана Версальская мірная дамова, якая вызначыла далейшы палітычны ўклад у Еўропе. Польшча была сярод краін, што падпісалі Версальскую дамову, і ўвайшла ў склад Лігі Нацый [22].
У лістападзе 1917 г. сейм Вялікага Княства Фінляндскага аб’явіў верхавенства сваёй улады і прызначыў урад, які распрацаваў Дэкларацыю незалежнасці Фінляндыі і накіраваў у парламент праект Канстытуцыі. 6 снежня 1917 г. фінскі парламент зацвердзіў Дэкларацыю незалежнасці, якая была зваротам да іншых краін свету аб прызнанні Фінляндыі. 31 снежня 1917 г. незалежнасць Фінляндыі прызнаў урад Савецкай Расіі, што значна паскорыла далейшы працэс [23]. Ужо ў першыя дні 1918 г. незалежнасць Фінляндыі прызналі спачатку ўрад Швецыі, а потым урады Францыі, Германіі, Даніі, Нарвегіі і Аўстра-Венгрыі [24]. У сакавіку 1919 г. фінскі ўрад атрымаў прызнанне незалежнасці з боку Польшчы, у траўні таго ж года – з боку Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі, а ў чэрвені – Італіі [25].
У Польшчы і Фінляндыі былі свае нацыянальныя ўзброеныя фармаванні, з дапамогай якіх гэтыя краіны імкнуліся ўмацаваць свой тэрытарыяльны лад. Гістарычныя інтарэсы Польшчы распаўсюджваліся на Украіну, Беларусь і Літву, а Фінляндыя мела свае інтарэсы ў Эстоніі, Латвіі, на Кольскім паўвостраве і ва Усходняй Карэліі. Фінляндыя валодала палітычным уплывам на балтыйскім кірунку, маючы трывалыя сувязі з краінамі Захаду, у тым ліку з ЗША. Гэтыя акалічнасці не маглі не прыцягнуць увагі дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Фінляндыя як прызнаная дзяржава магла сама прымаць рашэнні аб прызнанні тых ці іншых краін.
Беларуская дэлегацыя (фр. Délégation de la Ruthénie Blanchе – такой была першапачатковая назва дэлегацыі БНР на перамовах у Парыжы) прыступіла да працы ў траўні 1919 г., размясціўшыся ў гатэлі “Метраполія”. Будынак 37 па вуліцы Францыска І (37, rue François Ier) [26] знаходзіўся ў самым цэнтры французскай сталіцы і на нядоўгі час стаў афіцыйным адрасам дэлегацыі. У пачатку чэрвеня месца знаходжання дэлегацыі змянілася, яе сядзібай стаў будынак нумар 24 на вуліцы Баяр у Парыжы (24, rue Bayard) [27], а да назвы дэлегацыі дадалося словазлучэнне “Дэмакратычная Рэспубліка”. Дэлегацыя Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі (фр. Délégation de la République Démocratique de la Russie (Ruthénie) Blanche) – такая змененая назва выкарыстоўвалася з гэтага моманту на бланках дэлегацыі не толькі ў час мірнай канферэнцыі, але і на працягу некалькіх наступных гадоў.
Беларуская дэлегацыя ў час мірнай канферэнцыі ў Парыжы накіроўвала прадстаўнікам іншых краін падрыхтаваныя матэрыялы, якія падавалі інфармацыю пра гісторыю беларускага народа, створаныя дзяржаўныя інстытуты, насельніцтва краіны і тэрыторыі, на якіх спрадвеку жылі беларусы. Прадстаўнікі Латвійскай Рэспублікі ў мемарандуме, накіраваным мірнай канферэнцыі, таксама адзначалі імкненне беларусаў да нацыянальнага адраджэння. Латвійская дэлегацыя спасылалася на наяўнае латвійска-беларускае пагранічча, агульнае гістарычнае мінулае латышоў і беларусаў, а таксама на падтрымку з боку Латвіі беларускай незалежнасці і ўсталяванне сяброўскіх адносін паміж краінамі [28]. У сваю чаргу, беларуская дэлегацыя перадала на адрасы дэлегацый іншых краін пераклад “Мемарыяла беларускага ўрада да Старшыні Мірнай канферэнцыі ў Парыжы”, складзенага яшчэ ў студзені і дапоўненага двума спісамі: складу кабінета міністраў БНР і складу ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі ў Парыжы [29].
Трэба адзначыць, што склад беларускай дэлегацыі неаднаразова мяняўся. Чарговы раз змены адбыліся пасля сакрэтнага даклада 21 траўня 1919 г., падрыхтаванага генералам К. Кандратовічам для ўдзельнікаў Балтыйскай камісіі. Тады ў склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі: прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў А. Луцкевіч – старшыня дэлегацыі, член Рады Рэспублікі генерал К. Кандратовіч, нядаўна прызначаны міністр абароны палкоўнік Яўген Ладноў, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі Аляксей Азнабішын і сакратар Леанід Баркоў [30].
Кіпрыян Кандратовіч у дакладзе, ацэньваючы агульнае палітычнае становішча на тэрыторыі былой Расійскай імперыі вясной 1919 г., паведамляў наступнае: “У цяперашні час барацьба з бальшавізмам у Расіі дасягае найбольшай напругі. Наблізіўся самы спрыяльны перыяд для баявых дзеянняў. На поўначы баявыя дзеянні пачаты з боку Мурманска і Архангельска; на поўдні – Добраахвотніцкая армія і войскі Дона і Урала перайшлі ў наступ і, нарэшце, на ўсходзе, з боку Сібіры, адкрыліся актыўныя дзеянні Сібірскага войска, авангарды якіх ужо набліжаюцца да ракі Волгі” [31]. За актыўнымі ваеннымі дзеяннямі ён бачыў і істотную небяспеку паражэння фармаванняў, якія выступалі супраць бальшавікоў. “Цяжкасць гэтых дзеянняў у ваенным плане ў тым, што яны адбываюцца па каласальнай акружнасці, прыкладным цэнтрам якой з’яўляецца Масква, цэнтр баявой актыўнасці непрыяцеля,” – пісаў К. Кандратовіч. “Акружнасць гэтая настолькі вялікая і з такімі сур’ёзнымі перашкодамі мясцовага характару, што няма аніякай магчымасці арганізаваць непасрэдную сувязь паміж усімі войскамі, якая давала б магчымасць поўнага ўзаемадзеяння ў стратэгічных адносінах. Цяжкасці павялічваюцца яшчэ той акалічнасцю, што тылы войска ўсіх трох франтоў разыходзяцца ў розныя бакі, незвычайна доўгія і з вельмі складанымі шляхамі зносін” [32].
Асаблівае значэнне генерал надаваў праблеме заходніх частак былой Расійскай імперыі. Ён пісаў: “Нельга не звярнуць увагі яшчэ на адзін фронт той жа каласальнай акружнасці – гэта фронт заходні – паміж Балтыйскім і Чорным морамі. На гэтым фронце пасля пераходу Расіі да бальшавіцкага ладу пад уплывам розных меркаванняў палітычнага характару, пра якія тут не месца гаварыць, а таксама з мэтай адмежавацца ад бальшавіцкай Расіі, з’явіўся шэраг палітычных утварэнняў пад рознымі назвамі. Усе гэтыя ўтварэнні імкнуцца да дасягнення розных сваіх палітычных мэтаў, нават не заўсёды адпаведных мэтам суседзяў, што часта прыводзіць да варожых паміж імі адносін і нават непажаданых у агульных мэтах сур’ёзных міжусобных сутыкненняў” [33].
Кандратовіч адзначаў, што “кожная з дзяржаў, якія ўтварыліся на гэтым фронце, прымае ўсе меры і адшуквае разнастайнымі шляхамі сродкі да ўтварэння сваёй уласнай узброенай сілы, якая неадкладна ж накіроўваецца галоўным чынам для барацьбы з бальшавіцкімі войскамі, якія паспелі ўжо заняць больш ці менш значныя часткі іх тэрыторыі. Такім чынам, на захадзе Расіі, паміж Балтыйскім і Чорным морамі, вядуць барацьбу з бальшавіцкімі сіламі войскі: эстонскія, латышскія, прыбалтыйскія, літоўскія, беларускія, польскія, украінскія, чэхаславацкія і румынскія. На жаль, кожнае з гэтых войскаў вядзе свае баявыя дзеянні цалкам незалежна ад ваенных дзеянняў суседніх вайскоўцаў” [34]. Генерал К. Кандратовіч бачыў стварэнне “баявога аб’яднання” на гэтым кірунку, што таксама выклікала зацікаўленасць з боку ўдзельнікаў Балтыйскай камісіі. Да пачатку чэрвеня праект ваеннаабарончага саюзу Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі і Украіны быў падрыхтаваны. Захаваліся два варыянты гэтага дакумента: адзін з іх – у рукапісным фармаце, дзе пералічаны краіны-ўдзельніцы, якім накіроўваўся гэты праект [35], другі – друкаваны, у якім найменні краін, а таксама некаторыя выразы, адсутнічаюць [36]. Агульны змест абодвух дакументаў аднолькавы, друкаваны тэкст “Праекта ваеннаабарончага саюзу”, прапанаванага генералам Кандратовічам, прыводзіцца ніжэй.
“Сакрэтна. Праект. Парыж, 1 чэрвеня 1919 г. Ніжэйпадпісаныя паўнамоцныя прадстаўнікі ўрадаў ніжэй названых дзяржаў, у мэтах вызвалення і абароны тэрыторыі і дзяржаўнай незалежнасці названых дзяржаў ад узброеных бальшавіцкіх сіл, заключылі ад імя сваіх урадаў ваенны саюз.
Задачы гэтага саюзу наступныя:
1) Аб’яднанне дзеянняў усіх узброеных сіл дзяржаў гэтага дагавора;
2) Стварэнне агульнасаюзнага фронту ад Балтыйскага да Чорнага мора;
3) Стварэнне агульнасаюзнага камандавання ў асобе аднаго з выдатных палкаводцаў армій Дзяржаў Згоды ў якасці галоўнакамандуючага з яго штабам і прадстаўнікамі армій усіх дзяржаў гэтага дагавора, якія пры ім прысутнічалі.
Заўвага. У штаб Галоўнакамандуючага апошнім могуць быць запрошаны добраахвотнікі з войскаў Дзяржаў Згоды і нейтральных.
4) Агульныя крокі перад Дзяржавамі Згоды па пытаннях, якія вынікаюць з факта заключэння ваеннага саюзу і звязаных з аб’яднанай ваеннай акцыяй.
Для дэталёвай распрацоўкі саюзнай дамовы і плана практычнага ажыццяўлення асноўных яе пунктаў засноўваецца саюзны вайсковы савет з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў, забяспечаных шырокімі паўнамоцтвамі, па 1 [аднаму] прадстаўніку ад кожнай дзяржавы. Месца знаходжання Саюзнай вайсковай рады – часова горад Парыж.
Гэтае пагадненне можа быць пашырана ў сэнсе далучэння да ваеннага саюзу іншых дзяржаў, якія маюць на мэце ажыццяўленне яго задач” [37].
Найбольшую зацікаўленасць праект і даклад генерала выклікалі ў прадстаўнікоў Эстоніі. Гэтая краіна ўжо вяла вайну за незалежнасць адразу на двух напрамках: супраць бальшавікоў у кірунку Нарвы і Тарту і на поўдні супраць т. зв. балтыйскага ландэсвера, у складзе якога пераважна ваявалі нямецкія добраахвотнікі. У чэрвені 1919 г. эстонская армія і латышскія фармаванні змагаліся з нямецкімі ў бітве пры Цэсісе на поўначы Латвіі [38]. У час перамір’я, якое цягнулася з 10 да 19 чэрвеня 1919 г., пачаліся перамовы паміж нямецкімі вайскоўцамі з аднаго боку і латышамі ды эстонцамі – з другога. Удзельнічалі ў перамовах і прадстаўнікі вайсковых місій саюзнікаў – ЗША, Англіі і Францыі. Амерыканцы прапанавалі аб’яднаць сілы ўсіх бакоў і весці барацьбу супраць бальшавікоў, стварыўшы адзіны фронт. Нягледзячы на гэта, эстонцы адчувалі тут пагрозу, бо “замест аднаго ворага было ўжо два – чырвоны і чорны” [39] (улічваючы нямецкія інтарэсы на гэтым абшары). Як толькі перамір’е скончылася, баі пад Цэсісам аднавіліся. Вырашальная фаза бітвы (19–23 чэрвеня) завяршылася перамогай эстонска-латышскіх сіл. Гэта практычна супала па часе са згодай нямецкага ўрада на падпісанне Версальскай мірнай дамовы. Канчаткова ж ваенныя дзеянні тут былі спынены толькі 3 ліпеня 1920 г. [40]
Сустрэча генерала К. Кандратовіча з ваенным прадстаўніком Эстоніі была прызначана праз некалькі дзён пасля пачатку згаданага вышэй перамір’я, на 13 чэрвеня 1919 г., у будынку беларускай дэлегацыі ў Парыжы [41]. Асоба прадстаўніка, які запрашаўся на сустрэчу з генералам, дакладна невядомая. Трэба адзначыць, што свае заўвагі на прапановы К. Кандратовіча напісаў першы амбасадар Эстоніі ў Фінляндыі Оскар Філіп Калас (Oskar Philipp Kallas) [42], які падтрымліваў стварэнне адзінага фронту і ваеннага саюзу. Але К. Кандратовіч прапанаваў не толькі магчымасць стварэння ваеннаабарончага саюзу і адзінага заходняга фронту, але таксама разважаў наконт умоваў верагоднай ваеннай канвенцыі і непасрэдных ваенных дзеянняў на наяўных напрамках, у тым ліку наконт магчымага звароту па ваенную дапамогу да саюзнікаў і накіравання іх флоту ў марскія гавані на Балтыцы [43].
Прапановы К. Кандратовіча разам з пазнакамі эстонскага дыпламата былі накіраваны галоўнакамандуючаму эстонскай арміяй генералу Ёхану Лайданеру (Johan Laidoner) [44]. Апошні пачынаў сваю вайсковую службу, як і К. Кандратовіч, у расійскай імператарскай арміі, нейкі перыяд яны нават адначасова былі на Каўказе. Эстонскі галоўнакамандуючы меркаваў, што адзіны фронт на Балтыйскім моры быў бы вельмі пажаданы. Ён лічыў, што народы, якія вядуць барацьбу за незалежнасць – эстонцы, латышы і літоўцы, – не маюць дастатковай сілы, каб актыўна супрацьстаяць пераважнай сіле бальшавікоў [45].
Эстонцы чакалі рашучых дзеянняў з боку Фінляндыі, мяркуючы, што гэта магло б даць большую магчымасць для рэалізацыі іх нацыянальных інтарэсаў [46]. Такім чынам, адзіны фронт барацьбы станавіўся стратэгічнай задачай. На думку эстонскага вайсковага лідара, вярхоўнае камандаванне такім фронтам мусіла быць аддадзена генералу, прызначанаму саюзнікамі, як і прапанаваў Кандратовіч. Лайданер і Кандратовіч лічылі, што найбольш пажаданым было б прызначэнне галоўнакамандуючага адзінага фронту на Балтыцы з ліку брытанцаў, французаў ці амерыканцаў. Але ў адрозненне ад Кандратовіча, Лайданер дапускаў магчымасць узначалення агульнага фронту прадстаўнікамі іншых краін, якія процістаялі Савецкай Расіі. Так, ён разглядаў перадачу такога камандавання Фінляндыі, але ў тым выпадку, “калі б сама Фінляндыя актыўна супрацьстаяла бальшавізму” [47]. Невялікі тэкст, складзены ад імя эстонскага галоўнакамандуючага, завяршаўся паведамленнем пра тое, што “эстонскі ўрад ужо звярнуўся да брытанцаў з пытаннем дапамогі і стварэння гэтага агульнага фронту” [48].
На пачатку ліпеня 1919 г. эстонская армія пры падтрымцы флоту саюзнікаў атрымала істотную перавагу ў ходзе вызваленчай вайны. Тым часам надзвычайным прадстаўніком Беларускай Народнай Рэспублікі ў прыбалтыйскіх краінах быў прызначаны Клаўдзій Дуж-Душэўскі, які каардынаваў работу Беларускай ваенна-дыпламатычнай місіі ў гэтым рэгіёне. Прадстаўнікі БНР, якія знаходзіліся на тэрыторыі балтыйскіх краін, бачылі вялікія магчымасці ў сумеснай рэгіянальнай палітыцы і рабілі крокі да заключэння саюзу з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй. Але ідэі стварэння ваеннаабарончага саюзу і арганізацыі адзінага фронту паміж Балтыйскім і Чорным морамі акрамя прыхільнікаў мелі таксама праціўнікаў.
Супраць незалежнасці прыбалтыйскіх краін выступілі ўдзельнікі РПН пад кіраўніцтвам князя Г. Львова. У сваім мемарандуме да мірнай канферэнцыі яны звярталі ўвагу, што незалежная міжнародная палітыка прыбалтыйскіх краін не можа нават разглядацца Расіяй. На іх думку, гэта магло пашырыць варожыя да іх саюзы і стварыць умовы, якія пазбавілі б Расію доступу да Балтыйскага мора [49]. Не былі зацікаўлены ў станаўленні ваеннаабарончага саюзу з удзелам новых краін паміж Балтыкай і Чорным морам Францыя і Вялікабрытанія. Гэтыя дзяржавы-пераможцы выказвалі зацікаўленасць беларускім пытаннем, але галоўную падтрымку на ўсходзе Еўропы накіроўвалі Польшчы як “буферу супраць экспарту рэвалюцыі” [50].
На пачатку кастрычніка 1919 г. у Рызе быў адкрыты аддзел Ваенна-дыпламатычнай місіі БНР, які адносіўся да дзвюх краін – Латвіі і Эстоніі. У той самы час у фінскім Тамерфорсе (Тамперэ) быў адкрыты Рэгістрацыйна-пашпартны аддзел Ваенна-дыпламатычнай місіі БНР. Шэф Ваенна-дыпламатычнай місіі ў Эстоніі і Латвіі Кастусь Езавітаў спрабаваў наладзіць сувязь з ваеннымі місіямі Антанты, у тым ліку з французскай вайсковай місіяй у Расіі [51]. Крыху пазней адбылася яго сустрэча з прадстаўнікамі Англіі, якія знаходзіліся ў Латвіі [52]. Супрацоўнікі Ваенна-дыпламатычнай місіі БНР у Рызе былі ўпэўнены, што Латвія, Эстонія і Фінляндыя зацікаўлены ў далучэнні БНР да Саюзу балтыйскіх дзяржаў [53], бо ўвосень К. Езавітаў быў запрошаны ў Тарту да ўдзелу ў працы Юр’еўскай (Тартускай) канферэнцыі, на якой разглядаліся адносіны з суседнімі краінамі. Менавіта там К. Езавітаў выказаў прапанову арганізацыі балтыйскай канферэнцыі, падобнай да мірнай канферэнцыі ў Парыжы: “зрабіць у Юр’еве другі Парыж” [54].
Перашкодай для вырашэння беларускіх пытанняў у час Юр’еўскай канферэнцыі стала адсутнасць прэм’ера БНР А. Луцкевіча, які ў той час знаходзіўся ў Варшаве. Сакратар Прэзідыума Рады Рэспублікі Пятро Крэчэўскі інфармаваў А. Луцкевіча ў сваім лісце пра наступнае: “Зараз на Балтыцы ідуць спрэчкі за Вільню, 25 кастрычніка гэта пытаньне павінна вырашыцца, ад нас патрабуюць дакументаў і Вашай прысутнасці там, а мы нават не ведаем, чы здалеем выклікаць Вас з Варшавы. Ідуць перагаворы а перамір’і з бальшавікамі, якія абяцаюць Беларусь зрабіць нейтральнай зонай і даць са згоды Прыбалтыкі і Фінляндыі з аднаго боку і бальшавікоў з другога магчымасьць нашаму ўраду працаваць у гэтай зоне і вызваляць сваю бацькаўшчыну і ад польскай акупацыі, а ў нас там няма каму гаварыць і нават няма пэўнасьці, чы будзе тут старшыня Рады, чы міністр загранічных спраў, якія далі б каму-небудзь паўнамоччы на гэта. <…> Трэба, каб Вы зараз жа выехалі сюды і паехалі ў Рыгу, а Рада міністраў выбрала і паслала паслоў у Англію, Швэцыю і Нарвегію, і Фінляндыю” [55]. Вядома, што А. Луцкевіч не патрапіў на Юр’еўскую канферэнцыю, нягледзячы на важнасць падзей, якія там адбываліся.
Пад канец 1919 г. у час перамоваў і канферэнцыі ў Юр’еве прадстаўнік дыпламатычнай місіі ЗША ў Фінляндыі паведамляў аб прызнанні дэ-факта ўрада БНР з боку Фінляндыі [56]. Крыху пазней, 28 снежня 1919 г., А. Луцкевіч, будучы ў Варшаве, таксама накіраваў тэлеграмы да сваіх прадстаўнікоў у Празе, Лондане, Берліне і Парыжы, паведаміўшы пра прызнанне незалежнасці Беларусі “канферэнцыяй у Дорпаце (нямецкая назва Юр’ева. – Г. С.), а таксама Фінляндыяй” [57]. Пытанне, ці сапраўды гэта было так, не мае пакуль адназначнага адказу і “застаецца адкрытым” [58].
У час, калі вырашаўся лёс прызнання незалежнасці на канферэнцыі ў Юр’еве, у палове снежня 1919 г. кіраўніцтва БНР у выніку ўнутранага крызісу падзялілася на дзве Рады – Найвышэйшую і Народную, у выніку чаго былі прызначаны два ўрады. Урад А. Луцкевіча, створаны Найвышэйшай радай, накіраваўся ў Польшчу, а Народная рада спачатку выехала ў Берлін, а потым пачала сваю эміграцыйную дзейнасць у Коўне [59]. Прызначаны апошнім асяродкам урад Вацлава Ластоўскага, які знаходзіўся ў Коўне і Рызе, летам таго ж года актывізаваў працу на прыбалтыйскім напрамку [60]. У гэты час праца беларускай дэлегацыі ў Парыжы практычна не вялася, а генерал К. Кандратовіч увогуле быў выключаны са складу яе ўдзельнікаў. Залічэнне да складу членаў ваенна-абарончага саюзу ці Саюзу балтыйскіх дзяржаў, да якога таксама імкнуліся Польшча і Фінляндыя, што атрымалі ўжо міжнароднае прызнанне, магло на практыцы значна прыспешыць прызнанне як дзяржаўнасці, так і паўнамоцтваў урада БНР прадстаўляць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне.
Прызнанне дзяржаўнага суверэнітэту новаўтвораных краін праз дамовы з дзяржавамі Антанты вынікала з умоваў Версальскай мірнай дамовы, падпісанай на Парыжскай канферэнцыі. Паводле гэтай дамовы, Германія абавязвалася ануляваць усе трактаты, пагадненні і канвенцыі, якія былі падпісаны ў Берасці яе ўпаўнаважанымі асобамі з прадстаўнікамі расійскага бальшавіцкага ўрада [61]. Германія брала на сябе абавязкі “прызнаваць поўную сілу ўсіх дамоў і пагадненняў, якія заключылі б дзяржавы Антанты з краінамі, што ўтварыліся ці будуць утвораны на ўсёй тэрыторыі былой Расійскай імперыі <…> або на яе частцы, і прызнаць межы гэтых краін, якія ў адпаведнасці з гэтым будуць вызначаны” [62]. Мірнымі прынцыпамі вырашэння супярэчнасцяў паміж краінамі, а таксама прыярытэтам міжнароднага права і пагадненняў кіраваліся заснавальнікі Лігі Нацый – арганізацыі, утворанай пасля Парыжскай мірнай канферэнцыі. Удзельнік перамоў пры падпісанні Версальскай мірнай дамовы і супрацоўнік брытанскай дыпламатычнай місіі на Парыжскай канферэнцыі Эдвард Галет Кар (Edward Hallett Carr) пазней падкрэсліваў словы заснавальнікаў Лігі Нацый, якія за галоўную мэту прынялі “не прымус, а дамоўленасці… не ваенную сілу, а публічнае меркаванне” [63].
Такім чынам, вонкавыя і ўнутраныя ўмовы для далучэння беларусаў да міжнародных трактатаў з удзелам дзяржаў Антанты за час Парыжскай мірнай канферэнцыі істотна змяніліся. Вынікам жа юр’еўскіх перамоваў стала мірная дамова, якая была падпісана на пачатку лютага 1920 г. паміж РСФСР і Эстоніяй. Таксама крыху пазней, у ліпені 1920 г., паміж РСФСР і Літвой была падпісана Маскоўская мірная дамова, а ў жніўні 1920 г. адбылося падпісанне Рыжскай мірнай дамовы паміж РСФСР і Латвіяй.
29 ліпеня 1920 г. у Латвіі пачала працу Канферэнцыя балтыйскіх дзяржаў, на якой прысутнічалі прадстаўнікі Польшчы, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Дэлегацыі БНР і Украіны [64] таксама накіравалі сваіх дэлегатаў. Паўнамоцтвы ў складзе беларускай дэлегацыі атрымалі Янка Чарапук, Аляксандр Галавінскі, Уладзімір Пігулеўскі і Cаламон Мінц [65]. 12 жніўня 1919 г. у сваім звароце да Прэзідыума канферэнцыі В. Ластоўскі адзначаў, што ўзначалены ім урад імкнецца атрымаць прызнанне незалежнасці і непадзельнасці БНР з боку іншых дзяржаў. Галоўнай знешнепалітычнай мэтай урада В. Ластоўскага ў той час з’яўляліся “палітычная, эканамічная і абарончая ўмовы з новастворанымі дзяржавамі, і, у першую чаргу, будучы па геаграфічных і эканамічных умовах краінай балтыйскай, [імкненне] да саюзу з Балтыкай” [66]. Намаганні беларускай дэлегацыі на Канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў не мелі значных поспехаў, паколькі ў жніўні 1920 г. распачаліся мірныя перамовы паміж РСФСР, Савецкай Украінай і Польшчай. Папярэдняя мірная дамова паміж гэтымі краінамі, падпісаная ў Рызе 12 кастрычніка таго ж года, давала падставы для далейшага падзелу тэрыторыі, на якую прэтэндавала БНР [67]. Пры гэтым Канферэнцыя балтыйскіх дзяржаў лічыла ўрад В. Ластоўскага адной з палітычных груп, а не прадстаўніком дзяржавы [68].
31 ліпеня 1920 г. Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Аляксандрам Чарвяковым пры ўдзеле прадстаўнікоў шэрагу палітычных партый і прафсаюзаў прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, якая аднаўляла “асноўныя палажэнні аб арганізацыі народна-гаспадарчага жыцця, абвешчаныя 1 студзеня 1919 г. у маніфесце Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі” [69]. Пасля гэтага Савецкая Беларусь зноў апынулася под пагрозай у выніку заняцця значнай часткі яе тэрыторыі польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. Незалежнасць Беларусі была прызнана 12 кастрычніка 1920 г. паводле Рыжскай прэлімінарнай мірнай дамовы [70], але гэтая ж дамова на міждзяржаўным узроўні замацавала змены межаў беларускай тэрыторыі, якая раней, як лічылася, супадала з беларускім этнічным абшарам. У пачатку лістапада 1920 г. Наркамат замежных спраў РСФСР накіраваў у Палітбюро Камуністычнай партыі прапанову пачаць у Беларусі арганізацыю савецкага ўрада, “пакідаючы Беларускую Рэспубліку па-за межамі РСФСР, але фактычна аб’ядноўваючы шэраг галін дзяржаўнай дзейнасці” [71]. 16 студзеня 1921 г. паміж урадамі РСФСР і ССРБ быў пісаны Дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе, якім узаемна прызнаваліся незалежнасць і суверэннасць абедзвюх краін, а таксама ствараліся аб’яднаныя Камісарыяты ваенных і марскіх спраў, Вышэйшы савет народнай гаспадаркі і інш. [72] Такім чынам пытанне магчымага прызнання БНР з боку РСФСР, і без таго даволі ілюзорнае, было канчаткова закрыта.
Літва, Латвія і Эстонія, заключыўшы мірныя дамовы з РСФСР, былі вымушаны выконваць гэтыя пагадненні. У тэксты мірных дамоваў былі ўключаны палажэнні аб узаемных абавязках, якія мелі для кожнай з гэтых краін амаль аднолькавыя наступствы. Так, РСФСР безумоўна прызнавала суверэнітэт і незалежнасць гэтых дзяржаў. У сваю чаргу Літва, Латвія і Эстонія былі абавязаны прадухіліць існаванне і знаходжанне на сваёй тэрыторыі любых урадавых арганізацый і палітычных груп, якія маглі прэтэндаваць на ролю ўрада на ўсёй расійскай тэрыторыі або на яе частцы. Не збіралася прызнаваць дзейнасць урада В. Ластоўскага і Польшча, на тэрыторыі якой знаходзіўся ўрад А. Луцкевіча і Дзяржаўны цэнтр УНР у эміграцыі. Прадстаўнікі ўрада В. Ластоўскага не змаглі вызначыць з літоўскім урадам дакладныя ўмовы, якія б давалі магчымасць заставацца на тэрыторыі Літвы на доўгі час.
Пасля пачатку Канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў змяніла свой палітычны кірунак і Фінляндыя, лідары якой імкнуліся да мірнага пагаднення з РСФСР, якое і было падпісана ў Тарту 14 кастрычніка 1920 г. Польшча, Фінляндыя, а потым Літва, Латвія і Эстонія сталі раўнапраўнымі членамі Лігі Нацый, працягнуўшы спробы ўтварэння Саюзу балтыйскіх дзяржаў ці, іншымі словамі, Балтыйскага саюзу, але беларускі бок не быў удзельнікам гэтых аб’яднанняў. Гэтыя спробы рабіліся яшчэ не раз, і толькі ў верасні 1934 г. Літва, Латвія і Эстонія падпісалі і ратыфікавалі такое пагадненне, вядомае пад назвай Балтыйскай Антанты, якое існавала да 1940 г.
Лёс беларускіх земляў быў вызначаны іншым чынам. У сакавіку 1921 г. на падставе Рыжскай мірнай дамовы паміж Польшчай, Савецкай Украінай і РСФСР, якая атрымала паўнамоцтва ад урада ССРБ, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі былі канчаткова спынены. Пры гэтым захаваўся падзел беларускіх этнічных земляў на некалькі частак: у склад ССРБ увайшлі толькі шэсць паветаў былой Мінскай губерні, Заходняя Беларусь засталася ў складзе Польшчы, Усходняя – у складзе РСФСР. Належыць адзначыць, што Рыжская мірная дамова, якая, паводле некаторых крыніц, лічыцца “істотным дапаўненнем Версальскай дамовы” [73], услед за кастрычніцкім прэлімінарным пагадненнем на міждзяржаўным узроўні фармальна прызнавала незалежнасць Беларусі.
Праект ваеннаабарончага саюзу, які прапанавала беларуская дэлегацыя краінам Балтыі, што абвясцілі сваю незалежнасць у 1917–1918 г., дае магчымасць з іншага боку ацаніць уплыў беларускага нацыянальнага руху на міжнародныя адносіны ў гэтым рэгіёне. Прадстаўнікі БНР выступалі з ініцыятывай аб’яднання суседніх краін дзеля абароны сваёй тэрыторыі. Сярод прычын, якія зрабілі немагчымай рэалізацыю гэтага праекта, а разам з тым і ўдзел беларускага боку ў міжнародных пагадненнях на працягу 1919–1920 г., можна вызначыць наступныя. Знешнімі неспрыяльнымі фактарамі для ўтварэння абарончага саюзу паміж Чорным і Балтыйскім морамі былі розныя вонкавыя палітычныя ўплывы і супярэчныя інтарэсы гэтых краін. Галоўнымі ўнутранымі фактарамі, якія перашкаджалі ў справе міжнароднага прызнання БНР, сталі палітычны раскол у снежні 1919 г., утварэнне розных асяродкаў улады і выкліканы гэтым працяглы ўнутраны крызіс. Асноўным жа недахопам праекта ваеннаабарончага саюзу і арганізацыі на яго аснове адзінага фронту ад Балтыйскага да Чорнага мораў быў намер стварэння агульнасаюзнага камандавання на чале з адным з выдатных военачальнікаў Антанты ў якасці галоўнакамандуючага. Саюзныя дзяржавы, якія толькі што выйшлі з вайны пераможцамі, склікалі мірную канферэнцыю для ўрэгулявання ўсіх яе наступстваў неваенным шляхам. Пры гэтым яны імкнуліся спыніць грамадзянскія канфлікты на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, тады як утварэнне адзінага фронту на захадзе пад кіраўніцтвам ваеннага лідара якой-небудзь з краін Антанты супярэчыла мірным прынцыпам, абвешчаным на Парыжскай канферэнцыі.
Суправаджальны ліст А. Луцкевіча, дасланы старшыні эстонскай дэлегацыі разам з Праектам ваеннаабарончага саюзу. 18 чэрвеня 1919 г.
Нацыянальны архіў Эстоніі. RA. ERA. 1619. 1. 21. l. 27.
The Project of the Military-defensive Union presented by the Belarusian People’s Republic in 1919 at the Paris Peace Conference
Hanna Slavina
By the end of the First World War, on the western fringes of the former Russian Empire, the people of Poland, Finland, Ukraine, Lithuania, Latvia, Estonia, and Belarus declared their independence and the establishment of national states. The future fate of these newly proclaimed republics, much like the political map of post-war Europe, was determined at the Paris Peace Conference, attended by the Belarusian delegation as well. Striving for the recognition of their statehood, the participants of the Belarusian delegation aimed to adhere to the rules of a complex diplomatic endeavour set by the leading world powers. Achieving peace based on agreements between countries was a top priority. Belarusians, without a national army, aimed to protect their territory by uniting neighbouring nations under the umbrella of a military-defensive union. The article deals with the 1919 Project Military-defensive Union presented by the Belarusian delegation during the Paris Peace Conference. These uncharted archival documents reveal new aspects of the BNR delegation’s political activity among the countries of the Eastern European region in the period of 1919-1921. In the work on the material, a set of methods and techniques based on archival research with a further application of historical and legal analysis of documents and events was used. The relevance of the topic is conditioned by the study of the significant interwar period in the modern European history. The article shows the possibility of further research of the Military-defensive Union Project by various branches of scientific research.
[1] Beyond the Great War: Making Peace in a Disordered World / ed. C. Bouchard, N. Ingram. Toronto, 2022; The Paris Peace Conference (1919–1920) and Its Aftermath: Settlements, Problems and Perceptions / ed. S. Arhire, T. Roşu. Newcastle upon Tyne, 2019; Beyond Versailles: Sovereignty, Legitimacy, and the Formation of New Polities After the Great War / ed. M. M. Payk, R. Pergher. Bloomington, 2019; Bruce S. D. Woodrow Wilson’s Colonial Emissary: Edward M. House and the Origins of the Mandate System, 1917–1919. Lincoln Neb., 2013; Watson D. R. George Clemenceau: A political Biography. New York, 1976; Lloyd George D. Prawda o traktacie wersalskim. T. I–II. Warszawa, 1938.
[2] British Foreign Office Documents on the Macedonian Question, 1919–1941 / ed. I. M. Petrov, L. G. Leonard. London, 2021; Dziedzic T. David Lloyd George a sprawa polska na konferencji wersalskiej // Miscellanea Historico-Iuridica. 2020. T. XIX. Z. 2. S. 349–365; Tang Q. H. Chinese Diplomacy and the Paris Peace Conference. London, 2020; Jaffe L. S. The decision to disarm Germany: British policy towards postwar German disarmament, 1914–1919. Abingdon, 2020; Treanor P. J. Britain, Bulgaria, and the Paris Peace Conference, 1918–1919: A Just and Lasting Peace? Lanham, 2019; Топчибаши А. М. Парижский архив, 1919–1940. Кн. 1. 1919–1921 / cост. Г. Мамулиа и Р. Абутадыбов. Москва, 2016.
[3] Wołos M. In the Hallways of Versailles. “White” Russia and Poland during the Paris Peace Conference // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. 2020. № 55. S. 5–32; Мірановіч Я. Праблема беларускай дзяржаўнасці на мірнай канферэнцыі ў Парыжы // 1917 год у гiстарычных лёсах Беларусi / рэдкал.: А. Д. Кароль (старш.) і інш. Мінск, 2017. С. 52–65; Мезга Н. Н. Парижская мирная конференция 1919–1920 гг. и перспективы белорусской государственности // Метаморфозы истории. 2022. № 23. С. 3–14; Чернякевич А. БНР. Триумф побежденных. Минск, 2018. С. 101–132; Michaluk D., Białoruska Republika Ludowa, 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruс 2010. S. 430–477 (тое ж па-беларуску: Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка, 1918–1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. Смаленск, 2015. С. 373–414).
[4] The Paris Peace Conference… P. 1.
[5] Rahvusarhiiv (RA). Eesti Riigiarhiiv (ERA). 1619.1.4. L. 1–9 (Даклад генерала К. Кандратовіча, Парыж, 21 траўня 1919 г., cакрэтна).
[6] Міхалюк Д. Уступнае слова // Лаўрэш Л. Генерал, які дайшоў да Беларусі. Жыццяпіс Кіпрыяна Кандратовіча. Гродна, 2018. С. 5–6.
[7] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі (Архівы БНР) / уклад., падрыхт. тэксту С. Шупы. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998. Т. 1. Кн. 1. № 1187. С. 336 (Пратакол паседжання Рады Народных Мiнiстраў Беларускай Народнай Рэспублікі № 110, 21 сакавіка 1919 г.).
[8] RA. ERA. 1619.1.4. L. 4–5 (Праект, Парыж, чэрвень 1919 г., сакрэтна).
[9] Карпович М. М. Русское политическое совещание в Париже, 1919 г. / подгот. текста, предисл. и прим. А. В. Смолина // Труды Кафедры истории Нового иновейшего времени Санкт-Петербургского государственного университета. № 14. 2015. С. 187–197.
[10] Тамсама. С. 192.
[11] Тамсама. С. 190–193.
[12] На пачатку XX ст. у галіне міжнароднага публічнага права атрымала распаўсюджанне дэкларатыўная тэорыя прызнання дзяржаўнасці (анг. Declaratory Theory of Recognition). Галоўнае значэнне яна надала факту ўтварэння дзяржавы, тады як юрыдычны акт прызнання з боку ўжо наяўных дзяржаў азначаў толькі прыняцце сітуацыі, якая ўжо фактычна існавала. Паводле заснавальніка нямецкай сацыялогіі права і прыхільніка юрыдычнага пазітывізму Георга Елінека (Georg Jellinek), факт утварэння дзяржавы азначае наяўнасць трох істотных элементаў: тэрыторыі, насельніцтва і ўлады (Kostrubiec J. Nauka o pań stwie w myśli Georga Jellinka. Lublin, 2015. S. 113–120).
[13] Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. № 1170. С. 321–327 (Мемарыял Беларускага ўраду Старшынi мiрнай канфэрэнцыi ў Парыжы, Гародня, 22 студзеня 1919 г.); RA. ERA. 1619.1.21. L. 4–15 (пераклад на рускую мову); Ibidem. S. 17–21 (пераклад на англійскую мову).
[14] Мірановіч Я. Праблема беларускай дзяржаўнасці… C. 54.
[15] Топчибаши А. М. Парижский архив… С. 12.
[16] Карпович М. М. Русское политическое совещание… C. 195– 196.
[17] Топчибаши А. М. Парижский архив… С. 39.
[18] Тамсама. С. 40–41.
[19] Тамсама. С. 60.
[20] Dziedzic T. David Lloyd George a sprawa polska… S. 356.
[21] Dokumenty archiwalne do historii stosunków polsko-radziec kich. T. I. Marzec 1917 – listopad 1918 / oprac. A. Zatorski i in. Warszawa, 1957. S. 2–3; Dokumenty i materiały do historii sto sunków polsko-radzieckich. T. I. Marzec 1917 – listopad 1918 / oprac. W. Gostyńska, I. Jażborowska i in.; przy współudz. F. Kalickiej i in. Warszawa, 1962. S. 18–20.
[22] Traktat pokoju między mocarstwami sprzymierzonymi i skoja rzonymi i Niemcami, podpisany w Wersalu 28 czerwca 1919 r. // Dziennik Ustaw. 1920. Nr 35. Poz. 200.
[23] Michalski D. Ustrój polityczno-prawny Finlandii i jego funkcjo nowanie w latach 1917–2000: studium prawno-historyczno-porównawcze. Warszawa 2021. S. 40–41.
[24] Ibidem. S. 41–44.
[25] Ibidem. S. 45–46.
[26] RA. ERA. 1619.1.21. L. 16 (Ліст кіраўніка дэлегацыі БНР А. Луцкевіча кіраўніку эстонскай дэлегацыі [Яану Поску], 26 траўня 1919 г.).
[27] Ibidem. L. 1–34 (Дакументы, адрасаваныя эстонскай дэлегацыі на мірнай канферэнцыі ў Парыжы).
[28] Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 2574. Apr. 6. L. 5. Lp. 3–31 (Мемарандум дэлегацыі Латвійскай Рэспублікі мірнай канферэнцыі ў Парыжы); Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 338. № 1195 (Мемарандум дэлегацыі Латвійскай Рэспублікі мірнай канферэнцыі ў Парыжы, [выпіс]).
[29] RA. ERA. 1619.1.21. L. 17–21 (Мірная канферэнцыя: петыцыя, пададзеная ўрадавай дэлегацыяй Беларускай Народнай Рэспублікі, Парыж, травень 1919 г.).
[30] Ibidem. L. 25 (Склад Беларускай дэлегацыі, Парыж, чэрвень 1919 г.).
[31] Ibidem. 1619.1.4. L. 5–8 (Генерал Кандратовіч, Парыж, 21 траўня 1919 г., cакрэтна (пераклад на беларускую мову наш. – Г. С.)).
[32] Ibidem.
[33] Ibidem. L. 5–6.
[34] Ibidem.
[35] Ibidem. L. 4–5 (Праект, Парыж, чэрвень 1919 г., сакрэтна).
[36] Ibidem. 1619.1.21. L. 27–28 (Праект, Парыж, 1 чэрвеня 1919 г., сакрэтна).
[37] Ibidem (пераклад на беларускую мову наш. – Г. С.).
[38] Любимов Л. А. За кулисами “Истории освободительной войны”. Рига, 2001. C. 24.
[39] Цыт. паводле: Тамсама. C. 25.
[40] Тамсама. С. 29.
[41] RA. ERA. 1619.1.4. L. 9 (Запрашэнне на аўдыенцыю, Парыж).
[42] Oskar Philipp Kallas // Eesti Nõukogude Entsüklopeedia. 4 kd. Tallinn, 1989. Lk. 254.
[43] RA. ERA. 1619.1.4. L. 2 (Меркаванне Галоўнакамандуючага эстонскай арміяй).
[44] Johan Laidoner // Eesti Nõukogude Entsüklopeedia. 5 kd. Tallinn, 1989. Lk. 379–380.
[45] RA. ERA. 1619.1.4. L. 2.
[46] Ibidem.
[47] Больш падрабязна: Наумов В. П. Переписка А. В. Колчака с К. Г. Маннергеймом и государственными деятелями белогвардейских правительств по вопросу о возможности финского наступления на Петроград (май – сентябрь 1919 г.) // Гражданская война в Сибири / под ред. Д. И. Петина, Т. А. Терехиной. Омск, 2013. С. 92–97.
[48] RA. ERA. 1619.1.4. L. 2.
[49] Кукушкина И. А. Небольшевистская Россия и проблема независимости прибалтийских государств (1918–1920) // Россия и Балтия. Вып. 2. Эпоха перемен (1914–1924) / редкол.: А. О. Чубарьян (отв. ред.), Е. Л. Назарова (ред.-сост.) и др. Москва, 2002. С. 167–168.
[50] Мірановіч Я. Праблема беларускай дзяржаўнасці… С. 55.
[51] Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 559–561. № 1606 (Рапарт шэфа Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Рызе Кастуся Езавітава (Рыга) надзвычайнаму паслу БНР у Балтыцы Клаўдыюшу Душэўскаму (Рыга), 26 снежня 1919 г.).
[52] Тамсама. С. 564. № 1606 (Рапарт шэфа Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Рызе Кастуся Езавітава (Рыга) старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антону Луцкевічу (Варшава), 27 снежня 1919 г.).
[53] Тамсама. С. 449–450. № 1391 (Даклад сакратара Вайскова дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Рызе Янкі Чарапука Радзе Народных Міністраў БНР (Берлін), 9 кастрычніка 1919 г.).
[54] Тамсама. С. 560. № 1606.
[55] Тамсама. С. 450–451. № 1392 (Ліст старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пятра Крэчэўскага (Берлін) старшыні Рады Народных Міністраў БНР (Варшава), 9 кастрычніка 1919 г.).
[56] Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa… S. 447.
[57] Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. № 1620, 1622–1623. С. 565–567.
[58] Чернякевич А. БНР… С. 132.
[59] Мірановіч Я. Праблема беларускай дзяржаўнасці… С. 55.
[60] Мезга Н. Н. Прибалтийское направление в деятельности Белорусской Народной Республики, 1918–1921 гг. // Метаморфозы истории. 2020. № 15. С. 85.
[61] Traktat pokoju… Art. 116.
[62] Ibidem. Art. 117.
[63] Carr E. H. Kryzys dwydziestolecia, 1919–1939: Wprowadzenie do badań nad stosunkami międzynarodowymi / przekł. i wstęp J. Sadkiewicz. Wyd. 4. Kraków 2021. C. 57.
[64] Назва Украінскай Народнай Рэспублікі ў дакументах канферэнцыі выступае ў дзвюх версіях: “Украінская Рэспубліка” (фр. La République Ucrainienne) і “Украінская Дэмакратычная Рэспубліка” (фр. La République Démocratique Ucrainienne), гл.: RA. ERA. 957.11.672. L. 5 (УДР, Міністэрства замежных спраў. Паўнамоцтва, 28 ліпеня 1920 г.).
[65] RA. ERA. 957.11.672. L. 7 (Беларуская Народная Рэспубліка, Міністэрства замежных спраў, 29 ліпеня 1920 г.).
[66] Ibidem. L. 8–13 (Беларуская Народная Рэспубліка, Рада На родных Міністраў, 12 жніўня 1920).
[67] Мезга Н. Н. Прибалтийское направление… C. 86–87.
[68] RA. ERA. 957. 11. 672. L. 16.
[69] Из истории гражданской войны в СССР, 1918–1922: сб. документов и материалов. Т. 3. Февраль 1920 – октябрь 1922 / [сост.: Н. Ф. Кузьмин, Г. Г. Алахвердов и др.]. Москва, 1961. С. 320.
[70] Знешняя палітыка Беларусі: зб. дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917–1922) / рэдкал.: І. І. Антановіч і інш. Т. 1. Мінск, 1997. С. 206 (З Дагавора аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай – з другога, 12 кастрычніка 1920 г.).
[71] Тамсама. С. 214 (Ліст Наркамата замежных спраў РСФСР у Палітбюро ЦК РКП(б) аб арганізацыі ў Беларусі савецкага ўрада, 3 лістапада 1920 г.).
[72] Тамсама. С. 234–244 (Дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР, Масква, 16 студзеня 1921 г.).
[73] Goclon J. Polsko-radziecki traktat pokojowy zawarty w Rydze w 1921 r. (aspekty polotyczno-narodowościowe) // Przegłąd Nauk Historycznych. 2009. R. VIII. Nr 1. S. 125.