БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Юры Грыбоўскі. Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі: стварэнне і дзейнасць (1932–1936)

Адным з буйных цэнтраў беларускага нацыянальнага жыцця ў міжваенны час была Латвія. Месца кампактнага пражывання латвійскіх беларусаў – паўднёва-ўсходняя частка краіны, Латгалія і часткова Земгалія. У адміністрацыйным плане гэта тры латгальскія (Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі) і адзін земгальскі (Ілукштанскі) паветы. Акрамя таго, значная колькасць беларусаў жыла ў Рызе. Беларусы лічыліся пятай па колькасці групай сярод нацыянальных меншасцяў (пасля рускіх, яўрэяў, немцаў і палякаў). Колькасць жыхароў Латвіі, якія дэкларавалі сябе беларусамі, была няўстойлівай і вагалася ў межах ад 79 529 чал. (у 1920 г.) да 26 867 (у 1935 г.). Такія значныя разыходжанні не былі вынікам міграцыйных працэсаў або натуральнага прыросту. Галоўную прычыну трэба шукаць у стане самасвядомасці гэтай супольнасці. Нацыянальная ідэнтычнасць беларускамоўных жыхароў Латвіі знаходзілася ў стадыі фармавання. Маючы праблемы з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, адны і тыя ж людзі ў розны час і пад уплывам разнастайных сацыяльных і палітычных чыннікаў дэкларавалі розную нацыянальнасць. Маласвядомая ў нацыянальным сэнсе беларускамоўная латгальская вёска ў першай палове ХХ ст. была прадметам нацыянальна-культурнай экспансіі з боку мясцовых нацыянальных рухаў. За душы і сэрцы “тутэйшых” змагаліся рускія, польскія, латгальскія і беларускія дзеячы.

Ліберальнае заканадаўства Латвійскай Рэспублікі (да 1934 г.) спрыяла нацыянальна-культурнаму развіццю прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Дэмакратычная канстытуцыя давала нелатышам шырокія магчымасці нацыянальна-культурнай аўтаноміі, аналогію якой цяжка знайсці на карце тагачаснай Еўропы. Гэтым скарысталася мясцовая беларуская інтэлігенцыя, стрыжань якой складалі дзеячы БНР. Пачаткам арганізацыі беларускага нацыянальнага руху ў Латгаліі трэба лічыць стварэнне ў Дзвінску ў красавіку 1921 г. Культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”. Пазней узніклі іншыя беларускія арганізацыі (таварыствы “Беларуская хата”, “Рунь”, “Прасвета”, Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі, Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі, Беларускае цэнтральнае пазычкова-ашчаднае таварыства, кааператыў “Культура і праца” і інш.). Мэтай гэтых структур было гуртаванне вакол сябе беларускамоўнага насельніцтва Латвіі, вядзенне сярод яго нацыянальна-культурнай працы, накіраванай на фармаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Рыга, Дзвінск і Люцын былі месцамі, дзе выдаваліся беларускія газеты і друкаваліся кнігі. У краіне дзейнічалі беларускія партыі і палітычныя арганізацыі. Існавала беларускае школьніцтва, якое ў час найбольшага ўздыму налічвала дзве гімназіі, адну сельскагаспадарчую сярэднюю школу і 51 пачатковую школу. Менавіта школьніцтва стала асноўнай кузняй мясцовай беларускасці, а настаўнікі – рухавіком тамтэйшай беларускай інтэлігенцыі. За працу школьніцтва адказваў Беларускі аддзел Міністэрства асветы. Сярод пачынальнікаў і актыўных дзеячоў беларускага жыцця ў Латвіі – Кастусь Езавітаў, Сяргей Сахараў, Іван Краскоўскі, Мікалай Дзямідаў, Андрэй Якубецкі, Уладзімір Пігулеўскі і іншыя [1].

Дасюль многія эпізоды з гісторыі беларускага жыцця ў міжваеннай латвійскай дзяржаве не былі прадметам даследчыцкай увагі. Да іх ліку належыць навуковая і краязнаўчая праца, якую праводзілі прадстаўнікі беларускай меншасці ў Латвіі. Тым часам у Латвійскім нацыянальным архіве захоўваецца багатая крыніцазнаўчая база, якая дазваляе даволі падрабязна рэканструяваць краязнаўчую і даследчую дзейнасць латвійскіх беларусаў.

Пачынальнікам беларускай навукова-краязнаўчай працы ў Латвіі стаў К. Езавітаў. Па яго ініцыятыве 1 чэрвеня 1926 г. пры Таварыстве беларусаў-выбаршчыкаў быў створаны навукова-краязнаўчы гурток (старшыня – ён сам, сакратар – Пятро Масальскі) [2]. У гэты дзень адбыўся першы сход гуртка, на якім была падрыхтавана адозва да беларускага настаўніцтва і грамадскасці з заклікам узяць удзел у краязнаўчай працы і далучыцца да збірання этнаграфічных матэрыялаў [3]. На працягу сямі першых месяцаў існавання гурток правёў дванаццаць сходаў, на якіх абмяркоўваліся розныя пытанні. З думкай пра спрыянне краязнаўчай працы К. Езавітаў склаў брашуру “Бярыцеся ўсе за навукова-даследчую працу”, у якой заклікаў запісваць вусную народную творчасць старога пакалення латвійскіх беларусаў. Аўтар лічыў беларускія гаворкі Латгаліі ўнікальнымі, таму бачыў патрэбу стварэння слоўніка мовы латгальскіх беларусаў [4]. Беларускі дзеяч адзначаў: “Матэрыялы, якія мы тутака збяром, будуць асабліва цікавыя з боку навуковага таму, што мы тутака жывём у мясцовасьці, дзе сходзяцца этнаграфічныя межы расейска-латышска-літоўска-беларускія і дзе культуры і мовы гэтых народаў узаемна ўплываюць адзін на аднаго і ўсе на ўсіх. Гэтых матэрыялаў нідзе на тэрыторыі Беларусі сабраць немагчыма” [5]. Аўтар гэтых радкоў планаваў скончыць збор этнаграфічнага матэрыялу да снежня 1927 г. [6]

Заклік К. Езавітава да збору беларускай народнай творчасці знайшоў пэўны водгук сярод грамадскасці. Некаторыя настаўнікі беларускіх школ пачалі дасылаць на адрас гуртка ўзоры народнай творчасці. Напрыклад, Сымон Мацяеўскі ў ліпені 1926 г. даслаў два народныя апавяданні з Пасіенскай воласці “Зайздрасць чалавечая” і “Як мужык грошы знайшоў”. Міхась Талерка даслаў апавяданне з Прыдруйшчыны “Пра трох ксяндзоў і чорта”, а селянін з Ізабелінскай воласці Пруцька запісаў жарт “Аб трох гузіках”. Дасланыя апавяданні зачытваліся на сходах сяброў гуртка і рэкамендаваліся да друку на старонках газеты “Голас беларуса”, якая выходзіла ў Рызе. З мэтай наладжвання працы па зборы этнаграфічнага матэрыялу К. Езавітаў пашыраў сярод настаўніцтва “Інструкцыю да збірання народнага слоўніка-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове”. На другім сходзе гуртка (15 чэрвеня 1926 г.) было вырашана стварыць этнаграфічны гурток сярод вучняў Дзвінскай беларускай гімназіі [7]. Пад уплывам дзейнасці гуртка краязнаўчай працай пачалі займацца вучні старэйшых класаў беларускіх школ. Напрыклад, выхаванкі Ляўдарскай беларускай пачатковай школы (Істраўская воласць) пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Каспяровіч падрыхтавалі краязнаўча-літаратурны зборнік “Пралеска”, дзе была змешчана і запісаная вусная народная творчасць [8].

У межах дзейнасці навукова-краязнаўчага гуртка адбываліся навуковыя чытанні, мэтай якіх была папулярызацыя сярод сяброў навуковых ведаў пра мінуўшчыну Беларусі. Асноўны цяжар гэтай працы лёг на К. Езавітава. Менавіта ён найчасцей выступаў з дакладамі [9]. 10 верасня 1926 г. на чарговым сходзе гуртка ён пазнаёміў прысутных з рэцэнзіяй Ігната Дварчаніна на пераклад Макара Краўцова аповесці Генрыка Сянкевіча “Бартэк-пераможнік” [10]. 20 верасня 1926 г. К. Езавітаў прачытаў два даклады: “Рэлігійнае жыццё беларускага народа” і “Почему мы должны защищать свой родной простой язык” [11]. Жаданне супрацоўнічаць з гуртком выказаў даследчык мінуўшчыны Баляслаў Брэжга, які перадаў арганізацыі копію карты Полацкага ваяводства (1579–1588), якую знайшоў у Ватыканскім музеі [12]. Плёнам дзейнасці гуртка трэба лічыць працу па пашырэнні ў латвійскім грамадстве ведаў пра беларускую культуру. У 1928 г. намаганнямі гуртка ў рыжскіх бібліятэках стварылі беларускія палічкі: у Латвійскай дзяржаўнай бібліятэцы, 6-й гарадской бібліятэцы (на Чырвонай Дзвіне), Галоўнай гарадской бібліятэцы і бібліятэцы Уселатвійскага настаўніцкага хаўрусу [13].

У 1932 г. беларускі актыў Рыгі вырашыў на базе навукова-краязнаўчага гуртка пры Таварыстве беларусаў-выбаршчыкаў стварыць самастойную арганізацыю – Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі (БНКТЛ) (лат.: Latvijas Baltkrievu dzimtenes zinātniskās pētīšanas biedrība). 15 красавіка 1932 г. у Рызе адбыўся сход ініцыятыўнай групы, на якім прысутнічалі Кастусь Езавітаў, Аляксандр Родзька, Сцяпан Сіцько, Міхась Краўчанка, Казімір Мяжэцкі, Галіна Нікіфароўская, Вікторыя Доўгая і Якуб Кастылюк. Пасля дакладу К. Езавітава аб патрэбе даследавання беларускай народнай творчасці ў Латгаліі і Ілукшчыне ўдзельнікі прынялі рашэнне заснаваць БНКТЛ і даручылі К. Езавітаву падрыхтоўку статута арганізацыі [14]. На другім паседжанні групы (9 траўня) быў ухвалены праект статута, а К. Езавітаву даручаны пераклад яго на латышскую мову і падрыхтоўка да рэгістрацыі ў судзе [15]. На трэцім паседжанні (20 траўня) удзельнікі падпісалі перакладзены Нінай Пінскай на латышскую мову статут і ўпаўнаважылі К. Езавітава падаць яго на разгляд Рыжскаму акруговаму суду [16]. 27 траўня К. Езавітаў перадаў дакумент у суд, але толькі 7 ліпеня 1932 г. Рыжскі акруговы суд зарэгістраваў статут таварыства. На 4-м паседжанні ініцыятыўнай групы (15 ліпеня) было аднагалосна абрана часовае праўленне ў складзе К. Езавітава (старшыні), А. Родзькі (намесніка), Г. Нікіфароўскай (сакратара), С. Сіцько (скарбніка) і М. Краўчанкі (сябра). Прысутныя даручылі часоваму праўленню неадкладна прыступіць да арганізацыйнай працы [17].

Згодна са статутам новая арганізацыя ставіла за мэту “аб’яднаць усе беларускія і прыхільныя беларускаму адраджэньню навуковыя і аматарскія сілы ў Латвіі, якія працуюць зараз кожны паасобку над пытаньнем беларускае культуры і навукі; працаваць супольнымі сіламі над пытаньнямі: гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, музыкі, фальклору і эканомікі Латвіі і Беларусі; пашыраць здабытыя веды сярод беларускага і латышскага грамадства ў Латвіі; садзейнічаць усімі… спосабамі ўзаемнаму азнаямленьню і збліжэньню беларускага і латышскага народаў” [18]. Аднак найбольш дакладна мэты таварыства вызначыў К. Езавітаў у лісце да рэдакцыі заходнебеларускага часопіса “Шлях моладзі” (10 кастрычніка 1932 г.). На яго думку, новая арганізацыя ставіла сабе за мэту: 1) збор беларускай народнай творчасці ў Латвіі; 2) збор асаблівасцей беларускай мовы Латгаліі і вызначэнне ўзаемных уплываў беларускай, латышскай і латгальскай моў; 3) укладанне параўнальнага беларуска-латышска-латгальскага слоўніка; 4) стварэнне Беларускага этнаграфічнага музея ў Рызе [19]. Сябрамі таварыства маглі быць не толькі фізічныя асобы, але і юрыдычныя арганізацыі. БНКТЛ магло ладзіць культурныя мерапрыемствы, ствараць грашовыя фонды, навукова-краязнаўчыя архівы, камісіі і секцыі, займацца выдавецкай дзейнасцю, арганізоўваць бібліятэкі-чытальні, праводзіць курсы і лекцыі. Юрыдычны адрас арганізацыі быў наступны: Рыга, вул. Ільінская (Elija iela) 20/25 [20].

На першым паседжанні часовага праўлення (15 ліпеня 1932 г.) удзельнікі прынялі рашэнне аб стварэнні аддзелаў таварыства на тэрыторыі Латгаліі – у Дзвінску і Люцыне. Адначасова вырашылі звярнуцца ў Рыжскую камісію асветы з просьбай зарэгістраваць БНКТЛ як установу асветы [21]. На чарговым паседжанні праўлення 27 ліпеня 1932 г. у склад сяброў таварыства былі прыняты Якуб Кастылюк, Сяргей Сахараў, Рыгор Плыгаўка, Уладзімір Ціхаміраў, Аляксей Барткевіч, Сяргей Казека і Вікторыя Доўгая. Гэтыя людзі разам з кіраўніцтвам склалі касцяк актыву арганізацыі [22]. Таварыства супрацоўнічала з беларускім настаўніцтвам, вучнямі, удзельнікамі беларускіх настаўніцкіх курсаў. Менавіта мясцовыя настаўнікі ўзначалілі рэгіянальныя аддзелы арганізацыі: С. Сахараў і А. Барткевіч – у Дзвінску, С. Казека – у Люцыне. 18 ліпеня 1932 г. К. Езавітаў звярнуўся да дырэктара Дзвінскай беларускай гімназіі С. Сахарава з просьбай узяць на сябе цяжар арганізацыі мясцовага аддзела і паспрыяць далучэнню настаўнікаў і вучняў да збору народнай творчасці [23]. Арганізацыя займалася зборам вуснай народнай творчасці пры дапамозе настаўніцтва. Паколькі таварыства лічылася спадкаемцам згаданага гуртка пры Таварыстве беларусаў-выбаршчыкаў, яно атрымала архіў гэтай арганізацыі [24].

Нягледзячы на шматабяцальны пачатак у разгар сваёй актыўнасці БНКТЛ налічвала толькі 15 сяброў, 5 сяброў-карэспандэнтаў і 15 кандыдатаў [25]. Па прычыне нешматлікасці быў нават адкладзены вальны з’езд сяброў [26]. Нарэшце 2 верасня 1933 г. у будынку 1-й Рыжскай беларускай школы адбыўся першы агульны сход БНКТЛ, на якім прысутнічала 12 сяброў [27]. Удзельнікі вырашылі: 1) актывізаваць збор беларускага фальклору ў Латвіі, 2) павялічыць колькасць сяброў таварыства, 3) прыступіць да друку назапашаных матэрыялаў. Адначасова абралі новае праўленне ў складзе Кастуся Езавітава (старшыні), Галіны Нікіфароўскай (намесніка старшыні), А. Родзькі (намесніка старшыні), Сцяпана Сіцько (скарбніка), Франца Клагіша (сакратара), Міхася Краўчанкі, Язэпа Клагіша і Якуба Кастылюка (сяброў). Тым часам Язэп Каяла, Сяргей Сахараў і Ян Кудраўцаў былі абраны ў склад рэвізійнай камісіі [28].

Найбольшую актыўнасць БНКТЛ праяўляла ў перыяд з сярэдзіны красавіка 1932 да верасня 1933 г. У гэты час адбылося 25 паседжанняў праўлення і адзін агульны сход сяброў [29]. Асноўнай крыніцай утрымання таварыства былі сяброўскія складкі і ў нязначнай ступені прыбытак ад продажу выдавецкай прадукцыі. Арганізацыя не атрымлівала субсідый з боку дзяржаўных ці грамадскіх арганізацый. Выдаткі з бюджэту БНКТЛ прызначаліся на выданне літаратуры і сабраных вусных народных твораў, рэгістрацыю арганізацыі, фінансаванне этнаграфічных экспедыцый, канцылярскія патрэбы [30].

На практыцы адным з асноўных напрамкаў дзейнасці таварыства было збіранне вуснай народнай творчасці латгальскіх і ілукштанскіх беларусаў. На патрэбы арганізацыі быў набыты фанограф з мэтай запісу вуснай народнай творчасці ў час экспедыцый па вёсках. Кіраўніцтва таварыства звярнулася да беларускага настаўніцтва і беларускай грамадскасці з заклікам далучыцца да навукова-краязнаўчай працы, падаць інфармацыю “аб вядомых ім вясковых сьпеваках і сьпявачках”. На патрэбы этнаграфічных даследаванняў быў складзены і разасланы настаўнікам апытальнік “Аб волатах, люцічах і ваўках”. Кіраўніцтва таварыства ўсведамляла ўнікальнасць і асаблівасці беларускіх гаворак у Латгаліі, пра што сведчыць ліст К. Езавітава да ксяндза Антона Лапаценкі: “Асабліва для нас цікавы Ваш раён, гэтак адарваны ад беларускае этнографічнае тэрыторыі. Калі Вы прыступіце да справы сыстэматычна і ўпарта, дык дужа абагаціце беларускую навуку, якой якраз дужа бракуе вестак аб беларусох у Латгаліі” [31]. У звароце кіраўніцтва БНКТЛ да беларускай грамадскасці (18 ліпеня 1932 г.) чытаем: “Т[аварыст]ва мае бліжайшай сваей мэтай сабраць народныя творы (песьні, казкі, апавяданьні, загадкі, загаворы, назовы мяйсцовасьцей, звычаі і абрады) тых беларусаў, што пражываюць у Латвіі і Літве. Сабраныя матарыялы будуць паступова друкавацца ў штомесячніку “Беларуская школа ў Латвіі”, а потым адбіты будуць асобным выданьнем. Гэтым у беларускую навуку будзе ўнесены надзвычайна важны уклад, бо аб літоўскіх і латвійскіх беларусах надзвычайна мала матарыялаў у дагэтуль выдрукаваных творах народнай творчасьці” [32].

Тым часам у лісце кіраўніка таварыства да старажыла Дамініка Мяжэцкага адзначалася: “Вы жывеце ў гушчы беларускага жыхарства да і самі ведаеце шмат беларускіх прыказак, звычаяў, казак, апавяданьняў, пасловіцаў, прыметаў ды песьняў. Дык дужа прашу і Вас, і паважаную сямейку Вашую прыслужыцца навуцы беларускай і сабраць і запісаць усё, што толькі самі памятаеце ды што можна пачуць ад ваколічнага сялянства і шляхты беларускай. Справа гэтая надзвычайна важная і пільная для нас, бо многія бабкі і дзяды, якія шмат ведалі на памяць беларускіх народных твораў, зара выміраюць, а з імі вы мірае і народнае багацьце наша” [33].

Кіраўніцтва БНКТЛ намагалася зацікавіць зборам вуснай народнай творчасці мясцовую беларускую моладзь. У якасці партнёра па гэтай працы выступала Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ). Паміж арганізацыямі існавала нефармальнае пагадненне, мэтай якога было далучэнне маладых актывістаў да палявой практыкі. Вядомы ўдзел сяброў ТБМЛ у даследаваннях фальклору на Пустыншчыне. 25 верасня 1932 г. старшыня БНКТЛ звярнуўся да кіраўніка Пустынскага аддзела ТБМЛ Міхала Клагіша з лістом, у якім адзначаў: “У першую чаргу нас цікавяць народныя сьпевы і байкі, затым звычаі, назовы географічныя і інш. Калі б Ваш аддзел калектыўна сабраў працу «Беларускае вясельле ў Пустыншчыне» з усемі сьпевамі і звычаямі, якія праводзіліся ў часе сватаўства, заручынаў і самаго вясельля, з апісаньнем страў, якімі частавалі, і вопраткамі, якія надзявалі, і пасагу нявесты і г. д., дык гэта быў бы дужа цэнны ўклад у беларускую навуку. Можна браць і іншыя тэмы: «Радуніца ў Пустыншчыне», «Коляды ў Пустыншчыне», «Талака ў Пустыншчыне» і г. д. Даю Вам толькі прыклады, а Вы самі і Ваш аддзел калектыўна можа намеціць і распрадзяліць між сябрамі паасобныя заданьні” [34].

Акрамя чыста навуковага аспекту збірання этнаграфічнага матэрыялу кіраўніцтва БНКТЛ бачыла ў гэтым пэўную палітычную мэту. У звароце К. Езавітава да дырэктара Люцынскай беларускай пачатковай школы (18 ліпеня 1932 г.) чытаем: “Зьвяртаемо ўвагу Вашу, што апублікаваньне гэтых матарыялаў будзе мець надзвычайнае значаньне для ўмацаваньня стану Вашае школы, бо беларускія народныя творы з Люцыншчыны і Люцыну будуць лішні раз даводзіць аб беларускасьці жыхарства ўва многіх валасьцёх” [35]. У падобным тоне быў вытрыманы зварот старшыні БНКТЛ да кіраўніка Прыдруйскай беларускай пачатковай школы (18 ліпеня 1932 г.): “Для беларускае ж меншасьці ў Латвіі надрукаваньне збораў з Латгаліі і Ілукштаншчыны будзе мець надвычайна важнае значаньне, бо гэта будзе лішні раз самым моцным чынам даводзіць аб тым, што жыхары пэўных валасьцей сапраўды зьяўляюцца беларусамі” [36]. Варта прывесці яшчэ адзін прыклад, які засведчыў прысутнасць палітычнага падтэксту ў этнаграфічнай працы. У лісце кіраўніку Вайцюлеўскай беларускай пачатковай школы (18 ліпеня 1932 г.) К. Езавітаў адзначаў: “Зара нам абавязкова трэба правесьці гэтую працу, бо беларускія бабулькі і дзяды, ведаўшыя шмат чаго на памяць, паступова адзін за адным выміраюць і ўносяць з сабой нашы народныя скарбы. Публікацыя гэтых твораў будзе яшчэ цікавая і тым, што зьявіцца адным з мацнейшых довадаў існаваньня ў Вашых валасьцёх адвечнага беларускага жыхарства” [37]. 18 кастрычніка 1932 г. кіраўнік БНКТЛ пісаў сябрам педагагічнай рады і дырэкцыі Рыжскай беларускай вячэрняй школы: “Зара для беларускае меншасьці ў Латвіі асабліва важна сабраць і выдрукаваць народныя творы, з паказаньнем мясцовасьцяў, з якіх яны паходзяць, бо гэта адзін з магутнейшых доказаў існаваньня беларусаў у Латвіі” [38]. 5 студзеня 1933 г. па прапанове К. Езавітава праўленне БНКТЛ прыняло рашэнне звярнуцца праз штомесячнік “Беларуская школа ў Латвіі” з заклікам да беларускай грамадскасці, каб яна паведамляла прозвішчы і адрасы беларускіх народных спевакоў і спявачак, каб іх можна было запісаць на фанографе [39].

З мэтай актывізацыі працы па зборы этнаграфічнага матэрыялу 15 лютага 1933 г. праўленне арганізацыі зацвердзіла змест брашуры “Праграма збірання вуснай народнай творчасці” [40]. Яна была апрацавана К. Езавітавым на падставе “Праграмы Камісіі па народнай славеснасці пры Этнаграфічным аддзеле Таварыства аматараў натуразнаўства, астраноміі і этнаграфіі” і “Праграмы збірання вуснай народнай творчасці”, апублікаванай Літаратурнай камісіяй Інстытута беларускай культуры [41]. Акрамя таго, была складзена інструкцыя па зборы вуснай народнай творчасці, якая рассылалася кіраўнікам беларускіх школ і грамадскім актывістам. Больш поўнае ўяўленне пра мэты палявой працы дае ўрывак з ліста кіраўніцтва БНКТЛ кіраўніку школы на Прыдруйшчыне Эдварду Ваяводзішу: “Нас цікавяць песьні, байкі, замовы, прыказкі, звычаі (пры ўсех запісах трэба адзначаць – хто, ад каго, дзе і калі запісаў. Запісы рабіць на адным баку старонкі). Добра было б, каб Вы і Вашы колегі апісалі падрабязна такія рэчы як: «Беларускае вясельле ў Прыдруйшчыне» (пачынаючы са сватаньня, усе звычаі агледзін, заручын і самаго вясельля з усімі гутаркамі, сьпевамі, абрадамі, замовамі, забабонамі і значаньнем усяго гэтага ў тлумачэньні); «Беларускае пахаваньне ў Прыдруйшчыне» (сьпевы, абрады, аб якіх мо’ ня ведае ксёндз і поп, звычаі); «Талака ў Прыдруйшчыне»; «Дзіцячыя гульні ў Прыдруйшчыне»; «Супрадкі (ці «пасідзелкі») на Прыдруйшчыне» (з звычаямі, парадкамі, удзельнікамі, традыцыямі); замалёўкі хат, тыпаў; фатаграфіі тыпаў і хатніх вырабаў, тканіны, начыньне, рэзьбярныя вырабы, якія маглі б сысьці (скласьці. – Ю. Г.) пачатак для беларускага аддзелу пры Дзяржаўным этнографічным музэі ў Рызе (згода на аддзел у нас ужо ёсьць і трэба зьбіраць экспанаты). Справа гэтая надзвычайна важная. Просімо Вас і сяброў Вашых далажыць усе высілкі ў Вашым раёне, асабліва для нас цікавым, вычарпаць усе магчымасьці” [42].

Заклік кіраўніцтва БНКТЛ збіраць вусную народную творчасць меў водгук сярод часткі мясцовага беларускага актыву. Напрыклад, настаўнік Франц Клагіш адным з першых перадаў таварыству 12 запісаных казак і прыказак. Народныя казкі даслалі таксама Алесь Сальцэвіч (“Дар за дар”), Міхась Талерка (“Аб добрым краўцу”, “Лекай”, 11 абрадавых песень), Казімір Сянкевіч (“Вясельныя спевы і звычаі ў Пустыншчыне”, “Вясельныя спевы і звычаі ў Прыдруйшчыне”, “Вясельныя спевы і звычаі ў Дзвіншчыне”) – усе пералічаныя з Дзвіншчыны; Сымон Маціеўскі (“Як чорт мужыку брыль грошы прыносіў”), Галіна Нікіфароўская (“Беларускія прыпеўкі з Істрэнскай воласці”), Міхась Зуеўскі (“Вясельныя спевы ў Пасіеншчыне”), Антон Лейтан (“Як жонка мужыка б’ець”, “Якая бяда, калі п’ецца вада”) – з Люцыншчыны [43]. У 1933 г. настаўніцы Галіна і Надзея Нікіфароўскія запісалі 44 песні ў Старой Слабадзе, Сяргей Казека (у Звірдзеншчыне) – 10 вясель ныхпесень, М. Шчавінскі (у Канецполі) – 8 побытавых песень, Ігнат Ігнатовіч (на Пустыншчыне) – некалькі жартоўных казак, а Франц Клагіш (на Пустыншчыне) запісаў шэраг песень на фанограф [44]. Істотны ўклад у збіранне этнаграфічнай творчасці зрабіў калектыў настаўнікаў і вучняў Дзвінскай беларускай гімназіі на чале з С. Сахаравым і А. Якубецкім. Яны здолелі запісаць і перадаць БНКТЛ некалькі дзясяткаў вусных народных твораў [45].

Беларускі актыў намагаўся выкарыстаць кожную нагоду, каб праводзіць збор вуснай народнай творчасці. 10 красавіка 1933 г. праўленне таварыства прыняло рашэнне абавязаць сяброў арганізацыі ў час летніх вакацый у Латгаліі заняцца зборам вуснай народнай творчасці [46]. Этнаграфічны матэрыял збіралі як шараговыя сябры і прыхільнікі таварыства, так і яго кіраўніцтва. Улетку 1933 г. К. Езавітаў запісаў у Істэрскай воласці 14 купальскіх спеваў і 2 казкі, а Надзея Нікіфароўская – 6 песень [47]. Дзейнасць па зборы вуснай народнай творчасці трэба лічыць плённай і паспяховай. За тры гады краязнаўчай працы разам было сабрана больш за 600 народных песень і 70 апавяданняў [48].

Таварыства ставіла за мэту не толькі збіранне этнаграфічнага матэрыялу, але і яго папулярызацыю ў грамадстве. З гэтай мэтай 25 кастрычніка 1933 г. праўленне прыняло рашэнне звярнуцца да Культурнага фонду Латвіі з просьбай вылучыць сродкі на друк зборніка беларускай народнай творчасці Латгаліі [49]. Акрамя таго, матэрыялы краязнаўчай праблематыкі друкаваліся на старонках газеты “Голас беларуса” і часопіса “Беларуская школа ў Латвіі” [50].

Апрача вуснай творчасці БНКТЛ цікавіла матэрыяльная культура (вопратка, прадметы хатняга ўжытку) латгальскіх беларусаў. Вёўся збор рэчаў, якія потым планавалася перадаць у этнаграфічны музей у Рызе, у якім, паводле дамоўленасці паміж таварыствам і дырэкцыяй, павінен быў адчыніцца беларускі куток [51]. Адпаведная праца вялася, але менш інтэнсіўна, чым у выпадку збору вуснай народнай творчасці. Тым не менш вядома, што сябра арганізацыі М. Краўчанка сабраў матэрыялы па вопратцы, рэчах і абрадах беларусаў Істэршчыны. У сувязі з гэтым вырашылі падрыхтаваць спіс гэтых рэчаў. На паседжанні праўлення БНКТЛ 9 жніўня 1933 г. прынялі рашэнне звярнуцца ў Беларускі аддзел Міністэрства асветы з просьбай пазычыць фотаапарат, каб сфатаграфаваць рэчы, вопратку і абрады латгальскіх беларусаў [52]. Таварыства атрымала згоду Латвійскага этнаграфічнага музея адчыніць ў Прэждэнскім замку беларускі куток – пры ўмове, што туды трапіць не менш як некалькі дзясяткаў экспанатаў. 10 снежня 1933 г. праўленне таварыства вырашыла заклікаць беларускую грамадскасць ахвяраваць і збіраць матэрыялы для беларускага кутка [53].

Вядзенне этнаграфічнай працы БНКТЛ было важным, але не адзіным напрамкам дзейнасці арганізацыі. Таварыства праяўляла таксама актыўнасць у іншым кірунку. Па ініцыятыве К. Езавітава рабіліся захады, каб пачаць збор дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускага нацыянальнага руху. 13 жніўня 1932 г. часовае праўленне арганізацыі прыняло рашэнне звярнуцца да сваякоў дзеяча БНР Яўгена Ладнова, які памёр у Дзвінску. Арганізацыя прасіла сваякоў падзяліцца ўспамінамі і матэрыяламі пра нябожчыка [54]. Па даручэнні кіраўніцтва БНКТЛ У. Ціхаміраў наладзіў сувязь з братам Я. Ладнова з мэтай перадачы арганізацыі архіва памерлага. У выніку перамоваў удалося атрымаць частку рэчаў, у тым ліку дыпламатычны пашпарт БНР [55]. Апрача таго, таварыства мела намер пры дапамозе Міколы Вяршыніна з Прагі сабраць у адным месцы поўны архіў Я. Ладнова, які, паводле звестак К. Езавітава, быў расцярушаны паміж Варшавай, Берлінам, Данцыгам і Парыжам [56]. У студзені 1933 г. К. Езавітаў асабіста сустрэўся ў Рызе з братам Я. Ладнова, які працаваў рабочым на чыгунцы. Апошні паведаміў, што ўвесь архіў Я. Ладноў пакінуў у жонкі ў Парыжы, а з сабой у Дзвінск прывёз толькі франкамоўны асобнік кнігі “Агнём і мячом, голадам і хваробамі” (Варшава, 1922), некалькі лістоў і паштовыя квіткі [57]. Таварыства рабіла таксама спробы сабраць звесткі пра заўчасна памерлага беларускага пісьменніка і нацыянальнага актывіста з Латгаліі Віктара Вальтара і яго пражскі перыяд жыцця [58].

У жніўні 1932 г. кіраўніцтва БНКТЛ звярнулася да мужа Алаізы Пашкевіч Сцяпонаса Кайрыса з просьбай даслаць архіўную спадчыну жонкі, а таксама падзяліцца ўспамінамі пра нябожчыцу [59]. З ідэнтычнай просьбай таварыства звярнулася да Ганны Шаліны, сястры памерлага беларускага празаіка і літаратуразнаўцы Сяргея Палуяна [60]. Акрамя таго, БНКТЛ звярнулася да адваката Сігізмунда Шаўлоўскага і родных Браніслава Эпімаха-Шыпілы з просьбай даць звесткі пра беларускіх адраджэнцаў пецярбургскага перыяду: Вацлава Іваноўскага, Браніслава і Уладзіслава Эпімахаў-Шыпілаў, Яўхіма Карскага [61].

Згодна з ухвалай праўлення БНКТЛ 25 жніўня 1932 г. было вырашана падрыхтаваць і выдаць біяграфічны слоўнік пад рабочай назвай “Біографіі дзеячоў Беларускага Адраджэньня”. Паводле задумы аўтараў, у выданне павінны былі трапіць звесткі пра найбольш значных дзеячоў беларускага адраджэнцкага руху. З гэтай мэтай К. Езавітаў заклікаў беларускіх паэтаў, грамадскіх дзеячоў, настаўнікаў, артыстаў і іншых асоб, заангажаваных у нацыянальна-культурную працу, даслаць на адрас БНКТЛ аўтабіяграфіі і біяграфіі, а таксама фотаматэрыялы. З аналізу даступных крыніц вынікае, што заклік не знайшоў водгуку. У сувязі з гэтым аўтары праекта былі вымушаны адмовіцца ад яго ажыццяўлення [62].

Таварыства падтрымлівала кантакты з беларускімі дзеячамі, якія жылі за межамі Латвіі. У першую чаргу варта згадаць пражскіх беларусаў Васіля Захарку і Міколу Вяршыніна. У верасні 1932 г. праўленне таварыства заклікала іх папоўніць шэрагі арганізацыі ў якасці сяброў-карэспандэнтаў [63]. Акрамя таго, ім было прапанавана рэгулярна рыхтаваць агляды беларускага жыцця ў Празе [64]. У выпадку М. Вяршыніна дадзеная задума прынесла пэўны плён, бо ён пагадзіўся супрацоўнічаць з арганізацыяй. Старшыня БНКТЛ прасіў яго падзяліцца ўспамінамі пра беларусаў у Рызе ў той час, калі М. Вяршынін навучаўся ў мясцовым політэхнічным інстытуце [65]. Акрамя М. Вяршыніна прапанову далучыцца да працы БНКТЛ атрымаў яшчэ адзін пражскі беларус – Тамаш Грыб, які ў снежні 1932 г. пагадзіўся стаць сябрам-карэспандэнтам [66]. 18 кастрычніка 1932 г. кіраўніцтва БНКТЛ запрасіла да супрацоўніцтва Язэпа Варонку, які жыў у Чыкага. Ён атрымаў прапанову распрацаваць тэму “Беларусы ў Амерыцы” і высветліць іх моўную сітуацыю [67]. К. Езавітаў сцвярджаў, што ўплыў англійскай мовы на мову тамтэйшых беларусаў вельмі цікавіць латвійскіх беларусаў, гаворка якіх таксама фармуецца пад уплывам іншых моў [68].

Маючы на мэце захаванне гістарычнай спадчыны беларускага нацыянальнага руху, 18 верасня 1932 г. БНКТЛ па прапанове К. Езавітава прыняло ўхвалу аб заснаванні пры таварыстве беларускага архіва, у якім павінны былі захоўвацца матэрыялы, датычныя “беларускага руху і нацыянальна-адраджэнчай працы паасобных дзеячоў”. Загадчыкам архіва прызначылі К. Езавітава. Апошні пагадзіўся перадаць туды ўласны архіў пры ўмове, што знаёміцца з ім змогуць толькі асобы, якія атрымаюць яго асабістую згоду [69]. Не захавалася звестак пра тое, каб нехта перадаў свае зборы згаданаму архіву. Праўда, у снежні 1932 г. Васіль Захарка ахвяраваў БНКТЛ асобнік мемарандума Прэзідыума Рады БНР у Лігу Нацый ад 20 лістапада 1932 г. [70] На паседжанні праўлення арганізацыі (21 снежня 1932 г.) было прынята рашэнне захаваць гэты дакумент у архіве таварыства [71]. Верагодна, што гэта быў адзін з нешматлікіх дакументаў пра дзейнасць беларускага руху, які трапіў у архіў БНКТЛ. У сувязі з гэтым задума К. Езавітава аб стварэнні ў Рызе “архіву беларускага адраджэньня” не была рэалізавана. Магчыма, што асноўнай прычынай стала адсутнасць матэрыяльных сродкаў.

9 верасня 1932 г. праўленне таварыства даручыла старшыні скантактавацца з Гарадской дзяржаўнай бібліятэкай з мэтай абмеркавання пытання стварэння там беларускага аддзела [72]. Разам з тым нічога невядома пра існаванне такога аддзела. Гэта дае падставы сцвярджаць, што ініцыятыва не атрымала працягу. Іншай няздзейсненай задумай аказаліся планы па адкрыцці ў Рызе беларускага народнага ўніверсітэта. У кастрычніку 1933 г. кіраўніцтва арганізацыі планавала атрымаць ад улад дазвол на адкрыццё гэтай установы. Аднак справа не выйшла па-за межы вусных размоў з латвійскімі чыноўнікамі [73].

Таварыства намагалася рэагаваць на “антыбеларускія” праявы ў латвійскай і замежнай прэсе. Напрыклад, 27 жніўня 1932 г. старшыня таварыства К. Езавітаў накіраваў ліст да галоўнага рэдактара літоўскай газеты “Mūsų Vilnius”, звяртаючы ўвагу на тое, што на старонках гэтага выдання з’явіўся матэрыял, аўтар якога выкарыстаў назву “гуды” ў дачыненні да беларусаў. На думку кіраўніка БНКТЛ, гэтая назва абражала беларусаў і не адпавядала рэчаіснасці, паколькі ёй традыцыйна літоўцы называлі рускіх. У сувязі з гэтым К. Езавітаў прасіў надрукаваць у адным з нумароў адпаведнае тлумачэнне, а ў дачыненні да беларусаў пачаць выкарыстоўваць назву “балтгуды” [74].

Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі супрацоўнічала з некаторымі інтэлектуаламі ў Латвіі і замежжы. Сярод іх згаданы Баляслаў Брэжга, даследчык мінуўшчыны Віцебшчыны і Полаччыны. Навуковец кіраваў археалагічнай экспедыцыяй, якая даследавала руіны полацкага паселішча Герцыке [75]. Гэты чалавек перадаў у бібліятэку таварыства шэраг гістарычных прац, якія паходзілі з яго кнігазбору [76]. Да ліку замежных навукоўцаў, з якімі падтрымлівала сувязь кіраўніцтва БНКТЛ, належаў літоўскі гісторык літаратуры і культуры Міколас Біржышка. 25 жніўня 1932 г. праўленне таварыства ўхваліла рашэнне выслаць яму віншавальную тэлеграму з нагоды 50-годдзя [77]. З БНКТЛ кантактаваў і эстонскі мовазнаўца дацэнт Тартускага ўніверсітэта Вілем Эрнітс, які ў 1932 г. у сценах сваёй ВНУ ініцыяваў тэарэтычныя курсы беларускай мовы. Улетку 1932 г. ён наведаў Латгалію з мэтай вывучэння мясцовай беларускай культуры. У сувязі з гэтым кіраўніцтва БНКТЛ звярнулася да мясцовай беларускай інтэлігенцыі з просьбай “дапамагчы г-ну В. Эрнітсу усім, чым зможаце, каб яго паездка дала добрыя вынікі для вывучэньня нашага народу” [78]. Кіраўніцтва БНКТЛ выслала Эрнітсу 20 асобнікаў кнігі “Беларусь у мінулым і сучасным”, а таксама заклікала кіраўніцтва іншых беларускіх арганізацый і беларускіх настаўніцкіх курсаў дапамагчы эстонскаму славісту неабходнай літаратурай, якая спатрэбіцца яму ў час правядзення курсаў беларускай мовы. Больш за тое, К. Езавітаў перадаў яму ўласныя канспекты і напрацоўкі па беларускай культуры [79]. Адначасова БНКТЛ звярнулася да В. Эрнітса з просьбай падзяліцца звесткамі пра беларускія гаворкі на Пячоршчыне [80].

Візіт В. Эрнітса ў Латгалію стаў нагодай для старшыні БНКТЛ К. Езавітава, каб паспрабаваць наладзіць супрацоўніцтва з эстонскімі беларусамі [81]. З гэтай мэтай ён выкарыстаў асабістыя кантакты з тамтэйшым беларусам Міколам Чарвяковым. Кіраўнік БНКТЛ намагаўся атрымаць ад яго звесткі аб стане беларусазнаўчых даследаванняў у Эстоніі. 30 жніўня 1932 г. К. Езавітаў папрасіў даць яму звесткі наконт таго, якая назва выкарыстоўвацца эстонцамі ў дачыненні да беларусаў, якія працы, прысвечаныя беларусам, убачылі свет у гэтай краіне і ці нехта ў Эстоніі даследуе гісторыю, мову і літаратуру Беларусі [82]. 30 жніўня 1932 г. кіраўніцтва БНКТЛ звярнулася да дырэктара гімназіі ў Лаўры з просьбай “дапамагчы нам у справе навязаньня кантакту з эстонскімі грамадзкімі і навуковымі коламі, каб наладзіць справу інфармаваньня эстонцаў аб беларусох” [83]. Акрамя таго, кіраўніцтва БНКТЛ наладзіла карэспандэнцыйную сувязь з шэрагам эстонскіх навукоўцаў, якія ўдзельнічалі ў кангрэсах навукоўцаў Балтыі (Рыга, Коўна). 30 жніўня 1932 г. К. Езавітаў скіраваў да іх калектыўны ліст, у якім прасіў паінфармаваць пра стан беларускіх даследаванняў. У прыватнасці, ён цікавіўся, ці існуюць у Эстоніі пераклады з беларускай мовы на эстонскую [84].

Існавалі таксама сувязі паміж БНКТЛ і Беларускім культурна-асветным таварыствам у Літве. У лісце А. Матачу (6 жніўня 1932 г.) кіраўніцтва БНКТЛ пісала: “Беларускае навукова-краязнаўчае т[аварыст]ва ў Латвіі зьвяртаецца да Вас з вялікай просьбай: ці ня зоймецеся Вы справай зьбіраньня твораў беларускае народнае творчасьці ў Літве, спачатку ў Вашым раёне, а затым і ў Нова-Аляксандраўшчыне. Беларускай навуцы якраз вельмі бракуе данных з гэтых раёнаў, а яны надзвычайна цікавыя, бо тутака ёсьць асаблівасьці нашае мовы, якія як пераходныя і прымежныя да літоўскае мовы нідзе больш не назіраюцца. Усе надасланыя матарыялы мы паступова будзема друкаваць у штомесячніку «Беларуская школа ў Латвіі» і рабіць асобныя адбіткі” [85].

Акрамя таго, таварыства звярнулася да кіраўніка Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Літве, просячы апісаць становішча беларускага насельніцтва Аўкштайціі (вакол населенага пункта Езяросы) і сабраць звесткі пра яго культуру [86]. Нягледзячы на гэта, супрацоўніцтва паміж дзвюма арганізацыямі не вылучалася актыўнасцю і на практыцы абмяжоўвалася спарадычнымі кантактамі. Старшыня БНКТЛ ліставаўся з прадстаўнікамі Савецкай Беларусі: рэдакцыяй дзіцячага часопіса “Заранка” і кіраўніцтвам Беларускай акадэміі навук. У апошнім выпадку кіраўнік таварыства прасіў дапамагчы ў наладжванні абмену навуковай літаратурай. Таксама К. Езавітаў хацеў атрымаць з Менска праграмы і інструкцыі па збіранні вуснай народнай творчасці [87].

Інтэнсіўныя кантакты БНКТЛ падтрымлівала з заходнебеларускімі арганізацыямі, якія мелі падобныя мэты: Таварыствам беларускай школы, Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім музеем у Вільні, Віленскай беларускай гімназіяй, рэдакцыямі часопісаў “Шлях моладзі” і “Самапомач” (рэдактар Адольф Клімовіч). З аналізу дакументацыі таварыства вынікае, што да ліку “партнёрскіх” арганізацый і асоб за мяжой, з якімі БНКТЛ падтрымлівала карэспандэнцыйную сувязь, належалі Аб’яднанне славянскіх таварыстваў у Заграбе, Беларуская дзяржаўная бібліятэка, доктар В. Кісялёўскі ў Лондане, прафесар Павел Растаргуеў у Маскве, прафесар Юзаф Галомбэк у Варшаве. Кіраўніцтва БНКТЛ высылала ўсім пералічаным установам і асобам сваю выдавецкую прадукцыю. Праўда, у выпадку многіх адрасатаў кантакты мелі вельмі абмежаваны характар [88].

Асобнай увагі патрабуюць кантакты таварыства з Эдмундам Зуземілем з Кёнігсберга. Апошні сам ініцыяваў наладжванне сувязі з БНКТЛ, даслаўшы яго кіраўніку некалькі фотаздымкаў беларускіх сялян ва Усходняй Прусіі. Жаданне супрацоўніцтва, выказанае з боку Э. Зуземіля, выклікала пэўны недавер кіраўніцтва БНКТЛ, паколькі ў сваіх лістах аўтар называў сябе ўдзельнікам беларускага адраджэння і “бацькам радзіміцкага руху” [89]. Кіраўнік таварыства К. Езавітаў запатрабаваў ад Э. Зуземіля, каб ён удакладніў, калі і пры якіх абставінах той удзельнічаў у беларускім руху, а таксама на якой падставе так сябе называе. У адказ Э. Зуземіль патлумачыў, што нямецкі ўрад тытулуе яго “каралём радзімічаў”. У сувязі з гэтым К. Езавітаў звярнуўся ў Беларускае навуковае таварыства ў Вільні з просьбай падаць больш падрабязную інфармацыю адносна Э. Зуземіля. Неўзабаве лідар латвійскіх беларусаў атрымаў адказ Антона Луцкевіча, у якім той паведамляў, што ў час Першай сусветнай вайны Э. Зуземіль быў нямецкім шпіёнам у Расіі і займаў пасаду настаўніка рэальнай школы ў Пінску, а беларускай справе ён толькі шкодзіў. У выніку на паседжанні 15 лістапада 1932 г. праўленне БНКТЛ прыняло рашэнне не наладжваць з Э. Зуземілем больш блізкія кантакты. Незалеж на ад Э. Зуземіля з таварыствам скантактаваўся Нікіфар Костачка з Данцыга, які праяўляў цікавасць да беларускага жыцця ў Латвіі. 15 лістапада 1932 г. кіраўніцтва БНКТЛ папрасіла яго даць звесткі пра беларусаў у Данцыгу і прапанавала заснаваць у горадзе беларускае таварыства. Па невядомых прычынах справа, аднак, не атрымала працягу [90].

Таварыства рабіла спробы наладзіць выдавецкую дзейнасць. БНКТЛ не мела ўласнага перыёдыка, таму карысталася гасціннасцю рэдакцыі штомесячніка “Беларуская школа ў Латвіі”, які рэдагаваў К. Езавітаў. На старонках гэтага выдання друкаваліся вынікі палявой этнаграфічнай працы БНКЛТ. 9 верасня 1932 г. сябры праўлення выказалі думку наконт выдання (супольна з Беларускім выдавецтвам у Латвіі) штомесячніка на латышскай мове, які б інфармаваў латышскае грамадства пра беларусаў і іх культуру. На пасаду адказнага рэдактара была прапанавана кандыдатура К. Езавітава [91]. 14 верасня 1932 г. старшыня БНКТЛ атрымаў дазвол МУС на выданне штомесячніка “Беларусы Латвіі”. Нягледзячы на гэта, справа выдання адклалася да моманту знаходжання крыніц фінансавання. У выніку з-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў задуму ажыццявіць не ўдалося [92]. У 1932 г. БНКТЛ надрукавала свой статут, які быў разасланы з мэтай продажу (кошт 40 сантымаў) у кнігарню Мінкевіча ў Вільні і Дзвінскую беларускую гімназію (па 20 асобнікаў), рыжскім беларускім школам і слухачам настаўніцкіх курсаў (па 10 асобнікаў) [93]. У 1933 г. у Рызе БНКТЛ выдала “Праграму збірання вуснай народнай творчасьці”. На гэтым выдавецкая праца таварыства скончылася.

Многія выдавецкія ініцыятывы так і засталіся на паперы. Варта прывесці некалькі прыкладаў. У красавіку 1931 г. Кастусь Езавітаў прапанаваў Язэпу Драздовічу выдаць асобным альбомам этнаграфічныя замалёўкі мастака [94]. Аднак гэтаму плану не было наканавана здзейсніцца. На пачатку 1930-х г. сябра БНКТЛ П. Масальскі пачаў працу над латышска-беларускім слоўнікам, які павінен быў утрымліваць 25 000 слоў. Патрэба выдання слоўніка вынікала з адсутнасці падобнай літаратуры, у выніку чаго латвійскія беларусы мусілі карыстацца латышска-рускімі слоўнікамі [95]. Аднак да выдання справа не дайшла. Таварыства рыхтавала да друку працы Б. Брэжгі “Ахова помнікаў старажытнасці на Віцебшчыне” і М. Вяршыніна “Продкі беларусаў і славянства”. Працу Б. Брэжгі першапачаткова планавалася перакласці з рускай мовы на беларускую (перакладчык Г. Нікіфароўская) і надрукаваць у часопісе “Беларуская школа ў Латвіі”, а таксама выдаць у выглядзе адбітка. Аднак беручы пад увагу высокі навуковы ўзровень даследавання, было вырашана выдаць яе ў выглядзе асобнай брашуры. Адпаведная ўхвала праўлення БНКТЛ была прынятая 9 верасня 1932 г. Тым часам публікацыя працы М. Вяршыніна вынікала з жадання К. Езавітава аспрэчыць погляды латышскіх даследчыкаў, якія акцэнтавалі ўвагу на балцкім радаводзе латвійскіх беларусаў [96]. 17 лістапада 1932 г. К. Езавітаў прасіў С. Сахарава даслаць рукапіс беларускіх народных спеваў з мэтай іх выдання. Яшчэ раней С. Сахараў звярнуўся па дапамогу ў Культурны фонд Латвіі, але не атрымаў на гэта выданне грошай, у сувязі з чым К. Езавітаў прапанаваў выдаць працу ўласнымі сіламі [97]. Аднак і гэтай задумы не ўдалося рэалізаваць з прычыны недахопу грошай [98]. Восенню 1932 г. управа БНКТЛ вырашыла, што гадавыя складкі сяброў таварыства пойдуць у выдавецкі фонд арганізацыі, дзякуючы чаму планавалася ажыццявіць шэраг публікацый [99]. Час паказаў, што гэтага было недастаткова, каб наладзіць паўнавартасную выдавецкую дзейнасць.

На далейшую дзейнасць БНКТЛ паўплывалі змены, якія ў сярэдзіне 1930-х гг. адбыліся ў грамадска-палітычным жыцці Латвіі. У краіне абвастрыўся палітычны крызіс, вынікам якога была ўсё больш адчувальная нестабільнасць улады. Частка грамадства бачыла прычыны гэтай нестабільнасці ў празмерна ліберальным дзяржаўным ладзе. Антыдэмакратычным тэндэнцыям спрыяла адсутнасць у краіне неабходнай для дэмакратыі сацыяльнай базы: сярэдні клас быў кволы і нешматлікі, а сялянства не лічыла дэмакратыю каштоўнасцю самой па сабе. Да ўзмацнення недэмакратычных настрояў спрычыніўся сусветны эканамічны крызіс, які прывёў да пагаршэння дабрабыту грамадзян. 15 траўня 1934 г. у краіне адбыўся дзяржаўны пераварот, які ажыццявіў Карліс Улманіс, кіраўнік правага Латвійскага сялянскага саюза (ЛСС). Гэты палітык увёў у краіне аўтарытарнае кіраванне. Парламент быў расфармаваны, а дзеянне дэмакратычнай канстытуцыі і дзейнасць палітычных партый прыпынены. У змене палітычнага ладу ў краіне змоўшчыкі бачылі сродак вырашэння палітычнага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася дзяржава. Рэжым, які ўсталяваў К. Улманіс, у гістарычнай літаратуры нярэдка называецца “Латвіяй 15 траўня”. Па сутнасці, гэта была нацыянальна-кансерватыўная дыктатура [100].

Травеньскі пераварот і ўсталяванне аўтарытарнага рэжыму выклікалі істотныя змены ў нацыянальнай палітыцы Латвіі. Улманіс як прадстаўнік правых сіл галоўную задачу дзяржаўнай палітыкі бачыў ва ўмацаванні пазіцыі латышскага народа. Пасля 1934 г. узмацніліся захады, якія прадугледжвалі паступовае абмежаванне нелатышоў у розных сферах жыцця: эканоміцы, асвеце, культуры. Палітычныя партыі і большасць грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцяў спынілі існаванне. Яны былі ліквідаваны палітычнай паліцыяй пад выглядам змагання з “нядобранадзейнымі” і “антыдзяржаўнымі” сіламі [101]. Такі лёс не абмінуў і беларусаў. На працягу 1934–1936 гг. спынілі дзейнасць усе (за выключэннем Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі) беларускія культурна-асветныя таварыствы. Адным з апошніх у жніўні 1936 г. было ліквідавана Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі. У падрыхтаваным палітычным аддзелам МУС абгрунтаванні неабходнасці яго закрыцця адзначалася, што таварыства не праяўляе актыўнай дзейнасці, доказам чаго была няздольнасць выдаць беларуска-латышскі слоўнік і збор твораў вуснай народнай творчасці. Засцярогі палітычнай паліцыі выклікалі кантакты БНКТЛ з арганізацыямі за межамі Латвіі, у тым ліку ў Вільні і Менску. Асаблівая ўвага звярталася на постаць старшыні таварыства К. Езавітава, які быў вядомы сваімі левымі поглядамі і дзейнасцю, што “пагражае знешняй і ўнутранай бяспецы краіны”. У пастанове аб ліквідацыі адзначалася, што таварыства фактычна знаходзілася ў руках Езавітава і яго жонкі. Палітычную паліцыю турбавалі кантакты Езавітава з Менскам і таемнае пашырэнне ім літаратуры з БССР сярод латвійскіх беларусаў. У дакуменце сцвярджалася, што Езавітаў “праводзіў дзейнасць на карысць стварэння незалежнай Беларусі, у межах якой павінна была апынуцца частка латвійскай дзяржавы, на якой пражывае беларускае насельніцтва. З гэтай мэтай ён утрымліваў сувязь з правадырамі беларускага руху ў Беларусі і падтрымліваў беларусаў, выхаваных у беларускіх школах” [102]. Беручы пад увагу агульныя палітычныя тэндэнцыі, якія ў разгляданы перыяд назіраліся ў краіне, можна меркаваць, што замежныя кантакты старшыні БНКТЛ і яго погляды былі выкарыстаны ўладамі як фармальная падстава, каб забараніць дзейнасць арганізацыі, якая на самай справе не займалася палітычнай дзейнасцю. У 1936 г. К. Езавітаў спрабаваў рэактываваць дзейнасць таварыства, але не атрымаў на гэта дазволу ўлад [103].

Нягледзячы на кароткі час існавання, Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі пакінула пасля сябе след у гісторыі беларускай меншасці ў міжваеннай латвійскай дзяржаве. Дзейнасць таварыства засведчыла, што латвійскія беларусы не засталіся ў баку ад навукова-краязнаўчай працы, якая ў міжваенны час праводзілася ў БССР і ў Заходняй Беларусі. Асабліва варта падкрэсліць уклад дзеячоў і прыхільнікаў БНКТЛ у збіранне вуснай народнай творчасці. Гэтым самым яны задакументавалі мову і звычаі беларусаў Латгаліі і Земгаліі. Многіх праектаў арганізацыі (напрыклад, выдавецкіх) па аб’ектыўных прычынах не ўдалося ажыццявіць, але гэта не была віна беларускіх дзеячоў.

 

Belarusian Regional Scientific Association in Latvia: creation and activity (1932–1936)

Jerzy Grzybowski

In the interwar period, Latvia was the center of many Belarusian people. Most Belarusians lived in Latgale. Scientific and cultural activity developed among this population. From 1932–1936 it worked Belarusian Regional Scientific Association in Latvia. The founder and most active member of the organization was Kastuś Yezavitaǔ. This organization conducted ethnographic research and recorded elements of the spiritual and material culture of the Belarusians of Latvia. The organization made the results of its activities public in the press. The organization’s aim was also to popularize knowledge about Belarusians and their culture among Latvians. To disseminate knowledge about Belarus abroad, contacts were established with organizations and individuals in various European countries and the USA. Many initiatives of the organization (mainly publishing) were not implemented due to a lack of financial resources. The 1934 coup ended the organization’s activity, and, as a result, an authoritarian regime was introduced in Latvia. The organization was banned in 1936.


[1] Гл. больш: Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927 [перадрук: Нью-Ёрк – Mінск, 2013]; Apine І. Baltkrievi Latvijā. Rīga, 1995; Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах // Беларуская дыяспара як пасрэднiца ў дыялогу цывiлiзацый / рэдкал.: Н. Давыдзенка (рэд.) [і інш.]; уклад. Т. Пятровіч. Мінск, 2001. С. 47–71; Казачёнок К. “Белорусский процесс” в Латвии: обвинение, оправдание, наказание // Латыши и белорусы: вместе сквозь века. Вып. 1 / под общ. ред. М. Г. Королева. Минск, 2012. С. 29–42; Grzybowski J. Савецкая рэчаіснасць на бачынах беларускай газеты ў Латвіі “Голас Беларуса” (1925–1929) // “Światła masz tyle w sobie…”: ze studiów wschodniosłowiańskich. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi Aleksandrowi Barszczewskiemu w osiemdziesiątą piątą rocznicę urodzin / red.: M. Kaczmarczyk, A. Nowacki, M. Sidor, B. Siwek. Lublin, 2015. S. 207–222.

[2] Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 3009. Apr. 1. L.

[3] Ibidem. F. 3235. Apr. 6. L. 196. Lp. 18.

[4] Езавітаў К. Бярыцеся ўсе за навукова-дасьледчую працу. Рыга, 1926. С. 14.

[5] Бярэцеся ўсе за навукова-даследчую працу // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. Беларускі культурны мацярык у Латвіі / рэд.: M. Казлоўскі, С. Панізнік. Мінск, 2017. С. 368.

[6] Тамсама. С. 374.

[7] LVVA. F. 3235. Apr. 6. L. 196. Lp. 91.

[8] Улетку 1929 г. К. Езавітаў пераслаў зборнік у Менск на імя навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства Міколы Каспяровіча з просьбай надрукаваць яго на старонках выданняў “Полымя” ці “Наш край”: LVVA. F. 3235. Apr. 6. L. 196. Lp. 96–97.

[9] Ibidem. Lp. 98.

[10] Ibidem.

[11] Ibidem.

[12] Ibidem.

[13] Беларускія бібліатэкі ў Рызе // Беларуская школа ў Латвіі. 1929. № 9 (1). С. 7.

[14] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 1.

[15] Ibidem. Lp. 2.

[16] Ibidem. Lp. 3.

[17] Ibidem. Lp. 4.

[18] Статут Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. С. 392.

[19] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 68.

[20] Статут Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. С. 392–393.

[21] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 7.

[22] Ibidem. Lp. 9.

[23] Ibidem. L. 3. Lp. 4.

[24] Ibidem. Lp. 51.

[25] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии… С. 69.

[26] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 43.

[27] Кастусь Езавітаў, Галіна Нікіфароўская, Пятро Масальскі (ад імя Рыжскай беларускай гімназіі), Язэп Каяла (ад імя 1-й Рыжскай беларускай школы), Сцяпан Сіцько, Міхась Краўчанка, Франц Клагіш, Язэп Камаржынскі, Пятро Мірановіч, Аляксандр Родзька, Вікторыя Доўгая, Ян Кудраўцоў (ад імя 2-й Рыжскай беларускай школы).

[28] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 59; Праца Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 6 (23). С. 342.

[29] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 1.

[30] Ibidem. Lp. 43.

[31] Ibidem. L. 3. Lp. 9.

[32] Ibidem. Lp. 3.

[33] Ibidem. Lp. 7.

[34] Ibidem. Lp. 61.

[35] Ibidem. Lp. 5.

[36] Ibidem. Lp. 6.

[37] Ibidem. Lp. 8.

[38] Ibidem. Lp. 77.

[39] Ibidem. Lp. 44.

[40] Ibidem. Lp. 48.

[41] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 29. Арк. 1–8.

[42] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 64.

[43] Зьбірайце беларускія народныя творы ў Латвіі // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 1 (18). С. 261; LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 48.

[44] У Латвіі // Родны край. 1933. № 18. С. 5–6.

[45] Праца Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 6 (23). С. 342.

[46] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 55.

[47] Ibidem. Lp. 57; Праца Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 5 (22). С. 323.

[48] Lietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). F. 368. Ap. 1. B. 34. L. 6.

[49] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 59.

[50] Праграмы, статуты, інструкцыі беларускіх партый і арганізацый міжваеннай Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. С. 447–448.

[51] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 64.

[52] Ibidem. L. 2. Lp. 57.

[53] Ibidem. Lp. 38.

[54] Ibidem. Lp. 10.

[55] Ibidem. L. 3. Lp. 16, 24, 25.

[56] Ibidem. Lp. 71.

[57] 5 студзеня 1933 г. праўленне таварыства вырашыла паспрабаваць вызначыць кола асоб, з якімі Я. Ладноў падтрымліваў перапіску, каб даведацца, у каго могуць быць яго архівы: Ibidem. L. 2. Lp. 44.

[58] Ibidem. L. 3. Lp. 73.

[69] Ibidem. Lp. 26–27.

[60] Ibidem. Lp. 39.

[61] Ibidem. Lp. 35, 41.

[62] Езавітаў К. Беларускае культурна-асьветнае т-ва “Бацькаўшчына” ў Латвіі. Рыга, 1932. С. 26; Да ўсіх беларускіх нацыянальна-адраджэнчых дзеячоў – працаўнікоў беларускае літаратуры, школы і тэатру // Беларуская школа ў Латвіі. 1933. № 2 (9). С. 276; У Латвіі // Родны край. 1933. № 2. С. 76.

[63] LVVA. F. 1897. Ap. 1. L. 2. Lp. 14.

[64] Ibidem. L. 3. Lp. 59.

[65] Ibidem. Lp. 87.

[66] Ibidem. L. 2. Lp. 39.

[67] Ibidem. L. 3. Lp. 80.

[68] Ibidem. L. 2. Lp. 8.

[69] Ibidem. Lp. 39.

[70] Ibidem. L. 3. Lp. 106.

[71] Ibidem. L. 2. Lp. 40.

[72] Ibidem. Lp. 13.

[73] Ibidem. Lp. 59.

[74] БДАМЛМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 28. Арк. 1; LVVA. F. 1897. Ap. 1. L. 3. Lp. 41.

[75] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 458. Воп. 1. Спр. 134. Арк. 56.

[76] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 11.

[77] Ibidem. L. 2. Lp. 18.

[78] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 13. 20 ліпеня 1932 г. К. Езавітаў пісаў У. Ціхаміраву: “Трэба пазнаёміць яго ў Дзьвінску з Сяргеям Пятровічам [Сахаравым], гр. [Аркадзем] Раткіным і іншымі беларусамі, а таксама з Клагішамі і гр. Казлоўскім, калі яны зара ёсьць на курсах латыскае мовы ў Дзьвінску. Трэба, каб яны паказалі гр. В. Эрнітсу беларускую вёску і беларускае жыхарства і каб ад гэтага знаёмства асталіся і добрыя ўражаньні і навуковыя веды. Вельмі Вас прашу паказаць грамадзяніну Беларускую гімназію і абавязкова выклікаць гр. Сахарава, калі ён на дачы. Калі ёсьць на курсах гр. [Міхась] Талерка, дык пазнаёмце і з ім, ды наагул з нашым сьвядомым настаўніцтвам. Майце на ўвазе, што гр. В. Эрнітс яшчэ і літаратурны працаўнік, дык знаёміць яго з негатыўнымі элементамі ня варта”: Ibidem. Lp. 14.

[79] Ibidem. Lp. 55, 56.

[80] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 2. Lp. 10.

[81] У лісце Міколу Чарвякову (4 жніўня 1932 г.) ён заклікаў тамтэйшых беларусаў арганізавацца і працаваць на карысць навукі: “да нас ў Рыгу і ў Латгалію прыязджаў прыват-доцэнт Тартаўскага Эстонскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, гр. Вільлем Эрнітс, які зара працуе над досьледамі беларускае мовы. Ён паведаміў нас, што ў Пячоршчыне знайшоў даволі многа беларусаў, але што яны цалком апанаваны расейскімі ўплывамі. Ён надзвычайна сумаваў і казаў, што з вялікаю ахвотаю падтрымаў бы беларусаў, калі б у Рэвалі заклалася сапраўдна беларускае культурна-асьветнае т[аварыст]ва, хаця ж бы і з невялічкім спачатку ядром дзеячоў, але сьвядомых з боку нацыянальнага. Гэта т[аварыст]ва, маючы 5–8 сьвядомых беларускіх інтэлігэнтаў і рабочых, магло б распачаць працу затым і ў Пячоршчыне сярод беларускага сялянства. Гр. В. Эрнітс хутка паедзе ў Пячоршчыну зьбіраць матарыялы. Магчыма, што перад гэтым ён заедзе спачатку да Вас, каб пагутарыць. Было б добра, каб і Вы праехаліся па Пячоршчыне і завязалі першыя знаёмствы. Гэта дала б магчымасьць нам прасачыць: ці ясна вызначаны ў Пячоршчыне беларускія адзнакі і элемэнты беларускае мовы. Гэтым Вы саслужылі б вялікую справу нашаму т[аварыст]ву і беларускай навуцы”: Ibidem. L. 3. Lp. 16.

[82] Ibidem. Lp. 48.

[83] Ibidem. Lp. 52.

[84] Ibidem. Lp. 53.

[85] Ibidem. Lp. 23.

[86] Ibidem. L. 2. Lp. 10.

[87] Ibidem. L. 3. Lp. 16, 21, 78.

[88] Ibidem. L. 2. Lp. 12.

[89] Ibidem. L. 3. Lp. 70, 84, 85.

[90] Ibidem. L. 2. Lp. 37.

[91] Ibidem. Lp. 14.

[92] Ibidem. Lp. 16.

[93] Ibidem. L. 3. Lp. 83.

[94] Вабішчэвіч А. “Але ж шлях да свабоды старонка праложа!” // Сыны і пасынкі Беларусі / рэд. С. Барыс. Мінск, 1996. С. 337.

[95] LCVA. F. 368. Ap. 1. B. 33. L. 40.

[96] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 87.

[97] Ibidem. Apr. 1. L. 3. Lp. 97.

[98] У 1940 г. С. Сахараву нарэшце ўдалося выдаць першую частку збору народнай творчасці латгальскіх і ілукштанскіх беларусаў. Адбылося гэта дзякуючы дапамозе Культурнага фонду Латвіі і Беларускага таварыства ў Латвіі. Гл.: Сахараў С. Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў. Рыга, 1940.

[99] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 3. Lp. 97.

[100] Больш падрабязна гл.: История Латвии. ХХ век / Д. Блейере, И. Бутулис, А. Зунда и др. Рига, 2005. С. 161–179.

[101] Łossowski P. Kraje bałtyckie na drodze od demokracji parlamentarnej do dyktatury: 1918–1934. Wrocław, 1972. S. 253– 254, 261–263.

[102] LVVA. F. 1897. Apr. 1. L. 7. Lp. 8.

[103] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии… С. 59.

Наверх