БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Уладзімір Валодзін, Ірына Раманава. Нонканформнасць у Мінску часоў адлігі: справа Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага (1962)

25 студзеня 1962 г. супрацоўнікі КДБ пры СМ БССР затрымалі некалькі чалавек з адной моладзевай, пераважна студэнцкай, кампаніі за захоўванне і распаўсюд самвыду. Пазней двое з затрыманых, Кім Хадзееў і Эдуард Гарачы, былі арыштаваныя па абвінавачанні ў “антысавецкай агітацыі і прапагандзе”.

Cправа Хадзеева і Гарачага вылучаецца колькасцю так ці іначай закранутых ёю людзей, а таксама блізкасцю да культурных і палітычных эліт БССР: у кампаніі Хадзеева ўдзельнічалі дзеці многіх важных чыноўнікаў і культурных дзеячоў, а студэнты з кампаніі вучыліся ў галоўных ВНУ Беларусі. Харызматычнасць і заўважнасць асобы Кіма Хадзеева ў культурнай прасторы познесавецкага, як і постсавецкага Мінска, з аднаго боку, і наяўнасць значнай групы сталічных інтэлектуалаў, якія ў сваіх успамінах ды інтэрв’ю спасылаюцца на ўплыў Хадзеева на іх светапогляднае сталенне, з іншага, забяспечылі асобе Хадзеева трывалае месца ў гісторыі. Тыя, хто меў блізкія зносіны з Хадзеевым, апісваюць яго як чалавека, што сфармаваў вакол сябе своеасаблівы клуб узаемнай адукацыі, ці “вольны ўніверсітэт”, куды імкнуліся людзі, незадаволеныя афіцыйнымі адукацыйнымі практыкамі, у пошуках альтэрнатыўных інтэлектуальных пляцовак. У 1962 г. па першым пакаленні гэтай супольнасці быў нанесены ўдар, які на нейкі час спыніў існаванне хадзееўскага “ўніверсітэта”.

Крымінальны пераслед па артыкуле “антысавецкая агітацыя і прапаганда” ў БССР пачатку 1960-х гадоў быў нячастым (некалькі крымінальных спраў у год на ўсю БССР) [1] дакументы па большасці з іх недаступныя. Таму гаварыць пра характэрнасць ці нехарактэрнасць справы Хадзеева і Гарачага немагчыма. У гэтай сітуацыі кожны выпадак – унікальны. Тым не менш, на прыкладзе справы Хадзеева і Гарачага можна ўбачыць, як канструявалася мяжа дазволенай і забароненай нонканформнасці ў БССР пачатку 60-х гадоў, і паказаць асноўны дыяпазон захадаў уладаў, што выкарыстоўваўся для стрымання непажаданых з’яў і паводзінаў: крымінальны пераслед, карную псіхіятрыю, масавыя сходы па месцы вучобы (працы) з асуджэннем тых, хто “правініўся”, выключэнне з камсамола (партыі), выключэнне з універсітэта (звальненне з працы), шальмаванне ў прэсе. Таксама ў артыкуле зроблена спроба ацаніць, як гэтыя рэпрэсіўныя захады ўспрымаліся той публікай, на якую былі накіраваны. Акрамя таго, справа дазваляе разгледзець такія важныя з’явы эпохі, як кампаніі сяброў і “прафілактыка”.

Справа Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага выбрана для разгляду, бо пра яе ёсць даволі вялікі комплекс разнастайных крыніц (архіўныя дакументы, у першую чаргу матэрыялы нагляднай вытворчасці Пракуратуры СССР, дакументы з прыватных збораў, вуснагістарычныя інтэрв’ю, апублікаваныя ўспаміны ўдзельнікаў падзей, фрагменты мастацкіх твораў Паўла Уліціна), якія дазваляюць прыблізна рэканструяваць падзеі і ролі розных актараў у іх. Такі шырокі комплекс крыніц з’явіўся ў тым ліку таму, што ў справу, пераважна ў якасці сведак, былі ўцягнуты дзясяткі чалавек, а калі ўлічыць наведнікаў звязаных са справай камсамольскіх сходаў, то тысячы студэнтаў і выкладчыкаў.

Частка наяўных крыніц была апублікавана адным з аўтараў гэтага артыкула ў зборніку дакументаў пра Кіма Хадзеева, з фокусам на дзвюх крымінальных справах, 1951 і 1962 гадоў [2]. Паколькі некаторыя даступныя аўтарам артыкула дакументы не былі апублікаваны і не знаходзяцца ў публічным доступе, яны цытуюцца максімальна падрабязна. Гэта дазваляе запоўніць прабелы ў наяўных нарацыях пра справу Хадзеева і Гарачага.

Крымінальная справа Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага (1962) – сюжэт, шырока разрэкламаваны ў Мінску дзякуючы раману Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” [3]. Але і ў гістарыяграфіі, і ў даследчай журналістыцы гэты сюжэт застаецца нераспрацаваным. Раман Някляева як твор мастацкі не мае дачынення да рэальных падзей. Некалькі водгукаў на раман [4] – гэта ўспаміны ўдзельнікаў падзей, важныя крыніцы, але не даследаванні.

Паняцце “нонканфармізм” прыжылося ў гістарыяграфіі для апісання нязгоды і пратэсту ў БССР у 1950–1980-я гады [5]. Мы будзем прытрымлівацца яго ў версіі “нонканформнасць”. На нашу думку, гэтая версія дазваляе падкрэсліць сітуацыйны, часовы характар нонканформных паводзінаў. Адна і тая ж асоба магла ў розны час свайго жыцця ці ў розных аспектах сваёй дзейнасці займаць канформную ці нонканформную пазіцыю. Напрыклад, Кім Хадзееў пры ўсім яго крытычным стаўленні да палітычнай сістэмы СССР пісаў кандыдацкія дысертацыі на замову для прадстаўнікоў тагачаснага афіцыёзу, чым дапамагаў ім парушаць навуковыя нормы і рабіць кар’еру, і ў гэтым з’яўляўся поўным канфармістам.

Кім Хадзееў і яго кампанія. Кім Хадзееў (1929–2001) нарадзіўся, пражыў большую частку жыцця і памёр у Мінску. Працяглыя перыяды яго адсутнасці ў горадзе – гады вайны (1941–1945), калі сям’я Хадзеевых была ў эвакуацыі, і два зняволенні Хадзеева па палітычных матывах. Іван Ціханавіч Хадзееў (1898–1962), бацька Кіма, родам з Задонска (цяпер у Ліпецкай вобласці Расіі), быў удзельнікам грамадзянскай вайны, з 1923 г. працаваў на розных пасадах у гандлі (так, у другой палове 40-х ён быў дырэктарам Мінгархарчгандлю) [6]. Маці, Фаіна Майсееўна Свірноўская (1901–1956), была школьнай настаўніцай і, як і бацька, членам партыі бальшавікоў з першых паслярэвалюцыйных гадоў. Па словах Кіма Хадзеева, на фармаванне яго поглядаў паўплывалі арышт маці ў канцы 30-х (пасля некалькіх месяцаў пад арыштам яе выпусцілі, што супала з некаторым аслабленнем рэпрэсій пасля арышту Яжова), сустрэчы са ссыльнымі старымі бальшавікамі ў эвакуацыі ў горадзе Ленінагорску (сёння Рыдэр) у Казахстане і чытанне дакументаў з’ездаў партыі бальшавікоў [7].

У 1947 г. Кім Хадзееў скончыў школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе паспяхова вучыўся да пачатку 1949 г. У лютым 1949 г. Хадзееў, паводле яго слоў [8], выступіў з антысталінскімі выказваннямі на камсамольскім сходзе ў БДУ. Так ці іначай, з 1 сакавіка 1949 г. ён быў выключаны з універсітэта “за сістэматычнае ненаведванне заняткаў” [9]. З крыніц, аднак, відаць, што выключэнне Хадзеева было часткай ідэалагічнай кампаніі па барацьбе з “касмапалітызмам” і “нізкапаклонствам перад Захадам”.

6 лютага 1951 г. Кім Хадзееў быў арыштаваны ў Мінску супрацоўнікамі МДБ БССР па артыкуле 72 КК БССР (“антысавецкая агітацыя”) і потым накіраваны ў спецпсіхбальніцу ў Ленінград, дзе прабыў з верасня 1951 г. да лютага 1954 г. [10] Накіраванне ў спецпсіхбальніцу на прымусовае “лячэнне” значыла, што Хадзееў быў прызнаны няздольным адказваць за свае ўчынкі перад судом. Спецпсіхбальніца была турмой, але менавіта ў сталінскі час для тых зняволеных, якія не спрабавалі абскардзіць сваё накіраванне на “лячэнне” і пазбягалі канфліктаў з адміністрацыяй, турмой з адносна прымальнымі ўмовамі ўтрымання (асабліва ў параўнанні з лагерамі ГУЛАГа). Хадзееў трапіў у памочнікі бібліятэкара, што давала яму доступ да ўсіх кніг турэмнай бібліятэкі, у тым ліку тых, якія ў “нармальных” бібліятэках былі ў спецсховішчах [11].

У псіхіятрычнай турме Кім Хадзееў пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, у прыватнасці, з Паўлам Уліціным (1918–1986) і Аляксандрам Асарканам (1930–2004). Уліцін быў (і застаўся) значным маскоўскім андэграўндным пісьменнікам, а Асаркан пазней стаў вядомым тэатральным крытыкам. Свае маскоўскія знаёмствы Хадзееў падтрымліваў і пашыраў пасля выхаду са зняволення.

Вярнуўшыся са спецпсіхбальніцы, Кім Хадзееў скончыў вышэйшую адукацыю (у 1956 г. атрымаў дыплом Мінскага педагагічнага інстытута па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”), а далей, паводле ўспамінаў аднакласніка Хадзеева і нобелеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава, нават паступіў у аспірантуру, але быў адлічаны за палітычную нядобранадзейнасць [12]. Потым Хадзееў працаваў на розных пасадах. Апошняя перад другім арыштам – інструктар аддзела кніжнага гандлю аблспажыўсаюза [13]. Пры гэтым, паводле слоў Хадзеева, асноўным заняткам, які прыносіў яму даход, з 1954–1955 г. стала напісанне дысертацый на замову (ghostwriting) [14].

Эдуард Гарачы нарадзіўся ў Мінску ў 1936 г. (часта ў анкетных звестках месцам яго нараджэння памылкова ўказваюць Яраслаўль – горад, куды сям’я эвакуявалася ў гады вайны) [15]. Яго маці, Кацярына Сцяпанаўна Гарачая, была медсястрой. У эвакуацыі ў 1942 г. памёр ад менінгіту малодшы брат Эдуарда, народжаны ў 1941 г. Айчым Гарачага не вярнуўся з вайны, і маці гадавала сына адна, з цяжкасцю зводзячы канцы з канцамі [16]. У 1954 г. Гарачы скончыў школу і паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе кіраўніком яго курса быў народны артыст БССР Дзмітрый Арлоў (1903–1969). Пасля заканчэння інстытута ў 1958 г. малады актор працаваў у Тэатры юнага гледача і падпрацоўваў у драматычнай студыі пры Доме культуры трактарнага завода. Адным з захапленняў Эдуарда Гарачага было калекцыянаванне: з пятага класа ён збіраў паштоўкі ды інш.

Эдуард Гарачы трапіў у кампанію Кіма Хадзеева. Група Хадзеева была тыповай кампаніяй перыяду “адлігі”: тут збіраліся, каб абмеркаваць літаратурныя творы, філасофію, гісторыю краіны, проста дзеля размоў без самацэнзуры [17]. Як і іншыя кампаніі таго часу, гэтая не мела фіксаванага сяброўства, да яе пастаянна далучаліся новыя ўдзельнікі, а ранейшыя адпадалі (так, у сярэдзіне 50-х да кампаніі Хадзеева ненадоўга прыстаў Валянцін Тарас) [18]. Звычайным месцам збору быў пакой Хадзеева ў кватэры на вуліцы Энгельса, дзе ён жыў з бацькам і сям’ёй сястры, але збіраліся і ў кватэрах іншых удзельнікаў, і – у цёплую пару – у скверах. Кампанія была шматлікая. Сярод многіх іншых да яе належалі Анатоль Пестрак (студэнт хімфака БДУ, сын пісьменніка Піліпа Пестрака), Юрый Кобля (студэнт філфака БДУ, сын дэкана тэатральнага факультэта Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Піліпа Коблі), Міхаіл Садковіч (сын кінасцэнарыста і кінафункцыянера Мікалая Садковіча, сам пазней кінарэжысёр), Сяргей Буткевіч (студэнт філфака БДУ, потым вядомы віцебскі журналіст), Валерый Рубінчык (студэнт тэатральна-мастацкага інстытута, будучы кінарэжысёр), Алег Белавусаў (студэнт філфака БДУ, сын скульптара Паўла Белавусава, потым рэжысёр анімацыйных фільмаў), Яўген (Генік) Шыдлоўскі (студэнт фізфака БДУ), Барыс Галушка (студэнт Мінскага інстытута замежных моў), Віктар Генкін (у будучыні – пісьменнік), Вадзім Някрасаў (студэнт інстытута замежных моў), Гарык Клябанаў.

Эдуард Гарачы вылучаўся ў кампаніі Хадзеева сацыяльным паходжаннем: ён не быў “залатой моладдзю”. Праўда, быў прадстаўніком творчай прафесіі і нарадзіўся ў Мінску (што ў горадзе нядаўніх прыбышоў было рэдкасцю). Як і іншых, Хадзееў прыцягнуў Гарачага энцыклапедычнымі ведамі, смеласцю поглядаў і шырынёй кругагляду: “Он нам открыл всю историю партии, начиная от любимого Ленина и кончая любимым Сталиным. Кто кого расстреливал, кто кому чего, все эти связи. С ним было очень интересно. К нему тянулись ребята” [19].

Кампанія была ў першую чаргу мужчынская, чаму садзейнічала амаль выключная гомасацыяльнасць самога Хадзеева, якая даходзіла да непрыхаванай мізагініі [20]. Аднак жанчыны ў кампаніі прысутнічалі. Часам ім даводзілася нялёгка. Так, Святлана Буйнякова, гаспадыня дому, дзе часам у 60-я збіралася кампанія Хадзеева, мусіла не толькі падтрымліваць гутаркі на філасофскія тэмы, але і гатаваць вячэру, і сервіраваць стол, а калі-нікалі і настойліва выпраўляць гуру (Хадзеева) у душ, між іншым забяспечыўшы яго новай нацельнай бялізнай [21]. Не варта думаць, што жанчыны моўчкі пагаджаліся на такія ўмовы; яны або пераходзілі ў іншыя кампаніі, дзе было больш раўнапраўя, або рабілі так, каб да іх ставіліся з належнай павагай і ў “мужчынскай” кампаніі Хадзеева. Калі кампанію Хадзеева гэтага перыяду згадваюць мужчыны, то яны пералічваюць выключна мужчынскія імёны. А вось Марыяна Някрасава, якая ў той час уваходзіла ў кампанію і вучылася ў інстытуце замежных моў, назвала ў сваіх успамінах шмат жаночых імёнаў [22]. Некаторыя з гэтых жанчын вядомыя значнымі творчымі дасягненнямі (але мужчыны пра гэта “не памятаюць”). Так, Тамара Дворкіна (1943–2012), у пачатку 1960-х студэнтка Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, пазней стала заўважнай аўтаркай ленінградскага самвыду (пад псеўданімам Тамара Корвін) і ў 1983 г. атрымала прэмію імя Андрэя Белага за прозу [23]. Галіна Гаравая (1941–2011) пазней стала вядомай беларускай скульптаркай. Іншыя жанчыны – удзельніцы кампаніі Хадзеева: Галіна Файнберг, Эма Брылёва. Пра студэнтку філфака БДУ Грошаву, якую за ўдзел у кампаніі Хадзеева выключылі з камсамола, вядома толькі прозвішча, без імя [24]. “Знікненне” жанчын з мемуарных і вуснагістарычных аповедаў мужчын пра нонканформнасць характэрна для пакалення “адлігі”. На жаль, жанчыны гэтага пакалення менш схільныя пісаць успаміны. У выніку ў публічнай памяці роля жанчын у нонканформных асяродках часта прымяншаецца.

Трэба спецыяльна сказаць і пра таго, каго ў кампаніі Хадзеева 1961–1962 г. не было. Маецца на ўвазе Уладзімір Някляеў. Пра гэта даводзіцца спецыяльна пісаць, бо чамусьці значная частка чытачоў і журналістаў успрыняла напоўнены містыфікацыямі раман У. Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” за аўтабіяграфічны і гістарычны. Сам Някляеў так свой раман не пазіцыянаваў [25]. Някляеў прыехаў у Мінск вучыцца ў тэхнікуме сувязі ў 1962 г. [26] Навучальны год пачаўся ў верасні. Кіма Хадзеева другі раз арыштавалі 25 студзеня 1962 г. Такім чынам, У. Някляеў мог пазнаёміцца з К. Хадзеевым толькі пасля выхаду апошняга з Ленінградскай спецыяльнай псіхіятрычнай бальніцы ў ліпені 1963 г. [27]

Пазацэнзурная літаратура ў кампаніі Хадзеева. Кім Хадзееў вельмі шмат чытаў, у тым ліку цяжкадаступную літаратуру (нездарма ён уладкаваўся працаваць у кнігагандаль). Ён меў доступ і да старых выданняў (дарэвалюцыйных, даваенных), і да самвыду, які пачынаў цыркуляваць у той час у СССР. У першую чаргу самвыд пастаўляўся з Масквы. Цікавая акалічнасць: у кампаніі Хадзеева пачатку 60-х гадоў самвыд чыталі, але не размнажалі (прынамсі ніякіх згадак пра размнажэнне знайсці не атрымалася). Марыяна Някрасава ўспамінала, як ездзіла ў Маскву і там на просьбу Хадзеева абменьвалася папкамі машынапісу з Барысам Захадэрам і Аляксандрам Асарканам, а потым атрымлівала магчымасць нешта з тых папак пачытаць. Эдуард Гарачы быў адным з тых удзельнікаў кампаніі Хадзеева, хто не толькі браў пачытаць самвыд, але і перадаваў яго для чытання іншым знаёмым. Тыя ж тэксты, за якія былі арыштаваны Кім Хадзееў і Эдуард Гарачы, можна назваць самвыдам толькі з некаторай нацяжкай. Гэта быў аўтарскі машынапіс кніг Паўла Уліціна, блізкі да арт-аб’ектаў, ён меў рукапісныя ўстаўкі, калажы, малюнкі, сам тэкст машынапісу не займаў раўнамерна аркуш зверху данізу, а мог разбівацца на калонкі і г. д. (пісьменнік абыгрываў візуальнасць тэксту). Адпаведна, капіяваць такі “друкапіс” у эпоху да ксераксаў было праблематычна [28].

Не выклікае сумневаў, што за Хадзеевым і яго кампаніяй уважліва сачыў КДБ, выкарыстоўваючы агентаў, а магчыма, і праслухоўванне [29]. Відаць, у працэсе “аператыўнай распрацоўкі” і было высветлена, што ў кампаніі цыркулююць тэксты Уліціна, якія КДБ пры СМ БССР вырашыў трактаваць як “антысавецкія”.

Сама кампанія ані тэксты Уліціна, ані свае размовы так не ўспрымала. Паводле слоў Э. Гарачага, “у меня и в мыслях не было, что это могло бы быть. То есть я подозревал, что это где-то на грани фола, но не фол, нет. Для меня, для молодого комсомольца, для меня это не было. Я был членом Ленинского райкома комсомола, внештатный агент ЦК комсомола, мы там какие-то капустники, мероприятия. Всё живо было, интересно. И вдруг пришли ребята (супрацоўнікі КДБ. – У. В., І. Р.)” [30].

У СССР часоў “адлігі” існавала шырокая “шэрая зона” [31] не забароненага, але і не санкцыянаванага. Часткамі такой “шэрай зоны” былі, напрыклад, моладзевыя субкультуры [32], пэўная тэматыка і стылістыка ў мастацкай творчасці [33], публічныя дыскусіі па розных (часам нават палітычных) пытаннях [34], вулічныя паэтычныя чытанні [35]. Межы гэтай “шэрай зоны” пастаянна змяняліся: раней забароненае выяўлялася магчымым, а раней дазволенае станавілася непажаданым. Змяняліся з часам і трактоўкі артыкулаў крымінальнага кодэксу, у тым ліку артыкула “антысавецкая агітацыя і прапаганда” [36]. За тое самае дзеянне нейкага чалавека маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а іншага – толькі звольніць з працы. З аднаго боку, гэта дазваляла карным органам індывідуальна падыходзіць да кожнай справы. З іншага боку, размытасць “чырвонай лініі”, што аддзяляла забароненае ад дазволенага, прыводзіла да нармалізацыі рознага роду памежных практык. Напрыклад, ужо ў 60-я прымальным лічылася не толькі трымаць дома самвыд (за гэта практычна ніколі не саджалі), але і распаўсюджваць яго (за што саджалі, але рэдка). Для большасці тых, хто практыкаваў многае фармальна забароненае (пашырэнне палітычнага самвыду, удзел у “другой” эканоміцы ды інш.), не было ніякіх санкцый або санкцыі былі не звязаныя з крымінальным пераследам.

Скласці ўяўленне, што канкрэтна ў тэкстах Уліціна карныя органы палічылі “антысавецкім”, можна з апублікаваных дакументаў нагляднага вядзення Пракуратуры СССР па справе Гарачага і Хадзеева [37]. Як пазней у справе Сіняўскага і Даніэля [38], следчыя, пракуратура і суд вымалі асобныя фразы і абзацы з кантэксту, наўмысна блыталі выказванні персанажаў з пазіцыяй аўтара і карысталіся іншымі бруднымі прыёмамі. На жаль, мы не маем у распараджэнні поўнага тэксту гэтых твораў Уліціна (“Табу” і “Анты-Асаркан”), таму немагчыма паказаць канкрэтнае функцыянаванне анты-логікі карных органаў у гэтым выпадку. Застаецца спаслацца на Аляксандра Асаркана, які даў наступныя тлумачэнні пра прозу Уліціна ў Пракуратуры СССР у 1970 г.:

“…Предъявленный мне отрывок прозы, послуживший, как сказал прокурор, основанием для обвинения, является, на мой взгляд, не высказыванием автора по какому-то вопросу, а пародийной реминисценцией из «Золотого теленка» Ильфа и Петрова – см. эпизод, в котором Остап Бендер берется вылечить «монархиста Хворобьева» от «советских снов» и объясняет, что единственный способ – это уничтожить причину сна, причиной же является советская власть, но уничтожить ее у него, Остапа Бендера, сейчас нет времени. <…> В целом же и сильные и слабые стороны Улитина как писателя никак не сводимы к тем формулировкам, которыми оперируют следствие и суд: он пишет не «за» и не «против» власти, общества и т. п., он вообще часто не пишет, а «монтирует», все это достаточно сложно и, скажем, запутанно…” [39].

Карныя санкцыі: псіхіятрычнае і “звычайнае” зняволенне. Затрыманні па крымінальнай справе адбыліся 25 студзеня 1962 г. У гэты дзень былі затрыманы не толькі Хадзееў і Гарачы, якія пазней былі арыштаваны, але і некалькі сяброў Хадзеева (Анатоль Пестрак, Вадзім Някрасаў, Марыяна Някрасава, Эдуард Зяльдовіч, Тамара Дворкіна, Яўген Шыдлоўскі) – яны збіраліся ехаць у гэты дзень у Маскву вяртаць прачытаны ў Мінску самвыд. Усіх затрыманых, апрача Хадзеева і Гарачага, выпусцілі пасля дагляду і допытаў [40]. У наступныя дні праз допыты прайшлі многія іншыя ўдзельнікі кампаніі Хадзеева (гаворка ідзе пра дзясяткі чалавек), а таксама знаёмыя і калегі Гарачага. Ператрусы прайшлі ў Хадзеева і Гарачага ў Мінску, а пазней ва Уліціна і Асаркана ў Маскве (пры гэтым Уліціна і Асаркана нават не дапыталі) [41].

Што было канфіскавана ў кватэры Кіма Хадзеева, мы не ведаем, а вось пратакол вобшуку ў Эдуарда Гарачага захаваўся ў асабістым архіве актора. Вобшук праводзілі супрацоўнікі КДБ капітан Зіновіч, старшы лейтэнант Ганчэўскі і старшы лейтэнант Максімаў. Былі канфіскаваны наступныя прадметы: 1. Машынапіс на 106 с., які пачынаўся словами “О некоторых принципиальных вопросах современного литературного процесса” і заканчваўся словамі “обще сходных между собой”; 2. Агульны сшытак з рукапісам, на першай старонцы якога запіс “Сентябрь 1961 года”, на апошняй – запіс, які пачынаўся словамі: “Сначала возникла идея создания драмкружка”; 3. Агульны сшытак з рукапісам, на другім аркушы якога запіс, што пачынаўся словамі “Горький. История русской литературы”, на апошняй – запіс “Табу!”; 4. Агульны сшытак з рукапісам, на першай старонцы якога запіс “Первый раздел – обязательно, начать 28.1.61 г.”, на апошняй – запіс “Побеждает то, что сильнее”; 5. Агульны сшытак з рукапісам, на першай старонцы якога запіс “Бетховен. Лист”, на апошняй – запіс, які пачынаўся словам “Калуга”; 6. Блакнот, на першай старонцы якога запіс “Здравствуй, Фред!”; 7. Вучнёўскі сшытак з рукапісам, на вокладцы надпіс: “Минск, улица Энгельса, 32а, квартира 11, Киму Хадееву”; 8. Агульны сшытак з рукапісам, які пачынаўся словамі “Стефания Гродзеньска” [42]; 9. Агульны сшытак з рукапісам, на другой старонцы якога запіс “Я в старом парке”; 10. Аркуш з кнігі з партрэтам Гітлера; 11. Тры паштовыя маркі з партрэтам Гітлера; 12. Улётка “С Богом за работу”, надрукаваная ў тыпаграфіі [43]; 13. Аркуш з вучнёўскага сшытка з рукапісам, які пачынаўся словам “Характеристика”; 14. Аркуш з блакнота “с адресами на иностранном языке”; 15. Рукапіс на 15 аркушах, які пачынаўся са слоў “Кабинет следователя” і заканчваўся словамі “В борьбе за это” [44].

Маркі з Гітлерам і ўлётку часоў акупацыі Эдуард Гарачы набыў з мэтай калекцыянавання. Іх, натуральна, не вярнулі, але на судовым працэсе іх захоўванне ў віну не ставілі. На следстве Гарачы казаў, што хацеў сыграць ролю Гітлера ў тэатры, а ў інтэрв’ю адзначыў, што следчыя яўна хацелі б падлавіць яго на неафашызме ці сімпатыях да Гітлера, што ўзмацняла б пазіцыю абвінавачання [45].

Што паслужыла штуршком да крымінальнай справы? Эдуард Гарачы ў інтэрв’ю журналістцы Надзеі Белахвосцік [46] вылучыў дзве версіі, якія супярэчаць адна адной. Першая: за кнігамі Уліціна “палявалі” і не маглі іх знайсці ў Маскве. Гэта малаімаверна: знайсці кнігі Уліціна ў Маскве было вельмі проста, як паказалі вобшукі, праведзеныя КДБ у Асаркана і самога Уліціна. Другая версія: Гарачага здаў калега па тэатры. Гэта гучыць значна больш праўдападобна, але застаецца пытанне: ці не быў калега загадзя завербаваны і падасланы дзяржбяспекай? Хутчэй, КДБ распрацоўваў у цэлым групу Хадзеева. Група была дастаткова палітычна бяскрыўдная, але менавіта распаўсюд самвыду супрацоўнікі КДБ змаглі падаць як “антысавецкую дзейнасць”. Дзеля збору доказаў для фабрыкацыі справы і мог быць падасланы агент.

У інтэрв’ю Ірыне Раманавай версія Гарачага выглядае значна больш складнай і лагічнай: “Скорее всего, это были агентурные сведения из Москвы: «К вам направились книги. К кому направились?»” [47]. Тое, што ў Маскве не каралася, зацікавіла мінскую палітычную паліцыю: пры адсутнасці рэальнага палітычнага падполля трэба было яго вынаходзіць.

Следчым па справе Гарачага выступаў старшы следчы КДБ старшы лейтэнант Аляксандр Данілавіч Гаралёў (1931–1999) [48]. Гаралёў давёў справу да перадачы ў пракуратуру пасля таго, як замяніў іншага следчага (магчыма, Васіля Саульчанку) [49], які не ўбачыў у дзеяннях Гарачага складу злачынства [50].

Сведкамі на працэсе выступалі наступныя асобы: 1. Тадэвуш Антонавіч Кокштыс (1934 г. н.), аднакурснік Гарачага па тэатральна-мастацкім інстытуце, з 1958 г. актор тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, потым – народны артыст Беларусі; 2. Генадзь Міхайлавіч Гарбук (1934–2018), таксама аднакурснік Гарачага, з 1958 г. – актор тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, з 1962 г. – актор тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, потым – народны артыст Беларусі; 3. Яўген Пятровіч Шабан (1936–1982), аднакурснік Гарачага, у 1958– 1965 гадах працаваў у тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, спачатку акторам, потым загадчыкам літаратурнай часткі; пазней, пакінуўшы акторскую кар’еру, стаў пісьменнікам, у тым ліку драматургам; 4. Сяргей Парфір’евіч Алейнікаў, які жыў на вуліцы Энгельса ў Мінску (на гэтай самай вуліцы жыў Кім Хадзееў і знаходзіцца Тэатр юнага гледача); 5. Леў Уладзіміравіч Бяссмертны, які жыў на вуліцы Даўгабродскай у Мінску; 6. Уладзімір Мікалаевіч Унукаў (1934 г. н.), актор, у далейшым рэжысёр, жыў на вуліцы Розы Люксембург у Мінску (Эдуард Гарачы жыў на суседняй вуліцы Карла Лібкнехта); 7. Рыма Фёдараўна Маленчанка (1935 г. н.), акторка, з 1955 г. працавала ў Тэатры юнага гледача, потым – жонка Уладзіміра Унукава; 8. Галіна Барысаўна Файнберг, студэнтка з кампаніі Кіма Хадзеева; 9. Вікторыя Анатолеўна Малочка, суседка Рымы Маленчанкі па кватэры ў доме 23 па праспекце Леніна; 10. Ларыса Міхайлаўна Кавалёнак, якая жыла ў Мінску на вуліцы Карла Маркса [51]. Паводле версіі следства і суда, Гарачы перадаваў кнігі Уліціна “Табу” і “Анты-Асаркан” для чытання Унукаву, Маленчанцы, Малочцы і Файнберг [52].

Паводле Эдуарда Гарачага, данёс на яго нехта з пералічаных (калега па Тэатры юнага гледача) [53]. Астатнія ж не абавязкова давалі паказанні супраць Гарачага. Напрыклад, Яўген Шабан на допытах распавядаў следчым “о театре, о том, как Горячий интересовался драматургией, Достоевским” [54].

6 чэрвеня 1962 г. Эдуард Гарачы быў асуджаны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР (старшыняваў суддзя Жыгуноў, народнымі засядальнікамі былі Еўдакімава і Чурынец). Гарачага прызналі вінаватым у “антысавецкай прапагандзе і агітацыі” і на падставе ч. 1 арт. 67 Крымінальнага кодэкса БССР пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ў “папраўча-працоўнай калоніі” ўзмоцненага рэжыму. Працягласць тэрміна суд патлумачыў наступным чынам: “При определении меры наказания суд учитывает содеянное Горячим, а также его первую судимость, чистосердечное признание своей вины, что преступление им совершено под влиянием Хадеева” [55].

Праз шмат гадоў Эдуард Гарачы задаваўся пытаннем, чаму асуджаны за распаўсюд самвыду быў ён адзін: “Но по странному стечению обстоятельств я, посторонний человек, влип, а они все в белых фраках. Понимаете. Это странно, мне кажется” [56]. Адразу адзначым, што Кім Хадзееў таксама пацярпеў ад “савецкай” юстыцыі, хоць і па-іншаму (гл. ніжэй). Можна меркаваць, што палітычнай паліцыі (КДБ) для дасягнення сваіх ведамасных мэтаў (рапарты вышэй пра выкрыццё “антысавецкай групоўкі”, павышэнне па службе) было дастаткова дваіх пакараных праз крымінальны працэс. Тое, што для арышту выбралі менавіта Гарачага, можна патлумачыць яго сацыяльным паходжаннем: сірата, маці – медсястра, без уплывовых сваякоў. Яшчэ адно тлумачэнне – узрост. Гарачы ў свае 25 гадоў быў адным са старэйшых у кампаніі Хадзеева, астатнія былі яшчэ студэнтамі і ім было каля 20 гадоў, а “органы” ў той перыяд мелі ясную арыентацыю на тое, каб у першую чаргу настаўляць моладзь на “слушны” шлях (гл. ніжэй пра “прафілактыку”) і выкарыстоўваць зняволенне толькі ў выключных выпадках [57].

Кім Хадзееў быў не асуджаны, а накіраваны на прымусовае “лячэнне” па тым самым артыкуле 67 ч. 1 КК БССР як “псіхічнахворы, які з’яўляецца па сваім псіхічным стане і характары ўчыненага ім грамадска небяспечнага дзеяння асабліва небяспечным для грамадства” [58]. На “лячэнне” ён быў адпраўлены са следчага ізалятара КДБ БССР у Мінску зноў у Ленінградскую спецпсіхбальніцу, дзе прабыў з 29 траўня 1962 г. да 8 ліпеня 1963 г. Быў вызвалены ад прымусовага “лячэння” згодна з вызначэннем Мінскага абласнога суда ад 25 чэрвеня 1963 г. [59]

Эдуард Гарачы лічыў, што Хадзееў панёс больш лёгкае пакаранне, чым ён: “Он не сидел, он лечился. В психушке, причём довольно… Как потом выяснилось, у них даже палата не закрывалась. Они свободно ходили друг к другу” [60].

Сам Хадзееў не любіў распаўсюджвацца пра гэты побыт у псіхіятрычнай турме. Але ёсць падставы меркаваць, што ён быў менш прыемным, чым у 50-я гады: адсотак палітычных зняволеных у Ленінградскай СПБ прыкметна зменшыўся, у спецыяльных псіхіятрычных бальніцах пашырыліся тэрор санітараў (якія набіраліся з крымінальных зняволеных) і прымусовы прыём фармацэўтычных прэпаратаў (“лекаў”), усе з якіх мелі моцныя прамыя і пабочныя эфекты [61]. Калі ў познія сталінскія гады спецпсіхбальніца ў параўнанні з лагерамі здавалася менш складаным выпрабаваннем [62], то ў пачатку 60-х лагер для “палітычных” у Мардовіі быў менш жорсткім, чым спецпсіхбальніца [63]. За колькі месяцаў перад выпіскай “хворы” трапляў у аддзяленне з аблегчаным рэжымам утрымання: “десятое отделение, самое лучшее, где даже на день отпирали камеры и можно было ходить по коридору, – единственное отделение, где не было террора санитаров. <…> На десятом отделении скопилось, естественно, больше всего политических – примерно 35–40 человек из пятидесяти пяти” [64]. Але перад гэтым трэба было прайсці праз іншыя аддзяленні: “В сущности, Ленинградская спецбольница была обычной тюрьмой с камерным содержанием, ограничениями на переписку и пищу, с решетками, колючей проволокой, забором и вооруженной охраной. <…> Кроме обычных тюремных тягот были еще и все тяготы психиатрической больницы: бессрочное заключение, принудительное лечение, побои и полное бесправие. И жаловаться было некому – любая жалоба оседала в твоей истории болезни, рассматривалась как доказательство твоего безумия. Никто из нас не был уверен, что мы выберемся отсюда живыми. <…> Кругом царили безразличие, равнодушие, цинизм. Как хирурга не волнует вид крови, а служителя морга – вид трупов, так и здешним сестрам, санитарам, врачам была привычна жестокость. Само собой разумелось, что больной – не человек, не может и не должен иметь каких-то желаний или человеческих чувств, и некоторые врачи вполне откровенно называли больницу «наш маленький Освенцим»” [65].

Тэма псіхіятрычных рэпрэсій у БССР застаецца нераспрацаванай у літаратуры [66]. У БССР існавала псіхіятрычная турма (спецпсіхбальніца) пры Магілёўскай турме [67]. Хоць аўтарам артыкула невядомыя выпадкі накіравання палітзняволеных судамі БССР у спецпсіхбальніцу пры Магілёўскай турме, палітзняволеных маглі па рашэнні судоў БССР накіроўваць у спецпсіхбальніцы, якія знаходзіліся ў РСФСР (Кім Хадзееў, Вячаслаў Зайцаў [68]), або без судовых рашэнняў прымусова змяшчаць у грамадзянскія псіхбальніцы БССР (Анатоль Сідарэвіч [69], Міхась Кукабака [70], Лідзія Валенда [71], Іван Карэйша [72] – усе гэтыя прыклады адносяцца да часоў праўлення Брэжнева). У Магілёўскай спецпсіхбальніцы былі зняволеныя прынамсі чацвёра палітвязняў з іншых рэспублік СССР: Віктар Нязнанаў, Яанус Піхельгас, Васіль Спіненка і Леў Убожка [73]. У некаторых выпадках (Генрых Фарпостаў, Станіслаў Тамашэвіч) [74] жыхароў БССР змяшчалі ў псіхіятрычныя турмы або грамадзянскія псіхбальніцы РСФСР без удзелу псіхіятраў і судоў БССР. Толькі ў 1957 г. і першым квартале 1958 г. на прымусовае “лячэнне” судамі БССР было накіравана 13 “дзяржаўных злачынцаў” (у гэтую катэгорыю траплялі як палітзняволеныя, так і ваенныя злачынцы часоў Другой сусветнай вайны) [75]. Створаная ў 1990 г. пры Вярхоўным Савеце БССР Часовая камісія па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах задакументавала каля 150 выпадкаў злоўжывання псіхіятрыяй у БССР (пераважна яны адносіліся да 70-х і 80-х гадоў). Прафесійныя псіхіятры пісьмова выказвалі сваю незадаволенасць дзейнасцю камісіі, а летам 1992 г. з кабінета ў Доме ўрада зніклі ўсе яе дакументы [76]. Беларускія псіхіятры працягвалі адмаўляць існаванне карнай псіхіятрыі. У 1994 г. на канферэнцыі ў Кіеве, прысвечанай тэме карнай псіхіятрыі ў былым СССР, тагачасны старшыня праўлення Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі Раман Еўсягнееў заявіў: “Мы правялі грунтоўнае расследаванне і не знайшлі аніводнага дысідэнта, якога б заключылі ў псіхіятрычную бальніцу ў Беларусі” [77].

Хоць заключэнне ў псіхіятрычную турму і было вельмі жорсткім пакараннем, але паколькі на афіцыйным узроўні наяўнасць карнай псіхіятрыі не прызнавалася і замоўчвалася, то і запалохаць нонканформных грамадзян псіхіятрычнай турмой было складана – большасць з іх пра такую форму палітычнага “перавыхавання” нічога не чула, а многія з тых, што чулі (як Эдуард Гарачы), думалі, што гэтая форма пакарання лёгкая. Псіхіятрычныя турмы служылі для бестэрміновай ізаляцыі некаторых палітычных апанентаў уладаў, але не маглі выконваць функцыю застрашвання насельніцтва, не спынялі тыя ці іншыя нонканформныя дзеянні.

Эдуард Гарачы пра свой досвед зняволення распавядаў больш, чым Кім Хадзееў. Мардоўскі лагер, дзе ён прабыў больш за паўтара года, складаўся з “дзяржаўных злачынцаў”. З аднаго боку, гэта былі людзі, што здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці ў гады Другой сусветнай вайны, з другога – пасляваенныя партызаны (украінскія, літоўскія ды інш.), з трэцяга – маладзейшыя палітзняволеныя. Гарачы трапіў у кампанію палітзэкаў-інтэлектуалаў: “Наша семёрка выписывала журналов больше, чем весь город Саранск, столица Мордовской АССР. Причём я там впервые увидел журналы Американского географического общества. Это был шестидесятый, шестьдесят первый, шестьдесят второй год – можно было выписывать всё. И международные организации присылали посылки политзаключённым, литературу, гуманитарного характера, конечно. Но в шестьдесят втором, вот когда я приехал, стали прикрывать, прижимать. У нас был проигрыватель. У нас были пластинки Шостаковича, Бетховена. У нас не было уголовников. В шестьдесят третьем году появилась первая пара уголовников. <…> Я не учил никакого языка, способности к этому не имею. Я был самым презираемым человеком. Меня убедили, через полгода я стал учить польский язык, потому что белорусский рядом. <…> По два, по три языка учили, между собой разговоры, семинары. Это высшее общество” [78].

У лагеры Эдуард Гарачы пазнаёміўся з самымі рознымі палітычнымі зняволенымі: сярод іх былі нават такія палітычна рэдкія групы, як старыя беларускія нацыяналісты ці маладыя расійскія фашысты. У лагеры палітычныя зняволеныя стараліся трымацца разам, каб абараніцца ад сваволі адміністрацыі, і не практыкавалі канфліктаў з-за розніцы ў палітычных поглядах.

Але цяжкасці зняволення адчуваліся. Нягледзячы на тое, што Гарачы працаваў, заробленых на лагернай працы грошай не хапала на прыстойнае харчаванне, а лагерны побыт і цяжкая фізічная праца пагоршылі здароўе: “Мне из дому присылали деньги, чтобы я мог что-то купить, так получалось. Потому что оттуда я вышел с язвами – язвой желудка, двенадцатипёрстной кишки, потом мне делали операцию. <…> И напряжение, и нервы, зубы выпадать стали, волосы первые седые появились”.

Эдуард Гарачы адбыў поўны тэрмін зняволення – два гады.

У многіх выпадках, як і ў выпадку Гарачага, самі зняволеныя пасля вызвалення трымаліся далей ад усіх спраў, якія можна было б успрыняць як палітычную фронду. Таксама такое зняволенне ўплывала на блізкае атачэнне палітычнага вязня: удзельнікі кампаніі Хадзеева сталі больш асцярожнымі. Але ў гэтым выпадку, як і ў многіх іншых, пакаранне прыйшло за даволі бяскрыўдныя дзеянні (захоўванне і перадачу літаратурна-мастацкага самвыду). У іншых выпадках такія ж дзеянні прыводзілі да страты працы (выключэння з універсітэта) ці толькі да камсамольскіх ці партыйных спагнанняў, або наогул не вялі да пакарання. Наўрад ці такое выбарачнае прымяненне пакарання прыводзіла да масавай адмовы ад распаўсюду самвыду (ці ад іншых практык, якія не заахвочваліся). З іншага боку, частка зняволеных, трапіўшы ў асяроддзе сабе падобных, умацоўвалася ў поглядах, наладжвала сувязі з іншымі палітычнымі актывістамі (у тым ліку з іншых рэгіёнаў СССР) і пасля выхаду з мардоўскіх лагераў працягвала нонканформную дзейнасць на іншым узроўні, з большым досведам і большай сеткай кантактаў.

“Прафілактыка”. Пакуль Хадзееў і Гарачы знаходзіліся пад следствам, з астатнімі ўдзельнікамі кампаніі праводзілі “прафілактычныя меры”. З хрушчоўскіх часоў слова прафілактыка ўвайшло ў прафесійны жаргон супрацоўнікаў КДБ як спецыяльны тэрмін [79]. “Прафілактыка” вызначалася як “деятельность, проводимая органами Советского государства и общественными организациями и направленная на предупреждение государственных преступлений, политически вредных проступков и других действий, затрагивающих интересы государственной безопасности СССР… путем оказания воспитательного воздействия на политически и морально неустойчивых граждан, которые могут совершить такие преступления и проступки” [80]. КДБ актывізаваў “прафілактычную дзейнасць” з сярэдзіны 50-х гадоў [81], а асабліва пасля даклада Хрушчова на ХХІ з’ездзе КПСС 27 студзеня 1959 г., у якім пры абмеркаванні злачыннасці і правапарушэнняў было абвешчана: “Главное – это профилактика, воспитательная работа” [82]. Неадкладна пасля з’езду рэгіянальныя падраздзяленні КДБ сталі заахвочваць сваіх падначаленых ужываць “прафілактыку”. Так, 1 красавіка 1959 г. намеснік старшыні КДБ Літоўскай ССР разаслаў “на месцы” ліст, у якім запытваў звесткі пра паспяхова праведзеныя “прафілактычныя мерапрыемствы” [83]. А 15 чэрвеня 1959 г. быў выпушчаны загад КДБ СССР “Пра задачы органаў дзяржаўнай бяспекі ў сувязі з рашэннямі ХХІ з’езда КПСС”, які замацаваў прыярытэтную ролю “прафілактыкі” [84].

Не было ясных крытэраў, што будзе пакарана па крымінальным кодэксе, а дзе будзе прымяняцца толькі “прафілактыка”. “Прафілактыка” дазваляла трымаць адкрытыя праявы палітычнай незадаволенасці на прымальным для ўладаў узроўні, і ў той жа час не перапаўняць месцы зняволення палітвязнямі, таму з гадамі яна станавілася ўсё больш пашыранай. Але нават у раннія гады яе выкарыстоўвалі вельмі шырока. Як заяўлялася ў адной са справаздач КДБ у ЦК КПСС, у першай палове 1962 г. 105 чалавек было асуджана за напісанне і распаўсюд “антысавецкіх” дакументаў, а 568 прайшлі за тыя самыя дзеянні праз “прафілактыку” [85].

“Прафілактычныя меры” ў дачыненні да ўдзельнікаў кампаніі Хадзеева выглядалі наступным чынам: па месцах іх вучобы праводзіліся камсамольскія сходы, на якіх з асуджэннем “вінаватых” студэнтаў выступалі супрацоўнікі КДБ [86], універсітэцкае начальства, партыйны і камсамольскі актыў і некаторыя беспартыйныя выкладчыкі. Часам публічна каяліся самі “вінаватыя” студэнты (напрыклад, Анатоль Пестрак [87]). У Белдзяржуніверсітэце такія сходы прайшлі на філалагічным факультэце (на ім “бічавалі” Буткевіча, Коблю і Грошаву) [88], на хімічным факультэце (выключалі з камсамола Анатоля Пестрака) [89] і агульнаўніверсітэцкі (ганілі Яўгена Шыдлоўскага) [90]. Адбыліся сходы і ў Інстытуце замежных моў, і ў Політэхнічным інстытуце [91]. У выніку прымаліся рашэнні або пра выключэнне з камсамола, або пра камсамольскае спагнанне (напрыклад, строгая вымова з занясеннем ва ўліковую картку). Выключэнне з камсамола звычайна цягнула за сабой выключэнне з універсітэта. Варта адзначыць, што большасць адлічаных з ВНУ потым змагла завяршыць адукацыю. Некаторыя ўзнавіліся пасля года працы на заводзе (напрыклад, Сяргей Буткевіч такім чынам скончыў філфак БДУ) [92], некаторыя пераехалі ў іншыя гарады і паступілі ў ВНУ там: напрыклад, адлічаная з Беларускай кансерваторыі Тамара Дворкіна (Корвін) у 1964 г. паступіла ў Ленінградскую кансерваторыю [93].

Таксама КДБ шырока прымяняў “прафілактычныя гутаркі” [94]. Трэба думаць, што некаторыя з выкліканых у КДБ некалькіх дзясяткаў удзельнікаў кампаніі Хадзеева прайшлі не праз допыты (у статусе сведак), а менавіта праз “прафілактычныя гутаркі” (без працэсуальнага статусу). Калі публічныя сходы павінны былі аказаць “выхаваўчае” ўздзеянне ў першую чаргу на публіку, то “гутаркі” – толькі на таго, з кім размаўлялі супрацоўнікі КДБ.

Няпэўнасць пасылу: што пра групу Хадзеева магла даведацца шырокая публіка. На камсамольскіх сходах з асуджэннем студэнтаў з кампаніі Хадзеева праяўляўся характэрны для супрацоўнікаў КДБ і часткі партыйнага кіраўніцтва паранаідальны светапогляд: паколькі існаванне ўнутраных прычын для незадаволенасці насельніцтва СССР адмаўлялася, усе праявы незадаволенасці тлумачыліся шкодным уздзеяннем звонку. Крыху пазней, у 1963 г., многія праявы культурнай разнастайнасці ці моды на заходняе будуць абвешчаны вынікам “ідэалагічнай дыверсіі” разведак ЗША да іншых “варожых” краін (гл. пра гэта ніжэй). Пакуль жа гаворка ішла пра “барацьбу ідэалогій”: нягледзячы на абвешчаны курс на мірнае суіснаванне сацыялістычных і капіталістычных краін, КПСС дэкларавала сваю гатоўнасць весці “ў галіне ідэалогіі… непрымірымую класавую барацьбу” [95].

Кнігі Уліціна, якія распаўсюджваў Хадзееў, бачыліся “варожымі” (хай сабе тыя, хто так казаў, і не чыталі гэтых кніг – узгадайма кампанію вакол “Доктара Жывага” Пастэрнака), а сам Хадзееў – ледзь не “агентам сіл рэакцыі”. Вось як безыменны партфункцыянер з філалагічнага факультэта БДУ выказаўся з нагоды разгляду персанальных спраў студэнтаў Буткевіча, Коблі і Грошавай з кампаніі Хадзеева: “Нам, филологам, нельзя ни на минуту забывать о том, что литература – область идеологии. Современная реакция ведёт ожесточённую борьбу против литературы, открыто связанной и с идеалами коммунизма. Реакция стремится дискредитировать духовные ценности, созданные и создаваемые в нашей стране. Мы, со своей стороны, далеко не всегда даём отпор агрессивным наскокам на творческие достижения нашей литературы, на наши теоретические концепции” [96].

На гэтых сходах здараліся сітуацыі, калі ў віну студэнтам ставіліся абсалютна нявінныя нават з афіцыйнага пункту гледжання рэчы, напрыклад, рэктар БДУ Сеўчанка дакараў Яўгена Шыдлоўскага за захапленне афіцыйна выдадзенымі творамі Іллі Эрэнбурга [97], цалкам афіцыйнага савецкага пісьменніка, віцэ-прэзідэнта Сусветнага савета міру, хай сабе і крытыкаванага часам за “аб’ектывізм і беспрынцыпнасць” [98]. Мемуары Эрэнбурга “Людзі, гады, жыццё” прапусціў у друк ЦК КПСС – кожная часопісная публікацыя, кожны кніжны том гэтых успамінаў праходзілі праз непасрэдны кантроль апарату ЦК [99].

Тут жа прынагодна згадваліся іншыя падазроныя групы студэнтаў. Так намеснік сакратара партбюро філфака БДУ Соф’я Лысенка ў адным са сваіх выступаў на партсходах згадала ў сувязі з адлічэннем Сяргея Буткевіча наступнае: “На 2 курсе русского отд[еления] по рукам ходил до недавнего времени рукописный сборник «Новейший Декамерон» с гаденькими стишками (авторы: Бурдилова, Буйкевич, Минич, Артемьева, Яскевич). Есть на 4 курсе рус[ского] отд[еления] студенты, которые испытывают тягу к пессимистической литературе Запада и стараются противопоставить её достижениям нашей советской литературы” [100]. І тут мы бачым протасамвыд, літаратуру ў спісах, якая цыркулявала ў блізкіх, але іншых колах. Цікава, што шматтыражка БДУ зблытала Буйкевіч (Буйкевіча?) з другога курса аддзялення рускай мовы і літаратуры (група “Найноўшага Дэкамерону”) з Буткевічам з чацвёртага курса аддзялення журналістыкі (група Хадзеева): “Паводзіны, інтарэсы і запатрабаванні савецкага студэнта павінны знаходзіцца ў арганічным адзінстве з яго перадавымі перакананнямі, з яго светапоглядам. Аднак не ўсе разумеюць ці не хочуць разумець гэтага. Ці не аб гэтым гаворыць захапленне нізкапробнымі вершамі з боку студэнтаў 2 курса аддзялення рускай мовы і літаратуры Арцем’евай, Бурдзіловіч і Буткевіча? Якраз аб гэтым. Ад дрэннага густу да дрэннага ўчынка (вышэй у артыкуле абмяркоўвалася распачатая іншымі студэнтамі БДУ п’яная вулічная бойка. – У. В., І. Р.) – адзін крок. Таму нельга праходзіць міма падобных з’яў, не дапамагчы своечасова ўсведаміць свае памылкі” [101].

Але тое, што аўтары нататкі зблыталі студэнтаў з дзвюх розных кампаній, сімптаматычна. У афіцыйных тэкстах і прамовах часта змешваліся ў адну кучу п’янства, бойкі, самага рознага роду палавыя эксцэсы, навамодныя танцы, непажаданая літаратура і літаратура забароненая, і аб’ядноўвалася гэта ўсё пад агульнай фразай “амаральныя праступкі”. У выніку рэцыпіенты выказвання (чытачы, слухачы) не маглі скласці дакладнага ўяўлення, што ў СССР амаральна, а што – не, бо, напрыклад, ужыванне алкаголю “ў меру” і ўдзел у танцах былі сацыяльнай нормай, крытыка якой гучала недарэчна.

Што за “песімістычная літаратура Захаду” згадвалася Соф’яй Лысенкай? Хутчэй за ўсё, меліся на ўвазе пісьменнікі, чые творы выходзілі ў той час у СССР у перакладах цалкам афіцыйна (напрыклад, Рэмарк, Хэмінгуэй) або сталі даступнымі ў бібліятэках пасля працяглага часу знаходжання ў спецхране (напрыклад, Гамсун, Дос Пасас). Гэтую літаратуру чыталі ў тым ліку і ў кампаніі Хадзеева. Маладыя людзі з кампаніі Хадзеева і тыя, што не ўваходзілі ў кампанію, абмяркоўвалі толькі што прачытаныя літаратурныя “навінкі” (“навінкам” магло быць некалькі дзесяцігоддзяў) у курылцы Дзяржбібліятэкі БССР [102].

Калі партыйныя актывісты ставілі ў віну студэнтам чытанне афіцыйна выдадзенай у СССР літаратуры, лінія паміж дазволеным і недазволеным канчаткова размывалася. Дэмаркацыя станавілася незразумелай для адных (чытачоў) і давала магчымасці вольнага трактавання іншым (партыйным актывістам). Высновы з гэтага частка моладзі магла зрабіць наступныя: раз сёння дазволены нялюбыя партактыву Эрэнбург і “песімістычныя пісьменнікі Захаду”, а рукапісны “Новы Дэкамерон” хоць і непажаданы, але не да канца (у сэнсе – не да крымінальнага пераследу) забаронены, то заўтра могуць стаць дазволенымі творы Уліціна, – навошта тады пераставаць іх чытаць? У нейкім сэнсе так і адбылося – больш крымінальных спраў за распаўсюд твораў Уліціна ў СССР не заводзілі (што праўда, Уліцін пасля 1962 г. змяніў сваё пісьмо).

Справа Хадзеева і Гарачага калі і не аказала прыкметнага ўплыву на літаратурны працэс у цэлым, то прама паўплывала на творчасць Паўла Уліціна. Пісьменнік, які перажыў канфіскацыю ўсіх сваіх твораў у час ператрусу і чаканне арышту з дня на дзень, стаў значна больш палітычна асцярожны ў творах: “Я и слов-то таких не употребляю на своей машинке: «сталинские преступления», «этический знак эпохи». Впрочем, мне тоже пришлось отказаться от таких слов, как «комедия всенародного голосования», например” [103].

Для “прафілактыкі” выкарыстоўвалася таксама прэса. Студэнтаў – удзельнікаў кампаніі Хадзеева асуджалі ў шматтыражцы “Беларускі ўніверсітэт”, але ў такой форме, што было складана здагадацца, у чым менавіта іх віна: “маюцца выпадкі палітычнай несвядомасці асобных студэнтаў” [104]. Ці: “Так, я лічу сябе віноўным, – гаворыць ён [Анатоль Пестрак]. – У мяне не хапіла смеласці і прынцыповасці парваць з маральна разлажыўшайся групай Хадзеева. Я заслугоўваю суровага пакарання, але не лічу сябе чалавекам кончаным”. І далей тамсама, але ўжо ад аўтара нататкі: “Аказалася, што Анатоль выпадкова пазнаёміўся з Хадзеевым яшчэ ў 9 класе і падтрымліваў з ім сувязь, як ён выразіўся, ад няма чаго рабіць. Збіраліся ў Хадзеева, гулялі ў бязглуздую гульню «лухта»” [105]. Публікацыі ў газетах павінны былі не толькі выкрываць і служыць пакараннем для тых, хто трапіў на іх старонкі, але і выхоўваць чытачоў. Але з такіх фармулёвак няпроста было зразумець, што менавіта рабіць нельга. Наўрад ці нават самыя верныя лініі партыі студэнты ўсур’ёз маглі ўспрымаць, што нельга гуляць у гульню “лухта”. Практычныя высновы з такіх артыкулаў студэнт мог вынесці прыблізна наступныя: нельга рабіць тое, што забараняе ў дадзены момант начальства. А паколькі межы дазволенага пастаянна змяняліся, то фактычна ніякія канкрэтныя забароны не агучваліся.

Акурат у той час, калі Гарачы адбываў пакаранне, а Хадзеева гвалтоўна “лячылі”, у “ідэалагічнай працы” партыі адбываліся перамены. 25 красавіка 1963 г. Прэзідыум ЦК КПСС абмеркаваў “ідэалагічную працу”, у тым ліку кіраванне культурнай прадукцыяй [106]. Па слядах гэтага абмеркавання ў ліпені 1963 г. прайшоў Пленум ЦК КПСС, цалкам прысвечаны “ідэалагічнай працы”. На пленуме быў уведзены ў шырокі зварот канцэпт “ідэалагічныя дыверсіі”. Калі раней казалі пра барацьбу ідэалогій, то цяпер – пра супрацьстаянне “ідэалагічным дыверсіям праціўніка” [107]. Прапаноўваўся, па сутнасці, паранаідальны погляд на свет: усе і ўсё (турысты, якія прыязджалі ў СССР, літаратура, музыка, выяўленчае мастацтва, спажывецкія тавары, ды многае іншае) з несацыялістычных краін абвяшчалася патэнцыйна падазроным (рыторыка гэтая, вядома, выкарыстоўвалася выбарачна, бо паслядоўна праводзіць яе ў жыццё было б немагчыма) [108]. Пасля Пленума было прынята і адпаведнае рашэнне Калегіі КДБ СССР аб “барацьбе з ідэалагічнымі дыверсіямі праціўніка” [109]. Сама па сабе ўсеагульная падазронасць да замежнага для СССР была не новай: яна квітнела і ў 30-я гады, і ў гады кампаніі па барацьбе з “касмапалітызмам”. Але ў дадзеным выпадку рыторыка разыходзілася з практыкай: краіна працягвала адкрывацца для сусветнай эканомікі, навукі, мастацтва, колькасць міжнародных кантактаў расла, і ў гэтым мностве прапаноўвалася аддзяліць карысныя сувязі ад “ідэалагічных дыверсій”.

Ужо ў верасні 1963 г. КДБ БССР выпусціў у трох нумарах “Советской Белоруссии” вялікі артыкул “Пропаганда со взломом. О некоторых формах и методах идеологических диверсий противника”. Знайшлося ў артыкуле месца і Кіму Хадзееву з кампаніяй. Хадзееў, згодна з артыкулам, “проповедовал дух упадничества, пессимизма и антипатриотического нигилизма”, а значыць – ажыццяўляў “непосредственную подготовку к предательству, к измене Родине” [110].

Гэта толькі адзін з прыкладаў таго, як палітычныя кампаніі ў СССР маглі адбівацца на палітзняволеных – у дадзеным выпадку, хутчэй, на іх рэпрэзентацыі ў СМІ, чым на рэальным лёсе. Бо ў рэальным жыцці Кім Хадзееў на момант выхаду артыкула ўжо выйшаў са зняволення, а потым працягнуў збіраць вакол сябе цікаўную моладзь, якая шукала недаступных праз афіцыйныя каналы ведаў. Большасць удзельнікаў кампаніі пачатку 60-х спыніла з ім стасункі (працягваў іх, напрыклад, Анатоль Пестрак), але пастаянна з’яўляліся новыя цікаўныя маладзёны. У кампаніях Хадзеева працягваў цыркуляваць самвыд, а пазней з’явіўся і тамвыд [111]. КДБ і надалей сачыў за асяроддзем Хадзеева, але больш ніколі не арыштоўваў ані самога Хадзеева, ані іншых удзельнікаў яго кампаніі. Такім чынам, згадка Хадзеева ў артыкуле “Пропаганда со взломом” выглядала вельмі двухсэнсоўна, ледзь не як заахвочванне да знаёмства з Хадзеевым: з аднаго боку Хадзееў “ажыццяўляў непасрэдную падрыхтоўку да здрады Радзіме” (і варта было б чакаць за такое вельмі жорсткага пакарання), а з іншага – на час публікацыі артыкула ўжо вызвалены хадзіў па цэнтры беларускай сталіцы (а значыць нават “падрыхтоўка да здрады Радзіме” – не смяротны грэх, што ўжо казаць пра нейкі там распаўсюд самвыду).

Для Эдуарда Гарачага зняволенне было вялікім псіхалагічным стрэсам, ад якога ён не адышоў да сёння. Празмерную падазронасць да навакольных, якая ў яго сфармавалася, сам актор ахарактарызаваў словамі: “Полное недоверие к этой жизни” [112]. Пасля вызвалення ён знайшоў працу ў Магілёўскім абласным тэатры (у мінскіх тэатрах яго на працу не бралі), але да лета 1965 г. быў не здольны іграць на сцэне (а толькі ў масоўцы). У першы час пасля вызвалення ён падтрымліваў стасункі з некаторымі прыяцелямі па лагеры, але гэтыя кантакты не атрымалі працягу. У 70-я гады Эдуард Гарачы працягваў цікавіцца калі не самвыдам, то дарэвалюцыйнымі выданнямі са спецсховаў (напрыклад, працамі расійскага філосафа Мікалая Фёдарава) [113]. Да канца 80-х гадоў Гарачы заставаўся “невыязным” нават у краіны “народнай дэмакратыі” – яго не бралі на гастролі мінскага Тэатра імя Горкага ў Венгрыі і ГДР. З Кімам Хадзеевым ён больш не кантактаваў.

Высновы. На прыкладзе крымінальнай справы Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага 1962 г. мы змаглі разгледзець, як у БССР часоў “адлігі” ўлады спрабавалі ўсталяваць межы нонканформнасці. Галоўным рэгулятарам выступаў ЦК КПСС, па ўказанні якога мясцовыя партыйныя органы і апарат дзяржбяспекі праводзілі карную і “папераджальную” (“прафілактычную”) дзейнасць супраць індывідаў, якія “няслушна” сябе паводзілі, і груп такіх індывідаў. З іншага боку, нонканформныя грамадзяне пастаянна “доследным парадкам” намацвалі межы магчымага – пакуль не сустракаліся з перашкодамі, пастаўленымі партыяй і карнымі органамі. (Некаторых такія перашкоды не спынялі – яны станавіліся адкрытымі крытыкамі ўрада і савецкіх парадкаў; але такія крытыкі засталіся па-за межамі нашага артыкула.)

У публічным дыскурсе аб’ектыўныя прычыны для незадаволенасці насельніцтва СССР (напрыклад, наяўнасць цэнзуры ці падзенне ўзроўню жыцця ў выніку павышэння цэнаў) адмаўляліся, усе праявы нонканформнасці тлумачыліся шкодным уздзеяннем звонку (замежнымі ўплывамі) ці асабістымі заганамі незадаволеных (нізкім маральным узроўнем), ці нават іх “ненармальнасцю” (псіхічнымі захворваннямі).

Калі ўлады ў БССР / СССР сутыкаліся з непажаданымі і небяспечнымі для сябе праявамі вальнадумства і нонканформнасці, то ў справу ішоў даволі шырокі інструментарый для іх утаймавання. У крайніх, даволі рэдкіх выпадках выкарыстоўваліся турэмнае зняволенне ці карная псіхіятрыя (у тым ліку ў выглядзе зняволення ў псіхіятрычных турмах). У параўнанні з перыядам сталінізму ў час “адлігі” акцэнт рабіўся не на рэпрэсіях. Часцей прымяняліся “прафілактычныя меры”. Яны маглі складацца як з публічных (сходы з асуджэннем “вінаватых”, выключэнне з камсамола ці партыі, звальненне з працы ці выключэнне з навучальнай установы, камсамольскія і партыйныя спагнанні, газетныя артыкулы), так і з непублічных мераў (размовы з супрацоўнікамі КДБ ці з начальствам, у час якіх нонканформных асоб запалохвалі прымяненнем разнастайных адміністрацыйных мераў). Трэба адзначыць, што ў пачатку 60-х гадоў КДБ стараўся працаваць у межах “сацыялістычнай законнасці” і рэдка практыкаваў відавочна незаконныя “прафілактычныя меры” (напрыклад, збіццё “невядомымі”).

Аднак эфектыўнасць прынятых мераў была адносна нізкай. З аднаго боку, дасягалася вонкавая паслухмянасць. З іншага боку, межы забароненага, агучаныя пры публічнай “прафілактыцы”, былі невыразнымі і часта змяняліся. Агульны пасыл зводзіўся да таго, што забаронена тое, што ў дадзены момант забараняе цэнтральнае ці мясцовае начальства. Да таго ж у большасці выпадкаў санкцыі за непажаданыя дзеянні не прымяняліся або былі мінімальныя. Гэта прыводзіла да далейшага распаўсюду непажаданых практык (напрыклад, пісання, чытання і памнажэння самвыду).

Часта ўлады выбіралі аб’ектам атакі такія праявы нонканформнасці, якія самімі нонканфармістамі ўспрымаліся як палітычна бяскрыўдныя. Часам такі выбар тлумачыўся вузкімі ведамаснымі інтарэсамі (напрыклад, інтарэсамі КДБ). Гэта таксама не дапамагала ўсталяваць выразную “чырвоную лінію” паміж дазволеным і забароненым

Часам пакаранне за палітычныя “правіны” магло быць вельмі жорсткім (напрыклад, зняволенне ў псіхіятрычную турму). Але паколькі на афіцыйным узроўні наяўнасць карнай псіхіятрыі і катаванняў у месцах зняволення не прызнавалася, то гэтыя спосабы пакарання наўрад ці маглі застрашыць усіх наяўных ці патэнцыйных нонканфармістаў.

Большасць жыхароў БССР разумела, што, напрыклад, напісанне ўлётак з адкрытымі заклікамі да звяржэння КПСС ці стварэнне падпольнай арганізацыі з мэтай падрыхтоўкі паўстання можа прывесці ў турму. Але па-за гэтымі відавочна забароненымі рэчамі заставалася шырокая “шэрая зона” не дазволенага, але і не забароненага адназначна, і ў гэтай “шэрай зоне” адбывалася шмат значных падзей грамадскага жыцця.

 

The Nonconformity in Minsk of the Thaw period: The case of Kim Chadziejeŭ and Eduard Haračy (1962)

Uladzimir Valodzin, Iryna Ramanava

On the example of the criminal case of Kim Chadziejeŭ and Ėduard Haračy, the authors of the article discuss how limits to nonconformity were delineated by authorities in the BSSR during the Thaw.

On the one hand, central and local party organisations and state security apparatus conducted punitive and ‘prophylactic’ activities against individuals and groups who behaved politically ‘wrong’. On the other hand, nonconforming citizens constantly tried out the limits of possible – until they faced obstacles placed by the party or the law enforcement.

Authorities of the BSSR/USSR had at their disposal a wide selection of taming instruments. On extreme, rare occasions imprisonment or punitive psychiatry were used. Much more often authorities resorted to the so-called “prophylactic measures.” Such measures were both public (meetings with condemnation of ‘wrongdoers’, Komsomol and party censure, dismissal from a job or expulsion from studies, newspaper articles) and non-public (talks with KGB operatives).

The efficacy of the measures taken was dubious. Exterior obedience was achieved, but the declared limits of permissible were unclear and unstable (they changed often). The main message aired during ‘prophylactic’ Komsomol and party meetings and in the press was that whatever local or central authorities declare banned is banned, but no clear distinction between things banned and things permitted was laid on the table. In majority of cases, there were no sanctions for transgression of these bans or sanctions were insignificant. This situation brought about further spread of unwanted practices (e.g. writing, reading and copying of samizdat).

Sometimes, like in the case of Chadziejeŭ and Haračy, authorities chose as an object for attack manifestations of nonconformity perceived as politically harmless by non-conformists themselves. This also did not help to set the clear distinction between the permitted and the banned.


[1] Нонканфармізм у Беларусі, 1953–1985: даведнік. Т. 1 / уклад. А. Дзярновіч. Мінск, 2004. С. 8.

[2] “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў ды іншыя: пераслед іншадумцаў за савецкім часам / уклад. У. Валодзін. Мінск, 2020.

[3] Някляеў У. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без: менскі раман. Мінск, 2012.

[4] Букчин С. Жизнь как хохма и прикол. О романе Владимира Некляева “Автомат с газировкой с сиропом и без” // Народная воля. 2013. 12 сакавіка. С. 6; Ваганаў С. Імя Мельцэрзона // Ён жа. Мосцік над вечнасцю: нарысы і эсэ. Смаленск, 2016. С. 166–169; Белохвостик Н. Актер Эдуард Горячий о Минске 60-х: “Мне повезло – посадили и все. А многих выгнали из комсомола” // Комсомольская правда в Белоруссии. 07.03.2013: https://www.kp.ru/daily/26043.3/2956466. Дата доступу: 31.07.2013.

[5] Нонканфармізм у Беларусі…; Astrouskaya T. Cultural dissent in Soviet Belarus (1968–1988). Intelligentsia, samizdat and nonconformist discourses. Wiesbaden, 2019.

[6] Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці (ДАМВ). Ф. 69п. Воп. 3. Спр. 174. Арк. 3–4; “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 10–11, 69, 80–81.

[7] З гутаркі Алега Белавусава і Кіма Хадзеева ў тэлеперадачы “Бар «У Олега»” // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 69–70.

[8] “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 67. Словы Хадзеева гучаць вельмі праўдападобна, але яны не пацвярджаюцца (таксама як і не абвяргаюцца) якімі-небудзь іншымі крыніцамі.

[9] Тамсама. С. 23. У кнізе гісторыя выключэння Кіма Хадзеева з універсітэта выкладзена ў дэталях.

[10] Тамсама. С. 27.

[11] З гутаркі Алега Белавусава і Кіма Хадзеева ў тэлеперадачы “Бар «У Олега»”… С. 71.

[12] Алфёров Ж. Наука и общество. С.-Петербург, 2005. С. 150–151.

[13] “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 51.

[14] З гутаркі Алега Белавусава і Кіма Хадзеева ў тэлеперадачы “Бар «У Олега»”… С. 76.

[15] Пра Э. Гарачага гл.: Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991: энцыкл. даведнік. Т. 3. Кн. 2. Мінск, 2005. С. 544; Нонканфармізм у Беларусі… С. 59–60.

[16] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым, Мінск, 2005 (у асабістым архіве І. Раманавай).

[17] Слова са штодзённай мовы кампанія было выкарыстана для апісання рэалій “адлігі” Людмілай Аляксеевай: “Компании появились в определенный период как социальный институт, востребованный обществом. У нашего поколения была психологическая, духовная, а возможно и физиологическая потребность открыть свою страну, свою историю и самих себя. В то время это можно было сделать только одним способом – посредством живого общения. <…> По вечерам мы собирались в тесных квартирах, читали стихи, предавались воспоминаниям, обменивались новостями. <…> Руководителей и наставников у нас не было, мы могли учиться только друг у друга. «Оттепель» стала для нас временем поиска альтернативной системы ценностей, собственного мировоззрения” (Алексеева Л., в соавторстве с П. Голдбергом. Поколение оттепели. Москва, 2006. С. 14, 91). У далейшым слова стала выкарыстоўвацца гісторыкамі як тэрмін: Fürst J. Friends in Private, Friends in Public: The Phenomenon of the Kompaniia among Soviet Youth in the 1950s and 1960s // Borders of Socialism: Private Spheres of Soviet Russia / ed. L. Siegelbaum. Basingstoke, 2006. P. 229– 250; Фирсов Б. Разномыслие в СССР, 1940–1960-е годы: история, теория и практика. С.-Петербург, 2008. С. 180–186, 455– 456; Tromly B. Making the Soviet Intelligentsia: Universities and Intellectual Life under Stalin and Khrushchev. Cambridge, 2014. P. 193–194. Апісанне кампаніі Буйняковых сярэдзіны 60-х, якая ў значнай ступені супадала з кампаніяй Хадзеева таго ж часу, дае Святлана Буйнякова: Буйнякова С. Вкусно, Вуша! // Ким. Великий прохожий. Вероятные истории / сост. А. Сушков и Е. Будинайте. Минск, 2019. С. 63–64.

[18] Тарас В. На высьпе ўспамінаў. Вільня, 2007. С. 316–317.

[19] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[20] З гэтым пагаджаюцца амаль усе аўтары зборніка ўспамінаў пра Хадзеева: Ким. Великий прохожий…

[21] Буйнякова С. Вкусно, Вуша! // Ким. Великий прохожий… С. 63–64.

[22] Некрасова М. Татьянин день // Тамсама. С. 53–61.

[23] Долинин В., Иванов Б., Останин Б., Северюхин Д. Самиздат Ленинграда, 1950-е – 1980-е. Литературная энциклопедия. Москва, 2003. С. 224.

[24] НAРБ. Ф. 205. Воп. 16. Спр. 210. Арк. 35 (“Об идейно-воспитательной работе на филологическом факультете”). Рукапіс (не датаваны, не падпісаны) змешчаны сярод дакументаў партарганізацыі БДУ, створаных у 1962 і 1963 г.; Інтэрв’ю Уладзіміра Валодзіна з Сямёнам Букчыным, Мінск, 1 красавіка 2018 (у асабістым архіве У. Валодзіна).

[25] У інтэрв’ю да выхаду рамана У. Някляеў казаў: “И нечего искать: так – не так, было – не было. Могло совсем не быть ничего, а могло быть не только то, о чем написано”: Шапран С. Владимир Некляев написал роман о Минске // Комсомольская правда в Беларуси. 02.02.2013.

[26] Някляеў У. Знакі прыпынку. Мінск, 2013. С. 16; Шапран С. Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія. Смаленск, 2018. С. 24

[27] Сітуацыя заблытваецца некалькімі тэкстамі, якія паўсталі як рэклама рамана “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” або як рэклама самога Уладзіміра Някляева: Ледзенеў В. Вуліца Уладзіміра Някляева // Някляеў У. Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без. Мінск, 2012. С. 301–310; Белохвостик Н. Актер Эдуард Горячий о Минске…; Шапран С. Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія. С. 29–36. Ва ўсіх трох тэкстах сцвярджаецца, нібыта Някляеў і Хадзееў былі знаёмыя да 25 студзеня 1962 г., але ніводзін з іх не дае адказу на пытанне, за якія сродкі пятнаццацігадовы школьнік са Смаргоні мог рэгулярна наведваць Мінск і якім чынам мог трапіць у кампанію Хадзеева.

[28] Тэксты маскоўскага пісьменніка Паўла Уліціна, якія чыталі ў кампаніі Кіма Хадзеева, дагэтуль захоўваюцца толькі ў КДБ і не апублікаваны. Былі апублікаваны пазнейшыя тэксты гэтага аўтара, у якіх ён звяртаецца ў тым ліку да справы Хадзеева і Гарачага, гл. напрыклад: Улитин П. “Четыре кварка” и другие тексты. Москва, 2018.

[29] Марыяна Някрасава піша, што на допыце супрацоўнікі КДБ даслоўна цытавалі размовы ў кампаніі Хадзеева: Некрасова М. Татьянин день… С. 57–58. Гл. таксама: Оперативная звукозапись // Контрразведывательный словарь. Москва, 1972. С. 186.

[30] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[31] Выкарыстанне тут выразу “шэрая зона” не звязана з тым, як выкарыстаў яго Прыма Леві ў кнізе “Патанулыя і ўратаваныя”: Levi P. I sommersi e i salvati. Torino, 1991 (1 ed. – 1986). P. 24–50. Як П. Леві ўзяў гэтае словазлучэнне са штодзённай мовы для апісання пэўнай гістарычнай рэчаіснасці (нацысцкіх канцлагераў), так і мы бярэм яго для апісання зусім іншай гістарычнай рэчаіснасці. Мы не робім са словазлучэння “шэрая зона” канцэпт.

[32] Моладзевыя субкультуры былі пашыраны ўжо ў познія сталінскія гады, і ўлады СССР былі далёкімі ад таго, каб забараняць усе іх праявы. Паказы трафейных кінафільмаў і танцы арганізоўваліся на цалкам афіцыйных культурных пляцоўках. Гл.: Fürst J. Stalin’s Last Generation. Soviet Post-War Youth and the Emergence of Mature Socialism. Oxford, 2010. P. 200–249.

[33] Сярод шматлікай літаратуры на гэтую тэму, гл., напрыклад: Кизевальтер Г. Время надежд, время иллюзий. Проблемы истории советского неофициального искусства, 1950–1960-е годы. Москва, 2018.

[34] Tromly B. Making the Soviet Intelligentsia… P. 252–254.

[35] Hornsby R. Protest, Reform and Repression in Khrushchev’s Soviet Union. Cambridge, 2013. P. 259–260.

[36] Пра разнастайнасць магчымых трактовак гэтага артыкула крымінальнага кодэкса гл.: Крамола: инакомыслие в СССР при Хрущёве и Брежневе, 1953–1982 гг. Рассекреченные документы Верховного суда и Прокуратуры СССР / сост. В. Козлов, О. Эдельман и Э. Завадская; под ред. В. Козлова и С. Мироненко. Москва, 2005.

[37] Заключэнне пракурора аддзела Пракуратуры СССР А. Бабенкі па справе Э. Гарачага. 17 снежня 1969 г. // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… C. 159–161; Даведка пракурора аддзела Пракуратуры СССР А. Бабенкі па справе Э. Гарачага. 18 снежня 1969 г. // Тамсама. С. 162.

[38] Алексеева Л., в соавторстве с П. Голдбергом. Поколение оттепели. С. 131–140.

[39] Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ). Ф. Р8131. Оп. 31. Д. 92547. Л. 21–22 (публікацыя: Адказы А. Асаркана на пытанні пракурора А. Бабенкі, 8 студзеня 1970 г. // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 163–164).

[40] Некрасова М. Татьянин день… С. 55–56.

[41] Пратакол вобшуку ў Паўла Уліціна. 7 лютага 1962 г. // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 171–173; Адказы А. Асаркана на пытанні пракурора А. Бабенкі // Тамсама. С. 163.

[42] Як патлумачыў у інтэрв’ю Эдуард Гарачы, гэта была яго спроба перакладаць з польскай мовы творы польскай пісьменніцы Стэфаніі Градзенскай (1914–2010): Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[43] Нацысцкая ўлётка часоў акупацыі, арыентаваная на рускамоўнае насельніцтва СССР.

[44] Протокол обыска у Горячего Эдуарда Николаевича, Минск, 25 января 1962 г. (з асабістага архіва Э. Гарачага).

[45] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[46] Белохвостик Н. Актер Эдуард Горячий о Минске…

[47] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[48] Справка (недатаваны дакумент з асабістага архіва Э. Гарачага); Хатынь. Трагедия и память: документы и материалы. Минск, 2009. С. 246.

[49] Гэтае імя, з варыяцыямі ў прозвішчы (Саульчанка, Савічэнка), называе М. Някрасава: Некрасова М. Татьянин день… С. 57, 59. Супрацоўнік КДБ Васіль Саульчанка быў вядомы іншым менскім нонканфармістам, таму гэты варыянт прозвішча больш імаверны.

[50] ГАРФ. Ф. Р8131. Оп. 31. Д. 92547. Л. 7 (публікацыя: Дакладная запіска пракурора аддзела Пракуратуры СССР па наглядзе за следствам у органах дзяржбяспекі А. Бабенкі начальніку аддзела Г. Церахаву, 24 траўня 1968 г. // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 147).

[51] Список лиц, подлежащих вызову в суд (недатаваны дакумент з асабістага архіва Э. Гарачага).

[52] ГАРФ. Ф. Р8131. Оп. 31. Д. 92547. Л. 17–20 (публікацыя: Заключэнне пракурора аддзела Пракуратуры СССР А. Бабенкі па справе Э. Гарачага, 17 снежня 1969 г. // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 160).

[53] Белохвостик Н. Актер Эдуард Горячий о Минске…; Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[54] Словы Эдуарда Гарачага паводле: Белохвостик Н. Актер Эдуард Горячий о Минске…

[55] Копія прысуда з асабістага архіву Э. Гарачага.

[56] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[57] Паповян Е. Применение статьи 58-10 УК РСФСР в 1957– 1958 гг. (по материалам Верховного суда СССР и Прокуратуры СССР в ГАРФ) // Корни травы / под ред. Л. Ерёминой и Е. Жемковой. Москва, 1996. С. 73–87; Cohn E. Coercion, Reeducation, and the Prophylactic Chat: Profilaktika and the KGB’s Struggle with Political Unrest in Lithuania, 1953–64 // The Russian Review. 76. April 2017. P. 283–286.

[58] Крымінальны кодэкс Беларускай ССР. Мінск, 1961. Арт. 56 (Змяшчэнне ў псіхіятрычную бальніцу). С. 28.

[59] “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 54.

[60] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым… Варта падкрэсліць, што Гарачы як палітзняволены ў лагеры меў значна большыя магчымасці хадзіць па “зоне” і кантактаваць з іншымі зняволенымі, чым Хадзееў як палітзняволены “хворы” ў спецпсіхбальніцы.

[61] Можна параўнаць апісанне спецыяльных псіхіятрычных бальніц у сталінскі і ў позні хрушчоўскі і брэжнеўскі час: Bloch S. and Reddaway P. Soviet Psychiatric Abuse: The Shadow over World Psychiatry. Boulder, 1985. P. 18, 25–29. Менавіта пра ЛСПБ гл.: Подрабинек А. Карательная медицина. Нью-Йорк, 1979. С. 27–28, 89–91, 93–94.

[62] З гутаркі Алега Белавусава і Кіма Хадзеева ў тэлеперадачы “Бар «У Олега»”… С. 71–72; Айхенвальд Ю. Театр в сумасшедшем доме // “Бязродны касмапаліт” Кім Хадзееў… С. 127.

[63] Пра паляпшэнне ўмоваў утрымання ў “папраўча-працоўных” лагерах і калоніях цягам 1950-х гл.: Hardy J. The GULAG after Stalin: Redefining Punishment in Khrushchev’s Soviet Union, 1953–1964. Ithaca, 2016. P. 19–129.

[64] Буковский В. “И возвращается ветер…” Нью-Йорк, 1978. С. 189, 192. Уладзімір Букоўскі быў зняволены ў Ленінградскай спецпсіхбальніцы ў 1964–1965 г.

[65] Буковский В. “И возвращается ветер…” С. 182, 184.

[66] Тэма карнай псіхіятрыі ў СССР у цэлым асвятляецца, але сучаснай літаратуры не так шмат. Дагэтуль захоўвае значнасць кніга Аляксандра Падрабінека – дысідэнцкі дакумент свайго часу: Подрабинек А. Карательная медицина. Нью-Йорк, 1979. Дзве кнігі Сіднэя Блоха і Пітэра Рэдавэя – вельмі важныя і добра ўдакументаваныя працы, але выпушчаныя да архіўнай рэвалюцыі і да магчымасці свабодна размаўляць з ахвярамі карнай псіхіятрыі, якія не выехалі за мяжу: Bloch S., Reddaway P. Russia’s Political Hospitals. The Abuse of Psychiatry in the Soviet Union. London, 1977; Idem. Soviet Psychiatric Abuse: The Shadow over World Psychiatry. London, 1984. Манаграфія Тэрэзы Сміт (пры ўдзеле Томаса Алешчука) – колькаснае political science даследаванне, заснаванае на базе дадзеных, без спробаў пазнаёміцца з матэрыялам на месцы (у былым СССР) і, здаецца, нават без ведання аўтарамі хоць нейкіх моў народаў былога СССР: Smith T., Oleszczuk T. No Asylum. State Psychiatric Repression in the Former USSR. London, 1996. Кніга Ады Караценкі і Наталлі Алікінай – напісанае псіхіятрам і псіхолагам на ўкраінскім матэрыяле (і ім абмежаванае) даследаванне, для падрыхтоўкі якога аўтаркі праводзілі інтэрв’ю з ахвярамі карнай псіхіятрыі; вялікая ўвага аддаецца пытанням прафесійнай этыкі: Коротенко А., Аликина Н. Советская психиатрия: заблуждения и умысел. Киев, 2002. Роберт ван Ворэн, які шмат гадоў прысвяціў дапамозе ахвярам карнай псіхіятрыі, напісаў аўтабіяграфію праз прызму барацьбы з карнай псіхіятрыяй у СССР: Voren R. van. On Dissidents and Madness. From the Soviet Union of Leonid Brezhnev to the “Soviet Union” of Vladimir Putin. Amsterdam, 2009. Рэбека Райх напісала манаграфію пра ўзаемаадносіны афіцыйнай псіхіятрыі і неафіцыйнай літаратуры ў познім СССР: Reich R. Psychiatry, Literature, and Dissent after Stalin. DeKalb, 2018. Гл. таксама артыкулы Анастасіі Шахт, напрыклад: Schacht A. Power in psychiatry. Soviet peer and lay hierarchies in the context of political abuse of psychiatry // History of Psychiatry. 2022. Vol. 33 (1). P. 21–33. Бадай што найбольш фактычнага матэрыялу па злоўжываннях псіхіятрыяй менавіта ў БССР сабрана ў даведніку, прысвечаным гэтым злоўжыванням у СССР у цэлым: Koppers A. A Biographical Dictionary on the Political Abuse of Psychiatry in the USSR. Amsterdam, 1990.

[67] Koppers A. A Biographical Dictionary… P. 63.

[68] Скалабан В. Зайцаў Вячаслаў // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956–1991. Пэрсанажы і кантэкст. Мінск, 1999.

[69] Дзярновіч А. Сідарэвіч Анатоль Міхайлавіч // Нонканфармізм у Беларусі: 1953–1985… С. 168–171.

[70] Ён жа. Кукабака Міхась (Міхаіл Ігнатавіч) // Тамсама. С. 114–120.

[71] Рабочая комиссия по расследованию использования психиатрии в политических целях. Информационный бюллетень № 9. 9 июня 1978. Госпитализация Лидии Валендо // Вольное слово. Самиздат. Избранное. Вып. 31–32. Франкфурт-на-Майне, 1978. С. 149–151.

[72] Ланда М. Иван Карейша – факты биографии // Архив самиздата радио “Свобода”. № 16 от 18.5.1987. Документ АС № 5964.

[73] Koppers A. A Biographical Dictionary… P. 130, 137, 155–156, 168–169.

[74] Григоренко П. В подполье можно встретить только крыс… Нью-Йорк, 1981. С. 712; Bloch S., Reddaway P. Russia’s Political Hospitals… P. 361, 390; Koppers A. A Biographical Dictionary… P. 93, 160.

[75] ГАРФ. Ф. 9474. Оп. 16. Д. 646. Л. 3. (“Обзор о результатах изучения и обобщения судебной практики по делам о государственных преступлениях, рассмотренных областными судами республики в 1957 году и в I квартале 1958 года”, накіраваны старшынёй Вярхоўнага суда БССР С. Шардыкам старшыні Вярхоўнага суда СССР А. Горкіну 9 чэрвеня 1958 г.).

[76] Рабчук Ю. Приговоренные к шизофрении // БДГ. Для служебного пользования. 2002. № 4. 3 мая.

[77] Voren R. van. On Dissidents and Madness. P. 188.

[78] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым… Пра пагаршэнне ўмоў утрымання як палітычных, так і ўсіх астатніх зняволеных пачынаючы з 1961 г. гл.: Hardy J. The GULAG after Stalin… P. 130–173.

[79] Пра “прафілактыку” гл.: Cohn E. Coercion, Reeducation, and the Prophylactic Chat… P. 272–293; Hornsby R. Protest, Reform and Repression… P. 211–212, 218–221; Okuličiutė L. Visuomenės profilaktika – KGB psichologinio poveikio įrankis // Genocidas ir rezistencija. 2011. № 2 (30). P. 104–119. Пра “прафілактыку” ў дзейнасці КДБ пры СМ БССР гл.: Гужалоўскі А., Грынь Д. Іншадумства ў БССР у часы “адлігі”. 1953–1968 гг. // Homo historicus. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. 2023. С. 238.

[80] Контрразведывательный словарь. С. 237.

[81] Cohn E. Coercion, Reeducation, and the Prophylactic Chat… P. 276.

[82] Хрущев Н. Контрольные цифры развития народного хозяйства СССР на 1959–1965 года // Внеочередной XXI съезд Коммунистической партии Советского Союза, 27 января – 5 февраля 1959 г.: стенографический отчет. Т. I. Москва, 1959. С. 104.

[83] Lietuvos ypatingasis archyvas (LYA). F. K-11. Ap. 1. B. 917. L. 23–24 (“Письмо заместителя председателя КГБ при СМ Литовской ССР Мартавичюса уполномоченным гораппаратов КГБ при СМ ЛитССР”, 1 красавіка 1959 г.); выкарыстана лічбавая копія дакумента з сайта: https://www.kgbdocuments. eu. Падобныя працэсы праходзілі і ў Беларускай ССР, але доступу да аналагічных дакументаў мы не маем.

[84] Петров Н. Специальные структуры КГБ по борьбе с инакомыслием в СССР, 1954–1989 гг. // Труды Общества изучения истории отечественных спецслужб. Т. 3. Москва, 2007. С. 310.

[85] Hornsby R. Protest, reform and repression… P. 218–220.

[86] Прыкладную танальнасць выступаў супрацоўнікаў КДБ можна ўявіць з дапамогай аналагічных літоўскіх матэрыялаў: LYA. F. k1. Ap. 56. B. 958TA (“О политической бдительности советских людей” (матэрыялы да даклада) / КДБ пры СМ ЛітССР, 1962 г.).

[87] Шохан Д. А гэта магло не здарыцца… // Беларускі універсітэт. 1962. 11 красавіка. С. 2.

[88] Інтэрв’ю Уладзіміра Валодзіна з Сямёнам Букчыным…; Букчин С. Записки побежденного. Минск, 2016. С. 101–103.

[89] Шохан Д. А гэта магло не здарыцца… С. 2.

[90] Інтэрв’ю Уладзіміра Валодзіна з Сяргеем Ваганавым, Мінск, 17 красавіка 2018 г. (у асабістым архіве У. Валодзіна); Ваганаў С. Мосцік над вечнасцю. Смаленск, 2016. С. 166–169.

[91] Некрасова М. Татьянин день… С. 59–60.

[92] Жигулов В. Инесса Буткевич: “Сережа обладал всеми качествами настоящего мужчины…” // Народная воля. 2011. 7 кастрычніка. С. 6.

[93] Пухов В. Корвин Тамара // Литераторы Санкт-Петербурга. ХХ век: энциклопедический словарь / под ред. О. Богдановой, А. Любомудрова и Б. Останина: https://lavkapisateley.spb.ru/ enciklopediya/k/korvin-. Дата доступу: 21.10.2022 г.

[94] Больш пра “прафілактычныя гутаркі” гл.: Cohn E. Coercion, Reeducation, and the Prophylactic Chat… P. 278–280; Гласная форма профилактики // Контрразведывательный словарь. С. 71–72.

[95] Доклад секретаря ЦК КПСС товарища Л. Ф. Ильичева на Всесоюзном совещании по вопросам идеологической работы // Правда. 1961. 27 декабря. С. 2.

[96] НАРБ. Ф. 205. Воп. 16. Спр. 210. Арк 35 (“Об идейно-воспитательной работе на филологическом факультете”, б. д., непадпісаны рукапіс, змешчаны сярод дакументаў партарганізацыі БДУ 1962–1963 г.).

[97] Інтэрв’ю Уладзіміра Валодзіна з Сяргеем Ваганавым…; Ваганаў С. Мосцік над вечнасцю. Смаленск, 2016. С. 168. Мемуары Эрэнбурга “Людзі, гады, жыццё” былі адной з найважнейшых кніг “адлігі”. Ягоная ж аповесць “Адліга” выйшла яшчэ ў 1954 г. і была заўважана публікай, але ў пачатку 60-х не была актуальнай для тагачаснага студэнцтва. Пра рэакцыю апарата ЦК КПСС на мемуары Эрэнбурга гл.: Записка Отдела культуры ЦК КПСС об “ошибочных положениях” в мемуарах И. Г. Эренбурга “Люди, годы, жизнь”, 14 июня 1962 г. // Президиум ЦК КПСС. Черновые протокольные записи заседаний. Стенограммы. Постановления. Т. 3. Москва, 2008. С. 433–435.

[98] Записка отдела культуры ЦК КПСС, 25 января 1958 г. Приложение № 1 к постановлению Комиссии ЦК КПСС “О мероприятиях по устранению недостатков в издании и критике иностранной художественной литературы” от 11 февраля 1958 г. // Идеологические комиссии ЦК КПСС, 1958–1964: документы / сост.: Е. С. Афанасьева и др. Москва, 1998. С. 37.

[99] Аппарат ЦК КПСС и культура, 1958–1964: документы / сост.: В. Ю. Афиани (отв. ред.) и др. Москва, 2005. С. 405–409, 419– 425, 522–524, 573–574, 576–581, 607, 646–648. Праўда, гэты самы ЦК распарадзіўся потым апублікаваць адмоўныя рэцэнзіі на ўспаміны Эрэнбурга.

[100] НАРБ. Ф. 205. Воп. 16. Спр. 225. Арк. 68 (“Доклад С. Лысенко «Исполнение требований Программы и Устава КПСС, директив партии в партийной организации филологического факультета» на закрытом партийном собрании первичной парторганизации филологического факультета [БГУ]”, 22 сакавіка 1962 г.).

[101] Зініна Р., Юр’еў Г. За чысціню маральнага аблічча студэнта // Беларускі універсітэт. 1962. 11 красавіка. С. 2.

[102] Інтэрв’ю Андрэя Мастыкі з Уладзімірам Крукоўскім, Мінск, чэрвень 2016 г. (са збораў Беларускага архіва вуснай гісторыі); асабістая размова Уладзіміра Валодзіна з Уладзімірам Крукоўскім, 27 красавіка 2020 г.; Станюта А. Городские сны. Трофейное кино: проза. Минск, 2013. С. 173, 176, 610–611 (у электроннай версіі выдання). Параўн. з аўтарамі, якімі цікавіліся ленінградскія “прасунутыя” чытачы ў той самы перыяд: Савицкий С. Андеграунд. История и мифы ленинградской неофициальной литературы. Москва, 2002. С. 82, 149. Савіцкі называе Хэмінгуэя і Рэмарка аўтарамі, чытаць якіх было “среднеинтеллигентской модой”.

[103] Улитин П. “Четыре кварка” и другие тексты. Москва, 2018. С. 313.

[104] Нічыпарук А. Актыўна ўмешвацца ў жыццё (з партыйнага схода філфака) // Беларускі універсітэт. 1962. 21 лютага. С. 2.

[105] Шохан Д. А гэта магло не здарыцца… С. 4.

[106] Стенографическая запись заседания Президиума ЦК КПСС, 25.04.1963 // Фурсенко А. (гл. ред). Президиум ЦК КПСС, 1954–1964. Т. 1. Черновые протокольные записи заседаний. Стенограммы / гл. ред. А. А. Фурсенко. 2-e изд. Москва, 2004. С. 707–713.

[107] У мове супрацоўнікаў КДБ, у тым ліку ў арыентаваных на шырокую публіку выказваннях, словазлучэнне ідэалагічная дыверсія выкарыстоўвалася і раней, гл., напрыклад: LYA. F. k1. Ap. 56. B. 958TA. L. 15.

[108] Аксютин Ю. Хрущевская “оттепель” и общественные настроения в СССР в 1953–1964 гг. Москва, 2010. С. 496–498; Пыжиков А. Хрущевская “оттепель”. Москва, 2002. С. 144–145. “Ідэалагічныя дыверсіі” былі згаданы ў праграмных прамовах Л. Ільічова (18 чэрвеня) і М. Хрушчова (21 чэрвеня): Очередные задачи идеологической работы партии. Доклад секретаря ЦК КПСС товарища Л. Ф. Ильичева на Пленуме Центрального Комитета КПСС 18 июня 1963 года // Правда. 1963. 19 июня. С. 2; Марксизм-ленинизм – наше знамя, наше боевое оружие. Речь товарища Н. С. Хрущева на Пленуме Центрального Комитета Коммунистической партии Советского Союза 21 июня 1963 года // Правда. 1963. 29 июня. С. 3.

[109] Петров Н. Специальные структуры… С. 312.

[110] Пропаганда со взломом. О некоторых формах и методах идеологических диверсий противника // Советская Белоруссия. 1963. 17 сентября. С. 3.

[111] Лад жыцця Хадзеева пасля вызвалення даволі падрабязна апісаны ў кнізе ўспамінаў: Ким. Великий прохожий…

[112] Інтэрв’ю Ірыны Раманавай з Эдуардам Гарачым…

[113] Інтэрв’ю Уладзіміра Валодзіна з Валерыем Шушкевічам, Мінск, 26 жніўня 2018 г. (у асабістым архіве У. Валодзіна).

Наверх