Генадзь Сагановіч. “Возможны негативные последствия”, або Дыскусія пра балцкі субстрат у БССР эпохі Машэрава
У 1966 г., пры самым канцы кароткай адлігі, калі ў Мінску адбыліся небывалыя раней публічныя спрэчкі вакол ролі ВКЛ у беларускай гісторыі і ацэнкі царкоўнай уніі [1], акадэмічны Інстытут гісторыі прычыніўся да пачатку яшчэ адной, больш сур’ёзнай навуковай дыскусіі, якая выйшла далёка за межы Беларусі і зацягнулася амаль на дзесяцігоддзе. Хоць навукоўцы час ад часу яе згадваюць, спецыяльна тэмай ніхто не займаўся. Між тым, дыскусія аказалася настолькі неардынарнай і ў некаторых аспектах паказальнай, што яна бясспрэчна заслугоўвае спецыяльнага разгляду.
Пачалося з вялікай міжнароднай канферэнцыі па археалогіі, якую ў сакавіку 1966 г. праводзіў Інстытут гісторыі АН БССР. У Мінск прыехалі каля сотні ўдзельнікаў, даклады спецыялістаў часта суправаджаліся жывымі дыскусіямі. А самым гучным на гэтай канферэнцыі стаў даклад супрацоўніка Інстытута археалогіі АН СССР Валянціна Сядова “Аб паходжанні беларусаў” [2]. Даследчык задаўся мэтай вызначыць прычыны, якія маглі выклікаць адасобленае моўнае і этнічнае развіццё насельніцтва на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, Падзвіння і Панямоння, вынікам якога стала ўзнікненне беларусаў як асобнай народнасці. Дрыгавічы, крывічы і радзімічы, што склалі аснову беларускай народнасці, не маглі быць носьбітамі моўных і этнаграфічных прыкмет, характэрных для беларусаў, бо яны прыйшлі з розных тэрыторый, падкрэсліў даследчык. Значыць, была нейкая іншая сіла, якая злучыла разнародныя элементы ў адну народнасць. Такім элементам ён прапанаваў лічыць мясцовае балцкае насельніцтва, асіміляванае прышлымі славянамі. Свой тэзіс В. Сядоў аргументаваў з дапамогай не толькі багатых археалагічных матэрыялаў, ён выкарыстаў таксама звесткі з антрапалогіі, этнаграфіі і лінгвістыкі. Яго гіпотэзу пацвярджала картаграфаванне спецыфічна балцкіх элементаў, якое выявіла іх выключную шчыльнасць менавіта ў Верхнім Падняпроўі, Падзвінні і Панямонні, – у арэале, які супадае з этналінгвістычнай тэрыторыяй беларусаў, вызначанай і акадэмікам Яўхімам Карскім, і Маскоўскай дыялекталагічнай камісіяй [3].
Важна адразу адзначыць, што ў мінскім дакладзе, як і ў пазнейшых публікацыях па праблеме субстрату, В. Сядоў, па-першае, не ставіў пад пытанне старажытнарускую народнасць. Тут ён акурат падкрэсліў “адзінства паходжання” ўсходнеславянскіх народаў і згадаў адзіную старажытнарускую народнасць як іх аснову, каб потым сфакусавацца на магчымых фактарах, што абумовілі асаблівае развіццё часткі гэтай народнасці на абшарах будучай Беларусі. Па-другое, даследчык не адмаўляў уплыву палітычнага адасаблення земляў Беларусі (іх уключэння ў склад ВКЛ) на фармаванне беларусаў, проста лічыў яго “не асноўным” фактарам і сцвярджаў, што “больш істотная роля” ў гэтым працэсе належала этнічнаму і моўнаму субстрату. Аднак апаненты будуць часта закідаць яму і першае, і другое.
У спрэчках вакол даклада В. Сядова першым з крытыкай выступіў Пётр Траццякоў, археолаг-славіст з Ленінграда, які не пагадзіўся з галоўным вывадам калегі. На яго думку, можна гаварыць пра балцкі субстрат для ўсёй старажытнарускай народнасці, “але ж адзінай старажытнарускай мовы не было” [4]. Больш прыватныя заўвагі выказалі Фрыда Гурэвіч і польскі археолаг Ежы Антаневіч. Беларускі фалькларыст Майсей Грынблат не прыняў самой думкі пра субстрат і гаварыў, што беларуская народнасць фармавалася на аснове старажытнарускай. У канкрэтыцы ён не пагадзіўся з тэзісам пра пазычанне культу змяі ў балтаў, пра балцкае паходжанне “дзекання” і “цекання” ды сцвярджаў, што “этнаграфічны матэрыял кажа пра ўзаемны ўплыў балтаў і беларусаў, а не пра балцкі субстрат”, таму, маўляў, даследчыку варта было больш гаварыць пра ўплыў усходніх славян на балтаў.
Выступаючы з адказам, Сядоў паказаў, што крытыкі спыніліся на асобных момантах, тады як ён будаваў свае высновы на цэлым комплексе фактараў і ўлічваў не адзінкавыя балцкія знаходкі ці гідронімы, а іх канцэнтрацыю. У цэлым даследчык карэктна адвёў асноўныя закіды апанентаў як недастатковыя для абвяржэння яго высноў [5].
Апублікаваны томік матэрыялаў канферэнцыі толькі часткова адлюстраваў дух палемікі па смелым дакладзе маскоўскага археолага, а прамовы некаторых выступоўцаў у яго наогул не ўвайшлі. Сам Сядоў пазней успомніў пра выступ Цімафея Гарбунова, тагачаснага сакратара Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, у прамове якога самым сур’ёзным аргументам супраць прызнання ролі балцкага субстрату было: “Мы били готов и балтов сюда не пускали” [6]. Навуковец адразу адчуў палітычную падаплёку непрыняцця галоўных тэзісаў яго даклада ў Мінску. “І адразу ж маю тэорыю не прынялі. Як мне здавалася, з-за нейкіх палітычных матываў”, – успамінаў ён у размове з карэспандэнтам беларускага тыднёвіка.
Затое ў Варшаве і Беластоку, куды Сядова ў тым жа годзе запрасіў прысутны на мінскай канферэнцыі Е. Антаневіч, вялікі энтузіяст балцкіх даследаванняў і адзін з арганізатараў Беластоцкага навуковага таварыства, даклад пра паходжанне беларусаў успрынялі з вялікай зацікаўленасцю. Як і можна было чакаць, выступы савецкага археолага выклікалі сярод польскіх навукоўцаў “ажыўленую дыскусію і абмен поглядамі ў коле гісторыкаў, мовазнаўцаў, археолагаў і гісторыкаў культуры” [7]. Каб разумець, чаму ў Мінску яго даклад сустрэлі, мякка кажучы, так прахалодна, трэба ўлічыць кантэкст і палітычныя імплікацыі самой канцэпцыі.
Хоць яшчэ да рэвалюцыі пачалося вывучэнне антрапалагічных тыпаў асобных народаў царскай Расіі, і даследчыкі адзначалі ўплыў розных даславянскіх элементаў на іх далейшае развіццё і гістарычныя лёсы (Д. Анучын, П. Галубоўскі, А. Спіцын і інш.), заснавальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі пісалі пра чыста славянскае паходжанне беларускага народа [8]. Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваім нарысе, створаным у самым пачатку 20-х гадоў, стараўся падкрэсліць славянскую “чысціню” беларусаў, параўнаўшы іх з палякамі, паколькі, маўляў, Беларусь “ніколі не займалі ніякія іншыя плямёны” і тут “не было элементаў скрыжоўвання” [9]. Развіццё гістарычнай антрапалогіі, асабліва археалагічныя даследаванні ў самой Беларусі неўзабаве пацвердзілі памылковасць такога погляду. Ужо ў канцы 1920 – пачатку 1930-х г. думку аб балцкай прыналежнасці насельніцтва Верхняга Падняпроўя і земляў паміж Нёманам і вярхоўямі Акі ў VIII–IX ст. выказваў беларускі археолаг Аляксандр Ляўданскі [10]. Пра гэта пісалі пазней і іншыя даследчыкі. Нават гісторык-бальшавік Васіль Шчарбакоў у сваім нарысе адзначыў, што насельніцтва Беларусі складалася як са славян, так і з літоўцаў [11]. Аднак новая абагульняльная праца па гісторыі Беларусі, якую падрыхтавалі пасля верасня 1939 г., ужо характарызавала беларусаў толькі як славян [12]. У савецкай гістарыяграфіі эпохі Сталіна пісаць пра іншыя этнасы, што насялялі землі Русі да прыходу славян, стала “непатрыятычна”, і такі погляд, па словах ленінградскага археолага, быў адхілены як “не отвечающий исконности заселения этих районов славянами” [13].
А ў гістарычнай думцы Заходняй Беларусі, якую не абавязвалі палітычныя ўстаноўкі, ідэю пра балтаў у этнагенезе беларускага народа выказвалі розныя аўтары. Гаварыў пра гэта і Мікола Шкялёнак, хоць яго погляды з часам мяняліся. Так, у працы пра этнаграфічную тэрыторыю Беларусі і яе дагістарычнае насельніцтва, апублікаванай у 1938 г., гісторык аддаў нямала ўвагі “балцкай тэорыі”, згодна з якой даславянскае насельніцтва краю было балцкім. Праўда, параўнаўшы яе з тэорыямі “фінскай” і “славяна-беларускай”, сам Шкялёнак схіліўся да апошняй [14]. Ужо праз год, палемізуючы з літоўскімі гісторыкамі наконт характару і спадчыны ВКЛ, ён са спасылкай на археалагічныя раскопкі зноў напісаў, што “беларускія плямёны былі першабытнымі насельнікамі свайго краю”. Аднак крыху пазней, у нарысе гісторыі Беларусі, апублікаваным у гады вайны, аўтар ужо лічыў, што “беларусы паўсталі з мешаніны балтаў і славянаў” [15]. У час вайны гэтую ідэю, здаецца, падзялялі ўсе аўтары абагульняльных прац па гісторыі краю. Бо і Язэп Найдзюк паведамляў чытачам свайго падручніка, што вучоныя лічаць беларусаў творам “зьліцьця часьці славянаў і балтаў” [16], і Янка Станкевіч сцвярджаў, што беларусы паўсталі ў выніку “зьліцьця часьці славян з часьцяй балтаў” [17].
У пасляваенным Мінску канон афіцыйнай гісторыі Беларусі ствараўся пад кантролем партыі і ў цеснай супрацы з Масквой. Праграмнымі для гісторыкаў сталі ўстаноўкі сумнавядомых партыйных “Тэзісаў” [18], якія патрабавалі падкрэсліваць адзінства паходжання і лёсаў трох усходнеславянскіх народаў, а таксама паказваць “постоянное стремление белорусского народа к единству с русским народом”. Ролю ключавога кампанента савецкай гістарычнай дактрыны з сярэдзіны 50-х г. выконвала тэорыя старажытнарускай народнасці. Гэтае паняцце з’явілася ў савецкай гістарычнай літаратуры толькі пасля вайны, калі ленінградскі гісторык Уладзімір Маўродзін сфармуляваў палажэнні аб прамежкавай этнасупольнасці паміж плямёнамі і асобнымі ўсходнеславянскімі народнасцямі [19]. Новаствораную “старажытнарускую народнасць” ён падаў як агульнага “продка” рускіх, украінцаў і беларусаў. Спачатку прапанова не выклікала ўхвальнага стаўлення гісторыкаў, але на пачатку 1950-х г. гэты тэрмін, як і сама канцэпцыя, атрымалі шырокі распаўсюд [20]. Гэта адбылося пасля выхаду працы Сталіна “Марксізм і пытанні мовазнаўства” (1950), якая легітымізавала выкарыстанне новай этнакатэгорыі “народнасць” у дачыненні да ранніх этапаў гісторыі. У 1953 г. у “Нарысах гісторыі СССР” ужо сцвярджалася, што старажытнаруская народнасць склалася з асобных “славянскіх плямёнаў” у Кіеўскай Русі, а пазней на яе аснове ўзніклі тры ўсходне-славянскія народнасці, “гістарычная і моўная аснова якіх была адзінай“ [21]. Другім вырашальным фактарам легітымацыі створанага тэрміна і канцэпцыі стала кампанія па святкаванні 300-годдзя “ўз’яднання” Украіны з Расіяй [22]. Ідэя агульнага этнічнага “продка” цалкам адпавядала парадыгме “ўз’яднання”. Пасля публікацыі лаканічнай фармулёўкі канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў тэзісах ЦК КПСС [23] яна набыла статус тэорыі і своеасаблівую сакралізацыю.
У Мінску, дзе акадэмічныя гісторыкі ўсё ўзгаднялі з Масквой, названую тэорыю ўзялі як базавую для асвятлення даўняга мінулага ў першай абагульняльнай працы па гісторыі Беларусі [24]. Беларуская народнасць тут была паказана як чыста славянская, утвораная з заходняй часткі старажытнарускай народнасці ў XIV–XVI ст. у выніку яе палітычнай адарванасці ад астатняй Русі [25]. У гады адлігі, праўда, выйшаў новы двухтамовік па гісторыі [26], але на справе гэта была злёгку абноўленая версія старога выдання, якая ўтрымлівала тыя ж канцэпцыі, толькі без спасылак на працы “правадыра народаў”. Паколькі акадэмічная “Гісторыя Беларускай ССР” задавала інтэрпрэтацыйныя ўзоры для ўсіх іншых выданняў па гісторыі краіны, то нейкія адрозныя трактоўкі фармавання беларусаў у афіцыйным дыскурсе не прадугледжваліся.
Праўда, пра ўдзел балтаў у этнагенезе беларусаў можна было прачытаць у выданнях беларускай эміграцыі, хоць на Захадзе цікавасць да этнічнай антрапалогіі пасля вайны з вядомых прычын і страціла папулярнасць. У прыватнасці, “балцкую тэорыю” там цалкам кампетэнтна выкладаў Вітаўт Тумаш, знаёмы з поглядамі антраполагаў на ролю аўтахтоннага (субстратнага) насельніцтва ў фармаванні розных народаў, у тым ліку трох усходнеславянскіх. Ужо ў 1950 г. ён выступіў з асобным артыкулам пра ролю балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў, у якім пакрытыкаваў расійскага эміграцыйнага гісторыка Мікалая Вакара за ігнараванне гэтага фактару [27]. Паводле Тумаша, хоць беларусы, рускія і ўкраінцы – славяне, бо належаць да адной моўнай сям’і, але з антрапалагічнага пункту гледжання такой “адналітнай славянскай сям’і” не існуе. На культуру і нацыянальны характар беларусаў наклаў адбітак балцкі субстрат – папярэдняе балцкае насельніцтва, ролю якога ў беларускім этнагенезе ўжо ніхто не аспрэчвае, сцвярджаў эміграцыйны даследчык. Праўда, некаторыя расійскія аўтары прызнаюць яго неахвотна, адзначыў Тумаш і патлумачыў прычыну: бо “для вялікадзяржаўных мэтаў Масквы непажадана гаварыць аб усім тым, што падчырківае адменнасьць беларускага народу ад расейскага… Намер жа іх зусім адваротны – давесьці поўную падобнасьць беларускага народу да расейскага аж да поўнай тожсамасьці. Палітычна такія намеры нам зразумелыя, але з навукаю яны ня маюць нічога супольнага” [28].
Не без ведання справы працягваў пісаць пра балцкія ўплывы на беларусаў і мовазнаўца Янка Станкевіч. Ужо ў кароткім нарысе гісторыі Беларусі ён зазначыў, што балты, якія калісь насялялі ўсю Беларусь, увайшлі ў склад беларускага народа [29], а крыху пазней, у працы “Савецкае хвальшаваньне гісторыі Беларусі”, выдадзенай у 1956 г. у Мюнхене, навуковец больш падрабязна разглядзеў уплывы балцкага насельніцтва на мову і культуру беларусаў [30]. Свае развагі пра “балцкі субстрат беларускага народу” Станкевіч грунтаваў на саліднай літаратуры па археалогіі і мовазнаўстве, а довады на карысць важнай ролі субстрату знаходзіў у матэрыялах археалогіі, тапанімікі і ў асаблівасцях беларускай мовы. “Моваю Беларусаў сталася мова беларускіх славян, што… да VI ст. безпасярэдне апрычылася з праславянскае мовы. Балцкі моўны субстрат унёс у беларускую мову некаторыя балцкія рысы, зь іх найважнейшае аканьне, што далей адсунула беларускую мову ад усіх іншых славянскіх моў, бо зь іх ніводная гэтае асаблівасьці не мае”. Падсумоўваючы свае развагі пра раннюю гісторыю беларускага народа, Станкевіч падкрэсліў, што беларусы “сваім балцка-славянскім паходжаньнем, сваім прыходам із Захаду”, а таксама сваёй культураю і моваю з выразнымі балцкімі рысамі “вельмі розьніліся ад усіх суседніх народаў славянскае мовы”. І ўжо з гэтай прычыны яны “не маглі ўваходзіць у ніякую «старарускую» народнасць” [31], якую акадэмічны падручнік паднёс як адзіную этнічную супольнасць усходніх славян.
Лішне казаць, што працы пра беларускае мінулае, выдадзеныя на Захадзе, у афіцыйным Мінску ўспрымаліся як “фальсіфікацыі ворагаў Савецкай краіны” [32]. Таму, хоць думка пра ўдзел балтаў у фармаванні беларусаў наўрад ці магла быць новай, яе педалявання там дакладна не жадалі. І раптам – даклад на міжнароднай акадэмічнай канферэнцыі, у якім маскоўскі археолаг метадычна выклаў і ўсебакова абгрунтаваў канцэпцыю балцкага субстрату, што перагукалася з пісаннем “буржуазных нацыяналістаў”…
Мінскі выступ В. Сядова аказаўся толькі пралогам, бо ўжо праз год яго асноўныя тэзісы былі сістэмна развіты і глыбей аргументаваны вучоным на старонках агульнасаюзнага акадэмічнага часопіса [33]. Там ён таксама спачатку адзначыў, што славяне прыйшлі на землі сучаснай Беларусі з розных бакоў і старыя племянныя межы не паўплывалі на складванне беларускай этнічнай тэрыторыі. Супастаўленне апошняй з дзяржаўнымі межамі ВКЛ таксама не пацвярджае наўпроставай залежнасці фармавання беларускай моўнай і этнаграфічнай супольнасці ад палітычнай гісторыі. Прадпасылкі (перадумовы) складвання гэтай супольнасці трэба шукаць глыбей, у аўтахтонным балцкім насельніцтве, прапанаваў Сядоў і паслядоўна выклаў аргументы на карысць гэтай гіпотэзы. Пачаў з археалагічных матэрыялаў, якія захавалі багата бясспрэчных сведчанняў удзелу балтаў у фармаванні насельніцтва беларускай этнічнай тэрыторыі, а потым паказаў, што да такой жа высновы падводзіць аналіз як антрапалагічных, так і этнаграфічных дадзеных [34]. Далей даследчык асобна спыніўся на характэрных асаблівасцях беларускай мовы (фанетычных, марфалагічных і лексічных) і заключыў, што і яны з’явіліся пад уздзеяннем балцкага моўнага субстрату. Уключэнне заходніх абшараў Русі ў склад ВКЛ хоць “і аказала нейкі ўплыў”, але яно “не было першапрычынай утварэння беларускай мовы і народнасці” [35]. Першапрычынай даследчык лічыў уздзеянне субстрату.
Праз некалькі месяцаў на старонках таго ж часопіса з крытыкай асноўнага тэзіса Сядова выступіў Пётр Траццякоў [36], публікацыя якога адкрыла дыскусію. Палеміка археолага з археолагам выглядала досыць канкрэтнай. Траццякоў не сумняваўся ў наяўнасці балцкага элемента ў арэале ўсходніх славян, але не прымаў “катэгарычную форму”, у якой Сядоў вызначыў ролю субстрату ў этнагенезе беларусаў, і таго, што паходжанне беларускай народнасці разглядаецца “ў адрыве ад рускіх і ўкраінцаў” [37]. У канкрэтных заўвагах даследчык аспрэчыў межы распаўсюджання балцкіх элементаў і зоны балцкіх гідронмаў, паказаныя на картах Сядова. Балцкія элементы былі распаўсюджаны шырэй, чым будучая беларуская тэрыторыя, і балцкі субстрат не з’яўляўся асаблівасцю беларускай народнасці, настойваў ён. Наогул, дняпроўскія балты “паслужылі субстратам не беларускай сярэднявечнай народнасці, як думае В. В. Сядоў, а яе папярэдніцы – старажытнарускай народнасці”, паўтарыў Траццякоў свой тэзіс, выказаны яшчэ ў Мінску, зноў дадаўшы, што неабходная ўмова правільнага разгляду праблемы ўтварэння беларусаў – разглядаць яе “абавязкова ў неразрыўнай сувязі з праблемай утварэння дзвюх іншых усходнеславянскіх народнасцяў – рускіх і ўкраінцаў” [38].
З беларускіх навукоўцаў першым у дыскусію ўступіў тапаніміст, выкладчык геаграфічнага факультэта БДУ Вадзім Жучкевіч [39]. Ён павёў размову толькі пра сваё – тапанімію, не аддзяляючы гідронімы ад назваў пасяленняў. Паводле яго, салідная праца У. Тапарова і А. Трубачова пра гідронімы Верхняга Падняпроўя, выкарыстаная Сядовым, поўная недакладнасцяў і “неабгрунтавана пашырае” арэал балцкай гідраніміі. На падставе сваіх даследаванняў Жучкевіч моцна зменшыў колькасць назваў балцкага паходжання на тэрыторыі Беларусі, а паўднёвабеларускія землі, дзе такіх захавалася мала, наогул выключыў з арэала балцкай гідранімікі. Факт наяўнасці ў беларускай мове значнай колькасці слоў, агульных з літоўскай, ён звязаў з гістарычным суседствам народаў і на гэтай падставе заключыў: “трэба гаварыць не пра балцкі субстрат у этнагенезе беларусаў, а толькі пра ўдзел балтыйскіх народаў у этнагенезе беларусаў” [40]. Багата месца аўтар аддаў спробам удакладніць паходжанне назвы канкрэтных тапонімаў, дзе і Сядова ўпікнуў у “неакуратным абыходжанні” з беларускай тэрміналогіяй, хоць аказалася, што папрок у неакуратнасці заслугоўваў сам крытык [41], а не маскоўскі археолаг. Увогуле ж, нават пасля змяншэння зоны і колькасці балцкіх гідронімаў у Беларусі, Жучкевіч у канцы назваў пацверджанымі “некаторыя ідэі” Сядова аб удзеле балцкіх народаў у этнагенезе беларусаў.
Больш радыкальным праціўнікам гэтых ідэй аказаўся наступны ўдзельнік дыскусіі, М. Грынблат [42]. Ён лічыўся ключавым спецыялістам па гісторыі фармавання беларускай народнасці і рашуча пярэчыў Сядову яшчэ на мінскай канферэнцыі. Слова такога эксперта было прынцыпова важным, і рэдакцыя часопіса доўга чакала абяцаны артыкул, нагадваючы аўтару пра дамову яшчэ вясной 1968 г., калі ўжо збіралася закрываць дыскусію [43]. Грынблат сходу адкінуў існаванне самой праблемы субстрату ў гісторыі фармавання беларусаў. На жаль, погляды апанента ў яго пераказе атрымаліся занадта спрошчанымі. Выходзіла, напрыклад, што Сядоў аддае субстрату “вырашальную ролю” і “адмаўляе” ролю ВКЛ у этнагенезе беларусаў [44]. Мноства балцкіх элементаў у археалагічных матэрыялах Грынблат патрактаваў як сведчанне “сумеснага пражывання” славян з балтамі, а ў культуры беларускай народнасці ён як этнограф не знаходзіць ніякіх “балцкіх «субстратных» элементаў”. Балцкае паходжанне цэлага шэрагу этнаграфічных з’яў, пра якія пісаў Сядоў, было аспрэчана, а думка апошняга пра залежнасць асаблівасцяў беларускай мовы ад балцкага арэала адкінута як пазбаўленая падстаў. Крытык пры гэтым папракнуў маскоўскага даследчыка за выкарыстанне публікацыі “буржуазнага нацыяналіста Я. Станкевіча” [45].
Назваўшы аргументацыю Сядова “непераканаўчай”, а сам падыход – “метадалагічна няправільным”, Грынблат заявіў, што спецыфічныя рысы беларускай народнасці вызначылі не субстратныя з’явы, а “старажытнаруская моўная супольнасць”, а пазней – адносіны з суседнімі народамі. Тэорыя ж балцкага субстрату “гістарычна неапраўданая”, яна “адводзіць у бок ад сапраўднага (подлинного) гістарычнага шляху фармавання беларускай народнасці”, заключыў фалькларыст [46]. Пісаў так, быццам ужо ведаў, як прайшла гісторыя беларусаў, хоць на справе меў на ўвазе “шлях”, абвешчаны ў партыйных тэзісах [47].
Даволі хутка на старонках таго ж часопіса з’явіўся адказ Сядова ўсім тром апанентам [48]. Асноўнае месца ў ім заняла палеміка з Траццяковым. Як пераконваў вучоны, галоўны аргумент калегі (што рассяленне балтаў было шырэйшае, чым этнічная тэрыторыя беларусаў) не адмяняе яго вываду пра фармаванне беларусаў пад уздзеяннем аўтахтонных балтаў. Удзел балцкага кампанента ў фармаванні насельніцтва паўночнай і паўночна-ўсходняй Русі быў нязначны, паколькі этнічным субстратам там былі не балцкія, а фіна-ўгорскія плямёны. А на тэрыторыі Беларусі шчыльнасць балцкіх элементаў непараўнальна большая, чым на іншых усходнеславянскіх землях, так што няма падстаў гаварыць пра аднолькавую ролю балтаў у фармаванні ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва. Даследчык адвёў таксама папрокі ў нацяжках пры вызначэнні межаў балцкай гідраніміі і беларускай лінгвістычнай тэрыторыі, а таксама ўдакладніў крытэрыі вызначэння субстратных элементаў. Пераканаўчасць яго аргументацыі, здаецца, не магла выклікаць пытанняў.
У адказе Жучкевічу, самым кароткім, Сядоў звярнуў увагу на беспадстаўнае абмежаванне колькасці балтыйскіх тапонімаў. Можна гаварыць пра розную захаванасць балцкага кампанента, але выключаць з арэала балцкай гідранімікі тыя вобласці, дзе назвы балцкага паходжання захаваліся ў меншай за палову колькасці, – гэта сур’ёзная памылка [49]. Указаў ён і на памылковую атрыбуцыю Жучкевічам некаторых тапонімаў, калі той проста шукаў для іх адпаведныя апелятывы ў слоўніках. Такі падыход у адказе названы “рэліктам данавуковай анамастыкі”.
Наконт артыкула Грынблата даследчык адзначыў, што не знайшоў у ім сур’ёзных пярэчанняў сваім вывадам. Там пераважаюць “агульныя разважанні”, пабудаваныя на непаразуменнях [50], недаацэнцы або кепскім веданні фактычных звестак, некарэктным выкарыстанні некаторых тэрмінаў або на падыходах, не прынятых у навуцы. Сярод апошніх былі згаданы папрок за спасылку на эмігранта Станкевіча [51] і скажэнне думак апанента [52]. У выніку нават тыя заўвагі спецыяліста па беларускай этнаграфіі, якія тычыліся этнаграфічнага матэрыялу, ніяк не падрывалі тэзіса пра значную ролю балцкага этнічнага элемента ў фармаванні славянскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі.
Падагульняючы, Сядоў меў дастаткова падстаў, каб сказаць, што і пасля спрэчак з апанентамі асноўныя палажэнні яго артыкула “застаюцца ў сіле”. А рэдакцыя часопіса, нібы яму ў працяг, адзначыла, што рознагалоссі паміж дыскутантамі “не такія ўжо і вялікія”, паколькі ўсе, хто выступіў, “прызнаюць удзел балцкага кампанента ў фармаванні беларускай этнічнай супольнасці” і разых дзяцца яны толькі ў вызначэнні яго ролі [53]. Падзякаваўшы ўдзельнікам, яна закрыла дыскусію.
Але абвяшчэнне дыскусіі закрытай не прывяло да яе фактычнага завяршэння. Акурат тады выйшла манаграфія Грынблата пра паходжанне беларусаў [54], якую навуковец дапісваў у разгар палемікі, і кніга стала важным голасам праціўнікаў тэорыі субстрату. Працу гучна прадставілі як “першую спробу вырашэння праблемы паходжання і развіцця беларускай народнасці на аснове канкрэтнага вывучэння гістарычных крыніц з шырокім выкарыстаннем матэрыялаў археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі, дыялекталогіі, топанамастыкі”, хоць у сапраўднасці разнастайнасць выкарыстаных матэрыялаў, а яшчэ больш іх інтэрпрэтацыя, не маглі зрабіць добрага ўражання на дасведчанага чытача.
Разгляд праблемы ад пачатку быў моцна палітызаваны аўтарам. Асвятляючы гісторыю пытання, ён шмат і востра, з ужываннем грубай лексікі, выкрываў “беларускіх буржуазных нацыяналістаў” – ад Ластоўскага да Станкевіча, якія, маўляў, імкнуліся “разарваць роднасную сувязь паміж беларускім і рускім народамі” [55]. Хоць з іх працамі, па ўсім відаць, крытык не быў знаёмы і паўтараў шаблонныя абвінавачванні. Ці не таму ў кампанію да Станкевіча ён аднёс і М. Вакара, які нібыта “со свойственной ему разнузданной демагогией излагает в новом издании старую националистическую теорию происхождения белорусского народа”. У сапраўднасці ж Вакар быў расійскім вялікадзяржаўнікам, які не хаваў непрыхільнасці да Станкевіча, як і да іншых беларускіх дзеячоў на эміграцыі разам з іх канцэпцыямі [56].
Сваю сыходную пазіцыю Грынблат раскрыў ужо ў разглядзе гістарыяграфіі пытання, калі выклаў, як кажуць, “крэда веры”. Тэорыю старажытнарускай народнасці як агульнага продка брацкіх народнасцяў ён назваў “сакрушальным ударам” па буржуазна-нацыяналістычных тэорыях, а важным крокам вырашэння праблемы этнагенезу беларусаў – першы том “Истории Белорусской ССР” 1954 г., з яшчэ сталінскай канцэпцыяй! У ім фалькларыст убачыў “правільную і стройную схему беларускага этнагенезу” [57]. Такое прызнанне вернасці партыйным устаноўкам не пакідала месца пошуку і ўзважанаму падыходу да спрэчных пытанняў. Згадаўшы працы Сядова як новую спробу разгледзець праблему, Грынблат cходу адкінуў іх як памылковыя – як “яўнае перабольшванне ролі балцкага субстрату” ў фармаванні беларускай народнасці [58].
Да праблемы субстрату аўтар вярнуўся толькі разглядаючы ўключэнне іншаэтнічных элементаў у склад беларускай народнасці і абеларушванне часткі літоўскага насельніцтва. Тут ён пагадзіўся з высновамі археолагаў і лінгвістаў пра балтаў як абарыгенаў Верхняга Падняпроўя і Падзвіння, а таксама з наяўнасцю балцкіх элементаў у даўгіх курганах VI–VIII ст. Аднак адмовіўся бачыць у гэтым падставу гаварыць пра важную ролю балцкага субстрату ў фармаванні беларусаў, якую адстойваў Сядоў. Адзінае, што дапускаў Грынблат, гэта “некаторую ступень” уплыву балцкіх абарыгенаў на “этнакультурнае аблічча ўсходнеславянскіх плямёнаў”, але ніяк не на беларускую народнасць: ён сцвярджаў, што пры фармаванні апошняй можна гаварыць толькі “пра яе сувязі ужо з літоўскай народнасцю…” [59].
Яшчэ раз праблему даславянскага насельніцтва аўтар закрануў у заключных высновах, дзе, гаворачы пра далучанасць да працэсу фармавання беларускай народнасці часткі літоўцаў, зноў падкрэсліў: “Тут менш за ўсё даводзіцца гаварыць пра балцкі субстрат, уздзеянне якога на фармаванне беларускай народнасці без дастатковай падставы выпячваецца ў апошні час некаторымі даследчыкамі (В. В. Сядоў). Месца вядомай часткі літоўцаў у этнічнай гісторыі беларусаў вызначаецца пазнейшым працэсам яе абеларушвання і ўзаемадзеяння суседніх народнасцяў” [60]. Сказанае цалкам супадала з афіцыйнай формулай паходжання беларусаў, уведзенай тэзісамі ЦК КПСС, якую Грынблат тут жа паўтарыў: “Беларуская народнасць, гэтак жа сама, як народнасці руская і ўкраінская, вядзе свой пачатак ад адзінага кораня – старажытнарускай народнасці, яе заходняй часткі. Старажытнаруская народнасць стала агульным этапам у гісторыі трох брацкіх народнасцяў”, і гэта адрознівае этнагенез усходніх славян ад іншых народнасцяў [61]. Да тых, хто ўтварыў этнічную аснову беларускай народнасці, аўтар аднёс толькі славянскае насельніцтва – нашчадкаў дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў, якія прайшлі “гістарычную ступеньку старажытнарускай супольнасці”.
Увосень 1968 г. Грынблат выслаў сваю манаграфію тым, каго ў ёй крытыкаваў, – як Сядову, так і Леаніду Аляксееву. Магчыма, за гэтым не стаяла нічога, апрача добрага правіла навукоўцаў абменьвацца сваімі публікацыямі. Сядоў, наколькі нам вядома, толькі ветліва падзякаваў [62]. Аляксееў падзяляў асноўны тэзіс Сядова. У манаграфіі пра Полацкую зямлю, якая ўбачыла свет перад пачаткам дыскусіі, ён падкрэсліў, што палачане ўтварыліся ў працэсе асіміляцыі балтаў і гэтую асіміляцыю трэба лічыць адным з найважнейшых фактараў этнагенезу беларусаў [63]. У адказ на падараваную кнігу ён даслаў Грынблату ліст, у якім не толькі падзякаваў, але і тактоўна выказаў заўвагі, галоўная з якіх датычыла акурат ролі балцкага насельніцтва ў фармаванні беларусаў. Адмаўляючы ўплывы балцкага субстрату, Грынблат тлумачыў з’яўленне спецыфічных рысаў беларускай мовы, у тым ліку мовы палачан, уздзеяннем дрыгавічоў [64]. З гэтым не мог пагадзіцца Аляксееў, які адмыслова вывучаў палачан. “Ці варта прыніжаць ролю балцкага субстрату ў фармаванні беларусаў і замяняць яе нібыта існавалай сувяззю палачан з дрыгавічамі?” [65], – запытаўся ён і звярнуў увагу на непераканаўчасць аргументаў аўтара. Археолаг тлумачыў, што хоць сувязь першых з другімі была, але яе няможна параўноўваць з сувяззю прышэльцаў з абарыгенамі, якую добра ілюструе археалогія. А што можа сведчыць пра сувязь палачан і дрыгавічоў? На звесткі этнаграфіі і дыялекталогіі, якія выкарыстаў Грынблат, можна абапірацца ў вырашэнні пастаўленага пытання толькі пры ўмове “рэальнай сувязі выкарыстанага матэрыялу з матэрыялам старажытным”. У гэтых адносінах у “балцкай” тэорыі ўсё добра, адзначаў даследчык. “Беларусы данеслі да ХХ ст. рысы, якія сведчаць пра старажытны балцкі субстрат – шэраг іх дыялектных асаблівасцяў цвёрда кладзецца на этнаграфічную (ці дакладней археалагічную) карту балцкіх плямён; з той жа картай плямён супадае шэраг рысаў сучасных беларусаў у вобласці антрапалогіі (працы В. Бунака і В. Сядова) і, відаць, этнаграфіі (праўда, наконт гэтага ў літаратуры сустракаюцца толькі намёкі). Нарэшце, у сучасных беларусаў ёсць і тэрміналагічныя пазычанні з балцкіх моў, а картаграфаванне гэтых тэрмінаў пераконвае, што яны ўзятыя не ад суседняй Літвы, а ад асіміляванага балцкага насельніцтва, і г. д., – усё гэта добра вядома па літаратуры і я не прыводжу звестак” [66]. У палачан усе гэтыя рысы змешвання славян з абарыгенным насельніцтвам адклаліся гэтак жа выразна, як і ў іншых беларусаў, і надалі ім тыя асаблівасці, што прасочваюцца да сёння, а пра сувязі палачан з дрыгавічамі нічога не вядома, адзначаў навуковец. “Якія ж звесткі на карысць таго, што дрыгавічы так радыкальна паўплывалі на палачан?” – зноў пытаўся ён у аўтара манаграфіі і адказваў: “Старажытнасці эпохі палачан гэтага зусім не адлюстроўваюць”. Тыя дыялектныя асаблівасці, да якіх звярнуўся Грынблат, пра нешта казалі б толькі пры ўмове, што іх можна было б звязаць з эпохай палачан і дрыгавічоў, яшчэ раз падкрэсліў археолаг. “Але такая сувязь не выяўляецца, або грунтуецца на сцверджанні, не падмацаваным фактамі”. І спасылкі на аўтарытэт Еўдакіма Раманава нічога не вырашаюць, бо тады яшчэ не было археалогіі як навукі ў сціслым сэнсе слова, дадаў Аляксееў.
Згаданая манаграфія Аляксеева пра Полацкую зямлю, заўважаная і цёпла ўспрынятая гуманітарыямі ў Беларусі, таксама давала нагоду па-новаму паглядзець на вытокі беларусаў. Вывады аўтара былі сугучныя з тэзісамі Сядова. Смялейшыя з гуманітарыяў у Мінску знаходзілі ў іх важны аргумент на карысць адмаўлення афіцыйнай тэорыі старажытнарускай народнасці як адзінага этнічнага “кораня” ўсходнеславянскіх народаў. У прыватнасці, так разглядаў сутнасць справы Мікола Прашковіч, які смела крытыкаў тады схемы афіцыйнай гістарыяграфіі. У рэцэнзіі на кнігу Аляксеева ён пісаў: “Да апошняга часу не было вырашана пытанне аб паходжанні беларускай народнасці. Неаднаразова выказвалася меркаванне, што беларуская народнасць утварылася ў выніку паступовага засялення земляў сучаснай Беларусі славянскімі плямёнамі і асіміляцыі балтаў, якія жылі на гэтых землях. У сувязі з канцэпцыяй балта-славянскага паходжання беларусаў паўстае пытанне аб існаванні ў часы Кіеўскай Русі так званай адзінай старажытнарускай народнасці. На самай справе, як магла ўтварыцца адзіная старажытнаруская народнасць, калі ў розных месцах усходнеславянскай раўніны славянскімі плямёнамі былі асіміляваныя балцкія, уграфінскія ці іранскія плямёны? Калі ж дапусціць, што такая народнасць сапраўды існавала, то чаму яна так хутка распалася? Яшчэ ў Х–ХІ ст. на тэрыторыі Кіеўскай Русі існаваў шэраг плямёнаў. Чаму ж у XIV ст. мы маем справу ўжо з рускай, беларускай і ўкраінскай народнасцямі?” [67]. Прашковіч разважаў лагічна і хваліў Аляксеева за пастаноўку пытанняў, якія “патрабуюць далейшага добрасумленнага, сур’ёзнага вывучэння”.
У тую пару ідэю пра важную ролю балтаў у фармаванні беларусаў падтрымліваў шмат хто з гуманітарнай інтэлігенцыі. Наогул, балцкая тэматыка з сярэдзіны 60-х набыла асаблівую папулярнасць. Як наракаў археолаг Леанід Побаль на вучонай радзе свайго інстытута ў 1965 г., гісторыю славянства стала цяжка асвятляць. Маўляў, яму было б прасцей напісаць, што зарубінецкая культура – балцкая, і такая думка не выклікала б заўваг, але калі ён сказаў, што гэта культура славянская, “то супраць гэтага сцвярджэння выступілі многія таварышы” [68]. Не дзіўна, што пасля з’яўлення артыкулаў Сядова сімпатыі многіх навукоўцаў былі на яго баку. Супраць тэорыі балцкага субстрату выступалі адны і тыя ж асобы, прычым, як пазней адзначыў яе распрацоўшчык, – галоўным чынам этнографы і гісторыкі, якія звычайна ігнаравалі археалагічны матэрыял. Сярод археолагаў праціўнікам быў фактычна адзін П. Траццякоў, з якім салідарызаваўся Л. Побаль. Паводле Сядова, у Мінску ў прыватных размовах і археолаг Аляксей Мітрафанаў падзяляў яго погляды, дапаўняючы іх матэрыяламі сваіх раскопак, але адкрыта падтрымаць не хацеў: “казаў, што я выступлю і з’еду ў Маскву, а яму тут заставацца” [69]. Няма сумненняў, што да кола прыхільнікаў балцкай тэорыі належаў і Мікалай Улашчык. Калі ён спрабаваў дапамагчы Міколу Ермаловічу паправіць рукапіс будучай кнігі “Па слядах аднаго міфа”, то параіў пракансультавацца ў Сядова як “самага кваліфікаванага даследчыка славяна-балцкіх адносін” [70].
Апісваючы крыху пазней атмасферу навуковага жыцця тых гадоў, дырэктар акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Васіль Бандарчык назваў праблему паходжання беларусаў вострадыскусійнай, бо ў яго разуменні, тэорыя балцкага субстрату нібыта “ўнесла вялікую блытаніну” ў вывучэнне этнагенезу беларусаў. “Шэраг даследчыкаў, каму гэтая тэорыя імпануе, абапіраючыся на яе, мэтанакіравана вышуквалі ў археалогіі, антрапалогіі, мове, побыце і культуры Беларусі літоўскія паралелі і пазычанні”, якія “адразу ўводзяцца ў навуковы ўжытак як аргумент для пацвярджэння «балцкага субстрату»” [71].
Сітуацыю ўскладніла абвастрэнне супрацьстаяння савецкага блока з Захадам, звязанае з увядзеннем савецкіх войск у Чэхаславакію летам 1968 г. Партыйныя ўлады патрабавалі ад гісторыкаў актывізаваць барацьбу супраць “фальсіфікатараў”, у тым ліку ў працах аб “паходжанні гісторыі беларускага народа, гісторыі яго культуры і фармаванні беларускай нацыі” [72]. І хоць усе акадэмічныя выданні ў Мінску асвятлялі этнагенез беларусаў у афіцыйна прынятай (чыста славянскай!) парадыгме, выводзячы беларусаў з адзінай старажытнарускай народнасці [73], папулярнасць балцкай тэорыі не магла не турбаваць партыйна-ідэалагічны апарат БССР. У ход пайшла, так бы мовіць, “цяжкая артылерыя”: вялікім накладам выдалі брашуру Лаўрэнція Абэцэдарскага “У святле гістарычных фактаў”, якая мусіла даць бой усім “фальсіфікатарам” гісторыі Беларусі. Хоць яна выйшла ў серыі “Бібліятэчка газеты «Голас Радзімы»” і была адрасавана найперш чытачам замежжа, мусіла перасцерагаць і савецкіх грамадзян. Тэма паходжання беларусаў увайшла тут у каталог пытанняў, якія “найбольш часта скажаюцца буржуазнымі фальсіфікатарамі”. Цяпер на ўсялякія развагі пра ролю балцкага элемента ў этнагенезе беларусаў падаў злавесны палітычны цень, бо Абэцэдарскі звязаў саму тэму з “былымі гітлераўскімі паслугачамі”. Гэта тыя, маўляў, хоць яны “ніякага дачынення да гістарычнай навукі не маюць, гісторыі беларускага народа не ведалі і не ведаюць”, усё заяўляюць, што “матэрыяльная і духоўная культура беларусаў па свайму паходжанню не славянская, а балцкая, што з усіх славянскіх моў найбольш далёкая да беларускай мовы – мова руская, што беларускі народ ніколі не меў нічога агульнага з рускім народам” [74], пераконваў аўтар. Гэта на “загад сваіх сучасных гаспадароў”, працягваў партыйны гісторык, яны “назойліва паўтараюць, што «беларусы сваім прыходам із Захаду, сваёй культурай, доўгі час балцкай… вельмі розніліся ад усіх народаў славянскай мовы». Ніякіх доказаў заходняга, балцкага паходжання беларусаў самазваныя «гісторыкі» не маюць і толькі таўкуць свае выдумкі ў ступе сваіх жа «лёгічных выспаў»”.
За адзіна правільны погляд Абэцэдарскі падаў афіцыйную формулу пра існаванне да XIV ст. “адзінай усходнеславянскай, старажытнарускай народнасці”, з якой і пачалі пазней утварацца “тры брацкія народнасці – беларуская, украінская і руская (велікаруская)”. Пра свае доказы ён асабліва не клапаціўся, бо спаслаўся толькі на публікацыі Жучкевіча і Траццякова, аргументы якіх, як паказана вышэй, прайгравалі ў дыскусіі з Сядовым, ды на высновы пра “адзінства культуры ў эпоху старажытнай Русі” – блізкасць мовы крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў да моў іншых усходнеславянскіх плямёнаў [75], што таксама мала аб чым сведчыла. У сваім заключэнні Абэцэдарскі максімальна прымітызаваў, палітызаваў і перакруціў погляды апанентаў. “Хлуслівыя сцвярджэнні сучасных фальсіфікатараў гісторыі Беларусі, нібыта яшчэ ў VІ ст. існавала балцкая па свайму паходжанню беларуская народнасць, мова якой вельмі рознілася ад мовы ўсіх усходніх славян, не маюць ніякай падставы…” – заявіў ён і дадаў, што такія сцвярджэнні распускаюцца, “каб проціпаставіць беларускі народ рускаму…” [76].
На Захадзе на палітычную брашуру Абэцэдарскага спецыяльна адгукнуўся Паўла Урбан, разгарнуўшы свой адказ у цэлую кнігу [77]. Належную ўвагу эміграцыйны даследчык аддаў і “балцкай тэорыі”, прычым прадэманстраваў добрае веданне праблемы. Напачатку ён падкрэсліў, што насуперак закідам партыйнага гісторыка з Мінска, гэтую канцэпцыю нельга назваць выдумкай “беларускіх нацыяналістаў”, бо яе выказвалі навукоўцы яшчэ ў эпоху царскай Расіі. А найбольш сістэматычна і пераканаўча з ёй пачаў выступаць савецкі даследчык Сядоў, які не толькі абапіраецца на археалагічныя матэрыялы, але і выкарыстоўвае таксама звесткі лінгвістыкі і тапанімікі, тлумачыў аўтар. Вось і ў новай кнізе пра славян Верхняга Падняпроўя і Падзвіння [78], працягваў ён, Сядоў даводзіць, што этнічнаму і моўнаму субстрату “належыць больш істотная роля” ў фармаванні беларусаў, чым фактару палітычнаму – уключэнню беларускіх абшараў у склад ВКЛ. Гэта важная навуковая праблема, якая заслугоўвае ўвагі даследчыкаў, але ў БССР яна не распрацоўваецца, падкрэсліў Урбан. Больш за тое, у Мінску “заўважаецца тэндэнцыя аспрэчваць” тэорыю паходжання беларусаў, з якой выступіў Сядоў і іншыя савецкія навукоўцы, адзначыў ён, пасля чаго назваў прычыну: бо гэтая тэорыя “не пакідае і сьледу ад канцэпцыі пра гэтак званы «адзіны старажытнарускі народ»” [79].
Спрэчкі вакол паходжання беларусаў выйшлі па-за межы СССР і на Захадзе прыцягвалі ўвагу не толькі беларускіх эміграцыйных гісторыкаў ці папулярызатараў. За дыскусіяй пра ролю субстрату сачыў, між іншага, і супрацоўнік Мюнхенскага Інстытута даследаванняў СССР антраполаг Самір Гош (Samir K. Ghosh). У невялікай нататцы, дасланай у 1969 г. у рэдакцыю амерыканскага часопіса “Current Anthropology”, ён назваў вынікі дыскусіі “свайго роду рэвалюцыяй у савецкай гістарыяграфіі” [80]. Бо калі ранейшая канцэпцыя сцвярджала, што ўсходнеславянскія народы ўзніклі ў XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай народнасці ў выніку палітычных падзей – мангольскага нашэсця і ўтварэння ВКЛ, то Сядоў прыйшоў да высновы, што “беларусы пачалі складвацца ў старажытнасці на аснове балцкага субстрату…”. Хоць падобныя тэорыі выказваліся і раней, але ў Сядова яны “ўпершыню падмацаваны салідным навуковым матэрыялам”, падкрэсліў мюнхенскі антраполаг і адзначыў, што тэорыю Сядова “падтрымалі выдаўцы «Советской этнографии» і многія маскоўскія, беларускія і ўкраінскія гісторыкі і этнографы”.
Рэдактар “Current Anthropology” Сол Тэкс (Sol Tax) пераслаў тэкст Гоша ў Маскву, у рэдакцыю “СЭ”, каб з ім папярэдне пазнаёміліся ўдзельнікі дыскусіі і пры неабходнасці выказалі свае заўвагі. Адтуль копія нататкі ў верасні таго ж года трапіла ў Мінск да Грынблата, якога прасілі напісаць кароценькі каментар [81].
Падвышаная ўвага да праблемы паходжання беларусаў, асабліва на Захадзе, з боку саветолагаў, патрабавала яшчэ раз паставіць кропку на тэорыі балцкага субстрату. З падагульняльным артыкулам пра дыскусію, якая засталася далёка ў мінулым, выступіў маскоўскі лінгвіст, прафесар МДУ Георгій Хабургаеў [82]. Пачаўшы з пытання пра лагічную абгрунтаванасць тэзіса Сядова, даследчык выказаў нямала пярэчанняў яго палажэнням, пабудаваўшы сваю крытыку, аднак, на ўласных дапушчэннях і ненадзейных матэрыялах. Напрыклад, прапанаваныя храналагічныя і геаграфічныя межы (як больш дакладныя) вызначыў на падставе моўных з’яў, найперш фанетычных, а зрабіць гэта для разгляданай ім эпохі яўна праблематычна. Або выкарыстаў як даказаны факт акрэсленую М. Ермаловічам кампактную тэрыторыю “Літвы”, якая быццам існавала ў ХІІ–ХІІІ ст. на землях цэнтральнай Беларусі [83]. Спасылаючыся фактычна толькі на лінгвістычныя дадзеныя, у прыватнасці, арэалы ізаглосаў, Хабургаеў даказваў, што этнічнае і моўнае адасабленне беларусаў (як і ўкраінцаў) было звязана з палітычным фактарам – “захопам Літвой і Польшчай заходніх і паўднёва-заходніх земляў”, адарваных ад іншых раёнаў Русі. Ён гаварыў пра сувязь палітычнай мяжы не толькі з дыялектнымі, але і з этнаграфічнымі асаблівасцямі, хоць апошнія ў працы зусім не разглядаліся.
Напрыканцы навуковец адкрыта агучыў афіцыйную схему тлумачэння гісторыі ўсходнеславянскіх народаў: усяму прычынай стала цюрка-мангольскае нашэсце, якое “аслабіла абароназдольнасць усходніх славян і тым самым спрыяла захопу заходніх і паўднёва-заходніх земляў Літвой і Польшчай”, а калі Маскоўская Русь умацавалася і пачала дамагацца “поўнага ўз’яднання нашчадкаў старажытнарускай народнасці ў адзінай дзяржаве”, то там ужо паспелі сфармавацца новыя славянамоўныя народнасці [84]. Праўда, заключны вывад мовазнаўцы аказаўся ў пэўнай ступені супярэчлівы: балцкі субстрат “не з’яўляецца прычынай адасаблення беларускай лінгва-этнічнай супольнасці”, але можа тлумачыць вытокі “шэрагу этнаграфічных, антрапалагічных і, часткова, моўных асаблівасцяў гэтай супольнасці, якія аформіліся ў VIII– XII ст. – да пачатку адасаблення беларусаў” [85].
У Мінску з крамольнай тэорыяй працягвалі “дыскутаваць” больш радыкальна. Спачатку без асаблівых каментароў яе “пахавалі” ў 1-м томе новай акадэмічнай “Гісторыі Беларускай ССР”. Аўтары параграфа пра беларускую народнасць (сярод якіх – М. Грынблат) апісалі яе ўтварэнне ў адпаведнасці з партыйнай устаноўкай і суха абвясцілі: “Канцэпцыя аб рашаючай ролі балтыйскага субстрату ў паходжанні беларускай народнасці і фарміраванні яе этнакультурнага аблічча не мае пад сабой глебы” [86].
У той жа час у планах Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР на 1973 г. з’явілася спецыяльная канферэнцыя пра этнагенез беларусаў, – не без санкцыі ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ, а магчыма, і з яго ініцыятывы. У арганізацыйны камітэт, узначалены В. Бандарчыкам, на той час дырэктарам ІМЭФ і членам-карэспандэнтам АН БССР, увайшлі Л. Абэцэдарскі, М. Грынблат, В. Жучкевіч, І. Навуменка, Л. Побаль, К. Шабуня ды іншыя, усе як адзін – адэпты ўсходнеславянскага адзінства. Для пленарнага паседжання арганізатары выбралі даклады толькі тых удзельнікаў, хто крытыкаваў тэорыю балцкага субстрату, так што навуковы форум збіралі з пэўнай мэтай.
Канферэнцыя па такой тэме абяцала быць падзеяй, і яе чакалі, а тэрмін правядзення некалькі разоў пераносіўся. Адным з тых, хто чакаў, быў Мікола Ермаловіч, які ў лісце да Ларысы Геніюш 19 кастрычніка 1973 г. заклапочана пісаў: “17 лістапада мае быць навуковая канферэнцыя па пытанні паходжання беларусаў. Я таксама туды быў аддаў тэзісы свайго даклада; абяцалі, што ўключаць. Аднак зараз нешта маўчаць. Магчыма, што гэтая канферэнцыя і не адбудзецца” [87].
Цяпер мы ведаем, чаму канферэнцыя так і не адбылася – яе раптоўна адмянілі, літаральна за некалькі дзён да пачатку. Добра, што паспелі выдаць зборнік тэзісаў [88], наклад якога, па словах сведкі тых падзей Лідзіі Цягакі, пасля адмены канферэнцыі нібы быў “арыштаваны”. Гадоў пяць ён праляжаў у бібліятэцы і толькі потым паступова ўвайшоў у шырокі ўжытак [89].
У тэзісах зборніка не было нічога нечаканага, тым больш крамольнага. Сядоў зноў абгрунтоўваў сваё: што ўмовы фармавання славянскага насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адрозніваліся ад гісторыі славян іншых тэрыторый Кіеўскай Русі, што продкамі насельніцтва на тэрыторыі Беларусі “ў роўнай меры былі і прышлыя носьбіты славянскай мовы, і мясцовыя жыхары, якія жылі тут каля дзвюх тысяч гадоў да славянскага рассялення”. Вучоны не адмаўляў тэндэнцый да “кансалідацыі адзінай народнасці” ў Кіеўскай Русі, але гаварыў пра ўплыў балцкага субстрату на мову і этнічныя асаблівасці славянскага насельніцтва на землях Беларусі, далейшае “адасабленне моўнага развіцця” якога адбывалася пасля ўключэння ў склад ВКЛ [90].
Аднак тых, хто пярэчыў яму, было болей. Сам кіраўнік аргкамітэта канферэнцыі Бандарчык сцвярджаў, што з прапанаванай Сядовым тэорыяй “нельга пагадзіцца”, бо ўсходнія славяне, маўляў, асімілявалі не толькі балтаў, а шмат іншаэтнічных груп, а балтыйскія плямёны засялялі не толькі тэрыторыю сучаснай Беларусі. Фармаванне беларускай народнасці адбывалася “на базе старажытнарускай народнасці – агульнага папярэдніка і кораня рускіх, украінцаў і беларусаў”, зноў пераконваў ён. Спробы выводзіць беларускую народнасць непасрэдна з усходнеславянскіх плямён, а не з “агульнага кораня”, ён абвясціў недахопам усіх ранейшых даследчыкаў, які змаглі “пераадолець” толькі савецкія гісторыкі. У гэтай сувязі, як звычайна, перападала “беларускім буржуазным нацыяналістам”, якіх рытуальна вінавацілі ў “палітыцы адрыву беларусаў ад брацкіх рускага і ўкраінскага народаў” [91].
Грынблат на гэты раз абмежаваўся абстрактнымі развагамі. Паставіўшы пад сумненне ролю археалогіі ў вывучэнні гісторыі ўтварэння беларускай народнасці, ён сцвердзіў, што манаполія тут павінна належаць этнаграфіі, і катэгарычна заявіў: “Субстратныя элементы не маюць амаль ніякага значэння ў стварэнні этнічнага аблічча беларусаў як народнасці”. Але не пайшоў далей за апісанне задач, якія павінна ставіць перад сабой этнаграфія пры вывучэнні этнагенезу беларусаў [92]. Затое Георгій Штыхаў, які сімпатызаваў балцкай тэорыі, адзначыў наяўнасць спрэчак вакол прыналежнасці зарубінецкай культуры паміж даследчыкамі (П. Траццякоў і Л. Побаль даказвалі яе славянскасць, а В. Сядоў, І. Ляпушкін, І. Русанаў і інш. – балцкасць), а ў падсумаванні падкрэсліў, што незалежна ад выніку спрэчак трэба прызнаць факт – на тэрыторыі цэнтральнай і паўночнай Беларусі да V ст. н. э. жылі балцкія плямёны [93].
Словам, у тэзісах, якія краналі тэорыю балцкага субстрату, выказваліся ўзважаныя і пераважна знаёмыя погляды. Так што выдадзены зборнік не мог справакаваць забарону канферэнцыі. Дык што тады? У даступных архівах немагчыма знайсці ніякіх наўпроставых дакументаў, звязаных з такім рашэннем.
Да забароны канферэнцыі прывяло запрашэнне іншаземных удзельнікаў без узгаднення з ЦК КПБ, а таксама выкрыццё “нацыяналістаў” у АН БССР, лічыць згаданая Л. Цягака [94]. Не выключана, што гэта таксама магло мець нейкае значэнне, але наўрад ці галоўнае. Справе “нацыяналістаў” увосень 1973 г. яшчэ не далі яўнага ходу, так што на гэты конт кіраўніцтва Акадэміі навук магло тады і не перажываць. Больш важнай падставай адмены ўяўляецца сама тэма канферэнцыі і прадугледжаны ўдзел у ёй Сядова з прыхільнікамі яго падыходу. Гэта пацвярджае і прызнанне Бандарчыка, сталага праціўніка тэорыі балцкага субстрату, які ў час позняй перабудовы сказаў, што вышэйшыя ўлады ўбачылі ў ёй спробу разбурэння “ўсходнеславянскага адзінства”. “Гэтая канферэнцыя нашымі дырэктыўнымі органамі пры ўзгадненні з Масквой была адменена”, – успамінаў ён. “Заўтра трэба адкрываць канферэнцыю, а мяне (я тады быў дырэктарам Інстытута) выклікалі і сказалі: вы тут пачынаеце ператвараць у прадмет абмеркавання дружбу народаў, пачнуцца сваркі; няма чаго сёння гэтым займацца і абмяркоўваць такія пытанні” [95]. Бандарчык успамінаў пра гэта, заклапочаны “вялікім перакосам” сярод спецыялістаў, якія пісалі пра этнічную гісторыю ўсходнеславянскіх народаў: “усходнеславянскае адзінства практычна адмаўляецца – частка вучоных у Беларусі і Украіне лічыць, што іх народы ўзніклі ў тыя часы, калі ўсходнія славяне засялілі гэтую тэрыторыю”, прызнаў ён на тым жа “круглым стале” [96].
Атрымлівалася, што ў 1973 г. улады своечасова распазналі за навуковай канферэнцыяй спробу падважыць тэорыю ўсходнеславянскага адзінства і… сарвалі яе. За падрыхтоўку навуковага форума, які мог прынесці ідэалагічную шкоду, кіраўніцтву АН БССР неўзабаве ўляцела ад самога Пятра Машэрава, калі той раскрытыкаваў Аддзяленне грамадскіх навук і асабіста акадэміка-сакратара Казіміра Буслава ў дакладзе красавіцкаму пленуму ЦК КПБ 1974 г. Да “промахов и изъянов” у працы названага аддзялення лідар беларускіх камуністаў залічыў і тое, што яно “санкционирует проведение мероприятий, не задумываясь над их возможными негативными последствиями, как это имело место с намечавшимся симпозиумом по проблеме этногенеза белорусов и в ряде других случаев” [97].
Найвышэйшае партыйнае кіраўніцтва БССР задзейнічала галоўны механізм кіравання дыскусіямі – наўпрост умяшалася ў яе. Яшчэ да згаданага пленума сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін накіраваў у ЦК КПСС ліст, у якім указаў на шкоднасць палемікі пра этнагенез беларусаў. Канцэпцыя Сядова “смыкается с писаниями белорусского националистического эмигрантского отребья”, а рэдакцыя часопіса “СЭ” салідарызавалася з ім, яны разам з іншымі маскоўскімі навукоўцамі “активно навязывают белорусским археологам и этнографам дискуссию… не задумываясь над ее возможными негативными последствиями политического характера” [98], паскардзіўся ў Маскву галоўны ідэолаг БССР (гл. дадатак).
Цяпер “дыскутаваць” мог толькі адзін бок. Ролю галоўнага крытыка славутай тэорыі пачаў выконваць В. Бандарчык. У сярэдзіне 70-х г. ён мэтанакіравана выкрываў яе на канферэнцыях у Маскве і Львове, а затым на аснове сваіх дакладаў апублікаваў артыкул на старонках украінскага акадэмічнага часопіса [99]. Спрабуючы падарваць рэпутацыю Сядова як сумленнага даследчыка, Бандарчык сцвярджаў, што той з розных прац “бярэ крайнія погляды на этнагенез беларусаў, выкарыстоўваючы толькі той матэрыял, які «працуе» на карысць тэорыі «балцкага субстрату»”, адкідваючы часта процілеглыя меркаванні, і такім, маўляў, было абыходжанне Сядова з працамі Карскага [100]. Спаслаўшыся на погляды Побаля, які па-іншаму інтэрпрэтуе тыя ж археалагічныя матэрыялы, і на ўжо цытаваныя артыкулы Траццякова, Грынблата і Жучкевіча, якія быццам паказалі недакладнасць аргументацыі Сядова, Бандарчык заявіў, што трэба “сур’ёзна пераправяраць” і фактычны матэрыял, і высновы апошняга [101].
Да галоўных хібаў падрыўной канцэпцыі крытык прадказальна залічыў тое, што яна “не раскрывае адзінага гістарычнага працэсу фармавання расійскай, украінскай і беларускай народнасцяў”, якія ўтварыліся “на аснове ўжо існавалай старажытнарускай народнасці”. Наяўнасць пэўных балцкіх культурна-моўных элементаў у беларусаў ён не адмаўляў, але тлумачыў іх паходжанне “ўзаемасувязямі суседніх этнасаў”, беларускага і літоўскага – паўтараў напісанае Грынблатам. Да сваіх аргументаў супраць тэорыі субстрату Бандарчык дадаў тое, што культура і мова беларусаў збераглі “шмат старажытнарускіх і нават агульнарускіх элементаў”, а ў падсумаванні збіўся на рыторыку, тыповую для Абэцэдарскага. Прыхільнікі канцэпцыі Сядова ігнаруюць тое, заявіў ён, што ўкраінцы і беларусы, калі былі адарваныя ад Расіі, “ніколі не забывалі сваёй роднасці” і, змагаючыся супраць засілля “польскалітоўскіх феадалаў і каталіцызму, заўсёды звярталі свае погляды на братні расійскі народ і знаходзілі з яго боку спачуванне і дапамогу” [102]. Словам, абаронцы тэорыі балцкага субстрату атаесамляліся цяпер з тымі, хто выступае “супраць адзінства”, што ў тую пару магло прынесці ім вялікія непрыемнасці [103].
Калі ў навуковай дыскусіі шукаюць праўду, то довады маюць значэнне, і пазіцыі апанентаў дзякуючы абмену меркаваннямі павінны хоць неяк змяняцца, а ў ідэале збліжацца. Ці прывяла да такіх вынікаў разгляданая вышэй дыскусія? У неістотных момантах – магчыма, але ў прынцыповых яе ўдзельнікі не змянілі поглядаў ні ў час дыскусіі, ні пазней.
Калі Сядоў працягваў сцвярджаць і метадычна абгрунтоўваць тэзіс аб важнасці балцкага кампанента ў фармаванні беларускай этнамоўнай супольнасці [104], то Траццякоў настойваў на яго памылковасці. У манаграфіі пра пачаткі старажытнарускай народнасці [105] апошні пагадзіўся, што асіміляцыя ўсходніх балтаў прышлымі славянамі працягвалася да ІХ–Х ст., аднак па-ранейшаму лічыў балтаў кампанентам усёй старажытнарускай народнасці, а думку Сядова пра асобную ролю балцкага субстрату на тэрыторыі, дзе пазней склалася беларуская народнасць, назваў “бесспорно ошибочной” [106]. Жучкевіч ніколі не вяртаўся да праблемы беларускага этнагенезу, затое даволі шмат публікаваўся па агульных пытаннях геаграфіі і тапаніміі Беларусі. Пасля манаграфіі пра паходжанне беларусаў і Грынблат, здаецца, больш публічна не агучваў свайго разумення праблемы, аднак дух яго пазнейшых публікацый не пакідае сумнення, што этнограф застаўся абаронцам старой афіцыйнай догмы. Побаль, які, хоць непасрэдна не браў удзелу ў дыскусіі, але сваім аўтарытэтам эксперта служыў праціўнікам балцкай тэорыі, застаўся тым, хто нязменна хацеў бачыць у продках беларусаў толькі славян. Даследаванні іншых археолагаў пацвярджалі балцкую прыналежнасць культур днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі, аднак ён не мяняў поглядаў. Ужо пасля затухання апісанай дыскусіі ў дакладзе на ІХ Міжнародны з’езд славістаў гэты даследчык аспрэчыў балцкую прыналежнасць нават культуры штрыхаванай керамікі, сцвярджаючы, што Беларусь была “адной з галоўных тэрыторый”, на якой фармаваліся славянскія плямёны не толькі ў перыяд жалезнага веку, але і “ў больш раннія часы” [107].
Асабліва зацятым выкрывальнікам “шкоднай” тэорыі аказаўся Бандарчык, які і шмат пазней ганіў канцэпцыю Сядова як “памылковы падыход”, усхваляючы пры тым “навуковую абгрунтаванасць, аб’ектыўнасць і сапраўднасць” канцэпцыі аб старажытнарускай народнасці [108]. На чым жа грунтавалася катэгарычнае адмаўленне ролі субстрату ў фармаванні беларусаў праз дзесяцігоддзе пасля завяршэння дыскусіі? Канцэпцыю Сядова “крытыкавалі многія савецкія вучоныя”, сцвярджаў беларускі этнограф, канкрэтна называючы ўсё тых жа Траццякова, Грынблата, Жучкевіча, Хабургаева, і дапаўняў спіс уласным прозвішчам, сваімі артыкуламі, у якіх паўтараў набор даўно неактуальных закідаў або інвектывы палітычнага характару [109]. Новых довадаў у даўняга крытыка па-ранейшаму не было, і ў ход пад выглядам пераканаўчых пускаліся старыя [110].
Пазіцыю Бандарчыка нішто не змагло пахіснуць і ў часы перабудовы. На дварэ даўно быў іншы палітычны клімат, і ўлады ў Мінску дазвалялі публічна дыскутаваць пра мінулае Беларусі, а гэты навуковец усё яшчэ пафасна выкрываў тэорыю балцкага субстрату Сядова, якая нібыта “ўнесла вялікую блытаніну ў вывучэнне этнагенезу беларусаў” [111] і служыць той жа мэце, што і “волатаўская” тэорыя Ластоўскага – Лёсіка – “каб адарваць беларусаў ад усходнеславянскага адзінства”. На адным з перабудовачных “круглых сталоў” ігнараванню відавочных фактаў запярэчыў нават археолаг Эдуард Загарульскі, які ніяк не належаў да тых, хто падрываў ідэю згаданага адзінства: адмаўляць ролю балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў нельга, бо гэта факт. Іншая рэч, што Загарульскі не прызнаваў за ім ролі вырашальнага фактару [112].
Спрэчка пра балцкі субстрат у этнагенезе беларусаў, расцягнутая на дзесяцігоддзе, – гэта паказальны прыклад навуковай дыскусіі ў дзяржаве, дзе навуковы падыход падмянілі ідэалагічным. У ёй ніхто нікога не пераканаў. Іншага наўрад ці можна было чакаць, паколькі крытыкі новай канцэпцыі не кіраваліся самастойным пошукам праўды. Яны імкнуліся абараніць схему, ухваленую наверсе, для чаго было дастаткова гістарычна абгрунтаваць гатовыя тэзісы. Гісторыя гэтай дыскусіі паказвае, наколькі чуйным быў кантроль партыі над гуманітарнай навукай у БССР. Выглядае, што па ступені яе ідэалагізацыі Мінск значна апераджаў сталіцу краіны Саветаў.
Дадатак
Ліст сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі А. Кузьміна ў ЦК КПСС, 4 лютага 1974 г. [113]
ЦК КПСС
№155с
О дискуссии по вопросу этногенеза белорусов
На протяжении последних 10 лет старший научный сотрудник Института археологии АН СССР, доктор исторических наук В. В. Седов в печатной и устной форме выдвигает концепцию так называемого “балтского субстрата” происхождения белорусской народности, которая якобы сложилась в результате ассимиляции коренного балтийского населения, жившего на территории Белоруссии, западной ветвью восточных славян. Этот субстрат, по его мнению, лежит в основе формирования культурно-бытовых, языковых, антропологических и других особенностей, отличающих белорусов от русских и украинцев.
Теоретические выкладки о “балтском субстрате” игнорируют тот бесспорный исторический факт, что формирование белорусов как этнической общности происходило в неразрывной связи с формированием русской и украинской народностей на базе общего для всех предшественника – древнерусской народности. Наличие же балтских культурно-языковых элементов у белорусов, как и наличие славянских элементов в культуре современных балтийских народов, объясняется исторически сложившимся взаимовлиянием экономического, социально-политического и культурного развития этих соседних народов.
Выдвигаемая В. В. Седовым концепция этногенеза белорусов, хочет или не хочет того ее автор, смыкается с писаниями белорусского националистического эмигрантского отребья, встретившего эту концепцию весьма благожелательно, о чем свидетельствует, в частности, опубликованная в 1972 г. в Нью-Йорке и Мюнхене книга П. Урбана “У святле гістарычных фактаў”.
В связи с этим представляется непонятной позиция журнала “Советская этнография”, открывшего и закрывшего дискуссию по проблеме этногенеза белорусского народа публикацией статей В. В. Седова, который отверг все критические замечания, высказанные в адрес его концепции тт. П. Н. Третьяковым, В. А. Жучкевичем, М. Я. Гринблатом и другими. Журнал по существу солидаризовался с В. В. Седовым (см. “Советская этнография” 1969 № 1, с. 120–121), а также с теми товарищами по институту археологии и этнографии АН СССР, которые весьма благосклонно восприняли концепцию В. В. Седова и активно навязывают белорусским археологам и этнографам дискуссию об этногенезе белорусов, не задумываясь над ее возможными негативными последствиями политического характера.
Сообщается в порядке информации.
Секретарь ЦК КП Белоруссии (А. Кузьмин)
“Negative Consequences are Possible”, or Discussion on the Baltic Substrate Theory in the BSSR during Mašeraŭ Era
Hienadź Sahanovič
The author attempts to trace a rare in Soviet time discussion between representatives of humanities which was focused on the origins of the Belarusians and lasted almost over decade. It was caused in 1967 by Vladimir Sedov’s papers asserting the primary role of the Baltic ethnic and linguistic substrate in formation of Belarusians as a separate Slavic nationality. Evidence from archaeology, anthropology, ethnography, linguistic, and toponymy backed up his statement, but it had been at odds with official one Old Rus’ nationality theory. According to the latter, the Belarusian nationality, like Russian and Ukrainian, started to form on the basis of the Old Rus’ nationality as a common ancestor not earlier than the fourteenth century. Though Sedov’s concept gained popularity among Belarusian researchers, the authorities rejected it. All the opponents participated in discussion tried to defend the official theory of the brother peoples’ formation.
The around ten year debate didn’t make any participant view closer. There was no surprise since the antagonists of the Baltic substrate theory were interested in supporting the official scheme but not seeking the truth from facts. Finally, 1974 the Central committee of the Communist party of the BSSR interfered directly in discussion leaving no sense of its continuing. As the story of that discussion proves once again, the party maintained a complete control over the academia which in Minsk was much stricter than in Moscow.
[1] Пра публічную дыскусію 1966 г. гл.: Дзярновіч А. Акадэмічная дыскусія сярэдзіны 60-х гадоў: паміж свабодай творчасці і палітычным даносам // Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген? / рэд. П. Рудкоўскі, К. Колб. Варшава, 2013. С. 68–70; Сагановіч Г. Хрушчоўская адліга ў беларускай гістарыяграфіі // Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Т. 2 (2016). С. 260– 261; ён жа. Іншадумства беларускай інтэлігенцыі ў БССР эпохі адлігі // БГА. Т. 28 (2021). С. 173–174 і далей.
[2] Седов В. В. О происхождении белорусов // Древности Белоруссии: материалы конференции по археологии Белоруссии и смежных территорий (1966) / под ред. В. Ф. Исаенко, А. Г. Митрофанова, Г. В. Штыхова. Минск, 1966. С. 301–309.
[3] Седов В. В. О происхождении белорусов. С. 303, 305.
[4] Древности Белоруссии: материалы конференции по археологии Белоруссии и смежных территорий (1966). С. 327.
[5] Древности Белоруссии… С. 328.
[6] Беларусы – славяна-балты? Інтэрв’ю з Валянцінам Сядовым // Літаратура і мастацтва. 1993. 30 красавіка. С. 16.
[7] Antoniewicz J. Działalność Białostockiego Towarzystwa Naukowego w 1966 roku // Rocznik Białostocki. T. 9. Białystok, 1970. S. 480.
[8] Пар.: Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі (рэпр. выд. 1910 г.). Мінск, 1993. С. 7; Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. Мінск, 1992. С. 31; Пичета В. И. История белорусского народа. Минск, 2003. С. 10–14, 17.
[9] Довнар-Запольский М. В. История Белоруссии / отв. ред. В. М. Лебедева. Минск, 2003. С. 25.
[10] Гл.: Ляўданскі А. Археолёгічныя раскопкі ў м. Заслаўі Менскай акругі // Працы сэкцыі архэолёгіі / Беларуская Акадэмія навук, Інстытут гісторыі. Т. 1. Менск, 1928. С. 1–92; ён жа. Археолёгічныя досьледы ў Смаленшчыне // Тамсама. Т. 3. Менск, 1932. С. 5–69; ён жа. Кароткае паведамленьне аб досьледах культур эпохі жалеза ў БССР у 1930–1931 гг. // Тамсама. С. 230–235.
[11] Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С. 34, 36.
[12] Гл.: Нарысы па гісторыі Беларусі / Інстытут гісторыі АН БССР. Т. 1. Мінск, 1940.
[13] Ляпушкин И. И. Славяне Восточной Европы накануне образования Древнерусского государства (VIII – первая половина IX в.): историко-археологические очерки. Ленинград, 1968. С. 90.
[14] Шкялёнак М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы / уклад. А. Гесь, М. Казлоўскі, С. Чыгрын. Беласток, 2003. С. 108–111.
[15] Тамсама. С. 22, 231.
[16] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. С. 14.
[17] Станкевіч Я. Крыўя-Беларусь у мінуласьці. Цыт. паводле: Станкевіч Я. Гістарычныя творы. Мінск, 2003. С. 81–82.
[18] Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР. Ч. 1. Гісторыя беларускага народа да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі // Большэвік Беларусі. 1948. № 8. С. 36–72.
[19] Мавродин В. В. Образование древнерусского государства. Ленинград, 1945.
[20] Падрабязна гісторыю распрацоўкі і ўвядзення канцэпцыі гл.: Юсова Н. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930-ті – перша половина 1940-х рр.). Вінниця, 2005.
[21] Очерки истории СССР: Период феодализма IХ–ХV вв. / под ред. Б. Д. Грекова. Ч. I. Москва, 1953. С. 252.
[22] Пар.: Юсава Н. Легітымацыя паняцця “старажытнаруская народнасць” // БГА. Т. 12 (2005). С. 14, 18–19.
[23] Гл.: Тезисы о 300-летии воссоединения Украины с Россией (1654–1954 гг.). Москва, 1954. С. 5.
[24] История Белорусской ССР: в 2 т. / под ред. В. Н. Перцева, К. И. Шабуни, Л. С. Абецедарского. Т. 1. Минск, 1954.
[25] Тамсама. С. 92–93.
[26] История Белорусской ССР: в 2 т. Минск, 1961.
[27] Брага С. Балцкі элемэнт пры паўстаньні сучаснага беларускага народу. Таронта, 1950. Цыт. паводле: Тумаш В. Выбранае / уклад. Н. Гардзіенка і Л. Юрэвіч. Мінск, 2020. С. 48–56. Публікацыя выйшла пад псеўданімам Сымона Брагі і была крытычным водгукам на артыкул М. Вакара “Тhe Name White Russia”, надрукаваным у “The American Slavic and East European Review” (1949, vol, VIII).
[28] Тумаш В. Выбранае. С. 55.
[29] Станкевіч Я. Кароткі начырк гісторыі Крывіі-Беларусі. Гл.: Станкевіч Я. Гістарычныя творы. С. 127–129.
[30] Станкевіч Я. Гістарычныя творы. С. 279–285, 353–354, 359–363. Названая праца стала вострапалемічным адказам аўтара на згаданы вышэй першы том акадэмічнай “Гісторыі Беларускай ССР” (1954).
[31] Тамсама. С. 363.
[32] Ужо ў канцы 1950-х г. супрацоўнікаў акадэмічнага Інстытута гісторыі пачалі знаёміць з арганізацыямі беларускай эміграцыі, яе перыёдыкамі і манаграфіямі, выдадзенымі на Захадзе “беларускімі нацыяналістамі”. Гл.: Цэнтральны навуковы архіў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей ЦНА НАНБ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 339. Арк. 44–45.
[33] Седов В. В. К происхождению белорусов (Проблема балтского субстрата в этногенезе белорусов) // Советская этнография (далей СЭ). 1967. № 2. С. 112–129.
[34] Тамсама. С. 123–125.
[35] Тамсама. С. 129.
[36] Третьяков П. Н. Восточные славяне и балтийский субстрат // СЭ. 1967. № 4. С. 110–118.
[37] Тамсама. С. 112, 118.
[38] Тамсама. С. 115, 118.
[39] Жучкевич В. К вопросу о балтийском субстрате в этногенезе белорусов // СЭ. 1968. № 1. С. 107–113.
[40] Тамсама. С. 111.
[41] На мноства элементарных памылак і хібаў у тлумачэнні беларускіх тапонімаў В. Жучкевічам яшчэ ў час дыскусіі звярнуў увагу М. Улашчык, які апублікаваў рэцэнзію на яго “Топонимику Белоруссии” (1968). Гл.: Улашчык М. Пытанні тапанімікі Беларусі // Полымя. 1968. № 6. С. 236–241.
[42] Гринблат М. К происхождению белорусской народности (по поводу теории субстрата) // СЭ. 1968. № 5. С. 79–92.
[43] Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі, Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў (далей ЦНБ АРКР). Ф. 42. Воп. 1 Спр. 1896. Арк. 10.
[44] Гринблат М. К происхождению белорусской народности. С. 79, 82, 92.
[45] Сядоў у сваім артыкуле спаслаўся і на публікацыі заходняга друку, прывёўшы меркаванне Я. Станкевіча пра балтызмы ў беларускай мове як вынік уздзеяння балцкага субстрату, і падобную думку гарвардскага мовазнаўцы Ю. Шэраха.
[46] Гринблат М. К происхождению белорусской народности. С. 89– 90, 92.
[47] У гэтым артыкуле Грынблат ясна ўказаў на тое, што тэорыя адзінай старажытнарускай народнасці і канцэпцыя балцкага субстрату “не ўзгадняюцца”, і звязаў з гэтым “нежаданне” Сядова падкрэсліць ролю стадыі супольнага развіцця. Гл.: Гринблат М. К происхождению белорусской народности. С. 81.
[48] Седов В. Еще раз о происхождении белорусов // СЭ. 1969. № 1. С. 105–120.
[49] Тамсама. С. 115.
[50] Такім непаразуменнем было, напрыклад, адмаўленне Грынблатам культу змяі як балтызму на той падставе, што змяя фігуравала ў рускіх былінах і беларускіх казках.
[51] “Палітычную характарыстыку” Я. Станкевіча, г. зн. абзыванне яго “буржуазным нацыяналістам”, В. Сядоў адвёў як “малапераканаўчы аргумент”. Паказальна, што ў Маскве даследчык мог спаслацца на публікацыю эміграцыйнага аўтара і лічыць гэта нармальным.
[52] Тут мелася на ўвазе сцвярджэнне, быццам В. Сядоў “адмаўляў” ролю палітычнага фактару (ВКЛ) у фармаванні беларусаў. Але даследчык адмаўляў толькі ролю гэтага фактару як “першапрычыны” іх узнікнення. Пар.: Седов В. Еще раз о происхождении белорусов. С. 119.
[53] Гл.: Ад рэдакцыі // СЭ. 1969. № 1. С. 120–121.
[54] Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Минск, 1968.
[55] Тамсама. С. 32–34.
[56] У сваёй манаграфіі пра стварэнне беларускай нацыі Вакар востра крытыкаваў публікацыю В. Тумаша пра ролю “балцкага элемэнту” ў этнагенезе беларусаў – назваў яе прыкладам вяртання да “расавай тэорыі” як “элемэнту нацыяналістычнай дактрыны” ў пасляваеннай беларускай літаратуры. Беларускія эміграцыйныя аўтары пішуць пра беларускі народ як “чыстую балта-славянскую сумесь” і лічаць біялагічны фактар дэтэрмінантам іх нацыянальнага характару і менталітэту, сцвярджаў аўтар, намякаючы на расісцкія захапленні беларускіх эмігрантаў. Гл.: Vakar N. P. Belorussia. The Making of a Nation. Cambridge, 1956. P. 40.
[57] Гринблат М. Я. Белорусы. С. 36–37.
[58] Тамсама. С. 39.
[59] Тамсама. С. 145.
[60] Тамсама. С. 285.
[61] Тамсама. С. 284. У рэцэнзіі, змешчанай у беларускім эміграцыйным часопісе, гэтая кніга не без падстаў была названа “наглядным прыкладам” таго, як савецкі навуковец “намагаецца ўбудаваць канкрэтныя факты беларускай гісторыі й этнаграфіі ў супярэчныя ім схемы сучаснае партыйнае гістарыяграфіі”. Гл.: Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Т. 13. Нью-Ёрк, 1975. С. 133.
[62] ЦНБ АРКР. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 1825. Арк. 1.
[63] Алексеев Л. В. Полоцкая земля (Очерки истории Северной Белоруссии) в ІХ–ХІІІ вв. Москва, 1966. С. 33.
[64] Гринблат М. Я. Белорусы. С. 83, 117–123.
[65] ЦНБ АРКР Ф. 42. Воп. 1. Спр. 1691. Арк. 1.
[66] Тамсама. Арк. 2.
[67] Прашкович М. [Рэц. на]: Алексеев Л. В. Полоцкая земля (Очерки истории Северной Белоруссии в ІХ–ХІІІ вв.) Москва, 1966 // Нёман. 1967. № 7. С. 177–179.
[68] ЦНА НАНБ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 509. Арк. 70.
[69] Беларусы – славяна-балты? Інтэрв’ю з Валянцінам Сядовым. С. 16.
[70] Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ф. 444. Воп. 1. Спр. 157. Арк. 7адв. Публікацыя: Улашчык М. Даць народу гісторыю: успаміны, лісты / уклад. А. Каўкі і М. Скоблы. Мінск, 2016. С. 386.
[71] Бондарчик В. К. До проблеми этногенезу білорусів і критика теоріі “балтського субстрату” // Народна творчість та этнографія. 1976. № 1. С. 68.
[72] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 847. С. 68–70. Пар.: Советская Белоруссия. 1968. 19 июня. С. 4.
[73] Так і Яфрэм Карнейчык у манаграфіі пра беларускую нацыю, асвятляючы гістарычныя перадумовы ўзнікнення нацыі, падаў утварэнне беларускай народнасці ў поўнай згодзе з ухваленай схемай. Гл.: Карнейчык Я. Беларуская нацыя: гістарычны нарыс. Мінск, 1969. С. 16–19.
[74] Абецадарскі Л. У святле неабвержных фактаў. Мінск, 1969. С. 7, 16.
[75] Тамсама. С. 9–14.
[76] Тамсама. С. 16. Трэба ўдакладніць, што Я. Станкевіч, якога меў на ўвазе Л. Абэцэдарскі, перакруціўшы яго словы, пісаў пра балцка-славянскае, а не балцкае паходжанне беларусаў.
[77] Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў. (У сувязі з брашурай Л. С. Абэцэдарскага). Мюнхэн – Нью-Ёрк, 1972.
[78] Мелася на ўвазе манаграфія Сядова “Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья” (Масква, 1970).
[79] Урбан П. У сьвятле гістарычных фактаў. C. 14.
[80] ЦНБ АРКР. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 1896. Арк. 15.
[81] Тамсама. Арк. 14. Здаецца, да напісання чаканага каментара справа так і не дайшла. У кожным разе нам не ўдалося выявіць ніякіх слядоў апошняга.
[82] Хабургаев Г. А. Этнический состав Древнерусского государства и образование трех восточнославянских народностей (Логические и лингвистические замечания к обсуждению “первопричины” образования белорусской народности) // СЭ. 1972. № 1. С. 85–99.
[83] Тамсама. С. 89, 93. Аўтар узяў на павер усё, што напісаў пра “летапісную Літву” М. Ермаловіч яшчэ да крытыкі яго дапушчэнняў некаторымі археолагамі і гісторыкамі. Гл.: Ермолович Н. Где была летописная “Литва”? // Тезисы докладов конференции по археологии Белоруссии. Минск, 1969. С. 293–298.
[84] Хабургаев Г. А. Этнический состав Древнерусского государства… С. 97–98.
[85] Тамсама. С. 99.
[86] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 1: Першабытнаабшчынны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / гал. рэд. К. І. Шабуня. Мінск, 1972. С. 61, 64, 175. Тут нават адносна археалагічных культур, якія звычайна лічылі балцкімі (днепра-дзвінская і штрыхаванай керамікі), было выказана сумненне ў балцкай прыналежнасці іх носьбітаў.
[87] ЦНБ АРКР. Ф. Воп. 1. Спр. 374. Арк. 66. У лісце М. Ермаловіча названы адзін з першых тэрмінаў правядзення канферэнцыі, якую пасля неаднаразовых пераносаў запланавалі на пачатак снежня. А яго даклад так і не быў уключаны ў праграму.
[88] Этногенез белорусов: тезисы докладов на научной конференции по проблеме “Этногенез белорусов” (3–6 декабря 1973 г.) / отв. ред. В. К. Бондарчик. Минск: АН БССР, 1973.
[89] Цягака Л. Беларуская антрапалогія: Homo sapiens у прасторы і часе // Спадчына. 1994. № 6. С. 46.
[90] Седов В. В. Археология и проблемы формирования белорусов // Этногенез белорусов: тезисы докладов. С. 8–9.
[91] Бондарчик В. К. К историографии этногенеза белорусов // Этногенез белорусов. С. 4–5.
[92] Грынблат М. Этнаграфія і праблема этнагенезу беларусаў // Этногенез белорусов. С.172–175.
[93] Штыхов Г. В. Проблемы истории населения Белоруссии VІ– ХІІІ веков в свете археологических данных // Этногенез белорусов. С. 32.
[94] Цягака Л. Беларуская антрапалогія: Homo sapiens у прасторы і часе. С. 45–46.
[95] Бондарчик В. К. “Должна жить концепция единства восточных славян” (Выступленне на круглым стале “Национальный вопрос и межнациональные отношения в СССР: история и современность”) // Вопросы истории. 1989. № 5. С. 11.
[96] Годам раней, на падобным абмеркаванні актуальных праблем гісторыі ў Мінску, Бандарчык назваў адмену канферэнцыі 1973 г. “вельмі дрэнным” ходам. Пар. выступ В. Бандарчыка на круглым стале “Паходжанне беларусаў: дыскусія працягваецца”, арганізаваным у рэдакцыі газеты “Звязда” 30 жніўня 1988 г. Гл.: Перабудова і міжнацыянальныя адносіны / склад. А. У. Русецкі. Мінск, 1989. С. 118.
[97] Даклад П. Машэрава “О дальнейшем повышении действенности идейно-политической работы в свете решений XXIV съезда КПСС” быў зачытаны 29 красавіка 1974 г. НАРБ. Ф. 4. Воп. 20. Спр. 519. Арк. 76.
[98] НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 821. Арк. 29–30.
[99] Бондарчик В. К. До проблеми этногенезу білорусів і критика теоріі “балтського субстрату” // Народна творчість та этнографія. 1976. № 1. С. 63–69.
[100] На справе, аднак, крытык перакрывіў тэзісы апанента і адмыслова вышукаў у працах славутага беларускага мовазнаўцы выказванні, якія пярэчылі словам пра “скрыжаванне” славянскіх і неславянскіх элементаў у фармаванні беларусаў. Паказаўшы іх, Бандарчык звінаваціў Сядова ў беспадстаўнасці спасылак на Карскага, бо, маўляў, погляды апошняга “ніяк не могуць быць пацверджаннем” тэорыі балцкага субстрату (Бондарчик В. До проблеми этногенезу білорусів… С. 66). Але гэта непаразуменне. Сядоў не выкарыстоўваў даследаванні Карскага як пацвярджэнне сваёй тэорыі, а наадварот, лічыў памылковай думку апошняга аб прыярытэце палітычнага фактару ў беларускім этнагенезе.
[101] Бондарчик В. До проблеми этногенезу білорусів… С. 66–67.
[102] Тамсама. С. 68–69.
[103] Між іншага, крытыкуючы “антынавуковыя погляды” на этнагенез беларусаў, В. Бандарчык таксама паставіў расійскага эміграцыйнага гісторыка М. Вакара ў адзін шэраг з “беларускім буржуазным нацыяналістам” Я. Станкевічам.
[104] Седов В. В. Балты и славяне в древности (по данным археологии) // Из древнейшей истории балтских народов (по данным археологии и антропологии). Рига, 1980. С. 14–21; ён жа. Восточные славяне в VI–XIII вв. Москва, 1982.
[105] Третьяков П. Н. У истоков древнерусской народности. Ленинград, 1970.
[106] Тамсама. С. 60–70.
[107] Побаль Л. Д. Праблемы славянскага этнагенезу (па даных археалагічных крыніц). Мінск, 1982. С. 12, 14.
[108] Бандарчык В. К., Чаквін І. У. Праблема этнагенезу беларусаў у працах славянскіх вучоных / Даклады на ІХ Міжнародны з’езд славістаў. Мінск, 1982. С. 34.
[109] Тамсама. С. 36–37.
[110] Праз пару гадоў тэкст гэтага даклада слова ў слова быў апублікаваны як раздзел па гістарыяграфіі паходжання і этнічнай гісторыі беларусаў у калектыўнай манаграфіі “Этнаграфія беларусаў”, дзе Бандарчык зноў адкінуў канцэпцыю Сядова як “памылковы падыход” і паўтарыў усю тую ж аргументацыю. Гл.: Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез і этнічная гісторыя / рэдкал. В. К. Бандарчык і інш. Мінск, 1985. С. 39–41.
[111] Выступ В. Бандарчыка на круглым стале “Паходжанне беларусаў: дыскусія працягваецца”, арганізаваным у рэдакцыі газеты “Звязда” 30 жніўня 1988 г. Гл.: Перабудова і міжнацыянальныя адносіны. Мінск, 1989. С. 118. У канцы 1990-х, працуючы ўжо ў сталіцы суверэннай Беларусі, В. Бандарчык усё яшчэ крытыкаваў канцэпцыю Сядова і паўтараў артадаксальны савецкі тэзіс пра славянскую “старажытнарускую супольнасць”, распад якой і прадвызначыў фармаванне трох усходнеславянскіх народаў. Гл.: Бондарчик В. К. Белорусы. Происхождение // Белорусы / отв. ред. Бондарчик В. К. и др. Москва, 1998. С. 20–26; ён жа. Белорусы. Очерк этнической истории. Взгляды на проблему // Тамсама. С. 60–64.
[112] Гл. Перабудова і міжнацыянальныя адносіны. С. 126.
[113] Публікуецца паводле копіі: НАРБ. Ф. 4п. Воп. 62. Спр. 821. Арк. 29–30.