БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Юры Гардзееў. Сімвалічная прастора Гродна ў другой палове 80 – пачатку 90-х гадоў XX ст.

Перабудова ў Савецкім Саюзе без перабольшання лічыцца пераломным часам у гісторыі рэгіёну. Не павінен здзіўляць факт таго, што эпахальныя падзеі, якія закранулі краіну ў другой палове 80 – пачатку 90-х гадоў XX ст., не першы год прыцягваюць увагу даследчыкаў і грамадскай думкі. Сведчаннем зацікаўленасці працэсамі перабудовы з’яўляецца вялізная колькасць навуковых і публіцыстычных прац, апублікаваных у апошнія трыццаць гадоў у Расіі [1] і Украіне [2].

Беларускія дасягненні ў вывучэнні перабудовы куды больш сціплыя. У беларускай гістарыяграфіі адсутнічаюць грунтоўныя абагульняльныя працы па гэтай праблематыцы. Упершыню згаданая тэма была разгледжана ў беларускім падручніку, які ўбачыў свет у 1995 г. Дэфакта, ідучы па свежых слядах, яго аўтары зрабілі першую спробу асэнсавання падзей другой паловы 80-х гадоў XX ст., засяродзіўшы ўвагу на пытаннях пераадолення тагачасных крызісных з’яваў у эканоміцы і палітычным жыцці, на грамадскай актыўнасці, у тым ліку дзейнасці нефармальных арганізацый і фармаванні апазіцыйных структур, на выбарах, якія адбыліся ў 1990 г., на аналізе стаўлення беларускіх эліт да новай палітыкі, асуджэнні сталінізму, урэшце, на аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствах [3]. У цэлым беларускія публікацыі абмяжоўваліся адлюстраваннем асноўных аспектаў перабудовачных пераўтварэнняў у Беларусі [4].

Перабудова была пунктам адліку не толькі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і развіцця грамадскай думкі, але і працэсу беларускага нацыянальна-культурнага абуджэння. Таму, як правіла, у тых публікацыях закраналася праблематыка развіцця нацыянальнай школы і адраджэння беларускай мовы, аховы гісторыка-культурнай спадчыны ды вяртання з нябыту імёнаў выдатных дзеячаў мінуўшчыны.

Бадай, да ліку найбольш вартых увагі прац, прысвечаных грамадскай актыўнасці ў Беларусі ў другой палове 80-х гг. XX ст., трэба аднесці зборнік дакументаў нацыянальна-культурных і грамадска-палітычных рухаў, выдадзены Цэнтрам вывучэння міжнародных адносін Інстытута этналогіі і антрапалогіі Акадэміі навук СССР у 1991 г. [5] Хацелася б падкрэсліць, што каштоўнасць гэтай публікацыі заключаецца не толькі ў зборы і выданні крыніц, але і ў ацэнцы грамадскага руху тагачаснай Беларусі, а таксама накрэсленні шырокага гістарычнага фону і ёмістага экскурсу ў гісторыю Беларусі [6]. Аўтар уступнага артыкула зборніка Павел Церашковіч даволі трапна ахарактарызаваў спецыфіку беларускай палітычнай сітуацыі ў другой палове 80-х гадоў XX ст., у тым ліку акрэсліў прычыны негатыўнага стаўлення беларускага партыйнага кіраўніцтва да нацыянальнага руху і адраджэння нацыянальнай самасвядомасці.

Не выклікае сумнення, што абшарам, які ў часы перабудовы быў закрануты каштоўнасным і светапоглядным канфліктам, быў горад, дакладней, яго прадметнапрасторавае асяроддзе, гісторыка-культурная спадчына, у значнай ступені тапанімічны фонд. У беларускай гістарыяграфіі згаданая праблема абыходзіцца ўвагай. У гэтым артыкуле яна разглядаецца на прыкладзе Гродна. Нягледзячы на з’яўленне шэрагу публікацый, праблематыка, звязаная з гісторыяй Гродна ў часы перабудовы, застаецца актуальнай [7].

Гарадская прастора. Сімвалічны ландшафт горада і яго гісторыка-культурная спадчына – маркеры яго самабытнасці і ідэнтычнасці. У савецкія часы публічная прастора горада не столькі была каналам трансляцыі гістарычнай інфармацыі аб мінулым, своеасаблівым пантэонам нацыянальнай культуры ці сродкам эстэтычна-мастацкага выхавання, колькі разглядалася ўладамі ў якасці ідэалагічнага інструменту [8] і месца эксперыментаў, што маркіравалася савецкімі сімваламі, у якіх увасаблялася персаніфікацыя ўлады ці савецкія героіка-рэвалюцыйныя міфы.

Такім чынам, у савецкія часы публічнай прасторы горада было наканавана стаць інструментам выхавання і фармавання новага светапогляду, у чым асноўная роля адводзілася ідэалагічна напоўненай тапанімічнай мадэлі ці новай архітэктуры, што мела легітымізаваць новы сацыяльны лад.

Зыходзячы з вышэйсказанага, падаецца цалкам лагічным пошук адказу на пытанні: якія змены закранулі сімвалічны ландшафт беларускага горада ў часы перабудовы і, у першую чаргу, яго тапанімічны фонд? Калі так, то ў якой ступені? Не менш цікавай была б рэканструкцыя стану мемарыялізацыі гарадской прасторы. Вядома, гэта не поўны пералік пытанняў, якія патрабуюць разгляду.

Тапанімікон і ідэнтычнасць горада. Фонд назваў вуліц і плошчаў Гродна складаўся са шматвяковых напластаванняў. Да сярэдзіны XIX ст. гарадскі тапанімікон фармаваўся гістарычна, не зазнаючы аніякага ідэалагічнага ўздзеяння. Першая вялікая хваля перайменаванняў, якая адбылася ў сярэдзіне 60-х гадоў XIX ст., была абумоўлена палітычнымі падзеямі, г. зн. паўстаннем 1863–1864 г., і, як можна меркаваць, ускосна мела сувязь з нацыятворчымі працэсамі. Чарговыя масавыя намінацыі закранулі сімвалічны ландшафт Гродна ў міжваенны перыяд, калі горад уваходзіў у склад Польшчы, а таксама пазней, за так званымі “першымі і другімі саветамі” [9].

Пасляваенны перыяд характарызаваўся шэрагам хваляў перайменаванняў, якія спрычыніліся да ўзмоцненай саветызацыі сімвалічнага ландшафту горада, у тым ліку тапанімікону. У выніку мэтанакіраванай палітыкі камуністычных уладаў гарадская карта была запоўнена імёнамі, уласцівымі савецкаму пантэону дзяржаўных ці ваенных дзеячоў (Ленін, Дзяржынскі, Кіраў, Свярдлоў, Чапаеў, Будзённы), творцаў рускай культуры (Горкі, Пушкін) ці тыповымі ідэалагічнымі найменнямі (напрыклад, вуліцы Савецкая, Сацыялістычная ці Кастрычніцкая) [10].

Тапанімічная сістэма Гродна, якая канчаткова склалася ў познесавецкі перыяд, была індыкатарам ступені ідэалагічнага асваення гарадской прасторы, з аднаго боку, і савецкім сімвалічна-знакавым скансэнам – з другога. Характэрнай рысай сфармаванага ў савецкія часы тапанімічнага фонду было татальнае адмаўленне мінулага досведу і культурнай традыцыі горада, адсюль імкненне да шырокай замены яго гістарычных кодаў і сімвалаў.

У другой палове 80-х гадоў XX ст. выразная перавага ідэалагічнай матрыцы, пазбаўленне ўрбананімікону Гродна культурнай індывідуальнасці ды нацыянальнага каларыту сталі прадметам шырокай публічнай дыскусіі. У спрыяльных умовах галоснасці праблема гарадской тапаніміі пачала хваляваць гродзенскую грамадскую думку.

Тапанімічная дыскусія ў святле палітыкі галоснасці. У палітычным дакладзе Міхаіла Гарбачова на XXVII з’езде КПСС у 1986 г. прагучаў заклік новага кіраўніцтва партыі да актывізацыі грамадскай дзейнасці, развіцця непасрэднай дэмакратыі і паглыблення сацыялістычнага самакіравання [11]. У сваім выступленні генеральны сакратар выказаў думку пра тое, што “прынцыповым для нас з’яўляецца пытанне аб пашырэнні галоснасці. Гэта пытанне палітычнае. Без галоснасці няма і не можа быць дэмакратызму, палітычнай творчасці мас, іх удзелу ў кіраваннi” [12]. Як адзначалася ў рэзалюцыі з’езда, “магутным інструментам галоснасці, грамадскага кантролю” з’яўляюцца мас-медыя [13]. Сапраўды, адным з эфектаў палітыкі галоснасці сталі перамены ў галіне плюралізацыі інфармацыйнай прасторы, магчымасць дыскусіі аб табуяваных “белых плямах” гісторыі.

У выпадку Гродна пытанне гарадскіх вулічных найменняў разглядалася на старонках афіцыйнага друку ці на паседжаннях органаў улады (пра што пойдзе гаворка ніжэй), таксама было прадметам разважанняў, якія публікаваліся ў самвыдаўскім друку.

У 1989 г. у газеце “Рэанімова з-над Нёману”, якую выдавала суполка імя Максіма Багдановіча [14], быў апублікаваны палемічны тэкст наконт гарадскога тапанімікону. Спасылаючыся на даведнік Івана Граблеўскага “Гродно и окрестности” [15], аўтар са скепсісам сцвярджаў, што галоўныя вуліцы горада носяць імёны класікаў рускай літаратуры ці савецкіх военачальнікаў: “Вуліца М. Горкага ў Гародні самая вялікая, але выдатны рускі пісьменнік М. Горкі не аснаваў Гародні, не абараняў яе ад ворагаў. Ды і ўклад яго ў беларускую культуру, здаецца, ня большы, чым уклад Купалы, Коласа, Цёткі, Багдановіча. А вуліцы, якія ўшаноўваюць клясікаў беларускай літаратуры, наўрад ці знойдзе карэнны гарадзенец. <…> Затое ў Гародні вуліцы носяць імёны вялікіх рускіх пісьменнікаў Лермантава, Гогаля, Пушкіна, Маякоўскага і іншых” [16].

Працягваючы разважанні, аўтар пералічыў шэраг імёнаў рускіх і савецкіх дзеячоў, якія замацаваліся на карце горада, але не мелі аніякай сувязі з Гроднам (Чапаеў, Шчорс, Пугачоў, Пажарскі) ці мелі адмоўную канатацыю (Сувораў). У артыкуле таксама канстатавалася неабходнасць ушанавання памяці Міхася Васілька, Францішка Багушэвіча, Тадэвуша Касцюшкі ці князя Давыда, які бараніў горад ад крыжаносцаў. Акрамя таго, аўтар звяртаў увагу на перыферыйны характар беларускіх найменняў, прыводзячы прыклад вуліц Грунвальдскай ці Яўхіма Карскага, што знаходзіліся на задворках горада [17].

Згаданыя палемічныя нататкі, прасякнутыя іранічным тонам і рытарычнымі заўвагамі, пабудаваныя на рацыянальнай аргументацыі, пакідалі шмат адкрытых пытанняў. Нягледзячы на іх публіцыстычнасць, у тэксце прасочвалася крытыка ўрбананімічнай русацэнтрычнасці і савецкасці, якая праяўлялася ў перавазе савецкіх вулічных назваў ды тапаграфічнай перыферыйнасці беларускіх і лакальных намінацый.

Якой бачылася сістэма каштоўнасных каардынат гарадскога тапанімікону? Аўтар адназначна адказваў, што “назвы вуліц горада павінны ўводзіць у гісторыю горада, ушаноўваць імёны, якія мелі дачыненне да ягонага жыцьця, выклікаць гонар у ягоных жыхароў і павагу гасьцей, ды, вядома ж, адрозьніваць гарады паміж сабою” [18].

У перыяд перабудовы на старонках гродзенскага дзяржаўнага друку (гаворка ідзе пра газеты “Гродзенская праўда” ці “Высота”), які надалей выконваў ідэалагічнавыхаваўчую функцыю, абмяркоўваліся розныя набалелыя праблемы. Такім чынам на хвалі пераменаў галоўныя інфармацыйныя рупары ўладаў спрабавалі адаптавацца да павеваў часу, прымаючы актыўны ўдзел у грамадскіх працэсах ды імкнучыся фармаваць грамадскую думку.

На мяжы 80 і 90-х гадоў газета “Гродзенская праўда” стала месцам вострых дыскусій, на яе старонках сутыкнуліся меркаванні прыхільнікаў вяртання гістарычных тапонімаў ці перайменавання вулічных назваў ды іх апанентаў, якія аргументавалі неабходнасць захавання савецкай тапанімічнай спадчыны. Найбольшага напружання абмен думкамі дасягнуў у 1990–1991 г. У сувязі з гэтым варта прывесці найбольш цікавыя прыклады і характэрныя рысы грамадскай дыскусіі наконт тагачаснай тапанімічнай сітуацыі Гродна.

Тапанімічная камісія і публічная дыскусія. У часы перабудовы ў горадзе дзейнічала тапанімічная камісія, якая была створана ў 1986 г. У яе склад акрамя супрацоўнікаў савецкіх і партыйных органаў уваходзілі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі, навукоўцы, журналісты, архітэктары, музеязнаўцы і літаратары. Да ліку апошніх, напрыклад, належалі Аляксей Карпюк і Юрка Голуб.

У верасні 1990 г. склад камісіі быў грунтоўна абноўлены. У яе ўвайшлі вядомыя ў горадзе асобы: інжынер і краязнаўца Алесь Госцеў, біяхімік Андрэй Майсяёнак, гісторык Дзмітрый Караў, філолаг Аляксей Пяткевіч, мастацтвазнаўцы гродзенскіх рэстаўрацыйных майстэрняў Таццяна Маліноўская і Ігар Трусаў, карэспандэнт “Гродзенскай праўды” Сяргей Астраўцоў. Узначаліў камісію намеснік старшыні гарвыканкама, фізік і краязнаўца Аляксандр Мілінкевіч [19].

Трэба падкрэсліць, што абнаўленне складу камісіі вынікала з ўтварэння дэмакратычнага блока ў гарсавеце пасля мясцовых выбараў, якія адбыліся ўвесну 1990 г. [20]

Нягледзячы на істотныя персанальныя змены складу камісіі, яе члены не валодалі адпаведнымі інструментамі ўплыву на мемарыяльную палітыку мясцовых уладаў [21]. Як лаканічна заўважыў член тапанімічнай камісіі журналіст Сяргей Астраўцоў: “Але справа камісіі толькі прапанаваць” [22]. І ўсё ж такі, як згадвала Таццяна Маліноўская, “каб надаць вырашэнню гэтай праблемы заканадаўчы падмурак, мы ўвялі яе вырашэнне ў праграму «Спадчына», працоўны варыянт якой быў створаны мной, як дэпутатам і старшынёй камісіі па культуры, і прыняты з пэўнымі зменамі, дадаткамі і ўдакладненнямі сесіяй гарсавета. Практычнае вырашэнне праблемы перанаймення вуліцаў Гродна з прыняццем праграмы «Спадчына» атрымала адпаведны механізм, і пакуль працаваў не «кішэнны» дэпутацкі корпус, праблема прасоўвалася ў накірунку вырашэння, нягледзячы на актыўны супраціў носьбітаў старых стэрэатыпаў” [23].

Члены тапанімічнай камісіі спрычыніліся да даследаванняў гісторыка-культурнай праблематыкі, праводзілі актыўную асветніцкую дзейнасць, выкарыстоўваючы даступныя інструменты: медыя (газеты, радыё, тэлебачанне) ці сустрэчы з жыхарамі горада [24]. Акрамя таго, як згадвала Т. Маліноўская, аддзелам гісторыка-археалагічных даследаванняў інстытута “Гроднапраектрэстаўрацыя” было падрыхтавана спецыяльнае навуковае даследаванне па гісторыі вулічных назваў гістарычнага цэнтра Гродна [25].

У архіўных зборах не ўдалося натрапіць на пратаколы паседжанняў тапанімічнай камісіі, за выключэннем пераліку імёнаў і прозвішчаў яе членаў [26]. Таму ўяўленне пра яе дзейнасць можна скласці на падставе ўспамінаў членаў камісіі і аналізу інфармацыйна-палемічных тэкстаў, якія публікаваліся ў тагачаснай прэсе.

Праца тапанімічнай камісіі не засталася незаўважанай, выклікаўшы ў 1991 г. шырокі грамадскі рэзананс. Затрымаемся на найбольш важных момантах грамадскай дыскусіі, якая тычылася тапанімічнай спадчыны горада.

Тапанімічная дыскусія (1991 г.). У кастрычніку 1991 г. тапанімічная камісія падрыхтавала прапановы вяртання і перайменавання шматлікіх вулічных назваў. Разважаючы пра актуальны стан тапанімікі гістарычнага цэнтра Гродна, член камісіі, гісторык Ігар Трусаў на старонках “Гродзенскай праўды” даводзіў неабходнасць вяртання такіх найменняў, як вуліцы Траецкая ці Калючынская, заўважаючы, што пасля 1939 г. савецкія намінацыі мелі палітычна матываваную афарбоўку [27]. Аўтар не абмінуў увагай постаць амерыканскага палітыка Герберта Гувера, ініцыятара дабрачыннай місіі Амерыканскай адміністрацыі дапамогі, якой на пачатку 20-х гадоў XX ст. скарысталіся жыхары Гродна [28]. Менавіта таму ў 1931 г. адна з вуліц горада, Іванаўская, атрымала яго імя. Аднак у савецкі час дзейнасць Гувера была аддадзена забыццю. Вуліца стала насіць імя лідара нямецкіх камуністаў Эрнста Тэльмана.

Да таго ж Трусаў прапанаваў вярнуць плошчы Леніна, якая на той час складалася з дзвюх частак, адну з яе гістарычных назваў – плошча Антонія Тызенгаўза. Гісторык абгрунтоўваў свае высновы тым, што дзякуючы яго намаганням на тэрыторыі гарадзенскага прадмесця Гарадніца з’явіліся школы, тэатр і мануфактуры [29]. Што праўда, зыходзячы з актуальнага раскладу сіл, на разгляд дэпутатаў гарсавета сапраўды была вынесена прапанова змены назвы гістарычнай часткі плошчы Леніна, якая была забудавана ў XVIII ст. [30] У выніку старадаўняй частцы плошчы было вернута гістарычная імя.

Варта дадаць, што ў блок тагачасных тапанімічных прапаноў уваходзіла вяртанне гістарычнай назвы Савецкай плошчы – Стары Рынак, што ўскладнялася рознымі прычынамі. Па-першае, прыхільнікі савецкай спадчыны імкнуліся не дапусціць знікнення з карты горада ідэалагічна афарбаванай тапанімічнай дамінанты. Па-другое, у звычайнай масавай свядомасці замацаваліся савецкія семантычныя культурна-моўныя коды, наступствам чаго слова рынак у штодзённым побытавым ужытку не столькі атаясамлялася з планіровачным аб’ектам і яго рэпрэзентатыўным характарам, колькі азначала месца гандлю [31].

Ігар Трусаў таксама выказваўся і наконт перайменавання (не вяртання імёнаў) шэрагу вуліц гістарычнага цэнтра. Гаворка ішла пра вуліцу Навазамкавую, што з’явілася ў пасляваенны час у выніку засыпкі рова паміж Новым замкам і былым кляштарам базыльянак, якая мелася быць названа ў гонар гарадзенскага кашталяна Давыда.

Куды больш крытычных заўваг аўтара вылікаў неабгрунтаваны працэс “міграцыі” гістарычных назваў. Гаворка тычылася двух найменняў: вуліцы Дамініканскай і плошчы Стэфана Баторыя. Справа ў тым, што ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. за старажытнай вуліцай Віленскай замацавалася новая назва – Дамініканская. Старадаўняя плошча горада, якая традыцыйна называлася Рынкам, у 20–30-я гады XX ст. атрымала назву Стэфана Баторыя. У савецкі час яны сталі адпаведна вуліцай Савецкай і Савецкай плошчай. У сувязі з гэтым у артыкуле аўтар аспрэчыў не зусім лагічную прапанову змяніць назву вуліцы Клары Цэткін, якая ў XIX ст. звалася “Большой Доминиканский переулок около гимназии” [32], на вуліцу Дамініканскую, што, на яго думку, у будучым аўтаматычна заблакавала б вяртанне назвы вуліцы Дамініканская. Таксама не аспрэчваючы неабходнасць увекавечання на карце горада імя караля Стэфана Баторыя, Ігар Трусаў выказаўся супраць прапановы перайменавання вуліцы Крупскай, якая адыходзіла ад Савецкай плошчы, у вуліцу Стэфана Баторыя.

Аналіз артыкула з’яўляецца ўскосным сведчаннем даволі няпростай працы тапанімічнай камісіі і яе рознагалоссяў з гарадскімі ўладамі, імкнення прыхільнікаў савецкай спадчыны не дапусціць кардынальных змен у галіне тапаніміі, тым больш калі гаворка ішла пра адну з непарушных дамінант, якія сімвалізавалі савецкі дзяржаўны лад.

Разважлівасцю і грунтоўнасцю вылучалася думка гродзенскага філосафа Казіміра Койты, які прымаў актыўны ўдзел у тапанімічнай дыскусіі. Выказваючы сваё меркаванне наконт тапанімічнага status quo на старонках абласной газеты “Гродзенская праўда” ў 1991 г., навуковец задаў рытарычнае пытанне: “Ну чым дрэннымі былі назвы вуліц «Грандзіцкая», «Ліпавая», «Скідзельская»? А ў чым сэнс назвы вуліцы «Пралетарская»? Незразумела, чаму не ўвекавечаны ў назвах вуліц і плошчаў імёны слаўных жыхароў горада, як, напрыклад, Тызенгаўза, прафесара Жылібера і іншых?! Неяк няёмка гаварыць, аднак трэба звярнуць увагу і на такую справу: усе ведаем вуліцу Горкага, вуліцу Пушкіна… А ці ўсе ведаем аб існаванні вуліц Янкі Купалы і Якуба Коласа і аб тым, дзе яны знаходзяцца?! У параўнанні з вуліцай Горкага гэта і не вуліцы, а так сабе, нейкія маленькія завулачкі. І чаму імёны беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, дзяржаўных дзеячаў аказаліся на задворках нашых вуліц, альбо ім і там месца не хапіла?” [33].

У палемічным артыкуле Казіміра Койты прагучалі заклікі да комплекснай дэсаветызацыі і дэрусіфікацыі ўрбананімічнай прасторы, наконт чаго ён выказаўся наступным чынам: “Мне здаецца, што калі пачынаць акцыю па вяртанні гістарычных назваў і выпраўленні русіфікатарскіх і сацыялістычных перагібаў, то такія назвы, як Савецкая, Сацыялістычная, Пралетарская, Карла Маркса, Энгельса, Кірава, Будзённага, Дзяржынскага, Суворава, Горкага і ім падобныя павінны быць змененымі. Занадта многа ў нас вуліц чырвоных і адначасова мілітарызаваных (Чырвонагвардзейская, Чырвонапартызанская, Чырвонаармейская). Не адпавядаюць духоўнай атмасферы сённяшняга дня такія назвы, як Савецкіх пагранічнікаў, Ленінскага камсамола, Парыжскай камуны. <…> Ці варта астаўляць у назвах вуліц імёны мясцовых партыйных работнікаў часоў застою? Недарэчна гучаць назвы… шасцідзесяцігоддзя… саракагоддзя” [34].

Са зместу артыкула вынікала, што пытанне гарадской тапанімікі падымалася аўтарам не ўпершыню. Так, у лістападзе 1989 г. на пленуме Гродзенскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, дзе абмяркоўвалася пытанне нацыянальнай палітыкі, здарыўся казус. У час выступу Казімір Койта нечакана выказаўся пра неабходнасць вяртання “гістарычным вуліцам і плошчам іх гістарычных назваў”, прычым падкрэсліў, што яго аргументы сустрэліся з адмоўнай рэакцыяй прэзідыума пленума. Да таго ж яго выступ быў абарваны.

Прыведзены факт, бясспрэчна, – яскравае сведчанне адсутнасці навыкаў вядзення дыялогу з боку камуністаў, выключэння разнадумства ды дамінавання ідэалагічнага наратыву, які меўся легітымізаваць тагачасны савецкі лад і мэтанакіравана маргіналізаваў беларускія найменні. Такім чынам, разважанні Койты паказвалі на канфліктнасць афіцыйнага савецкага і беларускага нацыянальнага наратываў.

27 снежня 1991 г. “Гродзенская праўда” апублікавала вялікую падборку заметак як прыхільнікаў тапанімічнай дэсаветызацыі [35], так і абаронцаў савецкай тапанімічнай спадчыны [36]. Мабыць таму ў 1991 г. Ігар Трусаў у адным з артыкулаў катэгарычна выказаўся пра гістарычную памяць гараджан: “К сожалению, историческая памяць гродненцев была истреблена за годы советской власти в такой степени, что старые названия улиц перестали употребляться в быту…” [37].

З гэтым сцверджаннем можна згадзіцца часткова. Як вядома, ваенныя страты і пасляваенныя міграцыйныя працэсы абумовілі сур’ёзныя змены складу насельніцтва і нацыянальнай структуры Гродна. Яго новыя жыхары па розных прычынах, напрыклад ідэалагічна-выхаваўчага характару ці замоўчвання (не забыцця), не былі носьбітамі беларускай, у тым ліку мясцовай гістарычнай памяці [38]. Акрамя таго, памянёнае выказванне сведчыла пра стратэгію ўладаў, накіраваную на выцясненне з памяці той ці іншай падзеі ці асобы. З іншага боку, хацелася б адзначыць, што яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя ў штодзённым побыце карэнных гродзенцаў ужываліся вулічныя найменні міжваеннага перыяду.

Дзеля лепшага адлюстравання ўсіх складанасцяў абмеркавання тапанімічнага пытання прывядзём яшчэ адзін, не менш істотны, прыклад назвы галоўнай артэрыі паўднёва-заходняй часткі горада – вуліцы Беластоцкай, якая ў 1950 г. была названа ў гонар Аляксандра Суворава [39]. У час дыскусіі членамі тапанімічнай камісіі, а таксама гродзенскімі гісторыкамі і журналістамі ставілася пад сумнеў неабходнасць захавання на карце горада імя расійскага палкаводца як антыгероя беларускай гісторыі, што тлумачылася яго роляй у задушэнні паўстання Касцюшкі (а таксама паўстання Пугачова) [40].

Тым часам, не валодаючы адпаведнымі аргументамі і спрабуючы адцягнуць увагу ад постаці і ролі Суворава ў гісторыі Беларусі, член Саюза журналістаў Аляксей Сінілаў у снежні 1991 г. – магчыма несвядома – выкарыстаў прапагандысцкі прыём “ты таксама” (“tu quoque”), які заключаўся ў дэманізацыі постаці Стэфана Баторыя праз экспрэсіўна-расплывістае сцверджанне. Апелюючы да ахвярнай уласцівасці памяці і не маючы магчымасці падмацаваць свае высновы нейкімі фактамі ці лагічнымі аргументамі, ён падкрэсліваў: “Но известно, что Баторий почище Суворова купался в народной крови. <…> Его походы на Московскую Русь были удачливыми. Там, где он прошел, оставались трупы мирных жителей и пожарища. Да шли в Корону обозы с награбленным добром <…> Во всяком случае… генералиссимус Суворов никогда не предводительствовал армией, занимавшейся грабежами, чего нельзя сказать о короле Батории” [41].

Каментуючы спробы ацэнкі дзейнасці (дэ-факта апраўдання) Суворава, армія якога, згодна з апалагетамі русацэнтрычнага бачання гісторыі, ніколі не займалася рабункамі, можна адзначыць, што ў траўні 1794 г. расійскі генерал Павел Цыцыянаў захапіў касу Гродзенскай каралеўскай эканоміі і Скарбовай камісіі ды змусіў жыхароў Гродна да выплаты кантрыбуцыі пад пагрозай абстрэлу горада [42]. У гэтым месцы нельга не працытаваць Іосіфа Сталіна, які ў 1940 г., выказваючыся наконт п’есы “Суворов”, сцвярджаў, што сакрэт перамог Суворава заключаўся ва “умении подобрать опытных и смелых командиров и нацелить их на объект удара” [43].

У сталінскія часы Сувораў быў уведзены ў афіцыёзны русацэнтрычны канон гісторыі, а масавая культура шырока культывавала яго постаць. У 1940 г. быў зняты фільм “Суворов”, а адкрыццё Цэнтральнага тэатра Чырвонай арміі было адзначана пастаноўкай “Полководец Суворов”. 7 лістапада 1941 г., прамаўляючы ў час парада ў Маскве, Сталін згадаў Суворава. Годам пазней была заснавана новая савецкая ўзнагарода – ордэн Суворава [44].

Можна таксама выказаць здагадку, якая магла б праясніць сутнасць працэсу ідэалагічнага асваення публічнай прасторы Гродна і лакалізацыі імя расійскага палкаводца на карце горада. Па-першае, пра што ішла гаворка вышэй, новая намінацыя зацёрла назву вуліца Беластоцкая, якая была вынікам не абстрактнай, а гістарычна абумоўленай, натуральнай урбананімізацыі. Па-другое, у гэтым жа раёне горада знаходзілася вуліца Судаўская [45], якая ў пасляваенны час атрымала імя яшчэ аднаго расійскага палкаводца – Міхаіла Кутузава. Зрэшты, у гэтым жа раёне знаходзілася вуліца Рашынская, якая нагадвала пра бітву пад Рашынам 1794 г. і якая ў савецкія часы была перайменавана ў вуліцу касманаўта Германа Цітова [46].

Падсумаванне дыскусіі. Выкладзены матэрыял заслугоўвае падсумавання. У сімвалічным ландшафце Гродна на мяжы 80–90-х гадоў XX ст. надалей дамінавалі ідэалагічна афарбаваныя тапонімы. У вулічных назвах гістарычнага цэнтра горада па-ранейшаму фіксаваўся русацэнтрычна-камуністычны складнік афіцыйнай ідэалогіі. Гаворка ідзе пра тапонімы, якія былі дадзены ў гонар расійскіх палкаводцаў ці пісьменнікаў. Галоўныя артэрыі горада насілі імёны дзеячоў расійскага ці нямецкага камуністычных рухаў. У той жа час беларускія найменні адзначаліся тапаграфічнай “ускраіннасцю”.

Менавіта таму прыхільнікі тапанімічных пераменаў у Гродне ў часы перабудовы, зыходзячы з факта знікнення ў савецкі час з карты горада самабытных назваў вуліц і плошчаў, імкнуліся абгрунтаваць штучнасць агульнасавецкіх наватвораў [47], якія ўводзіліся ўладамі пачынаючы з 1940 г.; пры гэтым імі звярталася ўвага на адсутнасць якой-небудзь сувязі лёсаў дзеячоў камуністычнага руху, расійскай і савецкай гісторыі ды культуры з мінулым горада.

Нягледзячы на тое, што кволыя спробы практычнага вырашэння тапанімічнага пытання не атрымалі комплекснага характару, перыяд перабудовы ў Гродне характарызаваўся запачаткаваннем грамадскай дыскусіі наконт гісторыка-культурнай спадчыны горада. Тэма вулічных найменняў гучала ў медыя і на паседжаннях органаў улады, што з’яўляецца сведчаннем грамадскага запыту на рэфармаванне тагачаснага ўрбананімікону шляхам аднаўлення і трансляцыі лакальнай і агульнабеларускай культурнай спадчыны.

Невялікія змены (1992–1993). Вынікам супрацоўніцтва гарадскіх уладаў, тапанімічнай камісіі і грамадскасці ў пачатку 90-х гадоў XX ст. было рашэнне аб вяртанні гістарычных імёнаў шэрагу вуліц. Напрыклад, у студзені 1992 г. вуліца Алега Кашавога атрымала назву Вялікая Траецкая [48], а вуліцу Энгельса перайменавалі ў Гараднічанскую [49]. Вуліцы Пасіянарыі была вернута гістарычная назва – Калючынская [50]. Па былой плошчы Леніна, якая дэ-факта складалася з дзвюх частак, было дасягнута кампраміснае рашэнне. Гістарычная частка аб’екта атрымала адну з яе даваенных назваў – плошча Тызенгаўза.

Наступная тэндэнцыя тычылася не столькі вяртання гістарычных назваў, колькі перайменавання той ці іншай вуліцы. Да іх ліку належалі вуліца Цэткін (цяпер Дамініканская) і вуліца Крупскай (цяпер Стэфана Баторыя) [51]. І калі кансерватыўная частка гарсавета была схільная ў той час “ахвяраваць” імёнамі другапланавых постацяў камуністычнага руху, то прапановы ў 1993 г. перайменавання ажно 30 вуліц (Леніна, Савецкай, Кірава, 60 гадоў Кастрычніка, бульвара Ленінскага камсамола, Суворава, Будзённага, Горкага, Гогаля, Талстога і інш.) выклікалі пратэст прадстаўнікоў ветэранскай арганізацыі – І. Глухава і А. Грабштэйна.

Зрэшты, няпростую сітуацыю і стаўленне да тапанімічнай камісіі з розных бакоў “барыкад” найбольш трапна абмаляваў гісторык Вячаслаў Швед: “Як чытачам ужо вядома, пры гарвыканкаме працуе тапанімічная камісія. Сяброў яе не аднойчы абражалі ў «няпоўнай дзеяздольнасці… або неразуменні імі дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў», што яны «папам у рот глядзелі» (гэта піша Міхал Патрэба, праваслаўнага веравызнання). Нас называюць «зарвавшимися националистами», «агентами влияния заокеанских банкиров» (інвалід вайны Д. Якаўлеў у артыкуле «Крушители»). Абвінавачваюць камісію ў паланізацыі мясцовай тапанімікі, ліквідацыі назваў, звязаных з імёнамі рускіх літаратараў, ваенных і грамадскіх дзеячаў” [52].

І ўсё ж такі, нягледзячы на няпростыя ўмовы, дзякуючы намаганням камісіі ў 1993–1994 г. на карце горада з’явіліся вуліца Каханоўскага (раней Учхозаўская), праспект Янкі Купалы (раней 60 год Кастрычніка), вуліца Міхася Васілька (раней Чапаева) [53]. Дэ-факта пачынаючы з 1994 г. працэс тапанімічных зменаў у Гродне быў спынены.

Помнікі і памятныя дошкі. Месцы памяці адыгрывалі важную ролю ў замацаванні на карце горада вобраза ўлады. Менавіта яны павінны былі ўвасабляць каштоўнасны свет савецкага ладу. Да ліку такіх аб’ектаў, закліканых уздзейнічаць на свядомасць грамадзян, адносіліся помнікі, мемарыялы ці памятныя дошкі.

Мемарыяльная культура Гродна ў часы перабудовы надалей развівалася ў рэчышчы афіцыйнага ідэалагічнага курсу. Як вынікае з аналізу выбраных пратаколаў паседжанняў гарвыканкама за 1985–1990 г., частым пунктам парадку дня камісіі па культуры быў стан аб’ектаў мемарыяльнага характару [54].

Пра тое, што камемаратыўныя практыкі ў часы перабудовы не выходзілі за рамкі афіцыйнага плана манументальнай прапаганды, сведчыць даклад загадчыцы аддзела культуры гарвыканкама Ірыны Кліменкі, падрыхтаваны ў 1988 г. Згодна з яго дадзенымі, у Гродне налічвалася 35 помнікаў і абеліскаў “рэвалюцыйнай і баявой славы”, 28 мемарыяльных дошак і памятных знакаў. У папярэднія гады былі пастаўлены 6 новых помнікаў і бюстаў: Мікалаю Шчорсу (1983), Уладзіміру Леніну і Феліксу Дзяржынскаму (1987) [55], бюсты Васілію Чапаеву (1983), Льву Даватару і Віктару Усаву (1985), усталявана 8 мемарыяльных дошак і памятных знакаў. Акрамя таго, у справаздачы быў змешчаны пералік пахаванняў салдат, у тым ліку і тых чырвонаармейцаў, што загінулі ў 1939 г., партызан і падпольшчыкаў часоў Другой сусветнай вайны.

Далей у справаздачы канстатавалася, што ў план мерапрыемстваў па “рэканструкцыі і ўпарадкаванні” аб’ектаў, якія ўшаноўвалі памяць “герояў рэвалюцыйнай і баявой славы”, распрацаваны аддзелам культуры гарвыканкама ў красавіку 1988 г., былі ўключаны помнік-танк Т-34, Курган Славы, насыпаны ў 1968 г., мемарыяльны комплекс на вайсковых могілках і памятныя дошкі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны [56]. Акрамя таго, у дакуменце падкрэслівалася неабходнасць папулярызацыі гісторыі названых помнікаў. Гэта пацвярджае, што тагачасная мемарыяльная палітыка абапіралася на савецкі ідэалагічны канон.

Нельга таксама не адзначыць, што за рытуалам сухой фактаграфіі і шаблонных моўных канструкцый хаваўся ўласцівы савецкім часам фармалізм, на чым, зрэшты, акцэнтавалася ўвага. Маўляў, вайсковыя могілкі і брацкія магілы адпаведна не даглядаюцца, мастацкае выкананне скульптур нагадвае невыразную масоўку, недастаткова праводзяцца даследаванні ў галіне гісторыі рэвалюцыйнай і баявой славы ды іх прапаганда ў медыя [57].

Разам з тым, у дакуменце згадвалася прапанова ўсталяваць ахоўныя дошкі на будынках сінагогі [58], старадаўняй аптэкі [59] і кляштара брыгідак, а таксама памятную дошку на доме па вуліцы 1-га мая, у якім жыў кампазітар і харавы дырыжор Рыгор Шырма [60]. Можна меркаваць, што рашэнне ўпісвалася ў тагачасны афіцыйны дыскурс, які быў звязаны як з актывізацыяй краязнаўча-навуковых даследаванняў у галіне гісторыка-культурнай спадчыны горада, так і з рэстаўрацыяй комплексу брыгіцкага кляштара.

Аб інструментальным трактаванні ўладамі гарадской прасторы сведчыць прыклад адной з гарадскіх плошчаў, ансамбль якой сфармаваўся яшчэ ў XVIII ст. у выніку пераўтварэнняў, праведзеных на Гарадніцы надворным літоўскім падскарбіем Антоніем Тызенгаўзам. З 1939 г. яна называлася плошчай Леніна. У адным з дакладаў на паседжанні гарвыканкама, датаваным 1985 г., падкрэслівалася, што плошча Леніна, якую планавалася зрабіць “грамадска-палітычным цэнтрам” горада, выклікае асаблівы клопат уладаў. У сярэдзіне 80-х гадоў тэрыторыя плошчы была пашырана за кошт засыпанага фрагмента даліны рэчкі Гараднічанкі. Такім чынам, яе кампазіцыйнымі і сімвалічнымі акцэнтамі сталі помнік Леніну, будынкі аблвыканкама і гаркама КПБ, што рэпрэзентавалі афіцыйную ідэалогію і тагачасны грамадскі лад [61].

Распавядаючы пра мемарыялізацыю гарадской прасторы Гродна і канкрэтна гэтай жа плошчы, нельга не спыніцца на лёсе помніка Леніну. 19 студзеня 1993 г. гарадскія ўлады ўхвалілі пастанову “Аб помніку Леніну” наступнага зместу: “Разгледзеўшы і абмеркаваўшы зварот Гродзенскай рады БНФ «Адраджэньне» ў гарадскі Савет народных дэпутатаў з прапановай дэмантажу помніка Леніну на аднайменнай плошчы горада, камісія вырашыла:

І. Лічыць, што цэнтральная гарадская плошча, на якой змешчаны ўстановы дзяржаўнай улады, з’яўляецца не адпаведным месцам для знаходжання на ёй помніка Леніну” [62].

Абмеркаванне пытання аб зносе помніка правадыру сусветнага пралетарыяту выклікала абурэнне ветэранскай арганізацыі. І, як вынік, рашэнне засталося на паперы.

Згодна з захаванымі крыніцамі, у 1990 г. гарадскімі ўладамі было прынята рашэнне аб ўсталяванні мемарыяльнай дошкі, закліканай увекавечыць памяць пра Карнелію і Ксаверыю Рукевіч [63], якія дапамагалі дзекабрыстам. Што цікава, у дакуменце быў змешчаны тэкст, які планавалася размясціць на памятнай дошцы: “Тут, у кляштары Св. Брыгіды, па прыгавору Беластоцкага суда знаходзілася Карнелія Рукевіч (22 мая – пачатак снежня 1827 г.) і Ксаверыя Рукевіч (22 мая 1827 г. – 3 чэрвеня 1828 г.) за укрыццё ад следства дакументаў дзекабрысцкай арганізацыі «Ваенныя сябры»” [64].

У гэтым жа годзе было вырашана ўсталяваць дошку на доме № 1 па вуліцы Найдуса. Надпіс на ёй (на дзвюх мовах) мусіў гучаць так: “Лейба Найдус (1890–1918), яўрэйскі паэт. Пісаў на яўрэйскай і рускай мовах. Нарадзіўся, жыў і памёр у г. Гродна” [65].

Аднак тры згаданыя рашэнні так і не дачакаліся рэалізацыі [66].

У студзені 1988 г. у Гродне адбылася канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Тады ж з’явілася прапанова ўсталявання ў горадзе помніка кіраўніку паўстання. Неўзабаве, у красавіку 1989 г., Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі прыняў рашэнне аб ушанаванні памяці рэвалюцыйнага дэмакрата і ўзвядзенні яму помніка ў Гродне, а намеснік галоўнага архітэктара горада Уладзімір Анісімаў звярнуўся да грамадскасці з просьбай паўдзельнічаць у абмеркаванні месца размяшчэння помніка. Як вынікае з крыніц, рашэнне аб месцы ўзвядзення манумента было прынята ў кастрычніку 1989 г. [67]

Не выходзячы за рамкі трактоўкі афіцыйнага гістарычнага канону, гарадскія ўлады матывавалі рашэнне тым, што Каліноўскі быў “рэвалюцыянерам-дэмакратам” і што на 1993 г. прыпадаюць 130-я ўгодкі пачатку “нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі і Літве”. Помнік меркавалася ўзвесці ў самым цэнтры горада, на Савецкай вуліцы, побач з сядзібай абласнога савета прафсаюзаў. Варты ўвагі і той факт, што рашэнне аб месцы яго размяшчэння прымаў горадабудаўнічы савет разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый [68].

У чэрвені 1993 г. Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб усталяванні памятных дошак, прысвечаных памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў, на чыгуначным вакзале і на доме № 7 па вуліцы Савецкай, у якім спыняўся Кастусь Каліноўскі і адбываліся паседжанні паўстанцаў.

Першая дошка ўпрыгожыла будынак чыгуначнага вакзала; на ёй быў змешчаны наступны надпіс: “2 (14) сакавіка 1863 года на Гродзенскай чыгуначнай станцыі адбыўся бой паміж атрадам паўстанцаў гродзенскай арганізацыі і царскім войскам” [69]. Другая дошка, нягледзячы на рашэнне аб яе фінансаванні і вырабе, не была выканана [70].

У лістападзе 1990 г. у Гродне побач з Каложскай царквой адкрылі помнік “Пагоня на Грунвальд” [71]. Гісторыя яго ўзвядзення – сведчанне абуджэння гістарычнай свядомасці з аднаго боку, з другога – прыклад супрацоўніцтва грамадскіх арганізацыі (актывістаў, інтэлігенцыі, Гродзенскага аддзялення Беларускага фонду культуры, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ды краязнаўчай асацыяцыі) з мясцовымі ўладамі. Ініцыятарам устаноўкі памятнага знака быў вядомы ў Гродне вучоны-біяхімік, краязнаўца, дэпутат аблсавета Андрэй Майсяёнак, які ўспамінаў, што ідэя ўзвядзення помніка ўзнікла пад уплывам рамана Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”.

Пра вяртанне памяці аб гістарычных постацях сведчыць факт надання гарадскому парку (былы батанічны сад XVIII ст.), што размяшчаўся паміж плошчай Леніна і вуліцай Ажэшкі, імя яго заснавальніка, французскага батаніка і лекара Жана Эмануэля Жылібера [72].

Да ліку аб’ектаў мемарыяльнага характару належаць могілкі. У 1973 г. у Гродне шэраг старажытных могілак, якія функцыянавалі з 80–90-х гадоў XVIII ст., быў закрыты для пахаванняў. У часы перабудовы комплекс каталіцкіх, праваслаўных і яўрэйскіх могілак звярнуў на сябе ўвагу як грамадскасці, так і гарадскіх уладаў.

19 верасня 1990 г. гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне “Аб наданні статусу помнікаў гісторыі і культуры каталіцкім, праваслаўным і яўрэйскім могілкам”. Як вынікае з тэксту дакумента, гарадскія ўлады зыходзілі як з мастацка-эстэтычнай, так і гісторыка-культурнай каштоўнасці гэтых мемарыяльных аб’ектаў, падкрэсліваючы высокія мастацкія якасці захаваных надмагілляў, агароджаў, коўкі ды ліцця, а таксама прыводзячы прыклады пахаванняў славутых гараджан.

Як заўважалася, на праваслаўных могілках знайшлі апошні спачын “удзельнік Айчыннай вайны 1812 г.” генерал-лейтэнант Сяргей Ланской, беларускі савецкі пісьменнік Міхась Васілёк, рэжысёр Мікалай Кавязін, іншыя дзеячы навукі і культуры, удзельнікі вайны 1941–1945 г. На старых каталіцкіх могілках былі пахаваныя пісьменніца Эліза Ажэшка, яе маці Францішка Відацкая і скульптар Баляслаў Шышкевіч. З дакумента таксама вынікала, што на яўрэйскіх могілках, заснаваных на занёманскім прадмесці горада ў 1784 г., дагэтуль захаваўся першы надмагільны камень [73].

Мемарыяльныя практыкі закранулі таксама іншыя могілкі горада. Так, у 1990 г. на вайсковых могілках усталявалі крыж памяці аб гарадзенцах – афіцэрах Войска Польскага, што загінулі ў часы сталінізму [74].

Падсумаванне. На працягу другой паловы 80-х гадоў XX ст. дзяржаўныя камемаратыўныя практыкі ў Гродне зводзіліся да рэпрэзентацыі афіцыйнага канону гісторыка-культурнай памяці. Афіцыйная мемарыяльная культура абмяжоўвалася гларыфікацыяй сімвалаў савецкай гісторыі, характарызавалася перавагай героіка-рэвалюцыйнай і ваеннай тэматыкі, а таксама імкненнем да замоўчвання ці незаўважання беларускага наратыву.

Разам з тым, у часы перабудовы ў Гродне паралельна з руцінным узнаўленнем сімвалічна-прасторавых маркераў, якія не выходзілі за рамкі савецкага ідэалагічнага дыскурсу, была запачаткавана шырокая дыскусія наконт стану гісторыка-культурнай спадчыны, і ў першую чаргу яна тычылася тапанімічнага фонду горада. Яе характэрнымі рысамі былі спробы вяртання гістарычных назваў, перайменавання шэрагу тапонімаў і ўвогуле заклікі да дэрусіфікацыі і дэсаветызацыі гарадской прасторы, што сутыкнуліся з адмоўнай рэакцыяй наменклатуры ды часткі ветэранскіх структур.

Нягледзячы на тое, што сваімі рамкамі перабудова ў СССР ахоплівала 1985–1991 г., яе нельга разглядаць адасоблена ад працэсаў, якія мелі месца пасля распаду савецкай дзяржавы. Таму познесавецкі перыяд непасрэдна звязаны з першымі гадамі беларускай незалежнасці, калі былі створаны адносна спрыяльныя ўмовы для мадэлявання сімвалічнага ландшафту горада і зроблены першыя крокі ў кірунку дэідэалагізацыі публічнай прасторы Гродна.

 

The symbolic space of Hrodna in the second half of the 80s and early 90s of the 20th century

Jury Hardziejeŭ

The article examines the issue of the transformation of Hrodna’s symbolic space during the period of perestroika and the first years of Belarus independence. Perestroika opened the way to the democratization of social and political life, but it also was the starting point to the process of Belarusian national and cultural awakening.

One of the defining features of the Belarusian political system in the second half of the 1980s was a negative attitude of the Belarusian communist authorities towards the national movement and, at the same time, the revival of national self-awareness. To a large extent, this ideological conflict more or less affected the space of the city, its historical and cultural heritage and even toponyms. Meanwhile politics of memory at the city level continued to develop along the lines of the official ideology. Its feature was the glorification of the Soviet past.

In the 80s of the XX century in the city a broad public discussion was initiated regarding the development of the historical and cultural space of the city. First of all, it concerned the revival of historical toponyms. It continued later, in 1990-1993 and was accomplished by calls for the de-Sovietization and de-Russification of the urban space. In the result of the cooperation between city authorities, toponymic commission and public activists some streets were renamed by their historical names in the early 90s of the XX century.

The second direction of memorial practices was related to attempts to remove Lenins’ monuments, as well as to build up monuments that would honor important historical events or half-forgotten names of Belarusian and local history, for example, Antoni Tyzenhaus or Kastuś Kalinoŭski.


[1] У сувязі з вялізным масівам публікацый, прысвечаных перабудове ў СССР, абмяжуемся тут аглядам толькі найважнейшых выбраных прац: Согрин В. Политическая история современной России, 1985–2001: от Горбачева до Путина. Москва, 2001; Барсенков А. Реформы Горбачева и судьба союзного государства, 1985–1991. Москва, 2001; Прорыв к свободе. О перестройке двадцать лет спустя / сост. В. Б. Кувалдин. Москва, 2005; Шубин А. Парадоксы Перестройки. Упущенный шанс СССР. Москва, 2005; Шубин А. Преданная демократия. Перестройка и неформалы. 1986–1989 гг. Москва, 2006; Жуков В. Ю. Новейшая история России: перестройка и переходный период, 1985–2005. С.-Петербург, 2006; Пихоя Р., Соколов А. История современной России: кризис коммунистической власти в СССР и рождение новой России: конец 1970-х – 1991 гг. Москва, 2008; Безбородов А., Елисеева Н., Шестаков В. Перестройка и крах СССР, 1985–1993. С.-Петербург, 2010; В зеркале перестройки: к осмыслению российской трансформации / редкол.: А. С. Ващук (отв. ред.) и др. Владивосток, 2015; Ващук А. Что мы знаем о причинах и предпосылках перестройки? (концепции и дискуссии 1989– 2015 гг.) // Россия и АТР. 2015. № 4. С. 18–33.

[2] Перебудова: задум і результати в Україні (до 10-річчя проголошення курсу на реформи) / ред. С. В. Кульчицький. Київ, 1996; Алексєєв Ю., Кульчицький С., Слюсаренко А. Україна на зламі історичних епох: державотворчий процес 1985–1999 рр. Київ, 2000; Бойко О. Нариси з новітньої історії України (1985–1991 рр.). Київ, 2008; Даниленко В. Україна в 1985–1991 рр.: остання глава радянської історії. Київ, 2018; Латыш Ю. Украинская историография перестройки // Вестник Санкт-Петербургского университета. История. 2020. Т. 65. Вып. 3. С. 975–989.

[3] Марчанка І., Навіцкі У., Лыч. Л. Цяжкі шлях радыкальных пераўтварэнняў // Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. / гал. рэд. М. П. Касцюк. Ч. 2. Мінск, 1995. С. 420–487.

[4] Новік Я., Марцуль Г., Жданко Л. Беларусь у перыяд правядзення рэформ // Гісторыя Беларусі: сацыяльна-эканамічнае, палітычнае і культурнае развіццё / рэд.: Я. Новік, Г. Марцуль. Ч. 2. Мінск, 1998. С. 370–455; Łatyszonek O., Mironowicz E. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. S. 277–289; Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795– 2002). Мінск, 2003. С. 384–400; Весялкоўскі Ю. Ад Гарбачова да Белавежы, Беласток – Лёндан, 2004; Навумчык С. Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995). Варшава – Прага, 2006; Навіцкі У. Беларускае грамадства ў часы перабудовы // Гісторыя Беларусі / Л. Лыч і інш.; рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Т. 6. Мінск, 2011. С. 543–586; Лыч Л. Перабудова як фактар беларускага Адраджэння // Новы час. 2011. № 30. 19 жніўня. С. 14; № 31. 26 жніўня. С. 30; Смяховіч М. “Новая аграрная палітыка” ў СССР і яе асаблівасці ў БССР: асноўныя напрамкі (1986–1991 гг.) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Cер. гуманітарных навук. 2014. № 4. С. 51–64; Жылінскі П. Ад плана да рынку: пачатак трансфармацыі эканомікі Беларусі ў гады палітыкі перабудовы // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сер. гуманітарных навук. 2016. № 4. C. 38–45.

[5] Гражданские движения в Белоруссии: документы и материалы (1986–1991) / сост. П. Терешкович, П. Лебедев. Москва, 1991.

[6] Терешкович П. Общественное движение в современной Белоруссии: краткий комментарий к документам // Тамсама. С. 9–35.

[7] Гостев А., Швед В. Кронон. Летопись города на Немане (1116–1990). Гродно, 1993. С. 108–117; Гродназнаўства: гісторыя еўрапейскага горада / А. Госцеў, А. Дабрыян і інш.; рэд.: В. Карнялюк, В. Швед. Гародня – Wrocław, 2012. С. 305–318; Смалянчук А. “Выгнанне з раю” або перабудова другой паловы 80-х гг. // Гародня X–XX стст.: каралеўскі горад з правінцыйным лёсам / рэд. А. Смалянчук. Гародня, 2014. С. 467–480.

[8] Бондарь В., Еремеева А., Маркова О., Юренева Т. Государственная монументальная политика: опыт, противоречия, перспективы. Москва, 2022. С. 43–79.

[9] Эвалюцыі гродзенскай урбананіміі былі прысвечаны кніга аўтара гэтага артыкула (Гардзееў Ю. Тапанімія старажытнай Гародні (XII–XVIII стст.). Гародня, 2013) і № 2 часопіса “Гарадзенскі гадавік” (Гродна, 2013). Пытанні тапанімічнай трансфармацыі Гродна ў XX ст. мімаходзь закранаюцца ў кнізе: Акерман Ф. Гісторыя Гародні (1919–1991): нацыяналізацыя, вынішчэньне і саветызацыя сярэднеэўрапейскага места. Смаленск, 2021. С. 389–391.

[10] Саяпін В. Гісторыя вуліц Гродна ў XX стагоддзі // Гарадзенскі гадавік. № 2. Гродна, 2013. С. 66–74.

[11] Политический доклад Центрального Комитета КПСС XXVII съезду Коммунистической партии Советского Союза. Доклад генерального секретаря ЦК КПСС товарища Горбачева М. С. // XXVII съезд Коммунистической партии Советского Союза. 25 февраля – 6 марта 1986 г. Стенографический отчёт. Т. 1. Москва, 1986. С. 77–81.

[12] Тамсама. С. 83.

[13] Резолюция XXVII съезда Коммунистической партии Советского Союза по Политическому докладу Центрального Комитета КПСС // Тамсама. С. 551–552.

[14] Вены артэрыі сэрца Гародні // Рэанімова. 1989. № 3. С. 2. Можна меркаваць, што аўтарамі тэксту маглі быць паэтка Данута Бічэль ці Зміцер Кісель.

[15] Граблевский И. Гродно и окрестности: справочник-путеводитель. Гродно, 1987.

[16] Вены артэрыі сэрца Гародні…. С. 2.

[17] Тамсама.

[18] Тамсама.

[19] Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). Ф. 484. Воп. 2. Спр. 681. Арк. 198–199; Саяпін В. Гісторыя вуліц… C. 74–76, 80–85.

[20] Госцеў А. Праца Гарадзенскай тапанімічнай камісіі ў 1990– 1993 гадах: успаміны і меркаванні // Гарадзенскі гадавік. № 2. Гродна, 2013. С. 104–122; Смалянчук А. “Выгнанне з раю”… С. 469, 477.

[21] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 597. Арк. 54; Спр. 648. Арк. 158–159; Спр. 666. Арк. 115.

[22] Астраўцоў С. 33 вуліцы // Гродненская правда. 1991. 1 кастр.

[23] Гарсавет Гродна прыняў рашэнне “Аб гарадской праграме «Спадчына»” 1 кастрычніка 1990 г.: ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 793. Арк. 33; Маліноўская Т. Да пытання перайменавання назваў вуліц горада // Гарадзенскі гадавік. № 2. Гродна, 2013. С. 102, 103.

[24] Маліноўская Т. Да пытання… С. 98, 102.

[25] Тамсама. С. 99–100.

[26] Саяпін В. Гісторыя вуліц… С. 74–76.

[27] Трусов И. Улицы Гродно: история и день сегодняшний // Гродненская правда. 1991. 9 октября. С. 3; ён жа. Судьба маленькой улицы // Гродненская правда. 1992. 24 сентября. С. 3.

[28] Саматыя В. Деятельность АРА по оказанию помощи беженцам на территории Беларуси // Журнал международного права и международных отношений. 2005. № 2. С. 62–65.

[29] Трусов И. Улицы Гродно… С. 3.

[30] Мілінкевіч А. Вуліцы горада – яго аблічча // Гродненская правда. 1991. 29 ноября.

[31] Астраўцоў С. 33 вуліцы…; Трусов И. Улицы Гродно… С. 3; Мілінкевіч А. Вуліцы горада…

[32] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. Ф. 2. Воп. 38. Спр. 608. Арк. 689–689адв.

[33] Койта К. Вуліцы Гродна: 33 ці 13 // Гродненская правда. 1991. 16 октября.

[34] Тамсама.

[35] Міхальченко С. Я – за // Гродненская правда. 1991. 27 снеж.; Климович А. Не оставляйте эту работу внукам // Тамсама; Чехович М. Лучше и дешевле – сразу // Тамсама.

[36] Толкачев А. Не в шутку, а всерьез // Гродненская правда. 1991. 27 снеж.; Синилов А. Не надо крайностей // Тамсама; Лісавец Я. Вуліцы пачакаюць // Тамсама.

[37] Трусов И. Улицы Гродно… С. 3.

[38] Пра механізмы гістарычнай палітыкі гл.: Kącka K. Polityka historyczna: kreatorzy, narzędzia, mechanizmy działania – przykład Polski // Narracje pamięci: między polityką a historią / red. K. Kącka, J. Piechowiak-Lamparska i A. Ratke-Majewska. Toruń, 2015. S. 75–76.

[39] Суворова улица // Гродно: энцикл. справочник. Минск, 1989. С. 377.

[40] Гордеев Ю. Старые улицы Гродно // Гродненская правда. 1991. 30 января. С. 4; Астраўцоў С. 33 вуліцы… С. 4; Трусов И. Улицы Гродно… С. 3.

[41] Синилов А. Не надо крайностей…

[42] Ерашэвіч А., Швед В. Падзенне Рэчы Паспалітай: бяссілле і змаганне // Гародня X–XX стст. … С. 164.

[43] Сталин И. Cочинения. Т. 18. Тверь, 2006. С. 189.

[44] Осипов К. Суворов. Москва, 1938; Бранденбергер Д. Национал-большевизм. Сталинская массовая культура и формирование русского национального самосознания (1931–1956). С.-Петербург, 2009. С. 74, 109, 126, 133, 142. 175–177, 193–195; Сталин И. Речь на Красной площади 7 ноября 1941 года // Сталин И. В. Cочинения. Т. 15. Москва, 1997. С. 84–86.

[45] Cудавія – нямецкая назва яцвяжскіх земляў.

[46] Титов Герман Степанович // Гродно: энцикл. справочник. С. 389–390.

[47] Мезенко А. Урбанонимия Белоруссии. Минск, 1991. С. 134– 135.

[48] Такая назва фіксуецца ў крыніцах XVIII ст.

[49] Вуліца ішла ў кірунку рэчкі Гараднічанкі.

[50] У XVI ст. уладальнікам адной з вулічных сядзіб быў шляхціч Калючына: Гордеев Ю. Прощай, Пассионарии? Здравствуй, Калючинская // Гродненские новости. 1992. 29 окт. С. 3.

[51] Саяпін В. Гісторыя вуліц… С. 76; Гордеев Ю. “Зимний ливень”. Улицы города меняют названия // Гродненские новости. 1992. 20 февр. Трэба заўважыць, што на думку члена тапанімічнай камісіі Алеся Госцева, вуліцы належала вярнуць адно з яе гістарычных найменняў – вуліца Мяшчанская (Госцеў А. Праца… С. 109).

[52] Швед В. Аднаўленне тапанімікі // Гродзенская праўда. 1993. 17 чэрв.

[53] Госцеў А. Праца… С. 105; Саяпін В. Гісторыя вуліц… С. 77–78.

[54] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 648. Арк. 18–20; Спр. 613. Арк. 74–75.

[55] Ленину В. И. памятник // Гродно: энцикл. справочник. С. 254; Дзержинский Феликс Эдмундович // Тамсама. С. 201; Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч, А. Госцеў і інш. Гародня – Wrocław, 2012. С. 204.

[56] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 648. Арк. 18–20; Спр. 613. Арк. 74–75, 82.

[57] Тамсама. Спр. 648. Арк. 18–20.

[58] Вялікая Траецкая № 59а // Біяграфія гарадзенскіх вуліц… С. 88–89.

[59] Гаворка пра аптэку гарадзенскага езуіцкага кляштара XVII– XVIII ст. (Савецкая плошча № 4 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц… С. 314–316).

[60] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 613. Арк. 82.

[61] Тамсама. Спр. 539. Арк. 155; Ленина площадь // Гродно: энцикл. справочник. С. 251–252.

[62] Рашэнне выканкама Гродзенскага гарадскога савета народных дэпутатаў № 4 ад 19 студзеня 1993 г. “Аб помніку Леніну” (з прыватнага архіва Аляксандра Мілінкевіча). Больш падрабязна гл.: Саяпін В. Гісторыя вуліц… С. 76–77.

[63] Швед В. Губернскі Гродна. Баранавічы, 2003. С. 54–58; Ганчарук І. Рыма-каталіцкі касцёл у Гродзенскім павеце (1800– 1830 гг.) // Наша вера. 1999. № 1: https://media.catholic.by/nv/ n7/art7.htm. Дата доступу: 16.07.2023.

[64] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 681. Арк. 140.

[65] Тамсама. Арк. 214.

[66] Смалянчук А. “Выгнанне з раю”… С. 472.

[67] Анисимов В. О памятнике Кастусю Калиновскому // Гродненская правда. 1989. 6 июля; Смалянчук А. “Выгнанне з раю”… С. 468, 470, 472.

[68] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 666. Арк. 3, 47; Смалянчук А. “Выгнанне з раю”…. С. 468, 469.

[69] Zamiast bohaterów Powstania Styczniowego – partyzanci. Na Białorusi usunięto pamiątkową tablicę, https://polskieradio24. pl/5/1223/artykul/3211679,zamiast-bohaterow-powstania-styczniowego-partyzanci-na-bialorusi-usunieto-pamiatkowa-tablice. Дата доступу: 23.07.2023.

[70] Распоряжение Гродненского городскога совета народных депутатов № 382 от 15 ноября 1993 г. “Об изготовлении мемориальных досок”; Рашэнне Гродзенскага гарадскога савета народных дэпутатаў № 284 ад 28 чэрвеня 1993 г. “Аб устанаўленні мемарыяльных дошак памяці паўстанцаў 1863–64 гг.” (з прыватнага архіва Аляксандра Мілінкевіча).

[71] Гродназнаўства. С. 311; Смалянчук А. Горад як месца памяці // Гародня X–XX стст. … С. 485–486.

[72] ДАГВ. Ф. 484. Воп. 2. Спр. 648. Арк. 138.

[73] Тамсама. Спр. 681. Арк. 213.

[74] Смалянчук А. “Выгнанне з раю”… С. 472.

Наверх