БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Казакоў. Новая вокладка – ранейшыя заганы. Другая версія кнігі пра Аршанскую бітву і вайну 1512–1522 г.*

У 2011 г. выйшла манаграфія расійскага гісторыка Аляксея Лобіна пра Аршанскую бітву 1514 г. [1] У ёй аўтар прапанаваў новае бачанне гэтай падзеі, перагледзеўшы некаторыя старыя палажэнні, галоўным чынам датычныя колькасці войскаў з абодвух бакоў, велічыні маскоўскіх стратаў і міжнароднага значэння бітвы. Кніга выклікала інтарэс не толькі сваёй навізной, але і тым, што яна стала самай поўнай працай па тэме. Хоць бітва займала цэнтральнае месца ў манаграфіі, там разглядаліся і іншыя падзеі вайны 1512–1522 г. Усё гэта рабіла кнігу Лобіна абавязковай для кожнага, хто звяртаўся да адпаведнай тэматыкі.

Разам з вартасцямі манаграфія мела і сур’ёзныя недахопы, перш за ўсё тэндэнцыйнасць. Галоўным чынам гэта праявілася ў імкненні аўтара мінімізаваць маштаб і значэнне бітвы пад Оршай. Акрамя таго, ён дапусціў шэраг памылак, некаторыя з якіх паўплывалі на высновы. У 2012 г. выйшла мая крытычная рэцэнзія, напісаная ў выніку першага знаёмства з манаграфіяй [2]. Працуючы далей з тэмай Аршанскай бітвы, я знаходзіў у працы Лобіна ўсё больш і больш памылак, якія адзначаў у наступных публікацыях.

На пачатку 2022 г. убачыла свет новая кніга аўтара пад назвай “Смаленская вайна 1512–1522 гг.”, фактычна абноўленая і дапоўненая версія першай кнігі. Ад новага выдання чакаецца, што яно будзе лепшым за папярэдняе, прынамсі ў тым, што тычыцца ўліку новых даследаванняў і крытычных заўваг. А ўлічыць у гэтым выпадку было што. За 11 гадоў паміж выхадам першай і другой кнігі з’явілася нямала публікацый і адбыўся шэраг навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных бітве пад Оршай, балазе на гэты прамежак прыпалі яе 500-я ўгодкі [3]. Ніжэй я прапаную ацэнку новай манаграфіі аўтара на фоне развіцця нашых ведаў пра бітву пад Оршай і, больш шырока, вайсковасці раннемадэрнай Усходняй Еўропы за апошняе дзесяцігоддзе. Для мяне гэта таксама магчымасць выказаць шэраг думак і працягнуць дыскусію, у прыватнасці адказаць аўтару на яго крытычныя заўвагі.

Пачнем з агульнай характарыстыкі працы. Яна складаецца з уводзінаў, некалькіх раздзелаў, заключэння і спасылак. Адсутнасць пастаронкавых спасылак, агульнага спіса выкарыстаных крыніц і літаратуры, а таксама паказальнікаў стварае вядомыя цяжкасці пры рабоце з выданнем. Паводле структуры, як, зрэшты, і паводле метадалогіі, гэта класічная праца па мілітарнай гісторыі і гісторыі войнаў. Назвы раздзелаў кажуць самі за сябе: I “Напярэдадні вайны і casus belli”, II “Тры аблогі Смаленска 1512–1514 гг.”, III “Бітва пад Оршай”, IV “У пошуках саюзнікаў”, V “Апочка, Полацк і іншыя бітвы Смаленскай вайны”.

Ва ўводзінах аўтар абмяркоўвае важнасць праблематыкі, робіць заўвагі метадалагічнага характару, а таксама дае агляд крыніц і гістарыяграфіі. Ужо першыя старонкі кнігі прымушаюць здзіўляцца. У тэксце “Пытанні ідэалагічныя: вайна і «бітва еўрапейскага значэння»” (6–9) Лобін дыскутуе са сваімі крытыкамі, у асноўным негісторыкамі ці неспецыялістамі па тэме. Тут знаходзім словы, вартыя цытаты: “Но в современном обществе случается и так, что небольшое сражение или временный тактический успех могут подниматься на щит политиками и, как следствие, отмечаться как величайшее событие в истории государства. Подобное явление получило распространение особенно после развала СССР. Процесс формирования образа «врага» для «консолидации нации» стал наиболее актуальным в бывших республиках Советского Союза” (6) [4]. Гэты пасаж уражвае не столькі дылетанцтвам разважанняў пра нацыябудаўніцтва і палітыку памяці ў “былых рэспубліках”, колькі дэфіцытам элементарнай рэфлексіі. З улікам знешняй палітыкі Расіі, асабліва пачынаючы з 2014 г., можа ўзнікнуць пытанне: а ці сапраўды ёсць неабходнасць штучнага фармавання нейкага “вобраза ворага”?

Але Лобін на гэтым не спыняецца і ўчыняе поўны разгром, як ён сам выказваецца, “нацыянальным школам”: “Однако за почти 30-летнюю историю независимости республик так и не появилось серьезных исследований. За всеми этими политическими спорами о праздновании годовщин Оршанской битвы как-то в стороне осталось научное изучение сражения (тут і далей вылучана мной. – А. К.)”. Далей аўтар працягвае: “Приходится вновь и вновь констатировать: вместо тщательного изучения источниковой базы появляется большое количество популярных и научно-популярных работ, не лишенных поверхностных эмоциональных оценок”. Як аўтару некалькіх навуковых прац па Аршанскай бітве мне хацелася б пачуць канкрэтныя аргументы, чаму ніводную з іх, а таксама ніводную з прац калег, нельга прызнаць сур’ёзнай. Лобін, аднак, не абцяжарвае сябе якой-небудзь аргументацыяй. У “Пытаннях гістарыяграфічных” некаторыя працы названыя, але характарыстыка ім або не даецца, або зводзіцца да пары агульных фраз. Агляд гістарыяграфіі заняў меней за дзве старонкі супраць трох старонак абмеркавання выказванняў краязнаўцаў і пісьменнікаў [5]. Маю (адзіную крытычную) рэцэнзію на сваю першую кнігу Лобін не палічыў патрэбным нават згадаць ва ўводзінах.

Частка, прысвечаная крыніцам, выглядае куды лепей (9–19). Варта адзначыць, што геаграфія выкарыстаных матэрыялаў даволі шырокая і не абмяжоўваецца помнікамі, створанымі краінамі – удзельніцамі вайны 1512– 1522 г. Напрыклад, тут знаходзім згадкі пра рэляцыі, якія адклаліся ў дакументах і наратывах Венецыі, Даніі, Швецыі і інш. Гэта, безумоўна, галоўная вартасць кнігі. Зрэшты, тое самае было характэрна і для першага выдання. Пры гэтым аўтар не спыняў пошукі матэрыялаў, і новы варыянт кнігі базуецца ў тым ліку на некаторых крыніцах, якія раней для вывучэння маскоўска-літоўскіх войнаў не выкарыстоўваліся. Напрыклад, важным дадаткам выступае апісанне бітвы пад Оршай італьянскага гісторыка Паала Джовіа, хоць яно прынцыпова нічога не змяняе ў карціне падзей.

Аднак ужо ў аглядзе крыніц можна заўважыць “хваробу”, якая часта праяўляецца ў кнізе: розныя яе часткі, калі-нікалі нават абзацы на адной старонцы, не ўзгоднены паміж сабой. Напрыклад, рускі пераклад аповеду Джовіа названы неапублікаваным, тады як спасылка на публікацыю даецца абзацам вышэй (13, сп. 59).

Гаворачы пра метадалогію вывучэння “войнаў Сярэднявечча”, Лобін катэгарычна сцвярджае: “Если историк берется за написание военного очерка, то он должен в буквальном смысле погружаться с головой в вопросы вооружения, тактики, войсковых операций, состава и численности противоборствующих войск” (5). Што ж, у нас ёсць цудоўная магчымасць ацаніць, наколькі сам аўтар адпавядае гэтаму патрабаванню.

Аповед пра канфлікт 1512–1522 г. пачынаецца з яго прычын і з прапановы называць вайну “Смаленскай” на той падставе, што авалоданне Смаленскам было галоўнай мэтай вялікага князя маскоўскага Васіля III. Такое тлумачэнне выглядае даволі сумнеўным у кантэксце войнаў паміж Вільняй і Масквой канца XV – першай трэці XVI ст. Відавочна, захоп Смаленска быў толькі этапам экспансіі на захад. Адразу пасля падзення горада маскоўскія войскі захапілі Крычаў, Дуброўна і Мсціслаў, што не выглядае выпадковасцю. Вядома, што сілы, якія падышлі пад Мсціслаў у жніўні, мелі гарматы, г. зн. былі гатовыя яго здабываць (63). Хутка пасля аршанскай кампаніі ў Крычаве было зафіксавана сем “маскоўскіх” гармат і столькі ж бочак “маскоўскага” пораху (33) [6]. Відаць, яны былі дастаўлены туды маскавітамі пасля авалодання горадам, што сведчыць пра намер доўгатэрмінова яго ўтрымліваць. Цяжка меркаваць пра агульны стратэгічны план Васіля III, але параза пад Оршай яго відавочна змяніла.

Першы раздзел працягваецца характарыстыкай войскаў абодвух бакоў. Фрагмент пра Вялікае Княства Літоўскае стракаціць памылкамі. Напрыклад, гаворыцца, што корпус гаспадарскіх дваран складаўся са знатных асоб (27). На самай справе ў артыкуле, на які аўтар спасылаецца, гаворыцца адваротнае: дваране ў асноўнай сваёй масе паходзілі з дробнай шляхты [7]. Кажучы пра замежных наймітаў у войску ВКЛ, Лобін сцвярджае, што гусары насілі “зброі бляховыя”, г. зн. пласцінавы даспех (31). Гэта было б слушным, калі б гаворка ішла пра гусарскую мадэль узбраення другой паловы XVI ст. і пазней. На пачатку ж стагоддзя гусары былі ў лепшым выпадку ўзброеныя кальчугамі [8].

Гэтыя заганы могуць падацца нязначнымі ў параўнанні з тым, што сустракаем у апісанні гармат (тым цікавей, што гісторыя артылерыі – гэта спецыялізацыя Лобіна): “Великое княжество Литовское в полевых сражениях стало активно применять полевые орудия – фельдшланги. Известно, что на начало 1503 г. в войске ВКЛ было 20 полевых орудий (фельдшлангов)”. Гэтая цытата завяршаецца спасылкай на артыкул Кшыштафа Пяткевіча пра двор вялікага князя літоўскага Аляксандра [9]. Па-першае, калі б аўтар зрабіў агляд палявых бітваў за пачатак XVI ст., ён наўрад ці змог бы падмацаваць свой тэзіс прыкладамі акрамя ўласна Аршанскай бітвы. Нават у Заходняй Еўропе – адным з галоўных рэгіёнаў інавацый у тактыцы з агняпальнай зброяй – якасныя змены ў выкарыстанні артылерыі ў полі толькі пачыналіся [10]. Па-другое, ніякія фельдшлангі Пяткевіч не згадвае, а колькасць гармат ён падае не на пачатак 1503 г., а за час усёй вайны.

Гэта далёка не адзіны прыклад няздольнасці аўтара зразумець, што напісана ў іншамоўным тэксце, які ён цытуе. Акрамя таго, Лобін паказвае ў цэлым слабое знаёмства з гістарычнымі рэаліямі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы [11]. Абедзве гэтыя заганы праявіліся яшчэ ў першым выданні, хоць некаторыя моманты ў другім варыянце кнігі выпраўлены (гл. ніжэй).

Куды лепшыя веды Лобін дэманструе па вайсковай сістэме Масковіі. Ён дае агульную характарыстыку ўзброеных сіл і сцвярджае, што разам з гарнізонамі яны не маглі перавышаць 20–30 тыс. чалавек [12]. Завяршае другі раздзел апісанне трох паходаў на Смаленск: зімой 1512/1513 г., летам – восенню 1513 г. і вясной – летам 1514 г.

Трэці раздзел “Бітва пад Оршай” пачынаецца з абмеркавання праблемы колькасці войскаў. Аўтар дыскутуе са сваімі апанентамі і крытыкуе (цалкам справядліва) ацэнкі, не падмацаваныя адпаведнай аргументацыяй. Па маім перакананні, пры сучасным стане крыніц ніякая рэканструкцыя колькасці маскоўскага войска не дае валіднага выніку. Аднак я знаходжу магчымым гаварыць пра прапарцыйныя суадносіны і раней ужо выказваў меркаванне, што хутчэй маскоўскае войска пераўзыходзіла польска-літоўскае, а не наадварот, як прапануе Лобін. Мая аргументацыя зводзілася да наступнага: Канстанцін Астрожскі вырашыў абараняцца, частку войска пакінуўшы ў засадзе (г. зн. чакаў атакі ворага); маскоўскае камандаванне ўпарта атакавала, прычым ваяводы Міхаіл Булгакаў і Іван Чаляднін маглі дазволіць сабе раскошу рабіць гэта паасобку; частку войска яны паслалі ў абыход варожага фланга, не баяліся такім чынам крытычна аслабіць асноўныя сілы. Лобін аспрэчвае гэта, адрываючы адзін з тэзісаў ад іншых, тады як трэба разглядаць усю аргументацыю ў комплексе. “Логические построения А. Казакова разбиваются примерами сражений XVI в. – получается, что под Ведрошью в 1500 г. и под Улой в 1564 г. (можно добавить сюда и Венден 1578 г.) польско-литовских войск было больше, чем русских, раз они первые атаковали?” (67) – піша аўтар. Я, аднак, ніколі не сцвярджаў, што адна толькі колькасная перавага гарантуе выбар наступальнай тактыкі.

На думку Лобіна, гетман заняў абарончую пазіцыю, бо нібыта трэць яго сіл складалася з пяхоты, а “рыцарская конница не могла применяться на пересеченной местности” (68). Паколькі маскоўскае войска мела перавагу над непрыяцелем у кавалерыі, то выгадна было атакаваць. “Как может обороняться конница, вооруженная исключительно холодным оружием, против «европейской» армии?” – задаецца пытаннем аўтар. Гэтыя разважанні заканчваюцца высновай, што “у воевод был только один шанс… маневрировать и атаковать прижатого к Днепру врага и сбросить его в реку”. Аднак чатырма радкамі ніжэй чытаем: “у воевод не было иного выбора, кроме как навалиться всей массой на одно из построений противника, пробиться в тыл и охватить остальную часть войска”. Як бачым, аўтар так і не змог вызначыцца, што было адзіна магчымай тактыкай для маскавітаў.

На жаль, аўтар не тлумачыць, што менавіта ён мае на ўвазе, супрацьпастаўляючы “еўрапейскую” армію конніцы з халоднай зброяй. Выглядае на тое, што гаворка ідзе пра ваенна-тэхнічную перавагу. На самай справе тагачасны ўзровень тэхнічнага развіцця і тактычныя магчымасці як артылерыі, так і рушніц не давалі самі па сабе перавагі на полі бою супраць конных лучнікаў. У руках спрактыкаванага жаўнера рушніца з кнотавым замком перазараджалася каля паўхвіліны [13], але ў рэальных баявых умовах тэмп стральбы мог значна памяншацца – да 2–3 хвілін [14]. Па хуткасці і, што вельмі важна, далёкасці стральбы рушніца безнадзейна саступала рэфлексійнаму луку [15].

Вышэйсказанае, аднак, не значыла, што аркебузіры былі безабароннымі перад коннымі лучнікамі. Шмат залежала ад канкрэтных умоваў і акалічнасцяў на полі бою, і Лобін мае рацыю ў тым, што наяўнасць пяхоты ў войску падказвала выкарыстанне яе пад прыкрыццём нязручнага для кавалерыі ландшафту. Як падаецца, менавіта гэта і было паспяхова зроблена пад Оршай. З іншага боку, паводле Лобіна, такая мясцовасць не спрыяла атацы “рыцарскай конніцы” – трэба думаць, капійнікаў у пласцінавым даспеху. Аднак, згодна з апісаннем бітвы самога аўтара, яны пад Оршай былі ўсё ж паспяхова прыменены.

Узнікае яшчэ адно пытанне: ці быў ландшафт, неспрыяльны для ўдарнай кавалерыі, выгадным для конных лучнікаў? На перасечанай мясцовасці дзейнічаць цяжка любым вершнікам, і маскавіты гублялі сваю галоўную перавагу – мабільнасць. “Маневрировать и атаковать” войска, якое на трэць складаецца з пяхоты, варта на адкрытай мясцовасці, дзе конныя лучнікі будуць найбольш эфектыўнымі. Пад Оршай жа нявыгадны ландшафт акурат і спрычыніўся да паразы маскавітаў, якія аказаліся заціснутымі ў нейкім вузкім месцы і былі, як можна ўявіць, расстраляныя варожай пяхотай і гарматамі.

У выпадку з маскоўскімі сіламі надзейных звестак па колькасці войска няма, і аўтар спрабуе рэканструяваць яе пры дапамозе трох методык, якія прымяняліся ім у першым выданні, а таксама ў сумесным з Міхаілам Бенцыянавым артыкуле [16]. У выніку прыходзіць да высновы, што Чаляднін меў пад сваім камандаваннем максімум 11–12 тыс. чалавек. Я выказваў дэталёвую крытыку ўсіх трох метадаў падліку ў ранейшых працах, таму дазволю сабе спыніцца толькі на асобных момантах, у прыватнасці на тым, як аўтар вядзе дыскусію. Крытыка не была ўспрынята, і Лобін працягвае сыходзіць з труізму, што спісы палонных маскавітаў (193 асобы), дапоўненыя спарадычнымі дадзенымі з іншых крыніц, дакладна адлюстроўваюць тэрытарыяльную структуру ўсяго войска. Агулам аўтары (Лобін і Бенцыянаў) ідэнтыфікавалі 18 тэрытарыяльных груп (памешчыцкіх карпарацый). Прычым некаторыя з іх прадстаўлены ўсяго 1–3 асобамі. Здавалася б, гэта павінна прывесці даследчыкаў да відавочнай думкі: а што, калі б тыя пару чалавек пазбеглі палону, і, адпаведна, іх імёны не адклаліся б у рэестрах вязняў? І колькі тэрытарыяльных груп выпадае такім чынам з даследавання? Крытыкуючы гэты падыход, я пісаў: “працу расійскіх калег можна разглядаць як узорны прыклад т. зв. памылкі выжылых (survivorship bias), калі частка аб’екта даследавання не вывучаецца па прычыне недаступнасці… <…> У нашым выпадку «не выжылі» тыя, хто не патрапіў на старонкі пісьмовых крыніц”. “А. Казаков, однако, не привел ни одного (хотя бы одного!) примера т. н. «ошибки выжившего», характерного для сражения 1514 г.”, – абураецца аўтар (78), які ці то наогул не зразумеў, што такое survivorship bias, ці проста няўважліва чытае напісанае апанентам.

Лобін працягвае сцвярджаць, што ў выніку разгрому адбылося змяшэнне масы маскавітаў, а таму набор палонных уяўляе сабой выпадковую, а значыць, рэпрэзентатыўную выбарку. Памешчыкі з паўночна-заходняй часткі краіны складаюць не менш за 33,2% палонных, прычым 22,8% паходзяць з Дзераўскай і Водскай пяцін Наўгародскай зямлі. Ведаючы колькасць памешчыкаў з гэтых пяцін па пісцовых кнігах пачатку XVI ст. – 1250 чалавек, – можна праз прапорцыю вывесці колькасць памешчыкаў ва ўсім войску, лічыць аўтар. У выніку атрымліваецца 5500 памешчыкаў, што з разліку 1 баявы халоп на аднаго памешчыка дае ў суме 11 тыс. чалавек.

Аўтару бракуе не толькі аргументацыі, але і фармальнай логікі: разгром усіх палкоў чамусьці непазбежна прыводзіць да іх змяшэння ў час уцёкаў (“следовательно, в результате бегства произошло смешение полков”). Але крыніцы ясна кажуць, што розныя часткі войска напаткаў розны лёс. Паводле Усцюжскага летапісца, сілы Булгакава працягвалі супрацьстаяць непрыяцельскай арміі, калі Чаляднін ужо збег з поля бою, у выніку чаго моцна пацярпелі [17]. Пскоўскі летапіс кажа, што адны пабеглі ў бок Смаленска, а іншыя “в реки непроходимые забегоша” [18]. Сюды можна дадаць меркаванні агульналагічнага плана. Няцяжка здагадацца, што ў ваяроў старажавога палка (калі ён існаваў) шанцаў пазбегнуць смерці і палону было болей, чым у перадавога.

Агульная колькасць маскоўскага войска залежала ад таго, колькі баявых халопаў прыводзілі з сабой памешчыкі. Ніякіх палявых попісаў з таго часу не захавалася. Агульназемскія нормы службы, г. зн. суадносіны памеру зямлі ў трыманні аднаго памешчыка і колькасці яго баявых слуг, вядомыя толькі за другую палову XVI ст. [19] Гэта пакідае шырокае поле для спекуляцый. Як ужо адзначалася, Лобін лічыць суадносіны адзін памешчык / адзін баявы халоп максімальнымі. Дзіўна, што пры такім дэфіцыце крыніц рэдкія звесткі пра іх фактычныя прапорцыі за першую палову XVI ст. аўтар ігнаруе. У 1535 г. палонны з Вялікіх Лук Васіль Хрушчоў сказаў на допыце, што яго аддзел налічваў 300 чалавек, з якіх 90 – дзеці баярскія, а 210 – іх людзі [20]. Такім чынам, атрымліваем прапорцыю 2,33 баявыя халопы на аднаго памешчыка [21].

У выніку ўсіх падлікаў колькасць маскоўскага войска атрымалася ў дыяпазоне 4–16 тыс. чалавек, але з-за адсутнасці многіх ваяроў на момант бітвы максімальную планку варта апусціць да 11–12 чалавек, лічыць Лобін (78).

Спроба высветліць памер і склад войска Астрожскага куды больш паспяховая, балазе сітуацыя з крыніцамі тут зусім іншая. Яны дазваляюць усталяваць агульную колькасць у 16–17 тыс. чалавек, ствараючы больш імаверную альтэрнатыву знакамітым 30–35 тысячам. Гэта, бадай, галоўны пазітыўны вынік даследаванняў Лобіна. Аднак, калі гаворка заходзіць пра рэканструкцыю колькасці асобных частак войска, то не абыходзіцца без грубых памылак.

Найміты з Польшчы найлепей задакументаваны крыніцамі, і тут да новых высноваў аўтар не прыходзіць. Аднак ён робіць важнае ўдакладненне: рэальная колькасць жаўнераў у ротах заўсёды была меншай за намінальную. Таму агульную лічбу 6660 неабходна паменшыць на 30%, што дае 4660 чалавек. Гэта грунтуецца на даследаванні польскага гісторыка Аляксандра Болдырава пра польскую найманую пяхоту, але Лобін пераносіць яго выснову таксама і на конніцу. Чарговы раз аўтар проста не разумее, пра што ідзе гаворка ў працы, на якую спасылаецца. Лобін піша: “Александр Болдырев… отметил, что… по факту на службу выходили 60–84% от «штата»” (83). На самай справе, паводле Болдырава, розніца ў намінальнай і рэальнай колькасці пяхотнікаў была выклікана ў першую чаргу тым, што капійнікі і павезнікі атрымлівалі падвойныя стаўкі [22]. Вядома, гэта нельга экстрапаляваць на конныя роты. На жаль, аналагічных падлікаў для кавалерыі ў гістарыяграфіі пакуль няма.

Вельмі праблематычны ўдзел у бітве аддзела польскіх добраахвотнікаў. Пазнейшая гістарыяграфічная традыцыя кажа пра асобны “гуф” з польскай моладзі, які нібыта ўзначальваў вядомы ў будучыні военачальнік Ян Амар Тарноўскі. Раней Лобін ацэньваў колькасць гэтага аддзела ў 2000 чалавек, грунтуючыся на памылковым прачытанні Станіслава Сарніцкага. І хоць я паказаў на гэтую памылку [23], аўтар не стаў мяняць сваёй высновы, элегантна вырашыўшы праблему: цяпер ён ні на што не спасылаецца (83–84).

Наратыўныя крыніцы захавалі імёны знатных палякаў, якія біліся пад Оршай, і аўтар дае іх пералік, называючы добраахвотнікамі. Але ўважлівы разгляд іх біяграфій кажа, што большасць была каралеўскімі дваранамі [24]. Некаторыя, як Тарноўскі, атрымалі выплаты за ўдзел у кампаніі 1514 г. [25] Гэта, вядома, не выключае, што нейкія валанцёры ў войску былі, але іх колькасць застаецца невядомай і наўрад ці была высокай. У любым выпадку, няма ніякіх падставаў ацэньваць яе ў 2000 чалавек.

Не вытрымліваюць крытыкі высновы пра велічыню польскай надворнай харугвы. Каб паказаць, колькі ваяроў яна налічвала ў іншыя гады, прыцягваюцца дадзеныя з рахункаў вялікага князя Аляксандра за час, калі той яшчэ не быў польскім каралём (84). Велічыня польскай надворнай харугвы вызначаецца на падставе… рэестра літоўскіх гаспадарскіх дваран 1514 г. (84). Анджэй Гладыш налічыў 153 ваяры ў 1513 г., але, імаверна, гэтыя дадзеныя няпоўныя. Абапіраючыся на сярэднія паказчыкі, ён дапускае, што ў кампаніі 1514 г. надворная харугва магла складацца з 440 чалавек [26]. Цікава, што гаспадарскіх дваран паводле двух захаваных рэестраў Лобін налічвае 1200 (памылкова), але пры падсумаванні складу войска ён іх апускае.

Няма ніякіх крыніц, каб вызначыць колькасць велікакняскай земскай службы. Лобін спрабуе ацаніць яе на аснове адрасатаў ваенных лістоў аб зборы войска, а таксама памеру вайсковай службы па дадзеных попісу 1528 г. У выніку атрымалася, што на вайну мусіла б ехаць 14–16 тыс. чалавек. Далей аўтар адвольна зніжае гэтую лічбу ўдвая на падставе нізкіх тэмпаў збору шляхты. Падсумаваўшы вынікі ўсіх падлікаў – ад 4660 да 6663 наймітаў, 500 чал. польскай надворнай харугвы, 2000 чал. добраахвотнікаў, да 8000 земскай службы, – Лобін атрымаў 17 000 чалавек на момант агляду і попісу войска пад Барысавам (84–85). Далошча круглей адзначаецца, што на аглядзе адсутнічалі некаторыя аддзелы, пасланыя супраць непрыяцеля раней, таму агулам усіх сіл будзе… – не, не болей, а меней за 17 000, усяго 15 000 чал. Урэшце цяжка зразумець, якую ж колькасць аўтар лічыць выніковай.

Але тут дзівосы калькуляцыі толькі пачынаюцца. Ужо на наступнай старонцы чытаем, што пад Оршай войска Астрожскага магло налічваць максімум 12 000 чал. (86). Відаць, мелася на ўвазе, што частка войска засталася ў Барысаве разам з Жыгімонтам, аднак яе памер аўтар ацэньвае ў 4000 і дапускае завышанасць гэтай лічбы. У такім выпадку мусіла б атрымацца мінімум 13 000 замест максімум 12 000 (17 000 – 4000 = 13 000). Яшчэ ніжэй напісана, што “из Борисова выдвинулось войско общей численностью не более 12–13 тыс. чел.” (87).

Асобным пытаннем выступае склад фармавання, якое засталося ў Барысаве. Дагэтуль аўтар беспадстаўна лічыў, што гэта былі почты літоўскіх магнатаў [27]. Ён імкнуўся паказаць, што перамогу пад Оршай здабылі ў асноўным палякі. Цяпер жа Лобін прыцягвае звесткі з нямецкай улёткі, паводле якой разам з Жыгімонтам у Барысаве засталіся некаторыя “князі і паны” (“furste und hern”), а таксама “16 соцень выбраных польскіх жаўнераў” (“Sechczehen hundert auβgeleβener Polischer soldner”) [28]. Аўтар, аднак, не хоча развітвацца з ранейшай памылковай высновай: гэтых “князёў і паноў” ён інтэрпрэтуе як почты літоўскіх магнатаў (цікава, чаму, напрыклад, паны не маглі быць польскія?). Такім чынам, пры Жыгімонце засталося да 4000 чалавек (памятаем, што лічба можа быць завышанай), з якіх 1600 былі польскімі жаўнерамі, а рэшта земскай службай, – заключае гісторык.

На самай справе няма падстаў бачыць на месцы “князёў і паноў” наогул нейкія войскі. Акрамя таго, Лобін працягвае ігнараваць звесткі з ліста Жыгімонта да Мацея Джэвіцкага, дзе кароль гаворыць, што пры ім засталіся конныя і пешыя найміты. На гэты ліст звяртаў увагу яшчэ Канстанты Гурскі ў канцы XIX ст., пра што я пісаў раней [29]. Такім чынам, маем дзве крыніцы – ліст Жыгімонта і нямецкую ўлётку, – якія наўпрост кажуць, што ў Барысаве засталіся польскія жаўнеры, прычым адна з іх называе колькасць. Калі ж ісці ў рэчышчы разважанняў аўтара, то пры каралі разам з 1600 польскімі жаўнерамі мусіла застацца максімум 2400 чалавек земскай службы (4000 – 1600 = 2400). Памятаючы, што яе агульную колькасць Лобін ацэньвае ў 7–8 тыс., пад Оршу мусіла б пайсці мінімум 4600–5600 чалавек. Аднак калі перад апісаннем самой бітвы аўтар зноў вяртаецца да колькасці асобных частак войска, то раптам высвятляецца, што земскай службы было ўсяго 4000, а польскіх наймітаў – 4660–6663. Аўтар забыўся адняць ад апошняй лічбы 1600 і чамусьці вырашыў паменшыць колькасць земскай службы з магчымых 4600–5600 да 4000. Ён упарта працягвае сцвярджаць, што палякі складалі большасць войска (98) [30].

Нельга пагадзіцца з тым, як пададзены падзеі незадоўга да бітвы. Аўтар працягвае настойваць, што маскоўскі ваявода Міхаіл Булгакаў распусціў сваіх людзей “на сотни верст”, бо ён нібыта не ведаў, дзе непрыяцель, у якой колькасці і куды рухаецца [31]. І толькі пасля таго, як 5 верасня быў злоўлены Глінскі, яму стала ясна, што ідуць вялікія варожыя сілы. У выніку маскоўскія палкі так і не здолелі сабрацца да бітвы ў поўным складзе. У пацвярджэнне гэтага прыводзяцца цытаты з летапісаў: “а инии в отъезде были” і “сила ненарядна была”. Каб умацаваць Булгакава, яму на дапамогу былі пасланы сілы Івана Чалядніна (71).

У адной са сваіх прац я прапанаваў рэканструкцыю падзей канца жніўня – пачатку верасня 1514 г. Крыніцы не пакідаюць сумневу, што маскоўскія войскі былі размеркаваны ў адным кірунку, а менавіта на шляху Орша – Барысаў – Менск (“а в Борисове, и к Менску, и на Друцких полях”). Важна, што менавіта гэтым маршрутам рухалася на ўсход польска-літоўскае войска, уваходзячы ў баявы і візуальны кантакт з непрыяцелем. У Астрожскага проста не было шанца заспець ворага знянацку [32].

Лобін не падзяляе такой карціны падзей, а замест аргументаванай дыскусіі дапускае наступную рэпліку: “Создается впечатление, что А. Казаков исходит из современных ему представлений об оповещении и сборе войска и не рассматривает альтернативных трактовок цитат из летописей” (88). Што стварыла ў аўтара такое ўражанне, застаецца няясным. Аднак мы можам ацаніць яго ўласныя “представления об оповещении и сборе войска”. Абсалютна бездапаможныя ў плане выведкі, нібы сляпыя кацяняты, маскоўскія правадыры паказваюць, аднак, цуды лагістыкі. “М. Глинский был пойман на заре 5 сентября, за три дня до сражения («triduo ante conflictum»). Следовательно, рать Челяднина могла быть собрана и направлена на помощь М. И. Булгакову после получения известия о поимке Глинского… т. е. после 5 сентября” (89). Цікава было б даведацца, дзе мусіў знаходзіцца Чаляднін і яго яшчэ несабраная раць, каб ён за тры дні паспеў атрымаць вестку пра арышт Глінскага, сабраць свае палкі і прывесці іх пад Оршу? Аднак на самай справе Чаляднін ужо быў на месцы на момант уцёкаў Глінскага, што засведчыў вядомы аўтару Усцюжскі летапісец, а дата 5 верасня – памылковая, бо ў гэты дзень Глінскі быў не схоплены, а ўжо адасланы ў Маскву [33]. Трэба дадаць, што пра абедзве гэтыя акалічнасці ўжо пісалася ў вядомай аўтару публікацыі [34].

У першай кнізе аўтар пазбег абмеркавання праблемы дакладнага месца бітвы, падаўшы сваю версію без аргументацыі, хоць у гістарыяграфіі іх існуе некалькі: на паўночны ўсход ад Оршы ў лукавіне Дняпра, замацаваная ў польскай гістарыяграфіі; паміж Оршай і Крапівенкай, якую можна назваць левабярэжнай (адносна берагоў Крапівенкі); на правым беразе Крапівенкі, г. зн. паміж Крапівенкай і Дуброўнам (правабярэжная). У новай кнізе знаходзім абгрунтаванне лакалізацыі поля бітвы на аснове левабярэжнай версіі, а таксама крытыку прац, у тым ліку і маіх, якія аргументуюць правабярэжную. Апошняя грунтуецца на меркаванні, што Усцюжскі летапісец называе Бярэзіну, тады як мусіў быць Днепр [35]. Калі дапусціць, што памылкі няма, то давядзецца прыняць, што Астрожскі падмануў маскоўскіх ваяводаў двойчы (на Бярэзіне, потым на Дняпры) тым самым спосабам: адцягваў іх увагу перамовамі, рыхтуючы ў гэты час пераправу ў іншым месцы.

Лобін працягвае сцвярджаць, што Усцюжскі летапісец не памыляецца ў назве ракі. Застаецца толькі здзіўляцца настойлівасці, з якой аўтар хоча ўбачыць у крыніцах тое, чаго там няма. “Между тем, именно противостояние на Березине и показано в польских латиноязычных источниках”, – піша ён (92), у той час як гэтыя крыніцы малююць дынамічную карціну падзей. Заўважыўшы непрыяцеля на тым беразе, каралеўскія войскі пераправіліся цераз раку, каб уступіць з ім у бой. Маскавіты ад сутыкнення ўхіліліся і адышлі [36]. Ніякага “супрацьстаяння” на Бярэзіне не відаць.

Далейшае абмеркаванне дакладнага месца бітвы ўтрымлівае крытыку, з якой нельга пагадзіцца. “А. Казаков приводит далеко не все источники, в которых присутствует локализация сражения” (92). Аднак крыніцы, якія я нібыта абмінаю ўвагай, не названыя. І гэта пры тым, што сам аўтар не выкарыстоўвае, напрыклад, паведамленне Вапоўскага, якое я цытую [37]. Далей сцвярджаецца, што я ігнарую паведамленні крыніц у той час, як я іх абмяркоўваю. Адносна маёй крытыкі блытаных паведамленняў Герберштайна пра месца бітвы заўважаецца: “Причины, по которым А. Казаков отбрасывает свидетельство имперского дипломата, непонятны”. Недарэчнасць такой заявы тым большая, што аўтару цудоўна вядомы мае публікацыі, дзе я абгрунтоўваю свой скепсіс адносна гэтых сведчанняў [38]. Дазволю сабе не паўтараць ужо неаднойчы выкладзеныя мной меркаванні пра Герберштайна і іншыя крыніцы, заўважу толькі, што пытанне дакладнага месца бітвы застаецца і сёння нявырашаным.

Падзеі дня 8 верасня апісаны ў крыніцах няпоўна і супярэчліва, што робіць рэканструкцыю ходу бітвы няпростай задачай. Спроба аўтара прынцыпова не адрозніваецца ад ранейшай і ўтрымлівае шэраг памылак. Напрыклад, пад літарай “D” на плане Сарніцкага пазначаны маскоўскі атрад, але Лобіну чамусьці бачыцца польская пяхота і артылерыя (96). Часам цяжка размежаваць аўтарскую рэканструкцыю і звесткі з крыніц. Са спасылкай на Сарніцкага сцвярджаецца, што атаку палка Булгакава на левы фланг дапамог адбіць удар кавалерыі Свярчэўскага з цэнтра (102). На самай жа справе Сарніцкі (услед за Джовіа) проста кажа пра атаку Булгакава на 2000 кавалерыі Свярчэўскага, якая, паводле яго, стаяла ў цэнтры. Пры гэтым трэба памятаць, што ў Сарніцкага тыя 2000 – гэта і ёсць уся польская конніца. Калі Свярчэўскі ўдарыў з цэнтра з усёй кавалерыяй на Булгакава, то што за сілы былі на левым флангу, якія нібыта таксама складаліся з палякаў, а польская пяхота пры гэтым стаяла ў цэнтры за конніцай? У актыў аўтару можна запісаць хіба што выпраўленне ранейшай памылкі наконт прычыны самавольнай атакі Булгакава (102).

Раздзел, прысвечаны ацэнцы стратаў, пачынаецца з крытыкі майго артыкула “Апраўдваючы паражэнне…” (105–106) [39]. Лобін лічыць, што сама назва некарэктная, бо з пункту гледжання летапісцаў апраўдваць ваенную няўдачу перад чытачом – “дело небогоугодное”. Іх цікавілі грахі, пакараннем за якія стала параза. У сувязі з гэтым хочацца спытацца ў аўтара: калі прывядзенне надуманых прычын разгрому – гэта не спроба яго апраўдання, то што тады? Лобін таксама закідвае мне, што я супастаўляю звесткі з маскоўскіх летапісаў “с другим корпусом тенденциозных источников польско-литовского происхождения”. Аднак чарговы раз заўвага не суправаджаецца аніякай канкрэтыкай. Якія менавіта звесткі, што я прымаю як слушныя, з’яўляюцца тэндэнцыйнымі, і як гэта ўплывае на высновы, застаецца няясным.

Нягледзячы на крытыку, падыход да ацэнкі стратаў бакоў у бітве пад Оршай не змяніўся: па-ранейшаму назіраецца імкненне мінімізаваць маштабы разгрому. Наконт забітых з абодвух бакоў няма ніякіх надзейных звестак, чаго нельга сказаць пра палонных. Як і раней, аўтар лічыць, што агульная колькасць палонных складала 600 чалавек, з якіх 380 – дзеці баярскія і больш знатныя асобы, а астатнія – людзі простага стану (111). Першая лічба (596, калі быць дакладным) утрымліваецца ў “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” [40], другая – у летапісе Рачынскага [41]. Але ж абедзве крыніцы ясна кажуць, што названая колькасць датычыць толькі дзяцей баярскіх, а людзей простага стану “нельзе и выписати множества для” [42]. Праўда, крокам наперад стала тое, што Лобін цяпер улічвае ігнараванае раней сведчанне: “А иных многих детеи боярских не писано, которыи без ведома повезены по иманях князских и панских, тых кнзю гетману его млсти не звещали и в еестр не хотели писати” [43].

Відавочна, колькасць палонных, якія засталіся ў руках шляхты і не патрапілі ў рэестры, немагчыма ацаніць нават прыблізна. Аднак аўтар гэта робіць, ідучы супраць здаровага сэнсу. Ён звяртае ўвагу на амаль двухразовую розніцу паміж колькасцю аршанскіх палонных, што сядзелі ў гаспадарскіх замках у пазнейшыя гады – каля 200 – і колькасцю прыведзеных да Жыгімонта дзяцей баярскіх – 380. На думку Лобіна, 380 – гэта лічба палонных разам з тымі, каго шляхта пакінула сабе. Аднак узнікае пытанне, адкуль магла быць вядомая агульная іх колькасць, калі ўласных палонных пераможцы нават “не звещали”?

Памяншэнне з 380 да 200 можа быць лёгка патлумачана акалічнасцямі, якія самому аўтару цудоўна вядомыя: рэестры вязняў гаспадарскіх замкаў дайшлі да нашага часу не цалкам [44], невядомая колькасць палонных была паслана да еўрапейскіх двароў [45] і інш.

Каб давесці нязначнасць маскоўскіх стратаў у бітве, Лобін звяртаецца да звестак пісцовых кніг Водскай і Дзераўскай пяцін Наўгародскай зямлі. Паводле яго, паміж двума перапісамі – пачатку XVI ст. і 1538/9 г. – “фамильный состав” мясцовых памешчыкаў амаль не змяніўся, а іх колькасць толькі расла. Калі б яны панеслі вялікія страты ў Аршанскай бітве, карціна мусіла б быць іншай. Гэта чарговыя хітрыкі аўтара, бо ён не можа не ведаць пра такую рысу памеснай сістэмы, як цыркуляцыя памесцяў у коле сваякоў [46]. Пры гібелі памешчыка ці выбыцці са службы па іншай прычыне памесце часта пераходзіла яго сынам ці іншым родзічам. Гэтага магло і не адбыцца, але ўсё адно гібель 1–2 чалавек з роду не азначала яго знікнення са службы. Напрыклад, сам Лобін (разам з М. Бенцыянавым) згадвае, што памесці братоў Кузьмы і Фёдара Іванавічаў Чортавых, памерлых у палоне [47], пазней трымалі іх сыны [48]. Такім чынам, гібель двух братоў не прывяла да знікнення іх “фаміліі” са спіса водскіх памешчыкаў. Нікуды не падзеліся і шматлікія Пуцяціны, нягледзячы на смерць у палоне двух іх родзічаў – Пятра Нікіціча і яго пляменніка Сямёна Іванавіча [49].

У сувязі з абмеркаваннем маштабаў маскоўскай паразы аўтар ніяк не каментуе красамоўны факт гібелі дваіх і палону амаль усіх астатніх маскоўскіх ваяводаў. Як так сталася, што войска згубіла няшмат людзей, а яго камандзіры паздаваліся ў палон, застаецца невырашальнай загадкай.

Калі страты маскавітаў аўтар імкнецца мінімізаваць, то са стратамі пераможцаў адбываецца супрацьлеглае. Лобін цытуе Станіслава Гурскага, які называе лічбу 500 чалавек забітымі і нашмат больш параненымі, і каментуе: “Может быть, С. Груский и другие хронисты упомянули только рыцарей, судьба же «почтовых» и рядовых воинов их не интересовала” (111). Пры гэтым аўтар ніяк не тлумачыць, чым абумоўлена такое меркаванне [50].

Чацвёрты раздзел пераносіць нас у гісторыю міжнародных адносінаў, што з’яўляецца галоўным адрозненнем новага выдання. Калі раней былі падрабязна разгледжаны стасункі Масковіі са Святой Рымскай імперыяй, то цяпер з’явіліся яшчэ і нарысы яе адносінаў з Даніяй, Тэўтонскім ордэнам і Святым прастолам. Не будучы спецыялістам па гісторыі дыпламатыі, ацэнку зместу гэтай часткі кнігі я пакіну іншым. Адзначу толькі, што аўтар працягвае настойваць на старой выснове: бітва пад Оршай не адыграла ніякай ролі ў пазіцыі імператара Максіміліяна I адносна саюзу з Масковіяй, інтарэс да якога быў ім страчаны яшчэ раней. Гэты тэзіс ужо крытыкаваўся такім знаўцам прадмета, як Геронім Граля [51]. Між іншым, ён адзначае, што аршанская перамога і звязаная з ёй прапагандысцкая кампанія мелі вялікае значэнне для ходу Венскага кангрэса 1515 г., які “канчаткова пахаваў ідэю аб’яднання ворагаў Жыгімонта I пад эгідай Вены і Масквы” [52].

Апошні, пяты раздзел прысвечаны падзеям наступных гадоў вайны. Гэтая частка кнігі не спазнала істотных зменаў. Можна заўважыць, напрыклад, выпраўленне памылкі пра аб’ект маскоўскай атакі зімой 1514/1515 г. [53] Аўтар паслядоўна апісвае баявыя дзеянні ў 1515–1522 г., дзе буйнымі акцыямі былі паход Астрожскага на Апочку 1517 г. і аблога Полацка маскавітамі ў 1518 г.

На заканчэнне нельга не адзначыць катастрафічную неахайнасць падачы выходных дадзеных іншамоўных выданняў. У асноўным гэта датычыць польскай мовы, дзе замест характэрных для яе літар кшталту ł, ę, ą ідуць l, e, a і да т. п. [54]

На сёння манаграфія Лобіна застаецца самым шырокім даследаваннем па Аршанскай бітве і вайне 1512–1522 г. Прычым новая версія дапоўнена як за кошт прыцягнення новых крыніц, так і дзякуючы пашырэнню прадмета (дыпламатычная частка). Гэтым, аднак, асноўныя вартасці другога выдання вычэрпваюцца. Шмат у чым яно атрымалася горшым за папярэдняе. Выправіўшы пару другасных памылак, аўтар нарабіў новых, у цэлым застаўся глухім да крытыкі і праявіў яшчэ больш тэндэнцыйнасці. Безумоўна, кніга закладае грунт, на які могуць абапірацца наступныя даследаванні. Разам з тым ігнараванне адных крыніц і тэндэнцыйнасць у інтэрпрэтацыі іншых, маніпуляванне матэрыялам з мэтай дапасавання да ключавых тэзаў, нежаданне развітвацца з уласнымі аблудамі, недахоп увагі да літаратуры прадмета, галаслоўная крытыка апанентаў, няяснасць думкі (чытач раз-пораз мусіць здагадвацца, што ўласна мелася на ўвазе) і, нарэшце, процьма памылак шырокага спектра – ад банальнага неразумення тэксту цытаванай крыніцы да няўзгодненасці розных частак кнігі паміж сабой – рэзка зніжаюць навуковую вартасць працы. Цытуючы з яе што-небудзь, трэба быць вельмі асцярожным і правяраць кожную спасылку. З іншага боку, такая палітра заганаў робіць кнігу карыснай як антыўзор навуковай працы, прыдатны для разбору са студэнтамі на семінарах. Тым не менш, аўтара можна павіншаваць – ён дадаў яшчэ адну манаграфію да спіса сваіх публікацый. А бітва пад Оршай, як і ўся вайна 1512–1522 г., патрабуюць новага даследавання.


*ЛОБИН, АЛЕКСЕЙ. Смоленская война 1512–1522 гг. Москва, 2022. 223 с.

[1] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. С.-Петербург, 2011.

[2] Казакоў А. Паляванне на “Аршанскі міф” // Arche. 2012. № 5. С. 88–97.

[3] Пад юбілей адбыўся выхад некалькіх тэматычных нумароў часопісаў і штогоднікаў: Герольд Litherland. № 20. 2014; Mówią wieki. 2014. № 9 (выйшаў таксама ў перакладзе на беларускую мову); Arche. 2014. № 12; Biblioteka Epoki Nowożytnej. T. III. Bitwa pod Orszą. Warszawa, 2015. Некаторыя публікацыі па-за названымі выданнямі: Bołdyrew A. Obraz “Bitwa pod Orszą” i badania nad jego przydatnością do dziejów uzbrojenia. Przyczynek do legendy historiograficznej // Mity i legendy w polskiej historii wojskowości / red. W. Caban, J. Smoliński. T. 1. Kielce, 2014. S. 71–77; Hucul V. Obraz Bitwa pod Orszą – propaganda dworska czy epos rycerski? // RIHA Journal 0092 (3 July 2014): https://journals.ub.uni-heidelberg.de/index. php/rihajournal/article/view/69941. Дата доступу: 4.11.2023; Казакоў А. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы // БГА. Т. 2. 2015. С. 3–28; Ён жа. Аршанская бітва 1514 г.: пра што спрачаюцца гісторыкі? // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 11. С. 16–25; Ён жа. Оправдывая поражение: Оршанская битва 1514 г. глазами летописцев // Україна в Центрально-Східній Європі. Т. 18. 2018. С. 315– 334; Ён жа. Польска-літоўскія паведамленні пра бітву пад Оршай 1514 г.: дзве гісторыі адной падзеі // Актуальные проблемы источниковедения: материалы V междунар. науч.-практ. конф. к 110-летию Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 2019. С. 163–164.

[4] Калі б аўтар меў на ўвазе такую былую рэспубліку, як РСФСР, то з ім можна было б пагадзіцца. У Расіі існуе замацаваны федэральным законам спіс дзён вайсковай славы. Там мы сапраўды можам знайсці падзеі, што не адыгралі той гістарычнай ролі, якую ім усяляк прыпісваюць, напрыклад, Кулікоўскую бітву 1380 г.

[5] Для прыкладу, цытаты папулярызатара Аляксандра Рычкалава і астрожскага краязнаўцы Міколы Бендзюка займаюць агулам каля паўстаронкі тэксту.

[6] Русская историческая библиотека. Т. XX. С.-Петербург, 1903. Стб. 1173. Дакумент не датаваны. Суседнія акты датуюцца 1515 і 1516 г. Лобін датуе яго то 1519, то 1515 г. (33, сп. 182).

[7] Kazakou A. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce bitwy pod Kleckiem // Rocznik Lituanistyczny. T. 6. 2020. S. 60– 62.

[8] Plewczyński M. Wkład Serbów w rozwój staropolskiej wojskowości (1450–1570) // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. 36. 1994. S. 4–9.

[9] Pietkiewicz K. Dwór litewski wielkiego księcia Aleksandra Jagiellończyka (1492–1506) // Lietuvos valstybė XII–XVIII a. / red. kol.: Z. Kiaupa, A. Mickevičius, J. Sarcevičienė. Vilnius, 1997. S. 85–87, 100–104.

[10] Аналіз развіцця тактыкі з выкарыстаннем агняпальнай зброі ва Усходняй Еўропе ў параўнаўчай перспектыве гл.: Kazakou A. Gunpowder Revolution in the East of Europe and the Battle of Orsha, 1514 // The Military Revolution and Revolutions in Military Affairs / ed. by M. Ch. Fissel. Berlin – Boston, 2023. P. 65–112. Электронная версія гэтага зборніка выйшла ў канцы 2022 г. На момант азнаямлення з кнігай Лобіна я ўжо не мог уносіць значных зменаў у артыкул, таму яна не была ўлічана.

[11] Колькі прыкладаў чытач знойдзе ніжэй, тут жа я прывяду яшчэ два. Так, Міхалон Літвін названы “літоўскім агентам”, а яго трактат – “данясеннем” (35). Перыяд 1512–1535 г. – гэта час кіравання Жыгімонта Старога і Жыгімонта ІІ Аўгуста (10).

[12] Гэтая лічба падаецца моцна заніжанай. З-за адсутнасці рэпрэзентатыўных крыніц кшталту попісу войска ВКЛ 1528 г. пытанне мабілізацыйных магчымасцяў Масковіі да другой паловы XVI ст. застаецца надзвычай дыскусійным. Прыхільнікі мінімальных лічбаў акцэнтуюць увагу на тым, што большасць памесцяў (па фрагментарных звестках) мела няшмат зямлі, што не дазваляла памешчыкам выставіць у сярэднім больш за 1 баявога халопа. Пры гэтым робіцца спасылка на нормы мабілізацыі сярэдзіны XVI ст. (41–42).

[13] Hall B. Weapons and warfare in Renaissance Europe. Baltimore, 1996. P. 149.

[14] Rogers C. J. Tactics and the face of battle // European warfare, 1350–1750 / ed. by F. Tallett and J. B. Trim. New York, 2010. P. 213.

[15] Ostrowski D. The replacement of the composite reflex bow by firearms in the Muscovite cavalry // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History. 2010. Vol. 11. No. 3. P. 519–521.

[16] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре русской армии в битве при Орше 1514 г. // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. 2013. № 2. C. 155–179.

[17] Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Т. XXXVII. Ленинград, 1982. С. 106.

[18] Тамсама. Т. IV. С.-Петербург, 1848. С. 290.

[19] У кнізе прыводзяцца летапісныя звесткі пра нормы службы ў Ноўгарадзе і Пскове за першую палову XVI ст.

[20] Памятники истории Восточной Европы. Т. VI. Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки (первая половина XVI в.) / сост. М. Кром. Москва – Варшава, 2002. С. 137.

[21] Менавіта з такой прапорцыі сыходзіць у сваіх падліках Дзмітрый Селіверстаў: Селиверстов Д. И. Московское войско в битве под Оршей 1514 г. // Военная археология. Вып. 3. Москва – Тула, 2014. С. 317–338.

[22] Bołdyrew A. Piechota zaciężna w Polsce w pierwszej połowie XVI wieku. Warszawa, 2011. S. 68–69.

[23] Казакоў А. Аршанская бітва… С. 17.

[24] Дваранамі былі Ян Амар Тарноўскі і яго брат Станіслаў Спытэк (Станіслаў і Спытэк у Лобіна – розныя асобы), Анджэй, Ян і Станіслаў Тэньчыньскія, Ян, Станіслаў і абодва Мікалаі Пілецкія, Пётр і Станіслаў Кміты, Геронім Яраслаўскі, Збігнеў Слупецкі і яго брат. Хутчэй за ўсё, дваранамі на 1514 г. былі Марцін і Пётр Збароўскія (у 1515 г. Пётр быў ужо крайчым надворным): Gładysz A. Służba wojskowa dworzan Zygmunta I Starego. Rozprawa doktorska. Lublin, 2014. Cz 2. Aneksy. S. 380, 386–387, 429–431, 450, 464–467, 482–483.

[25] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Skarbu Koronnego. Dz. I. Rachunki królewskie. Sygn. 38. K. 62.

[26] Gładysz A. Służba wojskowa… S. 194.

[27] Казакоў А. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы… С. 19.

[28] Warhafftiger anfa[n]g vnd vndericht der schlacht ßo der König yn Poln [et]c. ytzundt mit dem obersten Hertzoge[n] yn Moscouia am tag der yu[n]ckfraw Marie geburt ym viertzenden yar gehabt. [Leipzig], [1514].

[29] Казакоў А. Аршанская бітва… С. 17.

[30] Альтэрнатыўныя падлікі гл.: Kazakou A. Gunpowder revolution… P. 92–94. На сёння яны падлягаюць некаторай карэкціроўцы. Я не ўлічыў сведчанне пра велічыню атрада наймітаў, пакінутага ў Барысаве, а таксама меркаванне А. Гладыша адносна колькасці польскай надворнай харугвы. Аднак пры любым раскладзе палякі ў войску Астрожскага значна саступалі ліцвінам.

[31] Варта асобна сказаць пра тое, як Лобін абыходзіцца з лічбамі. Паводле яго, маскоўскае войска было раскідана “на сотни верст” і “на территории в 1000 кв. км” (89). Калі ўявіць сабе 1000 кв. км у выглядзе круга, то атрымліваем радыус усяго блізу 18 км (па формуле S=πr2, дзе S – плошча круга).

[32] Дэтальную рэканструкцыю са спасылкамі на крыніцы гл.: Казаков А. Оправдывая поражение… С. 319–322.

[33] Паводле Дэцыя, Глінскі быў схоплены да 1 верасня: Decii L. J. De Sigismundi Regis temporibus liber 1521. Kraków, 1901. P. 75–76.

[34] Казаков А. Оправдывая поражение… С. 324, сп. 32; С. 332, сп. 66.

[35] ПСРЛ. Т. XXXVII. С. 101. Падрабязнае абмеркаванне гэтай і іншых версій лакалізацыі Аршанскай бітвы гл.: Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва 1514 г.? // Герольд Litherland. 2014. № 20. С. 4–29. Скарочаная тэкстуальна, але дапоўненая па змесце версія гэтага артыкула: Kazakou A. Bitwa pod Orszą 1514 r.: kwestia lokalizacji // Biblioteka Epoki Nowożytnej. T. III. S. 127–141.

[36] Казакоў А. Лацінамоўныя наратыўныя крыніцы пра бітву пад Оршай // Arche. 2014. № 12. С. 460, 474; Decii L. J. De Sigismundi… S. 75.

[37] Kazakou A. Bitwa pod Orszą… S. 137, przyp. 43. Мне застаўся невядомым Чарткоўскі спіс Халмагорскага летапісу, які ўтрымлівае ўнікальны аповед пра бітву, але яго не выкарыстоўвае і сам аўтар.

[38] Kazakou A. Bitwa pod Orszą… S. 136–138; Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва… C. 11–12; Казакоў A. Аршанская бітва… С. 20.

[39] Казаков А. Оправдывая поражение…

[40] ПСРЛ. Т. XXXII. Москва, 1975. С. 105–106.

[41] Тамсама. Т. XVII. С.-Петербург, 1907. Стб. 348.

[42] Тамсама. Стб. 348; Граля І. Палонныя з-пад Оршы: паміж ягелонскай “прапагандай поспеху” і дзяржаўнымі інтарэсамі Масковіі (1514–1522) // Arche. 2014. № 12. С. 666, заўв. 38.

[43] ПСРЛ. Т. XVII. Стб. 188.

[44] Непаўната звестак відаць, напрыклад, па адсутнасці сядзельцаў Пянянскага двара ў ранніх рэестрах палонных. Яны былі ўключаны толькі ў апошні рэестр – 1538 г. На той час там было 15 палонных пасля Аршанскай бітвы. Пры гэтым, насуперак звычайнай практыцы, пісар не зафіксаваў імёны памерлых ці выбылых па іншых прычынах. На 1538 г. у Берасці памерла 22 з 34 аршанскіх палонных, у Драгічыне – 20 з 37. Калі экстрапаляваць гэтыя прапорцыі на Пяняны, то там мусіла памерці блізу 20 маскавітаў. Іх імёны крыніцы не захавалі.

[45] Граля І. Палонныя з-пад Оршы… С. 654–655.

[46] Бенцианов М. “Князья, бояре и дети боярские”. Система служебных отношений в Московском государстве в XV–XVI вв. Москва, 2019. С. 119–120.

[47] На 1538 г. Кузьма названы сярод памерлых у Коўне. Фёдар, што сядзеў у Горадні, на 1525 г. быў “велми немоцон”, а рэестр 1538 г. пра яго нічога не кажа. Найімаверней, як і брат, ён памёр у палоне (Антонов А. В., Кром М. М. Списки русских пленных в Литве первой половины XVI века // Архив русской истории. Вып. 7. Москва, 2002. С. 166, 172).

[48] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре… С. 166.

[49] Тамсама. С. 166; Антонов А., Кром М. Списки русских пленных… С. 163.

[50] Ускосным сведчаннем невысокіх стратаў сярод наймітаў служыць загад Жыгімонта пакінуць на службе пасля заканчэння кампаніі 5 тыс. польскіх жаўнераў, што добра карэлюе з іх агульнай колькасцю да бітвы (Acta Tomiciana. T. III. Posnaniae, 1853. P. 251). Безумоўна, да гэтай лічбы варта ставіцца як да прыблізнай.

[51] Граля І. Палонныя з-пад Оршы… С. 648–649, заўв. 4.

[52] Тамсама. С. 648.

[53] Аўтар ішоў услед за летапіснай памылкай пра рэйд на Рослаў, тады як атакаваны быў Браслаў.

[54] Так, пад спасылкай 82 “Działo orszańskie” ператварылася ў “Dzialo orszanskie”. Падобнае гл. пад спасылкамі 184, 185, 193 і інш.

Наверх