СТАЛЮНАС, ДАРЮС. Польша или Русь? Литва в составе Российской империи. Москва: Новое литературное обозрение, 2022. 376 с.
У 2022 г. у расійскім выдавецтве “Новое литературное обозрение” ў сэрыі “Historia Rossіca” ўбачыла свет кніга літоўскага гісторыка Даруса Сталюнаса “Польша или Русь? Литва в составе Российской империи”. Сталюнас належыць да найбольш аўтарытэтных даследчыкаў нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага. Шмат яго прац выдадзена на англійскай, польскай і рускай мовах, а навуковы даробак даволі добра вядомы таксама беларускім гісторыкам, якія займаюцца блізкай праблематыкай. Аўтар прызнае ва ўводзінах, што названая кніга не з’яўляецца новым даследаваннем ці перакладам ранейшай манаграфіі, а пабудавана на матэрыялах трох выдадзеных ім англамоўных прац: манаграфіі “Зрабіць рускімі. Значэнне і практыка русіфікацыі ў Літве і Беларусі пасля 1863 г.” [1] і артыкулаў “Польшча ці Расія? Літва на расійскай ментальнай карце” [2] і “Выклікі нацыянальнай палітыкі імперскіх уладаў у Паўночна-Заходнім краі, 1905–1915” [3].
Манаграфія прызначалася для рускамоўнага чытача, а яе наклад склаў 1000 экзэмпляраў. Несумненна, што падзеі 2022 г. наклалі адбітак на прачытанне і ўспрыманне кнігі Сталюнаса тымі ж патэнцыйнымі чытачамі, паколькі пасля паўнамаштабнага нападу на Украіну звузілася да мінімуму магчымасць навуковай палемікі паміж заходнімі і расійскімі даследчыкамі, прынамсі афіцыйнымі. З іншага боку, гэтыя падзеі надалі працы літоўскага гісторыка яшчэ большую актуальнасць, бо выявілася, што ідэалагічныя канструкты і стэрэатыпы з часоў імперскай нацыянальнай палітыкі ХІХ ст. вельмі ўстойлівыя і лёгка бяруцца на ўзбраенне сённяшнімі палітыкамі.
Тэрмін “Літва” ў назве кнігі не азначае тэрыторыі сучаснай літоўскай дзяржавы, ці этнічнай Літвы, дзе большасць жыхароў размаўляла на літоўскай мове. Гэта абшар былога ВКЛ напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай, ці беларуска-літоўскія землі. Сталюнас таксама часта ўжывае ў працы назву “Паўночна-Заходні край”, паколькі гэты тэрмін быў вынайдзены і актыўна выкарыстоўваўся імперскімі чыноўнікамі і публіцыстамі ў адносінах да беларуска-літоўскіх земляў.
Як піша сам Дарус Сталюнас, яго кніга пра тое, як Расійская імперыя рэалізавала канцэпцыю “нацыянальнай імперыі” ў “Паўночна-Заходнім краі”, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца імперскім уладам і да якіх вынікаў прывяла тая нацыянальная палітыка, якая праводзілася ў рэгіёне з сярэдзіны ХІХ ст. і да канца існавання імперыі Раманавых.
Паводле аўтара, у гэты перыяд Расійская імперыя набыла характэрныя рысы нацыянальнай імперыі, у якой у выніку сімвалічных практык і канкрэтных мерапрыемстваў нацыянальнай палітыкі ўладаў побач з недамінантнымі этнічнымі групамі сфармавалася дамінантная імперская нацыя. Рэалізаваная ў акрэслены перыяд нацыянальная палітыка вызначалася ў расійскім імперскім дыскурсе як “абрусенне”. Сталюнас прапануе метад дэканструкцыі, або апісання сучаснай навуковай мовай той нацыянальнай палітыкі, якая хавалася за гэтым паняццем. Аўтар спрабаваў знайсці адказы на пытанні, што азначала “абрусенне” ў ХІХ ст., у чым было падабенства і адрозненне імперскай нацыянальнай палітыкі адносна галоўных нацыянальных груп “Паўночна-Заходняга краю” – літоўцаў, палякаў, яўрэяў і беларусаў, а таксама якія сродкі выкарыстоўваліся ў рэалізацыі гэтай палітыкі.
Даследчык уздымае цікавыя тэмы, якія амаль не вывучаны ў гістарыяграфіі. Напрыклад, чаму кірыліца была абавязковая ў “Паўночна-Заходнім краі” для беларусаў, украінцаў (якія жылі на поўдні Гродзенскай і Мінскай губерняў), літоўцаў, латышоў (якія жылі ў Віцебскай губерні), але нават не разглядалася яе выкарыстанне адносна мясцовых палякаў і яўрэяў. Хоць, як адзначае Сталюнас, у Польскім Каралеўстве ў азначаны перыяд кірыліца выкарыстоўвалася расійскімі ўладамі для польскай мовы даволі шырока.
Гістарыяграфічны агляд у рэцэнзаванай кнізе падзелены на дзве часткі. У першай разглядаюцца даследаванні, якія рэпрэзентуюць гістарыяграфію – як акрэслівае аўтар – недамінантных у “Паўночна-Заходнім краі” нацыянальных груп: літоўцаў, палякаў і беларусаў. Другая частка агляду прысвечана сучаснай заходняй і расійскай гістарыяграфіі. Такі падзел выглядае даволі дзіўным, але аўтар знаходзіць для яго сваё абгрунтаванне.
Адразу трэба адзначыць, што агляду беларускай гістарыяграфіі няма ўвогуле. Сталюнас спасылаецца на гістарыяграфічнае даследаванне аўтара гэтай рэцэнзіі [4]. У тэксце кнігі аўтар спасылаецца на працы беларускіх даследчыкаў, у тым ліку і на беларускамоўныя. Аднак знаёмства з некаторымі беларускімі працамі, на якія няма спасылак у кнізе, было б, на нашу думку, істотным для даследавання. У прыватнасці, гэта датычыць манаграфіі Паўла Церашковіча, якая з’яўляецца найбольш грунтоўным тэарэтычным кампаратывісцкім даследаваннем нацыянальных працэсаў ва Усходняй Еўропе ў беларускай гістарыяграфіі [5].
Літоўская гістарыяграфія разгледжана Сталюнасам вельмі грунтоўна, а вось з польскіх даследчыкаў аўтар аналізуе ў сваім гістарыяграфічным аглядзе толькі працы Генрыка Глэмбоцкага і Вітальда Радкевіча, прызнаўшы пры гэтым, што Радкевіч усё ж, хутчэй, належыць да заходняй гістарыяграфіі. У аналізе расійскай гістарыяграфіі львіную частку агляду аўтар адводзіць аналізу прац Аляксея Мілера і Міхаіла Далбілава. Але два апошнія аўтары, хоць і расійскія, паводле метадалогіі іх даследаванняў якраз вельмі блізкія да заходняй гістарыяграфіі. Тут варта падкрэсліць, што літоўскі даследчык даволі цесна звязаны (калі аналізаваць цытаванне ў яго тэкстах і цытаванне ягоных публікацый) з нефармальнай супольнасцю расійскіх гісторыкаў, якая склалася вакол часопіса “Ab Іmperio”, – аўтары гэтага кола актыўна выкарыстоўвалі ці прынамсі спрабавалі выкарыстоўваць сучасныя метадалагічныя падыходы заходняй гістарыяграфіі ў даследаванні гісторыі Расійскай імперыі.
У выніку праведзенага гістарыяграфічнага аналізу літоўскі даследчык прыходзіць да высновы, што гісторыкі недамінантых этнічных груп схільныя бачыць у палітыцы расійскіх уладаў больш паслядоўнасці і русіфікацыі, як мінімум пасля паўстання 1863–1864 г., у той час як у заходняй і расійскай гістарыяграфіі падкрэсліваецца непаслядоўнасць імперскай нацыянальнай палітыкі, а радыкальныя спосабы гамагенізацыі адзначаюцца толькі адносна беларусаў і ўкраінцаў. Гісторыкі першай групы больш увагі звяртаюць на канкрэтныя дзеянні ўладаў і менш значэння надаюць таму, як чыноўнікі розных узроўняў фармулявалі мэты імперскай палітыкі і якой тэрміналогіяй пры гэтым карысталіся. Прадстаўнікі ж другой групы (расійскія і заходнія гісторыкі), наадварот, у першую чаргу аналізуюць публічны і непублічны імперскія дыскурсы. Сталюнас пастанавіў у сваёй працы выкарыстаць падыход, які б дазволіў інтэграваць найбольш моцныя бакі абодвух умоўна вылучаных гістарыяграфічных кірункаў.
У сувязі з гэтым вельмі значную вагу аўтар аддае даследчаму метаду. Каб высветліць, ці імкнуліся чыноўнікі Расійскай імперыі да этнацыду, трэба, як сцвярджае Сталюнас, зразумець не толькі паноўныя ўяўленні пра мэты нацыянальнай палітыкі, але і тое, на падставе якіх крытэраў у той час у расійскім дыскурсе вызначалася нацыянальная прыналежнасць. Для гэтага, як лічыць аўтар, трэба даследаваць тры ўзаемазвязаныя праблемы. У першую чаргу неабходна выявіць, як чыноўнікі розных узроўняў і ўплывовыя публіцысты фармулявалі мэты нацыянальнай палітыкі, звяртаючы асаблівую ўвагу на тэрміналогію, якой яны карысталіся (абрусенне, асіміляцыя, зліццё, збліжэнне і г. д.), і канкрэтнае значэнне, якое гэтым тэрмінам надавалася. Далей трэба вызначыць, як у расійскім дыскурсе ў той час разумелася нацыянальная прыналежнасць, або каго лічылі палякам, рускім, яўрэем ці літоўцам і г. д., а таксама тое, што жыхару “ПаўночнаЗаходняга краю” трэба было зрабіць, каб улады палічылі яго рускім. Пасля гэтага аўтар імкнецца прасачыць, ці спрабавалі ўлады змяніць ці адмяніць тыя маркеры, якія сведчылі аб іншасці пэўнай нацыянальнай групы.
Спробы змяніць ці прыбраць маркеры недамінантных этнічных груп, на думку Сталюнаса, могуць сігналізаваць пра дастаткова розныя стратэгіі нацыянальнай палітыкі, якія звычайна ў гістарыяграфіі пытання вызначаюцца адным і тым жа тэрмінам – “русіфікацыя”. Сталюнас прапануе адрозніваць у рамках русіфікацыі асіміляцыю, акультурацыю і інтэграцыю. Мэта асіміляцыі – знікненне элементаў распазнавання пэўнай этнічнай групы. Акультурацыя азначае прыстасаванне этнічнай групы да імперскіх формаў са зменай, але не знікненнем тых самых распазнавальных прыкмет. Акультурацыя можа быць падрыхтоўчым этапам да асіміляцыі. Інтэграцыяй Сталюнас называе палітыку імперыі, скіраваную на ператварэнне прадстаўнікоў пэўных нацыянальных і этнічных груп у лаяльных падданых. Асобна вылучаецца палітыка сегрэгацыі як абмежаванне магчымасці выбіраць месца жыхарства ці характар прафесійнай дзейнасці для прадстаўнікоў той ці іншай нацыянальнай групы.
Сталюнас таксама адрознівае стратэгіі імперскай і нацыяналістычнай нацыянальнай палітыкі. Імперская стратэгія – гэта такая палітыка, прыярытэтам якой з’яўляецца палітычная лаяльнасць падданых, а ўлады не ўжываюць пры гэтым гвалтоўных метадаў для дасягнення акультурацыі і асіміляцыі. У аснове нацыяналістычнай стратэгіі знаходзіцца ўяўленне, што шлях да палітычнай лаяльнасці пралягае толькі праз культурную гамагенізацыю, якая дасягаецца сродкамі акультурацыі і асіміляцыі.
Метад, які выкарыстоўвае аўтар, абумовіў і структуру кнігі, якая складаецца з 3 раздзелаў і 15 падраздзелаў, прычым два падраздзелы прысвечаны непасрэдна беларускаму пытанню. У першым раздзеле разглядаецца перцэпцыя гістарычнай тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў афіцыйным расійскім дыскурсе – або якім чынам гэтая прастора на расійскай ментальнай карце пачала ўспрымацца як руская “нацыянальная тэрыторыя”. Разуменне таго, якая тэрыторыя і наколькі паслядоўна лічылася рускай “нацыянальнай тэрыторыяй”, на думку аўтара, дапамагае вызначыць, якія сэнсы ўкладаліся ў паняцце “абрусенне”. А ўжо сама разнастайнасць гэтых сэнсаў разглядаецца ў другім і трэцім раздзелах.
Сталюнас прыходзіць да высновы, што мэты і метады палітыкі абрусення былі найбольш дакладна сфармуляваны і вызначаны імперскімі ўладамі ў час і пасля паўстання 1863–1864 г.
Аўтар выкарыстоўвае “сітуацыйны падыход” як дапаўненне да рэгіянальнага падыходу. Гэта, на думку Сталюнаса, дазваляе пазбегнуць характэрнай для нацыянальных гістарыяграфій канцэнтрацыі выключна на нацыянальным пытанні. Гісторык аналізуе палітыку імперскіх уладаў на падставе, як ён акрэслівае, ментальнай карты імперскіх чыноўнікаў і ўплывовых публіцыстаў.
Даследчык прызнае, што метамарфозы нацыянальнай палітыкі ў “Паўночна-Заходнім краі” немагчыма вытлумачыць толькі з пазіцый вузкага рэгіянальнага падыходу. Тут важную ролю адыгрываюць параўнанні з іншымі рэгіёнамі імперыі. Асабліва важнае параўнанне з імперскай палітыкай у Польскім Каралеўстве.
У трэцім раздзеле праводзіцца аналіз сітуацыі ў “Паўночна-Заходнім краі” ў пачатку ХХ ст. Прычым гэты рэгіён у той перыяд разглядаецца ўжо ў больш урэзаным выглядзе – у межах тагачаснага Віленскага генерал-губернатарства, якое складалася толькі з Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў. Зусім не аналізуецца ў трэцім раздзеле яўрэйскае пытанне, якое стала, як сцвярджае Сталюнас, выключнай прэрагатывай цэнтральных уладаў. Аўтарам ставіцца пытанне: ці мелі расійскія ўлады напрыканцы існавання імперыі дакладна вызначаны кірунак нацыянальнай палітыкі ў “Паўночна-Заходнім краі”?
Такім чынам, асноўны прадмет кнігі Даруса Сталюнаса – нацыянальная палітыка Расійскай імперыі, а яе галоўныя героі – чыноўнікі, якія не толькі праводзілі гэтую палітыку, але і ініцыявалі розныя мерапрыемствы лінгвістычнай і канфесіянальнай інжынерыі.
Асноўныя крыніцы ў даследаванні – гэта афіцыйныя дакументы, канфідэнцыйная перапіска чыноўнікаў, гістарычныя працы тагачасных аўтараў, этнаграфічныя апісанні, публіцыстыка. Хоць аўтар не згадвае, напрыклад, тэксты гісторыка і публіцыста Міхаіла Каяловіча, які аказаў несумненны ўплыў на кшталтаванне палітыкі “абрусення” беларускага насельніцтва. Каяловіч лічыцца ў беларускай гістарыяграфіі таксама адным з галоўных творцаў ідэалогіі “заходнерусізму”, пра якую літоўскі даследчык у сваёй кнізе таксама не згадвае.
Дарус Сталюнас шырока выкарыстоўвае ў працы архіўныя матэрыялы, у першую чаргу Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы, а таксама Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі.
Аўтар разглядае, як на працягу “доўгага” ХІХ стагоддзя ў афіцыйным і грамадскім расійскіх дыскурсах змянялася ўспрыманне гістарычных земляў ВКЛ і этнічных супольнасцяў, якія на іх жылі, а таксама як змяняліся мэты імперскай нацыянальнай палітыкі ў азначаным рэгіёне. Сталюнас прыходзіць да высновы, што вельмі няпроста адказаць на пытанне, якімі былі наступствы гэтай палітыкі. Такая складанасць вынікае з вызначэння крытэраў поспехаў / няўдачы.
Але адной мэты імперскія ўлады, на думку Сталюнаса, дасягнулі: Літва (у значэнні беларуска-літоўскіх земляў, ці тэрыторыі былога ВКЛ) да 1918 г. заставалася часткай Расійскай імперыі. Аднак мэты імперскай палітыкі змяняліся. У канцы XVIII – на пачатку ХІХ ст. імперыя імкнулася супрацоўнічаць з мясцовымі шляхецкімі элітамі, каб дамагчыся іх лаяльнасці. Пасля паўстання 1830– 1831 г. расійскія ўлады перайшлі да рэалізацыі нацыяналістычнай палітыкі, якая набыла свае дакладныя абрысы пасля задушэння паўстання 1863–1864 г. Менавіта мэты імперскай палітыкі эпохі “абрусення” і сталі прадметам даследавання Сталюнаса. Аўтар ужывае тэрмін “парог адрынутай асіміляцыі”. Гэты парог, напрыклад, быў вельмі высокім адносна палякаў Літвы і значна ніжэйшым адносна беларусаў.
Аналізуючы палітыку імперыі адносна палякаў, аўтар сыходзіць з таго, каго лічылі палякамі менавіта імперскія ўлады, і не ўваходзіць у складаныя нюансы самасвядомасці “літоўскіх палякаў” (тэрмін беларускага гісторыка Алеся Смаленчука). Таму палякамі тут выступае фактычна ўся шляхта Беларусі і Літвы каталіцкага веравызнання. Большасць прадстаўнікоў імперскай адміністрацыі, на думку Сталюнаса, у даследаваны перыяд ужо проста не верыла ні ў рэальнасць асіміляцыі мясцовых палякаў, ні нават у дасягненне іх лаяльнасці адносна імперыі. Таму быў узяты на ўзбраенне метад сегрэгацыі, ці максімальнай ізаляцыі палякаў ад іншых этнічных супольнасцяў. Гэта была палітыка дэпаланізацыі, ці “абароны” простага народа “Паўночна-Заходняга краю” ад “чуждого” ўплыву. Сталюнас прыйшоў да высновы, што “польскае пытанне” ў “Паўночна-Заходнім краі” заключалася не ў нейкай карэляцыі палітычнай ці культурнай тоеснасці палякаў, а ў мінімізацыі або нават поўным выцясненні польскіх уплываў.
Самым сур’ёзным выклікам, з якім расійскія ўлады сутыкнуліся ў “яўрэйскім пытанні”, было іх жаданне развязаць адразу дзве праблемы. У першую чаргу ўлады імкнуліся абараніць ад “адмоўнага” (як яны лічылі) яўрэйскага ўплыву іншыя групы мясцовага грамадства, а найперш сялян. Сталюнас заўважае, што сегрэгацыя пачала ўжывацца толькі ў 1880-я гады.
Другой задачай было “выпраўленне” яўрэяў, пад якім разумелася акультурацыя гэтай этнаканфесійнай групы. Аднак акультурацыйная палітыка адносна яўрэяў так і не перарасла ў асіміляцыйную з прычыны высокага парога “адрынутай асіміляцыі”.
Такім чынам, палякі і яўрэі ўспрымаліся імперскімі ўладамі як сацыяльныя групы, ад якіх трэба было бараніць дзве астатнія этнічныя супольнасці “Паўночна-Заходняга краю” – літоўцаў-жмудзінаў і беларусаў. І ў першую чаргу імперыя клапацілася пра беларусаў, якія лічыліся (у адпаведнасці з канцэпцыяй “трыадзінага рускага народа”) рускімі. Прычым у расійскім нацыяналістычным дыскурсе адносна беларусаў канкуравалі тады дзве парадыгмы – лінгвістычная і канфесійная. І, на думку Сталюнаса, дамінавала ў даследаваны перыяд менавіта канфесійная парадыгма, у адпаведнасці з якой галоўным крытэрам прыналежнасці да рускага народа выступала праваслаўная вера. Праўда, праваслаўныя беларусы яшчэ не ўспрымаліся як стапрацэнтныя рускія, але павінны былі стаць такімі ў найбліжэйшы час. Значна больш складаным было стаўленне да беларусаў-каталікоў. Як цвердзіць Сталюнас, імперыя так і не выпрацавала адносна іх паслядоўнай нацыянальнай палітыкі. У канцы ХІХ і на пачатку ХХ ст. дзяржаўныя ўлады прапрацоўвалі пытанне выкарыстання беларускай мовы ў каталіцкім набажэнстве і навучанні Закону Божаму дзяцей каталіцкага веравызнання ў дзяржаўнай пачатковай школе, але так і не занялі дакладнай пазіцыі.
Адносна ж літоўцаў уладамі выкарыстоўвалася палітыка акультурацыі (найперш праз перавод на кірыліцу літоўскіх друкаваных выданняў), якая пазней павінна была перайсці ў фазу асіміляцыі. Аднак пасля рэвалюцыі 1905 г. расійскія ўлады былі вымушаны адмовіцца ад палітыкі “абрусення” літоўцаў. Адносна палякаў і яўрэяў да Першай сусветнай вайны працягвалі выкарыстоўвацца пераважна метады сегрэгацыйнай палітыкі. Гэтыя народы лічыліся непапраўна нелаяльнымі да імперыі.
А вось канцэпцыя “трыадзінага рускага народа” засталася абавязковым канонам у рэалізацыі нацыянальнай палітыкі імперыі да самага яе скону. Прычым, як лічыць Сталюнас, усё большую вагу набывалі прыхільнікі лінгвістычнай парадыгмы прыналежнасці да рускага народа. Але ім ужо давялося сутыкнуцца на пачатку ХХ ст. з беларускім нацыянальным рухам.
Як ужо гаварылася, пасля 1905 г. нацыянальная палітыка імперыі адносна літоўцаў змянілася. Ужо ніхто не планаваў акультурацыйнай палітыкі як падрыхтоўчай фазы асіміляцыі. Назіраліся спрэчкі паміж адэптамі нацыяналістычнай і імперскай палітыкі. Імперцы прапаноўвалі талерантна ставіцца да праяваў літоўскай культуры пры ўмове лаяльнасці літоўцаў да Расійскай імперыі. Нацыяналісты ж сцвярджалі, што толькі рускія могуць быць поўнасцю лаяльнымі да імперыі, а развіццё літоўскай культуры робіць з літоўцаў патэнцыйных ворагаў імперыі – такіх, як і палякі, таму трэба змагацца з любымі праявамі літоўскага нацыяналізму. Сталюнас сцвярджае, што выкарыстанне метаду “падзяляй і ўладар” не было характэрным для расійскай улады, хоць варта адзначыць, што ў 1860-я гады землеўладальнікі беларускіх губерняў не раз скардзіліся цэнтральным уладам, што мясцовая дзяржаўная адміністрацыя настройвае супраць іх былых прыгонных сялян.
У пачатку ХХ ст. некаторыя прадстаўнікі мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі разумелі, што нацыянальная палітыка імперыі патрапіла ў тупік і ўлады не маюць уцямнага плана яе рэалізацыі. У імперыі хапала сілаў і сродкаў, каб трымаць гэтыя тэрыторыі ў падпарадкаванні, але не хапала, каб заваяваць хоць бы прыхільнасць і давер мясцовага насельніцтва.
Адной з мэтаў нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі было сімвалічнае заваяванне прасторы гістарычнай Літвы-Беларусі. Паводле афіцыйнага і публічнага дыскурсаў гэтыя землі абвяшчаліся “ісцінна рускімі”. Але мясцовыя ўлады сутыкнуліся з даволі складанай праблемай. З аднаго боку, яны ўсімі сіламі змагаліся з выкараненнем польскага дыскурсу, паводле якога гэтая тэрыторыя з’яўлялася “крэсамі” Польшчы, а з другога – баяліся аддаваць шмат увагі няпольскай гісторыі “Паўночна-Заходняга краю”, каб не стымуляваць развіццё рэгіянальнай самасвядомасці. У выніку гэты край заставаўся ў расійскім дыскурсе своеасаблівай шэрай зонай.
Імперыя патрапіла ў своеасаблівы дыскурсіўны капкан: рэальнасць выразна адрознівалася ад вобраза, які функцыянаваў у афіцыйным і грамадскім дыскурсе (гістарычныя тэксты, этнаграфічныя апісанні, статыстыка, публіцыстыка). Яскравым прыкладам стала адсутнасць універсітэта і якіх-небудзь вышэйшых навучальных устаноў. “Паўночна-Заходні край” у гэтых адносінах уяўляў сабой сапраўдную адукацыйную пустыню.
Сталюнас сцвярджае, што найбольшых поспехаў расійская нацыянальная палітыка дасягнула адносна беларусаў. Прычым менавіта гэтая палітыка, на думку літоўскага даследчыка, а не нізкая самасвядомасць беларусаў і слабасць беларускага нацыянальнага руху, і стала прычынай адставання беларускага нацыянальнага руху ад нацыянальных рухаў іншых народаў імперыі, і ў першую чаргу – украінцаў і літоўцаў. Хоць тут бачыцца пэўная нелагічнасць, бо ўкраінцы адчувалі на сабе не менш жорсткую нацыянальную палітыку асіміляцыі, але ўкраінскі рух дасягнуў у азначаны перыяд значна большых поспехаў, чым беларускі.
Ва ўсходняй частцы “Паўночна-Заходняга краю”, дзе выразна пераважалі праваслаўныя беларусы, нацыянальную палітыку імперыі, паводле Сталюнаса, можна лічыць, прынамсі часткова, паспяховай. Адносна ж астатніх нацыянальных і канфесійных груп сітуацыя выглядала значна горшай. Ступень паспяховасці вырашэння “польскага пытання” можна вымяраць тым, наколькі расійскім уладам удалося мінімізаваць польскія ўплывы ў рэгіёне, абараніць сялянства ад паланізацыі. Назіраліся, на думку даследчыка, пэўныя поспехі ў сферы землеўладання, дзе ўладам удалося даволі істотна зменшыць адсотак землеўладальнікаў “польскага паходжання”. Але некаторыя метады рэалізацыі нацыянальнай палітыкі прыводзілі да адваротных вынікаў. Напрыклад, як сцвярджае Сталюнас, забарона літоўскіх малітоўнікаў лацінкай прывяла да большага пашырэння сярод літоўскіх сялян польскіх малітоўнікаў, а ў выніку – да моўнай паланізацыі літоўскага сялянства вакол Вільні. Праўда, тут можна запярэчыць літоўскаму гісторыку, што ў даследаваны перыяд сялянства вакол Вільні было хутчэй беларускамоўным, чым польскамоўным.
Яшчэ адна галіна, дзе не ўдалося дасягнуць поспеху – выкладанне пасля рэвалюцыі 1905 г. Закона Божага ў пачатковых школах беларусам-каталікам на рускай мове ці хоць бы на беларускай. Урад так і не дамогся гэтай мэты, паколькі каталіцкія ксяндзы проста адмовіліся прыходзіць у дзяржаўныя школы, і навучанне перайшло ў нелегальныя тайныя школкі, дзе адбывалася па-польску. Як аказалася, каталіцкія ксяндзы мелі большы ўплыў на сялян, чым мясцовыя ўлады.
Паразай уладаў у барацьбе за нацыянальную самідэнтыфікацыю беларусаў можна лічыць рашэнне ўладаў не ўключаць беларусаў-каталікоў у “рускую” курыю на выбарах у Дзяржаўную думу, хоць мясцовыя чыноўнікі выступалі якраз за гэта. Сталюнас пералічвае яшчэ шэраг ускосных доказаў паразы імперскай нацыянальнай палітыкі. Сярод іх – адсутнасць органаў земскага самакіравання і вышэйшых школ у “Паўночна-Заходнім краі”.
Пастаўленая ўладамі мэта абараніць ад уплываў яўрэяў мясцовых хрысціян таксама не была дасягнута. Яўрэі сталі для імперыі істотным дэстабілізоўным фактарам у рэгіёне, складаючы вельмі высокі адсотак сярод удзельнікаў рэвалюцыйнага руху. “Выправіць” яўрэяў таксама не ўдалося, а парог “адрынутай асіміляцыі” толькі ўзрастаў.
Літоўцы ў маштабах імперыі не стваралі для ўладаў такой сур’ёзнай праблемы, як яўрэі, але нацыянальную палітыку адносна іх таксама, на думку Сталюнаса, можна прызнаць няўдалай. Частка расійскай бюракратыі ў канцы ХІХ ст. пачала сумнявацца ў правільнасці забароны літоўскага друку лацінскай графікай, паколькі гэта прыводзіла да супрацьлеглых вынікаў. У час рэвалюцыі 1905 г. літоўскі нацыянальны рух праявіў сваю моц і вялікі ўплыў на шырокія масы сялянскага насельніцтва.
Ці магла якая-небудзь іншая нацыянальная палітыка Расійскай імперыі ў “Паўночна-Заходнім краі” – задае пытанне Сталюнас, – быць больш паспяховай? Кіроўныя эліты неаднаразова абмяркоўвалі іншыя, не нацыяналістычныя рэцэпты нацыянальнай палітыкі, якая была б больш талерантнай адносна культур нацыянальных меншасцяў. Але аўтар схіляецца да меркавання, што паслядоўны пераход да такой палітыкі быў у прынцыпе немагчымы. І ў значнай ступені гэта было абумоўлена гістарычнымі традыцыямі расійскай дзяржаўнасці. Такім чынам, падсумоўвае літоўскі гісторык, далучыўшы вялізную тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай, расійскі ўрад стварыў тым самым цэлы клубок складаных нацыянальных праблем, якія сур’ёзна дэстабілізавалі імперыю. Шляхі вырашэння гэтых праблем так і не былі знойдзены, і знайсці іх было прынцыпова немагчыма.
Аргументацыя Даруса Сталюнаса і абгрунтаванасць яго высноў падаюцца нам даволі пераканаўчымі. Моцным бокам працы Сталюнаса з’яўляюцца высокі тэарэтыка-метадалагічны ўзровень і імкненне шукаць адказы на вострыя пытанні, тлумачыць складаныя з’явы і працэсы. Натуральна, можна ўбачыць у кнізе і пэўныя недахопы. На нашу думку, не хапае больш шырокага эканамічнага, сацыяльнага і дэмаграфічнага кантэксту. У даследаваны перыяд амаль непазнавальна змянілася грамадства Літвы-Беларусі і, адпаведна, нацыянальныя супольнасці краю. Дарус Сталюнас разглядае іх крыху статычна. У кнізе, напрыклад, прыведзена толькі адна статыстычная табліца па колькасці пераведзеных у праваслаўе каталікоў пасля паўстання 1863–1864 гадоў (237). Аўтар часта ўжывае тэрміны “прастора”, “ментальная карта”, а вось картаў у кнізе няма зусім. Хоць, як нам падаецца, яны былі б тут нялішнімі.
Аднак несумненна, што кніга літоўскага гісторыка будзе цікавай і карыснай для беларускіх даследчыкаў “доўгага” ХІХ ст. Варта было б перавыдаць яе на беларускай мове. Метадалагічныя падыходы Даруса Сталюнаса можна ўзяць на ўзбраенне і беларускім гісторыкам у вывучэнні нацыянальнай палітыкі імперыі, таксама як і наогул больш шырока выкарыстоўваць канцэптуальныя паняцці.
Гродна
Сяргей Токць
[1] Staliūnas D. Маking Russians. Meaning and Practice of Russification in Luthuania nad Belarus after 1863. Amsterdam – New York, 2007.
[2] Staliūnas D. Poland or Russia? Lithuania on the Russian Mental Map // Spatial Concepts of Lithuania in the Long Nineteenth Century / ed. D. Staliūnas. Boston, 2016. P. 23–95.
[3] Staliūnas D. Challenges to Imperial Authorities’ Nationality Policy the Northwest Region, 1905–1915 // The Tsar, the Empire, and the Nation. Dilemmas of Nationalization in Russias’s Western Borderlands, 1905–1915 / ed. D. Staliūnas and Y. Aoshima. Budapest – New York, 2021. P. 33–66.
[4] Токть С. Российская империя и ее политика на белорусских землях в ХІХ – начале ХХ в. в современной белорусской историографии // Западные окраины Российской империи / под ред. А. И. Миллера и М. Д. Долбилова. Москва, 2006. С. 503–532.
[5] Терешкович П. В. Этническая история Беларуси ХІХ – начала ХХ в.: в контексте Центрально-Восточной Европы. Минск, 2004.
