КАРАЛЁЎ, МАКСІМ; КРЭНТ, ДЗМІТРЫЙ. Даручыць таварышу Шкільтэру: латышскія даследаванні ў міжваеннай БССР. Віцебск: ЛіБ – Варшава: Sowa, 2022. 382 с.
Гісторыя Беларусі – гэта, безумоўна, не толькі гісторыя беларусаў. Але названая тэза ў беларускай гістарыяграфіі не такая відавочная. Найбольш выразна гэта бачыцца ў школьных і ўніверсітэцкіх курсах гісторыі Беларусі, дзе згадкі пра этнічныя меншасці выпадковыя і датычаць у асноўным яўрэяў і радзей татар. Гісторыя этнічных меншасцяў Беларусі міжваеннага перыяду, гісторыя іх навуковага вывучэння да сёння калі не “белая пляма”, то дакладна “шэрая зона”. Агульныя звесткі, прычым часткова нават памылковыя, вандруюць з выдання ў выданне. Аднак гістарычныя даследаванні этнічных меншасцяў, акрамя прамой функцыі вывучэння і папулярызацыі іх гісторыі, даюць магчымасць зразумець большую складанасць гістарычных працэсаў, наяўнасць гетэрагеннасці не толькі па лініях сацыяльных адносінаў (статусы, мабільнасць, маргінальнасць, бенефіцыяры, трансфармацыя і мадэрнізацыя і г. д.), а таксама ў прасторы культуры (мовы, этнічнасць, ідэнтычнасць, каштоўнасці і г. д.). Улічваючы гэта, кожнае новае гістарычнае даследаванне этнічных меншасцяў выклікае толькі пазітыўныя эмоцыі і дадае шматграннасці, складанасці і пэўнай парадаксальнасці гісторыі Беларусі.
Калі гаварыць менавіта пра латышоў, то манаграфічных даследаванняў іх гісторыі ў Беларусі не так шмат. Гэта адзначаюць і самі аўтары: “Кожны, хто пачынае цікавіцца гісторыяй латышоў на беларускіх землях, сутыкаецца перадусім з дзвюма працамі: «Латыскія калёніі на Беларусі» Карла Шкільтэра (Мінск, 1931) і «Латышы на Беларусі» Уладзіміра Тугая (Мінск, 1999)” (3). Аднак акрамя гэтага колькі гадоў ужо выходзіць зборнік “Латыши и белорусы: вместе сквозь века” (з 2012 г. выйшла 11 выпускаў). Таксама Максім Каралёў, адзін з аўтараў рэцэнзаванай працы, з’яўляецца яшчэ і суаўтарам чатырох даследаванняў і двух біяграфічных даведнікаў [1]. Такі вынік дае падставы гаварыць пра развіццё латышскіх даследаванняў у Беларусі, чым могуць пахваліцца не ўсе гістарыяграфіі этнічных меншасцяў у Беларусі.
Рэцэнзаваная кніга чакалася даўно. Яна накіравана на вывучэнне канкрэтнага пытання пра ролю К. Шкільтэра, аднаго з піянераў латышскіх даследаванняў у міжваеннай БССР, а таксама кіраўніка акадэмічных латышскіх інстытуцый у рэспубліцы ў другой палове 1920 – першай палове 1930-х г., у распрацоўцы гэтай складанай тэматыкі ў тую неадназначную і супярэчлівую эпоху. Гісторыя К. Шкільтэра дае магчымасць паглыбіцца адначасова ў латышскі свет Беларусі, у працэсы інстытуалізацыі беларускай навукі ў 20–30-я г. XX ст., а таксама паглядзець на палітычную інструменталізацыю гуманітарнай навукі ў БССР у цэлым і гісторыі ў прыватнасці.
Кніга абагульняе шматгадовыя архіўныя даследаванні аўтараў. Яна пабудавана на шырокім коле архіўных крыніц з вялікай колькасці архіваў, частка з якіх сёння цяжкадасяжная для большасці беларускіх даследчыкаў. Шмат архіўных крыніц уводзіцца ў навуковы зварот упершыню (перадусім, для беларускай гістарыяграфіі). Як трапна заўважаюць самі аўтары, доўгі час крыніц было недастаткова для даследавання тэмы (3). Якраз гэтая кніга і пашырае іх кола. Так, пры напісанні біяграфіі К. Шкільтэра выкарыстоўваюцца крыніцы з Дзяржаўнага архіва Новасібірскай вобласці (46, 50–52). Навуковая вартасць выдання павышаецца надрукаванымі ў кнізе дакументамі (29–44, 63–84). Гэта дае магчымасць не толькі прыняць версію аўтараў, але і ўласна пазнаёміцца з крыніцамі, якія яны выкарысталі. Такая рыса выдання заслугоўвае асаблівай увагі.
Аўтары здолелі ўдала арганізаваць у пэўным сэнсе “дэдуктыўную” структуру кнігі: спачатку пададзена агульная і вельмі падрабязная карціна працэсаў, якія адбываліся ў БССР, у навуковых установах краіны, а потым адлюстравана жыццё непасрэдна К. Шкільтэра, падрабязнасці якога кладуцца ў агульны наратыў таго, што рабілася ў рэспубліцы. Такі двухузроўневы кантэкст дазваляе разабрацца, у якіх умовах жыў і працаваў К. Шкільтэр, а таксама як гэтыя працэсы адбіваліся на яго ўласным жыцці. Напрыканцы, пасля падрабязнага аналізу сацыяльна-палітычнага, навуковага, культурнага і асабістага кантэкстаў аўтары далі слова ўласна герою кнігі. Гэта дазваляе акунуцца ў яго думкі ўжо падрыхтаваным і зразумець іх цэласна, з улікам “подыху часу”, што не заўсёды атрымліваецца, калі гэта робіцца асобна. Такая структура дазволіла аўтарам стварыць умовы для больш прафесійнай ацэнкі навуковай спадчыны К. Шкільтэра. Такіх прац, з апісанай логікай іх пабудовы, не хапае сучаснай беларускай гістарыяграфіі, каб больш рэфлексійна зразумець працэсы, якія адбываліся ў БССР у міжваенны перыяд. На маю думку, аўтары справіліся з задачай рэпрэзентацыі вобраза К. Шкільтэра не толькі як навукоўца і як асобы, але і як прадстаўніка свайго часу. Аўтары ўдала імкнуліся пазбегнуць мадэрнізацыі ў сваім даследаванні, “навешвання ярлыкоў” і “гераізацыі” гістарычных асобаў. У кнізе бачым чалавека з няпростым лёсам, які праз пэўныя абставіны жыцця і гістарычныя умовы, а таксама асаблівасці характару стаў тым, кім стаў. Прычым гэта даволі ўдала паказана ў шырокім гістарычным кантэксце.
Тым не менш хацелася б, з іншага боку, звярнуць увагу на спрошчаны факталагічны наратыў уласна аўтарскіх тэкстаў. Самі тэксты даследчыкаў з’яўляюцца “класічнымі” для беларускага гістарычнага даследавання, скіраванымі на выяўленне і апісанне архіўных крыніц. У кнізе К. Шкільтэр адлюстраваны прадстаўніком новай савецкай латышскай эліты. Па сутнасці, тут назіраецца феномен канектакратыі (англ. сonnect ‘звязваць’), калі К. Шкільтэр і падобныя яму станавіліся прывілеяванай групай, якая бярэ на сябе права рэпрэзентаваць латышоў перад палітычнымі ўладамі БССР / СССР, займае стратэгічныя пазіцыі і карыстаецца гэтым [2]. Аднак аналізу сацыяльных і культурных кантэкстаў прадстаўніка латышскай супольнасці, яго функцый і іх эфектыўнасці ды іншага ў кнізе няма. Цяпер, падаецца, беларускі чытач гістарычных даследаванняў ужо не толькі чакае простага наратыву на падставе крыніц. Гэтага было дастаткова ў 1990 і 2000-я г., калі на цалкам белым палатне беларускай гісторыі былі відаць толькі “выспы” нейкіх перыядаў ці падзей. Збольшага гэтае палатно страціла белы колер. Чытач хоча пачуць ад аўтараў тлумачэнні, рэфлексію і меркаванні даследчыкаў на падставе шырокіх тэарэтычных канцэпцый. Кніга, безумоўна, ад гэтага значна выйграла б. Калі-нікалі нават падаецца, што аўтары свядома абралі такі сухі “пазітывісцкі” фармат, каб выйсці са складанай сітуацыі адсутнасці крыніц па некаторых момантах біяграфіі Шкільтэра ці з-за магчымага нежадання рэфлексаваць наконт неадназначнага перыяду. Аўтары даюць нам агульную карціну, факты і асноўны аналіз сітуацыі і пакідаюць чытачу рабіць уласныя высновы самастойна. Між тым, хацелася б якраз пачытаць інтэрпрэтацыі аўтараў, тым больш што гістарычная фактура была сабрана прадстаўнічая. Зрэшты, такія спробы аўтары рабілі. Дзмітрый Крэнт у першай частцы пачынаў параўноўваць латышскую секцыю / сектар з літоўскай і яўрэйскай акадэмічнымі інстытуцыямі (7, 240). Таксама яго разважанні пра нацыянальны ці наднацыянальны характар Інбелкульта, які ствараўся, далі б магчымасць зразумець кантэксты акадэмічнага існавання даследаванняў этнічных меншасцяў у БССР і дазволілі б выйсці на абагульненні больш шырокага кола працэсаў і праблем, звязаных з палітыкай беларусізацыі і дзяржаўнай падтрымкі этнічных меншасцяў у БССР. Аднак праблема была толькі абазначана.
У тэксце М. Каралёва пра асобу К. Шкільтэра часта сустракаюцца тлумачэнні накшталт: “біяграфія К. Ю. Шкільтэра дагэтуль мае многа прабелаў” (59), “аб прыватным жыцці К. Шкільтэра мы нічога не ведаем” (60). Аднак параўнанні з біяграфіямі людзей з таго ж асяроддзя і часу маглі б дапамагчы зразумець агульныя стандарты і мадэлі паводзінаў і жыцця, знайсці намёкі на магчымыя вектары біяграфіі [3], тым больш што паступова з’яўляюцца цікавыя матэрыялы і біяграфіі вучоных таго часу [4].
Безумоўную каштоўнасць кнізе дадаюць фотаілюстрацыі. Яны візуалізуюць тэму даследавання і дазваляюць канкрэтызаваць думкі аўтараў і пашырыць вобраз эпохі, уласна асобы К. Шкільтэра і яго асяроддзя. Фотаілюстрацыі дапамагаюць убачыць шаблоны і візуальныя канвенцыі, якія склаліся ў той час [5]. У кнізе яны ствараюць моцны фон, адчуванне часу.
Кніга таксама выйграе ад наяўнасці асабовага і геаграфічнага паказальнікаў, якія падвышаюць яе навуковую вартасць. Увогуле, трэба адзначыць насычанасць працы навуковымі каментарамі, рознымі тлумачэннямі і наяўнасцю паказальнікаў. Апошнім часам гістарычныя даследаванні, надрукаваныя не ў акадэмічных выдавецтвах, асабліва не цешаць чытача інфармацыйным і тлумачальным апаратам, хоць гэта таксама адлюстроўвае глыбіню прапрацоўкі аўтарамі тэмы і выкарыстання архіўных крыніц.
Кніга з’яўляецца важным элементам у справе комплекснага даследавання гісторыі Беларусі міжваеннага перыяду, якое без вывучэння этнічных меншасцяў і іх асобных прадстаўнікоў не можа лічыцца паўнавартасным. Яна будзе цікавай не толькі гісторыкам і этнолагам, але і шырокаму колу чытачоў – усім, хто імкнецца зразумець гэты складаны перыяд гісторыі Беларусі. Таксама яна распавядае пра вялікія павароты ў нацыянальнай палітыцы ў СССР на прыкладзе канкрэтнага лёсу латышскага даследчыка ў БССР.
Мінск
Сцяпан Захаркевіч
[1] Королёв М. Г., Мартинкевич И. А., Голубев В. Н. “Белорусские” латыши на приграничьи (в межвоенный период). Минск, 2012; Королёв М., Екабсонс Э. Консульство и консулы Латвии в Витебске. Минск, 2015; Латыши в белорусской истории: биографический справочник / под общ. ред. М. Г. Кoролёва. Минск, 2016; Латвия – Беларусь: 1918–2018 / А. Герберг и др.; редкол.: М. Королёв и др. Минск, 2018; Белорусский след в латвийской истории: биографический справочник / под общ. ред. М. Г. Королёва. Минск, 2019; Королёв М., Герберг А. Латышская операция в БССР. Рига, 2021.
[2] Cohen A. P. Symboliczne konstruowanie wspólnoty. Warszawa, 2023; Tamas T. Evolution of a global community: New Jarsey Hungarians in a trans-national ethnic network // International Journal of Politics, Culture, and Society. 1997. Vol. 10. No. 4. P. 615–634.
[3] Струк-Меббек О. Траектории стратегий совладания с ситуацией в постсоциалистическом обществе // Биографический метод в изучении постсоциалистических обществ / под ред. В. Воронкова и Е. Здравомысловой. С.-Петербург, 1997. C. 50–56.
[4] “Давялося шмат і шмат працаваць…”: з успамінаў беларускага акадэміка Стасіса Матулайціса (1866–1956) / падр. да друку В. Селяніса // Homo Historicus. 2019. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад рэд. А. Смаленчука. Вiльня, 2019. С. 134–147; Интеллектуальная элита Беларуси. Основоположники белорусской науки и высшего образования (1919– 1961) / А. Д. Король и др.; под общ. ред. А. Д. Короля, науч. ред. О. А. Яновский. Минск, 2019–2021; Лабачэўская В. Матэрыялы да біяграфіі Ісака Абрамавіча Сербава (1871–1943) // Homo Historicus 2022. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад рэд. А. Смаленчука. Мінск, 2022. С. 38–55 і інш.
[5] Грунтоў С. У. Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ – пачатку ХХІ ст. Мінск, 2023.