БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

SLOIN, ANDREW. The Jewish revolution in Belorussia: economy, race and Bolshevik power. Bloomington: Indiana University Press, 2017. 329 p.

Праца Эндру Слоіна, якая выйшла адносна нядаўна, тычыцца гісторыі, сацыяльных і эканамічных умоваў жыцця яўрэяў у Беларусі ад часоў бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г. і да пачатку “Сталінскай рэвалюцыі” – так званага Вялікага пералому і ажыццяўлення планаў індустрыялізацыі і культурнай рэвалюцыі. Кніга прысвечана палітэканамічнаму аналізу эканамічных праблем, а таксама разгляду розных сацыяльных і палітычных фактараў, што ўплывалі на працэс кансалідацыі камуністычнай улады і маргіналізацыі так званых непралетарскіх слаёў насельніцтва, якое ў гарадах і мястэчках Беларусі ў той час было ў большасці або ў значнай ступені яўрэйскім. Поруч з гэтым шмат увагі аўтар аддае перыяду беларусізацыі, таму, які быў яе ўплыў і як яна ўспрымалася ў яўрэйскім асяродку, а таксама таму, як практыка беларусізацыі ўвайшла ў канфлікт з нацыянальным яўрэйскім сацыяльным і культурным развіццём, што таксама мела месца ў рамках нацыянальнай палітыкі бальшавікоў.

Наогул інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў працы, – добрая нагода для разгляду беларуска-яўрэйскіх адносінаў на гістарычным адрэзку, што з’яўляецца досыць кароткім у кантэксце існавання вялікай яўрэйскай дыяспары на беларускіх землях на працягу шасці стагоддзяў. У працы, якая была заўважана рэцэнзентамі і папоўніла скарбонку даследаванняў пра беларускіх яўрэяў савецкага часу, ёсць шэраг цікавых, вартых увагі гіпотэз і думак. Вызначальнай зацікаўленасцю Слоіна з’яўляецца фокус на публічнай сферы і разглядзе эканомікі ды эканамічных адносінаў у савецкай Беларусі часоў НЭПу і ранняга сталінізму, а таксама камуністычная палітыка “каранізацыі” ў форме беларусізацыі для ўсёй рэспублікі і “ідышызацыі”, або прасоўвання элементаў яўрэйскай “пралетарскай” культуры і мовы ідыш сярод яўрэйскіх насельнікаў Беларусі. Абедзве гэтыя формы былі шчыльным чынам спалучаны з лінгвістычным і этнічным, або, паводле Слоіна, з расавым кампанентам (тут аўтарам прымяняецца сучасная заходняя леваліберальная тэорыя расы для разгляду аддаленых у часе і прасторы з’яваў), і вось гэта займае асноўную частку ўвагі даследчыка.

Нас жа ў кнізе найбольш цікавіць ракурс міжэтнічных адносінаў і менш – экзатычная тэорыя эканамічных асаблівасцяў канца НЭПу і ранняга сталінізму, што былі спланаваны ў далёкіх маскоўскіх кабінетах і пасля насаджаны ў тым ліку ў Беларусі.

Для Слоіна Беларусь – амаль выключна геаграфічны феномен, частка савецкай Расіі, і яму відавочна складана суаднесці спецыфіку Беларусі, непадобнасць яе да савецкай расійскай метраполіі, у прыватнасці праз канцэнтрацыю тут у гарадах і мястэчках вялікай колькасці яўрэйскага насельніцтва, з уяўленнямі і досведам цэнтральнага бальшавіцкага кіраўніцтва, але ён лічыць за лепшае гэтую праблему проста абысці ўвагай як менш цікавую на фоне яго эканамічных развагаў і высвятлення канкрэтных міжэтнічных тэндэнцый. Разам з тым Слоін дае базавую інфармацыю пра беларускія землі і асноўныя гістарычныя падзеі, прыводзіць асноўныя статыстычныя дадзеныя. Пэўны выклік для аўтара – назва разгляданага абшару, бо нават пасля асобнага абмеркавання найменняў Беларусі ён паралельна ўжывае тэрміны Беларусія (Belorussia) і Белая Русь / Белая Расія (White Russia), не тлумачачы прычыны гэтага. Тут трэба адзначыць, што часам нават досыць кампетэнтныя спецыялісты ў гісторыі Усходняй Еўропы і яе яўрэйства блытаюцца, калі даходзіць да Беларусі [1].

Але ўнікальнасць колішніх земляў Рэчы Паспалітай (у тым ліку Вялікага Княства Літоўскага, а таму і Беларусі) у ракурсе, звязаным з разгляданымі ў кнізе праблемамі, заключаецца як мінімум у тым, што шчыльнасць яўрэйскага насельніцтва, яго доля ў агульным насельніцтве былі тут найвышэйшыя ў свеце. Яўрэі складалі большасць або значную частку насельніцтва ў вялікіх і малых гарадскіх паселішчах Беларусі, таксама значнай была іх прысутнасць у сельскай мясцовасці – як сялян-ішуўнікаў, гандляроў-карабейнікаў і скупшчыкаў сыравіны. Да самай бальшавіцкай рэвалюцыі яўрэйскія мястэчкі, найбольш тыповы тып паселішча з насельнікамі-яўрэямі, лакалізаваныя расійскім імперскім заканадаўствам у т. зв. рысе аселасці, утваралі самадастатковы свет, у значнай ступені аддзелены ад рэшты былой імперыі, а таксама культурна і веравызнаўча адасоблены ад мясцовага хрысціянскага, пераважна беларускага насельніцтва. Такім чынам, небеларускія па сваім этнічным складзе мястэчкі і гарады былі, вобразна кажучы, выспамі ў беларускім сялянскім акіяне, не распушчаліся ў ім і так дачакаліся рэвалюцыі і прыходу бальшавікоў.

Слоін абыходзіць увагай асаблівасці беларускага яўрэйства, яго прыналежнасць да асобнага яўрэйскага субэтнасу ва Усходняй Эўропе – літвакоў, або беларуска-літоўскіх яўрэяў, якія і ва ўласных вачах, і ў вачах іншых яўрэйскіх этнічных груп традыцыйна складалі адметную культурную і моўную супольнасць. Літвацкая, або паўночна-ўсходняя гаворка мовы ідыш, з шэрагам яе выразных лінгвістычных характарыстык, адмысловы тып рэлігійнага рытуалу і літургіі (нусах), побытавыя і кулінарныя асаблівасці – усе гэтыя адметнасці займаюць больш-менш дакладны арэал, вызначаны ізаглосамі і межамі распаўсюджанасці пэўных побытавых рысаў. Існаваў і стэрэатып літвака як рацыянальнага, стрыманага і да занудлівасці разважлівага чалавека – у параўнанні з адзінаверцамі ва Украіне, Бесарабіі і Польшчы. І што цікава, гэты арэал распаўсюджання літвацкай гаворкі і іншых адметнасцяў, зафіксаваны па стане на пачатак ХХ ст., даволі дакладна супадае з арэалам распаўсюджання беларускай мовы, а на поўначы сягае таксама далей, у межы літоўскага і латгальскага моўных арэалаў. Супадзенне гэтае настолькі трапнае, што там, дзе на карце беларускай мовы знаходзіцца арэал пераходных гаворак Заходняга Палесся, на карце мовы ідыш яму адпавядае так званы Пінска-Берасцейскі клін, арэал пераходных гаворак паміж літвацкім і ўкраінскім ідышам [2]. Фармаванне паўночнаўсходняй гаворкі ідыша і карэляцыя арэалу яе распаўсюджання з арэалам беларускай мовы яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

Варта адзначыць, што ў апошнія дзесяцігоддзі выйшаў шэраг каштоўных даследаванняў па гісторыі беларускіх яўрэяў міжваеннага часу. Большасць з іх засяроджваецца на грамадска-палітычных і культурных аспектах жыцця яўрэйскіх грамад і яўрэйскіх насельнікаў у Беларусі [3]. Кніга Слоіна можа быць пэўным дапаўненнем да гэтых прац, асвятляючы менш разгляданую эканамічную тэму і пытанні палітэканоміі ды, адпаведна, іх уплыў на розныя аспекты грамадскага і прыватнага жыцця.

Слоіна найбольш цікавіць комплекс пытанняў, шчыльна звязаных з эканомікай, і сюды ён таксама адносіць канцэпт ролі эканомікі ў фармаванні і выбудове тоеснасці, а нават і таго, што ён лічыць расавай варожасцю. Недастатковасць для Слоіна канцэпту антысемітызму пры апісанні ўзаемадачыненняў паміж яўрэйскімі і неяўрэйскімі насельнікамі гарадоў і мястэчак Беларусі застаецца непатлумачанай, нягледзячы на дэталёвае абмеркаванне катэгорый нацыянальнасці, этнічнасці і расы, а таксама расавай варожасці. Канцэпт расы, аднак, трактуецца ім як той, што належаць да “сканструяваных, прыпісаных формаў тоеснасці, згодна з якімі членам пэўнай групы ўласцівы агульнасць мыслення, дзеяння і перакананняў, як вынік наяўных прыроджаных або сутнасных якасцяў” (15). Аўтар прыводзіць вядомую дыскусію паміж Эрыкам Вайцам і Франсін Хірш адносна падставаў трактавання нацыянальнага пытання савецкім рэжымам, дзе Вайц аргументуе, што ў “савецкіх практыках” назіраецца заўважны перахoд ад нацыянальнасці да расы, а Хірш крытыкуе гэта, бо сталінскі рэжым выразна адкідаў біялагічны расізм, што вызначаў палітыку і практыку нацысцкай Германіі, і падобныя тэорыі расы. У сваю чаргу Слоін падкрэслівае, што, нягледзячы на сапраўдную сур’ёзную адданасць палітыцы роўнасці, антырасізму і інтэрнацыяналізму, “сацыяльная і эканамічная палітыка, якую выкарыстоўвала савецкая дзяржава, у сацыяльным плане служыла пашырэнню ўмоваў і логікі расы” (16).

Таксама падаецца праблемнай занадта вялікая прывязанасць аўтара да эканамічных чыннікаў і ўздзеяння сусветнай эканамічнай сітуацыі як тых, што мелі вызначальны ўплыў на палітыку бальшавікоў у справе трансфармацыі грамадства ў часы беларусізацыі першай паловы 1920-х гадоў і пазней, калі яна была згорнута і ў дзеянне былі запушчаны сталінская індустрыялізацыя і культурная рэвалюцыя. Аўтар, між іншым, згадвае ў адной са спасылак, што разглядае палітыку паскоранай індустрыялізацыі і сацыяльнай інтэграцыі як непрадбачаны раней Саветамі адказ на сусветны эканамічны крызіс канца 1920-х гадоў, з чым можна паспрачацца. Больш важкімі і вартымі ўвагі даследчыка аспектамі прыняцця рашэнняў тут былі пасылы дагматычнай ідэалогіі і ўнутраная логіка функцыянавання аўтарытарнай бюракратычнай сістэмы ў партыі-дзяржаве.

Слоін пачынае свой аповед са згадкі ва ўступе пра тое, што бальшавіцкае кіраўніцтва бачыла пераўтварэнне яўрэяў у грамадзян як людзей, інтэграваных у савецкае грамадства, неадрыўна звязаным з працоўным унёскам у гэтае грамадства (1). Затым ён пераходзіць да надзвычай падрабязнага абмеркавання двух бакоў канцэпту працы: як калектыўнага агента сацыяльна-палітычных зменаў і як практыкі вытворчасці, праз якую будуецца сацыялістычнае грамадства. Не зусім зразумела толькі, ці аўтар гэткім чынам трактуе пазіцыю і палітыку бальшавікоў, ці тлумачыць уласнае разуменне канцэпту працы. На жаль, спасылкі не даюць яснасці ў гэтым пытанні, пра што можна толькі пашкадаваць, бо на гэтым канцэпце аўтар выбудоўвае значную частку свайго бачання таго, што ён называе “Яўрэйскай рэвалюцыяй” у Беларусі. Пад гэтым ён разумее спалучэнне працы, удзелу ў справах грамадства і палітычнай улады, якое нібыта атрымалі яўрэйскія рабочыя і саматужнікі ў выніку бальшавіцкай рэвалюцыі, што “змяла з дарогі” адэптаў старога ладу (ідзе даволі доўгі пералік усіх катэгорый тых адэптаў).

Потым сцвярджаецца, што гэтая рэвалюцыя “зрынула старыя эліты, старыя сэнсы, старую мову, старыя модлы і старую палітыку” (2). Гэткі рытарычны дэкор не зусім адпавядае рэаліям штодзённага яўрэйскага жыцця таго часу і супярэчыць фактам, прыведзеным пазней у гэтай жа кнізе нават самім аўтарам (напрыклад, сітуацыя ў Тураве і некаторых іншых мясцовасцях). Сацыяльныя і палітычныя змены ў яўрэйскай грамадзе сапраўды былі, безумоўна, істотнымі і кардынальнымі, але яны не надышлі так хутка і так абсалютна, як можа падацца з апісання Слоіна. Але больш за тое – аўтар сцвярджае, што “нідзе пераплеценая істота Бальшавіцкай і Яўрэйскай рэвалюцый не была так навідавоку, як у Беларусі. Бальшавіцкая рэвалюцыя пераўтварыла Беларусь з перыферыі яўрэйскай імагінацыі ў цэнтр рэвалюцыйнага праекта па трансфармацыі яўрэйства праз дзяржаўныя сродкі” (2).

Аўтар дае кароткі агляд разгляданага краю, які ў яго, як і ў шмат якіх заходніх даследчыкаў, непазбежна мае экзатычныя рысы малавядомага і дзіўнаватага рэгіёну, “выкраенага з паўночна-заходніх губерняў былой рысы аселасці”. Даецца даволі разгорнутае апісанне складу, прафесій, ладу жыцця яўрэйскага насельніцтва і цытуецца адпаведная статыстыка, а пра насельніцтва беларускае і іншае неяўрэйскае даецца толькі самая базавая інфармацыя. Пры гэтым аўтар сцвярджае, што ў кнізе разглядаецца “абяцанне і параза нацыянальнага аднаўлення ў Беларусі з тым, каб вытлумачыць, як рэвалюцыйны праект роўнасці паміж нацыямі выклікаў узноўленую этнічную і расавую варожасць”. Цікава было б даведацца з далейшага абмеркавання, чым “этнічная” варожасць у Слоіна адрознівацца ад “расавай”, але далей гэтыя словы збольшага ўжываюцца ўзаемазамяняльна і на пытанне адказу не знаходзіцца. Тэрміны racial, ethnic, interanational, national conflict застаюцца неагаворанымі і досыць імглістымі (4).

Разглядаючы ход гэтай “Яўрэйскай рэвалюцыі”, Слоін засяроджваецца на “нізавым” узроўні дзеячоў і актывістаў, пакідаючы ўбаку палітыку партыйнага кіраўніцтва і яўсекцый ВКП(б), але разглядаючы, як тая палітыка пераўвасаблялася на фабрыках і ў майстэрнях, непасрэдна ў асяроддзі працаўнікоў. Слоін таксама наўмысна пакідае па-за разглядам інтэлектуалаў, мастакоў і вядучых палітыкаў. Аўтар гаворыць пра беспрэцэдэнтныя магчымасці маргіналізаваных раней сегментаў яўрэйскага грамадства праводзіць яго радыкальную палітычную, сацыяльную і эканамічную перабудову. Але, на думку Слоіна, гэтая перабудова і палітычная інтэграцыя былі ад пачатку абмежаваныя асаблівасцямі савецкай эканомікі і хвалямі эканамічнага крызісу, што быў нібыта характэрны для перыяду НЭПу ў 1921–1928 г. Слоін падкрэслівае фундаментальныя ўзаемасувязі паміж эканомікай і фармаваннем тоеснасці. На ягоную думку, эканамічныя акалічнасці савецкага часу нельга лічыць сацыялістычнымі, бо гэта эканоміка прадукавання вартасці праз адчужэнне працы, што рэплікавала сацыяльныя ўмовы, у якіх у Еўропе ў той час квітнеў антысемітызм (8).

Аўтар сцвярджае, што ён разглядае культуру не столькі праз месца яе стварэння і публічныя праявы, але і як пераменлівую сістэму мовы, знакаў і сімвалаў, што ўжываюцца для разумення свету. Таму дыскурс вытворчасці, крымінальнасці, працы і камерцыі не менш важны, на ягоную думку, чым дыскурс паэзіі, прозы ці літургіі. Ён таксама адзначае, што ў адрозненне ад працы Элісы Бэмпарад, што падкрэслівае высілкі мінскіх яўрэяў па захаванні яўрэйскай тоеснасці ў часы рэвалюцыйных зменаў, яго кніга засяроджаная на тых яўрэях, што падтрымалі бальшавіцкі рух, і першая частка кнігі прысвечана менавіта таму, як яўрэі рабіліся “бальшавікамі”, у адрозненне ад утварэння “савецкіх” яўрэяў, апісанага ў Бэмпарад.

Методыкай сваіх даследаванняў Эндру Слоін называе дэканструкцыю канцэпту яўрэйскай тоеснасці (у першай частцы кнігі) і дэканструкцыю дзеянняў кампартыі супраць розных “адхіленняў” – бундызму, трацкізму і антысемітызму, якія былі непасрэдна засяроджаны на пытаннях палітычнага жыцця яўрэяў. Праз дэканструкцыю мяркуецца даследаваць месца яўрэяў і яўрэйскасці ў паслярэвалюцыйнай палітычнай свядомасці і трываласць “яўрэйскіх пытанняў” у савецкім грамадстве ранняга перыяду (13).

Разглядаючы перыяд бальшавіцкай рэвалюцыі, інтэрвенцыі і канчатковага пераходу ўлады да бальшавікоў у Беларусі, Эндру Слоін заяўляе: папярэднія даследаванні, што засноўваліся на досведзе нетыповых інтэлектуалаў, якія часта былі супраць бальшавікоў і зрабіліся эмігрантамі, імкнуліся маргіналізаваць удзел яўрэяў у палітыцы рэвалюцыі і давесці, што бальшавізацыя датычыла пераважна так званых “неяўрэйскіх”, асіміліяваных яўрэяў (24). Ён імкнецца абвергнуць гэтую тэзу, абапіраючыся на матэрыялы з беларускіх архіваў і сцвярджаючы, што ў рэвалюцыі ўдзельнічалі дастаткова шырокія слаі яўрэйскага грамадства, але ў асноўным яны не разрывалі радыкальна сувязяў са сваёй традыцыяй і сваім мінулым (26). Ён лічыць, што фактычная аб’ектыўная падтрымка рэжыму бальшавікоў не абавязкова супадае з суб’ектыўнай палітычнай падтрымкай, і што яна выклікана, хутчэй, прыстасаваннем да перамен, якія ўжо адбыліся, як да новай рэальнасці жыцця. На змену настрояў у 1921 г., у параўнанні з 1917 г., калі бальшавікі былі менш папулярныя, чым эсэры, меншавікі і сіянісцкія партыі, як гэта паказваюць вынікі выбараў ва Устаноўчы сход, найперш паўплывалі два паралельныя працэсы – далучэнне яўрэяў, асабліва моладзі, да структур палітычнай улады бальшавікоў і пераход актывістаў з яўрэйскіх сацыялістычных партый (Бунд, Паалей-Цыён) у шэрагі партыі бальшавікоў (27–28). Значная ўвага аддаецца далучэнню да бальшавікоў яўрэяў-бундаўцаў, у тым ліку моладзі, што знаходзілася ў Бундзе адносна нядоўгі час і была радыкалізавана ў сацыяльным плане, лічачы палітычную праграму Бунду датычна палітычнай і культурнай аўтаноміі яўрэяў, сфармаваную яшчэ ў царскія часы, састарэлай і неактуальнай. Вялікую ролю ў змене настрояў адыграў таксама антыяўрэйскі гвалт у час вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, асабліва з боку польскіх і прапольскіх вайсковых адзінак (34). Цікавае “акно” ў настроі і матывацыю далучэння да бальшавікоў – матэрыялы партыйных чыстак (фонд Мінскай акругі КПБ(б) у Дзяржархіве Мінскай вобласці), шырока выкарыстаныя аўтарам.

Закранаючы часы ваеннага камунізму і пачаткі НЭПу ў Беларусі, Эндру Слоін факусуецца на кампаніі супраць спекуляцыі, якая лічылася пераважна яўрэйскім эканамічным злачынствам. Аўтар выкарыстоўвае ў даследаванні як архіўныя дакументы, так і матэрыялы мясцовай прэсы (пераважна “Дэр Штэрн” і “Дэр Вэкер”), прыходзячы да высновы, што ў савецкім праекце ад пачатку захоўвалася тэндэнцыя звязваць эканамічныя практыкі яўрэяў з функцыянаваннем “гандлёвага капіталу” і прыпісваць яўрэям пэўныя нязменныя рысы ў адносінах да базавых эканамічных функцый (82). І тут Слоін робіць наступную выснову: калі ў правым дыскурсе тагачаснай Еўропы раса часта служыла механізмам абмеркавання эканомікі, дык у “левым” дыскурсе Саветаў на працягу 1920-х гадоў эканоміка ўсё больш рабілася механізмам для абмеркавання расы (82).

Далей аўтар абмяркоўвае часы НЭПу і звязаныя з ім ваганні ў пашырэнні і звужэнні эканамічнай актыўнасці, што ў сваю чаргу выклікала пераход часткі непралетарскіх элементаў у шэрагі пралетарыяту і працаўнікоў фабрык і арцеляў, а затым, адпаведна, вяртала іх у “непралетарскі” стан. Паколькі пераважную большасць прамысловых і рамесніцкіх працаўнікоў у мястэчках і гарадах Беларусі складалі яўрэі, то адпаведна з ваганнямі эканомікі адбывалася рэкласіфікацыя статусу іх працаўнікоў, калі яны набывалі больш высокі статус, атрымліваючы працу на фабрыках і, адпаведна, асімілюючыся ў савецкіх пралетарыяў, і затым страчвалі гэты статус, сімвалічна дэасіміляваліся і зноў “рабіліся яўрэямі”. Тут уваходзіла ў дзеянне таксама бінарнасць “інсайдар – аўтсайдар”, што спрыяла стварэнню сацыяльных канструктаў для палітыкі ідэнтычнасцяў і нацыянальнасці. Непралетарскія працаўнікі маркіраваліся як саматужнікі, а значыць – яўрэі, і як саматужнікі для бальшавікоў яны лічыліся палітычна ненадзейнымі аўтсайдарамі, праз што і яўрэйская тоеснасць у пэўным сэнсе асацыявалася з палітычнай ненадзейнасцю (111). Акрамя таго, супярэчнасці паміж ідэаламі ўніверсалізавальнай інклюзіўнасці (universalizing inclusivity) і рэальнасцю абмежаванай інтэграцыі стваралі палітычныя ўхілы. Іншымі словамі, палітычная ўхілы, як і беспрацоўе, былі спадарожным прадуктам супярэчнасцяў грамадства часоў НЭПу (111).

На думку Слоіна, сацыяльная катэгорыя пралетарскай працы стала вызначацца менш праз адносіны да сродкаў вытворчасці і больш праз адносіны да дзяржаўных структур вытворчасці і дзяржаўнай улады (113). У рэальнасці вялікія сегменты яўрэйскага насельніцтва былі “пераўвасоблены праз НЭП як сацыяльная анамалія, і ў выніку гэтага ім зноў быў прыпісаны этнічны і праблемны яўрэйскі змест” (113).

Арганізаваная ў сярэдзіне 1920-х гадоў кампанія супраць бундызму стала, паводле Слоіна, своеасаблівым механізмам выкрыцця яўрэйскасці і пазбаўлення ад яе. Колішнія бундысты і бальшавікі старэйшага ўзросту прытрымліваліся так званай “бальшавіцкай гаскалы” (яўрэйскай асветы), імкнуліся вырабіць адмысловы, сацыялістычны пралетарскі тып яўрэйскай культуры. Дзеячы ж новага гатунку, у тым ліку з “ленінскага прызыву” 1924 г., са здзіўленнем глядзелі на адмысловыя яўрэйскія культурныя інстытуты, мала рупіліся пра развіццё ўласна яўрэйскай культуры ды вялі партыйную працу на мове ідыш толькі дзеля пільнай утылітарнай неабходнасці (137). Назіраўся недахоп партыйных актывістаў, што маглі карыстацца мовай ідыш у прафесійных мэтах, і таму пэўныя населеныя пункты, цэлыя раёны і гарады заставаліся “неахопленыя” партыйнай і савецкай працай. Адзін з пасланцоў-актывістаў з горыччу канстатаваў: “Рабін, як і заўсёды, застаецца вялікім аўтарытэтам для працоўных у мястэчку” (140). Слоін прыводзіць кур’ёзны прыклад, калі ў Тураве была арганізавана “пралетарская сінагога” і мясцовы савет утварыў камсамольскую ячэйку, але камсамольцы мусілі брацца рэлігійным шлюбам і рабіць абразанне дзецям, а магіды (прапаведнікі) чыталі лекцыі на тэмы “Рэлігія і капіталізм”, “Тора і сацыялізм”, “Палестына”, “Боскасць”, сцвярджаючы, між іншым, што “Бог мабілізаваў людзей супраць капіталу, асуджаючы Залатое Цяля і культ Мамоны”, і што гэта няпраўда, быццам “рэлігія крочыць поплеч з капіталам” (132–133).

У кампаніі супраць бундызму былі спалучаны разам нацыянальнасць і “яўрэйскае пытанне”, а занадта вялікі фокус на яўрэйскай спецыфіцы ў савецкім грамадстве стаў выглядаць палітычна падазроным (151). У ходзе гэтай кампаніі дыскусіі пра нібыта палітычныя катэгорыі сталі спосабам абмеркавання забароненых канцэптаў нацыянальнасці і “яўрэйскага пытання” (151).

Прыблізна ў час кампаніі супраць бундызму пачала набіраць сілу палітыка беларусізацыі, і аўтар даволі падрабязна спыняецца на абставінах яе правядзення. Слоін лічыць беларусізацыю выразным прыкладам “affirmative action” (квотавыя меры, пазітыўная дыскрымінацыя, выпраўленчыя дзеянні) – палітыкі, якая ўключала “ўсталяванне балансу палітычнай вагі беларускага насельніцтва праз змяншэнне ўплыву, прадстаўнічасці і палітычнай вагі яўрэйскага насельніцтва” (154). Беларусізацыя ўспрымалася як прасоўванне беларусаў, якія выступалі як найбольш адсталая група насельніцтва ў Беларусі: “патрэбы паказальна больш адсталага беларускага насельніцтва пераважалі патрэбы больш «прасунутых» культурна яўрэяў” (168). Аўтар падкрэслівае, што пытанні беларусізацыі катэгарызаваліся Саветамі як праблемы нацыянальныя, тады як палітыка ў дачыненні да яўрэяў класіфікавалася больш імгліста і ўключала пытанні рэлігійнай палітыкі (157). Фактычна антыбундаўская кампанія зрабіла сваёй мішэнню яўрэйскае насельніцтва як такое.

У выніку беларусізацыя ў савецкіх планах пабудовы нацый стала антытэзай бундызму. На 1926 г. яўрэйскае прадстаўніцтва ўнутры КПБ(б), а таксама дзяржаўнага і прамысловага апарату Беларусі рэзка зменшылася. Яўрэі-партыйцы часта пыталіся, чаму партыя атакавала бундызм, але адмоўчваецца наконт нацыянальнага шавінізму часткі беларусаў як сяброў партыі. Былі таксама скаргі, што “пазвальнялі добрых працаўнікоў як былых бундыстаў, а на іх месца паставілі беларусаў” (168). У адказ часта высоўваліся абвінавачанні ў нацыянальным партыкулярызме яўрэяў: “Калі яўрэйскі камуніст жэніцца, дык заўсёды на яўрэйцы” (170). Яўрэі-камуністы часта адказвалі на атакі бундызму не крытыкай яго канцэптаў, а крытыкай беларусізацыі. Можна было пачуць, што яна “створана, каб паслабіць ролю яўрэяў у грамадскім жыцці”; пыталіся таксама, “чаму ідыш не мае роўных правоў з беларускай мовай” (171). Па сведчанні партыйных кіраўнікоў, “інтэнсіфікацыя палітыкі беларусізацыі выклікае рост нацыяналізму сярод яўрэйскіх працоўных, і нават больш сярод яўрэйскіх служачых і інтэлігенцыі” (170). Адначасна назіраецца рост антыяўрэйскіх настрояў. Спробы далучэння яўрэяў да сельскагаспадарчай працы і “надзяленне зямлёй былі адмоўна сустрэты беларускім сялянствам, якое заўсёды было сквапнае на зямлю” (172).

У гэты час разгортваўся крызіс НЭПу, і міжнацыянальныя адносіны сталі набіраць рысы спаборніцтва, выкліканага недахопам рэсурсаў. Сталін урэшце зрабіў выснову, што падвышэнне міжнацыянальнай напружанасці непасрэдна выводзілася з адраджэння капіталістычных адносінаў у час НЭПу (173). Слоін лічыць, што менавіта пагаршэнне міжнацыянальнай напружанасці пад уздзеяннем крызісу НЭПу стала галоўнай прычынай адмены палітыкі “каранізацыі” і пераходу да практыкі нацыянальнага ўніверсалізму (177). Аднак гэта даволі спрэчны тэзіс, бо, з аднаго боку, сталінскі рэжым бачыў першапрычыну ўсіх праблем, у тым ліку нацыянальных, у НЭПе, а з другога – Сталін як акультураваны расіец пасля здабыцця поўнай улады выяўляе пэўныя рысы расійскага нацыяналіста, і таму для палітыкі гамагенізацыі насельніцтва і выкарыстання прынцыпу ўніверсалізму ён натуральна абірае дамінаванне рускай мовы, асіміляцыю і зліццё нерасійскіх груп у расійскую “сацыялістычную” культуру. Дарэчы, у заключэнні аўтар сам сабе пярэчыць, калі заяўляе, што “пацвярджаючы сілай імперскую логіку ўлады, сталінская рэвалюцыя знішчыла палітыку рэгіяналізму і мясцовай аўтаноміі. Замест іх была зацверджана гегемонія цэнтра” (237).

З перамогай сталінскай групоўкі ў бальшавіцкім кіраўніцтве ў 1927–1928 г. пачалася барацьба з трацкізмам. Як і бундызм у час папярэдняй кампаніі, трацкізм зрабіўся маркіраванай катэгорыяй, праз якую кампартыя закранала і дэбатавала “праблему” яўрэйскай тоеснасці, якая зноў і зноў вярталася. Слоін падкрэслівае, што канцэпт “трацкізму” ў Беларусі паўстаў як дыскурс, непасрэдна звязаны са сферай эканомікі, але гэта дэманструецца ім недастаткова выразна (183). Далей Слоін адзначае, што кампанія супраць трацкізму “зноў прыпісала яўрэям найменне не проста чужога элемента, а анталагічна адрознага элемента, адкрываючы гэтым шляхі да адбудовы канцэпту расы” (207).

У 1928 г. у Беларусі пачалася кампанія супраць антысемітызму, што стала адной з праяваў сталінскай культурнай рэвалюцыі. Праз гэта Слоін лічыць, што кампанія супраць антысемітызму (адным з прыкладаў якой прыводзяцца падзеі на гуце “Кастрычнік” у мястэчку Свіслач Бабруйскай акругі) стала палітычнай зброяй для ажыццяўлення сацыяльнай інтэграцыі і стварэння новага тыпу абстрактнай, недыферэнцаванай нацыянальна працоўнай сілы. Праз гэта здзяйснялася мэта інтэнсіфікацыі вытворчасці і падвышэння прадукцыйнасці працы.

Аўтар вінаваціць НЭП у пагаршэнні міжнацыянальных адносінаў у Беларусі і прыводзіць словы Макса Хоркхаймера пра тое, што сацыяльныя і палітычныя праблемы канца 1920-х гадоў “зрабілі дэмаралізаваных працоўных схільнымі да прывабаў аўтарытарызму, нават калі новы дзяржаўны (statist) парадак падпарадкоўвае іх беспрэцэдэнтным формам дамінацыі” (235).

Слоін сцявярджае, што ў Савецкім Саюзе прадукаванне вартасці засноўвалася на наёмнай працы і адчужэнні праз продаж яе ўзамен на заробак, з мэтай далейшага стварэння вартасці. Такія рысы, характэрныя для савецкай эканомікі, з’яўляюцца рысамі капіталістычнага ладу вытворчасці, і таму сацыялістычны характар савецкага ладу стаіць для яго пад сумненнем (242). Ён больш выразна прасоўвае гэты тэзіс у сваіх артыкулах і ютуб-выступах, але тут застаецца толькі задаць пытанне, куды скіравана гэткая аргументацыя: ці не на тое, каб задэклараваць, што савецкі сацыялізм не быў “сапраўдным” сацыялізмам, і таму трэба зноў паспрабаваць выбудаваць тую утопію, але ўжо, скажам, на амерыканскай глебе?

У заключэнне Слоін адзначае, што “Яўрэйская рэвалюцыя” ў Беларусі не была ані “сацыялістычнай”, ані “камуністычнай”, а хутчэй дробнабуржуазнай, бо пакінула рынкавыя адносіны, і дэмакратычнай, выводзячы на самы высокі ўзровень непасрэдную дзейнасць шырокіх масаў. Яна была таксама калектывісцкай, калі браць пад увагу арганізацыі ўзаемадапамогі і дабрачыннасці, створаныя ёю, як базіс калектывізму. Таксама ёй быў не чужы анархізм, пакуль дзяржава не прыходзіла з рэпрэсіямі ў імя нечага высокага і ідэальнага. Гэтая рэвалюцыя, што прыйшла разам з бальшавіцкай рэвалюцыяй,загінула ў выніку бальшавіцкай жа палітыкі (у тым ліку беларусізацыі) і прыходу сталінізму, але яе дасягненні былі беспрэцэдэнтныя (245).

Трапляюцца ў кнізе недакладнасці і дробныя памылі, але праца ўражвае памерам і разнастайнасцю скарыстаных архіўных і друкаваных матэрыялаў. Часам цытаваныя дакументы паказваюць на няцвёрдае веданне аўтарам (або перакладчыкамі) моў арыгіналу, але затое прыносяць асалоду пераклады гумарыстычных вершаў з ідыш, пададзеныя для ілюстрацыі тэзаў аўтара.

Праца Эндру Слоіна з пункту гледжання нацыянальна беларускага заслугоўвае ўвагі, бо асвятляе важны перыяд гісторыі Беларусі, што да нядаўняга часу быў па-за увагай непадцэнзурных гісторыкаў, але які заклаў падваліны для захавання нацыянальных рысаў і незалежніцкіх памкненняў беларусаў, з перыядам беларусізацыі як эпічнай цяпер з’явай, што абрасла шэрагам міфаў і недакладных канцэптаў, але застаецца выбітнай падзеяй нашай гісторыі. Праца набліжае да нас таксама і нашых суайчыннікаў-яўрэяў, робіць больш зразумелымі іх мары, памкненні і паразы. Гіпотэзы і думкі Слоіна, хоць і не ўсе, стымулююць далейшыя даследаванні і дыскусіі па гісторыі нашай Бацькаўшчыны, і застаецца спадзявацца, што цікавасць яго да Беларусі прынясе новыя змястоўныя публікацыі.

Нью-Ёрк

Віталь Зайка


[1] Так, у аўтарытэтнай працы – зборніку лістоў савецкіх пісьменнікаў на ідыш – у адной са спасылак між іншым гаворыцца: “[Гальперн] Лейвік нарадзіўся ў Ігумене, а не ў Чэрвені”, гл.: Briv fun yidishe sovetishe shrayber (Letters of Soviet Yisddish Writers) / red. M. Altshuler. Jerusalem, 1979. Р. 23.

[2] Zajka V. The Self-Perception of Lithuanian–Belarusian Jewry in the Eighteenth and Nineteenth Centuries // Polin: Studies in Polish Jewry. Vol. 14. Focusing on Jews in the Polish Borderlands. 2001. P. 19–30.

[3] Bemporad E. Becoming Soviet Jews: The Bolshevik Experiment in Minsk. Bloomington, 2013; Petrovsky-Shtern Y. The Golden Age Shtetl: A New History of Jewish Life in East Europe. Princeton and Oxford, 2014; Замойский А. С. Трансформация местечек Советской Белоруссии, 1918–1939. Минск, 2013; Зельцер А. Евреи советской провинции: Витебск и местечки, 1917–1941. Москва, 2006.

Наверх