Вітаўт Кіпель. Жыццё даўжынёю ў гісторыю
1927–2022
3 снежня 2022 г. пайшоў з жыцця Вітаўт Кіпель, адзін з самых яскравых і надзвычайных беларусаў у шырокім свеце, якога, развітваючыся, называлі патрыярхам беларускай дыяспары, волатам, тытанам, адным з найбольш працавітых і адданых Бацькаўшчыне беларускіх патрыётаў, чыю страту мы доўга будзем адчуваць.
Вітаўт Кіпель лічыў беларусаў народам кнігі. І сапраўды, самы славуты беларус – не князь, не палітык, не ваенны герой, а першадрукар Скарына, а беларускае адраджэнне новага часу было найперш звязанае з літаратурай, з кнігай. Але перадусім чалавекам кнігі быў ён сам. Кнігі былі ў цэнтры яго прафесійнай дзейнасці, кнігі ён любіў, збіраў, чытаў і сам ствараў.
Мы былі знаёмыя больш за 30 гадоў – пачынаючы ад першага іх з жонкай Зорай вяртання ў родны Менск ў 1991 г. пасля 47 гадоў разлучанасці. З таго часу мы бачыліся досыць часта ў Менску, Горадні, Вільні, Празе, а таксама ў яго гасцінным доме ў Амерыцы. Сустрэчы гэтыя заўсёды прыносілі радасць кантакту з надзвычай пазітыўным чалавекам – ён проста заражаў сваёй энергіяй, жыццярадаснасцю, таварыскасцю, надзвычайнай працавітасцю, шчырай здольнасцю здзіўляцца і захапляцца.
Вітаўт нарадзіўся ў 1927 г. у сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай, маладых менскіх інтэлігентаў першага свядомага беларускага пакалення. Гэта быў час надзеі і энтузіязму, маладая Беларусь “штурмавала будучыні аванпосты”, аднак ХХ стагоддзе ўжо рыхтавала Беларусі неміласэрны лёс. І Вітаўта Кіпеля гэты беларускі лёс правёў праз стагоддзе сваімі няпростымі дарогамі.
Ранняе дзяцінства прайшло ў Менску, на Горным завулку ў тады драўлянай Камароўцы, непадалёк ад Вайсковых могілак. Аднак ужо ў 1930 г. у жыццё сям’і Кіпеляў уварвалася бязлітасная савецкая гісторыя – бацьку арыштавалі як нацдэма, а праз пару гадоў маці з малым Вітаўтам параілі таксама выехаць з Менска, і яны накіраваліся да бацькі ў далёкі Налінск у цяперашняй Кіраўскай вобласці Расеі. Там Вітаўт пазнаёміўся з іншым сусветам, прыродай, людзьмі, звычаямі, там яго, пяцігадовага беларускамоўнага хлопчыка, навучылі гаварыць па-расійску. Пасля Налінска Яўхіма Кіпеля разам з іншымі ссыльнымі беларусамі перавялі ў Вятку, куды збіралі ўсіх “нацдэмаў”, крыху пазней – у Арол, дзе Вітаўт 1 верасня 1935 г. пайшоў у школу. Але ўжо 30 снежня бацьку зноў арыштавалі, і маці з сынам зноў засталіся адны.
Аднак сувязь з Беларуссю не перапынялася – летнія канікулы Вітаўт праводзіў у дзеда ў Менску. Гэтыя адведкі, блізкія менскія сябры, атмасфера горада – усё гэта Вітаўт пазней назаве важным “эліксірам”, які ўліваў энергію ў яго беларускую адданасць.
У Арле Вітаўт адчуў і водгулле палітычных падзей у Савецкім Саюзе і свеце – забойства Кірава, страхі 1937-га, далучэнне Заходняй Беларусі і Украіны, фінскую вайну. У студзені 1941 г. Яўхіма Кіпеля нечакана вызвалілі, але не дазволілі жыць у абласных гарадах, яго накіравалі ў вясковую школу ў Бранскую вобласць, і сям’я зноў пабачыла яго ўжо ў кастрычніку, калі Нямеччына напала на СССР, Арол занялі немцы і бацька прыйшоў туды, перайшоўшы лінію фронту.
Летам 1942 г. Кіпелі, запісаўшыся ўцекачамі з Беларусі, атрымалі ад немцаў дазвол вярнуцца ў Менск. Вітаўт успамінаў сустрэчу з родным горадам: “Мне аж плакаць захацелася, бо я памятаў Менск, як мы былі апошні раз зімой 1938–1939 года – горад квітнеў, а тут – руіны, усё знішчана. Зарослыя травой пагарэлішчы, пагарэлішчы… Я праслязіўся, але маці плакала. Гэтак мы з маці, несучы цяжкія клумкі, чамаданы, варочаліся з чужыны ў свой горад…”
Два гады, пражытыя ў акупаваным і знявечаным вайною Менску, прыпалі на пару сталення Вітаўта. Вучоба ў народнай школе, пасля ў настаўніцкай семінарыі і прагімназіі, глыбейшае знаёмства з беларускай мовай, літаратурай і гісторыяй, штодзённыя клопаты гарадскога падлетка, першы досвед працы – усё гэта на фоне трагічных падзей, сталай атмасферы небяспекі, акцый партызанаў і падполля і нямецкага тэрору ў адказ… Вітаўт прыгадваў дзве самыя галоўныя тэмы вулічных “дыскусій”: “А што ж Амерыка?” і “Што ж з намі будзе, калі прыйдуць нашы?”
У канцы чэрвеня 1944-га фронт імкліва набліжаўся да Менска, нямецкая акупацыя горада дажывала апошнія дні. Многія тысячы беларусаў, якія ў вайну працавалі ў органах беларускай адміністрацыі або і проста мелі падставы баяцца за свой лёс пад савецкай уладай, падаліся на захад. Яўхім Кіпель пад немцамі быў рэдактарам газеты “Голас вёскі”, прымаў удзел у ІІ Усебеларускім кангрэсе, так што ў сям’і не было іншага выбару, як 30 чэрвеня сесці ў эшалон з іншымі беларусамі падобнага лёсу і выехаць з Беларусі. Сямнаццацігадовы Вітаўт развітаўся з Менскам амаль на паўстагоддзя.
Капітуляцыя Нямеччыны заспела сям’ю Кіпеляў у Баварыі. Адразу па вайне акупацыйныя адміністрацыі краін-пераможцаў арганізавалі ў Нямеччыне так званыя “лагеры для перамешчаных асобаў” (лагеры Ды-Пі, ад DP – displaced persons). Вітаўт – ужо без бацькоў – апынуўся ў беларускім лагеры ў Рэгенсбургу, дзе пайшоў вучыцца ва ўкраінскую, а пасля ў новаствораную беларускую гімназію імя Янкі Купалы, настаўнікамі якой былі вядомыя беларускія культурныя дзеячы яшчэ даваеннай эпохі – Антон Адамовіч, Янка Станкевіч, Аляксандр Орса, Аўген Калубовіч, Наталля Арсеннева. З пераездам летам 1946 г. лагера з Рэгенсбурга ў Міхельсдорф туды перабралася і гімназія. Там Вітаўт Кіпель не толькі атрымаў сярэднюю адукацыю, але і актыўна далучыўся да грамадскага жыцця, узначаліўшы мясцовую скаўцкую арганізацыю, выявіўшы добрыя лідарскія здольнасці. У гады жыцця ў лагерах Ды-Пі ў Вітаўта завязаліся і трывалыя сяброўствы – з Янкам Запруднікам і з Зорай Савёнак, якую ён ведаў яшчэ з Менска і з якой неўзабаве звяжа свой лёс.
Скончыўшы ў сакавіку 1948 г. беларускую гімназію, Вітаўт паступіў на медычны факультэт універсітэта ў Цюбінгене, але медыцына яго не вабіла, і ў 1949 г. ён пераехаў у Бельгію, паслухаўшы парады Зоры, якая вучылася ў Лювэнскім універсітэце, і паступіў на геалагічны факультэт, які скончыў у 1955 г., абараніўшы дактарат. У Лювэне Вітаўт і Зора заручыліся, але пажаніцца дамовіліся ў ЗША, куды перабралася Зора пасля сканчэння ўніверсітэта – раней там аселі яе бацькі, Апалонія і Лявон Савёнкі. 22 снежня 1955 г. Вітаўт прызямліўся ў Нью-Ёрку, закончыўшы свой паваенны еўрапейскі перыяд жыцця.
У лютым 1956-га Вітаўт і Зора пажаніліся і былі да канца неразлучныя, працуючы для Беларусі далёка ад Беларусі. Актыўнымі беларусамі застаюцца іх дзеці, Алеся і Юрка.
Пасля некалькіх гадоў працы па спецыяльнасці ва ўніверсітэце ў Балтыморы Вітаўт Кіпель перабіраецца ў Нью-Ёрк, дзе працягвае марныя пошукі працы ў геалагічнай галіне, пакуль раптам абсалютна выпадкова не атрымлівае прапанову ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, куды часам заходзіў прагледзець новыя часопісы і кнігі з БССР. Ён пачынае працаваць спачатку ў Славянскім, пасля ў Навуковым аддзеле бібліятэкі, паралельна набывае ўніверсітэцкі бібліятэчны дыплом і з часам займае пасаду намесніка загадчыка Навуковага аддзела. У бібліятэцы Вітаўт адпрацаваў 25 гадоў, да выхаду на пенсію.
Пад час працы ў бібліятэцы Вітаўт Кіпель дбаў пра навязанне кантактаў з калегамі ў Беларусі, шмат часу аддаваў і даследаванню беларусікі, збіраў матэрыялы па гісторыі беларусаў у ЗША, рыхтаваў бібліяграфіі. У бібліятэку нярэдка завітвалі госці з Беларусі, амаль выключна афіцыйныя асобы з урадавых дэлегацый, у тым ліку дэлегацый БССР на Генеральнай асамблеі ААН, у складзе якіх часта былі работнікі культуры і літаратуры. Так, яшчэ ў савецкія часы адбыліся сустрэчы з Пятром Глебкам, Іванам Чыгрынавым, Вячаславам Адамчыкам, Алесем Адамовічам.
Ад самага прыезду ў ЗША Вітаўт Кіпель актыўна ўключыўся ў беларускае навуковае жыццё. Кола яго інтарэсаў ахапляла беларускія даследаванні ў самым шырокім сэнсе, таму ягоную ўвагу перадусім прыцягнула дзейнасць Беларускага інстытута навукі і мастацтва, да якой ён актыўна далучыўся летам 1956 г. Ужо ў тым самым годзе ён быў абраны ва ўправу БІНіМа і пачаў плённае супрацоўніцтва са старшынёй Вітаўтам Тумашам. Асаблівы клопат Кіпеля быў пра яго “ўлюбёны космас” – кнігі, і на пачатку 1970-х г. ён ініцыяваў выданне літаратурнай сэрыі БІНіМа “Беларускія паэты і пісьменнікі”, якую распачаў том паэзіі Наталлі Арсенневай. Пазней пачалі выходзіць кнігі і ў дзвюх іншых серыях – “Бібліяграфічная серыя” і “Гісторыя эміграцыі”. Рэгулярна выходзіў і акадэмічны часопіс “Запісы БІНіМ” (выданне працягваецца дагэтуль, выйшла ўжо 42 нумары). У 1982 г. Вітаўт Кіпель замяніў Вітаўта Тумаша на пасадзе старшыні БІНіМа і дзейна кіраваў інстытутам да канца жыцця.
Апрача актыўнай дзейнасці на беларускай ніве Вітаўт Кіпель быў інтэграваны ў амерыканскае палітычнае жыццё. Ад пачатку 1970-х г. ён далучыўся да працы беларускіх рэспубліканскіх клубаў. Выбар партыі тлумачыў так: “Палітыка Рэспубліканскай партыі мне падабалася толькі ў адным аспекце: у вонкавай палітыцы. Рэспубліканская платформа прадбачала… будучае самавызначэнне і дзяржаўнасць рэспублік СССР”. Гэтая дзейнасць працягвалася некалькі дзясяткаў гадоў, Вітаўт Кіпель сустракаўся з усімі прэзідэнтамі ЗША і на самым высокім узроўні ўсяляк звяртаў увагу на беларускае пытанне. Так, прыкладам, з ягонай ініцыятывы прэзідэнт Рычард Ніксан у 1974 г. уключыў у свой савецкі візіт наведанне Менска. Апрача партыйнай працы, Вітаўт Кіпель чатыры гады быў старшынёй Этнічнай дарадчай рады пры губернатару штата Нью-Джэрсі, арганізоўваў правядзенне ў штаце трох Беларускіх фестываляў.
Больш за 35 гадоў Вітаўт Кіпель супрацоўнічаў з “Радыё Свабода” – ад сярэдзіны 1950-х (калі яно яшчэ называлася “Радыё Вызваленне”) да закрыцця бюро радыё ў Нью-Ёрку на пачатку 1990-х. Ён быў пазаштатным супрацоўнікам і выступаў пад дзявочым прозвішчам маці – Вітаўт Зубкоўскі. Асноўнай тэмай ягоных скрыптаў на радыё было жыццё беларускай дыяспары, перадусім беларусаў ЗША і Канады.
У канцы 1980-х г., калі ў СССР разгарнуліся працэсы “перабудовы” і “галоснасці” і запанавала пэўная палітычная і культурная лібералізацыя, пачалі адбывацца кантакты беларусаў метраполіі і дыяспары. Вітаўт і Зора Кіпелі ў 1990 г. узялі ўдзел у беларуска-літоўска-польска-ўкраінскай навуковай канферэнцыі ў Рыме, дзе ўдзельнічалі і беларускія навукоўцы з БССР (Адам Мальдзіс, Анатоль Грыцкевіч, Вячаслаў Вярэніч), а таксама з Польшчы (Юры Туронак) і з Вялікабрытаніі (а. Аляксандр Надсан). Гэта былі першыя такога роду свабодныя кантакты і нефармальныя сустрэчы.
Працягам гэтых кантактаў стаў удзел Вітаўта і Зоры Кіпеляў у Першым сусветным кангрэсе беларусістаў у Менску ў траўні 1991 г. Праз 47 гадоў яны ўпершыню пабачылі родны горад, які за гэты час непазнавальна змяніўся. Новы Менск, як прызнаваўся Вітаўт, у цэлым зрабіў добрае ўражанне. Але былі і сумныя моманты: “Зусім мы спахмурнелі, калі пайшлі паглядзець на Нямігу – і не знайшлі яе! Гэта быў шок…”
З таго часу Зора і Вітаўт рэгулярна наведвалі Беларусь, удзельнічалі ў кангрэсах беларусістаў і навуковых канферэнцыях, выступалі амаль ва ўсіх беларускіх універсітэтах, завязалі вельмі прыязныя дачыненні з калегамі з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Шукалі яны і магчымасці працы ў Беларусі, але пасля выбараў 1994-га і рэферэндуму 1995-га сітуацыя ў краіне радыкальна змянілася, і тыя спробы давялося пакінуць…
Вітаўт Кіпель быў не толькі апантаным збіральнікам кніг, прафесійным іх захавальнікам і прагным чытачом – ён пакінуў па сабе каштоўную друкаваную спадчыну. Ён быў аўтарам шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, пераважна беларусазнаўчай тэматыкі, у амерыканскіх даведніках і энцыклапедыях.
Галоўным плёнам яго шматгадовых даследаванняў беларускай эміграцыі ў Злучаных Штатах стала манаграфія “Беларусы ў ЗША”, якая рыхтавалася да друку на пачатку 1990-х г., але яе лёс склаўся так, што спачатку выйшаў у свет беларускі пераклад (менскае выдавецтва “Беларусь”, Менск, 1993), англамоўнае выданне пабачыла свет у 1999 г. У 2017 г. выйшла другое беларускае выданне гэтай кнігі, багата ілюстраванае, дапрацаванае і дапоўненае новай інфармацыяй. Яго падрыхтоўка заняла каля двух гадоў супольнай працы Вітаўта Кіпеля, архівіста Лявона Юрэвіча і рэдактаркі Наталлі Гардзіенкі.
Апрача гэтага Вітаўт Кіпель прычыніўся да з’яўлення важных бібліяграфічных прац. У 1988 г. ён разам з жонкай Зорай выдаў зборнік дакументаў з дадаткам бібліяграфіі “Byelorussian Statehood”, які стаў важнай англамоўнай крыніцай інфармацыі пра гісторыю беларускай незалежнай дзяржаўнасці ў ХХ ст. напярэдадні абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У 2001 г. выйшаў грунтоўны даведнік “Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі” аўтарства Вітаўта Кіпеля і Змітра Саўкі. Вітаўт і Зора Кіпелі ўклалі фундаментальную двухтомную бібліяграфію “Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе” (2003, дапоўненае выданне – 2006).
Зайздросная Вітаўтава памяць захавала падзеі і факты жыцця ў найдрабнейшых дэталях. Дзесяць гадоў таму мы правялі два тыдні ў ягоным хатнім працоўным кабінеце за даўгімі размовамі, у якіх ён расказаў пра ўсё, што адбылося з ім ад нараджэння і да таго моманту. З больш чым сарака гадзін аўдыёзапісу ўзнікла аўтабіяграфічная кніга “Жыць і дзеіць” (выдавецтва З. Коласа, 2015). У ёй – ХХ стагоддзе гісторыі Беларусі, адлюстраванае ў лёсе аднаго з найвыдатнейшых яе людзей: дзяцінства ў яшчэ “нацдэмаўскім” Менску, высылка ў Налінск, жыццё ў перадваенным Арле, вяртанне ў апалены вайною Менск, эміграцыя ў Нямеччыну, еўрапейскае студэнцтва, новае жыццё ў Амерыцы, вяртанне ў Беларусь.
Такі незвычайна важны для Беларусі чалавек, Вітаўт абсалютную бальшыню свайго доўгага жыцця пражыў за яе межамі. Ранняе дзяцінства ў Менску, летнія канікулы ў дзеда, два гады ў часе нямецкай акупацыі, частыя кароткія візіты пасля 1991 г. – у суме жыццё ў Беларусі не складзе і дзевяці гадоў. Аднак дзе б ён ні знаходзіўся, ён жыў у Беларусі, жыў Беларуссю – кожную хвіліну свайго жыцця. Ягоны ўнутраны прымач быў заўсёды настроены на беларускую хвалю, ён лавіў яе літаральна ўсюды.
У Менску пачаўся жыццёвы шлях Вітаўта Кіпеля, але па менскіх вуліцах у думках хадзіў ён і апошнія тыдні свайго жыцця, чытаючы кнігу Сяргея Абламейкі “Невядомы Менск. Гісторыя знікнення”. За тры тыдні да свайго сыходу Вітаўт патэлефанаваў, і мы паўгадзіны гаварылі пра кнігу, пра Горад, пра яго людзей, пра тое, што і як можна і трэба зрабіць, каб вярнуць страчаны дух Старога Менска. Вітаўт, як заўсёды, быў поўны захаплення і энтузіязму, голас, эмоцыі, яснасць думкі – усё як заўсёды, цяжка было паверыць, што ты гаворыш з чалавекам, у якога за плячамі доўгія 95 гадоў.
Са смерцю Вітаўта Кіпеля скончылася цэлая эпоха. Адышоў сапраўдны волат беларушчыны, чалавек, які ўсё жыццё ствараў і ўмацоўваў беларускую прастору. Я веру, што ў новай Беларусі адна з менскіх вуліц – напрыклад, ціхі і ўтульны Горны завулак, дзе жыла сям’я Кіпеляў, – будзе насіць ягонае імя.
Прага
Сяргей Шупа