ГУЖАЛОЎСКІ, АЛЯКСАНДР. У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі “адлігі” (1953–1968). Мінск: Выдавец Р. М. Цымбераў, 2024. 334 с.
Кніга Аляксандра Гужалоўскага – вынік некалькіх гадоў працы аўтара над гісторыяй перыяду адлігі. Выданне атрымалася даволі вялікім – складаецца з уводзінаў, дваццаці трох тэматычных раздзелаў і заключэння, мае імянны паказнік. У кнізе апісваюцца розныя бакі жыцця беларускага грамадства эпохі адлігі. Тут і рэабілітацыя рэпрэсаваных, і непаслядоўная антыалкагольная кампанія, і “Клуб вясёлых і знаходлівых”, і студэнцкія будаўнічыя атрады, і публічнае абмеркаванне палавога жыцця.
Як і ў іншых сваіх працах, аўтар абапіраецца на вялікую колькасць архіўных крыніц, а таксама на перыядычны друк эпохі і мемуарную літаратуру. Выбітныя здольнасці А. Гужалоўскага ў архіўнай эўрыстыцы вядомыя.
Аўтар заяўляе кнігу як манаграфію (15). Дазволю сабе не пагадзіцца з такім вызначэннем. Чытачу прапанаваны хутчэй зборнік артыкулаў. Раздзелы амаль не звязаныя паміж сабой. У іх няма нейкай скразной думкі, тэмы, якая б іх аб’ядноўвала (калі не лічыць тэмай храналагічны перыяд 1953–1968 г.).
Нават тады, калі той самы персанаж з’яўляецца ў розных раздзелах, сам аўтар не звязвае іх адсылкамі. Так, у раздзеле “Выратаванне культурнай спадчыны” (292) Цімафей Гарбуноў паказаны ратаўніком спадчыны, хоць у раздзеле “У адзіным савецкім народзе” (80) ён жа выведзены як непісьменны бюракрат, якому беларуская культура была чужой. Парадаксальна, што сам А. Гужалоўскі добра ведае ролю Ц. Гарбунова ў найноўшай гісторыі Беларусі, але чамусьці лічыць непатрэбным дзяліцца сваімі ведамі і меркаваннем. Высновы чытач мусіць рабіць самастойна. Выглядае, што ён разлічвае на добра падрыхтаванага чытача – прафесійнага гісторыка са спецыялізацыяй па гісторыі Беларусі другой паловы ХХ ст., які добра ведае розных дзейных асоб гэтай гісторыі.
На карысць таго, што згаданае выданне – зборнік артыкулаў, сведчыць і наступны факт: большасць раздзелаў раней былі апублікаваны як артыкулы. Пры гэтым для публікацыі ў кнізе ў іх не было ўнесена істотных зменаў, якія звязвалі б артыкулы паміж сабой, аб’ядноўвалі іх паняційным апаратам і тэарэтычнай рамкай. Так, раздзел “Сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме” (55–68) раней часткова публікаваўся як артыкул [1]. Раздзел “Іншадумцы” (84–98) раней публікаваўся як артыкул [2]; у кнізе ёсць выпраўленні і дапаўненні ў параўнанні з артыкулам, але яны невялікія па аб’ёме. Вялікія часткі раздзелаў “Літаратура «адлігі»” (99–110) і “Мастацтва «адлігі»” (111–124) друкаваліся як артыкул [3]. Раздзел “Больш не табу” (231–242) раней друкаваўся ў нязначна скарочаным выглядзе як артыкул [4]. Раздзелы “Дэфіцыт і ценявая эканоміка” (256–270) і “Выратаванне культурнай спадчыны” (284–294) раней друкаваліся як артыкулы [5]. Раздзел “Водгукі «пражскай вясны»” (308–322) таксама раней друкаваўся як артыкул [6] (для публікацыі ў кнізе ў яго былі ўнесены нязначныя змены). Гэты пералік можна працягваць.
Добра, што раскіданыя па розных малатыражных і цяжкадаступных выданнях артыкулы апынуліся пад адной вокладкай. Кепска, што аўтар спрабуе выдаць зборнік артыкулаў за манаграфію. Нідзе ў кнізе няма ані слова пра тое, што яе раздзелы раней друкаваліся. Больш за тое, адзін раздзел друкаваўся як артыкул у суаўтарстве з Данутай Грынь. На жаль, А. Гужалоўскі не прызнае ў кнізе ўнёску суаўтаркі. А дастаткова было б усяго толькі адвесці ў прадмове старонку і пазначыць, што і дзе публікавалася раней, або паведаміць у спасылках у пачатку адпаведных раздзелаў пра тое, што раздзелы раней друкаваліся як артыкулы.
На жаль, гэта агульная праблема беларускай акадэмічнай сферы, а не прыватная практыка А. Гужалоўскага. Выхад кнігі ў такім выглядзе стаў магчымым толькі ў асяроддзі, дзе прафесары дзесяцігоддзямі складаюць артыкулы ў “манаграфіі” без пазначэння паходжання матэрыялу ці раздзяляюць манаграфіі на артыкулы, а потым запісваюць і манаграфіі, і артыкулы адначасова сабе ў рэзюмэ.
Іншая распаўсюджаная праблема акадэмічных выданняў апошняга часу, і не толькі беларускіх, – адсутнасць рэдактараў. У кнігі А. Гужалоўскага быў літаратурны рэдактар (на жаль, у адной асобе з карэктарам), і яго якасная праца заўважная. Але не было ані агульнага рэдактара, ані рэдактара-спецыяліста (гісторыка). Цяжка сказаць таксама, ці намінальна заяўленыя рэцэнзенты Э. Іофе і У. Навіцкі ўнеслі нейкія істотныя заўвагі.
Наяўнасць рэдактараў дала б магчымасць выправіць некаторыя хібы. Гаворка як пра фактаграфічныя памылкі, так і пра лагічныя нестыкоўкі, цьмяныя выразы, высновы, якія наўпрост супярэчаць выкладзенаму аўтарам матэрыялу. Агульны ці навуковы рэдактар, калі б ён быў, выправіў бы, напрыклад, памылковае датаванне скасавання Маладзечанскай вобласці 1957 годам (с. 17; у сапраўднасці – 1960 г.) і няправільнае напісанне прозвішча мастака Уладзіміра Сухаверхава (у Гужалоўскага на с. 109 – “Сухаверкаў”; тут, падобна, ён “спісаў” памылку з архіўнага дакумента – стэнаграмы ці пратакола сустрэчы партыйнага кіраўніцтва БССР з творчымі работнікамі). Чамусьці А. Гужалоўскі сцвярджае (100), быццам Ларыса Геніюш была рэабілітаваная ў 1956 г., хоць яна не рэабілітаваная дагэтуль. На жаль, падобныя памылкі сустракаюцца па ўсёй кнізе.
Лагічныя нестыкоўкі, якія мог бы выправіць рэдактар, можна знайсці ў любым раздзеле кнігі. Так, А. Гужалоўскі чамусьці знайшоў канстатацыю “дэвальвацыі шлюбных повязяў” у радках з верша Яўгеніі Янішчыц “Непрыручаная птушка”: “Каторы дзень настрой губляю / І зноў па-новаму люблю. / Іду, гукаю, выглядаю, / Шукаю, думаю, не сплю” (234).
Далей, на с. 275, аўтар сцвярджае, што антыалкагольная кампанія “сама сабою спынілася”. І тут жа прыводзіць статыстыку, якая паказвае, што колькасць затрыманых за знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах расла ўсю першую палову 1960-х г. Колькасць затрыманых паказвае не колькасць п’яных на вуліцах (як чамусьці здаецца А. Гужалоўскаму), а актыўнасць міліцыі па іх затрыманні.
Але іншыя хібы кнігі немагчыма патлумачыць толькі адсутнасцю рэдактара. Для стылю выкладання характэрна бясконцая экспазіцыя: у многіх раздзелах аўтар пералічвае, пералічвае і пералічвае імёны, падзеі і статыстычныя звесткі, але ў гэтых раздзелах няма ані завязкі, ані кульмінацыі, ані развязкі. Не выпадкова, што ў некаторых раздзелах зусім няма высноў (напрыклад, “Літаратура «адлігі»”, “Алімпійскія рэкорды, сусветны фестываль і дазволены смех”). Там жа, дзе высновы ёсць, яны часта не вынікаюць са зместу раздзела. Так, у высновах раздзела пра рэабілітацыю (40) А. Гужалоўскі піша: “з працэсу рэабілітацыі былі выключаны… сяляне, якія выступалі супраць калектывізацыі”. Але на с. 35 ён піша, што ў 1955 г. “распачалася рэабілітацыя сялян” і, як вынікае з тэксту кнігі, менавіта асуджаных за “антысавецкую агітацыю, накіраваную на зрыў калгаснага будаўніцтва”. Хацелася б, каб у аўтара было больш устойлівае меркаванне, якое не змянялася б праз кожныя пяць старонак.
У некаторых раздзелах (напрыклад, “Хуліганскі тэрор”, “Клопат пра навакольнае асяроддзе”) аўтар неапраўдана “скача” па храналогіі (напрыклад, з 1954 перамяшчаецца ў 1964 г.), што яшчэ больш заблытвае чытача, і так збітага з тропу адсутнасцю сюжэтнай лініі.
Кніга поўная тэлеалогіі і моўных ды мысленчых штампаў. Напрыклад, аўтар піша пра другую палову 1950-х г.: “Рэдукаванне працы кампазітара да рэтрансляцыі пануючай палітычнай міфалогіі непазбежна вяло да агульнай дэградацыі музычнай творчасці ў БССР” (121). Цікава было б, каб А. Гужалоўскі канкрэтна паказаў, якім чынам сімфоніі ды іншыя інструментальныя творы беларускіх савецкіх кампазітараў рэтранслявалі пануючую палітычную міфалогію (песні пра Леніна хоць і былі абавязковай данінай партыі, але не ўспрымаліся як сур’ёзная творчасць). На думку рэцэнзента, пры ўсім жаданні ўладаў творчасць кампазітараў немагчыма было “рэдукаваць да рэтрансляцыі палітычнай міфалогіі”. Пры гэтым як прыклад кампазітара, адданага “музычнай эстэтыцы сацрэалізму”, А. Гужалоўскі прыводзіць Льва Абеліёвіча. Шчыра кажучы, цяжка адшукаць беларускага савецкага кампазітара той эпохі, які менш пасаваў бы да гэтай ролі. Ураджэнец Вільні, навучанне якога ў Варшаўскай кансерваторыі было перарвана Другой сусветнай вайной, Абеліёвіч быў “белай варонай” у БССР 1950-х. Так, ён пісаў песні пра трактаразаводцаў на словы Адама Русака (на якія спасылаецца А. Гужалоўскі), але ў гісторыі музыкі засталося нямала іншых твораў Л. Абеліёвіча, на якія не так проста начапіць цэтлік “сацрэалізм”. Гэта не кажучы пра тое, што нават у СССР тэрмін “сацрэалізм” да музыкі звычайна прымянялі з большай асцярожнасцю, чым А. Гужалоўскі (быў і іншы падыход, калі ўсю творчасць савецкіх кампазітараў аўтаматычна запісвалі ў сацыялістычны рэалізм, але такое механічнае прымяненне тэрміналогіі нічога не гаварыла пра музычныя творы).
Наогул, раздзелы пра літаратуру і мастацтва адлігі – самыя слабыя ў кнізе. Хоць аўтар і дэкларуе ва ўводзінах (15), нібыта займаўся “мастацтвазнаўчай… інтэрпрэтацыяй артэфактаў культуры”, але нават слядоў мастацтвазнаўчага аналізу рэцэнзент у кнізе не знайшоў (яно і не дзіўна пры адсутнасці ў аўтара мастацтвазнаўчай адукацыі). Не маючы адпаведнай кваліфікацыі (літаратуразнаўчай ці музыказнаўчай адукацыі у аўтара кнігі таксама няма), А. Гужалоўскі смела вырашыў не абапірацца на спецыялізаваную літаратуру, а працягваць агульную лінію кнігі – выказваць свае бытавыя погляды на з’явы, якія разглядае. Бытавыя развагі дапушчальныя ў газетнай калонцы, але не ў навуковай працы (у выходных звестках кніга заяўлена як навукова-папулярная, але незразумела, як гэта стасуецца з вызначэннем яе як манаграфіі). І менавіта ў гэтых раздзелах тактыка аўтара працуе горш за ўсё. На с. 100 А. Гужалоўскі вынаходзіць “аўтарытарны стыль” у літаратуры і заяўляе, нібыта з літаратуры ў адлігу “сыходзіла… «усеўладдзе» аўтара над матэрыялам”, але адначасова “ў творах узмацніўся суб’ектыўны пачатак”.
Аўтар кнігі з лёгкасцю запісвае Пятра Глебку і Рыгора Шырму ў “кансерватары-сталіністы” (109–110). Эстэтычныя пазіцыі Р. Шырмы былі кансерватыўныя, але пры чым тут сталінізм? Злы жарт з аўтарам тут сыграла яго спроба загнаць усю мастацкую інтэлігенцыю ў бінарную апазіцыю “кансерватары-сталіністы” / “лібералы-шасцідзясятнікі”, але гэта чарговы прыклад яго моўных і мысленчых штампаў, якія не працуюць у прымяненні да канкрэтнага гістарычнага матэрыялу.
“Мастацтва падзялілася на тое, дзе «ўсё як у жыцці», і на мастацтва не для ўсіх” (112) – зноў бінарная апазіцыя, якая не працуе на канкрэтна-гістарычным матэрыяле. Пры гэтым як прыклад “мастацтва не для ўсіх” аўтар кнігі дае – не, не аўтсайдэра Ізраіля Басава, якога наогул не згадвае, – а Мая Данцыга, аднаго з самых папулярных беларускіх савецкіх жывапісцаў таго пакалення.
Удакладню сваю пазіцыю: я лічу, што можна пісаць пра літаратуру і мастацтва, не маючы профільнай адукацыі, але варта разумець межы сваіх магчымасцяў. Напрыклад, А. Гужалоўскі мог бы не абвяшчаць уголас пра свае ўяўныя здольнасці ў “мастацтвазнаўчай інтэрпрэтацыі артэфактаў культуры”, звяраць сваю творчасць з працамі спецыялістаў, а таксама даць гэтыя раздзелы на рэцэнзію прафесіяналам.
Раней я ўжо заўважаў, што часам А. Гужалоўскі дазваляе сабе вольна абыходзіцца з крыніцамі [7], фактычна, скажаючы іх, падганяючы матэрыял пад сваю думку. На жаль, ад гэтай практыкі гісторык не адышоў і ў новай кнізе. Напрыклад, на с. 80 ён прыводзіць урывак напісанага Браніславам Ржэўскім тэксту і абвяшчае, што нібыта гэты тэкст – прыклад “зваротаў да ўладаў супраць дыскрымінацыі беларускай мовы”, за якія Б. Ржэўскі апынуўся за кратамі. Але ж працытаваны аўтарам тэкст быў напісаны Б. Ржэўскім у час зняволення ў мардоўскіх лагерах; гэта скарга на прысуд! Я ведаю гэты тэкст, бо сам яго апублікаваў (А. Гужалоўскі карэктна спасылаецца на маю публікацыю). Паколькі гэта не адзіны выпадак такога абыходжання з крыніцамі, чытач мусіць пераправяраць літаральна кожнае сцверджанне А. Гужалоўскага па крыніцах (на шчасце, спасылкі аўтар кнігі дае шчодра). З-за такой неакуратнасці ў абыходжанні з дакументамі знікае базавы давер да аўтара.
Хоць у кнізе ёсць спасылкі на крыніцы, але амаль няма спасылак на гістарыяграфію (пры гэтым агляд гістарыяграфіі ва ўводзінах неблагі), і гэта паказвае або на недастатковае ўзаемадзеянне аўтара з гістарыяграфіяй, або на нежаданне прызнавацца, адкуль ён узяў свае высновы. Так, на с. 71–72, пры абмеркаванні адсотку этнічных беларусаў на кіроўных пасадах і сярод інтэлігенцыі, А. Гужалоўскі ўстрымліваецца ад спасылак на працы Леаніда Лыча, хоць апошні напісаў усё тое самае раней [8].
Большасць раздзелаў моцна выйграла б, калі б аўтар улічваў наяўную гістарыяграфію. Так, агульную рамку для раздзела пра хуліганства і зыходны пункт для некаторых інтэрпрэтацый магла б даць кніга Браяна Ла-П’ера [9]. А ў раздзеле пра ахову прыроды зусім ігнаруецца не толькі літаратура пра прыродаахоўны рух у СССР у цэлым, але і манаграфія пра Белавежскую пушчу [10].
Кніга багата ілюстраваная. Варта адзначыць, што ўсе ілюстрацыі карэктна атрыбутаваныя (у пераважнай большасці яны паходзяць з дзяржаўных архіваў, але ёсць і з прыватных збораў). Апрача таго, ілюстрацыі трапна падабраныя і часам гавораць больш, чым мог бы напісаць аўтар. Напрыклад, варта прыгледзецца да тэатра-студыі на фотаздымку “Усебеларускі фестываль моладзі ў Мінску. 1959 г.” на с. 145 або да фотаздымка “Сход у Саюзе пісьменнікаў БССР у сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі. Жнівень 1968 г.” на с. 313. Гэтым кніга выгодна вылучаецца ў параўнанні з адной з папярэдніх манаграфій А. Гужалоўскага (“Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі”) [11], дзе выявы былі неакуратна падабраныя і кепска атрыбутаваныя.
Чытачы гэтай рэцэнзіі маглі заўважыць, што гаворка ў ёй ішла пераважна пра прыватныя аспекты, дэталі выдання, бо кнігу як цэлае амаль немагчыма абмяркоўваць. Як ужо было адзначана вышэй, яна не аб’яднаная нейкай агульнай канцэпцыяй, тэорыяй, метадам ці праблемай (хоць аўтар заяўляе ва ўводзінах пра сваю прыхільнасць да “новага разумення сацыяльнай гісторыі” і да “новай культурнай гісторыі”, але ніяк далей у тэксце гэтую прыхільнасць не праяўляе). Змест кнігі зводзіцца да больш ці менш удалага пераказвання даволі цікавых крыніц, але абагульненні ці высновы, зробленыя аўтарам, застаюцца на ўзроўні агульных разважанняў і не вынікаюць непасрэдна з разгляду крыніц, а часам і супярэчаць ім. Аўтар паўтарае агульныя месцы пра “адлігу”, і за гэтым паўтарэннем не відаць яго ўнёску ў распрацоўку “адліжнай” тэматыкі.
Падсумоўваючы, можна парэкамендаваць кнігу Аляксандра Гужалоўскага гісторыкам-спецыялістам па азначаным перыядзе. Гэтая аўдыторыя знойдзе ў кнізе нешта цікавае для сябе (сюжэты, персанажы, дэталі). Шырокай жа публіцы разгледжанае выданне не рэкамендуецца з-за даволі вялікай колькасці памылак і спрэчных, не падмацаваных дакументальна сцверджанняў аўтара.
Варшава
Уладзімір Валодзін
[1] Гужалоўскі А. У светлае заўтра: вобразы будучыні ў БССР у часы хрушчоўскай адлігі // Беларуская думка. 2021. № 12. С. 65–72.
[2] Гужалоўскі А., Грынь Д. Іншадумства ў БССР у часы “адлігі”. 1953–1968 гг. // Homo Historicus 2023. Варшава, 2023. С. 223–246.
[3] Гужалоўскі А. “Адліга” ў выяўленчым мастацтве Беларусі (1953–1968 гг.) // Искусство и культура. 2022. № 3. С. 57–62.
[4] Гужалоўскі А. Больш не табу: лібералізацыя сексуальнай культуры ў БССР перыяду хрушчоўскай адлігі // Часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гісторыя. 2022. № 2. С. 30–39.
[5] Гужаловский А. Дефицит и теневая экономика в Белорусской ССР на фоне экономических реформ середины 1950-х – середины 1960-х годов // Исторический курьер. 2022. № 4. С. 45–57; Гужалоўскі А. Станаўленне помнікаахоўнай дзейнасці ў БССР у перыяд “адлігі” (1953–1968) // Журнал Белорусского государственного университета. История. 2021. № 3. С. 86–96.
[6] Гужалоўскі А. “Пражская вясна” 1968 г. і беларускае савецкае грамадства // Беларускі гістарычны часопіс. 2018. № 1. С. 3–11.
[7] Володин В. Отображение “другого” в современной беларусской историографии: сексуально-гендерные диссиденты в глазах консервативного историка // Cahiers du monde russe. 2021. Vol. 62. No. 2/3. P. 501–512.
[8] Лыч Л. Колькасныя і этнасацыяльныя змяненні ў складзе насельніцтва // Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946–2009 гг. / гал. рэд. М. Касцюк; рэд. тома У. Навіцкі. Мінск, 2011. С. 280–309.
[9] LaPierre B. Hooligans in Khrushchev’s Russia. Defining, Policing, and Producing Deviance during the Thaw. Madison, 2012. На адзін артыкул Б. Ла-П’ера пра хуліганства А. Гужалоўскі, што праўда, спасылаецца, калі абмяркоўвае ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных, але ён бярэ з артыкула фактаграфічную дэталь і адмаўляецца ад абмеркавання асноўных тэзісаў аўтара.
[10] Weiner D. A Little Corner of Freedom. Russian Nature Protection from Stalin to Gorbachёv. Berkeley – Los Angeles, 1999; Бон Т., Далгоўскі А., Кшоска М. Зубрыны неруш і сусветная спадчына. Гісторыя польска-беларускага нацыянальнага парку “Белавежская пушча” / пер. з ням. Ж. Некрашэвіч-Кароткай. Мінск, 2021.
[11] Гужалоўскі А. Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі, 1917–1929 гг. Мінск, 2017.

