БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Васіль Варонін. Бой каля вострава Гойдаў на Дзвіне: да становішча Полацкай зямлі ў другой траціне XIII ст.*

У другой траціне XIII ст. Полацкая зямля перажывала не самыя лёгкія часы. Ёй усё цяжэй было абараняць свае інтарэсы, мерацца сіламі з суседзямі і ахоўваць свае межы. На жаль, з прычыны нешматлікасці крыніц многія падзеі складанага працэсу заняпаду полацкай дзяржаўнасці застаюцца для нас цьмянымі або ўвогуле невядомымі. І толькі некаторыя з іх мы маем магчымасць разгледзець больш ці менш дэталёва. Адной з такіх малавядомых вайсковых падзей, якая адбылася ў 1266 г. на берагах Дзвіны, і прысвечана гэтая праца. Адначасова існуе патрэба яшчэ раз зірнуць на больш шырокі гістарычны кантэкст – а менавіта дзяржаўна-палітычнае становішча, у якім знаходзілася Полацкая зямля (Полацка-Віцебскае Падзвінне) у тыя бурлівыя дзесяцігоддзі.

Перш за ўсё скажам некалькі слоў пра твор, які стаў асноўнай крыніцай нашых ведаў пра першую выправу Даўмонта ў Літву і бой каля вострава Гойдаў. Гэта адзін з самых значных помнікаў пскоўскай агіяграфіі – Аповесць пра Даўмонта, або “Сказание о благовернем князи Домонте и о храбрости его”, як ён названы ў Пскоўскім другім летапісе. Твор неаднаразова друкаваўся, але самай поўнай і дасканалай яго публікацыяй з’яўляецца выданне В. Ахотнікавай [1].

На сёння часам стварэння пачатковай версіі Аповесці прызнана другая чвэрць XIV ст. [2] Твор захаваўся ў некалькіх рэдакцыях і мностве спісаў, але падзея, пра якую пойдзе гаворка, ва ўсіх іх апісана практычна аднолькава, у сувязі з чым спецыяльныя спасылкі на Аповесць не даюцца. У спасылках указаны толькі іншыя летапісныя і дакументальныя помнікі. З іх асабліва адзначым помнікі пскоўскага летапісання, Наўгародскі першы і Сафійскі першы летапісы. Усе яны таксама паведамляюць пра згаданую бітву. Прычым яна фігуруе ў гэтых творах не як фрагмент з біяграфіі Даўмонта, а як асобная, самастойная падзея. Яшчэ варта звярнуць увагу на шэсць мініяцюр маскоўскага Ліцавога летапіснага зводу, якія паказваюць сцэны паходу Даўмонта ў Літоўскую зямлю, “вялікай пагоні” літоўцаў і бою на Дзвіне. Яны апублікаваныя [3]. Зразумела, не можа быць гаворкі пра гістарычную дакладнасць гэтых выяў і іх адпаведнасць рэаліям XIII ст., бо Ліцавы звод быў створаны ажно праз трыста гадоў пасля таго. Але яны цікавыя з пункту гледжання ўяўленняў і гістарычнай памяці пра падзею.

Вядома, што ў хуткім часе пасля гібелі ў 1263 г. вялікага князя літоўскага Міндоўга ў Літве пачалася міжусобіца. Перамогу ў ёй атрымаў Войшалк – адзіны сын Міндоўга, які здолеў выжыць. У серыі жорсткіх сутыкненняў ён рашуча і хутка расправіўся са сваімі ворагамі. Сярод іншага, Войшалк здзейсніў у 1264 ці на пачатку 1265 г. паход на збунтаваныя балцкія вобласці Дзяволтву і Нальшчаны, дзе “городы… поимавъ, а ворогы своя избивъ” [4]. Відаць, у выніку менавіта гэтай выправы быў вымушаны пакінуць радзіму Даўмонт – адзін з галоўных ворагаў Войшалка і непасрэдны забойца яго бацькі. Даўмонт быў нальшчанскім князем, пра што прама паведамляе Іпацеўскі летапіс у запісе за 1262 г. [5] Недзе ў канцы 1265 г. Даўмонт, а разам з ім яшчэ трыста чалавек прыбылі ў Пскоў, хрысціліся, а сам Даўмонт, або Цімафей, як яго цяпер звалі, быў пасаджаны тут на княжанне [6].

Даўмонт выехаў у далёкі Пскоў, але літоўскія справы яшчэ доўгі час не давалі яму спакою. Уцякач меў і канкрэтную мэту – знішчэнне тамтэйшага князя Гердзеня, які быў, відаць, яго асабістым ворагам. Згодна з дакументам, датаваным 1260 г., Гердзень быў князем у Нальшчанах [7]. На жаль, мы дакладна не ведаем, што стала прычынай смяротнай варажнечы двух нальшчанскіх князёў. Канфлікт паміж Даўмонтам і Гердзенем мог мець маёмасныя падставы – напрыклад, паміж суседнімі князямі маглі існаваць нейкія зямельныя спрэчкі. Але, мяркуючы па тым, што варожасць Даўмонта ў адносінах да Гердзеня насіла надзвычай жорсткі, бескампрамісны характар, яна каранілася, хутчэй за ўсё, у нейкім асабістым канфлікце. Жаданне адпомсціць магло быць выклікана, напрыклад, абразай. Таксама справа магла быць у нейкім міжсямейным ці ўнутрысямейным канфлікце, бо князёў лучылі шчыльныя сваяцкія сувязі – жонка Гердзеня даводзілася Даўмонту цёткай [8]. Але самай праўдападобнай прычынай падаецца здрада. Магчыма, Гердзень нейкім чынам удзельнічаў у змове супраць Міндоўга, але потым перайшоў на бок Войшалка. Ці ў міжусобнай вайне, якая разгарнулася пасля смерці Міндоўга, Гердзень падтрымаў таго ж Войшалка і, адпаведна, павінен быў выступіць супраць Даўмонта. Князь, які прайграў і, больш за тое, быў вымушаны пакінуць радзіму, мог ацаніць такія яго дзеянні як здраду. Нарэшце, як нальшчанскі князь, Гердзень цалкам мог разлічваць на тое, што Войшалк, у якасці падзякі за дапамогу, аддасць яму ўладанні Даўмонта. Не выключана, што так яно і адбылося. Канчатковага адказу на пытанне няма, але вельмі падобна, што менавіта востры асабісты канфлікт паміж князямі стаў штуршком для далейшых падзей.

Усталяваўшыся ў Пскове, Даўмонт вырашыў разлічыцца са сваімі ворагамі. У 1266 г. ён сабраў войска, у якое ўваходзіла “три девяноста” – 270 чалавек пскавічоў, а таксама літоўцы, і здзейсніў паход у “землю Литовскую” – менавіта так Аповесць пра Даўмонта акрэслівае яго геаграфічную мэту. Пскоўскі князь ведаў, куды і навошта ішоў, і яго напад аказаўся ўдалым: Даўмонт “плени землю Литовскую и отечьство свое повоева”. На самой справе ён хадзіў, хутчэй за ўсё, на Нальшчаны, якія для пскоўскіх аўтараў былі Літоўскай зямлёй. Менавіта ў Нальшчанах знаходзіліся ўладанні Гердзеня, якія і былі галоўнай мэтай выправы пскоўска-літоўскага войска. Лёгкасць, з якой Даўмонт здолеў прайсціся па землях сваёй радзімы, была абумоўлена, сярод іншага, тым, што Гердзеня і іншых князёў не было дома. У выніку Даўмонт “все княжение его [Гердзеня] повоева”. У гістарыяграфіі можна знайсці розныя меркаванні адносна месца знаходжання Нальшчанаў. Але, хутчэй за ўсё, гэтая вобласць размяшчалася паміж Літвой, Лівоніяй і Полацкай зямлёй. Пра гэта сведчаць розныя факты. Напрыклад, лівонскія немцы хадзілі на Літву менавіта праз Нальшчаны. У 1263 г. Гердзень адыграў вядучую ролю ў заключэнні мірнай дамовы паміж Полацкам і Лівоніяй [9]. Праўда, яго статус на той момант канчаткова не высветлены, але зразумела, што палачане і немцы маглі даручыць такую місію толькі чалавеку, які быў добра знаёмы абодвум бакам. А самымі знаёмымі былі, вядома ж, суседзі.

Вярнуўшыся дадому, Гердзень хутка сабраў 700 чалавек і кінуўся ў пагоню. Разам з ім ішлі князі Гаторт, Люмбі і Люгайла. Дагнаць варожае войска ім удалося толькі на Дзвіне. Але Даўмонт, які быў дасведчаным вайсковым правадыром і выдатна ведаў тактыку дзеянняў літоўцаў, чакаў пагоню і прыняў меры перасцярогі. Пераправіўшыся цераз Дзвіну і прайшоўшы пяць вёрст, ён вырашыў падзяліць сваё войска: 180 чалавек адправіў з палонам у Пскоў, а сам з астатнімі 90 спыніўся тут лагерам. Апрача таго, князь пакінуў на беразе Дзвіны дазор: пскавіча Давыда Якунавіча і літоўца Луву, які вельмі хутка заўважыў пагоню. Маючы ў сваім распараджэнні зусім невялікія сілы, Даўмонт, тым не менш, вырашыў даць бой. Як толькі пагоня пераправілася цераз Дзвіну і стала на правым яе беразе, пскоўскі князь нанёс нечаканы магутны ўдар і разграміў яе. Ён вельмі ўдала абраў момант атакі, бо толькі частка войска праціўніка перайшла раку, а астатнія былі акурат на пераправе [10]. Менавіта гэтым, напэўна, і трэба тлумачыць той факт, што такая вялікая колькасць забітых літоўцаў аказалася ў Дзвіне. Аповесць пра Даўмонта паведамляе, што ў бойцы загінула шмат літоўскіх князёў, а аднаго з забітых – Гаторта (“Готортъ”) – яна называе нават вялікім князем. Але гэта не быў нейкі афіцыйны тытул – хутчэй, проста абазначэнне вышэйшага, у параўнанні з іншымі, статуса князя. Крыніца кажа, што частка літоўцаў патанула ў Дзвіне, семдзесят трупаў рака вынесла на востраў Гойдаў (“Гоидовъ”, сустракаецца таксама напісанне “Гаидовъ”, але яно яўна другаснае). Некаторыя целы паплылі да іншых астравоў ці далей уніз па цячэнні ракі. Большая частка ўдзельнікаў пагоні была знішчана. Паводле сцвярджэння наўгародскага летапісца, “толко убежа одинъ князь Гердень в мале дружине” [11]. Пскавічы, наадварот, панеслі невялікія страты. Аповесць паведамляе, што ў іх загінуў толькі адзін чалавек – Антон Лачкоў. Праўда, гэтая звестка выклікае сумненні, бо вельмі ўжо рэзка кантрастуе з вялікай колькасцю знішчаных ворагаў. Тым не менш, пераможца Даўмонт “с радостию… и съ многою корыстию” вярнуўся ў Пскоў. Пад гэтай “карысцю” трэба разумець і вялікі палон. Відаць, пскоўскае войска сапраўды захапіла шмат людзей. Сярод іх апынулася і сям’я Гердзеня: жонка і дзеці.

Самыя раннія рэдакцыі Аповесці не называюць дакладнай даты бітвы. Яна ўказана толькі ў пазнейшых апрацоўках – дзень памяці св. Лявонція Трыпалійскага, 18 чэрвеня. Цяжка сказаць, ці была гэта сапраўдная дата падзеі, ці яна была прыдумана пазней. Але той факт, што дзень пераможнага бою супаў з днём памяці хрысціянскага святога, які быў палкаводцам (ваяводам, як яго называе Аповесць), прымушае з некаторым сумненнем ставіцца да гэтай даты. Тым не менш, цалкам можа быць, што падзея сапраўды адбылася ў чэрвені.

На жаль, тагачасныя крыніцы не ўказваюць практычна ніякіх адметных геаграфічных аб’ектаў ці тапонімаў, якія дазволілі б дакладна лакалізаваць месца бою. Выключэннем з’яўляецца толькі востраў Гойдаў, згаданы ў Аповесці. Але геаграфічныя карты XIX – пачатку XXI ст. не ведаюць дзвінскага вострава з такой назвай.

У аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі захоўваецца вельмі рэдкая і каштоўная крыніца, якая мае назву: “Атлас промера реки Двины с показанием в оной Могилевского наместничества Сеннинского уезда от села Дарагакупова до города Риги островов, мелей, подводных и наружных камней, порогов, глубины и с означением для плавания по сей реке судам самого глубоководного путя” [12]. Дзяржаўныя межы, нанесеныя на атласе, а таксама іншыя дадзеныя ўказваюць на тое, што ён быў складзены ў перыяд паміж першым і другім падзеламі Рэчы Паспалітай, г. зн. паміж 1772 і 1793 г. Але самым праўдападобным часам стварэння атласа падаюцца 1770-я г. Помнік утрымлівае 52 карты і вельмі багатае на разнастайную інфармацыю “Примечание”. Адзначым, што атлас – важная крыніца не толькі па гістарычнай геаграфіі рэгіёна. Сярод іншага, у напісанні беларускіх тапонімаў вельмі выразна зафіксавана аканне. Праўда, часам назвы напісаны альтэрнатыўна: Дарагакупово / Дорогокупово, Варанай / Воронай і інш.

У гэтых тэкставых заўвагах да атласа і на шэрагу карт мы знаходзім востраў пад назвай Гойной, які ў некаторых выпадках названы таксама Варанай (Воронай) [13]. Востраў размяшчаўся недалёка ад упадзення ў Дзвіну ручая Гоннага (“Гонный”), ад якога, відаць, і атрымаў назву. Карты падаюць таксама іншыя арыенціры, па якіх можна лакалізаваць востраў на мясцовасці – ён знаходзіцца каля мястэчка Лявонпаль (стаіць на левым беразе Дзвіны) і каля вёскі Навікі (размешчана на правым яе беразе). Абодва населеныя пункты добра вядомыя. Вёска Лявонпаль і сёння існуе пад той самай назвай (на тэрыторыі Мёрскага раёна), а вёска Навікі значыцца на картах у межах Верхнядзвінскага раёна. Такім чынам, атлас дазваляе даволі надзейна ідэнтыфікаваць востраў Гойдаў. Як бачым, ужо ў часы складання гэтага помніка востраў меў прынамсі дзве назвы. Але і ў далейшым яны працягвалі змяняцца. Так, напрыклад, у канцы XIX ст. востраў называўся Лапацін [14].

Больш складаная задача – лакалізаваць дакладнае месца бою. З таго факта, што Дзвіна выносіла трупы загінулых ваяроў на востраў Гойдаў, вынікае, што сутыкненне адбылося вышэй па цячэнні. Але дзе менавіта? На карце ў раёне вострава і ўздоўж правага берага Дзвіны паказана вялікая мель. Аповесць пра Даўмонта кажа, што літоўская раць “перебродилася” праз Дзвіну – значыць, месца сутыкнення знаходзілася побач з мялінай, па якой можна было перайсці ўброд або адносна лёгка пераплыць раку. Такім чынам, цалкам магчыма, што пагоня пераходзіла раку ў непасрэднай блізкасці ад вострава Гойдаў, па тутэйшай мелі. Другім такім месцам магла быць мель, якая пазначана на картах – у тым ліку на сучасных – за некалькі кіламетраў вышэй за Гойдаў. На левым беразе ракі, з паўднёвага напрамку да гэтага месца сёння вядзе невялікая дарога, якая магла існаваць і ў даўнія часы.

У раёне, дзе, як мяркуецца, адбыўся бой, ёсць і іншыя аб’екты, якія могуць мець сувязь з гэтай падзеяй. Так, у Аповесці гаворыцца, што, пераправіўшыся цераз Дзвіну, Даўмонт і яго ваяры прайшлі яшчэ пяць вёрст і “сташа шатры на бору чисте”. Прыкладна за два кіламетры вышэй за востраў Гойдаў знаходзіцца вёска Шатрова. Праўда, яна ляжыць не за пяць вёрст ад Дзвіны, а на самым яе беразе. Апрача таго, назва вёскі можа паходзіць не ад слова шацёр, а ад мужчынскага імя Шайтар (Шайтор, Шайтур), якое было распаўсюджана на беларускіх землях у XVII–XVIII ст. [15] Напрыклад, у тым самым Верхнядзвінскім раёне ёсць вёска з назвай Шайтарава. Але ўсё ж цяжка даць упэўнены адказ на пытанне, ці існуе нейкая залежнасць паміж назвай вёскі і падзеямі, якія адбыліся ў гэтых мясцінах у 1266 г.

У XIII ст. Полаччына была тым рэгіёнам, па якім літоўскія дружыны рэгулярна праходзілі ў іншыя рускія землі. Асабліва цярпелі ад іх нападаў Пскоўшчына, Наўгародчына і Смаленшчына. Пскавічы і наўгародцы часам здзяйснялі выправы ў адказ. Так, у 1236 г. дзвесце пскавічоў у складзе саюзнага з лівонскімі немцамі і наўгародцамі войска ўдзельнічалі ў паходзе на Літву [16]. Ён скончыўся разгромам саюзнікаў у бітве пад Шаўляем. Відаць, адказам на гэтую акцыю сталі падзеі 1239 г., калі “избиша литва на Камне псковичь засадою” [17]. У 1247 г. зноў “избиша литва псковичь на Кудепи” [18]. Аднак прыблізна ў той час літоўцы спынілі свае напады на пскоўскія землі і пераключыліся на іншы напрамак – наўгародскі. У 1245 г. іх дружыны ваявалі “около Торжку и Бежици”, а ў 1253 г. блізу Таропца [19]. Можна даць розныя тлумачэнні таму, што літоўскія напады на Пскоўшчыну з пэўнага моманту спыніліся. Магчыма, літоўцы палічылі пскоўскія землі ўжо моцна абрабаванымі і не асабліва перспектыўнымі з гэтага пункту гледжання. Але на сітуацыю маглі паўплываць і, напрыклад, перамены, якія адбыліся ў Полацку. Змена ўлады тут магла прывесці да змены пазіцыі Полацка ў дачыненні як да Літвы, так і да Пскова. Новы полацкі князь – літоўскі ці падкантрольны літоўцам – мог дамовіцца з пскавічамі пра мірнае суіснаванне. На першы погляд падаецца, што літоўцам, у выпадку падпарадкавання Полацка, было выгадна зрабіць яго сваім плацдармам для атак на Пскоўшчыну. Але такая сітуацыя мела і адваротны бок. На напады, якія літоўцы здзяйснялі б з тэрыторыі Полацкай зямлі, пскавічы напэўна адказвалі б сваімі нападамі. Зразумела, яны былі б накіраваныя на полацкую тэрыторыю. Тут варта прыгадаць, што князь з мясцовай дынастыі – Брачыслаў – згадваецца ў Полацку пад 1239 г. [20] Ускосныя дадзеныя сведчаць, што праз шэсць гадоў ён усё яшчэ княжыў у Полацку. Апрача таго, улада Брачыслава распаўсюджвалася і на Віцебск, куды ў 1245 г. прыязджаў яго зяць Аляксандр Неўскі [21]. Змена ўлады ў Полацку адбылася паміж 1245 і 1258 г. Другая дата абазначае год, калі горадам ужо кіраваў Таўцівіл, пляменнік вялікага князя літоўскага Міндоўга. Праўда, апошнім часам выказана меркаванне, што Таўцівіл укняжыўся ў Полацку пазней – толькі ў 1260 ці нават у 1261 г. [22] Але ёсць факты, якія дазваляюць лічыць – гэта адбылося за нейкі час да 1258 г., пра што ўжо даўно пісалі даследчыкі. Напрыклад, вядома, што ў 1258 г. літоўцы і палачане здзейснілі паход на Смаленскую зямлю, у выніку якога захапілі Ваішчыну [23]. Летапіс не называе імя правадыра гэтай выправы, але вельмі падобна, што гэта быў Таўцівіл – і дзейнічаў ён ужо як полацкі князь. У тым самым годзе літоўцы хадзілі на Таржок – праўда, хутчэй за ўсё, гэта было ўжо іншае іх войска [24]. Разам з тым не чуваць, каб Таўцівіл здзяйсняў напады на Пскоўскую ці Наўгародскую зямлю. Наадварот, у 1262 г. наўгародцы “с литвою миръ взяша” [25]. Відаць, у заключэнні пагаднення браў нейкі ўдзел і Таўцівіл. Хутчэй за ўсё, дзеянне гэтай мірнай дамовы пашыралася і на Пскоў. Больш за тое, вынікам яе заключэння стаў вялікі паход, які восенню таго самага года аб’яднаныя сілы наўгародцаў, пскавічоў, літоўцаў і палачан здзейснілі на ордэнскі горад Юр’еў (нямецкая назва Дэрпт, сучасны эстонскі Тарту). Полацкае войска ўзначальваў князь Таўцівіл. Паход аказаўся паспяховым, горад быў узяты [26].

Тут варта больш падрабязна спыніцца на храналогіі княжанняў у Полацку ў другой траціне XIII ст. Гэтае пытанне неаднаразова ўздымалася ў гістарыяграфіі, але і да сёння яно застаецца дыскусійным. Ёсць падставы лічыць, што непасрэдным папярэднікам Таўцівіла на полацкім прастоле быў Канстанцін – бадай, самы загадкавы полацкі князь XIII ст. Ён вядомы ў першую чаргу тым, што аддаў частку латгальскіх уладанняў Полацка лівонскім немцам. У біяграфіі гэтай асобы шмат незразумелага. Выклікае пытанні ўжо само паходжанне князя. У літаратуры выказваліся самыя розныя меркаванні на гэты конт. Канстанціна называлі сынам полацкіх князёў Уладзіміра [27], Таўцівіла [28], князя Усевалада з Герцыке [29] і іншых [30]. Вельмі даўно Э. Бонэль выказаў гіпотэзу, што Канстанцін быў сынам Брачыслава Полацкага (і Віцебскага), пра храналогію і падзеі княжання якога была гаворка вышэй. Але гэты даследчык адразу і адмовіўся ад сваёй здагадкі, палічыўшы больш праўдападобным, што Канстанцін быў сынам Таўцівіла. Гэтая яго другая версія нейкі час лічылася праўдападобнай, але яна ўжо даўно раскрытыкавана і не разглядаецца ў сучаснай навуцы. Што ж да гіпотэзы пра паходжанне Канстанціна ад Брачыслава, дык яна мае і моцныя, і слабыя бакі. На карысць яе можа сведчыць тое, што Канстанцін, мяркуючы па ўсім, стаў пераемнікам Брачыслава. Хто, як не сын, павінен быў заняць месца бацькі? Але гэтая версія мае і слабы бок. Крыніцы называюць Канстанціна зяцем князя Аляксандра Яраславіча (Неўскага) [31]. Але ў такім разе атрымліваецца, што ён быў жанаты з уласнай пляменніцай, бо жонка Аляксандра была дачкой Брачыслава – а значыць, сястрой Канстанціна. На першы погляд, гэта моцны крытычны аргумент, які выключае выказанае дапушчэнне. Але насамрэч ён выглядае не так ужо пераканаўча. Справа ў тым, што на Русі зяцем называлі не толькі мужа дачкі, але і мужа сястры [32]. І тут перад намі адкрываецца зусім нечаканая, але вельмі зразумелая і яскравая карціна. Канстанцін, сын полацкага князя Брачыслава, быў жанаты з сястрой наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча. У сваю чаргу, Аляксандр узяў у жонкі дачку Брачыслава і сястру Канстанціна. Такі падвоены шлюб злучаў дзве княскія сям’і вельмі трывалымі сувязямі. А полацкія князі на тым этапе, бясспрэчна, мелі вельмі вострую патрэбу ў моцным знешнепалітычным саюзніку. Літоўцы і немцы ціснулі на іх з паўднёвага захаду і захаду, і гэты ціск быў надзвычай небяспечным. На ўсходзе пагрозу нёс Смаленск. Сярод іншага, прыналежнасць да мясцовай дынастыі тлумачыць, чаму Канстанцін так лёгка – у выніку заключанай дамовы – змог аддаць лівонскім немцам латгальскія ўладанні Полацка. Ён папросту лічыў, што мае на гэта поўнае права, бо быў спадчыннікам полацкай княскай дынастыі. Відаць, Канстанцін заняў полацкі пасад пасля смерці свайго бацькі Брачыслава і, такім чынам, яго княжанне прыпадае на перыяд паміж 1245 і 1258 г. Змена ўлады ў Полацку адбылася за нейкі час да 1258 г., калі тамтэйшым князем быў ужо Таўцівіл. На жаль, мы нічога не можам сказаць пра дакладны час і абставіны падзей, якія прывялі да гэтага. Але гіпотэза А. Кузьміна пра смерць Канстанціна паміж 1254 і 1258 г. [33] нічым не пацверджана. Прыход да ўлады ў Полацку іншага князя (Таўцівіла) сам па сабе не можа быць доказам смерці яго папярэдніка. Мы сустракаем згадкі пра Канстанціна і ў пазнейшы перыяд, калі яго дзейнасць была шчыльна звязана з Ноўгарадам. Ён меў там нават уласны двор, што добра тлумачыцца яго блізкім сваяцтвам з князем Аляксандрам Яраславічам, яго братам Яраславам і сынамі Аляксандра, а менавіта гэтыя асобы бесперапынна займалі княскі пасад у Ноўгарадзе ў сярэдзіне – другой палове XIII ст. Ён хадзіў разам з наўгародскім войскам у выправы на ўладанні лівонскіх немцаў і датчан у 1262 і 1268 г. У літаратуры даволі пашыраны погляд, згодна з якім полацкі князь Канстанцін і зяць Аляксандра Неўскага – гэта розныя асобы. Яго выказвалі, напрыклад, А. Сэларт, А. Кузьмін, С. Роўэл [34]. Адзначым яшчэ, што А. Кузьмін спрабаваў давесці, што гэты “другі” Канстанцін, які дзейнічаў у другой палове XIII ст. і нейкі час княжыў у Віцебску, нібыта быў сынам Расціслава (Барыса?) Мсціславіча з смаленскай дынастыі [35]. Але, па-першае, князь Канстанцін згадваецца з імем па бацьку Барысавіч толькі ў адным, познім, неаднаразова рэдагаваным і, у дадатак, даволі блытаным летапісе – Халмагорскім [36]. У шматлікіх іншых летапісах, якія таксама падаюць гэты фрагмент (пералік рускіх князёў, якія ўдзельнічалі ў паходзе на замак Ракавор / Ракверэ ў Паўночнай Эстоніі ў 1268 г.), Канстанцін паўсюль фігуруе без імя па бацьку. Па-другое, няма ніякіх доказаў таму, што другім імем Расціслава было імя Барыс.

Аўтар гэтых радкоў з шчырым шкадаваннем вымушаны згадаць, што ў свой час таксама падтрымліваў меркаванне пра існаванне двух Канстанцінаў [37]. Аднак сёння гэтая гіпотэза ўжо не выглядае для яго пераканаўча. Княжанне нашчадкаў Канстанціна Полацкага ў Віцебску – а яго сын Міхаіл займаў тамтэйшы пасад у апошняй чвэрці XIII ст. [38] – трэба разглядаць як доказ таго, што Канстанцін меў правы на гэты горад. Нагадаем, што ўлада яго бацькі Брачыслава пашыралася не толькі на Полацк, але і на Віцебск. Такім чынам, Канстанцін атрымаў правы на абодва падзвінскія гарады ад свайго бацькі. Але вось ці рэалізаваў ён іх? Княжанне Канстанціна ў Полацку – бясспрэчны факт. Але няма надзейных доказаў таму, што ён калі-небудзь княжыў у Віцебску. Згадка Канстанціна ў пасланні рыжскага магістрата да яго сына Міхаіла, строга кажучы, не можа быць такім доказам, бо ў ёй выразна не сказана, што Канстанцін княжыў менавіта ў Віцебску. Цалкам можа быць, што гэтая згадка датычылася таго часу, калі ён быў полацкім князем. Тым не менш, няма ніякіх падстаў катэгарычна адмаўляць тое, што на нейкім этапе жыцця Канстанцін валодаў Віцебскам.

Сказанае дае магчымасць прасачыць прамую лінію князёў: Брачыслаў – Канстанцін – Міхаіл. Яны належалі да мясцовай полацкай дынастыі і на гэтай падставе валодалі спадчыннымі правамі на Полацк і Віцебск. Больш складана адказаць на пытанне, ці заўсёды яны маглі рэалізаваць гэтае права і трымаць пад сваёй уладай абодва гарады? Відаць, Брачыслаў княжыў і ў Полацку, і ў Віцебску. Канстанцін таксама княжыў у Полацку, не выключана і яго віцебскае княжанне. У рыжскай грамаце, адрасаванай да Міхаіла Канстанцінавіча, ён названы віцебскім князем [39]. Магчыма, улада гэтага князя і абмяжоўвалася толькі Віцебшчынай. Вельмі сумнеўна, каб Міхаіл, напрыклад, перанёс сваю рэзідэнцыю з Полацка ў Віцебск і ўжо адтуль кіраваў усімі сваімі падзвінскімі ўладаннямі, абмежаваўшыся пры гэтым тытулам віцебскага князя і адкінуўшы больш ганаровы полацкі тытул.

У апошняй чвэрці XIII ст. віцябляне звярталіся са скаргамі на рыжан да смаленскіх князёў [40]. Гэты факт сведчыць пра тое, што ў згаданы перыяд Віцебск перыядычна трапляў у залежнасць ад Смаленска. Адпаведна, яго сувязь з Полацкам парушалася. На жаль, вельмі складана прасачыць дакладную паслядоўнасць падзей, якія адбываліся ў той час у гэтым рэгіёне. Абедзве рыжскія граматы, якія маглі б праліць святло на пытанне, не маюць дат, і сёння мы можам змясціць іх толькі ў вельмі шырокія храналагічныя межы.

Пасля забойства Міндоўга, які стаў ахвярай змовы Траняты, быў забіты і Таўцівіл – таксама ў выніку змовы. Гэта адбылося ў тым жа 1263 г., калі галава змовы запрасіў полацкага князя ў Літву, каб падзяліць “землю и добытокъ Миндовъговъ”. Відаць, Таўцівіл павінен быў удзельнічаць у гэтым, бо быў пляменнікам Міндоўга. Таўцівіл задумаў забойства новага вялікага князя літоўскага. Праўда, і сам Транята планаваў знішчыць полацкага князя – і апярэдзіў яго. Тут адзначым, што да забойства Таўцівіла меў самае непасрэднае дачыненне яго полацкі баярын Пракопій. Менавіта ён і распавёў староннім людзям пра патаемны намер свайго князя [41]. Між іншым, гэта азначае, што прадстаўнікі полацкага баярства не толькі ўваходзілі ў склад княскай рады Таўцівіла, але і што яны ўдзельнічалі ў абмеркаванні самых сакрэтных спраў. І Пракопій быў далёка не адзіным палачанінам у атачэнні Таўцівіла. Вядома, што пасля знішчэння князя яго забойцы “бояры полотьскыя исковаша” [42].

Далейшыя падзеі вакол Полацка развіваліся імкліва. Наўгародскі першы летапіс паведамляе, што “литва” – пэўна, у асобе новага вялікага князя Траняты – “посадиша свои князь в Полотьске” [43]. Але яго імя і дакладны час падзеі крыніцы не называюць. У найбольшай ступені на гэтую ролю падыходзіць ужо вядомы нам нальшчанскі князь Гердзень, а часам яго з’яўлення ў Полацку трэба лічыць восень 1263 г. 28 снежня 1263 г. у Рызе была складзена мірная дамова паміж палачанамі і віцяблянамі, з аднаго боку, і Ордэнам і горадам Рыгай, з другога. Грамата была выдадзена пад эгідай акурат згаданага літоўскага князя: “Князь Гердень кланяеться…”. Аднак на падставе граматы цяжка вызначыць статус і абсяг улады Гердзеня, бо яго тытул не мае геаграфічнай часткі. У свой час Ганна Харашкевіч заўважыла, што ў заключанай дамове Гердзень выконваў ролю пасрэдніка, а не полацкага князя [44]. Сапраўды, фармулёўкі, якія выкарыстаны ў дакуменце, цалкам дапускаюць такую інтэрпрэтацыю. Але разам з тым трэба мець на ўвазе, што мы маем справу з перакладам дакумента, а не з яго арыгіналам, які быў напісаны на лаціне. Пра гэта кажуць і асаблівасці мовы граматы, і той факт, што яна была напісана ў Рызе, дзе ў той час было правілам складаць міжнародныя дакументы на лацінскай мове. Наколькі дакладны быў пераклад, зроблены недзе на пачатку XV ст.? З улікам усяго сказанага ўсё ж нельга выключаць, што Гердзень сапраўды на нейкі час усталяваўся ў Полацку ў якасці князя.

Але гэты час быў нядоўгім. У 1264 г. да ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім прыйшоў Войшалк, сын Міндоўга. Напэўна, ён вельмі хутка паставіў у Полацку новага – падпарадкаванага сабе князя, якім стаў Ізяслаў. Пра сваю залежнасць ад Войшалка полацкі князь Ізяслаў пісаў у сваёй грамаце, якая таксама была накіравана да ўладаў Лівоніі: “А воли есми Божии и въ Молшелгове” [45]. Асоба Ізяслава не высветлена, але ён можа быць тоесны наваградскаму [46] князю, якога Іпацеўскі летапіс згадвае пад 1237 г., ці Ізяславу Свіслацкаму, якога тая самая крыніца згадвае пад 1256 г. [47]

Той факт, што ў сярэдзіне 1260-х г. Полацкам кіраваў князь, залежны ад Войшалка, дае адказ на пытанне, чаму Даўмонт пасля ўцёкаў з Літвы нават не паспрабаваў затрымацца ў горадзе над Дзвіной, а адразу накіраваўся ў няблізкі і патэнцыйна варожы яму Пскоў. Заўважым таксама, што па падзеях наступных гадоў вядома, што палачане па-ранейшаму прытрымліваліся саюзу ці, прынамсі, міру з Літвой. Пра гэта сведчыць хоць бы тое, што калі наўгародцы ў 1267 г. планавалі сваю чарговую ваенную акцыю, яны разглядалі ў якасці ворагаў як Літву, так і Полацк. З іншага боку, Ізяслаў, які тады княжыў у Полацку, не ўмешваўся ў дзеянні Даўмонта і не спрабаваў перашкаджаць яго выправам – прынамсі, крыніцы нічога не паведамляюць пра гэта.

Мы дакладна не ведаем, ці доўга Ізяслаў пракняжыў у Полацку. Але па аналогіі з ранейшымі падзеямі можна меркаваць, што адыход ад улады Войшалка, які адбыўся прыкладна ў 1267 г., і ўсталяванне ў Літве новага вялікага князя (Шварна Данілавіча) прывялі да яго замены. Наступны шасцідзесяцігадовы перыяд быў, бадай, самым цьмяным у гісторыі Полацка. Крыніцы не данеслі да нас нават імёнаў тутэйшых князёў. Толькі ў 1326 г. на старонках летапісаў зноў з’яўляецца адзін з іх – Воінь, брат Гедыміна.

Вышэй ужо было паказана, што князі з мясцовай дынастыі ўсяляк імкнуліся аб’яднаць Полацк і Віцебск пад адной уладай. Але тую самую тэндэнцыю можна прасачыць і ў дзейнасці іншых князёў, якія ўсталёўваліся ў Падзвінні. Дамовы Гердзеня і Ізяслава з Лівоніяй малююць вельмі падобную карціну: палачане і віцябляне выступаюць у іх разам. А Ізяслаў прама заяўляе: “Полотескъ Видьбескъ одно есть”. Магчыма, гэтая і падобныя фармулёўкі датычыліся ў першую чаргу гандлю, але іншыя артыкулы трактатаў выразна кажуць пра тое, што справа не абмяжоўвалася толькі ім. Напрыклад, пасля цытаванай фразы полацкі князь Ізяслаў дадае: “А Изяславъ со мною однъ”. Гэта значыць, што ён узгадніў сваю пазіцыю з другім Ізяславам – віцебскім князем. Падобна на тое, што кіраўнічыя эліты Полацка і Віцебска выдатна ўсведамлялі, як важна падтрымліваць еднасць, бо яе страта самым відавочным чынам вяла да аслаблення Полацкай зямлі – тым больш што на той момант яе даволі шырокія ў ранейшы час межы скараціліся да Сярэдняга Падзвіння. І гістарычныя прыклады таго, да чаго вяло раз’яднанне, былі зусім побач. Яшчэ была жывая памяць пра перыяд смаленскага панавання над Віцебскам і Полацкам у 1222–1232 г. Да еднасці падштурхоўвалі суседзі, бо і Ноўгарад, і Смаленск былі буйнымі зямельнымі і дзяржаўна-палітычнымі цэнтрамі. Тое самае можна сказаць і пра Вялікае Княства Літоўскае, якое літаральна расло на вачах. І гэтыя суседзі раз-пораз дэманстравалі сваю сілу двум падзвінскім гарадам. Палачане і віцябляне не маглі не разумець: каб захаваць самастойнасць, трэба трымацца разам. Іншая справа, што гэтую ідэю не заўсёды ўдавалася ўвасобіць у жыццё. Рэальнасць выявілася больш складанай. Адной толькі палітычнай волі аказалася мала. Падобна, што палачане і віцябляне мелі вялікія праблемы ў вайсковай справе, і яны не дазвалялі забяспечыць належную абараназдольнасць падзвінскіх зямель.

Абставіны бою каля вострава Гойдаў, а таксама звязаныя з ім падзеі даюць і іншы – трэба сказаць, даволі багаты і разнастайны матэрыял, які ўзбагачае нашы веды пра гэты рэгіён і эпоху. Спачатку спынімся на адным факце, які адзначылі пскоўскія і наўгародскія крыніцы. У розных рэдакцыях Аповесці пра Даўмонта сказана, што гэты князь “приде въ град Пльсковъ съ всемь родомь своимь” ці “с дружиною своею и со всем родомь своим, оставль очьство свое, землю Литовскую, прибеже во Псков”. А ў летапісах чытаем: “Тогда вбегоша въ Пльсковъ съ 300 литвы с женами и с детми”. З цытат вынікае, што Даўмонт прыйшоў у Пскоў разам з усім сваім родам, і ён налічваў прыблізна трыста чалавек, уключна з жанчынамі і дзецьмі. У родаплемянную эпоху, а таксама на ранніх этапах станаўлення дзяржаўнасці род быў, бадай, галоўнай сацыяльнай адзінкай. Генрык Лаўмяньскі, які прысвяціў гэтаму феномену шмат увагі, прыйшоў да высновы, што ў племянную эпоху самыя вялікія роды налічвалі па трыццаць – сорак сем’яў, а зрэдку і больш [48]. Такая ацэнка добра стасуецца з тым, што мы ведаем пра род князя Даўмонта. Трыста чалавек прыблізна і адпавядаюць 40–45 сем’ям. Такім чынам, род Даўмонта быў шматлікім. І тут варта яшчэ падкрэсліць, што ўплывовасць таго ці іншага роду ў тую эпоху вызначалася ў першую чаргу яго шматлюднасцю, а не іншымі характарыстыкамі – такімі, як, напрыклад, багацце, якое можна было лёгка страціць.

Крыніцы, якія распавядаюць пра бой каля Гойдава, данеслі да нас і іншы лічбавы матэрыял. Ён таксама падаецца цікавым і важным. Так, напрыклад, мы маем лічбы ваяроў, якія ўдзельнічалі ў сутыкненні. Аповесць пра Даўмонта паведамляе пра тое, што войска, якое гэты князь вёў на Літву, складалася з 270 пскоўскіх ваяроў. Да іх трэба яшчэ дадаць літоўцаў, якія належалі да “дружыны” і “роду” ці “дому” Даўмонта і якія прыйшлі з ім да Пскова з Літвы. Праўда, колькасць літоўцаў не магла быць дужа вялікай. Яна абмяжоўвалася, відаць, некалькімі дзясяткамі ваяроў. Згодна з Аповесцю, літоўская пагоня Гердзеня налічвала 700 чалавек. Хутчэй за ўсё, гэта завышаная лічба. Па-першае, пскоўскі аўтар быў зацікаўлены ў тым, каб павялічыць славу ад перамогі, якую атрымалі яго суайчыннікі, а па-другое, пскавічы – нават тыя, якія ўдзельнічалі ў паходзе, – наўрад ці мелі магчымасць высветліць сапраўдную лічбу ворагаў, што ішлі за імі пагоняй. Параўнальна невялікая колькасць ваяроў, якія ўдзельнічалі ў баявым сутыкненні, не павінна здзіўляць, бо гэта была тыповая для таго часу сітуацыя. Вайсковыя кантынгенты былі тады зусім нешматлікімі і часцей за ўсё абмяжоўваліся некалькімі сотнямі чалавек з кожнага боку. Так, напрыклад, у згаданым вышэй паходзе аб’яднаных саюзніцкіх сіл на Юр’еў у 1262 г. удзельнічала “полочанъ и литвы 500” [49]. А гэта была буйная вайсковая аперацыя.

Звернем увагу на спосаб лічэння, які мы сустракаем у Аповесці. Гэта крыніца паведамляе, што Даўмонт вёў з сабой у паход войска, якое складалася з “три девяноста” людзей. Паводле сведчання Жыгімонта Герберштайна, яшчэ ў першых дзесяцігоддзях XVI ст. у Маскоўскай Русі было пашырана лічэнне па сорак і па дзевяноста [50]. Мы бачым, што такім самым лічэннем карысталіся на паўночным захадзе Русі яшчэ ў XIII ст. Значыць, з’яву мож- на аднесці да старажытнарускай спадчыны.

Не быў выпадковым і той факт, што войска Даўмонта структурна складалася менавіта з трох частак. Розныя крыніцы паведамляюць, што ў той час для літоўцаў было ўласцівае шыхтаванне менавіта ў тры баявыя шэрагі. У Іпацеўскім летапісе мы знаходзім дэталёвае апісанне бітвы 1262 г., у якой уладзіміра-валынскі князь Васілька Раманавіч разбіў літоўцаў каля горада Небля, на возеры той самай назвы [51]. Летапісец так апавядае пра дзеянні войска нападнікаў: “литва же бяше стала при озере и, видивше полкы, изрядишас(я) и седоша во три ряды за щиты по своемоу норовоу…” [52]. Магчыма, падзел баявых сіл Даўмонта на тры часткі быў абумоўлены традыцыйнай для літоўцаў арганізацыяй войска. І, безумоўна, Даўмонт добра ведаў яе.

Аповесць паведамляе, што жонка Гердзеня, якую захапіў у палон Даўмонт, даводзілася яму цёткай. Напэўна, гэтым і трэба тлумачыць той факт, што яна і двое яе сыноў засталіся жыць. Вядома, што ўсе яны потым прынялі хрышчэнне; відаць, гэта адбылося ў Пскове. Гердзенева жонка атрымала хроснае імя Яўпраксія. Верагодна, адным з княжычаў, які трапіў разам з ёй у палон, быў Андрэй. Пазней ён стаў вядомым на Русі чалавекам: у 1289–1316 г. быў цвярскім епіскапам, а памёр у 1323 г. Летапісы прама кажуць пра яго: “бе бо сей Андрей родомъ литвинъ, сынъ Герденевъ, литовского князя” [53]. Андрэй быў другім па ліку цвярскім епіскапам, а першым – Сямён, полацкі ўладыка, які недзе ў 70-я г. XIII ст. перабраўся ў Цвер. Магчыма, ён меў даволі напружаныя адносіны з князем Канстанцінам.

Паход, у ходзе якога адбыўся бой каля вострава Гойдаў, быў першай, але не апошняй выправай Даўмонта на Літву. Ён яшчэ двойчы хадзіў туды: зімой 1266/67 г. і паўторна ў 1267 г., прычым у гэтым апошнім паходзе ўдзельнічалі не толькі пскавічы, але і наўгародцы [54]. У выніку трэцяй выправы пскоўскі князь нарэшце дасягнуў мэты і знішчыў свайго галоўнага ворага – Гердзеня. Пасля гэтага актыўнасць Даўмонта на літоўскім напрамку спынілася.

Бой, які адбыўся ў чэрвені 1266 г. каля вострава Гойдаў на Дзвіне, быў невялікім, але яскравым і вельмі паказальным эпізодам у гісторыі Полацкай зямлі. Хоць, напэўна, яшчэ большае значэнне ён меў для суседніх Пскова і Літвы. Бесперашкоднае перамяшчэнне замежных войскаў і іх баявое сутыкненне па абшарах Полаччыны не выклікалі ніякай рэакцыі палачан. Гэты дзіўны нейтралітэт яскрава сведчыць пра тое, што некалі магутны горад ужо не быў здольны поўнасцю кантраляваць усю тэрыторыю, якая яму належала. На працягу другой траціны XIII ст. полацкія князі, як маглі, спрабавалі супрацьстаяць аслабленню сваёй дзяржавы. Яны ўсяляк імкнуліся захаваць еднасць Полацка і Віцебска, шукалі моцнага знешнепалітычнага саюзніка – і на нейкі час знайшлі яго ў постаці Ноўгарада. Але ўсе гэтыя намаганні ў выніку не абаранілі Полацк ад экспансіі Літвы, князі якой у 50–60-я г. XIII ст. здолелі ўсталяваць сваю ўладу ў горадзе над Дзвіной.

 

The battle near the Hojdaŭ Island on the Dzvina River: To the situation of the Polack land in the second third of the 13-th century

Vasil Varonin

In the 1260s, the Duchy of Polack was in a difficult political and military situation. As a result, its territory became an arena of hostilities, including for external forces. A vivid and revealing episode of this military struggle was the battle that took place between the Pskov-Lithuanian army of Duke Daŭmont and the Lithuanian pursuit in June 1266 near the island of Hojdaŭ on the right bank of the river Dzvina. The Pskov-Lithuanian forces managed to win a resounding victory. Despite the fact that no more than eight hundred people from both sides participated in the battle, it became a notable event in the military history of Pskov, Lithuania, and Polack. The paper also examines several issues related to the difficult and tangled problem of the struggle for power and the chronology of reigns in the Duchy of Polack during the period when it increasingly fell into the sphere of influence of the young Grand Duchy of Lithuania.


* Артыкул падрыхтаваны ў рамках стыпендыяльнай праграмы EU4Belarus – SALT, фінансаванай Еўрапейскай Камісіяй.

[1] Повесть о Довмонте // Охотникова В. И. Псковская агиография XIV–XVII вв.: исследования и тексты. Т. 1. С.-Петербург, 2007. С. 351–570.

[2] Тамсама. С. 398, 407, 408.

[3] Охотникова В. И. Повесть о Довмонте (Исследование и тексты). Ленинград, 1985. С. 177–182.

[4] Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей (далей ПСРЛ). Т. 2. 2-е изд. С.-Петербург, 1908. Стб. 863. Паведамленне пра гэтыя падзеі змешчана ў канцы летапіснага артыкула за 6772 сакавіцкі год, а значыць, самым імаверным часам выправы Войшалка быў канец 1264 г. або студзень – люты 1265 г.

[5] Ипатьевская летопись. Стб. 859.

[6] Псковская 1-я летопись // Псковские летописи. Вып. 1. Москва – Ленинград, 1941. С. 13; Псковская 2-я летопись // Псковские летописи. Вып. 2. Москва – Ленинград, 1955. С. 21; Псковская 3-я летопись // Тамсама. С. 82; Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Москва – Ленин- град, 1950 (далей НПЛ). С. 85, 314.

[7] Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimoniis / уклад., падрыхт. да выд., пераклад А. Жлуткі. Мінск, 2005. С. 39, 40.

[8] Псковская 2-я летопись. С. 16.

[9] Полоцкие грамоты XIII – начала XVI в. Т. 1. Москва, 2015. С. 58.

[10] НПЛ. С. 85, 315.

[11] Тамсама.

[12] Российская национальная библиотека. Отдел рукописей. Эрм. 236.

[13] Тамсама. Арк. III, IX, карта № 33.

[14] Сапунов А. П. Река Западная Двина. Витебск, 1893. С. 172.

[15] Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мінск, 1966. С. 273.

[16] НПЛ. С. 74, 285; Софийская первая летопись старшего извода // ПСРЛ. Т. 6. Вып. 1. 2-е изд. Москва, 2000. Стб. 288.

[17] Псковская 1-я летопись. С. 13; Псковская 3-я летопись. С. 81.

[18] Псковская 1-я летопись. С. 13; Псковская 2-я летопись. С. 21; Псковская 3-я летопись. С. 88.

[19] НПЛ. С. 80, 307; Софийская первая летопись старшего изво- да. Стб. 317, 330–331.

[20] НПЛ. С. 77, 289.

[21] Тамсама. С. 79, 304.

[22] Борейша Ю. Л. О хронологии правления князей в Полоцке во второй половине XIII в. Минск, 2018. С. 14–17.

[23] НПЛ. С. 82, 310.

[24] Тамсама.

[25] Тамсама. С. 83, 311.

[26] Тамсама. С. 83, 311–312; Псковская 3-я летопись. С. 82.

[27] Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896. С. 143.

[28] Bonnell E. Russisch-Liwlӓndische Chronographie. St. Petersburg, 1862. II. Abtheilung. P. 239.

[29] Ibid. I. Abtheilung. P. 75.

[30] Сэларт А. Полацкі князь Канстанцін і гісторыя Інфлянтаў у трэцяй чвэрці XIII ст. // БГА. 2004. Т. 11. Сш. 1–2. С. 3.

[31] НПЛ. С. 83, 312.

[32] Словарь русского языка XI–XVII вв. Вып. 6. Москва, 1979. С. 73.

[33] Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII – начала XV в. // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2007. № 2 (28). С. 38.

[34] Rowell S. C. Lithuania Ascending: a pagan empire within east-central Europe, 1295–1345. Cambridge, 1994. P. 21.

[35] Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII – начала XV в. С. 40–41.

[36] Холмогорская летопись // ПСРЛ. Т. 33. Ленинград, 1977. С. 73.

[37] Варонін В. Полацкі і цвярскі епіскап XIII стагоддзя Сімяон: вехі біяграфіі і дзейнасці // БГЧ. 2012. № 10. С. 15.

[38] Русско-ливонские акты. С.-Петербург, 1868. С. 26–28.

[39] Тамсама. С. 26.

[40] Тамсама. С. 18.

[41] Ипатьевская летопись. Стб. 861.

[42] НПЛ. С. 84, 313.

[43] Тамсама.

[44] Полоцкие грамоты XIII – начала XVI в. Т. 2. Москва, 2015. С. 9.

[45] Тамсама. Т. 1. С. 59.

[46] У сучаснай беларускай гістарыяграфіі найбольш пашыраны менавіта такі варыянт назвы горада – Наваградак. Але ў XIII–XVI ст. агульнапрынятай была назва Новъгородокъ. Менавіта яна фігуруе практычна ва ўсіх тагачасных крыніцах: ад старажытнарускіх летапісаў, у тым ліку найважнейшага Іпацеўскага, да актавага матэрыялу, які належыць да пісьмовай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

[47] Ипатьевская летопись. Стб. 776, 831.

[48] Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. T. 1. Wilno, 1931. S. 367.

[49] НПЛ. С. 83, 312.

[50] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. Москва, 2008. С. 272, 273.

[51] Сучасная назва возера – Нобель, яно знаходзіцца прыкладна за 35 км на паўднёвы захад ад Пінска, цяпер – на тэрыторыі Ровенскай вобласці Украіны. У той час гэтая мясцовасць належала, праўдападобна, да Пінскага княства. На карысць гэтага сведчыць гістарычная геаграфія рэгіёна, а таксама той факт, што адзначыць перамогу разам з Васількам прыехалі пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юрый.

[52] Ипатьевская летопись. Стб. 856.

[53] Симеоновская летопись // ПСРЛ. Т. 18. С.-Петербург, 1913. С. 23, 82; Типографская летопись // ПСРЛ. Т. 24. Петроград, 1921. С. 105.

[54] НПЛ. С. 85, 315.

Наверх