Генадзь Сагановіч. Гістарычны рэвізіянізм нацыянальнай інтэлігенцыі ў БССР эпохі адлігі
Іншадумства і нонканфармізм гуманітарнай інтэлігенцыі БССР паслясталінскага перыяду, ужо тэматызаваныя ў апошніх нумарах часопіса [1], застаюцца маладаследаванымі і заслугоўваюць больш глыбокага, рознабаковага вывучэння. Ніжэй мы спрабуем разглядаць феномен іншадумства акадэмічных гуманітарыяў і пісьменнікаў тагачаснай Беларусі скрозь прызму паняцця гістарычнага рэвізіянізму, які змяшчае саму з’яву ў больш шырокі кантэкст і задае іншыя сувязі.
“Рэвізіянізм” – адзін з найбольш контраверсійных тэрмінаў сацыяльных і гуманітарных навук. Само гэтае слова звычайна выклікае негатыўныя асацыяцыі. Праблемнасць “рэвізіянізму” як тэрміна звязана галоўным чынам з тым, што ад свайго з’яўлення, ці ад канца ХІХ ст., калі так сталі называць прапанаваную Эдуардам Бернштайнам у нямецкай сацыял-дэмакратыі рэфармісцкую версію марксісцкага вучэння, гэтае азначэнне ўжывалася ў палітычных кантэкстах і было абцяжарана палітычнымі канатацыямі. У савецкія часы яго выкарыстоўвалі для асуджэння тых, хто пераглядаў асновы праўдзівага, як лічылася, марксізму-ленінізму, – рэвізіянізм клеймавалі як галоўную небяспеку для камуністычнага руху [2]. І калі ў ХХ ст. з гэтым тэрмінам трывала асацыяваўся перагляд марксісцкай тэорыі, то ў нас час ён усё больш звязваецца з адмаўленнем генацыду еўрапейскіх яўрэяў у час ІІ сусветнай вайны. Выкарыстанне тэрміна ў акадэмічнай сферы не вызваліла яго ад палітычных асацыяцый, а ў некаторым сэнсе нават узмацніла іх, паколькі ўсе дэбаты рэвізіяністаў мелі і маюць палітычныя ці публічныя імплікацыі [3].
Хоць па вызначэнні “рэвізіянізм” – гэта тое, што прапануе іншае бачанне, альтэрнатыўнае раней усталяванаму і агульнапрынятаму, іншымі словамі – “новую праўду” замест “старой”, у навуковай літаратуры гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца без належнай яснасці адносна таго, што аўтары ў яго ўкладаюць. Змест паняцця звычайна залежыць ад пункту гледжання тых, хто ім карыстаецца. Не так даўно Авіцэр Такер прапанаваў аддзяляць гістарыяграфічную рэвізію, з аднаго боку, і рэвізіянізм, ці рэвізіянісцкую гістарыяграфію, з другога [4]. Апошнюю ён надзяляе імунітэтам да новых звестак, стратэгіяй размывання мяжы паміж праўдай і фікцыяй і да т. п. Калі пад рэвізіяністамі разумець адмаўленцаў Халакосту, як гэта робіць аўтар, ці падобных да іх маніпулятараў гістарычнымі фактамі, то раздзяленне несумненна слушнае. Аднак тэрміналагічна яно штучнае, а галоўнае – размывае мяжу паміж сапраўдным рэвізіянізмам як з’явай навуковай гістарыяграфіі з яе устаноўкай на крытычнае мысленне, з аднаго боку, і адмаўленнем гістарычных фактаў, ці негацыянізмам (negationism), з другога. Такое іх ураўнанне можа служыць інтарэсам радыкальнага постмадэрнізму і праз гэта шкодзіць гісторыі як навуцы [5].
Зводзіць рэвізіянізм да адмаўлення Халакосту – гэта вялікая аберацыя. Будучы дзіцём эпохі Асветніцтва, рэвізіянізм, у адрозненне ад постмадэрнізму, не адмаўляе асноў пазнання, канцэпту праўды і магчымасці дайсці да яе розумам. Сярод атрыбутаў рэвізіянізму як нармальнай, легітымнай іпастасі навуковай актыўнасці даследчыкі называюць унутраны крытыцызм, анты-афіцыйцыйную (anti-establishment) пазіцыю, патрэбу выхаду з-пад паноўнай ідэалогіі з яе міфамі дзеля новага кансэнсусу, а таксама імкненне ўмацаваць навуковы грунт гістарыяграфіі [6].
Рэвізіянізм быў і ёсць рухавіком абнаўлення гістарыяграфіі [7]. Сам Леапольд фон Ранке, які заслужыў імя “бацькі” сучаснай гісторыі як навуковай дысцыпліны, быў свядомым і радыкальным рэвізіяністам – пісаў пра патрэбу “грунтоўнай крытычнай рэвізіі” ўсёй гісторыі XVI ст. Яго “Geschichten der romanischen und germanischen Völker” – выдатны прыклад такой рэвізіі, якая стала паваротным пунктам у развіцці сучаснай гістарыяграфіі [8]. Славутую школу “Аналаў” спачатку таксама характарызавалі як плынь гістарычнага рэвізіянізму [9]. Сярод плеяды яркіх фігур плённага для навукі гістарычнага рэвізіянізму другой паловы ХХ ст. дастаткова згадаць нямецкага гісторыка Фрыца Фішара і французскага Франсуа Фюрэ. Першы ў кнізе “Griff nach der Weltmacht. Die Kriegszielpolitik des kaiserlichen Deutschland 1914/1918” [10] выступіў з абгрунтаванай думкай аб тым, што Першая сусветная вайна пачалася з-за імперыялістычных дамаганняў Нямеччыны. Паколькі такія погляды пярэчылі кансэнсусу нямецкай гістарыяграфіі, то кніга прадказальна выклікала вялікія спрэчкі і прычынілася да развіцця гістарыяграфіі. Французскі гісторык Фюрэ, хоць да 1956 г. належаў да камуністычнай партыі, у працы “Penser la Révolution française” [11] адкінуў класічную марксісцкую інтэрпрэтацыю Французскай рэвалюцыі і паказаў яе вынікам не столькі сацыяльнай і класавай барацьбы, колькі канфлікту эгалітарных і дэмакратычных ідэй. Нонканфармізм аўтара ў стаўленні да ранейшых поглядаў дазволіў яму дэміфалагізаваць рэвалюцыйны працэс і прапанаваць зусім новыя крытэрыі вывучэння рэвалюцыі, што забяспечыла даследчыку імя вялікага рэвізіяніста.
Як зазначыў вядомы брытанскі эксперт у метадалогіі гуманітарных ведаў Артур Марвік, само рамяство гісторыка прадугледжвае пастаянную крытыку, пераацэнку прац іншых, і практычна “кожны тэзіс, які калісь быў значны для нейкай важнай гістарычнай тэмы, робіцца аб’ектам «рэвізіянізму», «рэ-рэвізіянізму» і, магчыма «рэрэ-рэвізіянізму»”, таму словамі-налепкамі “рэвізіянізм” і “рэвізіяністы” трэба карыстацца абачліва [12].
Падзяляючы заўвагу Марвіка наконт асцярожнага абыходжання з тэрмінам “рэвізіянізм”, які лепш не ўжываць без ясна акрэсленага значэння і кантэксту [13], адразу вызначымся: тут і далей пад гістарычным рэвізіянізмам будзем разумець імкненне да перагляду (рэінтэрпрэтацыі, рэвізіі) усталяваных палітычна значных тлумачэнняў мінулага, аспрэчванне агульнапрынятых інтэрпрэтацый гісторыі.
* * *
Пасля смерці Сталіна, асабліва пасля ХХ з’езда КПСС, у сацыялістычных краінах, найперш у Югаславіі, Венгрыі і Польшчы, узніклі рухі за рэвізію самога марксізму, палітычны плюралізм і грамадзянскія правы. У СССР для такога палітычна-ідэалагічнага рэвізіянізму не было ўмоў, затое хапала спробаў удасканаліць марксізмленінізм як метадалагічную аснову разумення гісторыі і адысці ад дагматычных схем сталінскай эпохі [14]. Прыкладаў аспрэчвання афіцыйнай версіі мінулага сваёй краіны ў гады адлігі было дастаткова і ў БССР, хоць яна не без падстаў лічылася самай ціхай савецкай рэспублікай.
Перш чым звярнуцца да спробаў рэвізіі гісторыі ў БССР, трэба акрэсліць галоўныя контуры таго тлумачэння мінулага, якое функцыянавала ў афіцыйным дыскурсе рэспублікі. Першая акадэмічная “Гісторыя БССР” як кананізаваны варыянт асвятлення гісторыі краіны была падрыхтавана ў канцы 40-х – першай палове 50-х гадоў [15]. Перад тым партыйнае кіраўніцтва рэспублікі зганіла як “нацыяналістычныя і антынавуковыя” нясмелыя спробы нацыянальна-патрыятычнага трактавання айчыннага мінулага. У аснову канцэпцыі першага тома “Гісторыі БССР”, якая звязала мінулае Беларусі з гісторыяй Расіі і адмаўляла ўсялякую магчымасць дзяржаўнай гісторыі беларускага народа ў адрыве ад Масквы, ляглі “Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР” [16], распрацаваныя па ўказаннях ЦК КПБ. Пасля ХХ з’езда партыі акадэмічны Інстытут гісторыі хутка перапрацаваў і перавыдаў свой двухтомнік, які на справе аказаўся злёгку падпраўленым варыянтам папярэдняга, толькі без спасылак на “правадыра народаў”. У асвятленні гісторыі дарэвалюцыйнага перыяду тут праводзілася ідэя аб адзінай старажытнарускай народнасці і пачатковым адзінстве Русі, а ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага было паказана як захопы літоўскімі феадаламі заходніх земляў Русі і падпарадкаванне беларускіх тэрыторый чужой уладзе. Да беларусаў (беларускай народнасці) аўтары залічвалі толькі праваслаўных сялян і бедную частку гарадскога насельніцтва (каталікі ператвараліся ў “іншароднае цела”), якія пастаянна імкнуліся да “ўз’яднання з Масквой”. Праз усе раздзелы чырвонай ніткай праходзіў цэнтральны тэзіс пра аб’ектыўную неабходнасць і гістарычную справядлівасць “уз’яднання”. У такім кантэксце заключэнне Брэсцкай царкоўнай уніі разглядалася як спроба Ватыкана і польскіх магнатаў “адарваць беларускі народ ад рускага” праз гвалтоўнае навязванне каталіцызму. Палітычна акрэслены беларускі нацыянальны рух ацэньваўся як “буржуазны нацыяналізм”, а звязаная з ім літаратура была абвешчана рэакцыйнай і фактычна выкрэслівалася з гісторыі народа. Газету “Наша Ніва” ў акадэмічным двухтомніку гісторыкі назвалі “органом белорусских буржуазных националистов”, які адмаўляў класавую барацьбу ў беларускай нацыі, прапаведаваў лозунг “внеклассовой единой национальной культуры” і нават нібыта падтрымліваў царызм [17]. Такая самая характарыстыка “Нашай Нівы” ўвайшла і ў перапрацаваную версію “Гісторыі БССР” [18], хоць тая рыхтавалася ў гады адлігі. Беларускіх творцаў нашаніўскага перыяду ў ёй падзялілі на два процілеглыя лагеры – рэвалюцыйна-дэмакратычны (Купала, Колас і інш.) і буржузна-нацыяналістычны (Каганец, Гарун і інш.). Пры гэтым, як сцвярджалі аўтары, “белорусские буржуазные националисты всячески боролись против революционно-демократического направления в творчестве Я. Купалы, Я. Коласа и других поэтов-демократов” [19].
Падобнай была ацэнка “Нашай Нівы” і ў “Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры”, падрыхтаваных акадэмічным Інстытутам літаратуры і мастацтва ў якасці дапаможніка для студэнтаў філалагічных факультэтаў рэспублікі. Выданне ўбачыла свет ужо пасля ХХ з’езда партыі, аднак стваралася яно раней, калі аўтары мусілі арыентавацца на такую ж партыйную распрацоўку, як і гісторыкі – “Тэзісы па асноўных пытаннях гісторыі беларускай літаратуры” [20]. Праўда, там “Нашу Ніву” аднеслі да “буржуазна-ліберальнага напрамку” і прызналі яе станоўчае значэнне хоць бы ў тым, што на старонках тыднёвіка друкаваліся “рэвалюцыйна-дэмакратычныя” пісьменнікі на чале з Купалам і Коласам, нібыта нязгодныя з устаноўкамі “на прымірэнне класавых супярэчнасцей” [21]. Уся ўвага ў “Нарысах” была аддадзена творцам “рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку” на чале з Купалам, Коласам і Цёткай, а спадчына Алеся Гаруна, Ядвігіна Ш., Аляксандра Ельскага і іншых была аднесена да літаратуры “буржуазна-нацыяналістычнай”. Тыя, хто “праводзіў контррэвалюцыйную ідэю бяскласавасці беларускай нацыі”, не маглі прадстаўляць беларускую літаратуру [22].
Сапраўдная вартасць гісторый, напісаных у сталінскую эпоху, адкрылася толькі дзякуючы ХХ з’езду КПСС. Абнаўленчы дух яго гістарычных рашэнняў перадаў сакавіцкі нумар часопіса “Вопросы истории”. Хоць у перадавым артыкуле гаварылася аб гісторыі партыі [23], адзначаныя ў ім праблемы датычылі гістарычнай навукі ў цэлым. “Культ асобы”, у час якога кожнае слова правадыра выдавалася за навуковае адкрыццё, прывёў да пашырэння ў навуцы “широкого распространения начетничества, догматизма и цитатничества”, гаварылася ў перадавіцы. Каштоўнасць архіўных матэрыялаў была пастаўлена пад сумненне, пошук новых крыніц сталі лічыць непатрэбным, гістарыяграфія прадмета таксама страціла ўсялякае значэнне. А па-сапраўднаму навуковую гісторыю немагчыма стварыць без дасканалага вывучэння крыніц, пераадолення дагматызму і цытатніцтва. “Правильное решение назревших вопросов возможно прежде всего в результате коллективных усилий историков, в итоге свободного обмена мнениями, творческих дискуссий и серьезных научных исследований” [24], – сцвярджалі аўтары перадавіцы і заклікалі гісторыкаў смялей пачынаць працу па-новаму.
Акцэнтаванне ў цытаваным звароце калектыўнага характару даследчай працы, свабоднага абмену думкамі і творчых дыскусій як новага спосабу рашэння навуковых праблем датычыла ўсёй гістарычнай навукі і стала важнай перадумовай узнікнення крытычных падыходаў не толькі да ранейшага выкладу гісторыі партыі. Гэтым заклікам натхняліся ўсе тыя, хто паверыў у новы курс і магчымасць навуковага вывучэння мінулага наогул [25]. Пераважна гэта былі людзі ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў – пакаленне, якое пазней назвалі шасцідзясятнікамі.
У Мінску галасы нязгоды з афіцыйнай версіяй айчыннай гісторыі і літаратуры, выкладзенай у абагульняльных акадэмічных выданнях, загучалі адразу пасля ХХ з’езда партыі, як толькі ў краіне змяніўся палітычны клімат [26]. Адметна, што выказваць іх пачалі гісторыкі літаратуры, літаратуразнаўцы, якія звярнуліся адразу не да пытанняў далёкага мінулага, а да праблем нацыянальнай культуры ХХ ст. Першым клопатам стала імкненне вярнуць у гісторыю выкрасленыя імёны і цэлыя аб’яднанні пісьменнікаў – тых, каго партыя запісала ў “буржуазныя нацыяналісты” і ачарніла. Спачатку гэта рабілася вельмі асцярожна.
Адным з першых выступіў Юльян Пшыркоў з акадэмічнага Інстытута літаратуры і мастацтва. Спасылаючыся на рашэнні партыйнага з’езда, ён прапанаваў адкінуць ранейшы схематызм і “пераглядзець ацэнку творчасці пісьменнікаў мінулага”, бо ранейшая крытыка “наламала дроў” [27]. Даследчык заклікаў адмовіцца ад сталінскай перыядызацыі ў гісторыі літаратуры і назваў “груба памылковымі” ярлыкі вульгарнай крытыкі мінулай эпохі, навешаныя на літаратурныя аб’яднанні “Маладняк”, “Полымя” і “Узвышша”. Неўзабаве пасля гэтага літаратуразнаўца Рыгор Шкраба, гаворачы пра тыя недахопы, якія трэба пераадолець для стварэння “сапраўды навуковай гісторыі беларускай літаратуры”, падкрэсліў патрэбу ў працы з крыніцамі і ў творчых дыскусіях, у сувязі з чым згадаў недастатковую вывучанасць дзейнасці газеты “Наша Ніва” і літаратурных арганізацый 20-х гадоў. “У нас ёсць прыхільнікі ацэнкі «Нашай Нівы», дадзенай на старонках «Гісторыі БССР», ёсць і праціўнікі гэтай ацэнкі. Чаму б Інстытуту літаратуры і мастацтва не арганізаваць творчую дыскусію, каб даць людзям магчымасць публічна выказацца па гэтаму пытанню” [28], – прапанаваў Шкраба.
Увосень 1956 г. ужо па-сапраўднаму смелым словам супраць афіцыйных установак і ацэнак у гісторыі беларускай літаратуры стала лімаўская публікацыя прафесара і тагачаснага дэкана філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктара філалагічных навук Міхася Ларчанкі [29]. Смелым, бо ў недалёкім мінулым Ларчанка ўжо быў звінавачаны ў “грубых палітычных памылках” і адыходзе ад прынцыпаў партыйнасці за спробу рэабілітаваць спадчыну Алеся Гаруна [30]. Гэтым разам даследчык выступіў з крытычным аглядам манаграфій і акадэмічных абагульняльных прац па гісторыі беларускай літаратары [31], якія ён узяўся ацэньваць у святле задач, пастаўленых перад беларускім літаратуразнаўствам “гістарычнымі рашэннямі ХХ з’езда”. Сярод недахопаў і нявырашаных праблем папярэдніх выданняў ён назваў механічны перанос схемы перыядызацыі з “Краткого курса истории ВКП(б)” у гісторыю літаратуры, а таксама аднабаковы падыход да паказу развіцця беларускай літаратуры, пры якім “уся справа зводзіцца не да ўзаемасувязей і ўзаемадзеяння брацкіх літаратур, а толькі да ўплыву рускай літаратуры на беларускую” [32]. Трэба паказваць і жыватворнае ўздзеянне беларускай літаратуры, падкрэсліў Ларчанка і нагадаў пра Скарыну, які распачаў кнігадрукаванне “на простай мове народа” амаль на паўстагоддзе раней за Івана Фёдарава. Апошні карыстаўся скарынаўскімі выданнямі, быў паслядоўнікам беларускага першадрукара, а кнігі самога Скарыны пашыраліся не толькі ў Беларусі і Украіне, але таксама ў Расіі, нагадаў прафесар і перайшоў да галоўнага пытання свайго артыкула.
Каб стварыць сапраўды навуковую гісторыю беларускай літаратуры, неабходна ўлічваць спецыфіку кожнай эпохі, плюсы і мінусы кожнай з’явы, падкрэсліў Ларчанка і заклікаў перагледзець ацэнку творчасці Каруся Каганца, Ядвігіна Ш. і Алеся Гаруна, пра якіх у “Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры” не сказалі ні слова, а таксама “Нашай Долі” і “Нашай Нівы”. Аўтар прызнаў, што жыццё і творчасць названых пісьменнікаў былі “супярэчлівыя”, яны “дапускалі памылкі нацыяналістычнага характару”, аднак іх не трэба змешваць з “рэакцыйнымі пісьменнікамі” і толькі на гэтай падставе выкрэсліваць з гісторыі беларускай літаратуры [33]. Фактычна, не адмаўляючы афіцыйнага падзелу пісьменнікаў нашаніўскага перыяду на два лагеры, “рэвалюцыйна-дэмакратычны” і “буржузна-нацыяналістычны”, Ларчанка залічыў Гаруна, Каганца і Ядвігіна Ш. да творцаў “прагрэсіўнай” плыні, што дазволіла яму па-іншаму сказаць і пра газету. Дзейнасць такіх пісьменнікаў “надавала «Нашай Ніве» дэмакратычны характар… рабіла газету прагрэсіўнай, патрэбнай і карыснай”, сцвярджаў прафесар, стараючыся зняць з газеты кляймо “буржуазна-нацыяналістычнага” выдання, навешанае “Гісторыяй БССР” і “Нарысамі па гісторыі беларускай літаратуры”. Аўтар прывёў шмат фактаў, у тым ліку спаслаўся на Леніна, каб паказаць пазітыўную ролю тыднёвіка ў гісторыі беларускай асветы, літаратуры, мастацтва і культуры наогул.
Напрыканцы артыкула Ларчанка звярнуўся да літаратурнага працэсу 20-х гадоў і выказаўся за неабходнасць перагледзець таксама ацэнку літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”: раней іх лічылі “нацыяналістычнымі”, але цяпер стала ясна, што яны былі “савецкімі”, напісаў ён і яшчэ раз падкрэсліў, што сапраўды навуковую гісторыю беларускай літаратуры не ўдасца стварыць без уважлівага вывучэння складаных з’яў, даследавання новых матэрыялаў і ўдакладнення ацэнак [34]. Не аспрэчваючы асноўных закідаў у адрас “Нашай Нівы” і беларускага руху, выказаных у выданнях першай паловы 50-х гадоў, прафесар БДУ выступіў з першай спробай рэабілітацыі “Нашай Нівы”, па-сутнасці цалкам кампраміснай [35]. Аднак яго публікацыя выклікала негатыўную рэакцыю ў самых вярхах рэспублікі.
Савецкае дзяржаўна-партыйнае кіраўніцтва ў Маскве хутка адраклося ад абнаўленчых ідэалаў ХХ з’езда. Пасля падзей у Польшчы і асабліва ў Венгрыі, дзе ўвосень 1956 г. фактычна перамагла дэмакратычная рэвалюцыя, задушаная савецкім войскам, яно баялася развіцця сітуацыі ў падобным накірунку і старалася абмяжоўваць дэсталінізацыю, вяртаючы грамадска-палітычныя працэсы пад кантроль. У канцы 1956 г. аб’ектам крытыкі з боку праціўнікаў “курса ХХ з’езда” стаў і часопіс “Вопросы истории” з тымі гісторыкамі, якія падтрымалі абвешчаную ім перабудову гістарычнай навукі. А ў сакавіку 1957 г. ЦК КПСС прыняў пастанову “О журнале «Вопросы истории»”, у якой часопіс быў абвінавачаны ў “адыходзе ад ленінскіх прынцыпаў партыйнасці ў навуцы”. Публікацыя такой пастановы стала сур’ёзным ударам па спробах абнаўлення савецкай гістарыяграфіі [36].
У Мінску ж сітуацыю адпачатна трымала пад кантролем кансерватыўнае кіраўніцтва партыі, якое імкнулася не дапускаць праяў якога б там ні было вальнадумства. Не прайшло і месяца, як артыкул Ларчанкі стаў прадметам крытыкі з боку сакратара ЦК КПБ Цімафея Гарбунова спачатку на пасяджэнні парткама БДУ, а потым на адкрытым партыйным сходзе ўніверсітэта. Ганячы прафесара за “недапушчальную” спробу перагляду ўстаноўленых партыяй ацэнак, Гарбуноў абвінаваціў таго ў буржуазным нацыяналізме. Але злавеснае кляймо ўжо не выклікала ранейшага страху. І сам Ларчанка на сходзе смела адстойваў сваю пазіцыю, гаворачы аб праве на пошук гістарычнай праўды, і некалькі яго калег выступілі ў абарону цкаванага даследчыка [37]. У выніку Гарбуноў адступіў і дэзавуяваў абвінавачанне ў нацыяналізме, кінутае прафесару [38], хоць настойваў, што такі артыкул трэба было ўзгадніць у ЦК КПБ або акадэмічным Інстытуце літаратуры.
Праз месяц публікацыя Ларчанкі была разнесена ў партыйным друку абаронцамі афіцыйна прынятых трактовак – гісторыкамі з БДУ Лаўрэнціем Абэцэдарскім і Аляксеем Сідарэнкам [39]. Як і Гарбуноў, тыя звінавацілі аўтарытэтнага навукоўцу ў “сур’ёзных памылках” палітычнага характару, якія, сцвярджалі аўтары, “апрача шкоды нічога не могуць прынесці…”. За публікацыю артыкула Ларчанкі яны папракнулі і рэдакцыю газеты: тая, маўляў, “не праяўляе неабходнай прынцыповасці”. Хоць “ЛіМ” перадрукаваў іх артыкул [40], дэманструючы прызнанне памылкі, не абышлося без так званых “аргвывадаў”: праз нумар газета пачала выходзіць з новым галоўным рэдактарам і амаль цалкам абноўленай рэдакцыйнай калегіяй [41].
Аднак спробы вярнуць хоць які давер да афіцыйных трактовак сутыкаліся са скептычным стаўленнем нацыянальнай інтэлігенцыі. Пра гэта можна меркаваць па выказваннях літсупрацоўніка “Звязды” Алеся Траяноўскага ў сяброўскім пасланні да выпускніка філфака БДУ Арсеня Ліса. Гаворачы пра артыкул Абэцэдарскага і Сідарэнкі, у якім тыя намагаліся абвергнуць погляды Ларчанкі, аўтар пісаў: “Ці не занадта многа бяруць на сябе малойчыкі? Артыкул напісаны ў грубым тоне, для поўнага каларыту не хапае толькі мата. Аблілі гразёй усё і ўсіх – і Ларчанку, і “Нашу Ніву”, і Гаруна, і Каганца, і Ядвігіна Ш. І гэта называецца дзеячы навукі. Правільней было б назваць іх жандары ў навуцы. Відаць, Абэцэдарскі лічыць свае абвінавачванні неабвержнымі, якія, дарэчы, не вызначаюцца ні глыбінёй думкі, ні арыгінальнасцю, а перапяваюць старыя песні, на стары лад (вылучана намі. – Г. С.). Хацелася б, каб такіх патрыётаў, як наш Абэцэдарскі, было менш” [42].
Зразумела, лінію партыі былі абавязаны адстойваць людзі пры пасадах. Старшыня пісьменніцкай арганізацыі Пятрусь Броўка на ІІІ пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у сакавіку 1957 г. пакрытыкаваў Ларчанку за “імкненне не заўважыць некаторых шкодных з’яў, якія былі ў літаратуры” (меліся на ўвазе тыя ж Гарун, Каганец і Ядвігін Ш.), а затым упікнуў за падобныя памылкі і Пшыркова. Трэба аддаць належнае Ларчанку, які і там, як раней на партыйным сходзе, зноў адстойваў сваё разуменне ролі “Нашай Нівы”, праўда, прызнаў “памылку” ў ацэнцы Гаруна. “У нас у Беларусі няма ідэйнага разброду і ў крытычным атрадзе” [43], – паспяшаўся заявіць з трыбуны Броўка. Хоць у сапраўднасці ў ёй хапала тых, хто крытычна ставіўся да афіцыйнага трактавання гісторыі.
У “ЛіМе” ды іншых рэспубліканскіх перыёдыках сталі з’яўляцца публікацыі, што ставілі пытанні і да асвятлення даўняй гісторыі Беларусі. Напрыклад, Уладзімір Калеснік у рэцэнзіі на згаданыя вышэй “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” выказаў шэраг заўваг, прынцыпова крытычных да канцэпцыі выдання. У прыватнасці, ён адзначыў аднабаковы падыход да асвятлення літаратурных узаемасувязяў (пра руска-беларускія і ўкраінска-беларускія ў кнізе ёсць, а пра польска-беларускія – нічога!) і ўпікнуў аўтараў за боязь звязаць Скарыну з Рэнесансам, з культурным рухам лацінскай Еўропы. Калеснік трапна адзначыў і бяздумную падгонку матэрыялаў пад афіцыйную схему трактавання гісторыі: у падручніку словы Афанасія Філіповіча “то розделене Русі ест бардзо проклятое” выдалі за яго шкадаванне аб аддзяленні земляў Беларусі і Украіны ад Маскоўскай дзяржавы, калі на самай справе Філіповіч гаварыў пра раздзел народа на праваслаўных і ўніятаў [44].
Асабліва прыкметнай крытыкай тагачаснага трактавання мінулага Беларусі стаў артыкул гісторыка літаратуры Сцяпана Александровіча [45], на той час спецкарэспандэнта “Літаратуры і мастацтва”, які выступіў супраць перанясення ў савецкую гістарычную літаратуру “састарэлых нігілістычных поглядаў буржуазных вучоных” на гісторыю беларускага народа. Увасабленнем “тэндэнцыі царскіх часоў”, перанятай савецкай гістарыяграфіяй, Александровіч назваў замоўчванне дзейнасці беларускіх асветнікаў XVI ст., найперш Скарыны, і памылковае тлумачэнне тэрмінаў “Літва” і “літоўскі”, за якімі не бачылі Беларусі. Гэта ён паказаў на прыкладах, узятых з савецкіх выданняў, што ўбачылі свет у Маскве ў 1950-я г., пераважна пасля смерці Сталіна – кнігі К. Осіпава пра Івана Фёдарава [46], Я. Неміроўскага і Б. Гарбачэўскага пра нараджэнне кнігі [47], а таксама акадэмічнай працы А. Сідарава пра старажытнарускую кніжную гравюру [48]. Хоць першыя прызначаліся для шырокага чытача, а апошняя была акадэмічнай, іх аб’ядноўвала ігнараванне беларускага кнігадрукавання, якое ўзнікла на паўстагоддзе раней і ўплывала на расійскае, адзначыў Александровіч. З маскоўскіх прац вынікала, што гэта Іван Фёдараў прынёс кнігадрукаванне на Беларусь і Украіну. Скарына і Цяпінскі мімаходзь згаданыя, але першы пададзены як рускі, другі – як украінец, а беларуская мова названа “літоўска-рускай гаворкай”. Нават Сідараў, які згадаў Скарыну, напісаў у сваёй кнізе, што гэта “масквіцін Іван Фёдараў прынёс брацкім народам – беларусам і ўкраінцам – кнігадрукаванне і гравюру”. Пара ўжо пакончыць з такімі “адкрыццямі” і хопіць ігнараваць здабыткі беларускага кнігадрукавання, замоўчваць той уплыў, які зрабіла дзейнасць Скарыны на развіццё кнігадрукавання Расіі і Украіны, заклікаў беларускі даследчык.
Другую частку артыкула Александровіч прысвяціў назве “Літва”, неўласцівае выкарыстанне якой прыводзіць да прыкрых непаразуменняў. Аўтар падкрэсліў, што змест гэтага тэрміна за сваю шматвяковую гісторыю істотна змяніўся, эвалюцыянаваў. У часы Вялікага Княства Літоўскага “Літвой” называлі беларускія землі, сучасную Беларусь. Традыцыя такога ўжывання тэрміна замацавалася ў ХІХ ст. у польскай літаратуры і друку. Адам Міцкевіч, які “нарадзіўся на Беларусі, з маленства чуў беларускія і польскія песні”, таксама называў сваю малую радзіму Літвой, маючы на ўвазе Літву гістарычную. На жаль, савецкія даследчыкі творчасці Міцкевіча трымаюцца “старапольскай тэрміналогіі” і ўкладаюць у словы “Літва” і “літоўскі” іншы сэнс, нават не згадваючы Беларусі, зазначыў Александровіч. У маскоўскіх працах пра Міцкевіча няма ніякага тлумачэння гэтага тэрміна, так важнага для разумення феномену вялікага польскага песняра, працягваў аўтар. З іх вынікае, што паэт быў звязаны з сучаснай Літвой і літоўскай культурай, а пра яго сувязь з Беларуссю не сказана нічога. Масавы савецкі чытач, для якога “Літва” – гэта Літоўская ССР, атрымае з такіх кніг памылковае ўяўленне аб вытоках творчасці Міцкевіча. Падсумоўваючы, Александровіч выказаўся за выданне беларускай савецкай энцыклапедыі, якая змяшчала б падрабязныя звесткі пра мінулае, культуру і геаграфію Беларусі: “Гэта дапамагло б выправіць і ліквідаваць тыя недарэчныя памылкі, што трапляюць у матэрыялы з гісторыі і літаратуры беларускага народа” [49]. Адметна, што на гэты раз крытыка масквацэнтрычных і вялікадзяржаўных установак савецкай гістарыяграфіі не выклікала гнеўных рэакцый і непрыемных для аўтара наступстваў.
На пачатку 60-х гадоў у трыбуну беларускіх вальнадумцаў ператварыўся літаратурна-мастацкі і грамадскапалітычны часопіс “Полымя”, узначальваны Максімам Танкам. Калі ў першыя гады адлігі Рыгор Шкраба не без падстаў папракнуў перыёдык за тое, што той не спрыяе разгортванню дыскусій і ўхіляецца ад вострых праблем, аддаючы перавагу папулярызатарскім матэрыялам [50], то цяпер менавіта “Полымя” пачало змяшчаць найбольш наватарскіх і дыскусійных публікацый. Адной з іх стаў артыкул Міколы Вараб’я, на той час дацэнта Беларускага політэхнічнага інстытута, які выступіў з чарговай спробай рэабілітаваць “Нашу Ніву” [51]. Абапіраючыся на канкрэтныя факты – матэрыялы самой газеты, малады даследчык стараўся паказаць яе як прагрэсіўнае і рэвалюцыйнае выданне: выступала ў абарону працоўнага люду, інфармавала пра забастоўкі, крытыкавала палітыку як царскага ўрада, так і польскіх памешчыкаў і г. д. Больш за тое, на падставе фармальнага супадзення думак і выказванняў ананімнага нашаніўскага артыкула з публікацыяй Леніна ў бальшавіцкай “Правде” Варабей палічыў, што “Наша Ніва” пераказала ленінскі артыкул, а значыць – рэдакцыя сімпатызавала бальшавікам. Нягледзячы на тое, што апошняе дапушчэнне было паспешлівым [52], многае з прыведзеных у артыкуле фактаў прадэманстравала ўсю беспадстаўнасць афіцыйнага трактавання газеты як “органа беларускіх буржуазных нацыяналістаў”.
Публікацыя М. Вараб’я ў красавіку таго ж года стала тэмай размоў на красавіцкай нарадзе ідэалагічных работнікаў рэспублікі, дзе на ёй спыніліся былы сакратар ЦК КПБ акадэмік АН БССР Цімафей Гарбуноў і сам першы сакратар ЦК КПБ Кірыла Мазураў. Гарбуноў сурова раскрытыкаваў маладога навукоўцу за “абуральную” спробу змяніць ужо даўно дадзеную партыяй “навукова абгрунтаваную” ацэнку газеты “Наша Ніва”, кіраванай “буржуазнымі нацыяналістамі” Луцкевічамі. Не шкадаваў гнеўных выказванняў на яго адрас і лідар беларускіх камуністаў. “Чаму ў навуковых колах з’явіліся такія Вераб’і?” – паставіў ён пытанне і выказаўся за тое, каб “вучоныя арлы” (як Л. Абэцэдарскі і К. Шабуня) сачылі за тым, што думаюць “вучоныя вераб’і”, і не дазвалялі ім “чырыкаць з чужога голасу” – ставіць пад сумненне прынятыя ў вярхах трактоўкі гісторыі. Мазураў наўпрост заклікаў “вучоных арлоў” актыўней крытыкаваць “вераб’ёў”, каб тыя выправіліся і “пісалі тое, што неабходна нашаму народу” [53].
Праз месяц артыкул М. Вараб’я быў востра скрытыкаваны групай партыйных гісторыкаў на чале з Абэцэдарскім на старонках часопіса ЦК КПБ [54]. Аўтары сцвярджалі, што выступы “Нашай Нівы” на абарону працоўных былі толькі “игрой в демократизм в угоду буржуазии ” і назвалі палымянскую публікацыю “ошибочной попыткой выдать буржуазно-либеральную националистическую “Нашу Ніву” за революционную газету”, што можа ўнесці шкодную блытаніну ў навуку. Дасталося і рэдакцыі “Полымя”: маўляў, яна зрабіла памылку, змясціўшы ў часопісе тэкст, які ўздымае пытанне пра характар газеты, бо ацэнку ёй ужо дала партыя. Каб “выправіць” такую памылку, “Полымя” было вымушана перадрукаваць цытаваны артыкул з цэнтральнага органа камуністаў рэспублікі.
Яшчэ адной спробай рэабілітаваць “Нашу Ніву” стаў артыкул Цімафея Гарбунова ў маскоўскім выданні з нагоды 400-годдзя расійскага кнігадруку. Гэтым разам у ролі рэвізіяніста выступіў сам акадэмік АН БССР, які паказаў газету ў нечаканай іпастасі. Ужо не дзелячы нашаніўцаў на “рэвалюцыйных дэмакратаў” і “буржуазных нацыяналістаў” (Гарун трапіў у адзін шэраг з Купалам і Коласам), Гарбуноў прызнаў, што газета імкнулася даносіць да чытачоў “идеи национальной свободы и независимости”, што яна выконвала важную ролю “в истории борьбы белорусского народа за создание своей государственности, а также за создание народной национальной литературы и культуры” [55]. У інтэрпрэтацыі партыйнага апаратчыка беларуская газета нават “содействовала развитию революционной сознательности трудящихся масс” і ў гэтым сэнсе нібыта была саюзніцай бальшавіцкага друку [56].
На такое адступніцтва высокага партыйнага дзеяча імгненна адрэагаваў ЦК КПБ, які змясціў ананімную рэпліку ў сваім друкаваным органе, дзе працытаваў ранейшыя меркаванні Гарбунова наконт “Нашай Нівы” [57]. Сапраўды, яго новая ацэнка газеты кардынальна пярэчыла ранейшым сцвярджэнням, выказаным ім на рэспубліканскай нарадзе – напэўна, у той самы час, калі рыхтавалася да друку маскоўскае выданне. “Чаму верыць, што ў большай ступені адпавядае гістарычнай праўдзе?” – ставіла рытарычнае пытанне рэдакцыя і адразу ж вяртала чытачоў да старой партыйнай ацэнкі “Нашай Нівы” як адзінай “навукова абгрунтаванай”.
Сенсацыйнае пераўвасабленне Гарбунова з абаронцы артадоксіі ў рэвізіяніста, якое ў Мінску жыва абмяркоўвала навуковая грамадскасць [58], да сёння пакрыта таямніцай. “Што” ці “хто” стаялі за яго тэкстам пра “Нашу Ніву” [59] – пра гэта можна толькі гадаць. Не выключана, што вопытны партыйны бюракрат паверыў у магчымасць правесці новую трактоўку спрэчнага пытання праз Маскву [60], дзе ў 1964 і нават 1965 г. у навуковых колах яшчэ жыў дух ХХ з’езда, з’яўляліся публікацыі з антыкультаўскім зместам, і напэўна хацеў прысвоіць сабе лаўры празорлівага гісторыка.
У той самы час заявіў пра сябе адзін з самых прынцыповых крытыкаў афіцыйнай канцэпцыі айчыннай гісторыі супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР Мікола Прашковіч. Улады ў Маскве ўжо згортвалі адлігу, калі ў “Полымі” адна за другой пачалі выходзіць яго публікацыі [61], у якіх малады даследчык смела крытыкаваў усталяваныя трактоўкі беларускага мінулага. Фактычна, ён паслядоўна падрываў ключавыя тэзісы афіцыйнай канцэпцыі гісторыі краіны: сцвярджаў, што Вялікае Княства Літоўскае было не ўладай чужаземных феадалаў, а дзяржавай, у якой беларускі народ таксама меў сваіх магнатаў, напрыклад Сапегаў; што Беларусь той эпохі была звязана з Заходняй Еўропай і апераджала Расію ў гістарычным развіцці, а беларускі народ зусім не імкнуўся пераходзіць пад уладу царскай Расіі, дзе феадальны ўціск быў мацнейшы, чым у Вялікім Княстве [62]. Больш за тое, Прашковіч спрабаваў рэабілітаваць Брэсцкую царкоўную унію: адкідаючы тэзіс, быццам унія несла беларусам і ўкраінцам толькі здзекі ды крыўды, ён пісаў, што ўніяцкая царква аберагала іх ад паланізацыі, а галоўнае – магла спрыяць развіццю нацыянальнай свядомасці і пашырэнню еўрапейскай навукі і культуры [63]. Не выпадкова партыйныя ідэолагі назвалі палымянскія публікацыі Прашковіча “кампаніяй за перагляд усёй савецкай канцэпцыі гісторыі БССР”.
Кола беларускіх навукоўцаў і пісьменнікаў, да якога належаў Прашковіч, не прымала цэнтральнай ідэі афіцыйнай гістарыяграфіі аб тым, што беларусы былі толькі праваслаўнымі. Для іх межы “сваёй” спадчыны вызначаліся не веравызнаннем ці мовай, а перш за ўсё тэрытарыяльнай прыналежнасцю. Калі канкрэтныя асобы жылі і тварылі на землях Беларусі, то іх творчасць можна было ўключаць у беларускую гісторыю і культуру. Як пісаў Прашковіч, “браты Тышкевічы, Кіркор, Нарбут, Рыпінскі, Чачот, Зянкевіч, Даленга-Хадакоўскі, Баршчэўскі і іншыя – гэта не столькі польскія, колькі беларускія вучоныя і пісьменнікі” [64]. У хуткім часе патрэба выкарыстання тэрытарыяльнага прынцыпу пры разглядзе гісторыі культурнага жыцця Беларусі была прызнана і абгрунтавана ў навуковых выданнях, якія праходзілі патрабавальны палітычны кантроль [65].
Пасля выхаду Прашковічавай рэцэнзіі на кнігу А. Коршунава пра Афанасія Філіповіча, у якой рэцэнзент радыкальна выказаў свае погляды на характар Вялікага Княства Літоўскага і гісторыю адносін Беларусі з Расіяй, ЦК КПБ рэкамендаваў парткаму Акадэміі навук арганізаваць адкрытае абмеркаванне крамольнай публікацыі з мэтай публічна зганіць бунтаўніка. Такім шляхам вясною 1966 г. у Мінску дайшло да першай вялікай публічнай дыскусіі па ключавых пытаннях айчыннай гісторыі, якая нечакана для ўладаў паказала, што Прашковіч не адзін – яго погляды падзяляе шмат хто з гуманітарнай інтэлігенцыі Беларусі. Амаль увесь калектыў Інстытута літаратуры салідарна выступіў на яго абарону. Усе тыя супрацоўнікі названага інстытута, якія бралі слова на дыскусіі, падтрымалі і адстойвалі прынамсі галоўны тэзіс гэтага рэвізіяніста – пра ВКЛ як сваю дзяржаўнасць для беларусаў у яе гістарычнай форме. З падобнымі думкамі выступалі пераважна маладыя навукоўцы з розных акадэмічных інстытутаў – філосаф Сямён Падокшын, мовазнаўца Аркадзь Жураўскі, гісторыкі Уладзімір Палуян і Васіль Талстой, гісторык філасофіі Мікалай Алексютовіч (Беларускі тэхналагічны інстытут), літаратуразнаўца Любоў Цімашкова і юрыст Язэп Юхо з БДУ, Марат Бацвіннік ды іншыя. Але былі і сталыя вучоныя, што салідарызаваліся з маладымі – акадэмікі Пятро Глебка і Віталь Сербента. Разам прыкладна тры чвэрці беларускіх навукоўцаў, якія ўзялі ўдзел у дыскусіі, падтрымалі Прашковіча – таго, хто найбольш смела патрабаваў перагляду прынятай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Крытыка поглядаў Абэцэдарскага як увасаблення афіцыйнай канцэпцыі часта выклікала апладысменты прысутных у зале, што дадаткова сведчыла пра расклад сілаў: прыхільнікаў рэвізіі старой схемы, выкладзенай у акадэмічным двухтомніку, было намнога больш, чым тых, хто яе абараняў [66].
Рэзалюцыя па выніках спрэчак, прынятая двума гуманітарнымі інстытутамі АН БССР, упершыню прызнала: па праблеме шляхоў утварэння Вялікага Княства і яго характару існуюць два розныя пункты погляду, з чаго вынікае “патрэба сур’ёзнага і паглыбленага вывучэння” гісторыі гэтай дзяржавы, а таксама правядзення далейшых дыскусій [67]. Калі ўлічыць, што раней спробы новых трактовак гісторыі натыкаліся на паўтарэнне рытуальнай формулы накшталт “усе пытанні нашай гісторыі вырашаны партыяй” – чытайце, маўляў, акадэмічны двухтомнік “Гісторыі БССР”, то прынятую пастанову нельга не лічыць поспехам тых, хто не згаджаўся з навязанымі схемамі ацэнак і выступаў за свабоду навуковага пошуку.
Стэнаграма дыскусіі зафіксавала неадцэнзураваныя вусныя выступленні ўдзельнікаў дыскусіі, якія адлюстравалі іх жывую гістарычную думку, значна адрозную ад друкаваных тэкстаў. Яшчэ больш каштоўнай інфармацыі пра гістарычныя ўяўленні і перакананні тых, хто дамогся сімвалічнай перамогі ў дыскусіі 1966 г., утрымліваюць крыніцы асабістага паходжання – прыватная перапіска і дзённікі, якіх, на жаль, вельмі мала. У тэкстах, не прызначаных для публічнага звароту, аўтары выказвалі свае погляды вальней і радыкальней. Напрыклад, Прашковіч у сакавіку 1968 г. у лісце да сябра Генадзя Кісялёва пахваліў новую публікацыю апошняга пра аўтарства беларускай “Энеіды”, але сказаў і пра яе недахопы. Да апошніх аўтар ліста аднёс паўтарэнне Кісялёвым афіцыйнай трактоўкі далучэння Беларусі да Расіі – легенду пра “ўз’яднанне”. На самай справе, напісаў Прашковіч, уз’яднання “ніколі не было, а быў звычайны разбойніцкі захоп”. Зразумела, такія погляды не маглі прайсці ў друк.
Падобнае разуменне акта далучэння Беларусі да Расіі падзяляў тады і Уладзімір Караткевіч, што не дзіўна – Караткевіч і Прашковіч належалі да аднаго кола сяброўаднадумцаў. У лістападзе 1965 г. пісьменнік занатаваў у дзённіку свае думкі наконт спрэчкі пра гісторыю, якая ўзнікла ў час абмеркавання даклада Вячаслава Зайцава, праведзенага ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. Яго раззлавала там прамова аднаго з прысутных навукоўцаў, які гаварыў аб большай прагрэсіўнасці Расіі ў параўнанні з Заходняй Еўропай. Трэба ўлічыць, што з часоў Сталіна гэта быў цэнтральны тэзіс афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі. А Караткевіч з гэтым не згаджаўся. У сапраўднасці, запісаў ён, у Польшчы (Рэчы Паспалітай) “была хаця і шляхецкая, але дэмакратыя”, а ў Маскоўскай дзяржаве – “Ванька Крывавы з апрычнікамі”, поўнае беззаконне [68]. Разню апрычнікаў цара Івана ён параўнаў з тым, што чынілі штурмавікі Гітлера. Таму, працягваў думку пісьменнік, праваслаўныя магнаты з Беларусі пераходзілі ў каталіцтва: “лепей чужая вера… чым удзельнічаць у разгуле забойстваў, падазронасці і беззаконня… у тым дзікім Сораме, які зваўся Маскоўскім царствам”.
Аўтара дзённіка асабліва абурыла тое, што ідэю аб прагрэсіўнасці Расіі, якую ён называў “рэакцыйнай, манархічнай, у сутнасці мураўёўска-карнілаўскай” думкай, на акадэмічнай сустрэчы абараняў яўрэй. У нібыта “»рэакцыйным» Беларуска-Літоўскім княстве” гнаныя адусюль яўрэі жылі як усе, “як і хрысціяне – беларусы, літоўцы, палякі – роўныя перад дэспатызмам, але спакойныя за сваю веру і ў 90 выпадкаў з сотні – за жыццё”. Затое калі ў Полацк з “прагрэсіўнай” Расіі прыйшоў цар Іван, то яўрэяў напаткаў там найгоршы лёс, адзначыў пісьменнік, маючы на ўвазе падзеі 1563 г.
Афіцыйны тэзіс аб прагрэсіўнасці далучэння не толькі Беларусі, але і іншых народаў да Расійскай імперыі Караткевіч прынцыпова асуджаў як наскрозь фальшывы і шкодны. “У сучасны лад думак” нахабна ўлезла “ідэя эпохі захопніцтва, драпежніцтва, эгаізму, кітайшчыны, імперыялізму”, якая псуе “сапраўднае братэрства ўсіх народаў зямлі горш, чым сто год назад…” [69], напісаў ён у дзенніку. І наўрад ці хто-небудзь з кола Караткевічавых сяброў меў тады на гэты конт прынцыпова іншае меркаванне.
Прыведзеныя вышэй выбраныя прыклады непрыняцця афіцыйнай версіі айчыннай гісторыі сведчаць, што і сярод беларускай інтэлігенцыі ў эпоху адлігі існавалі колы, якія імкнуліся да рэвізіі і па магчымасці аспрэчвалі ў друку асноўныя тэзісы тагачаснага майстар-наратыву. Некаторыя, хоць залічвалі сябе да марксістаў, адмаўлялі або прынамсі прымяншалі ролю класавай барацьбы [70], так важнай для марксізму-ленінізму. Больш салідарным было непрыманне ўстановак, ператвораных пры Сталіне ў догмы, найперш тэзісаў пра бездзяржаўнасць беларускага народа і яго адвечнае імкненне да адзінства з Расіяй як заруку развіцця і прагрэсу, а таксама манапольнага права партыі навешваць на няўгодных палітычныя ярлыкі і выкрэсліваць іх з айчыннай гісторыі. Беларускія рэвізіяністы бачылі мінулае свайго народа ў кантэксце (заходне)еўрапейскай цывілізацыі – як паўнавартага народа з уласнымі элітамі і сваёй гістарычнай дзяржаўнасцю. Дэ-факта фармуляваныя імі альтэрнатыўныя версіі мінулага мелі антыкаланіяльную і антыімперскую афарбоўку. Сцвярджэнне нацыянальнага наратыву як своеасаблівай біяграфіі народа з яго глыбокай генеалогіяй у пару крытыкі культу Сталіна магло абапірацца на афіцыйную ідэалогію – ачышчаны ад сталінскіх скажэнняў марксізм-ленінізм, таму не дзіўна, што беларускія шасцідзясятнікі шырока апелявалі да вучэння Маркса, Энгельса і Леніна.
Ці меў гістарычны рэвізіянізм вузкай групы прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі нейкі ўплыў на шырокія колы грамадства? Ці выклікалі публікацыі рэвізіяністаў які-небудзь рэзананс у Беларусі пасля крызісу савецкай сістэмы? Ці быў з іх хоць які плён? Гэтыя пытанні патрабуюць асобнага даследавання, але ўжо цяпер агульна можна сцвярджаць, што іх намаганні пераглядзець прынцыповыя моманты беларускай гісторыі не сышлі на марна. У прыватнасці, праз нейкі час акадэмічныя гісторыкі ўсё ж скарэктавалі ацэнку “Нашай Нівы”. У пяцітомнай “Гісторыі Беларускай ССР” тыя самыя аўтары, што раней ставілі на ёй кляймо буржуазнага выдання (Шабуня і Карнейчык), назвалі газету “цэнтрам ліберальна-буржуазнага нацыянальнага беларускага руху” [71], а Міхасю Бічу ўдалося правесці думку, што яна была агульнай трыбунай і рэвалюцыйна-дэмакратычнага, і ліберальна-буржуазнага кірункаў беларускага нацыянальнага руху, і прапагандаваны рэдакцыяй газеты лозунг нацыянальнага адзінства меў прагрэсіўнае значэнне, паколькі “быў накіраваны супраць нацыянальнага прыгнёту і царскага самаўладдзя” [72]. У сваю чаргу справакаваная Прашковічам вялікая дыскусія прывяла да канцэптуальных карэктыў у асвятленні перыяду XІV– XVII ст. на старонках першага тома згаданай “Гісторыі Беларускай ССР”. Гэтыя тамы новай абагульняльнай працы сталі значным крокам наперад у параўнанні з першай версіяй гісторыі Беларусі, выдадзенай у 1954 г. Новая акадэмічная гісторыя выгадна адрознівалася ад ранейшай не толькі нераспрацаванымі раней тэмамі і больш высокім узроўнем іх разгляду, але таксама адыходам ад састарэлых канцэпцый і прынятых раней ацэнак. Можна меркаваць, што такіх зрухаў было б менш, калі б не двухдзённыя спрэчкі артадоксаў і рэвізіяністаў пра мінулае краіны ў зале Акадэміі навук БССР.
У кантэксце пытання пра карысць рэвізіяністаў падаецца трапным назіранне грэцкага гісторыка Гіоргаса Антоніу, які адзначыў, што для рэвізіяністаў, хоць тыя і застаюцца маргіналізаванымі, мае значэнне нават мінімальная публічная падтрымка, бо тады яны атрымліваюць навуковую трыбуну. Таму, “нават калі антырэвізіяністы бяруць верх, іх перамогі звычайна піравы. Пасля завяршэння дэбатаў нічога не застаецца тым самым” [73]. Так і ў разгледжаным выпадку: пасля спрэчак сярэдзіны – другой паловы 60-х гадоў шмат чаго ў асвятленні гісторыі Беларусі ўжо не магло заставацца такім самым.
Historical Revisionism of the National Intellectuals in the BSSR during the Thaw
Hienadź Sahanovič
The article first clarifies the understanding of historical revisionism.
The author joins those experts who consider the endeavour to revise (re-interpret) established explanations of the past to be a legitimate or normal practice of scholarly historiography, and should not be equated with the denial of historical facts, or negationism. The main part of the article is devoted to how the Belarusian academic intellectuals reacted to the official interpretations of the country’s history after the 20th Congress of the Communist Party of the Soviet Union. The statements of historians and cultural researchers against the schemes and assessments introduced by the Party are regarded as manifestations of historical revisionism in the BSSR in the 1960s. Despite the party’s retention of control over historiography, the revisionists’ efforts bore fruit. This was manifested primarily in an emancipation from the ideological schemes of the Stalin era, a conceptual renewal, and a higher scholarly standard in new synthetic works on the history of Belarus and the history of Belarusian literature.
[1] Сагановіч Г. Іншадумства акадэмічнай інтэлігенцыі ў БССР эпохі адлігі // БГА. Т. 28 (2021). С. 163–193; Валодзін У., Раманава І. Нонканформнасць у Мінску часоў адлігі: справа Кіма Хадзеева і Эдуарда Гарачага (1962) // БГА. Т. 30 (2023). С. 79–115.
[2] Як характэрны прыклад гл.: Пономарев Б. Основные вопросы борьбы с ревизионизмом на современном этапе // Коммунист. 1958. № 8. С. 115–131; Пономарев Б., Константинов Ф., Андропов Ю. На старых ревизионистских позициях // Коммунист. 1960. № 8. С. 24–48.
[3] Antoniou G. The Lost Atlantic of Objectivity: The Revisionist Struggles between the Academic and Public Spheres // History and Theory. 2007. Vol. 46. No 4. P. 95.
[4] Tucker A. Historiographic Revision and Revisionism. The evidential difference // Past in Making. Historiographic Revisionism in Central Europe after 1989 / ed. by M. Kopeček. Budapest, 2013. P. 1–14.
[5] Глядзі глыбокі аналіз праблемы ў артыкуле грэцка-французскай даследчыцы Эві Гадзарыдзі: Gkotzaridis E. Revisionism in the Twentieth Century: A Bankrupt Concept or Permanent Practice? // The European Legacy. Vol. 13 (2008). No 6. P. 725–741.
[6] Gkotzaridis E. Revisionism in the Twentieth Century. Р. 738.
[7] Больш тэарэтычных рэфлексій на тэму гл.: Gkotzaridis E. Trials of Irish History: Genesis and Evaluation of a Reappraisal. London, 2006.
[8] Падрабязней гл.: Braw J. D. Vision as Revision: Ranke and the Beginning of Modern History // History and Theory. Vol. 46 (December 2007). P. 45–60.
[9] Blot J. Rewizjonizm historyczny albo szkoła “Annales” (transl. by E. Wojnarowski) // Kwartalnik Historyczny. T. 59 (1952). S. 92–103.
[10] Fischer F. Griff nach der Weltmacht. Die Kriegszielpolitik des kaiserlichen Deutschland 1914/1918. Düsseldorf, 1961. Пра рэвалюцыйную ролю Ф. Фішара ў нямецкай гістарыяграфіі гл.: Buddiss M. D. From illusion to destruction: the Germanic bid for world power, 1897–1945 // Review of International Studies. Vol. 2. No 2 (1976). P. 173–185.
[11] Furet F. Penser la Révolution française. Paris, 1978 (у перакладзе на англійскую – Interpreting the French Revolution, Cambridge University Press, 1981). Пра выключнае месца гэтай працы ў гістарыяграфіі гл.: Christofferson M. S. An Antitotalitarian History of the French Revolution: Francois Furet’s Penser la Revolution francaise in the Intellectual Politics of the Late 1970s // French Historical Studies. Vol. 22 (1999). No 4. P. 557–610.
[12] Marwick A. The New Nature of History: Knowledge, Evidence, Language. London, 2001. P. 112–113.
[13] Marwick A. The New Nature of History. Р. 220.
[14] Гл.: Markwick R. D. Rewriting History in Soviet Russia: The Politics of Revisionist Historiography, 1956–1974. Basingstoke and New York, 2001.
[15] История Белорусской ССР / под ред. В. Перцева, К. Шабуни, Л. Абецедарского. Т. 1. Минск, 1954; Т. 2. Минск, 1958. Падрабязней пра стварэнне першай акадэмічнай гісторыі Беларусі гл.: Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ–ХХ ст. Мінск, 2003. С. 336– 339; Сагановіч Г. Канструяванне афіцыйнага выкладу гісторыі ў пасляваеннай БССР // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich / Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. R. 1. Warszawa, 2015. S. 201–214; Wialikij A. “История Белорусской ССР” 1954 г.: создание первого советского учебника по национальной истории // Rozprawy z Dziejów Oświaty. T. 59. 2022. S. 245–270.
[16] Тэзісы аб асноўных пытаннях гісторыі БССР. Ч. 1. Гісторыя беларускага народа да Кастрычніцкай рэвалюцыі // Бальшавік Беларусі. 1948. № 8. С. 36–71.
[17] История Белорусской ССР. Т. 1. Минск, 1954. С. 464–465.
[18] У перапрацаваным выданні гаварылася, што гэта была газета “буржуазно-либерального националистического направления”, якая адлюстроўвала пазіцыі беларускай буржуазіі, “ставшей на путь предательства интересов национальной свободы белорусского народа”. Гл.: История Белорусской ССР: в 2 т.; 2-е, доп. изд., т. 1: ред. колл.: Л. Абецедарский, В. Перцев, К. Шабуня, Минск 1961. С. 606–607.
[19] История Белорусской ССР. Т. 1. Минск, 1961. С. 603.
[20] Тэзісы па асноўных пытаннях гісторыі беларускай літаратуры. Ч. 1. Дарэвалюцыйная беларуская літаратура // Полымя. 1949. № 2. С. 112–145. Аўтарамі гэтай распрацоўкі былі дырэктар Інстытута літаратуры Васіль Барысенка і загадчык аддзела ЦК КПБ Іван Гутараў.
[21] Тамсама. С. 121.
[22] Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры: дапаможнік для студэнтаў ВНУ / рэдкал.: Барысенка В. і інш. Мінск, 1956. С. 141–142.
[23] ХХ съезд КПСС и задачи исследования истории партии // Вопросы истории. 1956. № 3. С. 4–12.
[24] Тамсама. С. 12.
[25] Пар.: Сидорова Л. А. Оттепель в исторической науке. Советская историография первого послесталинского десятилетия. Москва, 1997. С. 133.
[26] Уважлівы агляд матэрыялаў перыядычнага друку першых гадоў адлігі, якія вызначаліся патрыятызмам, у свой час прапанаваў эміграцыйны гісторык Паўла Урбан. Гл.: Урбан П. Да пытаньня нацыянальнага супраціву ў СССР (на прыкладзе БССР) // Беларускі Зборнік. Кн. 9. Мюнхен, 1958. С. 5–63.
[27] Пшыркоў Ю. Глыбей вывучаць гісторыю літаратуры // Літаратура і мастацтва (далей ЛіМ). 1956. 28 ліпеня. С. 3.
[28] Шкраба Р. За творчае развіццё крытыкі і літаратуразнаўства // ЛіМ. 1956. 11 жніўня. С. 1.
[29] Ларчанка М. Некаторыя пытанні гісторыі беларускай літаратуры // ЛіМ. 1956. 17 лістапада. C. 2–4.
[30] Гл.: Ларчанка М. Творчасць Алеся Гаруна // Беларусь. 1945. № 5. С. 27–30; ён жа. Янка Купала – вялікі асветнік // Беларусь. 1945. № 6. С. 22–24. Крытыку гэтых артыкулаў гл.: Барысенка В. Аб некаторых пытаннях гісторыі беларускай літаратуры // Полымя. 1948. № 2. С. 110–111. Аўтар апошняй публікацыі знайшоў у артыкулах Ларчанкі і складзенай ім праграме па беларускай літаратуры для вышэйшай і сярэдняй школы “рэакцыйную тэорыю адзінага патоку”, а таксама іншыя праявы ідэалагічнай “заразы” буржуазных нацыяналістаў. За няўменне заўважаць “праявы класавай барацьбы” ў творчасці нашаніўцаў ён папракнуў і Ю. Пшыркова, крытыкуючы яго артыкул “Янка Купала – рэдактар «Нашай Нівы»” (Беларусь. 1946. № 5–6. С. 31–33), але найбольш “памылак” выявіў у Ларчанкі.
[31] Меліся на ўвазе “Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры” 1954 г. і “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” 1956 г.
[32] У згаданым дапаможніку ўсё развіццё беларускай літаратуры сапраўды звязвалася галоўным чынам з уплывам расійскіх пісьменнікаў. Гл.: Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. С. 145–151.
[33] Ларчанка М. Некаторыя пытанні гісторыі беларускай літаратуры. С. 3.
[34] Тамсама. С. 4.
[35] Пра асцярожны і кампрамісны характар аргументаў Ларчанкі ў абарону “Нашай Нівы” гл. трапныя назіранні эміграцыйнага даследчыка Станіслава Станкевіча: Станкевіч С. Савецкае асуджэньне “Нашай Нівы” й спробы ейнае рэабілітацыі // Запісы БІНІМ. Кн. 3. Мюнхен, 1964. С. 106–107.
[36] Падрабязней гл.: Сидорова Л. А. Оттепель в исторической науке. С. 135–159.
[37] Памяць і слава: Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1945–1961 / склад.: С. М. Ходзін, М. Ф. Шумейка, А. А. Яноўскі. Мінск, 2009. С. 189–190, 216–233.
[38] У нядаўнім даследаванні адлігі ў Беларусі аўтар звярнуў увагу на тое, што магло стаяць за адступленнем сакратара ЦК: тымі, хто ўступіўся за Ларчанку, былі высокія партыйныя чыноўнікі – прарэктар Фрол Шмыгаў і загадчык кафедры філасофіі Іван Лушчыцкі. Гл.: Valodzin U. Misbehaving Under Socialism. Non-conformity at Universities in the Belarusian Soviet Socialist Republic of the Thaw Period (1953–1968). PhD Thesis. Florence: European University Institute, 2025. P. 43.
[39] Абэцэдарскі Л. Сідарэнка А. За ідэйную чыстату нашых літаратурных пазіцый // Звязда. 1957. 12 студзеня. С. 2.
[40] Гл.: ЛіМ. 1957. 16 студзеня. С. 2–3.
[41] Галоўным рэдактарам замест Васіля Віткі прызначылі Міколу Ткачова, а з дзевяці чальцоў былой рэдкалегіі пакінулі толькі трох.
[42] Ліст А. П. Траяноўскага, 13.01.1957. Беларускі дзяржаўны архіўмузей літаратуры і мастацтва. Ф. 536. Воп. 1. Спр. 83. Арк. 9адг.
[43] Броўка П. Становішча беларускай савецкай літаратуры пасля ХХ з’езду і яе задачы // ЛіМ. 1957. 20 сакавіка. С. 4.
[44] Калеснік У. Усебакова асвятляць гісторыю літаратуры // ЛіМ. 1957. 17 красавіка. С. 3–4. Пар.: Урбан П. Цыт. праца. С. 35.
[45] Александровіч С. Недакладнасць ці ўстарэлыя погляды? // ЛіМ. 1958. 18 студзеня. С. 2–3.
[46] Осипов К. Русский первопечатник Иван Федоров. Пособие для учащихся. Москва, 1955. Аўтарам кнігі быў Іосіф Куперман, расійскі пісьменнік і гісторык (ступень кандыдата гістарычных навук атрымаў за дысертацыю пра А. Суворава), які пісаў пад псеўданімам К. Осіпаў.
[47] Немировский Е., Горбачевский Б. Рождение книги. Москва, 1957.
[48] Сидоров А. А. Древнерусская книжная гравюра. Москва, 1951.
[49] Александровіч С. Недакладнасць ці ўстарэлыя погляды? С. 3.
[50] Шкраба Р. За творчае развіццё крытыкі і літаратуразнаўства. С. 1.
[51] Варабей М. Ленінскі твор на старонках газеты “Наша ніва” // Полымя. 1963. № 2. С. 132–136. Прозвішча аўтара тут і далей падаем у той форме, якую паслядоўна выкарыстоўваў у публікацыях ён сам.
[52] Падрабязней гл.: Станкевіч С. Савецкае асуджэньне… С. 109– 110, 112.
[53] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей НАРБ). Ф. 4п. Воп. 95. Спр. 14. Арк. 120. Пар.: Сагановіч Г. Іншадумства акадэмічнай інтэлігенцыі… С. 167.
[54] Абецедарский Л., Ефремова О., Корнейчик Е., Шабуня К. Вопреки историческим фактам // Коммунист Белоруссии. 1963. № 5. С. 64–69.
[55] Горбунов Т. С. Книгопечатание в Белоруссии конца XIX – начала ХХ в. // 400 лет русского книгопечатания. 1564–1964. [Т. 1.] Русское книгопечатание до 1917 года / [сост. Н. И. Сахаров]. Москва, 1964. С. 565.
[56] Тамсама. С. 566.
[57] Противоречивые суждения по одному вопросу // Коммунист Белоруссии. 1964. № 9. С. 74–75.
[58] Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі, Аддзел даследавання рукапісаў (далей ЦНБ НАНБ, АДР). Ф. 31. Воп. 1. Спр. 535. Арк. 13.
[59] Болей гл.: Біч М. Нацыянальны нігілізм… С. 91.
[60] Пар.: Станкевіч С. Савецкае асуджэньне… С. 114.
[61] На той час ён паспеў апублікаваць некалькі артыкулаў і серыю рэцэнзій на новыя працы па гісторыі беларускай літаратуры, гл: “Старонкі даўняй беларускай паэзіі” (Полымя, 1964, № 6, с.166–171), “Доктар Францішак Скарына” (Полымя, 1965, № 10, с. 146–154), “Па новаму пра старажытнасць” (Полымя, 1964, № 9, c. 182–185); “Сцежкамі мінулага” (Полымя, 1965, № 4, c. 184–187), “Слова пра Афанасія Філіповіча” (Полымя, 1965, № 12, с. 174–177), “Пабрацімства культур” (Полымя, 1966, № 7, c. 175–177).
[62] Тамсама. С. 175.
[63] Прашковіч М. Слова пра Афанасія Філіповіча. С. 176–177.
[64] ЦНБ НАНБ, АДР. Ф. 30. Воп. 1. Спр. 782. Арк. 12–13. Прашковіч М., рэц на: Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мінск, 1964 // Радянське літературознавство. 1965. № 8. С. 90. Пар.: Прашковіч М. Старонка даўняй дружбы // Полымя. 1972. № 5. С. 243–245.
[65] Гл.: Бирало А. А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII – середине XVIII в. Минск, 1971. С. 12–13.
[66] Падрабязней пра дыскусію гл.: Сагановіч Г. Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта. Варшава, 2025. С. 66– 104 (у друку).
[67] Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі (далей – ЦНА НАНБ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 527. Арк. 166–168.
[68] Караткевіч У. “…Трэба церабіць сваю сцежку”. Дзённік 1965– 66 гадоў // Дзеяслоў. 2015. № 5. С. 220–221.
[69] Тамсама. С. 221.
[70] Невыпадкова і М. Прашковіча, і У. Караткевіча рэгулярна крытыкавалі за адступленне ад класавага прынцыпу. Гл.: ЦНА НАНБ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 527. Арк. 155; НАРБ. Ф. 1353. Воп. 2. Спр. 719. Арк. 133; Герцович Я. Судьбы человеческие и судьбы народные // Советская Белоруссия. 1965. 9 сентября. С. 2–3.
[71] Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 2. Беларусь у перыяд капіталізму (1861–1917 гг.) / гал. рэд. К. І. Шабуня. Мінск, 1972. С. 420.
[72] Тамсама. С. 565–566. Аўтар тэксту М. Біч адзначыў таксама пазітыўную ролю газеты ў выпрацоўцы нормаў беларускай мовы. Падобная ацэнка “Нашай Нівы” прайшла і ў артыкуле гэтага гісторыка ў “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі”; гл. т. 7 (1973), с. 462–463.
[73] Antoniou G. The Lost Atlantic of Objectivity. Р. 111.
