Дзмітрый Віцько. Страсці па Ефрасінні Полацкай*
Навуковая біяграфія першай беларускай святой – рэч, безумоўна, запатрабаваная. Доўгі час пра яе асобу можна было пачытаць у асноўным папулярныя працы. Трэба згадаць, праўда, даследаванне Аляксея Мельнікава, падрыхтаванае з арыентацыяй на навуковыя падыходы, але месцамі не без адвольнасці ў трактоўцы біяграфічных звестак, а таксама яго ж грунтоўную працу, прысвечаную тэксталогіі жыція Ефрасінні Полацкай – асноўную на сёння па названай тэме. Гэтыя яго публікацыі выйшлі ўжо пасля смерці даследчыка намаганнямі ў тым ліку аўтаркі рэцэнзаванай працы [1]. З таго часу былі зроблены пэўныя адкрыцці, якія непасрэдна датычаць жыцця і дзейнасці святой, а таму неабходнасць падрыхтоўкі манаграфічнага даследавання сёння выглядае цалкам абгрунтаванай. Якім жа чынам была выканана гэтая задача?
Кніга Любові Ляўшун “Ефрасіння Полацкая: імя ў гісторыі”, пра якую пойдзе размова, убачыла свет у маскоўскім выдавецтве “Квадрыга” ў 2022 г., а ўжо ў наступным годзе была выдадзена яшчэ раз у Беларусі. Адсутнасць назвы выдавецтва ў другім выданні, невялікі наклад, а таксама кароткая розніца ў часе паміж першым і другім выданнямі наводзяць на думку пра неабходнасць нешта паправіць у першым варыянце і выдаць паўторна. Забягаючы наперад, мусім адзначыць, што ўсе асноўныя хібы, пра якія пойдзе размова, у другім выданні засталіся на месцы. З іншага боку, трэба прызнаць, што галоўным крытэрам пры ацэнцы павінна служыць не столькі тое, ці ёсць у выданні памылкі (якія здараюцца, мабыць, у любым вялікім даследаванні), колькі тое, ці ёсць у ім нешта новае ў параўнанні з папярэднім станам ведаў.
Кніга, якую папераджае прадмова Сцяпана Цемушава, складаецца з уласна даследавання і публікацыі крыніц. Даследчыцкая частка ў першым выданні мае ўводзіны, 14 раздзелаў, якія разбіты на падраздзелы, і заключэнне. У другім выданні падзел на раздзелы чамусьці зняты, засталіся толькі падраздзелы. Назвы падраздзелаў уяўляюць з сябе ўрыўкі фраз на тагачаснай кніжнай мове з жыція і іншых крыніц (напрыклад, “Придете, любомоудрънии <…> съвъкоупитися притекающи…”, “Вы же, блазии послушници <…> снидетеся на новое се слышание” і г. д.), што не надта зручна ў карыстанні, паколькі не заўсёды зразумела, што за змест хаваецца за такімі загалоўкамі.
У падраздзеле, прысвечаным паходжанню бацькоў Ефрасінні, аўтарка прытрымліваецца традыцыйнай версіі пра тое, што бацькам святой, які ў жыціі выступае пад хрысціянскім імем Георгій, быў Святаслаў Усяславіч. Што тычыцца маці, Сафіі, то дапускаецца, што яна была дачкой Уладзіміра Манамаха – са спасылкай на Васіля Тацішчава, які называе Васільку Святаславіча (сына Святаслава Усяславіча) “внуком Мономашим” (35) [2]. Аднак гэта не ўласныя звесткі Тацішчава (якія сёння ўсё больш ставяцца пад сумнеў), такое азначэнне ёсць у Ніканаўскім, Васкрасенскім і некаторых іншых позніх летапісах.
Затым робіцца спроба вызначыць удзел Святаслава, імавернага бацькі Ефрасінні, звестак пра які ў крыніцах не захавалася. Так, аўтарка лічыць, што ім быў Віцебск. Пры гэтым сцвярджаецца, што гэта найбольш распаўсюджаная думка сярод гісторыкаў, якія даследавалі генеалогію полацкіх князёў. “Во всяком случае, потомки Святослава-Георгия Всеславича владели как отчиной именно этим городом” (34). Пры гэтым даецца спасылка на працы Васіля Данілевіча, Аляксандра Праснякова, Тадэвуша Васілеўскага, Леаніда Аляксеева, Эдуарда Загарульскага, Леаніда Калядзінскага, Лявонція Вайтовіча, Сяргея Жыцянёва, Андрэя Пятнова, Уладзіміра Когана і Уладзіміра Дамброўскага-Шалагіна.
Аднак В. Данілевіч на ўказанай старонцы канстатуе толькі, што Усяслаў Васількавіч (унук Святаслава) княжыў у Віцебску, але не кажа, што гэта была яго вотчына [3]. У А. Праснякова гэта не яго ўласнае меркаванне, ён толькі падае ў заўвагах думку Мітрафана Доўнара-Запольскага, прычым не зусім зразумела, ці яе падзяляе. Так, ён піша, што Доўнар-Запольскі ўказвае на “витебскую волость Святославичей или Васильковичей (линия Василька Святославича), которую, впрочем, проследить значительно труднее” [4]. Т. Васілеўскі ў рэцэнзіі на манаграфію Л. Аляксеева пра Полацкую зямлю сапраўды выказваў меркаванне, што Віцебск быў удзелам Святаслава, спасылаючыся на княжанне там яго ўнукаў. Аднак ён не быў спецыялістам па гісторыі Полацкага княства, як і шэраг іншых аўтараў. Увогуле ён лічыў (услед за Мікалаем Баўмгартэнам) бацькам Ефрасінні не Святаслава, а Расціслава, а месцам яго княжання – Кукенойс (памылкова атаясамляючы князя гэтага горада Вячку з братам Ефрасінні Вячаславам) [5]. Палемізуючы з ім, Л. Аляксееў зазначаў, што Віцебск, верагодна, належаў аднаму з трох малодшых сыноў Усяслава – Раману, Расціславу ці Святаславу, – але немагчыма сказаць, каму канкрэтна. Даследчык устрымліваўся, каб аднесці яго да Святаслава, па дзвюх прычынах: па-першае, праз наяўнасць у Віцебску смаленскіх князёў да таго, як там з’явіліся ўнукі Святаслава, па-другое, з-за празмерна вялікага часавага разрыву (з моманту высылкі полацкіх князёў у Візантыю ў 1129 г. да з’яўлення там яго ўнукаў прайшло 42 гады – і гэта вельмі працяглы перыяд, каб меркаваць пра аднаўленне пасля яго традыцыі валодання) [6]. Што тычыцца Л. Калядзінскага, то ў энцыклапедычным артыкуле яго аўтарства пра Святаслава наогул нічога не сказана, дапускаецца толькі, што Віцебск, магчыма, належаў яго сыну Васільку ў 30–40 г. XII ст. [7] (хоць звесткі пра гэта таксама адсутнічаюць). Праца Л. Вайтовіча патрабуе асобнай рэцэнзіі. Тут можна толькі заўважыць, што Прадславу ён таксама лічыў дачкой Расціслава і чамусьці дапускаў, што яна нарадзілася ў выгнанні ў Візантыі (?) “і там прийняла чернецтво під іменем Єфросінії” [8]. Невядома, адкуль такія звесткі, вядома толькі, што яны супярэчаць крыніцам. Увогуле, на момант высылкі полацкіх князёў у Візантыю Ефрасіння была ўжо ігуменняй (перадачу ёй Сяльца зацвярджаў князь Барыс, які памёр у 1128 г.). Падобных дадумак і нестыковак у працы так шмат, што карыстацца ёй праблематычна. У даведніку У. Когана і У. Дамброўскага-Шалагіна меркаванні пра месца княжання Святаслава ці Віцебск як вотчыну яго нашчадкаў адсутнічаюць; віцебскіх князёў другой паловы XII ст. яны наогул адносяць да іншай галіны – лічаць сынамі Васількі Рагвалодавіча [9] (асобы, невядомай з летапісаў).
Між тым, можна задацца пытаннем, чаму многія аўтары, у тым ліку такія знаўцы гісторыі Полаччыны, як В. Данілевіч і Л. Аляксееў, не спяшаліся лічыць Віцебск месцам княжання Святаслава. Разважанні Л. Аляксеева ў сувязі з гэтым даволі паказальныя.
На самай справе версія пра віцебскі ўдзел Святаслава ў беларускай гістарыяграфіі паходзіць ад Мітрафана Доўнара-Запольскага (у гэтым пераліку не згаданага). Логіка ў яго грунтуецца на двух момантах: па-першае, на тым, што ў Віцебску ў 70–80 г. XII ст. княжылі нашчадкі гэтага князя; па-другое, што ўсе шасцёра сыноў Усяслава мусілі атрымаць па ўдзеле [10]. Між тым, пры вялікай колькасці сыноў малодшыя часта не атрымлівалі ўдзела. Што тычыцца перанясення сітуацыі з княжаннем у Віцебску з апошняй чвэрці XII ст. на яго пачатак – то гэта занадта рызыкоўная рэтраспекцыя. У той час існавала ўжо зусім іншая сітуацыя. Кажучы дакладней, сітуацыя з размеркаваннем сталоў на Полаччыне прынцыпова змянілася ў 1129 г., пасля высылкі значнай часткі князёў у Візантыю. Менавіта гэта зрабіла магчымым неўзабаве замацаванне ў Полацку Васількі Святаславіча – прадстаўніка малодшай галіны, у якога пры іншых абставінах не было б ніякіх шансаў. Пасля гэтага на палітычную арэну Полаччыны выходзяць яго сыны, Усяслаў і Брачыслаў, якіх мы бачым у Полацку і Віцебску. Іншымі словамі, іх пазіцыі былі вынікам узвышэння ў свой час іх бацькі, а не падзелу княства пасля Усяслава Брачыславіча. Таму княжанне ў Віцебску сыноў Васількі ніяк не сведчыць пра княжанне тут Святаслава. Усё, што вядома пра бацьку Ефрасінні з яе жыція – гэта тое, што ён жыве з сям’ёй у Полацку, таму ў яго, як у малодшага, магчыма, і не было ніякага ўдзела.
Тым не менш, гэтая версія падаецца як нешта само сабой зразумелае і на ёй будуюцца наступныя разважанні, якія часам ідуць вельмі далёка. Напрыклад, сцвярджаецца, што Віцебск быў месцам нараджэння Ефрасінні. Хоць у жыціі такой інфармацыі няма, усе падзеі там адбываюцца ў Полацку, а ў раннім пролажным варыянце, апублікаваным самой аўтаркай, наогул простым тэкстам сказана: “Пр[е]п[о](до)бнаа сїа Єфросинїа бы(с)/ть/ ѹбо ѡ(т) града сего Полотьска рож(д)енїе и въспитанїє” (312).
Да цяперашняга часу не ўсё ясна і з пастрыжэннем Ефрасінні. Па-першае, як адзначаецца, яна пастрыглася насуперак канонам у раннім узросце, нягледзячы на тое, што гэта дазвалялася з 16–17 гадоў і 3–4 гады складаў яшчэ выпрабавальны тэрмін (хоць прыводзяцца і іншыя меркаванні). Між тым, у яе выпадку гэта адбылося хутка пасля дасягнення паўналецця, г. зн. 12 гадоў. Далей аўтарка мяркуе, што адзіны варыянт, які дазваляў пастрыжэнне адразу ў “вялікую схіму”, без выпрабавальнага тэрміну, – гэта смяротная хвароба, і таму Прадслава прыняла пострыг, будучы пры смерці (58–72). Падаецца, такія акалічнасці знайшлі б адлюстраванне ў жыціі. Больш за тое, мяркуецца, што Прадслава “испросила себе у Господа смертельную болезнь” (як і пазней, у канцы жыцця) і што гэта быў яе першы цуд (86). У далейшым, пры падліку ўзросту Гарадзіславы (Градзіславы), сястры і паплечніцы Ефрасінні, дапускаецца, што яна была пастрыжана ці то ў 11–13, ці то ў 10 гадоў, але гаворкі пра смяротную хваробу пры гэтым не вядзецца і наогул ніяк гэта не тлумачыцца (100).
Пострыг Ефрасіння прымае ў “манастыры Раманавай”, г. зн. удавы князя Рамана Усяславіча. Выраз у кнізе ўжываецца ў двукоссі, паколькі, на думку Л. Ляўшун, гэта была манаская грамада без статуса манастыра, якую яна называе “парфенон” (55–58). Яго месцазнаходжанне невядомае: “можно только предполагать, что он находился не очень далеко как от Витебска (откуда ушла Предслава), так и от Полоцка (куда она вскоре переселилась…)” (54). Пры гэтым адмаўляецца магчымасць, што гэта магло адбыцца ў Полацку, бо пра такі жаночы манастыр у горадзе з іншых крыніц нічога дакладна невядома. Але ж і пра існаванне яго паміж Полацкам і Віцебскам з крыніц нічога невядома. І калі размова пра грамаду без статусу манастыра, то трэба тады даказваць немагчымасць існавання ў Полацку яе, а не манастыра.
Прыход Прадславы да ўдавы Рамана Усяславіча, якая прыняла манаства пасля смерці мужа, з’яўляецца зачэпкай, паколькі дазваляе ўвесці пэўную (адносную) храналогію ў біяграфію святой. Якім жа чынам выкарыстаны гэты шанс?
У крыніцах і літаратуры ёсць розныя даты смерці Рамана. У кнізе бярэцца 6624 г. паводле Іпацьеўскага летапісу, што слушна (найбольш ранняя крыніца). Л. Ляўшун сцвярджае, што гэта год ультрасакавіцкі (г. зн. 1115/1116), але ніяк гэта не абгрунтоўвае (46). Пры гэтым у “Храналогіі” Мікалая Беражкова ён праходзіць як сакавіцкі (1116/1117 г.) [11], а Сяргей Цыб бачыць у гэтым гадавым запісе наслаенне вераснёўскага летазлічэння на сакавіцкае, што адбылося ў выніку перапісвання і кампілявання крыніц з розным стылем. Паводле яго, вераснёўскім стылем тут датавана першае паведамленне – вайна Уладзіміра Манамаха супраць Глеба Усяславіча, якая пачалася 28 студзеня і скончылася ў Вялікі пост (працягваўся з сярэдзіны лютага да канца сакавіка); у Лаўрэнцьеўскім летапісе яно дадзена пад 6623-м сакавіцкім годам [12]. Незалежна ад стылю, існуе згода, што гэтая вайна адбылася ў пачатку 1116 г.; прымае гэта і аўтарка (54). Сапраўды, калі гэта год ультрасакавіцкі, г. зн. скончыўся ў канцы лютага, то незразумела, куды адносяцца ўсе іншыя падзеі ў гэтым годзе пасля заканчэння вайны.
З апорай на такія звесткі робіцца спроба вылічыць год нараджэння Ефрасінні. Так, паводле Л. Ляўшун, Прадслава прыйшла да “чарніцы Раманавай” не пазней за пачатак 1116 г. (які разглядаецца як канец ультрасакавіцкага). Паколькі ёй нядаўна споўнілася 12 гадоў, то яна нарадзілася не пазней за 1104 г. І тут жа гэты год бярэцца за год нараджэння (38–41).
Па-першае, як паказана вышэй, спецыялісты па храналогіі не лічылі гэты год ультрасакавіцкім. Па-другое, нават калі дапусціць, што ўдава Рамана пастрыглася адразу ж пасля атрымання весткі пра смерць мужа, то ні з чаго не вынікае, што Прадслава прыйшла да яе адразу ж пасля гэтага, да канца года. Гэта магло здарыцца і ў наступным годзе, і пазней.
Калі прыняць услед за М. Беражковым і С. Цыбам, што аснова гадавога запісу тут сакавіцкая, то смерць Рамана мела месца не раней за сакавік 1116 г. і не пазней за люты 1117 г. Пасля гэтага да пастрыжэння яго ўдавы, а потым да пастрыжэння Ефрасінні прайшоў яшчэ пэўны час. Таму пры вылічэнні ўзросту Ефрасінні можна зыходзіць толькі з таго, што ёй споўнілася 12 гадоў, хутчэй за ўсё, не раней за 1116 г. Адпаведна, нарадзілася яна не раней за 1104 г. Гэта ўсё, што можна сказаць пра яе нараджэнне. Яно магло адбыцца і пазней, тут няма ніякіх перашкод, як і няма ніякіх падстаў прымаць нейкі канкрэтны год за год яе нараджэння.
Паводле Ніканаўскага летапісу, Раман Усяславіч памёр у Разані. Нядаўна была агучана, на нашу думку, вартая ўвагі версія, што яго смерць здарылася ў палоне пасля згаданай вайны, у ходзе якой быў узяты Друцк, князем якога ён і мог быць. Такі трагічны лёс, верагодна, і прымусіў яго жонку прыняць манаства [13].
Далей робіцца спроба вылічыць дату нараджэння Ефрасінні. Дапускаецца, што яе манаскае імя, хутчэй за ўсё, было і яе хросным. Названая яна была, верагодна, у гонар Ефрасінні Александрыйскай, чый дзень адзначаецца два разы: 15 лютага і 25 верасня. Хрысцілі ў той час па царкоўных правілах на восьмы дзень. Між тым, у 1104 г., з 4 да 6 лютага “русичи лицезрели небесное знамение «в солнце и луне». Знаменье могло быть воспринято как предсказание некоего чудесного события – к примеру, рождения будущей святой или же скорого появления в Полоцкой земле 3 подвижниц. <…> Тогда можно предположить, что Предслава родилась 8 февраля, т. е. на третий день после прекращения чудесного трехдневного знамения в небе” (39–40).
У Іпацьеўскім летапісе гэтыя нябесныя з’явы ніяк не звязваюцца з нараджэннем святой. Так іх інтэрпрэтуе сама аўтарка. Гэта значыць, нараджэнне Ефрасінні прапануецца разлічваць, адштурхоўваючыся ад знакаў на небе.
Выклікаюць сумненне і іншыя падлікі, напрыклад магчымасць разлічыць “довольно точную дату рождения” Гарадзіславы. Выказваецца меркаванне, што яна “была зачата” пасля таго, як Ефрасіння адмовілася ад свецкага жыцця. Чаму так адбылося – невядома. За гэтым дапушчэннем ідзе чарговае – што іх маці Сафія “понесла свое второе дитя по молитве новопостриженной Евфросинии” і што гэта з’яўляецца яшчэ адным цудам, здзейсненым святой (100). Можна заўважыць, што цуды ў кнізе пастулююцца як рэальныя факты, прычым не толькі вядомыя з крыніц, але і тыя, што выходзяць з-пад пяра самой аўтаркі. Пры гэтым Л. Ляўшун лічыць, што Ефрасіння была ў бацькоў першым дзіцем і нарадзілася, калі яе маці было больш за 30 гадоў (32, калі трымацца аўтарскай версіі, што шлюб узяты ў 1082 г.) (36–37). Адбылося гэта дзякуючы старанным малітвам. З улікам таго, што Ефрасіння адмовілася ад свецкага жыцця ва ўзросце 12 гадоў, атрымліваецца, што яе сястра нарадзілася, калі іх маці (з улікам двух перыядаў цяжарнасці) было як мінімум 45 гадоў, пасля чаго ў сям’і нарадзілася яшчэ двое сыноў. На жаль, не ўдакладняецца, ці яны таксама, як і сёстры, нарадзіліся з інтэрвалам у 12 гадоў.
Стыль выкладання ў кніжцы вельмі эмацыйны, месцамі з пераходамі ў тонкую лірыку. Прывядзем некалькі фрагментаў:
“Таким образом, небезосновательно будет предположить, что витебская Благовещенская церковь являлась обетной, то есть возведенной князем Святославом Всеславичем по обету, когда он узнал, что княгиня его, наконец непраздна. Освящение церкви как Благовещенской… вполне соотносится с этим событием. Расположенная в Нижнем замке, церковь эта находилась в виду княжеских хором, стоявших в Верхнем замке; возможно, из окна Предславиной светлицы она была видна и юная княжна, возрастая, ежедневно видела свой храм и, наверное, именно там ее крестили и туда приводили на богослужение и к Причастию. Образ этой церкви столь глубоко запал в душу девочки, что когда пришло время строить храм в Сельце (о чем ниже), Евфросиния представляла его похожим на храм своего детства…” (38).
І ўласна пра заснаванне манастыра ў Сяльцы:
“Далее описана радость князей и веча по поводу согласия девушки: «Князи же и бояре все слышавше от преподобныя Еуфросинии глагол сий, возрадовашеся». Но кстати спросить: а чему, собственно, было радоваться, особенно – отцу Евфросинии? Тому, что девушка в обществе одной только черницы отправляется жить «за три поприща» от города в ветхую церковь, где, возможно, нет построек, пригодных для жилья, и где, наверное, по ночам бродят волки?!” (88).
Відавочна, такі стыль больш пасуе для белетрыстыкі. Аднак кніга мае навуковы даведачны апарат і прайшла рэцэнзаванне.
Асаблівае трымценне ў чытача мусяць выклікаць знакі на небе. У кнізе яны прысутнічаюць рэгулярна. Паводле аўтаркі, яны прадказваюць пачатак міжусобіцы ў Полацкай зямлі пасля смерці Усяслава (між іншым, невядомай з крыніц – толькі як меркаванне некаторых аўтараў), выконваюць ролю перасцярогі для Барыса Усяславіча, які пад іх уздзеяннем даруе брату Глебу гэтую зваду, і г. д. (197–198). У летапісе згаданыя прыродныя з’явы ніяк не звязваюцца з гэтымі падзеямі.
Вяртаючыся да пытання, ці ўносіць кніжка нешта новае ў параўнанні з ранейшым станам ведаў, можна адзначыць адно новае слова ў спрэчцы пра першую вядомую пячатку Ефрасінні, знойдзеную ў Ноўгарадзе ў 1968 г. Аляксандр Маёраў патраціў даволі шмат часу і сіл, каб даказаць яе прыналежнасць гіпатэтычнай Ефрасінні Галіцкай, жонцы Рамана Мсціславіча [14]. Адным з ключавых аргументаў праціўнікаў яе атрыбуцыі Ефрасінні Полацкай была выява Перамянення (Прѣображєниѥ), паколькі вядома, што галоўны храм полацкага манастыра да XVII ст. не называўся Спаса-Праабражэнскім, а толькі Спаскім [15]. Л. Ляўшун дапускае, што храмавых святаў было два, і адным з іх было Перамяненне. Такое дапушчэнне робіцца па аналогіі з галоўным храмам канстанцінопальскага манастыра Хрыста Пантакратара (Спаса Усеўладнага), дзе храмавым святам было акурат Перамяненне. Паралель між гэтым манастыром і полацкім правяла яшчэ Ірына Шаліна, якая звярнула ўвагу, што назвы двух манастыроў, заснаваных Ефрасінняй у Полацку (Св. Спаса і Прачыстай Багародзіцы), фактычна паўтаралі назвы цэркваў манастыра Хрыста Пантакратара. На яе назіранні абапіраецца і Л. Ляўшун (120–121).
Гэта сапраўды новы момант, які дазваляе прасунуцца ў далейшых развагах над пячаткамі Ефрасінні Полацкай. Аднак для кніжкі на 300 старонак (без уліку дадаткаў) гэта няшмат. Тым больш што аўтарка паслядоўна прапускае ўсе новыя публікацыі і адкрыцці, звязаныя як з пячаткамі Ефрасінні, так і ў цэлым з тэматыкай кнігі. Размова пра артыкулы, змешчаныя ў “Беларускім гістарычным часопісе” – фактычна адзіным сёння гістарычным перыёдыку ў краіне, калі не лічыць серыі акадэмічных выданняў. Так, прапушчаны публікацыі дзвюх пячатак Ефрасінні іншых тыпаў з раскопак у Полацку [16], артыкул, прысвечаны дэндрахраналагічнаму датаванню Спаса-Праабражэнскай царквы, што мае істотнае значэнне як для вызначэння этапаў біяграфіі Ефрасінні, так і для гісторыі культуры Беларусі ў цэлым [17], а таксама публікацыя, прысвечаная першапачатковаму архітэктурнаму абліччу гэтай царквы, заснаваная на матэрыялах археалагічных раскопак [18]. Апошняе, між іншым, заўважна адрознівалася ад выгляду Благавешчанскай царквы ў Віцебску, якую аўтарка лічыць прататыпам гэтага храма.
У першым выданні будаўніцтва Спаса-Праабражэнскай царквы Л. Ляўшун з апорай на ўласную храналогію аднесла да 1129–1130/31 г., калі полацкія князі былі высланы ў Візантыю. Між тым, дэндрахраналагічны аналіз паказаў, што будаўніцтва храма вялося ў 1124–1137 г. [19] – г. зн. пачалося ў значна больш спрыяльных для гэтага умовах. Папярэднія вынікі гэтага даследавання крыху раней трапілі ў артыкул Ігара Залілава. У ім дадзеныя адрозніваюцца ад выніковага варыянта: называюцца 1125– 1134 г. [20] У другім выданні кнігі ўлічаны звесткі з гэтага артыкула, але не афіцыйная публікацыя вынікаў. Нягледзячы на гэта, пакінута і ранейшае аўтарскае датаванне. Аўтарка мяркуе, што гэтыя дадзеныя пацвярджаюць яе гіпотэзу (112).
Выданне 2023 г. пачынаецца вершам, у якім сцвярджаецца, што Ефрасіння Полацкая “Русь неделимую вечную видеть желала” (17), але гэта не зафіксавана ў крыніцах і адлюстроўвае, відаць, погляды самой аўтаркі.
Пішучы рэцэнзію на папярэднюю кнігу Л. Ляўшун пра полацкага князя Барыса Усяславіча, Антон Увядзенскі акрэсліў яе як “весьма странную”. Сярод заўваг былі, між іншым, празмерная літаратурнасць, адвольныя інтэрпрэтацыі, дадумванне падзей без дастатковых на тое падстаў, выказванне здагадак і падбор датаў пад загадзя зададзеную канцэпцыю (рэлігійна матываваную) [21]. Між тым, некаторыя сюжэты з той кнігі перакачавалі і ў гэтую, напрыклад версія пра паходжанне Барысавых камянёў ад каменных памежных крыжоў племені водзь, якія князь Барыс нібыта бачыў падчас пражывання разам з бацькам у выгнанні ў водскай зямлі (195–196). У пацверджанне прыведзена спасылка на артыкул Аляксандра Патраўнава і Таццяны Хмельнік [22]. Аднак размова ў ім ідзе пра наўгародскія каменныя крыжы ў коле – у асноўным з Ноўгарада і ваколіц (некаторыя – з Пскоўшчыны, былой Водскай пяціны, Карэліі і іншых мясцін); датуюцца яны канцом XIII – XIV ст. Існаванне такіх крыжоў у XI ст. нідзе не засведчана, не кажучы пра тое, што тут адсутнічае хоць нейкае тыпалагічнае падабенства з Барысавымі камянямі. У значнай ступені ацэнку папярэдняй кнігі можна аднесці і да гэтай. Выказаныя ў ёй новыя інтэрпрэтацыі, якія датычаць абставін жыцця і дзейнасці Ефрасінні, носяць часта адвольны характар і заблытваюць рэальны стан спраў. Нягледзячы на малалікасць крыніц пра жыццё і дзейнасць першай беларускай святой і асветніцы, падаецца, стварэнне яе навуковай біяграфіі на шырокім гістарычным фоне ўсё ж магчымае, але для гэтага трэба прытрымлівацца адпаведных патрабаванняў да напісання такога кшталту прац.
* Левшун, Любовь В. Евфросиния Полоцкая: имя в истории. Москва: Квадрига, 2022. 434 с. (Историк: прямая речь); Изд. 2-е, испр. и доп. Минск, 2023. 365 с.
[1] Мельнікаў А. З неапублікаванай спадчыны / навук. рэд. В. А. Чамярыцкі; укл.: Л. В. Ляўшун, Л. Ф. Анцух. Мінск, 2005.
[2] Тут і далей спасылкі на другое выданне.
[3] Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896. С. 93.
[4] Пресняков A. Княжое право в древней Руси: очерки по истории X–XII столетий. С.-Петербург, 1909. C. 118–119, сп. 4.
[5] Wasilewski T. Rec.: Алексеев Л. В. Полоцкая земля (очерки истории Северной Белоруссии в IX–XIII вв.). Москва, 1966 // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. R. XVI. Nr 2. 1968. S. 376–378.
[6] Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X–XIII вв. / редколл.: Л. Г. Бескровный, В. А. Кучкин, В. Т. Пашуто. Москва, 1975. С. 231–233. У спісе літаратуры ўвесь зборнік памылкова пададзены як праца Л. Аляксеева.
[7] Калядзінскі Л. У. Віцебскае княства // Беларуская энцыклапедыя. Т. 4. Мінск, 1997. С. 214. У іншым яго артыкуле думка, што Святаславу дастаўся Віцебск, прыпісваецца А. Праснякову і Т. Васілеўскаму (Калядзінскі Л. Святаслаў Усяславіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6, ч. 1. Мінск, 2001. С. 270). Відавочна, гэтая інфармацыя і адсылкі паўтараюцца з працы Алега Рапава (Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X – первой половине XIII в. Москва, 1977. С. 56). Апошні таксама схіляўся да думкі, што Святаслаў не быў віцебскім князем.
[8] Войтович Л. Князівські дінастії Східної Європи (кінець IX – початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Львів, 2000. § 3.2, поз. 21. Адносна віцебскага княжання Святаслава аўтар прыводзіць як доказ, што ў 1180 г. наўгародцы збіраліся на полацкага князя Усяслава Васількавіча, “дзед” якога хадзіў на Ноўгарад, абрабаваў Сафійскі сабор і “приєднав до своєї землі” адзін пагост. З гэтага нараджаецца версія пра памежны канфлікт Віцебскага княства з Ноўгарадам у 1101–1129 г., але з агаворкай: “якщо це не ремінісценсії з походу Всеслава Брячиславича у 1065 р.” У гэтым выпадку Л. Вайтовіч мяркуе, што дзедам ён названы “памылкова” замест прадзеда: Войтович Л. Князівські дінастії… § 3.2, поз. 9. Відавочна, гэта рэмінісцэнцыі з паходу Усяслава Брачыславіча (гл., напрыклад: Рукавишников А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: свидетельства источников // Древняя Русь: вопросы медиевистики. 2003. № 2. С. 110). Па-другое, памылкі тут няма – “дзед” тут у значэнні продка. Нарэшце, у арыгінале летапіснага паведамлення сказана, што пагост ён “завелъ за Полтескъ” (г. зн. вывеў у палон), а не далучыў да Віцебска, як у аўтара. Усё гэта паўтараецца і ў пазнейшай працы: Войтович Л. Княжа доба на Русі: портрети еліти. Біла Церква, 2006. С. 285–286, 289. Акрамя таго, з гісторыкаў (у доказ тэорыі пра віцебскае княжанне Святаслава) аўтар спасылаецца на А. Праснякова і Т. Васілеўскага, якія спецыяльна гісторыяй Полаччыны не займаліся. Як адзначана вышэй, гэтая інфармацыя і спасылкі паходзяць з працы А. Рапава.
[9] Коган В. М., Домбровский-Шалагин В. И. Князь Рюрик и его потомки: историко-генеалогический свод. С.-Петербург, 2004. С. 298 и др.
[10] Так, М. Доўнар-Запольскі пісаў, што Усяслаў падзяліў “все княжество между своими шестью сыновьями” (Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891. С. 81); таксама ў іншым месцы: “Василько Святославич, в 1133 г. призванный полочанами на стол, владел, несомненно, от отца своего Витебском. Мы видим, что впоследствии Всеслав, сын его, владел этим уделом” (Тамсама. C. 167).
[11] Бережков Н. Г. Хронология русского летописания. Москва, 1963. С. 42, 124.
[12] Цыб С. В. Древнерусское времяисчисление в “Повести временных лет”. Изд. 2-е, испр. С.-Петербург, 2011. С. 44. М. Беражкоў не пакінуў падрабязнага храналагічнага каментару да гэтай часткі Іпацьеўскага летапісу (“Аповесці мінулых часоў”). Можна толькі здагадвацца, па аналогіі з іншымі “разарванымі” падзеямі, якія даследчык даў пад годам іх заканчэння, што ён і гэтую вайну лічыў датаванай 6624 г. паводле яе заканчэння.
[13] Самонова М. Н. К проблеме о старшинстве Всеславичей // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі / уклад. Т. У. Явіч. Полацк, 2022. С. 253.
[14] Майоров А. В. Русь, Византия и Западная Европа: из истории внешнеполитических и культурных связей ΧII–ΧIII вв. С.-Петербург, 2011. С. 336–351; Майоров А. В. Печать Евфросинии Галицкой из Новгорода // Древняя Русь: вопросы медиевистики. 2011. № 2. С. 5–25; Майоров А. В., Веселов Ф. Н. Печати Евфросинии из Новгорода и Полоцка: сравнительный анализ // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў / пад агульн. рэд. Д. У. Дука і інш. Ч. 1. Наваполацк, 2016. С. 41–51; Майоров А. В., Веселов Ф. Н. К атрибуции евфросиньевских печатей с изображением Спасителя из Новгорода и Полоцка // Древняя Русь: во времени, в личностях, в идеях. Вып. 5. 2016. С. 273–285.
[15] Параўн. таксама: Дук Д., Калечыц І., Коц А. Пячатка Еўфрасінні Полацкай // Беларускі гістарычны часопіс (БГЧ). 2015. № 7. С. 16–17.
[16] Дук Д., Калечыц І., Коц А. Пячатка Еўфрасінні Полацкай… С. 13–18; Дук Д., Калечыц І., Коц А., Торшын Я. Парадная пячатка Еўфрасінні Полацкай // БГЧ. 2017. № 9. С. 4–8.
[17] Ярмохін М., Вітас А., Калечыц І. Дэндрахраналагічнае датаванне будаўніцтва Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы // БГЧ. 2016. № 8. С. 13–17.
[18] Дук Д., Коц А., Іанісян А., Зыкаў П. Спасціжэнне першапачатковай задумы архітэктуры Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы: па выніках даследаванняў 2015 г. // БГЧ. 2016. № 7. С. 5–16.
[19] Ярмохін М., Вітас А., Калечыц І. Дэндрахраналагічнае датаванне…
[20] Залилов И. З. О датировке архитектурных памятников Полоцка XI–XII веков // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A. Гуманитарные науки. 2015. № 9. С. 129. У спісе літаратуры назва часопіса дадзена недакладна: назва серыі прынята за назву выдання (343).
[21] Введенский А. М. Рец.: Левшун Л. В. Полоцкий князь Борис Всеславич. Москва: Квадрига, 2020 // Studia Historica Europae Orientalis. Вып. 14. Минск, 2021. С. 179–187.
[22] Потравнов А. Л., Хмельник Т. Ю. Каменные кресты в круге на северо-западе России // Археология и история Пскова и Псковской земли. Вып. 29. 2013. С. 192–204. Пры гэтым спасылка на артыкул дадзена некарэктна: не пададзена месца публікацыі і старонкі, замест гэтага ідзе спасылка на сайт www.academia.edu са скажонай кадзіроўкай (354–355).
