Марцін Маскалевіч. І зноў старое ніцшэанскае пытанне: колькі мінулага нам трэба для здаровага жыцця?*
“Поруч з навукай стаіць вучэнне аб здаровым жыцці, і адно з палажэнняў гэтага вучэння гучала б так: негістарычнае і надгістарычнае – натуральныя супрацьяддзі ад празмернага разрастання гістарычнага за кошт жыцця, ад гістарычнай хваробы. Па ўсёй верагоднасці, мы, хворыя на гісторыю, будзем цярпець і ад супрацьяддзяў. Але тое, што мы ад іх церпім, не можа лічыцца аргументам супраць правільнасці абранага метаду лячэння” [1].
Шмат што змянілася з 1873 г., калі Фрыдрых Ніцшэ напісаў свае славутыя словы: “Існуе такі спосаб служыць гісторыі і яе ацэньваць, які вядзе да змарнення і выраджэння жыцця” [2]. Змяніўся і сэнс самога паняцця гісторыі. Еўропа перажыла дзве разбуральныя сусветныя вайны; мадэрнізацыя, здавалася б, дасягнула сваіх вяршынь – ажно выявілася, што гэта толькі сярэдзіна шляху; разрыў паміж мінулым і будучыняй павялічыўся да непрадбачаных маштабаў; а здароўе, у тым ліку гістарычная свядомасць, прысутная ў траўматычным досведзе, стала больш аб’ектываваным і медыкалізаваным, чым хоць калі раней. Адзінае, што не змянілася, – гэта актуальнасць першапачатковага пытання. Гэтае пытанне тычылася не толькі колькасці мінулага, якое складае тое, што Ніцшэ назваў гістарычнай хваробай, але і колькасці будучага і негістарычнага, неабходнай для здаровага жыцця асобы і культуры.
У другой частцы “Несвоечасовых разваг” Ніцшэ галоўным ягоным праціўнікам было, вядома, мінулае, апасродкаванае навукаю, але праблема мела і іншыя важныя аспекты. Адзін з іх – вера ў старасць чалавецтва, навязаная гістарычнай адукацыяй. Яшчэ адзін – апраўданне гістарычнага працэсу як неабходнага і давер да сусветнай гісторыі і яе законаў. Ад свайго галоўнага праціўніка – лішку гісторыі як мінулага, якое перадаецца праз наратыў і на якім ляжыць адказнасць за гістарычную хваробу, – Ніцшэ бачыў два супрацьяддзі. Адно з іх – негістарычнае, жывёльнае, заснаванае на забыванні і на абмежаванні праектавання будучыні. Другое – звышгістарычнае, боскае, сканцэнтраванае на вечным і нязменным. Абодва гэтыя сродкі процідзеяння, як ён папярэджваў, – гэта не проста рашэнні праблемы, як выразна паказвае вышэйпададзеная цытата: яны самі могуць спарадзіць хваробу, прынесці своеасаблівы непажаданы пабочны эфект. Патрэбны баланс паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй, паміж гістарычным, негістарычным і звышгістарычным, баланс, які адпавядае класічнаму, гіпакратаўскаму вызначэнню здароўя, хоць і сфармуляванаму гэтым разам у часавых, а не ў гумаральных тэрмінах.
З пункту гледжання сучаснага медыкалізаванага свету, мабыць, якраз псіхіятр мог бы даць нам слушны адказ на пытанне, колькі мінулага нам патрэбна для здаровага жыцця, – адказ, падмацаваны клінічнымі дадзенымі і класіфікацыямі псіхічных разладаў. Гэта, верагодна, быў бы навуковы адказ, або – паколькі медыцына мае маральнае вымярэнне – нарматыўны адказ, дадзены навукоўцам. Наша эсэ, наадварот, зыходзіць з таго, што нюансы і важнасць пытання найлепш разумеюць не лекары, а філосафы гісторыі, асабліва тыя, хто займаўся сваёй тэмай і думаў пра яе шмат гадоў, калі не ўсё жыццё [3].
Калі б з адказаў, якія вы знойдзеце ніжэй, – а большасць іх, следам за Ніцшэ, сцвярджае, што зашмат мінулага не вельмі карысна для паўсядзённага жыцця, – трэба было зрабіць кароткую і простую выснову, яна звялася б да таго, што для здаровага існавання патрэбная раўнавага, на што звяртаў увагу і Ніцшэ. Усе аўтары разумеюць гэтую раўнавагу крыху па-рознаму. Гэта раўнавага паміж памяццю і гісторыяй, паміж памятаннем і забываннем, паміж рознай мінуўшчынай канфліктуючых сацыяльных груп, паміж мінулым і будучым гарызонтамі дзеяння, паміж негістарычным быццём і гістарычным станаўленнем, паміж працягласцю і зменамі. Аб’ектывізаваць такую раўнавагу цяжка, калі не немагчыма. Але не яе “колькасць”, а сама ідэя дае нам сучаснае, постніцшэанскае філасофска-гістарычнае рашэнне праблемы таго, колькі мінулага нам трэба для здаровага жыцця. Гэтае рашэнне, вядома, даволі папярэдняе і выклікае яшчэ шмат пытанняў, але іх варта, мабыць, пакінуць для іншага эсэ і цешыцца тымі адказамі, якія мы маем тут пад рукой.
Франк Анкерсміт [4]
Колькі мінулага трэба нам для здаровага жыцця? Па-першае, мы павінны выключыць мінулае як чыста аб’ектыўную катэгорыю, якая існуе асобна ад усведамлення мінулага або не канечне яму ідэнтычная. Матэрыяльныя аб’екты маюць мінулае, і хоць мы таксама матэрыяльны аб’ект і наша цела мае сваё ўласнае мінулае, наша “мы” не павінна зводзіцца да матэрыяльных аб’ектаў. Таму мы павінны засяродзіцца на сваім усведамленні мінулага – тады адказ на пытанне не будзе засмечаны тым мінулым, якое ў нас агульнае з такімі нежывымі рэчамі, як камяні ці рэкі. Мы таксама павінны прызнаць, што ў тэрміне “мінулае” ёсць яшчэ адна двухсэнсоўнасць: трэба спытаць сябе, ці варта разумець “мінулае” як памяць, як тое, што я ўспамінаю, – ці як тое, што я бачу як сваю гісторыю. Я магу ўспомніць нейкую неістотную дэталь з свайго мінулага, напрыклад, нумар тэлефона аднаго з маіх школьных сяброў, але гэта, безумоўна, не частка маёй гісторыі. Я магу таксама памятаць іншыя рэчы, напрыклад, кім былі мае бацька і маці, якую прафесійную кар’еру я абраў і іншыя рэчы, якія я, безумоўна, буду лічыць часткай свайго мінулага. У гэтым кантэксце мінулае звязана з тым, пра што мы памятаем, або з тым, што непасрэдна звязана з намі самімі. Існуе пэўная асіметрыя паміж маімі ўспамінамі і тым, што я лічу сваёй гісторыяй, і відавочна, што ў гэтай пары гісторыя – партнёр больш моцны і важны. Гэтая выснова можа прымусіць нас з падазрэннем глядзець на цяперашні культ памяці, які ўрэшце можа выліцца ў культ неістотнага.
Але трэба зрабіць яшчэ адно ўдакладненне. Давайце задумаемся над выказваннем святога Аўгусціна пра асабістую ідэнтычнасць: “sum qui memini” – я тое, што я памятаю. Звярніце ўвагу, што святы Аўгусцін не сказаў “sum quae memini de me” – я тое, што я памятаю пра сябе: маўляў, існуе нейкае вядомае “я”, пра якое некаторыя рэчы памятаюцца, а іншыя забываюцца. І тое, што помніцца, і што забыта, можа пераносіцца на “я” ў гэтым апошнім сэнсе. У такім выпадку існавала б два “я”: аўгусцінскае “я”, якое складаецца з успамінаў, і іншае “я”, да якога мы павінны адносіць і тое, што мы пра сябе забыліся, і тое, што памятаем. Святы Аўгусцін рашуча выказваецца на карысць першага “я”, якое складаецца з нашых успамінаў, і супраць другога, у якое ўключаюцца і забытыя ўспаміны. Гэта азначае, што мы не павінны спрабаваць уцягнуць забытае ў сферу таго, што помніцца.
Я згодны з святым Аўгусцінам і лічу, што ягоны тэзіс пра асабістую ідэнтычнасць дазваляе нам адказаць на гэтае пытанне. Калі здаровае жыццё – гэта жыццё, якое адпавядае чалавеку, такому як вы, жыццё, якое адпавядае вашай ідэнтычнасці і не скажае яе, то мінулае, якое вам патрэбна, – гэта мінулае, якое вы памятаеце. Ні больш, ні менш. Трэба, аднак, адрозніваць “здаровага” чалавека ад “нездаровага”. Адказ на гэтае пытанне павінен быць розны для кожнага з іх. Нездаровы чалавек фактычна будзе люстраным адбіткам здаровага. Для здаровых адносін з сваім мінулым варта пазбягаць як зацыклівання – г. зн. умяшання ў механізм, які паціху асуджае неістотныя ўспаміны на забыццё, – так і выцяснення, г. зн. спробаў пазбавіцца ад непажаданых успамінаў. Здаровы чалавек знаходзіцца ў гармоніі са сваімі ўспамінамі. Псіхалагічна нездаровы – наадварот. Яму трэба наладзіць механізмы выдалення неістотных успамінаў і ўсведамлення ўспамінаў непажаданых.
Што да будучыні і пытання, колькі яе патрэбна, у мяне няма канчатковага адказу. Адны людзі арыентаваныя ў першую чаргу на мінуўшчыну, а іншыя – на будучыню. Нічога дрэннага ў гэтым няма, пакуль паміж памяццю і гісторыяй захоўваецца раўнавага. Справа пачынае псавацца, калі людзі, арыентаваныя на мінуўшчыну, адмаўляюцца ад сваіх успамінаў, або калі тыя, хто глядзіць у будучыню, раптам пачынаюць напаўняць свой розум успамінамі. Калі Ніцшэ ў другім з сваіх “Несвоечасовых” эсэ бліскуча аргументаваў, што людзі, якія маюць у галаве зашмат мінулага, становяцца няздольнымі да дзеяння, ён гэта рабіў у кантэксце тлумачэння, што не так з нямецкай гістарычнай свядомасцю. Як пабачылі французы ў 1870 г., нямецкая пашана да гісторыі ані не спыніла немцаў ад далёкасяжнага ўмяшання ў еўрапейскую гісторыю. Праблем са здольнасцю да дзеяння яны зусім не мелі – хутчэй наадварот. У Германіі ўзнікла напружанасць паміж, з аднаго боку, надзвычай моцнай засяроджанасцю на мінулым, а з другога – не менш моцнай засяроджанасцю на будучыні нацыі.
Такім чынам, адказ на пытанне аб здаровых адносінах паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй залежыць ад таго, што вы за асоба. Ёсць людзі, арыентаваныя на мінулае, якія не павінны дапускаць занадта шмат будучыні ў свае ўяўленні пра свет. Каб жыць у злагадзе з самімі сабою, яны павінны мацаваць сваю асобу ўспамінамі. І ёсць людзі, арыентаваныя на будучыню, якія не павінны дапускаць у свой розум надта шмат мінулага, бо тады вакол іхняй арыентацыі на будучыню ўзнікне напружанне. Гэта можа мець адмоўныя наступствы не толькі для іх саміх, але і для іншых, як паказалі прыкрыя факты нямецкай гісторыі XIX і XX ст. Пасля 1945 г. Германія нарэшце знайшла правільны баланс паміж сваімі ўспамінамі пра мінулае і чаканнямі ад будучыні, нашай агульнай еўрапейскай будучыні. Наколькі разбуральнай была роля Германіі ў мінулым, настолькі ў наш час яна канструктыўная. Горкая іронія заключаецца ў тым, што разбуральная частка была неабходная для таго, каб з’явілася частка канструктыўная.
Сандэ Коэн [5]
Колькі мінулага нам патрэбна для здаровага жыцця? Па-першае, мы павінны спытаць, разам з Леві-Стросам і Ніцшэ: мінулага для каго? А потым – разам з Дэлёзам і Ніцшэ: мінулага для чаго? Што вы ствараеце для будучыні, выкарыстоўваючы мінулае-сучаснасць?
Паколькі мінулае не мае ні ідэнтычнасці, ні чаго-колечы іншага, калі ідэнтычнасць яму не навязаная, то любое мінулае, відавочна, адначасова характарызуецца і ўстойлівасцю, і зменлівасцю – бо ў канцэпцыях, афектах і падзеях ёсць і цэльнасць, і разрывы. Індзейскія войны ў Амерыцы – гэта “мінулае”, але яны не адышлі ў мінулае – жыццё ў амерыканскіх рэзервацыях доўжыць паражэнне індзейцаў, ствараючы ідэнтычнасць пераважна адмоўную. В’етнамская вайна – “мінулае”, але яна не скончылася: яе наступствы у В’етнаме рэальныя тут і цяпер. Іх можна ўбачыць ва ўздзеянні на здароўе гербіцыду “Эйджэнт Орандж” і наземных мін, і яны перасякаюцца з в’етнамскімі класіфікацыямі, іерархіямі, паводзінамі і г. д. Давайце ўявім, што В’етнам сёння распачаў бы радыкальныя захады, каб паставіць ЗША перад міжнароднымі судамі, пад кіраўніцтвам тысячы найлепшых і найразумнейшых юрыстаў Амерыкі, патрабуючы трыльённай кампенсацыі для жывых в’етнамцаў. Калі б ён выйграў, для в’етнамцаў іх усё яшчэ жывое мінулае ператварылася б у лягчэйшую будучыню, у той час як для амерыканцаў вяртанне мінулага было б скрышальным.
Я не магу ўявіць сабе грамадства ў індустрыяльную і фінансавую эпоху, якое дазваляе, каб функцыянаванне мінулага несла з сабой праблемы. Якая прафесійная група ў амерыканскім грамадстве не чысціць сваё мінулае? Але тут гаворка ідзе не пра здароўе, а пра функцыянальнасць і дзеяздольнасць, таму сённяшнія практыкі менш турботныя, чым маглі б быць. Гэта таму, што паняцце здароўя глыбока паглынута сучаснымі ўяўленнямі пра нармальнасць. Сучасная статыстыка паказвае нам, што верхняя доля рынку працоўнай сілы, 17% амерыканцаў у прафесійным класе, працуюць значна больш за 40 гадзін на тыдзень, гэтаксама як і працоўныя беднякі. Тым не менш мінулае адваката па інтэлектуальнай уласнасці амаль ніколі не служыць перашкодай для яго ці яе будучыні, у той час як мінулае беднякоў цягне іх долу. Я шмат разоў чытаў, што няроўнасць – умова для здаровага развіцця будучыні.
Сёння пытанне: мінулае для чаго? – пераважае над пытаннем: мінулае для каго? Але гэтыя для чаго і для каго не канчатковыя: ніякая ідэнтычнасць, асабовая, групавая ці іншая, не змяншае сілы, з якой тыя, хто можа, ужо шукаюць спосабаў – як сцвярджаў робататэхнік Ганс Моравек – каб загрузіць сваю свядомасць у камп’ютар дзеля неўміручасці. Для чаго і для каго саступаюць месца нейкаму назаўжды?
Здаровае жыццё з мінулым, калі яно хоць некалі існавала, ідзе шляхам абсалютнай дыферэнцыяцыі, да оргіі несувымерных рэальнасцяў, так што здароўе, жыццё і часавасць апынаюцца ў сітуацыі дзіўнай групавой некамунікабельнасці. Рэлятывізм настолькі “здаровы” для жыцця амерыканскага грамадства, што пагроза любой агульнай мінуўшчыны, якая нясе з сабой неспакой і клопаты, спрычыняе бясконцае выцясненне любой такой пагрозы.
Калі любое выкарыстанне ідэнтычнасці і антыідэнтычнасці з самага пачатку безнадзейна ўводзіць у зман, ёсць два вельмі розныя шляхі. Па-першае, мінулым заўсёды кіруюць, як на асабовым, так і на групавым узроўні, яно занатоўваецца ў семіятычных сістэмах, якія дазваляюць да пэўнай ступені сумаваць аб ім – праяўляць меланхалічную цноту – і з гэтага кіраванага мінулага заўсёды здабываецца тая ці іншая выгада. Па-другое, і гэта здараецца даволі рэдка, мінулае мабілізуецца, ператвараецца ў тэхнікі разрыву і скачка, у пачатак нечага новага. Але ў заходніх грамадствах мы даём мастацтву права рваць з мінулым, пакуль і мінулае, і сучаснасць захоўваюць сваю цэльнасць дзякуючы будучыні, якая павінна надысці. А вось такія адносіны – ці здаровыя яны? Калі мастацтву даецца права ажыццяўляць разрыў, які потым уключаецца ў нейкую большую цэльнасць, – ці здарова гэта? Дзеля чаго адбываецца манументалізацыя мастацтва, якая так шпарка працягваецца і сёння? Калі скачкі і разрывы ў адносінах да цэльнасці дапускаюцца толькі ў тым выпадку, калі яны спрыяюць цэльным працэсам, якія знаходзяцца пад абаронай, такім, як прыватызацыя, капіталізацыя і грамадскі кантроль, то самі пытанні “для чаго?” і “для каго?” скідаюцца ў бездань “што?”.
Ян Ван дэр Дзюсэн [6]
Колькі мінулага нам трэба для здаровага жыцця? Давайце падумаем пра свядомы ўзровень, а не пра несвядомы або падаўлены. Найважней падкрэсліць той факт, што свядомыя адносіны, якія мы маем у сучаснасці як з мінулым, так і з будучыняй, – гэта наша надзвычай важная і неабходная экзістэнцыяльная рыса. Погляд на мінулае жыццёва важны для нас, каб арыентавацца ў сучаснасці, але новы досвед няспынна пасоўвае сучаснасць у будучыню, у той час як мінулае ўсё прырастае. Аднак мінулае – гэта не фіксаваная сутнасць, яно пастаянна пераасэнсоўваецца. Час ад часу чалавеку варта проста сесці, нічога не рабіць і падумаць пра мінулае – што са мной здарылася, які досвед я меў і наколькі мне ўдаецца з ім ладзіць. З мінулым трэба абыходзіцца як мага больш свядома. Свядома пераасэнсаванае мінулае нясе здароўе для будучыні. Нельга жыць без будучыні, але і нельга ствараць будучыню без мінулага: яны звязаныя між сабой і пры гэтым маюць розную прыроду. Будучыня – гэта нешта такое, што яшчэ толькі мае надысці і аформіцца, тады як мінулае ўжо адбылося і яго нельга адмяніць.
З цягам часу наша мінулае расце, а будучыня змяншаецца. Чым старэйшы вы робіцеся, тым менш у вас будучыні. Калі вам дваццаць, будучыня амаль цалкам адкрытая. Калі вам за семдзесят, яна зачыняецца. Але чалавек, тым не менш, думае і пра будучыню, і пра мінулае. Асабістае жыццё фармуецца няспынна. Адносіны паміж мінулым і будучыняй фармуюць вашу сучаснасць, якая пастаянна змяняецца, але яны таксама маюць вырашальнае значэнне для вашага пачуцця асабістай ідэнтычнасці. Гэтую сучаснасць нельга вызначыць, яна можа доўжыцца ад гадзіны ці нават хвілін – да тыдняў, яна ніколі не бывае дакладна акрэсленая, але ў яе склад заўсёды ўваходзіць і мінулае, і будучыня. Які б ваш досвед ні быў, справа не ў самім гэтым досведзе, а ў тым, як вы яго інтэрпрэтуеце і бачыце ў сувязі з сучаснасцю. Мінулае можа быць цяжкім і аказваць на вас вялікі ўплыў, яно можа выклікаць шмат цяжкасцяў у жыцці. Чым старэйшы вы робіцеся, тым больш вы ўцягваецеся ў адносіны з мінулым. Будучыня звычайна не такая праблематычная, калі не лічыць, вядома, сур’ёзных хвароб або нейкіх маштабных падзей.
На базавым узроўні досведу чалавек павінен жыць сваім жыццём па меры яго працякання. Відавочна, што чым ты маладзейшы, тым больш глядзіш у будучыню, а чым старэйшы – тым больш скіраваны ў мінулае. Але псіхалагічна здаровае жыццё павінна грунтавацца на балансе паміж гэтымі падыходамі. Такі баланс не ўзнікае сам па сабе, над ім трэба шмат працаваць. Калі балансу няма, чалавек губляе кантроль над сваім жыццём. У нерэалістычным, утапічным поглядзе на будучыню няма нічога добрага. Але яшчэ горш страціць раўнавагу, надта зацыкліўшыся на мінулым. Захраснуць у мінулым – значыць згубіць будучыню. Тады вам робіцца цесна, і вы не можаце рухацца далей.
На калектыўным узроўні падыход сучаснага заходняга грамадства і культуры да часавасці займеў рысы паталогіі. Бо нашы адносіны з мінулым сур’ёзна парушаныя. Пра 1970-я гады, да прыкладу, мы гаворым як пра пэўнае мінулае, як быццам сто гадоў таму. Камунізм ляжыць недзе яшчэ далей. Мінулае сціскаецца і становіцца ўсё менш і менш знаёмым – не толькі калектыўна, але і індывідуальна. Будучыня тым часам робіцца ўсё больш нявызначанай. Вынік – усё большы разрыў паміж мінулым і будучыняй. У ранні Новы час такі разрыў быў значна меншы, чым сёння. У XIX ст. прадказваць падзеі на дзесяць-дваццаць гадоў наперад было збольшага магчыма. Цяперашнім часам сітуацыя іншая: розныя крызісы, якія мы перажылі ў апошнія дзесяцігоддзі – 11 верасня, эканамічны крызіс, “арабская вясна” – прыйшлі нечакана і не былі прадбачаныя. Усё большае непадабенства паміж мінулым і будучыняй ужо не дазваляе мінуламу служыць за кіраўніцтва для вырашэння сучасных праблем. Да таго ж сёння мы жывём у свеце, які змяняецца ўсё хутчэй. Гэта стварае пачуццё дэзарыентацыі, трывогі і страты дабрабыту. Хоць у апытаннях грамадскасці гэта можа не праяўляцца, але ўсюды – у Нідэрландах, у Англіі, у Францыі – падыспадам існуе масавая незадаволенасць. Еўропа як праект таксама не працуе і застаецца спрэчнай, што робіць яе складнікам гэтага пачуцця крызісу. Няма выразнага бачання, і ніхто не можа прадказаць, якой будзе будучыня. Пануе нявызначанасць. Мы рухаемся нібы ў тумане, які ўсё гусцее і гусцее. Іншымі словамі, мы ўсё менш здольныя глядзець наперад ці назад. Можна сказаць, што калі сто гадоў таму мы маглі бачыць на дзвесце, трыста метраў у абодва бакі, то сёння – не больш як на дваццаць пяць.
Алан Мэгіл [7]
Колькі мінулага нам трэба для здаровага жыцця? Няшмат! Гэта думка, якую Ніцшэ выказаў у сваёй працы “Генеалогія маралі”. Зірніце на першы раздзел “Другога трактата” гэтай працы, з ягоным славутым заклікам актыўна забываць. Ніцшэ кажа, што каб жыць у сучаснасці, нам трэба пераадолець мінулае. Фрэйд робіць нешта падобнае ў сваіх псіхааналітычных працах. Наступствы траўмаў могуць і павінны быць пераадолены, сцвярджае Фрэйд. Наступствы, аналагічныя тым, якія Фрэйд разглядае на ўзроўні індывідуумаў, існуюць і на калектыўным узроўні, калі гаворка ідзе пра гістарычны досвед груп людзей ці нават цэлых народаў.
У сваіх ранніх “Даследаваннях істэрыі” (1895) Фрэйд разглядаў прымірэнне з мінулым выключна ў эмацыйных тэрмінах – як “выплеск” эмоцый, якія раней былі выцеснены. У “Тлумачэнні сноў” (1900) і пазнейшых працах ён выкарыстаў іншую стратэгію – інтэлектуальнае сутыкненне з мінулым. Гэта быў добры спосаб, каб прасунуцца наперад, але ў той жа час ён быў у розных адносінах абмежаваны. Адной са сляпых плям фрэйдысцкага падыходу было тое, што ён недаацэньваў важнасць “тут і цяпер” – у супастаўленні з мінулым – як крыніцы праблем. Фрэйд надта часта ахвотней шукаў траўмы ў мінулым пацыента, прымяншаючы пры гэтым важнасць ягонай цяперашняй сітуацыі. Для нас гэта таксама патэнцыйная небяспека.
Каб жыць добра, нам трэба глядзець як у мінулае, так і ў сучаснасць і будучыню. Па вялікім рахунку, сучаснасць і будучыня важнейшыя за мінулае. Я сустракаў надта шмат людзей, апантаных нейкім мінулым канфліктам, якія зноў і зноў упарта перайграюць нейкія мінулыя бітвы. Жыццё такіх людзей часта сумнае і бязладнае. Праблемы, якія павінны быць важнымі для нас, – гэта праблемы сучаснасці і будучыні. Але калі будучыня ператвараецца ва ўцёкі ад мінулага, яна сама можа стаць паталагічнай. Справа ў тым, што нашы сённяшнія праблемы як на асабістым, так і на калектыўным узроўні глыбока залежаць ад мінулых падзей і сітуацый. На ўзроўні асабістага досведу ёсць людзі, якія няспынна рвуцца наперад, каб ствараць будучыню, але на самой справе ўцякаюць ад мінулага. Такія людзі выцясняюць або паўтараюць праблемы, перажытыя ў мінулым. Нам трэба мець дастаткова спакойнае стаўленне да мінулага, каб намі не кіравалі нявырашаныя праблемы, якія па-ранейшаму вісяць над намі. Адна з найважнейшых задач гісторыка – паспрабаваць вырашыць або хоць бы змякчыць тое, што застаецца нявырашаным у мінулым і з мінулага.
Я вітаю тое, што вы ставіце пытанне, колькі мінулага нам трэба для здаровага жыцця, але гэтае пытанне не пазбаўлена правакацыйнасці і перадузятасці. У “Першым трактаце” “Генеалогіі маралі” Ніцшэ разрозніваў два спосабы жыць: адзін – поўны рэсентыменту, другі – вольны ад яго. Але аказваецца, што абодва гэтыя спосабы жыць неадэкватныя. Спосаб жыць, які пазбаўлены рэсентыменту, – ён такі таму, што ён бяздумны. Ён спантанны. Ён ведае мала або зусім нічога. Ніцшэ ўсведамляў, што мы, адукаваныя сучасныя людзі, жывём больш складаным жыццём. Мы няздатныя на чыста спантанны падыход да жыцця, бо мы ўжо занадта шмат перажылі. Вось чаму нам трэба ўмець забываць.
Але забываць можна па-рознаму. Кожны раз, калі мы далучаем прыметнік да назоўніка, мы гэтым прымаем, што назоўнік мае як мінімум дзве мадальнасці. Сказаць, што існуе актыўнае забыванне, – значыць адначасова сказаць, што існуе і пасіўнае забыванне. Тут Ніцшэ сцвярджае – слушна, на мой погляд, – што ёсць два спосабы забыць мінулае. Адзін з іх – гэта ніколі не ведаць мінулага. Сапраўды, для пераважнай большасці людзей сёння – асабліва сёння, калі электронныя раздражняльнікі ціснуць на нас з усіх бакоў, скрэсліваючы і замазваючы нават рэчы нядаўняга мінулага, – калектыўнае мінулае чалавецтва рызыкуе стаць пустым сусветам няведання. Вядома, невялікія часткі мінулага – тыя, з якімі ў нас звязаны нейкі асабісты досвед, – могуць быць прадстаўлены нам з асаблівай і ў некаторых адносінах скажальнай жывасцю. Але гэта выключэнне. Вялізны акіян мінулага, якога мы не перажылі і пра якое мы нічога не ведаем непасрэдна, лёгка можа быць зафарбаваны міфалагізаванымі вобразамі, якія спараджаюць містыфікацыю.
Небяспека гэтых вобразаў у тым, што яны, даючы нам ілжывае ўяўленне пра мінулае, перашкаджаюць нашым спробам разабрацца з сучаснымі праблемамі. Напрыклад, калі мы ўявім сабе, што самастойнасць і суворы індывідуалізм былі найважнейшымі фактарамі ў тым, што наша краіна стала такой, якая яна сёння, а дзяржаўныя субсідыі і разнастайныя калектыўныя дзеянні адыгралі вельмі малую ролю, – такое ўспрыманне можа звузіць дыяпазон дзеянняў, якія мы будзем разглядаць як магчымыя, разважаючы пра тое, як вырашаць цяперашнія праблемы краіны. Вось прыклад, калі пасіўнае забыванне мінулага пагаршае нашы шанцы на здаровае жыццё ў сучаснасці і будучыні.
Аднак, на мой погляд, справа тут не ў тым, што мінулага “зашмат” ці “замала”. Хутчэй гэта пытанне нашай арыентацыі на жыццё, на існаванне. Па-першае, я не зусім упэўнены, які змест мае паняцце “мінулага”, калі мы выходзім па-за абмежаваныя рамкі нашага асабістага досведу. Па-другое, мне не надта падабаецца прымаць паняцце здаровага жыцця за крытэрый суджэння. Што да першага пункта, я веру, што мінулае існавала. Я ведаю, што ў маім цяперашнім існаванні ёсць рэчы, якія маглі ўзнікнуць толькі з мінулага, і паколькі я гэта ведаю, пастолькі я маю нейкі кантакт з тым, што ўважаю за наступствы гэтага мінулага. Але што тычыцца самога мінулага (якое, дарэчы, я адрозніваю ад гісторыі), – яно, безумоўна, само па сабе не больш чым пусты туман, на які могуць праецыравацца вобразы.
Колькі гэтага нам патрэбна для здаровага жыцця? Дазвольце мне вярнуцца да таго, што я сказаў спачатку, – што мінулага трэба “няшмат”. У сваіх страшэнна эмацыйных “Развагах пра рэвалюцыю ў Францыі” (1790) Эдмунд Бёрк мяркуе, што дзеля таго, каб палітычны парадак функцыянаваў як мае быць, неабходная пэўная доля таямніцы – а папраўдзе, культываваная няздольнасць занадта глыбока аналізаваць стан рэчаў. Бёрк цалкам мог бы сказаць, як і Вордсварт праз некалькі гадоў, што “мы забіваем, каб анатаміраваць”. Або, як Бёрк насамрэч сказаў, “век рыцарства прамінуў. На змену яму прыйшоў век сафістаў, эканамістаў, людзей разліку; і слава Еўропы згасла назаўжды”.
Тут у нас зашмат мінулага. Гэта значыць, у нас зашмат таго, што не прааналізавана, занадта шмат таго, што проста ўяўлена, зашмат туману, на які могуць праецыравацца прыгожыя ці прыемныя (або прыгожыя і прыемныя) вобразы. Калі паставіць гэта ў амерыканскі кантэкст – зашмат “Знесеных ветрам”. Іншымі словамі, зашмат пасіўнага забывання, якое азначае, што мінулага “ніколі і не ведалі”, у спалучэнні з непрыхаванай міфатворчасцю, якую пасіўнае забыванне робіць магчымай – цемнаскурыя ўсе верныя і ўсмешлівыя, а рынкі рабоў і бізуны, так ужо выйшла, застаюцца па-за кадрам. Пасіўнае забыванне трэба дапоўніць і ў значнай ступені замяніць актыўным забываннем, калі мы хочам пазбегнуць такіх пародый.
Іншая назва актыўнага забывання – гісторыя. Гісторыя адсоўвае ад нас мінулае, гэты пусты туман, замяняючы яго чымсьці значна больш складаным і разнастайным. Гісторыя – гэта сукупнасць дзеянняў, накіраваных на знішчэнне і мінулага – пустога туману, і вобразаў, якія людзі ў пазнейшыя часы і цяпер праецыруюць на яго. Калі гэтая задача гісторыі выконваецца добра, мы вызваляемся ад цяжару мінулага. А дакладней – ад цяжару хібных міфічных успамінаў, якія самі па сабе магчымыя дзякуючы пустаце мінулага. Цяжар мінулага – гэта цяжар хібных ацэнак, то бок няздольнасць адэкватна зразумець, як стаяць справы насамрэч.
Ёрн Рузэн [8]
Колькі мінулага нам трэба, каб жыць здаровым жыццём? Мой спантанны адказ даволі кароткі: мінулага нам не трэба надта шмат – значна менш, чым прапануюць прафесійныя гісторыкі. Але гэта тычыцца толькі ўзроўню ведаў і рэфлексіі. На ўзроўні прыняцця мінулага як часткі ўласнай суб’ектыўнасці – гэта ўзровень часткова паўсвядомы і несвядомы – мы ўсе прадукт і вынік мінулых падзей. Тут усё залежыць ад таго, які досвед мы маем з самімі сабою і якія праблемы нам давялося вырашаць. Каб разабрацца з гэтымі праблемамі, нам трэба адмыслова спасылацца на тыя часткі мінулага, якія ўсё яшчэ прысутнічаюць у нас. А гэта, у сваю чаргу, залежыць ад асобных людзей і культур. Але нягледзячы на тое, што кітайцу для такіх спасылак патрэбна іншае мінулае, чым заходняму чалавеку, для ўсіх нас супольнае тое, што мы людзі. Усе мы маем супольную гісторыю развіцця, якая мае вялікую важнасць і захоўваецца ў нашай свядомасці вельмі глыбока. Гэтае агульнае мінулае чалавецтва, фундаментальнае і ўніверсальнае, патрэбна нам, каб пераадолець канфлікт культурнай перавагі, які мае месца сёння паміж Захадам і Усходняй Азіяй.
Я не веру ні ў якую ідэю постчалавецтва. На самым глыбокім узроўні часавасці – а ў чалавечым розуме, безумоўна, ёсць шмат узроўняў – нічога не мяняецца. На іншым узроўні, а менавіта на ўзроўні зрухаў у ходзе падзей, якасць і сэнс быцця чалавекам могуць змяняцца. Найважнейшым крокам у сусветнай гісторыі, які заняў тысячы гадоў, было адкрыццё таго, што іншыя – тыя, хто жыве па-за межамі твайго свету, – таксама людзі. Але стары падыход, які прыніжае чужога, глыбока ўкарэнены ў чалавечым розуме і ўсё яшчэ прысутнічае. Гэта можна выявіць, калі падумаць пра метафары, якія людзі выкарыстоўваюць, каб асудзіць сваіх ворагаў: яны называюць іх тымі ці іншымі звярамі. У гэтым сэнсе вельмі старажытнае мінулае ўсё яшчэ прысутнічае.
Існуюць антрапалагічныя ўніверсаліі адносна таго, як людзі ўспрымаюць час. Так, існуе ўніверсальная патрэба спалучаць мінулае з будучыняй такім чынам, каб вы маглі жыць у сучаснасці. Усе людзі жывуць з нейкім поглядам на будучыню, і ім патрэбныя нейкія ўяўленні пра яе. У чалавечага жыцця не бывае перспектывы без будучыні. Але паколькі гэта павінна грунтавацца на досведзе, людзі павінны звяртацца да мінулага. Стары спосаб злучэння мінулага і будучыні, які выкарыстоўваўся ў міфалагічным мысленні, грунтаваўся на перакананні, што істотныя рэчы ніколі не мяняюцца. Пачатак быў будучыняй, а будучыня – пачаткам. На гэтым узроўні літаратурная і акадэмічная ідэя фундаментальнага адрознення паміж лінейным і кругавым часам не мае сэнсу. Няпраўда, што ўсходнеазіяцкая канцэпцыя часу кругавая, а заходняя – лінейная: яны абедзве і лінейныя, і кругавыя. Розніца ў тым, як разумець адносіны паміж імі.
У кантэксце, у якім фундаментальныя ўмовы чалавечага жыцця застаюцца нязменнымі, кожная падзея і ўсё, што не ўпісваецца ў схему працягласці, адсылае наўпрост да ідэі, што асновы чалавечага жыцця ніколі не мяняюцца. Узнікненне ранніх цывілізацый было звязана з развіццём канцэпцыі часу, у якую былі інтэграваныя усе часавыя адрозненні. Асновы жыцця больш не інтэрпрэтаваліся праз ідэю часавай працягласці. Цяпер яны ўспрымаліся як звышчасавыя правілы і нормы. Пераход да звышчасавага мыслення – няпростае дасягненне чалавечага розуму. На працягу тысячагоддзяў у гістарычным мысленні дамінавала ўяўленне, што маральнасць і каштоўнасці знаходзяцца па-за часавымі зменамі і што зменлівы свет падзей вучыць нас вартасці гэтай сферы, якая месціцца па-над часам. Гэтае ўяўленне можна знайсці і ў класічнай кітайскай гістарыяграфіі, і ў заходняй, і ў арабскай, але не ў сучасных канцэпцыях.
Мадэрнасць прынесла прынцыпова іншае ўспрыманне часу – і мы можам назіраць гэта ў нашым штодзённым жыцці: гэта паскарэнне зменаў. Пры паскарэнні зменаў будучыня і мінулае ўваходзяць у асіметрычныя адносіны. Мадэрны падыход, падыход інтэлектуальны і прагрэсіўны, прымаў, што будучыня пераможа мінулае. Сёння гэтая пазіцыя дыскрэдытавана, але асіметрычныя ўзаемаадносіны ўсё яшчэ захоўваюцца. Вы можаце ўбачыць гэта ў тым, як людзі разумеюць самі сябе. Традыцыйна вы застаяцеся тым, што вы ёсць. Адзіныя змены – гэта абрады ініцыяцыі і пераход да палавой спеласці, але пасля іх вы становіцеся членам грамадства, замацаваным у сваёй ролі. У так званых халодных грамадствах змены цалкам маргіналізаваныя і любое адхіленне караецца. Сучасны спосаб станаўлення асобы ў грамадстве (быцця асобай) зусім іншы. Палавое выспяванне – гэта шанец пераадолець традыцыі бацькоў. Вось жа, чалавечая асоба набывае ўнутраную часавасць. Мы звычайна перадаём гэта словам “развіццё”, якое нясе ў сабе ідэю, што чалавек павінен змяняцца. Для чалавека гэта азначае, што заставацца сабой ён можа толькі змяняючыся. З гэтага можна смяяцца, асабліва калі даведацца, што характэрная рыса чалавека, які павінен змяніцца, называецца неўрозам. Сучасная асабовасць прадугледжвае, што чалавек павінен быць неўратычным, каб жыць у адпаведнасці з кантэкстам свету, які змяняецца ўсё больш і больш. Гэта вельмі ўскладняе поўнае прыняцце сябе.
Калі баланс паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй і сэнсоўныя адносіны паміж імі парушаюцца, людзі звычайна рэгрэсуюць і вяртаюцца да больш ранняй стадыі асабовасці. Гэта лёгка заўважна і вельмі тыпова для гендарных адносін: калі мужчыны рэагуюць на прымус да зменаў, яны, як правіла, вяртаюцца да традыцыйных мужчынскіх падыходаў з выразнымі рэгрэсіўнымі і агрэсіўнымі рысамі.
На калектыўным узроўні нашай гістарычнай культуры ёсць важкія падставы меркаваць, што мы губляем жыццяздольную перспектыву будучыні, хоць некаторыя людзі і падтрымліваюць больш-менш упарадкаванае жыццё і захоўваюць баланс. Маё пакаленне, народжанае ў 1930-я гады, мела вельмі моцную перспектыву будучыні дэмакратычнай і мірнай Еўропы, у якой усе жахі мінулага павінны былі знікнуць. Мы цяжка жылі і працавалі, каб дасягнуць такой будучыні, але сёння гэтае бачанне развальваецца. Канферэнцыя філосафаў гісторыі ў Генце паказвае: калі моцных канцэпцый зашмат, агульная перспектыва будучыні робіцца праблематычнай, каб не сказаць больш. Адчуваецца разрыў. Слухаючы многіх выдатных маладых навукоўцаў, мы можам выявіць новы падыход. Аптымізм наконт прагрэсу, які быў характэрны для шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў, увесь выйшаў, і нам трэба выпрацоўваць новыя элементы раўнавагі паміж часавымі вымярэннямі. Сёння існуе шмат кампенсацыйных установак, якія павінны дапамагчы людзям пераадолець страту перспектыў будучыні. Такую кампенсацыйную функцыю выконвае так званы “дыскурс памяці”. Ён не адкрывае ніякай будучыні – гэта толькі сімптом страты. Тое, што благія інтэлектуальныя адносіны з мінулым развіваюцца адначасова з тым, як гасне энтузіязм наконт аб’яднанай Еўропы, наконт будучыні капіталізму і прагрэсу ў вытворчасці багацця, – гэта, на мой погляд, не проста супадзенне. Я веру, што мы здольныя пераадолець крызіс нашай калектыўнай часавай свядомасці, але гэта патрабуе дзеянняў. Мы павінны ўсвядоміць сапраўдны сэнс некаторых новых тэорый, якія не развязваюць крызіс, а служаць яго сімптомамі.
З антрапалагічнага пункту гледжання будучыня заўсёды мела прыярытэт у дзейнасці чалавека. Але мы павінны быць асцярожнымі: змест мэтаў і ўяўленняў можа задаваць скіраванасць на будучыню, а можа гэтага і не рабіць. У некаторых уяўленнях дамінуе якраз мінулае, і гэта можа быць рэакцыйным і падманлівым. Якое ж мінулае можа тады служыць нам за правадніка? Толькі такое, у якім людзі выходзілі за рамкі загадзя зададзеных сітуацый і стваралі новыя формы жыцця. Нам патрэбна мінулае, у якім адкрываюцца новыя перспектывы будучыні, мінулае, накіраванае на будучыню, каб яно давала нам мабілізаваць сваю гістарычную свядомасць і пражываць яе ў сваім руху да будучыні.
У яўрэйскай, хрысціянскай і ісламскай традыцыях мы можам знайсці такі акцэнт на памяці і ўспамін пра рух да будучыні, які становіць пэўную парадыгму накіраванасці на будучыню. Тым не менш, знаходзячы ў гэтых рэлігіях накіраванасць на будучыню, мы павінны пазбягаць небяспекі фундаменталісцкіх тэндэнцый, бо імі, вядома, не выпадае кіравацца, каб развязаць крызіс канцэпцыі часу для сённяшняга дня, хоць людзям і патрэбныя адносіны з трансцэндэнтным. Не менш праблематычным было б вызначаць трансцэндэнтнасць як такі стан рэчаў у нашым свеце, які мае яшчэ надысці. Гэта будзе мець катастрафічныя наступствы.
Нам патрэбна складаная часавая свядомасць, у якой гэтыя розныя ўзроўні супадаюць – як звышчасавая вартасць і асіметрычныя адносіны паміж мінулым і будучыняй. Вядома, ёсць і іншыя канцэпцыі часу, такія, як кайрос, у якім мінулае і будучыня зліваюцца адно з адным, або ідэя ўтапічнага і містычнага часу. Асобнаму чалавеку цяжка інтэграваць іх у прыдатны для жыцця парадак. Культурная стратэгія, якая можа быць карыснай для гэтай задачы, існуе, але яна паходзіць не з акадэмічных дысцыплін, а з выяўленчых мастацтваў, і асабліва з літаратуры. Калі псіхіятры хочуць даведацца пра час, ім варта чытаць больш раманаў, памятаючы пры гэтым, што душэўны разлад часам бывае ўмоваю новага парадку і канструктыўных зменаў.
Пераклад Міколы Раманоўскага
The old Nietzschean question raised again: how much past do we need for having a healthy life?
Marcin Moskalewicz
The question of how much past do we need for having a healthy life has been most famously asked by Friedrich Nietzsche in his On the Use and Abuse of History for Life, written in 1873 and published next year. Here it is re-asked, one hundred forty years later, to five respondents of respected reputation in the field of philosophy of history, namely Frank Ankersmit, Sande Cohen, Jan Van der Dussen, Allan Megill and Jörn Rüsen. The original dialogical form of the interviews, in which the question of healthy relationship between past and future has been also addressed, was transformed into continuous responses and preceded by some introductory remarks. Each of the answers gathered is unique but they all put emphasis on the proper balance between different dimensions of time for a healthy life of an individual. In addition, Frank Ankersmit comments on St. Augustine’s thesis that I am what I remember, Sande Cohen pays attention to conflicting pasts of different social groups, Jan Van der Dussen emphasizes the fact of unpredictability and uncertainty of the future prevailing today, Allan Megill explains the difference between passive and active forgetting, and Jörn Rüsen stresses the multidimensionality of the phenomenon of time and the neurotic dimension of accelerating modernity.
* Moskalewicz M. The old Nietzschean question raised again: how much past do we need for having a healthy life? // Rethinking History: The Journal of Theory and Practice. Vol. 18:4 (2014). P. 556–558. Артыкул публікуецца з ласкавай згоды аўтара.
[1] Nietzsche F. On the Use and Abuse of History for Life. (I. Johnston, Trans.). Arlington, Virginia, USA: Richer Resources Publications, 2010. Р. 64.
[2] Idem. P. 5.
[3] Прапанаваныя ніжэй кароткія інтэрв’ю былі ўзяты ў ліпені 2013 г. у Генце падчас першай канферэнцыі Міжнароднай сеткі даследаванняў тэорыі гісторыі пад назвай “Будучыня тэорыі і філасофіі гісторыі”, якая сама па сабе мела выразна акрэсленую часавую тэматыку. Я скарыстаўся тым, што так шмат вядомых філосафаў гісторыі раптам сабралася ў адзін час і ў адным месцы, і паразмаўляў з пяццю сталымі і рэспектаванымі даследчыкамі, закрануўшы адно і тое ж пытанне – не толькі пра тое, колькі мінулага трэба для здаровага жыцця, але і пра тое, колькі для яго трэба сучаснасці, а колькі будучыні. Каб увага засяроджвалася на высновах, а не на інструментарыі, першапачатковая дыялагічная форма інтэрв’ю была пераўтворана ў цэльныя адказы, а пытанні паміж імі сталі празрыстымі.
[4] Франк Анкерсміт (Frank Ankersmit) – прафесар-эмерыт інтэлектуальнай гісторыі і гістарычнай тэорыі ў Гронінгенскім універсітэце, Нідэрланды. Сярод шматлікіх ягоных кніг – “Sublime Historical Experience” (2005) і “Meaning, Truth and Reference in Historical Representation” (2013).
[5] Сандэ Коэн (Sande Cohen) выкладаў у Браўнаўскім універсітэце (1976–1979), у Каліфарнійскім універсітэце ў Лос-Анджэлесе (1979–1987 і 2008–2009) і ў Каліфарнійскім універсітэце мастацтваў (1980–2009). Сярод ягоных прац – “Historical Culture” (1986), “Academia and the Luster of Capital” (1993), “History Out of Joint” (2006). Яго асноўная сфера інтарэсаў – гістарыяграфія: інтэлектуальнае кадаванне і іншыя спосабы арганізацыі ўсяго, што існуе ў часе, у тым ліку і несвоечасовага.
[6] Ян Ван дэр Дзюсэн (Jan Van der Dussen) атрымаў ступень доктара філасофіі ў 1980 г. З 1988 па 2005 г. ён быў прафесарам філасофіі і гісторыі культуры ў Адкрытым універсітэце Нідэрландаў. Сярод яго апублікаваных прац – “History as Science. The Philosophy of R.G. Collingwood” (1981), “Filosofie van de geschiedenis. Een inleiding” (1986) і “The History of the Idea of Europe” (1995).
[7] Алан Мэгіл (Allan Megill) – прафесар гісторыі Вірджынскага ўніверсітэта ў Шарлотсвіле, штат Вірджынія, ЗША. Сярод ягоных прац – кніга “Historical Knowledge, Historical Error: A Contemporary Guide to Practice” (2007). Асноўныя напрамкі ягоных даследаванняў – сучасная еўрапейская інтэлектуальная гісторыя і гістарычная тэорыя.
[8] Ёрн Рузэн (Jörn Rüsen) – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута навук аб культуры ў Эсэне і прафесар-эмерыт агульнай гісторыі і гістарычнай культуры ў Вітэнска-Гердэкскім універсітэце. Сярод ягоных нядаўніх публікацый: “Exploring Humanity – Intercultural Perspectives on Humanism” (2012), “Approaching Humankind. Towards an Intercultural Humanism” (2013), “Historik. Theorie der Geschichtswissenschaft” (2013).
