Дзмітрый Віцько. Да пераатрыбуцыі т. зв. пячаткі полацкага князя Ізяслава
Так званая пячатка Ізяслава, полацкага князя, які княжыў у канцы X ст. і памёр у 1001 г., доўгі час лічылася першай вядомай пячаткай у гісторыі Беларусі і другой па даўнасці старажытнарускай. Яна была знойдзена ў Ноўгарадзе ў 1953 г. і паходзіць са слоя 1134–1161 г. (была вымыта з яго дажджамі). Валянцін Янін, які яе апублікаваў, шляхам розных дапушчэнняў спачатку прачытаў надпіс на ёй як “Изас[ла]озо”, у канчатковым варыянце – “Изас[лав]ос”. Даследчык лічыў, што гэта імя князя ў грэцкім гучанні, але запісанае кірылічнымі літарамі. Апошняя О, якая прымыкае да левага зубца, у канчатковай версіі была ім апушчана. В. Янін інтэрпрэтаваў яе як элемент трызубца (кружок на вяршыні зубца) [1]. Але такая трактоўка непераканаўчая і была раскрытыкавана [2]. Таму праблема з прачытаннем засталася, паколькі з О на канцы надпіс набываў незразумелы выгляд. Фактычна на сёння апошні варыянт Яніна не прымаецца, а першы не дае разумення надпісу.

Мал. 1. Фота пячаткі (паводле: Молчанов А. А. Знаки Рюриковичей: древнерусская княжеская эмблематика // Русь в IX–X веках: археологическая панорама / отв. ред. Н. А. Макаров. Москва – Вологда, 2012. С. 440, рис. 5).
Абставіны знаходкі – тое, што пячатка была не адкапаная, а вымытая са слоя, – уносяць сумненні адносна яе стратыграфічнай даты, як гэта адзначаў, у прыватнасці, Сяргей Бялецкі [3]. Усё ж будзем давяраць пакуль В. Яніну, якому былі лепш вядомыя акалічнасці знаходкі, – з агаворкай, што гэта верагоднае датаванне.
У апошні час былі выказаны сумненні наконт прыналежнасці гэтай пячаткі Ізяславу. Паводле Савы Міхеева, дадзеныя варыянты прачытання не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Сам ён прачытаў надпіс, які захаваўся, як “ОZОNTAC” і выказаў меркаванне, што на пячатцы прысутнічала грэцкае імя Сазон (“Σώζων”), першая літара якога была знішчана. Канцоўка надпісу – апошнія тры літары – засталася для яго незразумелай [4].

Мал. 2. Прамалёўка С. Міхеева (паводле: Михеев С. М. К проблеме атрибуции знаков Рюриковичей // Древняя Русь. 2014. № 4. С. 53, рис. 8).
Не пагадзіўся з такой інтэрпрэтацыяй С. Бялецкі. Ён настойваў, што легенда тут кірылічная і чытаецца як “ИЗАС[ЛА]ОSО” [5]. Але як гэта трэба разумець – не патлумачана. Таксама, мяркуючы па адзінкавым водгуку, версія С. Міхеева пакуль не была ўсур’ёз успрынята ў беларускай гістарыяграфіі [6]. І, трэба сказаць, вельмі дарэмна. Ніжэйшы тэкст – у значнай ступені водгук на гэтую гіпотэзу.
У пазнейшай працы С. Міхеевым ужо адзначаецца, што апошнія тры літары з гэтага боку не паддаюцца надзейнай ідэнтыфікацыі. Але пры гэтым мяркуецца, што “апошняя, верагодна, С, перад ёй – А ці Δ” [7]. Як бачым, застаюцца пэўныя перашкоды для завяршэння прачытання і інтэрпрэтацыі гэтага надпісу, таксама як і надпісу на адвароце, да якога звернемся далей.
Ні ў якім выглядзе не прэтэндуючы на адкрыццё С. Міхеева (а гэта сапраўды вельмі важнае адкрыццё) і ўлічваючы тое, што аўтар ужо двойчы выступіў у друку, хацелася б у парадку дыскусіі выказаць шэраг заўваг і дапаўненняў да прапанаванага варыянта, дзякуючы якім, спадзяемся, прачытанне легенды набыло б закончаны і несупярэчлівы выгляд, а таксама прапанаваць магчымыя новыя падыходы да атрыбуцыі гэтай пячаткі.
Сапраўды, трэба пагадзіцца, што варыянты В. Яніна не вытрымліваюць крытыкі (пры больш блізкім разглядзе, можна нават сказаць, гэта відавочна). Акрамя праблемы з О, тут прысутнічаюць памылковыя інтэрпрэтацыі літар, якія не пісаліся ў той час так, як прапанаваў гэта В. Янін. Сённяшні стан палеаграфіі дазваляе па-новаму паглядзець на яго меркаванні. Ніжэй літары кругавой легенды на аверсе разгледжаны пачынаючы знізу па ходзе гадзіннікавай стрэлкі.
Калі звярнуцца да абрысаў першай літары, О, то патрабуюць пэўнага ўдакладнення разважанні В. Яніна пра “шырокае О”, якое пераважае на першых рускіх манетах канца X – пачатку XI ст. Яно дамінуе на срэбраніках Святаполка і Яраслава – не сучасных Ізяславу. Што тычыцца манет Уладзіміра, то тут на златніках і большасці срэбранікаў пераважае звычайнае вузкае О; круглае сустракаецца толькі на адным з чатырох тыпаў срэбранікаў. Акрамя таго, вузкае О паслядоўна выступае ў тэксце на знойдзеных адносна нядаўна вошчаных дошчачках канца X – пачатку XI ст. з Ноўгарада [8]. Увогуле ж круглае О ў эпіграфіцы сустракаецца рэгулярна і ў XI–XIII ст. [9], таму незразумела, чаму яго трэба датаваць больш раннім часам.
Наступная літара, Ⱬ, пры першапублікацыі В. Яніным была вызначана правільна [10], але ў канчатковым варыянце інтэрпрэтавана ім як С (магчыма, для спрашчэння пры публікацыі так перададзена S). Як S разумеў яе С. Бялецкі, для чаго давялося б дапусціць яе люстэркавы выгляд – што, зрэшты, было тыповым для дадзенай літары ў XI ст. і пазней. Нетыповае толькі Z-падобнае яе напісанне, паколькі S незалежна ад тэхнікі пісалася плаўна [11]. Больш лагічна тут было б лічыць, што гэта звычайнае тагачаснае Ⱬ (згодна з В. Яніным у першых яго публікацыях і С. Міхеевым). Правільна вызначыўшы яе пры першапублікацыі, В. Янін, аднак, не зусім удала падабраў узоры для яе датавання. У пералічаных ім помніках пісьменства X–XI ст. хвост літары або доўгі і амаль гарызантальны, або плаўна згінаецца і выцягнуты ўніз. Прыклады, калі б хвост быў кароткі, прамы і пераламляўся ў дыяганаль пад вуглом 90º, сапраўды падабраць складана, хоць вельмі падобны ўзор ёсць, напрыклад, на крыжы ноўгарадскага архіепіскапа Антонія (1211–1229, з перапынкамі) [12]. Узоры, пазнейшыя за XIII ст., тут і далей не разглядаем па прычыне знікнення з гэтага часу княжацкіх знакаў Рурыкавічаў.
Далей паўтараецца літара О – у такім жа выглядзе, як і папярэдні раз.
Літара N была інтэрпрэтавана В. Яніным як И у люстэркавым выглядзе [13]. У доказ слушнасці сваёй версіі ім прыведзены варыянты напісання И на златніках і срэбраніках Уладзіміра (у прамалёўках з працы Івана Талстога [14]). Аднак варыянт на срэбраніках, на які ён спасылаецца і які нагадвае N, – гэта напісанне з нахільнай перакладзінай, а не з дыяганаллю ад верху да нізу, як тут. Што тычыцца златнікаў, то тут прысутнічае тры варыянты гэтай літары: стандартнае (як Н), з нахільнай перакладзінай і з дыяганаллю. Апошняе (ці вельмі блізкае) сустракаецца на адбітках двух штэмпеляў з шасці і толькі ў імені Хрыста: на адным як И, на другім як N (у люстэркавым выглядзе) [15]. Яшчэ адзін экзэмпляр з напісаннем, якое нас цікавіць, не захаваўся і вядомы толькі па трох “абсалютна недасканалых” малюнках [16]. Літара И набыла вядомы цяпер выгляд толькі ў XIV ст., да гэтага звычайна пісалася як H. Адзінкавыя прыклады напісання, падобнага на И, ёсць у XIІ ст., але гэта, зноў жа, напісанне з нахільнай перакладзінай, а не з дыяганаллю (прынята лічыць, што гэта розныя мадэлі) [17]. Увогуле, на манетах Уладзіміра прадстаўлена і звычайная стараславянская літара N, таму незразумела, чаму выбар у дадзеным выпадку робіцца на карысць аднаго з варыянтаў И, самага рэдкага (нагадвае, хутчэй, выключэнне), ды яшчэ з дапушчэннем, што яно ідзе ў люстэркавым выглядзе. Калі гэтая літара выглядае як N, то і лагічна дапусціць у першую чаргу, што гэта N.
Яшчэ адна літара, нечым падобная да малой грэцкай рукапіснай τ (з адваротам улева і сагнутай мачтай), праходзіць у В. Яніна як З, затым яшчэ адна такая ж ці вельмі падобная (праз адну пазіцыю) – як С. Што тычыцца інтэрпрэтацыі першай з іх як З, то яна тут проста немагчымая – адзіны такі прыклад ёсць толькі ў XV ст. [18] Таксама праблематычная трактоўка ў другім выпадку яе як С. Варыянт С з адваротам улева сустракаецца ў берасцяных граматах толькі з канца XII ст. і зрэдку (наступны раз – у сярэдзіне XIII ст., затым у яго канцы і, нарэшце, у 60–70 г. XIV ст.). Гэта вынік эвалюцыі мадэлі з пакрыццём [19]. Храналагічна ён пазнейшы. Увогуле, прачытанне гэтай літары як С паходзіць з прамалёўкі і інтэрпрэтацыі пры першапублікацыі, дзе яна паказана без пакрыцця (адвароту) і інтэрпрэтавана як “вузкае С” [20]. У пазнейшай працы В. Яніна яна ўжо прамалявана з адваротам, але інтэрпрэтацыя яе ад гэтага не змянілася [21]. Фактычна, усе спробы прачытаць яе як С – гэта інерцыя першага прачытання В. Яніна. Аднак калі гэтая літара кірылічная, а сам надпіс не ранейшы за канец XII ст., то гэта можа быць С з адваротам. У такім выпадку канцоўка надпісу, як ужо гаварылася, застаецца незразумелай. Цяжкасці з інтэрпрэтацыяй гэтай літары як стараславянскай схіляюць паспрабаваць варыянт з грэцкай ταῦ. На візантыйскіх імператарскіх пячатках і манетах сустракаюцца два яе варыянты: стандартны (як Т) і з сагнутай ці закругленай ножкай. Апошні рэгулярна выступае да сярэдзіны X ст., далей на манетах даволі часта да канца XI ст., а на пячатках толькі спарадычна, але і пазней. Пры гэтым ножка стыкавалася з пакрыццём як пасярэдзіне, так і справа, як у нашым выпадку; аднак закругленая ножка з такім злучэннем маецца толькі да сярэдзіны X ст. [22] Гэта тып, пераходны да малой пісанай τ, якая працягвала існаванне ў падобнай форме.
Паміж гэтымі дзвюма літарамі знаходзіцца яшчэ адна, якая па абрысах нагадвае А, Ѧ або грэцкую Δ. Паколькі яна стаіць паміж зычнымі, наконт чаго няма асаблівых разыходжанняў паміж даследчыкамі, падобная да А на адвароце і таксама, як і там, мае хвосцік, то можна пагадзіцца з тым, што гэта А. Па хвосціку В. Янін спрабаваў падабраць да яе аналогіі ў двух рукапісных помніках XI ст. Пры гэтым незразумела, дзе ён убачыў хвосцік у Супрасльскім рукапісе. Падобна, што меліся на ўвазе не хвосцікі, а вострыя канцы штрыха, што абумоўлена тэхнікай пісьма. Што тычыцца Ізборніка Святаслава, то ў некаторых выпадках гэты элемент можна вылучыць (як крыху адведзены ўбок канец штрыха), але ўвогуле “хвосцік” ці засечка на спінцы – даволі характэрная з’ява для XI–XV ст. [23], і лічыць яе за архаічную няма падставаў. Тым больш што ў астатнім абрысы літары ў названых помніках і тут адрозніваюцца кардынальна. Прычым, зноў жа, складана падабраць для яе цалкам дакладныя ўзоры. Але ў цэлым гэтая літара даволі моцна нагадвае А з засечкай на спінцы з пачатку XIII ст. і двума заломамі пятлі (папярочным штрыхом) з 60–70-х г. гэтага стагоддзя [24].
Пры першапублікацыі В. Янін лічыў, што ў пашкоджаным месцы былі знішчаны дзве літары, пазней – што тры. Аднак зыходзячы з адлегласці паміж літарамі, якія захаваліся і з якіх складаецца надпіс, на пашкоджаным участку маглі змясціцца два знакі: тры глядзеліся б цесна і ненатуральна, адзін – з шырокімі прабеламі. І гэта таксама прычына, па якой апошні варыянт Яніна не пасуе: тры літары выглядалі б тут ненатуральна. Тэарэтычна маглі быць прапушчаны не дзве, а адна літара – быў бы вялікі прабел пад ножкай знака. Але паколькі варыянты з адной прапушчанай С у пачатку імя нічога не даюць (атрымліваецца незразумелы набор літар у канцы), то пераважным падаецца першы варыянт. Можна дапусціць услед за С. Міхеевым, што першай літарай было С (з якога пачыналася імя); другая тады (апошняя ў надпісе) – знішчаная.
У выніку атрымліваецца старажытнарускае імя Сазонт у родным ці вінавальным склоне (“[С]ОⱫОNTA”) [25], пасля чаго ідуць дзве літары: Т і яшчэ адна знішчаная. Г. зн., у канцы надпісу было кароткае спалучэнне з дзвюх літар, першая з якіх Т – напрыклад, ім мог быць указальны займеннік (“то”, “та” і г. д.). У гэтым выпадку надпіс з пярэдняга боку нібы абрываецца [26].
На другім баку В. Янін прачытаў першыя дзве літары як “ГР”, але ў цэлым прызнаў надпіс неразборлівым [27]. Пры гэтым ён не выключаў, што тут магло ісці слова “грамота”, хоць, не будучы ўпэўненым, змясціў гэта ў заўвагах [28]. Для літары Г ён бачыў падабенства ў гнёздаўскім надпісе. Аднак такое Г (без бакавой засечкі) звычайнае і ў XI–XIII ст. [29] Р з выгнутай мачтай, паводле яго, мае шмат аналогій у помніках XI ст. Аднак можна дадаць, што не толькі ў XI ст. Тут відавочна прысутнічае мадэль, якую Андрэй Залізняк вызначыў як Р з S-падобнай выгнутай мачтай [30]. Яна сустракаецца ў ноўгарадскіх берасцяных граматах на працягу XI–XII ст. (ад з’яўлення гэтых грамат у 2-й чвэрці XI да канца XII ст.). Дарэмна было б шукаць яе на нешматлікіх помніках славянскага пісьменства X ст. Сам выгляд літары перадае хуткі варыянт яе напісання, які мог развіцца толькі ў выніку больш-менш працяглай практыкі, пра якую ў X ст. гаварыць не даводзіцца.
Паводле С. Міхеева, першыя тры літары на рэверсе чытаюцца як “ГРА”. Ім жа было выказана меркаванне, што тут ішло грэцкае слова “γράμμα” (“пісьмо”) або вытворныя ад яго “γραμματεύς” ці “γραμματικόϛ” (“сакратар”), і, такім чынам, гэта была б пячатка сакратара (пісца) князя. Імя гэтага пісца (“Σώζων”) ішло на аверсе і абазначала ў грэцкай форме старажытнарускага Сазонта [31]. С. Бялецкі лічыў, што ў пашкоджанай частцы літар не было, і чытаў усё слова як “ГРАД”. Пры гэтым ён інтэрпрэтаваў легенду такім чынам, што гэта пачатак надпісу, канец яго – з папярэдняга боку, а ўсё разам давала б “Град Изяслава” або “Изяславов град” [32]. Пагадзіцца з гэтым не выпадае. Пры палітарным супастаўленні відаць, што нічога падобнага там не было (прычым, як згадвалася вышэй, сам жа ён бачыў на аверсе нешта іншае). Па-трэцяе, на рэверсе заставалася б непрапарцыйна шмат пустога незапоўненага поля.
Чацвёртую літару можна інтэрпрэтаваць як Л або М з засечкай на левай мачце, можна як Д (але адсутнічае амаль цалкам аснова і правая ножка). Калі гэта М, то выбітая толькі напалову або напалову знішчаная. Пры змяненні наладак яркасці і кантрасту на фота, магчыма, крыху праступае другая яе палова.
Наступная праблема – гэта інтэрпрэтацыя выявы ці літары ў цэнтры з гэтага боку. С. Бялецкі прыняў яе за птушку, хоць і не настойваў на такой версіі. На нашу думку гэта, відавочна, А з акруглай пятлёй, выбітая пад нахілам. Дакладна такое ж А – адзін у адзін – ёсць у табліцах берасцяных грамат за 20–30-я г. XII ст. [33] Верх яго крыху выцягнуты – у бок пятлі верагоднага М.
Як бачым, палеаграфічныя падставы для датавання пячаткі мяжой X/XI ст. і атрыбуцыі яе як пячаткі Ізяслава адсутнічаюць. Для надзейнага яе датавання матэрыялу наогул недастаткова – можна толькі сказаць, што гэта не мяжа тысячагоддзяў. Літары N, О і Г маюць напісанне, якое сустракаецца ў X–XIII ст. і пазней. Адна рыса (форма мачты ў Р) дазваляе звузіць інтэрвал да 2-й чвэрці XI – канца XII ст. Два рэдкія ўзоры (Ⱬ і А) указваюць, магчыма, на пачатак XIII ст. (А – таксама на 60–70-я г.), адзін узор (А ў цэнтры) – на 20–30-я г. XIІ ст. Г. зн., калі дапусціць, што надпіс кірылічны, то размова, хутчэй за ўсё, ішла б пра 20-я гады XII – пачатак XIII ст.
Можна меркаваць, што на другім баку таксама былі знішчаны дзве або адна літары. Таму два апошнія варыянты С. Міхеева (грэцкія аналагі “сакратара”) малаверагодныя – невядома, дзе іх апошнія літары (калі гэта, вядома, не скарачэнне), да таго ж застаецца пытанне літары А ў цэнтры. С. Бялецкі заўважаў, што пячаткі сакратароў невядомыя [34]. Праўда, самой такой магчымасці адмаўляць нельга, паколькі на сёння ўжо вядомыя ўласныя пячаткі асобаў, чыя дзейнасць была звязаная са сферай дакументазвароту. Так, апошнім часам было выяўлена 12 пячатак “натара Грыгорыя”, прычым дзве з іх паходзяць з археалагічных раскопак [35]. Аднак на сёння няма ніводнага даказанага выпадку прыналежнасці актавай пячаткі з княжацкім знакам камусьці з ураднікаў ці прадстаўнікоў князя [36]. У той жа час усе вядомыя падпісаныя пячаткі са знакамі ўказваюць на іх прыналежнасць князям (Святаслава, Дзмітрыя, Святошына, Расціслава Юр’евіча [37]). У гэтым жа шэрагу варта разглядаць і дадзеную.
Што тычыцца першага варыянта С. Міхеева (“γράμμα”), на ім варта спыніцца падрабязней. Справа ў тым, што ў першапублікацыі В. Яніна на прамалёўцы з гэтага боку былі нанесены фрагменты яшчэ адной літары (пятай па ліку), часткова знішчаныя (гл. мал. 3), якія нагадваюць фрагмент папярэдняй літары (Л або М з засечкай знізу). Пры жаданні па фота ў пашкоджаным полі можна і цалкам прасачыць яе контур (як М крыху меншых памераў). Можна заўважыць, што яна аднесена далей ад краю і набліжана да А ў цэнтры. Літара ў цэнтры ў такім выпадку была б апошняй. Калі дапусціць, што пачатак надпісу – на пярэднім баку, то ён атрымаўся б макаранічны: “[С]ОⱫОNTA Т[А] ГРА(ММ)А”. Славянскага запазычання гэтага грэцкага слова не фіксуецца.

Мал. 3. Прамалёўка В. Яніна, першы варыянт (паводле: Янин В. Л. Древнейшая русская печать X века // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института истории материальной культуры. Вып. 57. 1955. С. 40, рис. 11).
Ёсць і яшчэ адна перашкода для такога варыянта – а менавіта яшчэ адна літара, якая ў папярэдніх спробах прачытання не адзначалася. Яна зрушана адносна краю і выбіта ўпрытык да А, змешчанага ў цэнтры, злева ад яго (відаць менш выразна, але не пашкоджаная). Зрэшты, яе мачта ёсць на першай прамалёўцы ў В. Яніна (мал. 3). Гэтая літара нечым нагадвае Т з пярэдняга боку – а менавіта тым, што яе пакрыццё выканана не цалкам, а толькі напалову, у форме адвароту. Аднак мачта яе прамая ці злёгку выгнутая ўлева, а верх мае адварот управа (а не ўлева, як з папярэдняга боку). Магчыма, гэта тая ж Т, толькі выбітая ў люстэркавым выглядзе. Можна заўважыць, што дэкор па абадку злева ўнізе істотна адыходзіць ад краю, нібы паўтараючы яе зрух да цэнтра. У цэлым напрошваецца рашэнне, што пашкоджаным словам была “грамота” (з апошнім А ў цэнтры). Як ужо гаварылася, такую версію пры першапублікацыі выказваў В. Янін, які, праўда, не быў у ёй упэўнены [38]. З улікам новых дадзеных яе можна актуалізаваць.
Аднак тут прасочваецца два М, таму верагодна, што гэтае слова ішло па-грэцку: “ГРА(ММ)[А]ТА”. Паміж другім М і Т ёсць месца на адну літару. Праўда, ад гэтай літары не відаць ніякага следу, хоць яна, верагодна, толькі часткова была ў пашкоджанай вобласці. Нельга, вядома, выключаць, што яна магла быць проста прапушчана ці скарочана, як гэта бывае на пячатках. Таксама не выключана, што тут была нейкая пераробка пры вырабе матрыцы [39].

Мал. 4. Адваротны бок пячаткі (прамалёўка наша. – Д. В.).
У цэлым тады атрымліваецца наступны надпіс: “[С]ОⱫОNTA Т[А] ГРА(ММ)[А]ТА”. У такім варыянце канцоўка на папярэднім баку таксама можа быць прачытана як артыкль па-грэцку (“τα γράμματα”), і наогул можна меркаваць, што ўвесь надпіс ідзе па-грэцку: канчатак роднага склону імені на абедзвюх мовах гучыць аднолькава, паслядоўна ўжываецца грэцкая Т (рэшта літар мае падобнае напісанне), апошняе слова, хутчэй за ўсё, грэцкае. У такім разе напісанне, гучанне і значэнне выразу па-старажытнаруску і па-грэцку збліжаецца, але ўсё ж версія пра яго грэцкі характар падаецца пераважнай (пераклад: “грамата Сазонта”).
Што тычыцца княжацкага знака, то можна адзначыць на дадзены момант толькі дзве яго аналогіі. Першай з іх з’яўляецца ганчарнае кляймо з Магілёва. Знак на ім практычна ідэнтычны знаку на пячатцы (два шырокія бакавыя зубцы ў верхняй частцы перасякаюцца з вузкім цэнтральным, які завяршаецца крыжам), адсутнічае або не захавалася толькі ножка. Знак паходзіць са слоя XII – 1-й паловы XIII ст. [40] Гэта дае больш падстаў звязваць з тымі часамі і знак на пячатцы. Відаць, па гэтай жа прычыне ніхто і не рызыкнуў суаднесці гэтае кляймо з Ізяславам, нягледзячы на відавочную аналогію з пячаткай. Аднак, адзначыўшы такое падабенства, С. Бялецкі дапусціў, што гэта знак яго сына, Усяслава, які памёр у 1003 г.[41] Апошняму на момант смерці было максімум 12 гадоў, адно гэта наводзіць на сумненні адносна таго, што ў яго быў нейкі знак ці што ён мог захавацца. Відавочна, знак на пячатцы не адносіўся да Ізяслава, таму і шукаць сувязь з гэтым князем пры атрыбуцыі дадзенага кляйма не даводзіцца (як і наогул адштурхоўвацца ад яго пры пабудове “геральдычных” схем полацкіх князёў).

Мал. 5. Ганчарнае кляймо з Магілёва (паводле: Марзалюк І. Магілёў у XII–XVIII стст. Людзі і рэчы. Мінск, 1998. Мал. 26-1).
Палітычная прыналежнасць Магілёва на той час дакладна невядомая. Да таго ж посуд туды мог трапляць у выніку гандлёвых аперацый (тым больш як у транзітны горад на Дняпры) ці іншых перамяшчэнняў. Увогуле, скідаць з рахункаў полацкую версію паходжання і кляйма, і пячаткі нельга – але гэта была б значна пазнейшая гісторыя.

Мал. 6. Княжацкі знак з Сафіі Кіеўскай (паводле: Корнієнко В. Знаки Рюриковичів у графіті Софії Київської // Спеціальні історичні дисципліни: питання теорії та методики. Ч. 24. Київ, 2014. С. 141, рис. 11)
Другім знакам з’яўляецца графіці з Кіеўскай Сафіі. Абрысы знака тут контурныя (адсутнічаюць унутраныя перасячэнні ліній), ножка і аснова выкананы не зусім выразна, але, што істотна, зубцы разыходзяцца ў верхняй частцы [42].
Пытанне, знакам якога ж князя быў трызубец на пячатцы, заканамернае. Выглядае ён дастаткова архаічна, падобна да трызубца Уладзіміра, таму і не дзіўна, што быў прыняты за знак Ізяслава. Выяўленне такога трызубца ў XII – пачатку XIII ст., ды яшчэ ў параднай форме, падобнай да знака Уладзіміра, наводзіць на думку, што хтосьці вырашыў актуалізаваць гэты знак, хто прэтэндаваў на адраджэнне славы свайго “дзеда”. І падазрэнне тут зноў жа падае на кіеўскіх князёў ці кагосьці з іх бліжэйшых нашчадкаў.
Імя Сазонт не карысталася папулярнасцю ў княжацкім асяроддзі. Адзіны вядомы прыклад паходзіць з XIV ст. – так звалі ў манастве маскоўскага князя Сямёна Гордага, які нарадзіўся на дзень св. Сазонта (зрэшты, з яго хрысцільным імем няма поўнай яснасці; ёсць верагоднасць, што гэтае імя магло быць і хрысцільным) [43]. У 1346–1353 г. ён з’яўляўся таксама ноўгарадскім князем. Дапушчэнне пра прыналежнасць яму пячаткі натрапіла б на перашкоды ў выглядзе верагоднай стратыграфіі, некаторых больш ранніх палеаграфічных прыкмет [44] і выхаду з ужытку княжацкіх знакаў. Аднак хрысцільныя імёны мноства князёў невядомыя. Нельга выключаць, што сярод іх мог быць і ўладальнік пячаткі. На прысутнасць гэтага імя ў радаводзе Рурыкавічаў можа ўказваць наяўнасць святога Сазонта сярод патранальных выяваў у царкве Спаса на Нярэдзіцы канца XII ст. [45] С. Міхееў, абапіраючыся на меркаванні Надзеі Піваваравай і Аляксея Гіпіуса, адзначаў, што гэта мог быць патрон аднаго з сыноў ноўгарадскага князя Яраслава Уладзіміравіча (1181–1184, 1187–1196, 1197–1199) [46], хоць і не лічыў яго ўладальнікам пячаткі.
У кантэксце нашых разваг пра аднаўленне знака прэтэндэнтам на славу свайго “дзеда” можа быць істотным, што Яраслаў быў сынам кіеўскага князя па імені Уладзімір (Мсціславіч), які прабыў ім, праўда, вельмі нядоўга ў самым канцы жыцця (некалькі месяцаў у 1171 г.). Цікавасць выклікаюць імёны, дадзеныя ім сваім сынам: Мсціслаў, Яраслаў, Святаслаў і Расціслаў. Дарыюш Дамброўскі, які спрабаваў растлумачыць такі выбар, звязваў імёны трох малодшых з іх з радаводам маці, якая, на яго думку, была дачкой разанскага князя Расціслава Яраславіча; старэйшы ж быў названы, відавочна, у гонар дзеда па бацьку, кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча (“Вялікага”) [47]. Зрэшты, аўтар не выключае і атрымання імя адным з сыноў у гонар Яраслава Мудрага як знакамітага продка [48]. Не адмаўляючы магчымай наяўнасці такіх імён у радаводзе іх маці, акцэнтуем увагу на двух апошніх варыянтах. Называючы аднаго сына Мсціславам, другога Яраславам, той не мог не ведаць, што ў адным выпадку атрымліваецца Мсціслаў Уладзіміравіч, а ў другім – Яраслаў Уладзіміравіч; імя Святаслаў таксама можа быць невыпадковым у гэтым шэрагу. Называючы так дзяцей, ён атаясамлівае тут сябе з двума вядомымі Уладзімірамі, паходжанне ад якіх акцэнтуе [49]. Уладзімір Мсціславіч быў адным з малодшых сыноў Мсціслава, і ў жыцці яму не надта шанцавала (нягледзячы на намаганні па паляпшэнні сваіх пазіцый). Магчыма, гэта падкрэсленая маніфестацыя прыналежнасці да роду яго члена, чый статус быў вельмі хісткі (на што ўказвае нават пагардлівая мянушка Мачэшыч – як сына ад другой жонкі, мачахі, які адрынаўся братамі [50]). Калі ўявіць, што ён запазычыў знак Уладзіміра (Святаславіча) як свайго знакамітага продка і цёзкі, матывацыя тут была б тая самая. Розныя гістарычна-генеалагічныя рэмінісцэнцыі для падмацавання амбіцый былі не чужыя і яго сыну Яраславу [51].
Тут трэба звярнуць увагу на месца, дзе была размешчана фрэска з выявай св. Сазонта ў царкве Спаса на Нярэдзіцы – у невялікім медальёне зверху між фігурамі святых Іаана і Марцірыя. У Іаане бачаць самога Яраслава (яго хрысцільнае імя), у Марцірыі – ноўгарадскага архіепіскапа Марцірыя (як двух заснавальнікаў храма) [52]. Н. Піваварава меркавала, што Сазонт сімвалізуе аднаго з загінулых малалетніх сыноў Яраслава, у памяць пра якіх быў закладзены храм, тады як другі выступае ў вобразе св. Стратоніка, змешчанага ў групе святых воінаў [53]. Аднаго з гэтых сыноў звалі Ізяслаў (Міхаіл), другога Расціслаў (хрысцільнае імя невядомае), таму размова тут не пра іх апекуноў, а толькі пра сімвалічнае пазначэнне (хоць сімвалічна яны ўжо суаднесены, паводле яе ж, з фігурамі Барыса і Глеба [54]). У гэтым выпадку незразумела, чаму такая перавага аддадзена аднаму з сыноў. На думку А. Гіпіуса, гэта мог быць выжылы сын Яраслава, імя якога невядомае [55]. Між тым, нішто не перашкаджае думаць, што ў такім месцы мог быць змешчаны апякун бацькі Яраслава. Гэта вызваляла б ад складанага выбару паміж сынамі, а такое размяшчэнне выглядала б цалкам натуральна. У плане параўнання можна прывесці таксама звычай пазначаць на пячатках асобу князя шляхам размяшчэння яго апекуна разам з апекуном яго бацькі.
У гэтай гіпотэзы ёсць адна сур’ёзная перашкода. Справа ў тым, што княжацкі знак Уладзіміра Мсціславіча фактычна вядомы. Кцітарская фрэска з той жа царквы Спаса на Нярэдзіцы паказвала князя, у руках якога – пабудаваны храм. Па абодва бакі ад дзвярэй на выяве гэтага храма былі нанесены княжацкія знакі ў выглядзе багра. Яны амаль аднолькавыя, правы толькі мае дадатковы завіток. Гэта добра ўкладваецца ў вядомую тэорыю ўтварэння княжацкіх знакаў шляхам дадавання аднаго элемента да знака бацькі, што адзначаў яшчэ Андрэй Куза, які апублікаваў гэтыя знакі (праўда, ён меркаваў, што гэта знакі Аляксандра Неўскага і яго бацькі Яраслава Усеваладавіча). Такім чынам атрымліваецца нібы сімвалічнае пазначэнне імя і імя па бацьку [56]. Паколькі на сёння найбольш аргументавана выглядае версія, што на фрэсцы – фундатар храма Яраслаў Уладзіміравіч [57], то знакі належалі, адпаведна, яму (злева) і яго бацьку Уладзіміру (справа).

Мал. 7. Княжацкія знакі на кцітарскай фрэсцы з царквы Спаса на Нярэдзіцы (паводле: Куза А. В. Родовой знак Всеволода ІІІ Большое Гнездо // Культура Древней Руси: посвящается 40-летию научной деятельности Н. Н. Воронина / отв. ред. А. Л. Монгайт. Москва, 1966. С. 98, рис. 1–4).
Гэтыя знакі выбіваюцца з агульнай схемы знакаў Рурыкавічаў, у якой фігуруюць пераважна двузубцы і трызубцы. З узнікненнем новых княжацкіх знакаў (радыкальных інавацый) пакуль няма поўнай яснасці. Відаць, Уладзімір Мсціславіч пайшоў на вельмі значны разрыў з формай знака бацькі або, хутчэй, братоў. Улічваючы яго статус як малодшага і яўна кепскія адносіны з братамі, матывацыю тут можна было б зразумець.
Аднак і пячатка, якая разглядаецца, таксама носіць, відавочна, эксперыментальны характар. Невядомыя не толькі іншыя яе экзэмпляры, але і падобныя тыпы таго ж ці іншых уладальнікаў. Да таго ж княжацкі знак на ёй выключна рэдкі, таму, магчыма, ён таксама меў такі характар. Інакш кажучы, гэта мог быць эксперымент, які не атрымаў працягу.
Калі шукаць уладальніка пячаткі і імя Сазонт сярод прадстаўнікоў гэтай галіны, то варыянт, што ім быў Уладзімір Мсціславіч, нягледзячы на пытанне са знакамі, мае свае перавагі. У такім выпадку імя на пячатцы адпавядала б выяве апекуна на фрэсцы, імя свецкае супадала б з імем продка, ад якога запазычаны княжацкі знак, а гады жыцця (1131/2–1171) суадносіліся б з верагоднай стратыграфіяй знаходкі. Статусныя пазіцыі князя і спробы іх паляпшэння, як у сімвалічным, так і ў практычным плане, таксама, падаецца, сведчаць на карысць гэтага.
Аднак і версію пра прыналежнасць выжыламу сыну Яраслава нельга скідаць з рахункаў. Д. Дамброўскі даводзіць, што аднаго з яго сыноў таксама звалі Уладзімір і ён з’яўляўся пскоўскім князем першай трэці XIII ст., які ў крыніцах не называецца па бацьку (традыцыйна на падставе звестак Тацішчава лічыўся сынам Мсціслава Расціславіча, ноўгарадскага князя са смаленскай галіны). Такая версія даволі праўдападобная з увагі на паўтаральнасць імён, улічваючы, што сына пскоўскага князя звалі Яраслаў. Аднак ёсць у яе і перашкода ў выглядзе называння ўнука ў гонар, хутчэй за ўсё, яшчэ жывога дзеда (наконт чаго аўтар здае сабе справу, але лічыць, што прынцып, які гэта забараняў, быў парушаны) [58]. У дадзеным выпадку нельга выключаць паўтарэнне і хрысцільнага імя Уладзіміра. Таму варыянт, што фрэска адносілася да гэтага князя, таксама адмаўляць нельга. Магчыма, што тут была падвойная алюзія. Ёсць таксама верагоднасць, што апякун на фрэсцы і пячатка адносіліся да розных асобаў (дзеда і ўнука).
Як бачым, версія прыналежнасці пячаткі імавернаму ўнуку Уладзіміра Мсціславіча таксама небездакорная. Акрамя сказанага вышэй, тут з’яўляецца розніца з верагоднай стратыграфічнай датай. Аднак у гэтым выпадку ўзнікае спакуса паспрабаваць прасачыць грэцкія ўплывы, якія маглі прывесці да стварэння пячаткі. У гэтым плане выклікае цікавасць фігура ноўгарадскага святара і мастака Алісея Грэчына, які атрымаў такую мянушку з-за ведання грэцкай мовы і які па ўсёй верагоднасці распісваў царкву Спаса на Нярэдзіцы, а г. зн. быў звязаны з сям’ёй Яраслава [59]. Акрамя таго, на першую трэць XIII ст. прыпадае дзейнасць ноўгарадскага архіепіскапа Антонія, які да таго, як стаць архіепіскапам, некалькі гадоў пражыў у Канстанцінопалі.
Аднясенне гэтай пячаткі на больш позні час мае пэўныя наступствы для тыпалогіі старажытнарускіх пячатак, распрацаванай В. Яніным. Так, сярод рысаў вылучанага ім тыпу княжацкіх пячатак архаічнай традыцыі называлася наяўнасць княжацкага знака з кругавым надпісам, што было нібыта характэрна для пячатак Святаслава Ігаравіча, Дзмітрыя (Ізяслава Яраславіча) і дадзенай [60]. Нават калі не сумнявацца ў прыналежнасці першай з іх Святаславу, а другой Ізяславу [61], пераемнасць па гэтай прыкмеце распадаецца. Сапраўды, складана гаварыць пра існаванне традыцыі пры наяўнасці толькі дзвюх пячатак, прытым што розніца паміж імі – сто гадоў. У той жа час кругавая легенда сустракаецца і пазней. Пры пераносе дадзенай пячаткі ў XII ст. можна заўважыць, што прыблізна гэтымі ж часамі датуюцца і ўжо вядомыя пячаткі Ефрасінні Полацкай з кругавым надпісам. Апошнія звязваюцца з візантыйскімі кантактамі полацкай ігуменні, паколькі такі тып быў звычайным для візантыйскай сфрагістыкі таго часу [62]. У сувязі з гэтым, відаць, не выпадковы і грэцкі характар надпісу на пячатцы Сазонта, побач з наяўнасцю, зноў жа, кругавой легенды. Цяжка сказаць, якія кантакты маглі прывесці да яе з’яўлення. Але грэка-візантыйскі ўплыў тут трэба мець на ўвазе. Хутчэй за ўсё, пячаткі з кругавым надпісам не адносіліся (па гэтай прыкмеце) да нейкага тыпу з пэўным перыядам бытавання, а насілі эпізадычны характар, абумоўлены згаданымі кантактамі ці ўплывам. З улікам таго, што ў Ноўгарадзе гэта адзінкавая знаходка такога знака і што яшчэ адна такая знаходка паходзіць з Магілёва, як ужо гаварылася, сувязі з полацкімі князямі адкідаць нельга. У прыватнасці, звяртаюць на сябе ўвагу сувязі полацкіх князёў з Візантыяй у XII ст. Так, шмат прадстаўнікоў полацкай дынастыі было выслана ў Царград у 1129 г. і прынамсі частка з іх вярнулася. Да таго ж можна прыгадаць непасрэдныя кантакты з Візантыяй і Ефрасінні Полацкай [63]. Аднак мы не ведаем нават дакладнай прыналежнасці Магілёва ў той час, не кажучы пра няпэўнасць сувязі паміж ганчарным кляймом і мясцовымі гаспадарамі.

Мал. 8. Трызубцы на плінфе з царквы на рове ў Полацку, 3-я чвэрць XII ст. (паводле: Раппопорт П. А. Древнерусская архитектура. С.-Петербург, 1993. С. 252)
З Полацка паходзяць таксама пячатка ці пломба (знаходка без прывязкі да слоя) са спрошчаным трызубцам з адагнутымі бакавымі зубцамі і крыжыкам на цэнтральным, а таксама падобныя клеймы на плінфе (у адным выпадку таксама з крыжыкам). Гэта дало магчымасць С. Міхееву зрабіць выснову пра трызубец з адагнутымі зубцамі як “візітную картку полацкіх князёў, нашчадкаў Ізяслава, старэйшага сына Уладзіміра Святаславіча” [64]. Тут трэба заўважыць, па-першае, што размова ідзе пра XII ст., а па-другое, што гэтыя знакі дэманструюць невялікую варыятыўнасць. Больш падставаў пакуль звязваць іх з канкрэтнай галіной полацкіх князёў, як гэта робіць Юрый Кежа [65]. Тое, што выкарыстоўваўся трызубец – натуральна. Але сумнеўна, што яго форма захоўвалася амаль нязменна столькі часу. Гэтыя знакі маюць спрошчаны выгляд. Якімі былі б парадныя, можна толькі здагадвацца. У сувязі са сказаным цалкам упэўнена зрабіць выбар паміж князямі кіеўскай і полацкай дынастый пры вызначэнні ўласніка пячаткі складана.
Падагульняючы, можна адзначыць, што на сёння няма падставаў інтэрпрэтаваць гэтую пячатку як пячатку Ізяслава. Яе легенда ўтрымлівае старажытнарускае хрысціянскае імя Сазонт, якое адносіцца да невядомага нам князя (магчыма, Уладзіміра Мсціславіча ці яго імавернага ўнука Уладзіміра Яраславіча, хоць сцвярджаць гэта адназначна складана). Агульны сэнс надпісу на ёй зразумелы – ён абазначаў прыналежнасць дакумента, ёю замацаванага. Па верагоднай стратыграфіі яна датуецца на сярэдзіну 30-х – пачатак 60-х г. XII ст. Палеаграфічныя прыкметы, якія ўказваюць на 20-я г. XII – пачатак XIII ст., могуць такое датаванне падмацоўваць, хоць з улікам таго, што напіс, верагодна, грэцкі, маюць толькі ўскосны характар (можна дапусціць пэўную інтэрферэнцыю графікі пры вырабе пячаткі на месцы, паколькі большасць літар у кірыліцы і грэцкай супадала, хоць гэта і не цалкам надзейны падыход). На пазнейшы час указвае і аналогія з магілёўскім кляймом XII – пачатку XIII ст. У выніку час вырабу гэтай пячаткі можна аднесці з большай доляй верагоднасці да 20-х гадоў XII – першага 20-годдзя XIII ст. Нягледзячы на тое, што верагодны ўзрост пячаткі значна маладзейшы, чым меркавалася, яна ўяўляе з сябе вельмі цікавы помнік сфрагістыкі, у тым ліку праз наяўнасць кругавога надпісу, а таксама праз асаблівасці пісьма – і першае, і другое мае прыкметы візантыйскага ўплыву.
On the Reattribution of the So-Called Seal of the Polack Prince Iziaslaŭ
Dzmitry Vićko
The article examines the seal found in Novgorod in 1953, which, according to Valentin Yanin, belonged to Prince Iziaslav of Polack, who ruled at the turn of the 10th and 11th centuries. In 2014, Savva Mikheev suggested that the Greek name Sozon (Σώζων) was partly preserved in the legend of the seal without the first letter. This article proposes a complete reconstruction of the legend, which, most likely, was really Greek and indicated the belonging of the seal to the prince, whose Christian name was Sozont. There are also suggestions which of the princes could be the holder of this name and the owner of the seal, which most likely belongs to the 1120s – early 13th century (it was probably the Kiev Prince Vladimir Mstislavich or his probable grandson, the Pskov Prince Vladimir Yaroslavich, although it is difficult to say for sure). Despite the fact that the seal is later than previously thought, it is a very interesting monument of sphragistics, in particular due to the circular inscription, as well as due to its other features, which have signs of Byzantine influence.
[1] Янин В. Л. Древнейшая русская печать // Краткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института истории материальной культуры. Вып. 57. Москва, 1955. С. 39–46; ён жа. Актовые печати Древней Руси X–XV вв. Т. I. Печати X – начала XIII в. Москва, 1970. С. 41, 166, 249, 281, № 2. Янін тлумачыў пры першапублікацыі верагодны канчатак надпісу так, што апошняя “о” замяняе тут “ъ”, аднак, відаць, яму самому гэта падалося непераканаўчым.
[2] Молчанов А. А. Еще раз о таманском бронзовом брактеате // Советская археология. 1982. № 3. С. 225; ён жа. Об атрибуции лично-родовых знаков князей Рюриковичей X–XIII вв. // Вспомогательные исторические дисциплины. Т. XVI. Ленинград, 1985. С. 68; Белецкий С. В. Зарождение русской геральдики // Stratum plus. 2000. № 6. С. 382; Михеев С. М. К проблеме атрибуции знаков Рюриковичей // Древняя Русь. 2014. № 4. С. 53.
[3] Белецкий С. В. О печати № 2 Корпуса печатей Древней Руси // Записки Института истории материальной культуры РАН. № 13. С.-Петербург, 2016. С. 125.
[4] Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 53.
[5] Белецкий С. В. О печати № 2… С. 128.
[6] Дук Д. В., Кежа Ю. Н. Символические аспекты репрезентации власти полоцких князей Рогволодовичей // Славянский альманах. 2019. № 3/4. C. 17–18.
[7] Михеев С. М. Княжеские печати с тамгами и атрибуция знаков Рюриковичей XI–XII в. // Древняя Русь. 2017. № 4. С. 18.
[8] Зализняк А. А., Янин В. Л. Новгородский кодекс первой четверти XI в. – древнейшая книга Руси // Вопросы языкознания. 2001. № 5. С. 12.
[9] Рыбаков Б. А. Русские датированные надписи XI–XIV веков. Москва, 1964. Табл. І–VIІI. Гл. таксама манеты Алега Святаславіча, безліч розных пячатак (паколькі тут таксама размова пра пячатку) і інш.
[10] Параўн. таксама ў наступнай працы: Янин В. Л. Вислые печати из новгородских раскопок 1951–1954 гг. // Труды Новгородской археологической экспедиции / под ред. А. В. Арциховского и Б. А. Колчина. Т. I. Москва, 1956. С. 157.
[11] Рыбаков Б. А. Русские датированные надписи… Табл. І–XII; Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот и их внестратиграфическое датирование // Янин В. Л., Зализняк А. А. Новгородские грамоты на бересте (из раскопок 1990–1996 гг.). Т. X. Москва, 2000. С. 166–167.
[12] Рыбаков Б. А. Русские датированные надписи… Табл. VII. Здавалася б, такое ж ці вельмі блізкае напісанне – таксама на аправе ноўгарадскага абраза Пятра і Паўла (па розных дадзеных, сярэдзіна XI – 60-я г. XII ст.): Тамсама. Табл. ІІІ. Аднак прамалёўка тут не зусім дакладная – хвост сапраўды кароткі, але закруглены, таму лепш гаварыць пра набліжаны ўзор (параўн. па фота: Смирнова Э. С. О первоначальной композиции и иконографической программе серебряного оклада XI в. иконы “Апостолы Петр и Павел” из Софийского собора в Новгороде // Древнерусское искусство. Византия, Русь, Западная Европа: искусство и культура / редкол.: Л. И. Лифшиц (отв. ред.) и др. С.-Петербург, 2002. С. 87). Наконт датавання гл.: Стерлигова И. А. О времени создания чеканного оклада иконы “Петр и Павел” из новгородского Софийского собора // Древнерусское искусство: Русь и страны византийского мира, XII век / редкол.: А. Л. Баталов, Э. Н. Добрынина. С.-Петербург, 2002. С. 477–493 (там жа ранейшая літаратура).
[13] Янин В. Л. Древнейшая русская печать… С. 41 (і прачытанне ў наступных працах). C. Міхееў у палеміцы з С. Бялецкім настойвае, што “прачытанне графемы N у якасці И немагчыма ні для раннестаражытнарускага, ні для грэцкага надпісу” (Михеев С. М. Княжеские печати… С. 18, сп. 5). Аднак у В. Яніна размова ідзе пра люстэркавы выгляд, таму трэба ацэньваць верагоднасць яго.
[14] Толстой И. И. О древнейших русских монетах X–XI вв. // Записки Русского археологического общества. Новая сер. Т. VI. 1893 (прарысоўкі надпісаў на с. 349, 351).
[15] Гайдуков П. Г., Калинин В. А. Древнейшие русские монеты // Русь в IX–X веках: археологическая панорама / отв. ред. Н. А. Макаров. Москва – Вологда, 2012. С. 416. Між іншым, звяртае на сябе ўвагу незвычайнае напісанне імя Хрыста: ЇCУСЪ ХРИСТИСЪ. Параўнанне з візантыйскімі манетамі, якія, відавочна, выступалі тут прататыпамі, паказвае наступнае. На залатых гэтая частка легенды (імя) ідзе ў скарочаным выглядзе: IHS XRS. А вось на сярэбраных міліярысіях, ранейшых за Васіля ІІ, яна дадзена цалкам: IHSΥS XRISTΥS. Літара Y мае тут И-падобнае напісанне. Магчыма, пры вырабе штэмпеляў для златнікаў гэтае слова было “недаперакладзена”. Таму прынамсі ў адной пазіцыі гэта можа быць калька з грэцкай літары, а не варыянт кірылічнага И. Акрамя таго, разнабой у варыянтах напісання мог быць выкліканы непісьменнасцю рэзчыка.
[16] Сотникова М. П. Древнейшие русские монеты X–XI веков. Москва, 1995. С. 23–24.
[17] Параўн.: Рыбаков Б. А. Русские датированные надписи… Табл. І–XII; Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 170–171.
[18] Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 169.
[19] Тамсама. С. 186–187.
[20] Янин В. Л. Древнейшая русская печать… С. 41.
[21] Ён жа. Актовые печати… Т. І. C. 249, параўн. 166.
[22] Catalogue of the Byzantine Seals at Dumbarton Oaks and in the Fogg Museum of Art. Vol. 6. Emperors, Patriarchs of Constantinople, Addenda, ed. by J. Nesbitt with the assistance of C. Morrisson. Washington, 2009; Catalogue of the Byzantine Coins in the Dumbarton Oaks Collection and in the Whittemore Collection, ed. by A. R. Bellinger and Ph. Grierson. Vol. 3. Leo III to Nicephorus III, 717–1081, by P. Grierson. Part 2. Basil I to Nicephorus III (867–1081). 2nd Impression. Washington, 1993; Ibidem. Vol. 4. Alexius I to Michael VIII, 1081–1261, by M.F. Hendy. Washington, 1999.
[23] Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 152–153.
[24] Тамсама.
[25] А. Вінаградаў, да якога С. Міхееў звяртаўся па кансультацыю, прапанаваў такі варыянт у вінавальным склоне, але ў іншым парадку літар, пачынаючы з апошняй, якую ён таксама разумеў як С, затым, як ён лічыў, у пашкоджаным месцы ніякіх літар не было і далей ішла рэшта імя. Паводле яго, імя ў вінавальным склоне было канчаткам формулы “Господи, спаси”, тут апушчанай (Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 53). Цяжка сказаць, ці магло такое быць. Сумнеўна таксама, што першая літара была адарвана ад імя на такую адлегласць і “прыклеена” да канца. Нетыповы тут таксама пачатак легенды (справа ўнізе). Да таго ж, як мы ўжо адзначалі, гэтая літара адпавядае папярэдняму Т. На нашу думку, імя тут ішло ў родным склоне і абазначала прыналежнасць таго, пра што гаворка ішла далей.
[26] Па папярочных штрыхах у пашкоджанай вобласці можна было б дапусціць тут і літару А (Δ-падобную, як і ў іншых месцах), плоская аснова якой “напаўзае” злева знізу на ножку трызуба, хоць упэўнена сцвярджаць гэта не выпадае, паколькі відаць усё вельмі слаба. Магчыма, у будучыні тэхналогіі дазволяць выяўляць пашкоджаныя фрагменты больш надзейна. С. Бялецкі таксама бачыў, што дзесьці тут “прасвечвае” скошаная мачта, дапускаючы, што яна ад А (Белецкий С. В. О печати № 2… С. 130), але мы не ведаем, які штрых ён меў на ўвазе і ў якім канкрэтна месцы. Зыходзячы з яго логікі і прачытання, магчыма, што не ў гэтым, а бліжэй да левага краю пашкоджанай вобласці.
[27] Янин В. Л. Древнейшая русская печать… С. 42.
[28] Тамсама. Прим. 2.
[29] Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 158. А таксама мноства пячатак, графіці і інш.
[30] Тамсама. С. 184.
[31] Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 54.
[32] Белецкий С. В. О печати № 2… С. 130.
[33] Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 152 (мадэль IVа).
[34] Белецкий С. В. О печати № 2… С. 129.
[35] Макаров Н. А., Гайдуков П. Г., Милованов С. И. Князь Юрий Владимирович и нотарь Григорий: новые сфрагистические находки из Суздаля, 15.07.2024 г. // Институт археологии Российской академии наук, https://archaeolog.ru/press/ articles/knyaz-yuriy-vladimirovich-i-notar-grigoriy-novyesfragisticheskie-nakhodki-iz-suzdalya (дата звароту: 09.02.2025).
[36] Дыскусія з гэтай нагоды, ініцыяваная В. Яніным, не прынесла станоўчых вынікаў. Прадметам абмеркавання была група пячатак са знакамі, дзе аднаму і таму ж знаку адпавядалі розныя святыя. Даследчык выказваў меркаванне, што яны маглі належаць тысяцкім: Янин В. Л. Актовые печати… Т. I. С. 144–145. Аднак у доказ сваёй гіпотэзы нейкіх канкрэтных дадзеных ён не прыводзіў. Аркадзь Малчанаў спрабаваў абгрунтаваць прыналежнасць гэтай групы ноўгарадскім пасаднікам, якім належала выява святога, што выклікала пярэчанні Баляслава Яршэўскага: Молчанов А. А. Новгородские посадничьи печати с изображением княжеских знаков // Проблемы истории СССР. Сб. IV / редкол.: С. С. Дмитриев (отв. секр.) и др. Москва, 1974. С. 19–32; Ершевский Б. Д. Об атрибуции новгородских печатей и пломб XII – начала XIII в. с изображением княжеских знаков // Вспомогательные исторические дисциплины. Т. X. Ленинград, 1978. С. 38–55; ён жа. Об одной группе новгородских свинцовых пломб XII – первой трети XIII в. // Вестник МГУ. Сер. История. 1979. № 4. С. 57–60; Молчанов А. А. Об атрибуции лично-родовых знаков князей Рюриковичей X–XIII вв. // Вспомогательные исторические дисциплины. Т. XVI. Ленинград, 1985. С. 66–83. Б. Яршэўскі, падаецца, тут больш пераканаўчы, калі сцвярджае немагчымасць даказаць такое палажэнне. Наогул, перспектыўным тут бачыцца падыход, калі розныя святыя выступаюць як апекуны ў адным выпадку самога ўладальніка, у другім – яго бацькі. Таксама была спроба, хоць і даволі хісткая, улічваць дзень інтранізацыі князя, які мог прыпадаць на “памяць” пэўнага святога: Михеев С. М. Княжеские печати… С. 27, 35. Магчымыя і іншыя падыходы. Ва ўсялякім разе, гэтая дыскусія, якая датычыла выяваў на розных баках нешматлікай групы пячатак іншага тыпу, не прынесла пацвярджэння зыходнай думкі. Дапушчэнне ж, што на адным баку пячаткі маглі сумяшчацца княжацкі знак і нечае – някняжацкае – імя, падаецца ўвогуле малаверагодным.
[37] Гл.: Янин В. Л. Актовые печати… Т. I. С. 35–36, 40; Белеций С. В. Зарождение русской геральдики… С. 382–383; Михеев С. М. Княжеские печати… С. 20–22, 31–33. С. Бялецкі і С. Міхееў прыводзяць таксама яшчэ некалькі пячатак, але не з археалагічных раскопак.
[38] Янин В. Л. Древнейшая русская печать… С. 42, прим. 2.
[39] У прыватнасці, нельга выключаць пераробку з “грамота” ў “γράμματα”. Зыходнае О тады было б большых памераў і бліжэй да краю. У пашкоджанай вобласці ёсць штрыхі, якія пры жаданні можна прыняць за яго рэшткі. Магчыма, што і само пашкоджанне было выклікана жаданнем падправіць адбітак, хоць упэўнена сцвярджаць нельга – магчыма, гэта была спроба сарваць пячатку.
[40] Марзалюк І. Магілёў у XII–XVIII стст. Людзі і рэчы. Мінск, 1998. С. 16, 19, 42, 220, мал. 26-1. У працы аўтар адзначае, што слой X–XI ст. у Магілёве адсутнічае, але ёсць адзінкавыя фрагменты керамікі, характэрнай для XI ст. Аднак у апошняй яго публікацыі на падставе знаходак керамікі і шкляной пацеркі, аднесеных да X–XI ст., і заснаванне горада аднесена ўжо на той час: Ён жа. Помнікі археалогіі як гістарычная крыніца па ранняй гісторыі Магілёва // Беларускі гістарычны часопіс. 2025. № 3. С. 39. Для абгрунтавання гэтага прыцягваюцца і знаходкі з княжацкімі знакамі. Аўтар мяркуе, што да таго часу адносяцца яшчэ адно кляймо, у выглядзе трызубца спрошчанай формы (у манаграфіі пра яго таксама адзначалася, што яно паходзіць са слоя XII–XIII ст.), а таксама знойдзеная непадалёк ад замчышча падвеска, якія аўтар звязвае з Уладзімірам Святаславічам. Да гэтага ж князя прапанавана аднесці і кляймо, якое нас цікавіць. Аднак што тычыцца схематычных трызубцаў простай формы, то яны сустракаюцца даволі шырока і ў розны час (ёсць, напрыклад, на плінфе са Спаса-Праабражэнскай царквы XII ст. у Полацку: Кежа Ю. Н. Трезубцы на плинфе полоцких храмов XII в. // Актуальные проблемы архитектуры Белорусского Подвинья и сопредельных регионов / под общ. ред. В. Е. Овсейчика (отв. ред.), Г. И. Захаркиной и Р. М. Платоновой. Новополоцк, 2018. С. 96, рис. 6, 7). Звязваць іх з адным нейкім князем складана. Адносна падвескі можна сказаць толькі, што і па форме, і па матэрыяле (бронза), і па малюнку яна, відавочна, не адносіцца да афіцыйных княжацкіх падвесак. Размова пра іх імітацыю і выраб як упрыгожанняў у часы, калі афіцыйныя ўжо выйшлі з ужытку. Такія ж падвескі, з дакладна такімі ж выявамі, як тут, знойдзены ў Саласпілс Мартыньсала і ў пахаванні з Ікшкілес Кабелес (Латвія), на тэрыторыі падзвінскіх ліваў. Яны вызначаюцца як упрыгожанні і датуюцца XII – пачаткам XIII ст.: Колибенко О., Колибенко О., Тетеря Д., Юрченко О. Пiдвiска зi знаком Рюриковичiв з Переяславщини та деякi роздуми з приводу iнтерпретацiї геральдичних пiдвiсок // Науковi записки з української iсторiї. Вип. 20. Переяслав-Хмельницький, 2008. С. 268– 289 (гл. тут агульную тыпалогію, таксама пра дадзены тып на с. 273 і інш.); Мугуревич Э. С. Восточная Латвия и соседние земли в X–XIII вв. Экономические связи с Русью и другими территориями. Пути сообщения. Рига, 1965. С. 87–88, рис. 34-4, 34-5. Не ўваходзячы ў пытанне заснавання горада, можам спыніцца пакуль на тым, што было засведчана адносна кляйма, якое нас цікавіць, у згаданай манаграфіі, а менавіта на яго паходжанні са слоя XII–XIII ст. Ва ўсялякім разе, для абгрунтавання больш ранняй даты на знаходкі са знакамі абапірацца не выпадае: схематычны трызубец не паддаецца дакладнай атрыбуцыі, а іншыя знаходкі маюць больш познія аналогіі.
[41] Белецкий С. В. Княжеские знаки на днищах сосудов из Могилева // Συσσιτια: памяти В. Ю. Андреева / [отв. ред. В. Ю. Зуев]. С.-Петербург, 2000. С. 342–345.
[42] Корнієнко В. Знаки Рюриковичів у графіті Софії Київської // Спеціальні історичні дисципліни: питання теорії та методики. Збірка наукових праць. Ч. 24. Київ, 2014. С. 141. Рис. 11.
[43] Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X–XVI вв.: династическая история сквозь призму антропонимики. Москва, 2006. C. 610–612.
[44] Аднак пару момантаў можна адзначыць. Так, у 1300–1360 г. была распаўсюджана мадэль Ⱬ, падобная да той, што нас цікавіць, – у якой хвост пераламляўся ў дыяганаль пад вуглом 90º. Праўда, хвост тут доўгі. Можна было б, аднак, дапусціць, што яго скарацілі, паколькі ён не змяшчаўся (упіраецца ў трызубец). Мадэль, падобная да А на аверсе (з двума заломамі пятлі або папярэчным штрыхом), сустракаецца зрэдку і ў XIV ст.; параўн. таксама мадэль “кропля” ў гэты час (завяршэнне пятлі ў крайняй верхняй кропцы). Але першая з іх ідзе з плоскім верхам і абедзве – без засечкі на спінцы: Зализняк А. А. Палеография берестяных грамот… С. 153, 169. Мадэль Р і ўзоры для А ў цэнтры на адвароце ў гэты час не сустракаюцца. Неверагодным было б і выкарыстанне княжацкага знака.
[45] Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 54.
[46] Тамсама, сп. 25.
[47] Домбровский Д. Генеалогия Мстиславичей: первые поколения (до начала XIV в.) / пер. К. Ерусалимского и О. Остапчук. С.-Петербург, 2015. С. 180–182, 607–608.
[48] Тамсама. С. 612.
[49] Пры гэтым мы не адмаўляем магчымасць адначасовага называння ў гонар продкаў ці сваякоў жонкі. Алюзіі адначасова на некалькі асобаў, падаецца, не былі нечым выключным; наяўнасць некалькіх папярэднікаў з аднолькавым імем у розных галінах магла толькі падмацоўваць выбар. Разам з тым, называнне трох з чатырох сыноў запар, г. зн. усіх, акрамя першага, на падставе толькі радаводу жонкі было б крыху цяжэй зразумець.
[50] Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени… C. 118, сп. 28; 333.
[51] Гиппиус А. А. Князь Ярослав Владимирович и новгородское общество конца XII в. // Церковь Спаса на Нередице: от Византии к Руси (к 800-летию памятника) / отв. ред. О. Е. Этингоф. Москва, 2005. С. 11–25.
[52] Пивоварова Н. В. Фрески церкви Спаса на Нередице в Новгороде: иконографическая программа росписи. С.-Петербург, 2002. C. 29–31.
[53] Тамсама. С. 32.
[54] Тамсама. С. 27–28.
[55] Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 54, сп. 25.
[56] Куза А. В. Родовой знак Всеволода ІІІ Большое Гнездо // Культура Древней Руси: посвящается 40-летию научной деятельности Н. Н. Воронина / отв. ред. А. Л. Монгайт. Москва, 1966. С. 98–100.
[57] Пивоварова Н. В. Фрески церкви Спаса на Нередице… С. 18– 24.
[58] Домбровский Д. Генеалогия Мстиславичей… С. 631–642, 661.
[59] Янин В. Л. К истории создания нередицкой живописи // Щербатова-Шевякова Т. С. Нередица: монументальные росписи церкви Спаса на Нередице. Москва, 2004. С. 7–14; Гиппиус А. А. К биографии Олисея Гречина // Церковь Спаса на Нередице… С. 99–114.
[60] Янин В. Л. Актовые печати… Т. І. С. 36–38.
[61] Сур’ёзныя сумненні ў прыналежнасці Ізяславу Яраславічу пячатак Дзмітрыя выказаў С. Бялецкі і падтрымаў С. Міхееў: Белецкий С. В. Зарождение русской геральдики… С. 382–384; Михеев С. М. К проблеме атрибуции… С. 51, сп. 15. Сумненні грунтуюцца пераважна на наяўнасці падобных знакаў з выявай якара на плінфе пазнейшых храмаў і пячатках з выявай св. Георгія. Адзначым толькі, што знак на пячатцы Дзмітрыя ўсё ж мае пэўныя адрозненні ад якара (раздвоенае завяршэнне цэнтральнага зубца, адсутнасць перамычкі).
[62] Дук Д., Калечыц І., Коц А., Торшын Я. Парадная пячатка Еўфрасінні Полацкай // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 9. С. 7–8; Калбеко Л. Печати Евфросинии Полоцкой: проблемы атрибуции // Актуальная археология 5 / редкол.: К. В. Конончук (отв. ред. и др.). С.-Петербург, 2020. С. 319– 322; Жуков И. Вислые печати Преподобной княжны Евфросинии Полоцкой // Нумізматика і фалеристика. 2013. № 2. С. 16–18. Параўн. пра адну з гэтых пячатак: Майоров А. В. Печать Евфросинии Галицкой из Новгорода // Древняя Русь: вопро- сы медиевистики. 2011. № 2. С. 6 (хоць з атрыбуцыяй аўтара і нельга пагадзіцца, але заўвагі выклікаюць цікавасць). Раз- мова пра пячатку № 125а па каталогу Яніна, перанумарава- ную потым у 125д: Янин В. Л. Актовые печати… Т. І. № 125а; Янин В. Л., Гайдуков П. Г. Актовые печати… Т. III. Печати, зарегистрированные в 1970–1996 гг. Москва, 1998. № 121д. В. Янін не сумняваючыся аднёс яе Ефрасінні Полацкай.
[63] Акрамя таго, у Полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве нядаўна было знойдзена графіці, верагодна, XII ст. з паведамленнем пра смерць “попина” Аўдакіма, майстра-грэка: Неожиданное открытие реставраторов в древнем Спасо-Преображенском храме, 22.04.2024 г. // Монастырь у церкви Спаса: сайт Полоцкого Спасо-Евфросиниевского монастыря: https://www.spas-monastery.by/events/archive/27964/? imJLmzqCJj=2652687299865296637 (дата звароту: 18.09.2024).
[64] Михеев С. М. Княжеские печати… С. 33. Усяго вядомыя два экзэмпляры гэтай пломбы ці пячаткі (другі – без месца знаходкі): Дук Д. В. Полоцк в эпоху Владимира Святославича: трансформация городской структуры и политические реалии // Историки-слависты МГУ. Кн. 11. Многоликий и неспокойный славянский мир: научный сборник в честь 50-летия Ю. А. Борисенка. Москва, 2016. С. 22–23.
[65] Аўтар звязвае іх па часе будаўніцтва цэркваў на рове і ў Верхнім замку з Усяславам Васількавічам (60–80-я гг. XII ст.) або ў цэлым з лініяй Святаслава Усяславіча, з якой ён паходзіў: Кежа Ю. Н. Трезубцы на плинфе полоцких храмов… С. 85–88. Такая думка заслугоўвае ўвагі.
