БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Наталля Сліж. Стаўленне да рэлігіі і рэлігійныя практыкі гарадзенскіх мяшчан (XVI–XVII ст.)*

У XVI–XVII ст. для грамадства рэлігія мела важнае значэнне і была істотнай часткай жыцця. У плане вывучэння рэлігійнасці асаблівую цікавасць уяўляюць гарады Вялікага Княства Літоўскага, бо часта на адной тэрыторыі тут прысутнічала некалькі рэлігійных плыняў. Яскравы прыклад – Вільня [1]. Рэлігійная сітуацыя ў Горадні вывучалася праз гісторыі храмаў, кляштараў, ордэнаў [2], праз асабістыя дакументы (напрыклад, тастаменты [3]). Аднак згаданыя працы адлюстроўваюць стаўленне мяшчан да рэлігіі толькі ў пэўнай ступені. Па-за ўвагай засталіся рэлігійныя пытанні ў рамесніцкіх цэхах, фундацыйныя запісы мяшчан, казанні на смерць, прысвечаныя мяшчанам, пераход мяшчан у духоўны стан, канфлікты з духавенствам, праявы чараўніцтва ў мяшчанскім асяроддзі. Названыя аспекты і сталі галоўнымі для аналізу рэлігійнасці мяшчан у гэтай працы.

Крыніцазнаўчая база артыкула складаецца з прывілеяў для горада і рамесніцкіх цэхаў, тастаментаў, даравальных запісаў, судовых спраў, рэлігійных твораў. Заўважым, што па дадзенай тэме крыніцы захаваліся не цалкам. Таму па многіх параметрах немагчыма правесці статыстычны аналіз. Можна адзначыць толькі агульныя тэндэнцыі. Яшчэ адна асаблівасць, якая не дае ў поўнай меры раскрыць тэму, – адсутнасць мяшчанскіх успамінаў і карэспандэнцыі, якія б паказвалі асабістае стаўленне мяшчан да рэлігіі, іх эмоцыі і перажыванні.

Рэлігійная сітуацыя ў Горадні

Горадня, як і іншыя гарады Вялікага Княства Літоўскага, не была аднародным горадам. Яна складалася з розных юрысдыкцый: замкавая, духоўная, шляхецкая, магдэбургская. Перыядычна іх прадстаўнікі канфліктавалі паміж сабой. Адпаведна гэта мела ўплыў на рэлігійную сітуацыю і на адносіны паміж саслоўямі. За перыяд XVI–XVII ст. рэлігійная сітуацыя ў горадзе кардынальна змянілася. На пачатку XVI ст. там дамінавалі праваслаўныя храмы. З другой паловы XVI ст. пачалося актыўнае будаванне каталіцкіх рэлігійных устаноў. З’явіліся касцёлы Фарны, Св. Духа, брыгіцкі, бернардзінцаў, бернардзінак, езуіцкі, кармеліцкі, францысканскі, дамініканскі. Будаваліся яны ў цэнтры горада, а землі выкупляліся ў мяшчан [4].

Падпісанне Берасцейскай уніі пагоршыла сітуацыю і прывяло да міжканфесійнага канфлікту ў ВКЛ, які не абмінуў і Горадню. Разгарнулася барацьба за цэрквы і прыходы. Віленскія, новагародскія і гарадзенскія святары аказалі супраціў уніяцкаму мітрапаліту Іпацію Пацею. За гэта ў Горадні былі адхілены ад пасад мясцовы пратапоп Васіль Вербавецкі і святар царквы Св. Мікалая Лаўрэнцій Васілеўскі, абвінавачаныя ў бунце і крадзяжы царкоўных рэчаў. Гарадзенскія цэрквы (Саборная Прачысценская, Чэснага Крыжа і Св. Мікалая) былі забраны гарадзенскім архімандрытам Кліментам Годкінскім і гарадскімі ўраднікамі – бурмістрам Янам Ільковічам і радцам Астафіем Кудаеўскім. Вербавецкі і дзяк Прачысценскай царквы Фёдар былі вымушаныя пакінуць горад, але ў Вільні яны трапілі ў вязніцу, дзе ўтрымліваліся ў дрэнных умовах. У 1609 г. гэтая справа разглядалася ў Трыбунале ВКЛ і дайшла да Жыгімонта Вазы, але рашэнне было прынята на карысць уніяцкіх святароў. Як вынікае са звароту праваслаўнай шляхты да ўніяцкага мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі Іосіфа Руцкага (1616), гэта прывяло да занядбання цэркваў і адыходу прыхаджан [5]. У “Супліцы” Мялеція Сматрыцкага 1623 г. Горадня пералічвалася сярод гарадоў, дзе праваслаўныя зазнаюць пераслед [6]. Галоўныя праваслаўныя храмы, Барысаглебская і Саборная Прачысценская цэрквы, перайшлі ў падпарадкаванне да ўніятаў, пазней тое ж самае адбылося з цэрквамі Уваскрасенскай і Чэснага Крыжа [7]. Пры гэтым не было пабудавана ніводнага новага праваслаўнага храма. У горадзе склалася перавага каталіцкай канфесіі, якая падтрымлівалася манархамі і шляхтай. Праваслаўных храмаў не засталося, былі толькі ўніяцкія.

Адпаведна гэтыя тэндэнцыі мелі ўплыў на сітуацыю ў магістраце. Так, у прывілеі Боны Сфорцы 1541 г. бурмістры і радцы падзяляліся на праваслаўных і каталікоў [8]. У канфірмацыйным прывілеі Уладзіслава IV 1633 г. упершыню ўводзілася забарона займаць пасады праваслаўным і пратэстантам [9]. Хоць гэта не выконвалася ў поўнай меры, але тэндэнцыя была відавочнай [10]. У працы магістрата дакументы часам датаваліся па каталіцкім календары (з адсылкай да каталіцкіх святаў). Напрыклад, у 1610 г. пасяджэнне адбылося ў першую пятніцу пасля свята Усіх святых, а ў 1672 г. – у чацвер, пасля свята святога Станіслава. У запісе за 1689 г. адзначалася, што скарга пададзена ў дзень св. Францыска [11]. Такіх прыкладаў можна прывесці значна больш.

Такім чынам, за два стагоддзі горад апынуўся пад моцным і даміноўным уплывам каталіцтва, што паўплывала на рэлігійную сітуацыю сярод мяшчан і на тэндэнцыі ў гэтай сацыяльнай групе.

Пытанні рэлігіі ў рамесніцкіх цэхах

Цэхавыя статуты былі асноўнымі дакументамі, якія рэгулявалі прафесійныя пытанні. Аднак рэлігійныя пункты таксама ў іх уключаліся, бо цэх кантраляваў і іншыя сферы жыцця. Статут для краўцоў і шаўцоў 1570 г. абавязваў прысутнічаць рамеснікаў з сем’ямі на набажэнствах і святах у каталіцкім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі (Фарным). Акрамя таго, яны павінны былі ставіць свечкі на святы і імшу, прысутнічаць на пахаваннях цэхавага брата ці прадстаўнікоў яго сям’і, не працаваць на рэлігійныя святы [12]. Тое ж самае агаворвалі статуты цэха слесараў, кавалёў, катляроў і мечнікаў (1570), мулярскага цэха (1593), цэха муляраў, цесляў, ганчароў і бондараў (1645) [13]. Згодна са статутамі гарбарскага (1593) і рэзніцкага (1593) цэхаў, усе браты кожную пятніцу былі абавязаны наведваць каталіцкія набажэнствы, святкаваць Вялікдзень, Св. Духа, Нараджэнне Панны Марыі, Раство, даваць мёд і воск на парафіяльны касцёл, ахвяру на алтар, таксама даваць воск на свечкі ў праваслаўны храм і прысутнічаць там на пахаваннях. Два старшыя майстры павінны былі ставіць свечкі ў каталіцкім ці праваслаўным храме ў нядзелю і святы [14]. За парушэнне нормаў статута прызначаліся грашовыя пакаранні. Цырульнікі па статуце 1650 г. былі абавязаны мець алтар у Фарным касцёле, перад якім вяліся б службы [15].

Калі ў статутах гарбароў і рэзнікаў для праваслаўных прадугледжвалася магчымасць падтрымліваць свае храмы, то ў статутах іншых цэхаў было прапісана толькі наведванне каталіцкіх храмаў ды іх падтрымка. Цэхавыя алтары існавалі толькі ў Фарным касцёле. Не выключана, што алтары рамеснікаў маглі быць у цэрквах, але не захавалася іх інвентароў, каб дакладна гэта сцвярджаць. Пасля прыняцця ўніяцтва не згадваюцца цэхмайстры гэтага веравызнання. Па сутнасці гарадзенскія цэхі ў XVII ст. станавіліся каталіцкімі. Акрамя таго, для прыняцця ў склад цэха рамеснікі мусілі быць народжаныя ў венчаным шлюбе і быць хрышчанымі. Гэта датычыла і ўраднікаў.

Фарны касцёл стаў гарадскім касцёлам, дзе цэхі мелі свае алтары і былі абавязаны іх даглядаць. Згодна з візітацыяй Фарнага касцёла, у 1662 г. свае алтары мелі муляры, краўцы, шаўцы, рэзнікі, кавалі [16]. У візітацыі 1783 г. пра алтары ўтрымлівалася наступная інфармацыя. Гарадзенскі магістрат і брацтва Св. Тройцы апекаваліся другім алтаром, дзе былі абразы Св. Тройцы і Маці Божай. Чацвёрты алтар таксама быў у апецы магістрата. Амаль усе алтары былі размеркаваны паміж рамесніцкімі цэхамі, што, па сутнасці, рабіла касцёл гарадскім і мяшчанскім. Кравецкі цэх даглядаў трэці алтар (абразы Маці Божай Суцяшальніцы і святога Станіслава), рыбацкі цэх – пяты (статуі Ісуса, святога Пятра, абраз Маці Божай з Дзіцем), мулярскі – шосты (абразы святога пакутніка Стафана і біскупа Мікалая), кавальскі – сёмы (абразы Ісуса, які з паўстае з мёртвых, і Маці Божай, статуя святога Міхала), шавецкі – восьмы (абразы святой Агаты і святога Казіміра) і дзявяты (абразы Панны Марыі і Панны Марыі Ружанцовай), рэзніцкі – дзясяты (абразы святых апосталаў Пятра і Паўла, Укрыжаванага Ісуса), музыкаў – дванаццаты (абраз Яна Хрысціцеля) [17]. Акрамя таго, у Фарным касцёле пры алтары былі скляпенні з пахаваннямі мяшчан.

Такім чынам, асноўныя правілы паводзін адносна рэлігіі рэгламентаваліся ў цэхавых дакументах. Звязана гэта было з тым, што цэхі былі больш чым проста прафесійнымі аб’яднаннямі [18]. Яны рэгулявалі розныя сферы жыцця рамеснікаў. Цэх непасрэдна ўплываў на фармаванне групавой ідэнтычнасці, а рэлігійная прыналежнасць, супольныя рэлігійныя практыкі мелі тут важнае значэнне. Таму ўключэнне ў статуты рэлігійных пунктаў было з’явай заканамернай. Рэалізацыю гэтых пастаноў бачым у наяўнасці алтароў у Фарным касцёле. Адзначым, што пытанні рэлігіі агаворваліся таксама ў цэхавых дакументах іншых гарадоў ВКЛ [19]. У той перыяд гэта было распаўсюджанай з’явай і мела месца ў іншых еўрапейскіх краінах.

Выкананне рэлігійных наказаў

Як ужо адзначалася, рамеснікі былі абавязаны выконваць пэўныя рэлігійныя наказы. Аднак не захавалася дакументаў, якія б сведчылі, як яны выконваліся.

Складана прасачыць, як святкавалі ў горадзе рэлігійныя святы (не толькі афіцыйныя хрысціянскія, але і народныя – такія, як Каляды, Купалле, Дзяды) [20]. Не захаваліся ўспаміны з дэталёвым апісаннем традыцый, звычаяў і абрадаў. Хоць горад, як і іншыя гарады ВКЛ, меў аграрны характар, але адрозненне ад сялянскай культуры існавала. Гэта нават абыгрывалася ў пастаноўках гарадзенскага езуіцкага тэатра [21].

Выяўленая інфармацыя даволі фрагментарная і не дазваляе падрабязна прасачыць выкананне і парушэнні рэлігійных практык.

Так, пра наведванне храмаў у святы інфармацыя ёсць у скарзе мешчаніна Марціна Кляноўскага, які жыў у адной з гарадскіх вёсак, на Якуба Карлоўскага. У 1664 г. Кляноўскі паехаў з жонкай на Вялікдзень (12 красавіка) на імшу ў касцёл у Горадню, пакінуўшы пры гаспадарцы чэлядзь. Карлоўскі скарыстаўся адсутнасцю гаспадароў і вывез з яго каморы маёмасць [22]. З дакумента вынікае, што былі асобы, якія святы пільнавалі, а былі іншыя, якія карысталіся адсутнасцю гаспадароў для здзяйснення злачынства.

У горадзе здараліся канфлікты паміж мяшчанамі і яўрэйскай грамадой, у ходзе якіх ужывалася рэлігійная аргументацыя. Захаваліся скаргі мяшчан на яўрэяў, дзе апошнія абвінавачваліся ў розных перашкодах у адпраўленні культу. Пра адну з такіх скаргаў ідзе размова ў каралеўскай пастанове 1653 г. Яна была накіравана Яну Казіміру ад імя гарадзенскіх мяшчан і каталіцкага духавенства. Сярод іншага, у ёй сцвярджалася, што яўрэі прымаюць да сябе на службу хрысціян, што прыводзіць да занядбання хрысціянскай рэлігіі, бо тыя “без споведзі, святых таемстваў, слухання слова Божага, выканання пастоў, шанавання свят… жыццё сваё вядуць” [23]. Згодна з канстытуцыяй сойма 1565 г. [24] і Статутам ВКЛ 1588 г. (разд. 12, арт. 9), хрысціянам было забаронена служыць у яўрэяў і наадварот. У каралеўскай пастанове па згаданай скарзе настойвалася, што гэтая забарона павінна выконвацца ў дачыненні да Горадні і мястэчак Гарадзенскай эканоміі. За парушэнне ўводзілася пакаранне – 10 тыс. талераў [25]. У візітацыі Фарнага касцёла 1662 г. адзначалася, што яўрэі павінны жыць не бліжэй за 300 метраў ад касцёлаў і з пашанай ставіцца да каталіцкіх святаў [26]. У тым жа годзе было заключана пагадненне магістрата з яўрэямі. Апошнія былі абавязаны замураваць вокны крам, якія выходзілі на Рынак і Фарны касцёл, бо з вокнаў нібыта даносіліся блюзнерствы, калі ішлі каталіцкія працэсіі ці калі ксёндз ішоў да прыхаджан. На момант правядзення рэвізіі 1680 г. пагадненне не было выканана, у сувязі з чым магістрату даручылі прасачыць за яго выкананнем на працягу чатырох тыдняў [27]. У лісце Яна Казіміра яўрэям ад 2 студзеня 1688 г. сярод іншага адзначалася, што апошнія наўмысна ў хрысціянскія святы адчыняюць корчмы, дзе грае музыка, “каб прывабліваць п’яніц і свавольную чэлядзь” [28].

Напруга нарастала ў тым ліку з-за розніцы ў каляндарных святах у хрысціян і іўдзеяў. У Вільні таксама мелі месца падобныя канфлікты [29]. Акрамя таго, у Вільні, Магілёве і Горадні былі напружаныя адносіны паміж мяшчанамі і яўрэямі на эканамічнай і крымінальнай глебе [30]. У гэтым выпадку пра сітуацыю двойчы паведамлялася манарху, што сведчыць пра наяўнасць сур’ёзнай праблемы ў горадзе. Тут мы маем толькі афіцыйныя дакументы, якія асвятляюць сітуацыю ў адпаведным кантэксце. Для паўнаты карціны нам не хапае крыніц з боку кагалу, а таксама прыватных сведчанняў.

Брацтвы

Пры гарадзенскіх храмах існавалі брацтвы. Мяшчане ўпісваліся ў іх і рабілі ахвяраванні. Пры дамініканскім касцёле было брацтва Св. Ружанца [31], бернардзінскім – Св. Францыска [32], Фарным – Св. Тройцы [33] і Анёла Ахоўніка [34]. Таксама ў 1666 г. згадваецца пра існаванне брацтва пры ўніяцкай Саборнай царкве [35].

У брацтве былі старшыя, якія сачылі за парадкам і адказвалі за фінансы. Бюджэт фармаваўся са складак. Калі яны не выплачваліся, то гэта пагражала судовым пераследам. Старшыя брацтва Св. Тройцы Грыгорый Варабеевіч і Тамаш Янчэўскі сведчылі, што нябожчык радца Войцех Весянеўскі і яго жонка Ганна Сетніцкая былі вінныя брацтву 216 злотых [36]. У 1642 г. гэтыя грошы былі запісаны на валоцы ў Сухім Сяле з тэрмінам выкупу ў адзін год і шэсць тыдняў [37].

Захаваўся спіс брацтва Св. Анёла пры Фарным касцёле. Сярод іншых там былі запісаны мяшчане: Ева Цвіклянка, жонка Марціна Фандэберка, і яе маці Марына Сямёнаўна, жонка Пятра Цвікліча, затым Гануса Фандэберка (1629), Тамаш Зялінскі (1655), ткач Андрэй Рашкевіч, лаўнік Адам Цвікліч, лаўнік Фольтын Шульц (1646), Дарота Пастаўчанка, жонка сендыка [38] Пятра Ляўковіча (1651), яго ж дачка Барбара Ляўковічаўна (1682), цэхмайстар муляраў Ян Міхалевіч, Зоф’я Зыскоўна, жонка бурмістра Пятра Яна Концкага, Агнешка, жонка бурмістра Яна Узорка, яго ж дачка Канстанцыя Узоркаўна (1685), Агата, жонка бурмістра Яна Явароўскага, яго ж дачка Цэцылія (1653), Аляксандр Дрогаш (1664), радца Шаматула-Сапінскі (Марцін ці Сымон, 1690), радца Ян Узорак (1690), радца Ян Пятроўскі (1690), радца Чарняўскі (1690), Адам Казакевіч (1688) [39]. У спісе згадваюцца таксама каштоўныя рэчы, перададзеныя на алтар. Яны часта ахвяраваліся за дапамогу ў справах і за атрыманне здароўя. Маглі рабіцца і адмысловыя воты з выявай органа, які атрымаў выздараўленне.

Цяжка сказаць, наколькі гэты спіс поўны. Аднак за XVII ст. у склад брацтва запісалася не так шмат асобаў (улічваючы агульную колькасць мяшчан). Да таго ж тут фігуруюць пераважна ўраднікі і іх сем’і. Верагодна, гэта было звязана з выдаткамі, якія маглі дазволіць сабе не ўсе мяшчане. Знаходзіцца ў складзе такога брацтва было справай прэстыжу, бо ў яго ўваходзілі таксама прадстаўнікі шляхты. Напрыклад, у спісе згадваюцца Агата Длугаборская (1629), Казімір Чарніцкі (1646), Яскальд – падстараста вендэнскага біскупа Аляксандра Крыштафа Хадкевіча (1653), Лаўрын Станіслаў Рукевіч (1653), Яанна Рукевічаўна (1688), а адным з пратэктараў гэтага брацтва быў віленскі ваявода Казімір Ян Сапега (1712) [40].

У брацтвах мяшчане не выконвалі галоўнай ролі, бо сацыяльная стратыфікацыя грамадства таксама мела ўплыў на рэлігійную сферу. Гэтыя структуры былі дадатковым сродкам кантролю. Аднак фрагментарнасць крыніц не дазваляе дакладна сказаць, наколькі добраахвотна мяшчане ўваходзілі ў склад брацтваў і ці было гэта для іх важна. Зыходзячы з дакументаў, можна меркаваць, што для мяшчан брацтвы мелі пэўнае значэнне, але масава яны ў іх склад не запісваліся.

Рэлігійнасць у тастаментах

Тастаменты выступаюць галоўнымі прыватна-прававымі крыніцамі, якія найлепшым чынам сведчаць пра асабістае стаўленне да рэлігіі. Сярод гарадзенскіх мяшчан сустракаліся прадстаўнікі праваслаўнага, каталіцкага, уніяцкага, пратэстанцкага веравызнанняў (апошнія ў значна меншай колькасці). Рэлігійнасць фігуравала ў інвакацыях тастаментаў, у тых месцах, дзе размова ішла пра ахвяраванні на храмы, у апісаннях пахаванняў.

Інвакацыя ішла на пачатку амаль кожнага дакумента. Звычайна ў мяшчанскіх тастаментах яна была вельмі кароткая. Душа даручалася Богу, Св. Тройцы і Панне Марыі (напрыклад, “dusze moją P. Bogu wszechmogącemu w Trójce Ś. Jedynemu, Naświętszej P. Maryjej i wszytkiem Ś. polecam” ці “duszę P. Bogu wszechmogącemu i miłosierdziu jego nie przebranemu” [41]). Істотнай розніцы ў даручэнні душы ў каталікоў, праваслаўных і ўніятаў не выяўлена.

Пашыраная рэлігійная частка ў першай палове XVII ст. сустракаецца рэдка. Каталічка Рэгіна Гаўлавічоўна, удава Яна Прылуцкага, даручала душу Анёлу Ахоўніку, сваёй святой і святому Францішку [42]. Разгорнутая рэлігійная частка сустракаецца ў лентвойта Казіміра Цвікліча (1671) і ў Лявона Зыскевіча (1671) [43].

Марцін Фандэберк пісаў пра няпэўнасць часу смерці: “Ja, Marcin Fandeberk, rajca grodz[ieński], acz na zdrowiu jestem od P. Boga Najwyszszego przez chorobe nawiedzony, ale na dobrym baczeniu i rozumie zupełnym zdrowy, upatrując to, iż nad śmierć nic pewniejszego nad godzinę i czas od Twórce wszego stworzenia naznaczony przez śmierć nakazany jusz był tedy duszę mą grzeszną w mocne ręce i nie ogarnione miłosierdzie Boskie jako Twórcy polecam” [44]. Гэта таксама адзначалі ў тастаментах Фёдар Багдановіч, Алена Зглячэўская, Юрый Страчэня (1664) і Ганна Ёрданаўна, удава Табіяша Дорбаха (1668) [45].

Наступным важным момантам у тастаментах былі ахвяраванні на храмы. Запісаў мяшчан грэцкага абраду выяўлена не так шмат. З пачатку XVI ст. захаваўся толькі тастамент Івашкі Сяргеевіча, у якім ён перадаў свае землі царкве Св. Барыса і Глеба (1500) [46]. У першай палове XVIІ ст. большасць праваслаўных храмаў сталі ўніяцкімі. Аднак дакладна вызначыць веравызнанне мяшчан складана, бо пры нараджэнні яны маглі быць ахрышчаныя ў праваслаўе, а пасля стаць уніятамі. Запісы на храмы рабіліся ў адпаведнасці з матэрыяльным станам. Так, Стафан Марцінавіч Гібула ахвяраваў на царкву (назва не пазначана) 10 злотых і шранак жыта на шпіталь [47]. Дзям’ян Радзівановіч даручыў сыну Паўлу, бернардзінцу, вызначыць, што даць на царкву, а што на касцёл (1639) [48]. Радца Фёдар Багдановіч запісаў дзве штукі зялёнага фалендушу для абіўкі сцен [49] на алтар Нараджэння Хрыста ў Прачысценскай царкве [50].

Гарадзенскі і падляскі пратапоп Юзаф (Іосіф) Валевіч і прэсвітар гарадзенскага капітула і Уваскрасенскай царквы Ян Савіцкі сведчылі, што па тастаменце мяшчанкі Ганны Цітовай у 1654 г. атрымалі ў дар пляц на вул. Віленскай за Віленскай брамай. Пасля захопу горада маскоўскімі войскамі дом згарэў, а пляц быў пустым. Пра сваё права ўласнасці на яго заявіў кравец Міхаіл Каўткевіч, які пагадзіўся выплаціць святарам грошы за пахаванне Ганны Цітовай, за што яны адмовіліся ад завяшчанай маёмасці. Аднак на гэтым пляцы Агафіі Хамічанцы, пляменніцы Ганны Цітовай, было запісана 100 злотых. Каўткевіч павінен быў дамовіцца з ёй наконт выплаты гэтай сумы (1665) [51].

У Горадні пратэстанты звычайна былі прыезджымі з Коўна і Каралеўца. Калі яны ўжо канчаткова пераязджалі і станавіліся гарадзенскімі мяшчанамі, то прымалі каталіцтва. Напрыклад, так было ў выпадку Фандэберкаў [52]. Таму моцнай пратэстанцкай суполкі ў горадзе ў той перыяд не існавала.

У тастаменце былога пратэстанта купца Марціна Рэйса ахвяраванні былі прызначаны на каталіцкія і пратэстанцкія святыні. У Горадні ён прызначыў 100 злотых парафіяльнаму касцёлу, 30 – касцёлу Св. Тройцы, 10 – жабракам пры касцёле [53], лашт жытняй мукі і вар піва – жабракам пры гарадзенскім шпіталі, 70 злотых – пратэстанцкаму збору ў Коўне (месца яго нараджэння), 30 – жабракам пры тым жа зборы, 25 – шпіталю пры тым жа зборы, 25 – новаму шпіталю ў Коўне, 3 грыўны срэбра – Фарнаму касцёлу ў Элку (1615) [54]. Ганс Гансбах, гарадзенскі аптэкар, не зрабіў ахвяраванняў на храмы і не вызначыў месца свайго пахавання (1673) [55]. На момант смерці ён захаваў пратэстанцкае веравызнанне.

Каталікі ў тастаментах рабілі наступныя ахвяраванні. Ганна Цыганоўская дажывала век адна, таму сваю маёмасць – грунт, грошы і рухомыя рэчы – перадала Андрэеўскаму касцёлу і шпіталю (1638) [56]. Рэзнік Барталамей Галоўчыц прызначыў Фарнаму касцёлу (месца пахавання) 10 коп літоўскіх грошаў, столькі ж – дамініканскаму касцёлу (1639). Радца Андрэй Смяроўскі вылучыў па 10 коп літоўскіх грошаў Фарнаму (месца пахавання), дамініканскаму, бернардзінскаму і брыгіцкаму касцёлам, 20 злотых – мастаку на алтар Св. Тройцы і 100 злотых (доўг Яна Незабытоўскага) на дараносіцу для Фарнага касцёла (1639). Рэгіна Гаўлавічоўна зрабіла наступныя ахвяраванні: бернардзінскаму касцёлу (месца пахавання) і брацтвам Св. Францыска і Ганны – 1 лашт солі, брацтву Св. Ружанца пры дамініканскім касцёле – 4 бочкі солі, Фарнаму касцёлу – 8 бочак солі, езуітам – 4 лашты солі, шпіталю Св. Духа – 1 бочку солі, убогім і ўдовам пры касцёле Откмінскай, Ляхоўскай і іншым – па палове бочкі жыта, Сасінавай як сваёй багамоліцы – бочку (1640). Мікалай Ляховіч прызначыў бернардзінскаму касцёлу 100 злотых і палову дома, а таксама выплаты па 15 злотых штогод з другой яго паловы (1640). Лаўнік Тамаш Янчэўскі запісаў па 10 злотых брацтву Св. Тройцы, на вялікі алтар у Фарным касцёле, брацтву Анёла Ахоўніка, брацтву Св. Ружанца, езуітам і бернардзінцам (1642) [57].

У сувязі з гаротным матэрыяльным станам пасля вайны 1654–1667 г. ахвяраванні на храмы прызначаліся рэдка і сумы былі мізэрнымі. Выключэнне – тастамент лентвойта Казіміра Цвікліча, злотніка. З пазыкі, якую мусіў вярнуць яму старадубскі харужы Самуэль Літавор-Храптовіч, на алтар Хрыста-пакутніка ў бернардзінскім касцёле вылучалася 365 злотых і срэбны келіх. Дадаткова жонка Цвікліча Марыяна Паўльсенаўна павінна была даваць на касцёл выплаты з камяніцы на Рынку – па 20 злотых штогод. Пасля гэты абавязак накладаўся на дачку, калі тая атрымае камяніцу ў спадчыну. За гэта бернардзінцы павінны былі маліцца за душу Цвікліча. Гэтыя выплаты ўводзіліся ў абавязак наступным уладальнікам. Акрамя таго, бернардзінцам прызначалася 384 злотыя. Да іх жонка Цвікліча павінна была дакласці яшчэ 16 злотых. З сумы 400 злотых кожны год ім мусіла выплачвацца па 40 злотых. Манахі павінны былі кожны тыдзень, па пятніцах, маліцца за душу Цвікліча, за душы яго бацькоў і жонак аж да вычарпання сумы. Доўг пераросльскага старасты Казіміра Рэйнгольда Лукомскага – 114 злотых – ён размеркаваў так: 14 злотых – дамініканцам, 20 – францысканцам, 80 – брацтву Св. Ружанца пры дамініканскім касцёле. Жонка Лукомскага яшчэ пры жыцці мужа дала Цвіклічу паўтары грыўны срэбра на выраб ліхтароў. Цвікліч дадаў да іх яшчэ палову грыўны і падарыў касцёлу ў Перарослі, разам гэта каштавала 20 злотых. Ён выказаў просьбу да Лукомскай выплаціць доўг касцёлу. Ксёндз Урублеўскі быў вінен пару талераў за дараносіцу, што перадавалася гэтаму ж касцёлу. З даўгоў іншых асобаў грошы былі размеркаваны наступным чынам: на алтар касцёла Св. Духа – 374 злотыя, езуітам – 20 злотых, жабракам – 100, брыгіткам – 88, бернардзінцам – 516, базыльянкам – 60. Акрамя таго, 100 злотых давалася розным касцёлам, каб там маліліся за яго душу, і яшчэ асобна 450 – касцёлам і жабракам. Поп Калашка быў вінен яму 6 злотых, якія перадаваліся на службу за душу. “Пастылія” і Біблія былі падараваны францысканцам. Дадаткова 500 злотых, на ўмове выдзеркафу [58], прызначалася на штотыднёвую імшу перад алтаром у бернардзінскім касцёле, а 100 злотых – касцёлу Св. Тройцы (30 з якіх – на алтар Св. Тройцы, 70 – на алтар Анёла Ахоўніка). Табінавую сукню падаравалі на капу бернардзінцам (1671) [59]. Цвікліч быў даволі заможным з прычыны яго прафесійнай дзейнасці. З усіх выяўленых тастаментаў гарадзенскіх мяшчан толькі ў гэтым былі прадугледжаны такія вялікія ахвяраванні на карысць храмаў.

Часам ускосныя звесткі пра ахвяраванні на каталіцкія храмы, зробленыя ў тастаментах, сустракаюцца ў іншых дакументах. Так, у акце продажу 1644 г. згадваецца, што нябожчык Шчасны Весянеўскі запісаў дом на вул. Бернардзінскай гарадзенскаму пробаству. Дата запісу не называецца [60]. Мяшчанка Ганна Дзяёўна падарыла Фарнаму касцёлу пусты пляц са склепам на Рынку, насупраць ратушы, з умовай, каб у касцёле маліліся за яе душу. Пазней вендэнскі канонік, гарадзенскі віцэ-пробашч Мацей Кейш з дазволу гарадзенскага пробашча Аляксандра Хадкевіча ў 1658 г. прадаў гэты пляц Міхалу Хейварту і яго жонцы Ганне Гаўронскай за 300 злотых [61].

Месцы апошняга спачыну выбіраліся розныя: храмы, могілкі, уласная зямля. У некаторых дакументах згадвалася пра сямейныя склепы і выказвалася жаданне быць пахаваным побач са сваякамі. Апісанні ўсіх элементаў абраду амаль не сустракаюцца. Грошы на пахаванне даваліся малыя. Таксама невялікія сумы запісваліся на ўспамін душы. Апісанне вопраткі для пахавання сустрэлася толькі ў тастаменце Фёдара Багдановіча.

Праваслаўныя / уніяты пакідалі наступныя распараджэнні. Стафан Марцінавіч Гібула прасіў пахаваць яго па хрысціянскім звычаі на сваім уласным грунце ў Гібулічах, побач з маці (1639) [62]. Дзям’ян Радзівановіч выказаў жаданне быць пахаваным у царкве пры жонцы (1639) [63].

Стафан Мігавец прызначыў пахаванне ў царкве Чэснага Крыжа, але грошай на гэта не меў. Выдаткі ўскладаліся на яго сына Адама, а іншыя дзеці павінны былі кампенсаваць яму гэтыя сродкі (1640). Гэтую ж царкву выбраў і Адам Мігавец, цэхмайстар гарбароў (магчыма, тая ж асоба). Храму ён прызначыў 7 тарціц [64] па 5 сажняў, а на пахаванне – грошы з продажу тавару без пазначэння сумы (1641) [65].

Радца Фёдар Багдановіч прасіў пахаваць яго ў адпаведнасці з царкоўнымі абрадамі ў Саборнай Прачысценскай царкве, якая на той час ужо была ўніяцкай. У гэтай царкве быў сямейны склеп, дзе былі пахаваныя яго бацька, маці і жонка. Цела павінны былі апрануць у блакітную фалендушовую дэлію, падшытую байкай, перад тым выпараўшы падшыўку і гузікі. На спачын душы Ф. Багдановіч прасіў замовіць саракавуст (1640). Сваякі павінны былі справіць абед для святароў і ўбогіх. На пахаванне прызначалася 60 злотых з продажу валокі ў Грандзічах. У выпадку недахопу грошай складальнік тастамента распарадзіўся прадаць 30 вазоў дроў і каля 2 коп тарціц, а калі і гэтага не хопіць – то прадаць некалькі бочак збожжа (1640) [66].

У другой палове XVII ст. уніяты таксама абіралі месцам пахавання Саборную царкву. Ян Хацкевіч-Воўк прасіў, каб жонка Маруся пахавала яго згодна са сваім матэрыяльным станам у царкве ці на могілках пры ёй (1659). Такая ж просьба была выказана Аляксандрам Карлоўскім, які прызначыў на пахаванне 30 злотых, свяшчэннікам – 20, брацтву пры царкве – палову валокі (1666). Тэадор Карны за магчымасць пахавання ахвяраваў храму 3 срэбраныя лыжкі, якія трэба было перарабіць у даразахавальніцу, акрамя таго, вылучыў 15 злотых касцёлу ў Ружанастоку і 5 – царкве ў Ячным (1676) [67].

Каталікі абіралі месцам пахавання Фарны і бернардзінскі касцёлы, а таксама могілкі. Фарны касцёл выбралі радца Андрэй Смяроўскі (1639), радца Валенцій ВалінскіВуйціковіч (выбар месца быў даручаны падпробашчу Мацею Альшэўскаму, 1640), радца Марцін Фандэберк (1642), Ягнешка Наркевічаўна (1643), Сымон Гурыновіч (запісаў храму палову валокі, 1675), Войцех Гаўронскі (запісаў на пахаванне 90 злотых, 1690) [68].

Удакладнілі месца пахавання ў Фарным касцёле наступныя мяшчане. Цэхмайстар шаўцоў Матыс Пастэўка прасіў пахаваць яго насупраць алтара шаўцоў (прызначыўшы на пахаванне 15–20 злотых, 1640), Урбан Каменскі – у алтары мулярскага цэха (даручыўшы сродкі на пахаванне ўзяць са сваёй маёмасці, 1640), лаўнік Тамаш Янчэўскі – у прысценку Св. Тройцы (1642), бурмістр Пётр Ляўковіч – у мулярскім склепе каля дзяцей (1662) [69]. Пра пахаванне ў склепе брацтва Св. Тройцы згадвалася ў тастаментах Ганны Казлаўшчанкі, удавы сендыка Гераніма Млечкі (на цырымонію і ўспамін душы прызначалася палова валокі ў Манчыне, 1663), радцы Яна Адамовіча (1666), бурмістра Адама Цвікліча (падарыў касцёлу шпалеру, 1670) [70].

Некаторыя мяшчане, адзначаючы як месца пахавання Фарны касцёл, удакладнялі, што хочуць быць пахаваныя каля сваіх сужэнцаў, гэта азначала наяўнасць у храме сямейнага склепа. Так, выказала жаданне быць пахаванай каля мужа Алена Зглячэўская, удава Андрэя Смяроўскага (1641). На працэсію і трызны яна вылучыла 20 злотых Фарнаму касцёлу, на ўспамін душы – па 20 злотых езуітам, дамініканцам і бернардзінцам, па 10 – брыгіткам і Саборнай царкве. Лаўнік Юрый Быхнер адзначыў месца каля жонкі, а на пахаванне запісаў 30 злотых (1643). Радца Валенцій Валінскі-Вуйціковіч даверыў выбар месца падпробашчу Мацею Альшэўскаму. Сума грошай на пахаванне пры гэтым указана не была (1640) [71]. Пры сужэнцу прасіла пахаваць сябе Ядвіга Калянчоўна, удава Тамаша Масніцкага. Яе муж запісаў па 10 злотых на брацтвы Св. Тройцы і Анёла Ахоўніка. Гэтыя грошы мусілі аддаць іх дзеці. “З-за беднасці” яна запісала на гэтыя брацтвы толькі па 5 злотых. З ¾ закладнога грунту прызначалася 5 злотых касцёлу ў Адамавічах [72], а рэшта грошай – на імшу (1660). Зоф’я Сікорская хацела знайсці спачын побач з мужам Адамам Цвіклічам. На пахаванне прызначалася 20 злотых, якія былі на захаванні ў гарадзенскага падпробашча Якуба Бельскага, і 60 злотых з доўгу Радуньскага (1670) [73]. Пры Фарным касцёле існавалі могілкі, іх абраў рэзнік Барталамей Галоўчыц (1639) [74].

Важным месцам для пахавання быў таксама бернардзінскі касцёл. Прасіла пахаваць яе ў гэтым храме Ганна Люблянка, удава Барташа Цвікліча. На пахаванне яна прызначыла 100 злотых, за якія павінны былі адслужыць імшу 30 разоў. Гэтыя грошы былі запісаныя на доме па вул. Азёрскай, які жанчына набыла перад смерцю. Яе сын ад першага шлюбу Сымон Гемзінскі быў вымушаны яго прадаць, каб выплаціць даўгі маці і зрабіць ахвяраванні на касцёл (1639). Гэты ж касцёл выбралі Матыс Гранда (прызначыўшы на пахаванне 17,5 коп літоўскіх грошаў, 1640), Мікалай Ляховіч (1641), Ганна Талачкоўна, жонка лаўніка Фёдара Юрэвіча (на пахаванне прызначыла срэбны пояс, 1644) [75]. У другой палове XVII ст. храм абралі месцам пахавання войтаўскі пісар Павел Варабей (у жонкі якога не было грошай на цырымонію, таму ён прасіў лентвойта Гануса Паўльсена і магістрат дапамагчы ёй у арганізацыі пахавання, 1659), Юрый Страчэня (прызначыў са сваёй маёмасці на пахаванне 50 злотых, 1664), Тамаш Цупрыкоўскі (прасіў пахаваць яго згодна з маёмасным станам, 1666), Ганна Ёрданаўна, удава Табіяша Дорбаха (пахаванне згодна з маёмасным станам, 1668), Якуб Гукнейка (прызначыў 6 злотых бернардзінскаму касцёлу, 2 злотыя – Саборнай царкве, 3 – Фарнаму і 3 – дамініканскаму касцёлам, 1672), Ганна Чарнікоўна, удава лаўніка Фёдара Бабрыкевіча (не маючы грошай, прасіла зяця Паўла Ланеўскага і дачку пачціва пахаваць яе ў бернардзінскім касцёле згодна з іх магчымасцямі, 1674) [76].

У гэтым жа храме побач з сужэнцамі выказалі жаданне быць пахаванымі Ягнешка Мацеева, удава бурмістра Яна Тарасовіча (касцёлу быў прызначаны дом з агародам і 8 лаштаў солі на алтар, 1616), Рэгіна Гаўлавічоўна (1640), Марына Сямёнаўна (1640). Апошняя была на той час замужам за Ганусам Фандэберкам, а першым яе мужам быў Пётр Цвікліч. На пахаванне яна прызначыла 100 злотых [77]. Радца Мікалай Кудаеўскі выказаў жаданне быць пахаваным побач жонкай. Ён прасіў лентвойта Гануса Паўльсена арганізаваць пахаванне і даваць штогод на імшу за душы яго і жонкі. На гэта прызначалася 200 злотых, пазычаных пані Табенскай у яго пляменніцы, якая на той час ужо памерла. У выпадку смерці пляменніка Яна Кудаеўскага яго пляц пераходзіў брацтву Св. Тройцы (1665). Казімір Цвікліч прызначыў месцам пахавання склеп, дзе ўжо знаходзіліся целы сваякоў і дзяцей. Ён прасіў пачаставаць святароў і жабракоў падчас цырымоніі (1671) [78]. Пры бернардзінскім касцёле былі могілкі. Іх абраў як месца спачыну Марцін Сцернік (вылучыў на абрад 1 капу грошаў, 1642) [79].

Некаторыя мяшчане абіралі дамініканскі касцёл. Там прасіла пахаваць сябе Цэцылія Карлоўская, жонка Себасцьяна Лявонцевіча. Яна ахвяравала на алтар Блаславёнай Ружы ў гэтым касцёле 200 злотых, якія знаходзіліся на захаванні ў ксяндза Абухоўскага, Фарнаму касцёлу – 30 злотых, бернардзінскаму – 30, Прачысценскай царкве – 10, жабракам у шпіталі Св. Духа – 6 (1670). Папярэдні намер мяшчанкі быў запісаць на ахвяраванні 600 злотых. Гэта вынікае са скаргі гарадзенскага “енерала” (вознага) і брата Цэцыліі – Аляксандра Станіслава Квача-Карлоўскага, якую ён падаў на С. Лявонцевіча ад свайго імя і ад імя сваіх пляменнікаў, мяшчан Стафана, Міхала і Лаўрэна Гібулаў (1670). Паводле яе, Лявонцевіч выклікаў да сябе гарадзенскіх ураднікаў для спісання тастамента Цэцыліі, але яна на той час была ўжо не пры памяці і не магла размаўляць. Так было зроблена наўмысна, каб маёмасць перайшла мужу, якога Цэцылія не хацела рабіць сваім спадчыннікам. Прасілі пра пахаванне іх у дамініканскім касцёле Марыяна Зыскевічаўна (1670), Разумовіч (імя не пазначана, 1690), радца Марцін Макоўскі (1690). Апошні прызначыў на пахаванне 20 злотых, а таксама па 5 злотых на званы і імшу Фарнаму, дамініканскаму, езуіцкаму, кармеліцкаму і бернардзінскаму касцёлам [80].

Іван Бутока з Малахавіч прасіў пахаваць яго на Рылаўскіх могілках. На пахаванне прызначаліся сродкі з 24 вуллёў, а на ўспамін душы палова бочкі жыта, пасеянага на грунце Вільжынскага (1641) [81]. Некаторыя мяшчане выказвалі жаданне пра пахаванне іх на могілках францысканскага касцёла. Пра гэта згадвалі Лявон Зыскевіч (1671), Крысціна Пацінкоўна (1673). Апошняя прызначыла за гэта 10 злотых, бочку жыта гарадзенскай меры і кавалак сала [82].

Аднак не ва ўсіх тастаментах мяшчане дакладна вызначалі месца пахавання, таксама не ўсе запісвалі суму на цырымонію. Напрыклад, так было ў дакументах краўца Франца Астрынскага (1595), Кацярыны Пяльчанкі, жонкі Аляксандра Карлоўскага (1661), Фёдара Барсукевіча з Мёлаў (1663), Марыны Іванішавічоўны (1664), Станіслава Ёшкавіча (1664), Ядвігі Януцікавай з Цвікліч (1667), Юрыя Шэльпука (1667), Ганны Сямёнаўны Мікуцінай (1669), Пятра Цібароўскага (1669), рэзніка Войцеха Барысовіча (1664) і аптэкара пратэстанта Гануса Гансбаха (1673) [83]. Выбар месца свайго пахавання даверыў жонцы ткач Каспер Багданкевіч (1644) [84]. Звычайна гэта было звязана з цяжкім матэрыяльным станам.

Прасачыць выкананне апошняй волі па тастаменце не заўсёды магчыма. Але такія дакументы часам сустракаюцца ў судовых кнігах. Так, у сваім лісце, перададзеным для актыкацыі ў магістрат, старшы езуітаў, ксёндз Павел Казлоўскі сведчыў, што памерлы гарадзенскі мешчанін Якуб Тынкоўскі-Пінчук завяшчаў на касцёл 100 злотых, якія былі запісаны на доме Багданаўшчына па вул. Калючынскай. Грошы перадаў Міхал Хейварт, музыка гарадзенскай капэлы Яго каралеўскай міласці (1639) [85]. Падобнага тыпу дакументы выдаваліся ў абавязковым парадку пры перадачы вялікай сумы грошай ці маёмасці. Гэта было гарантыяй, што ў далейшым не будзе прэтэнзій і падараванае не будуць патрабаваць зноў.

Маёмасны стан уплываў на распараджэнні аб ахвяраваннях і пахаванні. У адрозненне ад шляхты мяшчане не імкнуліся быць пахаванымі з вялікай пышнасцю. Грошы ці рэчы завяшчаліся на карысць храмаў, шпіталяў, брацтваў. Як правіла, больш ахвяраванняў рабілі храму, дзе планавалася пахаванне. Не з’яўляюцца выключэннем запісы ў адным дакуменце на каталіцкія і ўніяцкія рэлігійныя ўстановы.

Рэлігійная частка тастаментаў не вылучалася вялікім аб’ёмам. Самі тастаменты былі лаканічныя і датычылі больш маёмасных распараджэнняў. Гэта было прадыктавана таксама меркантыльнымі меркаваннямі: чым большы аб’ём дакумента, тым больш трэба было плаціць за актыкацыю. Асобна варта звярнуць увагу, што ў другой палове XVII ст. сітуацыя з завяшчаннем сродкаў на розныя патрэбы змяніліся. Вайна 1654–1667 г. моцна паўплывала на жыццё мяшчан. Горад быў зруйнаваны, адпаведна і маёмасны стан сямей быў падарваны. Гэта стала прычынай невялікіх ахвяраванняў. Таксама часта фігуравала заўвага аб вылучэнні сродкаў на пахаванне ў залежнасці ад маёмаснага стану. Часам людзі не мелі грошай нават на саму цырымонію.

Рэлігійнасць мяшчан у літаратуры

Намі не выяўлена рэлігійнай літаратуры, якая стваралася самімі мяшчанамі і для мяшчан. Тут можна згадаць толькі творы, дзе ідзе гаворка пра мяшчан. Адзін з іх відаў – казанні на пахаванні. Яны сталі неад’емнай часткай цырымоніі ў шляхецкай культуры [86]. У мяшчанскім асяроддзі гэта набыло меншае распаўсюджанне. Казанні друкаваліся ў Вільні ў асяроддзі пратэстантаў [87]. У рукапісе ксяндза Барталамея Вышамерскага, які датуецца 1672–1677 г., было выяўлена два творы на смерць гарадзенскіх мяшчанак, іншыя прысвечаны шляхцянкам [88]. Размова пра казанні, прысвечаныя Юстыне Шульцаўне (“Kazanie na pogrzebie P. Justyny Krzysztofowej w kosciele ojców bernardynów w Grodnie, 10 marca 1674 roku”) і Кацярыне Дорбахаўне (“Kazanie na pogrzebie pani Katarzyny Godefrydowej Warlangowej w kościele ojców bernardynów w Grodnie, roku 1674, dnia 29 9bry”) [89]. Абедзве жанчыны належалі да элітнай часткі гарадзенскіх мяшчан.

Казанне на пахаванні Ю. Шульцаўны было прамоўлена ў бернардзінскім касцёле 10 сакавіка 1674 г. Было адзначала, што большая частка яе жыцця прайшла ў паненскім стане. У шлюбе са злотнікам Крыштафам Фіселем яна была толькі 9 месяцаў. У гэтым жа касцёле адбылася пахавальная цырымонія па яе сястры Рэгіне. Увага была акцэнтавана на тым, што Юстына памерла маладой і не пакінула пасля сябе дзяцей. Адзначалася, як гэта цяжка для сваякоў – страціць блізкіх у маладым веку. У якасці суцяшэння аўтар казаў, што чалавек заўсёды носіць у сабе вобраз смерці, а Бог забірае маладых, каб яны не псаваліся і не мелі клопатаў. Цнатлівасць Юстыны параўноўвалася з вобразам cвятой Монікі. Яшчэ адна істотная тэма ў прамове – важнасць шлюбу. У сувязі з тым, што ў жыцці жанчыны гэта была нядаўняя падзея, зварот да тэмы быў натуральны. Святар адзначыў, што на цырымоніі прысутнічалі муж, маці, бабка і сваякі [90]. Паколькі жанчына памерла ў маладым узросце, то біяграфічных дадзеных прыводзіцца мала.

Дакументы па гэтай сям’і нешматлікія. З тастамента гарадзенскага аптэкара Ганса Гансбаха (1673) вядома, што Крыштаф Фісель быў злотнікам пратэстанцкага веравызнання і прыехаў у Горадню з Каралеўца. Ён быў не адзіным, хто пераехаў з гэтага горада. Пры гэтым Фісель не страціў сувязі з былымі суайчыннікамі і працягваў з імі кантактаваць у Горадні. Сярод іх быў згаданы аптэкар, а таксама гарадзенскі лентвойт Ганус Паўльсен [91]. Сама Юстына, верагодна, паходзіла з сям’і бурмістра Фольтына Шульца і Ганны Дорбахаўны [92]. Аднак без тастамента Шульца сцвярджаць гэта дакладна цяжка.

29 лістапада 1674 г. у бернардзінскім касцёле прагучала прамова з нагоды смерці Кацярыны Дорбахаўны, жонкі злотніка Готфрыда Варланга. К. Дорбахаўна паходзіла з сям’і сендыка Табіяша Дорбаха і Ганны Ёрданаўны [93]. У тэксце адзначалася, што цяжкую страту панеслі муж, маці, сёстры, браты. Большасць тэксту прысвечана рэлігійным разважанням на тэму смерці [94].

Гэтыя два казанні пацвярджаюць існаванне прамоў падчас пахавання мяшчан. Але гэта рэдкі выпадак, калі яны запісваліся. Надрукаваных такіх твораў не выяўлена. Гэта ў першую чаргу звязана з матэрыяльным станам мяшчан. Запрасіць на пахаванне такога вядомага прамоўцу, як Вышамерскі, і замовіць твор магла не кожная сям’я.

Яшчэ адзін літаратурны твор, дзе сустракаецца інфармацыя пра рэлігійнасць мяшчан, – “Збор знакамітых цудаў і ласкаў Найсвяцейшай Панны Марыі Студэнцкай”. Прысвечаны ён быў абразу Маці Божай Студэнцкай, які знаходзіцца ў касцёле Св. Францыска Ксаверыя [95]. Мяшчане згадваюцца пры ўрачыстым унясенні абраза Маці Божай Студэнцкай у касцёл 3 жніўня 1664 г. (у цырымоніі ўдзельнічалі мясцовае духавенства, радцы, гарадскія цэхі, студэнты, шляхта, мяшчане). Але яшчэ ў сакавіку абраз быў перададзены езуітам у прысутнасці кангрэгацкага сената і ўраднікаў гарадзенскага магістрата (Ганус Паўльсен, Аляксандр Дрогаш) [96].

Сам збор складаецца з пераліку цудаў, якія здзейсніліся дзякуючы абразу. Сярод асобаў, якія атрымалі выздараўленне, зафіксаваны ў тым ліку мяшчане рознага сацыяльнага ўзроўню – ад жонак бурмістраў (Зузанна Шульцаўна, Дарота Пастаўчанка) да рамеснікаў і мяшчан з навакольных вёсак – усяго 22 асобы. У тым ліку тут сустракаюцца вядомыя мяшчанскія прозвішчы: Паўловічы, Гібулы, Гранды [97]. Пераважная ўвага ў творы аддаецца шляхце. Аналагічна на лаве ў капліцы Маці Божай Студэнцкай адлюстраваны выпадкі са шляхтай.

Такім чынам, згодна з гэтымі творамі, праявы рэлігійнасці мяшчан можна ўбачыць у надзвычайных сітуацыях: у час смерці блізкіх і ў перыяд хваробы. “Збор цудаў…” – адзіны твор, прысвечаны цудатворнаму абразу, які з’явіўся ў Горадні. У ім зафіксаваны выпадкі, якія справакавалі зварот да абраза. У горадзе былі і іншыя абразы. Не выключаем, што мяшчане маглі звяртацца і да іх з рознымі просьбамі. Аднак гэта не было зафіксавана ці інфармацыя пра гэта была страчана.

Каштоўнасць такіх крыніц у тым, што гэта не афіцыйныя дакументы. Тут якраз робіцца акцэнт на рэлігійнасць. Але з іншага боку, іх аўтарамі былі духоўныя асобы каталіцкага веравызнання. Адпаведна сітуацыя падаецца з гэтай пазіцыі і не носіць аб’ектыўнага характару. Мэта такой літаратуры была ў тым, каб апісаць правільныя ўзоры паводзін для сваіх прыхаджан, паказаць, якой павінна быць рэлігійная асоба.

Святары і манахі з ліку мяшчан

На сёння не захавалася поўных спісаў гарадзенскіх святароў, манахаў і манашак. Таму нельга вызначыць працэнтныя суадносіны ў духавенстве мяшчан і прадстаўнікоў іншых саслоўяў і адпаведныя тэндэнцыі. У дакументах часам сустракаецца інфармацыя пра мяшчан, якія звязалі свой лёс з рэлігіяй. У гэтай частцы прыводзіцца кароткі біяграфічны спіс мяшчан, што сталі духоўнымі асобамі.

Самая ранняя згадка адносіцца да Мацея Мікалая з Горадні. Ён запісаўся ў Кракаўскі ўніверсітэт у 1492 г. У 1494 г. згадваецца як бакалаўр, а ў 1501 г. – як магістр. Не пазней за 1501 г. ён пачаў служыць капеланам у Віленскім біскупстве [98].

Ян Барталамей з Горадні стаў студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта ў 1507 г., а бакалаўрскую ступень атрымаў у 1514 г. Ён судзіўся ў 1514–1515 г. са шляхцічам Францішкам Забароўскім, які яго параніў. Ян прыняў духоўны сан і быў закрысціянінам у Вільні (1537–1538) [99].

Прозвішчы ў абодвух выпадках не называюцца, толькі горад. Выявіць сем’і, з якіх паходзілі святары, у той перыяд даволі складана.

У 1640 г. Стафан Мігавец згадваў у тастаменце, што яго сын Пракоп служыў святаром у царкве ў Васількаве [100]. Ганна Сетніцкая, удава радцы Войцеха Весянеўскага, у акце продажу дома ў 1644 г. згадвалася разам з дзецьмі. Сярод іх быў сын Банавентура, капелан бернардзінцаў. Таксама адзначалася, што ксяндзом быў яе брат Марцін Сетніцкі (1644) [101].

Тамаш Неапаліта быў сынам радцы Станіслава Неапаліта. Ён служыў манстранцым [102] пры Фарным касцёле. Тамаш меў пляц на вул. Залатой, а таксама зямлю ў вёсцы Манчына [103]. У тастаменце Яна Хацкевіча-Ваўка, складзеным у 1659 г., ён згадваецца як нябожчык [104]. Яшчэ да пачатку службы ў касцёле быў абвінавачаны Войцехам Балінскім у нападзе на валоў і нанясенні ім шкоды. Быў пакараны спагнаннем у памеры 50 злотых (1625) [105].

Якуб Бельскі быў падпробашчам Фарнага касцёла. Разам з сёстрамі Цэцыліяй і Рэгінай (жонка Самуэля Гібулы) ён прадаў пусты бацькоўскі пляц на вул. Вялікай Бернардзінскай (1667) [106].

Якуб Баршчэўскі служыў вікарыем Фарнага касцёла. Па бацьках Марціну Баршчэўскаму і Палоніі Урублеўшчанцы атрымаў дом на Воўпенскім пляцы на рагу Нямецкага рынку. Дом быў спалены маскоўскімі войскамі падчас вайны 1654–1667 г. Баршчэўскі падарыў гэты пляц дамініканскаму кляштару (1675) [107].

Юзаф Гранда стаў вікарыем брыгіцкага кляштара. Ён паходзіў з сям’і Сымона Гранды і Ганны Грыбуцёўны. Інфармацыя пра гэта паходзіць з акта продажу зямлі ў Грандзічах. Павел Гранда адзначыў, што пасля смерці бацькоў застаўся грунт з пабудовамі (валока і трэць зямлі), які атрымалі ў спадчыну 8 братоў (Ян, Якуб, Матыс, Лукаш, Войцех, Юзаф, Павел, Марцін) і 4 сястры (Ягнешка, Кацярына, Марына, Дарота). Пасля смерці Яна, Якуба, Матыса, Лукаша, Кацярыны, Марыны і Дароты, а таксама знікнення без вестак Войцеха астатнія браты і сястра падзялілі грунт на 4 часткі. У 1644 г. Павел прадаў сваю частку Юзафу за 40 коп літоўскіх грошаў [108]. Падчас вайны 1654–1667 г. Юзаф быў забіты маскоўскімі войскамі. У той час ён быў манстранцым Фарнага касцёла. Павел Гранда згадаў пра гэты факт у закладным лісце на гэтую валоку Лорэнсу Блаўту (1662) [109].

Павел Радзівановіч быў манахам гарадзенскага бернардзінскага кляштара (згадваецца ў 1639 г.). Пры гэтым яго бацька Дзям’ян Радзівановіч вызнаваў праваслаўе [110].

Ян Лагоўскі, сын бурмістра Тамаша Лагоўскага і Дароты Бурбянкі, стаў езуітам 22 ліпеня 1637 г. і склаў зарок у Пултуску 11 кастрычніка 1654 г. Выкладаў у езуіцкіх навучальных установах у Пултуску, Нясвіжы, Браневе, Ломжы, Вільні, Крожах. У 1649–1650 г. быў прафесарам рыторыкі і гуманітарных навук у Горадні. Памёр у Крожах у 1684 г. [111] Яго маці ў тастаменце запісала яму палову пляца на Віленскай і паўтары валокі ў Манчыне (1657). Усю гэтую зямлю Ян перадаў гарадзенскім езуітам у 1661 г. [112]

У акце продажу пляца на вул. Залатой як прадавец фігуруе Бернард Ляўковіч, прыёр Ружанастоцкага дамініканскага кляштара (1692) [113]. Ён атрымаў пляц у спадчыну па бацьках, якія былі гарадзенскімі мяшчанамі, і падарыў яго гарадзенскаму дамініканскаму кляштару з умовай маліцца за бацькоў [114].

Такім чынам, мяшчане маглі змяніць свой стан на духоўны. Аднак для гэтага патрабавалася адукацыя. Служылі яны пры мясцовых (гарадскіх) ці рэгіянальных храмах. Мяшчан дапускалі да кіравання рэлігійнымі структурамі, выкладання. Аднак стаць, напрыклад, віленскім біскупам мешчаніну было нерэальна. Тут прыведзены фрагментарныя звесткі, бо поўных спісаў духоўных асобаў не захавалася. Дакументы ўтрымліваюць толькі факты, але яны не даюць магчымасці зразумець матывацыю для змены сацыяльнага стану. Таксама складана сказаць, як мяшчане рабілі кар’еру ў гэтай сферы.

Даравальныя запісы на рэлігійныя ўстановы

Ахвяраванні ад мяшчан на храмы ў большасці выпадкаў паступалі згодна з распараджэннямі ў тастаментах. Асобныя даравальныя запісы сустракаюцца рэдка. Напрыклад, бурмістр Іван Мацвеевіч Тарасовіч і яго жонка Ягнешка Мацееўна ў 1596 г. падарылі бернардзінскаму кляштару пляц, які межаваў з пляцамі каралеўскага лажнічага Юрыя (Ярогі) дэ Кварта Карэгі і троцкага кашталяна Мікалая Тальваша. Ён быў набыты ў канцлера ВКЛ Льва Сапегі за 120 коп літоўскіх грошаў. Апошняму яго падарыў Стэфан Баторый [115]. Гэты пляц увайшоў у склад тэрыторыі бернардзінскага кляштара. Магчыма, на дараванне паўплывала адсутнасць у сям’і дзяцей.

Мескі пісар Ян Дамброўскі надаў пляц пры вул. Віленскай для ўтрымання ксяндза пры Фарным касцёле. У 1640 г. ён быў прададзены Адаму Цвіклічу гарадзенскім пробашчам Францішкам Далматам-Ісайкоўскім [116]. Станіслаў Смяроўскі і яго жонка Зоф’я Цвіклянка падарылі Фарнаму касцёлу валоку ў Баранавічах, палову якой Станіслаў атрымаў пасля падзелу па бацьку Яну Смяроўскаму, а палова была імі куплена ў Войцеха Смяроўскага. У сваю чаргу Ян Смяроўскі атрымаў зямлю ад свайго бацькі Андрэя Смяроўскага. Умовай запісу былі чатыры імшы за памерлых і за жывых сваякоў (1671). Кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі выдаў лібертацыю на гэтыя землі, якая ў 1713 г. была прызнана незаконнай [117].

Гарадзенскім кармелітам бурмістр Ганус Паўльсен і яго жонка Зузанна Шульцаўна ахвяравалі два грунты ў Палаткове, якія яны набылі ў Васіля і Трахіма Дам’яновічаў-Горнікаў за 300 злотых у 1668 г. [118]

Для перадачы зямлі і нерухомасці абавязкова патрабаваліся складанне адпаведнага дакумента і актыкацыя яго ў магістраце. Атрымалася выявіць даравальныя запісы толькі для каталіцкіх устаноў. Пералічаныя асобы былі з ліку ўраднікаў ці паходзілі з іх сямей. У Горадні такія асобы мелі лепшае матэрыяльнае становішча, адпаведна, яны маглі сабе дазволіць такія ахвяраванні.

Выплаты на шпіталь Св. Духа

Шпіталь Св. Духа заснавала Бона Сфорца ў 1550 г. Фундацыя была пацверджана Стэфанам Баторыем у 1584 г. Пры заснаванні Бона прызначыла на прытулак для 24 жабракоў выдаваць штогод з Гарадзенскай эканоміі 10 бочак жыта, 8 бочак гароху, 10 бочак круп, 4 бочкі солі, 20 бочак соладу, 15 коп літоўскіх грошаў на сала, мяса, масла, сыры, 4 ушаткі салёнай рыбы, 6 бочак канаплі, 1 бочку маку, 7 бочак квашанай капусты, 18 бараноў, 16 галоў буйной рагатай жывёлы, 28 яек на Вялікдзень, 26 сярмяг, 52 кашулі, 26 шапак, 26 пар абутку. У прывілеі 1553 г. лічба жабракоў была павялічана да 30. У сувязі з гэтым змянілася і выдача: 52 бочкі жыта, 10 гароху, 60 коп на розныя патрэбы і яшчэ дадаткова 12 коп капшчызны з дзвюх корчмаў у горадзе. Кожны гарадскі рэзнік, які прадаваў ялавічыну, быў абавязаны штотыдзень даваць на шпіталь 1 грош. Акрамя таго, перадаваліся два возеры ў Гарадзенскім павеце. Жыгімонт Аўгуст пацвердзіў прывілей маці (1560). Паводле камісарскага дэкрэта ад 26 верасня 1590 г. з кожнай гарадской валокі прызначалася плаціць на шпіталь каляду па паўгроша [119]. У 1672 г. адзначалася, што калісьці шпіталь меў добры стан, але на той час быў ужо блізкі да руйнавання [120].

Выплаты на шпіталь рабіліся мяшчанамі нерэгулярна. У 1591 г. Жыгімонт Ваза накіраваў ліст ураднікам і мяшчанам Горадні ў сувязі з тым, што атрымаў інфармацыю ад земскага падскарбія ВКЛ Фёдара Скуміна-Тышкевіча, што ўжо некалькі гадоў грошы на шпіталь не плаціліся. Было загадана аднавіць выплаты і трымаць шпіталь у парадку. Падскарбію дазвалялася прымаць меры супраць парушальнікаў і пры неабходнасці спаганяць з іх запазычанасць [121]. Але праблема паўтарылася ў 1631 г. Тады Жыгімонт Ваза загадаў гарадзенскім ураднікам разлічыцца з прытулкам [122].

Аднак наступныя судовыя працэсы сведчаць, што запазычанасць мяшчан захоўвалася. У 1637 г. маршалак ВКЛ і гарадзенскі эканом Крыштаф Весялоўскі і гарадзенскі пробашч Францішак Далмат-Ісайкоўскі ініцыявалі шэраг спраў аб нявыплаце грошай шпіталю. Згодна з прысудам, радца Войцех Весянеўскі і яго жонка Ганна Сетніцкая павінны былі выплаціць 90 коп літоўскіх грошаў і 300 злотых (запазычанасць з 1625 г.), радца Ян Цвікля і яго дзеці Лукаш і Кацярына, народжаныя ў шлюбе з Альжбетай Баршчанкай, – 550 злотых (запазычанасць з 1624 г.), Ян Каланкоўскі і яго жонка Агнешка Весянеўская – 80 коп, 24 грошы і 300 злотых (запазычанасць з 1625 г.), Ганус Фандэберк і яго жонка Марына Сямёнаўна – 14 коп (запазычанасць з 1625 г.), горад – 140 коп. Міхал Краснеўскі і яго жонка Юстына Янаўна Мераяўшчанка былі вызвалены ад выплаты. Юстына выклікалася як спадчынніца Франца Мераеўскага і яго жонкі Кацярыны Давідовічаўны з-за сумы ў 300 злотых (1624). Але грошы Кацярына была вінаватая разам са сваім першым мужам Андрэем Чарвінскім, а Мераеўскі быў яе другім мужам. Гэтыя грошы былі перададзены Керштыновай (імя не ўказана), а яна пазычыла іх яўрэю пад заклад срэбра. Пасля ён выкупіў рэчы і 300 злотых перадаў радцу Андрэю Смяроўскаму і бурмістру Габрыэлю Варабеевічу. Апошнія павінны былі перадаць іх шпіталю. У выніку аказалася, што грошы да шпіталя не дайшлі. Аднак у сувязі з тым, што яны былі перададзены ўраднікам, то справу адклалі да высвятлення сітуацыі. Рэгіна Ількевічоўна, жонка Станіслава Мераеўскага, падала квіт аб выплаце на шпіталь 793 злотых, 1 гроша і 4 пенязяў, а таксама перадачы яму 96 бочак жыта, таму была вызвалена ад адказнасці [123].

У 1639 г. у бурмістраўска-радзецкім судзе разглядалася справа правізараў шпіталя Св. Духа – гарадзенскага эканома Гедэона Міхала Трызны і Францішка ДалматаІсайкоўскага супраць радцы Яна Цвіклі і яго памерлай жонкі Альжбеты Баршчанкі, а таксама іх дзяцей Лукаша, Яна і Кацярыны з-за нявыплаты 300 злотых (доўг быў запісаны на іх дом). Ян Цвікля абяцаў выплаціць гэтыя грошы [124]. Яшчэ адна справа была ініцыявана правізарамі шпіталя ў 1640 г. супраць Марыны Сямёнаўны, удавы Гануса Фандэберка. Яна і яе муж у суме мусілі выплаціць шпіталю 493 злотых і 4 пенязі, да таго ж яны былі вінаватыя 96 бочак жыта коштам 2013 злотых 1 грош і 4 пенязі. Частка доўгу (300 злотых) была ўскладзена на іх дом. Марына выклікалася ў суд чатыры разы, але так і не з’явілася, таму шпіталю гэта ўсё было прысуджана завочна. З суда былі адпраўлены ўраднікі для выканання рашэння [125].

Калі мяшчане перадавалі выплаты на шпіталь, то атрымлівалі адпаведны квіт. Так, ксёндз Ян Грынковіч сведчыў пра атрыманне ад магістрата 100 злотых на шпіталь згодна з каралеўскай фундацыяй. Грошы перадалі бурмістры Казімір Ян Шульц і Марцін Макоўскі (1689) [126]. Гэта адзіны выяўлены квіт пра атрыманне грошай. У адпаведнасці з тагачасным справаводствам падобныя квіты выдаваліся заўсёды, каб потым не было прэтэнзій.

Такім чынам абавязкі па ўтрыманні шпіталя Св. Духа, ускладзеныя на мяшчан манархамі, не заўсёды выконваліся. Невыкананне абавязкаў прыводзіла да нарастання запазычанасці, а выплаты спаганяліся праз суд. Гэта быў каталіцкі шпіталь. Горад меў яшчэ адзін шпіталь, пры Прачысценскай царкве, але на яго выплаты ішлі з капшчызны [127].

Канфлікты паміж мяшчанамі і духавенствам

Прыведзеныя факты сведчаць, якое значэнне рэлігія мела ў жыцці мяшчан. Але, тым не менш, паміж духавенствам і мяшчанамі ўзнікалі канфліктныя сітуацыі, якія даходзілі да суда.

Так, у 1627 г. у асэсарскім судзе разглядалася справа паміж Янам Цывінскім з аднаго боку і пробашчам ды вікарыямі Фарнага касцёла (імёны не згаданы) з другога. Гэта была апеляцыя з войтаўска-лаўніцкага суда. Магістрат перадаў Цывінскаму камяніцу на вул. Азёрскай па Андрэю Запісу і яго жонцы Барбары Зарамбянцы, але высветлілася, што Андрэй запісаў яе Фарнаму касцёлу. Асэсарскі суд прызнаў дом за Фарным касцёлам [128].

У 1645 г. лентвойт Станіслаў Цвікліч арганізаваў напад на францысканскі кляштар. Падчас яго былі збітыя парабкі і цесляры, а манахаў нападнікі абражалі [129]. У 1661 г. гвардыян Самуэль Банавентура Лукановіч ад імя францысканскага кляштара падаў скаргу на Пятра Концкага і яго жонку Зоф’ю Зыскоўну з прычыны збіцця брата Казіміра Відэйкі і чалядніка Мікалаевіча. У сваю чаргу Концкі абвінавачваў гвардыяна ў пагрозе здароўю. Справу былі вымушаны адкласці з-за супярэчлівасці [130]. Гвардыян гарадзенскіх францысканцаў Баніфацый Стральбіцкі ад свайго імя і ўсіх братоў падаў скаргу на мешчаніна Адама Бускевіча (Буско) і на яго памочніка Марціна Келбасінца. У 1668 г. яны ўчынілі пад кляштарам крывавую бойку са Станіславам Скурчынскім. Пры гэтым у касцёл ляцелі камяні. Храм быў на той час адчынены, у ім знаходзіўся ксёндз Казімір Відэйка, якога ўдарыў Бускевіч [131]. Вырак па справе не выяўлены.

Крыўду зазналі і іншыя святары. Гарадзенскі падпробашч Мацей Кейш-Палоскі падаў пратэстацыю на бурмістра Гануса Паўльсена аб абразе яго як святара (1662) [132]. У 1690 г. святары Саборнай царквы Базыль Кіленік і Стафан Лабачэўскі падалі пратэстацыю на бурмістра Габрыэля Разумовіча. Паводле скаргі, у сакавіку 1689 г. Разумовіч сустрэў на вуліцы іншага святара, Германовіча, калі той ішоў да хворага, і так яго штурхануў, што Германовіч упаў разам з рэчамі [133]. У магістрацкай кнізе зафіксавана толькі скарга без прысуду.

Агрэсія магла быць накіравана і на падданых. У 1698 г. прыёр дамініканцаў Антоній Угнеўскі падаў скаргу на гарадзенскага лаўніка Габрыэля Разумовіча і яго жонку Ядвігу Млечкаўну. Яны жылі побач з агароднікамі кляштара, рабілі ім шкоды, нападалі на дамы, абражалі і захапілі частку пляца [134].

Злосны напад быў здзейснены ў 1698 г. на падданых дамініканцаў. Скаргу з гэтай нагоды накіравалі ў гродскі суд на лентвойта Казіміра Шульца, бурмістра Габрыэля Разумовіча, лаўніка Паўла Сулеўскага. 18 траўная яны напалі на агароднікаў, якія жылі каля кляштара. Разумовіч, будучы п’яным, разам з гайдукамі напаў на дом агародніка Гінтара, патушыў свечкі і пачаў біць яго кіем. Калі гаспадар замкнуўся ў каморы, то Разумовіч стаў біць посуд. Таксама ўраднікі з гайдукамі напалі на дом агародніцы Усцінні, жонкі півавара Пятра. Яе выцягнулі з дому, паклалі сярод вуліцы і загадалі гайдукам біць абухамі. Кабету выратавала ўмяшанне людзей. Прыёр з іншымі манахамі паспрабаваў спыніць напад, але ўраднікі сталі выцягваць з дому і збіваць іншых іх падданых. Яны пайшлі да дамоў Матыса Кухара і Пархвена, пасеклі ў іх дзверы, а згаданую агародніцу Усцінню прыцягнулі на Рынак і са словамі “хай прыйдзе цябе выратуе прыёр” загадалі пакласці на гной і збіць, а пасля кінуць у турму. 26 мая жанчыну агледзеў “енерал”, які адзначыў у рэляцыі, што яна была збітая і сіняя ад шыі да пояса. Таксама ён засведчыў нанясенне шкоды дамам агароднікаў [135]. Разумовіч неаднаразова фігураваў у скаргах. Можна адзначыць, што яго дзеянні насілі сістэматычны характар. У дадзеных выпадках прысуды не выяўлены. Пакарання або не было, або яно не было сур’ёзным і не мела стрымальнага эфекту.

Наступны канфлікт узнік з-за царквы Чэснага Крыжа, якой апекаваліся гарбары. Яна была зруйнавана падчас вайны 1654–1667 г. Рамеснікі збіраліся яе адбудаваць [136]. Аднак уніяцкі мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі ў 1675 г. вырашыў падарыць месца, дзе знаходзілася царква, кармелітам, пра што паведаміў правінцыялу гэтага ордэна, прыёру Юзафу Тышкевічу, і гарадзенскаму пратапопу Юзафу Валевічу. Гэта выклікала пратэст гарбароў. У тым жа годзе Захарый Ласкевіч і яго бацька лаўнік Лявон Ласкевіч падалі скаргу апостальскаму нунцыю ў Варшаве адносна фундацыі кармеліцкага касцёла ў горадзе на месцы “грэцкай” царквы. Аднак у выніку тэрыторыя былой уніяцкай царквы перайшла кармелітам [137]. Варта адзначыць, што для гэтага была праведзена папярэдняя праца. У 1671–1674 г. шпітальны пляц і пляцы вакол царквы выкупіў віленскі кашталян Андрэй Катовіч. Яны сталі асновай для юрыдыкі кармелітаў [138]. У апісанні мітрапаліцкай юрыдыкі 1753 г., інвентарах за 1768 і 1771 г. адзначалася, што тэрыторыя на Падоле ўжо адышла кармеліцкаму кляштару, а першы кармеліцкі касцёл знаходзіўся ў царкве [139]. У гэтай справе цікава тое, што рамеснікі супраціўляліся рашэнню ўніяцкага духавенства перадаць царкоўныя землі кармелітам, хоць акурат само духавенства павінна было займацца захаваннем свайго прыходу.

Згаданыя факты сведчаць, што канфліктныя сітуацыі паміж мяшчанамі і духавенствам мелі месца. Адносіны высвятляліся не толькі праз суд. Супраць духавенства і яго падданых выкарыстоўваўся і фізічны гвалт. У выяўленых выпадках маем толькі скаргі, па якіх не было вынесена прысуду. Іх падавалі ў магістрат ці ў гродскі суд. Важным момантам быў агляд месца злачынства і фіксаванне шкоды. Юрыдычныя дакументы не заўсёды даюць магчымасць выявіць прычыны канфлікту. Ён мог быць справакаваны агрэсіўнасцю, злоўжываннем уладай, нянавісцю на міжканфесійнай глебе, непрыязным асабістым стаўленнем, правакацыйнымі дзеяннямі з боку духавенства і г. д. Аднак у гэтых выпадках не прасочваецца глыбокай павагі да духоўных асобаў. Прыналежнасць да духоўнага стану не абараняла ад нападу. Асобна варта адзначыць канфлікт з-за царквы Чэснага Крыжа. У ім грэка-каталіцкае духавенства не падтрымала рамеснікаў у іх памкненні адбудаваць царкву і перадало яе тэрыторыю каталікам.

Вера ў чараўніцтва

Шэраг спраў сведчыць пра існаванне веры ў чараванне. Гэта станавілася нават прычынай звароту ў суд. У гарадзенскіх судовых кнігах было выяўлена толькі чатыры такія выпадкі. На ўсё XVII ст. гэта вельмі малая колькасць. У іншых мясцовасцях таксама не шмат сустракаецца такіх выпадкаў. Да таго ж не ўсе яны даходзілі да смяротнага прысуду [140]. Так што агульна нельга сказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім мела месца шырокае паляванне на ведзьмаў.

Так, лічылася, што праз чараванне можна было забіць. У гэтым абвінавачвалася Магдалена Цвіклянка пасля смерці яе мужа Юрыя Страчэні (1664). Але выпадак не быў даказаны. З судовага следства па Дзям’янавай вынікае, што жанчына магла выклікаць хваробу ў дзяцей і дарослых, давесці да страты розуму, да жабрацтва, счараваць дом (1676). Найлепш паказвае ўвесь спектр чараўніцтва справа Максіма Знака (1691). У выніку яго допыту выявілася, што ведзьмакі Горадні і павета маглі сапсаваць піва, звесці са свету ўсю сям’ю, варыць зёлкі, здымаць чары, насылаць хваробы дзецям, адбіраць малако ў кароў, шкодзіць шынкам, лятаць на шабаш, біць масла на вадзе [141].

З усіх пералічаных спраў прысуд быў вынесены толькі Максіму Знаку: за чараўніцтва ён атрымаў смяротнае пакаранне. Часта скаргі не даходзілі да разгляду. Абвінавачванне магло мець ілжывы характар. Звесткі пра такія справы прыводзяцца для таго, каб паказаць, якія ўяўленні пра чараўніцтва мелі мяшчане. Але малая колькасць выпадкаў яшчэ не можа сведчыць пра наяўнасць такіх вераванняў ва ўсіх гарадзенскіх мяшчан.

Высновы

Рэлігія прысутнічала ў жыцці мяшчан ад нараджэння да смерці. Паводзіны ў гэтай галіне былі прапісаны ў дакументах. Не апошняе значэнне тут меў фінансавы аспект. Рэлігійныя ўстановы патрабавалі фінансавання, адпаведна жыхары горада мелі абавязак іх утрымліваць. У XVII ст. у горадзе дамінавала каталіцкае веравызнанне. Іншыя хрысціянскія плыні хоць і прысутнічалі, але не адыгрывалі значнай ролі. Праваслаўе цалкам саступіла ўніяцтву. Пратэстанцтва не мела моцнага ўплыву. Яго прытрымліваліся асобы, якія прыехалі з Коўна, Каралеўца і іншых гарадоў.

Стаўленне да рэлігіі ў мяшчанскім асяроддзі праяўлялася па-рознаму. Былі мяшчане, якія прымалі духоўны сан, рабілі вялікія ахвяраванні на храмы, але былі і такія, хто канфліктаваў з духавенствам. Не апошнюю ролю ў канфліктах адыгрывалі фінансавыя фактары і парушэнне правоў мяшчан.

Адзначым, што праяўленне ў рэлігіі мужчыны і жанчыны мела асаблівасці. Асноўныя нормы ў гэтай сферы ўсталёўваліся мужчынамі, якія займалі пасады. Жанчын у кіраўніцтве горадам і цэхамі не было. Зыходзячы з дакументаў можна адзначыць, што звычайны мешчанін, мужчына, абавязкова павінен быў наведваць храм, прымаць удзел у абрадах, як рамеснік даваць грошы праз цэх на свечкі, воск і г. д., пільнаваць рэлігійныя святы. У тастаменце ён мусіў адзначыць веравызнанне (у інвакацыі), зрабіць ахвяраванні на храмы і апісаць пахаванне. Для жанчыны абавязковымі элементамі рэлігійных паводзін былі наведванне храма, удзел у абрадах (асабліва калі яе муж уваходзіў у склад цэха), а ў тастаменце яна мусіла адзначыць усе неабходныя рэлігійныя моманты, звязаныя з пахаваннем. Жанчына, у адрозненне ад мужчыны, не магла стаць духоўнай асобай.

Як вынікае з даследавання, паводзіны і практыкі мяшчан у сферы рэлігіі не былі аднолькавымі. На іх уплывалі прыналежнасць да веравызнання, сацыяльны статус, прыналежнасць да прафесіі і пол. Аднак з-за недахопу крыніц рэалізацыю прававых дакументаў не заўсёды можна прасачыць у поўнай ступені. Хоць даміноўнай рэлігіяй было хрысціянства, аднак захоўвалася і вера ў чараўніцтва як перажытак паганства.

 

The Attitude towards Religion and Religious Practices of Hrodna Townspeople (16th–17th Centuries)

Natallia Sliž

In the 16th and 17th centuries, religion played a vital role in society and was an essential part of everyday life. Studies of the religious situation in Hrodna have typically focused on the histories of temples, monasteries, religious orders, and personal documents. However, other aspects have been overlooked, such as religious practices within craft workshops, foundation records left by townspeople, funeral sermons dedicated to them, their transition into religious life, conflicts between townspeople and the clergy, and traces of paganism within the urban community. The source base for this article includes city and guild privileges, wills, court cases, and religious texts.

Religion accompanied townspeople from birth until death, and behaviour in this sphere was documented in various records. The financial aspect of religious life was also of considerable importance. In the 17th century, the Catholic faith was dominant in the city. While other Christian denominations were present, they did not play a significant role. The religious behaviours and practices of the townspeople were not uniform; they were shaped by religious affiliation, social status, profession, and gender.


* Даследаванне выканана ў ходзе рэалізацыі стыпендыі факультэта “Artes Liberales” Варшаўскага ўніверсітэта, а таксама пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Адказнасць за змест гэтага артыкула нясе аўтар. Ні пры якіх абставінах артыкул не можа разглядацца як адлюстраванне пазіцыі ЕС. Выказваю падзяку Літуаністычнай камісіі пры Інстытуце гісторыі Польскай Акадэміі навук за магчымасць выступіць з дакладам на дадзеную тэму.

[1] Frick D. Wilnianie. Żywoty siedemnastowieczne. Warszawa, 2008; idem. Kith, Kin and Neighbors: Communities and Confessions in Seventeenth-Century Wilno. Ithaca, 2013; Kempa T. Konflikty wyznaniowe w Wilnie od początku reformacji do końca XVII wieku. Toruń, 2016.

[2] Гл. напрыклад: Чарняўскі І., Жаровіна Г. Нечаканае адкрыццё // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 4. С. 34–36; Квитницкая Е. Приходской костёл в Гродно // Проблемы истории архитектуры народов СССР. 1975. № 4. С. 30–38; Paszenda J. Koścół pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce Baroku. Warszawa, 1995. S. 191–211; Borowik P. Jurydyki miasta Grodna w XV–XVIII wieku. Stanowy podział nieruchomości. Supraśl, 2005; Сліж Н. З гісторыі Прачысценскай царквы ў Гародні. ХVI–ХVIІI ст. // Гарадзенскі палімпсест ХІІ–ХХ стст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Гародня – Беласток, 2008. С. 78–81; Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa trockiego. T. 1. Kościoły i klasztory Grodna / oprac. M. Kałamajska-Saeed, D. Piramidowicz. Kraków, 2012; T. 3. Kościoły Grodna / oprac. M. Kałamajska-Saeed, D. Piramidowicz. Kraków, 2016; T. 4. Kościoły Grodna / oprac. M. Kałamajska-Saeed. Kraków, 2018 і інш.

[3] Тастаменты гарадзенскіх мяшчан ужо вывучаліся ў гістарыяграфіі. Некаторыя з іх былі апублікаваныя. У дадзеным выпадку пры аналізе мы бярэм толькі тыя дакументы, дзе ўвага аддаецца веравызнанню, пахаванню, ахвяраванням на храмы. Увесь пералік тастаментаў надрукаваны намі ў каталозе. Але заўважым, што прыведзеная інфармацыя не з’яўляецца абсалютна прыдатнай для статыстычнага аналізу з прычыны фрагментарнай захаванасці дакументаў. Яна сведчыць пра варыятыўнасць у рэлігійнасці мяшчан. Гл.: Pisanko-Borowik A. Testamenty mieszczan grodzieńskich w XVII–XVIII wieku // Studia Podlaskie. T. XV. Białystok, 2005. S. 129–185; idem. Dyspozycje pogrzebowe mieszczan grodzieńskich w świetle ich testamentów (XVII–XVIII w.) // Małe miasta. Religie / pod red. M. Zemło. Lublin – Supraśl, 2006. S. 143–168; Borowik P. Z dziejów patrycjatu grodzieńskiego. Testament landwójta Kazimierza Ćwiklicza // Biuletyn Historii Pogranicza. Nr 19. 2019. S. 80–99; Грыб А., Яцкевіч З. Тэстамент гарадзенскага мешчаніна Барталамея Галоўчыца 1639 г. як крыніца па гісторыі беларускага мяшчанства // Гарадзенскі палімпсест ХІІ–ХХ стст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Гародня – Беласток, 2008. С. 214– 220; Dubas-Urwanowicz E. Pożegnanie z doczesnością Zygmunta Szulca, rajcy grodzieńskigo // Miscellanea Historico-Archivistica. T. XI. 2000. 243–246; Zielecka-Mikołajczyk W. Prawosławni i unici w Rzeczpospolitej XVI–XVIII wieku wobec życia i śmierci w świetle testamentów. Warszawa, 2012. S. 51 (Фёдар Багдановіч памылкова названы Багданам Філіповічам), 88, 233, 318; Sliž N. Testamenty mieszczan grodzieńskich w pierwszej połowie XVII w. // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. T. 61. Z. 2. 2013. S. 305–316; Katalog testamentów mieszkańców Brześcia i Grodna od XVI do początku XVIII wieku / oprac. N. Sliž. Warszawa, 2017; яна ж. Тастамент гарадзенскага радцы Фёдара Багдановіча // Архіварыус. Вып. 12. 2014. С. 65–85; яна ж. Купцы Фандэберкі ў Гародні ў XVII ст. // Архіварыус. Вып. 14. 2016. C. 347–357; яна ж. Тастамент Ганса Гансбаха, гарадзенскага аптэкара 1673 г. // Архіварыус. Вып. 15. 2017. C. 71–77.

[4] Щербаков С. Шляхетській наступ на міста Західної Білорусії в першій половині XVII ст. і криза цехового ремесла // Навукові записки Львівского державного університета імені Івана Франка. Т. XLIII. Питання історіï СРСР. Вып 7. 1957. С. 92– 111; падрабязней гл.: Borowik P. Jurydyki miasta Grodna…; Сліж Н. Магдэбургскае права ў Гародні ў канцы ХV – першай палове ХVІ ст.: увядзенне і развіццё // Гарадзенскі палімпсест. 2011. Асоба, грамадства, дзяржава. XV–XX стст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Мінск, 2012. С. 10–44.

[5] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ-18. Воп. 1. Спр. 292. Арк. 186–188; Документы, относящиеся к эпохе унии // Вестник Юго-Западной и Западной Росии. Г. 3. 1864. Т. I. Июль. С. 1–14; Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. II. 1599–1637. С.-Петербург, 1865. С. 54–57; Мікульскі Ю. Да гісторыі антыўніяцкага супраціву ў Гародні (1606–1619 гг.) // Беларуская даўніна. Вып. 3. Мінск, 2016. С. 255–266.

[6] Латышонак А. Нацыянальнасць – Беларус. Вільня – Беласток, 2009. С. 194.

[7] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. IV (1588–1632). С.-Петербург, 1851. С. 141. Орловский Е. Гродненская старина. Ч. 1. Гродна, 1910. C. 96; Сліж Н. Невядомае пра вядомае: уладанні царквы і манастыра Св. Барыса і Глеба ў канцы 15 – пачатку 17 ст. // Гістарычны альманах. Т. 18. 2012. C. 2–26; Сліж Н. З гісторыі Прачысценскай царквы… С. 64–95.

[8] Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов (АВАК). Т. VII. Акты Городненского гродского суда. Вильна, 1874. С. 72–78; Сліж Н. Магдэбургскае права ў Гародні… С. 16, 25.

[9] Галубовіч В. Канфірмацыйны прывілей Гародні на магдэбургскае права 1633 г. // Гарадзенскі палімпсест. 2010. Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры. XVІ–ХХ ст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Мінск, 2011. С. 267–268.

[10] Пра склад магістрата і веравызнанне ўраднікаў гл.: Сліж Н. Гарадзенскі бурмістраўска-радзецкі суд: суадносіны судовай практыкі з магдэбургскім правам (1639–1642 гады) // Палітычная сфера. Гісторыя: літаратура, права, палітыка. № 22–23. 2014–2015. С. 35–51; яна ж. Гарадзенскі войтаўска-лаўніцкі суд (1638–1644 гг.): суадносіны судовай практыкі з магдэбургскім правам // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 45. 2016. C. 46–71.

[11] Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD). Archiwum Radziwiłłów. Dz. XVIII. Sygn. 304. K. 1; НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 238адв.; Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 41адв.

[12] НГАБ. КМФ-18. Спр. 62. Арк. 75–79адв. Падрабязней пра гарадзенскія цэхі гл.: Сліж Н. Першыя цэхі ў Гародні і іх рамеснікі ў XVI–XVII стст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 53. 2020. С. 7–30.

[13] НГАБ. КМФ-18. Спр. 77. Арк. 423–426; Спр. 80. Арк. 768адв.–773; Jodkowski J. Cechy grodzieńskie w wiekach dawnych. Grodno, 1926. S. 27–32; Шаланда А. Пергаміны канца XVI–XVII ст. на лацінскай і польскай мовах у фондах Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея // Герольд Litherland. 2002. № 3–4 (7–8). С. 114–119.

[14] НГАБ. КМФ-18. Спр. 77. Арк. 508адв.–514адв.

[15] Тамсама. Спр. 123. Арк. 255–256; Jodkowski J. Cechy grodzieńskie… S. 19; Стрэнкоўскі С. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV – XVIII ст.). Ч. 1. Мінcк, 2013. С. 423.

[16] Lietuvos Valstybės istorijos archyvas (LVIA). F. 694. Ap. 1. B. 3968. L. 10v; Камунтавічэне В. Гарадзенская каталіцкая парафія ў 15–17 ст. // Гістарычны альманах. Т. 18. 2012. С. 38.

[17] Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka. Rankraščių skyrius (LMAVB RS). F. 21. B. 8185. L. 1–7; LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3985.

[18] Падрабязна пра ідэнтычнасць у сярэднявечных цэхах гл.: Oexle O. G. Spoleczeństwo średniowiecza. Mentalność – grupy spoleczne – formy życia. Toruń, 2000. S. 75–97.

[19] Клименко Ф. В. Западно-русские цехи. Киев, 1914. С. 39–68; Chodynicki K. O stosunkach wyznaniowych w cechach wileńskich od XVI do XVIII w. // Księga pamiątkowa ku czci Oswalda Balzera. T. I. Lwów, 1925. S. 117–131; Morzy J. Geneza i rozwój cechów wileńskich do końca XVII w. // Zeszyty Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia. 1959. № 24 (4). S. 3–91

[20] Пра святочную культуру ў гарадах гл.: Котлярчук А. С. Праздничная культура в городах России и Белоруссии XVII в.: официальные церемонии и крестьянская обрядность. С.-Петербург, 2001.

[21] Brückner A. Polnisch-russische Intermedien des XVII. Jahrhunderts // Archiv für Slavische Philologie. Bd. 13. Berlin, 1890. P. 400–404; Карский Я. Белорусы. Т. III. Очерки словесности белорусского племени. Ч. 2. Старая западнорусская литература. Петроград, 1921. С. 215–218; Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя. Коўна, 1926. С. 567– 570; Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры / склаў А. Ф. Коршунаў. Мінск, 1959. С. 365–369; Котлярчук А. Праздничная культура…С. 213–214.

[22] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 49–50адв.

[23] Vilniaus universiteto biblioteka. Rankraščių skyrius (VUB RS). F. 48. B. 32749 (арыгінал пастановы); Biblioteka Uniwersytetu Warszawskiego (BUW). Sygn. 260. Nr 72 (копія ХХ ст. з актыкацыі дакумента ў гарадзенскім гродскім судзе).

[24] Volumina legum. T. II. Petersburg, 1859. S. 51.

[25] VUB RS. F. 48. B. 32749 (арыгінал пастановы); BUW. Sygn. 260. Nr 72 (копія ХХ ст. з актыкацыі дакумента ў гарадзенскім гродскім судзе).

[26] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3839. L. 28v–29.

[27] Zakład Narodowy im. Ossolińskich we Wrocławiu. Rkps. 5620. S. 36v–37.

[28] LMAVB RS. F. 16. B. 207. L. 82.

[29] Frick D. Kith, Kin and Neighbors… P. 82–83.

[30] АВАК. Т. X. Акты Виленского магистрата и магдебургии. Вильна, 1879. С. 578; Клименко Ф. В. Западно-русские цехи. С. 136–138; Сліж Н. Арганізацыя гандлю ў Горадні ў XVI – першай палове XVII стагоддзя // Гісторыя гандлю ў Беларусі (ад старажытнага часу да канца ХХ ст.): праблемы вывучэння і перспектывы даследавання. Мінск, 2014. С. 130–149; яна ж. Злачынства і злачынцы ў Гародні ў XVIІ ст. // Arche. 2014. № 11. С. 122–182.

[31] Згадваецца ў 1640 і 1671 г.: НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 129–129адв., 211адв.–215.

[32] Згадваецца ў 1640 г.: Тамсама. Арк. 129–129адв.

[33] Згадваецца ў 1642, 1660 і 1670 г.: Тамсама. Арк. 243, 237адв.–238.

[34] Спіс брацтва гл.: НГАБ у Гродне. Ф. 259. Воп. 2. Спр. 2. Яно згадваецца ў дакументах за 1660, 1663, 1665, 1666 г.: НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 30адв.–31, 100адв., 116–116адв., 125.

[35] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 130.

[36] У артыкуле падаюцца дзявочыя прозвішчы жанчын як адлюстравана ў крыніцах. Пры гэтым пазначаюцца іх сужэнцы.

[37] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 72–72адв.

[38] Сендык (або сындык) – ураднік магістрата, які займаўся зборам падаткаў і іншымі гаспадарчымі і прававымі справамі.

[39] НГАБ у Гродне. Ф. 259. Воп. 2. Спр. 2. Арк. 6, 8адв.–9адв., 11адв.–12адв., 19, 21адв., 27.

[40] Тамсама. Арк. 3адв., 9, 14адв., 16адв., 27адв., 37адв.

[41] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 113, 130, 130адв., 132адв. і інш.; Sliž N. Testamenty mieszczan grodzieńskich… S. 307.

[42] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 129.

[43] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 211адв., 219адв.–220; Borowik P. Z dziejów patrycjatu grodzieńskiego… S. 80–99.

[44] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 240.

[45] Тамсама. Арк. 150–155адв., 226адв.–227адв.; Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 150–150адв.; Sliž N. Testamenty mieszczan grodzieńskich… S. 308; Сліж Н. Тастамент гарадзенскага радцы Фёдара Багдановіча… С. 65–85.

[46] АВАК. Т. I. Акты Гродненского земского суда. Вильна, 1865. С. 55–56; Pisanko-Borowik A. Testamenty mieszczan grodzieńskich… S. 136; Сліж Н. Невядомае пра вядомае… С. 5–6; Miscellanea з архіўных і бібліятэчных сховішчаў (XIV–XVII ст.) / падрыхт. Ю. М. Мікульскі // Беларуская даўніна. Вып. 2. Мінск, 2015. С. 244–245.

[47] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 108.

[48] Тамсама. Арк. 107–108адв.

[49] У XVII ст. сярод мяшчан было распаўсюджана дэкараваць сцены дамоў тканінай: Bartkiewicz M. Odzież i wnętrza domów mieszczańskich w Polsce w drugiej połowie XVI i w XVII wieku. Wrocław etc., 1974. S. 59–61.

[50] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 150–155адв.; Sliž N. Testamenty mieszczan grodzieńskich… S. 308; Сліж Н. Тастамент гарадзенскага радцы Фёдара Багдановіча… С. 65–85.

[51] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 115–115адв.

[52] Сліж Н. Купцы Фандэберкі ў Гародні… C. 347–357.

[53] Адзначым, што клопат пра жабракоў быў неад’емнай часткай рэлігійнага жыцця. Яны згадваюцца ў тастаментах. Накарміць іх і раздаць ахвяраванні ў час жалобных цырымоній – даўняя традыцыя. Пры храмах былі служкі, якія сярод іншага чыталі малітвы за душы ахвярдаўцаў. Пра гэта сведчыць ліст Стэфану Баторыю ад служак Фарнага касцёла з прычыны нявыплаты ім грошай Львом Сапегам за малітвы за гаспадарскага двараніна Халеру (1582). AGAD. Archiwum Skarbu Koronnego. Oddz. I. Sygn. 366b. K. 180. Выказваю шчырую падзяку Канстанціну Ерусалімскаму за магчымасць скарыстацца гэтым дакументам.

[54] НГАБ. КМФ-18. Спр. 92. Арк. 50–53адв.

[55] Сліж Н. Тастамент Ганса Гансбаха… C. 71–77.

[56] У дакуменце названы Андрэеўскі касцёл, але не адзначана месца яго знаходжання. У Горадні такога касцёла не было. Верагодна, ён знаходзіўся ў Гарадзенскім павеце. Ідэнтыфікаваць храм без дадатковай інфармацыі не атрымалася.

[57] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 129–129адв., 163адв.–164, 168адв.–169, 243.

[58] Выдзеркаф – дамова на даход ад нерухомасці (рэнта, арэнда) з захаваным правам выкупу першапачатковым прадаўцом.

[59] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 211адв.–215; Borowik P. Z dziejów patrycjatu grodzieńskiego… S. 80–99.

[60] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 95адв.–96, 108адв., 113адв., 129–129адв., 163адв.–164, 168адв.–169, 243, 291адв.–293адв.

[61] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 48–49адв.

[62] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 108.

[63] Тамсама. Арк. 107–108адв.

[64] Тарціца – распілаванае дрэва, якое выкарыстоўвалася для будаўніцтва.

[65] Тамсама. Арк. 140–141адв., 218–219адв.

[66] Тамсама. Арк. 150–155адв.; Sliž N. Testamenty mieszczan grodzieńskich…. S. 308; Сліж Н. Тастамент гарадзенскага радцы Фёдара Багдановіча… С. 65–85.

[67] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 13адв., 130, 302–304.

[68] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 113адв., 162адв.–163, 239адв., 267; Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 32–33, 409; Сліж Н. Купцы Фандэберкі… C. 347–357.

[69] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 132адв., 161адв., 243; Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 58адв.

[70] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 100адв., 125, 237адв.–238.

[71] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 162адв.–163, 226адв.– 227адв., 265адв.–267.

[72] Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі належаў гарадзенскім бернардзінкам, быў пабудаваны ў XVII ст. Мураваная капліца на яго месцы ўзнікла ў 1854 г., існуе і цяпер. Гл.: Borowik P. Jurydyki miasta Grodna… S. 275.

[73] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 30адв.–31, 195адв.–196 адв.

[74] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 108адв.

[75] Тамсама. Арк. 104–105, 121адв.–123адв., 141адв.–143адв., 163адв., 276адв.

[76] Тамсама. Спр. 2. Арк. 6, 76, 125, 166–166адв., 278–279, 283–283адв.

[77] Тамсама Спр. 1. Арк. 129–129адв., 130адв.; КМФ-18. Спр. 92. Арк. 54адв.–56 адв.

[78] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 116–116адв., 211адв.

[79] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 233адв.

[80] Тамсама. Спр. 2. Арк. 127адв., 209; Спр. 3. Арк. 15–15адв.; Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 202адв.–203адв.

[81] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 180адв.

[82] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 219адв.–220, 254адв.–255.

[83] Тамсама. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 773адв., 768–769; Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 41, 76, 99адв., 126–126адв., 140адв.–141, 150–150адв., 182–182адв., 189, 218адв.–219, 266–267адв.; Сліж Н. Тастамент Ганса Гансбаха… C. 71–77.

[84] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 281адв.

[85] Тамсама. Арк. 132.

[86] Напрыклад гл.: Kosman M. Litewskie kazania pogrzebowe z pierwszej połowy XVII wieku // Odrodzienie i Reformacja w Polsce. T. XVII. 1972. S. 87–112; Platt D. Kazania pogrzеbowe z przełomu XVI i XVII wieku. Z dziejów prozy staropolskiej. Wroсław – Warszawa – Kraków, 1992 і інш.

[87] Напрыклад, сваёй творчасцю быў вядомы Андрэй Шонфлісіус: Schönflissius A. Córa Jairowa zmarła, od Chrystusa wzbudzona, na pogrzebie Anny Dębowskiej, szlachetnego pana Marcina Dębowskiego, aptekarza i mieszczanina wileńskiego… córki… Wilno, 1635; idem. Kazanie na pogrzebie córki Achacego Fillenborna, mieszczanina i kupca poznańskiego. Wilno, 1631.

[88] VUB RS. F. 3. B. 2263; Сліж Н. Рукапіс Барталамея Вышамерскага другой паловы XVII ст. як прыклад дзейнасці правінцыйнага святара // Lekarz i duchowny na prowincji. Częstochowa, 2022. S. 257–268.

[89] VUB RS. F. 3. B. 2263. L. 58–61v, 80v–83.

[90] Ibidem. L. 58–61v.

[91] Сліж Н. Тастамент Ганса Гансбаха… C. 71–77.

[92] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 57–57адв.

[93] Тамсама. Арк. 166–166адв.

[94] VUB RS. F. 3. B. 2263. L. 80v–83.

[95] Sumaryusz cudów i łask znakomitszych Nayświetszey Maryey Panny Studentskiey Kongregacyi Grodzieńskiey pod tytułem Annuntiationis. W Wilnie, 1686. Падрабязны аналіз гэтага твора прыводзіцца ў нашай манаграфіі і артыкулах, таму ў дадзенай працы падаем толькі агульныя звесткі, гл.: Сліж Н. “Збор знакамітых цудаў і ласкаў Найсвяцейшай Панны Марыі Студэнцкай” як крыніца па гісторыі Гародні // Архіварыус. Вып. 7. 2009. С. 132–181; Сліж Н. Лава ў капліцы Маці Божай Студэнцкай у Фарным касцёле Гародні // Arche. 2010. № 1–2. C. 66–98; Сліж Н. “Збор знакамітых цудаў і ласкаў Найсвяцейшай Панны Марыі Студэнцкай” як унікальная крыніца па гісторыі Гародні. Мінск, 2019.

[96] Sumaryusz cudów… S. 7–12.

[97] У “Sumaryuszu cudów…” яны змешчаны пад № 1–3, 5, 7, 32, 35–37, 42, 43, 45, 51, 56–58, 63, 75, 77, 79, 80, 82, 84, 90б.

[98] Metryka Uniwersytetu Krakowskiego z lat 1400–1508 / oprac. A. Gąsiorowski, T. Jurek, I. Skierska, przy współpracy R. Grzesika. T. 1. Kraków, 2004. S. 500 (nr 92e/039); Lietuvos katalikų dvasininkai XIV–XVI a. / ed. V. Ališauskas, T. Jaszczołt, L. Jovaiša, M. Paknys. Vilnius, 2009. P. 295, № 1698; Najstarsza księga promocji Wydziału Sztuk Uniwersytetu Krakowskiego z lat 1402–1541 / A. Gąsiorowski, T. Jurek, J. Skierska. Warszawa, 2011. S. 258 (94/50B).

[99] Urban W. Litwini w Krakowie od końca XIV wieku do roku 1579 // Teki Krakowskie. T. 10. 1999. S. 137; Lietuvos katalikų dvasininkai… P. 150, № 862; Najstarsza księga promocji Wydziału Sztuk… S. 258 (94/50B).

[100] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 140–141адв.

[101] Тамсама. Арк. 290–291адв.

[102] Манстранцы (манстранцыянт) – асоба (звычайна святар, дыякан або іншы служка), якая нясе або суправаджае манстранцыю з прычасцем у час адарацыі, працэсіі або літургічнага абраду.

[103] Звесткі пра гэта маюцца ў дакументах за 1644 г.: Тамсама. Арк. 277–278, 284адв.–286.

[104] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 14адв.

[105] Тамсама. КМФ-18. Спр. 305. Арк. 28адв.–29.

[106] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 143–144.

[107] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 4623. L. 6.

[108] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 288адв.–290.

[109] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 67–67 адв.; Borowik P. Funkcjonowanie samorządu miejskiego w Grodnie podczas “potopu moskiewskigo” (1655–1661) oraz kilka uwag o zniszczeniu miasta przez Moskali // Гарадзенскі палімпсест ХІІ–ХХ стст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Гародня – Беласток, 2008. С. 38.

[110] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 107–108адв.

[111] Lawszuk W. Jezuici w Grodnie, 1622–1700. Ludzie i dziejie kolegium // Studia i materiały do dziejów jezuitów polskich. T. 24. Kraków, 2013. S. 195–196.

[112] LVIA. F. 1282. Ap. 1, B. 4734; F. 694. Ap. 1. B. 4663. L. 1–1v, 3–3v.

[113] Ibidem. B. 6479. Кляштар быў вядомы цудатворным абразом Маці Божай. Б. Ляўковіч згадваецца на гэтай пасадзе ў 1691 г.: Kułak A. Pierwszy kościół w Różanymstoku – fundatorzy i donatorzy // Biuletyn Konserwatorski Województwa Podlaskiego. Nr 13. 2007. S. 51–70.

[114] Biblioteka Polskiej Akademii Umiejętności i Polskiej Akademii Nauk w Krakowie. Rkps. 369. K. 48; Borowik P. Jurydyki miasta Grodna… S. 153.

[115] НГАБ. КМФ-18. Спр. 86. Арк. 236–240адв.; Паўлоўская Г. Новая наратыўная крыніца па гісторыі кляштара бернардзінцаў у Гродна // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 9. 2008. С. 247–286.

[116] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 40–42; Borowik P. Jurydyki miasta Grodna… S. 152.

[117] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 226 адв.–227адв., 247адв.–248.

[118] VUB RS. F. 4. B. 2377. L. 8.

[119] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3839. L. 13v–14v; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 37 (1552–1561): Užrašymų knyga 37 / parengė D. Baronas. Vilnius, 2011. P. 402; Biblioteka Jagellońska w Krakowie. Przyb. 325/99; Писцовая книга Гродненской экономии. Т. 2. Вильна, 1882. С. 256; Камунтавічэне В. Гарадзенская каталіцкая парафія… С. 34 (у пераліку даніны на шпіталь ёсць памылкі).

[120] Kurczewski J. Stan kościołów parafjalnych w djecezji wileńskiej po najściu nieprzyjacielskiem 1655–1661 r. // Litwa i Ruś. 1912. T. 2. Z. 1. S. 60.

[121] LMAVB RS. F. 16. B. 207. L. 10.

[122] НГАБ. КМФ-18. Спр. 213. Арк. 23адв.

[123] LVIA. F. 694. Ap. 1. B. 3968. L. 17v–21v.

[124] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 18адв., 35.

[125] Тамсама. Арк. 45–45адв.

[126] Тамсама. Спр. 3. Арк. 114адв.

[127] Сліж Н. З гісторыі Прачысценскай царквы… С. 78–81. Капшчызна – падатак, які спаганяўся за выраб і продаж гарэлкі, мёду і піва ў ВКЛ у XV–XVII ст.

[128] НГАБ. КМФ-18. Спр. 305. Арк. 63адв.–65.

[129] BUW. Sygn. 260. Nr 25; Галубовіч В. Справа пра напад на гарадзенскі кляштар францысканцаў у 1645 г. // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XV–ХХ ст. / пад рэд. А. Смаленчука, Н. Сліж. Гародня, 2009. С. 253–258.

[130] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 52–52адв.

[131] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 161.

[132] Тамсама. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 58.

[133] Тамсама. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 19адв.

[134] LVІА. F. 694. Ap. 1. B. 4623. L. 18–20.

[135] Ibidem. B. 4622. L. 5; B. 4623. L. 23–24.

[136] Царква мела важнае значэнне для гарбароў. У час вайны яны закопвалі царкоўныя рэчы, каб уратаваць іх ад ворага, але яны былі ўкрадзены: НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 49адв.–51, 127адв.–128; Сліж Н. Злачынства і злачынцы… С. 122–182.

[137] НГАБ. Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 398; Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 286–286адв.; Материалы для истории древних православных церквей // Памятная книжка Гродненской губернии на 1866 год. Гродно, 1866. С. 25–26; Borowik P. Jurydyki miasta Grodna… S. 182; Паўлоўская Г. “Ktorzyby lepiey skur wyprawować patrzyli” – міжканфесійны канфлікт у межах адной царквы? // Герольд Litherland. № 18. 2011. С. 94–100.

[138] Borowik P. Jurydyki miasta Grodna… S. 180–194.

[139] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. II. 1701–1839. С.-Петербург, 1907. С. 150–151; О древних православных храмах в Гродне // Вестник Западной Росии. Г. ІІІ. Т. ІII. Вильно, 1865. С. 173–174; Квитницкая Е. Д. Планировка Гродно в XVI–XVIII вв. // Архитектурное наследство. № 17. 1964. С. 21–22.

[140] Raganų teismai Lietuvoje = Судебные процессы над ведьмами в Литве / par. K. Jablonskis, R. Jasas. Vilnius, 1987; Лобач У. Чарадзейства на Полаччыне: гісторыка-культурны кантэкст // Полацк: карані нашага радаводу. Полацк, 1996. С. 50–59; Slizh N. Lithuania Grand Duchy of // Encyclopedia of Witchcraft. The Western Tradition. Volume 3, K–P. / ed. Richard M. Golden. Santa Barbara; Denver; Oxford, 2006. P. 658–660; Сліж Н. Праявы язычніцтва ў Ашмянскім павеце ў XVII ст. // Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі: зб. навук. арт. / рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. Мінск, 2011. С. 314–324.

[141] НГАБ. Ф. 1800. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 91 адв.–92адв., 93–93адв., 94адв.–95 адв.; Ф. 1761. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 51, 382–382адв., 412–413; Спр. 3. Арк. 79адв.–82, 90адв., 97; Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединеных с ней владений (от 1387 до 1710 года), изданное Виленской археографической комиссией / под ред. М. Круповича. Вильно, 1858. С 140–143; Jodkowski J. O czarowniku Znaku na inkwizycji w Grodnie w 1691 roku. Lwów, 1932; Лобач У. Вядзьмарскі працэс 1691 г. у Гародні: да тыпалогіі чарадзейскіх спраў у сярэднявечнай Беларусі // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа / адк. рэд. А. М. Пяткевіч. Гродна, 2003. С. 20–26; Сліж Н. Злачынства і злачынцы… С. 122–182.

Наверх