БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ЯКУБАЎ, ВІКТАР. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI – пачатку XVII ст. Вільня: Ciklonas, 2024. 348 с.

Сёлета ўбачыла свет манаграфічнае даследаванне беларускага гісторыка Віктара Якубава, прысвечанае палітыцы Вялікага Княства Літоўскага ў адносінах да Інфлянтаў на мяжы XVI–XVII ст. Нягледзячы на тое, што на працягу XIII–XVIII ст. гэты рэгіён, у большай ці меншай ступені, быў важным фактарам знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ, у айчыннай гістарыяграфіі “інфлянцкае пытанне” да цяперашняга часу не атрымала належнай увагі [1]. Таму трэба толькі вітаць з’яўленне новай працы па гэтай праблеме. Разам з тым да зместу манаграфіі ёсць шэраг важных заўваг, якія і будуць агучаны ў нашай рэцэнзіі.

Рэцэнзаваная праца складаецца з уводзін, гістарыяграфічнага агляду, чатырох раздзелаў (частак), высноў, ілюстрацый і бібліяграфічнага спіса. Ва ўводнай частцы аўтар акрэслівае мэту даследавання – разгледзець працэс уключэння Інфлянтаў у сацыяльна-палітычную сістэму Рэчы Паспалітай. Для дасягнення пастаўленай мэты аналізуюцца дынастычныя інтарэсы Вазаў, калектыўныя памкненні палітычных эліт ВКЛ, міжнародная і канфесійная сітуацыя ў рэгіёне Балтыйскага мора. Важна, што аўтар таксама спрабуе ўлічыць адваротны ўплыў далучэння правінцыі на ўнутрыпалітычныя і эканамічныя працэсы ў Вялікім Княстве. Такі метадалагічны падыход, на наш погляд, цалкам слушны і дае магчымасць стварыць комплекснае ўяўленне аб узаемадзеянні Інфлянтаў з іншымі складовымі часткамі Рэчы Паспалітай. Структура манаграфіі падпарадкавана вырашэнню пастаўленай даследчай праблемы і падаецца цалкам лагічнай ды абгрунтаванай. Абгрунтаваныя і храналагічныя межы працы – 1582–1617 г. Заўважым, праўда, што ў самім тэксце разважанні аўтара часта выходзяць далёка за вызначаныя часавыя рамкі. Ва ўводзінах аўтар таксама коратка знаёміць чытача з гісторыяй барацьбы за Інфлянты і ўвогуле за панаванне над Балтыйскім морам паміж рознымі краінамі. Аднак некаторыя абагульненні падаюцца па меншай меры дыскусійнымі. Напрыклад, ці можна звесці ўнутраныя прычыны крызісу Інфлянцкай канфедэрацыі толькі да працэсаў, выкліканых Рэфармацыяй, або наколькі карэктна называць планы уніі паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай прадуктам “шляхецкай Рэспублікі” (9, 11), ігнаруючы такім чынам актыўную ролю самой дынастыі Вазаў? В. Якубаў, безумоўна, глыбока ведае праблематыку, якую даследуе, і добра арыентуецца ў ёй, але часта аўтарскія развагі на старонках манаграфіі застаюцца без спасылак на адпаведную спецыяльную літаратуру.

Далей у кнізе даецца падрабязны агляд сусветнай гістарыяграфіі “інфлянцкага пытання”, якая датычыць гэтага перыяду. Тым не менш, некаторыя даследаванні, непасрэдна прысвечаныя тэме, засталіся па-за ўвагай аўтара [2]. Прынцыпова важныя працы Генрыка Віснэра, Багуслава Дыбася і Эна Тарвэла ў спісе літаратуры [3] згадваюцца, але ў асноўным тэксце не выкарыстоўваюцца. Акрамя таго, галоўная ўвага ў аглядзе аддадзена гістарыяграфіі палітыкі караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы ў дачыненні да Інфлянтаў, а вось вынікі вывучэння інфлянцкай палітыкі караля і вялікага князя Стэфана Баторыя фактычна не разгледжаны.

Неабходна адзначыць, што рэцэнзаваная праца заснавана на вывучэнні шырокага кола крыніц. В. Якубаў выкарыстаў рукапісныя дакументы з архівасховішчаў Беларусі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама вялікі аб’ём ужо надрукаваных матэрыялаў. І ў сувязі з гэтым проста бянтэжыць адсутнасць у манаграфіі аналізу і класіфікацыі выкарыстаных крыніц, без чаго вельмі цяжка ў поўнай ступені зразумець рэпрэзентатыўнасць яе крыніцавай базы.

У першай частцы даследавання аўтар грунтоўна апісаў палітыку, якую кіроўныя колы ВКЛ і Польшчы праводзілі ў адносінах да Інфлянтаў, а таксама захады па адміністрацыйна-прававым уладкаванні правінцыі адразу пасля яе фактычнага далучэння да Рэчы Паспалітай, выразна адлюстраваў супярэчнасці, што ўзнікалі ў гэтай сферы паміж абодвума суб’ектамі дзяржавы. Параўнанне інфлянцкіх “Артыкулаў” 1582 г., соймавых канстытуцый 1589 г. і “Ардынацый”, ухваленых у 1598 і 1607 г., дазволіла паказаць, што палітыка Рэчы Паспалітай, скіраваная на ўмацаванне сваіх уплываў у правінцыі, змянялася ад дыскрымінацыі нямецкай шляхты да яе ўраўнавання ў правах са шляхтай кароннай і велікакняжацкай. Разгледзеўшы ўзровень эканамічнай і палітычнай прысутнасці шляхты ВКЛ у Інфлянтах, В. Якубаў прыйшоў да высновы, што на працягу азначанага перыяду гэтая прысутнасць пастаянна павялічвалася. Безумоўным плюсам першага раздзела работы з’яўляецца тое, што, акрамя палітычных і прававых аспектаў інтэграцыі Інфлянтаў у склад Рэчы Паспалітай, увага таксама звернута на дзяржаўную палітыку ў адносінах да інфлянцкага сялянства, на асаблівасці канфесійнай сітуацыі ў правінцыі і на праблему лаяльнасці мясцовага насельніцтва ў час вайны са Шведскім каралеўствам.

Менавіта ў гэтай частцы працы В. Якубаў абгрунтоўвае тэзіс аб каланіяльным характары палітыкі Рэчы Паспалітай адносна Інфлянтаў, што потым паўтарае і ў высновах, але прыведзеныя аргументы падаюцца нам даволі спрэчнымі. Адну з праяў каланіяльнай палітыкі аўтар бачыць у пранікненні ў правінцыю шляхты Польшчы і ВКЛ, а таксама ў перасяленні туды простага насельніцтва, у тым ліку з Заходняй Еўропы. Аднак ствараецца ўражанне, што ў гэтым выпадку змяшаліся два нятоесныя паняцці – каланізацыя і каланіялізм. Аўтар піша пра дзве мадэлі каланізацыі – “пасяленчы” і “сурагатны” каланіялізм (!) (57, без спасылак на літаратуру па праблеме). У тым жа ВКЛ практыка запрашэння заходнееўрапейскага насельніцтва для асваення новых зямель і актывізацыі гаспадарчай дзейнасці была распаўсюджана да канца XVIII ст. І падобная каланізацыя не можа сама па сабе быць інструментам каланіялізму. Так і запрашэнне Стэфанам Баторыем еўрапейскіх каланістаў, у тым ліку, дарэчы, і з Нямеччыны, было выклікана патрэбай эканамічнага аднаўлення разбуранай ваенным ліхалеццем правінцыі, а не неабходнасцю палітычнага кантролю над ёй. У сваю чаргу, працэсы перасялення шляхты былі характэрныя для ўсіх частак Рэчы Паспалітай. Тая ж польская шляхта пранікала і на ўкраінскія землі Польскага каралеўства, і на землі Вялікага Княства, у чым цяжка ўбачыць якуюнебудзь праяву каланіялізму. Як і аднаўленне каталіцкай іерархіі ды з’яўленне ордэна езуітаў у Інфлянтах у час кіравання Стэфана Баторыя не было палітыкай метраполіі па “навязванні мясцовым жыхарам сваіх канфесійных… і культурных рамак і формаў” (298). Па-першае, такая палітыка праводзілася па ўсёй Рэчы Паспалітай (у 1580–1582 г. езуіцкі калегіум паўстаў і ў Полацку) і была часткай агульнаеўрапейскай і нават сусветнай тэндэнцыі па ўзмацненні пазіцый каталіцкай царквы. Па-другое, Стэфан Баторый хоць і фаварызаваў каталіцызм, але паслядоўна падтрымліваў мірнае суіснаванне розных канфесій на ўсёй падуладнай яму тэрыторыі. Мы не схільныя бачыць у Інфлянтах калонію Рэчы Паспалітай, паколькі апошняя не ставіла за мэту ані мэтанакіраванае выкарыстанне гаспадарчых рэсурсаў правінцыі, ані пазбаўленне яе палітычнай самастойнасці. Пераканаўчага абгрунтавання тэзіса аб тым, што “матэрыяльныя і людскія рэсурсы [Інфлянтаў] выкарыстоўваліся для вырашэння ўнутрыпалітычных задач Рэчы Паспалітай” (84) у працы не прыведзена. Наадварот, аўтар сам прызнае спрэчнасць перавагі “метраполіі над перыферыяй”, бо інфлянцкая шляхта захоўвала права на самакіраванне (299). У першых двух параграфах першага раздзела яскрава адлюстравана, што ад пачатку панавання Жыгімонта Вазы назіралася тэндэнцыя да пашырэння правоў нямецкай шляхты ў Інфлянтах, а таксама ствараліся тыя ж самыя палітычныя структуры, што і ў “метраполіі”. З матэрыялу рэцэнзаванай манаграфіі вынікае, што палітыка Рэчы Паспалітай адносна правінцыі ў розныя перыяды была рознай і мела супярэчлівы характар. І нам куды бліжэй іншы аўтарскі тэзіс – аб эвалюцыі гэтай палітыкі ад дыскрымінацыі і інкарпарацыі да кампрамісу і інтэграцыі (300–301) [4].

Другая частка манаграфіі прысвечана палітыцы каралеўскага двара і кіроўных колаў ВКЛ у адносінах да Рыгі. З улікам стратэгічнага значэння горада на Балтыцы вылучэнне падобнага раздзела выглядае цалкам апраўдана. У працы разгледжаны становішча Рыгі ў час Інфлянцкай вайны і яе далучэнне да Рэчы Паспалітай у 1582 г. Аўтар выразна паказаў месца рыжскага порта ў структуры міжнароднага гандлю, а таксама яго вялікую ролю для гаспадарчага развіцця Вялікага Княства, асабліва для беларускага Падзвіння і Падняпроўя. Таксама ў гэтай частцы аддадзена ўвага працэсу палітычнай інтэграцыі Рыгі ў склад Рэчы Паспалітай, які адбываўся ў складаных умовах перапляцення інтарэсаў рыжскага мяшчанства, каралеўскай улады і палітычных народаў ВКЛ ды Польшчы. Цяжкасці, якія сустракаліся на шляху ўключэння Рыгі ў структуры дзяржавы “Абодвух Народаў”, паказаны на аснове двух выбраных казусаў: “каляндарных беспарадкаў” 1584–1589 г. і канфлікту рыжан з дынамонцкім старастам Янам Астроўскім у 1580–1590 г. Тым не менш, верная пазіцыя рыжскага мяшчанства ў час вайны са Швецыяй у пачатку XVII ст., падрабязна разгледжаная ў гэтым раздзеле, была непасрэдным вынікам інтэграцыйных захадаў з боку Рэчы Паспалітай. Дададзім таксама: мы не знайшлі пераканаўчых доказаў аўтарскага сцвярджэння, што “прадстаўнікі ВКЛ больш за польскія эліты ўплывалі на палітыку Рэчы Паспалітай адносна Рыгі і ўсіх Інфлянтаў” (120). Аднак цалкам пагаджаемся з думкай, што ў канцы XVI – пачатку XVII ст. зацікаўленасць у сувязях з Рыгай, найперш гандлёвых, у Вялікім Княстве была надзвычайнай. Так, у 1624 г. удзельнікі Галоўнага з’езда ВКЛ звярталіся да Жыгімонта Вазы з асаблівай просьбай не забараняць велікакняжацкім падданым, асабліва яго ўсходніх зямель, вольнага гандлю з Рыгай, якая, заўважым, ужо была ў руках Швецыі. Ва ўхвале з’езда падкрэслівалася, што забарона гандлю вяла да дэфіцыту тавараў, падзення даходаў, у тым ліку шляхты, і росту цэн. Просьба ўтрымлівала і эмацыйны аргумент – “у нас уся Русь сохне без таго гандлю” [5].

Трэцяя частка манаграфіі – “Інфлянцкі фактар у замежнай палітыцы ВКЛ” – выклікае сур’ёзныя пытанні як па назве, так і па змесце. Паводле акта Люблінскай уніі 1569 г., пра што ва ўводзінах піша і сам аўтар (8), абвяшчалася агульная знешняя палітыка Рэчы Паспалітай [6]. Таму весці гаворку пра нейкую самастойнасць Вялікага Княства ў сферы міжнародных адносін у той перыяд не выпадае. Вядома, у надзвычайных абставінах бескаралеўя або вайны велікакняжацкія эліты рабілі асобныя ад палякаў знешнепалітычныя крокі. Аднак гэтыя выключэнні толькі пацвярджалі правіла. Дарэчы, у працы дакладна паказана, што ў разгляданы час знешняя палітыка Рэчы Паспалітай адносна Інфлянтаў цалкам адпавядала волі ды інтарэсам манархаў – Стэфана Баторыя і Жыгімонта Вазы. Лагічна было б чакаць, што аўтар адлюструе, якімі шляхамі палітычны народ ВКЛ адстойваў свае інтарэсы пры вырашэнні “інфлянцкага пытання” на міжнароднай арэне. На жаль, гэтая частка ўяўляе з сябе толькі падрабязнае апісанне карціны міжнародных супярэчнасцяў вакол Інфлянтаў, унутрыпалітычнай барацьбы ў Рэчы Паспалітай і баявых дзеянняў на землях правінцыі ў пачатку XVII ст. Здзіўленне выклікае тое, што па-за ўвагай аўтара засталіся апублікаваныя пасольскія кнігі Метрыкі ВКЛ, дзе ўтрымліваецца важная дыпламатычная інфармацыя за 80-я г. XVI – пачатак XVII ст. [7] Магчыма, з-за гэтага ў манаграфіі няма звестак аб “вялікім” пасольстве Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву 1582 г., якое ў час перамоваў мусіла таксама ўлічваць інтарэсы Швецыі ў Інфлянтах. Увогуле інфлянцкая палітыка Стэфана Баторыя ў 1582–1586 г. паказана выключна тэзісна. Немагчыма пагадзіцца з думкай, што падчас пасольства 1590–1591 г. дыпламаты ВКЛ не ўлічвалі шведскіх інтарэсаў Жыгімонта Вазы (134). Якраз наадварот, заключанае ў студзені 1591 г. 12-гадовае перамір’е паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай павінна было забяспечыць у тым ліку інтарэсы Швецыі [8]. У другім параграфе гэтага раздзела заяўленая праблема ўдзелу прадстаўнікоў ВКЛ у барацьбе Жыгімонта Вазы за карону Швецыі ў 1594–1599 г. зведзена да апісання стаўлення павятовых соймікаў Вялікага Княства да шведскай палітыкі манарха ў час соймавых кампаній 1597 і 1598 г. Куды большая ўвага аддадзена геапалітычным супярэчнасцям у Еўропе ды баявым дзеянням у Швецыі і Фінляндыі. У сваю чаргу параграф “Дыпламатыя ВКЛ напярэдадні і падчас вайны са Швецыяй у Інфлянтах 1600– 1611 г.” прысвечаны не столькі дзейнасці велікакняжацкай дыпламатычнай службы, колькі палітыцы Жыгімонта Вазы ў дачыненні да Маскоўскай дзяржавы ў кантэксце вайны са Шведскім каралеўствам [9], а таксама такой улюбёнай аўтарам геапалітыцы. На нашу думку, у манаграфіі не ўдалося стварыць поўнай карціны прыярытэтаў палітычнага народа ВКЛ на паўночна-ўсходнім напрамку знешняй палітыкі Рэчы Паспалітай у канцы XVI – пачатку XVII ст.

У адрозненне ад трэцяй чацвёртая частка “Баявыя дзеянні 1600–1611 гг. у Інфлянтах і іх уплыў на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў ВКЛ” выглядае найбольш поўнай, карэктнай і лагічна звязанай. В. Якубаў не толькі падрабязна паказаў ваенныя падзеі ў Інфлянтах у пачатку XVII ст., але і адлюстраваў уплыў набытага баявога досведу на трансфармацыю войска Вялікага Княства. Яскрава паказана, з якімі праблемамі сутыкалася скарбовая сістэма Рэчы Паспалітай пры арганізацыі ваенных кампаній у правінцыі. Апісанне баявых дзеянняў суправаджаецца спасылкамі на аўтарскія схемы, што спрыяе больш дакладнаму разуменню падзей на полі бітвы. Увогуле, манаграфія ўтрымлівае рэдкі і важны для тэмы даследавання ілюстрацыйны матэрыял (306–315). Значная ўвага аддадзена бітве са шведамі пад Кірхгольмам 27 верасня 1605 г. – адной з самых знакамітых перамог войска ВКЛ у перыяд ранняга Новага часу. Аўтар прааналізаваў колькасць і склад абедзвюх армій, іх узбраенне і тактыку, разгледзеў розныя фактары, якія прадвызначылі вынік узброенага сутыкнення, доказна ацаніў страты абодвух бакоў. У кнізе грунтоўна разгледжаны працэс утварэння вайсковых канфедэрацый, яго прычыны і вынікі як для палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай [10], так і для яе простага насельніцтва. Паказана праблема разліку земскага скарбу з удзельнікамі баявых дзеянняў у правінцыі. У цэлым менавіта гэты раздзел манаграфіі найбольш выразна паказвае вырашальны ўнёсак Вялікага Княства Літоўскага ва ўтрыманне Інфлянтаў у складзе Рэчы Паспалітай у час вайны са Швецыяй.

Выкажам яшчэ некалькі заўваг. Лішнюю блытаніну ва ўспрыманне тэксту ўносіць адначасовае выкарыстанне тэрмінаў “Лівонія” і “Інфлянты”, “Лівонская вайна” і “Інфлянцкая вайна” [11]. Некаторыя фармулёўкі падаюцца спрэчнымі. Так, князь Ян Друцкі-Саколінскі названы полацкім Рагвалодавічам (160), хоць гэта толькі версія і паходжанне князёў Друцкіх дакладна не высветлена. Прускае герцагства неаднаразова згадваецца як “Княская Прусія” (125 і інш.) – калька з польскай назвы “Prusy Książęce”. На жаль, сустракаюцца і відавочныя памылкі. Напрыклад, на мяжы XVI–XVII ст. роды Друцкіх-Горскіх, Друцкіх-Саколінскіх і Масальскіх аніякім чынам не належалі да “магнацкіх дамоў” (65–66). У 1599 г. вальны сойм Рэчы Паспалітай не склікаўся (69). Інфлянцкія “Артыкулы” (1582 г.) былі зацверджаны не соймам (92), а Стэфанам Баторыем ужо пасля яго заканчэння. Мікалай Сапега ў 1593 г. не займаў пасады менскага ваяводы (136), а Канстанцін (Васіль) Астрожскі не быў рускім ваяводам (224). На наш погляд, памылковае таксама скарачэнне каралеўскага імя – “С. Баторы” (40 і інш.). Значна палегчыла б працу з тэкстам складанне іменнага і геаграфічнага паказальнікаў. З пункту гледжання беларускага чытача безумоўна станоўчым бокам манаграфіі з’яўляецца яе напісанне пабеларуску. Пашырэнне сферы ўжывання роднай мовы паранейшаму мае сур’ёзнае грамадскае значэнне. Пры гэтым у тэксце сустракаюцца абдрукі, у тым ліку ў датах, некаторыя лексічныя і стылістычныя памылкі. Сумняваемся, што для навуковай манаграфіі пасуюць такія словазлучэнні, як “выбрык канфедэратаў”, “вынесла браму”, “вораг купіўся” і інш. Няма і аднастайнасці ў перадачы інфлянцкіх геаграфічных назваў, хоць спроба сістэматызацыі іх напісання па-беларуску ўжо зроблена ў айчыннай навуцы [12].

І, нарэшце, хацелася б выказаць некаторыя думкі адносна назвы манаграфіі. Яе фармулёўка стварае ўражанне, што ў 1582–1617 г. палітычны народ ВКЛ вёў асобную, самастойную барацьбу за кантроль над Інфлянтамі. Але ж паўстае шэраг пытанняў. У якой ступені пазіцыя шляхты вызначалася ўласнымі палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі, а ў якой была простай рэалізацыяй волі манарха? Што ў інфлянцкай палітыцы ВКЛ было “сваім”, а што “каралеўскім” або “рэчпаспалітаўскім”? Ці існавалі ў Вялікім Княстве асобныя групоўкі, якія мелі розныя погляды на вырашэнне “інфлянцкага пытання” ў часы панавання Стэфана Баторыя і Жыгімонта Вазы? Адказы на такія пытанні прынцыпова важныя для вырашэння пастаўленай аўтарам даследчай праблемы. З тэксту манаграфіі якраз вынікае, што адносна палітыкі ў Інфлянтах існавалі супярэчнасці паміж Радзівіламі, Хадкевічамі і Сапегамі, г. зн. гаварыць пра адзінства велікакняжацкай палітычнай эліты ў гэтым пытанні не выпадае. Шырокія колы шляхты ВКЛ, безумоўна, імкнуліся да ўмацавання сваіх пазіцый у правінцыі, падтрымлівалі яны і шведскую палітыку Жыгімонта Вазы. Аднак прыведзеныя пастулаты павятовых соймікаў, Галоўных соймікаў і з’ездаў ВКЛ былі хутчэй рэакцыяй на ініцыятывы каралеўскага двара або на сітуацыю тэатра баявых дзеянняў, а не праявамі самастойнай палітыкі ў “інфлянцкім пытанні”. Да таго ж неабходна памятаць, што пад уплывам розных абставін павятовыя шляхецкія супольнасці маглі на першае месца ставіць свае лакальныя інтарэсы, а патрэбы Інфлянтаў увогуле ігнараваць. Так, калі ў снежні 1600 г. віленскі ваявода і вялікі гетман Крыштаф Радзівіл Пярун заклікаў шляхту выходзіць на паспалітае рушэнне ды накіроўвацца на вайну са шведамі або наймаць жаўнераў, то ўдзельнікі павятовага сойміка ў Віцебску адназначна заявілі, што выправяцца ў правінцыю толькі ў выпадку захавання трывалага перамір’я з Маскоўскай дзяржавай і забеспячэння абароны памежжа [13].

Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што Вялікае Княства несла асноўны цяжар фінансавання вайны супраць Швецыі, але на гэтай падставе не варта перабольшваць антаганізм паміж Польшчай і ВКЛ. Не будзем забывацца на простую геаграфічную блізкасць ВКЛ да Інфлянтаў. Як толькі паўстала неабходнасць, то каронныя партнёры ВКЛ па супольнай Рэчы Паспалітай (па прыведзеных аўтарам падліках, на 77 %) прафінансавалі ваенныя кампаніі часоў Смуты, у выніку якіх, дарэчы, да ВКЛ быў далучаны Смаленск.

З мэтай падкрэсліць дамінаванне ВКЛ у Інфлянтах В. Якубаў неаднаразова сцвярджае, што большасць інфлянцкіх ураднікаў, у тым ліку сенатараў, былі або ўраджэнцамі Вялікага Княства, або іх сваякамі. Аднак і тут варта быць асцярожным з высновамі. “Грамадзянства” таго ці іншага шляхціча не вызначала аўтаматычна яго грамадскую пазіцыю, на якую ўплываў цэлы комплекс палітычных, канфесійных, кліентальных і нават суседска-сваяцкіх сувязяў і інтарэсаў. Прывядзем толькі адзін, але, на нашу думку, вельмі красамоўны прыклад, звязаны са згаданым аўтарам канфліктам паміж Жыгімонтам Вазам і велікакняжацкім палітычным народам вакол прызначэння паляка на пасаду віленскага біскупа, найвышэйшы сенатарскі ўрад ВКЛ. Віленскі біскуп і былы адміністратар Інфлянтаў Юрый Радзівіл прыняў у 1591 г. каралеўскую намінацыю на пасаду кракаўскага біскупа, цудоўна разумеючы, што гэтае прызначэнне адкрые шлях палякам да велікакняжацкіх урадаў. У адказ на ліст сенатараў ВКЛ, у якім тыя прасілі яго адмовіцца ад намінацыі, Ю. Радзівіл не толькі даводзіў сваё права быць кракаўскім біскупам, але і аспрэчваў права шляхты ВКЛ забараняць паляку займаць урад віленскага біскупа. Пры гэтым ён выразна падкрэсліваў свой дзяржаўны патрыятызм – стаўшы кракаўскім біскупам, не перастаў быць “шляхцічам літоўскім” [14]. Атрымліваецца, што для Ю. Радзівіла на першым месцы стаялі інтарэсы каталіцкай царквы, а яго разуменне правоў і вольнасцяў Вялікага Княства можа быць зусім нечаканым для сучаснага гісторыка.

На наш погляд, у працы перабольшваецца ступень самастойнасці ВКЛ у барацьбе за кантроль над Інфлянтамі на мяжы XVI–XVII ст. У гэтай барацьбе Вялікае Княства Літоўскае было толькі адным з фактараў, хоць і вельмі важным, якія вызначалі інфлянцкую палітыку Рэчы Паспалітай. Тым больш што аўтар сам пераканаўча паказаў, наколькі шчыльна экспансіянісцкія памкненні велікакняжацкіх эліт у дачыненні да правінцыі перапляталіся з інтарэсамі манарха, міжнароднай сітуацыяй, пазіцыяй кароннага боку ды “агульным дабром” усёй дзяржавы. Важна, каб, разбураючы чужыя міфы і стэрэатыпы, беларуская гістарычная навука не стварала ўласныя спрошчаныя схемы і мадэлі.

Такім чынам, манаграфія “Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI – пачатку XVII ст.” Віктара Якубава з’яўляецца важным унёскам у вывучэнне “інфлянцкага пытання”. Праца, відавочна, не пазбаўлена хібаў і спрэчных палажэнняў, але нашы заўвагі зусім не адмаўляюць у цэлым станоўчай ацэнкі праведзенага даследавання. Выказаныя заўвагі сведчаць аб шматграннасці і складанасці пастаўленай аўтарам даследчай праблемы, а таксама заклікаюць да актыўнай навуковай дыскусіі і далейшага вывучэння месца і ролі Вялікага Княства Літоўскага ў еўрапейскай гісторыі перыяду ранняга Новага часу.

Варшава

Уладзімір Падалінскі


[1] Можна назваць толькі дзве манаграфіі, якія выйшлі ў пачатку XXI ст.: Дзярновіч А. “… in nostra Livonia”. Дакументальныя крыніцы па гісторыі палітычных адносінаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Лівоніяй у канцы XV – першай палове XVI ст.: сістэматызацыя і актавы аналіз. Т. 1. Мінск, 2003; Янушкевіч А. М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558–1570 гг. Мінск, 2007.

[2] Bues A. Włączenie Księstwa Kurlandii i Semigalii do Rzeczypospolitej polsko-litewskiej w czasach Unii Lubelskiej // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу / навук. рэд. С. Ф. Сокал, А. М. Янушкевіч. Мінск, 2010. С. 94–105; Nowodworski W. Stosunki Rzeczypospolitej ze Szwecyą i Danią za Batorego // Przegląd Historyczny. T. XII. 1911. S. 11–30, 165–184, 308–324; Padalinski U. “Niech to każdy obaczy jeśli Litwa małą krzywdę, żal, despekt i wzgardą ma od Polaków”: epizod sporu między Litwą a Koroną Polską o Inflanty // Rocznik Lituanistyczny. T. 6. 2020. S. 121–133; Szpaczyński P. P. Mocarstwowe dążenia Zygmunta III w latach 1587–1618. Kraków, 2013.

[3] Dybaś B. Terytoria inflanckie w ramach Rzeczypospolitej (1561– 1795) // Rzeczpospolita w XVI–XVIII wieku. Państwo czy wspólnota? / Zbiór studiów pod red. B. Dybasia, P. Hanczewskiego, T. Kempy. Toruń, 2007. S. 179–192; Tarvel E. Stosunek prawnopaństwowy Inflant do Rzeczypospolitej oraz ich ustrój administracyjny w l. 1561–1621 // Zapiski Historyczne. 1969. T. 34. Z. 1. S. 49–77; Wisner H. Opinia szlachecka Rzeczpospolitej wobec polityki szwedzkiej Zygmunta III w latach 1587–1632 // Zapiski Historyczne. 1973. T. 38. Z. 2. S. 5–50.

[4] На нашу думку, у рабоце няма дакладнага размежавання тэрмінаў “каланіялізм”, “інкарпарацыя”, “інтэграцыя” і “ўніфікацыя”.

[5] Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. 2. Okresy panowań królów elekcyjnych, XVI–XVII wiek / oprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2009. S. 245.

[6] Volumina Constitutionum. T. II (1550–1609). Vol. 1 (1550–1585) / do druku przygot. S. Grodziski, I. Dwornicka i W. Uruszczak. Warszawa, 2005. S. 236.

[7] Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского: в 2 т. Т. 2. 1576–1583 гг. / ред. М. Погодин, Д. Дубенский. Москва, 1843; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 594. 1585–1600 / parengė A. Baliulis. Vilnius, 2006; Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. Kn. 593. 1585–1604 / parengė A. Baliulis. Vilnius, 2009.

[8] Lietuvos Metrika. Kn. 594. S. 111–156. Гл. таксама: Карамзин Н. М. История государства Российского: в 3 кн. Кн. 3. Т. 10. С.-Петербург, 1998. С. 328–329; Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Кн. 4 (1584–1613). Т. 7. Москва, 2001. С. 307– 309; Флоря Б. Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVI – начале XVII в. Москва, 1973. С. 39–44. Пасля смерці ў Маскве падляшскага ваяводы Станіслава Радзімінскага перамовы завяршалі велікакняжацкія падканцлер Габрыэль Война і пісар Мацей Война, але заключанае перамір’е не было асобнай справай дыпламатыі ВКЛ, бо змест гэтай місіі быў загадзя вызначаны манархам і ўзгоднены з каронным бокам.

[9] Насуперак меркаванню аўтара, у апошняй трэці XVI – пачатку XVII ст. у складзе “вялікіх” пасольстваў Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву “больш тытулаванымі” заўсёды былі прадстаўнікі Польшчы, а не ВКЛ (160), гл., напрыклад: Падалінскі У. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага ў дыпламатычных місіях Рэчы Паспалітай (апошняя трэць XVI ст.) // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 3. Мінск, 2010. С. 188–208.

[10] У першую чаргу паказаны падзеі рокаша Зебжыдоўскага 1606–1609 г. і іх узаемасувязь з ваенна-палітычнай ды фінансавай сітуацыяй у Інфлянтах.

[11] Аўтар сцвярджае, без адпаведнай спасылкі, што ў крыніцах ВКЛ баявыя дзеянні 1579–1582 г. называліся “Полацкай вайной” (12). Аднак у вядомых нам крыніцах такое паняцце ўжывалася выключна (!) адносна ваеннай кампаніі 1579 г., кульмінацыяй якой і было вызваленне Полацка ў жніўні 1579 г.

[12] Дзярновіч А. “… in nostra Livonia”. С. 322–333.

[13] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dz. II. Sygn. 421. S. 1–2. Гл. таксама: Herbst S. Wojna inflancka 1600–1602. Wyd. 2. Zabrze, 2006. S. 55–59.

[14] Biblioteka Raczyńskich w Poznaniu. Rkps. 78. K. 212–215v. Ліст да віленскага біскупа, высланы ў траўні 1591 г. з Галоўнага з’езда ВКЛ, падпісалі 11 сенатараў, у т. л. родны брат Юрыя Радзівіла троцкі ваявода Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка: Akta zjazdów stanów… T. 2. S. 92–94.

Наверх