Магдалена Валігурска, Іна Соркіна, Ехіель Вайцман, Марта Дух-Дынгаш. З’ехаць ці застацца? Міграцыйныя рашэнні ацалелых пад час Халакосту ў Польшчы, Беларусі і Украіне*
Цылі Капяловіч (Tsilah Kopolovits) з Міра было дваццаць два гады, калі яна вярнулася летам 1944 г. у роднае мястэчка з Налібоцкай пушчы, дзе хавалася пад абаронай партызанскага атрада Бельскіх. Грузавік Чырвонай арміі падвёз яе да ўскраіны мястэчка, яна злезла з яго ў хваляванні і ў слязах і пабегла ў цэнтр, каб ўбачыць, ці стаіць яшчэ яе дом: “Я пабегла да свайго дома. <…> Я думала, што калі дом быў спалены, то я не застануся ў Міры. <…> Але я падбегла, і дом стаіць. Я зайшла. <…> Увайшла, а там поўны дом гояў [неяўрэяў]. І кватарантка правяла мяне і сказала гоям: «Гэта baleboste [уласніца дома]». Але я разгубілася ад гэтых усіх гояў і выбегла. Я пабегла да маёй Соні [сяброўкі і памочніцы]. <…> [Пазней у гэты вечар] жанчына, якая жыла ў маім доме… прыйшла і сказала: «Цыля, прыходзь, будзеш спаць з маёй дачкой». Вельмі міла з яе боку. І я спыталася: «Соня, ці ісці мне?» А яна адказала: «Ідзі, не бойся. Яны цябе не заб’юць». <…> А я мушу сказаць, што ў іншых мястэчках гаварылі: «Сыходзь, бо цябе заб’юць. Не патрабуй свайго дома». І я засталася ў маім доме. Яна адвяла мне кут, ложак і дала мне падушку і [не чуваць]. Вельмі міла. І я заставалася ў сваім доме. Увесь час, увесь час” [1].
Цыля Капяловіч жыла разам з новымі насельнікамі дома год, пакуль не вырашыла прадаць свой дом і “рэпатрыявацца” ў Польшчу ў 1945 г. Яе гісторыя вяртання ў беларускае мястэчка (штэтл) пасля вайны – хутчэй выключэнне. Цыля Капяловіч усведамляла гэта, бо падкрэслівала, што яе неяўрэйскія суседзі ставіліся да яе лепш, чым у многіх іншых месцах. Стаўленне мясцовага (неяўрэйскага) насельніцтва да яўрэяў, якія вярталіся ў родныя мясціны пасля вайны, было розным у савецкіх Беларусі і Украіне і ў Польшчы, але ў кожным з гэтых месцаў стаўленне неяўрэяў мела вырашальны ўплыў на рашэнне застацца ці эміграваць, якое прымалі ацалелыя ў Халакосце.
“Яўрэйскім уцёкам” з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ўжо была аддадзена дастатковая ўвага, як з макра-перспектывы асноўных кірункаў міграцыі, сетак перамешчаных асоб, яўрэйскіх арганізацый, што садзейнічалі “ўцёкам” з Еўропы [2], так і з мікраперспектывы індывідуальных біяграфій ацалелых яўрэяў, якія вырашылі пакінуць краіны свайго паходжання ў адну з пасляваенных хваляў міграцыі [3]. Нашмат менш увагі было аддадзена маленькім супольнасцям з адной мясцовасці, якія выжылі, у нашым выпадку – з аднаго мястэчка (штэтла). Такі мезаўзровень аналізу дазваляе ўбачыць, як групавы ціск і дынаміка ланцуговай міграцыі ўплывалі на індывідуальныя рашэнні наконт міграцыі. Больш за тое, даследаванні пасляваеннай міграцыі звычайна рабіліся ў рамках нацыянальных гістарыяграфій і рэдка вывучаліся ў кампаратыўнай перспектыве, якая б выходзіла за межы нацыянальных дзяржаў [4]. У гэтым артыкуле пасляваенная яўрэйская міграцыя і адмова міграваць разглядаюцца з перспектывы мястэчка, а не дзяржавы. Пры гэтым аўтары разглядаюць матывацыю не толькі тых, хто вырашыў з’ехаць, але і тых, хто застаўся. Такі пункт гледжання дазваляе ўбачыць больш нюансаў у агульных мадэлях міграцыі, прадстаўленых у макрадаследаваннях. У той жа час вывучэнне кагорт з аднаго мястэчка таксама дазваляе вылучыць мясцовыя мадэлі і адкрыць другарадныя тэндэнцыі, на якія вырашальны ўплыў аказвалі, напрыклад, рэгіянальныя адрозненні ўзроўню антысемітызму, канкрэтныя спосабы выжывання і г. д. Такім чынам, гэты артыкул таксама мае на мэце ўключыць яўрэйскую міграцыю непасрэдна пасля вайны ў больш агульныя даследаванні яўрэйскай міграцыі ў новы час [5]. Дасюль тэндэнцыі перамяшчэння яўрэяў пасля Халакосту разглядаліся ў даследаваннях пераважна як “уцёкі”, а не “эміграцыя”, і таму выбар, які ў першыя месяцы пасля вайны зрабілі тыя, што выжылі, звычайна разглядаўся як неістотная папярэдняя стадыя ў кірунку да непазбежнага рашэння пакінуць Усходнюю Еўропу. Але, калі мы добра прыгледзімся да траекторый перамяшчэння яўрэяў у першыя пасляваенныя месяцы, то ўбачым, што прыняцце рашэнняў было дынамічным працэсам з невядомым вынікам. Рашэнні прымаліся ў адказ на развіццё мясцовай сітуацыі, на іх уплывалі разнастайныя асабістыя і калектыўныя фактары. Уключэнне гэтага папярэдняга выбару ў аналіз пасляваеннай яўрэйскай міграцыі паказвае больш шырокі набор сцэнарыяў, чым прапаноўвае наратыў “вялікіх уцёкаў”. Такая перспектыва таксама пралівае больш святла на суб’ектнасць тых, што выжылі ў Халакосце, іх індывідуальныя рашэнні, якія адрозніваліся ад тыповых, і на групавую дынаміку, якая ўплывала на выбар цэлых супольнасцяў.
На падставе звестак па міграцыі, сабраных з вусна-гістарычных інтэрв’ю і пісьмовых сведчанняў ацалелых яўрэяў, архіўных дакументаў (дакументы судоў, якія датычаць вяртання маёмасці; суды над калабарантамі), друкаваных мемуараў і yizker-bikher (кніг памяці) па шасці выбраных мястэчках мы змаглі сабраць базу дадзеных, якая дакументуе пасляваенныя рашэнні наконт міграцыі 1018 асобаў. На падставе гэтай інфармацыі наша даследаванне паказвае, да якой ступені разнастайным феноменам была яўрэйская эміграцыя з Усходняй Еўропы. Нашы дадзеныя таксама дазваляюць пачаць абмеркаванне серыі ўзаемазвязаных пытанняў. Чаму тыя, што выжылі ў Халакосце, вырашалі застацца ў сваіх мястэчках пасля вайны ці з’ехаць з іх – і як надоўга? Якія фактары ўплывалі на выбар імі канчатковых і прамежкавых пунктаў прызначэння? Да якой ступені мы можам вызначыць калектыўную дынаміку ў эміграцыі індывідаў? Ці ўплывалі спосабы выжывання на рашэнні застацца ці з’ехаць?
Агульная карціна: статыстыка яўрэйскай міграцыі
Польскія яўрэі, якія былі найбольшай яўрэйскай супольнасцю ў Еўропе да 1939 г., панеслі ў час Халакосту найбольшыя страты. З прыкладна 3 мільёнаў польскіх яўрэяў на тэрыторыях, акупаваных нацысцкай Нямеччынай, выжылі толькі 60 тысяч [6]. Каля 1,5 млн польскіх яўрэяў апынулася на ўсходніх тэрыторыях даваеннай Польшчы, акупаваных СССР у 1939 г. Перспектывы выжывання там былі лепшымі: 350 тыс. яўрэяў, якія пражывалі на гэтай тэрыторыі, змаглі эвакуявацца ў савецкі тыл, пазбегнуўшы такім чынам Халакосту [7]. Ацэнкі агульнай колькасці польскіх яўрэяў, якія перажылі вайну, вагаюцца ад 350 тыс. да 500 тыс. чалавек, але толькі малая частка з гэтай колькасці выбрала вяртанне ў пасляваенную Польшчу ці вырашыла застацца ў ёй назусім [8]. На піку пасляваеннага вяртання яўрэяў у Польшчу ў чэрвені 1946 г. у краіне пражывала 220–240 тыс. яўрэяў [9]. Але так працягвалася нядоўга. Пагром у Кельцах 4 ліпеня 1946 г., у якім загінула 42 чалавекі, разам з іншымі выпадкамі гвалту супраць яўрэяў выклікалі сярод іх масавую паніку: да канца 1947 г. Польшчу пакінула каля 150 тыс. чалавек [10].
75% яўрэяў, якія эмігравалі з Польшчы непасрэдна пасля вайны, карысталіся дапамогай “Брыхі” (“ўцёкі” на іўрыце) – яўрэйскай сеткі, якая арганізоўвала нелегальныя і напаўлегальныя шляхі міграцыі з Еўропы ў Палестыну (пад брытанскім мандатам) [11]. Найбольш тыповы маршрут з Польшчы ў Палестыну вёў праз лагеры для перамешчаных асоб у Нямеччыне, Аўстрыі ці Італіі [12]. Першы перыяд пасляваеннай яўрэйскай выязной міграцыі скончыўся ў 1947 г., але за ім услед рушылі хвалі эміграцыі 1949–1950, 1956–1957 і 1968 г., якія былі выкліканы ўрадавымі антысеміцкімі кампаніямі [13].
Пэўная колькасць польскіх яўрэяў у час вызвалення знаходзілася на нямецкай тэрыторыі – у канцэнтрацыйных лагерах. Хоць у траўні 1945 г. 65% з іх хацелі вярнуцца ў краіну паходжання, але з працягам гвалту супраць яўрэяў у пасляваеннай Польшчы гэтая колькасць хутка скарацілася [14]. На красавік 1946 г. у нямецкіх лагерах для перамешчаных асоб (DP) пражывалі 110 тыс. польскіх яўрэяў [15]. За наступныя паўгода іх колькасць вырасла яшчэ на 60 тыс. [16] У выніку 40% польскіх яўрэяў, якія прайшлі праз нямецкія лагеры DP, эмігравалі далей у Палестыну (пазней – Ізраіль), а ад адной пятай да траціны з іх выехала ў Злучаныя Штаты [17].
Хоць многія яўрэі пасля вайны з Польшчы выязджалі, меў месца і пастаянны прыток яўрэйскіх мігрантаў, што вярталіся ў краіну з Савецкага Саюза. 6 ліпеня 1945 г. Польшча падпісала пагадненне пра абмен насельніцтвам з савецкімі рэспублікамі Украінай, Беларуссю і Літвой, і гэта стварыла магчымасць для этнічных палякаў і яўрэяў, якія былі грамадзянамі Польшчы да 1939 г., паўдзельнічаць у “рэпатрыяцыі” і з’ехаць з СССР у Польшчу [18]. Калі мы прымем асцярожную ацэнку Альберта Кагановіча, што каля 300 тыс. польскіх яўрэяў у час вайны заставаліся на неакупаванай савецкай тэрыторыі, і параўнаем гэта з наяўнымі дадзенымі па выязной міграцыі з СССР, то атрымаецца, што абсалютная большасць яўрэяў, якія мелі права выехаць у Польшчу пасля 1945 г., скарысталіся гэтай магчымасцю [19]. Больш за 230 тыс. з іх пераехалі ў сацыялістычную Польшчу да канца 1940-х як “рэпатрыяваныя” грамадзянскія [20], звыш 18 тыс. прыехалі ў другую хвалю рэпатрыяцыі ў другой палове 1950-х гадоў [21], ад 2 да 20 тыс. вярнуліся ў Польшчу як салдаты арміі Берлінга [22] і невядомая колькасць пераехала па сваёй ініцыятыве. Яўрэйскіх “рэпатрыянтаў” накіроўвалі пераважна ў Заходнюю Польшчу, і найбольшая іх колькасць была зарэгістравана ў такіх гарадах, як Уроцлаў (69 993) і Шчэцін (30 873) [23]. Некаторыя, праўда, ехалі і ва Усходнюю Польшчу, у тым ліку ў люблінскі рэгіён [24]. Яўрэйскія камітэты, яўрэйскае самакіраванне і дабрачынныя арганізацыі, заснаваныя пасля 1945 г. у Польшчы, адыгралі важную ролю ў забеспячэнні гэтых яўрэйскіх мігрантаў жыллём, ежай, вопраткай і медычнай дапамогай [25].
Генадзь Эстрайх мяркуе, што, нягледзячы на масавы выезд на захад, дзясяткі тысяч былых польскіх яўрэяў па розных прычынах засталіся ў СССР [26]. Першы пасляваенны савецкі перапіс 1959 г. выявіў, што ў Беларускай ССР жылі больш за 150 тыс. яўрэяў, а ва Украінскай ССР – каля 840 тыс. [27] Тут важна адзначыць няроўнасць у колькасці яўрэйскага насельніцтва ў заходніх і ўсходніх частках гэтых рэспублік. У савецкай Беларусі, напрыклад, толькі 10% яўрэйскага насельніцтва жыло ў заходняй частцы. У той час як у Гомельскай вобласці доля яўрэйскага насельніцтва складала 3,3%, у Гродзенскай вобласці – толькі 0,3% [28]. У савецкай Украіне назіралася аналагічная заканамернасць [29]. Гэта тлумачылася як тым, што яўрэйскія жыхары Усходняй Беларусі і Усходняй Украіны не мелі права “рэпатрыявацца” ў Польшчу, так і тым, што на ўсходзе быў вышэйшы адсотак тых, хто выжыў, бо ў іх было больш часу на эвакуацыю ў 1941 г.
Прычыны з’ехаць
Хоць гісторыкі яўрэйскай міграцыі звычайна ўказваюць на сукупнасць прычын, якія падштурхоўвалі ўсходне- і цэнтральнаеўрапейскіх яўрэяў да эміграцыі ў перыяд адразу пасля вайны, у тым ліку на скептычнае стаўленне да ўладаў СССР, кепскія эканамічныя ўмовы і выкліканую Халакостам траўму, страх перад антысеміцкім гвалтам заўсёды пазначаецца як галоўны фактар [30]. У выпадку Польшчы пагром у Кельцах 1946 г. стаў сімвалічным водападзелам, які даў штуршок да масавага выезду яўрэяў з краіны, але разні ў Кельцах папярэднічалі меншыя пагромы ў Кракаве і Жэшаве (у 1945 г.), а таксама іншыя акты брутальнага гвалту супраць яўрэяў у шмат якіх населеных пунктах па ўсёй краіне [31].
У Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне істотнымі фактарамі, якія падштурхоўвалі да выезду, былі як больш моцныя савецкія рэпрэсіі супраць яўрэяў да 1941 г., так і больш жорсткая антырэлігійная палітыка. Як адзначае Эліяна Адлер, той факт, што савецкія ўлады ў 1939– 1941 г. дэпартавалі каля 70 тыс. польскіх яўрэяў у аддаленыя раёны Савецкага Саюза, моцна падарваў іх лаяльнасць да СССР [32]. Яўрэйскае рэлігійнае жыццё было строга абмежавана з 1918 г., але палітыка закрыцця сінагог і канфіскацыі маёмасці яўрэйскіх рэлігійных супольнасцяў працягвалася на захадзе Беларусі і Украіны і пасля 1944 г. [33] Да груп, якія з асаблівай настойлівасцю шукалі шляхі выезду з СССР з-за абмежавання рэлігійных свабод і страху перад рэпрэсіямі, належалі хасіды і актывісты ідышысцкага руху [34]. Іншай групай, у якой была асабліва моцная матывацыя выехаць як з СССР, так і з Польшчы, былі перакананыя сіяністы [35]. Але і ў Савецкім Саюзе, дзе выпадкі масавага гвалту супраць яўрэяў не рэгістраваліся, за выключэннем Кіеўскага пагрому 1945 г., пытанні бяспекі адыгрывалі вядучую ролю.
Пасляваенная хваля гвалту
У пасляваенных мястэчках Усходняй Еўропы працягваўся гвалт супраць яўрэяў. У той час як ацалелыя яўрэі шукалі спосабы захаваць бяспеку, існаванне ў такіх умовах і няздольнасць дзяржаўных органаў справіцца з пагрозай ці нават – як у выпадку з пагромам у Кельцах – іх удзел у гвалце былі істотнымі фактарамі, якія падштурхоўвалі яўрэяў міграваць. Інертнасць ці падкрэсленая незацікаўленасць уладаў у папярэджанні гвалтоўных дзеянняў супраць яўрэяў і прыцягненні да адказнасці злачынцаў стварала ў ацалелых у час Халакосту ў пасляваенных Польшчы і Савецкім Саюзе пачуццё глыбокага расчаравання.
За выключэннем першай маштабнай хвалі савецкіх судоў супраць нацысцкіх калабарантаў, якая прайшла пасля 1944 г., савецкае кіраўніцтва не змагалася з праяўленнем антыяўрэйскіх настрояў у пасляваенным грамадстве [36]. Пасля пагрому 1945 г. у Кіеве не было публічнага судовага працэсу, а на пасляваенных судах над “здраднікамі радзімы” не ўздымалася тэма антысеміцкай матывацыі гвалту. Судовыя ўлады таксама заплюшчвалі вочы на зверствы, учыненыя “здраднікамі”, што перайшлі на бок партызан [37]. Патрабаванні ацалелых прыцягнуць да адказнасці тых, хто абрабаваў іх ці ўкраў іх маёмасць, таксама ігнараваліся [38]. У Кіеве ды іншых украінскіх гарадах яўрэі адчувалі атмасферу пагрому кожны раз, калі спрабавалі вярнуць сваю ўласнасць [39]. З часам кіраўніцтва СССР пачало інструменталізаваць распаўсюджаныя антысеміцкія настроі, кульмінацыяй чаго стала палітыка дзяржаўнага антысемітызму пасля 1948 г., а таксама роспуск Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта і яўрэйскіх пісьменніцкіх секцый [40]. Яўрэйскія актывісты, якія звярталіся да савецкіх уладаў з просьбамі супрацьдзейнічаць антысемітызму, сутыкнуліся з арыштамі і расстрэламі [41].
Не дзіва, што пытанне бяспекі таксама востра стаяла на парадку дня пасляваенных польскіх яўрэйскіх арганізацый. Прадстаўнікі яўрэяў пастаянна звярталіся да прэм’ер-міністра, у Міністэрства юстыцыі і ў Міністэрства грамадскага парадку і заклікалі прыняць меры, каб абараніць яўрэйскае насельніцтва, пакараць злачынцаў і супрацьдзейнічаць антысемітызму [42]. Многія ацалелыя, аднак, адчувалі, што дзяржаўныя ўлады не змаглі забяспечыць ім адэкватнай абароны [43]. Таму мясцовыя яўрэйскія супольнасці арганізоўвалі малыя атрады ўзброеных добраахвотнікаў, каб абараняць яўрэйскія арганізацыі. Але толькі пасля пагрому ў Кельцах Цэнтральны камітэт яўрэяў у Польшчы, са згоды дзяржаўных органаў, заснаваў Цэнтральную спецыяльную камісію (Centralna Komisja Specjalna), каб арганізаваць юрыдычна аформленую абарону яўрэйскай маёмасці і яўрэйскага супольнага жыцця [44]. Аднак гэтыя меры часта былі недастатковымі. Напрыклад, люблінскі аддзел Спецыяльнай камісіі хутка прыняў рашэнне эвакуяваць усіх яўрэяў, што жылі ў мястэчках рэгіёну, палічыўшы, што немагчыма гарантаваць ім бяспеку. У канцы 1946 г. ацалелыя яўрэі з Мендзыжэча былі эвакуяваны ў Ніжнюю Сілезію, а ў снежні апошнія яўрэі пакінулі Краснік [45].
Адчуванне небяспекі было для яўрэяў, якія заставаліся ў мястэчках, надзённай праблемай, асабліва з улікам таго, што мясцовыя ўлады, уключна з грамадзянскай міліцыяй (MO) і палітычнай паліцыяй (UB), былі ў цэлым варожа настроеныя ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва [46]. Справаздачы Люблінскага яўрэйскага камітэта першых пасляваенных гадоў дакументуюць пастаянную дыскрымінацыю і акты адкрытага гвалту супраць яўрэяў з боку як мясцовага насельніцтва, так і дзяржаўных органаў [47]. У Любліне работнік сістэмы аховы здароўя (неяўрэй) адмовіўся выдаць рыбін тлушч, прапісаны яўрэйскім дзецям [48]. У выніку абвінавачання ў рытуальным забойстве MO былі арыштаваны трое яўрэйскіх мужчын, і аднаго з іх катавалі [49]. У Красніку група пікетчыкаў стала перад яўрэйскімі крамамі, блакуючы ўваход пакупнікам [50]. У Парчаве мясцовыя мужчыны забілі трох яўрэяў і абрабавалі яўрэйскія дамы [51]. Хоць да нейкай ступені гэтыя інцыдэнты паўтаралі даваенныя дыскрымінацыйныя практыкі (байкот крам, крывавы нагавор), яны таксама неслі новую пячатку брутальнасці ваенных часоў і, што асабліва сумна, часта адбываліся пры патуранні новых камуністычных уладаў.
Узаемасувязь паміж антыяўрэйскім гвалтам, асабліва пагромам у Кельцах, ды інтэнсіфікацыяй яўрэйскай выязной міграцыі з Польшчы відавочная і задакументаваная многімі іншымі аўтарамі [52]. Розгалас пра хвалю антысеміцкага гвалту ў Польшчы набыў міжнародны характар. Навіны хутка распаўсюдзіліся за мяжой, як у лагерах перамешчаных асоб у Нямеччыне, так і ў СССР [53]. Ужо ў 1945 г. некаторыя яўрэі, якія “рэпатрыяваліся” з Беларускай ССР ці Украінскай ССР у Польшчу, ведалі пра гвалтоўныя акты, якія адбываліся на польскай тэрыторыі. Калі Цыля Капяловіч з Міра сядала на рэпатрыяцыйны цягнік у ліпені 1945 г., яе папярэджвалі, каб яна была асцярожнай адразу пасля перасячэння новай мяжы: “Мы пайшлі на станцыю. Там ужо было багата людзей. <…> Людзі сказалі нам, што калі [мы] прыедзем у Беласток, горад у Польшчы, то мусім не адчыняць дзверы, бо палякі грукаюцца ў дзверы, а ў іх [агнястрэльная] зброя, яны раняць і забіваюць яўрэяў. Было ўжо вядома” [54].
Ален Смол з Іўя таксама прыгадаў лейтэнанта Чырвонай арміі, які, пачуўшы, што Смол задумваўся пра “рэпатрыяцыю”, папярэдзіў пра небяспеку ад палякаў: “Они убьют тебя” [55]. Цікава, што веданне сітуацыі не ўтрымала значную частку яўрэяў ад пераезду ў Польшчу. Гэты парадокс можна патлумачыць тым, што, з аднаго боку, Польшча разглядалася толькі як пункт транзіту на шляху ў іншыя заходнія краіны ці Палестыну, а з іншага – глыбокім расчараваннем у савецкай сістэме і страхам перад ёй. Прамы гвалт, несумненна, быў асноўнай матывацыяй, каб з’ехаць з Усходняй Еўропы, аднак гэта быў не адзіны фактар.
Савецкія рэпрэсіі і антысемітызм у савецкім партыйна-дзяржаўным апараце
Хоць наступ Чырвонай арміі нёс яўрэям выратаванне ад немінучай смерці, усталяванне бальшавіцкага рэжыму ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне прынесла мясцовым яўрэям і цяжкасці. Узніклі абмежаванні, рэпрэсіі і, урэшце, дзяржаўны антысемітызм. У выніку многія яўрэі ставіліся да савецкай мадэлі прынамсі амбівалентна. Вядома, некаторыя яўрэі атрымалі выгаду ад новай палітыкі. Сімха Іцкавіч (Itzkovitz) з Міра, чый бацька быў мясніком, прыгадаў, што саветы канфіскавалі зямлю польскага пана і размеркавалі яе, і гэта дазволіла яго бацьку атрымаць 5 гектараў і заняцца сельскай гаспадаркай [56]. Цодак Іцкавіч (Jack Itkow) з Міра ўспамінаў, што ў 1939 г. яго сям’і далі 2 гектары зямлі, і яны пачалі вырошчваць збожжавыя і бульбу [57]. Яўрэйскім прадпрымальнікам, аднак, саветызацыя прынесла сур’ёзныя перашкоды. Вела Бельскі з Іўя згадвала, што саветы нацыяналізавалі пякарню яе бацькі і што сям’і нялёгка было змірыцца з савецкай палітыкай [58]. Прадпрыемства, якое належала сям’і Цыпоры Зінгер з Іўя, было нацыяналізавана разам з іх домам, а яе бацька быў арыштаваны і высланы ў лагер у Баранавічах [59]. Берка (Берыл) Бакшт (Bakszt) з Іўя, чыя абутковая фабрыка таксама была нацыяналізавана, выпраўляў сваіх дзяцей начамі ў схованкі, баючыся дэпартацыі [60].
Многія яўрэі з разгубленасцю глядзелі, як яўрэйскія культавыя будынкі пераабсталёўваюцца пад секулярнае выкарыстанне. Новыя ўлады прыстасавалі будынкі ешывы ў Міры для правядзення сходаў і танцаў [61]. Пасля вайны ў Іўі захаваліся ўсе тры сінагогі, але яны былі ператвораны адпаведна ў дом культуры, пякарню і электрастанцыю. Сінагога ў Бродах была пераабсталявана ў склад і кафетэрый [62]. Калі савецкая антырэлігійная палітыка глыбока раніла многіх яўрэяў, то іншыя меры, уведзеныя савецкімі ўладамі яшчэ ў 1939–1941 г., мелі для іх проста экзістэнцыйныя наступствы.
Дэпартацыя прыкладна 70 тыс. яўрэяў у 1939–1941 г. была такім досведам, які прымусіў многіх яўрэяў асцерагацца савецкай сістэмы [63]. Нават калі шанцы выжыць у гэтых дэпартаваных былі вышэйшыя, чым пад нацысцкай акупацыяй, траўма зняволення і прымусовай працы пахіснула лаяльнасць гэтай катэгорыі да Савецкага Саюза [64]. Яшчэ адной прычынай расчаравання ў савецкай сістэме было нежаданне ваенных уладаў уключаць яўрэяў у планы эвакуацыі. Ёсць сведчанні, што пакідалі нават яўрэяў, якія хацелі запісацца ў Чырвоную армію, а таксама што яўрэям не давалі перайсці старую польска-савецкую мяжу, калі яны спрабавалі ўцячы на ўсход ад нямецкага наступу ў 1941 г. [65] Нарэшце, пачатак вайны з нацысцкай Нямеччынай прынёс “вялізны ўздым нізавога антысемітызму” па ўсім СССР, і гэты ўздым адчулі на сабе як тыя яўрэі, што змаглі эвакуявацца, так і тыя, што засталіся на месцы [66].
Антысемітызм сярод савецкіх партызанаў таксама добра запомніўся ацалелым яўрэям. Яўрэяў, якія збягалі ў лес, не надта ахвотна прымалі ў партызанскія атрады, асабліва калі яны былі без зброі. Часам яны сутыкаліся з адкрытым антысемітызмам [67]. Ален Смол з Іўя ўспамінаў, як пасля ўцёкаў з гета наткнуўся на “дрэнных партызанаў”, тыя хацелі застрэліць яго, і толькі абяцанне прынесці яўрэйскія скарбы, схаваныя ў гета, уратавала яму жыццё [68]. Сімха Іцкавіч з Міра страціў свайго старэйшага брата, забітага партызанамі з антысеміцкіх матываў у 1943 г. [69] Марыя Гільмоўская, таксама з Міра, сутыкнулася ў савецкіх партызанскіх атрадах з сексуальным гвалтам [70]. Файвэл Кінкулькін (Philip Kinn) з Іўя бачыў у адным партызанскім атрадзе расстрэл групы яўрэйскіх дзяўчат пасля таго, як камандзір вырашыў, што яны не змогуць ісці ў нагу з атрадам і абвінаваціў іх у распаўсюдзе палавых хвароб сярод байцоў [71]. Усе гэтыя выпадкі паўплывалі на тое, як ацалелыя яўрэі глядзелі на СССР, і часта ўплывалі на рашэнне пакінуць Савецкі Саюз пасля заканчэння вайны.
Савецкая палітыка ў дачыненні да ацалелых яўрэяў таксама была грубай. У прыватнасці, імгненная мабілізацыя ў Чырвоную армію выклікала ў іх жах. Давід Бакшт (Bakszt) з Іўя, прызваны ў Чырвоную армію адразу ж пасля вызвалення, адчуваў замяшанне, калі быў вымушаны пакінуць сваіх бацьку і сястру і зноў рызыкаваць сваім жыццём [72]. Ісаак Суцін (Jack Sutin) з Міра змог пазбегнуць прызыву, даўшы хабар медкамісіі [73]. Файвэл Кінкулькін (Philip Kinn), які таксама выжыў у партызанскім атрадзе, каб пазбегнуць прызыву ў Чырвоную армію, хутка ўцёк у Польшчу [74]. Імавернасць быць мабілізаваным у армію, прафесійную вучэльню ці працоўныя батальёны, на працу ў вугальных шахтах Данбаса ці Кузбаса выклікала агульнае пачуццё трывогі сярод ацалелых яўрэяў, якія спрабавалі адбудаваць сваё жыццё ў родных мястэчках [75]. Бацьку Маршы Золтак (Marsha Zoltak) паслалі на працу ў Сібір на два з паловай гады. Да таго часу, як яму дазволілі вярнуцца ў Мір, рэшта сям’і ўжо з’ехала ў Польшчу [76]. Траўматызаваным ацалелым яўрэям, што выйшлі са сховаў ці вярнуліся з партызанскіх атрадаў, такія прымусовыя меры, якія адрывалі іх ад родных людзей і родных мясцін, прыносілі яшчэ большы стрэс, чым астатнім жыхарам СССР [77]. Многія яўрэі, што перажылі акупацыю in situ, таксама адчулі на сабе гнятлівае падазрэнне, якое адрасавалася ўсім, хто жыў пад нямецкай акупацыяй і не далучыўся да партызанскага руху. “Мы ведалі, што не зможам застацца ў Расіі”, – згадваў Ліпэ Барнштэйн, які выжыў у схованцы непадалёк ад Міра.
“Я быў прамыслоўцам (manufacturer), так што раней ці пазней мяне б пасадзілі ў турму… Апрача таго, яны ненавідзелі ўсіх, хто перажыў акупацыю, не адрозніваючы яўрэяў і неяўрэяў. Яны лічылі, што той, хто выжыў пад акупацыяй і не далучыўся да партызан, не надта лаяльны. Да ўсіх ацалелых ставіліся не іначай як да шпіёнаў” [78].
Некаторыя яўрэі сутыкнуліся пасля вайны з рэгулярнымі савецкімі рэпрэсіямі. Іцхак Вельтман з Бродаў, арыштаваны ў 1941 г. як “контррэвалюцыянер” і асуджаны да сямі гадоў у ГУЛАГу, быў паўторна арыштаваны ў 1950 г. і вызвалены толькі пасля смерці Сталіна [79]. Іосіф Левін з Іўя правёў чатырнаццаць з паловай гадоў у савецкім зняволенні, якое ён сам апісваў як “другі Халакост”. Нягледзячы на факт, што ён быў прызваны ў Чырвоную армію і служыў да лютага 1946 г., яго асудзілі ў 1948 г. за “шпіянаж” і выслалі ў лагер у Сяміпалацінску. Вызвалены пасля смерці Сталіна, Левін вярнуўся ў сваё мястэчка і адразу ж падаў заяву на “рэпатрыяцыю” ў Польшчу. Гэта зноў прыцягнула да яго ўвагу ўладаў. Левін быў арыштаваны, прызнаў пад катаваннямі хлуслівыя абвінавачанні і быў асуджаны яшчэ на дзесяць гадоў зняволення [80]. Пітэр Надборны, які заставаўся ў Бэрэзным да 1957 г., таксама быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы, калі згадаў на публіцы, што мае сваякоў у Каліфорніі. Толькі дзякуючы актыўнаму ўмяшанню яго жонкі Зінаіды, якая дайшла да самога Хрушчова, ён быў вызвалены [81].
Нават калі такія крайнія выпадкі палітычных рэпрэсій былі рэдкімі, часам было складана адрозніць універсальныя меры дзяржаўнага нагляду і эксплуатацыі, што вызначалі паўсядзённае жыццё савецкіх грамадзян, ад прыхаванага антысемітызму. Звальненні яўрэяў з кіроўных пасад часам паказваюць, што прычынай таму маглі быць не толькі цяжкасці пасляваеннага аднаўлення. Калі абласны камітэт партыі рэзка крытыкаваў партыйныя структуры Іўя за тое, што яны былі няздатныя выканаць нерэальна высокія квоты на пастаўку сельска-гаспадарчай прадукцыі і драўніны, а таксама падпіскі на дзяржаўную пазыку, гэта служыла нагодай абвінаваціць менавіта яўрэяў [82]. Дырэктара Іўеўскай раённай нарыхтоўчай канторы Левіна знялі з пасады “за разбазарванне бульбы і невыкананне плана засолкі капусты” [83]. Старшыня Іўеўскай арцелі шматпрофільнага прамысловага саюза Гольдберг быў звольнены ў чэрвені 1945 г. за “ігнараванне” рашэння ЦК КП(б)Б “Аб будаўніцтве цагельных заводаў” [84]. У лістападзе таго самага года загадчыца навучальнай часткі Іўеўскага дзіцячага дома Яўгенія Фішфедэр страціла сваю пасаду за “крайне нездавальняльны матэрыяльны і санітарны стан” гэтай установы [85]. Прымаючы пад увагу цяжкія ў цэлым эканамічныя ўмовы ў зруйнаванай вайной Беларусі, дзе быў недахоп харчавання, жылля і ўсеагульны дэфіцыт, такія паспешлівыя звальненні прымушаюць задацца пытаннем, ці не былі гэтыя кадравыя рашэнні выкліканы антысеміцкімі настроямі сярод партыйнага апарату.
Ацалелыя яўрэі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне мелі падставы лічыць савецкія ўлады непрадказальнымі, ненадзейнымі і брутальнымі. Магчымасць адвольнага дзяржаўнага гвалту і рэпрэсій, без сумневу, з’яўлялася істотным чыннікам, які падштурхоўваў да выезду, нягледзячы на ідэалы сацыяльнай роўнасці, прапаведваныя камуністамі. Становішча ацалелых яўрэяў у Польшчы было ў некаторых аспектах падобнае: новы дзяржаўны апарат быў няздольны гарантаваць бяспеку яўрэям, а камуністычная армія і паліцыя ўдзельнічалі ў пасляваенным антыяўрэйскім гвалце. Асабліва цверазіла тое, што антысемітызм меў месца нават у палітычнай паліцыі – арганізацыі, якая імкнулася прыцягнуць у свае шэрагі кваліфікаваных супрацоўнікаў і прымала на працу ў тым ліку яўрэяў. Аляксандр Куц, які “рэпатрыяваўся” з Бэрэзнага і ў 1945 г. знайшоў працу ў палітычнай паліцыі ў Лодзі, неўзабаве страціў працу па падазрэннях, што выдаюць антысемітызм яго польскіх начальнікаў [86]. З іншага боку, яўрэі, якія выжылі ў генерал-губернатарстве, не мелі досведу саветызацыі ўсходніх тэрыторый даваеннай Польшчы і савецкіх дэпартацый 1939–1941 г., так што страх перад савецкай палітыкай, напэўна, не быў на першым месцы сярод іх трывог. Тым не менш, пасля 1945 г. камуністычныя рэпрэсіі закранулі шмат польскіх яўрэяў [87].
Жыццё на “яўрэйскіх могілках”
Агульным досведам для ўсіх ацалелых яўрэяў па абодва бакі новай польска-савецкай мяжы былі траўма, выкліканая Халакостам, і адчуванне пустаты пасля адкрыцця маштабаў генацыдальнага знішчэння. Немагчымасць працягваць жыць у месцах, дзе загінулі родныя, і ўсведамленне, што цэлыя супольнасці былі знішчаны, матывавалі многіх яўрэяў шукаць новага жыцця ў іншых краях. Шмуэль Гелер (Shmuel Geller) з Іўя паведаміў у yizker-bukh, прысвечанай гэтаму мястэчку, як пачаў думаць пра эміграцыю, бо “не мог больш выносіць паветра масавых магіл” [88]. Для Ліпэ Барнштэйна эміграцыя была імператывам, бо “ўся прастора была атручана ядам” [89]. Самуэль Кац з Іўя прыгадваў: усведамленне, што “ўсе нашы блізкія пахаваны за горадам”, было адной з прычын, якія схілілі яго і яго сястру эміграваць [90]. Падобным чынам Іцхак Вірцэр (Yitzchak Wircer) з Білгарая вырашыў эміграваць з Польшчы, бо не хацеў “заставацца на гэтай праклятай зямлі” [91]. На захадзе Беларусі і Украіны, як і на ўсходзе Польшчы непасрэднае суседства з месцамі, дзе адбываліся злачынствы Халакосту, служыла пастаянным унутраным напамінам пра траўматычнае мінулае, з якім многія хацелі развітацца.
У той жа час для невялікай групы тых, што выжылі, блізкасць да масавых магіл і маральны абавязак даглядаць іх былі аргументам, каб застацца ў сваіх мястэчках. Ацалелыя, якія вярталіся ў мястэчкі са схованак ці з партызанскіх атрадаў, звычайна былі сярод тых, хто першым даследаваў масавыя магілы і ўшаноўваў памяць загінулых. Шмуэль Гелер (Shmuel Geller) з Іўя, які ўдзельнічаў у эксгумацыі масавай магілы каля Стоневічаў у красавіку 1945 г., згадваў, што гэта быў вельмі траўматычны досвед, але ён аб’яднаў мясцовую супольнасць тых яўрэяў, якія выжылі, каб агарадзіць тэрыторыю і пазначыць яе як магілу [92]. Сара Білянка (Sara Bilianko) і Ёхевед Півэнь (Yocheved Piven) з Бэрэзнага прыгадалі, што пасля эксгумацыі масавых магіл урадавай камісіяй ацалелыя мясцовыя жыхары перапахавалі чалавечыя парэшткі “[сваімі] ўласнымі рукамі” [93].
Масавыя магілы былі найбольш важнымі сімвалічнымі месцамі, якія наведвалі ацалелыя, “святымі мясцінамі”, з якімі яны развітваліся, калі вырашалі з’ехаць [94]. Рая Шніпер з Бэрэзнага прыгадвае, як яна прыйшла да масавай магілы, “каб развітацца”, калі з’язджала з савецкай Украіны ў Польшчу ў 1947 г. [95] Калі яўрэям, якія эмігравалі, было складана пакінуць магілы сваіх блізкіх, то для тых, хто вырашыў і далей жыць у родных мястэчках, догляд масавых магіл быў маральным імператывам і прычынай застацца. Майсей Кошчар, які вырашыў застацца ў пасляваенным Іўі, лічыў, што “нехта мусіў заставацца захавальнікам памяці” [96]. Яго дачка Тамара Барадач (жыла ў Беларусі да 1990-х гадоў) перакананая, што “калі б гэтая жменька яўрэяў не засталася ў Іўі, не было б сёння нічога – ані памяці, ані дагледжанага помніка на брацкай магіле” [97]. Барон Лазаравіч, у сваю чаргу, застаўся ў Іўі, бо “ў яго нічога не засталося, апрача магіл” [98]. Мэхель Фухтэль з Юзэфава-Білгарайскага, які таксама заставаўся ў сваім мястэчку да смерці, гэтаксама лічыў сябе захавальнікам памяці мясцовых яўрэяў [99]. Тое, што падштурхоўвала адных з’ехаць, для іншых было прычынай застацца.
Прычыны застацца
Калі асноўныя прычыны, па якіх ацалелыя яўрэі пакідалі родныя мястэчкі, могуць быць зведзены да трох асноўных фактараў (недахоп асабістай бяспекі, палітычныя прычыны і псіхалагічная траўма), то прычыны для таго, каб застацца, былі больш складанымі. У некаторых выпадках адмова ад міграцыі была вынікам не актыўнага выбару, а адсутнасці магчымасці зрабіць выбар. Эдэле і Уорлік адзначаюць, што больш як 3 тыс. польскіх яўрэяў, якія падпадалі пад крытэры “рэпатрыяцыі” з СССР у Польшчу, атрымалі адмовы – пераважна праз адсутнасць дакументаў аб польскім грамадзянстве [100]. Тыя, хто не з’ехаў з Польшчы ў першыя пасляваенныя гады з дапамогай “Брыхі”, пазней маглі сутыкнуцца з перашкодамі для эміграцыі [101]. Ян Вішнеўскі (Рохман), які нарадзіўся ў Ізбіцы ў 1931 г., спрабаваў выехаць у Ізраіль у 1957 г. і ў Францыю ў 1967 г., але абодва разы яму адмовілі ў выдачы пашпарта і ён застаўся ў Польшчы [102].
Іншыя ж яўрэі ніколі не падавалі дакументы на выезд з-за сваёй “класавай свядомасці” і веры, што ў савецкім блоку ў іх будуць лепшыя ўмовы для сацыяльнай мабільнасці [103]. Генадзь Эстрайх, які вывучаў другую хвалю яўрэйскай “рэпатрыяцыі” з СССР у 1950-я гады, вылучыў як важныя аргументы супраць эміграцыі змяшаныя шлюбы, здавальняльную прафесійную кар’еру і пенсійнае забеспячэнне, якое было б страчана пры эміграцыі [104]. Быў і доўгі спіс іншых, часта асабістых матываў. Сведчанні ацалелых ды іх нашчадкаў указваюць на недахоп грошай [105], сталы век [106] і пачуццё мясцовага патрыятызму [107] як прычыны адмовы ад міграцыі. Іншыя былі перакананымі камуністамі, якія засталіся з-за пачуцця абавязку пабудаваць больш эгалітарнае і справядлівае грамадства. Любоў Варановіч (народжаная Крыніцкая, Líbe Krenitshne) з Міра перад вайной узяла шлюб з камуністам-актывістам неяўрэем і сама горача прытрымлівалася камуністычнай дактрыны. Палітычныя перакананні і факт змяшанага шлюбу былі для яе дастатковымі прычынамі, каб застацца ў савецкай Беларусі да канца жыцця [108]. Нарэшце, нейкая колькасць ацалелых яўрэяў проста фізічна не маглі зрабіць неабходныя крокі, каб пакінуць краіну: яны патрабавалі медычнай дапамогі з-за траўмаў, якія перажылі. Сура Вайсман з Білгарая да снежня 1948 г. заставалася ў псіхіятрычнай палаце мясцовай бальніцы, а муніцыпалітэт Білгарая пакрываў кошт яе шпіталізацыі з-за яе цяжкага матэрыяльнага становішча [109]. У 1947 г. каля тысячы ацалелых яўрэяў усё яшчэ знаходзілася ў шпіталях ці санаторыях па ўсёй Польшчы [110].
Одры Кіхелеўскі таксама ўказвае на “эмацыйную, моўную і тэрытарыяльную” прывязанасць да роднай краіны як на важную матывацыю тых яўрэяў, што засталіся [111]. Некаторыя польскія яўрэі, якія ўстрымаліся ад эміграцыі, баяліся цяжкіх жыццёвых умоў у Ізраілі [112]. Іншыя глыбока асіміляваліся, памянялі рэлігію ці працягвалі карыстацца сваімі хрысціянскімі псеўданімамі часоў вайны, каб працягваць пасляваеннае жыццё, адкінуўшы яўрэйскую ідэнтычнасць [113]. Хоць многія з гэтых прычын былі глыбока індывідуальнымі і / ці складана паддаюцца рэканструкцыі, мы засяродзімся на пытаннях эканамічных перспектыў і сацыяльнай мабільнасці, якія былі ключавым прапагандысцкім аргументам на карысць меркаванага дабрабыту яўрэяў у краінах камуністычнага блока. Паколькі сацыяльны склад мястэчак у выніку Другой сусветнай вайны зазнаў самыя радыкальныя змены, новыя адукацыйныя і прафесійныя магчымасці, якія адкрываліся ў новай палітычнай сістэме, мелі ўсе шанцы прыцягнуць іх насельнікаў. Ацалелыя яўрэі з мястэчак да вайны ў асноўным належалі да рамеснікаў ці гандляроў з нізкім даходам і часта сутыкаліся з эканамічнымі цяжкасцямі. Адпаведна, можна было б чакаць, што яны будуць высока цаніць новую сацыяльную мабільнасць, прапанаваную камуністычнай дзяржавай. Аднак, калі глядзець з перспектывы мястэчка, то карціна прафесійнага поспеху яўрэяў пры дзяржаўным сацыялізме не заўжды адпавядала мясцовым рэаліям.
Эканамічныя перспектывы і сацыяльная мабільнасць
Многія местачковыя яўрэі, якія выжылі, вырашалі застацца ў СССР з-за новых магчымасцяў працаўладкавацца і атрымаць адукацыю. Нягледзячы на страту сваёй уласнасці, агульную беднасць і страты, нанесеныя вайной, яўрэі ў савецкай Беларусі і савецкай Украіне мелі адносна добрыя перспектывы паляпшэння свайго эканамічнага становішча дзякуючы большай роўнасці ў працаўладкаванні і, прынамсі ў перыяд адразу пасля вайны, адсутнасці інстытуцыялізаванага антысемітызму [114]. У той час як беспрацоўе, часта выкліканае дыскрымінацыяй, было адной з найбольш вострых праблем яўрэяў, якія выжылі ў Халакосце і заставаліся ў Польшчы (дзе ў некаторых мястэчках толькі чвэрць ацалелых мела працу), становішча ў СССР выглядала лепей [115]. Як адзначае Леанід Смілавіцкі, у першыя пасляваенныя гады яўрэйскіх спецыялістаў ахвотна прымалі на працу. У 1946 г. яны складалі 6,1% кіроўных кадраў Беларусі, г. зн. партыйных і ўрадавых чыноўнікаў, кіраўнікоў аддзяленняў Дзяржаўнага банка, дырэктараў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў, кіраўнікоў аддзелаў адукацыі і аховы здароўя [116]. У 1946/47 навучальным годзе 47,5% выкладчыкаў ВНУ ў Савецкай Беларусі і амаль адна пятая студэнтаў былі яўрэі [117].
Такая тэндэнцыя заўважаецца і ў правінцыі. Архіўныя дакументы з Міра і Іўя паказваюць заўважную яўрэйскую прысутнасць сярод мясцовых кіроўных кадраў. Яфім Кухараў з Міра, які быў ветэрынарам, не толькі адразу знайшоў працу ў сваім мястэчку, але і выклікаўся ў іншае мястэчка як каштоўны спецыяліст [118]. У першыя пасляваенныя гады ацалелыя яўрэі ўзначальвалі ў Міры многія ўстановы, у тым ліку бальніцу, мясцовы гандаль (“райторг”), камунальную гаспадарку (райкамгас) і сталовую. Раённы пракурор і сакратар партыйнай арганізацыі аддзела аховы здароўя таксама былі яўрэямі [119]. У Іўі яўрэі займалі кіроўныя пасады ў дзяржаўным банку, сельскім спажывецкім таварыстве (“сельпо”), майстэрнях прамысловага камбіната, пункце збору другаснай сыравіны, друкарні і на гарбарным заводзе. Намеснік начальніка раённага фінансавага аддзела, натарыус, сакратар райвыканкама, дырэктар дзіцячага дома, кіраўнік санстанцыі і бухгалтар райкама камсамола таксама былі яўрэямі [120]. Такія кіроўныя пасады, трэба адзначыць, былі ў першую чаргу даступныя тым яўрэям, якія ў вайну былі на фронце ці ў партызанах.
Бен-Цыён Ковенскі, які пасля ўцёкаў з Мірскага гета ваяваў у партызанскім атрадзе, на ўласным прыкладзе адчуў такое прэферэнцыйнае стаўленне савецкіх уладаў да былых партызан: “[Пасля вызвалення м]ы атрымалі працу ў міліцыі ці ў банках. Нас таксама бралі на працу ў розныя эканамічныя і камунальныя ўстановы. Партызан ставілі кіраваць працоўнымі кааператывамі ды іншымі прадпрыемствамі. Мяне прызначылі дырэктарам фабрыкі ланцугоў. Мне выдалі пасведчанне дырэктара… [хаця] я не меў ніякага ўяўлення пра выраб ланцугоў” [121].
Часта яўрэяў з досведам вайсковай службы ці партызанкі набіралі ў міліцыю і спецслужбы. На 1 студзеня 1947 г. яўрэі складалі 4,4% іх супрацоўнікаў у БССР [122]. Як адзначае Л. Смілавіцкі, апарат дзяржбяспекі бачыў супрацоўнікаў-яўрэяў надзейнымі і вартымі даверу ў справах падтрымання парадку, барацьбы з крыміналам і пераследу нацысцкіх калабарантаў [123]. Урэшце, многія яўрэі, якія пайшлі на дзяржаўную службу, былі матываваныя жаданнем прыцягнуць да адказнасці мясцовых удзельнікаў антыяўрэйскага гвалту і рабаўніцтва [124]. Як згадваў Самуэль Кац, былы партызан з Іўя, савецкія кіраўнікі “верылі [ацалелым яўрэям], як нікому іншаму… мы мелі аўтарытэт” [125]. Кац, які атрымаў працу ў мясцовай адміністрацыі, з удзячнасцю адзначаў, што савецкія ўлады дапамаглі яму вярнуць дом яго дзеда. Паўла Ласт (народжаная Гробер) з Бэрэзнага таксама паведамляла, што савецкія ўлады абаранілі яе ад варожа настроеных украінцаў [126].
Савецкая сістэма прапанавала многім ацалелым яўрэям беспрэцэдэнтную магчымасць працаўладкавання па-за межамі традыцыйных яўрэйскіх прафесій. Ананімны яўрэйскі рэспандэнт, які ў 1949 г. даў інтэрв’ю Амерыканскаму яўрэйскаму камітэту, сказаў, што асноўнае, чаго ён чакаў ад Савецкага Саюза – гэта тое, што ён “атрымае шанс пакінуць [сваё] «яўрэйскае рамяство» (кравецтва)” і стаць рабочым-чыгуначнікам [127]. Важна таксама памятаць, што яўрэйскія салдаты Чырвонай арміі і партызаны пры дэмабілізацыі атрымлівалі матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы, якая ўключала ў сябе фінансавую дапамогу і пенсію, дапамогу ў аднаўленні кватэр, выдзяленне зямлі і іншую дапамогу ў выглядзе дадатковага забеспячэння будаўнічымі матэрыяламі, зернем, абуткам ці палівам [128].
Нягледзячы на такое прэферэнцыйнае стаўленне да яўрэяў з ваенным ці партызанскім мінулым, як мясцовае насельніцтва, так і саслужыўцы-неяўрэі глядзелі на яўрэйскіх міліцыянераў і функцыянераў НКУС з азлобленасцю. Яўрэяў падазравалі ў пратэжаванні “сваіх” і не любілі за іх адданасць працы [129]. Зразумела, яўрэі на службе ў дзяржаўных органах, як і неяўрэі, часам маглі дапамагчы іншым яўрэям. Яны спрабавалі дапамагчы ацалелым яўрэям вярнуць іх уласнасць, знайсці працу, гарантаваць справядлівае размеркаванне рацыённых картак ці супрацьдзейнічаць антысемітызму [130]. У той жа час яўрэям было складана прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы і яны часта аказваліся ахвярамі антысеміцкай дыскрымінацыі [131].
Апрача доступу да працы ў дзяржаўнай адміністрацыі і дзяржбяспецы, савецкая сістэма прапаноўвала яўрэям бесперашкодны, а часам нават пераважны доступ да вышэйшай адукацыі. Яўрэйская моладзь з армейскім ці партызанскім мінулым магла паступаць ва ўніверсітэты на прывілеяваных умовах. Марыя Гільмоўская і Сара Ландэр з Міра, якія былі ў партызанскім атрадзе, атрымалі перавагу пры паступленні, адпаведна, у Мінскі медыцынскі інстытут і Ленінградскі электратэхнічны інстытут [132]. Вядома, прывілеі былых франтавікоў і ўдзельнікаў супраціву не распаўсюджваліся на ўсіх яўрэяў, а тыя яўрэі, якія вырашылі застацца ў Савецкім Саюзе, неўзабаве адчулі, што пры змене палітычных настрояў іх этнічнае паходжанне можа стаць перашкодай у атрыманні добрай працы ці месца ва ўніверсітэце [133].
Параўнальна з пасляваеннымі эканамічнымі перспектывамі яўрэяў у Польшчы магчымасці для сацыяльнай мабільнасці ў Савецкім Саюзе выглядалі прывабна. У канцы 1946 г. толькі 33,7% зарэгістраваных у Польшчы яўрэяў былі працаўладкаванымі [134]. Нават на заходніх тэрыторыях, т. зв. “вернутых землях”, куды многія польскія яўрэі накіраваліся, каб пазбегнуць канфрантацыі з былымі суседзямі, яўрэйскае насельніцтва пакутавала ад “недахопу эканамічных магчымасцяў”, як паведамляў у 1946 г. яўрэйскі тыднёвік “Дос найе лебн” (Dos Naye Lebn) [135]. Становішча яўрэяў на польскім працоўным рынку было таксама няўстойлівым. Яўрэі, якія падавалі заяву на выезд з Польшчы, аўтаматычна гублялі працу, нават калі дазвол на выезд ім у выніку не давалі [136]. Многіх дыскрымінавалі, калі яны пасля вайны шукалі працу, паколькі кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў не хацелі прымаць фізічна аслабленых ацалелых яўрэяў без досведу працы ў прамысловасці [137]. Былі і цэнтралізаваныя захады па зніжэнні колькасці яўрэяў у дзяржаўнай адміністрацыі [138].
У той жа час у Польшчы, як і ў Савецкім Саюзе, пасляваенныя гады прынеслі рост новых сацыяльных груп – тэхнічнай і прафесійнай інтэлігенцыі, у склад якіх трапілі многія яўрэі [139]. У 1947 г. 30% прафесійна актыўных яўрэяў працавалі ў сектарах, якія патрабавалі высокага ўзроўню адукацыі, напрыклад у судовай сістэме, на дзяржаўнай службе і ў медыцыне [140]. Заўважны адсотак яўрэяў быў таксама на кіроўных пасадах. Сацыяльная мабільнасць яўрэяў у Польшчы адлюстроўвалася ў яўрэйскай прэсе, якая публікавала ілюстраваныя рэпартажы пра простых яўрэйскіх рабочых, якія ў сацыялістычнай Польшчы атрымлівалі кіроўныя пасады [141].
Некаторыя ацалелыя яўрэі знайшлі працу ў дзяржаўных органах [142]. Напрыклад, Эліяш Боксенбаўм з Білгарая, Тобіяш Блат і Фішэль Бяловіч з Ізбіцы пачалі працаваць у польскай палітычнай паліцыі (UB) [143]. У буйных гарадах доля яўрэяў на працы ў адміністрацыі была крыху большай; у гэтым сектары яны атрымлівалі статус высокакваліфікаванага персаналу [144]. У лістападзе 1945 г. 13% кіроўных пасад у Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі займалі яўрэі [145]. Іх наяўнасць у структурах камуністычнай дзяржавы, у адрозненне ад наяўнасці там неяўрэяў (палякаў), застаецца ў польскай гістарыяграфіі надзвычай палітызаваным пытаннем і часта інтэрпрэтуецца праз оптыку антысеміцкага клішэ “жыдакамуны” [146]. Аднак усё большая колькасць даследаванняў вывучае пасляваенны сацыяльны клімат і разнастайныя матывы, якія паўплывалі на рашэнне некаторых яўрэяў падтрымаць камуністычную дзяржаву [147]. Як адзначае Антоні Палонскі, большасць яўрэяў, што засталіся ў Польшчы, разглядалі камуністычны рэжым як адзіны гарант іх бяспекі [148]. Але іх досвед жыцця пры дзяржаўным сацыялізме не быў адназначна станоўчы [149].
Аднак з пункту гледжання насельнікаў польскіх штэтлаў абяцанне сацыяльнай мабільнасці заставалася нявыкананым. Са 143 ацалелых яўрэяў з Білгарая ды Ізбіцы, якія яшчэ жылі ў Польшчы ў першыя пасляваенныя гады і чые прафесіі мы маглі вызначыць, амаль чвэрць былі краўцамі і кожны дзясяты быў заняты ў гандлі [150]. Гэта ў цэлым адпавядае звесткам, сабраным яўрэйскімі камітэтамі ў маштабе ўсёй Польшчы: краўцы былі самай вялікай групай сярод прыкладна 93 тыс. прафесійна занятых яўрэяў, зарэгістраваных у Польшчы [151]. Каля 75% ацалелых з Білгарая ды Ізбіцы, якія зарэгістраваліся ў яўрэйскіх камітэтах у 1946–1947 г., назвалі сябе рамеснікамі з кола прафесій, што адпавядалі тыповым даваенным яўрэйскім заняткам у мястэчках: пекар, шавец, ткач, мяснік, цясляр і да т. п. [152] Толькі чвэрць з іх была занятая ў прамысловасці ці мела працу, што патрабавала больш высокай кваліфікацыі (медсястра, бухгалтар, друкар, зубны тэхнік, электраманцёр і інш.) [153]. У кагорце ацалелых з Білгарая ды Ізбіцы было толькі двое сялян і чатыры міліцыянты [154].
Толькі ў вельмі рэдкіх выпадках магчымая больш дэталёвая рэканструкцыя зменаў у занятасці сярод ацалелых у Халакосце ў першыя пасляваенныя гады. Барух Вермут з Білгарая, які заставаўся ў Польшчы да 1948 г., пакуль не эміграваў праз Парыж у Ізраіль, а затым у Аўстралію – такі рэдкі выпадак [155]. Да вайны ён быў млынаром у Білгараі, выжыў, хаваючыся, і меў у час вызвалення 37 гадоў. У 1946 г. ён жыў у Кракаве і быў беспрацоўным [156]. Неўзабаве ён зноў ажаніўся (першую сям’ю страціў у Халакосце). У кастрычніку 1947 г. ён фігураваў у судовых дакументах як камерсант (kupiec) [157]. На самай справе ён утрымліваў сям’ю, гандлюючы разам са шваграм на чорным рынку [158]. Праз некалькі месяцаў Вермут знайшоў працу ў іўдзейскай кангрэгацыі ў Кракаве, дзе ён таксама быў членам рады білгарайскага зямляцтва (landsmanshaft) [159]. Яго прафесійная біяграфія ў гэты перыяд нагадвае біяграфіі многіх іншых ацалелых яўрэяў з мястэчак.
На 1946 г. пераважная большасць іх жыла або ў вялікіх гарадах, або на “вернутых землях”. З шасцісот ацалелых з Білгарая 215 пасяліліся ва Уроцлаве і 116 у Шчэціне [160]. Была таксама вялікая група (амаль дзвесце асоб), якая пасялілася ў некалькіх малых гарадах і мястэчках Ніжняй Сілезіі: Дзержонюў, Свідніца, Бялява, Пешыцэ ды інш. Большасць з тых, хто там пасяліўся, рамеснічалі. У верасні 1946 г. Хава Бергерфройнд працавала швачкай у Дзержонюве, Мордка Портэр – цесляром у Болькаве, а Рахеля Клоц вырабляла гарсэты ў Свідніцы [161]. Толькі нязначная меншасць местачковых яўрэяў, якія выжылі, паспрабавала застацца жыць і працаваць у родных мястэчках. Да такіх выключэнняў належаў і Гершэль Зільберфайн, уласнік млына з Білгарая. Ён вярнуў сябе млын у 1944 г., пасяліўся ў Баярах (на ўскраіне Білгарая) і эксплуатаваў свой млын прынамсі да сярэдзіны 1948 г. [162] У гэты час яго дачка Сара вучылася ў мясцовай школе, дзе яна была адзінай вучаніцай-яўрэйкай [163]. Кіруючы ўласнай справай у часы разбудовы дзяржаўнага сацыялізму, ён сустрэў шэраг перашкод, як з-за агульных неспрыяльных умоў для прадпрымальнікаў, так і з-за бюракратычных прыдзірак з боку мясцовых уладаў. Напрыклад, у кастрычніку 1944 г. на яго быў накладзены “адмысловы падатак” за эксплуатацыю млына. Ён падаў заяву ў мясцовую нацыянальную раду (rada narodowa) з просьбай знізіць гэты падатак, але яго заява была адхілена, хоць для прадпрымальнікаў-неяўрэяў падаткі былі істотна зніжаныя [164]. У студзені 1948 г. на разгляд мясцовай рады была вынесена прапанова накласці на яго 50% кошту аднаўлення моста на дзяржаўнай дарозе паблізу млына, што складала 50 тыс. злотых [165]. Хоць Зільберфайн пратэставаў супраць гэтага рашэння, яно было прынятае радай аднагалосна. Неўзабаве ён вырашыў эміграваць у Ізраіль, а пазней у Аўстралію. Яго млын ператварыўся ў руіны [166].
Калі структура занятасці ацалелых яўрэяў з Ізбіцы і Білгарая адлюстроўвае агульную сітуацыю ў польскіх мястэчках, то сацыяльная мабільнасць не была характэрнай для гэтай дэмаграфічнай групы. Ацалелыя яўрэі з мястэчак пакінулі іх амаль адразу пасля вайны, пераехаўшы у буйныя гарады і на “вернутыя землі”, дзе яны знайшлі працу пераважна ў традыцыйных прафесіях местачковых яўрэяў – у рамёствах і гандлі, а не ў прамысловасці ці новапаўсталай групе “тэхнічнай інтэлігенцыі”. Нярэдка, каб звесці канцы з канцамі, яны гандлявалі на чорным рынку. Менавіта гэты занятак можа хавацца за шматлікімі запісамі “прафесія: гандляр” у пасляваенных уліковых кнігах яўрэйскага камітэта [167]. Нават тыя ацалелыя, хто знайшоў адносна выгадную працу, не заўсёды былі прыкладам прасоўвання ўверх па сацыяльнай лесвіцы. Ізаак Вірцэр (Izaak Wircer) з Білгарая, які фігураваў у пасляваенных спісах ацалелых як “бухгалтар” у Кракаве, да 1939 г. кіраваў Білгарайскім кааператыўным банкам і быў адным з найбольш заможных жыхароў мястэчка [168]. Цыля Вермут, удзельніца Білгарайскага зямляцтва (таварыства ацалелых), якая зарэгістравалася як зубны тэхнік, атрымала адукацыю пры стаматалогіі, дзе працавала некалькі гадоў да 1939 г. [169] У першыя пасляваенныя гады тыя, што выжылі, мусілі разлічваць на прафесійныя навыкі, якія яны ўжо мелі, бо магчымасці для навучання ўсё яшчэ былі абмежаваныя [170].
Параўнальна з ацалелымі яўрэямі па савецкі бок мяжы былыя жыхары штэтлаў у Польшчы з меншай імавернасцю маглі атрымаць прэферэнцыі ў пасляваенным пошуку працы. У прыватнасці, прывілеі, звязаныя са статусам ветэрана вайны ці былога партызана (якія маглі прыводзіць да заўважнай сацыяльнай мабільнасці некаторых ацалелых яўрэяў у СССР), былі недаступныя ў Польшчы, дзе яўрэяў, як правіла, не прымалі ў партызанскія атрады. Гэта прыводзіла да сітуацыі, у якой перспектывы сацыяльнай мабільнасці для большасці яўрэяў з мястэчак у пасляваеннай сацыялістычнай дзяржаве ў першыя гады пасля вызвалення гучалі пустымі абяцанкамі, і большасць з іх прыняла рашэнне эміграваць далей на захад. Такім чынам, абмежаваныя кар’ерныя магчымасці разам з працягам антыяўрэйскага гвалту ў Польшчы падштурхнулі пераважную большасць яўрэяў выехаць з краіны.
Групавая дынаміка і ланцуговая міграцыя
Апрача эмацыйных, эканамічных і палітычных прычын, якія падштурхоўвалі ацалелых у Халакосце эміграваць з савецкай Беларусі, савецкай Украіны і Польшчы, было таксама адчуванне калектыўнага настрою ці атмасферы, што ўплывала на іх рашэнне з’ехаць. Рыта Астроўская, якая вывучала перыферыйныя яўрэйскія супольнасці Украіны, што амаль у поўным складзе з’язджалі ў Ізраіль у 1980-я гады, адзначае, што асноўнай прычынай прыняцця рашэнняў была “радыкальная змена ўсяго жыццёвага асяроддзя”, якая адбылася, калі “найбольш рашучыя асобы пачалі эміграваць, а іншыя перанялі іх прыклад” [171]. Астроўская адлюстравала гэтую атмасферу ў рэпартажы з мястэчка Бершадзь: “Вакол толькі і чуваць, што размовы пра ад’езд, незнаёмыя людзі ўжо заехалі ў навакольныя дамы, а многія пустыя дамы пачынаюць прыходзіць у заняпад” [172]. Падобны стан неадкладнасці панаваў у заходнеўкраінскіх і заходнебеларускіх мястэчках пасля Другой сусветнай вайны. Шмуэль Кац з Іўя адзначаў: нягледзячы на той факт, што яўрэі адчувалі сябе добра абароненымі з боку новай савецкай улады, у 1945 г. мястэчка раптам ахапіла “эпідэмія” эміграцыі [173].
Ёсць пацверджанне не толькі таго, што рашэнні з’ехаць прымаліся калектыўна, але і таго, што ацалелыя з аднаго мястэчка ехалі па адным маршруце, праз адны і тыя ж прамежкавыя пункты ў Польшчы. Дадзеныя пра 273 ацалелых з Іўя, Міра, Бэрэзнага і Бродаў, якія рэпатрыяваліся ў Польшчу і потым мігравалі ў кірунку нямецкіх лагераў для перамешчаных асоб і далей, паказваюць, што мігранты з аднаго мястэчка часта накіроўваліся ў адну ці дзве мясцовасці. Гэтым яны адрозніваліся ад этнічных польскіх “рэпатрыянтаў”, якія, як правіла, накіроўваліся ў больш правінцыйныя ці сельскія месцы на “вернутых землях”, на захад і паўночны ўсход новай польскай дзяржавы. Лодзь стала цэнтральным пунктам міграцыі для “рэпатрыянтаў”-яўрэяў з Міра і Іўя, бо на 1945 г. гэта быў найбуйнейшы яўрэйскі цэнтр [174], а Бытам і Кракаў былі асноўнымі пунктамі прыпынку для эмігрантаў з Бродаў і Бэрэзнага. Калі Кракаў быў важным вялікім горадам для свайго рэгіёну, меў адзін з найбуйнешых яўрэйскіх камітэтаў і, магчыма, быў раней знаёмы яўрэям з Галіцыі і Валыні, то Бытам пасля вайны стаў яўрэйскім цэнтрам дзякуючы двум дзіцячым дамам, у якіх жылі многія ацалелыя дзеці [175].

Мал. 1. Прыпынкі ў Польшчы на яўрэйскіх шляхах міграцыі з СССР.
Аднак ёсць характэрнае адрозненне паміж пасляваеннымі шляхамі яўрэяў з тэрыторый, далучаных да СССР, і ацалелых з люблінскага рэгіёну. Пераважная большасць тых яўрэяў з Білгарая ды Ізбіцы, якія ў першыя пасляваенныя часы перасяліліся ўнутры краіны, выбрала месцы для пасялення на “вернутых землях”, асабліва ў Ніжняй Сілезіі. Так, больш за 80% ацалелых з Білгарая і амаль 80% яўрэяў з Ізбіцы ў 1946 г. былі зарэгістраваны акурат у Ніжняй Сілезіі. Хоць важнымі пунктамі для некаторых выхадцаў з Білгарая, асабліва для тых, хто выжыў у схованках, заставаліся таксама Люблін і Кракаў, вялікія гарады на “вернутых землях” прыцягвалі не толькі яўрэяў, якія выжылі ў СССР, але і значную частку іншых. Ацалелыя з Білгарая арганізавалі зямляцтвы (landsmanshaften) у Кракаве, Любліне, Ніжняй Сілезіі і Шчэціне. Уроцлаў стаў часовым домам для кожнага трэцяга ацалелага з гэтага мястэчка, а адна шостая ацалелых білгарайскіх яўрэяў жыла ў Шчэціне, у тым ліку і група, якая выжыла ў савецкім тыле [176]. Сітуацыя ацалелых з Ізбіцы была аналагічнай. Траціна з іх жыла ва Уроцлаве, а рэшта была размеркавана па меншых гарадах, асеўшы ў Быстрыцы, Любаве, Хойнаве і Новай Солі [177]. Тое, што яўрэі з люблінскага рэгіёну аддавалі перавагу заходнім тэрыторыям, можа быць патлумачана высокім узроўнем пасляваеннага антыяўрэйскага гвалту ў гэтым рэгіёне і адноснай бяспекай на новых тэрыторыях, але досвед акупацыі ў генерал-губернатарстве, відаць, таксама адыграў сваю ролю і адвадзіў многіх з іх ад пражывання ў месцах, дзе іх пераследавалі. Факт, што яўрэйскія рэпатрыянты з Іўя, Міра, Бродаў і Бэрэзнага рэдка накіроўваліся на заходнія тэрыторыі, выбіраючы для свайго (звычайна кароткага) побыту ў Польшчы гарады ў цэнтральнай і паўднёвай яе частцы, можа ўказваць на больш высокі ўзровень міжэтнічнай польска-яўрэйскай салідарнасці як вынік досведу польска-ўкраінскага канфлікту (у выпадку Бэрэзнага і Бродаў). З іншага боку, гэта таксама можа ўказваць на цвёрдае рашэнне яўрэйскіх мігрантаў з далучаных да СССР тэрыторый рухацца далей на захад. Калі перасяленне на “вернутыя землі”, асабліва ў больш правінцыйныя месцы, магло быць звязана з жаданнем адбудаваць сваё жыццё ў межах пасляваеннай Польшчы, то такія вялікія гарады, як Кракаў і Лодзь, з іх наяўнай яўрэйскай інфраструктурай былі зручным месцам кароткага побыту для тых, хто збіраўся пакінуць савецкі блок.
Для ацалелых яўрэяў з мястэчак, якія мы даследавалі, было характэрна міграваць групамі. Яўрэі з заходніх савецкіх тэрыторый прыбывалі вялікімі транспартамі і далучаліся да іншых ацалелых; тыя, хто вяртаўся з савецкай эвакуацыі, часта падарожнічалі сем’ямі. Сямёра чалавек з сям’і Гліксман і шасцёра з сям’і Барон, усе з Білгарая, пасяліліся ў Клодзку ў Ніжняй Сілезіі. Шлёма Гольдберг і яго дачка Рэбека ехалі ў Новую Соль на заходніх тэрыторыях разам з трыма членамі сям’і Вайсман (таксама ўсе з Білгарая). Пяцёра чалавек з сям’і Апфельбаўм з Ізбіцы зарэгістраваліся ў Быстрыцы ў Ніжняй Сілезіі, а пяцёра Блатаў пасяліліся ў Любаве [178]. Ацалелыя з аднаго мястэчка падтрымлівалі блізкія кантакты да таго, як пакінуць краіну, і часта жылі па адным адрасе. Так, Лемель Відэрпельц і Хаім Каліхман з Білгарая пасяліліся на адной вуліцы ў Шчэціне [179]. Прынамсі 13 ацалелых з Білгарая пазначылі сваім паштовым адрасам адрас згаданага вышэй млынара Герша Зільберфайна: Bojary, 16 [180]. Гэтыя групы, якія давалі як адчуванне бяспекі, так і псіхалагічную падтрымку, таксама ўплывалі на рашэнні аб міграцыі. Барух Вермут, яго кузіна Мотл Рапапорт і швагер Герш Зільберфайн з дачкой Сарай у выніку ўсе з’ехалі з Польшчы і пасяліліся ў Аўстраліі, дзе ў іх былі далёкія сваякі.
Палестына (ці дзяржава Ізраіль пасля 1948 г.) была асноўным пунктам прызначэння яўрэяў, якія эмігравалі з шасці мястэчак у нашай выбарцы. Большасць з іх прыбыла туды пасля побыту ў адным з лагераў перамешчаных асоб (DP) у Нямеччыне, Аўстрыі ці Італіі. Той факт, што Палестына (ці Ізраіль) была найбольш папулярным пунктам прызначэння сярод ацалелых з гэтых выбраных мястэчак, супадае з агульнай структурай эміграцыі сярод ацалелых з Усходняй Еўропы. Хоць большасць з іх не была сіяністамі да вайны і толькі нязначная меншасць усходнееўрапейскіх яўрэяў эмігравала ў Палестыну да 1939 г. па ідэалагічных прычынах, у пасляваеннай рэальнасці зямля Ізраіля стала найбольш папулярным выбарам. Халакост не ператварыў еўрапейскіх яўрэяў у сіяністаў, але ў новых абставінах пасля яго Ізраіль стаў выглядаць як відавочнае рашэнне вострых праблем і як выхад з той няпэўнай сітуацыі, у якой апынулася перамешчанае яўрэйскае насельніцтва.
Да папулярнасці гэтага напрамку спрычыніліся таксама актыўныя намаганні руху “Брыха”, які, маючы добра арганізаваныя аддзяленні як у заходняй частцы СССР, так і ў Польшчы, і маўклівую падтрымку камуністычных уладаў, часта быў найбольш даступнай сеткай, якая дапамагала яўрэям пакінуць Усходнюю Еўропу [181]. Нярэдка ідэя накіравацца на яўрэйскую гістарычную радзіму з’яўлялася ў галовах ацалелых толькі ў лагерах DP, дзе сіянісцкія актывісты ды інстытуты таксама адыгрывалі цэнтральную ролю. Сіянісцкія арганізацыі, якія клапаціліся пра перамешчаных яўрэяў, прасоўвалі яўрэйскую дзяржаву і свабодную эміграцыю ў Палестыну як рашэнне праблемы яўрэйскіх уцекачоў у пасляваеннай Еўропе.
Хоць большасць ацалелых у Халакосце з нашых шасці мястэчак у выніку эмігравала ў Ізраіль, папулярнасць гэтага пункта прызначэння адрознівалася ў розных месцах, і гэта даказвае, што мясцовыя фактары таксама ўплывалі на маршруты ацалелых яўрэяў. Выглядае, што тут спрацаваў прынцып ланцуговай міграцыі.

Мал. 2. Выніковыя месцы жыхарства яўрэйскіх мігрантаў.
Адным з фактараў, які ўплываў на групавыя паводзіны, быў той факт, што ў некаторых мястэчках яўрэі выжылі ў вялікіх групах, якія захавалі моцныя сувязі пасля заканчэння вайны. Такі прыклад – Мір, дзе большасць ацалелых яўрэяў належала да дзвюх груп: тых, хто ўцёк з гета летам 1942 г. і далучыўся да партызан, і тых, хто ўцёк з працоўнага лагера ў Новым Свержані ў студзені 1943 г. і таксама ў выніку далучыўся да партызан. Сярод прыкладаў, якія мы вывучалі, Мір меў найвышэйшы адсотак яўрэяў, якія эмігравалі у Палестыну / Ізраіль. Там сфармавалася моцнае зямляцтва (landsmanshaft) і ў 1962 г. была апублікаваная yizker-bukh пра Мір [182]. Тое, што касцяк групы, якая ўцякла з Мірскага гета і далучылася да партызан, складаўся з удзельнікаў сіянісцкага падполля, магло служыць сувяззю паміж этасам супраціву ў час вайны і пасляваеннай барацьбой за незалежнасць гістарычнай яўрэйскай радзімы. Прынцып ланцуговай міграцыі быў заўважны ва ўсіх мястэчках, якія мы вывучалі, хоць і па-рознаму. Хоць значныя групы ацалелых з Іўя і Білгарая эмігравалі ў Ізраіль, амаль такая самая колькасць выехала ў ЗША. Даўно заснаваныя зямляцтвы з абодвух мястэчак існавалі ў Нью-Ёрку, што магло спрычыніцца да папулярнасці гэтага кірунку сярод ацалелых.
Характэрнай асаблівасцю беларускіх мястэчак з нашай выбаркі была адносна вялікая колькасць ацалелых яўрэяў, якія засталіся на месцы ці ў іншых частках СССР. Гэтая колькасць была нашмат меншай у Бродах і Бэрэзным і нязначнай у выпадку Польшчы [183]. У той час як многія яўрэі з Польшчы і Украіны ўстрымліваліся ад наведвання сваіх мястэчак пасля вайны нават на кароткі час, у беларускім выпадку вяртанне ў мястэчка было нашмат больш частым. Некаторыя ацалелыя ў Халакосце заставаліся ў беларускіх мястэчках на даволі працяглы час. У Іўі, якое захавала шматэтнічны характар пасля 1944 г. і мела значную татарскую меншасць, даволі вялікая група ацалелых яўрэяў заставалася ў мястэчку многія дзесяцігоддзі. У той жа час толькі дзве яўрэйскія сям’і жылі ў Бродах у 1990-я гады і два асобныя яўрэі заставаліся ў Бэрэзным [184]. Гэтая розніца паказальная ў святле таго факта, што ўдзел у партызанцы мог істотна палепшыць умовы для пасляваеннай сацыяльнай мабільнасці яўрэяў у Савецкім Саюзе. Хоць некаторыя яўрэі з Бродаў і Бэрэзнага і мелі партызанскія эпізоды ў сваіх біяграфіях, большасць выжыла ў схованках, а тыя, хто меў партызанскае мінулае, як Бэн Бэйсман ці Аляксандр Куц з Бэрэзнага, ці служыў у Чырвонай арміі, як Герш Поляк з Бродаў, вырашылі пакінуць Савецкі Саюз. Траўматычны досвед антыяўрэйскага гвалту з боку ўкраінскіх нацыяналістычных партызан у час вайны і высокі ўзровень антысемітызму ў пасляваеннай Украінскай ССР маглі адыграць тут вырашальную ролю.
Высновы
У многіх базах дадзеных ацалелых у Халакосце іх жыццёвыя гісторыі часта скарочаны да некалькіх біяграфічных дэталяў, у тым ліку назваў месца, дзе яны былі вызваленыя, і – праз працяжнік – месца, дзе яны вырашылі адбудаваць жыццё пасля Катастрофы. Мэтай гэтага артыкула было праліць святло на тое, што хаваецца за гэтым працяжнікам, на пераходны перыяд. У біяграфічных наратывах гэты перыяд часта застаецца неартыкуляваным ці скарачаецца да сухога пераліку геаграфічных лакацый. Аднак у першыя пасляваенныя тыдні і месяцы перад ацалелымі ў Халакосце паўставалі шмат якія беспрэцэдэнтныя выклікі. У той час яны прымалі рашэнні, якія вызначалі іх наступнае жыццё. Замест таго, каб звесці гэты крытычна важны перыяд да тэлеалогіі непазбежных уцёкаў – хаатычных, паспешлівых і прадвызначаных, – мы паспрабавалі паказаць, што гэта таксама быў час, калі ацалелыя ў Халакосце вярталі сабе суб’ектнасць, бралі свае жыцці ва ўласныя рукі і ўзважвалі розныя варыянты. Яны былі ўцекачамі, якія сутыкаліся з небяспечным для жыцця гвалтам, дзяржаўнымі рэпрэсіямі і несправядлівасцю, але яны таксама былі эмігрантамі, якія прымалі рашэнні, што не так ужо моцна адрозніваліся ад рашэнняў іншых яўрэйскіх эмігрантаў у найноўшай гісторыі. Нават калі яны пакідалі родныя мястэчкі, уцякаючы ад гвалту, яны прымалі важныя рашэнні ўжо на шляху. І вынікі гэтых рашэнняў сфармавалі пасляваенны яўрэйскі свет.
Калі мы вывучаем траекторыі перамяшчэння ацалелых пасля 1944 г. з гэтай перспектывы, то бачым, што “яўрэйскія ўцёкі з Усходняй Еўропы” не былі прамым, лінейным і аднастайным працэсам і што ад’езд не быў адзіным варыянтам. На рашэнні з’язджаць, і калі з’язджаць, то як і калі, уплываў шырокі дыяпазон меркаванняў. Карціну ўскладняе яшчэ і тое, што тыя самыя матывы, якія кагосьці падштурхоўвалі з’ехаць, для іншых былі прычынай застацца. Хоць для многіх ацалелых была нясцерпнай непасрэдная блізкасць месцаў масавых забойстваў (асабліва ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, дзе ў Халакосце пад кулямі загінулі цэлыя супольнасці), іншыя адчувалі абавязак застацца ў гэтых мясцовасцях як захавальнікі масавых магіл і яўрэйскай памяці. У той час як савецкая палітыка (напрыклад, нацыяналізацыя маёмасці) адштурхоўвала некаторых ад жыцця на тэрыторыях пад кантролем СССР, іншыя атрымалі выгаду ад магчымасцей, якія прапаноўваў дзяржаўны сацыялізм (доступ да адукацыі, сацыяльная мабільнасць), і вырашалі застацца. У той час як жаданне жыць у знаёмым асяроддзі падштурхоўвала адных міграваць у буйныя гарадскія цэнтры, дзе захоўваліся яўрэйскія камунальныя сувязі, іншыя аддалі перавагу таму, каб застацца ў родных мястэчках, схаваць сваю яўрэйскасць і цалкам асімілявацца ў неяўрэйскіх супольнасцях, якія засялілі былыя штэтлы.
Канцавы прыпынак гэтых пасляваенных падарожжаў не заўсёды апраўдваў пачатковыя намеры тых, хто ў іх выправіўся. Рашэнне, ці эміграваць і куды, было сукупным і залежала ад рознага досведу, які ацалелыя ў Халакосце мелі ў гэтай прамежкавай фазе. Эміграцыя за мора ці пераезд у бліжэйшы вялікі горад залежалі ад шэрагу фактараў: ад магчымасці працаўладкавання да сустрэч з пэўнымі людзьмі, уласных ідэйных перакананняў і выбару партнёра. Перабор розных варыянтаў, няўдачы і перамена рашэнняў былі часткай гэтага працэсу. Нават калі рэтраспектыўна некаторыя рашэнні здаваліся ацалелым у Халакосце “натуральнымі” ці “відавочнымі”, калі яны распавядалі пра свае жыццёвыя шляхі праз некалькі дзесяцігоддзяў, іх планы выспявалі цягам пэўнага перыяду і залежалі ад многіх фактараў па-за іх кантролем. І нават калі многія вырашылі пакінуць штэтл назаўжды, штэтл рэдка адпускаў іх.
Пераклад Уладзіміра Валодзіна.
To Leave, or to Remain? Migration Decisions of Holocaust Survivors in Postwar Poland, Belarus and Ukraine in a Comparative Perspective
Magdalena Waligórska, Ina Sorkina, Yechiel Weizman, Marta Duch-Dyngosz
This article focuses on the central question that Holocaust survivors were asking themselves in the aftermath of World War Two: whether to remain in their towns (and countries) of origin or to leave? The first postwar years witnessed the largest mass-migration wave in the history of Europe. Part of these movements were returns home. By May 1945, over 40 million people had suffered warrelated displacement. Shifts on the political map of Europe led to more forced migration. The present article looks at how these major migration trends affected the life-changing decisions of Holocaust survivors in the microscale of former shtetls in Poland, Belarus and Ukraine. Considering the questions of personal safety, the opportunities for upward social mobility, and other push and pull factors, this paper concentrates on migration decisions of both those Jews who left their shtetls, and those who, at least, temporarily, opted for staying. Visualizations of migration routes provide additional insight into the collective nature of migration decisions and the role of group pressure.
* Даследаванне для гэтага артыкула было прафінансавана Фондам Герды Хенкель. Артыкул з’яўляецца часткай кнігі “The History of the Shtetl after 1945”, якая павінна пабачыць свет у 2026 г. у выдавецтве DeGruyter.
[1] Shoah Foundation’s Visual History Archive (VHA). Tsilah Zak’haym (born Kopolovits, 1922), interview code 23027 (інтэрв’ю ад 18 лістапада 1996 г.).
[2] Bauer Y. Flight and Rescue: Brichah. New York, 1970; Postwar Jewish Displacement and Rebirth, 1945–1967 / eds. F. Ouzan, M. Gerstenfeld. Leiden, 2014; Estraikh G. Escape through Poland: Soviet Jewish Emigration in the 1950s // Jewish History. 2018. Vol. 31. No 3–4. P. 291–317; Stankowski A., Weiser P. Demograficzne skutki Holokaustu // Następstwa zagłady Żydów. Polska, 1944–2010 / eds. F. Tych, M. Adamczyk-Garbowska. Lublin, 2011. S. 15–38; Person K. Dipisi: Żydzi polscy w amerykańskiej i brytyjskiej strefach okupacyjnych Niemiec, 1945–1948. Warszawa, 2019; Adler E. Survival on the Margins: Polish Jewish Refugees in the Wartime Soviet Union. Cambridge, 2020; Kichelewski A. Ocalali: Żydzi polscy po Zagładzie. Warszawa, 2021.
[3] Гл. журналісцкія тэксты пра пасляваенную яўрэйскую міграцыю, заснаваныя на інтэрв’ю: Wiszniewicz J. Życie przecięte: opowieści pokolenia Marca. Wołowiec, 2008. Bikont A. Cena: w poszukiwaniu żydowskich dzieci po wojnie. Wołowiec, 2022. Біяграфічныя кнігі пра выезд з Польшчы і Савецкага Саюза: Akavia M. Moje powroty. Kraków, 2005; Avinun S. Rising from the Abyss: An Adult’s Struggle with Her Trauma as a Child in the Holocaust. Hod Hosharon, 2005; Bauman J. Nigdzie na ziemi. Powroty. Opowiadania. Łódź, 2011; Sutin R. Jack and Rochelle: A Holocaust Story of Love and Resistance. London, 2016. Моніка Стэмпень прапануе параўнаўчы аналіз мемуараў ацалелых кракаўскіх яўрэяў: Stępień M. Miasto opowiedziane: powojenny Kraków w świetle żydowskiej literatury dokumentu osobistego. Kraków, 2018.
[4] Хоць даследаванне Эліяны Адлер транснацыянальнае, аўтарка факусуецца толькі на досведзе яўрэяў, якія з’ехалі з СССР, у той час як Одры Кіхелеўскі і Катажына Персан засяроджваюцца толькі на польскіх яўрэях, а Леанід Смілавіцкі і Міхаіл Міцэль адпаведна разглядаюць перамяшчэнні яўрэяў, якія апынуліся на тэрыторыі пасляваенных Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны: Adler E. Survival on the Margins: Polish Jewish Refugees in the Wartime Soviet Union. Cambridge, 2020; Person K. Dipisi: Żydzi polscy w amerykańskiej i brytyjskiej strefach okupacyjnych Niemiec, 1945–1948. Warszawa, 2019; Kichelewski A. Ocalali: Żydzi polscy po Zagładzie. Warszawa, 2021; Smilovitsky L. Jewish Life in Belarus: the Final Decade of the Stalin Regime (1944–1953). Budapest, 2014; Мицель М. Евреи Украины в 1943–1953 гг.: очерки документированной истории. Киев, 2004.
[5] Гл., напрыклад: Альроэй Г. [Alroey G.] Ціхая рэвалюцыя: яўрэйская эміграцыя з Расійскай імперыі, 1875–1924 [Ha-mahapeikha ha-shkeitah: ha-hagirah ha-yehudit me-ha-imperiah ha-russit, 1875–1924]. Ерусалім [Jerusalem], 2008; Points of Passage: Jewish Migrants from Eastern Europe in Scandinavia, Germany, and Britain, 1880–1914 / ed. T. Brinkmann. New York, 2022; Jewish Migration in Modern Times: The Case of Eastern Europe / eds. S. Ury, M. Spiro, and S. Goldin. Oxon and New York, 2019.
[6] Kichelewski A. Ocalali… S. 26.
[7] Яшчэ прыблізна 70 тыс. польскіх яўрэяў былі або дэпартаваны ўладамі СССР у 1939–1941 г. адміністрацыйным парадкам як “спецперасяленцы”, або высланы як зняволеныя ў ГУЛАГ. Хоць, паводле ацэнак, ад 8 да 10% з іх памерла ад голаду і хвароб у працоўных лагерах, для астатніх вынікам дэпартацыі стала ўратаванне ад Халакосту: Adler E. Survival on the Margins… P. 111, 134. Kichelewski A. Ocalali… S. 26–27.
[8] Berendt G. Straty osobowe polskich Żydów w okresie II wojny światowej // Polska, 1939–1945: straty osobowe i ofiary represji pod dwiema okupacjami / red. W. Materski, T. Szarota. Warszawa, 2009. S. 75.
[9] Person K. Dipisi… S. 20. Kichelewski A. Ocalali… S. 77–78.
[10] Яўрэйскія камітэты аднатавалі гэтую з’яву ў сваіх справаздачах: Archiwum Żydowskiego Instytutu Historycznego (AŻIH). 303/V/240. F. 121. Пра пагром у Кельцах гл. таксама: Tokarska-Bakir J. Pod klątwą: społeczny portret pogromu kieleckiego. Warszawa, 2018. Больш шырока пра выпадкі пасляваеннага гвалту ў Польшчы: Engel D. Patterns of Anti-Jewish Violence in Poland, 1944–1946. Jerusalem, 1998; Gross J. T. Fear: Anti-Semitism in Poland after Auschwitz; an Essay in Historical Interpretation. New York, 2006; Cichopek-Gajraj A. Beyond Violence. Jewish Survivors in Poland and Slovakia, 1944–1948. Cambridge, 2014; Kwiek J. Nie chcemy Żydów u siebie: przejawy wrogości wobec Żydów w latach 1944–1947. Warszawa, 2021. Пра яўрэйскую эміграцыю ў выніку пагрому: Person K. Dipisi… S. 20.
[11] Kichelewski A. Ocalali… S. 78.
[12] Estraikh G. Escape through Poland… P. 292.
[13] Згодна з Одры Кіхелеўскі, пасля 1950 г. у Польшчы заставалася каля 70 тыс. яўрэяў, але ў 1956–1957 г. больш за 50 тыс. іх выехала з краіны, у тым ліку многія з позніх яўрэйскіх “рэпатрыянтаў”, якія прыехалі ў Польшчу з СССР пасля 1955 г.: Kichelewski A. Ocalali… S. 116, 162. Пра гэтыя пазнейшыя хвалі эміграцыі гл.: Rykała A. Przemiany sytuacji społecznopolitycznej mniejszości żydowskiej w Polsce po drugiej wojnie światowej. Łódź, 2007. S. 203; Węgrzyn E. Wyjeżdżamy! Wyjeżdżamy?! Alija gomułkowska, 1956–1960. Kraków, 2016. S. 141–158.
[14] Person K. Dipisi… S. 48.
[15] Kichelewski A. Ocalali… S. 78.
[16] Person K. Dipisi… S. 70.
[17] Ibidem. S. 297, 301.
[18] Estraikh G. Escape through Poland… P. 292.
[19] Kaganovitch A. Stalin’s Great Power Politics, the Return of Jewish Refugees to Poland, and Continued Migration to Palestine, 1944–1946. Oxford, 2012. S. 75.
[20] Estraikh G. Escape Through Poland… S. 292. Stankowski A., Weiser P. Demograficzne skutki Holokaustu… S. 34–37.
[21] Adler E. Survival on the Margins… P. 237.
[22] Ibidem. P. 237; Edele M., Warlik W. Saved by Stalin? Trajectories and Numbers of Polish Jews in the Soviet Union // Shelter from the Holocaust: Rethinking Jewish Survival in the Soviet Union / ed. by M. Edele, S. Fitzpatrick, A. Grossmann. Detroit, 2017. P. 118.
[23] Stankowski A., Weiser P. Demograficzne skutki Holokaustu… S. 35.
[24] AŻIH. 355/32. F. 147 (Яўрэйскі камітэт Белай-Падляшскай у Ваяводскі яўрэйскі камітэт у Любліне).
[25] Ibidem. 303/V/238. F. 154 (Апека над рэпатрыянтамі, красавік 1946 г.).
[26] Estraikh G. Escape Through Poland… P. 292; гл. таксама: Kaganovitch A. Stalin’s Great Power Politics… P. 75.
[27] Смиловицкий Л. Евреи Беларуси: из нашей общей истории, 1905–1953. Минск, 1999. С. 95; Pinkus B. The Soviet Government and the Jews, 1948–1967: A Documented Study. Cambridge, 1984. P. 27.
[28] Eberhardt P. Przemiany narodowościowe na Białorusi. Warszawa, 1993. S. 114.
[29] Константинов В. Еврейское население бывшего СССР в ХХ веке. Иерусалим, 2007. С. 20.
[30] Гл.: Kijek K. A New Life? The Pre-Holocaust past and Post-Holocaust Present in the Life of the Jewish Community of Dzierżoniów, Lower Silesia, 1945–1950 // Jewish Lives under Communism: New Perspectives / eds. K. Capkova, K. Kijek. New Brunswick, 2022. P. 16; Kichelewski A. Ocalali… S. 76; Stępień M. Miasto opowiedziane: powojenny Kraków w świetle żydowskiej literatury dokumentu osobistego. Kraków, 2018. S. 256–265.
[31] Kwiek J. Nie chcemy Żydów u siebie…; Cichopek A. Pogrom Żydów w Krakowie 11 sierpnia 1945 r. Warszawa, 2000; Cichopek-Gajraj A. Beyond Violence…; Tokarska-Bakir J. Cries of the Mob in the Pogroms in Rzeszów (June 1945), Cracow (August 1945), and Kielce (July 1946) as a Source for the State of Mind of the Participants // East European Politics and Societies. 2011. Vol. 25. No. 3. P. 553–574; Tokarska-Bakir J. Kocia muzyka. Historia chóralna pogromu krakowskiego. Warszawa, 2024.
[32] Adler E. Survival on the Margins… P. 111, 225.
[33] Altshuler M. Religion and Jewish Identity in the Soviet Union 1941–1964. Waltham, 2012. P. 22–40.
[34] Adler E. Survival on the Margins… P. 228. Больш інфармацыі пра абмежаванне яўрэйскага рэлігійнага жыцця ў СССР: Altshuler M. Religion and Jewish Identity…
[35] Акерман Ф. Гісторыя Гародні, 1919–1991. Смаленск, 2021. С. 293.
[36] Exeler F. Ghosts of War: Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus. Ithaca (NY), 2022. P. 211–218.
[37] Ibidem. P. 17.
[38] Smilovitsky L. Jewish Life in Belarus… P. 22.
[39] Khiterer V. Unwelcome Return Home: Jews, Anti-Semitism and the Housing Problem in Post-War Kyiv // Eastern European Holocaust Studies. 2023. Vol 1. No. 1. P. 155–174.
[40] Altshuler M. Religion and Jewish Identity… P. 60; Blackwell M. J. Kyiv as Regime City: The Return of Soviet Power After Nazi Occupation. Rochester, 2016. P. 13–15.
[41] Weiner A. Making Sense of War: The Second World War and the Fate of the Bolshevik Revolution. Princeton, 2000. P. 191–194.
[42] Яўрэйскія камітэты дамагаліся ад камуністаў, каб была прынята фармальная пастанова супраць антысемітызму: Cała A. Ochrona bezpieczeństwa fizycznego Żydów w Polsce powojennej. Komisje Specjalne przy Centralnym Komitecie Żydów w Polsce. Warszawa, 2014; Rykała A. W reakcji na powojenną przemoc antysemicką. Samoobrona Żydów w Łodzi – uwarunkowania społeczno-polityczne i przestrzenne. Łódź, 2020.
[43] Lasman N. Wspomnienia z Polski: 1 sierpnia 1944 – 30 kwietnia 1957. Warszawa, 1997. S. 56.
[44] Cała A. Ochrona bezpieczeństwa… P. 38-48. Цэнтральную камісію ўзначальваў Іцхак Цукерман. Былі таксама арганізаваны ваяводскія спецыяльныя камісіі (Wojewódzkie Komitety Specjalne), у тым ліку ў Любліне, а ў дадатак да іх – рэгіянальныя ў асобных гарадах. Яны мусілі супрацоўнічаць з мясцовымі органамі грамадзянскай міліцыі (MO), добраахвотнага рэзерву грамадзянскай міліцыі (ORMO) і грамадскай бяспекі (UB) у справе аховы маёмасці яўрэйскіх камітэтаў, дзіцячых дамоў, прытулкаў для рэпатрыянтаў, школ, мясцовых аддзяленняў яўрэйскіх палітычных партый, кааператываў і фабрык з вялікай доляй яўрэйскіх працаўнікоў. Камісіі дзейнічалі да сакавіка 1947 г.
[45] Спецыяльнай камісіі ў Любліне падпарадкоўваліся Холм, Краснік, Замосце (10 чал.), Грубешаў (16 чал.), Мендзыжэч, Уладава (10–15 чал.) і Тамашаў-Любельскі (3 чал.). За выключэннем Мендзыжэча і Красніка яўрэйскія насельнікі іншых гарадоў і мястэчак на той час вырашылі застацца. Спецыяльная камісія ў Любліне дзейнічала даўжэй, чым у іншых рэгіёнах. Гл.: Cała A. Ochrona bezpieczeństwa… P. 83–84.
[46] Kwiek J. Nie chcemy Żydów u siebie… S. 62; Tokarska-Bakir J. Cursed: A Social Portrait of the Kielce Pogrom / Transl. by E. Wampuszyc. Ithaca (NY), 2023.
[47] AŻIH. 355/31. F. 132 (Ваяводскі яўрэйскі камітэт у Любліне ў Цэнтральны камітэт польскіх яўрэяў у Варшаве, 26 сакавіка 1945 г.); Ibidem. 355/33. F. 16 (Мемарыял Ваяводскага камітэта польскіх яўрэяў у Любліне ваяводу г. Люблін у справе бяспекі жыцця і маёмасці люблінскіх яўрэяў, 25 сакавіка 1946 г.).
[48] Ibidem. 355/30. F. 1 (У Ваяводскі камітэт польскіх яўрэяў у Любліне, 9 снежня 1945 г.).
[49] Ibidem. 355/12. F. 2 (Пратакол пленарнага паседжання Ваяводскага яўрэйскага камітэта ў Любліне, 15 красавіка 1945 г.).
[50] Ibidem.
[51] Ibidem. 355/33. F. 16–19 (Мемарыял ваяводскага камітэта польскіх яўрэяў у Любліне ваяводу г. Люблін у справе бяспекі жыцця і маёмасці люблінскіх яўрэяў, 25 сакавіка 1946 г.).
[52] Гл., напрыклад: Bauer Y. Flight and Rescue… P. 119–152; Aleksiun N. Dokąd dalej? Ruch syjonistyczny w Polsce (1944–1950). Warszawa, 2002. S. 51–57; Stola D. Jewish Emigration from Communist Poland: The Decline of Polish Jewry in the Aftermath of the Holocaust // East European Jewish Affairs. 2007. Vol. 47. No. 2–3. P. 175–176; Stankowski A. Nowe spojrzenie na statystyki dotyczące emigracji Żydów z Polski po 1944 roku // Studia z historii Żydów w Polsce po 1945 roku / red. G. Berendt, A. Grabski, A. Stankowski. Warszawa, 2000. P. 103–151; Kichelewski A. Ocalali… P. 75–98; Gawron E. Powojenna emigracja Żydów z Polski: Przykład Krakowa // Następstwa Zagłady Żydów: Polska 1944–2010 / red. F. Tych, M. Adamczyk-Grabowska. Lublin, 2012. P. 413–437; Stępień M. Miasto opowiedziane… P. 256–265.
[53] Person K. Dipisi… P. 95–98.
[54] VHA. Tsilah Zak’haym (born Kopolovits, 1922), interview code 23027 (інтэрв’ю ад 18 лістапада 1996 г.).
[55] Ален Смол (Allen Small). Тэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 2.11.2021 г.
[56] VHA. Hyman Itzkovitz (born 1930), interview code 27957 (інтэрв’ю ад 6 красавіка 1997 г.).
[57] Ibidem. Jack Itkow (born Zodek Itzkowitz, 1925), interview code 21186 (інтэрв’ю ад 22 кастрычніка 1996 г.).
[58] Ibidem. Vela Belsky (born Bloch, 1918), interview code 38992 (інтэрв’ю ад 4 сакавіка 1998 г.).
[59] Ibidem. Tsiporah Singer (born Żurawska, 1923), interview code 28429 (інтэрв’ю ад 9 сакавіка 1997 г.).
[60] Bakst L. B. The Shoemaker’s Son: The Life of a Holocaust Resister (Holocaust Survivor True Stories). Amsterdam, 2021. P. 30–31.
[61] VHA. Jack Sutin (born Izik Sutin, 1913), interview code 13955 (інтэрв’ю ад 8 красавіка 1996 г.).
[62] Поліщук Н. “Велика” синагога у Бродах // Релігійно-інформаційна служба України, 15.04.2014 г., https://risu.ua/velika-sinagoga-u-brodah_n68376 (дата звароту: 10.03.2025 г.).
[63] Adler E. Survival on the Margins… P. 111.
[64] Ibidem. P. 225.
[65] Erlich R. Summary Report of Eighteen Intensive Interviews with Jewish DP’s from Poland and the Soviet Union. The American Jewish Committee Library of Jewish Information. Köln, 1951. P. 6.
[66] Fitzpatrick S. Annexation, Evacuation, and Antisemitism in the Soviet Union, 1939–1946 // Shelter from the Holocaust… P. 133–160.
[67] VHA. Josif Levin (born 1921), interview code 5347 (інтэрв’ю ад 10 жніўня 1995 г.).
[68] Ален Смол (Allen Small). Тэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 2.11.2021 г.
[69] VHA. Hyman Itzkovitz (born 1930), interview code 27957 (інтэрв’ю ад 6 красавіка 1997 г.).
[70] Ibidem. Mariia Gil’movskaia (born 1922), interview code 25311 (інтэрв’ю ад 24 студзеня 1997 г.).
[71] Ibidem. Philip Kinn (born Kinkulkin, 1914), interview code 44457 (інтэрв’ю ад 6 жніўня 1998 г.).
[72] Bakst L. The Shoemaker’s Son… P. 98–99.
[73] VHA. Jack Sutin (born Izik Sutin, 1913), interview code 13955 (інтэрв’ю ад 8 красавіка 1996 г.).
[74] Ibidem. Philip Kinn (born Kinkulkin, 1914), interview code 44457 (інтэрв’ю ад 6 жніўня 1998 г.).
[75] Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці (ДАГА, Гродна). Ф. 2190. Воп. 1. Спр. 6. Арк. 11.
[76] VHA. Marsha Zoltak (born Gercek, 1930), interview code 16183 (інтэрв’ю ад 9 чэрвеня 1996 г.).
[77] Гл.: Bakst L. The Shoemaker’s Son… P. 98–99.
[78] Hartley Library, University of Southampton. Special Collections. MS408/A1057/1/18. P. 8218 (cведчанне Ліпэ Барнштэйна (Lippe Bornstein), 1900 г. н., для Яд Вашэм, 1971 г.).
[79] Vlatman Y. Ha’ole Haacharon Mebordy [Апошні эмігрант з Бродаў] // Ner Tamid Yizkor li-Brodi Sefer zikaron li-kehilat Brodi u-sevivatah. Jerusalem, 1994. P. 292–304.
[80] VHA. Josif Levin (born 1921), interview code 5347 (інтэрв’ю ад 10 жніўня 1995 г.).
[81] Ibidem. Zinaida Nadborny (born Gershkowicz, 1919), interview code 50881 (інтэрв’ю ад 25 траўня 2000 г.).
[82] ДАГА, Гродна. Ф. 2460. Воп. 1. Спр. 16. Арк. 6.
[83] Тамсама. Спр. 2. Арк. 16.
[84] Тамсама. Спр. 10. Арк. 90.
[85] Тамсама. Арк. 184.
[86] Oddziałowe Archiwum Instytutu Pamięci Narodowej w Łodzi (AIPN Łódź). 097/44; Friedman A., Waligórska M. Das Amt für Öffentliche Sicherheit (UB) und jüdische Kommunisten in der Volksrepublik Polen nach 1945: Der Fall Aleksander Kuc (1919–2005) // Medaon: Magazin für jüdisches Leben in Forschung und Bildung. Vol. 15. 2021. P. 1–7.
[87] Гл.: Stępień M. Miasto opowiedziane… P. 211–217.
[88] Ivye nakh der bafrayung [Іўе пасля вызвалення] // Sefer zikaron li-kẹ hilat Ivyeh = Ivie. In Memory of the Jewish Community / ed. by M. Kahanovich. Tel Aviv, 1968. P. 630.
[89] Hartley Library, University of Southampton. Special Collections. MS408/A1057/1/18. P. 8217 (сведчанне Ліпэ Барнштэйна для Яд Вашэм, 1971 г.).
[90] VHA. Paul Katz (born 1930), interview code 39299 (інтэрв’ю ад 16 лютага 1998 г.).
[91] Шмуэль Атцмон-Вірцэр (Shmuel Atzmon-Wircer). Iнтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігурскай, 2.07.2020 г.
[92] Ivye nakh der bafrayung [Іўе пасля вызвалення] // Sefer zikaron li-kẹ hilat Ivyeh… P. 630.
[93] Berezne Be’shkiaata [Бэрэзнэ ў сваім заняпадзе] // Berezna Memorial Book = Mayn Shtẹ tẹ le Berezne / ed. G. Bejgiel. New York, 2003. P. 161.
[94] Параўн. сведчанні Арые Медэвед (Arie Medeved): Der Bruder Kever [Брацкая магіла] // Berezna Memorial Book… P. 124; а таксама Дворы Раковіч-Рэзэль (Dvora Rokovitch-Resel): Mir gezegenen sikh mit der kveres // Sefer Mir / ed. N. Blumental. Jerusalem, 1962. P. 648.
[95] Рая Шніпер (Gershkovitz). Тэлефоннае інтэрв’ю з Аляксандрам Фрыдманам, 25.09.2020 г.
[96] Тамара Барадач. Iнтэрв’ю ў Zoom з Інай Соркінай, 6.04.2021 г.
[97] Тамсама.
[98] Лена Бондар. Iнтэрв’ю ў Zoom з Інай Соркінай, 13.06.2021 г.
[99] Жанчына, народжаная ў 1965 г., Юзэфаў. Tэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 11.09.2022 г.
[100] Edele M. and Warlik W. “Saved by Stalin?”.. P. 122.
[101] Прыклады такіх цяжкасцяў прыводзіць таксама М. Стэмпень, якая даследавала ацалелых яўрэяў у пасляваенным Кракаве: Stępień M. Miasto opowiedziane… S. 268–273.
[102] Archiwum Instytutu Pamięci Narodowej w Warszawie (AIPN). 00200/981. S. 13 (Сталічная каманда грамадзянскай міліцыі. Спецыяльная рэгістрацыя 147/76, 7 красавіка 1976 г.).
[103] Edele M. and Warlik W. Saved by Stalin?.. P. 122.
[104] Estraikh G. Escape Through Poland… P. 311. Эва Вэнгжын указвае на падобныя прычыны, якія стрымлівалі польскіх яўрэяў ад выезду ў Ізраіль пасля 1956 г.: Węgrzyn E. Wyjeżdżamy!.. S. 158.
[105] Лена Бондар. Iнтэрв’ю ў Zoom з Інай Соркінай, 13.06.2021 г.
[106] Тамара Барадач. Iнтэрв’ю ў Zoom з Інай Соркінай, 6.04.2021 г.
[107] VHA. Sarra Lander (born Khaimovich, 1930), interview code 47433 (інтэрв’ю ад 17 чэрвеня 1998 г.).
[108] Mir [BY]: Líbe Krenitshne (1), 20.06.1998 // Dovid Katz (YouTube-канал), Lithuanian Yiddish Video Archive (плэйліст), https://www. youtube.com/watch?v=IczoxepysTY (дата звароту: 8.01.2024 г.).
[109] Archiwum Państwowe w Kraśniku (APK). Akta miasta Biłgoraja. Sygn. 9. S. 34 (Пратакол № 12 пленарнага паседжання Гарадской нацыянальнай рады ў Білгараі, 10 снежня 1948 г.).
[110] AŻIH. RG 350. Sign. 350/56/5; Rosner A. M. Obraz społeczności ocalałych w Centralnej Kartotece Wydziału Ewidencji i Statystyki CKŻP. Warszawa, 2018. P. 234.
[111] Kichelewski A. Ocalali… P. 124. Такая матывацыя таксама прыводзіцца ў многіх дзённіках і сведчаннях, напрыклад: Bauman J. Nigdzie na ziemi…; Zawadzka A. Żydokomuna. Warszawa, 2010, DVD. Гл. таксама: Auerbach K. The House at Ujazdowskie 16: Jewish Families in Warsaw after the Holocaust. Bloomington, 2013.
[112] Rykała A. Przemiany sytuacji… P. 201.
[113] Пра такія глыбока асіміляваныя сем’і польскіх яўрэяў і іх пасляваенны выбар гл.: Kurski J. Dziady i dybuki. Warszawa, 2022.
[114] Adler E. Survival on the Margins… P. 237.
[115] Некаторыя статыстычныя дадзеныя, якія датычаць занятасці ў першыя пасляваенныя гады ў гарадах і мястэчках Варшаўскага павета, сабрала Аліна Скібіньска, гл.: Skibińska A. Powroty ocalałych, 1944–1950 // Prowincja Noc. Życie i zagłada Żydów w dystrykcie warszawskim, 1939–1945 / pod red. B. Engelking, J. Leociaka i D. Libionki, Warszawa, 2007. S. 556–557.
[116] Смиловицкий Л. Евреи Беларуси… С. 97.
[117] Тамсама. С. 105–106.
[118] ДАГА, Гродна. Ф. 2190. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 24.
[119] Тамсама. Спр. 6. Арк. 19; Тамсама. Спр. 13. Арк. 1, 2; Тамсама. Спр. 25. Арк. 9; Тамсама. Спр. 44. Арк. 27.
[120] Тамсама. Ф. 2460. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 7; Тамсама. Спр. 3. Арк. 49–60; Тамсама. Спр. 10. Арк. 72; Тамсама. Спр. 68. Арк. 13.
[121] Hartley Library, University of Southampton. Special Collections, MS408/A1057/1/18. P. 1515 (сведчанне Бен-Цыёна Ковенскага (Ben-Zion Kovenski) для Яд Вашэм, 1983 г.). Ковенскі працаваў дырэктарам завода з чэрвеня 1944 да жніўня 1945 г., калі ён эміграваў спачатку ў Польшчу, а потым у Ізраіль.
[122] Смиловицкий Л. Евреи Беларуси… С. 252.
[123] Тамсама. С. 260.
[124] Толькі ў адным Іўі працу ў мясцовым НКУС знайшлі чатыры яўрэі з ліку былых партызан: Смиловицкий Л. Евреи Беларуси… С. 269. Пра яўрэяў, якія пайшлі на працу ў органы дзяржбяспекі, матываваных неабходнасцю адплаты, гл.: Ален Смол (Allen Small). Тэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 2.11.2021 г.
[125] VHA. Paula Last (born Grober, 1925), interview code 44158 (інтэрв’ю ад 15 ліпеня 1998 г.).
[126] Ibidem.
[127] Цыт.: Erlich R. Summary Report… P. 4.
[128] ДАГА, Гродна. Ф. 2190. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 20.
[129] Смиловицкий Л. Евреи Беларуси… С. 260.
[130] Гэта адлюстравана ў некаторых сведчаннях ацалелых з Іўя, гл.: VHA. Raisa Chodosz (born Levin, 1923), interview code 10920 (інтэрв’ю ад 14 студзеня 1996 г.); Ibidem. Allen Small (born Schmulewitz, 1928), interview code 7311 (інтэрв’ю ад 5 кастрычніка 1995); Іцхак Меламед (Yitzhak Melamed). Tэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 8.10.2021 г.
[131] Смиловицкий Л. Евреи Беларуси… С. 252. Estraikh G. Escape Through Poland… Р. 308.
[132] Mariia Gil’movskaia (born 1922), interview code 25311 (інтэрв’ю ад 24 студзеня 1997 г.); Ibidem. Sarra Lander (born Khaimovich, 1930), interview code 47433 (інтэрв’ю ад 17 чэрвеня 1998 г.).
[133] Ostrowskaja R. Juden in der Ukraine: 1989–1994. Städtl. Ostfildern-Ruit, 1996. S. 8.
[134] Rykała A. Przemiany sytuacji… S. 77.
[135] Цыт. паводле: Adler E. Survival on the Margins… P. 244.
[136] Rykała A. Przemiany sytuacji… S. 175.
[137] Kichelewski A. Ocalali… S. 50–51.
[138] Rykała A. Przemiany sytuacji… S. 175.
[139] Анджэй Рыкала прыводзіць дэталёвую статыстыку для г. Глівіцэ, дзе ў сярэдзіне 1950-х г. структура занятасці яўрэяў выглядала наступным чынам: рабочыя – 10,3%, тэхнічная інтэлігенцыя – 17,5%, свабодныя прафесіі – 13,9%, прафесійная інтэлігенцыя – 51,1%, рамеснікі – 7,2%, гл.: Rykała A. Przemiany sytuacji… S. 174.
[140] Kichelewski A. Ocalali… S. 107.
[141] Ibidem. S. 122.
[142] Paczkowski A. Jews in the Polish Security Apparatus: An Attempt to Test the Stereotype // Polin. Vol. 16. 2003. P. 453–64.
[143] Oddziałowe Archiwum Instytutu Pamięci Narodowej w Katowicach (AIPN Katowice). 0172/195 (Асабовая справа Эльяша Боксенбаўма (Eljasz Boksenbaum)); Ibidem. 0172/156 (Асабовая справа супрацоўніка SB Тобіяша Блата (Tobiasz Blatt)); AIPN. IPN BU 0193/157 (Асабовая справа супрацоўніка SB Фішэля Бяловіча (Fiszel Białowicz)).
[144] Як паказвае статыстыка яўрэйскіх камітэтаў, у пачатку 1947 г. толькі траціна зарэгістраваных яўрэяў мела працу. Значная частка знайшла яе ў сацыяльных і ўрадавых установах: 16,5% (5512 чал.) і 9,9% (3307 чал.) адпаведна. А. Рыкала адзначае, што многія яўрэі, асабліва на ўрадавай службе, не паведамлялі яўрэйскім камітэтам пра сваё месцы працы: Rykała A. Przemiany sytuacji… S. 77–78.
[145] Ibidem.
[146] Гл.: Forecki P. Fantazmat Julii Brystiger // Środkowoeuropejskie Studia Polityczne. 2017. Nr 1. S. 47–69. Fornal P. Żydzi w Urzędzie Bezpieczeństwa w południowo-wschodniej Polsce, 1944–1956. Krosno, 2012. У той жа час новыя даследаванні паказваюць, што тыповым супрацоўнікам камуністычнай тайнай паліцыі быў малады этнічны паляк, рыма-каталік. У першыя пасляваенныя гады прадстаўнікі ўсіх страт неяўрэйскага насельніцтва далучыліся да апарату дзяржаўнай бяспекі. Яны зрабілі гэта па самых розных прычынах: у пошуках бяспекі, доступу да ўлады, магчымасці ўзбагаціцца. Для свайго даследавання пагромаў у Кракаве і Кельцах Яанна Такарска-Бакір рэканструявала спісы супрацоўнікаў мясцовых падраздзяленняў MO і UB, у якіх было шмат удзельнікаў польскага падполля ваеннага часу: Tokarska-Bakir J. Pod klątwą: Społeczny portret pogromu kieleckiego. Warszawa, 2018. Гл. таксама больш агульнае даследаванне міфа юдэа-камунізму ва Усходняй Еўропе: Hanebrink P. A Specter Haunting Europe: The Myth of Judeo-Bolshevism. Cambridge (MA), 2018. P. 163–199.
[147] Paczkowski A. Żydzi w UB. Próba weryfikacji stereotypu // Komunizm, ideologia, system, ludzie / ed. by T. Szarota. Warszawa, 2021; Schatz J. Generation. The Rise and Fall of the Jewish Communists of Poland. Berkeley, 1991; Śpiewak P. Żydokomuna: Interpretacje historyczne. Warszawa, 2012; Zawadzka A. Tearing off the Masks: Narratives on Jewish Communists // Studia Litteraria et Historica. No. 2. 2013. P. 1–29; Zawadzka A. Więcej niż stereotyp: Żydokomuna jako wzór kultury polskiej. Warszawa, 2023; Stępień M. Miasto opowiedziane… P. 187–217; Kijek K. A New Life?.. P. 15–34.
[148] Polonsky A. Dzieje Żydów w Polsce i Rosji. Warszawa, 2014. S. 568.
[149] Гл., напрыклад: Stępień M. Miasto opowiedziane… S. 209-217.
[150] Падлікі заснаваны на дадзеных, сабраных са статыстыкі Цэнтральнага камітэта яўрэяў у Польшчы, а таксама са сведчанняў ацалелых са збораў Архіва візуальнай гісторыі Фундацыі Шоа і дакументаў пасляваенных судовых працэсаў над былымі памагатымі нацыстаў. Са 140 ацалелых, чые прафесіі былі занатаваны ў дакументах, 34 былі краўцамі, 16 – гандлярамі, 15 – працоўнымі (рабочы, механік); 18 займаліся кваліфікаванай працай (3 бухгалтары, 2 электрыкі, 4 друкары, 2 медсястры, 2 тэхнікі зубапратэзаў, 1 міліцыянт, 3 офісныя работнікі, 1 супрацоўнік іўдзейскай кангрэгацыі). Агульная колькасць ацалелых з Ізбіцы і Білгарая, звесткі пра якіх мы знайшлі, – 755 чалавек (645 з Білгарая і 110 з Ізбіцы). Такім чынам, мы маем дадзеныя пра род заняткаў толькі 20% з іх. Крыніцы: AŻIH. 303 V 708 (Пайменныя спісы былых жыхароў населеных пунктаў у межах Люблінскага ваяводства); Oddziałowe Archiwum Instytutu Pamięci Narodowej w Lublinie (AIPN Lublin). 327/31 (Дакументы па справе: Кулеша Францішак (Kulesza Franciszek) ды іншыя, 1946–1954); VHA. Sylvia Prypstein (born Hechtman, 1927), interview code 25206 (інтэрв’ю ад 23 студзеня 1997 г.); Ibidem. Alexander Gliksman (born 1915), interview code 7606 (інтэрв’ю ад 1 кастрычніка 1995 г.); Ibidem. Sol Kiperman (born 1933), interview code 40976 (інтэрв’ю ад 3 траўня 1998 г.).
[151] Больш як 10% ацалелых яўрэяў па ўсёй краіне зарэгістраваліся з прафесіяй краўца, але толькі крыху больш за 2000 чалавек (2%) задэкларавалі прафесійную дзейнасць у гандлі (камерсант, гандляр): Rosner A. M. Obraz społeczności… S. 137.
[152] AŻIH. 303 V 708 (Пайменныя спісы былых жыхароў населеных пунктаў у межах Люблінскага ваяводства).
[153] Ibidem.
[154] Ibidem; AIPN Katowice. 0172/195; AIPN. IPN BU. 0193/157.
[155] Морыс Вермут (Mourice Wermut). Iнтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігурскай, 9.03.2021 г.
[156] AIPN Lublin. 327/31. S. 118 (Пратакол допыту сведкі, 18 верасня 1946 г.).
[157] Ibidem. S. 359 (Пералік наяўнасці сведкаў, 4 кастрычніка 1947 г.).
[158] Морыс Вермут (Mourice Wermut). Iнтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігурскай, 9.03.2021 г.
[159] AIPN Lublin. 327/31. S. 504 (Пералік наяўнасці сведкаў, 23 студзеня 1948 г.); AŻIH. 303 V 708. S. 56 (Спіс білгарайскага зямляцтва ў Кракаве (асобы, якія жылі ў Білгараі да 1 верасня 1939 г.)).
[160] AŻIH. 303 V 708 (Пайменныя спісы былых жыхароў населеных пунктаў у межах Люблінскага ваяводства).
[161] Ibidem. S. 61–66.
[162] APK. Akta Miasta Biłgoraja. Sygn. 176. S. 4 (Прэзідыум Гарадской нацыянальнай рады ў Білгараі. Вопіс нерухомасці за 1944 г.).
[163] Сэлі Кохан (Sally Kochan, народжаная Сара Зільберфайн). Tэлефоннае інтэрв’ю з Магдаленай Валігурскай, 17.04.2021 г.
[164] APK. Akta Miasta Biłgoraja. Sygn. 8. S. 10–11 (Пратакол № 6 паседжання Гарадской нацыянальнай рады ў Білгараі, 28 кастрычніка 1944 г.); Ibidem. S. 21–22 (Пратакол № 1 надзвычайнага паседжання Гарадской нацыянальнай рады ў Білгараі, 14 студзеня 1945 г.).
[165] Ibidem. Akta Miasta Biłgoraja. Sygn. 9. S. 3 (Пратакол № 2 пленарнага паседжання Гарадской нацыянальнай рады ў Білгараі, 30 студзеня 1948 г.).
[166] Ibidem. Prezydium Miejskiej Rady Narodowej w Biłgoraju. Sygn. 204. S. 25 (Карэспандэнцыя ў справах пакінутай маёмасці, 1950 г.).
[167] VHA. Sylvia Prypstein (born Hechtman, 1927), interview code 25206 (інтэрв’ю ад 23 студзеня 1997 г.); Ibidem. Alexander Gliksman (born 1915), interview code 7606 (інтэрв’ю ад 1 кастрычніка 1995 г.); Морыс Вермут (Mourice Wermut). Iнтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігурскай, 9.03.2021 г.; Морыс і Адам Рапапорт (Morris and Adam Rapaport). Iнтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігoрскай, 17.03.2021 г.
[168] AŻIH. 303 V 708. S. 56 (Пайменныя спісы былых жыхароў населеных пунктаў у межах Люблінскага ваяводства); Шмуэль Атцмон-Вірцэр (Shmuel Atzmon-Wircer). Інтэрв’ю ў Zoom з Магдаленай Валігурскай, 1.07.2020 г.
[169] Морыс Вермут, e-mail Магдалене Валігурскай, 11.04.2024 г.
[170] Арганізацыя развіцця прамысловай рамеснай і сельскагаспадарчай творчасці яўрэйскага насельніцтва ў Польшчы (Organizacja Rozwoju Twórczości Przemysłowej Rzemieślniczej i Rolniczej wśród Ludności Żydowskiej w Polsce, ORT) – яўрэйская даваенная дабрачынная арганізацыя, аднавіла сваю дзейнасць у 1946 г. і пачала забяспечваць прафесійнае навучанне ацалелым у Халакосце. У 1946–1948 гг. яе навучальныя праграмы скончылі 3,5 тыс. чалавек. Спыніла сваю дзейнасць у Польшчы ў 1950 г. Гл.: Aleksiun N. ORT // Żydzi w Polsce. Dzieje i kultura. Leksykon / red. J.Tomaszewski, A. Żbikowski. Warszawa, 2001. S. 374–375.
[171] Ostrowskaja R. Juden in der Ukraine… S. 124.
[172] Ibidem.
[173] VHA. Paul Katz (born 1930), interview code 39299 (інтэрв’ю ад 16 лютага 1998 г.).
[174] Aleksiun N. Dokąd dalej? … S. 64.
[175] Пра яўрэйскі дзіцячы дом у Бытаме гл.: Spielvogel I. Ochrona zdrowia społeczności żydowskiej na Górnym Śląsku w latach 1945–1950 // Medycyna Nowożytna. T. 29. 2023. Suplement. S. 201–225.
[176] З 645 ацалелых яўрэяў з Білгарая 541 асоба (84%) зарэгістравалася ў яўрэйскіх камітэтах, размешчаных на “вернутых землях”.
[177] Са 110 ацалелых яўрэяў з Ізбіцы 82 жылі ў Ніжняй Сілезіі, у тым ліку 32 – ва Уроцлаве.
[178] AŻIH. 303 V 708 (Пайменныя спісы былых жыхароў населеных пунктаў у межах Люблінскага ваяводства).
[179] APK. Sąd Grodzki w Biłgoraju. Zg 290/48 (Дакументы, датычныя заявы Хаіма Каліхмана аб устанаўленні смерці Мошка Каліхмана ды інш., 1948 г.); Ibidem. Sąd Grodzki w Biłgoraju. S 297/48 (Справа па заяве Лемеля Відэрпельца пра ўстанаўленне права на спадчыну па Фрымеце Зальцман, 1948 г.).
[180] Ibidem. Akta Sądu Grodzkiego w Biłgoraju, 1948–1950.
[181] Bauer Y. Flight and Rescue…; Yanai Y. Mulka. Escape from the USSR. Washington, 2013.
[182] BЗ 56 ацалелых яўрэяў з Міра, чые пасляваенныя шляхі міграцыі мы змаглі рэканструяваць, 28 накіраваліся ў Ізраіль і толькі 6 у ЗША.
[183] B12 яўрэяў з Міра і 15 яўрэяў з Іўя засталіся ў СССР пасля вайны.
[184] BNer Tamid Yizkor li-Brodi Sefer zikaron li-kehilat Brodi u-sevivatah. Jerusalem, 1994. P. 183.
