БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

SIEBERT, DIANA. Die Territorialisierung der Belarus als BSSR 1918–1941: Politische Willkür, Geografismus oder Ethnizismus? Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2024. 450 S., 16 Abb., 6 Tab., 15 Kar. (Historische Belarus-Studien 10)

Сярод нямецкіх гісторыкаў, якія глыбока вывучаюць беларускую праблематыку ХХ ст., ганаровае месца належыць доктару Дыяне Зіберт. Пачынаючы са сваёй магістарскай дысертацыі, прысвечанай эканоміцы сельскай гаспадаркі ў польскай і савецкай частках беларускага Палесся і абароненай у Кёльнскім універсітэце ў 1990 г., яна захоўвае ўстойлівую прафесійную цікавасць да вывучэння гісторыі Беларусі. Акрамя кнігі, пра якую пойдзе размова, Дыяна Зіберт з’яўляецца аўтарам яшчэ дзвюх буйных манаграфій [1], а таксама некалькіх дзясяткаў навуковых артыкулаў [2], у якіх падрабязна разглядаюцца розныя бакі і аспекты беларускай гісторыі ў асноўным да Другой сусветнай вайны.

Новая манаграфія Дыяны Зіберт прысвечана вызначэнню і фармаванню межаў Беларусі, у тым ліку ў рамках БНР, ЛітБел, БССР. Як адзначае сама аўтарка (15), яе даследаванне стала працягам папярэдняй манаграфіі, выдадзенай у 2019 г. і прысвечанай Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы. У фокусе цяперашняй кнігі Дыяны Зіберт знаходзіцца ў асноўным усходняя частка Беларусі (БССР).

Структура кнігі ўражвае разбудаванасцю і дакладнасцю. У яе аснову пакладзены праблемна-храналагічны прынцып разгляду пытанняў. Пасля кароткай прадмовы даследчыца прысвяціла аб’ёмныя ўводзіны тлумачэнню выкарыстанай у працы тэрміналогіі і зместу асноўных навуковых паняццяў, якія яна раскрывае як у чыстым выглядзе, так і праз канкрэтныя прыклады з практыкі Расійскай імперыі, СССР, Беларусі, а таксама Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У гэтай частцы даследавання прыводзіцца параўнальны агляд падыходаў да тэорыі геаграфізму Фернана Брадэля і Ціма Маршала. Пасля ўводнага першага раздзела другі і трэці прысвечаны адпаведна вызначэнню межаў і тэрыторыі. “Межы” і “Тэрыторыя” ў сваю чаргу раздзелены на мноства спецыяльных падраздзелаў і параграфаў. Завяршае даследаванне аб’ёмнае, як і ўводзіны, заключэнне – “Заключэнне: Этнізацыя або тэрытарызацыя? Этнічнасць ці геаграфізм?”.

Тэму фармавання межаў БССР наўрад ці можна назваць мала вывучанай. Праблема межаў адносіцца да палітычнай сферы, якая, як правіла, добра дакументавана. Так, шырокі комплекс дакументаў быў апублікаваны ў двухтомным зборніку дакументаў і матэрыялаў “Дзяржаўныя межы Беларусі”, падрыхтаваным у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 2012–2013 гадах [3].

Аднак, як вынікае ўжо з самой назвы манаграфіі, Дыяна Зіберт не проста імкнецца апісаць працэс фармавання тэрыторыі БССР (хоць ужо гэтага, на мой погляд, было б дастаткова для папулярызацыі беларускай гісторыі ў Нямеччыне). Яна ставіць задачу растлумачыць дынаміку трансфармацыі межаў нацыянальнай рэспублікі праз уплыў цэлага комплексу фактараў, перш за ўсё палітычнай волі, геаграфізму і этнічнасці. Менавіта гэтым тром паняццям даследчыца адводзіць вырашальнае значэнне ў працэсе “тэрытарызацыі” Беларусі. Пры гэтым “геаграфізм” у манаграфіі не абавязкова арыентаваны на геаграфічныя ўмовы (410). Апроч пералічаных трох вымярэнняў у пачатку раздзела “Межы” аўтарка прапануе аналіз значэння іншых шматлікіх фактараў – гістарычных, дынастычных, этнічных, моўных, рэлігійных, культурных, біялагічных, аграрных, прыродных і адміністрацыйных, якія, на яе думку, не адыгралі істотнай ролі ў вызначэнні межаў Беларусі і не могуць адказаць на пытанне “Як была створана Беларусь?”.

Сярод больш канкрэтных пытанняў, з дапамогай якіх, на думку даследчыцы, можна знайсці патрэбныя адказы, вылучана наступнае: ці адыгрываў этнічны фактар істотную ролю ва ўнутрысавецкіх спрэчках аб усходняй мяжы Беларусі паміж 1923 і 1929 г., а таксама ў пакце Гітлера – Сталіна і дэмаркацыі мяжы з Літвой паміж 1939 і 1940 г.? У працэсе даследавання Дыяна Зіберт фармулюе галоўнае метадалагічнае (хутчэй рытарычнае) пытанне кнігі: ці ўвасабляе фармаванне беларускай мяжы прыклад тэрытарызацыі нацыянальнай ідэі або палітызацыі тэрыторыі?

Хутчэй за ўсё, на пастаўленыя пытанні пры ўсім жаданні нельга даць адназначныя адказы. Не атрымліваецца гэта і ў нямецкай даследчыцы. У прыведзеных у заключнай частцы высновах яна зніжае значэнне ў фармаванні беларускай ідэнтычнасці і беларускай тэрыторыі такіх фактараў, як гісторыя, мова і шэраг іншых (яны былі пералічаны вышэй): “Беларусь уяўляла сабой адмысловы выпадак, паколькі не існавала досыць здавальняльных крытэрыяў, нават прапанаваных палітычнымі сіламі, для абгрунтаванага вызначэння межаў і праз гэта плошчы краіны” (411). Гэта, на наш погляд, не пераканаўчая выснова, бо ў любым выпадку пералічаныя крытэрыі поўнасцю або часткова ўлічваліся дырэктыўнымі органамі СССР, якія прымалі рашэнні аб межах БССР (412).

Кніга Дыяны Зіберт насычана і тэорыяй, і эмпірычным матэрыялам. У ёй чытач знойдзе і падрабязнае апісанне фармавання межаў Беларусі (гэтыя сюжэты добра знаёмыя спецыялістам), і разважанні пра фактары, якія на гэта паўплывалі (у гэтым заключаецца найбольш важны і цікавы ўнёсак даследчыцы). Багаты матэрыял бясспрэчна важнай манаграфіі можа прывесці да таго, што чытачы – не спецыялісты па гісторыі Беларусі дадзенага перыяду “патонуць” у дэталях і могуць страціць з-пад увагі галоўныя высновы аўтара. А гісторыкі-спецыялісты, у сваю чаргу, знойдуць у аб’ёмным даследаванні шэраг непазбежных супярэчнасцяў і спрашчэнняў у ацэнках аўтара. Разам з тым, без усялякіх сумненняў, манаграфія Дыяны Зіберт з’яўляецца паспяховай спробай навуковага разгляду і пераасэнсавання супярэчлівых этапаў беларускай гісторыі. Такія працы робяць Беларусь больш цікавай для нямецкіх і наогул заходніх даследчыкаў, а беларускім прадстаўнікам сацыяльных і гуманітарных навук даюць магчымасць глыбей і з іншых ракурсаў паглядзець на многія тэмы нацыянальнай гісторыі, якія ім падаюцца добра вядомымі.

Вроцлаў

Віктар Шадурскі


[1] Гл.: Siebert D. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belarussischen SSR (1921–1941). Die Zerstörung patriarchalischer Familienwirtschaft. Stuttgart, 1998. [рэц. С. Новікава ў БГА, т. 7 (2000), с. 267– 271]; яна ж. Herrschaftstechniken im Sumpf und ihre Reichweiten. Landschaftsinterventionen und Social Engineering in Polesien von 1914 bis 1941. Wiesbaden, Harrassowitz Verlag, 2019. 572 S., 3 Abb., 14 Karten, 7 Tab. (Historische Belarus-Studien, 9) [рэц. А. Лявіцкага ў БГА, т. 27 (2020), с. 300–302].

[2] Гл.: Siebert D. Vereinige und herrsche: Aufstieg und Niedergang des Chutorwesens im östlichen Weißrußland (1922–1940) // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Bd. 43 (1995). H. 1. S. 58–77; яна ж. Zur Geschichte der Belarus und der dortigen Geschichtspflege seit 1944 // Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage e. V.: “Dann kam die deutsche Macht”. Weißrussische Kinderhäftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941–1945. Eine Dokumentation. Köln, 1999. С. 188–197; яна ж. Die Juden in Weißrussland vor der Shoah // Projektgruppe Belarus im Jugendclub Courage e. V.: “Existiert das Ghetto noch?” Weißrussland: Jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft. Berlin u.a., 2003. С. 268–275; яна ж. Пассивность как неприятие крестьянами Белоруссии коллективизации // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Мінск, 1993. Т. 1. С. 185–186; яна ж. Из истории хуторов в Советской Белорусии (1923–1941) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Т. 1: Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. C. 168–175; яна ж. Установа аддзелаў ЗАГС у ССРБ: грамадзянізацыя і індывідуалізацыя праз устанаўленне парадку // БГА. 2017. Т. 24. C. 71–88; яна ж. Карта из приложения к Брест-Литовскому мирному договору: причины неопубликования и ошибки в интерпретации текста документа в немецкоязычной историографии // Журнал Белорусского государственного университета. История. 2018. № 2. C. 48–56.

[3] Государственные границы Беларуси: сборник документов и материалов: в 2 т. Т. 1 (март 1917 – ноябрь 1926) / сост.: В. Е. Снапковский [и др.]. Минск: БГУ, 2012; Т. 2 (ноябрь 1926 – декабрь 2010) / сост.: В. Е. Снапковский, А. В. Тихомиров, А. В. Шарапо. Минск: БГУ, 2013.

Наверх