“Давай спаткаемся пад родным небам…” Памяці Аляксея Канстанцінавіча Каўкі

20.09.1937–21.03.2024
Жыццё Аляксея Канстанцінавіча Каўкі было напоўнена заўсёдным імкненнем дадому: у Беларусь, у Мінск, на Ігуменшчыну. Прызнаваўся: “Словам, не ехаў – ляцеў бы на крылах у Мінск і вяртаўся акрылены. Так, мабыць, і пачуваецца чалавек, апанаваны ідэяй, што нібы маланкавым водсветам працінае замглёныя вочы, зварухнуўшы істоту наскрозь, завучы за сабой: вось прызванне тваё, твая Служба, твае асалода і горыч, пакута твая і суцяшэнне”. Аднойчы Уладзімір Караткевіч сказаў: “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Сваё беларускае неба Аляксей Каўка не адпускаў ні на хвіліну: і тады, калі служыў у Нямеччыне, і калі працаваў у Польшчы, і калі, уздымаючыся да вяршынь навукі, апынуўся ў няблізкай Маскве. Трэба пабываць у яго родных мясцінах, паслухаць успаміны яго землякоў, каб зразумець, кім быў для ўсіх блізкіх “дзядзька Аляксей”. Усім дапамагаў, падтрымліваў у бядзе, быў для ўсіх настаўнікам і патрабаваў быць беларусамі ў Беларусі. Бывала, што і суровым словам узнагароджваў таго, хто ўнікаў яго беларускае веры. Але ніякай крыўды, толькі ўдзячнасць, толькі цёплыя згадкі. І апошні шлях з Масквы ў такую вабную для яго Ігуменшчыну быў асвечаны клопатам блізкіх.
Аляксей Каўка пайшоў з жыцця 21 сакавіка 2024 г. Як і завяшчаў, пахаваны ў роднай зямельцы на могілках вёскі Горкі, што недалёка ад Чэрвеня. Вярнуўся дадому назаўсёды, спачыў побач з дарагімі сваімі, “прытулёна ля крыжа маці”, сёстрамі, шваграмі, землякамі.
Мне дамоў вярнуцца б,
Не госцем,
Каб спачыць на ціхім пагосце
Прытулёна ля крыжа маці
(Набадзяўся сыночак, хваце),
На пясчыстым стромым узгорку
Бліз шасэйкі Ігумен – Горкі.
Гэтая страфа верша-запавета Аляксея Каўкі цяпер выбіта на яго надмагільнай пліце. У зборніку “Каб не забыцца”, дзе ён быў надрукаваны, пазначана дата “Радаўніца 2002” і месца “Масква – Машчаліна – Горкі”.
Беларускі гісторык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч Аляксей Каўка нарадзіўся 20 верасня 1937 г. у вёсцы Равецкі Бор каля ціхай рэчкі Добрыцы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Сам Аляксей Канстанцінавіч сцвярджаў, што фактычным заснавальнікам вёскі быў яго дзед па маці Марка Атрашэўскі, землеўласнік, дом якога пасля ўстанаўлення савецкай улады стаў выкарыстоўвацца як калгасны свіран. Равецкі Бор меў усяго 14 двароў. У 1938 г. з вёскай здарылася вялікая бяда: пад час нарыхтоўкі лёну ад непатушанай папяросы ўспыхнула кастра, складзеная каля аднаго з гумнаў. За дзве гадзіны згарэла 8 дамоў. Пацярпелі і родныя Аляксея Канстанцінавіча. А да 1966 г. вёска Равецкі Бор увогуле перастала існаваць – “была знята з уліку ў сувязі з адсутнасцю пастаяннага насельніцтва”. Усё, што засталося ад яе, увайшло ў склад блізкага Машчаліна. Таму і значыцца ў многіх даведніках вёска Машчаліна месцам нараджэння Аляксея Каўкі.
Нязменна называў сваю малую радзіму Ігуменшчынай, кранальна ўспамінаў родныя мясціны. Прызнаваўся: “Для мяне гэта крыніца ўсяго самага добрага. І я часта схіляюся да гэтай крыніцы. Усё там яснае і простае, як поціск рукі. Мудрае, блізкае, цёплае”. Вельмі часта бываў там, штогод прыязджаў на Радаўніцу да родных магіл. Ён рана асірацеў; калі памерла маці, Ганна Маркаўна, яму было крыху больш як год жыцця. Згадвалі вяскоўцы той пажар, у якім пацярпела яе сям’я, і яе вялікі спалох, што і называлі прычынай заўчаснай смерці. Бацькі таксама не памятаў. Кастусь Васільевіч Каўка ў 1940 г. паехаў у Таганрог, дзе жыў яго брат. Уладкаваўся працаваць на ваенны завод, планаваў забраць траіх асірацелых дзяцей. Але далейшыя трагічныя падзеі разлучылі яго з сям’ёй назаўсёды. На дзявяты дзень вайны пайшоў на фронт; паводле некаторых звестак, загінуў пад Сталінградам.
Аляксей з сёстрамі Аленай і Валянцінай гадаваліся пад апекай цёткі і дзеда Васіля ў вёсцы Горкі, што недалёка ад Машчаліна. Там жа перажылі вайну. Усё жыццё памятаў “лапцікі лыкавыя”, сплеценыя дзедам Васілём Каўкам унуку, “пад нагу”. Дзед Васіль памёр у 1949 г. і, як згадваў Аляксей Канстанцінавіч, было яму без малога сто гадоў.
У 1944 г. Аляксей пайшоў у Машчалінскую пачатковую школу, рос і вучыўся пад наглядам старэйшай сястры Алены. З 1948 г. гадаваўся ў Чэрвеньскім дзіцячым доме № 3 і апекаваўся сястрой Валянцінай. У 1951 г. скончыў у Чэрвені беларускую сямігодку, паступіў у Мінскі бібліятэчны тэхнікум. Адгорнем старонку ў яго зборніку “Каб не забыцца” і знаёмае “З абсягу Вялікага Поля”: “Кранальны ён, успамін аб першым… першая ў жыцці прачытаная кніга, першы настаўнік, першы пацалунак… Вядома, і першы заробак, той, што звязаны з адпаведным запісам у працоўнай кніжцы: загадчык Вялікапольскай сельскай бібліятэкі, жнівень – лістапад 1954 г. Стаж невялічкі. Але перажытага праз тыя месяцы хапіла б на добрую аповесць…” І яшчэ ўспамін: “Пасля тэхнікума паступаў на беларускае аддзяленне філфака БДУ разам з вушацкім хлопцам Рыгорам Барадуліным. Але не прайшоў па конкурсу. Праз год, ужо працуючы на Чэрвеншчыне, падаўся на завочнае. Скончыў першы курс да прызыву ў армію”.
Служыў у Нямеччыне ў Групе савецкіх войскаў. Адзін раз нават адпусцілі ў Мінск для здачы сесіі. Дэмабілізаваны ўлетку 1959 г. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Чэрвень, дзе да арміі працаваў у райкаме камсамола. Быў інструктарам райкама КПБ, працягваў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1961 г. У 1963 г. стаў сакратаром Мінскага абкама ЛКСМБ. У траўні 1965 г. быў запрошаны ў апарат ЦК ВЛКСМ на пасаду адказнага арганізатара па сувязях з моладзевымі арганізацыямі Польшчы. З таго часу жыў у Маскве.
У 1968–1971 г. вучыўся ў аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. У 1971 г. абараніў дысертацыю на ступень кандыдата гістарычных навук. У 1971–1979 і 1983–1987 г. працаваў у Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР, у 1979–1983 г. займаў пасады прадстаўніка Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязей з заграніцай у Варшаве і саветніка пасольства СССР у Польшчы. З 1987 г. быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута славяназнаўства і балканістыкі АН СССР і адначасова галоўным рэдактарам часопіса “Советское славяноведение”, з 1989 да 2004 г. працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай АН. У 1991 г. абараніў доктарскую дысертацыю.
Ды беларускае неба было заўсёды з ім. Таму і ўчынак, які мог каштаваць яму свабоды і нават жыцця, быў цалкам усвядомленым, падрыхтаваным пакутлівымі роздумамі над лёсам роднай мовы. У 1976–1977 г. Аляксей Каўка напісаў “Письмо русскому другу” – палемічны твор пра стан беларускай мовы і парушэнне моўных правоў у Савецкай Беларусі. “Письмо русскому другу – это моя тоска по сегодняшнему Николаю Добролюбову, способному с высоты могучего великодержавного полёта взглянуть на белорусскую судьбу не только покровительственно, но и уважительно” – толькі адна гэтая цытата магла стаць нагодай для вялікіх непрыемнасцяў. Ліст распаўсюджваўся самвыдам, патрапіў у Польшчу, потым у Лондан, дзе быў выдадзены паралельна на рускай і англійскай мовах у 1979 г. Але абышлося. “Калі пасля публікацыі «Письма…» у Лондане, агалошання гэтага ж тэксту па радыё «Свабода» на мой маскоўскі адрас і тэлефон пачалі далятаць насцярожлівыя сігналы, калегі рабілі ўсё, каб адвесці ад мяне бяду”.
З канца 1980-х Аляксей Канстанцінавіч быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху. Яго аўтарытэтнае слова ўплывала на многія з’явы таго часу. Ён стаў адным з заснавальнікаў і старшынёй рады Таварыства беларускай культуры імя Францыска Скарыны ў Маскве, дэлегатам устаноўчых з’ездаў БНФ “Адраджэнне”, І–ІV з’ездаў беларусаў свету, сябрам галоўнай рады ЗБС “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы, Міжнароднага фонду Янкі Купалы, уваходзіў у аргкамітэт па ўтварэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, з’яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам шматлікіх канферэнцый, у тым ліку прысвечаных 500-годдзю Скарыны. З гэтага часу ў беларускім друку ён выступіў аўтарам шматлікіх публіцыстычных артыкулаў, прысвечаных праблемам захавання мовы, развіцця нацыянальнай культуры, грамадска-палітычнага ладу. Праз увесь час не пакідаў свае навуковыя даследаванні і архіўныя пошукі, вынікі якіх увасабляліся ў гісторыка-літаратурных публікацыях.
На працягу многіх гадоў Аляксей Каўка быў укладальнікам літаратурна-навуковага гадавіка “Скарыніч”, заснаванага Маскоўскім таварыствам беларускай культуры імя Францыска Скарыны. Выйшла дзесяць альманахаў, на старонках якіх стараннямі Аляксея Канстанцінавіча змешчаны невядомыя раней архіўныя дакументы, рукапісныя матэрыялы дзеячаў беларускай навукі і культуры Мікалая Улашчыка, Язэпа Лёсіка, Аркадзя Смоліча, Івана Луцкевіча, Адама Бабарэкі, Язэпа Варонкі, Язэпа Дылы і іншых. “Жывом!” і “Будам жыць!” – аптымістычна выгукнуў на старонках сваіх кніг, уваскрасіўшы памяць, разліўшы святло ўдзячнасці і веры.
Тэлефануючы ў літаратурны архіў, Аляксей Канстанцінавіч жартаўліва прадстаўляўся: “Вас турбуе фонд нумар 340”. Адчувалася, ён ганарыўся тым, што ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва мае свой асабісты дакументальны збор. Фарміраваўся фонд на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў і сёння налічвае 1026 адзінак захоўвання, што ўключаюць у свой склад 12 037 дакументаў за 1950–2005 г. Апошняя храналагічная мяжа гаворыць пра тое, што фонд 340 будзе мець яшчэ немалы працяг. Згадваецца адзін эпізод, толькі адзін з многіх у гісторыі стварэння яго архіўнага фонду. Тэлефонны званок з Масквы: “Заўтра ранкам прыязджаю, сустракайце. Вязу свае «валізы»”. Быў канец сакавіка, у тую поўнач перавялі гадзіннік на летні час і мы, не адразу ўлічыўшы гэтую акалічнасць, спазніліся на хвілін дваццаць. Прыбягаем на чыгуначны вакзал і бачым: перон пусты і толькі Аляксей Канстанцінавіч, абапёршыся на вялікую груду “валізак”, самотна ўзіраецца ў будыніну насупраць пры вуліцы Бабруйскай. Мы з прабачэннямі-тлумачэннямі, а ён: “Ведаеце, з гэтага будынка мяне ў войска забіралі. Пакуль вас чакаў, гэтулькі ўспамінаў прыйшло. Даўно было, а помняцца нават драбніцы”. А тое паступленне ў яго фонд было ці не самым грунтоўным за ўсе гады. Пад час амаль кожнага прыезду ў Мінск архіў атрымліваў ад яго рукапісы, лісты, кнігі. Дапамагалі з дастаўкай і многія, хто бываў у Маскве: Віталь Скалабан, Міхась Скобла, Віктар Жыбуль.
Даследчыкі ўжо сёння карыстаюцца магчымасцю працаваць з дакументамі фонду А. Каўкі, які мае багатае радовішча крыніц па беларусазнаўстве, гісторыі, літаратуры, культуры, грамадскім руху. Кароткую згадку-агляд варта пачаць з рукапісаў вучонага, якія складаюць каля тысячы дакументаў: дысертацыі, манаграфіі “Тут мой народ. Францішак Скарына і беларуская літаратура XVI – пачатку XX ст.”, зборнікі артыкулаў: “Жывом! Старонкамі беларускага самапазнання” (1997), “Будам жыць! Пра тое самае” (1998), асобныя артыкулы пра С. Александровіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, К. Езавітава, Я. Купалу, І. Луцкевіча, А. Міцкевіча, Б. Тарашкевіча, М. Улашчыка, Б. Эпімаха-Шыпілу, а таксама артыкулы па скарыназнаўстве, пра беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, дзейнасць Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны і інш. Важкую частку яго архіва складаюць запісныя кніжкі з вершамі (ён жа быў паэтам!), дзённікавымі і рабочымі запісамі, дакументы рэдактарскай і ўкладальніцкай дзейнасці. І ці не самая багатая частка – ліставанне. Захаваліся чарнавікі і копіі без малога тысячы лістоў А. Каўкі да многіх вядомых даследчыкаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, сярод якіх С. Александровіч, Б. Белаказовіч, Я. Брыль, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, Л. Войцік (З. Верас), Р. Гарэцкі, Н. Гілевіч, М. Ермаловіч, В. Жыдліцкі, М. Зіма, У. Караткевіч, В. Кіпель, Г. Кісялёў, У. Конан, А. Ліс, К. Мазураў, А. Мальдзіс, А. Надсан, В. Скалабан, Ю. Туронак і многія іншыя. А да таго ж лісты А. Каўкі ў рэдакцыі часопісаў і газет. Клапатліва зберагаў вучоны і лісты сваіх карэспандэнтаў, якіх меў больш за тры сотні. Яго архіўны фонд захоўвае каля дзвюх тысяч лістоў выдатных вучоных, літаратараў, гісторыкаў Беларусі і свету. Ну і вядома ж фотаздымкі з В. Быкавым, Г. Бураўкіным, З. Верас, М. Ермаловічам, У. Конанам, А. Лісам, Л. Лойкам, А. Мальдзісам, Л. Мірачыцкім, В. Рагойшам, М. Танкам, Г. Тумашам, С. Шушкевічам ды іншымі.
Кожны яго прыезд у Мінск узрушваў наша архіўнае жыццё, напаўняў працоўныя пакоі, чытальную залу шумнымі дыспутамі, жартамі пад заўсёдную гарбатку з нязменнымі маскоўскімі цукеркамі. Помніцца яго 70-гадовы юбілей у архіве і выстава, прысвечаная яму, і яго госці: Аляксандра Гесь, Анатоль Кудравец, Алесь Петрашкевіч, Уладзімір Дамашэвіч. Усе яны, светлай памяці паплечнікі-праўдашукальнікі, пакінулі нас назаўсёды.
Больш як год няма з намі Аляксея Канстанцінавіча Каўкі. Апошні падарунак – Біблія на беларускай мове, перададзеная праз Міхася Скоблу, як запавет, як напамін: “Пазнайце Праўду і Праўда зробіць вас свабоднымі”. Быў шчырым вернікам. “Якую кнігу Вы любіце перачытваць? – Новы Запавет. – Ці верыце Вы ў фатальную непазбежнасць наканаванага лёсам? – Веру ў прамысляльную сілу і ласку Усявышняга”. Свой шлях да Бога і шлях да Беларусі праз выпрабаванні, праз пакуты прайшоў цвёрдай хадой, не збочыўшы і не здрадзіўшы.
Мінск
Ганна Запартыка
