Фёдар Віктаравіч Чарняўскі

(22.02.1940–28.10.2024)
Лёс Фёдара Чарняўскага можна назваць незвычайным для гісторыка. Ён нарадзіўся ў 1940 г. у вёсцы Сярпішчына Лагойскага раёна ў сялянскай сям’і. Вясной 1943 г. іх сям’ю вывезлі на прымусовыя працы ў Прусію. Пасля вызвалення ў лютым 1945 г. хлапчук быў настолькі слабы, што амаль год знаходзіўся пад пільным наглядам лекараў. Закончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ў 1964 г. Пэўны час працаваў настаўнікам: спачатку ў школе вёскі Сяліба Бярэзінскага раёна, потым – у Станькаўскай школе-інтэрнаце Дзяржынскага раёна.
У 1968 г. Ф. Чарняўскі паступіў у завочную аспірантуру па спецыяльнасці “эканамічная геаграфія”, якую закончыў у 1971 г. Напісаў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Прагназаванне развіцця пасажырскага аўтатранспарту агульнага карыстання БССР”. Потым больш як 30 гадоў працаваў у Беларускім навукова-даследчым і тэхналагічным інстытуце аўтамабільнага транспарту, у т. л. займаў пасаду загадчыка сектара, добра праявіў сябе ў прафсаюзнай і грамадскай працы, карыстаўся аўтарытэтам і павагай у калектыве. У 2002 г. выйшаў на пенсію і неўзабаве вырашыў вярнуцца да сваіх даўніх зацікаўленняў, а менавіта да вывучэння даўняй гісторыі Беларусі.
Сёння цяжка ўспомніць дакладны дзень нашай першай сустрэчы. Гэта адбылося больш як 20 гадоў таму, здаецца, у верасні ці на пачатку кастрычніка 2003 г. Чытальная зала Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Мінску невялікая, і новы даследчык адразу заўважны. Фёдар Віктаравіч заўсёды быў сціплы, інтэлігентны, уважлівы да ўсіх, таму адразу спадабаўся як супрацоўнікам архіва, так і наведвальнікам. Ён прыходзіў у залу ў час яе адкрыцця, каб заняць месца за апаратам для прагляду мікрафільмаў, спачатку чытаў мікрафільмы, у першую чаргу акты Літоўскай Метрыкі, потым гартаў рэальныя архіўныя справы, рабіў патрэбныя выпіскі. Працаваў звычайна да 15 гадзін, “пакуль галава яшчэ светлая”.
У перапынках даследчыкі, як правіла, “купкаваліся” каля ганка архіва. Абменьваліся апошнімі навінамі і думкамі. Акурат у 2003 г. польскімі навукоўцамі быў выдадзены чарговы том “Ураднікаў ВКЛ” па Смаленскім ваяводстве, які прывезлі ў Мінск. Аднойчы стаім з калегамі, абмяркоўваем і кнігу, і сам праект. А Фёдар Віктаравіч пытаецца, калі палякі плануюць выдаць том пра ўраднікаў Менскага ваяводства. Нехта адказаў: не раней чым праз 15 гадоў згодна з зацверджанай імі праграмай. Фёдар Віктаравіч зноў пытаецца: “А чаму б беларускім гісторыкам Менскае ваяводства самім не зрабіць?” Агульны адказ прагучаў прыблізна так: ідэя добрая, толькі ва ўсіх ужо ёсць зацверджаныя навуковыя тэмы і планы, якія мусім выконваць, і г. д. І Фёдар Віктаравіч кажа: “Я вазьмуся, пакуль ёсць імпэт і здароўе”. Помню, я тады адказаў так: палякі ўсё адно выдадуць свае спісы, бо іх праграма зацверджаная, і грошы будуць выдаткаваныя, а іх трэба засвоіць. Але пану ніхто не забараняе сваю манаграфію зрабіць. Толькі, кажу, варта не проста спісы ўраднікаў скласці, як палякі зрабілі, а даць больш шырокія біяграмы жыцця ўраднікаў (маўляў, каб беларускія даследчыкі мелі як мага больш дакументальных сведчанняў пра ўдзельнікаў нашай гісторыі).
Так нарадзілася навуковая тэма, выкананню якой Фёдар Віктаравіч прысвяціў каля 20 гадоў жыцця. У 2007 г. была надрукавана яго першая кніга – “Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI–XVIII стагоддзяў: Біяграфічны даведнік. Выпуск 1”. У канцы быў змешчаны аркуш з каляндарным планам наступных выданняў: у 9 выпусках аўтар планаваў паведаміць звесткі да біяграфій ураднікаў Менскага ваяводства, якія займалі 38 самых розных фактычных і намінальных пасад. Храналагічна гэтыя звесткі меліся ахапіць увесь час існавання Менскага ваяводства (г. зн. больш чым 200 гадоў). Той план выглядаў вельмі амбітным і нават нерэалістычным, бо Фёдар Віктаравіч стараўся ажыццявіць па мажлівасці “скразны” прагляд земскіх, гродскіх, магістрацкіх судовых кніг Менскага ваяводства, а таксама Метрыкі ВКЛ, іншых друкаваных і дакументальных крыніц, у т. л. з замежных архіваў і бібліятэк. Словам, такая праца выглядала непад’ёмнай для аднаго чалавека.
Першапачаткова Фёдар Віктаравіч планаваў закончыць увесь праект да 2011 г., у рэальнасці да 2012 г. ім былі выдадзены толькі 3 выпускі з 9 запланаваных. Але ён быў аптымістам і ўпарта працягваў працу. Прычым пастаянна пашыраў крыніцазнаўчую базу, асабліва з дакументаў замежных архіваў, дзякуючы з’яўленню многіх новых фондаў у адкрытым доступе. У 2023 г. выйшла яго апошняя кніга па праекце, а менавіта другая частка 6-га тома “Ураднікаў”. Падкрэслю, што ўсе даследаванні ён праводзіў уласным коштам, а падрыхтаваныя ім “Ураднікі” былі выдадзены з фінансавай дапамогай крэўных і блізкіх. Таму лічу неабходным выказаць прадстаўнікам сям’і шчырыя спачуванні, а таксама вялікую ўдзячнасць за падтрымку Фёдара Віктаравіча ў яго працы.
У апошнія гады Ф. Чарняўскі часта ўдзельнічаў у разнастайных навуковых канферэнцыях, дзе выступаў з дакладамі пра сваіх “любімых” ураднікаў. Таксама рэгулярна публікаваў у часопісах “Архіварыус” і “Герольд Litherland” артыкулы пра вядомыя шляхецкія роды Менскага ваяводства ці іх асобных прадстаўнікоў.
У 2024 г. у Фёдара Віктаравіча пагоршылася здароўе. Прыкладна за месяц да яго сыходу мы ўзгаднялі тэкст пра род Мамонічаў, які ён падаў да публікацыі ў “Герольд”. На пытанне, калі ўбачым 7-ы выпуск “Ураднікаў”, Фёдар Віктаравіч бадзёра адказаў, што плануе закончыць гэты том да канца 2024 г. Але не атрымалася… 28 кастрычніка 2024 г. вядомы беларускі гісторык і генеалог на 85-м годзе жыцця пакінуў нас.
Мяркую, не я адзін, а многія беларускія і замежныя даследчыкі, якія ведалі гэтага навукоўца, не раз згадаюць яго працы і артыкулы. На маю думку, Фёдар Віктаравіч Чарняўскі зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне біяграм ураднікаў Менскага ваяводства ў XVI–XVIII ст., іх сацыяльнага ўплыву і маёмаснага становішча. Несумненна, што апублікаваныя ім даведнікі і асобныя артыкулы будуць запатрабаваны новымі даследчыкамі, як гісторыкамі, так і генеалогамі. А я ўспамінаю сёння сціплага інтэлігентнага чалавека з добрай усмешкай на вуснах.
Мінск
Сяргей Рыбчонак
