БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Памяці Георгія Галенчанкі


28.02.1937–9.03.2026

У пачатку гэтага года сышоў з жыцця выдатны беларускі гісторык і спецыяліст па гісторыі Усходняй Еўропы, доктар гістарычных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Георгій Якаўлевіч Галенчанка. Навуковыя інтарэсы моцна звязвалі яго з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвою. На працягу дзесяцігоддзяў ён знаёміў суайчыннікаў з мінулым Беларусі, адкрываючы новыя, невядомыя старонкі гісторыі сваёй краіны. Адным з першых у былым СССР ён пачаў даследаваць кніжную культуру народаў Усходняй Еўропы, даўшы новы штуршок да вывучэння пачаткаў кірылічнага кнігадрукавання і дзейнасці Францішка Скарыны.

Нарадзіўся Георгій Галенчанка 28 лютага 1937 г. у Петразаводску, у сям’і выкладчыкаў мясцовага настаўніцкага інстытута. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны сям’я пераехала ў Мінск, дзе ў 1955 г. будучы гісторык-медыявіст скончыў сярэднюю школу № 42. Спачатку хацеў прысвяціць сваё жыццё не навуцы, а творчасці і стаць кінарэжысёрам. Калі не прайшоў па конкурсе ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (ВГИК), то падаў дакументы ў Політэхнічны інстытут у Мінску.

Прага творчасці і яўная схільнасць да гуманітарных навук ужо праз паўгода прывяла Георгія Якаўлевіча на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе была створана першая кафедра гісторыі БССР, якую ўзначаліў Лаўрэнці Абэцэдарскі. Дыпломны праект Г. Галенчанкі, прысвечаны беларускаму кірылічнаму кнігадрукаванню і Францішку Скарыну, выйграў усесаюзны конкурс студэнцкіх прац і атрымаў залаты медаль Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР. Ужо на апошнім курсе ўніверсітэта будучы даследчык пачаў працаваць у аддзеле беларускай літаратуры Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. Леніна, дзе зацікавіўся старадрукамі і помнікамі старабеларускага пісьменства. Увесь свой вольны час ён праводзіў у чытальнай зале галоўнай бібліятэкі рэспублікі і рабіў фотакопіі найбольш цікавых для яго выданняў. Дарэчы, гэтую карысную звычку Георгій Якаўлевіч захоўваў да канца жыцця, шырока карыстаючыся ўсімі дасягненнямі тэхнікі пад час навуковых пошукаў.

Праз нейкі час Георгій Галенчанка быў прызначаны загадчыкам аддзела рэдкай кнігі. Вынікам яго працы стала выданне па гісторыі беларускага кнігадрукавання “Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI–XVIII вв.” (Мінск, 1961). Навучанне ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага гісторыка-архіўнага інстытута, знаёмства і сумесная праца з Антанінай Сяргееўнай Зёрнавай, Сігурдам Оттавічам Шмідтам, Ганнай Леанідаўнай Харашкевіч моцна паўплывалі на навуковыя погляды Георгія Якаўлевіча і дапамаглі яму сфармавацца як прафесійнаму вучонаму, даследчыку старажытнай беларускай кніжнасці. Ужо ў 1965 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю “Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI–XVIII стагоддзяў (кірылаўскага)”. У ёй упершыню падрабязна прааналізаваны і пракаментаваны змест кірылічных выданняў, якія былі надрукаваны на беларускіх землях, і першых выданняў грамадзянскага шрыфту ХVІІІ ст.

Аднак гэтая тэматыка аказалася незапатрабаванай на той момант навуковымі ўстановамі Беларусі, і малады вучоны быў накіраваны на працу старшым выкладчыкам кафедры навуковага камунізму БДУ. Там таксама праявіўся творчы падыход Георгія Галенчанкі да справы. У сваіх лекцыях ён вылучаўся нетрадыцыйнай трактоўкай прадмета, бо абапіраўся не столькі на прынятыя дагматычныя пастулаты, колькі на сусветную рэлігійную і філасофскую спадчыну.

Пачатак новаму этапу яго жыцця ў 1968 г. паклаў пераход на працу ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР на пасаду старшага навуковага супрацоўніка ў аддзел гісторыі Беларусі дасавецкага перыяду. Супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Георгій Галенчанка заставаўся да 2020 г.

У канцы 70-х г. XX ст. кніга “Францыск Скарына”, якую Георгій Якаўлевіч напісаў у суаўтарстве з Вячаславам Чамярыцкім і Віктарам Шматавым, атрымала прэмію ЮНЕСКА, што дало магчымасць перакласці і выдаць яе за мяжою. У 1979 г. у Парыжы выйшаў пераклад на французскую мову, а ў 1980 г. – англамоўнае выданне. Менавіта гэтыя пераклады кнігі пра Скарыну дазволілі значна пашырыць вядомасць Беларусі ў свеце і паказаць самабытнасць і высокую ступень культурнага развіцця беларускіх зямель на розных этапах гісторыі.

На працягу ўсёй навуковай дзейнасці Георгій Якаўлевіч збіраў дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю Скарыны і з кірылічнай кнігай. Штогод выходзілі яго працы, прысвечаныя ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню. Георгій Галенчанка стаў першым даследчыкам у савецкай гістарыяграфіі, які паспрабаваў напісаць гісторыю духоўнай культуры паноўных сацыяльных груп – шляхты і заможнага мяшчанства. У падрыхтаванай ім кнізе “Очерки духовной культуры Белоруссии второй половины XVI – первой половины XVII веков” гісторык разглядаў свецкую шляхецка-магнацкую і гарадскую культуру, традыцыі мецэнацтва, гісторыю стварэння бібліятэк і архіваў на беларускіх землях, а таксама дзейнасць праваслаўных брацтваў. Кніга павінна была выйсці ў 1981 г. пад рэдакцыяй Зіновія Капыскага, але ўжо падрыхтаваны набор па ідэалагічных меркаваннях быў рассыпаны. Захаваліся толькі два сігнальныя экзэмпляры. У выніку даследаванне праблем шляхецкай культуры наогул і культурных працэсаў эпохі Адраджэння і барока спынілася амаль што на дваццаць гадоў.

Вынікам шматгадовага вывучэння кірылічных кніг стала навуковае апісанне ”Старадрукаваныя кірылічныя кнігі XVI–XVIII стагоддзяў” у каталогу “Кнігі Беларусі 1517–1917” (1986), энцыклапедычны даведнік “Францыск Скарына і яго час” (1988), складанне бібліяграфічнага даведніка “Адкрыццё Скарыны” (1989). Падсумаваннем даследавання жыцця і творчасці першадрукара стала манаграфія, прысвечаная Францішку Скарыну, перадумовам узнікнення беларускага кнігадрукавання, характарыстыцы культурнага жыцця ВКЛ у ХVІ ст. Яна з’явілася падставай для доктарскай дысертацыі Георгія Якаўлевіча. У ліпені 1999 г. дысертацыя “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар” была абаронена ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Яшчэ раней, у 1994 г., за цыкл прац “Скарына і беларуская культура” Георгій Галенчанка атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя ўвядзення ў навуковы зварот вялікай колькасці крыніц па гісторыі культуры Беларусі, да несумненных заслуг Георгія Галенчанкі трэба аднесці і пачатак рэгулярнага выдання саміх крыніц. У 1990 г. у Інстытуце гісторыі быў створаны аддзел спецыяльных гістарычных навук, у задачы якога ўваходзіла правядзенне даследаванняў па крыніцазнаўстве, археаграфіі, нумізматыцы і гістарычнай картаграфіі. З сакавіка 1991 г. гэтым аддзелам кіраваў Г. Галенчанка. Пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі пачалі сістэматычную працу па падрыхтоўцы да выдання кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. А картаграфічная група, якую ўзначаліў Міхаіл Спірыдонаў, актывізавала працу ў галіне гістарычнай картаграфіі.

Сярод самых значных архіўных знаходак вучонага неабходна назваць найбольш ранні сярод вядомых перадатачны спіс Метрыкі ВКЛ (які захоўваецца цяпер у Санкт-Пецярбургу), ліст Францішка Скарыны, які ён асабіста падаў для актыкацыі ў Познаньскі магістрат, кракаўскае выданне “Лабірынта мудрасці” Фамы Яўлевіча. Георгій Якаўлевіч знайшоў, апрацаваў і апублікаваў шэраг дакументаў пра віленскае атачэнне Скарыны, а таксама найбольш значных кнігадрукароў і выдаўцоў ХVІ ст.

Характэрнай рысай навуковай дзейнасці Георгія Галенчанкі была яе рознабаковасць. Ён пісаў артыкулы, манаграфіі, а таксама публікаваў крыніцы і працы па палітычнай гісторыі, крыніцазнаўстве, гісторыі культуры, рэлігіі, міжнародных сувязях і этнічных праблемах, што ахоплівалі перыяд з канца XIV па XX ст. Усяго ім было апублікавана больш за 800 прац: кнігі, падручнікі, артыкулы і рэцэнзіі. Усе яны тычыліся гісторыі Беларусі.

Адначасова Георгій Галенчанка знаходзіў час для актыўнага ўдзелу ў многіх канферэнцыях. Ён умеў спалучаць даследчую дзейнасць з выкладаннем на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, Познаньскім універсітэце і з настаўніцтвам аспірантаў. Пад яго кіраўніцтвам пяць чалавек абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Сярод апошніх такія вядомыя асобы, як Аляксандр Груша, Ганна Паўлоўская, Алег Дзярновіч, Альбіна Семянчук.

Ён быў не толькі выдатным даследчыкам, але і вельмі любімым калегам, гатовым заўжды дапамагчы, адкрытым да супрацоўніцтва, чалавекам з пачуццём уласнай годнасці. Мы ніколі не забудзем яго пачуццё гумару, дабрыню і якасці сапраўднага прафесара старой школы, у тым ліку фірмовую рассеянасць.

Смерць Георгія Якаўлевіча выклікала вялікі смутак як у колах гісторыкаў Беларусі, так і сярод яго калег і сяброў у розных краінах. Ён пакінуў пасля сябе арыгінальную і багатую навуковую і публіцыстычную спадчыну, якая будзе натхняць на далейшыя даследаванні і служыць развіццю навуковых сувязяў паміж Беларуссю і краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Георгій Галенчанка застанецца ў памяці як выдатны навуковец і чалавек вялікага сэрца.

Анастасія Скеп’ян

Наверх