БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Сяргей Новікаў)

GERLACH, CHRISTIAN. Kalkulierte Morde. Die Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. 2. Auflage. Hamburg: Hamburger Ed., 2000. 1232.

Праца Хрысціяна Герлаха — „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ — вартая таго, каб на яе яшчэ раз звярнулі ўвагу беларускія гісторыкі (першы раз яна рэцэнзавалася ў папярэднім нумары БГА, гл.: БГА. Т.7 (2000). Сш. 1(12). С.276—280).

Выявіць навуковую, гістарычную і грамадскую каштоўнасць даследавання мы можам толькі пасля разгляду яго тэматыкі і асноўных палажэнняў. Адразу звернемся да агульнай характарыстыкі працы нямецкага навукоўцы, выявім яе бібліяграфічную і дакументальную аснову. Зварот да такіх рабочых момантаў спрыяе ўсведамленню аўтарскай канцэпцыі доследу.

Кніга з’яўляецца перапрацаваным варыянтам дысертацыі, абароненай у Тэхнічным універсітэце Берліна ў 1997 г. Яна пабачыла два выданні (у 1997 і 2000 г.), што тлумачыцца, па-першае, фундаментальнасцю працы, даследчы падмурак якой складаюць найбагацейшыя архіўныя матэрыялы, выяўленыя аўтарам у больш за 200 фондах з 37 архіваў Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі; па-другое, арыгінальнасцю навуковых падыходаў да пытанняў гісторыі нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944 г.; па-трэцяе, грунтоўнасцю аўтарскай канцэпцыі ў дачыненні да аналізу дзейнасці акупацыйнага рэжыму.

Даследаванне ўключае ўступ з трыма раздзеламі, дзве галоўныя часткі з дзевяццю раздзеламі і 51 падраздзелам. Пры гэтым чатыры пятых агульнага аб’ёму ўсёй кнігі прыпадае на галоўныя часткі. Заканчвае працу спіс крыніц і літаратуры, а таксама рэестр скарачэнняў, паказальнік імёнаў і геаграфіч ных назваў.

Уступ („Einleitung», s. 11—35) раскрывае сутнасць узнятай гістарычнай і навуковай праблемы, стан яе навуковай распрацоўкі. З улікам гэтага аўтар вызначае даследчыя мэты і задачы, характарызуе крыніцы і расстаўляе акцэнты на метадалогіі ўласнага доследу.

Два наступныя раздзелы даюць мажлівасць пазнаёміц ца, з аднаго боку, з гісторыяй нямецкага планавання ў дачыненні да Беларусі („Deutsche Planungen für Weißrußland und ihre Grundlagen, 36—127), а з другога — са структурай і функцыямі акупацыйнага рэжыму (Aufbau und Funktion der Besatzungsverwaltung», 128—231). Такі пашыраны спектр даследчага пошуку, выкарыстанне арыгінальных падыходаў, спасылкі на багатую дакументальную базу амаль не пакідаюць чытачу падстаў для сумнення, непрыняцця ці аспрэчвання высноваў, якія вынікаюць з аналізу: па гісторыі ўзнікнення планаў вынішчэння мірнага насельніцва; па выкарыстанні тэорыі „перанаселенасці на Беларусі» (76); па ўліку эканамічных інтарэсаў Германіі ў вайне на ўсходзе; па дапасаванні распрацаваных планаў да вызначанай „палітычнай канцэпцыі для Беларусі» (94); па адпаведнасці нямецкіх перасяленцаў патрабаванням планаў і праграм; па аптымальнасці структуры ваеннай адміністрацыі (134), гаспадарчых органаў (142) і грамадзянскага кіравання, а таксама апарата СС і паліцыі, іншых акупацыйных службаў; па патэнцыяле мясцовых органаў кіравання з ўдзелам калабарантаў і саміх немцаў як кіраўнічага персаналу на акупаванай тэрыторыі (196) і інш.

Першая галоўная частка ахоплівае пытанні нямецкай эканамічнай палітыкі ў Беларусі („Die deutsche Wirtschaftspolitik in Weißrußland 1941—1944″, 231—502).

Спачатку Х.Герлах разглядае сельскагаспадарчую і харчовую палітыку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі („Landwirtschàfts- und Ernährungspolitik», 231—265). Аўтар спыняецца на поўнамаштабным выкарыстанні рэсурсаў беларускай вёскі для забеспячэння нямецкага войска прадуктамі харчавання (253). На аснове дакументаў высветлены праблемы харчавання мясцовага насельніцтва („Ernährung der Zivilbevölkerung», 265—319), якое трапіла ў складаную сітуацыю „голаду» (289). Праблемы сельскагаспадарчай вытворчасці („Probleme der landwirtschaftlichen Produktion», 319—341) разглядаюцца ў кантэксце пошукаў нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй любых сродкаў для павышэння вынікаў дзейнасці асноўнага прадукцыйнага фактара — „чалавека» (329). Сярод арганізацыйных формаў Х.Герлахам называецца „аграрная рэформа» (342), з правядзеннем якой прадугледжваліся змяненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці беларускай вёскі („Die Änderung der landwirtschaftlichen Betriebs- und Bevölkerungsstruktur: die deutsche Agrarreform in Weißrußland «, 342—371).

Наступны раздзел прысвечаны палітыцы дэіндустрыялі зацыі і дэурбанізацыі („Die deutsche Politik der Entindustrialisierung und Entstädterung», 371—449). Аўтар паказвае вынікі разбурэння прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў першыя тыдні вайны (373); дае ацэнку прадукцыйнаму патэнцыялу і спрабуе выявіць перашкоды на шляху да яго выкарыстання для патрэб вайны (385); спыняецца на асобных галінах вытворчасці металу і тэкстылю (395), здабычы торфу і забеспячэнні электраэнергіяй (404); разглядае нямецкую палітыку дэурбанізацыі (418); паказвае сутнасць інвестыцыйнай і фінансавай палітыкі (431), а таксама вынікі гаспадарчага „аднаўлення» прамысловасці ў асобных гарадах (436); „сацыяльную палітыку» акупацыйнага рэжыму ў дачыненні да гарадскога насельніцтва Беларусі (442).

Заключны раздзел першай галоўнай часткі свайго даследавання Х.Герлах прысвячае палітыцы ў дачыненні да рабочай сілы („Die Arbeitskräftepolitik», 449—502). У першым падраздзеле паказана стварэнне акупацыйных органаў і вынікі іх дзейнасці („Der Aufbau der Arbeitsverwaltung und die anfängliche Phase des geringen Arbeitskräftebedarfs», 449—456). Метады і праблемы зносін з мясцовым насельніцтвам, вярбоўка рабочай сілы, формы прымусовага захопу і вывазу на працу ў райх разглядаюцца ў наступным падраздзеле („Die Verschleppung von Zwangsarbeitern nach Deutschland», 456—479). Пры гэтым даследчык прыводзіць памесячныя дадзеныя вывазу „ўсходніх працоўных» з Беларусі на працягу 1942—1944 г. (460). Апрача таго, Х.Герлах аналізуе матэрыялы аб метадах і сродках, якія выкарыстоўваліся акупацыйным рэжымам для захавання патэнцыялу мясцовай рабочай сілы ў межах самой Беларусі („Die Optimierung des Arbeitskräfteeinsatzes innerhalb Weißrußlands 1942—1944, ihre Methoden und Folgen», 480—502).

Асновай другой галоўнай часткі кнігі з’яўляецца тэма нямецкай палітыкі вынішчэння ў Беларусі („Die deutsche Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944″, 503—1161).

Аўтар даследуе гісторыю забойстваў беларускіх яўрэяў („Die Ermordung der weißrussischen Juden», 503—555), падрабязна паказвае першыя антыяўрэйскія мерапрыемствы на працягу толькі двух месяцаў, чэрвеня і ліпеня 1941 г. Наступны матэрыял ахоплівае перыяд ад лета да зімы 1941 г., калі вермахт, войскі СС, паліцэйскія фармаванні пачынаюць планавае вынішчэнне беларускіх яўрэяў („Der Beginn der vollständigen Vernichtung der weißrussischen Juden im Spätsommer und Herbst 1941″, 555—655). Як бачна, гэта самы вялікі раздзел з усіх папярэдніх і астатніх. У ім Х.Герлах акцэнтуе ўвагу чытача на самых розных аспектах палітыкі і практыкі вынішчэння беларускіх яўрэяў (557, 574, 585), спыняецца на вытоках „злачынных загадаў» (630) і іх выкананні. Гістарычныя факты жыцця і смерці („Das Leben und Sterben in den Ghettos — Ausbeutung und Vernichtung», 655—683) падаюцца аўтарам на прыкладах эксплуaтацыі і вынішчэння яўрэяў у гета Мінска, Слоніма, Ліды, Гродна, Баранавіч, Пружан і інш. Даследаванне ўключае гістарычны перыяд з лета 1942 да лета 1943, калі планавалася завяршыць ліквідацыю яўрэяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі („Die Vernichtung der weißrussischen Juden 1942/43″, 683—774), пачаць іх дэпартацыю з іншых краін: Нямеччыны, Аўстрыі і Чэхіі (747).

Восьмы раздзел утрымлівае значны матэрыял аб вынішчэнні ваеннапалонных на беларускай зямлі („Die Vernichtung sowjetischer Kriegsgefangener auf dem Boden Weißrußlands», 774—859). Аўтар пачынае разгляд з выяўлення фактаў „ваенных злачынстваў» у час летняй аперацыі 1941 г. (776), спыняецца на дырэктывах вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва па вызначэнні адносін да ваеннапалонных (781), паказвае арганізацыю лагераў па іх утрыманні (785), вынішчэнні праз голад і хваробы (788—796), шляхам расстрэлаў палітычных і „расавых» ворагаў (834) і г.д., што адлюстравана ў спецыяльнай табліцы (851). Аўтар дае ўласныя падлікі „вынішчэння савецкіх ваеннапалонных у самых вяліках лагерах Беларусі» (856).

Наступны, дзевяты раздзел можна не разглядаць на той падставе, што ў папярэднім нумары БГА рэцэнзія Клаўса Арнольда была прысвечана акурат аднаму гэтаму раздзелу (выдзелена мной. — С.Н.) кнігі Х.Герлаха. Але агaворка на конт гэтага ў рэцэнзіі адсутнічае. Не вынікае такое меркаванне і з назвы рэцэнзіі. Паважаны рэцэнзент сцвярджае, што ў працы Хрысціяна Герлаха „больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам» (!?) (277). Такое сцвярджэнне, на наш погляд, па-першае, не адпавядае зместу працы нямецкага калегі; па-другое , скажае сутнасць аўтарскай канцэпцыі Герлаха; па-трэцяе, дэзарыентуе навукоўцаў і чытачоў. Як у гэтай сувязі ўспрымаць нашу рэцэнзію, у якой мы, як бачна вышэй, вывучылі амаль 900 старонак тэксту, але пакуль не сустракалі матэрыялу пра барацьбу з партызанскім рухам „больш чым на тысячы старонках». Фактам застаецца і тое, што Х.Герлах упершыню звяртаецца да згаданай праблемы толькі ў раздзеле 9.

У гэтай сувязі нельга абысці ўвагай і такі момант, як дакладнасць выкарыстання гістарычнай тэрміналогіі, згаданай у рэцэнзаваным нямецкамоўным выданні ўвогуле і ў 9 раздзеле ў прыватнасці. Напрыклад, Х.Герлах у назве раздзела і ўсіх шасці падраздзелаў ужывае аж 6 разоў тэрмін „Partisanenbekämpfung» (змаганне з партызанамі) (859, 870, 959, 975, 996, 1007) і толькі адзін раз „Partisanenbewegung» (партызанскі рух) (860). Таму зноў звернемся да думкі, згаданай у той жа рэцэнзіі, і заўважым, што ў ёй аўтар прымае азначэнне апошняга тэрміна (выдзелена мной. — С.Н.). Аднак ці можна толькі праз такі падыход перадаць сутнасць поглядаў Х.Герлаха, калі ён у дзевятым раздзеле засяроджвае ўвагу чытача менавіта на першым, а не другім азначэнні.

Для праяснення сітуацыі звернемся да назвы раздзела „Strukturpolitik durch Terror: die „Partisanenbekämpfung» (859). На наш погляд, па Х.Герлаху назва гістарычнай праблемы заключаецца ў палітыцы структурнага/сістэмнага тэрору, скіраванага на барацьбу супраць партызан/ з партызанамі . Прыняцце такой формулы азначае, што аўтар раздзела 9 ставіў перад сабой мэту раскрыць сутнасць барацьбы, суб’ектам якой з’яўляліся самі немцы, а не наадворот. Калі ж прыняць за аснову „партызанскі рух», дык у ім галоўная роля якраз за непасрэднымі ўдзельнікамі руху — партызанамі, якія і былі суб’ектамі партызанскай барацьбы. Х.Герлах жа даследуе палітыку рэжыму — тэрор як аснову барацьбы ўсіх нямецкіх акупацыйных структур супраць партызан .

Дзесяты раздзел працы абмежаваны разглядам палітыкі вынішчэння ў дачыненні да камуністаў, удзельнікаў гарадскога супраціўлення, „усходніх людзей», польскай інтэлігенцыі, цыганаў, псіхічна і фізічна хворых, дзяцей і інш. („Weitere Opfer der deutschen Vernichtungspoitik», 1055—1104).

У перадапошнім раздзеле („Die Beteiligung einiger Angehöriger der Offiziersopposition gegen Hitler an den Massenverbrechen in Weißrußland», 1104—1126) даследчык закранае пытанне ўдзелу ў масавых злачынствах на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікоў афіцэрскай апазіцыі, якая летам 1944 г. выступіла супраць Гітлера.

Заключэнне і вывады даследчыка выклікаюць асобную цікавасць, паколькі ў апошнім раздзеле („Zusammenfassung und Schlußfolgerungen», 1126—1161) нямецкі гісторык Х.Герлах падсумоўвае вынікі шматпланавага пошуку, праведзенага ў дачыненні да нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння на Беларусі ў гады акупацыі. Між тым, даследаван не паказала, што вывучэнне навуковых праблем не спыняецца нават з напісаннем такіх фундаментальных прац. Чым глыбей і шырэй вядзецца навуковы пошук, тым больш сур’ёзны і прафесійны аналіз гістарычных з’яў, падзей, працэсаў і г.д. У кантэксце такога вывучэння акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, як адзначае нямецкі гісторык, пакуль застаюцца „адкрытыя пытанні» (1161).

На нашу думку, разгляд навуковай тэматыкі і асноўных палажэнняў рэцэнзаванай працы дае аргументаваную падставу заключыць: кніга Хрысціяна Герлаха „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ мае поўнае права быць замацаванай у якасці фундаментальнага выдання сярод здабыткаў сусветнай, нямецкай і беларускай гістарыяграфіі.

Менск

Сяргей Новікаў

Тэгі: ,