БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба (Станіслаў Рудовіч)

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба. Беласток, 2000. 416.

1915 год (у адрозненне, напрыклад, ад 1812, 1861 ці тым больш 1917) яшчэ не ўспрымаецца ў навуковым дыскурсе і тым больш у грамадскай свядомасці беларусаў як больш–менш выразная храналагічная дамінанта і пэўная веха ў айчыннай гісторыі. Падзеі і працэсы перыяду першай сусветнай вайны ўсё яшчэ выцеснены на другі план Кастрычніцкім пераваротам у Расійскай імперыі і больш блізкім да нас па часе другім сусветным ваенным катаклізмам. Між тым менавіта ў 1915 г. Беларусь упершыню ў ХХ ст. стала плацдармам крывавага сутыкнення двух геапалітычных монстраў — Германскай і Расійскай імперый. Менавіта тады нямецка–расійскі фронт упершыню падзяліў этнічную тэрыторыю беларусаў на заходнюю і ўсходнюю часткі (так што польска–савецкая дамова 1921 г. у Рызе была ўжо фактычна другой рэдакцыяй падзелу). Па сутнасці, упершыню за сваю гісторыю (а не толькі найноўшую) Беларусь спазнала тады і такія маштабныя міграцыі насельніцтва на ўсход. Акрамя соцень тысяч мужчын, мабілізаваных у расійскае войска, да паўтара мільёна чалавек (прыкладна кожны пяты жыхар краю!) пад уплывам афіцыйнай прапаганды, а нярэдка і пад непасрэдным ціскам уладаў, пакінуўшы сваё жытло і страціўшы сталыя крыніцы існавання, вымушаны былі рушыць на ўсход, у глыб Расійскай імперыі.

Больш за паўтары сотні ўспамінаў такіх бежанцаў з Беласточчыны былі запісаны ў 1958—2000 г. карэспандэнтамі беларускай газеты „Ніва“, навукоўцамі, а таксама ўдзельнікамі маладзёвых летнікаў 1997 і 1998 г. Вынікам гэтай працы стаў выдадзены ў Беластоку зборнік успамінаў „Бежанства 1915 г.“. Як адзначае ва ўступным артыкуле Яўген Мірановіч, аўтары ўспамінаў належалі да наймалодшага пакалення бежанцаў. Такім чынам чытач атрымаў магчымасць пачуць першае ў ХХ ст. пакаленне „дзяцей вайны“ — далёкай і напаўзабытай вайны. З іншага боку, на час запісу іх аповедаў — гэта ўжо людзі вельмі сталага веку, многіх па праву можна лічыць за доўгажыхароў: кожны трэці дасягнуў або перасягнуў 90–гадовую мяжу, а некалькі чалавек — і 100–гадовую. Верагодна, у гэтым адна з прычын лаканічнасці большай часткі ўспамінаў, якія перадаюць толькі асноўны бег падзей жыцця апавядальнікаў ды іх сваякоў. Аднак у зборніку ёсць і разгорнутыя мемуарныя нататкі. Яны належаць Антону Акачуку, святару Ўладзіміру Гарусевічу, Антону Порацу, Ціхану Трахімюку, Аляксандры Яновіч (у апрацоўцы сына — Сакрата Яновіча) і іншым.

Матэрыялы зборніка даюць магчымасць убачыць, па сутнасці, нацыянальную трагедыю вачыма яе сведак і ахвяраў. У памяці былых бежанцаў захаваліся непаўторныя „рысы часу“, якія наўрад ці могуць адлюстраваць іншыя крыніцы. Не кожны афіцыйны дакумент можа перадаць псіхалагічны стан асобы, настрой уцекачоў, даць магчымасць адчуць удушлівую атмасферу спякотнага „бежанскага“ лета 1915 г.: „Паветра, насычанае смуродам конскага поту, перамешвалася з пылам і выхлапнымі газамі аўтамабіляў. Затыкала нос і горла. Людзі хварэлі, а смерць збірала жніво. Трупы валяліся побач дарогі. Ніхто не прыбіраў, не звяртаў на памерлых увагі“ (32). Вось бежанскі абоз трапляе пад нямецкую бамбёжку. На полі застаюцца самыя безабаронныя — шасцігадовае дзяўчо–сірата са старэнькім дзядулем. „А бомбы падаюць, выбіваюць ямы, агонь! Дзедку вочы прысмаліла […] Што дзедку рабіць… Мяне не пакідае. Мы толькі двое на тым полі, людзі разбегліся, толькі вазы, коні амаль усе раненыя вішчаць“ (163). Успамін іншай малалетняй бежанкі — пра жыццё ў далёкім горадзе Кургане: „У час рэвалюцыі цяжка было. Бацькі няма, нас трое малалетніх. Мы, бывала, ходзім, шнырым. Прыцягнулі мяшок мукі, прыкацілі бочку з маслам. Мама лавіла рыбу, ракаў лавіла, мы тых ракаў высысалі, так і карміліся. У бараках мы жылі, сорак сем’яў. Пацукі нам па галовах бегалі, не было дзе схаваць апошняга кусочка хлеба — то ў печцы яго вешалі. Ой, страшна было…“ (266).

Нястача, эпідэміі, смерць родных і блізкіх — усе гэтыя няшчасці спаўна зведалі героі кнігі. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць ў іх аповедах азлобленасці і нараканняў на лёс. Наадварот, шмат у якіх успамінах гучыць даволі нечаканы матыў: шчырае здзіўленне беларускіх сялян ад ветлівасці і шчодрасці тых людзей, якіх яны, па сутнасці, абцяжарылі сваім з’яўленнем, і пачуццё ўдзячнасці. „Рускія людзі вельмі добрыя, шанавалі нас, бежанцаў, у бядзе памагалі, харчы прыносілі“ (56). Пра чувашоў: „Гэта вельмі прыемны і добры народ. Чувашы вельмі часта абдароўвалі бежанцаў, апекаваліся намі“ (87). „Мясцовыя казакі (на Кубані. — С.Р.) прыхільна сустрэлі бежанцаў“ (194). „А найлепшыя людзі то на Украіне былі“ (210).

Аднак з пачаткам у 1917 г. рэвалюцыйных эксперыментаў бежанцы адчулі пагаршэнне свайго становішча. „Добра там было, але толькі да рэвалюцыі. А як стала рэвалюцыя, то і стаў голад“ (139). „З прыходам рэвалюцыі […] станавілася штораз цяжэй, нічога нельга было купіць, усё было на талоны“ (78). Рэвалюцыйнае бязладдзе і тэрор падштурхоўвалі да хутчэйшага вяртання на радзіму.

Шлях у зваротны бок часам цягнуўся па некалькі месяцаў і зноў суправаджаўся голадам, хваробамі і смерцю. Менавіта пад час пераездаў — у бежанства і назад — уцекачы панеслі найбольшыя страты.

Апублікаваныя ўспаміны — пры ўсёй спецыфічнасці гэтай крыніцы — найкаштоўнейшы матэрыял для асэнсавання лёсу народа праз лёсы тыповых яго прадстаўнікоў. Зрабіўшы папраўку на асобныя недапрацоўкі складальнікаў (напрыклад, працу з кнігай вельмі абцяжарвае адсутнасць поўнага геаграфічнага паказальніка), беластоцкі зборнік можна браць за прыклад пры падрыхтоўцы аналагічных выданняў па іншых праблемах гісторыі Беларусі ХХ ст.

Менск

Станіслаў Рудовіч

Тэгі: ,