Леонтьева, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика (Максім Гардзееў)
ЛЕОНТЬЕВА, Галина А. Палеография, хронология, археография, геральдика: Учеб. пособие для студ. высш. учеб. заведений. Москва: Гуманит. изд. центр ВЛАДОС, 2000. 200 с.: ил.
Развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі апошнім часам паказала, за некаторымі выключэннямі, недахопы ў становішчы спецыяльных гістарычных навук. Узрастанне цікавасці да іх патрабуе стварэння моцнай базы навукова-метадычнай і навучальнай літаратуры, якая б дапамагала сучасным студэнтам і навукоўцам лепш арыентавацца сярод масы спецыфічных метадаў і ведаў, без якіх немагчыма правесці дасканалае гістарычнае даследаванне. Асабліва гэта тычыцца вывучэння Сярэднявечча і Новага часу.
У гэтай сувязі звяртае на сябе ўвагу новы навучальны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных гістарычных дысцыплінах[1]: палеаграфіі, храналогіі, археаграфіі і геральдыцы. Тэкст дапаможніка складаецца з кароткіх уводзінаў, чатырох адпаведных раздзелаў, падзеленых на параграфы, каментараў да рэпрадукцый тэкстаў, заданняў да семінарскіх заняткаў і спісу асноўных прац па пытаннях, з якімі сутыкаешся пры выкарыстанні дапаможніка.
Тэксты тэматычных раздзелаў падзеленыя на параграфы і забяспечаныя апаратам сціслых, змястоўных і лёгкіх для запамінання азначэнняў. Кожны раздзел мае кароткі агляд развіцця адпаведнай навукі. Да палеаграфічнага дадаюцца рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў, да геральдычнага — адпаведны ілюстрацыйны дадатак. У палеаграфічным раздзеле найбольш разгорнута разгледжаны пытанні знешніх прыкмет пісьмовых крыніц Старажытнай Русі, Маскоўскай, Рускай дзяржаваў і Расійскай імперыі ХI—ХIХ ст. Раздзел пра храналогію змяшчае шмат інфармацыі пра перавод рознага летавылічэння на сучаснае, табліцы непераходных царкоўных святаў па Юліянскім календары і разгорнутага календара рухомых святаў (на 7 старонках) з каментарамі да абедзвюх, рэкамендацыі па датаванні з дапамогай індыктаў, дзён тыдня (па формуле М.Беражкова), таксама разглядаюцца методыкі ўскоснага датавання. У археаграфічным раздзеле ў агульных рысах прыводзяцца правілы транскрыпцыі і публікацыі пісьмовых крыніц ХII — канца ХVII ст., неабходныя студэнту для таго, каб мець уяўленне пра арыгінал (калі аналізуецца апублікава ны тэкст) і слушна цытаваць тэкст крыніцы (калі праца ідзе з архіўнымі матэрыяламі). У геральдычным раздзеле ўражвае сціслы, але карысны ў прыкладным сэнсе параграф па асновах тэарэтычнай геральдыкі.
Звяртае на сябе ўвагу дадатак. На с. 66—170 змешчаны рэпрадукцыі арыгінальных тэкстаў розных часоў, якія адлюстроўваюць шырокі ў графічным плане спектр почыркаў. Асобна варта адзначыць, што зрокаваму ўспрыманню тэкстаў вельмі спрыяе вялікі (60´88/8) фармат кнігі. У каментарах і заданнях, што размешчаны перад гэтым (52—65), даюцца апісанні прыведзеных дакументаў: загалоўкі; архіўныя спасылкі; фармат; апісанні філіграняў, калі яны ёсць; агульныя характарыс тыкі почыркаў з вылучэннем іх асаблівасцяў (напрыклад, трывалае выкарыстанне пісарам асобных вынасных надрадковых літар); апісанні чарнілаў, пераплётаў; даюцца тлумачэнні мераў вагі, плошчы і даўжыні, калі яны ёсць у тэкстах (напрыклад, трэтнай сістэмы дзялення і яе слоўнага выразу); падаюцца паметы, што не належаць да асноўнага тэксту. Кожны дакумент суправаджаецца разнастайнымі заданнямі, якія дазваляюць навучыцца рабіць палеаграфічны, храналагічны і часам геральдычны аналіз. Адзіны недахоп гэтага дадатка, на наш погляд, — адсутнасць ужо транскрыбаваных з рэпрадукцый тэкстаў, бо пры вядомай складанасці паўночна-ўсходня га (маскоўскага) скорапісу ХVII ст. яго прачытанне студэнтам самастойна застаецца спрэчным. Пажадана было б таксама размясціць перад рэпрадукцыямі або пасля іх табліцы, дзе б прыводзіліся хоць бы найбольш распаўсюджаныя варыянты напісання кірылічных літар. Ілюстрацыйны дадатак да раздзела „Геральдыка» падзелены на дзве часткі. Першая належыць да параграфа «Асновы тэарэтычнай геральдыкі», другая змяшчае прыклады дваранскіх, губернскіх і гарадскіх гербаў.
Павышэнне ролі спецыяльных навук у айчынных гістарычных даследаваннях патрабуе навучальных дапаможнікаў, напісаных на адпаведна высокім узроўні. У плане вывучэння, напрыклад, старажытных тэкстаў сучасныя навукоўцы і студэнты маюць у сваім распараджэнні толькі навучальны дапаможнік С.Куль-Сяльверставай „Беларуская палеаграфія» (які выйшаў у Горадні ў 1996 г. накладам у 70 асобнікаў)[2] і метадычныя рэкамендацыі да курса „Руская палеаграфія» па скорапісе, напісаныя А.Стуканавым і А.Плавінскім і выдадзеныя БДУ ў 1987 г. накладам 300 асобнікаў. У 1999 г. у Менску выйшаў ілюстраваны курс лекцый А.Цітова па сфрагістыцы і геральдыцы. Але ўсяго гэтага, бясспрэчна, недастаткова для забеспячэння высокага ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне спецыяльных гістарычных навук.
У гэтым сэнсе выхад у свет маскоўскага дапаможніка можа паслужыць добрым прыкладам. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе айчынныя навукоўцы і выкладчыкі здолеюць зрабіць навучальна-практычныя дапаможнікі па гэтых галінах гістарычных ведаў на адпаведным навуковым і навучальна-метадычным узроўні.
Менск
Максім Гардзееў
[1] Па нашым меркаванні, больш дакладна было б ужываць у гэтым выпадку тэрмін „спецыяльныя гістарычныя навукі». Тым больш, што на працягу ўжо некалькіх гадоў адпаведны аддзел Інстытута гісторыі НАН Беларусі носіць такую назву.
[2] Гл. рэцэнзію на гэтае выданне ў: БГА. Т.3. Сш.2. 1996. С.301—305.