Гўін Прынз. Вусная гісторыя
* Gwyn Prins. Oral History // Burke P. (Ed.) New Perspectives on Historical Writing. Cambridge, 1992. P.114—139.
Гісторыкі, якія спецыялізуюцца па новай гісторыі, масавай літаратуры, індустрыяльных грамадствах — г.зн. найлепшыя прафесіяналы — звычайна вельмі скептычна ставяцца да каштоўнасці вусных крыніцаў у рэканструкцыі мінулага. «Наконт гэтага я амаль цалкам скептык», — рэзка выказаўся Тэйлар. «Лухта, якую нясуць старыя пра сваю маладосць. Не!» Цяпер, пэўна, многія выяўляюць крыху большую зычлівасць і прызнаюць вусную гісторыю — гісторыю, напісаную на аснове сведчанняў жывых людзей, а не пісьмовых дакументаў — прыемнай і карыснай ілюстрацыяй, але мала хто згаджаецца, што такія матэрыялы могуць стаць галоўнымі ў вывучэнні сучасных грамадстваў, якія пакідаюць па сабе пісьмовыя дакументы. Створаныя Стадам Тэркелем «гісторыі людзей» перыяду дэпрэсіі і II сусветнай вайны ніколі не змогуць, на іх думку, сфармаваць агульныя гістарычныя гіпотэзы, што датычацца маштабных падзей.
Мяркуемая слабасць вусных крыніцаў лічыцца універсальнай і непазбежнай, скажам, для грамадстваў, пазбаўленых пісьмовых крыніц, а традыцыйны дыяпазон для разважання вузкім. З аднаго боку, Артур Марвік у The Nature of History («Прырода гісторыі») прызнае, што «гісторыя, заснаваная выключна на недакументальных крыніцах, як, напрыклад, гісторыя афрыканскага грамадства, можа быць не такой, як хацелася б, больш фрагментарнай параўнальна з гісторыяй, выведзенай з дакументаў, але гэта таксама гісторыя». З другога боку, пакуль ёсць дакументы, не можа быць сапраўднай гісторыі. З часоў узнікнення гісторыі (г.зн. гісторыі, напісанай паводле метаду Ранке) Афрыку лічылі агістарычным кантынентам par excellence. Гэты погляд прывёў паслядоўна ад гегелеўскага пастулата 1831 г., што «гэта не гістарычная частка свету», да высновы Трэвара-Роўпэра ў 1965 г., якая тады абражала хутка разрастальныя кланы антыкаланіяльна скіраваных афрыканістаў, што Афрыка не мае гісторыі, ёй проста ўласцівы безвыніковыя цыркуляцыі варварскіх плямёнаў[1]. Не быў гэта толькі погляд на права ці толькі на Афрыку. Індыйскія вёскі, як прыклад азіяцкага спосабу вытворчасці, проста пакутвалі ад сонца, з характэрным для іх непрадукцыйным узнаўленнем, «некранутыя штармавымі хмарамі палітычнага небасхілу», паводле вядомага выказвання Маркса. З той пары прыхільнікі марксізму, якія стаялі на пазіцыі антыкаланіяльных рухаў, пакутвалі над гэтым палажэннем, спрабуючы растлумачыць, што стары на самой справе меў на ўвазе зусім не тое, што ён проста меў на ўвазе.
Ранкеанскі тэст працаваў ва ўсіх выпадках: і з прыхільні камі, і з апанентамі. Паводле ранкеанскай ерархіі дадзеных, калі ў наяўнасці ёсць афіцыйныя пісьмовыя крыніцы, перавагу аддаваць трэба ім. Калі ж такіх няма, даводзіцца мірыцца з другараднымі, напаўняючы сваё вядро далей ад чыстай крыніцы афіцыйнага тэксту. Вусная інфармацыя ў гэтым кантэксце разглядаецца несумненна як непаўнавартасная, горшая, таму яе роля — спрыяць напісанню гісторыі грамадстваў, бедных на крыніцы. Па гэтых крытэрах Гегель, Трэвар-Роўпэр і Маркс проста добрасумленныя даследчыкі.
Сярод тых, хто выкарыстоўвае вусныя крыніцы, адны даюць рэзкі адказ на такі скептыцызм, другія — не такі рэзкі. Пол Томпсан, лідэр «руху» вуснай гісторыі (самавызначэнне, якое ўжо набыло евангелічнае гучанне), абараняе каштоўнасць вусных крыніц у сучаснай гісторыі грамадства, бо яны дазваляюць выйсці на сцэну гісторыі тым, чые погляды і каштоўнасці пазбаўлены правоў «гісторыяй зверху». Томпсан злосна напісаў у сваім маніфесце The Voice of the Past («Голас мінулага»), што
апазіцыя вусным сведчанням засноўваецца як на пачуцці, так і на прынцыпе. Старэйшае пакаленне гісторыкаў, якія трымаюць старшынства і завязкі капшука, інстынктыўна баіцца прыходу новага метаду. Гэта значыць, што яно больш не валодае ўсімі прафесійным метадамі, таму і прыніжае сваімі рэплікамі маладых людзей, якія тупаюць па вуліцах з магнітафонамі[2].
Такім чынам, нястрыманасць у выказваннях у бітве за месца вусных крыніц у сучаснай гісторыі сведчыць пра выбух пачуццяў з абодвух бакоў. А што да значэння вусных крыніц для гісторыі грамадстваў без пісьменнасці, найбольш выбітны прадстаўнік вуснай гісторыі ў Афрыцы Ян Вансіна адкрыта прызнае пазіцыю Марквіка ў сваім маніфесце Oral Tradition as History («Вусная традыцыя як гісторыя»):
Там, дзе няма ці амаль няма пісьма, вусная традыцыя мусіць браць на сябе асноўны ўдар у гістарычнай рэканструкцыі. Яна не выканае гэтую місію так, як гэта робяць пісьмовыя крыніцы. Пісьмо — тэхналагічны цуд… Даследчык павінны поўнасцю ацаніць і ўсвядоміць абмежаванасць вуснай традыцыі, каб урэшце не напаткала расчараванне, што ў выніку доўгіх гадоў працы стала рэканструкцыя, далёка не дэтальная. Рэканструк цыя, створаная на падставе вусных крыніцаў, можа мець меншую ступеню надзейнасці, калі няма незалежных крыніц для ўзаемнай праверкі[3].
І ўсё ж нельга сцвярджаць, што прымяненне вусных крыніц апраўдана толькі ў абставінах, калі яны вымушана застаюцца адны. Сам Вансіна паказвае і ў названай кнізе, і ў іншых сваіх манаграфіях, што часта гэта не так, галоўны акцэнт яго довадаў, насамрэч, нашмат больш рашучы. Адносіны пісьмовых крыніц да вусных не ёсць адносінамі «опернай прымадоны і яе дублёршы: калі зорка спяваць не можа, з’яўляецца дублёрша: калі церпіць няўдачу пісьменнасць, на сцэну выходзіць традыцыя. Гэта не так. [Вусныя крыніцы] папраўляюць іншыя перспектывы, як і тыя ў сваю чаргу папраўляюць іх саміх».
Чаму ўсё ж выкарыстанне вусных крыніц настолькі супярэчлівае? Пол Томпсан выказаў меркаванне, што старыя прафесары не хацелі навучацца новым хітрасцям і супраціўляліся таму, што адчувалі пагрозу асабліваму статусу метаду Ранке. Можа гэта і так, але я падазраю, што прычыны глыбейшыя і не такія просталінейныя. Гісторыкі жывуць у грамадствах, якія валодаюць пісьменнасцю, і, падобна многім насельнікам такіх грамадстваў, несвядома імкнуцца пагарджаць вымаўленым словам. Гэта вынік нашага гонару пісьмом і нашай пашаны да пісьмовага слова. А чаму не? Як адзначыў Вансіна, камунікацыя праз сімвалічную, пісьмовую мову — найвялікшае дасягненне. Пісьменны чалавек звычайна забываецца пра гэта. Новазеландскі народ маоры дае сумны, але яскравы прыклад распаўсюджанай з’явы ў перыяд экспансіі Еўропы: непісьменны народ спачатку назіраў, потым ухапіўся са страшэннай сілай за гэты інструмент улады, але не здолеў кантраляваць яго.
Канкрэтныя факты несумненна ўражваюць. У 1833 г. можа 500 маоры ўмелі чытаць; праз год — 10 000. У 1840 г., калі была заключана дамова ў Вайтангі, паводле якой правадыры маоры згубілі сваю зямлю (або атрымалі выгоды ад брытанскай анексіі, у залежнасці ад пункту гледжання чытача), адзін падарожнік выказваў заклапочанасць фізічным здароўем маоры, што не ўласціва pakeha (беламу чалавеку) таго часу. Замест фізічных практыкаванняў (як належыць высакародным дзікунам), цяпер яны сядзелі, «зрабіўшыся чытачамі». У 1837 г. друкар Ўільям Каленса са знакамітай місіянерскай сям’і скончыў першае выданне Новага запавету для маоры, і да 1845 г. пратэстанцкія місіянеры распаўсюдзілі колькасць асобнікаў Новага запавету на мове маоры, якая складала палову колькасці народа маоры. У 1849 г. губернатар Джордж Грэй лічыў, што працэнт пісьменных сярод маоры быў большым у параўнанні з любым еўрапейскім народам. Якую ж сілу бачылі маоры ў пісьме і якой з такім імпэтам дамагаліся?
Гэтая сіла мела тры ўзроўні, але падобна многім толькі заваяваным і толькі часткова пісьменным народам, маоры паспяхова авалодалі ўсяго малой часткай яе. Першы аспект улады кнігі быў татэмічны. У непісьменных маоры любыя кнігі асацыяваліся з царквой, і яны засоўвалі старонкі ў павялічаныя дзіркі ў вушах. Гэта была спроба, звычайна характэрная для ранніх стадый каланіяльнага сутыкнення, атрымаць уладу асацыяцыйна, праз далучанасць. Другі аспект маніпуляцый ны. Той жа Каленса (на тым самым варштаце, дзе ён друкаваў Святое пісанне) у 1840 г. набраў тэксты Вайтангскай дамовы. На сходзе, дзе абмяркоўвалася дамова, яму не ўдалося пераканаць губернатара, што пакуль усе маоры адно чулі, і толькі некаторыя маглі чытаць словы перакладзенага ангельскага праекта, яны не маглі зразумець і не разумелі юрыдычнага значэння дакумента, не маглі засвоіць падставовых паняццяў уласнасці, зразумець наступствы подпісу. Дон Макензі настойвае, што бітву за кантроль над зямлёй маоры прайгралі рашуча і надоўга менавіта таму, што іх імкненне да пісьменнасці ў папярэдняе дзесяцігоддзе стварыла ўражанне, што яны могуць і ўжо прынялі правілы гульні, усталяваныя пісьмовым узроўнем, на самай жа справе яшчэ былі няздольныя паспяхова маніпуляваць ім[4].
Трэці аспект улады — фармальны і актыўны, чыёй функцыяй ёсць надаваць матэрыяльную форму, акумуляваць і фіксаваць веды — і складае самую сутнасць цуда пісьма і (ва ўсіх грамадствах) сведчыць пра здольнасць пераадолець перашкоду і перайсці ад пасіўнага да актыўнага, ад ахвяры да гаспадара пісьмовага слова. Менавіта авалоданне такой функцыяй пісьма з’яўляецца найбольш рэвалюцыйным па сваіх наступствах, хоць вельмі няўлоўным. Маоры ж не авалодалі ёй у палітычна значным маштабе ажно да наступнага пакалення.
У пячорных роспісах Ласко ў Францыі сярод выяваў жывёл можна ўбачыць шэрагі спараных кропак. Гэта, магчыма, самыя раннія прыклады камунікацыі пры дапамозе сімвалаў: камунікацыя, сляды якой пакінуты індывідам, хоць сама яна існуе ў часе і прасторы незалежна ад яго. Здольнасць да гэтага — галоўны крытэр адрознення Homo sapiens — чалавека разумнага — ад яго біялагічных папярэднікаў: першы вялікі бар’ер у гісторыі чалавецтва. Можа быць, кропкі Ласко разам з паліраванымі ручнымі сякерамі з’яўляюцца першымі прадвеснікамі нэалітычнай рэвалюцыі, якая стала падмуркам усёй наступнай цывілізацыі.
Старажытныя жыхары Блізкага Ўсходу навучыліся выплаўляць жалеза, вырошчваць пшаніцу і прыручылі жывёл[5]. Ім жа належыць галоўнае вынаходніцтва, якое раскрыла патэнцыял пісьма. Сімвалічнае пісьмо мела рашучае значэнне ў тым, каб прымусіць чалавека перадолець нефіксаванасць вуснай мовы, але яно было нязручным. Менавіта стварэнне алфавітнай сістэмы спрыяла канчатковаму развіццю пісьменнага па сутнасці грамадства, якое ўпершыню дасягнула росквіту ў Грэцыі ў VII ст. да н. э. Бэртран Расэл казаў, што ўздым цывілізацыі ў Грэцыі — рэч самая дзіўная і самая цяжкая для тлумачэння ва ўсёй гісторыі. Гэта несумненна быў другі водападзел, хоць, можа, не такі важны, як нэалітычная рэвалюцыя, і, можа, не заслугоўвае такіх высокіх словаў.
Джэк Гуды ў The Domestication of the Savage Mind («Прыручэнне дзікага розуму») мяркуе, што ў імкненні спасцігнуць уладу пісьменнасці карысна, прыстасоўваючы тэрміналогію Маркса, вылучыць дзве часткі ўнутры спосабу камунікацыі: сродкі і адносіны камунікацыі, фізічнае і соцыякультурнае вымярэнні адпаведна. У наступнай працы, гаворыць ён, заўсёды трэба памятаць пра абедзве. У гэтым святле Грэцыю можна ўпісаць у пэўны кантэкст.
Мы апынуліся ў гушчы пісьменнага грамадства, якое валодае алфавітнай сістэмай пісьма і, азіраючыся назад, можна вылучыць тры спосабы камунікацыі:
1. Вусныя культуры, дзе мова мае чыста вусную форму. Лакальныя мовы даюць іх тыповыя прыклады. Дадзены тып ёсць цяпер і быў на працягу доўгага часу адносна рэдкім.
2. Пісьмовыя культуры, дзе мова мае толькі пісьмовую форму, таму што вусная форма знікла. Гэты тып прадстаўле ны класічнымі мовамі.
3. Змешаныя культуры, дзе мова мае і вусную і пісьмовую формы, даступныя для ўсяго насельніцтва ці яго часткі. Мусім пайсці далей і вылучыць унутры іх універсальна пісьменныя культуры, якія занадта лёгка прымаюцца за дадзенасць, але гістарычна нетыповыя, і абмежавана пісьменныя культуры, дзе большасць насельніцтва жыве на мяжы, але пад уплывам, пісьмовага выяўлення.
Існаванне ў асяроддзі змешанай культуры, фактычна, тыповае сёння для ўсіх вялікіх сусветных моваў. Людзьмі, асабіста непісьменнымі ці напаўпісьменнымі, усё яшчэ кіруе кніга, як у выпадку з маоры XIX ст., большай часткай ісламскага свету, ці пост-пісьменнымі ў новым свеце масавай электроннай камунікацыі: над імі пануюць радыё, тэлебачанне і тэлефон. Але гісторыкі — людзі пісьменныя, par excellence, і для іх пісьмовае слова мае першаступеннае значэнне. Яно фармуе іх стандарты і метады. Яно зніжае каштоўнасць вуснага слова, якое атаясамліваецца з утылітарным і простым у параўнанні з канцэнтраваным значэннем тэксту. Яны не бачаць нюансаў і тыпаў вусных дадзеных.
Адно з наступстваў жыцця ва ўмовах культуры, дзе пануе пісьмо, — выцясненне вуснага слова праз яго прыніжэнне. Мы павінны мець поўнае ўяўленне пра шматлікія складовыя часткі асобных пісьмовых моваў: у гісторыі ангельскай мовы існуюць узоры Чосэра і Шэкспіра, асобная мова Бібліі караля Джэймса ці Агульнага малітоўніка, кожная з якіх працягвае жыць. Звяртаючыся да вуснай ці змешанай культуры, трэба свядома прыкласці намаганне, каб паспрабаваць і запаволіць свой крок, і паглядзець на вусную спадчыну як на патэнцыйна такую ж складаную з’яву. Мы павінны бачыць розніцу паміж важнай і банальнай гутарковай мовай, як у Томаса Гардзі Тэс з д’Убэрвіля пераходзіла з дорсэтскага дыялекта на літаратурную ангельскую мову ў залежнасці ад суразмоўцы, як карыбскія растафары захоўвалі асаблівы стыль для рэлігійных спеваў. Адзін з найстарэйшых і добра вядомых прыкладаў таго, як спецыяльныя мовы вуснага і пісьмовага ўзроўняў пераплятаюцца ў змешанай культуры — вусная традыцыя, звязаная з Каранам, hadith. У выдатным даследаванні змешанай ісламскай культуры Эрнэст Гельнэр паказаў, як baraka (харызматычны аўтарытэт) «святых» ці Святых людзей Атласных гор Марока паходзіць (дзеля непісьменных суседзяў) з вуснага тлумачэння ісламскага закону, shari’a. Але shari’a — пісаны закон, у той час як самі гэтыя святыя маглі быць непісьменнымі, тым не менш, іх харызма грунтуецца на асацыяцыі з уладай кніжнага слова.
Паводле традыцыйных гісторыкаў-дакументалістаў крыніцы павінны валодаць трыма якасцямі, ніводная з якіх, відавочна, не ўласціва вусным дадзеным, таму іх не ўспрымаюць сур’ёзна. Ад крыніц патрабуецца дакладнасць формы. Важна бачыць стабільную прыроду сведчання. Дакумент ёсць артэфактам. Няма ніякіх сумненняў наконт таго, што такое спадчына, фізічна: форма фіксаваная. Яе таксама можна праверыць рознымі спосабамі, фізічна (зноў жа), ды і шэрагам параўнальных, тэкстуальных, структурных і іншых сродкаў. Гэта прыводзіць да другой якасці, якой прагна шукаюць: дакладнасць храналогіі.
Гісторыкі мысляць у паслядоўным часе, адлічаным календаром і гадзіннікам. Дакумент у гэтым плане можа даць цудоўныя дэталі і, такім чынам, магчымасць вывесці з яго тонкія аргументы. Аб’ектыўнасць, на якой настойваюць больш традыцыйныя сябры гістарычнага цэху, палягае шмат у чым на мяркуемай сіле дэдукцыі, атрыманай з стараннага вывучэння логікі выдатна тэкставанага наратыву. Але, як мы хутка ўбачым, паслядоўны час — не адзіны від часу, якім карыстаюцца людзі, і апроч змены ёсць яшчэ іншыя рэчы, якія трэба тлумачыць.
Трэцяе, паколькі ты пісьменны, пісьмо не выклікае цяжкасцяў і пакідае фіксаваны след, таму мы жывем у акіяне пісьмовых пасланняў і разлічваем на разуменне зместу праз чытанне дадатковых тэкстаў. Testis unus, testis nullus: адно сведчанне не ёсць сведчаннем. Мы даказваем павелічэннем колькасці. Па кожнай з гэтых прычын непадмацаваныя вусныя сведчанні цэняць мала. Форма нефіксаваная, храналогія часта недакладная, камунікацыя можа часта быць непадмацаванай. Для гісторыкаў, якія не любяць вуснай гісторыі, усяго гэтага дастаткова, каб адмовіцца ад яе. Але часта дадаюцца яшчэ два фактары, якія маюць дачыненне да аб’екту яе даследавання. Пра адзін з іх ішла размова ў пачатку: вусная гісторыя паблажліва дазваляе сабе займацца ўскоснымі пытаннямі. Сутнасць другога фактара ў тым, што вусная гісторыя не можа быць іншай — яна замыкаецца ў неадпаведнасці малога маштабу.
Я думаю, што агульная незадаволенасць метадалагічнымі перадумовамі ў дачыненні да дакладнасці часта адлюстроўвае перакананне, што вусныя дадзеныя не могуць патлумачыць змену, і што змена — гэта тое, чым у асноўным займаюцца гісторыкі. Але гэта не зусім так. У некаторых сітуацыях, пераважна ў не- або квазі-пісьменных грамадствах, кантынуітэт значна больш цікавы і больш складаны для тлумачэння, чым змена. Незадаволенасць наконт самапаблажлівасці адлюстроўвае або прымхі ў дачыненні да гісторыі знізу, або страх, што паколькі вусныя дадзеныя атрыманы ў маштабе ўспрымання індывіда, гісторык апынецца ў пастцы маламаштабнасці, магчыма, будзе падмануты і, значыць, няздольны да адэкватнай экстрапаляцыі. Карацей, мы рызыкуем быць бездапаможна перагружанымі. Вусная гісторыя распавядае нам толькі дробязі пра важных людзей і важныя рэчы (паводле іх уласнага разумення) пра дробных людзей.
Ці сапраўды гэта так? Менавіта для таго, канешне, каб прарваць тую пазіцыю ігнаравання, на поле бітвы была выведзена артылерыя «руху вуснай гісторыі». Яна, верагодна, была ахоплена звышэнтузіязмам пад час першых стрэлаў, але пытанні ў адказ былі рэальныя і аднолькава ясна звязаныя з функцыямі памяці і мэтамі гісторыі ў грамадствах з рознымі спосабамі камунікацыі. Апроч ранкеанскіх існуюць і іншыя крытэры, і імі трэба карыстацца.
Для таго каб ацаніць гэтыя прэтэнзіі і ўбачыць, хто як разумее мэты гісторыка, трэба дакладна вызначыцца з тэрміналогіяй, што дазволіць пазбегнуць памылак і блытаніны ў паняццях. Таму адразу, услед за Вансінам, вылучым два тыпы вусных дадзеных, а ўнутры аднаго тыпу чатыры розныя формы іх, будзем гатовыя сустрэць розныя аргументы наконт кожнага з іх ў розных тыпах грамадства.
Што такое вуснае сведчанне больш дакладна? У пачатку я вызначыў яго як сведчанне, атрыманае ад жывых людзей, а не ад неадушаўлёных крыніц, але гэтага яшчэ недастаткова. Існуе вусная традыцыя. У De la tradition orale («Вусная традыцыя»), кнізе, што больш за якую іншую рэвалюцыянізавала нашы адносіны да вуснай традыцыі, Ян Вансіна даў ёй наступнае вызначэнне: гэта «вусная спадчына, якая перадаецца вербальна ад аднаго пакалення наступнаму ці далей» [вылучанана аўтарам]. Такі матэрыял — субстанцыя для рэканструк цыі мінулага грамадства пры дапамозе вуснай культуры. Вусная традыцыя прамаўляецца ўсё менш і менш, паколькі культура рухаецца да масавай пісьменнасці, хоць частка вуснай традыцыі можа захоўвацца і ў пераважна пісьменным асяроддзі.
Другі тып вусных крыніц — асабістая памяць. Гэтае вуснае сведчанне звязана з жыццёвым досведам інфарманта. Яно калі і перадаецца ад пакалення пакаленню, то выключна ў надзвычай збедненай форме, напрыклад, у форме асобных сямейных паданняў. У 1870-я г. мой дзед па мацярынскай лініі працаваў памочнікам садоўніка ў вялікай сядзібе ў Корнўэле. Дварэцкі быў садыстам, які часта садзіў кацянят на гарачую кухонную пліту і атрымліваў асалоду, назіраючы за іх агоніяй. Можна зразумець, чаму мой дзед не забыўся на такія ўчынкі, менавіта з-за гэтага чалавека пакінуў сядзібу і пайшоў працаваць на шахты. Гэта я чуў ад сваёй маці. Уласна асабістая памяць фармуе велізарны аб’ём вусных сведчанняў, якія выкарыстоўвае ў сваёй працы Пол Томпсан і рух вуснай гісторыі ўвогуле.
Вусная традыцыя адрозніваецца ад успамінаў па-іншаму. Перадача вялікай колькасці і спецыяльных формаў вусных дадзеных ад пакалення пакаленню патрабуе часу і значных інтэлектуальных намаганняў; такім чынам, павінна існаваць нейкая мэта. Прынята думаць, што мэта структурная. Некаторыя тэарэтыкі, такія, як Дзюркгайм, лічаць, што мэта — стварэнне і перадача вуснай традыцыі, якая сістэмна адносіцца да ўзнаўлення грамадскай структуры і залежыць ад яе. Іншыя бачаць шырэйшыя і больш аўтаномныя кагнітыўныя мэты. Але якімі б яны ні былі, перш, чым улічваць іх, вусную традыцыю трэба падзяліць яшчэ на чатыры тыпы[6].
Завучаныя Незавучаныя
Форма выяўлення Застылая Вольная |
|
застылая Форма
вольная |
ПАЭЗІЯ (У Т.Л. ЭПАС
ПЕСНІ) І СПІСЫ І ФОРМУЛЫ НАРАТЫЎ (назвы, прымаўкі і інш.) |
Калі паведамленне механічна завучана, тады словы належаць традыцыі. Калі форма прадстаўлення фіксаваная, тады структура належыць традыцыі. Разгледзім усе катэгорыі адна за адной.
Завучаныя, у застылай форме матэрыялы фактычна прыносяць гісторыку найменшы клопат з праверкай, бо строгі тэкстуальны аналіз версій адной і той жа традыцыі дасць магчымасць дабрацца да агульнага ядра формы і словаў. Правілы формы і мовы можна ідэнтыфікаваць. Афрыканскія ўхвальныя вершы, найлепш вядомыя з іх зулускія isibongo, даюць добрыя прыклады гэтага жанру. Словы, форма і інтанацыя — усё строга рэгламентавана. Часта ўхвальныя вершы характарызуюць адносіны паміж правіцелем і падданымі: яны з’яўляюцца прамежкавым звяном адносінаў, якія не могуць быць рэалізаваны праз непасрэдную размову. Іх структура, такім чынам, адлюстроўвае іх мэту. Вось урывак з такога ўхвальнага верша народа лозі, запісаны мной у заходняй Замбіі. Ён выконваўся на мове луяна, старажытнай мове, якая амаль гэтаксама блізкая да сучаснай мовы сілозі, як англа-саксонская да сучаснай ангельскай.
Хоць я блізка ад цябе, не магу размаўляць з табой. Але ў гэтым няма бяды, таму што я ведаю, калі прыйдуць мае родзічы. Я адыходжу ад правілаў, якіх мусіш трымацца ты. Кожная песня мае сваё паходжанне …
Калі кароль у двары, ён як слон у калючых хмызах; як буйвал у гушчары; як кукрузнае поле на ўзвышшы ў пойме Забезі. Добра кіруй краінай! Калі краіна памрэ, адказным будзеш ты. Калі яна будзе працвітаць, гонар і хвала табе.
Вывучэнне формул асабліва дае плён у спробе раскрыць вымярэнні народнай культуры дзякуючы таму, што цяжка ўмешвацца ў іх, бо калі нешта змяніць — то нельга не заўважыць гэтую змену. Вось яшчэ ілюстрацыя, зноў звязаная з інстытутам караля ў лозі ў Замбіі. Каланіяльная эпоха ў Афрыцы была ў пэўным сэнсе бурнай. Вецер пераменаў закрануў грамадства лозі, як і большасць іншых, таму, калі знаходзяцца элементы, якія застаюцца пастаяннымі, нягледзячы на моцны ціск, гэта асабліва цікава. Менавіта такую з’яву як раз і дэманструе наступны прыклад.
У 1974 г. я жыў сярод булозі і займаўся збіраннем прымавак, спачатку пераважна з цікаўнасці. Адна з іх на мове луяна, вельмі распаўсюджаная, па аналогіі звязваецца з інстытутам караля.
Nengo minya malolo wa fulanga mei matanga, musheke ni ku onga. (Гіпапатам [Кароль] калыша глыбокія воды ракі; белыя пяскі водмеляў выдаюць яго.)
Праз пару гадоў я натрапіў на яе зноў, але ў іншым кантэксце: культ лекараў ператварыў прымаўку ў антыфанальную песню, мяшаючы сучасную мову сілозі з старажытнай луяна.
Лекар ( рэчытатывам): Mezi mwa nuka ki tapelo! (Вада з ракі — малітва!)
Лекар (спявае): Kubu, mwana lilolo. (Гіпа, дзіця вадаварота.)
Хор: Itumukela mwa ngala! (Ён усплывае ў сярэдзіне патока!)
Лекар: Musheke ni mu konga. (Пяскі выдаюць яго.)
Хор: Itumukela mwa ngala!
Такім чынам, тут мы маем два варыянты з той самай галоўнай тэмай, якія абодва існуюць у пост-каланіяльнай эпосе. Гэты прыклад яскрава паказвае, як крышталікі формавыяў лення застаюцца нязменнымі ў калейдаскопе структур, адаптаваных да пэўных мэтаў.
Сіла формулы бачна, калі гэтыя сучасныя версіі змясціць за прымаўкамі, але ў формах, запісаных французскімі місіянерамі ў самым пачатку каланіяльнай дзейнасці ў 1890-х г.: «wa fulanga meyi matungu, musheke ni mu k’onga» i «Mbu ku mwan’a lilolo, wa twelanga matungu, musheke ni mu k’onga»[7]. Такі яскравы прыклад захоўвання ў форме вуснай крыніцы сведчыць пра яе перманентнае ўзнаўленне ў народнай культуры, а гэта, у сваю чаргу, гаворыць пра тое, што яна працягвае валодаць нейкай ахоўнай культурнай функцыяй[8]. Апошняя акалічнасць уздымае важнае пытанне селектыўнай памяці ў вусных крыніцах, пра што крыху ніжэй.
Некаторыя формулы менш схільныя да такой селектыўнай памяці, чым іншыя. Напрыклад, нейчая тоеснасць ў рамках нейчай асабістай культуры часта перадаецца і выказваец ца публічна ў семіятычным апісанні фізічных межаў. Так, расшыфроўка апісання краявіду сядзібы, дадзенага мігрантам, можа прадэманстраваць культурнае ўзнаўленне больш яскрава. Гэта бліскуча паказана ў даследаванні іншай афрыканскай з’явы. Кніга Siyaya: The Historical Anthropology of an African Landscape («Сіяя: Гістарычная антрапалогія афрыканскага ландшафту») робіць такую дэшыфроўку і выкарыстоўвае яе, каб аспрэчыць распаўсюджанае меркаванне, што міграцыя прыводзіць да разрыву адносінаў[9].
Галоўныя праблемы слушнага і няслушнага выкарыстан ня вуснай традыцыі звязаны з традыцыямі, якія не завучваюцца механічна: эпас і наратыў. Фіксаваная форма эпасу азначае, што большасць афрыканскіх эпасаў паводле гэтай схемы наратыўныя. Пад «эпасам» тут я маю на ўвазе гамераўскі эпас: гераічная паэзія, складзеная вусна ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Канешне, пазней вершы былі запісаны, і мы не можам ведаць, наколькі яны былі змененыя, у момант першага запісу ці пазней; але структура дастаткова моцная для таго, каб адлюстраваць гэты працэс. Вобразна кажучы, атрымліва ецца коўдра, пашытая з шматкоў, своеасаблівая рапсодыя — у перакладзе з грэцкай літаральна «сшыты разам» — так што паўтарэнне формулы служыць своеасаблівым рабочым інструментам як для песняра, так і для аўдыторыі. Каля трэці «Іліяды» складаецца з радкоў ці блокаў радкоў, якія паўтараюцца не адзін раз. Тое ж справядліва і для «Адысеі». Дваццаць пяць формульных выразаў сустракаецца ў першых дваццаці пяці радках «Іліяды». Напрыклад, світанак амаль заўжды «крануты ружовым», Афіна «савінавокая», востраў Ітака «акружаны морам» і, самае вядомае, мора «бы цёмнае віно». Але гэта не манатоннае паўтарэнне. Існуе трыццаць шэсць розных эпітэтаў для Ахілеса, падабраных і размешчаных паводле жорсткіх правілаў[10]. Такім чынам, з такіх вось кавалачкаў пясняр будуе новы твор, хоць асобныя выразы могуць быць старымі і добра вядомымі. Праўда, гэтая катэгорыя і гэты метад зноў уздымаюць відавочныя пытанні наконт абмежаванасці аб’ёму ведаў, якія вусная традыцыя можа ўтрымліваць ці перадаваць. Хіба ўсе гэтыя абмежаванні не вядуць да дэфармацыяў?
Нават з усімі альтэрнатывамі такая вусная творчасць не можа палепшыць веды ці павялічыць дакладнасць. Яе скоўвае мінучасць прамоўленага слова і абмежаваныя магчымасці чалавечай памяці нават з дапамогай мнеманічных сродкаў. Такім чынам, вусныя культуры не могуць уводзіць новае і павінны нешта забывацца. Гэтая тэза — галоўны аргумент прафесара Джэка Гуды ў The Domestication of the Savage Mind («Прыручэнне дзікага розуму»). «Дзікі» розум становіцца «прыручаным» тады, калі сродкі камунікацыі дазваляюць змяніць спосаб камунікацыі:
Пісьмо, асабліва алфавітнае, дае магчымасць глыбока даследаваць размову іначай — шляхам надання вуснай камунікацыі напаўстабільнай формы; такое ўважлівае вывучэнне спрыяла актывізацыі аналітычнай дзейнасці, а значыць, узмацненню рацыянальнасці, скептыцызму, логікі. Яно адкрыла шлях узрастанню патэнцыялу аналізу, таму што пісьмо перадавала разважанні наглядна рознымі спосабамі, адначасова пашыраючы магчымасці кумулятыўных ведаў, асабліва ведаў абстрактнага характару… Праблема аб’ёму чалавечай памяці перастае адыгрываць вырашальную ролю ў інтэлектуальным жыцці чалавека. Чалавечы розум быў вольны вывучаць статычны тэкст, а не абмяжоўвацца ўдзелам у дынамічным выказванні[11].
Паколькі частка вусных гісторыкаў не згодныя з поглядам прафесара Гуды на ролю пісьма ў інтэлектуальным вызваленні, многія, і асабліва Вансіна ў Oral Tradition as History («Вусная традыцыя як гісторыя»), будуць аспрэчваць распаўсюджванне палажэння Гуды на тэзу, што вусная традыцыя, такім чынам, таксама гомеастатычная: тое, што нязручна ці больш не мае функцыянальнага значэння, забываецца. Ён мяркуе, што структурная амнезія пашкоджвае вусныя культуры, якія, такім чынам, вымушаныя быць селектыўнымі з-за абмежаванасці памяці, а значыць, традыцыя не можа служыць добрым гістарычным матэрыялам.
Фактычна, такая структурная амнезія рэдка бывае татальнай. Шмат у якіх ранейшых працах, і асабліва ў шэдэўры па дакаланіяльнай гісторыі цэнтральнай экватарыяльнай Афрыкі пад назовам Paths in the Rain-forest («Сцежкі ў лесе дажджу)»[12], Вансіна паказвае, як можна разблытаць і дэшыфраваць некалькі патокаў традыцыі, прысутнай у канцы ланцуга трансмісіі, у тым ліку параўнаннем варыянтаў і злучэннем вусных крыніц з крыніцамі іншага паходжання. Методыка ўнутранага тэкстуальнага параўнання па пераадоленні гомеастатычнасці добра вядомая. Ісламскія даследчыкі ацэньваюць версіі hadith праз аналіз кожнага звяна ланцуга (isnвd) і не прымаюць ніводную традыцыю, для якой дадзеныя пра isnвd цяпер адсутнічаюць ці недастаткова поўныя. Але нават калі перамагчы гомеастатычнасць і вызначыць, якія традыцыі захаваліся ў спадчыне, г.зн. імкнуцца да дакладнасці формы, то як іх датаваць?
Дакладнасць храналогіі была другой з трох якасцяў, на якіх настойваюць гісторыкі-дакументалісты. Менавіта імкненне адпавядаць гэтаму патрабаванню і, такім чынам, атрымаць знешнія атрыбуты рэспектабельнасці найчасцей прыводзіла ў выкарыстанні вусных дадзеных да сур’ёзных памылак. Гэтую праблему лёгка праілюстраваць.
Наратыўная катэгорыя часта ўтрымлівае тры віды трансмісіі: традыцыі паходжання, дынастычныя паданні і звесткі пра грамадскую арганізацыю. Цяпер гэтыя тры віды наратыву не ўсе існуюць у адной і той жа канцэпцыі часу, хоць, ускладняючы справу, сама падача сведчання можа змешваць тыпы матэрыялу, як змешваюцца розныя гатункі мяса ў каўбасе.
НЕСТРУКТУРАВАНЫ ЧАС
Традыцыі паходжання
«ТРАДЫЦЫЙНЫ» ЧАС (узгоднены, але не серыйны)
Дынастычныя паданні
Звесткі пра структуру дзяржавы
СЕРЫЙНЫ ЧАС
Эдвард Эванс-Прытчард, вялікі антраполаг, які даследаваў народ нуэр у паўднёвым Судане перад другой сусветнай вайной, напісаў цікавы і карысны нарыс, дзе апісаў тое, што ён назваў «ойкалагічным часам», г.зн. цыклічны час, калі людзі бачаць яго адрэзкі ў змене пораў года, а не ў чарадзе гадоў. Развіваючы гэтую тэзу, сацыяльны гісторык Э.П.Томпсан сцвярджаў, што пераход ад успрымання часу ў залежнасці ад віду дзейнасці — за адзінку часу бралася, напрыклад, у Мадагаскары «гатаванне рысу» (паўгадзіны); у заходняй Нігерыі «смажанне маісу» (пятнаццаць хвілін); у каталіцкім Чылі XVII ст. «пбра сімвалаў веры» — да агульнага, культурна аўтаномнага і свядомага адмервання часу гадзіннікам быў часткай грамадскай свядомасці, які адбыўся пад уплывам і служыў падмуркам індустрыяльнага грамадства[13]. Адразу можна здагадвацца пра злоўжыванне вуснымі дадзенымі: адукаваныя гісторыкі паспрабавалі атрымаць храналогію серыйнага часу па-за межамі традыцыі, якая існуе ў «традыцыйным» часе. Тут на пазіцыю прадмета можа ўплываць мінулая ці цяперашняя яго значнасць. Напрыклад, пра вельмі важныя рэчы можа быць сказана, што яны вельмі даўнія ці вельмі новыя, павялічваючы ці падаўжаючы іх у залежнасці ад кантэксту і канкрэтных мэтаў.
Але гісторыкі-даследчыкі, якія гоняцца за храналагічнай дакладнасцю з перакананасцю і зацятасцю калекцыянера XIX ст., не думаюць пра гэта. Яны бяруць, скажам, каралеўскую легенду. Палічылі колькасць згаданых у ёй каралёў. Сфармулявалі гіпотэзу наконт колькасці генеалагічных адгалінаванняў, напрыклад, за трыццаць гадоў. Памножылі адно на другое, гатова! — даты для вуснай культуры! Адзін гісторык, а менавіта Дэйвід Гэныдж, праверыў і абвергнуў такую просталінейнасць. The Chronology of Oral Tradition («Храналогія вуснай традыцыі»), з красамоўным падзагалоўкам Quest for a Chimera («Пытанне хімеры»), ахоплівае аналіз спісаў правіцеляў, пачынаючы ад афрыканскіх правадыроў да асірыйскіх цароў. Сеючы іканаборства і скептыцызм, Гэныдж таксама выказвае і пэўную надзею[14]. На гэты раз ясна, з якім відам часу маем справу і якія мэты захавалі традыцыю ў памяці. У дадзеным выпадку можна, хай сабе прыблізна, з пэўнай доляй верагоднасці вымераць час. Такія веды амаль заўсёды кантэкстуальныя.
Адно вымярэнне надзвычай важнае. Раздзел Гэныджа, названы «Гісторыя і сучасная палітыка», мае ў кнізе ці не найбольшае значэнне. Прызнанне факта вынаходніцтва традыцыі адыграла вельмі дэструктыўную ролю ў поглядзе апошняй генерацыі даследчыкаў на нееўрапейскую гісторыю і ў прымяненні гэтай ідэі, скажам Дэйвідам Кэнадынам, для перагляду міфаў брытанскай манархіі. У гэтай з’яве бачыцца важнае метадалагічнае запазычанне еўрапейскай гістарыяграфіі з нееўрапейскай гісторыі, дзе больш жорсткія міждысцыплінарныя і лінгвістычныя патрабаванні паспрыялі ў вялікай ступені метадалагічным навацыям у гістарычнай навуцы апошняга пакалення даследчыкаў[15].
Вынаходніцтва традыцыі не ёсць дзівам ці несумленнас цю, асабліва ў культурах, дзе няма аніякага крытэру ісціны. Гэта тое ж, што самаабарона вязня пры дапамозе недагаворак або маўчання, добра выкарыстаная Аляксандрам Салжаніцы ным у рамане «Адзін дзень з жыцця Івана Дзянісавіча». Каланіяльная сітуацыя падобная тым, што і яна характарызуецца скрайнімі пазіцыямі сілы і бяссілля. У пэўных асобных умовах ніякае выздараўленне немагчымае; у атмасферы таталітарызму сама паслядоўнасць і тэмп часу могуць скажацца; у каланіяльным кантэксце звесткі пра грамадскую структуру і дынастычную традыцыю найчасцей вынаходзяцца нанова.
Існуюць пэўныя віды памяці, якія немагчыма аднавіць з-за спосабу іх страты. Такі выпадак быў апісаны італьянскім аўтарам Прыма Леві, які сам прайшоў праз Аўшвіц у сувязі з Галакостам. The Drowned and the Saved («Патанулыя і ўратаваныя»), яго апошняя кніга, з’яўляецца адным з найлепшых пранікненняў у прыроду жыцця і спосаб псіхалагічнай дзейнасці лагераў смерці, пакінутым нашчадкам. Леві ў ёй дэманструе эксцэнтрычнасць сваіх успамінаў і адпаведна непаўнавартас ную прыроду сваіх інтэрпрэтацыяў. Па вызначэнні, ён не мог уваскрасіць памяць з тых глыбіняў, куды канула большасць, адкуль практычна ніхто не вярнуўся, і ён быў адным з нямногіх уратаваных. Урэшце высветлілася, што для яго, як і для вялікага псіхааналітыка-фрэйдыста Бруна Бэтэльгайма, які таксама прайшоў праз лагеры, цяжар выжывання быў завялікі, і абодва ў старасці скончылі жыццё самагубствам. Для іх, верагодна, мінулае не магло быць ні вынайдзеным нанова, ні перададзеным. Гэта немагчыма было выказаць пісьмова[16].
На крок бліжэй да нас, чым цішыня, стаіць аднаўленне рэчыва. Гісторык-саветолаг Джофры Госкінг у якасці ілюстрацыі да таталітарнай сітуацыі прывёў цытату з «армянскага радыё»: «Усе фундаментальныя ісціны наконт савецкага жыцця адлюстраваны ў показках, многія з якіх звязаны з міфічным армянскім радыё. Ну вось, армянскае радыё спыталі: „Ці можна прадказаць будучыню?» Адказ: „Так, няма праблем: якой будзе будучыня, мы добра ведаем. Праблема з мінулым: яно мяняецца»[17]. З надыходам галоснасці ў СССР за кантроль над памяццю разгарнулася жорсткая барацьба. Адна групоўка нават назвалася «Памяць», другая, абсалютна супрацьлеглая скрайняму славянскаму нацыяналізму і антысемітызму «Памяці», называецца «Мемарыял». Андрэй Сахараў падтрымлі ваў «Мемарыял» як шлях вяртання сталінскіх ахвяраў з нябыту маўчання. Вызваленне народнай памяці ад «сібіры свядомасці» стала прыкметным і ні ў якіх адносінах не маргінальным кірункам палітычнай дзейнасці ў часе другой рускай рэвалюцыі. Рэфарматарскія сілы стварылі на з’ездзе народных дэпутатаў у канцы 1989 г. камісію па падрыхтоўцы справаздачы па высвятленні і пераглядзе аднаго з вырашальных эпізодаў — пакта Гітлера—Сталіна[18].
У Брытаніі прырода гісторыі таксама была аб’ектам жорсткай барацьбы. У 1985 г. Інспекцыя Яе Вялікасці надрукавала свае погляды на змест таго, што павінны вывучаць школьнікі. «Сіняя кніга» Інспекцыі абагульніла асноўнае з школьных новаўвядзенняў за папярэднія дваццаць гадоў. Праект Школьнай рады па гісторыі стаяў на тым, каб вучыць дзяцей ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў адрозніваць добрыя сведчанні ад кепскіх, прызнаваць правамоцнасць розных тыпаў крыніц, у тым ліку і вусных, правяраць усе атрыманыя высновы, спачуваць цяжкаму становішчу людзей у мінулым, што з’яўляецца важным стымулам развіцця гістарычнага ўяўлення[19]. Падобна сучасным рэвалюцыянерам у СССР, інспектары добра разумелі палітычнае значэнне грунтоўнага вывучэння гісторыі і таму змясцілі на вокладцы кнігі наступнае выказванне Мікіты Хрушчова: «Гісторыкі — небяспечныя людзі. Яны могуць разбурыць усё».
Урад Тэтчар распуціў Школьную раду. Гэта была злосная, працяглая і няўдалая спроба Тэтчар і радыкальных правых надаць выключныя паўнамоцтвы створанай у 1990-х г. Рабочай групе па гісторыі пад кіраўніцтвам Сондэрза Ўотсана, якая давала парады Дэпартаменту адукацыі і навукі наконт зместу брытанскіх нацыянальных навучальных праграм, прапаганду ючы трыумфалістычны, вігаўскі, заснаваны на дакументах і абмежаваны курс брытанскай палітычнай і канстытуцыйнай гісторыі, робячы акцэнт на бяздумным завучванні датаў і «фактаў» і выяўляючы антыпатыю да гістарычнага ўяўлення. У пазіцыі Рабочай групы можна адшукаць і адмаўленне правоў вуснай гісторыі.
Даклад Рабочай групы быў вытрыманы ў духу Інспекцыі Яе Вялікасці 1985 г., але быў раптоўна адкінуты міністэрскім указам адразу, як толькі Кенэт Кларк, заняўшы пасаду міністра, увёў погляды, адкінутыя Рабочай групай, падобныя да пазіцыі выкладчыкаў і інспектарскай «Сіняй кнігі». У час напісання дадзенага артыкула (люты 1991 г.) у стане прафесіяналаў пануе разгубленасць і крыўда на такія дзеянні[20].
З усіх гэтых гісторыяў вынікае дзве рэчы. «Сібір розуму» — зона не толькі мёртвага маўчання, але і жывога адмаўлення легітымнасці. Яна змушае розум маўкліва здавацца на міласць сухой паблажлівасці і прадвызначанага панавання цяперашніх кіраўнікоў. У гэтым брытанскія спрэчкі перагукаюцца з савецкімі. Па-другое, сведчанне шчырасці і, пад ціскам сучаснасці, падатлівасць мінулага недаацэньваюцца. Маштаб такога вынаходніцтва можа быць велізарны.
Прадстаўнікі народу ців у цэнтральнай Нігерыі не былі інтэлігентамі. У пачатку XX ст. яны змагаліся супраць пракладвання белымі жаўнерамі тэлеграфных ліній праз сваю зямлю і з-за гэтага атрымалі рэпутацыю незаконапаслухмяных, падступных і, канешне ж, закаранелых язычнікаў. Больш за тое, ад іх смярдзела анархіяй, бо не было дасканалай ерархіі правадыроў. Таму, калі ў 1907 г. брытанскі намеснік Чарльз Форбз Гордан першым апісваў іх грамадства, ён бачыў і адлюстраваў сегментарную прыроду іх кланаў. Але да першай сусветнай вайны брытанская адміністрацыя ў Нігерыі была кепска развіта і лічыла нязручным глядзець на ців як на ців, а ставіла іх у шэраг з больш шматлікімі суседзямі гауза. Правадыры ців прыслужліва «гаузаваліся» дзеля таго, каб дагадзіць каланіяльнаму воку: размаўлялі, як гауза, апраналіся, як гауза і г.д. Але пазней, у 1930/31 г. народ ців наведаў з мэтай вывучэння Абрагам, урадавы антраполаг. Яму дапамагаў Даўнз, які ўзначальваў акругу.
Справаздача Абрагама-Даўнза прапанавала новы погляд на ців. Аўтары ўбачылі грамадства без вярхоўнага правіцеля, якое Форбз Гордан ахарактарызаваў у чыста ерархічным кантэксце, увасобленым у новаўвядзенні шматпалатных радаў. Але легітымацыя гэтых радаў і іх членаў адсякла маладзейшае пакаленне адукаваных ців ад патэнцыйнай палітычнай дзейнасці. Тады моладзь, у сваю чаргу, з мэтай абысці рады пачала змагацца за новую справу, справу Тора ців (вярхоўны правадыр ців), што (так супала) дакладна адпавядала «нармальнай» мадэлі туземнай улады, якую ўвасаблялі брытанскія чыноўнікі (яны навучаліся непрамому кіраванню ў школе лорда Лугарда). Другое антрапалагічнае даследаванне, праведзенае ў 1940 г., прыходзіць да высновы, што супольнасцю ців фактычна кіравалі патрыярхі, якія ўтваралі піраміду ўлады. Можа, сапраўды існаваў нейкі туземны вярхоўны правадыр? За сорак гадоў успрыманне сацыяльнай структуры ців цалкам змянілася. Тады, у канцы 1940-х г., з’явіліся яшчэ два антраполагі, Багананзы. Пазіцыя, сфармуляваная ў іх класічнай працы, трымаецца і да сёння. Даследчыкі разглядалі супольнасць ців як сегментарнае лінейнае грамадства накшталт таго, як яго апісваў Гордан пад час першага знаёмства белых з гэтым народам.
Кожны еўрапейскі даследчык шукаў рэальных ців, і кожны раз тыя чужакі падыходзілі да іх з новым вобразам, з пэўнымі стэрэатыпамі. Прышлыя аўтсайдэры лічылі, што ўсё робяць у інтарэсах ців, прыдумвалі іх мінулае з перакананнем, што робяць ласку ім. Мы разумеем гэта дзякуючы таму, што гісторык Д.Дорвард усвядоміў: самі вучоныя інтэрактыўна былі часткай гісторыі, і таму, што ён ведаў: грандыёзна прыдуманая традыцыя была магчымасцю[21]. Зразумела, абараніцца ад вынайдзенай традыцыі можна — менш давяраць надзейнасці як непацверджанай вуснай спадчыны, так і сваім папярэдні кам у навуцы, нягледзячы на тое, што яны прадэманстравалі разуменне праблемы. Ды і праблема не абмяжоўваецца выключна вуснай гісторыяй.
Іншы афрыканскі прыклад пацвярджае слушнасць нязгоды Вансіны з вобразам прымадоны і дублёршы. Ён паказвае, што залішне даверлівы погляд на непацверджаныя пісьмовыя крыніцы ў спалучэнні з занадта вялікай павагай да гісторыкаў можа стварыць і памылковую камбінацыю. Падвяргаючы ўсё сумненню, Джуліан Кобінг пераканаўча паставіў пад пытанне тры асноўныя дагматы паўднёваафрыканскай гісторыі: распаўсюджаны погляд на матабэле ў Зімбабвэ як на культуру ваяроў; галоўны міф зімбабвійскага нацыяналізму, што яго прамым папярэднікам былі паўстанні 1896 г. (погляд, які ў значнай ступені мае карані ў поглядах брытанскага гісторыка-дакументаліста Т.Рэйнджэра); і, зусім новы, значэнне і само існаванне Mfecane — рассялення народаў, прычынай якога лічылася разбурэнне дзяржавы Зулу ў сярэдзіне XIX ст.[22] Разгледзім выпадак з паўстаннямі. Культура сучаснай Зімабвэ з’яўляецца змешанай культурай. Нацыяналістычная інтэрпрэтацыя Рэйнджэра ўвайшла ўжо ў вусны рэгістр асабіста непісьменнага і стала, такім чынам, адказам на пытанні пра тыя падзеі, якія перакрываюць любую іншую традыцыю. Паколькі пэўна карысна будзе высветліць прычыны, чаму традыцыі вынаходзяць, таксама цяжка засведчыць страту магчымасці калі-небудзь стварыць надзейную справаздачу пра важныя падзеі, падобныя гэтым, з-за неадэкватнай гістарыяграфіч най методыкі. І не можа тут служыць апраўданнем прызнанне неабходнасці задаволіць патрэбу такога грамадства ў, як некалі выказаўся Рэйнджэр, «прыкладной гісторыі»[23].
Прызнанне магчымасці такой няўдачы гісторыкаў-даку менталістаў павялічвае занепакоенасць наконт няслушнага выкарыстання вусных дадзеных у пытанні серыйнай храналогіі. У абодвух выпадках рашэнне трэба шукаць у тым, што прывяло Вансіну да адмаўлення опернай аналогіі: выкарыстанне шматлікіх, канвергентных, незалежных крыніц. Што да храналогіі, з унутранага аналізу фармальнай вуснай традыцыі можна атрымаць паслядоўную, але неабавязкова добра датаваную гісторыю. Для большай дакладнасці трэба імкнуцца да карэляцыі з вонкавымі крыніцамі. Археалагічныя сведчанні, экліптыка сонца і месяца ці буйныя прыродныя катастрофы — звычайныя арыенціры. Міфы паходжання, дынастычныя паданні, сямейныя гісторыі простых людзей, прымаўкі, ухвальная паэзія, эпас і наратыў могуць неяк адкрыць доступ ва ўнутраны свет культуры і часу. Маючы ключы да вонкавых крыніц, можна абараніцца ад вынайдзенай традыцыі, атрымаць некаторыя даты серыйнага часу і, такім чынам, рэканструяваць мінулае такога кшталту.
Засталося разгледзець адзін від наратыву. Ён свядома вылучаны ў асобную катэгорыю, бо датычыцца досведу асобнага індывіда, яго ці яе. Такая асабістая памяць — асноўныя дадзеныя, якімі карыстаюцца гісторыкі пры вывучэнні грамадстваў, дзе пануе пісьмовае слова. Сфера ўплыву асабістай памяці распаўсюджваецца ад пачатку біялагічнай магчымасці — каля 80 гадоў — і далей.
Паколькі гэта першапачатковы від вусных дадзеных, памяць — не адзіны тып у грамадствах з пісьменнасцю. Фармальная традыцыя, у толькі што разгледжаным сэнсе, захоўваецца. Класічны прыклад бачым у працы Іоны і Пітэра Опі. У працы The Lore and Language of Schoolchildren («Веды і мова школьнікаў») яны ўстанавілі, што загадкі школьнага двара могуць перадавацца ў нязменным выглядзе праз доўгія ланцугі. Дзякуючы таму, што час навучання школьнікаў карацейшы за часжыцця лозі, носьбітаў каралеўскіх прымавак, тое сугучча, якое ў лозі перадаецца праз 130 гадоў, пройдзе праз дваццаць пакаленняў школьнікаў, скажам 300 апавядальнікаў: гэта адпавядае перыяду больш за 500 гадоў сярод дарослых[24]. Гэты разлік узмацняе пункт гледжання, што кантынуітэт, падмацаваны энергіяй такога бесперапыннага аднаўлення, патрабуе большага тлумачэння, чым змена. З 137 рэчытатываў, запісаных у 1916 г. у працы Нормана Дугласа London Street Games («Гульні лонданскай вуліцы»), Опі знайшлі 108, якія былі распаўсюджаны і ў 1950-я г. Вось прыклад з вершыкам пра грэнадэра: у Опі была версія, якая мае стабільныя асноўныя элементы, прасочаныя да 1725 г. З іншага боку, асабістая памяць прысутнічае і ў грамадстве без пісьменнасці, але найбольшы клопат і інтарэс выклікае менавіта яе роля ў пісьменным грамадстве. Ці з’яўляецца асабістая памяць проста старэчым балбатаннем пра лепшыя і горшыя дні? І так і не.
Найбольшую крытыку гісторыкаў-дакументалістаў выклікае тое, што памяць вядомых людзей занадта лёгка адкрыта зручнаму самаапраўданню ex post facto, а памяць малазначных персонаў схільная да правалаў. У кожным выпадку памяць — сумнавядома ненадзейнае скляпенне, якому нельга давяраць і якое можна параўнаць з неадушаўлёнымі і нязменнымі запісамі дакументаў цягам усіх мінулых гадоў. Першы аспект, наколькі могуць сведчыць паліцы палітычнай аўтабіяграфіі, добра выкарыстаны, другі — не вельмі, бо дакументальныя крыніцы перададзены нам у спадчыну не настолькі ўжо адвольна і несвядома, як можна падумаць.
Дні, калі пяты граф Роўзбэры даверыў свае самыя патаемныя думкі дзённіку, калі кіраванне дзяржавай азначала, што прадстаўнікі асобнай групы, склад якой можна вызначыць, думалі і пісалі рукой паперы, калі гісторык мог бы абгрунтавана спадзявацца знайсці і прачытаць усе такія дакументы і вырашыць, што ён мог бы верыць ім, скончыліся стагоддзе таму. З таго часу рост аб’ёму афіцыйных папер зрабіў іх паток некантраляваным. Узнікла патрэба ў адборы для захавання. У выніку «чысцільшчыкі» сістэматычна робяць сваю працу, і таму тое, што ўтрымліваюць афіцыйныя архівы, свядома ці не, часта скажонае з-за намеранага ці няслушнага адбору (што захаваць, а што спаліць), можа маўчаць, гэтаксама ўводзячы ў зман, як і іншыя крыніцы. Доўга будзе служыць урокам поўная неадпаведнасць паміж адвольнымі і ўсё больш закрытымі фондамі палітыкі дэпартаментаў брытанскага ўраду і адкрытым доступам да брытанскіх спраў праз амерыканскія архівы на падставе Акта аб свабодзе інфармацыі. У час вайны за Фолклэнды ў 1982 г., напрыклад, паперы, датычныя ранейшых спрэчак за астравы, і асабліва пазіцыі міністэрства замежных спраў у 1930-х г., якія кідаюць цень сумнення на непахіснасць законнасці брытанскіх прэтэнзій на суверэнітэт над Фолклэндамі, былі раптоўна выведзеныя з кола даступных грамадскасці, хоць пільныя і, як высветлілася, карэктна недаверлівыя гісторыкі паспелі зрабіць копіі, якія, вядома, трапілі ў прэсу да вялікай незадаволенасці місіс Тэтчар.
Судовы працэс Олівэра Норта, памочніка прэзідэнта Рэйгана, якія ўладкоўваў цёмныя справы іранскіх і нікарагуанскіх контрас, паслужыў сенсацыйнай ілюстрацыяй фіяска, што пацярпелі распаўсюджаныя меркаванні традыцыйных гісторыкаў наконт дакументаў. Цудоўная зала судовых паседжанняў з фантастычнай назвай «Fawn Hall» [Слова fawn мае ў ангельскай мове некалькі значэнняў, у тым ліку: `жаўтавата-карычневы’ і `прыслужвацца’, што дае нагоду разумець назву залы не толькі па колеры ейнага інтэр’еру, але і як месца, дзе прыслужываюцца. — Заўв. перакл.] была сведкам позніх сесій, чула абаяльную сакратарку містэра Норта, што цішком выносіла дакументы з Пентагона ў чаравіках і ніжняй бялізне, і даведалася пра спробу Норта не пакінуць ніякіх дакументальных слядоў з дапамогай кампутарных сетак пры адпраўленні пасланняў. На ягоную бяду, сталася магчымым аднавіць сцёртыя з кампутарнай базы пасланні. Але справа проста ў вяртанні назад да вуснага, да чаго прывяло прымяненне электроннай інфармацыйнай тэхналогіі на этапе прыняцця першапачатко вага рашэння. Калі дакументы ўсё ж захоўваюцца і з’яўляецца магчымасць прачытаць іх, яны часта вяртаюць нас да рашэнняў, прынятых у тэлефонных размовах.
Час ад часу розніца паміж вусным арыгіналам і адпаведным яму напісаным афіцыйным тэкстам выплывае наверх выпадкова. У Брытаніі пад час вялікай дэпрэсіі пад старшынствам суддзі Макмілана засядала камісія па фінансаванні. Апублікаваныя матэрыялы камісіі шырока цытуюцца ў стандартных працах па тым перыядзе. Адна з іх — Politicians and the Slump («Палітыкі і спад») Робэрта Скідэльскі[25]. Асабліва важным у працы камісіі было сведчанне Мантэгю Нормана, кіраўніка Банка Англіі. Публічная версія выступлення Нормана не супадала са зместам таго, што ён сказаў на самай справе. Вуснае выказванне Нормана было моцна перапрацавана для пратакола. Мы даведаліся пра гэта выпадкова. Асобнік даслоўнага запісу ў Дзяржаўным архіве быў знішчаны, але другі асобнік захоўваўся ў архіве Банка Англіі, дзе гісторык эканомікі, шукаючы нешта іншае, выпадкова натрапіў на яго.
Добра вядома, да якой ступені чыноўнікі Дзярждэпарта мента Злучаных Штатаў мусілі перапрацаваць вусныя прамовы вялікага палкаводца халоднай вайны і дзяржсакратара Джона Фостэра Далеса. У Архіве Кангрэса лічылася апалітычным выносіць такія вострыя меркаванні наконт саюзнікаў Злучаных Штатаў, якія ўтрымліваліся ў адказе Далеса фінансавай камісіі, дзе было сказана, што «ўсе французы маюць каханак і прадаюць непрыстойныя паштоўкі», але тым не менш, «Францыя ўяўляе сабой добры кавалак нерухомай маёмасці». (Яго obiter dicta пра Нямеччыну і Брытанію таксама сталася адкрыццём .)
Цяпер вернемся да табліц. Можна сцвярджаць, што на самай справе вусная спадчына, ці то запісаная на стужку (без купюр Ніксана), ці то здабытая ў экпедыцыях па вывучэнні плямёнаў адміралаў і дзяржсакратароў, бліжэй да першакрыніцы. Ёй, канешне, пагражаюць тыя ж сур’ёзныя праблемы, што і сучасным дакументальным крыніцам, але па-іншаму. Агульным з’яўляецца тое, што і вусную традыцыю, і афіцыйныя паперы можна сказіць (як адбылося з вывядзеннем з Дзяржаўнага архіва часткі інфармацыі наконт Фолклэндскіх астравоў), але праблемы няслушнага выкарыстання вусных дадзеных лягчэй убачыць і вырашыць.
У дадатак да няслушнага выкарыстання, чаго можна пазбегнуць, ёсць дзве агульныя праблемы крытычнага падыходу да крыніц, якія ўплываюць на вусную спадчыну, і пазбегнуць якіх немагчыма. Па-першае, несвядомы ўплыў пісьменнай формы на вусную спадчыну непазбежны, як уяўляецца, у змешаных культурах. Існуе герменеўтычнае новаўвядзенне пісьмовага пункту гледжання ў вусную спадчыну непісьмен нага чалавека. Гэтая з’ява найбольш характэрна ў моцна перагружаных кантэкстах, такіх, як кантэкст каланіяльных сутыкненняў або вышэйзгаданы зімбабвійскі прыклад увядзення ў вусную культуру інтэрпрэтацыі Рэйнджэра. Другі аспект такога ўплыву абсалютна шкодны. Справа ў тым, што панаванне пісьмовай формы разбурае і фактычна сцірае вусныя спосабы існавання ўспамінаў. Найбольш вядомыя прыклады дае музыка. Ральф Ваган Ўільямз, Пэрсі Грэйнджэр і Бэнджамін Брытэн былі ў шэрагу іншых кампазітараў пачатку дваццатага стагоддзя, хто збіраў і/ці выкарыстоўваў народныя песні ў сваіх уласных творах, якія адаптавалі і зафіксавалі для нашчадкаў арыгінальныя песні якраз у момант спынення іх існавання ў дзікім выглядзе. Некаторыя з найбольш шаноўных сучасных збіральнікаў, такіх, як Эван Маккол, якія ўратавалі і надалі новае дыханне вялікай колькасці шатландскіх і паўночна-ангельскіх народных рабочых песняў і баладаў, пайшлі далей і сталі яшчэ стваральнікамі жанраў. Яны рабілі гэта па-майстэрску: слухачы і іншыя выканаўцы не могуць адрозніць наватворы і запісаныя песні. Такім чынам, тое, што цяпер можна пачуць у бары ў Кэры ці Гэлаўэй, амаль абавязкова прайшло праз цыкл герменеўтычнай апрацоўкі. Але гэтыя праблемы можна прадугледзець і даць ім рады пры дапамозе крытычнай методыкі, прычым зрабіць гэта нават лягчэй, чым у дачыненні да дакументальных крыніц, паколькі ранкеанская крыніца апаганьваецца вынаходніцтвам традыцыі нават яшчэ да таго, як заб’е з-пад зямлі. Што да агульнай памяці пра жыццё інфарманта, якая будуецца вакол таго, што ён сам лічыць важным, мы можам атрымаць тое, што з’яўляецца несумненна запісам у чысцейшым выглядзе.
Біяхімія памяці ўсё яшчэ слаба вывучана. Але даследаванні розных відаў памяці ўсё больш сыходзяцца на тым, што доўгатэрміновая памяць, асабліва індывідаў, якія ўступілі ў фазу, якую псіхолагі называюць «агляд жыцця», можа быць неверагодна дакладнай. Людзі авалодваюць «сукупным інфармацый ным фондам», напоўненым асабістымі адносінамі. Ён абмяжоўваецца іх сацыяльным кантэкстам, відавочна формамі сутнасці асобы і валодае выключнай стабільнасцю. Гэта, заўважае Дэйвід Лоўэнтал, асабліва справядліва для моцных, несвядомых успамінаў з дзяцінства, калі чалавек бачыць і запамінае менавіта тое, што адбываецца, а не што чакаецца, як гэта робяць дарослыя[26]. Агляд жыцця — канчатковы прадукт перыяду існавання памяці. Стабільны наратыў жыццёвага агляду ў сукупнасці інфармацыі ёсць пачаткам доўгатрывалай вуснай традыцыі. Прыведзены раней сюжэт пра побыт майго дзеда ў вялікай сядзібе ў Корнішы — адна з такіх складовых частак традыцыі.
Выкарыстанне вось такіх успамінаў і стала найбольшым унёскам, зробленым да гэтага часу гісторыкамі накшталт Пола Томпсана. Гэта сацыяльныя гісторыкі, і яны выкарыстоўва юць вусныя дадзеныя для таго, каб надаць голас тым, хто ў дакументальных запісах пазбаўлены голасу. Вусныя дадзеныя, хоць яны па сутнасці не з’яўляюцца радыкалізуючым інструментам, у сучасным грамадстве шырока выкарыстоўваліся гісторыкамі з радыкальнымі намерамі, як кажа Томпсан у першых радках сваёй працы The Voice of the Past («Голас мінулага»): «Уся гісторыя ўрэшце залежыць ад яе грамадскай мэты», і вусная гісторыя найлепшым чынам рэканструюе імгненні і дэталі жыццяў простых людзей для тых, хто хоча гэтым займацца. Гэта ў традыцыі Мэйх’ю, які запісваў жыцці лонданскіх беднякоў у 1850-х г., Чарльза Бута, які вывучаў жыццё і працу лонданцаў паміж 1889 і 1903 г., і даследаванне беднасці ў Ёрку ў 1901 г. Сібама Роўнтры. Такая мэта пачала панаваць у практыцы вуснай гісторыі, заснаванай на памяці, у сучаснай італьянскай гісторыі[27].
Што можа даць асабістая памяць, дык гэта свежасць і багацце дэталяў, якія іншым шляхам атрымаць немагчыма. Яна дае магчымасць ствараць гісторыю малых груп, як у працы Біла Ўільямза пра манчэстэрскіх жыдоў, а таксама геаграфічна малых тэрыторый: лакальныя гісторыі вёсак ці нават асобных вуліц. Яна дае гісторыкам магчымасць ствараць тое, што антраполаг Кліфард Джыртц назваў «шчыльным апісаннем»: тэксты, насычаныя фактурай з глыбінёй і абрысамі, якія дазваляюць рабіць грунтоўны антрапалагічны аналіз.
Але калі пакінуць убаку ідэалагічныя сімпатыі ці патэнцыял структурнага аналізу, нават улічваючы, што вусная гісторыя, заснаваная на памяці, уяўляе сабой наймагутнейшы рэсурс сацыяльнай гісторыі, скептыкі ўсё роўна задаюць пытанне, згаданае ў пачатку артыкула. Вусная гісторыя можа быць плённай, можа быць ілюстрацыйнай, нават гістарычна вызвольнай, але ці служыць яна фармавальным фактарам тлумачэння? Вусная спадчына дае магчымасць глыбокага дэскрыптыўнага аднаўлення напрыклад таго, чым ёсць бедны мексіканец, пры дапамозе шэдэўра Оскара Люіса The Children of Sanchez («Дзеці Санчаса»), але менавіта яно па логіцы толькі што выкладзенага аналізу трапляе ў вузкія рамкі; і не тут трэба шукаць рухальныя сілы тлумачальных тэорый гісторыка[28].
Добрай праверкай гэтага сцверджання будзе звярнуцца да манаграфіі самога Пола Томпсана The Edwardians («Эдвардыянцы»)[29]. Праца ўяўляе сабой спробу ўзнавіць тканіну і адчуванне жыцця ў гады перад самай вялікай вайной. Гэта перыяд ружовага рамантызму ў народнай памяці, калі яшчэ быў мёд да гарбаты, калі царкоўны гадзіннік у Грэнчэстэры яшчэ паказваў без дзесяці тры, калі Бог спачываў на сваіх нябёсах і ўсё было ў парадку са светам, які вайна ўжо была гатова разбурыць дашчэнту. Але, Томпсан хоча сказаць: проста нішто не выдавала на гэта, за выключэннем нейкіх зусім нязначных дробязяў.
Аснова кнігі — нізка з пяці віньетак, захаваных у памяці эдвардыянскіх дзяцінстваў. Яны адабраны з такім разлікам, каб паказаць кожны пласт грамадства — ад вельмі багатых да зусім бедных. Сюжэты цесна прывязаны да архіўных запісаў працэдурай адбору, якая прывяла да выбару тых ці іншых індывідаў. Яны надзвычай яркія, але не нясуць асноўнага цяжару бачання гэтых гадоў Томпсанам, які вызначае той перыяд як эдвардыянскі крызіс: час панавання кансерватыўных класаў у падыходзе да ірландскага пытання і сур’ёзных і шырокіх рабочых хваляванняў 1911—1914 г. Але ў той час, як віньеткі ўяўляюць сабой цудоўную ілюстрацыю, адчуваецца, што даследаванне Томпсанам аспектаў няроўнасці ў грамадстве, яго пазіцыя ў дачыненні да рухальнай сілы крызіса і ўсіх буйнамаштабных дадзеных, на якіх грунтуецца гэты ўзровень кнігі, засноўваецца на пісьмовых крыніцах.
Так, у гэтым сэнсе я прымаю пазіцыю крытыка. The Edwardians — не апраўданне надзвычай перабольшаных патрабаванняў да вуснай гісторыі, напісанай на аснове асабістай памяці. Але тады, як паказаў выпадак з вуснай традыцыяй, перабольшаныя патрабаванні церпяць крах. Сіла вуснай гісторыі — гэта сіла кожнага метадалагічна кампетэнтнага гісторыка. Яна паходзіць з таго шэрагу і з таго кшталту разважання, дзе шмат тыпаў крыніц мусяць злучацца ў адзін ланцуг. Гэта не ёсць абавязкам, які ляжыць толькі на вусных гісторыках як практыках другараднага мастацтва. Я паказаў вышэй, што рух да пост-пісьменнай, па-новаму глабальнай, электроннай вуснай і візуальнай культуры абвяргае прафесійную самаацэнку традыцыйнай гістарыяграфіі, заснаванай на дакументах. Усе гісторыкі роўныя перад гэтым выклікам.
Асабістая памяць дае магчымасць гісторыку зрабіць дзве рэчы. Першае: досыць відавочна яна дазваляе быць паўнавартасным гісторыкам — гісторыкам, які можа чэрпаць з адпаведных крыніц для вывучэння сучаснай гісторыі ў поўным маштабе і з улікам усіх праблем. Ніводзін гісторык, які займаецца сучаснай вышэйшай палітыкай, з галавой акунуўшыся ў афіцыйныя паперы, не можа чакаць, што яго будуць чытаць з даверам, калі некранутымі засталіся вусныя крыніцы (і, кожны можа дадаць, фатаграфічныя і кінематаграфічныя крыніцы). У дадзеным выпадку ён нічым не адрозніваецца ад сацыяльнага гісторыка, які вывучае цыганоў. Як сказаў Вансіна, вусныя сведчанні служаць для праверкі іншых крыніц, і наадварот, апошнія служаць для праверкі першых. Яны ў дадатак могуць паказаць нейкія імгненныя дэталі, якія іншым шляхам недаступныя і, такім чынам, стымуляваць гісторыка да праверкі іншых дадзеных новымі метадамі. Вось гэта і адбылося ў разважаннях Пола Томпсана наконт класа ў The Edwardians. Гэта здарылася і тады, калі Дональд Рэйган, які загадваў штатам Белага дома пры прэзідэнце Рэйгане, апублікаваў у сваё апраўданне справаздачу пра перыяд сваіх паўнамоцтваў і барацьбу з місіс Нэнсі Рэйган. У выніку, сярод іншых канкрэтных дэталяў высветлілася, што выбар часу падпісання Прамежкавага пагаднення пра ядзернае ўзбраенне на саміце ў снежні 1987 г. фактычна быў прадыктаваны асабістым астролагам місіс Рэйган, факт, якога вы не знойдзеце ў афіцыйных паперах. Тое ж адбылося ў праведзеным Крыстоферам Лі даследаванні фармавання брытанскай палітыкі па абароне, пачынаючы з 1945 г., якое рыхтуецца да друку.
Менавіта з гэтай прычыны афіцыйныя дакументальныя запісы, у любым выпадку, закрыты на падставе гнуткага брытанскага правіла «трыццаці з нечым», паводле якога паўнамоцны ўрад можа паводле свайго жадання вызначаць даўжэйшы за трыццаць гадоў перыяд закрытасці для пэўнага кола ўрадавых папер, найлепшым прыкладам якіх з’яўляюцца справы абароны. Місіс Тэтчар прыпісваюць пазіцыю, што нічога, звязанага з разведвальнай дзейнасцю брытанскіх агентаў у царскай Расіі, не павінна быць апублікавана, каб не аказаць дапамогі ворагам. Так хацела яна і папраўкі 1989 г. да Афіцыйнага акта пра сакрэты. Згадаем Крыстофера Лі. Шмат гадоў папрацаваўшы ў якасці карэспандэнта Бі-Бі-Сі па абароне, ён дасягнуў становішча, якое дазваляла атрымліваць інфармацыю ад уласных крыніц і карыстацца ў іх даверам. Запісы яго інтэрвію з усімі галоўнымі дзейнымі асобамі ў дадзенай галіне самі па сабе набудуць статус жывой дакументальнай крыніцы. Яго кніга будзе кнігай, якую не змог бы напісаць ніводзін гісторык — універсітэцкі выхаванец. Яна надасць радыкальна новы погляд нашаму разуменню жывой змены ў перыяд страты Брытаніяй былой магутнасці. Вусныя матэрыялы ўваходзяць у тое, што прафесар Гэкстар называе «другім запісам», хутчэй за іншыя віды дадзеных. Здольнасць Лі прасачыць, прачытаць і інтэрпрэтаваць «першы запіс» у значнай ступені засноўваецца на яго валоданні вельмі своеасаблівым і незвычайным «другім запісам»[30]. Гэта не робіць яго гісторыкам новага тыпу, а наадварот. Многія гісторыкі XIX ст. былі аматарамі ў тым сэнсе, што пісалі і жылі пераважна па-за сценамі Акадэміі. І ў мінулым, і цяпер экспедыцыйная праца — частка працы над кнігай, якую немагчыма пераацаніць.
Па-другое, існуе адваротны эфект. Валоданне багатым і разнастайным «другім запісам» — напрыклад, праз асабісты досвед, а не праз інтэрвію — можа зрабіць гісторыка незвычайным чалавекам. Прывядзем у прыклад гісторыкаў, якія вывучалі чыгунку. Адрыян Ваган працаваў сігнальшчыкам на вялікай лініі паміж Лонданам і Ўэст Кантры. Ён перажыў перыяд скарачэння і закрыцця ў 1960-х г., назіраў выцясненне старых метадаў працы і адвяржэнне майстэрства, некалькі разоў сам быў звольнены і потым вырашыў запісаць той свет, які страціў. Яго першыя працы Signalman’s Morning («Раніца сігнальшчыка») i Signalman’s Twilight («Прыцемкі сігнальшчыка») з’яўляліся творамі ўспамінаў. Але паколькі ў яго развіліся навыкі гісторыка, Ваган паглыбіў сваё даследаванне і зрабіўся цяпер аўтарам выдатнай новай біяграфіі самога Брунэля, узбагачанай інфармаванасцю і кампетэнтнасцю Вагана ў сферы чыгуначных ліній[31].
Наступны і апошні прыклад, які мае ў аснове крыўду і зніжэнне прафесіяналізму, знаходзім у кнізе майстра-цесля ра, прысвечанай архітэктуры. Роджэр Коўлмэн паходзіць з сям’і высокапрафесійных майстроў з паўночнага Лондана. Ён стаў цесляром, але ў працэсе сваёй працы пакутваў ад зніжэння патрабавальнасці да кваліфікацыі ў справе будаўніцтва. Коўлмэн быў раззлаваны пыхай і тэхнічнай некампетэнтнасцю архітэктараў, ад чыёй працы ён залежаў, і якім ніколі не прыходзіла ў галаву пацікавіцца яго думкай. Такім чынам разгарнулася змрочная бітва, падобная да каланіяльных бітваў з вынайдзенай традыцыяй, у якой майстар рабіў выгляд, што цёмны і забіты, і ўхіляўся ад супрацоўніцтва, а дыктавалі ўзгадаваныя на кнігах архітэктары-беларучкі.
Ці заўсёды было так? Выкліканы сваім «другім запісам», Коўлмэн пачаў доўгае даследаванне мастацтва і працы. Заняўшыся тэмай, як і Ўільям Морыс, ён авалодаў агульнымі навыкамі майстэрства гісторыі і крытыкі. Але ў яго пякучай кнізе The Art of Work: an Epitaph to Skill («Мастацтва працы: Эпітафія майстэрству») канструктыўныя ўрыўкі нельга аддзяліць адно ад аднаго. Вось аўтар ставіць пытанне, чаму Ўільям з Сэнса быў адзіным, хто пацярпеў у няшчасным выпадку пад час рэстаўрацыі Кэнтэрбэрыйскага сабора. Адказ — ён быў адначасова і галоўным падрадчыкам, і таксама самым кваліфікаваным майстрам — паказвае, што падзел працы не быў тады такім, як цяпер. Гэтая думка праходзіць праз справазда чу, у якой Коўлмэн спрабуе аднавіць занядбаную культуру цесляроў. Праца грунтуецца на яго ўласнай кваліфікацыі, на ведах, перанятых у вуснай форме ад старых. Коўлмэн апісвае практычную працу па стварэнні новага акна: як маркіраваць і выкарыстоўваць «брусы» (даўжыня драўніны, з якой цясляр пераводзіць дакладныя памеры адтуліны ў муры на раму акна). Такога прыёму я не сустракаў раней. Усё гэта гучыць празаічна, але карысна. Да таго ж, справаздача Коўлмэна дзіўным чынам робіць большую справу. «Брусы» цесляра злучаюць разам у адно братэрства Ўільяма з Сэнсу, Віляра дэ Ганкура (аўтар праекта і будаўнік, чые сярэднявечныя падручнікі з’яўляюцца свайго роду прамымі папярэднікамі прац самога Коўлмэна), ананімных цесляроў XVIII ст., якія працавалі для Ванбру, і Джона Малодшага (ананімныя да таго часу, пакуль не даведаешся, дзе шукаць іх схаваныя знакі), сваіх старых настаўнікаў і новае акно. Апісанне працэсу працы над сучасным акном размяшчае гістарычна і аналітычна кожны аспект аперацый, якія звычайна нябачныя, таму што іх недаацэньваюць[32].
Некаторыя гісторыкі думаюць, што іх праца — апісваць і, магчыма, тлумачыць, чаму тое ці іншае адбылося ў мінулым. Гэта неабходнае, але недастатковае апраўданне. Існуе яшчэ два важных кампаненты рамяства гісторыка. Павінны быць патлумачаны кантынуітэт. Гістарычны кантынуітэт, асабліва ў вусных культурах, патрабуе больш увагі, чым змена. Традыцыя — гэта працэс, яна жыве толькі ў няспынным аднаўленні. Яна жывая ў сваёй відавочнай стабільнасці. Па-другое, задача гісторыка — пераканаць чытача ў сваёй метадалагічнай кампетэнтнасці. Прадэманстраваць усведамленне пастак, расстаўленых вынайдзенай традыцыяй, і, значыць, у прапанава ных тлумачэннях гісторык павінны таксама паказаць, як гэта было знаходзіцца там — барду ў гамераўскай Грэцыі; вяскоўцу ў Афрыцы да прыходу туды белых; знясіленаму машыністу віктарыянскай эпохі; загадчыку па кадрах у Белым Доме пры Рэйгане; а калі гэта немагчыма, сказаць пра гэта і растлумачыць чаму.
Вусная гісторыя з яе дэталямі, гуманнасцю, часта з яе эмоцыямі і заўсёды з развітым скептыцызмам наконт паўнаты гістарычнай працы найперш адрасавана менавіта гэтым сутнасным элементам задачы гісторыка — традыцыя і памяць, мінулае і сучаснасць. Без доступу да такіх рэсурсаў гісторыкі ў сучасных індустрыяльных грамадствах з масавай пісьменнас цю, г.зн., самыя прафесійныя гісторыкі, будуць сумаваць у агульным аб’ёме разумення, абмежаванага іх уласнай культурай, як пакінутыя каханкі, стоячы ў трапяткім коле святла пад самотным ліхтаром на адкрытай усім вятрам цёмнай вуліцы.
З ангельскай пераклала Ірэна Ганецкая
[1] Пра погляд з іншага боку, які пачынаецца з гэтага ж пункта, гл.: Henk Wesseling, «What is overseas history», p. 67—92.
[2] Thompson P. The Voice of the Past: Oral History. Oxford, 1978, 63.
[3] Vansina J. Oral Tradition as History. Madison, Wisconsin, 1985, 199.
[4] McKenzie D.F. The sociology of a text: oral culture, literacy and print in early New Zealand // Burke P., Porter R. (eds). The Social History of Language. Cambridge, 1987, 161—97.
[5] Жалеза было таксама незалежна атрымана ў Тайландзе і, верагодна, у раёне Вялікіх Азёраў у Цэнтральнай Афрыцы; велізарнае значэнне блізкаўсходняга адкрыцця ў спалучэнні з прыручэннем каня і земляробствам.
[6] Запазычана ў Я.Вансіны, гл.: Vansina J. Once upon a time: Oral traditions as history in Africa // Daedalus. Nr. 2. 1971 (Spring), 442—68, на с. 451.
[7] Яшчэ для ілюстрацыі яўнага і схаванага ў гісторыі лозі гл.: Prins G. The Hidden Hippopotamus. Reappraisal in African History: the Early Colonial Experience in Western Zambia. Cambridge, 1980.
[8] Больш падрабязна праблема важнасці і плённасці вывучэння прымавак разгледжана ў: Obelkevich J. Proverbs and social history // Burke and Porter (eds). The Social History of Language, p. 43—72.
[9] Cohen D.W., Odhiambo E.S.A. Siyaya, the Historical Anthropology of an African Landscape. London, 1988; рэцэнзія ў: African Affairs. 188 (October 1989), 588-9.
[10] Finley M.I. The World of Odysseus. Penguin edition, 1962, 34.
[11] Goody J. The Domestication of the Savage Mind. Cambridge, 1977, 37.
[12] Vansina J. Paths in the Rain-forest. Madison, Wisconsin, 1990.
[13] Evans-Pritchard E.E. The Nuer. Oxford, 1940; Thompson E.P. Time, Work Discipline and Industrial Capitalism // Flinn M.W. and Smout T.C. (eds). Essays in Social History. Oxford, 1974, 40—41. Гл. таксама: Le Goff J. Au Moyen Age: temps de l’Йglise et temps du marchand // Annales. 15 (1960), 417—33.
[14] Henige D. The Chronology of Oral Tradition: Quest for Chimera. Oxford, 1974.
[15] Cannadine D. The Context, Performance and Meaning of Ritual: the British Monarchy and the «Invention of Tradition» // Ranger T.O. and Hobsbawm E. (eds). The Invention of Tradition. Cambridge, 1983, 101—64.
[16] Levi P. The Drowned and the Saved. London, 1988; Ignatieff M. A cry for help — or of release // Observer, 1 April, 1990 (пра самагубства Бруна Бэтэльгайма 13 сакавіка 1990).
[17] Hosking G.A. Memory in a totalitarian society: the case of the Soviet Union // Butler T. (ed.). Memory. Oxford, 1988, 115.
[18] «Пра палітычную і юрыдычную ацэнку савецка-германскага пакта аб ненападзенні 1939 г.», даклад другому з’езду народных дэпутатаў старшыні камісіі Аляксандра Якаўлева 23 снежня 1989 г. Масква, 1990.
[19] History in the Primary and Secondary Years: an HMI View. London, 1985.
[20] Kettle M. The great battle of history // Guardian, 4 April, 1990, 23.
[21] Dorward D.C. Ethnography and administration: the study of Anglo-Tiv «working misunderstanding» // Journal of African History 15 (1974), 457—77.
[22] Cobbing J. The evolution of the Ndebele Amabutho // Journal of African History 15 (1974), 607-31; idem. The absent priesthood: Another look at the Rhodesian Risings of 1896—7 // Journal of African History 18 (1977), 61-84; idem. The Mfecane as Alibi: Thoughts on Dithakong and Mbolompo // Journal of African History 29 (1988), 487—519; Ranger T.O. Revolt in Rhodesia, 1896—7, выданне ў мяккай вокладцы: London, 1979.
[23] Ranger T.O. Towards a usable African past // Fyfe C. (ed.). African Studies since 1945: A Tribute to Basil Davidson. London, 1976, 17-30.
[24] Opie I. and P. The Lore and Language of Schoolchildren. Oxford, 1959, 8.
[25] Skidelsky R. Politicians and the Slump: the labour Government of 1929—31. London, 1967.
[26] Lowenthal D. The Past is a Foreign Country. Cambridge, 1985, 202—3.
[27] Levi G., Passerini L., Scaraffini L. Vita quotidiana in un quartiere operatio di Torino fra le due guerre: l’opporto della storia orale, p. 209—24; Bergonzini L. Le fonti orale come verifica della testimonianze scritte in una ricerca sulla antifascismo e la resistenza bolognese, p. 263-8 // Bernardi B., Poni C., Triulzi A. (eds). Fonti Orale: Antropologiae Storia. Milan, 1978.
[28] Lewis O. The Children of Sanchez: Autobiography of a Mexican Family. London, 1962.
[29] Thompson P. The Edwardians: the Remaking of British Society. London, 1975.
[30] Lee C.R. Whitehall Warriors: Postwar Defence Policy Decision-making (у друку).
[31] Vaughan A. Signalman’s Morning. London, 1981; idem, Signalman’s Twilight. London, 1983; idem, Isambard Kingdom Brunel (у друку).
[32] Coleman R. The Art of Work: An Epitaph to Skill. London, 1988.