Rare Polonica in the New York Public Library: Books of the 15th—18 c. (Юрась Лаўрык)
Rare Polonica in The New York Public Library: Books of tne 15th—18th Centuries = Polonica XV—XVIII wieku w zbiorach Nowojorskiej Biblioteki Publicznej / The New York Public Library. Ed. by M.Czapnik; comp. by R.H.Davis, Jr. New York: N. Ross Publishing Inc., [2001]. 227, ill.
Гэта яшчэ адзін вялікі ангельскамоўны (аднак, з паралельнымі тэкстамі па–польску) каталог старадрукаў, што змяшчае беларускі матэрыял. Гэтым разам апіcаныя выданні толькі лацінскага шрыфту, i толькі на падставе кнігазбору Нью–Ёркскай Публічнай бібліятэкі. Матэрыялы ўкладзеныя Робэртам Г.Дэвісам–малодшым i падрыхтаваныя да друку Марыянай Чапнік.
Каталог складаецца з прадмовы па–ангельску i па–польску, шасці аркушаў з ілюстрацыямі, уласна каталогу i некалькіх дапаможных паказнікаў: 1) імёнаў i назваў інстытуцый (названы чамусці дзіўна: Index of Surnames… / Indeks nazwisk… — г.зн. паказнік прозвішчаў); 2) ананімных выданняў; 3) друкароў i фундатараў; 4) уладальнікаў i кнігагандлёвых фірмаў.
У прадмове прапануецца нарыс гісторыі Нью–Ёркскай публічнай Бібліятэкі i ейнага Славянска–Балтыйскага Аддзялення, a таксама самой паланійнае калекцыі; апісваецца методыка ўжытага бібліяграфічнага апісання i складаецца падзяка асобам, што спрычыніліся да выхаду каталога ў свет.
Пры ўкладанні выкарыстаны польскія правілы бібліяграфічнага апісання старадрукаў, якія рэгламентуюць паданне наступных элементаў: аўтарскі або тытульны загаловак (з першага слова назвы кнігі); тытул з найбольш істотнымі для ідэнтыфікацыі выдання ягонымі элементамі; адрас выдавецтва; год выхаду i фармат. Далей змяшчаюцца заўвагі, у якіх падаецца інфармацыя пра наяўнасць дадзенай пазіцыі ў бібліяграфічных паказальніках старадрукаў (толькі ў эстрайхераўскім і госкінсаўскім амерыканскае палонікі ды некалькіх іншых), звесткі пра дадатковы змест, дэфекты i правінэнцыйныя запісы; напрыканцы змешчана сігнатура выдання ў Бібліятэцы. Аправы не разглядаюцца «because most publications in this collection are pamphlets, many of which are either devoid of any binding oш are in wrappers» (c.14), што, аднак, не падаецца найлепшым развязаннем — можна было проста апісаць аправы там, дзе яны ёсць, i зазначыць іхную адсутнасць.
Ілюстрацыі пададзены чорна–белыя, i прадстаўляюць, галоўным чынам, тытульныя аркушы старадрукаў. Даволі сімвалічна, што кніжку, паказаную ўжо на першай ілюстрацыі (Іп Рrіто … Excellentissimi Domini… Alexandri in Bychow, Druja, Dąbrówna, Czereja etc. Comitis Sapieha Palatini Polocensis … in Urbem Magistratus Sui Metropolím Ingressu Gratulatio Nomine Litvanae Basilianae Provinciae Facta… Vilnse MDCCLV), мы можам залічыць да беларускіх выданняў паводле кожнае характарыстыкі: аўтарства, зместу, месца выдання. Сапраўды, значная частка пададзеных y каталогу пазіцый з роўным (калі нават не з большым!) правам можа быць ахарактарызавана як «Rare Albaruthenica». Дарэчы, сама Чапнік, кажучы пра прэзентаваныя выданні, прызнае, што: «The majority belonged to the Jesuit college libraries in Słonim, Mohylew (Mahilou [?!!! — Ю.Л.]), Krože, and Pińsk (Belarus) and Dyneburg (Daugavpils, Latvia). The Piarist fathers from Łużki (Luts’k, Ukraine) and Połock province (Polatsk, Belarus) or Trynitarian and Bernardin brothers in Vilnius and Słonim owned some of the publications. Private collectors like Zygmunt Krüger, Karol Glinojecki, Aleksander Ignacy Jeleński, Hilary Iwanowicz were also members of the Jesuit order in Lithuania» (13). Такім чынам, мы бачым, што гэты бібліяграфічны дапаможнік можа быць карысны для даследавання гісторыі бібліятэк на Беларусі.
Асноўная частка каталога, названая Alphabetical Listing of Imprints / Alfabetyczny spis druków, складаецца з двyх пералікаў: Спісу ужытых скаротаў (List of Abbreviations) i ўласна Алфавітнага cпіcy друкаў. Крыху незразумела, чаму спіс скаротаў, y якім пералічаны цытаваныя працы, не вынесены асобна ў пачатак ці канец кнігі, як гэта звычайна робіцца ў падобнага тыпу выданнях, a далучаны структурна да спісу старадрукаў. Апрача таго, y ім нават не згаданы цэлы шэраг класічных бібліяграфіяў, y т.л. польскіх (напрыклад, Бандтке, Бенткоўскага, Вержбоўскага, Ёхера, Лялевеля i інш.), якіх укладальнікі палічылі магчымым абмінуць. Рашэнне дапушчальнае, але гэта змяншае вартасць рэцэнзаванага каталогa.
У Алфавітным спісе друкаў прадстаўлена 509 пазіцый y 516 паасобніках, выдадзеных як y Рэчы Паспалітай, так i па–за ейнымі межамі, але так ці інакш звязаных з гэтай дзяржавай або яе грамадзянамі. Вялікая колькасць тых старадрукаў акурат была выдадзена ў Заходняй Еўропе: y паказальніках фігуруюць Аахен, Амстэрдам, Антвэрпэн, Аўгсбург, Базэль, Берлін, Балоння i г.д. 3 тых жа кніг, што выйшлі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, беларускія толькі паводле месца выдання — віленскія i берасцейскія — складаюць больш за 80 тытулаў (Вільня ўвогуле знаходзіцца на другім месцы пасля Кракава па колькасці пазіцый), a экс–тэрытарыяльная альбарутэніка ў некалькі разоў павялічвае гэтую лічбу.
Трэба прызнаць, гэтая частка каталога ўкладзена вельмі дбайна i прафесійна, хоць часам і тут сустракаюцца моманты, што выклікаюць пярэчанне. Прыкладам, прозвішчы аўтараў у загалоўках выданняў пры кожнай магчымасці спольшчаны — нават тады, калі аўтар не з’яўляецца палякам, a кніга апублікавана на лаціне (гл. пазіцыі 167 i 168 ca с.86, дзе імя аўтара пазначана y загалоўках на лаціне ў творным ды родным склонах: Alexandro Gvagnino / Alexandri Gvagnini, a пры апісанні пададзены не лацінскі, не ангельскі i не італьянскі адпаведнік, a чамусьці польскі — Aleksander Gwagnin). Падобная тэндэнцыя заўважаецца, дарэчы, і ў іншых частках: напрыклад, y Прадмове, дзе не толькі ў польскім, але і ў ангельскім варыянце тэксту геаграфічныя назвы пададзены ў польскай транскрыпцыі i нават з выкарыстаннем польскай графікі пісьма (!); толькі ў рэдкіх выпадках ажыццёўлена спроба падаць хаця б y дужках назву ў мове народа, на тэрыторыі краіны якога дадзены населены пункт знаходзіцца, дый і тое, часам, з памылкамі. Выключэнне зроблена адно для Вільні — «Vilnius», але зноў жа няўдала, бо калі размова ідзе пра яе не як пра сталіцу сучаснай Рэспублікі Літва, a як пра старажытнае места, тады па–ангельску прынята ўжываць стандартызаваную назву «Vilna». Апрача таго, як відаць з тэксту ўсё той жа Прадмовы, для публікатаркі Марыяны Чапнік тэрміны «Польшча» i «Рэч Паспалітая» цалкам раўназначныя i ўзаемазамяняльныя. Баюся памыліцца, але здаецца, што роля М.Чапнік палягала, перадусім, y наданні каталогу польскага характару, што, на маю думку, значна змяншае ягоную вартасць як міжнароднага выдання i робіць тэкст этнацэнтрычным.
Што да Прадмовы, то не магу не сказаць пра разбежнасці паміж ангельскім i польскім варыянтамі тэксту ды пра фактаграфічныя памылкі. Сустракаюцца часам выпадкі, калі факт, згаданы ў адным варыянце, ігнаруецца ў іншым. Напрыклад, y польскім пераліку кляштарных бібліятэк, з якіх старадрукі паходзяць (24), згаданы трынітарскі кляштар y Трынаполі (вёска пад Вільняй), тады як у ангельскамоўным — як тое відаць з пададзенай мною вышэй цытаты са с.13 — гэтая назва не фігуруе ўвогуле. Або, y папярэднім сказе з той жа цытаты Крожы пералічаны ў шэрагу беларускіх местаў, тады як насамрэч яны знаходзяцца ў Жамойці (Kražaj).
Далей, прапанаваны пераклад далёка не заўсёды адэкватны. Бо нельга перакладаць, напрыклад, «czіłokowie zakonu jezuitów prowincji litewskiej» як «members of the Jesuit order in Lithuania» (тамсама), бо па–ангельску, на адрознасць ад «Litwy» ў польскай мове, «Lithuania» будзе выклікаць асацыяцыі, звязаныя з сучаснай Літвой, a не з Вялікім Княствам Літоўскім, i тым больш не з літоўскай правінцыяй ордэнa. Вось i атрымліваем, што размова нібы ідзе толькі пра езуітаў з Аўкштоты i Жамойці.
I яшчэ адна «тэрміналагічная» заўвага: як відаць з загалоўка асноўнай часткі каталогa, y ім ахоплены толькі друкаваныя кнігі. Незразумела, чаму тады гэта не паказана ў тытуле ўсяго выдання, якое нясе падзагаловак Books of the 15th—18th Centuries [не «Printed Books» i не «Imprints»] — што мела б сведчыць пра наяўнасць y каталогу манускрыптаў, якіх насамрэч няма.
Каталог складзены даволі грунтоўна, але ўсё ж, з увагі на вялікую колькасць недахопаў, міжнародных стандартаў не дасягнуў (параўн. з рэцэнзаваным у гэтым жа нумары БГА зводным каталогам кірылічных друкаў, што быў апублікаваны Брытанскай Бібліятэкай, якому немагчыма закінуць фактычна нічога — гл. с. 322). Для айчыннага даследчыка каталог, аднак, можа быць вельмі прыдатны з увагі на пералік кніг лацінскага шрыфту (на лаціне i па–польску), які змяшчае шмат пазіцый, выдадзеных у Беларусі, звязаных з беларускай тэматыкай або з кнігазборамі Беларусі.
Юрась Лаўрык
Лондан