Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. 142.
Гэта другая (пасля біяграфічнага нарыса ў «Беларускім гістарычным зборніку», 1996, № 2(6)) спроба жыццяпісу вядомага беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі Юрыя Весялкоўскага і першы яго аўтабіяграфічны твор. Аўтар тут апісвае свой жыццёвы шлях ад дзяцінства і юнацтва, якія прыпалі на гады, калі ягоная Стаўпеччына была ў складзе II Рэчы Паспалітай, да падзей 80–х г., якія адбываюцца на Брытанскіх выспах, дзе Весялкоўскі жыве і цяпер. Гэткі вялізны прамежак часу дазваляе чытачу вачыма аўтара зірнуць на такія моманты айчыннай гісторыі, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР увосень 1939 г., пачатак нямецка–савецкай вайны ў 1941 г., нямецкая акупацыя, дзейнасць Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны (Весялкоўскі сам быў кадэтам), знаходжанне ў 30–й дывізіі СС Зіглінга, заканчэнне вайны ў складзе Арміі Андэрса, паваенная беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі. Расповед гэткага ж зместу напісаў іншы эмігрант — Кастусь Акула (Акула К. Змагарныя дарогі. 1994), які таксама прайшоў шлях жаўнера ад кадэта Менскай школы БКА да кіраўніка ветэранскага руху на эміграцыі. Таму можна параўнаць погляды абодвух аўтараў на некаторыя моманты і падзеі ды заўважыць адрозненні. Асабліва гэта тычыцца перыяду ад улучэння менскіх кадэтаў у склад 30–й дывізіі СС, якая была ў сваім афіцэрскім складзе расійскай па сутнасці. Разам з тым варта сказаць, што Акула больш падрабязна апавядае пра падзеі таго часу, нават пра тыя, сведкам якіх ён не быў. Так, гэта тычыцца пераходу брыгады «Беларусь» разам са злучэннем РОА на бок амерыканскіх войскаў. Што датычыць Весялкоўскага, то ён не прэтэндуе на грунтоўны твор пра лёс вайскоўцаў–беларусаў па–за межамі Беларусі ў 1944—45 г., затое праз прызму свайго ўспрымання і светапогляду намагаецца праўдзіва давесці да ведама чытача найперш пра сваё жыццё і дзейнасць, закранаючы ў аповедзе толькі асобаў, з якімі ён сутыкаўся, і падзеі, у якіх давялося ўдзельнічаць. Чытаць далей →
