Эпісталярыя
Паважаны Іосіф Бенцыянавіч![1]
З даваеннай перыёдыкі ў мяне ёсць за некалькі гадоў «Полымя» і «Советское строительство». «Полымя» трошкі пакалечанае — Аляксандра Пятроўна вырвала з яго ўсе артыкулы Уладзіміра Іванавіча. У цяперашні час працы Уладзіміра Іванавіча перавыдаюцца (першы том выйдзе ў лютым), і таму праз нейкі час, напэўна, і гэтыя артыкулы таксама можна будзе атрымаць.
Умовы мае такія: паколькі я атрымаў гэтыя часопісы ад Аляксандры Пятроўны бясплатна, то я на тых самых умовах аддам іх Вам, за выключэннем таго, што ў Вас ёсць, бо для мяне гэта ўвогуле вялікая каштоўнасць. Апроч таго, у мяне ёсць гадавыя камплекты часопісаў «Минувшие годы» і «Голос минувшего» — гэта з бібліятэкі нябожчыка Беражкова. Гэта я таксама магу аддаць Вам, але па сабекошце. У Беражкова, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, было вельмі шмат каштоўных кніг не толькі па Літве і Беларусі, але і розных зусім унікальных выданняў 1917 г. Цяпер там засталося няшмат, але калі будзеце Вы ці Ваш прадстаўнік, то можна паглядзець.
Я размаўляў з Уладзімірам Юр’евічам Гацье адносна бібліятэкі яго бацькі. Ён кажа, што кніг няшмат, але ў прынцыпе ён згодны на перадачу іх Вам. Яго адрас: Новапясчаная, д. 21, кв. 39. Карацей, гэта мой сусед.
Разам з тым, я звяртаюся да Вас з просьбай. Тут нельга дастаць беларускай літаратуры, і нават аб выданні яе даведваешся выпадкова. Мне трэба купіць два экзэмпляры «Истории Минска», два экзэмпляры кнігі Абэцэдарскага «Белорусы в Москве», экзэмпляр кнігі Ліўшыца (дакладнай назвы не памятаю, — пра Іудзею), акрамя таго, я не магу выпісаць «Літаратуру і мастацтва», бо падпіскі на яе тут няма. Магчыма, што акрамя гэтых кніг выйшла яшчэ што-небудзь, але я больш ня ведаю. Калі Вы можаце даручыць каму-небудзь зрабіць гэта, то я адразу вышлю грошы. Чытаць далей →