БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Эпісталярыя Мікалая Улашчыка

Эпісталярыя

Паважаны Іосіф Бенцыянавіч![1]

З даваеннай перыёдыкі ў мяне ёсць за некалькі гадоў «Полымя» і «Советское строительство». «Полымя» трошкі пакалечанае — Аляксандра Пятроўна вырвала з яго ўсе артыкулы Уладзіміра Іванавіча. У цяперашні час працы Уладзіміра Іванавіча перавыдаюцца (першы том выйдзе ў лютым), і таму праз нейкі час, напэўна, і гэтыя артыкулы таксама можна будзе атрымаць.

Умовы мае такія: паколькі я атрымаў гэтыя часопісы ад Аляксандры Пятроўны бясплатна, то я на тых самых умовах аддам іх Вам, за выключэннем таго, што ў Вас ёсць, бо для мяне гэта ўвогуле вялікая каштоўнасць. Апроч таго, у мяне ёсць гадавыя камплекты часопісаў «Минувшие годы» і «Голос минувшего» — гэта з бібліятэкі нябожчыка Беражкова. Гэта я таксама магу аддаць Вам, але па сабекошце. У Беражкова, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, было вельмі шмат каштоўных кніг не толькі па Літве і Беларусі, але і розных зусім унікальных выданняў 1917 г. Цяпер там засталося няшмат, але калі будзеце Вы ці Ваш прадстаўнік, то можна паглядзець.

Я размаўляў з Уладзімірам Юр’евічам Гацье адносна бібліятэкі яго бацькі. Ён кажа, што кніг няшмат, але ў прынцыпе ён згодны на перадачу іх Вам. Яго адрас: Новапясчаная, д. 21, кв. 39. Карацей, гэта мой сусед.

Разам з тым, я звяртаюся да Вас з просьбай. Тут нельга дастаць беларускай літаратуры, і нават аб выданні яе даведваешся выпадкова. Мне трэба купіць два экзэмпляры «Истории Минска», два экзэмпляры кнігі Абэцэдарскага «Белорусы в Москве», экзэмпляр кнігі Ліўшыца (дакладнай назвы не памятаю, — пра Іудзею), акрамя таго, я не магу выпісаць «Літаратуру і мастацтва», бо падпіскі на яе тут няма. Магчыма, што акрамя гэтых кніг выйшла яшчэ што-небудзь, але я больш ня ведаю. Калі Вы можаце даручыць каму-небудзь зрабіць гэта, то я адразу вышлю грошы.

Іосіф Бенцыянавіч,

Я спрабаваў выканаць Вашыя даручэнні, г.зн. знайсці дзеячоў, што працавалі б на ніве беларускай культуры. Размаўляў, хоць і побегам, з усімі тымі асобамі, пра якіх згадваў у размове з Вамі. Адказ у прынцыпе ўсюды аднолькавы: на варагаў спадзявацца нельга. Падрыхтаваць людзей тут мог адзін У.І.Пічэта, як падрыхтаваў супрацоўнікаў Інстытута славяназнаўства. Астатнія, што маюць якія-небудзь адносіны, глядзяць на гэта з меркантыльнага пункту гледжання, а акрамя таго, працы на гэтыя тэмы няма з кім абмяркоўваць, яны не выклікаюць масавай цікавасці, і г.д. Увогуле, надзея атрымаць што-небудзь адсюль вельмі кволая.

Я думаю, што Вам трэба ўзяцца за гэтую справу з іншага канца. У рукапісным аддзеле універсітэцкай бібліятэкі ў Вільні працуе А.К.Антановіч. Чалавек гэты выяўляе вялікую цікавасць да Вашых пытанняў і, апрача таго, ён ведае і кнігі, і рукапісы, якія ёсць у віленскіх сховішчах. Пры мне ён паказваў выданні Дуніна-Марцінкевіча, якія падабраў недзе на падлозе бібліятэкі без адной часткі пераплёту, але зусім добрыя, потым адно парыжскае выданне 30-х гадоў, шмат казаў пра рукапісы, якія ёсць у Вільні. Мне здаецца, што гэта Вам гатовы супрацоўнік, тым больш, што ён без усялякага разбегу можа пачаць працу па апісанні ці хаця б уліку рукапісаў.

Першае, што я ўбачыў, калі ўвайшоў у чытальную залу рукапіснага аддзелу бібліятэкі Акадэміі навук у Вільні, была рукапісная кніга, пісаная паўуставам на беларускай мове. З загалоўка, прыпісанага пазней, бачна, што гэта апісанне ці дзённік аднаго з дзеячоў Вялікага Княства Літоўскага, які ездзіў у Расію. На жаль, ні загалоўка, ні шыфра я не запісаў. А ўвогуле, Вільня і, напэўна, бібліятэка імя Шчадрына з’яўляюцца асноўнымі сховішчамі беларускіх рукапісаў.

Шаноўны Язэп Лявонавіч![2]

Мінулы месяц я быў у Ленінградзе, куды мне, хоць і са спазненнем, пераслалі Ваш ліст. Я працую над справамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і Літвы да 1861 г., і таму матэрыял 1863 г. ведаю слаба. Відаць, аднак, што асноўныя матэрыялы пра Каліноўскага, уключна з яго ўласнаручнымі паказаннямі, знаходзяцца ў Вільні. Былі яго матэрыялы і ў Маскве, ды загінулі ў час вайны, але тут, відаць, былі толькі копіі. Зразумела, гэта не азначае, што трэба занядбаць тыя дакументы, пра якія пішаце Вы. Я пытаўся ў супрацоўнікаў архіву пра іх, і яны мне сказалі, што такія ў іх ёсць, але гэта было сказана ў самай агульнай форме, а шукаць у мяне не было часу. Усё прыходзіцца адкладваць надалей, калі можа скончу сваю манаграфію пра ўмовы ў Заходняй Беларусі і Літве напярэдадні 1861 г.

Сярод іншых праблем, над якімі мне прыходзіцца працаваць у сувязі з гэтаю тэмаю, знаходзіцца і праблема абавязковых інвентароў. Уступную частку гэтага раздзелу я надрукаваў у мінулым годзе ў зборніку (Ежегодник по аграрной истории стран Востчной Европы, Таллин, 1959), рэшта чакае канца ўсяе працы. У свой час Пічэта казаў мне, што калісьці ў Інбелкульце знаходзіўся рукапіс, здаецца, Жуковіча пра тыя самыя інвентары, але яны неяк раптоўна зніклі. Ці не памятаеце Вы што-небудзь пра гэтую працу?

Праз месяц у Мінску склікаецца нарада гісторыкаў, музейных працаўнікоў і настаўнікаў школ па праблемах вывучэння гісторыі Беларусі. Дакладна яшчэ ня ведаю праграмы (яе покуль ня ведаюць і арганізатары). Магчыма, на гэтай нарадзе буду і я. Гэта першая пасля 1926 г. нарада беларускіх гісторыкаў. Перапынак надта доўгі. У ЛІМе я надрукаваў (пасля перапынку ў 30 год) артыкул пра літаратурную спадчыну Івана Грыгаровіча, выдаўцы першага беларускага археаграфічнага зборніка.

Дзякуй Вам за памяць. Людзей, якія памятаюць Інбелкульт, засталося мала.

[1960 г., не раней красавіка]

Юлія Восіпаўна![3]

Сёння гаварыў з акадэмікам Ціхаміравым. Ён хоча сваю калекцыю рукапісаў перадаць у Навасібірск, але сярод іх ёсць беларускія і ўкраінскія. З беларускіх ён назваў евангелле, пісанае ў канцы XIV ст. у Друцку, і евангелле, пісанае ў Мінску ў XVI ст. Ведама, што ўсё гэта трэба было б аддаць у Мінск, але каму і куды? У Віцебску ўзарвалі царкву XII ст., у Мінску разбурылі замчышча. З гэтага ён робіць зусім разумны вывад, што ў Беларусі да помнікаў культуры адносяцца па-барбарску. Я нават ня мог сказаць яму, ці ёсць у Дзяржаўнай Бібліятэцы рукапісны аддзел, ці ёсць там умовы для захавання рукапісаў, хто ведае аддзелам, калі ён ёсць, і г. д. Ён упэўнены, што ў Беларусі ёсць шмат нявыяўленых рукапісаў, а шукаць і набываць няма каму, бо няма спецыялістаў, і ніхто гэтым не цікавіцца. Калі ён спытаў у мяне, хто там спецыяліст, дык і я ня ведаў. Можа іх і праўда няма.

Будзьце ласкавы, не адкладаючы напішыце мне пра ўсё гэта. Пэўна трэба пагаварыць з Сіманоўскім. Покуль што нічога пра гэта не гаварыце, каб не зрабілі якога-небудзь нетактычнага запытання. Ён гэтага надта ня любіць.

У пачатку мая я прыеду у Мінск працаваць у архіве, але было б лепш, каб Вы маглі напісаць мне, пакуль я буду яшчэ тут.

21.III. 1962

Канстанцін Іванавіч![4]

3.ІІІ.64 г. з мяне зрабілі доктара. Прайшоў я аднагалосна. Апанентамі былі М.В.Нечкіна, Ю.І.Жугжда і А.Л.Шапіра. Найбольш важныя заўвагі зрабіла Нечкіна, якая лічыць, што я павінен быў сфармуляваць значна больш тэарэтычных вывадаў… Я сказаў, што такі раздзел у мяне быў напісаны, але я ня мог абгрунтаваць свае вывады статыстычнымі матэрыяламі, і таму выключыў іх са свае працы. Калі дасць Бог буду жыць, то паеду ў Вільню, вазьму фонды Тышкевіча і напішу манаграфію пра ўзнаўленне сялянскай гаспадаркі. Між іншым, калі хто хоча напісаць добрую манаграфію на гэтую тэму ці наогул пра магнацкую гаспадарку, няхай бярэ гэты матэрыял, бо пэўна ў СССР падобнага няма.

Пасля абароны быў, ведама, банкет, а пасля банкету я, ведама, хварэў, а зараз ніяк не магу выспацца, тым больш, што тэрмінова рыхтую кнігу для выдавецтва.

Вялікі дзякуй Вам і ўсяму калектыву, і ўсім асабіста, хто чытаў рукапіс і хто адзначыў яго добрым словам.

Скора пэўна буду ў Мінску.

8.III.1964 г.

Улашчык

Юлія Восіпаўна!

Дзякуй за кнігу. Шкада, што бібліяграфія толькі руская. Колькі яшчэ чакаць на загранічных мовах.

Паслаў у Мінск нешта з дзесяць сваіх кніг (у тым ліку і Вам), але дагэтуль няма ніводнага паведамлення аб атрыманні. Ці дайшла яна да Вас? Пасля моцнага націску беларускі Кнігагандаль згадзіўся даць заказ на 400 экз. маёй кнігі. Ці ня будзеце Вы ласкавы зайсці ў кніжную краму паглядзець, ёсць яна там ці не, а калі ёсць, то ці купляе хто. Сам я ўжо купіў цэлы стос.

Скора выходзіць з друку 29 том Поўнага збору рускіх летапісаў. Сярод усяго іншага там апісаны паход Івана IV на Полацак і выкладзеныя матывы, чаму неабходна было яго заваяваць: у Літве пашырылася лютарская ерась, якую неабходна было знішчыць, а разам, ведама, спаліць гарады і знішчыць насельніцтва. Нават ня ведаю, якім чынам паведаміць чытачам Беларусі пра гэтыя матэрыялы. Мне самому пісаць не выходзіць, бо я рэдактар значнай часткі гэтага тому.

Неяк пісаў Вам, прасіў пахадайнічаць, каб Бібліятэка прыслала мне нумары 10,11 «Летапісу» за мінулы год, але Вы не адказалі. За гэты год покуль прыйшоў толькі першы нумар (ужо па падпісцы). Пэўна ўжо выйшаў і другі, але вестак пра гэта няма.

Бывайце здаровы. Грамыка надта ўзрушаны, што ізноў надрукаваны яго вершы.

22.V.1965 г.

Галоўнаму рэдактару газеты «Правда»

Нядаўна быў у Мінску. Там на Цэнтральнай плошчы пабудаваны будынак Дзяржаўнага рэспубліканскага музею. Будынак будавалі спецыяльна для гэтага музею, будавалі вельмі доўга, а пакуль ішло будаўніцтва, — збіралі экспанаты, заклікаючы грамадзян дастаўляць у будучы музей хто што можа, і грамадзяне адгукнуліся на гэты заклік.

Калі музей напалову асвоіў будынак, камусьці прыйшло ў галаву перадаць яго Музею Айчыннай вайны, а Дзяржаўнаму музею прапанаваць будынак гэтага музея. Ня ведаю, хто аддаў такое распараджэнне, можа і ніхто, проста было выказана пажаданне зрабіць вось так, а хтосьці прыняў гэта як дырэктыву, але магчыма было і распараджэнне. Сітуацыя атрымліваецца больш чым дзіўная. У дзяржаве, дзе гаспадарка планавая, выпадковае распараджэнне або нават проста пажаданне вядзе да таго, што музей, які ствараўся добры дзесятак гадоў, і на які патрачана столькі сродкаў, мусіць згортвацца (новае памяшканне ня змесціць і трэці экспанатаў, у той час як Музей Айчыннай вайны зойме ня больш за палову перададзенага яму будынка). Пераезды музеяў, пераробка будынкаў будуць, відаць, каштаваць мала менш за тое, што каштаваў бы новы будынак для Музея Айчыннай вайны, і ці не трэба было падумаць у свой час, што гэтаму музею патрэбны новы будынак.

Чаму так лёгка растрачваюцца народныя грошы, чаму спусташаецца навуковая ўстанова, якая нават ня стала яшчэ як след працаваць, чаму, у рэшце рэшт, гэта робіцца без удзелу грамадзкасці.

1 чэрвеня 1966 г.

М.Улашчык,

доктар гістарычных навук

Масква А-252

Новапясчаная д. 21 кв. 19

Станіслаў Пятровіч![5]

Вітаю Вас з выхадам новай кнігі, а зараз дзякую, што прыслалі [яе] мне. Літаратурнае жыццё Беларусі ведаю такі кепска, на ўсё не стае. Найбольшае ўражанне на мяне зрабіла «Палеская хроніка» Мележа. Мне здаецца, што аўтара, які б так ведаў і так паказаў вёску, як Мележ, у Саюзе можа і няма.

Пісаць пра перажытае нам трэба, але шмат пра каго, што Вы запыталі, я ведаў зусім мала. З Бабарэкам ехаў ад Масквы да Вяткі і жыў там з тыдзень разам (1931 г.), а ў 1935 годзе ўлетку бачыўся яшчэ трохі, але гэтага замала, каб сказаць што-небудзь апрача таго, што ён быў вельмі разумны і прыемны чалавек. Зараз у Маскве жывуць яго жонка і адна дачка, а другая дачка ў Ленінградзе. Адрас відаць ёсць у маёй сястры Ніны (Кахоўская, д. 28, кв. 65).

З Пічэтам у тыя гады ў Вятцы бачыўся адзін раз, і таму таксама нічога сказаць не магу, хіба [тое], што ён там быў нарміроўшчыкам нейкай каапэратыўнай гаспадаркі. Зараз тут жыве ягоная жонка, але яна пісаць нічога ня будзе. Часта спатыкаўся я з Пічэтам у 1944-47 г., жывучы ўжо ў Маскве. А.Ліс прапанаваў мне нават напісаць невялікую кнігу пра Пічэту, але ў мяне зараз выйшла так, што я не паспяваю са сваімі планавымі заданнямі, і таму адмовіўся.

У 1931 г. у самым пачатку жніўня Азбукін, Гурскі (дырэктар тэатру), Міцкевіч (пэўна таксама Ваш настаўнік, матэматык) і яшчэ некалькі выехалі з Вяткі, каб ехаць на поўдзень сучаснай Кіраўскай вобласці. Мы даехалі чыгункаю да Кацельніча, дзе спаткаліся з Савічам (той, што працаваў у «Беларускай вёсцы») і Жылкам, які на той час прыехаў з Менску. У Кацельнічы мы думалі-думалі як ехаць, а ўрэшце зрабілі так, як там рабілі тубыльцы: купілі вялікую лодку і паплылі. Плылі 6 ці 7 дзён, адзін раз ледзьве не ўтапіліся (нас зганяла на плыт, ці пад плыт), але ўрэшце даехалі. Я з Азбукіным жыў у горадзе Налінску (гэта 20 км ад ракі Вяткі), а цераз Вятку кіламетраў за 60 ад нас, у Уржуме, жыў Жылка. Азбукін неяк адразу пасля прыезду стаў настаўнікам у ШКМ (школе сялянскай моладзі), дзе выкладаў прыродазнаўства, а пазней быў адначасова і загадчыкам краязнаўчага музэю. З вясны па зіму 1932 г. ён збіраў гербарый і сабраў нешта 600 розных раслін. Гэта ўсё знаходзілася ў музэі, а пасля яго ад’езду ў Вятку (1934, ці 1933 г.) гербарый аддалі карове. У Вятцы Азбукін таксама быў настаўнікам і трохі займаўся навуковымі доследамі, але гэта так-сабе, бо друкаваць было немагчыма, нават каб што і добрае.

У Вятцы (ці, у той час, у Кіраве) ён прабыў, здаецца, да лета 1936 г., а пасля пераехаў ва Ульянаўск, які тады быў яшчэ раёнам. Там ён пачаў таксама працаваць у сярэдняй школе выкладчыкам геаграфіі. Стаў збіраць гербарый і розных казюрак, рабіў невялікія экскурсіі каля гораду (за Волгаю там пачынаецца стэп), пасябраваў з дырэктарам музэю, але ўсё гэта было ізноў-такі так-сабе, бо сапраўды навуковаю працаю займацца было нельга.

Улетку 1937 г. я паехаў уніз па Волзе і спыніўся ў сяле на мяжы з Казахстанам, а Азбукін рушыў далёка на ўсход і даехаў да Таджыкістана, дзе і загінуў у пачатку вайны.

Старэйшая яго дачка, казалі мне, працуе ў Ленінградскім універсітэце, але яна мала ведала бацьку (прыязжджала трохі ў Налінск і Ульянаўск), тым болей, што яе бацькі разышліся, калі яна была малая. Другая дачка ад другой жонкі, казалі, недзе працуе каля Разані садаводам, але яна была зусім малая, калі загінулі бацькі, і пэўна таксама нічога ня ведае, ці, інакш кажучы, ня памятае пра бацьку.

У жыцці Азбукін быў, што завецца, «лёгкі» чалавек, звычайна ў добрым гуморы. Ён шмат што ведаў і быў бы, пэўна, добрым вучоным.

З Максімам Гарэцкім спатыкаўся толькі некалькі разоў і сказаць пра яго няма чаго.

З вясны 1931 г. па 1936 ці 1937 г. у Вятцы жыў Н.Чарнушэвіч. Але ж ён жыве ў Мінску, і найлепш было б зайці да яго самога, тым больш, што ён хворы і бывае надта рады, калі да яго хто зойдзе. Можа як дзіва для Вас, скажу, што ён адзін час быў дацэнтам фізікі ці біяфізікі ў Вяцкім (здаецца вэтэрынарным) інстытуце. Каб весці заняткі, ён працаваў ня менш за 20 гадзін у суткі. Скончылася гэта тым, што ў яго сталіся глыбокія каверны, і дактары ў 1932 г. сказалі, што ён праз месяц ці два памрэ. Працу ён, ведама, пакінуў, але, зарабіўшы грошай, наказаў насіць яму малака і штодня па кавалку масла. Піў гарачае малако з маслам, і вось жыве да гэтага часу.

З Уржуму некалькі разоў званіла мне жонка Жылкі. Яна пакінула яго прыблізна ў чэрвені 1932 г. і паехала ў Ленінград (прыехала ў Уржум у верасні 1931 г.). Жылка прысылаў мне свае апошнія вершы і пераклады са скандынаўскіх паэтаў. Прыслаў і свой «Тэстамэнт», з якога памятаю толькі адзін радок: Умыйся чэрвенскім дажджом, жыві, расці, цвіці бясконца.

Усё гэта ў свой час загінула. Відаць, ніхто ня ведае, дзе нават яго магіла. У студзені (здаецца, так) 1933 г. яму дазволілі паехаць у Крым, але ён быў зусім хворы, жыў адзін, і выехаць ня мог. Памёр пэўна ўвесну 1933 г. Казаў пра сваю маленькую дачушку, якая, здаецца, гадавалася ў яго маткі. Праўда, можа што і блытаю, бо было вельмі даўно, але прыезд і ад’езд жонкі памятаю добра.

Гурскі і Міцкевіч у 1933 ці 1934 г. прыехалі ў Вятку, дзе Міцкевіч скора памёр.

Вось па крысе тое, што памятаю.

15 снежня 1966 г.

М.Улашчык

Шаноўны Мікалай Іванавіч![6]

У «Тэзісах» Ваш пункт погляду выкладзены ў вельмі скарочаным выглядзе, і таму некаторых асноўных палажэнняў проста не відаць. У прыватнасці, з тэзісаў не зусім зразумела, хто жыў у Нальшанах. Кажучы больш дакладна, вядома, што племя літоўскае, але незразумела, у якіх адносінах [яно] было да тае Літвы, якая ў Вас акрэслена на карце. З тых крыніц, якія Вы скарысталі, на Густынскі летапіс нельга спасылацца цалкам, бо ён пісаны ў позні час, калі Літвою звалі ўсіх жыхароў ВКЛ, як і ўсю тэрыторыю ВКЛ (я пра гэта ўжо Вам пісаў раней). У выданні «Белоруссия в эпоху феодализма» змешчаны ўрывак ня летапісу, але пераклад з хронікі Стрыйкоўскага. Зараз хроніку, у аснове якой знаходзіцца хроніка Стрыйкоўскага, рыхтую да выдання, і лічу, што Стрыйкоўскі карыстаўся пэўна большаю колькасцю летапісаў, чым на гэта ў свой час паказаў Рогаў. У кожным разе, там на першае месца ставяцца то рускія, а то літва, сталіца знаходзілася то ў Наваградку, то ў Кернаве (між іншым, самі наваградчане яшчэ ў час першай сусветнай вайны свой горад звалі Наваградак).

Паколькі праблема, якую Вы разглядаеце, надта цьмяная, і яе на падставе пісьмовых крыніц вырашыць пэўна ня ўдасца, варта было б больш увагі звярнуць на археалагічныя матэрыялы, бо паміж рэчамі славянскімі і літоўскімі ў XI — XIII ст. павінна быць істотная розніца.

5.ІV.70 г.

Дарагі Мечыслаў Адольфавіч![7]

Паколькі пра сваё жыццё даводзілася пісаць амаль што сотню разоў (аўтабіяграфія), то я запомніў яе капітальна. Нарадзіўся 1 лютага (па старому стылю) у 1906 г. у сялянскай сям’і каля Мінска (зараз звычайна пішу ў Мінску). Сям’я выдзялялася тым, што ўсе любілі кнігу і шмат чыталі. Пачатковую школу (народную) скончыў у мястэчку, у 1917 г. паступіў у Мінскае вышэйшае пачатковае вучылішча (чатырохкласнае), а затым вучыўся яшчэ ў дзвюх школах і цалкам скончыў сярэднюю школу ў 1924 г. У 1919 г. наша школа стала беларускай, якая і прывіла мне цікаўнасць да гісторыі і этнаграфіі свайго краю, але наогул у школе вучылі дрэнна, і мы выйшлі адтуль з вельмі слабымі пазнаннямі.

У 1924 г. паступіў на сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, дзе адразу стаў спецыялізавацца па гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага. Займаўся на семінарах Пічэты (Літоўскі статут), слухаў лекцыі Даўгялы (крыніцазнаўства па гісторыі Беларусі), Доўнар-Запольскага (гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі) і г. д. Універсітэт скончыў у 1929 г. Адначасова з вучобай ва універсітэце працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы ў Мінску.

На пачатку 1930 г. з’ехаў з Мінска і больш туды не вяртаўся. Працаваў больш настаўнікам сярэдніх школ і тэхнікумаў у розных месцах СССР, на працягу двух апошніх перадваенных гадоў быў настаўнікам у Ленінградзе, дзе здаваў аспіранцкія экзамены. У пачатку 1944 г. быў залічаны ў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі АН СССР. Дысертацыю на ступень кандыдата абараніў 1 снежня 1947 г., доктарскую — 3 сакавіка 1964 г.

Друкавацца пачаў студэнтам. Першапачаткова спецыялізаваўся ў галіне археалогіі Беларусі, затым адышоў ад гэтай тэмы. Будучы студэнтам, удзельнічаў у рабоце студэнцкага краязнаўчага аб’яднання і кожны год ездзіў або хадзіў пешшу па Беларусі. Калі дадаць, што нямала ездзіць і хадзіць давялося пачынаючы з 1920 г., то атрымаецца, што мне пашанцавала — пабыўшы ў розных зонах краіны, я ўбачыў яе сваімі вачыма, што надалей вельмі дапамагло ў занятках.

Прыехаўшы ў Маскву ў пачатку 1944 г., пачаў займацца літоўскаю моваю, але авалодаў ёю дрэнна. Слабое знаёмства (г. зн. адсутнасць асабістых уражанняў) з Літвою таксама адбілася на занятках па гісторыі Літвы. Гэта агульная бяда нелітоўцаў, якія займаюцца Літвою.

Здаецца ўсё. Выбаркі зрабіце самі.

А цяпер да Вас просьба. Я скончыў кнігу, якая называецца: «Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода». У рабоце шмат адведзена ўвагі Віленскай археаграфічнай камісіі. Да работы прыкладаю фота розных мясцін і асоб-публікатараў. Калі можаце, дашліце мне фота будынка, у якім мясціўся Цэнтральны архіў. Калі ў Вас няма такой магчымасці, прашу паведаміць таксама.

31 мая 1970 г.

Быў у Кіеве і Львове, шукаў хронікі ВКЛ. Нічога не знайшоў.

Улашчык

У рэдакцыю часопіса «История СССР»

У 1 нумары «Истории СССР» за 1968 г. быў змешчаны мой артыкул пра пісьменнасць у дарэвалюцыйнай Беларусі. У гэтым артыкуле я сцвярджаю, што працэнт пісьменных у Беларусі быў значна вышэйшы, чым той, які звычайна падаецца, памылка ж паходзіць ад таго, што, амаль як правіла, гаворачы пра пісьменнасць перад рэвалюцыяй, бяруць дадзеныя за 1897 г. (першага усерасійскага перапісу). Ня кажучы пра тое, што з 1897 па 1917 г. колькасць (і працэнт) пісьменных значна ўзрасла, сам працэнт па перапісу вызначаецца цалкам недакладна, таму што падлік праводзіцца сыходзячы з агульнага ліку жыхароў, г.зн. уключаюцца немаўляты. Але паколькі прыкладна да 9 год пісьменных не можа быць (прынамсі ў колькі-небудзь значнай колькасці), дык і працэнт пісьменных атрымліваецца ніжэйшы за рэальны. Сыходзячы з дадзеных перапісу 1897 г., працэнт пісьменных у Беларусі паказваецца ў межах 23-25, некаторыя ж аўтары, імкнучыся паказаць адсталасць гэтай краіны, сцвярджаюць, што пісьменных было яшчэ меней (часцей усяго 18-20 %, а час ад часу і 5 %).

Паводле маіх падлікаў, пісменных у Беларусі да 1915 г. (разумеючы пісменнасць у самым шырокім сэнсе, г.зн. як уменне прачытаць які-небудзь тэкст) было каля 40 %.

Па незалежных ад мяне абставінах гэтая выніковая лічба ўжо пасля падпісання артыкула ў друк знікла з тэксту, у выніку чаго праца страціла сэнс, паколькі задачай аўтара было даць менавіта агульны працэнт пісьменных.

Таму прашу надрукаваць у Вашым часопісе гэты ліст, г.зн. даць інфармацыю, што перад першай сусветнай вайной па маіх падліках у Беларусі пісьменных было каля 40 % ад ліку тых, хто мог навучыцца чытаць, г. зн. пачынаючы з 9 год.

25.1.1974 г.

М.Улашчык


Дарагі Міхаіл Аляксандравіч![8]

Учора пайшоў у бібліятэку і там адразу прачытаў тры рэцэнзіі на сваю кнігу (апрача Вашай яшчэ ў «Истории СССР» і «Славянскім аглядзе», Прага). Думаю, што Вашая ня толькі вызначаецца добразычлівасцю, але і найбольш змястоўная. Археографы («История СССР» і «Советские архивы») далі разбор з пункту погляду археаграфіі, а Вы ўзнялі значна большыя пытанні. Тая акалічнасць, што ў навуковай працы ўсялякую крыніцу, на якую спасылаешся, трэба прааналізаваць — наколькі яна верагодная, клапоціць усіх, але для Беларусі гэта можа важней, чым дзе-небудзь, бо там спасылаюцца на што трапіць пад руку.

Том летапісаў, які павінны былі набраць у маі, ляжаў-ляжаў у Ленінградзе, і заміж карэктуры атрымаў звестку, што рукапіс вярнуўся назад у Маскву, бо набор надта складаны. Што будзе далей, ня ведаю, але варта трохі і адпачыць, бо я са сваімі хворымі замарыўся. Думаў, што ў жніўні буду ў Мінску, але гэта зусім ня выпадае.

«Нёман» прадаецца тут скрозь, і я адразу набыў сабе нумар, а вось «Историю СССР» колькі ні пытаю — не магу знайсці.

Прывітанне ўсім, а Вам вялікі дзякуй.

1.VIII.1974 г.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Скора скончыцца яшчэ адзін год, у нас нават ужо забралі матэрыялы да справаздачы, а галоўная мая праца — друкаванне 32 тома Поўнага збору летапісаў — яшчэ ня скончана. 4.ІХ прыслалі першыя аркушы карэктуры, 14.Х здаў апошні аркуш, а да гэтага часу пра другую нават ня чуваць. Адно зусім ясна — што ў гэтым годзе том ня выйдзе. Вельмі складана з паказальнікамі, бо князі і розныя «дыгнітары» вельмі пераблытаныя. Але як бы там ні было, том ідзе.

Прафесар Жытковіч, колішні віленскі, а зараз тарунскі, надрукаваў у «Квартальніку» (№ 2) артыкул пра мае «Очерки». Ён націскае на два пункты: кніга ня чыста акадэмічная, у кнізе не падкрэслена роля палякаў, у дадатак паказаў на колькасць памылак. Я чакаў вострага артыкулу ад Ахманскага, але яго ўсё няма (пэўна будзе ў чарговым нумары «Студый»), а пра Жытковіча ня думаў. Наогул, гэта ўжо дзевятая рэцэнзія, на што я ніколі не спадзяваўся.

Думаю, што калі том выйдзе з друку, прыеду да Мінска. З наступным томам ідзе кепска. Да гэтага часу не магу атрымаць з Ленінграду Супрасльскага летапісу. Адтуль прыслалі рукапіс мне непатрэбны, а замяніць патрэбным ніяк не збяруцца. Тыя, што падрыхтаваў машыністцы, яна перадрукавала так, што толькі сапсавала добрую паперу, а ў выдавецтва здаваць яе нельга. Наогул, справа з машыністкамі робіцца ледзьве ня самаю складанаю: ніхто маіх тэкстаў ня хоча друкаваць, хоць ім за гэта плоцяць вельмі добра.

Чуў, што цяжка хварэў Ліс. У якім стане ён зараз? У «Истории СССР» выйшаў мой артыкульчык пра «Помнікі», і па рэакцыі з Мінску адчуваю, што там гэта вельмі не спадабалася.

Прывітанне ўсім знаёмым.

17.ХІ.1974.

Дарагі Анатоль Пятровіч,[9]

Думаю, што калі «Вялікае Княства» слалі сюды, дык спецыяльна папярэдзілі, каб не давалі рукапіс мне. Звычайна ўсё, што тычыцца Беларусі і Літвы, а часткова Украіны і Латвіі, абавязкова ідзе да мяне, а пра «Вялікае Княства» і пра тое, хто быў рэцэнзентам, я даведаўся ад Вас (між іншым, Флора — супрацоўнік Інстытуту славяназнаўства і балканістыкі, а Харашкевіч — Інстытуту гісторыі СССР). У інстытуце пэўна памятаюць, што я пісаў водгук на кнігу Ігнаценкі (не на саму кнігу, а на аўтарэферат), што дарма ён абхаяў Каяловіча, бо ягоная схема адрозніваецца ад схемы Каяловіча тым, што ў Ігнаценкі ёсць спасылкі на класікаў марксізму, а ў Каяловіча іх няма. У іншым розніцы няма).

Сюды прыязджалі палякі: Керсноўскі, Тадэвуш Васілеўскі і Стэфан Кучынскі (малады Кучынскі з Варшавы, а ня з Лодзі). Харашкевіч шмат гадоў прабівае ідэю неабходнасці выдання Метрыкі. Першапачаткова меркавалі прыцягнуць да ўдзелу ў гэтым прадстаўнікоў (апрача гісторыкаў Масквы) Беларусі і Літвы. Але, калі справа стала пераходзіць на практычны грунт, то дырэкцыя Інстытуту гісторыі абвясціла, што гэта будуць рабіць два інстытуты: гісторыі СССР і гісторыі Польскай акадэміі. Нават Флора, які, меркавалі, будзе ўдзельнічаць, адхілены. Вырашылі, што дакументы, пісаныя кірыліцай, будуць рыхтавацца да друку і друкавацца ў нас, а пісаныя лацінкаю (на польскай і лацінскай мовах) — рыхтавацца і друкавацца ў Польшчы. Зважаючы на тое, што спецыялісты па Метрыцы вымерлі, і што нашыя спецыялісты ня ведаюць ня толькі лацінскай, але і польскай і беларускай мовы (Статут у Мінску выдалі з перакладам на рускую), — надрукаваць як у СССР, так і ў Польшчы некалькі артыкулаў пра Метрыку, а ў універсітэтах Мінска і Вільні прачытаць спецкурсы і правесці спецсемінары па Метрыцы. Я напісаў пра ўсё гэта ліст Валянціне Ўладзіміраўне, але ня маю адказу (паслаў на універсітэт, бо хатняга ня ведаю). За адным скрыпам напісаў пра свой водгук на аўтарэферат Ігнаценкі. Можа прафесар спалохалася ўсяго гэтага?

З геаграфічнымі і асабовымі зараз бяда. У нас ужо часта Дзвіну завуць Даўгаваю, незалежна ад таго, пра якую частку яе пішуць. Кожны дурань ведае, што Нясвіж — гэта ў Літве, а Велья — не Вялля, а Нярыс. Ужо спатыкаюцца выпадкі, калі даюць побач дзве асобы: Радвіла і Радзівіл, а гэта асоба адна. У віленскім музеі ёсць партрэт «Костаса Острогишкиса» — вялікага гетмана Астроскага. Прозвішчы іншых ужо перарабілі, але вялікаму гетману вярнуць яго прозвішча ня стала сілы. Тут абмяркоўваліся (у рэдакцыі «Вопросов литературы») гісторыя беларускай і літоўскай літаратур на рускай мове. Зараз мяне клічуць і на такія паседжанні, і я там сказаў тое, што пішу зараз Вам: што літоўцы на літоўскай мове завуць Вільню Вільнюсам, — гэта вынікае з законаў іх мовы (зараз, калі горад афіцыйна перайменаваны, так павінны пісаць усе), але Вільнюская губерня, Укмергскі павет, ці Кяткявічюс заміж Хадкевіча — гэта немагчыма. Літоўцы вельмі балюча ўспрымаюць адмаўленне пераносіць геаграфічныя назвы і імёны на мінулае. Але чаму, калі ўсе летапісы толькі літоўскія і пісаныя літоўцамі (як гэта імкнецца даказаць Ахманскі), чаму гэтыя імёны напісаныя не па-літоўску? У літоўскай дзяржаве літоўцаў ніхто ня мог прымушаць перакручваць іх імёны і назвы гарадоў, а яны, выходзіць, перакручаныя. Як мог такое зрабіць літовец і (тым больш) як мог з гэтым згадзіцца Гаштаўт ці хто іншы, на замову якога пісаліся летапісы.

Нам з усім гэтым клопату стане на ўсё жыццё, і яшчэ застанецца. Усё было гладка, пакуль ня ўлічваліся інтарэсы беларусаў, а як узняліся яны, то калатні будзе.

Валянцін Пятровіч мне пісаў пра гісторыю Беларусі па-руску. Я такі яе ня бачыў, а пісаную па-руску гісторыю Літвы прыслаў Ючас.

19.III.1979.

Улашчык

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Некалькі дзён таму прыйшла «История Белорусии», сёння — Ваша кніга. Дзякуй за ўсё, рады за Вашыя поспехі. Рэдакцыя «Истории СССР» адмовілася друкаваць рэцэнзію на кнігі Ткачова, бо напісаны не па-руску. Для Вашай кнігі такой заганы няма, але ўпэўненасці няма таксама. Буду пісаць самую кароткую.

Адносна лекцый. Цалкам згодзен, вельмі падыходзіць і пара — восень, але пакуль гэта не ўвязана з выхадам летапісаў. Том 35 ПСРЛ з тэкстамі на беларускай, польскай і лацінскай мовах цяжкі для набору, а ў набор (больш дакладна — у друкарню) пойдзе, пэўна, у маі, бо зараз сканчаюцца ўсе даробкі ў выдавецтве. Таму зараз я толькі частка выдавецкай машыны і вызвалюся, калі падпішу том на выхад, а калі гэта будзе — ніхто ня ведае. Але нават зважаючы на ўсе гэтыя акалічнасці буду спадзявацца, што да лістапада ўсё будзе скончана, — я буду вольны і вазьму вялікі адпачынак.

Чаго б я хацеў, ды яшчэ зважаючы на практыку. У Горадні і Мінскім педагагічным інстытуце мне давалі 20 гадзін, з іх 16 на лекцыі, 4 гадзіны на кансультацыі і на нешта падобнае да экзамену. Добра было б, каб і ў Вас было таксама. Там я чытаў спецкурс — па-сутнасці выкладаў змест сваіх «Очерков». Зараз у мяне ляжыць рукапіс, які завецца «Введение в изучение белорусско-литовского летописания». Я пастараўся зрабіць яго ў тым стылі, у якім напісаныя «Очерки». Кажучы больш дакладна, я шмат увагі звярнуў на тое, хто быў заказчыкам летапісаў, дзе (хаця б прыкладна) яны пісаліся, як і калі трапілі ў тыя кнігасховішчы, у якіх знаходзяцца цяпер. Асобны раздзел складае дослед пра гарадскія хронікі (віцебскія, магілеўскія і слуцкая, усё гэта ў сувязі з гісторыяй новых гарадоў). Зважаючы, што лекцыі патрэбны ня так мне, як студэнтам, можа Вы яшчэ ўдакладніце, што было б для іх больш пажадана. Калі мы змовімся з Вамі па ўсіх пунктах, напішыце ліст у дырэкцыю, гэта лічыцца абавязковым. Паведаміце мне адрас Чапко.

Я прачытаў Вашу праграму. Ня ведаю, як яна розніцца да праграм педінстытутаў. Ведаю толькі на практыцы, што праграма гэта добра, але сутнасць — што ў яе ўкладаецца.

Мне здаецца, што калі б Вы наступную кнігу напісалі пра Нясвіж як культурны цэнтр, то гэта было б надта добра. Трэба нашай публіцы, перш за ўсё беларусам, паказаць, якія ў нас былі вялізныя культурныя каштоўнасці, і як мы збяднелі зараз. Сам я ўсё сватаю дзве тэмы: бежанства 1915 г. (пра гэта размова была і тут, і ў Мінску з Танкам і Брылём, і ўсё марна), а другая — ваяводы. Тры ваяводы (з тых, што я ведаю — Завіша, Храпавіцкі і Матушэвіч) пакінулі дзённікі ці мемуары, — адно гэта чаго вартае. У мсціслаўскага ваяводы Хамінскага захоўваўся Ольшаўскі рукапіс. Таксама акалічнасць, вартая ўвагі. Наогул, гэта і фігуры цікавыя, і варта было б ведаць, які ж быў народ.

7.ІV.1979.

Улашчык.

Калі надыходзяць вясеннія месяцы, то заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады, жаўранкі, шпакі, буслы, пачынаюць крактаць жабы і інш.

У 3 нумары «Вопросов литературы» кароткія тэксты выступленняў пры абмеркаванні гісторыі літаратуры. Там і мае тры грошыкі.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Пішу адказ на Ваш цікавы ліст. Калісь, у 1948-49 г. я быў выкладчыкам у Маскоўскім універсітэце, і хоць мне і да таго, і пасля давялося шмат працаваць, але такім занятым я ня быў ніколі. Тое ўсё давядзецца перажыць некалькі гадоў і Вам, аж пакуль ня выпрацуецца нейкі нібы трафарэт, калі будуць зробленыя канспекты ўсіх лекцый і г.д.

Пра студэнтаў, якім абы скончыць, гаварыць ня будзем, а пра тых, з якіх нешта будзе, трэба клапаціцца. Я тут бачу добрую практыку ў студэнтаў Гістарычна-архіўнага інстытуту (ці ня большасць супрацоўнікаў нашага Інстытуту дасавецкага часу вышлі з гэтага Інстытуту). Дбайныя студэнты з першага ці другога курсу бяруць тэмы, якія пазней робяцца курсавымі, а яшчэ пазней дыпломнымі, а пасля дысертацыямі. Добра, каб і ў Вас пайшло так.

Якія варта даваць тэмы? Тут шмат што ўпіраецца ў польскую мову. Абавязкова трэба прымушаць перспектыўных студэнтаў вучыць польскую мову, бо бяз гэтага надта шмат крыніц нельга ім рэкамендаваць. Дарэчы, трэба ўвесь час тлумачыць, што вывучыць мову проста. Колькі ўжо чуў, ды і на сабе выпрабаваў, што трэба пачынаць чытаць Сянкевіча, яго трылогію ў арыгінале, іншае прыкладзецца. Трэба рэкамендаваць і нямецкую, бо ў свой час у Караляўцы (Кёнігсбергу) вышла шмат капітальных прац, якія нам трэба ведаць.

Канкрэтна, што магу параіць. Думаю, што ў першую чаргу варта скарыстаць тыя тамы «Актаў» Віленскай камісіі, у якіх змешчаныя дакументы пра Горадню і Гарадзеншчыну (Тамы 1, 5, 7, 17, 21, 22, 24). Вельмі цікавы і змястоўны матэрыял пра Гарадзеншчыну знаходзіцца ў «Пісцовай кнізе Гарадзенскай эканоміі» (Т. 1,2). З гэтых публікацый трэба выбраць штось адно, ня надта вялікае, каб было па сілах студэнтам, а разам каб у іх з’явіўся імпэт да даследчыцкай працы.

З таго, што я перабіраў, лічу больш цікаваю «Кнігі расходаў і даходаў Магілёўскага магістрату». Там можна выдзяліць такія тэмы, як розныя святы, звычаі таго часу, грашовую сістэму, дзейнасць магістрату і шмат чаго іншага. У серыі «ИЮМ» ёсць матэрыялы пра Пасожжа і наогул пра Ўсходнюю Беларусь.

Вельмі драматычныя і цікавыя звесткі (пэўна гэта знойдзе дарогу ў друк) будуць пра чараўніцтва. Дарэчы, пра гэта пісаў толькі Доўнар-Запольскі. Вельмі цікавыя і драматычныя матэрыялы пра копныя суды.

Статуты цэхаў, думаю, варта было б даваць на старэйшых курсах, на першых яны будуць здавацца сухімі.

За запрашэнне дзякуй, але ў мяне том летапісаў пайшоў у друкарню, і таму, пакуль ня будзе падпісаны сігнал, я як прывязаны тут. А ў Горадні, асабліва ў Пышках, вельмі хораша.

У рэцэнзіі на аўтарэферат Ігнаценкі я напісаў, што дарма аўтар выказваецца проці Каяловіча, бо па сутнасці паміж Каяловічам і Ігнаценкам розніцы няма. Пра тое, што Ігнаценку выратаваў Капыскі, ня чуў. Сам я ў той час ляжаў у бальніцы, свой водгук перадаў. Мне сказалі, што яго прачыталі, але адразу здалося, што чыталі толькі маленькія кавалкі, апускаючы сутнасць.

Баяўся, каб у Вільні Каханоўскага не завалілі, бо Тышкевічы і Кіркар — беларускія даследчыкі — там падтрымкі не сустракаюць. Харашкевіч завецца Анна Леанідаўна. Яе адрас такі: Москва, 121, Рублевское шоссе, 93-1-31.

Зараз выйшаў другі выпуск.

«История СССР» адмовілася друкаваць рэцэнзію на Вашыя «Замкі», бо [яны] маюць ужо надта шмат рэцэнзій. Дамовіўся з «Вопросамн нсторнн», калі не зманяць.

1.VI.1979.

У нас спякота. З вясны не было ніводнага дажджу. З-за летапісаў нікуды нельга рушыцца. Блінова прыслала свой аўтарэферат.

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Шкада, што ня ўбачыліся. Я некалькі разоў званіў Вам, але кожнага разу Вас не было дома.

Адносна далейшых доследаў. Пры тым, што мы так кепска ведаем сваю гісторыю, тэмаў надта ж многа. Думаю, што Вам варта было б пераходзіць на іншую тэматыку. Калі браць з таго, што Вы найлепш ведаеце, можа лепей узяць на бліжэйшыя гады тэму Нясвіж — Слуцак як культурныя цэнтры: архівы, бібліятэкі, нумізматычныя зборы, карціны, друкарня і г.д. Гэта тэма ня толькі для нас, але амаль для ўсяго культурнага свету. Пару дзён назад я пачаў корпацца на той сваёй паліцы, на якой польская літаратура. Там знаходзіцца стос кніг (улічваючы гадавыя справаздачы) Таварыства прыяцеляў навук у Вільні. Калісь збіраў гэтыя матэрыялы, бо меў намер напісаць пра Таварыства калі ня кнігу (яно вартае гэтага), дык хоць добры артыкул. Архіў Таварыства (100 тыс. адзінак), бібліятэка і асабліва друкаваная прадукцыя — гэта таксама частка нашай гісторыі. Можа возьмеце? Урэшце, крыніцазнаўства. З гэтага наогул усё і пачынаецца. Калісь у прысутнасці Петрыкава ў Бірылы спрабаваў угаварыць, што ў Мінску патрэбна або археаграфічная камісія, або сектар, які б спецыяльна займаўся толькі гэтым. У тых спецыялістаў гэтая думка не знайшла ніякага водгуку, але яна будзе ўздымацца яшчэ і яшчэ, бо без гэтага нельга ісці далей. У першую чаргу важна нават можа не археаграфія, але архівістыка ў тым сэнсе, што неабходна зрабіць улік матэрыялаў па гісторыі Беларусі — дзе яны знаходзяцца і чаго вартыя. Пакуль я знаходжуся тут і працую ў сектары крыніцазнаўства, маю магчымасць падтрымаць гэтыя тэмы, калі ў тым будзе неабходнасць.

Адпачываў больш чым 3 месяцы, а прыехаўшы зноў лёг. Наперадзе зіма, а каб скончыць кнігу пра летапісы, трэба ехаць у Ленінград і г.д.

22.Х.1980.

Улашчык

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Дзякуй за кнігу. 1 такую трэба мець і ведаць. Праглядзеў пачатак. Відаць, трэба было пасылаць на рэцэнзію ў наш Інстытут, але асцерагаліся, каб не трапіла да мяне (хаця можа як падручнік павінны былі паслаць у навуковую ўстанову). Бяляўскі (дарэчы, не М.П., а М.Т. — Тимофеевич) беларускімі праблемамі ніколі не займаўся, яшчэ меншы спецыяліст у гэтай галіне Фёдараў, але, зразумела, ад іх вымагалі самай агульнай ацэнкі, накіраванасці, а гэта Бяляўскі можа даць. У гістарыяграфічным раздзеле ўсе аўтары, пачынаючы з Турчыновіча, ідуць адным цветам, без усялякае спробы аналізу. Нарбут, Ярашэвіч і наогул усе, хто ня пісаў па-руску, адсутнічаюць. Нават пра Космана няма згадкі. Адпаў і я, а з-за мяне (так думаю) адпалі Пахілевіч і Мальцаў.

Пару дзён назад чуў, што лёс «Беларусі ў складзе…» вырашаецца зноў, бо прысланая без подпісу рэцэнзія на 30 старонак. Кажуць, што ўсё прыйдзе ў Інстытут яшчэ раз. Спадзяюся, што пра ўсё гэта мне зноў нічога ня скажуць.

Я, ведама, згодзен быць у Вас апанентам, але я фігура няпэўная па дзвюх акалічнасцях. Цяпер шыфр апанента павінен супадаць з шыфрам дысертацыі, а ў мяне ён далёкі. Другое, — я наогул не магу быць пэўным па гадох. Пакуль што добра, але ніякіх гарантый на будучае. Майце гэта на ўвазе і прыглядайцеся да кантрольнага.

Калі быў у Мінску ў жніўні, гаварыў па тэлефону з Чапко. Між іншага спытаў, ці ёсць на кафедры адпаведныя тамы ПСРЛ. Сказала, няма, — ні першага, ні другога. А як жа Вы так? Чаму ж не набылі, як жа ў Вас ідуць заняткі? Набываць — гэта справа бібліятэкі, а ня кафедры, а калі трэба, то студэнты ходзяць у Ленінскую бібліятэку. Адкуль жа тут загарэцца студэнту!

3.ХІІ.1981

Скора новы год. Як хутка ідуць наогул гады.

Улашчык

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Спачуваю Вам, але згодна з законам прыроды маладыя мамы ня любяць свякрух, а любяць сваіх мамаў. На такі выпадак трэба было б мець кватэру хаця б на чатыры пакоі!!!

Адносна рэцэнзіі на «Беларусь» мне званілі з Мінску, і я даў згоду, але, відаць, ня надта разумна сказаў, што рэцэнзія будзе адмоўная. Размова была больш за тыдзень назад, а рукапісу няма. Калі яго прысылалі ў Інстытут першыя два разы, то мне нічога не казалі, і я думаю, што пра гэта была папярэдняя дамоўленасць з Мінска. Апошні раз, калі адкрывалася абмеркаванне, мне прыслалі, але ішоў том летапісаў і я прачытаў толькі самы пачатак, прычым раздзелы гістарыяграфія і крыніцы мне здаліся нават ня ўбогімі, а зусім нічога ня вартымі. Затым (як скрозь зараз ва ўсіх мінскіх працах) рухаючаю сілаю гісторыі робіцца праваслаўны бог.

Я тады сказаў усё гэта вельмі коратка, [але калі] і зараз, як прышлюць, скажу ўсё, што думаю, — гэта ж ня пойдзе ў друк і ня будзе каму тармазіць.

Дома ў мяне няскладна: Н.М. ляжыць. Была ў бальніцы, а цяпер дома. Раз на тыдзень прыходзіць жанчына, памагае сын, але ў асноўным гэта мой клопат, і таму на сябе застаецца мала што. Нават калі быў больш-менш вольны ад дамовых клопатаў, працаваць мог мала, а зараз яшчэ менш. У свой час, калі здаваў у друк «Очерки», адрэзаў проста з канца 100 старонак, каб улезці ў належны памер. Зараз дарабляю яго і думаю зрабіць кнігу аркушоў на 10-12, працяг «Очерков». Пісаць ёсць пра што («Белоруссия в эпоху феодализма», «Русско-белорусские связи», Статуты і г.д.). Між іншым, толькі зараз вычытаў у прадмове да 1 тома, што Русь у XII ст. прыгняталі татары і немцы (Капыскі). Навіна!

Вам такі пара сканчаць. Надта ўсё зацягнулася.

28.ІХ.1983.

Улашчык

Пак ад «Навукі» атрымаў. Другі Ваш ліст таксама. Нестае крыніц.

Віцэ-прэзідэнту Акадэміі Навук Беларускай ССР Акадэміку І.Я.Навуменку

У 1971 г. група працаўнікоў Інстытута гісторыі АН БССР пачала пісаць манаграфію пад назваю: «Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага». Гадоў праз пяць-шэсць гэтую працу пачалі абмяркоўваць у адпаведных установах Мінска і Масквы, прычым кожны раз рабіліся важкія заўвагі. Пасля новых і новых дапрацовак кніга стала звацца: «Беларусь у XIV — сярэдзіне XVI ст.» (Назва вельмі няўдалая, бо гісторыю механічна на кавалкі не сякуць). I зараз, пасля ўсіх дапрацовак, манаграфію ніяк нельга лічыць гатоваю да друку. Разам з гэтым узнікае пытанне: колькі каштуе адна старонка гэтага рукапісу, над якім сядзяць 12 гадоў?

У чым рэцэнзенты і чытачы ня могуць пагадзіцца з аўтарамі (з асноўнаю групаю аўтараў)? Аўтары манаграфіі імкнуцца даказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім улада належала выключна літоўскім каталікам, а беларускае праваслаўнае насельніцтва было прыгнечаным, пры тым жа яно складалася выключна з сялян і беднага мяшчанства (кожны раз, калі на Беларусі пачыналася паўстанне ці хаця б хваляванне, то яго душылі літоўцы ці палякі, але не беларускія феадалы, якіх нібы і не было). Пры такім тлумачэнні гісторыі Беларусі сацыяльнай барацьбы ў Беларусі нібы й не было, а была толькі рэлігійна-нацыянальная. Вельмі спрэчным у манаграфіі з’яўляецца пытанне пра склад паноў рады, — вышэйшай урадавай установы ў дзяржаве. Аўтары сцвярджаюць, што там улада належала выключна літоўцам-каталікам (табліца, якая сцвярджае адваротнае, з апошняга варыянту кнігі выкінута). Так, багацейшымі ў свой час у Вялікім Княстве былі літоўскія паны, але найбольш уплывовыя з іх — Гаштаўты, Кезгайлы да сярэдзіны XVI ст. вымерлі, і пасля кіруючая роля ў дзяржаве перайшла да феадалаў беларускіх і ўкраінскіх. Ці было наогул нацыянальнае прыгнечанне беларусаў у Вялікім Княстве? Яшчэ пры нараджэнні гэтай дзяржавы ў 1263 г. пасля забойства Міндоўга сын яго Войшалк збег у Пінск, адкуль з жыхарамі гэтага гораду і воласці пайшоў на Наваградак ды з дапамогаю наваградчан знішчыў сваіх ворагаў-літоўцаў. Ці ж былі наваградчане і пінчане прыгнечанымі ў такім разе? Калі ў Вялікім Княстве ўзнікла пытанне аб неабходнасці выбару асобнага князя (паколькі палякі абралі вялікага князя Казіміра сваім каралём), то кандыдатам быў высунуты праваслаўны князь Алелькавіч-Слуцкі. Праваслаўны князь Міхаіл Глінскі (паходжаннем з татарскага роду) у пачатку XVI ст. стаў другою (пасля вялікага князя) асобаю ў дзяржаве. Літоўцы ніколі не спрабавалі дэнацыяналізаваць беларусаў, а наадварот, — самі ўспрымалі беларускую мову, у першую чаргу якраз магнаты і шляхта. Беларуская была дзяржаўнаю моваю ў Вялікім Княстве. Падканцлер Вялікага Княства Леў Сапега, галоўны дзеяч пры стварэнні Статуту 1588 г., напісаў у прадмове, што жыхары ВКЛ «своим власным языком права писаные мают». «Власная» мова — гэта беларуская.

Самаю няўдалаю часткаю кнігі з’яўляецца гістарыяграфія. У гэтым раздзеле У.І.Пічэта, у якога налічваецца больш за 300 прац, паказаны як аўтар адзінай кнігі: «Гісторыі Беларусі» 1924 г. Дарэчы, гэтую кнігу сам аўтар лічыў вельмі няўдалай, пра што і напісаў у сваім аглядзе. З працаў М.В.Доўнар-Запольскага (аўтара больш за 200 прац) названа адна манаграфія і адна рэцэнзія, але разгледжана толькі адна брашура. Вялікая колькасць гісторыкаў, якія пісалі пра Вялікае Княства Літоўскае, наогул не згаданая, не названы нават Абэцэдарскі, погляды якога такія блізкія поглядам аўтараў манаграфіі. Наколькі можна зніжаць культурны ўзровень Беларусі таго часу.

Выхад у свет кнігі пад грыфам Акадэміі навук БССР скампраметуе Акадэмію.

19.ХІ.1983

М.Улашчык,

доктар гістарычных навук

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Чакаю, што будзе далей, як будуць мяне клясці на Бацькаўшчыне. Паведаміце Ялугіну, што ў Вас ёсць рэцэнзія. Ён, калі захоча, можа перадрукаваць яе. Санько не званіў. У мяне зараз рукапіс кнігі пра летапісы, на якім рэдактар зрабіла безліч заўвагаў. Гэтае работы ў мяне стане яшчэ месяцы на два, а можа і на больш, а пасля яшчэ паказальнікі, а затым карэктура. Наогул, пішу гэта таму, што на бліжэйшую можа палову года я буду заняты толькі сваімі справамі.

Вітаю Вас з Новым годам.

23.ХІІ.1983.

Улашчык.

Шаноўны Міхась Аляксандравіч![10]

Прачытаў Вашу кнігу пра Кузьму Чорнага. Якая харошая кніга. Вы надта добра ўхапілі ня толькі характар самога Кузьмы, але эпоху, 20-я гады, калі закладаліся падваліны ўсёй сучаснай беларускай культуры. Трэба мець асаблівы талент, каб так перадаць пах тае пары. У беларускай літаратуры такі талент меў толькі Мележ. (Часта заходзячы ў рэдакцыю «Беларускай вёскі» спатыкаў там Чорнага, хадзіў ці не на ўсе літаратурныя паседжанні, але блізкім да Чорнага ніколі ня быў). Між іншым, мне здаецца, што найбольш таленавітая праца Чорнага, якую ён пакінуў, гэта невялічкі артыкул пра Купалу, змешчаны ў кніжачцы, якая выйшла ў 1943 ці 1944 г. Кніга вельмі цікавая для дарослых, а яшчэ больш для падлеткаў. (Дарэчы, Вы згадваеце Чырвоны касцёл Вайніловіча. Ці ведаеце яго ўспаміны, што вышлі ў Вільні ў 1931 г.?).

Мова Ваша прыгожая, «сапраўдная», без канцыляршчыны. Вітаю і віншую, і жадаю надалей чаго-небудзь падобнага.

Некалькі заўвагаў пра эпоху.

П’яных у 1916 г. (С.62) не было. З пачаткам вайны гарэлка была забароненая. Самагонку гнаць навучыліся не раней, чым пад канец 1917 г., больш пэўна — у 1918 г. «Пасха» заміж «Вялікдзень» (63). У пачатку рэвалюцыі пра Керанскага мала хто чуў; ён вырас пазней (64). Тое ж адносна пагонаў, — іх пачалі зрываць толькі з восені (65). Думаю, што пра стыль барока семінарысты ня ведалі (66). У 1917 г. акардэон быў невядомы, былі проста гармонікі (70). У пачатку 20-х г. у Беларусі рабфак быў, пэўна, адзіны — пры ун-це ў Менску (79). Песні спявалі і раней, спявалі шмат (80). Сёмуха, а ня «Тройца» (84). Койданаўская вуліца пачыналася ад сучаснай плошчы Свабоды і сканчалася каля нумара 17 сучаснай Рэвалюцыйнай. Койданаўскі тракт (гасцінец) пачынаўся ад сучаснага Бетоннага мосту і, такім чынам, кантакту паміж вуліцаю і трактам не было, як не было кантакту і паміж гасцінцам ды Каломенскім скверам (зараз вул. Валадарскага) (92). «Лёгкаю рыссю» (97). У нас гэта «трушком». Ці не да канца 20-х г. у Менску быў адзіны аўто, на якім ездзіў Чарвякоў, і адзін «Форд» амерыканцаў (АРА). Міністр фінансаў ездзіў на гнядым жарабцы, іншае панства — пехатою (98). «Абганялі» (99) ўжываецца скрозь як тэрмін «убіралі». Наколькі ведаю, на Беларусі абганялі бульбу, а ў тым сэнсе, як ужываеце Вы — будзе «выпярэджвалі». «Убіраць» па-беларуску азначае тое ж, што «прыбіраць», прыхарошваць. «Медвучылішчы» з’явіліся нешта перад самаю вайною, раней гэта медтэхнікумы, як і педтэхнікумы. «Ня лыкам шыты» (104) ужываецца часта, але па-беларуску гэта будзе — «не абораю хлеб рэзаў».

Выбачайце за столькі заўвагаў. З усяе кнігі найбольш спадабаліся старонкі 108 і 114.

Дай Вам Божа і надалей. Можа б Вы напісалі што добрае пра Купалу, бо Лойка падаў паскудзтва.

30 жніўня 1984 г.

М.Улашчык

Можа будзеце ў Маскве, рад буду пазнаёміцца.

Дарагі Генадзь Аляксандравіч![11]

Вітаю Вас з кнігаю. Думаў, што гэта пра музейную справу, але з прыемнасцю даведаўся, што другая. Спадзяюся, што будзе скора і першая. Сабраць такі матэрыял — аб людзях, якія ў свой час распачыналі справу, рабілі, не спадзяючыся на заробкі і славу, гэта азначае асвятліць такую важную старонку нашай гісторыі. Тым больш важна, што гэту справу з усіх бакоў стараюцца апаскудзіць. Карнейчык у свой час напісаў, што «Наша Ніва» была органам аграрыяў. Да такога яшчэ ніхто не даходзіў. А кніга Лойкі! Але ж і зараз ёсць людзі, малавядомыя ці зусім невядомыя апрача як блізкім, асабліва сярод настаўнікаў, пра якіх трэба было б збіраць звесткі.

Дзякуй Вам за кнігу, яшчэ большы дзякуй, што Вы яе напісалі. У нумары 12 «Вопросов истории» павінен выйсці мой артыкул аб беларускім летапісанні. Учора падпісаў тэкст, хоць можа што-небудзь здарыцца і тут, але майце на ўвазе, што прызначана ў гэты нумар.

Заўтра ў Мінску ў універсітэце пачынаюцца Пічэтаўскія чытанні. Мельцар з Аргкамітэту паведаміў, што мяне запрашаць ня будуць, і наогул, што я на гэтым свяце нежаданы. Папрасіў перадаць там, што Пічэта пакінуў рукапіс: «Першы Заходні камітэт», і што ун-ту варта было б выдаць гэтую манаграфію, бо пакуль што ўстанова для свайго першага рэктара зрабіла толькі партрэт. Варта было б сказаць і тое, што мяне, хто такі выдаў два тамы твораў Пічэты, на чытанні не пускаюць. Праўда, можа каб і запрашалі, то ня мог бы паехаць, бо дома складана, але …

23.Х.1984.

Дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Атрымаў Вашу кнігу. Покуль перагартаў, пазней трэба будзе прачытаць грунтоўна. Трагічная кніга! Амаль усіх, хто працаваў на нас, урад знявечыў, яшчэ страшней з музейнымі і бібліятэчнымі зборамі: столькі было сабрана, і што засталося! Усё расцягалі, паламалі і проста раскралі, а зараз мы нібы без мінулага. Такія бібліятэкі, такія мастакі з цэхавых працавалі, а дзе яно ўсё. Нават імён не засталося. Прасочваючы гісторыю Супрасльскага летапісу, я пісаў, што, згодна з інвентарамі Супрасльскага манастыра XVI ст., там было столькі мастацкіх рэчаў, што па-сутнасці гэта быў музей, а дзе яно што? А Вы ж даяце звесткі пра дзесяткі такіх збораў, якія зніклі ці раскіданы па розных сховішчах.

У нас доўгі час гісторыкі пісалі толькі (ці галоўным чынам) пра сялянства, пра сялянскі рух, культурная частка была зусім закінутая. Спрабую ўзняць цікавасць да гэтай тэмы, а мне кажуць, што гэта сфера Галенчанкі, а Галенчанка піша, што мы ўсе «дзякуючы». Пра Слуцак, Нясвіж, Капыль даўно піша Грыцкевіч, але пра іх як пра культурныя цэнтры ён не гаворыць, а гэтая тэма наспела даўно. Дарэчы, і цікавасць чытачоў да гэтай тэмы надта ўзрасла. Таму дзякуй Вам за абедзьве кнігі.

Па-другое. Ваша кніга навуковая, гэта значыцца, што Вы трымаецеся тых правілаў, якія належыць выконваць пры напісанні навуковых прац. На фоне тых кніг, якія выпусцілі ў апошнія гады Абэцэд, Чапко, Жучкевіч, Вашы можна ставіць як узорныя. Асабліва ўзрушыла мяне кніга Лойкі, які знайшоў мажлівым даследаваць, чыёй сапраўды дачкой была Ластаўскене. I такое паскудзтва надрукавана тыражом у 170 тыс. Спрабую надрукаваць рэцэнзію на кнігу, але аўтар абгарадзіўся такім тынам, што пэўна нічога ня выйдзе.[12]

Цяпер некалькі заўвагаў да Вашай кнігі. Ня ведаю, чаму Вы не кранулі прац Баброўскага аб Гарадзеншчыне. У яго такія ж ёсць. Наогул, як генерал Баброўскі, так і яго дзядзька М.К.Баброўскі вартыя спецыяльнай манаграфіі.

Ці вядома Вам, што ў 1863 г. у друкарні Завадзкага знаходзіўся рукапіс Міхала Борха пад назваю «Легендарная история русско-нормандского периода Белорусских стран». Рукапіс гэты быў адпраўлены ў Публічную бібліятэку, але да яе не дайшоў. Найболып пэўна, што нехта паспеў схапіць яго і схаваць, але хто, і ці захаваўся ён.

Пра музей у Нароўлі Горвата. У верасні 1929 г. дырэктар Бібліятэкі Сіманоўскі даручыў мне паехаць у Нароўлю і забраць там рэшткі бібліятэкі Горвата, нават далі мяшок тары, каб пакаваць кнігі. Калі я прыехаў, то палац Горвата быў цэлы (надта прыгожы, над Прыпяццю). Там даведаўся, што ўвесь палац уяўляў сабою музей прыроды Палесся, а ў бібліятэцы было сабрана ўсё (так у прынцыпе), што было надрукавана пра Палессе. Але ў той час, калі я прыехаў, там засталося некалькі чучалаў звяроў, і больш нічога. Тубыльцы сказалі такое: да першага пашырэння Беларусі Нароўля належыла да Гомельскай губерні, і калі ў Гомелі даведаліся, што Нароўля адыходзіць за «граніцу», то адтуль прыйшоў параход, каб забраць ўсё, што засталося (а было нямала). Музейныя экспанаты кідалі з вокан на зямлю, і адтуль кідалі ўніз (бераг там стромкі), а там на параход. Пра гэта я казаў людзям, але (здаецца так) ніколі нідзе не пісаў. Таму майце на ўвазе, як было.

Мая кніга пра летапісы пэўна ў гэтым годзе будзе гатова на машынку, а можа будзе і надрукаваная, выйсці павінна ў другім квартале наступнага году. Пасля здарэння з вёскаю, гаварыў пра гэта асцярожна. У плане выпуску на другі квартал выдавецтва «Наука» кніга лічыцца пад нумарам 19. Цана паказана незразумела высокая — 3.50, але гэта залежыць ад тыражу.

Вітаю Вас з вельмі цікаваю і патрэбнаю кнігаю.

7.ХІІ.1984

Шаноўны Віталь Уладзіміравіч![13]

Здарыўся нібы цуд: Вы прыслалі нататку з газеты, якая была надрукавана амаль дакладна 60 гадоў назад. Я толькі што паступіў ва універсітэт, адкуль добрыя людзі так стараліся мяне выжыць, і адразу ўхапіўся за ідэю стварыць краязнаўчую арганізацыю. Я быў неяк трохі ашалеўшы з гэтай ідэяй, мне здавалася, што ці ня ўсе людзі павінны займацца краязнаўствам. Дарэчы, гэта дало, хаця і на кароткі час, вынікі: летам 1926 г. мы, як члены краязнаўчага гуртка (я і Сяргей Шутаў), хадзілі ў першую ў гісторыі універсітэту даследчую экспедыцыю, расшукалі і апісалі археалагічныя помнікі на Ніжняй Свіслачы (ад Асіповіч да вусця). У наступны год гурток вырас у таварыства, старшынём якога стаў Пічэта. Між іншага, у кастрычніку гэтага году універсітэт наладзіў Пічэтаўскія чытанні, на якіх я меўся зрабіць паведамленне пра Пічэту як настаўніка, педагога, але ўніверсітэт у асобе Мельцара перадаў, што я ня проста не пажаданы, але што загадана мяне не пускаць на чытанні. Ня ведаю, у якой форме ун-т не пускаў бы мяне (хіба б стаў пры дзвярах і ня пусціў сілком, калі б я-такі прыехаў).

Скандракоў сакратаром быў нядоўга; яго замяніў Каспяровіч (інструктарам ЦБК быў Крапіва). Спатыкаўся з ім я толькі некалькі разоў, і прытым толькі на паседжаннях. На нас, у той час паўвясковых, надта малакультурных хлопцаў, яго далікатнасць у абыходжанні з людзьмі рабіла вялікае ўражанне. Памятаю такі выпадак. Нейкая вучоная жанчына з Ленінграду рабіла ў памяшканні Камісарыяту асветы (зараз Рэвалюцыйная, 2) даклад. Мы ўсе сядзелі апранутыя, але дакладчыца, хаця і мерзла, скінула паліто. Пасля ўсяго, яна пачала адзяваць паліто, і тут Скандракоў, які быў недзе збоку, кінуўся, каб дапамагчы ёй, а пасля паціху да нас: «што ж вы, хлопцы, не памаглі». А мы і ня ведалі, што павінны былі памагаць, у нас так не было. Мне здаецца, што скора Скандракоў знік з Мінску (можа быў у Горках). Вось і ўсе мае небагатыя ўспаміны пра гэта.

У той час была мода падпісваць калі не псеўданімамі, дык ініцыяламі. Першы раз, відаць, падпісаўся сваім прозвішчам, калі даў у «Літаратурную старонку» «Звязды». У той час рэдактарам старонкі быў Жылка. Некалькі разоў друкаваў рэцэнзіі ў «Полымі», але як падпісваў, — не памятаю.

У «Сав. Беларусі» у 1926 ці 1927 г. пісаў пра менскую ахову помнікаў, таксама ня памятаю, за якім подпісам.

Між іншым, калі гартаеце «Сав. Беларусь» за восень 192627 г., можа спаткаеце нататку пра тое, што Сербаў у тым годзе каля Быхава рабіў археалагічныя раскопкі плутам, а ў наступным збіраецца пусціць трактар. Сказаў гэта як жарт Садоўскаму, які збіраў хаця якія навіны, а той узяў і надрукаваў. Было сорамна, а Сербаву нібы і нічога.

13.ХІІ.1984.

Улашчык

Дарагі і высокашаноўны Кірыл Трафімавіч![14]

Вельмі ўдзячны Вам за кнігу і за такі харошы надпіс на ёй.

Каб напісаць такую кнігу, трэба многа перажыць і перадумаць, патрэбна вялікая дакументацыя, патрэбна добрая памяць. Шмат чаго патрэбна. Напісана яна сціпла, харошаю, выразнаю моваю без трафарэтаў. Думаю, што надта складаным было сказаць (па неабходнасці надта коратка) пра некалькі сотняў удзельнікаў барацьбы, з якімі Вы сустракаліся, ці ўдзельнічалі ў падзеях.

Для мяне самае цікавае ў Вашай кнізе — пачатак, першыя раздзелы, аўтабіяграфічныя звесткі, а таксама пра Вашую сям’ю.

З існаваўшай перад вайною літаратуры было вядома, што беларусы —гэта народ шэры, пахмуры, апатычны, фізічна слабы. «Культурныя» людзі яшчэ перад вайною, даведаўшыся, што я беларус, казалі: «Гэта ў вас там такая хвароба — каўтун». Дубоўка некалі на паседжанні «Маладняка» сказаў, што славуты географ Рэклю пра беларусаў напісаў так, нібы гэта скарэй земнаводныя, чым людзі, а на Рэклю арыентаваліся менш славутыя. Што тычыцца паляшукоў, то некаторыя свае вучоныя пісалі, нібы тыя пра сябе казалі, што яны не людзі, а паляшукі!

Як жа гэтыя нелюдзі ўзняліся ратаваць сваю зямлю, як гэта ў іх геройства стала звычайнаю справаю? Непасрэдны пераход ад земнаводнага да героя! Праўда, пасля рэвалюцыі прайшло 24 гады, але ж характар народу складаецца за тысячагоддзе.

Бяру Вашу кнігу, чытаю пра Вашую сям’ю, гляджу на фота. Сям’я вялікая, а зямлі мала. Згодна са схемаю, Вы ўсе павінны быць слабымі, занядбанымі, а з фота глядзяць энергічныя, моцныя, разумныя. Няма каўтуну, няма прыніжанасці, відаць: людзі. Ня з кожнай сям’і выходзілі дзяржаўныя дзеячы высокага рангу, але ў звычайным жыцці Мазуравы пэўна мала чым розніліся ад суседзяў.

Яшчэ адзін козыр, якім карыстаюцца да апошніх дзён вучоныя і невучоныя, калі хочуць паказаць, якімі нікчэмнымі беларусы былі раней — пісьменнасць. У гэтай галіне чым меншы працэнт даваў аўтар, тым больш было пашаны. Звычайна даецца 23%, але ў сапраўднасці гэта няпоўныя звесткі на 1897 г., а гаворыцца «да рэвалюцыі». Міністру асветы Умрэйку і гэтае падалося залішнім, і ён напісаў 13%. Прааналізаваўшы розныя крыніцы, я налічыў, што на 1917 г. у Беларусі пісьменных было каля 40%. «Галоўнаму» «Нсторнн СССР» гэта падалося так нядобрым, што ён выкрэсліў маю лічбу пасля таго, як я падпісаў карэктуру да друку, гэта значыцца, калі ўжо нічога нельга было зрабіць. Няхай ведаюць!

Бяру сям’ю Мазуравых, у якой лішніх грошай не было, аднак жа бацька выпісваў «Ніву», другія чыталі Талстога, трэція яшчэ што-небудзь. Мой бацька любіў чытаць, і ўся наша сям’я была «кніжная», і ў нас была падзея, калі даставалі камплект «Нівы» і кідаліся найперш разглядаць цацкі, а там былі ня толькі цары і царыцы, але і малюнкі з надпісам «Третьяковская галерея». Ніхто ня ведаў, што такое «Третьяковская галерея», але, трапіўшы туды першы раз, глядзеў на карціны, як на нешта знаёмае.

Да 1911 г. у нас не было земства, якое такі ж клапацілася пра народную асвету, але пісьменныя ўсё ж былі — вучылі часта самі бацькі, або «дарэктары». Не, і нашыя продкі не былі земнаводнымі, і ня трэба хваліцца сваёю занядбанасцю.

Вельмі цікавыя Вашыя звесткі пра школьныя і студэнцкія гады. Спрэчкі на літаратурныя тэмы, «Сіняя блуза», парусінавыя чаравікі, газэта заміж матраса ў вагоне, першая дзейнасць у вёсцы (шчаўе на ўвесь дзень). Як добра, што Вы не стараліся паказаць быт вёскі як нейкае суцэльнае свята.

У нас мала пісалася мемуараў, а тыя, што ёсць, пісала шляхта. Самыя цікавыя напісаў Вайніловіч (які пабудаваў у Мінску Новы касцёл, пан з-пад Слуцку). Мала хто ведае, што гэта быў кандыдат на прэзідэнта Заходнебеларускай рэспублікі ў межах Польшчы ў 1920 г. Дзякуй Вам яшчэ раз.

3.ІV.1985

Улашчык

Дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Найперш, дзякуй за яблыкі. Пра ананасавыя ў нас ня было і чутно раней, першы раз імі пачаставаў мяне Ліс. Але пасылка вымагае шмат клопату, і ня варта было б цацкацца з гэтым.

Па-другое, высылаю Вам кнігі. Дзяўчыны (ці жанчыны), якая перадавала, ня бачыў (з-за грыпу сядзеў дома).

Па-трэцяе, — пра рэцэнзію. Ня ведаю, чаму Ермаловіч надумаўся схавацца за псеўданімам. Усе, хто хоць трохі ведае яго, разумеюць, хто такі «Наваселец», а псеўданім робіць нейкую непрыемную атмасферу. Зразумела, як толькі кніга выйшла, я чакаў, што Ермаловіч адгукнецца, і што ён абавязкова напіша пра нязгоду з яго гіпотэзай, і у гэтым, дарэчы, няма нічога кепскага. Але пішучы на што-небудзь рэцэнзію, варта прачытаць усё, а тут відаць рэцэнзент не прачытаў таго месца, дзе я спрабую абгрунтаваць погляд, што летапіс пра Войшалка і Міндоўга пісаўся ў Наваградку, а гэта я лічу важнейшаю часткаю сваіх доследаў.

Хаця я і пішу Вам гэтыя заўвагі, але прашу (калі будзеце гаварыць на гэтую тэму) сказаць у самай далікатнай форме, бо ён жа зусім хворы.

Дзякуй яшчэ раз за яблыкі.

6.Х.1985 г.

Дарагі Станіслаў Пятровіч!

Дзякуй за пасылку. Зразумела, перш пра сваё. Ня ведаю, чаму Ермаловіч вырашыў падпісацца псеўданімам. Часы Тодара Глыбоцкага былі даўно, і хавацца няма чаго. Ермаловіч апантаны сваёю гіпотэзаю: не літоўцы заваявалі Беларусь, а наадварот. За апантанасць варта паважаць, але ўспрыняць гіпотэзу нельга, кажучы дакладней, ён гэта не даказаў, і на доказ у яго не стае перш за ўсё кваліфікацыі (трэба ведаць сярэднявечную латынь, сярэднявечную нямецкую мову, сучасныя нямецкую, англійскую, трэба навукова ведаць старасвецкую славянскую і навукова літоўскую). Наогул, трэба ведаць надта многа, каб парушыць погляды, якім ужо тысяча гадоў. Дарэчы, успамінаючы пра Пашуту, ён не заўважыў, што ў маёй кнізе ідэя аб значэнні Наваградка з’яўляецца асноўнаю.

Вашыя вершы, як звычайна, сардэчныя, чалавечныя, але хацеў спытаць пра адно: касцёр. У нас так зваліся дровы, выкладзеныя кругла, з вострым верхам. Так яны сохлі летам, а ўвосень зносілі пад паветку ці ў адрыну. Тое, што гарыць, звалася па-рознаму: агонь, вогнішча, а па-наваградзку «купадла», назва пэўна самая старасвецкая.

Пра Прылукі. Аб тым, як яны пераходзілі з рук у рукі, найбольш у кнізе «Полное географическое описание нашего отечества», Т.ІХ, С.423. Прылукі (горад) ёсць на Чарнігаўшчыне, на Валагодчыне ёсць Спаса-Прылуцкі знакаміты манастыр. Я хадзіў (ідучы ў Віцкаўшчыну) можа сто разоў. Калісь, як казаў бацька, у Чапскага за мостам унізе была сажалка, і там плавалі чорныя лебедзі. Уніз да рэчкі ішоў парк, у другім баку ад парку знаходзіўся сад, яшчэ ніжэй стаялі хаты парабкаў, была абора і гумно. Увосень 1922 г. гумно згарэла. Казалі, што ўсё, што было там, прапілі, а гумно спалілі. Надта прыгожы быў Скарыніцкі лес, у якім вадзілася процьма птушак. Лічу, што якраз Скарыніцкі лес павінен стаць паркам для Мінска. Думаю, што напісана пра нашы Прылукі. У 1926 г. там Тарыч здымаў свой фільм.

Ізноў надыходзіць восень. Быў у Віцкаўшчыне, схадзіў на магілы дзядоў, пабыў на сваёй сядзібе. Там яшчэ адна яблыня, ёй пад 70, а такі дае яблыкі. Перанеслі урну жонкі на Чыжоўскія могілкі. Там агарадзілі месца і мне.

20.Х.85

Шаноўны Савет![15]

Пра Нясвіж, наколькі я ведаю, няма ніводнай колькі-небудзь грунтоўнай кнігі, што можа ня так і кепска, бо гэта азначае, што добрую Вы павінны напісаць самі. Тэма «Нясвіж» шырокая, нават надта шырокая. Нясвіж — гэта сталіца Нясвіжскага княства, а пасля 1612 г., калі Радзівіл ажаніўся на князёўне Слуцкай — яшчэ і сталіца Слуцкага княства, самага большага і багатага на Беларусі. У выніку гэтага Ваш горад цэлыя стагоддзі быў самым значным палітычным і культурным цэнтрам Беларусі. Там знаходзілася самая вялікая на Беларусі бібліятэка, там быў велізарны архіў, там была друкарня, там былі надрукаваны партрэты ўсіх Радзівілаў ад легендарных да сапраўдных, там былі зборы карцін, габеленаў, паясоў, манет і г.д.

Належаў Нясвіж Радзівілам, самым магутным феадалам Вялікага Княства Літоўскага і ўсяе Рэчы Паспалітай. Такім чынам, на стагоддзі Нясвіж неадрыўна звязаны з Радзівіламі. Ня раз багацці Радзівілаў, сабраныя ў Нясвіжы, знішчаліся і зноў аднаўляліся. Напісаць гісторыю ўсяго гэтага — заданне ганаровае, і за яго трэба брацца сур’ёзна.

Перш за ўсё Вы павінны скласці бібліяграфію Нясвіжа і Радзівілаў, а гэта азначае, што калі Вы чытаеце кнігу і спатыкаеце месца, дзе гаворыцца пра Нясвіж ці Радзівілаў, то трэба гэтае месца ўпісаць на асобную картку, падаўшы аўтара, поўную назву кнігі ці артыкулу і затым старонкі, на якіх пра гэта напісана. Трэба сказаць, што работа гэта нялёгкая, бо такія звесткі знаходзяцца па большасці ў выданнях дарэвалюцыйных, ці нават з мінулых стагоддзяў, уключаючы XVII, да таго ж яны напісаны на розных мовах, найбольш на польскай, часткова на лацінскай і францускай. Пачынаць трэба з прац Мальдзіса: ён у гэтым сэнсе зрабіў столькі, колькі да яго не рабіў ніхто, ды і кнігі яго пэўна ў Вас ёсць. Каб азнаёміцца ў самых агульных рысах, вазьміце адпаведны том (тамы) Беларускай савецкай энцыклапедыі, прачытайце адпаведныя месцы з кнігі «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» (Т.ІХ, Петербург, 1905). Трэба прачытаць другое выданне пад назваю «Живописная Россия» (Т.3, Петербург, 1889). На польскай мове шмат дае кніга Балінскага «Старасвецкая Польшча», Т.1-2. Шмат што дае кніга Шпілеўскага («Путешествие по Полесью и Белорусскому краю»). Для самых розных даведак трэба мець (ці ў кожным разе карыстацца) бібліяграфію А.А.Сакольчыка «Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии (1768-1917)» (Мінск, 1976).

Пачынаючы ствараць музей, трэба мець на ўвазе ня толькі гісторыю, але ставіць больш шырокае заданне: прырода павінна заняць у Вашых занятках пачэснае месца. Трэба збіраць як мага больш фота гораду і наваколля, зважаючы на тое, што зараз ландшафт надта скора мяняецца. Трэба збіраць і засушваць усе расліны, якія ёсць у горадзе і наваколлі, і абавязкова даведвацца, як завуць гэтыя расліны сярод мясцовага насельніцтва, бо часам нават у адным сяле яны завуцца па-рознаму. Тое ж з птушкамі і звярамі. Асабліва звярнуць увагу на зёлкі, якімі калісь (ды і зараз) лячылі людзей і жывёлу, і даведвацца, як яны ўжываліся і як завуцца.

Раён Нясвіжа надта багаты на фальклор, народную творчасць. Трэба запісваць прымаўкі, песні, казкі. Таксама трэба запісваць старасвецкія звычаі, напрыклад, як дзяўчаты гукалі вясну, як хадзілі і што спявалі валачобнікі, як святкавалі Купалу. Пра сваю мясцовасць сучасную і ў мінулым трэба ведаць як мага больш. Адразу ўсяго ня зробіце, але пачынаць трэба хоць з самага дробнага і, як можа падавацца, нецікавага.

Урэшце: шануючы свой край і свой народ, трэба шанаваць сваю мову. Той, хто зракаецца свае мовы, зракаецца і свайго народу. Вам гэта не падыходзіць.

Некалькі разоў бываў у Нясвіжы, у Клецку, у Слуцку, але зараз мне гэта немагчыма, я занадта стары. Поспехаў Вам у рабоце. Няхай Ваш музей расквітнее.

З.Ш.1986 г.

М.Улашчык

Дарагі Савет,

Сказаць па-праўдзе, нічога ні Нясвіжу, ні музею пакуль што не зрабіў, пэўна, і не змагу зрабіць, бо занадта многа гадоў, але парады даць магу.

Музей літаратуры і мастацтва? А што Вы павінны збіраць у музеі? Якія рэчы мастацтва? Рэальна ў вас можна збіраць толькі ўзоры народнай творчасці: тканіны, разьбу, у большасці сучасныя, менш старадаўнія.

Літаратура! У Нясвіжы пражыў амаль усё жыццё Сыракомля-Кандратовіч. Дзе ён жыў, ці засталося што ад яго. Ці маеце Вы карту падарожжаў Кандратовіча, і наогул, ці чыталі Вы яго творы? У Нясвіжы была настаўніцкая семінарыя, там вучыўся ня толькі Колас, але і Сянкевіч, і Адам Багдановіч, бацька Максіма. Настаўнікам у семінарыі быў Куярынскі, аўтар цікавых прац і ці не адзінай кнігі пра бежанцаў. Што Вы ведаеце пра яго? Прачытайце дзве кнігі Сержпутоўскага «Казкі і расказы беларусаў-паляшукоў» (другая завецца крыху інакш), і Вы ўбачыце, якія мудрыя і таленавітыя былі тыя людзі, ад якіх Сержпутоўскі запісаў свае казкі. Можа каля Вас ёсць такія ж таленты, і іх трэба выглядаць, а нагледзеўшы — запісваць. Запісваць усё пра мінулае, бо гэта наша гісторыя.

Урэшце яшчэ. Відаць, Савет проста ня ўмее ні пісаць, ні гаварыць па-беларуску, і гэта ў раёне з асабліва чыстаю, харошаю моваю. Вы збіраеце матэрыялы па літаратуры, мастацтву, а мову ігнаруеце. Гэта ўжо фальш. Хто збіраецца (ці пачынае) вывучаць гісторыю Беларусі, той павінен ведаць (ня проста ведаць, але дасканала) мову гэтага народу. Інакш ён зневажае народ, лічыць яго занадта «простым», а мову мужыцкаю.

Калі Вы так лічыце, то з Вашай дзейнасці пэўна нічога ня будзе.

Пішу невыразна, бо ляжу ў бальніцы.

Вітаю Вас з усімі святамі зараз.

6.V.86.

Улашчык

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Атрымаў Ваш ліст, а ўчора быў Таранда. Перадаў кнігі і фота, і сказаў пра Вашую дзейнасць, і пра паездку ў Гудзевічы. Белакозу некалі будзе пастаўлены помнік, ён гэта заслужыў як мала хто. (Дарэчы, я паслаў на імя старшыні савету Каці Манцэвіч дзве пугі, звітыя з тае пянькі, якую прыслала Каця. Падумаць толькі, што такая рэч, як пуга, зараз зусім забытая, забытая і тэхніка яе віцця).

Дзякуй і за запрашэнне прыехаць у Горадню. Зараз такое зусім нерэальна. Дактары, якія штогод пільна аглядаюць нас, каб далажыць, што мерапрыемства выкананае, ня ўбачылі, што ў мяне хворая печань. Угледзеў гэта толькі кансультант, а дактары цягнулі як мага даўжэй з адпраўкай мяне ў бальніцу. Праляжаў больш за паўтары месяцы, трохі адышоў, але калі зайшоў у паліклініку, то сказаў (той самы кансультант), што характар хваробы яму яшчэ ня высветлены, і мяне паслалі ў спецыяльны інстытут на доследы. Там чарга, і мне трэба зайсці аж 28.VІІ. Наогул, такое харошае лета сапсаванае. За мною лічыцца дача над Акою, але я так і не разумею — ці магу я туды даехаць, ці не. Зараз нібы стаў мацнейшы, можа на пару тыдняў і паеду. Вольнага часу ў мяне зараз даволі, бо цалкам зволіўся з Інстытуту.

Я ў свой час наказаў сыну, што Вы будзеце, і каб ён змясціў Вас у маім пакоі. Выйшла, аднак, так, што Вы не дазваніліся, і начавалі ў Аляксеева. Жонка яго сказала, што даклад Ваш прайшоў вельмі добра, з чым і вітаю. Аляксееў казаў, нібы бараніць Вам можна ў іх інстытуце. Можа, праўда, калі ёсць дамоўленасць у Мінску, то ня трэба ўжо блытаць. Мне пісалі, што Петрыкава сапхнулі і прызначылі Марцалева, але тут быў Побаль, званіў мне і сказаў, што такога ўсе чакаюць, але покуль Петрыкаў у інстытуце. Марашу напісаў яшчэ з бальніцы, што яго ўчынак подлы, і што на гэтым нашае знаёмства скончылася. Некалі для гэтай паскуды тут бегаў, званіў, намагаючыся праўды.

4.VІІ.1986.


[1] І.Б.Сіманоўскі (1892-1967). На копіях гэтага і наступнага лістоў да яго няма даты і подпісу.

[2] Я.Л.Дыла (1880-1973).

[3] Ю.В.Бібіла (1897-1974).

[4] К.І.Шабуня (1912-1984).

[5] С.П.Шушкевіч (1908-1991).

[6] М.І.Ермаловіч.

[7] М.А.Ючас — літоўскі гісторык-медыевіст.

[8] М.А.Ткачоў (1942-1992).

[9] А.П.Грыцкевіч.

[10] М.А.Тычына.

[11] Г.А.Каханоўскі (1936-1994).

[12] Гэтая рэцэнзія ўпершыню друкуецца ў нашым часопісе. Гл. «Кніга пра Янку Купалу».

[13] В.У.Скалабан.

[14] К.Т.Мазураў (1914-1989).

[15] Савет музея літаратуры і мастацтва 3-й СШ горада Нясвіжа.

Наверх

Тэгі: