Новы нумар


Гістарыяграфічныя «навацыі» ў навучальнай літаратуры (Міхась Біч)

Гістарыяграфічныя „навацыі” ў навучальнай літаратуры*


* Гісторыя Беларусі ў двух частках. Частка І. Ад старажытных часоў па люты 1917 г. Пад рэдакцыяй прафесараў Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ. Мінск: „Універсітэцкае”. 1998.

Перыяду з канца ХVIII ст. па 1917 г. прысвечаны два апошнія раздзелы (IV і V) I часткі кнігі. Раздзел IV называецца „Беларусь у складзе Расійскай імперыі. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы (канец ХVIII першая палова ХIХ ст.)”, а раздзел V — „Беларусь у перыяд станаўлення і развіцця буржуазнага грамадства. Буржуазна-дэмакратычныя рэвалюцыі. Барацьба за нацыянальнае адраджэнне (другая палова ХIХ ст. люты 1917 г.)”. Пры такіх назвах раздзелаў і іх храналагічных рамках узнікае пытанне: чаму 50-я г. XIX ст. выключаны з перыяду крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы і аднесены да перыяду станаўлення і развіцця буржуазна га грамадства, які ў кнізе адкрываецца параграфам пра рэформу 1861 г.? Ці не дакладней было б абазначыць храналагічныя рамкі раздзела IV „канец XVIII — 50-я гады XIX ст.”, а раздзела V — „60-я гады XIX ст. — 1917 г.”?

Раздзел IV пачынаецца з главы, першая тэза назвы якой сфармулявана так: „Уваходжанне Беларусі ў склад Расійскай імперыі” (аўтар В.Э.Загарульская). З такой назвы лагічна вынікае наступнае: 1. Беларусь сама, па сваёй волі, „уваходзіла” ў склад Расійскай імперыі; 2. „уваходжанне” працягвалася з канца XVIII ст. да сярэдзіны XIX ст. і адбывалася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расіі, разгледжаных у главе V раздзела III.

Здзіўляе назва параграфа 1: „Унутраная палітыка расійскага ўрада на Беларусі”. У ім (с.264) памылкова сцвярджаецца, што ўсё насельніцтва беларускіх губерняў прыводзіла ся да прысягі. Як сведчаць дакументы[1], абавязак прысягі не распаўсюджваўся на сялянаў, г.зн. на абсалютную большасць насельніцтва. Параўнальны аналіз становішча ў Расіі, яе заходніх губернях і Рэчы Паспалітай (265-266) вельмі павярхоўны і недакладны, можа заблытаць чытача. З разважанняў аўтара вынікае, што феадальныя адносіны ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ў ХVI—ХVIII ст. развіваліся значна хутчэй, чым у Расіі, а выснова зроблена зусім іншая, а менавіта, што ў Расіі значна хутчэй, чым у Рэчы Паспалітай, ішоў працэс зараджэння таварна-грашовых адносінаў. У некаторых выпадках нельга зразумець, пра які час і якую краіну ідзе гутарка. „Розніца ў прававым становішчы дваранства ў Расіі і заходніх губернях была вялікай увогуле”, сцвярджае аўтар. Дасведчаны чытач запярэчыць: правы дваранства ў заходніх губернях, утвораных на беларускіх землях пасля іх далучэння да Расіі, па ўказах Кацярыны II былі ўраўнаваны з правамі расійскага дваранства. Да часоў Рэчы Паспалітай, якія мае на ўвазе аўтар, прыведзеную тэзу аднесці нельга, бо тады „заходніх губерняў” на тэрыторыі Беларусі не існавала.

Аўтар канстатуе, што асноўная частка шляхты была цалкам задаволена сваім новым становішчам і пацвярджае гэта цытатай з шляхецкага адраса расійскаму ўраду, запазычанай з „Кароткага курса гісторыі Беларусі” У.Ігнатоўскага: „Живя не в Польше, мы чувствуем себя как бы в Польше и даже лучше, чем в настоящей Польше” (266). А на наступнай старонцы адзначае рост незадаволенасці значнай часткі шляхты каталіцкага веравызнання і каталіцкага духавенства. На жаль, ні прычыны, ні праявы гэтай незадаволенасці не асвятляюцца, хоць прыведзеная вышэй цытата з адраса шляхты абавязвала аўтара зрабіць гэта.

Некрытычна аднеслася В.Загарульская да дакумента, запазычанага з манаграфіі А.Цвікевіча „Западноруссизм”, а менавіта — сакрэтнага наказа Кацярыны II князю Вяземскаму ад 1764 г. (267). Маючы на ўвазе „заходнія правінцыі”, імператрыца пісала: „Парушаць прывілеі іх усе адразу вельмі непрыстойна было б, аднак і называць іх чужаземнымі і абыходзіцца з імі на гэткай аснове ёсць больш чым памылка, а можна сказаць з пэўнасцю, што глупства… Іх трэба лягчэйшым спосабам прывесці да таго, каб яны абруселі і перасталі глядзець, як ваўкі ў лесе”. Здзіўляе датаванне дакумента. Змест яго, як і паняцце „заходнія правінцыі”, адназначна сведчаць, што Кацярына II пісала наказ, ужо маючы гэтыя правінцыі ў сваіх руках, а не ў 1764 г., г. зн. за 8 гадоў да першага і за 29 гадоў да другога падзелу Рэчы Паспалітай. У працы А.Цвікевіча несумненна прыведзена памылковая дата. У такім разе трэба было праверыць дадзеную Цвікевічам спасылку на „Сборник Русского исторического общества” (Т.VII. С.348). Калі ж і там дакумент датуецца 1764 г., В.Загарульская павінна была зрабіць неабходныя агаворкі наконт відавочнага разыходжання зместу наказу і ягонай даты. На нашу думку, наказ князю Вяземскаму напісаны ў 1794 г.

Рост незадаволенасці сярод каталіцкай шляхты і духавенства, гаворыцца ў дапаможніку, прымусіў царызм пайсці ў беларускіх губернях на раздачу казённай зямлі разам з сялянамі расійскім дваранам і чыноўнікам. В.Загарульская сцвярджае, што асноўная частка сялянаў была раздадзена ў заходняй Беларусі (269). Аднак падлік прыведзеных ёю лічбаў паказвае няслушнасць гэтай высновы. У Віцебскай і Магілёўскай губернях было раздадзена 98 тысяч рэвізскіх душаў, а ў Гарадзенскай і Віленскай — у 2,6 раза менш.

Другім накірункам палітыкі царызму ў Беларусі, на думку В.Загарульскай, з’яўлялася „паступовае абмежаванне правоў мясцовага дваранства”. Аднак ніводнай спасылкі на выданне законаў, указаў, пастановаў такога кшталту ў дапаможніку няма. Прыведзены толькі звесткі пра 26 маёнткі, канфіскаваныя да 1800 г. за адмову ад прысягі і за ўдзел у антыўрадавых выступленнях. Такім чынам, асобныя факты пакарання канкрэтных людзей за дзяржаўныя злачынствы (паводле царскіх законаў) неправамерна трактуюцца як абмежаванне правоў усяго шляхецкага стану.

У сувязі з гэтым сюжэтам у кнізе асвятляецца вайна 1812 г. Ні аўтар, ні рэдактары не заўважылі, што пытанне франка-расійскай вайны не можа разглядацца ў параграфе „Унутраная палітыка расійскага ўрада на Беларусі”.

Насуперак вядомым фактам сцвярджаецца (273), што царызм жорстка пакараў многіх з тых, хто ў час вайны супрацоўнічаў з Напалеонам. „Хваля канфіскацый маёмасці калабарацыяністаў пракацілася на Беларусі”, — піша В.Загарульс кая, ігнаруючы маніфест Аляксандра I ад 12 снежня 1812 г., якім цар абвясціў калабарантам „уселітасцівейшае агульнае і прыватнае дараванне” і „вечнае забыццё” мінулага. У сувязі з гэтым пачатая да маніфеста канфіскацыя маёнткаў памешчыкаў, якія служылі Напалеону, была адменена, а маёнткі вернуты іх ранейшым уладальнікам.

Наступная хваля канфіскацыяў звязваецца з 1830—1831 г. Пры гэтым прычына іх — тагачаснае шляхецкае паўстанне супраць царызму — нават не згадваецца. Канстатуецца, што ў 30-я г. царская палітыка ў дачыненні да заходніх губерняў „прыняла больш жорсткі характар”. Галоўны кірунак яе — курс на паслядоўную русіфікацыю краю — не адзначаецца. А жорсткасць тлумачыцца ростам апазіцыйных грамадска-пал ітычных настрояў і рухаў, а таксама… працэсам разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносінаў (?!). Тэза пра рост апазіцыйных настрояў і рухаў у Беларусі пасля задушэння паўстання 1830—1831 г. не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, а тлумачэнне нераскрытай жорсткасці палітыкі крызісам феадальна-прыгонніцкага ладу ўяўляецца недарэчным.

Пасля канстатацыі пералому ў царскай палітыцы ў 30-я г., аўтар пераходзіць да характарыстыкі грамадска-палітыч нага руху ў 10—20-я г. Дзе ж элементарная логіка і храналагічная паслядоўнасць? Відавочна ж, што змены ў палітыцы ў 30-я г. адбыліся ў самай цеснай сувязі з грамадска-палітыч ным рухам, кульмінацыяй якога з’явілася паўстанне 1830—1831 г. Гэтым сюжэтам адведзены каля чатырох старонак тэксту. Тут зноў (як і ў выпадку з вайною 1812 г.) паўстае пытанне, чаму грамадска-палітычны рух у 10—20-я г. і паўстанне 1830—1831 г. асвятляецца ў параграфе „Унутраная палітыка расійскага ўрада ў Беларусі” і ў главе „Уваходжанне Беларусі ў склад Расійскай імперыі”?

Узнікненне першых праяваў беларускага нацыянальна га руху звязваецца з таварыствамі філаматаў і філарэтаў, а погляды апошніх — з уплывам прафесара Віленскага універсітэта Я.Лялевеля, „які выступаў за аднаўленне польскай дзяржавы”. Ніякіх праяў беларускага нацыянальнага руху ў дзейнасці філаматаў і філарэтаў не адзначаецца. Наадварот, канстатуецца „агульны ўздым паланізацыі” (274). Перабольшва ецца сіла і ўплыў таварыства філаматаў („хутка таварыства ператварылася ў моцную арганізацыю з мноствам філій”). Беспадстаўна сцвярджаецца, што яго дзейнасць практычна дублявалі таварыства прамяністых і „Саюз літаратараў”.

Вядома, што таварыствы філаматаў і філарэтаў былі раскрыты ўладамі ў 1823 г., аднак аўтар сцвярджае, што гэта здарылася пасля падаўлення паўстання дзекабрыстаў (276). Тэме паўстання 1830—1831 г. прысвечаны толькі два абзацы. Сярод мерапрыемстваў урада, звязаных з паўстаннем, называецца ўказ ад 18 лютага 1831 г., якім „на землях Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне аб губернях” (279). Што новага прынёс ён на Беларусь, не сказана. Пытанне аб ліквідацыі уніяцкай царквы, па сутнасці, зусім абыдзена (яму прысвечаны літаральна адзін сказ).

У цэлым прынятымі ўрадам мерамі, сцвярджае В.Загарульская, „была поўнасцю ліквідавана юрысдыкцыя мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваны ідэалагічны фундамент іх магутнасці — каталіцтва”. Пагадзіцца з гэтымі сцвярджэннямі нельга. Ліквідацыяй юрысдыкцыі мясцовых феадалаў аўтар, відаць, называе спыненне дзеяння ў заходніх губернях Трэцяга Статута ВКЛ у 1831 і 1840 г. і замену яго расійскім заканадаўствам. Не ўлічваецца пры гэтым, што ва ўсходніх беларускіх губернях мясцовае памеснае дваранства працягвала і пасля паўстання выбіраць сваіх прадстаўнікоў на адміністрацыйныя і судовыя пасады як на губернскім, так і на павятовым узроўнях. Правы дваран Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губерняў у сувязі з паўстаннем былі моцна абмежаваныя, аднак і яны не страцілі магчымасцяў уплываць на фармаванне і дзейнасць мясцовых судовых органаў. Нарэшце, памешчыкі захоўвалі правы вотчыннай адміністрацыі, паліцыі і суда над сваімі прыгоннымі, што прызнае і сама В.Загарульская (281).

Нельга пагадзіцца і з высновай наконт аслаблення каталіцтва. Ніякіх новых абмежаванняў дзейнасці касцёла ў 30—40-я г. не ўводзілася і ў тэксце падобных фактаў няма. Відаць, аўтар мае тут на ўвазе ліквідацыю уніяцкай царквы і менавіта гэты крок урада ацэньвае як моцны ўдар па каталіцтву. Неправамер насць, тэндэнцыйнасць гэтай ацэнкі відавочная. Да ліку памылковых трэба аднесці і сцвярджэнне В.Загарульскай пра тое, што распрацаваная ў 1860-62 г. адукацыйная праграма дазваляла выкарыстоўваць у пачатковых школах беларускую мову.

Наступны параграф называецца „Крызіс прыгоннага ладу. Эканамічныя рэформы 30—50-х гадоў XIX ст.” У ім канстатуецца, што з 40-х г. XIX ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Беларусі і ў Расіі перарос у крызіс. Пры гэтым пытанні пра развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, шляхоў зносін, гандлю, гарадоў, падаткаў і павіннасця ў насельніцтва, становішч а сялянаў у канцы XVIII—50-х г. XIX ст. цалкам абыдзены. Крызіс дэкларуецца адной толькі фразай, пасля чаго аўтар пераходзіць да разгляду рэформы Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы. Аўтар кажа пра яе значнасць „у працэсе вырашэння агульнасялянскага (?) пытання”, гаворыць, што царскі ўрад імкнуўся гэтай рэформай „хутчэй сцерці розніцу паміж узроўнем развіцця далучаных губерняў і Расіі”, і яшчэ раз згадвае пра больш хуткія тэмпы развіцця капіталізму ў Расіі (280—281). Уведзеная рэформай выбарная валасная і сельская адміністрацыя сялянаў у дзяржаўных маёнтках беспадстаўна далучаецца да бюракратычнага апарату (282).

Прычыны рэформы засталіся нераскрытымі. Супярэчліва паказаны яе вынікі і значэнне. Сцвярджаецца, што яна мела „буржуазна-прагрэсіўны сэнс“. У такім разе застаецца незразумелай неабходнасць правядзення ў дзяржаўнай вёсцы буржуазнай рэформы паводле закона ад 16 мая 1867 г. Да таго ж, на с. 284 зроблена выснова: „Рэформы 30—50-х гадоў захоўвалі сваю чыста дваранскую накіраванасць “.

І, нарэшце, шмат пытанняў выклікае заключны вывад гэтай часткі тэксту. „Абагульняючы ўсё сказанае, — піша В.Загарульская, — хацелася б адзначыць, што пытанне аб далучэнні Беларусі да Расіі нельга спрашчаць. Замена дзяржаўнай прыналежнасці — гэта буйная веха ў гісторыі ўсяго народа. Такія падзеі нельга ацэньваць адназначна, яны маюць як станоўчы, так і адмоўны патэнцыял”. Праблему „ўваходжання” Беларусі ў склад Расійскай імперыі аўтар кранае толькі на некалькіх першых старонках главы. Астатні тэкст прысвечаны іншым пытанням, асвятленне якіх „не выходзіць” на тэзы, сфармуляваныя ў прыведзенай выснове. Таму для чытача яна зусім нечаканая і ўспрымаецца як чыста дэкларацыйная. Хто і як спрашчае пытанне пра далучэнне Беларусі да Расіі? Хто „адназнач на” і як менавіта ацэньвае „замену дзяржаўнай прыналежнасці” беларускага народа? Які станоўчы і які адмоўны патэнцыял у гістарычным лёсе Беларусі звязаны з „уваходжаннем” яе ў склад імперыі Раманавых? Адказу на гэтыя пытанні няма.

Глава „Культура Беларусі канца ХVIII — першай паловы ХIХ ст.” (аўтары У.Я.Парфянкоў і Я.К.Новік) пачынаецца з „ліхтарыка” „Да пытання аб т.зв. «забароне» расійскім урадам назваў «Беларусь» і «Літва», «беларускія і літоўскія губерні», беларускай мовы і беларускага друкаванага слова”, у якім аналізуецца ўказ Сената ад 18 ліпеня 1840 г. „Аб найменаванні губерняў Беларускіх і Літоўскіх, кожнай асобна: Віцебскаю, Магілёўскаю, Віленскаю і Гарадзенскаю”. Гэтае пытанне, вядома, заслугоўвае ўвагі, але яно адносіцца хутчэй да пытанняў палітыкі расійскіх уладаў, чым да культуры. Аналіз прыведзеных фактаў сведчыць, што сапраўды яго нельга трактаваць як забарону назваў „Беларусь” і „Літва”. Можна пагадзіцца з аўтарамі, што размова ва ўказе ідзе толькі пра ўдакладненне пэўнай тэрміналогіі ў дзяржаўным справаводстве. Аднак дапушчаны і недакладнасці ў сувязі з трактоўкай указа ад 22 снежня 1870 г. аб вывядзенні Менскай губерні з падпарадкавання галоўнаму ўпраўленню Паўночна-Заходняга краю і тэрытарыяльных межах апошняга. На аснове гэтага ўказа зроблена неадэкватная выснова пра афіцыйнае аднясенне названай губерні разам з Віцебскай і Магілёўскай да Беларускага краю (287). Не звярнулі аўтары ўвагі і на тое, што ў 60-я г. у склад „Паўночна-Заходняга краю”, апроч Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Менскай уваходзілі таксама Віцебская і Магілёўская губерні. Таму зробленую імі „прывязку” назвы „Паўночна-Заходні край” выключна да этнічнай Літвы і заходняй Беларусі нельга прызнаць слушнай.

Некарэктна пастаўлена тут пытанне пра забарону беларускай мовы. „Гістарычнай навуцы, — пішуць аўтары,— невядомы царскі ўказ ці ўрадавае распараджэнне аб забароне беларускай мовы і беларускага друкаванага слова. Наадварот, кнігі на беларускай мове выдаваліся ў друкарнях Расійскай імперыі, асабліва ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст.” (288). Сапраўды, ніхто не забараняў беларусам карыстацца ў побыце роднай мовай. Пытанне ў тым, ці прызнавалі ўлады і афіцыйная навука існаванне самастойнай беларускай мовы, ці дапускалі яе ў школу, дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, у суд і друк? На гэтыя пытанні можна адказаць адназначна: не прызнавалі, не дапускалі, ці (у дачыненні да друку) моцна абмяжоўвалі. Па першых дзвюх пазіцыях, здаецца, доказаў не патрабуецца. Адносна друку згадаем два малавядомыя выпадкі.

Адзін з іх датычыць забароны публікацыі пераклада В.Дуніна-Марцінкевіча паэмы А.Міцкевіча „Пан Тадэвуш”. У 1858 г. Віленскі цэнзурны камітэт дазволіў друкаванне яго лацінскім шрыфтам. Летам 1859 г. у камітэт дайшла пастанова Галоўнага ўпраўлення цэнзуры ад 25 красавіка таго ж года аб забароне публікацыі лацінкай („польскім алфавітам”) твораў на ўкраінскай мове, прызначаных для народа. Цэнзурны камітэт, звярнуўшы ўвагу на тое, што „беларуская гаворка складае, так сама як і маларасійская, галіну рускай мовы”, накіраваў у Пецярбург запыт, „ці можа быць дазволена друкаванне твораў на беларускай мове польскім шрыфтам”. У сувязі з гэтым Галоўнае ўпраўленне цэнзуры 26 верасня 1859 г. прыняло пастанову „аб распаўсюджанні забароны выкарыстання польскага шрыфту да маларасійскай мовы і на гаворку беларускую”[2]. У выніку пераклад „Пана Тадэвуша”, друкаванне якога к таму часу ўжо завяршылася, свету так і не ўбачыў. Гэта быў удар не толькі па Дуніну-Марцінкевічу, але і па ўсіх беларускіх пісьменніках, якія паходзілі з каталіцкай шляхты і традыцыйна пісалі лацінкай. Страціўшы магчымасць друкавацца, многія з іх як літаратары замоўклі назаўжды. Забарону беларускага друку лацінкай адмяніў толькі рэвалюцыйны 1905 год.

Праз сорак гадоў пасля забароны „Пана Тадэвуша” Францішак Багушэвіч паспрабаваў напрыканцы жыцця легальна выдаць рукапіс свайго зборніка „Беларускія апавяданні Бурачка”. У сувязі з гэтым віленскі асобны цэнзар па ўнутранай цэнзуры 16 сакавіка 1899 г. даслаў рукапіс у Галоўнае ўпраўленне па справах друку з пытаннем, ці можа ён быць дазволены да друку. Выказаў і ўласнае меркаванне: „Ці не хаваецца ў такіх сачыненнях тэндэнцыя апроч „маларускай”, стварыць яшчэ „беларускую” літаратуру і такім чынам разбіць і аслабіць літаратурнае і нацыянальнае адзінства, а ў выніку гэтага і палітычную магутнасць рускага народа?” Праз 10 дзён у Вільню быў пасланы незвычайна лаканічны, нічым не матываваны адказ: „Названы рукапіс не можа быць дазволены да друку”[3]. Падкрэслім: ніякіх цэнзурных прэтэнзій да зместу апавяданняў Багушэвіча не выказвалася ні віленскім цэнзарам, ні Галоўным упраўленнем па справах друку, ніякіх спасылак на закон ці адміністрацыйную пастанову аб забароне беларускага друку (на гэты раз — кірылічнага) не згадвалася. Тым не менш пытанне было вырашана адназначна адмоўна.

З гэтай цэнзурнай справы можна зрабіць выснову аб адсутнасці ў Расійскай імперыі ў ХIХ ст. афіцыйнай забароны беларускага кірылічнага друку (калі б такая пастанова была, то Галоўнае ўпраўленне па справах друку абавязкова спаслалася б на яе). Але гэта, як бачым, зусім не спрашчала шлях твораў беларускіх пісьменнікаў да друкарскага станка, да чытача. Першакодай была звышпільная папярэдняя цэнзура, якая вырашала лёс рукапісаў, зыходзячы з факта афіцыйнага непрызнання існавання самастойнай беларускай мовы. У беларускіх творах — незалежна ад іх зместу — яна бачыла (паўторым дакладную фармулёўку віленскага асобнага цэнзара ад 16 сакавіка 1899 г.) схаваную тэндэнцыю „разбіць і аслабіць літаратурнае і нацыянальнае адзінства, а ў выніку гэтага і палітычную магутнасць рускага народа”. Асабліва жорсткі кантроль існаваў у 1863-88 г. За гэтыя 25 гадоў у Расійскай імперыі не было надрукавана ніводнага мастацкага твора на беларускай мове. Да рэвалюцыі 1905—07 г. бесперашкодна дазвалялася друкаваць толькі фальклорныя творы, якія, на думку імператарскай Акадэміі навук, пацвярджалі афіцыйную ацэнку беларускай мовы як дыялекта расійскай.

У тэксце, прысвечаным пытанням адукацыі, звяртае на сябе ўвагу поўная адсутнасць звестак пра Віленскі універсітэт. Згадваецца толькі факт яго закрыцця ў 1832 г. у кантэксце барацьбы ўладаў з паланізацыяй за пашырэнне расійскага ўплыву на беларускіх землях, да чаго аўтары ставяцца цалкам станоўча. Ліквідацыя ўніяцкай царквы на Полацкім царкоўным саборы ў 1839 г. зноў падаецца як мера, накіраваная супраць каталіцкага касцёлу. З гэтай падзеяй аўтары памылкова звязваюць закрыццё школаў пры каталіцкіх манастырах (291). На самай справе манастырскія — не толькі каталіцкія, але і ўніяцкія, — школы былі зліквідава ны да сярэдзіны 30-х г., — адразу ж пасля паўстання 1830—31 г.

У высновах па раздзелу IV паўтараецца, што Расія ў эканамічных і палітычных адносінах ішла наперадзе Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага як яе часткі, што далучэнне да Расіі дало імпульс паскарэнню капіталістычнага развіцця ў Беларусі. Як адзначана вышэй, узровень сацыяльна -эканамічнага развіцця Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства, з аднаго боку, і Расійскай імперыі, з другога, у канцы ХVIII ст. не прааналізаваны. Цалкам абыдзена таксама і праблематыка сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першай палове ХIХ ст. У такім разе паўстае пытанне: на чым грунтуюцца дадзеныя высновы? Некарэктным выглядае супастаўленне расійскага самаўладдзя з шляхецкай анархіяй пры поўным замоўчванні спробаў рэформаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай у канцы ХVIII ст., сарваных гвалтоўнымі акцыямі расійскага, прускага і аўстрыйскага манархаў.

Парадаксальны характар мае выснова пра тое, што ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі „садзейнічала нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, які не ўспрымаўся расійскім урадам як асобная этнічная супольнасць”. Калі выказаць сэнс гэтай фразы іншымі словамі, то атрымаецца: адмаўленне царызмам факта існавання самастойнага беларускага этнаса садзейнічала яго нацыянальнай кансаліда цыі. „У выніку, — заяўляюць аўтары, — фарміраваўся ўстойлівы беларускі нацыянальны характар, лепшымі рысамі якога сталі талерантнасць, працавітасць, павага да суседніх народаў” (303). Вось які, аказваецца, станоўчы ўплыў на беларускі народ мела неўспрыманне яго расійскім урадам як асобнай этнічнай супольнасці!

У главе 1 раздзела V асвятляюцца буржуазныя рэформы і пераход да капіталістычнай гаспадаркі (аўтары І.Л.Качалаў і В.У.Лютава). Канстатуючы, што падрыхтоўка галоўнай з рэформаў — адмены прыгоннага права ў памешчыцкай вёсцы Расіі — пачалася ў беларуска-літоўскіх губернях, І.Качалаў услед за іншымі гісторыкамі тлумачыць гэта больш высокім узроўнем іх сацыяльна-эканамічнага развіцця. „Перш за ўсё, — піша ён, — мясцовыя памешчыкі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны” (307). Зусім правільная тэза. Аднак узнікае пытанне: як яна стасуецца з неаднаразовымі заявамі ў папярэднім раздзеле аб сур’ёзным адставанні Беларусі па ўзроўні развіцця капіталістычных адносінаў ад агульнарасійскага ўзроўню? У якасці другой прычыны прыступу да рэформы менавіта ў заходніх губернях аўтар адзначае ўвядзенне ў 40-х г. абавязковых інвентароў у памешчыцкіх маёнтках, што быццам „прывяло памешчыкаў Беларусі да хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі” (?). Надуманасць гэтай заявы, неадпаведнасць яе рэчаіснасці відавочныя.

Перабольшвае І.Качалаў і ўплыў генерал-губернатара В.Назімава на інвентарныя камітэты Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў, якія быццам пад яго націскам „пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю і сялянскую нерухомасць”. На самай справе Назімаў, даручаючы ў лістападзе 1856 г. з дазволу Аляксандра II інвентарным камітэтам трох названых губерняў заняцца пераглядам інвентарных правілаў, ніякага націску на іх не рабіў, бо дазволіў дзейнічаць, „не стесняясь при сем прежними инструкциями”, г. зн. зусім свабодна[4]. Недакладна перададзены аўтарам і змест адрасоў камітэтаў на імя цара, адпраўленых Назімавым у верасні 1857 г. Яны выказаліся: а) за адмену прыгоннага становішча пры недатыкальнасці вотчынных правоў памешчыкаў на зямлю, г. зн. за вызваленне сялян без зямлі; б) за дабраахвотныя пагадненні сялян з памешчыкамі; в) за тое, каб не чапаць інвентароў да гэтай радыкальнай перамены[5]. Пра пераход ва ўласнасць памешчыкаў сялянскай нерухомасці ў рашэннях камітэтаў нічога не гаварылася.

Аўтару варта было выкарыстаць ацэнку перадрэформен най сітуацыі ў нашым краі, дадзеную Назімавым у пісьме міністру ўнутраных спраў ад 25 верасня 1857 г. „З свайго боку, — пісаў ён, — знаходжу, што пераўтварэнне ва ўладкаванні памешчыцкіх сялян для спакою і дабрабыту цэлага краю неабходна. Патрэба гэтая ў заходніх губернях даўно ўжо адчувалася. Блізкае суседства Прусіі, Царства Польскага і Курляндыі, дзе сяляне карыстаюцца ўжо грамадзянскімі правамі, інвентары, якія тут існуюць… даўно ўжо пазнаёмілі тутэйшых сялян з гэтай патрэбай і падрыхтавалі іх да прадстаячай перамены, якую яны чакаюць з напружаным нецярпеннем”[6].

Занадта шматслоўна і недакладна характарызуецца ў кнізе змест рэскрыпта Аляксандра II ад 20 лістапада 1857 г. на імя Назімава, які быў фактычна адказам цара на адрасы інвентарных камітэтаў Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў. У рэскрыпце фармуляваліся прынцыпы стварэння губернскіх дваранскіх камітэтаў для падрыхтоўкі рэформы і асноўныя палажэнні, якімі яны павінны былі кіравацца пры выпрацоўцы праектаў аб уладкаванні і паляпшэнні побыту памешчыцкіх сялян. І.Качалаў чамусьці называе гэты дакумент „праграмай ураду” і заяўляе, што яна „давала прыгонным сялянам грамадзянскія правы, але захоўвала вотчынную ўладу памешчыка” (308). Прыведзеныя тэзы ўзаемна несумяшчальныя: надзяленне грамадзянскімі правамі сялян выключала вотчынную ўладу над імі памешчыкаў, і наадварот. Пра захаванне за памешчыкамі функцыяў вотчыннай паліцыі гаворыцца ў п.2 рэскрыпта; там жа прадпісана размеркаван не сялян на грамады. Наконт грамадзянскіх правоў сялян не сказана нічога ні ў гэтым, ні ў двух іншых пунктах рэскрыпта. Гарантыяй своечасовай выплаты сялянамі дзяржаўных і земскіх падаткаў, на думку аўтара, з’яўляліся „будучыя адносіны сялян і памешчыкаў” (?!). У рэскрыпце гэтая гарантыя адназначна звязваецца з надзяленнем сялян зямлёю за выкуп.

У характарыстыцы Палажэнняў 19 лютага 1861 г. дапушчаны шэраг недакладнасцяў. Так, тэрмін часоваабавязанага становішча сялян абмяжоўваецца 2 гадамі (да 19 лютага 1863 г.), адведзенымі на складанне і падпісанне ўстаўных грамат (311). У сапраўднасці яно павінна было захоўвацца да зацвярджэння ўрадам выкупной здзелкі паміж селянінам і памешчыкам, а сама гэтая аперацыя, паводле Агульнага палажэння, цалкам залежала ад волі памешчыка. Тое ж Палажэнне абавязвала кожнага селяніна трымаць у сваім карыстанні на працягу першых 9 гадоў пасля 19 лютага 1861 г. запісаны за ім падворны надзел сядзібнай і палявой зямлі і несці за гэта вызначаныя на карысць памешчыка павіннасці. Гэта фактычна быў мінімальны тэрмін часоваабавязанага становішча сялян. На с.312 сказана, што судовыя справы сялян вырашаліся паводле нормаў і традыцый звычаёвага права. Далёка не ўсе, — вымушаны запярэчыць аўтару, — а толькі тыя, якія належалі да кампетэнцыі выбарнага валаснога сялянскага суда, уведзенага Палажэннямі 19 лютага. Няправільна асветлена фармаванне інстытута міравых пасрэднікаў (312). У 1861 г. яны не прызначаліся губернатарам, а выбіраліся з дваран-землеўласнікаў павятовымі дваранскімі сходамі і зацвярджа ліся Сенатам па рэкамендацыях маршалкаў дваранства і губернатараў. Памылковым з’яўляецца і сцвярджэнне, што сяляне паводле ўказа ад 1 сакавіка 1863 г. рабіліся ўласнікамі зямлі (313). Як вядома, надзельныя землі сталі ўласнасцю сялян толькі ў выніку рэформы П.Сталыпіна.

У асноўным слушна характарызуюцца судовая і іншыя рэформы дзяржаўнага ладу. Наконт судовых статутаў 1864 г. сказана, што яны „рашуча парывалі з існаваўшым раней судовым ладам” (314). Аднак, які судовы лад (і шырэй — якія мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання) існавалі ў Беларусі да пачатку рэформаў, з кнігі даведацца нельга, паколькі адпаведны сюжэт па першай палове ХIХ ст. у ёй адсутнічае. Студэнт не зможа параўнаць ранейшую і новую судовую сістэмы і належным чынам зразумець і ацаніць такія якасці новага суда, як бясстанавасць, незалежнасць ад адміністрацыі, спаборнасць і галоснасць судовага працэсу. Тое ж датычыць гарадской, вайсковай і цэнзурнай рэформаў. Ніякіх звестак пра дарэформеннае становішча па гэтых пытаннях у кнізе няма. Таму, напрыклад, тэза, што да 1874 г. у расійскай арміі працягваў дзейнічаць станавы прынцып камплектавання, застанецца для студэнта абстрактнай, пазбаўленай канкрэтнага зместу дэкларацыяй. Усеагульную вайсковую павіннасць трэба было параўнаць з рэкруцкай сістэмай камплектавання войска, якая, аднак, нават не згадана. Аўтар прыніжае значэнне вайсковай рэформы, сцвярджаючы, што з увядзеннем усеагульнай вайсковай павіннасці буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі ў Расіі „былі рэалізаваны фармальна” (?). Нельга пагадзіцца таксама з тэзай, што прывілеяваныя станы дзякуючы высокай адукацыі ды іншым ільготам (?) фактычна вызваляліся ад службы ў войску (316).

У кнізе, на жаль, не паказаны асаблівасці школьнай і цэнзурнай рэформаў у Беларусі, значэнне земскай рэформы і адмоўны ўплыў таго факта, што ў губернях нашага краю яна не праводзілася. Відавочна памылковыя сцвярджэнні пра тое, што гарадскія думы ў Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся Сенату, што ў 1887 г. рэальныя вучылішчы былі пераўтвора ны ў тэхнічныя вучылішчы. На с.317 аўтар кажа, што буржуазныя рэформы 60—70-х г. „неслі ў сабе перажыткі прыгонніцтва”. Думаецца, што трэба адрозніваць паняцці „прыгонні цтва” і „феадалізм”, прыгонніцкія і феадальныя перажыткі. У дадзеным выпадку правамерна выкарыстанне апошняга паняцця, ды і то ў дачыненні не да ўсіх рэформаў, а толькі да аграрна-сялянскіх. Бо, якія, напрыклад, перажыткі прыгонніцтва несла ў сабе судовая рэформа?

Ёсць недахопы і ў асвятленні контррэформаў. На с.318 чытаем, што ў Беларусі закон аб земскіх начальніках царскія ўлады ўвялі толькі ў 1900 г. і толькі ў межах Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губерняў. Недакладна: у 1904 г. інстытут земскіх начальнікаў быў распаўсюджаны і на заходнюю Беларусь — Гарадзенскую і Віленскую губерні. Гарадская контррэформа 1892 г. у Беларусі пазбавіла права ўдзелу ў выбарах сваіх прадстаўнікоў у гарадскія думы ўсё яўрэйскае насельніцтва незалежна ад маёмаснага стану, а не толькі беднату, як сцвярджаецца ў кнізе. Паводле закону 1892 г. „гласныя” ад яўрэяў прызначаліся адміністрацыяй у колькасці не больш за 1/10 ад агульнага складу думы.

Недакладны загаловак параграфа 3 „Парэформеннае развіццё беларускіх губерняў. Сацыяльна-эканамічнае становішча на рубяжы ХIХ—ХХ ст.” (аўтары І.Л.Качалаў і В.У. Лютава). Першы сказ абяцае чытачу, што ў параграфе будзе асветлены ўвесь комплекс пытанняў — эканоміка, палітыка, грамадска-палітычны рух, культура. Разглядаецца ж толькі сацыяльна-эканамічнае развіццё (сельская гаспадарка, прамысловасць, транспарт). Так і трэба было назваць параграф. Тады другая частка загалоўка адпала б як непатрэбная. Яе можна было б падаць як „Фармаванне класаў буржуазнага грамадства”. Аднак гэтая важная праблема, непарыўна звязаная з развіццём капіталізму ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, засталася па-за ўвагай. Па сутнасці, не паказана, што асноўныя тэндэнцыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі 60—90-х г. вызначаліся прамысловай рэвалюцыяй. Нават само паняцце „прамысловая рэвалюцыя” у тэксце не сустракаецца. Не закрануты і звязаны з ёю працэс урбанізацыі.

У параграфе нямала розных статыстычных дадзеных. Аднак многія з іх выклікаюць пытанні. На с.319 сцвярджаец ца, што ў 1877 г. сялянскія надзелы складалі ў сярэднім ад 2 да 5 дзесяцін. Трэба думаць — на сям’ю (двор), а не на мужчынскую душу. Адкуль гэта запазычана, невядома. Затое вядома іншае. Сярэдні сялянскі надзел на гаспадарку ў 1877 г. складаў у 5 заходніх губернях 14,6 дзесяціны, і нават па групе бяднейшых сялян, якія ў 1861 г. атрымалі да 15 дзесяцін на двор, дасягаў 11,9 дзесяціны[7].

На с.320 адзначана, што памешчыкі Расіі з 1877 па 1905 г. страцілі 27,2%, а ў Беларусі — толькі 10,8% сваёй зямлі. Гэта вельмі важныя паказчыкі, але ім зусім не дадзена ні тлумачэння, ні ацэнкі. Незразумела, па-першае, чаму памешчыкі ўвогуле гублялі зямлю, і, па-другое, чаму паказчык па Беларусі ў 2,5 разы ніжэй, чым па Расіі ў цэлым. У гістарычнай літаратуры адзначаная розніца тлумачыцца, з аднаго боку, больш высокім узроўнем таварна-грашовых адносін у мясцовай памешчыцкай гаспадарцы, яе адносна большай эканамічнай устойлівасцю, чым у Расіі, а з другога — штучным усталяваннем у заходніх губернях расійскага дваранскага землеўладання. Няўжо гэта неістотныя, не вартыя ўвагі моманты нашай гісторыі?

Важнай асаблівасцю аграрных адносінаў у Беларусі ў парэформенны перыяд з’яўлялася сервітутнае права, якое дазваляла сялянам бясплатна карыстацца пэўнымі памешчыцкімі ўгоддзямі, што мела істотнае значэнне для сялянскай гаспадаркі і вельмі раздражняла памешчыкаў. Аўтары ж сцвярджаюць (321), што за карыстанне сервітутнымі ўгоддзямі памешчыкі „бралі з сялян грашовую плату, або прымушалі працаваць на панскім полі”. Сумняваемся, што былі падобныя факты, бо ўсе сяляне добра ведалі пра сваё законнае права бясплатна карыстацца сервітутамі і маглі абараняць яго ў судзе. Нельга пагадзіцца з аднясеннем пазямельнага падатку да разраду саслоўна-сялянскіх падаткаў і збораў і з высновай, што сельская гаспадарка Беларусі да пачатку ХХ ст. заставалася яшчэ напаўпрыгонніцкай (321).

Аўтары абвяшчаюць, што ў канцы 90-х г. „рамесніцтва” давала 34,5%, мануфактурная вытворчасць — 32,5%, а фабрычная — 33% валавой прадукцыі прамысловасці. Крыніца гэтай інфармацыі не названая. У найноўшым спецыяльным выданні па згаданай праблеме — манаграфіі М.Ф.Болбаса (1977) — прыведзены іншыя звесткі, якія ўвайшлі ў навуковы ўжытак, а менавіта: удзельная вага фабрык у валавой прадукцыі прамысловасці ў 1900 г. дасягала 46,8%, мануфактур — 15,4%, а дробнай вытворчасці (разам з рамеснай) — 37,8%. Апошнюю, да якой прынята адносіць і рамяство, аўтары неправамерна атаясамліваюць з „рамесніцтвам”, ігнаруючы пры гэтым катэгорыю дробнакапіталістычных прадпрыемстваў (6—15 рабочых). Памылковыя таксама і абсалютныя паказчыкі колькасці фабрык у Беларусі. Паводле І.Качалава і В.Лютавай, іх у 1860 г. налічвалася 30, а ў 1900 г. — 799, а паводле М.Болбаса, адпаведна — 76 і 1137. Не супадае, натуральна, і колькасць фабрычных рабочых за гэтыя гады.

У кнізе няма дадзеных, якія сведчылі б пра паступовае выцясненне дробнай вытворчасці і мануфактуры фабрычнай вытворчасцю. У выніку важная тэза засталася недаказанай. Недакладна вызначана спецыялізацыя прамысловасці Беларусі: у ліку вядучых галін, якая ў 60—90-я г. выйшла на другое (пасля харчовай) месца па кошту прадукцыі, не згадана апрацоўка лясной сыравіны. Паводле аўтараў (326), манапалістычныя аб’яднанні „выцеснілі дробную вытворчасць”, а праз некалькі радкоў напісана, што да 50% прамысловай вытворчасці „працягвалі складаць (?) саматужныя рамесніцкія цэхі” (?). Не зможа разабрацца чытач і з пытаннем, колькі зямлі належала дваранам: на с.319 пададзена лічба 50,3% (правільна), а на с.326 аднекуль узяліся 80—90%. Тут жа, гаворачы пра пачатак ХХ ст., аўтары ўпершыню згадалі пра банкі і заявілі, што яны сталі адыгрываць вядучую ролю ў эканоміцы. Ці не позна пра гэта сказана? Вяртаючыся ж да сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, фармулюецца выснова, што на рубяжы ХIХ—ХХ ст., нягледзячы на развіццё капіталізму, „у вёсцы захоўваўся ўвесь без выключэння набор прыгонных метадаў гаспадарання і эксплуатацыі працы” (!!). Іншымі словамі, панаваў феадальна-прыгонніцкі лад.

Да гэтай парадаксальнай высновы дастасаваны і змест параграфа пра сацыяльныя вынікі развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ў парэформенным дзесяцігоддзі. Класы новага буржуазнага грамадства — пралетарыят і буржуазія — нават не згадваюцца. Сцвярджаецца іншае. „Побач з буйнымі землеўладальнікамі памешчыкамі, — пішуць аўтары, — склаўся вельмі своеасаблівы пласт дваран-фальваркоўцаў і засцянковай шляхты”. Гэта цалкам адпавядае рэаліям эпохі ХV—ХVI ст. Уражвае і характарыстыка названых сацыяльных пластоў. На думку аўтараў, засцянковая шляхта была „у эканамічным плане землеўласніцкай, беззямельнай і з чыноўніцкага асяроддзя ” (?); „у палітычных адносінах землеўласніцкая шляхта ўсё больш актыўна станавілася на шлях капіталістычнага гаспадарання ” (??). Адарваўшыся ад сацыяльна-эканамічных працэсаў, аўтары заканчваюць свой параграф нічым не аргументаванымі тэзамі аб палітычных пазіцыях рускіх і польскіх памешчыкаў, а таксама „землеўласніцкай шляхты” (327).

У параграфе 4 „Беларусь напярэдадні першай сусветнай вайны. Сталыпінскія рэформы” (аўтар В.Лютава), апроч аграрнай і земскай рэформаў П.Сталыпіна, сцісла асвятляецца развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, прычым апошняй прысвечаны толькі адзін абзац самага агульнага зместу без ніякіх лічбавых паказчыкаў. Як і ў папярэднім параграфе, першая тэза загалоўка патрабавала (паводле зместу тэксту) адпаведнага ўдакладнення (звужэння). Не зважаючы на перыяд, абазначаны ў загалоўку („напярэдадні першай сусветнай вайны”), аўтар разглядае развіццё прамысловасці за 1900—13 г. і прыводзіць табліцу, якую нельга не назваць недарэчнай, непісьменна складзенай (330). У першым яе радку дадзены звесткі вядомага даследчыка М.Матусевіча аб колькасці цэнзавых прадпрыемстваў у Беларусі ў 1900 г. (799) і 1913 г. (1282) — без тлумачэння, якія прадпрыемствы адносяцца да гэтай катэгорыі. Фабрыкі і мануфактуры, пра якія ішла гаворка ў папярэднім параграфе, знікаюць. Але аўтар не заўважае гэтага, як і праблемы супастаўляльнасці паказчыкаў Болбаса за 60—90-я г. і Матусевіча за 1900—13 г. (У сувязі са сказаным патлумачым, што пэўны час у савецкай эканамічнай статыстыцы ў паняцце „цэнзавая прамысловасць” уключалі фабрыкі, якія мелі 16 і больш рабочых, мануфактуры з колькасцю рабочых 30 і больш, усе спіртавыя заводы і вальцавыя млыны з 5 і больш паставамі незалежна ад колькасці рабочых.) Значыць, у паняцці „цэнзавая прамысловасць” аб’яднаны адносна буйныя мануфактуры і фабрыкі. Асобных, дастаткова поўных статыстычных звестак аб колькасці мануфактур і фабрык за 1900—13 г., на жаль, няма. Таму параўноўваць статыстыку М.Болбаса і М.Матусевіча нельга.

Услед за цэнзавымі прадпрыемствамі ў табліцы В.Лютавай ідзе радок „колькасць дробных прадпрыемстваў (менш як 16 рабочых)”. На 1900 г. іх паказана 100 (?), а на 1913 — 129 (?). Паводле падлікаў Матусевіча, дробных прадпрыемстваў (з колькасцю рабочых 6—15 на кожным) у Беларусі ў 1900 г. налічвалася 7297, а ў 1913 г. — 7778. Асобна дадзены ім паказчык саматужна-рамесных прадпрыемстваў (з колькасцю рабочых да 5): у 1900 г. 77 050 і ў 1913 г. — 90 763[8]. Трэці радок у табліцы В.Лютавай паказвае ўдзельную вагу „у агульнай вытворчасці прамысловай і рамеснай (прадукцыі?)”: у 1900 г., адпаведна, 33 і 57,8%, а ў 1913 г. 46,5 і 67,3%. Адкуль што бярэцца і што атрымліваецца ў выніку, вызначыць немагчыма. Адно ясна: такія „рэбусы” у навучальным дапаможніку недапушчальныя. Паказальна і тое, што ніякага аналізу таблічных паказчыкаў у тэксце няма.

Выклікаюць пытанні і іншыя сцвярджэнні В.Лютавай. На с.327 і 330 адзначана, што прырост колькасці рабочых у 1913—1915 (?) г. быў удвая большы, чым у 1900—1908 г. Здзіўляюць храналагічныя рамкі першага перыяду. Нідзе ў навуковай літаратуры перыяд 1913—1915 г. не фігуруе, бо першыя 1,5 гады ў ім — даваенныя, а астатнія адносяцца да ваеннага часу, калі прамысловасць Беларусі была дэзарганізавана, а з верасня 1915 г. чвэрць беларускай тэрыторыі ўжо знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Дзе В.Лютава знайшла звесткі па колькасці рабочых у Беларусі за гэты перыяд, здагадацца немагчыма. На с.333 гаворыцца пра арганізацыю нейкага „асабістага (?) фонду для стварэння рускіх пасяленняў у Паўночна-заходнім краі”, які ўтварыўся (?) за кошт ліквідацыі казённых зямель” (?).

Блытана выкладзена пытанне аб прыняцці ў 1911 г. закона, якім прадугледжвалася ўвядзенне ў 6 беларуска-украін скіх губернях выбарнага земства. „Каб пераадолець супраціўленне буйных землеўладальнікаў, — піша аўтар, — П. Сталыпін схіліў Мікалая II зацвердзіць законапраект надзвычайным парадкам — распусціць на 3 дні Думу і Дзяржаўны савет і падпісаць указ” (333). Зразyмець гэтую фразу немагчыма, бо В.Лютава не сказала, што законапраект пасля прыняцця Дзяржаўнай думай паступіў у Дзяржаўны савет, дзе быў адхілены, паколькі прадстаўленыя ў ім буйныя землеўласнікі не пагаджаліся з паніжэннем удвая маёмаснага цэнзу для выбаршчыкаў. У склад губернскіх і павятовых земскіх сходаў, паводле аўтара, „аўтаматычна ўваходзіў кіраўнік сялянскага пазямельнага банка (?!), ці асоба, якую ён упаўнаважваў”. „Кіраўнік” агульнарасійскага Сялянскага банка тут згаданы зусім недарэчы. Іншая справа — упаўнаважаныя мясцовых аддзяленняў банка. Ды і яны, відаць, уваходзілі не ў земскія сходы, а ў земскія ўправы, якія выбіраліся сходамі. У параграфе дэкларуецца, што ўвядзенне земстваў мела прагрэсіўнае значэнне. Ніводным фактам гэта, на жаль, не падмацоўваецца. Разам з тым сцвярджаецца, што „земствы тут не сфарміравалі мясцовага самакіравання”(?!). А чым жа самі яны ў такім разе з’яўляліся? Памылковыя звесткі прыведзены аб скарачэнні памешчыцкага і росце сялянскага землеўладання ў 1906—10 г. (334). Першае зменшылася не на 3%, а на 7,2%, а другое павялічылася не на 26, а на 21,4%[9]. Уплыў сталыпінскай і земскай рэформаў на развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі ў азначаны перыяд застаўся не раскрытым.

Глава 2 прысвечана гісторыі грамадска-палітычных, нацыянальна-вызваленчых і класавых рухаў ад пачатку 60-х г. ХIХ ст. да першай сусветнай вайны. Пры гэтым узнікае сумненне, наколькі дакладна адпавядае назва главы („Грамадска -палітычнае жыццё Беларусі”) сюжэтам, якія асвятляюцца ў ёй. Аўтар параграфа „Паўстанне 1863—1864 г. у Польшчы, Літве і на Беларусі” І.Л.Качалаў з самага пачатку робіць акцэнт на тым, што ўступкі Аляксандра II палякам у другой палове 50-х г. „не аслабілі, а наадварот, узмацнілі антырускія (?) настроі сярод грамадства”. Чаму „антырускія”, а не, напрыклад, „антыцарскія”, ці „нацыянальна-вызваленчыя”? Музей старажытнасцяў, заснаваны ў Вільні ў 1858 г. дзякуючы намаганням братоў Тышкевічаў, А.Кіркора і іх паплечнікаў на беларускіх калекцыях, па словах аўтара, „адразу стаў духоўным асяродкам ваяўнічага паланафільства ” (?) і ледзь ці не паклаў пачатак адкрытай прапагандзе барацьбы „супраць рускага ўрада”. Такіх адкрыта мураўёўскіх нотак у асвятленні гэтай тэмы ў беларускай гістарыяграфіі не заўважалася з канца 30-х г.[10].

Новы акцэнт зроблены і ў ацэнцы „Мужыцкай праўды”. „Пераважнае значэнне” гэтай газеты аўтар бачыць не ў разгортванні рэвалюцыйна-дэмакратычнай агітацыі сярод сялян, а „ў гісторыі нацыянальнай культуры і мовы” (337). Кідаецца ў вочы і тое, што „Пісьмы з-пад шыбеніцы” К.Каліноўскага ўвогуле не згадваюцца ў параграфе.

Недакладна асвятляецца пачатак падрыхтоўкі паўстання. Уздым маніфестацыйнага руху ў Польшчы пачаўся не ў 1860, а ў лютым 1861 г. Восенню 1861 г. „чырвоныя” ўтварылі ў Варшаве падпольны Гарадскі камітэт, а не „гарадскі Камітэт руху”, як піша аўтар. „Камітэт руху” быў утвораны „чырвонымі” ў Вільні і менавіта на яго аснове летам 1862 г. узнік Літоўскі правінцыяльны камітэт на чале з Л.Звяждоўскім, які прызнаў кіраўніцтва з боку варшаўскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта (так з мая 1862 г. стаў называцца Гарадскі камітэт). Насуперак сцвярджэнню І.Качалава „белыя” да контррэвалюцыйнага перавароту ў Вільні 11 сакавіка 1863 г. не ўваходзілі ў склад ЛПК. Распрацоўваючы аграрную праграму, правыя „чырвоныя” не прадугледжвалі частковай канфіскацыі памешчыцкай зямлі для надзялення сялян, а гатовы былі неадкладна перадаць ім ва ўласнасць без выкупу і часовааба вязаных адносін (з наступнай кампенсацыяй памешчыкам за кошт дзяржавы) тыя надзелы, якія сяляне ўжо атрымалі па рэформе 19 лютага. Пра гэта ды пра надзяленне беззямель ных сялян за ўдзел у паўстанні 3 моргамі зямлі на сям’ю абвяшчалася ў аграрных дэкрэтах ЦНК ад 10/22 студзеня 1863 г. Перамовы з Герцэнам у Лондане ў кастрычніку 1862 г. вялі не левыя „чырвоныя”, а афіцыйныя прадстаўнікі ЦНК, які ў цэлым у той час стаяў на платформе правых „чырвоных”.

Але галоўным недахопам у асвятленні падрыхтоўкі да паўстання і самога паўстання з’яўляецца тое, што І.Качалаў ні словам не згадаў пра вядомыя прынцыповыя разыходжанні К.Каліноўскага па аграрна-сялянскім і нацыянальным пытаннях і з „белымі”, і з правымі „чырвонымі”. Чамусьці не адзначана, што Каліноўскі ў кастрычніку 1862 г. узначаліў ЛПК, што на пасяджэннях ЛПК разгортваліся надзвычай вострыя спрэчкі па праграмных пытаннях паміж Каліноўскім і прадстаўніком ЦНК у Вільні Н.Дзюлёранам. Справа дайшла нават да выключэння апошняга са складу ЛПК. Не згаданыя перамовы прадстаўнікоў Каліноўскага з ЦНК у Варшаве ў канцы 1862 г. аб раўнапраўі і віленскага, і варшаўскага паўстанцкіх цэнтраў, аб вяртанні да „Літвы” Беластоцкага ваяводства і іншых пытаннях. Не прааналізаваны адпаведныя матэрыялы следства, сведчанні Я. Гейштара, Ю.Яноўскага, В.Ратча пра погляды і пазіцыі Каліноўскага, вымушанага падтрымаць абмежаваную праграму паўстання і пагадзіцца з тым, што яно насуперак дамове з Варшавай было абвешчана без узгаднення з Вільняй. Таму кульмінацыйная падзея барацьбы левых „чырвоных” на чале з Каліноўскім за кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, а менавіта — роспуск 11 сакавіка 1863 г. па загаду Польскага нацыянальнага ўрада Часовага ўрада Літвы і Беларусі і замена яго „белым” Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы — застанецца незаўважанай чытачом кнігі, ці, у кожным разе, незразумелай яму.

У параграфе неаднаразова адзначаецца імкненне польска-літоўска-беларускіх „чырвоных” да ўзаемадзеяння з расійскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй „Зямля і воля”, яе лонданскім і пецярбургскім цэнтрамі. Аднак нідзе не тлумачыцца, чаму паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі не было падтрымана ў Расіі са зброяй у руках, чаму голас „Колакала” у падтрымку паўстання застаўся „гласом вопиющего в пустыне”.

Паводле ацэнкі М.Мураўёва, паўстанне на тэрыторыі Літвы-Беларусі было падаўлена да пачатку верасня 1863 г. Аднак І.Качалаў сцвярджае іншае, а менавіта, што ваенныя дзеянні паўстанцаў тут былі спынены паводле загаду Польскага нацыянальнага ўрада ад 28 жніўня 1863 г. Гэта новае слова ў гістарыяграфіі паўстання. Застаецца невядомым, праўда, на чым яно грунтуецца, як і тое, што пасля такога загаду трымала Каліноўскага ў Вільні ўсе наступныя месяцы аж да арышту 29 студзеня 1864 г.

У параграфе 2 пры асвятленні сялянскага і рабочага руху ў 60—90 г. І. Качалаў выкарыстаў састарэлыя статыстычныя звесткі адпаведных параграфаў другога тома „Гісторыі Беларускай ССР”, цалкам праігнараваўшы спецыяльныя манаграфіі У.П.Крука (1993) і М.В.Біча (1983), у якіх распрацавана і прааналізавана непараўнальна больш поўная статыстыка выступленняў сялян і рабочых, выяўлена іх дынаміка па відах і формах барацьбы, прыведзены шматлікія новыя факты. Асабліва неадэкватна паказаны рабочы рух. „Нярэдка, — піша аўтар, — хваляванні суправаджаліся разгромам абсталяван ня, заводскіх будынкаў, лавак, кантор, а то і забойствам упраўляючых” (342). Аднак такіх выступленняў рабочых у Беларусі не зафіксавана зусім. У якасці перадавога атраду мясцовага пралетарыяту І.Качалаў выдзяляе чыгуначнікаў, да якіх неправамерна далучае і будаўнікоў чыгунак, нягледзячы на тое, што яны фактычна з’яўляліся сялянамі і толькі часова ператвараліся ў наёмных работнікаў (чарнарабочых). Менавіта з гэтай прычыны іх пратэст супраць жорсткай эксплуата цыі і невыносных умоваў побыту выяўляўся ў тыпова сялянскіх формах — групавых уцёках з месцаў працы і падачах скаргаў вышэйшаму начальству.

Прыкрае ўражанне выклікаюць прыведзеныя ў кнізе факты выступленняў рабочых, да непазнавальнасці заблытаныя І.Качалавым. Першым згадваецца выступленне „на будаўніцтве чыгуначнай дарогі” (?) Вільня-Баранавічы ў 1864 г. Храналагічна першае хваляванне рабочых у Беларусі сапраўды адбылося ў 1864 г. на будаўніцтве чыгункі, але на лініі Дынабург-Віцебск (у Дрысенскім павеце), а лінія Вільня-Баранавічы будавалася ў 1884 г. Другі з адзначаных фактаў — забастоўка рабочых майстэрняў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Дзе, у якім горадзе яна адбылася, аўтар чамусьці не паведаміў. Сканчаецца пералік паведамленнем, што ў 1886 і 1894 г. баставалі „будаўнікі” Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. Вядома, аднак, што гэтая чыгунка ў межах Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю ў 1873 г., і з гэтай прычыны яе будаўнікі ніяк не маглі ўдзельнічаць у забастоўках 1886 і 1894 г., якія былі арганізаваны рабочымі Гомельскіх майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі. Не адпавядае сапраўднасці заява аўтара пра тое, што ў пачатку 80-х г. на рабочы рух Беларусі значны ўплыў аказалі масавыя забастоўкі пралетарыяту Польшчы.

У параграфе 2 асвятляецца таксама народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух. Адносіны народнікаў да капіталізму выказаны коратка: „Ім не падабаўся (?) капіталізм, які суправаджаўся (?) пралетарызацыяй дробных уласнікаў”. Сутнасць і значэнне публіцыстыкі народнікаў-беларусаў першай паловы 80-х г. засталіся не раскрытымі. Праігнараваўшы адпаведныя публікацыі, аўтар не адзначыў галоўнае ў іх дзейнасці — тое менавіта, што яны тэарэтычна абгрунтавалі існаванне самастойнага беларускага этнасу і сфармулявалі права беларусаў на ўласную дзяржаўнасць. Групы народнікаў-беларусаў былі зліквідаваны ў сярэдзіне 80-х г. Ніякіх звестак пра тое, што яны, па словах І.Качалава, перажывалі нейкі „значны крызіс”, няма. Ліберальная плынь у народніцтве памылкова называецца „рэфарматарскай”. Ліберальныя народнікі паўстаюць у ролі нейкіх дзяржаўных дзеячаў („галоўную ўвагу звярнулі на рэфармаванне (?) зямельнага заканадаўства”) . Беспадстаўна сцвярджаецца, што ў пляханаўскай групе „Вызваленне працы” актыўна ўдзельнічалі беларускія народнікі А. Трусаў і С.Ляўкоў, паэт-дэмакрат А.Гурыновіч („удзел” першага з іх абмежаваўся фактам продажу групе друкарні; другі працаваў у гэтай друкарні ў якасці наборшчыка, але членам групы не з’яўляўся; трэці ў пачатку 90-х г. усяго толькі спрабаваў выпісаць у Пецярбург для нелегальнага студэнцкага гуртка некаторыя выданні групы).

У параграфе застаўся зусім не раскрытым працэс утварэння агульнагарадскіх сацыял-дэмакратычных арганізацый у заходніх губернях, які адбываўся на аснове пераходу ад вузкай гуртковай прапаганды марксізму да масавай эканамічнай агітацыі сярод рабочых. Гэты працэс у Беларусі і Літве пачаўся раней, чым у Пецярбурзе, і паводле ўласнай праграмы, выкладзенай у рукапіснай брашуры А.Крэмера „Аб агітацыі”. Таму беспадстаўнай з’яўляецца спроба аўтара адрадзіць схему мясцовага гістпарта пры ЦК КПБ, паводле якой „пералом” (?) у дзейнасці сацыял-дэмакратычных арганізацыяў Беларусі наступіў пасля 1895 г., калі ў Пецярбургу пад кіраўніцтвам Леніна быў створаны „Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа”. Мясцовыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на пачатковым этапе сваёй дзейнасці выключнае значэнне надавалі эканамічнай, а не палітычнай агітацыі, як сцвярджаецца ў кнізе (345).

Цалкам па-за ўвагай аўтара засталіся ўздым рабочага руху ў Беларусі і якасныя змены ў ім у другой палове 90-х г., утварэнне і дзейнасць рэгіянальных сацыял-дэмакратычных арганізацый (Рабочага саюза Літвы і Бунда). Не згаданы і факт правядзення ў Менску I з’езда РСДРП.

Выклікае здзіўленне заключная выснова параграфа, у якой аўтар канстатуе, што ў „другой палове ХIХ ст. рэвалюцыйны рух на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, яшчэ не дасягнуў сваёй асноўнай мэты — самадзяржаўе і звязаная з ім сацыяльна-эканамічная і палітычная сістэма працягвалі існаваць”. Для чаго і дзеля каго гэта гаворыцца?

З выкарыстання састарэлай, апублікаванай у другім томе „Гісторыі Беларускай ССР” статыстыкі выступленняў рабочых (275—276), пачынае параграф 3 і В.Лютава. Пры гэтым дапускае адвольныя маніпуляцыі з паказчыкамі (345). На пазначаных старонках другога тома прыведзеныя дадзеныя за 1901—04 г. аб колькасці эканамічных і палітычных стачак (58) і вулічных дэманстрацыяў (25), якія параўноўваюцца з адпаведнымі паказчыкамі за папярэдні 6-гадовы перыяд (53 стачкі і 8 дэманстрацыяў). В.Лютава адносіць першыя два паказчыкі да перыяду 1900(?)—1904 г., прычым дэманстрацыі ператварае ў палітычныя забастоўкі . Для параўнання прыводзіць і два другія паказчыкі (53 і 8), адносячы іх таксама да 6-гадовага папярэдняга перыяду, хоць у ім пасля далучэння (без пераразліку дадзеных) 1900 г. да наступнага перыяду засталіся не 6, а 5 гадоў. Навошта спатрэбіліся скажэннні ў статыстыцы, зразумець немагчыма.

А на с.350 сутыкаемся з новым статыстычным „сюрпрызам”. Тут В.Лютава выкарыстала вынікі падлікаў выступленняў рабочых з манаграфіі М.В.Біча „Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 г.” (ці з яго ж тэкста ў „Нарысах гісторыі Беларусі”, ч.I. Мінск, 1994). Падсумаваўшы колькасць эканамічных і палітычных стачак і дэманстрацыяў за 1901—04 г. (масоўкі пакінутыя без увагі), яна атрымала 467 „розных выступленняў”, забыўшыся, відаць, што на с.345 сума стачак і дэманстрацый за той жа перыяд складае 83 (58+25). На с.349, выкарыстаўшы дадзеныя другога тома „Гісторыі Беларускай ССР”, аўтар адзначыла, што ў 1900—03 г. пераважалі эканамічныя стачкі, а на с.350 фігуруюць паказчыкі з манаграфіі М.Біча, якія сведчаць, што палітычныя стачкі ў 1903 г. па колькасці ўдзельнікаў больш чым удвая пераўзыходзілі эканамічныя. Ні аўтар, ні рэдактары не заўважылі гэтых відавочных супярэчнасцяў. Як жа з імі разбярэцца чытач, студэнт, якому адрасавана кніга?

Галоўны сюжэт параграфа 3 — фармаванне палітычных партыяў. Асвятленне яго В.Лютава пачынае блытанай, па сутнасці памылковай, характарыстыкай перыяду. „Асаблівасцю палітычнага развіцця , — піша яна, — было тое, што ў сувязі з параўнальна нядоўгім існаваннем капіталістычных адносін працэс класавай дыферэнцыяцыі (?) і фарміравання нацыянальнай самасвядомасці на Беларусі (?) не скончыўся” (?). „Класавая дыферэнцыяцыя” пачалася ў Беларусі ў эпоху разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і завяршылася ў ХIII—ХVI ст. з’яўленнем і юрыдычным афармленнем класаў-ста наў феадальнага грамадства, на аснове разлажэння якіх пад уплывам буржуазных рэформаў і развіцця капіталістычных адносінаў у 60—90-я г. ХIХ ст. адбываўся працэс фармавання класаў новага, буржуазнага грамадства — пралетарыяту і буржуазіі. Гэты працэс, як адзначана вышэй, застаўся неасветле ным у папярэдніх тэкстах. А тут, у сувязі з фармаваннем палітычных партыяў у канцы ХIХ — пачатку ХХ ст., В.Лютава характарызуе яго зусім неадпаведным паняццем „класавая дыферэнцыяцыя”.

Не можа не выклікаць пытанняў і тэза наконт незавершанасці фармавання нейкай адзінай нацыянальнай самасвядомасці ў шматнацыянальнай Беларусі. Хіба не завяршыўся гэты працэс сярод мясцовых польскіх і рускіх дваран-земле ўласнікаў, расійскіх і русіфікаваных мясцовых чыноўнікаў, інтэлігенцыі, праваслаўнага і каталіцкага духавенства, а таксама яўрэйскай гандлёвапрамысловай буржуазіі і інтэліген цыі, якая ў значнай частцы актыўна далучылася да розных кірункаў сіянісцкага руху і ў той ці іншай ступені падтрымала ідэю аб існаванні яўрэйскай нацыі? Незавершанасцю класавай дыферэнцыяцыі і фармавання „нацыянальнай самасвядомасці на Беларусі” аўтар беспаспяхова спрабуе растлумачыць „разнастайнасць палітычных партыяў і напрамкаў (у тым ліку агульнарасійскіх)” і „ярка акрэслены нацыянальны фактар у дзейнасці многіх з іх” (?). Да ліку „перлаў” можна аднесці і тэзу аб тым, што характэрнай рысай палітычнага жыцця ў Беларусі ў 1900—04 г. была „амаль поўная адсутнасць палітычных свабод ва ўмовах самадзяржаўя ” (?).

На с.346—347 прыведзены звесткі пра узнікненн е СДКП і СДКПіЛ, Бунда, РСДРП і яе фракцый (бальшавікоў і меншавікоў), РППВР і ПСР, аднак іх праграмы і ідэйна-палітычныя пазіцыі, месца і роля ў рэвалюцыйным руху Беларусі не ахарактарызаваны. Ацэнка арганізацыйных узаемаадносін бальшавікоў і меншавікоў завяла аўтара (у параграфе з храналагічнымі рамкамі 1900—04 г.) ажно ў 1912 г., калі Ленін, цытуем, „адмовіўся ад сур’ёзнага супрацоўніцтва з меншавікамі”, а яны, у сваю чаргу, „зрабілі тое самае (?) у адносінах да бальшавікоў”. У якасці тэарэтычнай адметнасці ПСР, між іншым, адзначана яе імкненне „стварыць самабытны, нацыянальны (?) сацыялізм”.

Асабліва не пашанцавала ў асвятленні В.Лютавай ППС, Бунду і сіянісцкім партыям. Характарыстыкі ім дадзены адвольныя, унутрана супярэчлівыя, далёкія ад гістарычных рэаліяў. Галоўная праграмная мэта ППС — аднаўленне незалежнай польскай дзяржавы — не названа. „Частка яе дзеячоў, — піша В.Лютава, — выступала за саюз польскіх і рускіх рэвалюцыянераў супраць самадзяржаўя (дзеля чаго?), астатнія адмовіліся ад сацыяльнай барацьбы з царызмам (?) і прапагандавалі ідэю паўстання (супраць каго?) разам з беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі з мэтай устанаўлення незалежных нацыянальных рэспублік” (348).

Бундам, паводле Лютавай, „кіравалі не схільныя да радыкалізму рэвалюцыянеры” (346). А хіба ўвогуле могуць быць рэвалюцыянеры, не схільныя да радыкалізму? Нідзе не адзначана, што Бунд быў адным з заснавальнікаў РСДРП і знаходзіўся ў яе складзе да лета 1903 г., што ў 1898—1903 г. ён прадстаўляў у Беларусі РСДРП і кіраваў рабочым рухам, што пераход рабочых Беларусі ад эканамічнай да палітычнай барацьбы ў пачатку ХХ ст. адбыўся менавіта пад яго кіраўніцт вам, што на II з’ездзе РСДРП дэлегацыя Бунда галасавала за рэвалюцыйную праграму (з пунктам аб дыктатуры пралетарыяту!), распрацаваную рэдакцыяй „Искры”. Не адзначаны і разыходжанні Бунда з РСДРП па арганізацыйных пытаннях, якія прывялі яго да выхаду з агульнарасійскай рабочай партыі, што, у сваю чаргу, выклікала неабходнасць для апошняй стварэння сваіх, незалежных ад Бунда, арганізацый у беларускіх губернях. Усё гэта абыдзена. У выніку для чытача кнігі застануцца незразумелымі не толькі пазіцыі і роля Бунда ў рабочым руху Беларусі, але і ўмовы ўтварэння і дзейнасці тут груп і камітэтаў РСДРП. Замест асвятлення рэальнай гісторыі В.Лютава на с.348 прапануе чытачу прымітыўныя разважанні -выдумкі. „Яго (Бунда) рэвалюцыйнае крыло, — піша аўтар, — змыкалася з пралетарыятам іншых нацыянальнасцяў (?) у барацьбе супраць самадзяржаўя , правыя ж стаялі на нацыяналі стычных пазіцыях, працуючы толькі сярод яўрэйскага насельніцтва (у гэтым нацыяналізм?) і выступаючы за буржуазна -дэмакратычную рэспубліку ” (яе можна было ўсталяваць без барацьбы з самадзяржаўем?). Цалкам памыляецца аўтар, сцвярджаючы, што на базе правага крыла Бунда ў 1905 г. была сфармавана Сіянісцка-сацыялістычная рабочая партыя. Такой жа памылковай з’яўляецца і тэза, быццам „Паалей-Цыён” быў „партыяй артадаксальных сіяністаў”.

Па ўсім тэксце параграфа Бунд падаецца не як сацыял-дэмакратычная арганізацыя, а на с.350 ён фактычна абвяшчаецца нацыяналістычнай арганізацыяй яўрэйскай ліберальнай буржуазіі. Аднак на с.352, у высновах, чытач сустрэнецца з новым „сюрпрызам”: тут аўтар без тлумачэнняў адносіць Бунд да сацыял-дэмакратычнага крыла рэвалюцыйна-дэмакратыч нага лагера. Разбірайся, студэнт!

Сацыял-дэмакратыю ў Беларусі В.Лютава фактычна атаясамлівае з мясцовымі групамі і камітэтамі РСДРП, якія ўзніклі пасля II з’езда партыі (347). Пры гэтым да неверагоднасці перабольшвае маштабы іх дзейнасці і ўплыву на масы, сцвярджаючы, быццам „напярэдадні рэвалюцыі паліцыя выявіла выданні РСДРП у 134 населеных пунктах Беларусі, і іх колькасць раўнялася колькасці выданняў (ці месцаў распаўсюджання выданняў?) іншых партый і груп”.

Адносна больш узважана асветлена ўзнікненне БСГ і яе палітычнае аблічча. Аднак праграма БСГ паказана з істотнымі купюрамі, недакладна. Чамусці зусім не кранаецца пазіцыя па нацыянальным пытанні, а менавіта — імкненне БСГ да стварэння пасля ліквідацыі царызму незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, заяўленае ў праграме 1903 г. Наконт права народаў Расіі на аўтаномію ў гэтай праграме не гаварылася нічога. Не было ў ёй палажэння пра абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і патрабавання нацыянальнай школы, пра што сцвярджае В.Лютава. Абыйдзена па сутнасці і аграрная праграма, якая прадугледжвала сацыялізацыю зямлі і ўраўняльнае размеркаванне яе паводле працоўнай нормы. Не сказана, што шлях да сацыялістычнай гаспадаркі БСГ бачыла ў распаўсюджанні „ідэі ўсестаронняга сябравання і таварыстваў”, г.зн. добраахвотнай кааперацыі. Няясна, у чым выяўляўся нацыяналізм Грамады, а таксама „значны ўплыў” на беларускі нацыянальны рух польскага і расійскага вызваленчага рухаў (349).

Канстатуючы прыналежнасць БСГ да народніцкай плыні ў рэвалюцыйна-дэмакратычным лагеры, В.Лютава нечакана зрабіла абсалютна нелагічную выснову: „правае крыло беларускага нацыянальнага руху арганізацыйна аформілася значна пазней за рэвалюцыйна-дэмакратычнае” (352). Ніякіх фактаў, якія пацвярджалі б дадзеную псеўдавыснову, у параграфе няма.

„Да пачатку рэвалюцыі 1905—1907 г.,— сцвярджае В.Лютава, — сфарміраваліся тры палітычныя лагеры” (350). Аднак неўзабаве сама абвяргае гэтую тэзу, заяўляючы, што партыі кансерватыўнага і ліберальна-буржуазнага лагераў пачалі фармавацца толькі ў другой палове 1905 г. Пры асвятленні гэтага сюжэта аўтар выходзіць за храналагічныя рамкі параграфа. Сітуацыя ў Беларусі, звязаная з ўтварэннем правых і ліберальна-буржуазных арганізацыяў, ахарактарызавана занадта спрошчана і недакладна.

Нельга не звярнуць увагу на „трохчасткавую” назву параграфа 3 — „Фарміраванне палітычных партый. Нацыяналь нае адраджэнне. Першыя палітычныя арганізацыі”. Тэза пра нацыянальнае адраджэнне цьмяная (якая ўласна нацыя маецца на ўвазе). У адносінах да беларускага этнасу яна відавочна дачасная, бо беларускае нацыянальнае адраджэнне пачалося ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 г. і разгарнулася ў „нашаніўскі” перыяд. Аўтар, здаецца, адносіць яе да сюжэту пра ўтварэнне БСГ, але ён, гэты сюжэт, „закрываецца” тэзай „фарміраван не палітычных партый”. Відавочна лішняя ў загалоўку і тэза „першыя палітычныя арганізацыі”.

„Трохчасткавы” і не зусім дакладны загаловак мае і параграф 4 „Рэвалюцыя 1905—07 г. Палітычнае становішча ў паслярэвалюцыйныя гады (?). „Нашаніўскі перыяд” беларускага нацыянальнага руху” (аўтар В.Лютава). У ім таксама нямала адступленняў ад гістарычных рэаліяў. Да ліку памылковых адносяцца сцвярджэнні пра тое, што многія сялянскія выступленні ў студзені—красавіку 1905 г. мелі палітычны характар, што найбольш значнай у Беларусі ў гэты час была дзейнасць арганізацыяў эсэраў, што тактыка, распрацаваная III з’ездам РСДРП, дазволіла згуртаваць рэвалюцыйныя сілы, што пасля з’езду „выступленні рабочых адбываліся нярэдка пад аб’яднаным кіраўніцтвам РСДРП, эсэраў, бундаўцаў, БСГ”, што „булыгінская” Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцт вы (345—356).

Бунд, эсэры, БСГ, заяўляе аўтар, не звязвалі байкот Думы з узброеным паўстаннем. Але гэта пярэчыць вядомым фактам. Адозву „Да ўсяго народа” ад 7 снежня 1905 г., якая фактычна заклікала да ўзброенага паўстання, разам з Пецярбургскім саветам рабочых дэпутатаў і РСДРП падпісалі Бунд і ПСР. Яна, дарэчы, была перавыдадзена Мінскім кааліцыйным саветам, у які ўваходзілі прадстаўнікі мясцовых камітэтаў РСДРП, Бунда і ПСР, і Віцебскім камітэтам ПСР[11]. БСГ у пачатку снежня 1905 г. перавыдала ў перакладзе на беларускую мову Маніфест Пецярбургскага савета рабочых дэпутатаў, Галоўнага камітэта Усерасійскага сялянскага саюза, ЦК і АК РСДРП, ЦК ПСР і ЦК ППС, які заклікаў да ўсенароднага фінансавага байкоту царскага ўрада, і далучыла свой подпіс да згаданых арганізацыяў і партыяў. Сумесныя палітычныя акцыі такога кшталту Ленін ацэньваў як праявы тактыкі левага блоку, як спробу ажыццявіць на справе „ідэю дыктатуры пралетарыята і сялянства”[12].

Не адпавядаюць сапраўднасці сцвярджэнні, што ў БСГ у кастрычніку 1905 г. „узмацніўся раскол”, што „буржуазна -дэмакратычнае крыло яе з ухваленнем сустрэла царскі маніфест” (357).

У параграфе па сутнасці абыдзены пытанні, звязаныя з I і II Дзяржаўнымі думамі. В.Лютава абмежавалася толькі канстатацыяй таго, што на выбарах у II Думу ў Беларусі левыя партыі пацярпелі паражэнне, а перамаглі „дзве шавіністыч на-клерыкальныя групоўкі — руская праваакцябрысцкая і польская аўтанамісцкая, якія адмаўлялі існаванне беларуска га этнасу і нацыянальных інтарэсаў беларускага народа” (359). Гэта пры тым, што па краіне ў цэлым левыя партыі атрымалі ў Думе 222 месцы з 384. Кантраснасць сітуацыі кідаецца ў вочы, патрабуе тлумачэння, якога, на жаль, чытач у кнізе не знойдзе.

Вельмі скупа (на паўтары старонкі) асветлены „нашаніўскі перыяд” беларускага нацыянальнага руху. Аўтар канстатуе, з аднаго боку, распад падпольнай БСГ пасля трэцечэрвеньска га дзяржаўнага перавароту, а з другога — інтэнсіўны працэс умацавання ў ім „рэвалюцыйна-дэмакратычных сіл”. Фактаў, якія пацвярджалі б гэтую тэзу, не прыводзіцца. Невядома і ў чым праяўляўся згаданы працэс. Галоўнае месца ў „Нашай Ніве”, на думку Лютавай, адводзілася матэрыялам, якія адлюстроўвалі нацыянальны характар беларусаў (?). Барацьба „Нашай Нівы” супраць курса ўрадавай палітыкі на раскол беларускага насельніцтва па канфесійнай прыкмеце на „рускіх” і „палякаў” і асімілятарскай дзейнасці расійскіх і польскіх шавіністычных груповак за прызнанне факта існавання самастойнага беларускага этнасу і яго права на роўнасць з іншымі народамі ў кнізе, на жаль, не паказана. Няслушна расстаўле ны акцэнты ў фразе: „Намаганнямі яе („Нашай Нівы”) выдаўцоў і актыву выхавана і далучана да вызваленчай барацьбы плеяда пісьменнікаў-класікаў ” (названы Я.Купала, Я.Колас, А.Пашкевіч, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны). У выніку згаданыя пісьменнікі-класікі выведзены з ліку актыўных суб’ектаў нацыянальнага руху, яго творцаў і кіраўнікоў і ператвораны ў аб’ект уздзеяння выдаўцоў „Нашай Нівы” і яе актыву. Яны апынуліся нават па-за актывам газеты. Дапушчаны і факталагічныя памылкі: часопіс для моладзі называўся не „Лучына”, а „Лучынка”, выданне альманаха „Маладая Беларусь” арганізавала не рэдакцыя „Нашай Нівы”, а пецярбургскае беларускае выдавецтва „Загляне сонца і ў наша ваконца”, дарэчы, ні разу не згаданае ў кнізе.

Гісторыі Беларусі перыяду першай сусветнай вайны і Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі прысвечана глава, аўтарам якой з’яўляецца прафесар Г.С.Марцуль. Змест параграфа 1 „Пачатак і прычыны першай сусветнай вайны. Адносіны да вайны розных класаў і партый” амаль цалкам, за выключэннем двух абзацаў, заснаваны на фактуры ўсеагульнай гісторыі і непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі не мае. Адпаведны (да таго ж больш дакладна выкладзены) матэрыял студэнты могуць знайсці ў падручніках па ўсеагульнай і расійскай гісторыі. Навошта было дубляваць яго ў кнізе па гісторыі Беларусі?

Выклікае пытанні і адзін са згаданых „беларускіх” абзацаў, у якім аўтар сцвярджае (369), што „ў Беларусі на пачатку вайны шавіністычна настроены былі большасць багатых сялян і сераднякоў, частка вясковай і гарадской беднаты і нават найбольш адсталыя групы рабочых”. Думаецца, што ў дачыненні да масы працоўных сялян і гараджан нельга ў прынцыпе дастасоўваць паняцце „шавінізм”. Здзіўляе і тое, што аўтар спрабуе вызначыць і нейкія колькасныя суадносіны „шавіністычна настроеных” сялян па іх сацыяльна-класавым становішчы, бо ніхто і ніколі не высвятляў іх у такім разрэзе ні статыстыч нымі, ні сацыялагічнымі метадамі. Незразумелы таксама крытэрый вызначэння „найбольш адсталых груп рабочых”. А заключная фраза абзаца — „Увогуле ж пралетарыят Беларусі адкрыта выступаў супраць імперыялістычнай вайны” (?!) — абсалютна разыходзіцца з гістарычнымі рэаліямі часу і ўводзіць чытача ў зман. Масавыя стыхійныя выступленні прызыўнікоў -сялян у час мабілізацыі ў ліпені 1914 г., якія суправаджаліся разгромам і рабаваннем памешчыцкіх маёнткаў і крамаў яўрэйскіх гандляроў у мястэчках і гарадах, аўтар на с.369 беспадстаўна трактуе як пратэст супраць увядзення жорсткага ваенна-паліцэйскага рэжыму і ацэньвае як „антываенныя”, а на с.374 супярэчыць сабе, заяўляючы, што „гэты рух нельга лічыць рэвалюцыйным, як сцвярджалася раней”.

Блытана асветлена пытанне пра канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, абвешчаную Універсалам ад 19 снежня 1915 г. (375). Аўтар тлумачыць гэты дакумент як дамову беларускіх дзеячаў з кіраўнікамі літоўскіх і яўрэйскіх суполак (прапушчаны польскія) „аб усталяванні ў будучай дзяржаве канфедэратыўнага ладу“. Разам з тым заяўляе, што літоўскія, беларускія, польскія і яўрэйскія суполкі „пачалі ўтварэнне канфедэрацыі на аснове незалежнасці Літвы і Беларусі як адзінай дзяржавы “. Адзначае і адозву „Грамадзяне”, выдадзеную ў лютым 1916 г., у якой быццам выкладаліся „прынцыпы палітычнага ладу будучай канферэдэрацыі”. Такім чынам Г.Марцуль паняцце „канфедэрацыя”, выкарыстанае ў названых дакументах як сінонім паняццяў „саюз”, „аб’яднанне” літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацыяў, падае як форму будучага дзяржаўнага ладу Вялікага Княства Літоўскага. На самой справе гэтае пытанне канфедэратамі не вырашалася. Больш за тое, у згаданай адозве да грамадзян прама заяўлялася, што яго павінен быў вырашыць устаноўчы сойм краю, выбраны агульным, роўным, простым і тайным галасаваннем.

Супярэчліва і нематывавана выкладзены пазіцыі нямецкіх уладаў па пытаннях дзяржаўнага ўладкавання акупаванай беларуска-літоўскай тэрыторыі. На с.375 сказана, што яны абвясцілі пра падпарадкаванне заходнебеларускіх зямель „польскай кароне”, а на наступнай — што кайзераўская Германія, імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу на захопленай тэрыторыі , ажыццявіла адпаведныя захады, каб, па-першае , не даць магчымасці стварыць самастойную дзяржаву , а па-другое — прадухіліць поўнае засілле Польшчы на гэтых землях”. У святле прыведзенай цытаты немагчыма зразумець падтрымку акупантамі ідэі ўтварэння Літоўскай дзяржавы з уключэннем у яе межы беларускіх земляў, пра якія гаворыцца на с. 377.

Нельга пагадзіцца з надуманым супрацьпастаўленнем дзвюх блізкіх па нацыянальным духу беларускіх газет „Дзянніца” і „Swietaи”, якія ў лістападзе — снежні 1916 г. легальна выдаваліся ў Петраградзе (у кнізе памылкова дададзена „і Мінску”) З.Жылуновічам і Э.Будзькам. Зыходзячы з класавых пазіцый, аўтар фактычна асуджае „Светач” (выдавалася „рэлігійна-клерыкальнымі дзеячамі”, „прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе беларускія сілы да ажыццяўлення „беларускага нацыянальнага ідэалу”). „Дзянніца” ж, па яго словах, „адлюстроўвала рэвалюцыйна-дэмакратычны характар беларускага нацыянальнага руху” (с.377). Не ўлічвае пры гэтым, што папярэдняя цэнзура, уведзеная на пачатку вайны, нічога падобнага прапусціць у друк не магла. Так што тэзы Г.Марцуля аб „рэвалюцыйна-дэмакратычным” ці „рэвалюцыйна-нацыяналь ным” характары „Дзянніцы” абсалютна няслушныя. Не было патрэбы цэнзарам абвінавачваць газету ў тым, што яна „служыла Германіі”, бо магчымасць публікацыі антырасійскіх, ці пранямецкіх матэрыялаў, як і рэвалюцыйных, была выключана. Як недарэчная ў адносінах да тагачаснай сітуацыі ўспрымаецца фраза: „Дзянніца” прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў цесным саюзе з рускім народам” (378).

Занадта аб’ёмным атрымаўся агульнарасійскі „фон” і пры асвятленні пачатку Лютаўскай рэвалюцыі (378—381). Нягледзячы на некаторыя адступленні ад ранейшых гістарыягра фічных штампаў, аўтар у галоўным застаўся на зыходных бальшавіцка-ленінскіх пазіцыях. Кіруючыся ленінскімі ўстаноўкамі, ён папракае меншавіцка-эсэраўскае кіраўніцтва Саветаў за тое, што яно баялася ўзяць уладу ў свае рукі і пайшло на змову з буржуазіяй у справе стварэння Часовага буржуазнага ўрада (380). На с.382 Г.Марцуль асуджае фактычнае падпарадкаванне мясцовых Саветаў органам Часовага ўрада і ўдзел іх у фармаванні гэтых органаў. Пытанне, да чаго прывяло б узяцце ўлады Саветамі ў красавіку 1917 г., магчымае ў Петраградзе і крайне праблематычнае на ўсёй астатняй тэрыторыі Расіі, на жаль, не разглядаецца.

Як і раней і па сутнасці тымі ж словамі Г.Марцуль піша пра ўсталяванне ў краіне двоеўладдзя, вызначыўшы яго як „перапляценне дзвюх дыктатур” — дыктатуры буржуазіі, якую ўвасабляў Часовы ўрад”, і „рэвалюцыйна-дэмакратычнай дыктатуры пралетарыяту і сялянства”, г.зн. Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Аўтар не задумваецца, ці правамерна выкарыстанне паняцця „дзве дыктатуры” у дачыненні да палітычна слабога ўрада, які дзейнічаў у краіне з поўнай свабодай слова, друку, сходаў, саюзаў, з аднаго боку, і Саветаў, якія ўдзельнічалі ў фармаванні гэтага ўрада і яго мясцовых органаў, добраахвотна падпарадкоўваючыся ім, з другога.

Апісанне першых дзён Лютаўскай рэвалюцыі ў Менску суправаджаецца сенсацыйным „адкрыццём”. „Былі арыштаваны, — піша Г.Марцуль, — камандуючы фронтам, начальнік штаба, камендант горада” (381). Адным словам, Заходні фронт у пачатку сакавіка 1917 г. быў абезгалоўлены. З кантэксту вынікае, што зрабілі гэта „баявыя дружыны мінскіх рабочых”, якія 2 сакавіка вызвалілі з турмы 400 палітычных зняволеных. Фантастычнасць „адкрыцця” відавочная. Тым не менш яно трапіла ў навучальны дапаможнік для студэнтаў. А з 1996 г. з ім знаёмяцца настаўнікі і вучні агульнаадукацыйнай школы (паводле дапаможніка пад рэдакцыяй Я.К.Новіка і В.А.Цяпловай, адрасаванага вучням 11 класа).

Дзеючыя праграмы па курсу айчыннай гісторыі для 10—11 класаў агульнаадукацыйнай школы патрабуюць асвятлення гісторыі Беларусі ў кантэксце славянскай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі з шырокім выкарыстаннем гістарычна -параўнальнага метада. У яшчэ большай ступені такое патрабаванне павінна прад’яўляцца да дапаможнікаў, адрасаваных студэнтам ВНУ. Аднак у разгледжаных раздзелах няма нават спробы такога падыходу да асвятлення айчыннай гісторыі.

Як відаць са сказанага, дадзенае ў кнізе асвятленне гісторыі Беларусі канца ХVIII — пачатку XX ст. ні ў навуковых, ні ў метадычных адносінах не адпавядае патрабаванням да навучальнага дапаможніка.

Міхась Біч


[1]Хрестоматия по истории Белоруссии. Минск, 1977. С.106.
[2]Пачынальнікі. Мінск, 1977. С.131—136.
[3]Беларуская літаратура. Хрэстаматыя. Мінск, 1978. С.104 — 105.
[4]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т.ІІ. Мінск, 1940. С.372.
[5]Тамсама. С.373 — 374.
[6]Тамсама. С.376.
[7]Гісторыя Беларускай ССР. Т.2. Мінск, 1972. С.88.
[8]Гісторыя Беларускай ССР. Т.2. С.241, 471.
[9]Гісторыя Беларускай ССР. Т.2. С.439 — 440.
[10]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т.ІІ. Мінск, 1940 (Уводзіны).
[11]История рабочего класса БССР. Т.І.С.249.
[12]Ленін. Творы. Т.15. С.344—345.

Наверх

Tags: ,