Новы нумар


Ігар Клімаў. Да біяграфіі Васіля Цяпінскага


З усіх дзеячоў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпін­скага, напэўна, найменш вядомая. І гэта пры тым, што пера­кладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з выдатнымі асветнікамі Беларусі. Але ён не толькі паслядоўнічаў справе сваіх славутых папярэднікаў (і значнай колькасці сваіх сучаснікаў), але шмат у чым пайшоў далей за іх.

Звесткі пра асобу Цяпінскага вельмі сціплыя і няпэўныя, нават час яго жыцця нельга вызначыць дакладней, чым 2–я палова XVI ст. У Літоўскай метрыцы адшуканы цэлы шэраг згадак пра Цяпінскага, але няма ўпэўненасці, што ўсе яны датычаць менавіта той асобы, якая пераклала і выдала Евангелле. Сябе Цяпінскі называе толькі аднойчы, у прадмове да Евангелля, якая захавалася ў адзіным рукапісе, што паходзіць са скрыпторыя Супрасльскага манастыра (Падляшша): Василеи Тяпинскіи. Апрача таго, вядомы адзін дрэварыт (дакладней, яго копія) з выявай Цяпінскага і подпісам Василь Тяпинскии[1]. Некалькі разоў Цяпін­скага як свайго аднадумца згадвае ў шэрагу твораў вядомы беларускі пратэстант Сымон Будны (называе яго: Basilem Ciapińskim, Wasila Ciapińskiego), з чаго вынікае, што Цяпінскі належаў да пратэстанцкага руху[2]. Пра гэта сведчыць і справа, якой займаўся Цяпінскі — пераклад ды выданне Св. Пісьма на народную мову. У сваёй прадмове да Евангелля Цяпінскі скрозь гаворыць пра „Навуку Слова Божага“, што таксама было тыпова для пратэстанцкага дыскурса.

Сціпласць гістарычных звестак пра Цяпінскага тлумачыцца, напэўна, тым, што пратэстантызм у Беларусі быў прынесенай з’явай і заставаўся вызнаннем меншасці. Хоць гэта была актыўная і адукаваная меншасць, пратэстанцкія супольнасці былі ізаляваныя ад іншых асяродкаў, што трымаліся традыцыйных вызнанняў, і жылі сваім адасобленым жыццём. Актыўнасць збору часта праходзіла ў баку ад афіцыйных устаноў і інстытуцый, і толькі па асобных культурных фактах кшталту літаратурных твораў ці перакладаў можна даведацца пра яе. Таму дзейнасць збору знаходзіла мінімальнае адлюстраванне ў публічных актах і толькі ўскосна набывала фіксацыю ў афіцыйным справаводстве, з нагоды, напрыклад, спраў вакол маёмасці. Больш надзейнымі крыніцамі звестак пра Цяпінскага магла б стаць эпі­сталярная і дакументальная спадчына польска–беларускай Рэфармацыі, але яна ў поўным аб’ёме яшчэ неда­статкова вывучаная.

Усе звесткі пра Цяпінскага, вядомыя на сённяшні дзень, можна падзяліць на дзве нераўнамерныя часткі. Да першай адносіцца толькі некалькі крыніц, што апавядаюць пра дзейнасць польска–літоўскіх антытрынітарыяў. Яны праліваюць святло на найбольш важны аспект бія­графіі Цяпінскага — яго канфесійнае становішча. Сведчанні гэтых крыніц цалкам адпавядаюць характару перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці Цяпінскага, якая вялася ў пратэстанцкім духу. Менавіта гэтыя сведчанні заслугоўваюць найбольшага даверу, чаго нельга сказаць пра другую частку звестак. Яны складаюцца са шматлікіх згадак пра Васіля Цяпінскага (або Цяпіна) ці проста Цяпінскага, а таксама Цяпінскіх з іншымі імёнамі, знойдзеных у розных юрыдычных і гаспадарчых дакументах сярэдзіны XVI — пачатку XVII ст., галоўным чынам у Літоўскай метрыцы. Усе гэтыя звесткі, як паказаў у свой час Лявіцкі, што найбольш крытычна падышоў да іх ацэнкі, „не можна зараз же тулити … до особи загадкового перекладача … Євангелїя, коли … немає виразного свідоцтва, що то власне про його йде мова…“[3]. А якраз такога сведчання пазбаўленыя згадкі гэтай часткі крыніц. Патрэбна адмысловая інтэрпрэтацыя, каб звязаць іх з асобай перакладчыка Евангелля ці наадварот, адхіліць зусім.

Асноўны масіў дакументаў, дзе згадваецца імя Цяпінскага, са­браў і абагуліў яшчэ напрыканцы XIX ст. М. Доўнар–Запольскі[4]. Паводле гэтых крыніц маёнткі Цяпінскага былі раскіданыя па розных кутках Беларусі: не толькі на Полаччыне, дзе існавала вёска з назвай Цяпіна (пад Чашнікамі), але на Міншчыне, Лідчыне, Віленшчыне і нават на пад Кіевам. З гэтых звестак вынікала, што Васіль Цяпінскі належаў да дробных землеўлас­нікаў, цярпеў ад самавольства заможных паноў і быў абмежаваны ў сродках. Дарэчы прыйшліся і нараканні самога Цяпінскага ў прадмове да Евангелля на абмежаванасць яго сродкаў і згадкі пра значныя высілкі дзеля выдання Евангелля[5].

Высновы Доўнара–Запольскага былі, аднак, узятыя пад сумнеў А. Лявіцкім[6]. Разбіраючы дакументы XVI ст., што пахо­дзяць з Валыні, ён знайшоў у іх вялікую колькасць згадак пра нейкага Васіля Цяпінскага. Супастаўленне гэтых крыніц з матэрыялам Доўнара–Запольскага вымушала прызнаць, што Цяпін­скі адначасова знаходзіўся ў розных мясцінах. Таму Лявіцкі за­ключыў, што „в другій половинї XVI в. істнував не один Василь Тяпинський, а одночасно їх було два“[7]. Гэта было натуральнай з’явай для шляхецкіх родаў ва ўмовах здрабнення феадальнага землеўладання[8]. З гэтай прычыны, сцвярджаў Лявіцкі, нельга давяраць ніводнаму акту, дзе згадваецца прозвішча Цяпінскага, калі „актові матеріяли не подають задля сього найменьшої підстави … про те, щоб той або инший Тяпинський хоч як небудь дотикався до літературних чи друкарських справ“[9]. Адсюль усе матэрыялы Доўнара–Запольскага, на думку Лявіцкага, губляюць сваю доказную сілу, бо ў іх няма „хочай би малого натяку на те, що се був власне той самий Тяпинський, що переклав і видав Євангелїє“[10].

Больш за тое, у нядаўняй працы У. Вяроўкіна–Шалюты[11] было паказана, што і сярод гэтых шляхцічаў Цяпінскіх з Беларусі ёсць два Васілі: „раней усё, што ведама пра Васіля Цяпінскага, прыпісвалася аднаму чалавеку, а іх было два“[12]. На падставе розных крыніц даследчык здолеў рэканструяваць генеалогію роду Цяпінскіх у XVI ст. і звязаць яго паходжанне з родам Слушкаў, вядомага з пачатку XVI ст. Ён высветліў, што ў братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх былі сыны, якія абодва насілі імя Васіль, і паставіў пытанне, хто з іх з’яўляецца перакладчыкам і выдаўцом Евангелля[13].

Хоць Лявіцкі заклікаў гісторыкаў да пэўнай асцярожнасці пры інтэрпрэтацыі крыніц, звязаных з Цяпінскім, аднак яго заклікі так і не былі ўзятыя пад увагу большасцю аўтараў, якія пісалі пра беларускага пратэстанта[14]. Па словах Лявіцкага, яны „звертались до инших історичних та литературних джерел і все, що тільки знаходили там про Василя Тяпинського, не вагаючись, прикладали до його особи“[15]. У выніку беларускаму пера­кладчыку было прыпісана шмат фактаў, якія ў сапраўднасці не маюць да яго дачынення.

Так, зусім невядома, якое імя па бацьку сапраўды меў Васіль Цяпінскі, „гэта ўжо пазьнейшыя дасьледчыкі яго творчасьці надалі яму бацьку Мікалая“[16], на той падставе, што ў другой палове XVI ст. адзін з уладальнікаў маёнтка Цяпіна, Мікалай Цяпінскі, меў сына Васіля. Аднак, як высветліла даследаванне Вяроўкіна–Шалюты, на Беларусі ў адну эпоху існавала два Васілі: стрыечныя браты Васіль, сын Матэя Цяпінскага, і Васіль, сын Мікалая Цяпінскага. І з актаў зусім не вынікае, хто з іх спрычыніўся да перакладу і выдання Евангелля. Другая частка (Амельяновіч) падвойнага прозвішча, якое настойліва надаюць Цяпінскаму, была звязана ўсяго толькі з назваю маёнтка (відаць, не родавага) у Латыголічах, але няма ўпэўненасці, што назва гэтага маёнтка ўваходзіла ў склад родавага прозвішча Цяпінскага[17]. Відаць, правільна лічыць, што прозвішча беларускага перакладчыка звязана з тапонімам Цяпіна[18], але няма ніякіх сведчанняў, што той Цяпінскі, які паводле розных крыніц дзейнічаў у Цяпіне, меў дачыненне да перакладу і друкарскіх спраў. Аднак усе такія „звесткі“ пра Цяпінскага надзейна замацаваліся ў даведніках і энцыклапедыях і падаюцца ў іх на правах ледзь не фактаў, хоць на самай справе яны ўяўляюць сабой толькі меркаванні ці гіпотэзы.

Кіруючыся папярэджаннямі Лявіцкага, „рішучо остерігавшого, щоб не валити всіх Тяпинських в одно“[19], трэба з належным крытыцызмам ставіцца да сведчанняў дакументальных крыніц і па–новаму ацэньваць іх вартасць. Адзіна надзейнымі трэба прызнаць толькі згадкі з пратэстанцкага лагера, якія характарызуюць Цяпінскага як удзельніка польска–беларускай Рэфармацыі.

Найбольшага даверу тут заслугоўваюць два сведчанні Сымона Буднага, якія ён даў мімаходзь у сваіх друкаваных творах. Пра гэта навуковаму свету паведаміў А. Брукнер[20], услед за якім гэтыя звесткі пачалі цытаваць іншыя аўтары[21]. Першая з іх знаходзіцца ў катэхізісе, што выдаў Будны пад назваю „O przedniey­szych wiary christiańskiej artikulech“ (Лоск, 1576), і паведамляе пра сход у 1574 г. аднадумцаў Буднага ў доме Васіля Цяпінскага[22]. Другая згадка знаходзіцца ў зборніку трактатаў Буднага пад назвай „O urzędzie miecza uїywającem“ (Лоск, 1583) і апавядае пра дыскусію па важным тэалагічным пытанні паміж Васілём Цяпінскім і двума вядомымі антытрынітарыямі — Мартынам Чаховічам і Аляксандрам Вітрэлінам, што адбылася ў 1578 г. на сустрэчы беларускіх і польскіх антытрынітарыяў у Лоску[23]. Апрача заўваг Буднага вядома і адна дакументальная натацыя пра нейкага Цяпінскага, які ў 1569 г. прымаў удзел у пратэстанцкім сінодзе ў Бэльжыцах[24]. Такім чынам, паводле гэтых крыніц Цяпінскі з канца 1560–х г. належаў да пратэстанцкага руху і быў прыхільнік ідэй Буднага.

Сведчанні, узятыя з дакументаў Літоўскай метрыкі і іншых юрыдычна–гаспадарчых актаў беларускага і ўкраінскага пахо­джання[25], можна аб’яднаць у некалькі груп. Кожная група згадак апавядае пра адну асобу (ці адно кола асоб), што насіла прозвішча Цяпінскі, аднак пакуль няясна, якое дачыненне ўсе яны маюць да перакладчыка і выдаўца Евангелля. Таму вядомыя згадкі, якія ніжэй падаюцца па групах у хранала­гічным парадку, не трэба разглядаць як дакументальны жыццяпіс беларускага пратэстанта.

Найбольш раннія з вядомых згадак прозвішча Цяпінскі ў XVI ст. паходзяць з канца 20–х г. У недатаваным дакуменце 1529 г. згадваецца „баярын трокскага павету“ Мікалай Амельяновіч Цяпінскі, якому віцебскі баярын Глеб Шапка разам з Васілём Рагозічам засталіся вінныя пэўную суму[26]. Але і праз дзесяцігоддзе, як сведчыць акт 1540 г., Мікалай Цяпінскі, названы цяпер ужо як „баярын гаспадарскі Полацкага павету“, усё яшчэ не мог 9 снежня 1540 г. спагнаць гэтую суму з Глеба Шапкі[27]. З гэтых крыніц вынікае, што Мікалай Цяпінскі меў маёмасць не толькі на Полаччыне, але і ў Трокскім павеце. Як „баярын зямлі полацкай“ Мікалай Цяпінскі шмат разоў (шэсць актаў ад 21 лютага 1533 г. з Полацка) згадваецца ў 16–й кнізе запісаў Літоўскай метрыкі[28]. У двух актах з гэтай кнігі ад 3 і 18 траўня 1534 г. ён разам з жонкай выступае ў судовай справе супраць пана Глеба Есмана[29]. З акта ад 12 лютага 1539 г. можна даведацца пра існаванне ў Мікалая брата Мацвея (Матэя) Цяпінскага, які падаваў на яго скаргу за абразу[30]. Відаць, да гэтай групы актаў можна далучыць „пазоўны ліст“, які быў напісаны ў студзені 1550 г. у Кракаве ад імя караля Жыгімонта–Аўгуста да ваяводзіны трокскай кн. Альжбэты Гальшанскай (народжанай Радзівіл)[31]. Яна (верагодна, пасля заканчэння тэрміну арэнды) трымала ва ўла­дзе „палавіцу“ (пэўную частку) „айчызнага“ мястэчка братоў Мікалая і Матэя Цяпінскіх, якое знаходзілася на зямлі іх маёнтка Цяпінскае, скаргу аб чым і падалі гэтыя браты разам са сваім родзічам Іванам Рыгоравічам Слушкам, кіеўскім гараднічым. Каралеўскі загад ад 13 жніўня 1563 г. надаваў Матэю Цяпінскаму „з братанічам яго“ вёску Галавенічы (14 двароў, 7 „службаў“) пад Магілёвам у якасці кампенсацыі за страту маёнтка на Полаччыне пад час акупацыі яе маскавітамі[32]. Нехта Фрэдрых Цяпінскі таксама атрымаў у 1563 г. 10 „службаў“ людзей у Барысаўскай воласці па прычыне знішчэння маскавітамі яго маёнтка[33].

Другая група дакументаў, найбольш шматлікая (14 актаў), аб’ядноўваецца згадкамі імя Васіля Цяпінскага, прычым у большасці выпадкаў няма сумневу, што гаворка ідзе пра адну асобу. Усе гэтыя акты адлюстроўваюць маёмаснае і сацыяльнае становішча Цяпінскіх, але маўчаць пра іх канфесійны стан. Зусім слушна заўважыў Доўнар–Запольскі, што „в них тщетно было бы искать определённых указаний на религиозные воззрения нашего автора“[34].

Тэстамент Матрэны Цяпінскай, складзены 9 чэрвеня 1563 г. у Вільні, апавядае пра падзел маёнтка Цяпіна з чэляддзю (прыдбанага ва ўласнасць ад яе мужа Мікалая) паміж трыма яе сынамі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім даручаецца Мікалаю Слушку[35]. Мімаходзь згадваецца ўнука Марына, а таксама пан Мікалай Осцік, у якога Васіль арэндаваў адзін маёнтак на тры гады і збіраўся гэты маёнтак выкупляць назаўсёды.

Развіццё гэтай калізіі можна назіраць ў чатырох актах, якія тычацца цяжбы вакол маёнтка Свіраны (Віленскі павет; 13 двароў), што быў закладзены Васілю Цяпінскаму старастам Мікалаем Осцікам. Брат памерлага старасты, Юры Осцік, у адсутнасць Цяпінскага зрабіў 18 ліпеня 1564 г. „наезд“ на гэты маёнтак, абрабаваў яго і захапіў частку ўгоддзяў. Пра гэта 19 ліпеня 1564 г. Цяпінскі падаў скаргу ў віленскі земскі „ўрад“[36] і апрача таго звярнуўся да караля. Згодна з каралеўскім мандатам і пад ўздзеяннем каралеўскага ўпаўнаважанага Осцік вярнуў Цяпінскаму захопленыя землі, але прадугледжанай мандатам кампенсацыі Цяпінскі так і не атрымаў. І таму ён звярнуўся з патрабаваннем яе ў суд. Патрабаванне было разгледжана 12 студзеня 1565 г. у пасяджэнні маршалковага суда пад час вальнага сойму ў Вільні[37]. Хоць суд і вынес пастанову аб спагнанні страт з Осціка, той нічога не плаціў. Дарэмна Цяпінскі двойчы (другі раз — 8 верасня 1566 г.) дамогся ад імя караля „напамінальнага ліста“ Осціку, дзе праз каралеўскага ўпаўнаважанага загадвалася ўвесці Цяпінскага (у якасці кампенсацыйнай меры) ва ўладанне часткай осцікавага маёнтка Казлішкі. Калі праз год упаўнаважаны Мацвей Івановіч пры сведках заявіўся на двор Осціка, каб увесці Цяпінскага ва ўладанне, Осцік ім абодвум учыніў асабістую абразу, заяву аб чым і зрабіў 6 снежня 1567 г. упаўнаважаны ў кнігу віленскага „гаспадарскага“ суда[38].

Яшчэ чатыры акты тычацца спраў Васіля Цяпінскага па двух маёнтках: Вярсоцкае (Лідскі павет; 11 цяглавых двароў і 14 чалавек чэлядзі) і Полькаўскае (Ашмянскі павет; 9 цяглавых двароў). Жонцы Ва­сіля Зоф’і Данілаўне, кн. Жыжэмскай, належала частка Вярсоцкага маёнтка, тады як другой часткай валодала яе сястра Кацярына разам са сваім мужам Васілём Міхайлавічам Скіпарам. Не раней за 1565 г., як мяркуе Доўнар–Запольскі, Зоф’я прадала ўласную частку свайму мужу. Пра гэта вядома з акта прымірэння ад 12 красавіка 1578 г. пасля спрэчкі са Скіпарамі пра падзел маёнтка[39]. Сваёй часткай маёнтка Вярсоцкае Васіль памяняўся (акт ад 28 лютага 1579 г.) з „зямянінам ашменскім“ Мікалаем Янавічам Брацішэўскім, які валодаў маёнткам Полькаўскае, запіс аб чым быў унесены ў віленскія кнігі 24 сакавіка 1579 г. Пацверджанне гэтай падзеі дае і заява Цяпінскага ад 30 сакавіка 1579 г. аб верыфікацыі яго „менаванага ліста“, які быў пашкоджаны („інкавустам замазаўся“)[40].

Ёсць згадкі, што ў 1578 г. нехта Васіль Цяпінскі быў аршанскім падстарастам[41].

Тры акты асвятляюць крымінальную справу „зямян гаспадарскіх ваяводства Полацкага“ Абраама і Канстанціна Цяпін­скіх з „баярамі“ Менскага ваяводства Гедройтамі ў мен­скім гродскім судзе[42]. У першым дакуменце ад 1 сакавіка 1600 г. заяўлена пра напад Гедройтаў, якія 27 лютага „збілі кіймі“ братоў Цяпінскіх у стадоле „на Кройску“. Цяпінскія ехалі на той час з маёнтка іх маці Зоф’і, кн. Жыжэмскай, у Полацк на суд (які меў адбыцца 1 сакавіка 1600 г.) з „зямянамі гаспадарскімі“ Полацкага павета Іванам і Васілём Мацвеевічамі[43] Цяпінскімі па справе „аб забіцці цераз іх айца нашага пана Васіля Цяпінскага“. З акта 9 сакавіка 1600 г. аб асведкаванні ран і пабояў, якія ўчынілі ім Гедройты (пра што было ўпісана 18 сакавіка 1600 г. у кнігі менскага гродскага суда), можна даведацца, што Абраам і Канстанцін выехалі з маёнтка сваёй маці 7 лютага 1600 г. З трэцяга дакумента высвятляецца і назва гэтага маёнтка — Латыголы (Менскі павет), які адначасова меў найменне Амельяноўшчына. У гэтым дакуменце бацька двух малодшых Гедройтаў скардзіцца 30 сакавіка 1600 г. у менскі гродскі „ўрад“ на Канстанціна Цяпінскага, які 23 сакавіка 1600 г. напаў на Гедройтаў у той самай зла­шчаснай стадоле, збіў іх і абрабаваў.

Вядома крыніца[44], згодна якой спадчыну Васіля Цяпінскага — маёнтак Цяпіна — дзеляць двое яго сыноў Абрам і Тобіяш. Недзе ў 1603 г. Тобіяш захапіў „сядзібу старую нябожчыка айца іх“ і выгнаў адтуль Абрама (названага ў гэтым акце Цяпінскім Амельянавічам). Потым, відаць, паміж імі адбылося пагадненне, паводле якога Абрам мусіў атрымаць кампенсацыю. Аднак Тобіяш дамовы не выканаў, і Абрам падаў скаргу ў полацкі гродскі суд. На пасяджэнне суда 1 студзеня 1604 г. Тобіяш не з’явіўся і быў асуджаны завочна на выплату страт і выдаткаў. Калі ў Цяпіна прыехаў пры сведках упаўнаважаны суда Балтрамей Банкоўскі, каб увесці ва ўладанне Абрама, то Тобіяш „моцна бараніў“ маёнтак і выканаць гэтага судовага прысуду не даў. 3 гэтай жа місіяй 25 чэрвеня 1604 г. наведаў Цяпіна і гродскі суддзя Ян Рагаза, але таксама беспаспяхова. У адказ на рэляцыю суддзі аб такой непаслухмянасці кароль 22 ліпеня 1604 г. выдаў ліст аб „вываланні“ (астракізме) Тобіяша з дзяржавы. Такім чынам, гэтая крыніца пацвярджае, што Васіль Цяпінскі памёр да 1603 г.

Трэцюю групу згадак імя Васіля Цяпінскага складаюць дакументы ўкраінскага паходжання, якія, на думку Лявіцкага, апавядаюць пра іншую асобу, не тоесную полацкаму шляхцічу[45]. Згадкі гэтыя знахо­дзяцца ў дзесяці актах з кніг луцкага гродскага суда[46] і ў двух кіеўскіх дакументах. У трох актах 1572 г. (адзін з 22 кастрычніка і два з 29 кастрычніка) Алена Салтанаўна, кн. Саколская, жонка (другім шлюбам) пана Васіля Цяпінскага (як даводзіць Лявіцкі, ён пайшоў да яе ў прымы)[47], скар­дзіц­ца на свайго суседа пана Мікалая Харлінскага. Усе гэтыя асобы — жыхары мястэчка Любча Луцкага павету. У сваю чаргу, Харлінскі скардзіцца ў чэрвені 1573 г. на Алену Цяпінскую. У двух іншых дакументах фігуруе не толькі Алена (4 верасня 1573 г.), але і Васіль Цяпінскі (8 верасня 1573 г.). Чатыры акты з 1574 г. (ад 2. і 10 жніўня, 22 верасня і 25 кастрычні­ка) асвятляюць спрэчку Цяпінскага і Харлінскага з Фёдарам Загароўскім наконт межавання ўгоддзяў. У акце ад 18 лютага 1576 г. пані Фядора Дзялынская скардзіцца на Васіля Цяпінскага і яго пасынка Грыгорыя Івановіча, кн. Любецкага. Няясна, ці гэтая ж самая асоба зноў узнікае пад прозвішчам Цяпінскі ў 80–х г. на Кіеўшчыне. Паводле ліста Філона Кміты–Чарнабыльскага, які ён накіраваў у студзені 1582 г. у кіеўскі земскі „ўрад“, Васілю Цяпінскаму, „прыяцелю свайму“, давяраецца выступаць ад імя Кміты ў справе па абмену аднаго сяла з кіеўскім Пустынна–Мікольскім манастыром[48]. З „памінальнага ліста“ ад 31 ліпеня 1585 г. да кіеўскага мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі можна даведацца пра напад пад Кіевам мітрапалітавых сялян на слугу Васіля Цяпінскага, за што ён, патрабуючы кампенсацыі, выклікаў мітрапаліта на 11 верасня 1585 г. у гродскі суд[49].

Яшчэ адна група дакументальных згадак прозвішча Цяпінскага паходзіць з вайсковых попісаў Вялікага Княства Літоўскага[50]. У попісе „гаспадарскага“ войска з 1565 г. (рэестр пачаты з 9 ліпеня 1565 г.), што збіралася пад Ракавам у падначаленне кн. Мікалая Радзівіла, ваяводы трокскага, адзначаецца за 9 ліпеня 1565 г., што Матэй Амеляновіч Цяпінскі выслаў сына Мартына на кані і яшчэ аднаго каня з пахолкам (салдат–вершнік, якога мусіў выстаўляць землеўладальнік)[51]. Пры гэтай жа „дворнай“ харугве гаворыцца (запіс за 8 жніўня 1568 г.), што Васіль Цяпінскі, які выслаў пахолка на кані, „сам служыць маршалку дворнаму“[52]. Гэтая згадка знаходзіць падтрымку ў попісе земскага войска з 1567 г. (рэестр пачаты з 26 ліпеня 1567 г.), якое збіралася спачатку пад Красным Сялом, а потым каля Маладзечна, у падначаленне кн. Рыгора Хадкевіча. У за­пісе „слуг“ падканцлера і маршалка дворнага Астафея Валовіча згадваецца Васіль Цяпінскі з Менскага павету, які мусіў выстаўляць аднаго каня[53]. У адпаведным месцы гэтага попісу, пры пераліку дваран Менскага павету, зроблены запіс[54], што „Васіль Цяпінскі з Латыголіч сам служыць пану Астафею Валовічу, падканцлеру“[55]. Тамсама пацвярджаецца звестка з папярэдняга попісу наконт Матэя Цяпінскага, які паходзіць „з імення свайго з Латыголіч, у павеце Менскім“ (запіс за 6 кастрычніка 1567 г.): „сам дэй стары, а сынове служаць князю ваяводу троцкаму“[56], на той час ваяводам быў ужо Стафан Збаражскі. Між іншым, у попісе 1567 г. сустракаюцца знаёмыя прозвішчы Скіпараў, Есманаў і інш.[57]. Цікава, што ва ўхвале, якую прыняў вялікі сойм 1 траўня 1528 г. у Вільні і якая пералічвае, хто з землеўласнікаў колькі коней мае ставіць у войска, называюцца родныя браты Мікалай і Матэй Амельянові­чы, якія разам мусілі ставіць два кані[58]. Вядомы таксама рэестр (ад 1 чэрвеня 1567 г., зроблены ў Чашніках) коннай роты Філона Кміты–Чарнабыльскага, дзе згадваецца Васіль Цяпін, „таварыш“ (малодшы афіцэр, якому падпарадкоўвалася некалькі коннікаў–пахолкаў)[59].

Вёска Цяпіна знаходзіцца на межах Полацкага павету, таму „землі Цяпінскія“, або „межы Цяпінскія“ фігуруюць у розных вопісах гэтай адміністрацыйнай адзінкі[60]. Напрыклад, паводле вопісу 1564—1566 г., які складаўся ў акупаваным Полацку маскоўкімі баярамі на падставе „сыскаў“ (росшукаў), што зрабілі іх эмісары, распытваючы мясцовых жыхароў (праўда, не заўсёды прыхільных да маскавітаў, а таму, напэўна, не заўсёды і праўдзівых), вотчына пана Мікалая Цяпінскага знахо­дзілася каля самай мяжы з Віленскім паветам[61]. Пра саму вёску ў гэтым попісе (за 70–я г.) сказана як пра „сяло Ця­піна з дзярэўнямі“[62]. Складальнік карты Полацкага павету XVI ст. М.  Аглоблін адзначае каля вёскі Цяпіна (за адну вярсту) яшчэ і пагост (селішча вакол царквы, якая знаходзіцца за межамі вёскі) з той самай назваю[63]. Паводле інвентара Цяпіна са снежня 1591 г. маёнтак складаецца з трох вёсак: Мокаўская (3 двары), Прыстоі (3 двары) і Цяпінская (16 двароў і яшчэ 5 людзей з рознымі павіннасцямі)[64]. У полацкай рэвізіі 1552 г. называюцца Матэй Іванавіч і Мікалай Іванавіч Цяпінскія, якія маюць па „дворцу“ Цяпіна ў якасці „імення айчызнага“ (г.зн. спадкаемнага), чаму і абавязаны ставіць у земскае войска па кані[65]. Тут пералічана і колькасць „дымаў“ (двароў; адпаведна, 14 у першага (ды 6 чалавек „службаў“) і 12 у другога) і характар павіннасцяў, якія выконваюць няцяглыя людзі (агароднікі і кунічнікі, усяго 12 у першага і 6 у другога). У рэвізіі полацкіх царкоўных і ўладычных зямель за 1580 г. згадваецца пан Мартын Цяпінскі[66] (хутчэй за ўсё, сын Матэя Цяпінскага, высланы да войска ў 1565 г.). Між іншым, у полацкай рэвізіі 1552 г. сустракаюцца прозвішчы кн. Жыжэмскага[67], Есманаў[68]; напрыклад Марына, жонка Глеба Есмана, мае ў Полацкім павеце вёску Латыгола з людзьмі „прыхожымі“[69].

У сярэдзіне XVI ст. маёнтак Цяпіна знаходзіўся ў спадчыне Івана Слушкі, кіеўскага гараднічага, сына Рыгора Слушкі[70]. Акт, выдадзены „гаспадарскай“ канцылярыяй у 1547 г. на хадатай­ніц­тва Івана, чые дакументы загінулі пад час пажару таго самага года ў Менску, пацвяр­джае яго правы на спадчынныя маёнткі, у т. л. на „айчызнае і дзедзічнае“ Цяпіна, якое дасталася Івану ад брата Паўла[71]. Хутчэй за ўсё, Слушкі валодалі адной з вёсак, што ўваходзіла ў склад маёнтка Цяпіна. У канцы XVI ст. маёнтак Цяпіна меў у спадчыне Мікалай Слушка, у якога было трое сыноў: Мікалай, Крыштаф і Аляксандр[72]. Спачатку маентак атрымаў Мікалай, як вынікае з інвентара са снежня 1591 г., дзе між іншым сказана, што ён „тое іменне Цяпінскае здаўна само ў сабе мае“[73]. Маёнтак здаваўся ў арэнду Юрыю Наркевічу на 3 гады, а пасля смерці Мікалая ў 1597 г. ён перайшоў да Крыштафа, які ў 1603 г. прадаў яго Станіславу, кн. Свірскаму[74].

Генеалагічныя росшукі Вяроўкіна–Шалюты паказалі, што Слушкі і Цяпінскія паходзяць ад аднаго продка, Амяльяна, які атрымаў сваё шляхецтва і землеўладанне, як можна меркаваць паводле яго прозвішча, за службу (у XVI часам пісалася Служка, Служыч). У Амяльяна былі сыны Рыгор і Іван. Па Рыгору далей пайшла лінія Слушкаў, а па Івану (відаць, малодшаму сыну) — лінія Цяпінскіх (атрымалі сваё прозвішча, верагодна, таму, што ім дастаўся напачатку толькі адзін буйны ўдзел — Цяпіна, хоць частка гэтага маёнтка заставалася і ў Слушкаў).

У Івана Цяпінскага было двое сыноў — Мікалай і Матэй (Мацэй, Мацвей), апошні, відаць, быў малодшы. Ва ўладанні Мікалая знаходзіўся спадчынны маёнтак Цяпіна, у Полацкім павеце, і нейкі маёнтак у Трокскім павеце, а ва ўладанні Матэя (Мацвея) — маёнтак Латыголічы[75], у Менскім павеце, а таксама нейкая частка маёнтка Цяпіна. Аднак з часам Мікалай сваю маёмасць у Трокскім павеце, відаць, страціў, паколькі пасля яго смерці падзелу падлягала толькі Цяпіна. У 1563 г. яго жонка Матрэна падзяліла належную ёй частку Цяпіна паміж трыма сваімі дзецьмі: Васілём, Жданам і непаўналетнім Іванам Войнам, апека над якім была даручана Мікалаю Слушку, родзічу Цяпінскіх. З гэтага вынікае, што Васіль Мікалаевіч на той час ужо быў дастаткова дарослы, каб арэндаваць у пана Мікалая Осціка маёнтак, а потым з ім судзіцца ў 1564 г.

З часоў Доўнара–Запольскага лічыцца, што жонкай Васіля Мікалаевіча была Зоф’я Жыжэмская[76]. Але калі далей трымацца гэтага меркавання, то паводле новаадшуканых дакументаў (справа Гедройтаў з Цяпінскімі) трэба дапусціць, што ў Мацэя Цяпінскага было не двое, а трое сыноў, пры чым адзін з іх насіў праваслаўнае імя Іван. Апрача таго, трэба дапусціць, што Васілю Мікалаевічу з Цяпіна належала і частка Латыголіч (пра што звестак няма) і што яна была неўзабаве набытая ім пасля смерці яго бацькі (пасля 1563 г., паколькі гэтая маёмасць не адлюстраваная ў тэстаменце Матрэны Мікалаевай Цяпінскай, але да 1567 г., каб Васіль мог трапіць у вайсковы попіс у якасці зямяніна Менскага павету). Каб пазбегнуць такіх дапушчэнняў, Зоф’ю трэба лічыць жонкай Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, пакуль не будуць адшуканыя пераканаўчыя звесткі, што яе мужам быў менавіта Васіль Мікалаевіч[77].

У Матэя (Мацвея) Цяпінскага было два сыны: Мартын і Васіль, прычым першы быў жывы яшчэ ў 1580 г. (верагодна, яму дасталася частка Цяпіна, а Васілю — Латыголічы). Жонка Васіля Мацвеевіча, кн. Зоф’я Жыжэмская, валодала часткай Вярсоцкага маёнтка; другой часткай гэтага маёнтка валодала яе сястра Кацярына, што была замужам за Васілём Скіпарам. Пасля спрэчкі са Скіпарамі Цяпінскія вырашылі з імі больш не суседнічаць і ў 1579 г. памяняліся на маёнтак Полькаўскае на Ашмяншчыне. Дзецьмі Васіля і Зоф’і паводле адной крыніцы былі Абраам і Канстанцін, а паводле другой — Абрам і То­біяш[78]. Частка Цяпіна дасталася да 1603 г. Абраму і Тобіяшу (верагодна, ад памерлага Мартына, які ў такім выпадку быў бяз­дзетны), што прывяло да спрэчкі паміж імі. Іншая частка маёнтка належала нашчадкам Мікалая, якія або далей трымалі яе, або страцілі (напэўна, да 1591 г.) на карысць Слушкаў (адзін са Слушкаў быў апекуном Войны Мікалаевіча). Васіля Мацвеевіча з Латыголіч чакала каля 1600 г. жахлівая смерць ад рукі ягоных пляменнікаў — сыноў Васіля Мікалаевіча; можна дапусціць, што яна была выклі­каная спрэчкай пры раздзеле маёмасці (хутчэй за ўсё Цяпіна)[79]. Пасля яго смерці Латыголічы перайшлі Зоф’і — відаць, маён­так быў цалкам „запісаны“ ёй, паколькі раней яна прадала „мацерысты“ маёнтак Вярсоцкае свайму мужу[80] (напэўна, таму, каб яе родныя не прэтэндавалі на Вярсокі, што складалі пасаг Зоф’і).

Але самыя важныя звесткі наконт заняткаў і спраў Васіля Мацвеевіча даюць вайсковыя попісы 1565—68 г. Паводле аднаго з іх, Васіль Цяпінскі, які паходзіць з Латыголіч у Менскім павеце, служыў пану Астафею Валовічу, заможнаму пратэктару пратэстанцкага руху на Беларусі. Тыя самыя попісы паведамляюць, што сыны Матэя Цяпінскага, які валодаў Латыголічамі, служылі ваяводзе троцкаму — Стафану Збаражскаму, яшчэ аднаму вядомаму пратэктару пратэстантызму. Дзякуючы гэтым заўвагам вайсковых попісаў, можна дастаткова надзейна звязаць сыноў Матэя Цяпінскага з лідэрамі пратэстанцкага руху Вялікага Княства Літоўскага. Але іх сувязі не абмяжоўваліся службовымі дачыненнямі, яны мелі больш блізкі характар — сваяцкі: жонка Васіля Мацвеевіча Цяпінскага, Зоф’я Жыжэмская, даво­дзілася пляменніцай Астафею Валовічу[81]. На падставе гэтых звестак можна з усёй пэўнасцю сцвяр­джаць, што перакладчыкам і выдаўцом пратэстанцкага Евангелля вы­ступаў Васіль Мацвеевіч Цяпінскі, што з Латыголіч Менскага павету, а не сын Мікалая, што з Цяпіна. Менавіта Васіль Мацвеевіч меў трывалыя і службовыя, і сваяцкія сувязі з вядомымі прыхільнікамі новай веры на Беларусі, чаго ў адносінах да Васіля Мікалаевіча не заўважана. Улічваючы даўнюю варажнечу паміж абодвума братамі, працягнутую іх на­шчадкамі, трэба заключыць, што Васіль Мікалаевіч з Цяпіна наогул не мае ніякага дачынення да перакладу і выдання Евангелля.

Якім чынам Цяпінскія з Латыголіч успрынялі пратэстанцкія ідэі — застаецца тэмай для здагадак. Лічыцца, што перакладчык Евангелля перайшоў у новую веру з праваслаўя82. Аднак цяпер існуюць некаторыя падставы для перагляду такога меркавання. Калі звярнуць увагу на імёны Мацвея, яго нашчадкаў і сваякоў (Матэй/Мацэй, Мартын, Зоф’я, Абраам, Тобіяш, Канстантын), то лёгка заўважыць, што ўсе яны маюць паланізаваную форму[83]. Наадварот, імёны Мікалая і яго сямейных захоўваюць праваслаўнае (Мікалай, Матрэна, Іван), а часам нават паганскае (Ждан, Война) паходжанне. Гэта хутчэй за ўсё сведчыць, што Матэй яшчэ ў 1–й палове XVI ст. перайшоў у каталіц­тва, а Мікалай застаўся ў праваслаўі. Таму трэба выводзіць, што ў новую веру Васіль (і, напэўна, яго брат Мартын) перавярнуўся з каталіцтва, а не з праваслаўя, ідэйна вельмі далёкага ад пратэстанцтва. Вырашальным у канвертацыі магло быць знаёмства са сваёй будучай жонкай Зоф’яй, якая, магчыма, на той момант ужо была пратэстанткай. Дзякуючы сваім роднасным сувязям, яна зрабіла свайму мужу пратэкцыю пры двары ўплывовых беларускіх магнатаў–пратэстантаў.

Відаць, менавіта Васіль Мацвеевіч быў блізкі з Філонам Кмітам–Чарнабыльскім, пад камандай якога Васіль служыў у коннай роце каля 1567 г., а ў 1582 г. на яго даручэнне выступаў у судзе. Пасаду аршанскага падстарасты Васіль Цяпінскі займаў таксама пад час староства Філона Кміты, які з 1566 г. быў старастам аршанскім (і, дарэчы, даводзіўся зяцем Рыгору Хадкевічу, іншаму буйному магнату Беларусі, які, аднак, застаўся ў праваслаўі). Варта ўлічыць, што Філон Кміта знаходзіўся ў прыяцельскіх адносінах з Астафеем Валовічам, карыстаўся яго асабістай падтрымкай, а ў 1573—74 г. ліставаў да Валовіча, які тады загадваў вялікакняскай канцылярыяй. Такім чынам, ёсць падставы звязваць дзейнасць Васіля Цяпінскага з асобай Астафея Валовіча, які перайшоў у пратэстантызм з праваслаўя (прыкладна з сярэдзіны 1550–х г., напачатку патаемна, а пазней і адкрыта).

Менавіта падтрымкай ды дапамогай Валовіча мог карыстацца Цяпінскі ў сваёй дзейнасці па выданні Евангелля[84]. Шмат чаго набліжала магната і яго службоўца. Як і Цяпінскі, Валовіч пры сваіх пратэстанцкіх поглядах цікавіўся царкоўнаславянскай спадчынай (у прыватнасці, ён разам з Рыгорам Хадкевічам фінансаваў у 1561 г. паездку манаха Ісаі ў Маскву па славянскія рукапісы[85], напярэдадні выдання ў Заблудаве вучыцельнага евангелля на царкоўнаславянскай мове). Як і Цяпінскі, Валовіч падтрымліваў кантакты з Будным і фінансаваў яго выданні (з гэтай прычыны другі кірылічны друк Нясвіжскай друкарні — „Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам“ (1562), які не дайшоў, — быў прысвечаны Валовічу). У маёнтках Валовіча знаходзілі прытулак і працу пратэстанцкія святары, аратары і пісьменнікі. Натуральна дапусціць, што Валовіч не застаўся ў баку ад перакладчыцкай справы свайго службоўца.

Аднак у прадмове Цяпінскі скардзіцца на недахоп сродкаў, дакарае „зацных паноў“ за марнатраўства і заклікае іх дапамагчы ў справе распаўсюджання „Навукі Слова Божага“. Відавочна, што такой дапамогі ад „зацных паноў“ ён не атрымаў, інакш бы трэба было чакаць дэдыкацыі мецэнату ці хоць бы нейкіх рэверансаў у яго бок. Цяпінскі ж гаворыць пра сябе як пра адзінага заснавальніка і фундатара друкарні[86]. Затое ў прадмове прысутнічаюць іншыя матывы. У творы ёсць намёкі на крыўду, ня­ўдзячнасць ды варожасць з боку нейкіх асоб[87]. Ці не з’яўляецца адной з такіх асоб магнат, што раней падтрымліваў Цяпінскага? Можна дапусціць, што Валовіч выступіў напачатку фундатарам выдання Цяпінскага, аднак потым з прычыны нейкіх разыходжанняў (пэўна, дактрынальных) спыніў сваё фінансаванне[88]. Цяпінскі, застаўшыся без матэрыяльнай падтрымкі, пачаў сваімі сіламі рыхтаваць (ці доўжыць) выданне Евангелля, цалкам вы­красліўшы былога мецэната з ліку сваіх паплечнікаў[89]. Гэтае меркаванне псіхалагічна вельмі праўдападобнае, хоць доказаў яго бракуе.

Тым не менш, у сваёй боскай справе Цяпінскі наўрад ці быў адзінокі. Апрача магната ён мог знайсці падтрымку з боку пратэстанцкай грамады, якая была зацікаўленая ў перакладным Евангеллі і магла часткова ўзяць на сябе матэрыяльныя выдаткі па яго друкаванні[90]. Хутчэй за ўсё, у пратэстанцкай грамадзе Цяпінскі адыгрываў далёка не апошнюю ролю — ён мог быць пастарам ці казнадзеем[91]. Сама дзейнасць па перакладу і выданні Евангелля (ды яшчэ з каментарамі), клопат пра пашырэнне „Навукі Слова Божага“, што скразіць у прадмове, сведчаць аб натхнёнай душапастырскай дзейнасці гэтай асобы. Менавіта пастар мог узяцца за апостальскую справу распаўсюджання Св. Пісьма і аб’яднаць намаганні цэлай грамады. Але спыненне больш істотнай матэрыяльнай падтрымкі з боку магната прымусіла Цяпінскага спыніць друк і выпусціць у свет недакончанае выданне[92].

Не вытрымлівае ніякай крытыкі меркаванне пра друк Евангелля ў маёнтку Цяпіна (ці ў яго ваколіцах)[93]. У 1563—70 г., а потым у 1579 г. гэтая мясцовасць была арэнай вайсковых дзеянняў пад час Полацкай вайны, а на працягу 1570–х г. межавала з тэрыторыяй, захопленай маскавітамі, варожымі да ўсялякіх іншаверцаў[94]. Цяжка ўявіць сабе, што ў гэты час нехта мог распачаць пратэстанцкі друк у аддаленай вёсцы, якая да таго ж знаходзілася ў небяспечнай блізкасці да маскоўскіх уладанняў і тэатра вайсковых дзеянняў.

Паводле ўжо згаданага трактата Буднага „O przednieyszych wiary christiaсskiej artikulech“ дзеячы польска–беларускай Рэфармацыі сабраліся ў 1574 г. w Litwie, w domu brata miіego Waњila Ciapiсskiego. Цяжка дапусціць, што пад „домам у Літве“ маецца на ўвазе Цяпіна на Полаччыне (якую, дарэчы, называлі „Руссю“), а польскія і беларускія пратэстанты накіраваліся туды ў перыяд маскоўскай акупацыі  Полаччыны. Больш верагодна, што падзея, апісаная Будным, адбывалася не на Полаччыне, а недзе ў Паўночна–Заходняй Беларусі, бліжэй да цэнтраў пратэстанцкага руху і буйных камунікацый.

Верагодна, там і знаходзілася друкарня Цяпінскага[95]. Аднак не абавязкова змяшчаць яе ў маёнтку Цяпінскага, як розныя аўтары робяць гэта на працягу цэлага стагоддзя. Яны звычайна спасылаюцца на прадмову Цяпінскага, але там беларускі выдавец гаворыць толькі пра выдаткі на друк ва ўласнай друкарні, заснаванай iм з убогое моее маетности [г. зн. маёмасці]. Для накладу выдання яму давялося ахвяраваць усiм тым, што было при неи [г. зн. маетности] и на именечку, але нават і пры гэтым ён застаўся ач вельмим стол вед же пред се и должачисе [г. зн. вiнны]. У прадмове Цяпінскага нідзе не сказана, што друкарня месцілася ў именечку. Таму ўстойлівае меркаванне пра друк Евангелля ў маёнтку беларускага шляхціча трэба лічыць гістарыяграфічнай прыдумкай, хоць і даволі верагоднай, але ў дадзеным выпадку не падмацаванай матэрыялам. У далейшым, пры пошуках месцазнаходжання друкарні, не варта прывязвацца толькі да маёнткаў Цяпінскага[96].

Вакол асобы беларускага перакладчыка і выдаўца Евангелля за паўтара стагоддзя навуковага знаёмства нагрувашчана шмат міфаў і проста недакладнай інфармацыі. Асноўныя гіпотэзы наконт яго бія­графіі былі створаны яшчэ дарэвалюцыйнымі вучонымі, але з таго часу не было дададзена ніводнай цікавай ідэі. У лепшым выпадку гісторыкі абмяжоўваліся канстатацыяй вядомых меркаванняў і фактаў, але не рабілі іх крытычнага асэнсавання. Між тым, актавы матэрыял, як той, што быў знойдзены яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, так і адшуканыя ў канцы 1980–х — пачатку 1990–х г. звесткі, неадназначны. Хоць на яго падставе можна пабудаваць фрагментарную генеалогію рода Цяпінскіх у XVI ст., аднак застаюцца некаторыя пытанні. Таму браць на веру ўсе звесткі археа­графічных крыніц і адносіць іх да таго Цяпінскага, што пераклаў і выдаў Евангелле, неабачліва. Перасцярогі Лявіцкага, зробленыя яшчэ на пачатку XX ст., засхоўваюць сваю слушнасць і цяпер. Тым не менш, назапашаны на сёння актавы матэрыял здольны паглыбіць і ўда­кладніць веды пра жыццё беларускага перакладчыка і выдаўца Евангелля, які, аднак, усё яшчэ застаецца даволі загадкавай постаццю беларускай мінуўшчыны.


[1] Выява была знойдзена на пачатку XX ст. беларускiм бiблiяфiлам Р. Зямкевiчам і апублiкаваная ў 1919 г. у мiнскай газеце (Ziemkiewič R. Wasil Ciapiński // Biełaruskaje żyćcio. 1919. 14 lipnia. S. 3—4). Зямкевiч сцвярджае, што ў 1915 г. ён бачыў арыгiнал у адным з паасобнiкаў Радзiвiлаўскай (Брэсцкай) бiблii, якi быў прыплецены сярод лiстоў гэтага выдання, што захоўвалася ў Крошыне, у бібліятэцы К. Святаполк–Завадскага. Але ў 1919 г. арыгiнала ўжо не было, а замест яго iснавала копiя, зробленая алоўкам на папяроснай паперы, якую Зямкевіч сабе i перакапiяваў. Сапраўднасць дрэварыту Цяпiнскага цяпер праверыць немагчыма, хiба што праз мастацтва­знаўчую экспертызу гэтага партрэта. Пра гэтую выяву гл.: Галенчанка Г. Я. Партрэты першадрукароў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1. С. 28; Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў. Мінск, 1984. С. 46, 58—60.
[2] Некаторыя дарэвалюцыйныя даследчыкі лічылі, што ён быў праваслаўны, гл.: Иосиф, архимандрит. Малороссийский перевод Четвероевангелия // Духовная беседа. 1861. Т. 12—13. С. 398—400; Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина: Его переводы, печатные издания и язык. С.–Петербург, 1888. С. 30; Владимиров П. В. Научное изучение белорусского наречия за последние десять лет: (1886—1896) // Университетские известия. 1898. № 5. С. 58—62; Грушевський М. Історія Україны–Руси. Київ; Львів, 1907. Т. 6. Ч. 2. С. 433; Левицький О. Про Василя Тяпинського, що переклав в XVI ст. Євангелїє на просту мову: Критична розвідка // Записки Українського наукового товариства в Киї­вї. 1913. Кн. 12. С. 11—12, 19—21; Грушевський М. Культурно–національний рух на Україні в XVI—XVII віцї. Київ; Львів, 1912. С. 56; таксама гл.: Щавин­ская Л., Лабынцев Ю. Литература белорусов Польши (XV—XIX вв.). Минск, 2003. С. 45—47.
[3] Левицький О. Op. cit. С. 20.
[4] Довнар–Запольский М. В. В. Н. Тяпинский, переводчик евангелия на белорусское наречие // Известия Отделения русского языка и словесности Императорской академии наук. 1899. Т. 4. Кн. 3. С. 1031—1064. Гэты артыкул без змен перадрукаваны ў кн.: Довнар–Запольский М. В. Исследования и статьи: Собрание трудов в 2–х т. Киев, 1909. Т. 1. С. 232—256. У далейшым артыкул цытуецца паводле яго першай публікацыі.
[5] Ibid. С. 1063.
[6] Левицький О. Op. cit. С. 12—22.
[7] Ibid. С. 20.
[8] У якасці прыкладу можна прывесці сведчанне М. Грушэўскага: „На пописі шляхти Львівської землі 1621 г. на 628 загального числа шляхтичів ставилося 43 Чайкайківських, 34 Гошовських. 40 Витвицьких. На пописі Перемиської землі 1648 г. на загальне число близько 1000 шляхтичів ставилося 70 Яворьских, 46 Кульчицьких, 36 Винницьких, 23 Билинських“ (гл.: Грушевський М. Історія Україны–Руси… С. 241).
[9] Левицький О. Op. cit. С. 19.
[10] Ibid. С. 20.
[11] Вяроўкін–Шэлюта У. Васіль Цяпінскі і род Слушкаў–Цяпінскіх у 16 стагодзьдзі // Годнасьць: Выданьне згуртаваньня беларускае шляхты. 1994. № 1. С. 15—21.
[12] Ibіd. С. 19.
[13] Ibid. Даследчык звязваў вырашэнне гэтага пытання з будучымі знаходкамі новых археаграфічных крыніц.
[14] Толькі адзін М. Грушэўскі прапаноўваў не звязваць „з одним полоцьким шляхтичом–унітаріем, що мав таке імя“ другога шляхціча „серед православної украінської шляхти того часу“, згадкі пра якога адшукаў Лявіцкі, гл.: Грушевський М. З історії реліґійної думкі на Україні. Львів, 1925. С. 55.
[15] Левицький О. Op. cit. С. 20.
[16] Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 19.
[17] Паколькі маёнтак у Латыголычах належаў Матэю, роднаму брату Мікалая Цяпінскага, то больш падстаў называць Амельяновічам менавіта Матэя і яго нашчадкаў, а не Мікалая. Але ў тагачасных дакументах Амельяновічамі называюцца абодва браты, і Матэй і Мікалай.
[18] Саверчанка І. В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мінск, 1993. С. 8.
[19] Грушевський М. Історія української літератури. Київ, 1927. Т. 5. Ч. 2. С. 242.
[20] Brückner A. Bibliographisches: (Drei slavische russische, weißrussische, bulgarische Frühdrücke der königliche Bibliothek zu Berlin) // Archiv für slavische Philologie. 1896. Bd. 18. S. 628—629.
[21] Гл., напрыкл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1033; Левицький О. Op. cit. С. 11.
[22] Szymon Budny: O przedniejszych wiary chrystyjańskiej artykulech / Publ.: M. Macijewska, Ł. Szczucki, Z. Zawadzki. Warszawa; Łódź, 1989. S. 3, 202.
[23] Szymon Budny: O urzędzie miecza używającem; (1583) / Publ. S. Kot. Warszawa, 1932. S. 22, 231.
[24] Гл.: Zachorowski S. Najstarsze synody arjan polskich z rękopisu kołoszwarskiego // Reformacja w Polsce. 1921. Rocz. 1. S. 333; Akta synodów różnowierczych w Polsce. T. 2: (1560—1570) / Publ. M. Sypayłło. Warszawa, 1972. S. 222, 371; Саверчанка І. Op. cit. С. 35.
[25] Гэты археаграфічны матэрыял з рознай поўніцай разгледжаны ў шэрагу прац: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1049—1062; Галенчанка Г. Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мінск, 1968. С. 172—173; Немировский Е. Л. Иван Фёдоров в Белоруссии. Москва, 1979. С. 51—53, 60—61; Галенчанка Г. Я. Цяпінскі (Амельяновіч) Васіль Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мінск, 1987. Т. 5. С. 498; Лозка А. Загадкі з Галубіцы і Латыголіч // Літаратура і мастацтва. 1987. 4 снежня. С. 16; Беляжэнка Б. „З народам я загіну, з народам і ўваскрэсну“: Да 450–годдзя з часу нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка і кнігавыдаўца // Віцебскі рабочы. 1990. 18 мая. С. 4; Беляжэнка Б. „З народам я загіну, з народам і ўваскрэсну“: Запавет Васіля Цяпінскага // „Слова“: Сувенірны спецвыпуск газеты „Звязда“. 1990. Май. С. 11; Мельнікаў А. А. Цяпінскі Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябіблія­графічны слоўнік. Мінск, 1995. Т. 6. С. 239; Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 1995. С. 81—89; Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі: (памёр каля 1600) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 64–69.
[26] Гл.: The Lithuanian Metrica: (1528—1547); 6th court record book. Vilnius, 1995. С. 184—185.
[27] Ibid. С. 171.
[28] Гл.: Беларускі архіў=Weissruthenisches Archiw. Bd. 2: (Akten des XV und XVI Jh.). Minsk, 1928. С. 170, 205, 208, 209, 210, 216. Акт № 286 (гл. с. 205) памылкова датаваны 1534 г., трэба 1533 г.
[29] Ibid. С. 247—247. Пра гэтыя дакументы паведамляе і Неміроўскі (гл.: Немировский Е. Л. Op. cit. С. 51).
[30] Ibid. С. 282.
[31] Галенчанка Г. Я. „Ложка серебреная сыну моему Василю…“ // Шляхам гадоў: Гісторыка–літаратурны зборнік. Мінск, 1990. С. 334—335.
[32] Документы московского архива Министерства юстиции. Москва, 1897. Т. 1. С. 143. Гэты самы дакумент нядаўна перавыдадзены ў кн.: Метрыка Вялі­кага княства Літоўскага: Кніга запісаў 44: (1559—1556) / Публ. А. I. Грушы. Мінск, 2001. С. 98.
[33] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051.
[34] Ibid. С. 1049—1050.
[35] Галенчанка Г. Я. „Ложка серебреная…“ С. 335—337. Пра гэты дакумент даследчык згадваў яшчэ раней, у 1987 г. (гл.: Галенчанка Г. Я. Цяпінскі (Амельяновіч)… С. 498).
[36] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1055—1056.
[37] Ibid. С. 1057—1058.
[38] Ibid. С. 1059—1060.
[39] Ibid. С. 1052—1053.
[40] Ibid. С. 1053—1055.
[41] Mienicki R. Ciapiński Wasil (Bazyli) // Polski słownik biograficzny. Kraków, 1938. [рэпрынт: Wrocław, 1984.] № 4. S. 17; Демидова Н. Ф. Тяпинский, Омельянович, Василий Николаевич // Советская историческая энциклопедия. Москва, 1973. Т. 14. С. 638.
[42] Васіль Цяпінскі: Новыя дакументы. / Публ. В. Бабкова // Спадчына. 1991. № 3. С. 15—19. Гл. таксама: Бабкова В. У. Новыя дадзеныя аб В. Цяпінскім на падставе актавага матэрыялу ЦДГА БССР у Мінску // Наш радавод: Материалы Международной научной конференции по региональной истории Восточной Европы „Культура народов Великого княжества Литовского XIII — начала XX вв.“. Гродно, 1991. Кн. 3. Ч. 1. С. 194—195; Бабкова В. Пра Мяне // Крыніца. 1995. № 4. С. 5—6.
[43] Хутчэй за ўсё, гэта памылка перапісчыка, трэба „Мікалаевічамі“. Верагодна, перапісчык уставіў Васілёвае імя па бацьку да імёнаў яго пляменнікаў.
[44] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1061—1062.
[45] Левицький О. Op. cit. С. 13, 18—19, 20.
[46] Ibid. С. 13—16.
[47] Ibid. С. 15, 17.
[48] Ibid. С. 17.
[49] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1061. Гэта дакумент пад № 108 адзначаны і ў кн.: Описание документов Архива западнорусских униатских митрополитов. С.–Петербург, 1897. Т. 1. С. 52—53.
[50] Некаторыя з гэтых дакументаў разглядаюцца ў працах: Галенчанка Г. Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік… С. 172. Немировский Е. Л. Op. cit. С. 53, 159; Лозка А. Op. cit. С. 16; Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 17—18.
[51] Литовская Метрика: Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел: Переписи войска Литовского // Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою археографическою комиссиею. Петроград, 1915. (Т. 33) Слуп. 253.
[52] Ibid. Слуп. 256.
[53] Ibid. Слуп. 446.
[54] Запіс пазначаны „3 генвара“, але гэта, відаць, памылка, запіс быў зроблены, напэўна, 3 лістапада 1567 г., бо папярэдні запіс датуецца 28 кастрычніка 1567 г., а студзеньскіх запісаў у попісе не заўважана.
[55] Литовская Метрика… Слуп. 1231.
[56] Ibid. Слуп. 533.
[57] Ibid. Слуп. 1227, 1228—1229. Сярод шляхты Менскага павету, якая паводле гэтага попісу мусіла ставіць у войска коней і вершнікаў, згадваецца Мацвей Кавячынскі з Нясвіжа (Слуп. 1221).
[58] Ibid. Слуп. 20. Галенчанка ўпэўнены, што тут называюцца Цяпінскія, хоць і напісаныя без іх мясцовага прозвішча — Цяпінскія (гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 65).
[59] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо–Западной Руси, издавемый при управлении Виленского учебного округа. Вильно, 1867. Т. 4. С. 219.
[60] Гл.: Тетрадь, а в ней писаны рубежи городу Полоцку и Полоцкому повету 7071 года / Публ. С. Савельев // Временник Императорского Московского общества истории и древностей российских. Москва, 1856. Кн. 24. С. 34; Писцовые книги XVI века. С.–Петербург, 1877. Отд. 2. С. 423, 437; Литовская метрика: Отд. 1—2: Ч. 3: Книги публичных дел; Т. 1 // Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою археографическою комиссиею. Юрьев, 1914. (Т. 30) Слуп. 893.
[61] Тетрадь, а в ней писаны рубежи… С. 4; Писцовые книги… С. 423.
[62] Тетрадь, а в ней писаны рубежи… С. 26; Писцовые книги… С. 437. На думку Вяроўкіна–Шалюты, на зямлі маёнтка Цяпінскае існавала некалькі адасобленых населеных пунктаў з такой назвай (гл.: Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 18—19). Гэтаму пярэчыць Галенчанка, які лічыць, што тут ідзецца пра падзел аднаго ўладання паміж некалькімі ўладальнікамі, кроўнымі родзічамі (Гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 66). На самай справе, маюць рацыю абодва даследчыкі. У склад маёнтка магло ўваходзіць некалькі селішчаў, якія хоць і мелі свае назвы, але лічыліся адным маёнткам. Нават і цяпер пад Чашнікамі побач існуюць дзве вёскі Цяпіна, а непадалёк ад іх знаходзіцца вёска Дзярэўня — гэтая назва ўзнікла, відаць, таму, што такое селішча было часткай маёнтка.
[63] Оглоблин Н. Н. Объяснительная записка к карте Полоцкого повета во 2–й половине XVI–го века // Сборник Археологического института. С.–Петербург, 1880. Кн. 3. Отд. 2. С. 42. Кн. 4. Отд. 2. С. 60.
[64] Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Вильно, 1887. Т. 14. С. 413.
[65] Полоцкая ревизия 1552 года / Публ. И. И. Лаппо. Москва, 1905. С. 10, 148–149. Тэкст гэтай рэвізіі вядомы і паводле пазнейшага спіса лацінкай, які быў выдадзены ў кн.: Rewizya wojewodztwa połockiego z roku 1552 / Publ. J. Szujski // Archiwum Komisyi historycznej. Kraków, 1880. T. 2. S. 181, 244.
[66] Описание полоцких владычных, монастырских и церковных земель ревизией 1580 года / Публ. И. И. Лаппо // Чтения в Обществе истории и древностей российских. 1907. Кн. 3. С. 2.
[67] Полоцкая ревизия… С. 127—128.
[68] Ibid. С. 69, 116—118.
[69] Ibid. С. 118.
[70] Boniecki A. Poczet rodów w Wielkiem Księstwie Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887. S. 322.
[71] Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 65.
[72] Łopaciński A. K. Ciapin // Słownik geograficzny królewstwa polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1880. № 1. S. 670.
[73] Акты, издаваемые Виленскою комиссией… С. 411–413.
[74] Вяроўкін–Шэлюта У. Op. cit. С. 18.
[75] Хутчэй за ўсё, гэта быў даволі новы маёнтак, верагодна, набыты ці атрыманы ад Амельяновічаў–Слушкаў (адкуль яго іншая назва — Амельяноўшчына), таму ён дастаўся малодшаму сыну. Сама назва Латыгола — балцкага паходжання (параўн. Латгалія, гл.: Трусман Ю. Этимология местных названий Витебской губерни. Ревель, 1897. С. 165—166), яна сведчыць, што тая мясцовасць у даўнія часы была населеная неславянскімі жыхарамі. Дарэчы, Цяпіна хутчэй за ўсё таксама мае балц­кую ці фінскую этымалогію (гл.: Трусман Ю. Op. cit. С. 292). Латыголічы знахо­дзяцца паблізу Маладзечна, каля ракі Іллі, непадалёк ад яе ўпадзення ў Вяллю. Побач месціцца вёска Цяпінцы — без сумневу, яе назва звязаная з прозвішчам былых уладальнікаў Латыголіч (цяпер — Латыголь).
[76] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051, 1052—1053.
[77] Доўнар–Запольскі, на жаль, не паведамляе імя па бацьку Васіля Цяпінскага, што парадчыў маёнткам сваёй жонкі Вярсоцкае, але згадвае, што ён названы там Амельяновічам (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1050).
[78] Можна дапускаць, што або Тобіяш — гэта перахрышчаны Канстанцін, або ў Васі­ля і Зоф’і было трое дзяцей: Абрам, Канстанцін (памёр?) і Тобіяш. На думку Доўнара–Запольскага, Абрам і Тобіяш — біблійныя імёны, нязвыклыя ў праваслаўных, але ўжываныя пратэстантамі (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1051, зн. 2).
[79] Адносіны паміж братамі Цяпінскімі здавён не былі бясхмарныя. Вядомы дакумент ад 12 лютага 1539 г. з Полацка пра абразу Матэя Цяпінскага яго братам Мікалаем (гл.: Беларускі архіў=Weissruthenisches Archiv… С. 282).
[80] Гэта засведчана дакументальна, гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1052—1053.
[81] Галенчанка Г. Астафій Валовіч: (1520—1587) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 37.
[82] Гл.: Mienicki R. Ciapiński Wasil… S. 17; Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. T. 5: Wielkie Księstwo Litewskie / Oprac. A. Kawecka–Gryczowa, K. Korotajowa, W. Krajewski. Wrocław; Kraków, 1959.  S. 67; Немировский Е. Л. Op. cit. С…. Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі… С. 62; Мельнікаў А. А. Op. cit. С. 240; Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 68.
[83] Аднак, напрыклад, на „менаваным лісце“ 1579 г. наконт маёнтка Вярсоцкае Цяпінскі падпісаўся писмом руським (гл.: Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1053).
[84] Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 67.
[85] Гл.: Галенчанка Г. Астафій Валовіч… С. 37.
[86] Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага і яго друкарня // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 2001. Вып. 4. С. 77—78.
[87] Довнар–Запольский М. В. Op. cit. С. 1040—1041.
[88] Змена адносін тлумачыцца, напэўна, тым, што Цяпінскі ўслед за Будным перайшоў да больш радыкальных палажэнняў антытрынітарства, якое рашуча парывала з кальвінізмам. За свой радыкалізм антытрынітарыі Рэчы Паспалітай зазнавалі пераслед з боку усіх іншых пратэстанцкіх канфесій. Валовіч жа да канца сваіх дзён трымаўся кальвінізму, хоць і сімпатызаваў некаторым антытрынітарскім ідэям. Аналогіяй можна служыць выпадак з Будным, якога падтрымліваў іншы буйны пратэктар пратэстантызму на Беларусі Ян Кішка. Хоць Кішка адкрыта вызнаваў антытрынітарства, аднак пасля разыходжання Буднага з польскімі антытрынітарыямі ў 1582 г. ён пазбавіў Буднага сваёй падтрымкі, гл.: Merczyng H. Szymon Budny jako krytyk tekstów biblijnych. Kraków, 1913. S. 105—106.
[89] У пратэстанцкім асяроддзі часам даходзіла да вострых ідэйных канфліктаў, у вы­ніку якіх былыя аднадумцы станавіліся зацятымі ворагамі. Нараканні Цяпінскага маглі стасавацца менавіта да яго паплечнікаў, а зусім не да праціўнікаў пратэстантызму. У адным месцы ён тлумачыць свае нягоды тым, што пры правдивой повести зостал и злого мнимания ушел, г. зн. пазбегнуў. Верагодна, тут аўтар намякае на нейкія дактрынальныя разыходжанні са сваім(і) ананімным(і) апанентам(і).
[90] Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 78.
[91] Аргументацыю гэтай гіпотэзы гл.: Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 78—79.
[92] Пратэстанцкія зборы на Беларусі пакутавалі ад недахопу сродкаў і моцна залежалі ад міласці сваіх заможных фундатараў.
[93] Так, Галенчанка прапаноўваў калі не Цяпіна, дык суседнія Чашнікі, гл.: Галенчанка Г. Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мінск, 1993. С. 225.
[94] Падрабязную аргументацыю гл. у: Клімаў І. П. Выданне В. Цяпінскага… С. 85—87, таксама: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 69.
[95] Галенчанка прапануе шукаць яе месцазнаходжанне ў іншых маёнтках Цяпін­скага: Латыголічы ці Вярсоцкае (гл.: Галенчанка Г. Васіль Цяпінскі… С. 69). Здаецца, што найлепш для гэтай мэты падыходзяць Латыголічы, што месцяцца непадалёк Вільні і побач з Лоскам.
[96] У сувязі з гэтым цікавасць набывае іншая версія, выказаная ў канцы XIX ст. архімандрытам Леанідам. Паводле яе, друкарня Цяпінскага была вандроўнай і пераязджала з мясцовасці ў мясцовасць (гл.: Леонид, архимандрит. [Рэц.] И. П. Каратаев: Описание славяно–русских книг, напечатанных кирилловскими буквами: 1883 // Журнал Министерства народного просвещения. 1884. Т. 5. С. 43—44). Крыніцай для архімандрыта былі вядомыя расійскія знаўцы старадрукаванай кнігі І. Каратаеў і А. Віктараў (гл.: Клімаў І. П. Нарыс бібліяграфіі… С. 65).

Наверх

Tags: , ,